Предыдущий раздел | Оглавление | Следующий раздел
Фаналогія: чаргаванне гукаў і склад
§§ 39–70
Глухія і звонкія фанемы
§ 39. Звонкія і глухія зычныя фанемы ўтвараюць суадносны рад, які складаецца з 11 пар фанем: /б/ — /п/, /б’/ — /п’/, /д/ — /т/, /дз’/ — /ц’/, /з/ — /с/, /з’/ — /с’/, /ж/ — /ш/, /дж/ — /ч/, /г/ — /х/, /г/ — /к/, /дз/ — /ц/. З гэтых пар фанем найбольш слаба проціпастаўлены /дз/ — /ц/, /г/ — /к/, таму што гукі /дз/ і /г/ выбухны вельмі рэдкаўжывальныя, пры гэтым, як ужо адзначалася, /г/ выбухны з’яўляецца факультатыўным варыянтам фанемы /г/.
Проціпастаўленне глухіх і звонкіх фанем найбольш поўна праяўляецца перад галоснымі гукамі. Толькі [б’] — [п’] слаба проціпастаўлены перад [у] у сувязі з тым, што перад гэтай фанемай [б’] і [п’] сустракаюцца галоўным чынам у запазычаных словах: бюро, пюрэ, купюра, бювар, бюст і г. д. Захоўваецца гэта проціпастаўленне і перад санорнымі з той толькі асаблівасцю, што перад імі фанемы /б’/ і /п’/ не сустракаюцца, а /дз’/, /ц’/, /с’/, /з’/ бываюць рэдка толькі перад /м/: дзьмуць, цьма, пісьмо, вязьмо. Толькі зрэдку перад санорнымі проціпастаўлены і /дж/ — /ч/: дажджлівы — зычлівы.
Наяўнасць карэлятыўных адносін паміж парнымі глухімі і звонкімі зычнымі фанемамі пацвярджаецца тым, што ў радзе фанетычных пазіцый яны супадаюць у адным гуку. У канцы слоў і перад глухімі звонкія зычныя аглушаюцца, у выніку ў межах адной і той жа марфемы назіраецца чаргаванне звонкіх зычных з глухімі:
| грыбам | → [грып] | каса | → [кос] | ношак | → [ношка] |
| грыпам | каза | ножак |
Такім жа чынам перад звонкімі зычнымі глухія азванчаюцца і ўзнікае чаргаванне глухіх са звонкімі: касіць — касьба [каз’ба́], прасіць — просьба [про́з’ба], малаціць — малацьба [маладз’ба́], лічыць — лічба [л’і́джба] і г. д.
§ 40. Як вядома, у беларускай арфаграфіі прынята правіла, заснаванае на марфалагічным прынцыпе, згодна з якім чаргаванне глухіх і звонкіх зычных або звонкіх і глухіх не перадаецца на пісьме, а ва ўсіх пазіцыях абазначаецца той гук, які чуецца ў становішчы перад галосным. На словаўтварэнне і словазмяненне гэта карэляцыя зычных істотнага ўплыву не аказвае.
§ 41. Значная колькасць зычных гукаў пар па глухасці — звонкасці не складае. Да няпарных фанем у беларускай мове адносяцца: /в/, /в’/, /ф/, /ф’/, /л/, /л’/, /м/, /м’/, /н/, /н’/, /р/, /й/. Па сваіх функцыянальных уласцівасцях яны распадаюцца на дзве групы. Да першай адносяцца /ф/ і /ф’/, якія, артыкуляцыйна і акустычна адносячыся да глухіх, маюць і ўсе іх уласцівасці. Перад імі звонкія зычныя аглушаюцца, параўн.: зрабіць, але сфармуляваць; адлучыць, але адфрэзераваць [атфрэз’ерава́ц’]. Гук /ф/ перад звонкімі зычнымі ([ф’] у гэтай пазіцыі ў беларускай мове амаль не ўжываецца) мае тэндэнцыю да пераходу ў [ў] — азванчаецца; звычайна ў гутарковай мове вымаўляюць [Аўган’іста́н], [аўга́н’ец], [аўга́н’і].
Да другой групы адносяцца ўсе астатнія няпарныя. Большасць з іх артыкуляцыйна і акустычна істотна адрозніваецца ад звонкіх зычных, галоўным чынам умовамі вылучэння гукавой хвалі, хоць назіраюцца і сходныя рысы, асабліва ў [в] і [в’]. Аднак найбольш істотныя і паслядоўныя адрозненні назіраюцца ў функцыяніраванні. Перад імі не адбываецца азванчэнне глухіх, параўн.: сляпіць і зляпіць, срэбны і зрэбны, зняць і сняць, двор і твор, б’юць [бйуц’] і п’юць [пйуць], смялець (ад смелы) і змялець (ад мелкі) і г. д. Уся гэта група зычных, такім чынам, з функцыянальнага боку не мае нічога агульнага са звонкімі зычнымі (тым больш з глухімі) і ўтварае прынцыпова новы клас зычных, найбольш распаўсюджаная назва якога — санорныя. Іх называюць часам санантамі прымяняльна да тых моў, у якіх яны здольны выступаць у якасці складаўтваральных элементаў побач з галоснымі.
І сапраўды, нават у мовах, у якіх яны не могуць быць складаўтваральнымі, у прыватнасці ў беларускай, паміж імі і галоснымі існуе не толькі акустычнае, але і функцыянальнае падабенства. Яно заключаецца ў тым, што перад санорнымі і глухія, і звонкія зычныя гучаць так, як перад галоснымі. Іменна таму перад санорнымі лёгка выяўляецца проціпастаўленне глухіх і звонкіх.
§ 42. Са сказанага відаць, што назва, якая была першапачаткова выкарыстана і якая з’яўляецца традыцыйнай — няпарныя па глухасці — звонкасці зычныя — няправільна адлюстроўвае асноўную функцыянальную асаблівасць санорных. Самым істотным для іх з’яўляецца не тое, што яны не маюць адпаведных парных глухіх, а тое, што яны паводзяць сябе адносна глухіх і звонкіх так, як і галосныя. У сувязі з гэтым, напрыклад, няма патрэбы правяраць напісанне глухіх і звонкіх зычных перад санорнымі, а можна пісаць, што чуецца. Наадварот, пры напісанні слоў, у якіх ёсць спалучэнні глухіх або звонкіх зычных, іх можна змяняць так, каб пасля гука, які трэба праверыць, аказаўся санорны, бо няясны гук будзе такім жа, як і перад галоснымі, параўн.: [дарошка], але [дарожны] або [дарожак], [дарожан’ка].
Важнай асаблівасцю санорных у беларускай мове з’яўляецца тэндэнцыя да ўжывання іх у непасрэдным суседстве з галоснымі. Гэта тэндэнцыя асабліва паслядоўна праводзіцца для /р/, /л/, /л’/, /в/, /в’/, /й/, /н/, /н’/ і некалькі менш паслядоўна для /м/, /м’/. Гукі [м], [м’] часта сустракаюцца і не побач з галоснымі, але зычным, які аддзяляе іх ад галоснага, звычайна з’яўляецца іншы санорны: многа, фільм, корм, мне.
Адхіленняў ад тэндэнцыі ўжывання санорных у непасрэдным суседстве з галоснымі ў беларускай мове няшмат: мсцівец і ўсе аднакарэнныя з ім словы; стогн, гімн і некаторыя іншыя запазычаныя словы: рэзерв, нерв, В’етнам, спектакль, ансамбль, міністр. Варта адзначыць, што пры вымаўленні гэтых слоў часта адбываюцца пэўныя фанетычныя змены, напрыклад, словы тыпу нерв часцей ужываюцца ў множным ліку, у словах тыпу стогн, спектакль, міністр паяўляецца рэдукаваны галосны, які можа развівацца ў нармальны гук, параўн.: горан з горн, дзёран з дзёрн, бабёр з бобр і г. д. У радзе слоў адбылося адпадзенне канцавых санорных: боязь, жандар, Мсціслаў, жораў, параўн. руск. боязнь, жандарм, Мстиславль, журавль.
Безумоўна, з гэтай уласцівасцю санорных звязана паяўленне прыстаўных галосных. Пацвярджэннем гэтага з’яўляецца той факт, што ў звязнай мове яны бываюць перад збегам зычных, першым з якіх з’яўляецца санорны, толькі ў тых выпадках, калі папярэдняе слова заканчваецца на зычны. Калі ж папярэдняе слова заканчваецца на галосны і адсутнічае паўза, то санорны знаходзіцца ў суседстве з галосным і прыстаўны галосны не ўзнікае, параўн.: ён ірваў і яна рвала, дождж імжыць і перастала мжыць і г. д.
§ 43. У марфалогіі з асаблівасцямі функцыяніравання санорных непасрэдна звязана ўжыванне некаторых канчаткаў, напрыклад -аў, -яў у родным склоне множнага ліку назоўнікаў жаночага роду: урнаў, багнаў, чапляў, лазняў, коўдраў, выдраў. Відавочна, распаўсюджванне канчаткаў -аў, -яў у назоўніках жаночага роду выклікаецца і пэўнымі марфалагічнымі прычынамі, аднак у радзе назоўнікаў прычынай развіцця гэтых канчаткаў з’явіліся чыста фанетычныя ўмовы — тэндэнцыя санорных да ўжывання па суседству з галоснымі. Гэта меркаванне падмацоўваецца і тым фактам, што існуюць шматлікія дублетныя формы назоўнікаў жаночага роду ў родным склоне множнага ліку з канчаткам -аў, -яў або з чыстай асновай, але з беглым галосным у канцавым спалучэнні зычных: соснаў і сосен, вёснаў і вёсен, вёдраў і вёдзер і г. д.
Карэляцыя шыпячых і свісцячых зычных
§ 44. Шыпячыя і свісцячыя ўтвараюць наступныя суадносныя пары фанем: /с/ — /ш/, /з/ — /ж/, /дж/ — /дз/, /ч/ — /ц/.
Проціпастаўленне гукаў [дж] — [дз] практычна не прадстаўлена, бо абодва гэтыя гукі вельмі рэдкія, прычым [дж] у большасці выпадкаў абмежаваны пэўнымі словаўтваральнымі тыпамі слоў. Па-за парамі застаюцца свісцячыя /с’/ і /з’/. Але функцыянальна яны цесна звязаны з /ш/ і /ж/, у сувязі з чым можна гаварыць і аб парах /с’/ — /ш/, /з’/ — /ж/ побач з парамі /с/ — /ш/, /з/ — /ж/. Пра гэта сведчыць, напрыклад, поўная асіміляцыя [ш] наступным [с’] у зваротных формах дзеяслова другой асобы адзіночнага ліку (купаеш — купаешся [купа́йес’с’а], мыеш — мыешся [мы́йес’с’а]) і ў форме загаднага ладу (зарэж [зарэ́ш] — зарэжся [зарэ́с’с’а]), якая шырока распаўсюджана ў мове многіх носьбітаў літаратурнай мовы. Чаргаванне /з’/ — /ж/ магчыма толькі зрэдку на стыках двух слоў у звязнай мове пры досыць паспешлівым вымаўленні ([за́в’ажжа] — завязь жа), таму карэляцыйная пара /з’/ — /ж/. хоць і цалкам апраўдана, але не падмацоўваецца практыкай ужывання ў мове.
Карэлятыўныя адносіны паміж астатнімі парамі шыпячых і свісцячых падмацоўваюцца радам фактаў. У сувязі з рознымі марфалагічнымі зменамі шыпячыя могуць аказацца перад свісцячымі, а свісцячыя — перад шыпячымі. У гэтым выпадку дзейнічае заканамернасць, згодна з якой шыпячыя перад свісцячымі вымаўляюцца як свісцячыя, а свісцячыя перад шыпячымі — як шыпячыя: спытаць — сшыць [шшыц’], язда — езджу [йе́жджу], печка — печцы [п’е́ццы]. Толькі ў давальным склоне назоўнікаў звычайна захоўваецца [ш] перад [ц]: [но́шцы], [ко́шцы] і г. д.
Такім чынам, карэляцыя шыпячых і свісцячых парных зычных не мае істотнага значэння для марфалогіі, але яе неабходна ўлічваць пры вывучэнні правапісу, паколькі правілы перадачы на пісьме шыпячых і свісцячых заснаваны на марфалагічным прынцыпе.
§ 45. Паколькі ў беларускай мове афрыкаты [ч], [дж] з’яўляюцца шыпячымі, а [ц], [дз] — свісцячымі, то карэляцыя адпаведных афрыкатыўных фанем з выбухнымі аказваецца вельмі блізкай да карэляцыі шыпячых і свісцячых зычных фанем.
Калі выбухныя зычныя аказваюцца перад афрыкатамі, то яны змяняюцца на адпаведныя афрыкаты: ад + чуць [аччу́ц’], ад + чыніць [аччын’і́ц’], налад + чык [нала́ччык], карыт + ца [кары́цца], склад + цы [скла́ццы] і г. д. У выніку поўнай асіміляцыі ўзнікае карэляцыйная сувязь паміж фанемамі /д/, /т/, з аднаго боку, і /ч/, /ц/ — з другога. Яна знаходзіць праяўленне і ў сцяжэнні выбухных з фрыкатыўнымі пры словаўтварэнні: горад + ск + і = гарадскі [гарацкі́], грамад + ств + а = грамадства [грама́цтва] і г. д. У выніку падобнага працэсу паявілася і спалучэнне -цц- у інфінітыве і ў форме 3-яй асобы адзіночнага і множнага ліку зваротных дзеясловаў: купацца — купаецца — купаюцца, мыцца — мыецца — мыюцца і г. д.
Аднак падобная з’ява характэрна толькі для канца слова. У яго пачатку сцяжэнне звычайна не адбываецца і проціпастаўленне афрыкат і спалучэнняў выбухных са шчыліннымі захоўваецца. На слых добра адрозніваюцца, напрыклад, словы ачумець і адшумець [атшум’е́ц’] або [ачшум’е́ц’], пацадзіць і падсадзіць [патсадз’і́ц’] або [пацсадз’і́ц’] і г. д.
Чаргаванне фанем
§ 46. Як ужо адзначалася, у залежнасці ад фанетычных умоў змяняецца і якасць гукаў. Напрыклад, у становішчы паміж цвёрдымі зычнымі прадстаўлены галосныя [а], [о], [э], [у], [ы], паміж мяккімі зычнымі выступаюць галосныя больш пярэдняга рада, якія характарызуюцца наяўнасцю пачатковага і канцавога і-падобных пераходных участкаў. Пасля цвёрдых зычных перад мяккімі выступаюць галосныя з і-падобным канцавым пераходным участкам, пасля мяккіх зычных перад цвёрдымі яны маюць і-падобны пачатковы пераходны ўчастак. Гэтыя фізічна розныя гукі нясуць адну і тую ж функцыянальную нагрузку і аб’ядноўваюцца ў адну і тую ж фанему.
Паколькі якасць гукаў цесна звязана з фанетычнымі ўмовамі, яны ўтвараюць паралельныя рады, колькасць гукаў у кожным з якіх аднолькавая. У прыведзеным прыкладзе ў кожнай з фанетычных пазіцый 5 галосных гукаў, якія суадносяцца з пяццю фанемамі /і/, /е/, /о/, /а/, /у/. Такі тып адрозненняў гукаў ніяк не звязаны з марфемнай структурай слова і ніяк не выкарыстоўваецца ў марфалогіі. Адрозненні гэтыя часткова назіраюцца ў розных словах, а часткова ў формах аднаго і таго ж слова (параўн.: садзіць — сядзіць і сядзіць — сяджу, садзіць — саджу), аднак усе магчымыя варыянты гукаў могуць быць выяўлены толькі з прыцягненнем розных слоў.
§ 47. Другі тып пазіцыйных змен характарызуецца тым, што яны адбываюцца звычайна на стыках марфем і колькасць проціпастаўленых адзінак аказваецца рознай у розных пазіцыях. Адбываецца гэта таму, што некаторыя пары гукаў, якія проціпастаўлены ў пэўных пазіцыях, супадаюць у адным гуку — адбываецца нейтралізацыя проціпастаўленняў. Такім шляхам утвараюцца перасякальныя рады чаргаванняў. Пры наяўнасці перасякальных радоў пары фанем, з якіх яны складаюцца, утвараюць розныя карэляцыі. Перасякальнымі такія чаргаванні называюцца таму, што два або некалькі гукаў, якія прадстаўлены ў адной пазіцыі, як бы перасякаюцца ў адным гуку ў іншай пазіцыі. Да такіх чаргаванняў адносяцца чаргаванні звонкіх і глухіх, цвёрдых і мяккіх, шыпячых і свісцячых зычных. Напрыклад, перад галоснымі [с] і [з] проціпастаўлены, перад глухімі зычнымі можа быць толькі [с], перад звонкімі — [з]. Падобныя чаргаванні схематычна маюць выгляд:
| [с] | → [с] (перад глухімі) | [с] | → [з] (перад звонкімі) |
| [з] | [з] |
Супадзенне не пад націскам галосных [о], [е], [а] у [а] таксама ўяўляе сабой перасякальны рад чаргаванняў:
| [о] | → [а] |
| [е] | |
| [а] |
Гэтыя чаргаванні, як і паралельныя, носяць рэгулярны характар. Але яны істотна адрозніваюцца ад паралельных тым, што назіраюцца не ў розных словах, а ў формах аднаго і таго ж слова: [сады́], але [сат], [вада́], але [вадз’е́], [це́гла], але [цагл’а́ны], [грыбы́], але [грыпк’і́] і г. д.
§ 48. Перасякальныя чаргаванні падзяляюць на пазіцыйныя і камбінаторныя. Калі чаргаванне адбываецца ў залежнасці ад становішча гука ў слове, яно адносіцца да пазіцыйных. Гэта чаргаванне галосных [о], [е], [а] з [а] (аканне), чаргаванне звонкіх зычных з глухімі ў канцы слова і некаторыя іншыя. Камбінаторнымі называюць чаргаванні, якія ўзнікаюць у выніку асіміляцыі. Прыкладам могуць служыць чаргаванні звонкіх з глухімі зычнымі ў становішчы перад глухімі, глухіх са звонкімі перад звонкімі зычнымі, цвёрдых зычных з мяккімі перад мяккімі зычнымі, шыпячых са свісцячымі і г. д.
Адбываючыся заўсёды ў межах адной і той жа марфемы, гэтыя чаргаванні характэрны для словаўтварэння і формаўтварэння. Далучэнне або адпадзенне марфем стварае фанетычныя ўмовы для супадзення двух або некалькіх гукаў у адным. А гэта азначае, што, з аднаго боку, пазіцыя нейтралізацыі ўзнікае дзякуючы марфалагічным умовам, з другога боку, узнікшая пазіцыя з’яўляецца фанетычнай па свайму характару.
§ 49. Дваісты характар чаргаванняў з перасякальнымі радамі знаходзіць сваё адлюстраванне ў неадназначным іх тэарэтычным асэнсаванні. Згодна з поглядамі адных тэарэтыкаў (маскоўская, пражская фаналагічныя школы), гэты тып чаргаванняў разглядаецца ў фаналогіі, а гук, у якім адбываецца супадзенне двух або некалькіх гукаў, разглядаецца як асобная фаналагічная адзінка (гіперфанема, архіфанема). З пункту погляду іншых вучоных (ленінградская фаналагічная школа), гэты тып чаргавання не цалкам знаходзіцца ў кампетэнцыі фаналогіі, бо ўяўляе сабой чаргаванне фанем, а гук, у якім супадаюць два або некалькі гукаў, адносіцца імі да адной з фанем, якія нейтралізуюцца. Гэты пункт погляду больш адпавядае працэсу ўспрымання гукаў. Першы ж пункт погляду больш адлюстроўвае не ўспрыманне гукавой матэрыі мовы, а правілы пераўтварэня абстрактных марфем у рэальныя ў час маўлення, калі дапусціць, што носьбіт мовы кожны раз ажыццяўляе працэс утварэння слоў на аснове запасу марфем.
§ 50. Трэцім відам чаргаванняў з’яўляюцца гістарычныя, да якіх адносяць такія чаргаванні, якія ні камбінаторнымі ўласцівасцямі, ні пазіцыйным становішчам з пункту погляду сучаснага стану мовы вытлумачыць нельга. Яны праяўляюцца таксама ў межах адной марфемы. Ужыванне той або іншай фанемы ў складзе марфемы ў гэтым выпадку абумоўлена суседствам іншых марфем і з’яўляецца абавязковым для носьбітаў мовы, але ніяк не апраўдваецца фанетычным становішчам і захоўваецца толькі па традыцыі.
Разгледзім дзеяслоўныя формы насіць — нашу, касіць — кашу. У параўнанні з інфінітывам у першай асобе адзіночнага ліку /с’/ мяняецца на /ш/. Чаргаванне /с’/ — /ш/ характэрна для ўсіх носьбітаў беларускай мовы, аднак з’яўленне /ш/ ніяк не звязана з тым, што за ім ідзе галосны [у], бо перад [у] можа быць і /с’/: [с’уды́], [ус’е], [лас’у́] і г. д. Таму прынцыпова магчыма і форма насю, касю, але па традыцыі захоўваецца нашу, кашу. У выніку дзеяння аналогіі часта назіраецца выроўніванне формазмянення і гістарычнае чаргаванне страчваецца, параўн. дыял. пяку — пякеш, пякець і літ. пяку — пячэш, пячэ.
§ 51. Гістарычныя чаргаванні і чаргаванні з перасякальнымі радамі маюць шмат агульнага. І тыя і другія ўзніклі ў выніку гістарычнага развіцця мовы. Так, аглушэнне звонкіх зычных перад глухімі і ў канцы слова стала магчымым толькі пасля падзення рэдукаваных галосных, а чаргаванне заднеязычных з шыпячымі — у выніку першай палаталізацыі. Складаную гісторыю мае аканне, у выніку чаго ўзнік перасякальны рад /о/, /е/, /а/ — /а/. Абодва гэтыя тыпы чаргаванняў носяць умоўны характар і захоўваюцца ў сілу традыцыі. Умоўнасць і дазваляе выкарыстоўваць іх як асноўны (зрэдку) або як дадатковы марфалагічны сродак.
§ 52. Чаргаванне галосных фанем з’явілася вынікам гістарычных працэсаў, якія адбываліся ў фанетычнай сістэме ў розныя перыяды яе развіцця. У сучаснай мове чаргаванне цесна звязана са словазмяненнем і словаўтварэннем і звычайна адносіцца да дадатковых марфалагічных сродкаў, бо асноўнымі застаюцца афіксы. Характэрна, што адны і тыя ж чаргаванні прадстаўлены па-рознаму ў розных часцінах мовы. Адны з іх шырока прадстаўлены ў імёнах, іншыя ахопліваюць значнае кола дзеяслоўных форм. Частка чаргаванняў найбольш значную ролю выконвае пры ўтварэнні слоў, якія адносяцца да розных часцін мовы.
§ 53. Да шырока распаўсюджаных належыць чаргаванне /о/, /е/ з нулём гука. У сувязі з тым што /о/, /е/ у адных выпадках (звычайна пад націскам) паяўляюцца, а пры змене слоў або пры словаўтварэнні знікаюць, гэтыя галосныя называюць беглымі. Беглыя галосныя ў корані слоў часцей сустракаюцца ў назоўніках, калі адсутнічае суфіксальная марфема: дзень — дня, сон — сном, яйка — яек, замок — замка́. У выпадку далучэння суфікса бегласць галоснага звычайна пераходзіць на яго. Пры гэтым колькі б ні далучалася суфіксаў, яна заўсёды ўласціва апошняму ў слове: дзень — дня, дзянёк — дзянька, дзянёчак — дзянёчка, замок — замка, замочак — замочка, замочачак — замочачка і г. д. Калі ў пачатку каранёў з беглымі галоснымі знаходзяцца зычныя [л], [м], [р], то ў формах, у якіх гэты галосны знікае, развіваецца прыстаўны галосны, аднак часта такія словы страчваюць схільнасць да бегласці галосных кораня: лоб — ілба, леў — ільва, мох — амшанік, але лён — ільну і лёну, лёд — ільду і лёду, роў — рова, равы, рот — рота, роце і г. д. Бегласць галосных уласціва таксама шматлікім суфіксам назоўнікаў і прыметнікаў. Да такіх суфіксаў належаць:
-к- — батрачка — батрачак, бярозка — бярозак, міска — місак, кіргізка — кіргізак, беларуска — беларусак, гандлярка — гандлярак;
-ок- (-ак-) — арэшак — арэшка, гарошак — гарошка, бугарок — бугарка, ручаёк — ручайка, вецярок — вецярка, ваўчок — ваўчка;
-оўк- (-ёўк-) — пуцёўка — пуцёвак, курсоўка — курсовак, антонаўка — антонавак;
-лк- — веялка — веялак, сеялка — сеялак, капцілка — капцілак;
-ечк- — гняздзечка — гняздзечак, калечка — калечак;
-янк-, -анк- — ваўнянка — ваўнянак, паганка — паганак;
-ец- і вытворныя ад яго — іспанец — іспанца, аршанец — аршанца, блукалец — блукальца, баязлівец — баязліўца;
-унак- — ратунак — ратунку, рубанак — рубанка, ласунак — ласунка;
-ань- (-янь-, -ень-) — вучань — вучня, лежань — лежня, певень — пеўня;
усе суфіксы для ўтварэння назоўнікаў жаночага роду, якія заканчваюцца на [к]: гулянка — гулянак, абяцанка — абяцанак, грачанка — грачанак, бялянка — бялянак, балячка — балячак, весялушка — весялушак, бамбёжка — бамбёжак.
Беглыя галосныя адзначаны ў назоўніках, якія заканчваюцца пэўнымі спалучэннямі гукаў. Да іх належаць канцавыя спалучэнні галосных [е], [о], [а] з санорнымі [л], [л’], [н], [н’], [р] незалежна ад таго, з’яўляюцца гэтыя спалучэнні суфіксамі, часткай суфіксаў або належаць да кораня слова: кацёл — катла, тыдзень — тыдня, карабель — карабля, дышаль — дышля, аглабель — аглобля, бусел — бусла, блазен — блазна, жаровень — жароўня, кухань — кухня, асяцёр — асятра, сясцёр — сястра, вецер — ветру.
Наяўнасць або адсутнасць беглых галосных у назоўніках, якія заканчваюцца разгледжанымі спалучэннямі гукаў, цесна звязана з месцам націску ў парадыгме, параўн.: асяцёр — асятра, але бракёр — бракёра; кашаль — кашлю, але медаль — медаля; свіран — свірна, але кажан — кажана і г. д.
§ 54. У прыметніках чаргаванне галосных з нулём гука назіраецца пры ўтварэнні кароткіх форм мужчынскага роду ад поўных, якія маюць суфікс -к- або -н- і іх вытворныя (вузкі — вузак, рэдкі — рэдак, блізкі — блізак, шкодны — шкодзен, поўны — повен, аб’ектыўны — аб’ектывен) і зрэдку іншых кароткіх форм (хітры — хіцёр, светлы — свецел). Шырэй прадстаўлены беглыя галосныя пры ўтварэнні прыметнікаў ад назоўнікаў: тайга — [тайе́жны], Літва — літоўскі, вайна — [вайе́нны], лёгкія — лёгачны, сонца — сонечны і г. д.
§ 55. У коранях дзеясловаў чаргаванне галосных з нулём гука звычайна ўскладнена чаргаваннем з [і], пры гэтым адбываецца чаргаванне мяккіх і цвёрдых зычных: церці — тру — заціраць, сцеліць — слаць — засцілаць, забяру — забраць — забіраць, заперці — запру — запіраць, дзяру — драць — задзіраць, памерці — памру — паміраць. У радзе гэтых чаргаванняў паяўляецца [о], калі ад дзеясловаў утвараюцца назоўнікі: заперці — запор, зацерці — затор, збіраць — збор і г. д.
§ 56. Гістарычна не звязаным з беглымі галоснымі з’яўляецца чаргаванне /і/ з нулём гука, прадстаўленае ў лічэбніку адзін — аднаго і ў некаторых дзеясловах тыпу піць — пйю, біць — бйу, ліць — льйю (аднак дапусціма і [лійу́]). Як і ў папярэднім выпадку, пры ўтварэнні аддзеяслоўных назоўнікаў у іх корані паяўляецца [о]: біць — бой, ліць — лой, піць — запой. Аналагічна чаргуецца з нулём гука /ы/: называць — назваць — назоўнік, замыкаць — замкнуць — замок.
§ 57. Пры ўтварэнні аддзеяслоўных назоўнікаў прадстаўлена чаргаванне [е] ([а] у першым складзе перад націскам) — [о]: везці — воз, плесці — плот, перанесці — перанос, раўсці (з ревьти) — роў, звезці — звоз, цячы — ток, гнесці — гнёт, церці — цёрка.
§ 58. З іншых чаргаванняў галосных найбольш значную марфалагічную нагрузку маюць:
/е/ — /а/: лезці — лазіць, мець — маю, сесці — сядзе — садзіць, легчы — ляжа — лажыць;
/а/ — /у/: прасохнуць — прасушыць;
/у/ — /ы/: дух — дыханне;
/е/ — /о/: весці — вёў, плесці — плёў, везці — вёз.
Чаргаванне /е/ — /о/ патрабуе і пэўных фанетычных умоў: яно адбываецца толькі ў тых выпадках, калі наступны мяккі зычны, які ідзе за [е], чаргуецца з цвёрдым. Аднак гэта чаргаванне не можа быць аднесена да пазіцыйных, бо, па-першае, не ўсякі [е] чаргуецца з [о] (параўн.: па снезе і снег, беленькі і белы і г. д.), па-другое, [о] можа захоўвацца і перад мяккімі зычнымі пад уплывам форм, узнікшых у выніку пераходу /е/ у /о/ (мёд — у мёдзе, клён — на клёне і г. д.).
§ 59. Акрамя названых чаргаванняў галосных з галоснымі, існуе рад чаргаванняў галосных са спалучэннямі гукаў, у склад якіх уваходзяць галосны і зычныя [м], [н], [й] або [в], [ў]:
[а] — ін (ын), ім (ым): аджаць — аджымаць, аджаць — аджынаць, разняць — разнімаць, мяць — размінаць. Пры гэтым тыпе чаргавання галосныя [і], [ы] у радзе форм могуць знікаць, чаргуючыся з нулём гука (аджынаць — адажну, прыжаць — прыжму, размінаць — разамну), а паміж прыстаўкай на зычны і коранем паяўляецца ўстаўны галосны [а];
[ы] — ый — ов (оў): крыць — крый — пакровы;
/ы/ — ыв (ыў) — [а]: плыць — плывец — плаваць.
§ 60. Асобную групу складаюць чаргаванні націскных і ненаціскных галосных. Хоць яны вызначаюць фанетычны від марфемы ў розных аднакарэнных словах або ў асобных формах слоў, абумоўленасць фанетычнымі ўмовамі таксама адчуваецца пры падобных чаргаваннях. Да іх належыць у першую чаргу чаргаванне [е] — [і] унутры дзеяслоўных марфем: здзерці — здзіраць, заперці — запіраць, зацерці — заціраць. Такое ж чаргаванне прадстаўлена і ў словаўтварэнні паміж аднакарэннымі словамі, якія належаць да розных часцін мовы: свет — світаць — світанне, блеск — блішчаць — бліскавіца, прыветна — прывітаць.
Другім важным чаргаваннем з гэтай групы з’яўляецца чаргаванне [о], [е] — [ы]. Яно адбываецца ў словах са спалучэннямі [ро], [ло], [рэ]. У гэтых спалучэннях [о], [е], аказаўшыся ў аднакарэнных словах не пад націскам, пераходзяць у [ы]: кроў — крыві, хрэсьбіны — хрышчэнне, глотка — глыток, блохі — блыха, крошка — крышыць і г. д.
§ 61. Чаргаванне зычных фанем, як і чаргаванне галосных, узнікла ў выніку гістарычных змен гукаў у розныя эпохі развіцця мовы. У сучаснай мове чаргаванне зычных фанем шырока прадстаўлена як у формах адных і тых жа слоў, так і ў формах розных, але роднасных слоў. З пункту погляду марфалогіі іменна ў гэтых выпадках чаргаванне зычных і ўяўляе цікавасць, у той час як чаргаванне, якое сустракаецца ў словах, цяпер не ўспрымаемых як роднасныя, для марфалогіі істотнага значэння не мае.
Да найбольш распаўсюджаных у беларускай мове чаргаванняў зычных належыць чаргаванне /г/ — /ж/, /к/ — /ч/, /х/ — /ш/: пяку — пячэш, навука — вучыць, нага — ножка, магу — можаш, муха — мушка, сухі — сушу, калыхаць — калышу і г. д.
Гэта чаргаванне назіраецца пры ўтварэнні простых форм вышэйшай ступені параўнання прыметнікаў (дарагі — даражэйшы, мяккі — мякчэйшы, ціхі — цішэйшы), пры ўтварэнні прыметнікаў ад іншых часцін мовы (Аленка — аленчын, брусок — брусчаты, вяснушка — вяснушчаты, ацэнка — ацэначны, муха — мушыны, смех — смешны, адліга — адліжны, Калуга — калужскі, Волга — волжскі і г. д.). Перад суфіксам прыметнікаў -ск- чаргаванне не адбываецца ў рэдкіх выпадках, калі прыметнік узнік параўнальна позна: казах — казахскі, Пецярбург — пецярбургскі. У выпадку ўтварэння прыметнікаў ад назоўнікаў тыпу будаўнік, вартаўнік, прадстаўнік адзіным марфалагічным сродкам утварэння з’яўляецца чаргаванне /к/ — /ч/: будаўнічы, вартаўнічы, прадстаўнічы.
Чаргаванне заднеязычных /г/, /к/, /х/ з шыпячымі /ж/, /ч/, /ш/ характэрна для парадыгмы вялікай колькасці дзеясловаў: клікаць — клічу, брахаць — брэша, ілгаць — ілжэш, ткаць — тчэ, лягу — ляжаш, цёк — цячы, зрачыся — зрокся і г. д.
Гэты тып чаргавання зычных адсутнічае ў формах словазмянення, затое шырока прадстаўлены ў розных тыпах словаўтварэння назоўнікаў: зберагчы — зберажэнне, бераг — беражок, сухі — суш, глухі — глуш, рака — рэчка, далёкі — далеч і г. д.
З пункту погляду ролі ў марфалогіі да разгледжанага чаргавання найбольш блізкімі з’яўляюцца чаргаванні /з/ — /ж/, /с/ — /ш/, /ц/ — /ч/, а таксама /ск/ — /шч/, /зд/ — /ждж/, /сц/ — /шч/. Асабліва блізкі паралелізм гэтых чаргаванняў назіраецца ў дзеяслоўных формах: ляцець — лячу, рэзаць — рэжу, часаць — чашу, ездзіць — езджу, паласкаць — палашчу, лазіць — лажу, пусціць — пушчу і г. д.
§ 62. Марфалагічна іншым відам з’яўляецца чаргаванне заднеязычных /г/, /к/, /х/ са свісцячымі /з’/, /ц/, /с’/. Яно прадстаўлена галоўным чынам у формазмяненні назоўнікаў і аказвае істотны ўплыў на тып іх скланення. З гэтым чаргаваннем звязана змена асновы на мяккі або зацвярдзелы, пры гэтым апошні абумоўлівае мяккі тып скланення назоўнікаў (гл. § 38) у тых выпадках, калі перад зацвярдзелым [ц] маецца чаргаванне заднеязычных з шыпячымі. Чаргаванне /г/ — /з’/, /к/ — /ц/, /х/ — /с’/ ахоплівае амаль усе назоўнікі, аснова якіх заканчваецца на заднеязычны: нага — назе, снег — снезе, рака — рацэ, ручка — ручцы, сведка — сведцы, страха — страсе, муха — мусе.
Аднак па скланеннях чаргаванне размеркавана нераўнамерна. У другім (жаночым) скланенні яно значна больш рэгулярнае, чым у першым (мужчынскім) у сувязі з тым, што ў апошнім у давальным і месным склонах развіўся канчатак -у. Рад назоўнікаў першага скланення можа мець паралельныя формы з чаргаваннем і без яго або нават толькі формы без чаргавання, параўн.: начлег — у начлезе, бераг — на беразе, але луг — на лузе і на лугу, круг — на крузе і ў кругу, а таксама археолаг — аб археолагу, будаўнік — аб будаўніку, рух — у руху, страх — у страху і г. д.
§ 63. Чаргаванне губных зычных са спалучэннем «губны + [л]» выкарыстоўваецца для афармлення першай асобы адзіночнага ліку дзеясловаў, аснова якіх заканчваецца губным, а таксама аддзеяслоўнага ўтварэння назоўнікаў. Гэта наступныя чаргаванні: [б] — [бл’] — рабіць — раблю, згубіць — згублю; [п] — [пл’] — тапіць — таплю, купіць — куплю; [м] — [мл’] — карміць — кармлю, граміць — грамлю; [в] — [ўл’] — лавіць — лаўлю, дзівіцца — дзіўлюся, крывіць — крыўлю; [ф] — [фл’] — графіць — графлю.
Некалькі прыкладаў утварэння назоўнікаў з гэтымі чаргаваннямі: карміць — кармленне, драбіць — драбленне, лавіць — лоўля, гадаваць — гадоўля, тапіць — атапленне. Назіраецца гэты тып чаргавання і пры ўтварэнні дзеясловаў незакончанага трывання: купіць — купляць, аграбіць — аграбляць.
Неабходна адзначыць, што ў дзеясловах, формы якіх паміж губным і наступным [й] доўгі час захоўвалі [і], чаргаванні губных са спалучэннем «губны + [л]» не назіраюцца: забіць — заб’ю, папіць — пап’ю, завіць — заўю і некаторыя іншыя. Асобна стаіць чаргаванне ў назоўніках — назвах населеных пунктаў і жыхароў гэтых пунктаў: Кіеў — кіяўлянін, Рым — рымлянін.
§ 64. З формаўтваральных і словаўтваральных чаргаванняў неабходна таксама адзначыць чаргаванне /т/ — /ч/ і /ц’/ — /ч/ (грукатаць — грукачу, скараціць — скарачу, тупацець — тупачу, а таксама /д/ — /дж/ і /дз’/ — /дж/: вадзіць — ваджу — ваджэнне; пасадзіць — пасаджу — насаджэнне.
§ 65. Да частых чаргаванняў, якія фарміруюць фанетычнае і марфалагічнае аблічча беларускай мовы, адносіцца чаргаванне [л] — [ў]. Яно назіраецца ў формах дзеясловаў прошлага часу: знала — знаў, дала — даў, купіла — купіў, рабіла — рабіў і г. д.
§ 66. Важную марфалагічную ролю адыгрываюць таксама спрашчэнні груп зычных, якія адбываюцца пры словаўтварэнні: чаргаванне зычных з нулём гука:
здн — зн — выезд — выязны;
стн (с’ц’н) — сн — пост — посны, карысць — карысны;
стл — сл — сцялю — слаць, шчасце — шчаслівы;
слн — сн — рамясло — рамеснік, умысел — наўмысна;
лнц — нц — сонца;
рдц — рц — сардэчка — сэрца;
рнч — нч — горн — ганчар;
скн — сн — ціск — ціснуць;
згн — зн — брызгаць — брызнуць.
Заканамернасці будовы склада
§ 67. Складам называюць частку слова, якая складаецца з аднаго або некалькіх гукаў, сярод якіх абавязкова павінен быць галосны, які з’яўляецца складаўтваральным. Склад не з’яўляецца функцыянальнай адзінкай, але з пункту погляду артыкуляцыі і акустыкі ў яго межах адбываюцца працэсы, якія выклікаюць істотныя кантэкстныя гукавыя змены і дазваляюць гаварыць аб адзінстве гукаў, аб’яднаных у адзін склад.
Адным з такіх працэсаў з’яўляецца акамадацыя, у выніку якой у спалучэннях «зычны + галосны» рад прымет зычных і галосных распаўсюджваецца на ўсё гэта спалучэнне, і яно выступае як найбольш просты і самы распаўсюджаны склад. Таму падзел на склады слоў, у якіх чаргуюцца зычныя і галосныя, не выклікае ніякіх цяжкасцей: га-ла-ва, я-ма, па-за-бі-ва-лі і г. д. Паколькі ўзаемадзеянне галоснага з папярэднім зычным больш моцнае, чым з наступным, падзел на склады лёгка ажыццяўляецца і ў выпадку, калі сутыкаюцца два галосныя або галосны стаіць у пачатку слова: а-га-род, а-вёс, а-э-ра-дром, па-а-бе-даць і г. д. Простым аказваецца складападзел і тады, калі збег зычных назіраецца ў пачатку або ў канцы слова: стра-ва, а-на-пест і г. д.
§ 68. Праблема межаў склада ўзнікае тады, калі ў слове збег зычных знаходзіцца паміж галоснымі: ся-стр-а, па-лк-а, дзеда-ўск-і і г. д. Вырашаюць яе розныя вучоныя на аснове розных крытэрыяў, на якіх грунтуюцца шматлікія тэорыі складападзелу. У айчынным мовазнаўстве найбольшай вядомасцю карыстаецца санорная тэорыя, якая грунтуецца на ўліку неаднолькавай ступені гучнасці розных гукаў. Тэрміну «гучнасць» прыпісваецца сукупнасць якасцей гукаў, якія абумоўліваюць іх месца ў пачатковым складзе слова.
Вяршыняй склада і неабходнай яго часткай з’яўляюцца галосныя. Іх гучнасць ацэньваецца ў 4 балы, затым па гучнасці ідуць санорныя — 3 балы і, нарэшце, шумныя зычныя — 1 бал. Шкала гучнасці можа быць і больш падрабязнай, аднак сутнасць яе захоўваецца: галосныя і санорныя зычныя складаюць больш цесную групу, чым астатнія зычныя.
У складзе гукі размяшчаюцца па ўзрастаючай гучнасці. Сапраўды, возьмем лёгкі выпадак складападзелу, калі спалучэнне зычных знаходзіцца ў пачатку слова. Амаль усе пачатковыя трохгукавыя (выяўлена таксама адно чатырохгукавое спалучэнне) спалучэнні зычных у беларускай мове паказаны ў табліцы.
Калі ўлічыць, што за гэтымі спалучэннямі заўсёды ідзе галосны, то структура пачатковага склада па гучнасці выглядае як: 1 1 3 4 або 1 3 3 4 і толькі адно спалучэнне ([мс’ц’] — мсцівец) не ўкладваецца ў схему ўзрастання гучнасці — 3 1 1 4. З табліцы таксама відаць і дадатковая заканамернасць будовы пачатковага склада з трохгукавым спалучэннем зычных: першым зычным з’яўляецца шчылінны, другім — змычны, трэцім — санорны. Іншы парадак зычных назіраецца толькі ў спалучэннях тхл, пхн, чхн, тхн, пск, у якіх першым з’яўляецца змычны, другім — шчылінны і трэцім — санорны, а таксама схл, згр, згн’, згн, схм, схв, згл’, згл, паслядоўнасць зычных у якіх — «шчылінны + шчылінны + санорны». Асобна стаіць рэдкая структура ткн з паслядоўнасцю «змычны + змычны + санорны». Характэрна, што ва ўсіх гэтых спалучэннях другім гукам з’яўляецца заднеязычны, за выключэннем пск. Таму можна заключыць, што шчылінныя зычныя маюць тэндэнцыю быць менш гучнымі, чым выбухныя, пры гэтым толькі заднеязычныя, асабліва [х], прыроўніваюцца па гучнасці да выбухных.
Можна дапусціць, што і непачатковыя склады ў слове пры збегу зычных павінны мець такую ж структуру, як і пачатковыя. На гэтым дапушчэнні і грунтуюцца правілы складападзелу ў беларускай мове:
1) калі паміж галоснымі знаходзіцца спалучэнне шумных зычных або спалучэнне шумных з санорнымі, усё спалучэнне адносіцца да наступнага склада: ся-стра, во-бла-ка, ка-пля, вё-ска, па-скры-пець, вя-дро, па-кла-сці;
2) калі паміж галоснымі знаходзіцца спалучэнне санорнага зычнага з шумнымі, то санорны адносіцца да папярэдняга склада, а шумныя — да наступнага: пар-ты-я, кар-ста-вы, бра-тэр-ства, план-та-цы-[йа], зай-чык, зай-гра-лі і г. д.;
3) калі паміж галоснымі знаходзіцца спалучэнне санорных (гэта абавязкова двухгукавое спалучэнне), падзел на склады можа быць дваякім: першы санорны можна адносіць да папярэдняга склада (у адпаведнасці з правілам 2), але можна яго аднесці і да наступнага склада па аналогіі з двухгукавымі спалучэннямі санорных у пачатку слова (многа, млявы, мроі): жор-ны і жо-рны, нор-ма і но-рма. Звычайна прынята [й] заўсёды адносіць да папярэдняга склада (зай-сці, чай-нік і г. д.), хаця ў такой жа меры варта пераважна да першага склада адносіць таксама і [р], [ў]. З другога боку, калі першым санорным з’яўляецца [м], яго больш мэтазгодна адносіць да наступнага склада: са-млець, ка-млё-вы і г. д.
Правілы падзелу на склады не супадаюць з правіламі пераносу слоў. Часта не супадае падзел на склады і з падзелам на марфемы. Параўн.:
1) перанос ад-рэзаць і падзел на склады а-дрэ-заць;
2) падзел на марфемы па-каз-ва-ць і падзел на склады па-ка-зваць.
§ 69. Паколькі наяўнасць галоснага з'яўляецца абавязковай прыметай склада, канцавы зычны або спалучэнне канцавых зычных адносяцца да папярэдняга склада: ву-хналь, тра-кта-рыст, по-езд і г. д. Гэта азначае, што канцавыя склады са спалучэннямі зычных будуюцца па прынцыпу ўзрастаюча-падаючай гучнасці: 1 3 4 3 1. Аднак у запазычанай лексіцы паслядоўнасць зычных тут значна менш аднатыпная, чым у пачатковым складзе, хоць і назіраецца тэндэнцыя да пераўтварэння іх у спалучэнні, пабудаваныя па прынцыпу падаючай гучнасці, параўн.: спе-ктакль — 1 1 4 1 3 і спе-кта-[къл’] — паяўляецца лішні склад са структурай 1 4 3.
Табліца
Пачатковыя трохгукавыя спалучэнні зычных у беларускай мове
| Апошні гук | Першы гук | Прамежкавы гук |
| л | з | б, д, г |
| т | х | |
| с | п, х, к | |
| ш | п, к | |
| л’ | з | г, б |
| с | п, к | |
| к | п | |
| ш | к | |
| р | з | г, б, м, д |
| ш | т | |
| с | т, п, к | |
| в | з | г, д |
| с | х, т, к | |
| ш | к | |
| н | з | г |
| с | к | |
| п | х | |
| ч | х | |
| т | к, х | |
| в’ | з’ | дз’ |
| с | к | |
| с’ | ц’ | |
| н’ | з | г |
| й | с | п |
| ц’ | м | с’ |
| н | з | м |
| к | п | с |
| м | з’ | дз’ |
| с | х |
У схеме таксама прыведзена чатырохгукавое спалучэнне пстр.
§ 70. У залежнасці ад таго, на які гук канчаюцца склады, яны падзяляюцца на адкрытыя і закрытыя. Адкрытымі называюцца склады, якія заканчваюцца на галосны гук або складаюцца з аднаго галоснага: ка-ро-ва, га-ла-ва, а-га-ро-джа. Закрытымі называюцца склады, якія заканчваюцца на зычны гук: кар-ма, пай-шчык, квар-тал, куст, год. Пачатковыя склады, якія складаюцца толькі з галоснага гука або галоснага і зычнага, называюцца непрыкрытымі: а-сёл, ар-мія, ар-ты-ле-ры-я, ал-тар. Астатнія пачатковыя склады называюцца прыкрытымі: са-ро-ка, ва-вёр-ка; ву-гал, во-кны. Падзел складоў на адкрытыя і закрытыя, прыкрытыя і непрыкрытыя мае істотнае значэнне пры апісанні якасцей галосных і зычных гукаў.
Улічваючы той факт, што сярод неканцавых складоў пераважаюць адкрытыя, можна сцвярджаць, што ў беларускай мове захоўваецца тэндэнцыя да абмежавання тыпаў спалучэнняў зычных і ўтварэння адкрытых складоў.
