Артефакт.lib.ru
Сайт Андрея Пискунова Хостинг Lib.Ru

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел

Словаўтварэнне. Суфіксальныя назоўнікі

§§ 348–390

Словаўтварэнне

Асноўныя паняцці

§ 348. Словаўтварэнне — гэта раздзел навукі аб мове, у якім вывучаецца словаўтваральная структура вытворных слоў і магчымыя шляхі і сродкі ўтварэння новых слоў, апісваецца сістэма словаўтварэння — сукупнасць словаўтваральных тыпаў і словаўтваральных гнёзд, існуючых у мове на пэўным сінхронным зрэзе. Тэрмінам «словаўтварэнне» абазначаецца таксама сам працэс утварэння новых слоў. У Беларускай граматыцы (раздзел «Словаўтварэнне») даецца характарыстыка сучаснай (сінхроннай) словаўтваральнай структуры слоў, аб’яднаных у словаўтваральныя тыпы, што ўваходзяць у адпаведныя спосабы словаўтварэння.

Галоўным аб’ектам аналізу ў словаўтварэнні з’яўляецца вытворнае слова — слова, утворанае ад аднакаранёвага з ім з дапамогай таго ці іншага словаўтваральнага сродку (прэфікса, суфікса, постфікса, інтэрфікса і інш.), які носіць назву — фармант. Вытворнае слова, такім чынам, заўсёды павінна мець сваё ўтваральнае, да асновы якога далучаецца фармант. Так, для слова рыбак утваральным з’яўляецца слова рыба (рыб-ак), для слова Брэстчына — Брэст, для калгасны — калгас і г. д.

Утваральнай базай для вытворнага слова можа быць не толькі асобнае слова, але і словазлучэнне ці іменна-прыназоўнікавае спалучэнне: жалеза і бетон — жалезабетон, Беларуская Савецкая Энцыклапедыя — БелСЭ, без вусоў — бязвусы.

Вытворнае і ўтваральнае словы звязаны паміж сабой адносінамі вытворнасці, г. зн. вытворнае слова з’яўляецца другасным, залежным ад утваральнага, на базе якога яно ўзнікла. Утваральнае слова выступае як больш простае ў адносінах да вытворнага як семантычна, так і па колькасці марфем; а вытворнае слова — як больш складанае ў гэтых адносінах. Так, вытворнае слова дубняк у аснове мае дзве марфемы (дуб-няк), а ўтваральнае дуб — адну, і семантычна дубняк больш складанае: гэта назва не дрэва «дуб», а сукупнасці дрэў з назвай «дуб». Такім чынам, у пары слоў, аб’яднаных адносінамі вытворнасці, вытворным лічыцца слова, аснова якога мае большую колькасць марфем і больш багатую семантычную структуру.

Калі словы, звязаныя адносінамі вытворнасці, маюць у асновах аднолькавую колькасць марфем, то вытворным лічыцца слова, якое мае большую семантычную складанасць, значэнне якога выводзіцца са значэння першага: ніз-к(і) — ніз-ін(а) ’нізкае месца’, скак-ун — скак-ух(а) ’жанчына-скакун’, урадз-і(ць) — урадж-ай ’тое, што ўрадзіла, уродзіць’.

У парах слоў, якія маюць аднолькавае значэнне, але адрозніваюцца як часціны мовы, вытворным лічыцца слова, якое мае дадатковае марфалагічнае значэнне (як часціны мовы). Напрыклад, у парах хадзіць — хадзьба, чырвоны — чырвань другое слова не толькі абазначае дзеянне ці прымету, але і мае дадатковае значэнне прадметнасці, уласцівае назоўніку.

У парах слоў, дзе адно стылістычна нейтральнае, а другое — стылістычна афарбаванае, вытворным з’яўляецца апошняе, бо ад яго не можа быць утворана нейтральнае слова: транзістар (разм.) ← транзістарны; тэатрал (разм.) ← тэатральны; псіх (разм.) ← псіхічны.

Вытворнае слова ў сваю чаргу можа быць утваральным для наступнага слова, а наступнае — для новага, як у прыкладах касіць — скасіць — скошваць — паскошваць; вада — водны — воднік. Такі рад аднакаранёвых слоў, што знаходзяцца ў адносінах паслядоўнай вытворнасці, прынята называць словаўтваральным ланцужком, а сукупнасць іх — словаўтваральным гняздом. У словаўтваральным гняздзе (ланцужку) базавым выступае невытворнае слова, якое з’яўляецца вяршыняй гнязда (ланцужка). Прыклад словаўтваральнага гнязда:

касіцьскасіць — скошваць — скошванне
выкасіць — выкошваць — выкошванне
накасіць — накошваць — накошванне

Вытворнае слова матэрыяльна адрозніваецца ад утваральнага тым, што яно ўключае ў свой склад не толькі аснову апошняга, але і словаўтваральны фармант, г. зн. вытворнае слова з боку словаўтваральнай структуры распадаецца на дзве часткі: 1) утваральную аснову і 2) фармант. Утваральная аснова — гэта частка вытворнага слова, агульная з асновай утваральнага слова: малацьб-(а) — малацьб-іт. Яна можа супадаць з часткай вытворнага слова без фарманта (соль — сальніца). Не супадае яна тады, калі пры ўтварэнні новага слова ў аснове ўтваральнага слова адбываецца адсячэнне яе канцавой часткі — фіналі (скрып-к(а) — скрып-ач) або нарошчванне гэтай асновы (лі-(ць) — лів-ень).

Вытворнае слова можа мець адносіны вытворнасці не з адным, а з некалькімі словамі ў роўнай ступені. Напрыклад, слова няветлівасць суадносіцца як з утваральным прыметнікам няветлівы (няветлів-асць), так і з назоўнікам ветлівасць (ня-ветлівасць). У такім выпадку яно можа разглядацца як утворанае двума спосабамі словаўтварэння.

Словы, якія ўтвораны ад утваральных адной часціны мовы з дапамогай аднаго і таго ж фарманта і маюць тое ж словаўтваральнае значэнне, складаюць адзін словаўтваральны тып. Так, словы веялка, маталка, мешалка, мясілка ўтвораны ад дзеясловаў (веяць, матаць, мяшаць, мясіць) з дапамогай суфікса -лк-а і маюць словаўтваральнае значэнне ’прылада для выканання дзеяння, названага ўтваральным словам’. Яны і складаюць адзін словаўтваральны тып. Такім чынам, словаўтваральны тып — гэта схема пабудовы слоў пэўнай часціны мовы, якія супадаюць у словаўтваральных адносінах: маюць у якасці ўтваральных словы той самай часціны мовы і агульны для іх фармант, тоесны па семантыцы і форме. Фармантам звычайна выступае афікс (пры афіксальным словаўтварэнні), але ім можа быць і іншы сродак, напрыклад парадак размяшчэння частак слова і наяўнасць агульнага націску пры спосабе зрашчэння (глыбокапаважаны). Падрабязна гэта пытанне разглядаецца пры характарыстыцы спосабаў словаўтварэння.

Фармант з’яўляецца носьбітам словаўтваральнага значэння. Словаўтваральнае значэнне — гэта тое агульнае значэнне, якое аб’ядноўвае вытворныя словы ў адзін словаўтваральны тып, адрознівае іх ад сваіх утваральных. Так, словы ласіна, каніна, кабаніна, свініна адрозніваюцца ад сваіх утваральных лось, конь, кабан, свіння тым, што яны абазначаюць не адпаведных жывёлін, а маюць значэнне ’мяса як страва’.

Словаўтваральны тып як схема пабудовы вытворных слоў можа быць узорам для ўзнікнення новых слоў. Такі словаўтваральны тып з’яўляецца прадуктыўным, напрыклад названы вышэй тып аддзеяслоўных назоўнікаў з суфіксам -лк-а і значэннем ’прылада працы’. Тып, паводле якога новыя словы не ўтвараюцца, называецца непрадуктыўным. Сюды можна аднесці адпрыметнікавыя ўтварэнні з суфіксам -адзь (-ядзь) са значэннем апрадмечанай прыметы: роўнядзь, мокрадзь.

Ступень прадуктыўнасці тыпу можа быць неаднолькавай: ёсць высокапрадуктыўныя, прадуктыўныя і малапрадуктыўныя тыпы. Пры высокай прадуктыўнасці тыпу рад яго ўтварэнняў надзвычай актыўна папаўняецца новымі словамі, напрыклад тып аддзеяслоўных назоўнікаў на -нне (прызямленне, інструктаванне, акумуліраванне), тып адсубстантыўных назоўнікаў з суфіксамі -ік, -ок з памяншальна-ласкальным значэннем (столік, домік, месячык, грудок). Малапрадуктыўныя тыпы маюць нязначную ступень актыўнасці ў папаўненні разраду ўтварэнняў, напрыклад аддзеяслоўныя дэрываты з суфіксам -ач са значэннем ’асоба — выканаўца дзеяння’ ці ’прылада дзеяння’ (слухач, глядач, капач). Тыпы, паводле якіх актыўна папаўняюцца рады ўтварэнняў, адносяцца да прадуктыўных, напрыклад тып аддзеяслоўных утварэнняў з суфіксамі -нік, -льнік, -чык/-шчык і інш. Прадуктыўныя тыпы як бы займаюць сярэдняе становішча паміж высокапрадуктыўнымі і малапрадуктыўнымі.

Рад словаўтваральных тыпаў з адным і тым жа відам фарманта (суфікс, прэфікс і г. д.) аб’ядноўваецца ў больш буйную адзінку словаўтваральнай сістэмы — спосаб словаўтварэння.

У сінхронным словаўтварэнні базай для ўтварэння новага слова можа быць як адно слова, так і больш (два паўназначныя словы, намінатыўнае словазлучэнне). У сувязі з гэтым усе спосабы словаўтварэння можна падзяліць на дзве групы: 1) спосабы ўтварэння слоў з адной утваральнай асновай; 2) спосабы ўтварэння слоў, якія маюць у якасці словаўтваральнай базы больш як адно паўназначнае слова.

Вытворныя словы з адной утваральнай асновай утвараюцца наступнымі спосабамі словаўтварэння: суфіксальным, нульсуфіксальным, прэфіксальным, прэфіксальна-суфіксальным, прэфіксальна-нульсуфіксальным, постфіксальным, прэфіксальна-постфіксальным, суфіксальна-постфіксальным, шляхам транспазіцыі — субстантывацыі прыметнікаў і дзеепрыметнікаў і ад’ектывацыі дзеепрыметнікаў.

Суфіксальны спосаб — гэта далучэнне да ўтваральнай асновы фарманта-суфікса (у нязменных словах: бегчы — бег-ма, высокі — высок-а) або суфікса і канчатка (у зменных словах: жаць — жн-(-уць) — жн-ів-о, мяце-ліц-а).

Нульсуфіксальны спосаб — гэта далучэнне да ўтваральнай асновы фарманта — нулявога суфікса (разам з канчаткам), які мае тое ж словаўтваральнае значэнне, што і матэрыяльна выражаны: хадзіць — хад-а і хадзь-б-а, скакаць — скокі. Нульсуфіксальны спосаб — гэта разнавіднасць суфіксацыі, т. зв. нулявая суфіксацыя. Пры суфіксацыі фармант (суфікс + флексія) адначасова з’яўляецца паказчыкам роду і ліку назоўнікаў, таму пры апісанні суфіксальных словаўтваральных тыпаў назоўнікаў паказваецца ўвесь фармант, а ў іншых выпадках — толькі суфікс.

Прэфіксальны спосаб — гэта ўтварэнне новага слова з дапамогай фарманта-прэфікса, які далучаецца да цэлага слова (а не да асновы) і не змяняе часціны мовы, яе словазмяняльнага класа (род, лік іменных часцін мовы, клас дзеяслова): анты-фашыст, супер-танкер, пра-баба, не-высокі, на-касіць, вы-ехаць.

Прэфіксальна-суфіксальны спосаб — гэта адначасовае далучэнне да ўтваральнай асновы прэфікса і суфікса (разам з канчаткам): зім-(а) — за-зім-ак, за-мор-ск-і, за-зямл-і-ць, па-бацькоўск-у.

Прэфіксальна-нульсуфіксальны спосаб — гэта далучэнне да ўтваральнай асновы прэфікса і нулявога суфікса (разам з канчаткам): вус — бяз-вус-ы, крыло — бяс-крыл-ы (параўн. бяс-кроў-н-ы, дзе суфікс -н-).

Постфіксальны спосаб — гэта далучэнне постфікса да цэлага слова (а не да асновы); пры гэтым новае слова захоўвае тыя ж формы роду, ліку, склону, класа дзеяслова, што і яго ўтваральнае: хто — хто-сьці, што — што-небудзь (кагосьці, чаго-небудзь), сабраць — сабрац-ца (збяру — збяру-ся).

Суфіксальна-постфіксальны спосаб — гэта адначасовае далучэнне да ўтваральнага слова (а не да асновы) суфікса і постфікса: брат-а-цца, відн-е-цца, калас-і-цца.

Прэфіксальна-постфіксальны спосаб — гэта далучэнне да цэлага слова (а не да асновы) прэфікса і постфікса: хадзіць — на-хадзіц-ца, бегчы — раз-бегчы-ся, піць — на-піц-ца (п’ю — на-п’ю-ся).

Субстантывацыя прыметнікаў і дзеепрыметнікаў — гэта пераход прыметнікаў і дзеепрыметнікаў у назоўнікі. Субстантываваныя прыметнікі і дзеепрыметнікі звычайна маюць адну (радзей — дзве) форму роду або толькі форму множнага ліку: вартавы, марожанае, цяпло, камандзіровачныя, жаўталістыя. Фармантам тут выступае сістэма флексій вытворнага слова, абмежаваная формай аднаго (радзей — двух) роду ці толькі множнага ліку.

Ад’ектывацыя дзеепрыметнікаў — гэта пераход дзеепрыметнікаў у прыметнікі (рашаючы, рухомы).

Да спосабаў утварэння новых слоў, якія маюць у якасці словаўтваральнай базы больш як адно паўназначнае слова, належаць складанне, суфіксальна-складаны і нульсуфіксальна-складаны спосабы, зрашчэнне і абрэвіацыя.

Пры складанні (без удзелу суфіксацыі, г. зн. чыстым складанні) адбываецца аб’яднанне двух слоў у адно, пры гэтым апорны кампанент (апошні ў слове) роўны цэламу слову, а папярэдні з’яўляецца чыстай асновай, якая далучаецца да апорнага кампанента з дапамогай інтэрфікса (у тым ліку і нулявога): глуханямы, жалезабетон, цар-звон. Фармантам пры гэтым спосабе выступае, акрамя інтэрфікса, адзіны асноўны націск і замацаваны парадак кампанентаў.

Суфіксальна-складаны спосаб — гэта аб’яднанне ў складанае слова двух слоў з дапамогай інтэрфікса і суфіксацыі: байкапісец, сіласарэзка, сыраварня.

Нульсуфіксальна-складаны спосаб — гэта аб’яднанне двух слоў у адно складанае слова з дапамогай інтэрфікса і нулявога суфікса (у апорным кампаненце): пустамеля, кніганоша, хлебароб.

Пры суфіксальна-складаным і нульсуфіксальна-складаным спосабах фармантам выступае не толькі суфікс (матэрыяльна выражаны ці нулявы), але і адзіны асноўны націск і замацаваны парадак кампанентаў. Таму гэтыя два спосабы разглядаюцца як змешаныя — сумяшчаюць асаблівасці як складання, так і суфіксацыі.

Зрашчэнне — гэта зліццё кампанентаў словазлучэння ў адно цэлае (лексікалізацыя словазлучэння): глыбока паважаны — глыбокапаважаны, свежапафарбаваны, вечназялёны. Фармантам выступае адзіны галоўны націск на апорным кампаненце і замацаваны парадак кампанентаў (падпарадкаваны кампанент на першым месцы).

Абрэвіяцыя — гэта ўтварэнне абрэвіятур (складана-скарочаных слоў) шляхам аб’яднання ўсечаных частак асноў некалькіх слоў або ўсечанай часткі і цэлага слова, што ўваходзяць у намінатыўнае словазлучэнне: БелАЗ — Бел-(арускі) А-(ўтамабільны) З-(авод), медсястра — мед-(ыцынская) сястра. Гэтым спосабам утвараюцца толькі назоўнікі (гл. § 624). Фармантам выступае адзіны асноўны націск і сістэма флексій (пры скланяльным назоўніку), а таксама адвольнае ўсячэнне частак слоў.

Акрамя разгледжаных спосабаў зрэдку выкарыстоўваюцца таксама такія змешаныя спосабы, як прэфіксальна-суфіксальна-постфіксальны (брахаць — ад-брэх-ва-цца), прэфіксальна-суфіксальна-складаны (на-паў-абарот-а).

Утварэнне новых слоў часта суправаджаецца марфаналагічнымі з’явамі — чаргаваннем, менай націску, усячэннем і нарошчэннем асновы ўтваральнага слова, сумяшчэннем марфем (гл. раздзел «Марфаналогія»).

Пры апісанні ўтварэння слоў адпаведных часцін мовы за аснову класіфікацыі прымаецца спосаб утварэння, а ўнутры яго — фармант. Вытворныя ад розных часцін мовы з адным фармантам разглядаюцца ў адным месцы. Пры аналізе вытворных назоўнікаў фарманты аб’ядноўваюцца ў групы паводле агульнасці таго ці іншага структурнага элемента ў іх саставе.

Марфеміка

§ 349. Слова складаецца не толькі з фанем і складоў, якія непасрэдна не звязаны з яго значэннем, але і з такіх структурных частак, якія маюць пэўнае значэнне — лексічнае ці граматычнае. Напрыклад, слова ночка складаецца з трох значымых частак: 1) ноч-, яна выражае асноўнае значэнне гэтага слова ’частка сутак ад вечара да ранку’; 2) -к- — значэнне ласкальнасці; 3) -а — граматычныя значэнні роду (жаночага), ліку (адзіночнага), склону (назоўнага).

Значымыя часткі слова называюцца марфемамі, а раздзел мовазнаўства, у якім яны вывучаюцца, — марфемікай. Тэрмін «марфеміка» выкарыстоўваецца таксама для абазначэння сукупнасці марфем. Марфема можа складацца як з адной фанемы (у разгледжаным выпадку: -к-, -а), так і са спалучэння фанем (ноч-), але ў любым выпадку яна выступае як мінімальны структурны кампанент (частка) слова, які нельга падзяліць на больш дробныя часткі, якія мелі б значэнне.

Марфемы вывучаюцца таксама ў марфалогіі, словаўтварэнні і марфаналогіі. У марфалогіі разглядаецца састаў марфем кожнай часціны мовы і іх граматычныя значэнні ў розных формах слоў; у словаўтварэнні — роля і значэнне марфем пры ўтварэнні новых слоў; у марфаналогіі — заканамернасці спалучэння марфем у слове. У марфеміцы перш за ўсё вызначаецца статус марфемы, даецца класіфікацыя марфем, разглядаюцца прынцыпы іх вылучэння і ідэнтыфікацыі.

Марфемы вылучаюцца ў слове шляхам двайнога супастаўлення: а) з роднаснымі словамі і б) з аднаструктурнымі (аднатыпнымі па структуры) словамі. Напрыклад, у слове жаўток вылучаюцца марфемы жаўт- і -ок на той падставе, што першая марфема паўтараецца ў аднакаранёвых словах жоўты, жоўць, пражаўць, а другая — у структурна аднатыпным слове бялок (бялок і жаўток яйца).

Марфемы могуць вар’іравацца, відазмяняцца ў словах, як у разгледжаных прыкладах: жоўт-, жоўц’-, жаўт-, жаўц’-. Для абазначэння канкрэтнай рэалізацыі той ці іншай марфемы выкарыстоўваюцца тэрміны «варыянт марфемы», «морф». Так, у разгледжаным прыкладзе каранёвая марфема мае чатыры варыянты (рэалізуецца ў чатырох морфах): жоўт-, жоўц’-, жаўт- і жаўц’-. Да адной і той жа марфемы адносяцца варыянты, якія маюць аднолькавае (тоеснае) значэнне і блізкае (варыянтнае) фармальнае аблічча — фанемны састаў. Варыянты фанем часцей за ўсё ўзнікаюць у выніку чаргавання гукаў (гістарычных і пазіцыйных), напрыклад: рук-а і руч-к-а, раб-і-ць і рабл’-у, кас-і-ць і каш-у, кос-ім, страл-ок і страл-к-а.

Паводле ролі ў словаўтварэнні марфемы падзяляюцца на: 1) каранёвыя і 2) некаранёвыя, або службовыя. Каранёвая марфема (корань слова) — гэта галоўная (абавязковая) частка слова, якая заключае ў сабе асноўны элемент лексічнага значэння слова. Службовыя марфемы — неабавязковыя, у адных словах яны ёсць, у іншых іх можа не быць, параўн.: бел-еньк-і і бел-ы, ляс-ок і лес; яны выконваюць службовую ролю ў слове: удакладняюць, вар’іруюць значэнне кораня, служаць для выражэння граматычных значэнняў слова. Службовыя марфемы ўключаюць у свой склад канчатак і афіксы.

Афіксы ўваходзяць у састаў асновы; «прымацаваны» да каранёвай марфемы непасрэдна або праз другія афіксы. Аснова — гэта частка слова без флексіі (канчатка), у ёй заключана індывідуальнае лексічнае значэнне слова (у корані — агульнае значэнне роднасных слоў). Аснова бывае простая (з адным коранем) і складаная (два карані і больш). Флексія — гэта службовая зменная марфема, якая не ўваходзіць у аснову слова і ўтварае марфалагічную форму слова (выражае марфалагічныя значэнні роду, ліку, склону, асобы) і звязвае яго з іншымі словамі ў словазлучэнні ці сказе: пісьм-о, пісьм-а, пісьм-у, пісьм-ом; нов-ы, нов-ая, нов-ае, нов-ыя; чыта-ем нов-ыя пісьм-ы.

Да флексійных марфем адносяцца таксама паказчыкі інфінітыва -ць, -ці, -чы (пасля г): піса-ць, нес-ці, маг-чы.

Афіксы падзяляюцца на прэфікс, суфікс, постфікс, інтэрфікс у залежнасці ад іх месца ў адносінах да кораня: прэфікс — марфема, якая стаіць перад коранем: вы-ехаць, пра-дзед; суфікс — марфема, якая займае пазіцыю пасля кораня перад флексіяй: клад-к-а, сцён-к-а, сель-ск-і; постфікс — марфема, якая ўваходзіць у састаў перарывістай асновы і займае пазіцыю пасля флексіі: -ся, -ца, -цца (спяшал-і-ся, браць — бра-цца, бярэ-цца), -сьці, -сь (хто-сьці, хто-сь), -небудзь (што-небудзь, каго-небудзь); інтэрфікс — марфема, якая стаіць паміж простымі асновамі ў саставе складанага слова і паказвае на сувязь гэтых асноў і іх значэнняў у саставе складанага слова: -і-, -а-, -о-, -е-, -я-, -ух-, -ох- (пяц-і-павярховы, атам-а-ход, час-о-піс, земл-е-ўпарадкаванне, земл-я-роб, дв-ух-тыднёвы, тр-ох-павярховы).

Каранёвая марфема адрозніваецца ад афіксальнай тым, што яна можа быць свабоднай, г.зн. матэрыяльна можа поўнасцю супадаць з асновай, у той час як афіксы поўнасцю ніколі не супадаюць з асновай. Яны бываюць толькі звязанымі, існуюць толькі ў спалучэнні з коранем. Калі афіксальная марфема набывае свабоднае ўжыванне, яна ператвараецца ў каранёвую, напрыклад: архаізмы, дыялектызмы і іншыя «ізмы».

Афіксы паводле іх ролі ў мове падзяляюцца на словаўтваральныя і формаўтваральныя. Словаўтваральныя афіксы служаць для ўтварэння слоў з новым лексічным значэннем: стал-яр, руч-н-ы, сін-як. Формаўтваральныя афіксы ўтвараюць словы з новым граматычным значэннем: мацн-ейш-ы, прыгаж-эй, піса-л-і.

Флексіі выступаюць толькі як словазмяняльныя марфемы, інтэрфіксы — толькі як словаўтваральныя; астатнія афіксы звычайна выконваюць словаўтваральную функцыю, аднак у асобных выпадках з іх дапамогай утвараюцца словы не з новым лексічным, а толькі з новым граматычным значэннем (формаўтваральным). Як формаўтваральныя выступаюць наступныя суфіксы: суфіксы ступеней параўнання прыметнікаў і прыслоўяў (высокі — выш-эйшы, далёкі — дал-ей), прошлага часу дзеясловаў (нес-л-і), дзеепрыметнікаў і дзеепрыслоўяў (пасіве-л-ы, спатка-ўшы), прэфікс най- у формах найвышэйшай ступені прыметнікаў і прыслоўяў (най-лепшы, най-даражэй). Постфікс -ся(-ца, -цца) можа выконваць як формаўтваральную (забыць — забыцца), так і словаўтваральную функцыю (хадзіць — на-хадзі-цца). Словаўтваральныя афіксы, іх дэрывацыйныя (словаўтваральныя) значэнні разглядаюцца ў раздзеле «Словаўтварэнне», словазмяняльныя і формаўтваральныя (марфемы) — у «Марфалогіі». Афіксы, якія ўтвараюць словы толькі з новым граматычным значэннем, уваходзяць у аснову словазмянення (касіл-і), але не ўключаюцца ў аснову формаўтварэння (касі-л-і).

Акрамя матэрыяльна (з дапамогай фанем) выражаных, ёсць і матэрыяльна не выражаныя (нулявыя) марфемы — флексіі, суфіксы, інтэрфіксы. Яны абазначаюцца знакам ø і выяўляюцца пры параўнанні з матэрыяльна выражанымі марфемамі (колас-ø, колас-а, колас-у і г. д.), часам выступаюць як варыянтныя да матэрыяльна выражаных: 1) азёр-аў і азёр-ø; 2) бяз-лес-н-ы і бяз-лес-ы; 3) Валг-а-град і Ленін-град.

Афіксы могуць быць сінанімічныя (ваўч-ых-а і ваўч-ыц-а, гарб-ун і гарб-ач) і антанімічныя (пры-ехаць і ад’-ехаць). Флексіі звычайна маюць некалькі значэнняў: рук-а (жан. р., Н. скл., адз. л.), могуць быць аманімічнымі: дом — дом-а і сцян-а.

Некаторыя асновы (карані) аднаго і таго ж слова могуць не мець фанемнай блізкасці: браць — узяць, добры — лепшы, многа — больш, дрэнны — горшы, я — мяне; яны носяць назву — суплетыўныя.

Марфаналогія

§ 350. У марфаналогіі разглядаецца фанемная структура марфем, заканамернасці спалучэння фанем на стыку марфем (чаргаванне фанем), а таксама абумоўленыя гэтымі заканамернасцямі з’явы скарачэння і нарошчвання ўтваральнай асновы, інакш кажучы, пытанні марфемнай фаналогіі — марфаналогіі.

Марфемы звычайна складаюцца з дзвюх і больш фанем (радзей — з адной фанемы). На стыку марфем (часцей за ўсё асновы і суфікса) адбываюцца марфаналагічныя пераўтварэнні — вар’іраванне марфем, звязанае з заканамернасцямі спалучальнасці фанем. Да такога вар’іравання фанемнага складу марфем адносяцца: 1) чаргаванне фанем на стыку марфем, напрыклад заднеязычных асновы з шыпячымі перад фармантам -яня: воўк — ваўчаня; парна-цвёрдых — з мяккімі зычнымі: голуб — галубяня; парна-мяккіх — з цвёрдымі зычнымі асновы перад суфіксам: страляць — стралок, хадзіць — хадок; 2) скарачэнне (усячэнне) марфемы за кошт апошняй зычнай ці галоснай фанемы ці іх спалучэнняў у складзе ўтваральнай асновы (адсякаемая канцавая частка асновы носіць назву — фіналь: касі-(ць) — кас-ец, скрыпк-(а) — скрып-ач, глыбок-(і) — глыб-іня; 3) нарошчвання ўтваральнай асновы за кошт зычнай фанемы: кофе — кафей-ны, лі-(ць) — лів-ень.

Акрамя таго, магчыма сумяшчэнне часткі ўтваральнай асновы і фарманта, як у выпадку кажан — кажаня, дзе суфікс -ан- у фарманце -ан-я (-ян-я) накладваецца на частку ўтваральнай асновы -ан-. Такім чынам, у слове кажаня (’дзіцяня кажана’) спалучэнне -ан- сумяшчае ў сабе і частку асновы, і суфікс -ан- (параўн. з гэтым суфіксам слова зайч-аня).

Чаргаванне зычных фанем парна-цвёрдых з мяккімі і наадварот адбываецца перад нулявым суфіксам пры нульсуфіксальным спосабе словаўтварэння: бел-(ы) — бель, выходз-і-(ць) — выхад. У межах кораня чаргуюцца таксама галосныя е — о: несці — ноша; і — а: выбіраць — выбар; о — у: сохнуць — сухі і інш.

Вар’іраванне марфем адбываецца не толькі пры словаўтварэнні, але і пры формаўтварэнні: сух-(і) — суш-эйшы; дорага — дараж-эй, лёгкі — лёг-енькі; глыбокі — глыб-ейшы, вузкі — вуз-ейшы.

Вар’іравацца могуць не толькі марфемы, але і часткі асноў, якія супадаюць з марфемамі паводле фанемнага саставу, т. зв. субморфы: канец — канца — конч-ык, агурок — агуроч-нік. Вар’іраванне марфем часта залежыць ад мены націску, якая суправаджае працэс словаўтварэння ці служыць сродкам выражэння граматычнага значэння: кветка — квітнець.

Чаргаванне фанем у складзе марфемы пры яе вар’іраванні складае фанемны рад, які носіць назву — марфанема (марфалагічная фанема). Напрыклад, у варыянтах каранёвай марфемы нага — ногі — ножак — назе адзначаецца чаргаванне зычных г — г’ — ж — з’ у сярэдзіне слова, яны і складаюць марфанему.

Словаўтварэнне назоўнікаў

§ 351. Для словаўтварэння назоўнікаў уласцівы наступныя спосабы: суфіксальны, нульсуфіксальны, прэфіксальны, прэфіксальна-суфіксальны, прэфіксальна-нульсуфіксальны, складанне, суфіксальна-складаны, абрэвіацыя, субстантывацыя. Найбольш пашыраныя — суфіксацыя і складанне.

Суфіксальныя назоўнікі

Суфіксы назоўнікаў мужчынскага роду

Суфіксы са структурным элементам -ж-

§ 352. Суфікс -аж (-яж). Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў і назоўнікаў.

Аддзеяслоўныя назоўнікі маюць значэнне адцягненай працэсуальнай прыметы: сумяшчаюць значэнне дзеяння, выражанага ўтваральным дзеясловам, са значэннем назоўніка як часціны мовы. Утваральныя — запазычаныя дзеясловы з суфіксам -ырава- (-ірава-), які ў вытворных словах адсутнічае: дубліраваць — дубляж, інструктаж, мантаж, масаж, пілатаж, сабатаж.

Перад суфіксам парна-мяккія зычныя, акрамя л’, чаргуюцца з цвёрдымі: трэніраваць — трэнаж, сабаціраваць — сабатаж.

Адасоблена паводле структуры слова продаж (ад прадаць), у якім можна вылучыць як суфікс -аж (з накладаннем фарманта на галосную ўтваральнай асновы), так і суфікс -ж. Адрозніваецца яно і націскам і ўтворана ад незапазычанага дзеяслова.

Слова фіксаж мае прадметнае значэнне (рэчыва).

Націск на суфіксе ў пачатковай форме, у астатніх — на флексіі.

Тып набывае прадуктыўнасць у спецыяльнай тэрміналогіі.

Адназоўнікавыя назоўнікі складаюць тры тыпы.

1. Назоўнікі са значэннем рэчыва ці сукупнасці прадметаў, якія характарызуюцца адносінамі да з’явы, асобы, матэрыялу, названых утваральным словам: сена — сянаж, кардон — карданаж (вырабы з кардону), трыкатаж, тыпаж, эстампаж, этыкетаж.

Перад суфіксам ва ўтваральнай аснове адсякаецца фіналь -к- (этыкетка — этыкетаж); адбываецца нарашчэнне асновы на галосную за кошт зычнай т: трыко — трыкатаж.

Націск нязменны на суфіксе, а ў словах сянаж і тыпаж — у пачатковай форме на суфіксе, а ва ўскосных склонах — на флексіі.

Тып набывае прадуктыўнасць у тэрміналогіі.

2. Назоўнікі са значэннем занятку асобы, названай утваральным назоўнікам: арбітр — арбітраж, бракёр — бракераж, падхалімаж шпіёнаж.

Націск нязменны на суфіксе.

Тып непрадуктыўны.

3. Назоўнікі са значэннем абстрактнай прыметы, у аснове якой ляжыць паняцце адзінкі вымярэння, названай утваральным словам: кіламетр — кіламетраж, лістаж, літраж, танаж. Адасоблена слова персанаж (ад персона).

Націск на суфіксе ў пачатковай форме, у астатніх — на флексіі.

Тып набывае прадуктыўнасць у кніжнай мове (тэрміналогія).

§ 353. Суфікс -еж. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў і абазначаюць дзеянне паводле ўтваральнага слова, сумяшчаючы яго са значэннем назоўніка як часціны мовы: грабіць — грабеж, капеж, крадзеж, плацеж.

Асобныя словы могуць набываць канкрэтна-прадметныя значэнні: капеж: 1) ’каплі дажджу або талага снегу, якія падаюць са стрэх’; 2) ’ніжні край страхі, адкуль капае вада’; 3) ’месца падзення капель са стрэх’.

Націск на суфіксе ў пачатковай форме, ва ўскосных склонах — на канчатку (плаце́ж, плацяжу́).

Перад суфіксам фінальная галосная асновы інфінітыва адсякаецца: капаць — капеж.

Тып набывае прадуктыўнасць у гутарковай мове (лупеж, валеж).

§ 354. Суфікс -ёж. З гэтым суфіксам у літаратурнай мове вядомы асобныя словы, якія не складаюць аднаго словаўтваральнага тыпу: чарцёж (чарціць), карцёж (карты).

Суфіксы са структурным элементам -з-

§ 355. Суфікс -ізм (-анізм). Назоўнікі з суфіксам -ізм (у асобных словах на -сія, -цыя суфікс -анізм) утвараюцца ад дзеясловаў, назоўнікаў і прыметнікаў.

Аддзеяслоўныя назоўнікі абазначаюць ідэйныя і палітычныя кірункі, схільнасці паводле дзеяння, названага ўтваральным словам: адазваць (адзавуць) — адзавізм, прызямляцца (перан.) — прызямлізм, ухіліцца — ухілізм.

Націск на суфіксе.

Тып малапрадуктыўны.

Адназоўнікавыя назоўнікі абазначаюць навуковыя і грамадска-палітычныя кірункі, сістэмы, а таксама якасці і схільнасці, звязаныя з дзеяннем, названым утваральным словам. З улікам семантыкі і характару ўтваральных слоў вылучаецца тры семантычныя тыпы.

1. Назоўнікі, утвораныя ад уласных назоўнікаў (прозвішчаў); яны абазначаюць навуковыя і палітычныя кірункі і сістэмы: Дарвін — дарвінізм, Ленін — ленінізм, Маркс — марксізм, Троцкі — трацкізм.

2. Назоўнікі, утвораныя ад агульных назоўнікаў — назваў асоб; яны абазначаюць якасці, схільнасці, кірункі, сістэмы, прадстаўніком якіх з’яўляецца названая асоба: артыст — артыстызм, аскетызм, бандытызм, гераізм, лібералізм, паразітызм, феадалізм, царызм.

3. Назоўнікі, утвораныя ад неадушаўлёных назоўнікаў — назваў прадметаў, з’яў; яны абазначаюць схільнасці, захворванні, а таксама кірункі і сістэмы, сферу дзейнасці паводле таго, што названа ўтваральным словам: тэрарызм, алкагалізм, сімвалізм, рэваншызм, цэнтрызм.

Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя (акрамя д, т) чаргуюцца з мяккімі: сімвал — сімвалізм, а таксама к — ц: скептык — скептыцызм. Адсякаюцца фіналі ўтваральных асноў: -ік (бальшавік — бальшавізм), -ар (кансерватар — кансерватызм). У асобных словах на -сія, -цыя выступае нарошчаны суфікс -анізм (абстракцы(jа) — абстракцыянізм, экспансія — экспансіянізм).

Націск на суфіксе.

Тып прадуктыўны ў кніжнай мове.

Адпрыметнікавыя назоўнікі складаюць два тыпы.

1. Назоўнікі са значэннем ’элемент мовы як носьбіт прыметы, названай утваральным словам’: аказіянальны — аказіяналізм, архаізм, беларусізм, бытавізм, вульгарызм, гістарызм, лацінізм.

2. Назоўнікі, якія называюць грамадска-палітычныя, навуковыя і эстэтычныя катэгорыі, сістэмы, якасці, схільнасці, якім уласціва прымета, названая ўтваральным словам: бытавы — бытавізм, гуманізм, ідэалізм, лірызм, рэалізм.

Некаторыя ўтварэнні выступаюць як сінонімы словазлучэнняў назоўнікаў з утваральным прыметнікам: дыялектызм — дыялектнае слова, абсалютызм — абсалютная манархія.

Пры ўтварэнні гэтых назоўнікаў адсякаюцца канцавыя часткі ўтваральных асноў: -к- (беларускі — беларусізм), -н- (вульгарны — вульгарызм), -ск- (канцылярскі — канцылярызм), -ічн- (-ычн-) (гістарычны — гістарызм), -істычн- (ідэалістычны — ідэалізм).

Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя (акрамя д, т) чаргуюцца з мяккімі: рускі — русізм, германскі — германізм, але савецкі (з саветскі) — саветызм, абсалютызм.

Націск на суфіксе.

Тып прадуктыўны ў навуковай і грамадска-палітычнай тэрміналогіі.

Суфіксы са структурным элементам -й-

§ 356. Суфікс -ай. З гэтым суфіксам вядомы асобныя словы, утвораныя ад дзеясловаў: звычай (звыкацца, звыкаць, звыкнуць), ураджай (урадзіць), аратай (араць); ад назоўнікаў: малачай (малако).

Слова аратай можа разглядацца і як дублетнае ўтварэнне ад араты.

Перад суфіксам чаргуюцца к—ч, дз—дж, ц’—т.

Націск на суфіксе або на перадсуфіксальным складзе.

Тып непрадуктыўны.

§ 357. Суфікс -ей. З гэтым суфіксам ад прыметнікаў утвораны словы, якія называюць асоб паводле ўласцівай ім прыметы: багацей, кашчэй. Назоўнік грамацей утвораны ад грамата ’уменне чытаць і пісаць’. Перад суфіксам фіналь -ав- адсякаецца: кашчавы — кашчэй.

Чаргуюцца т—ц’: багаты — багацей.

Націск на суфіксе.

Тып непрадуктыўны.

Суфіксы са структурным элементам -к-

§ 358. Суфікс -ак(-як). Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад назоўнікаў, прыметнікаў, лічэбнікаў, дзеясловаў і займеннікаў.

Адназоўнікавыя назоўнікі складаюць тры тыпы.

1. Назоўнікі з мадыфікацыйным значэннем ’асоба мужчынскага полу’, ’самец жывёлы, птушкі’. Утваральнымі выступаюць адпаведныя назвы асоб жаночага полу, самак жывёл (птушак): ведзьма — вядзьмак, гусь — гусак.

Тып непрадуктыўны.

2. Назоўнікі, якія абазначаюць асоб па мясцовасці: Сібір — сібірак, прусак, пярмяк, туляк.

Тып непрадуктыўны.

3. Назоўнікі, якія абазначаюць асоб па аб’екту іх дзейнасці, занятку і інш.: мора — марак, рыбак, дружбак.

Тып малапрадуктыўны.

4. Назоўнікі, якія абазначаюць назвы прадметаў, рэчыва па іх адносінах да таго, што названа ўтваральным словам: вецер — вятрак, вапняк, смаляк, мядзяк.

Тып малапрадуктыўны.

Перад суфіксам чаргуюцца л—л’: Тула — туляк.

Адсякаюцца фіналі: -ij- (Прусія — прусак), -шч- (Польшча — паляк), -цыj- (Турцыя — турак).

Ва ўсіх тыпах націск у пачатковай форме на суфіксе, ва ўскосных склонах — на канчатку, але паля́к, паля́ка, у асобных словах на корані (ту́рак).

Адпрыметнікавыя назоўнікі абазначаюць асоб, прадметы, рэчыва, для якіх характэрна прымета, названая ўтваральным словам: бедны — бядняк, дабрак, дзівак, прастак (і прасцяк), сляпак, халасцяк, чужак; гніляк, кругляк, праснак, парожняк, таварняк. Асобныя словы выступаюць сінонімамі да адэкватных словазлучэнняў назоўніка з прыметнікам: таварняк — таварны поезд, брушняк — брушны тыф.

Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя (акрамя губных) чаргуюцца з мяккімі: круглы — кругляк, халасты — халасцяк, чорны — чарняк.

Націск на суфіксе ў пачатковай форме, у астатніх — на канчатку.

Тып малапрадуктыўны.

Адлічэбнікавыя назоўнікі абазначаюць прадметы па іх колькаснай прымеце; утваральнымі выступаюць парадкавыя (зрэдку — зборныя) лічэбнікі: першы — пяршак, трацяк і траяк, чацвяртак, пятак, шастак, сямак, васьмак, дзесятак.

Націск на суфіксе ў пачатковай форме, ва ўскосных склонах — на канчатку, але дзеся́так, дзеся́тка.

Тып непрадуктыўны.

Аддзеяслоўныя назоўнікі складаюць два тыпы.

1. Назоўнікі з прадметным значэннем. Яны абазначаюць: прадметы, прызначаныя для дзеяння, названага ўтваральным словам (дзяржаць — дзяржак, ляжак, разак, чарпак), або прадметы — суб’екты дзеяння (стаяк), асоб — выканаўцаў дзеяння (вазак, спявак), прадметы (адушаўлёныя і неадушаўлёныя) як вынік адпаведнага дзеяння (вырадак, пераростак, абломак, здымак, скрутак).

Націск на суфіксе ў пачатковай форме, ва ўскосных склонах — на флексіі.

Тып прадуктыўны.

2. Назоўнікі са значэннем працэсуальнай прыметы: абавязак, заробак, перапынак, прытулак, упадак, учынак.

Націск нязменны на перадсуфіксальным складзе.

Тып малапрадуктыўны.

Ад займенніка з дапамогай суфікса -ак утвораны назоўнік сваяк (сваj-ак).

§ 359. Суфікс -нак. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў і складаюць два непрадуктыўныя тыпы.

1. Назоўнікі са значэннем адцягненай працэсуальнай прыметы; яны абазначаюць дзеянне паводле ўтваральнага дзеяслова, сумяшчаючы гэта значэнне са значэннем назоўніка як часціны мовы: кіраваць — кірунак, пацалунак, разрахунак, рахунак, світанак. Часам такія назоўнікі могуць набываць пераносныя значэнні: кірунак ’шлях развіцця, накіраванасць якога-н. дзеяння, з’явы і інш.’

2. Назоўнікі з канкрэтна-прадметным значэннем; яны не маюць значэння дзеяння, а абазначаюць прадметы як аб’ект ці вынік адпаведнага дзеяння: дарыць — дарунак, ладунак, ласунак, малюнак, пакунак.

Перад суфіксам чаргуюцца ав—у: падараваць — падару(jу) — падарунак.

Фінальная галосная інфінітыўнай асновы адсякаецца, але світа-нак, адпачы-нак.

Націск на перадсуфіксальным складзе.

§ 360. Суфікс -няк. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад прыметнікаў і назоўнікаў.

Адпрыметнікавыя назоўнікі абазначаюць зборныя паняцці паводле прыметы, названай утваральным словам: малады — маладняк, сушняк.

У працэсе ўтварэння чаргуюцца зычныя х’ — ш: сухі — сушняк.

Націск на суфіксе ў пачатковай форме, ва ўскосных склонах — на канчатку.

Тып непрадуктыўны.

Адназоўнікавыя назоўнікі абазначаюць сукупнасць аднолькавых дрэў, раслін, названых утваральным словам: бяроза — беразняк, вішняк, вярбняк, дубняк, лазняк, ліпняк. У слове вішняк — накладанне фарманта -няк на каранёвы н.

Націск на суфіксе ў пачатковай форме, ва ўскосных склонах — на канчатку.

Тып малапрадуктыўны.

§ 361. Суфікс -чак.

Адпрыметнікавыя назоўнікі з суфіксам -чак абазначаюць асоб паводле ўласцівай ім прыметы, якая названа ўтваральным словам: вясёлы — весяльчак, смяльчак. Чаргуюцца л—л’.

Націск на суфіксе ў пачатковай форме, ва ўскосных склонах — на флексіі.

Тып непрадуктыўны.

§ 362. Суфікс -ік. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў, прыметнікаў, лічэбнікаў і назоўнікаў.

Аддзеяслоўныя назоўнікі абазначаюць асоб і прадметы паводле дзеяння, названага ўтваральным словам: ныць — ныцік, вабіць — вабік, каласаваць — каласавік (грыб), пішчаць — пішчык, лапіць — лапік, помніць — помнік, красаваць — красавік. У слове ныцік утваральнай выступае форма інфінітыва цалкам.

Фінальная галосная ўтваральнай асновы перад суфіксам адсякаецца: каласаваць — каласавік, пішчаць — пішчык.

Парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: красаваць — красавік.

Націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах.

Тып мае некаторую прадуктыўнасць у гутарковай мове.

Адпрыметнікавыя назоўнікі абазначаюць канкрэтныя прадметы, з’явы, прастору, асоб як носьбітаў прыметы, названай утваральным словам: махавы — махавік, паравік, дажджавік, рыжык, ранішнік (ранішні мароз), канаплянік, маркоўнік, вачнік, вушнік, дарожнік, кадравік, чыгуначнік. Нярэдка ўтваральнай базай для назоўнікаў гэтага тыпу выступае сінанімічнае ці несінанімічнае словазлучэнне назоўніка з адпаведным прыметнікам: дажджавы чарвяк — дажджавік, баравы грыб — баравік, бульбянае бацвінне — бульбянік, завочнае навучанне — завочнік.

Зыходнымі выступаюць прыметнікі, утвораныя амаль усімі спосабамі словаўтварэння, з дапамогай розных суфіксаў (-ав-, -ат-, -аст-, -н- і інш.).

Націск нязменны на аснове (як ва ўтваральных словах) або зменны: у пачатковай форме — на суфіксе, ва ўскосных склонах — на канчатку (газаві́к, -а́, франтаві́к, -а́).

Тып высокапрадуктыўны, асабліва ў гутарковай мове.

Адлічэбнікавыя назоўнікі абазначаюць прадметы, якія характарызуюцца колькасцю, названай утваральным словам — зборным лічэбнікам. Гэта назвы запрэжак з адпаведнай колькасцю коней ці меры вагі, аб’ёму і г. д. на адпаведную колькасць адзінак, а таксама прадметаў, якія складаюцца з колькасці частак, названых утваральным словам: чацвёра — чацвярык, пяцярык, шасцярык, семярык, васьмярык (усе — уст.).

Націск на суфіксе.

Тып непрадуктыўны.

Адназоўнікавыя назоўнікі называюць асоб па іх адносінах да таго, што абазначана ўтваральным словам: а) па адносінах да хваробы (гіпертанія — гіпертонік, лунацік, падагрык, паралітык, рэўматык); па адносінах да жанру літаратуры, мастацтва (камедыя — комік, празаік, сатырык, трагік); в) па прыналежнасці да мастацкага або ідэалагічнага кірунку (рамантызм — рамантык, прагматык); г) па схільнасцях характару, думак (скептызм — скептык, фанатык, цынік); д) па адносінах да галіны навукі, спецыяльнасці (гісторыя — гісторык, хімік). Базавымі для іх выступаюць у асноўным запазычаныя назоўнікі на -ыя (-ія), -ызм (-ізм), -едыя, -ас і інш., у вытворных словах гэтыя фіналі адсутнічаюць.

Заўвага. Словы тыпу батанік, крытык, матэматык, палітык утвораны нульсуфіксальным спосабам, як і іншыя назвы асоб па спецыяльнасці: анатомія—анатам, арнітолаг, артапед, астролаг, філолаг.

Перад суфіксам чаргуюцца: с’—т (ерась — ерэтык); з—т (склероз — склеротык); ч—т (параліч — паралітык), часам адбываецца нарашчэнне асновы: астма — астматык.

Націск на перадсуфіксальным складзе.

Тып прадуктыўны ў кніжнай мове.

§ 363. Суфікс -нік. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў, прыметнікаў (дзеепрыметнікаў), назоўнікаў і лічэбнікаў.

Аддзеяслоўныя назоўнікі абазначаюць асобу ці прадмет, якія выконваюць дзеянне ці прызначаны для яго ажыццяўлення: будаваць — будаўнік, жартаўнік, заступнік, кіраўнік; адборнік, адстойнік, акучнік, выпарнік, паглыбнік, разменнік.

Націск на суфіксе або на корані.

Перад суфіксам парна-мяккія зычныя чаргуюцца з цвёрдымі: паглыбіць — паглыбнік.

Тып прадуктыўны ў тэрміналогіі.

Адпрыметнікавыя (аддзеепрыметнікавыя) назоўнікі абазначаюць прадметы — носьбіты прыметы, названай утваральным словам: альховы — альхоўнік, гербоўнік, кедроўнік, маркоўнік, тутаўнік; паводле працэсуальнай прыметы: абраны — абраннік, выгнаннік.

Націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах.

Тып малапрадуктыўны.

Адназоўнікавыя назоўнікі складаюць два тыпы.

1. Назоўнікі са значэннем сукупнасці аднародных дрэў, кустоў і раслін, названых утваральным словам: алешына — алешнік, арэшнік, бярэзнік, ельнік, ракітнік, хвойнік; ажыннік, маліннік, бруснічнік, чарнічнік. Сюды адносяцца і назоўнікі, якія абазначаюць сукупнасць сцяблоў раслін: бурачнік, гарбузнік.

Перад суфіксам чаргуюцца ц — ч, к — ч: клубніцы — клубнічнік, бурак — бурачнік.

Націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах.

Тып прадуктыўны.

2. Назоўнікі, якія называюць: а) асоб па іх адносінах да таго, што абазначана ўтваральным словам: абутак — абутнік, грыбнік, дворнік дружыннік, лыжнік, разраднік; б) памяшканні, ёмістасці, прызначаныя для таго, што названа ўтваральным словам: авечка — авечнік, багажнік, кароўнік, качарэжнік, патроннік, салатнік, чайнік.

Націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах.

Тып прадуктыўны.

Адлічэбнікавыя назоўнікі абазначаюць асоб ці прадметы, якія характарызуюцца прыметай па колькасці, названай утваральным словам — колькасным ці парадкавым лічэбнікам: дзесяты — дзесятнік, семідзесятнік, сотнік (ад сто, Р. скл. сот), трыццацітысячнік.

Націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах.

Тып малапрадуктыўны.

§ 364. Суфікс -льнік. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў. Яны абазначаюць асоб па дзеянню, названаму ўтваральным словам: апавядаць — апавядальнік, выхавальнік, збіральнік, кідальнік, парушальнік, прадаўжальнік, стваральнік, сумяшчальнік, утаймавальнік, утрымальнік, шукальнік; прадметы, прылады, рэчывы, прызначаныя для выканання дзеяння, названага ўтваральным словам: акісляць — акісляльнік, будзільнік, выключальнік, вымяральнік, выпаральнік, знішчальнік, маразільнік, паглынальнік, паскаральнік, разрыхляльнік, растваральнік, халадзільнік і інш. Некаторыя назоўнікі суадносяцца як з дзеясловамі, так і з прыметнікамі ў складзе сінанімічнага словазлучэння: ахаладжальнік — ахаладзіць і ахаладжальны апарат, арашальнік — арашаць і арашальны апарат, ачышчальнік — ачышчаць і ачышчальны апарат. У апошнім выпадку такія назоўнікі на -льнік могуць разглядацца як утварэнні з суфіксам -ік (ахаладжальн-ік). Перад -льнік фінальная галосная інфінітыўнай асновы захоўваецца (будзі-льнік).

Націск на перадсуфіксальным складзе.

Тып высокапрадуктыўны.

§ 365. Суфікс -оўнік/-эўнік. Назоўнікі з гэтымі суфіксамі ўтвараюцца ад назоўнікаў і прыметнікаў.

Адназоўнікавыя назоўнікі абазначаюць: а) сукупнасць дрэў, кустоў, раслін ці асобныя прадметы па іх падабенству да таго, што названа ўтваральным словам: ляшчына — ляшчэўнік (з адсячэннем -ын-), куст — кустоўнік, бульба — бульбоўнік, дзяды — дзядоўнік, піхтоўнік, герб — гербоўнік; б) асоб паводле іх занятку, прафесіі і інш.: бабёр — баброўнік, сад — садоўнік.

Словы на -оўнік звычайна ўтвараюцца ад прыметнікаў на -овы (-авы): бабовы — бабоўнік, макоўнік, палкавы (камандзір) — палкоўнік.

Націск на суфіксе.

Тыпы непрадуктыўныя.

§ 366. Суфікс -атнік (-ятнік). Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад назваў жывёлін (птушак) і абазначаюць памяшканне, гадавальнік, прыстасаванне для жывёл (птушак), названых утваральным словам: гусь — гусятнік, куратнік, лісятнік, маржатнік; асоб ці жывёл (птушак) паводле аб’екта іх дзеяння: ваўчатнік (чалавек), выжлятнік (чалавек і сабака), галубятнік (чалавек і ястраб, сокал).

Слова цялятнік утворана з дапамогай суфікса -нік ад формы множнага ліку цяляты. Параўн. з гэтым жа суфіксам мядзведнік (’памяшканне для мядзведзяў у звярынцы або заалагічным садзе’, ’чалавек, які палюе на мядзведзяў’, ’павадыр дрэсіраванага мядзведзя’).

Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: голуб — галубятнік; заднеязычныя з шыпячымі: воўк — ваўчатнік.

Націск на суфіксе (першым яго складзе).

Тып набывае прадуктыўнасць у гутарковай мове: казятнік (Я. Сіпакоў).

§ 367. Суфікс -чык/-шчык. Назоўнікі з суфіксам -чык (пасля асноў на д, т), -шчык (пасля іншых зычных) утвораны ад назоўнікаў, дзеясловаў і прыметнікаў.

Адназоўнікавыя назоўнікі абазначаюць асоб паводле іх адносін да прадметаў і з’яў, названых утваральным словам: апарат — апаратчык, арматуршчык, барабаншчык, броваршчык, вугальшчык, газетчык, зенітчык, канатчык, падводчык, пайшчык, паромшчык, пракатчык, ракетчык, табуншчык, трафарэтчык, тэкстыльшчык, фасоўшчык, экскаватаршчык.

Утваральныя — назоўнікі невытворныя і суфіксальныя.

Перад суфіксам фіналі -ак, -к адсякаюцца: фуганак — фуганшчык, зенітка — зенітчык.

Націск звычайна на перадсуфіксальным складзе.

Тып прадуктыўны ў тэрміналогіі.

Аддзеяслоўныя назоўнікі абазначаюць асобу ці прадметы, паводле дзеяння, названага ўтваральным словам: аб’язджаць — аб’ездчык, адпраўшчык, выкладчык, даглядчык, зваршчык, змазчык, наводчык, наладчык, перавозчык, перакладчык, перакупшчык, перапісчык, разносчык, рэгуліроўшчык, рэзчык. Некаторыя назоўнікі сумяшчаюць значэнне асобы і прадмета: бамбардзіроўшчык, перадатчык, разліўшчык.

Рад слоў адначасова суадносіцца і з дзеясловамі, і з назоўнікамі з суфіксамі -к(а), -ч(а), утворанымі ад дзеясловаў: наладчык — наладзіць і наладка, зваршчык — зварыць і зварка, здабытчык — здабыць і здабыча.

Пры ўтварэнні адсякаецца фінальная галосная інфінітыўнай асновы, а таксама -ва-: даглядаць — даглядчык, перапісваць — перапісчык.

Перад суфіксам парна-мяккія зычныя чаргуюцца з цвёрдымі: разносіць — разносчык; дж — д: наладжваць — наладчык.

Націск на перадсуфіксальным складзе, але бунтаўшчы́к, пастаўшчы́к, вы́баршчык.

Тып прадуктыўны.

Адпрыметнікавыя назоўнікі абазначаюць асоб паводле іх адносін да прыметы, названай утваральным словам, ці прадмета, названага словазлучэннем, у склад якога ўваходзіць утваральны прыметнік: падзённы — падзёншчык, інструментальны — інструментальшчык, атамная бомба — атамшчык, камвольная фабрыка — камвольшчык. Утваральнымі выступаюць прыметнікі з суфіксамі -ав-, -н-: кубавы — кубаўшчык, вагавы — вагаўшчык, падзённы — падзёншчык.

Фіналь утваральнай асновы -н- перад суфіксам -чык/-шчык адсякаецца: ананімны — ананімшчык.

Націск звычайна на тым складзе, што і ва ўтваральных словах.

Тып прадуктыўны ў тэрміналогіі.

§ 368. Суфікс -льшчык. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў. Яны абазначаюць асоб — выканаўцаў дзеяння, названага ўтваральным словам: баранаваць — баранавальшчык, бурыльшчык, вязальшчык, драбільшчык, лудзільшчык, насільшчык, свідравальшчык, церабільшчык, цыравальшчык, шліфавальшчык, шыфравальшчык.

Фінальная галосная інфінітыўнай асновы захоўваецца: насіць — насільшчык, шліфаваць — шліфавальшчык.

Націск на перадсуфіксальным складзе.

Тып набывае прадуктыўнасць у спецыяльнай тэрміналогіі.

§ 369. Суфікс -ок. Назоўнікі з суфіксам -ок (не пад націскам -ак), звычайна з беглым галосным, утвараюцца ад дзеясловаў і прыметнікаў.

Аддзеяслоўныя назоўнікі складаюць тры тыпы.

1. Назоўнікі, якія абазначаюць асобу — утваральніка дзеяння: іграць — ігрок, стралок, хадок, яздок; прылады, прадметы — носьбіты працэсуальнай прыметы; месца, прызначанае для выканання адпаведнага дзеяння: расці — расток, свісток, каток.

Перад суфіксам фінальная галосная інфінітыўнай асновы адсякаецца, у аднаскладовых асновах на галосную ў якасці ўтваральнай выступае ўся форма інфінітыва: знаць — знаток. Утваральнай можа выступаць і аснова цяперашняга або будучага часу: есці — ядуць — ядок, сесці — сядуць — сядок.

Перад суфіксам парна-мяккія зычныя чаргуюцца з цвёрдымі: страляць — стралок.

Націск у назоўніках на -ок у пачатковай форме на суфіксе, ва ўскосных склонах — на канчатку, у назоўніках на -ак — на перадсуфіксальным складзе.

Тып малапрадуктыўны.

2. Назоўнікі са значэннем аб’екта або выніку дзеяння, названага ўтваральным словам: абрубіць — абрубак, адбітак, адрэзак, віток, вывадак, дадатак, завіток, заробак, згустак, здабытак, злепак, злітак, набытак, перажытак, прыдатак; некаторыя назоўнікі абазначаюць асоб: вырадак, неданосак, недаростак, пераростак; жывёл: адкормак, падранак (паляўн.); месца: выселак, пасёлак.

Перад суфіксам мяккія зычныя чаргуюцца з цвёрдымі: зляпіць — злепак, набыць — набытак.

Націск на аснове, у назоўніках з суфіксам -ок — на суфіксе (віток, завіток, маток).

Тып прадуктыўны ў гутарковым стылі.

3. Назоўнікі, якія абазначаюць асобны акт дзеяння, названага ўтваральным дзеясловам: глытаць — глыток, ківок, мазок, рывок, скачок, штуршок. Некаторыя назоўнікі гэтага тыпу паралельна абазначаюць прыладу дзеяння (гудок, званок, свісток) ці яго вынік (плявок, маток).

Перад суфіксам парна-мяккія зычныя чаргуюцца з цвёрдымі: званіць — званок; заднеязычныя — з шыпячымі: скакаць — скачок, штурхаць — штуршок.

Націск у пачатковай форме на суфіксе, ва ўскосных склонах — на канчатку (скачок, -чка́).

Тып прадуктыўны ў гутарковай мове.

Адпрыметнікавыя назоўнікі з суфіксам -ок называюць прадметы паводле характэрнай прыметы, абазначанай утваральным словам: белы — бялок, жоўты — жаўток, малы — малёк, валены — валёнак.

Тып непрадуктыўны.

§ 370. Суфікс -чук. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад назоўнікаў і складаюць два тыпы.

1. Назоўнікі са значэннем ’сын таго, хто названы ўтваральным словам’: каваль — кавальчук, пісарчук, слесарчук, цыганчук.

Тып непрадуктыўны.

2. Назоўнікі, якія абазначаюць асоб па месцу жыхарства: Мінск — мінчук, Пінск — пінчук, Мазыр — мазырчук.

Перад суфіксам фіналь утваральнай асновы -ск адсякаецца.

Націск у назоўным склоне — на суфіксе, ва ўскосных склонах — на канчатку.

Тып непрадуктыўны.

Суфіксы са структурным элементам -л-

§ 371. Суфікс -аль. Назоўнікі з суфіксам -аль утвараюцца ад дзеясловаў, прыметнікаў і назоўнікаў.

Аддзеяслоўныя назоўнікі абазначаюць асоб паводле дзеяння, названага ўтваральным словам: каваць — каваль, стругаль (разм.), стрыгаль (разм.), пэцкаль.

У працэсе ўтварэння фінальная галосная інфінітыўнай асновы адсякаецца.

Націск у пачатковай форме на суфіксе, ва ўскосных склонах — на канчатку.

Тып непрадуктыўны.

Адпрыметнікавыя назоўнікі абазначаюць асоб і жывёл паводле знешняй прыметы, названай утваральным словам; утваральнымі выступаюць вытворныя прыметнікі з суфіксам -ат (перад -аль ён адсякаецца): брухаты — брухаль, насаль, рагаль. Утварэнні суадносяцца таксама з назоўнікамі: нос — насаль, рогі — рагаль.

Націск на суфіксе ў пачатковай форме, ва ўскосных склонах — на канчатку (бруха́ль, -ля́).

Тып малапрадуктыўны.

Ад назоўнікаў утвораны адзінкавыя словы: гонта — ганталь, рогі — рагаль (і ад рагаты, гл. вышэй).

§ 372. Суфікс -іл-а. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад прыметнікаў; яны называюць асоб — носьбітаў прыметы, абазначанай утваральным словам: здаровы — здаровіла, дурны — дурніла.

Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі.

Націск на суфіксе.

Тып непрадуктыўны.

§ 373. Суфікс -цель. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў і абазначаюць асоб паводле іх дзейнасці, а таксама прылады дзеяння: вызваляць — вызваліцель, выхавацель, крыўдзіцель, натхніцель, пакарыцель, правіцель, прымірыцель; аднавіцель, глушыцель, праявіцель. Большасць назоўнікаў з гэтым суфіксам — запазычанні з рускай мовы.

Націск на перадапошнім складзе.

Тып малапрадуктыўны.

Суфіксы са структурным элементам -н-

§ 374. Суфікс -ень (-ань). Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад назоўнікаў і дзеясловаў.

Адназоўнікавыя ўтварэнні з’яўляюцца назвамі прадметаў, якія характарызуюцца адносінамі да таго, што абазначана ўтваральным словам (гэта ў асноўным назвы месяцаў): верас — верасень, жнівень, ліпень, снежань, чэрвень; назвамі насякомых, рыб, хвароб: галава — галавень, валасень.

Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: ліпа — ліпень; заднеязычныя — з шыпячымі: снег — снежань.

Націск на корані, але галаве́нь.

Тып непрадуктыўны.

Аддзеяслоўныя назоўнікі абазначаюць асоб паводле іх дзеяння: зводзіць — зводзень, баламуцень, вучань, лежань, прыходзень; прадметы, з’явы як вынік дзеяння, названага ўтваральным словам: выпаўзаць — выпаўзень, збіцень, заверцень, кіпень, кіпяцень, плавень, пролежань, апоўзень.

Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: выкапаць — выкапень.

Націск на корані, зрэдку — на суфіксе.

Тып прадуктыўны ў гутарковай мове і навуковай тэрміналогіі.

§ 375. Суфікс -ан (-ян). Назоўнікі з суфіксам -ан (-ян-) утвараюцца ад назоўнікаў, дзеясловаў і прыметнікаў.

Адназоўнікавыя ўтварэнні абазначаюць асоб са схільнасцямі да таго, што названа ўтваральным словам: інтрыга — інтрыган, крытыкан, палітыкан; жывых істот па інтэнсіўнай цялеснай прымеце: губы — губан, лабан, пузан. Словы гэтага тыпу суадносяцца таксама з прыметнікамі: гарласты — гарлан, крылаты — крылан.

Націск на суфіксе.

Тып набывае прадуктыўнасць у гутарковай мове.

Аддзеяслоўныя назоўнікі абазначаюць асобу або прадмет як суб’ект ці вынік дзеяння: грубіць — грубіян, лузаць — лузан, стаяць — стаян.

Тып непрадуктыўны.

Адпрыметнікавыя назоўнікі абазначаюць асоб і прадметы па інтэнсіўнай прымеце, названай утваральным словам: буйны — буян, вялікі — велікан.

Націск на суфіксе.

Тып непрадуктыўны.

§ 376. Суфікс -ант/-ент. Назоўнікі з суфіксам -ант/-ент (-янт/-энт) утвараюцца ад назоўнікаў і дзеясловаў.

Адназоўнікавыя ўтварэнні з суфіксам -ант абазначаюць асоб паводле аб’екта іх дзейнасці або заняткаў: акупацыя — акупант, дыверсант, дыспутант, дэбютант, камедыянт, практыкант, дысертант; удзельнікаў таго, што названа ўтваральным словам: дуэль — дуэлянт, канцэртант, экскурсант; членаў калектыву: аркестр — аркестрант, карпарант, сектант; асоб паводле месца працы або вучобы: курсы — курсант, лабарант.

Утварэнне часткі назоўнікаў суправаджаецца адпадзеннем кампанентаў утваральнай асновы: -ij (а) (экскурсія — экскурсант), -ацыj (а) (акупацыя — акупант), -аторыj (а) (лабараторыя — лабарант).

Перад суфіксам парна-мяккія зычныя чаргуюцца з цвёрдымі, за выключэннем л: дыверсія — дыверсант, экскурсія — экскурсант, але дуэль — дуэлянт, а таксама ц—с: камерцыя — камерсант.

Націск на суфіксе.

Тып прадуктыўны ў спецыяльнай тэрміналогіі.

Аддзеяслоўныя назоўнікі з суфіксамі -ент (-энт), -ант абазначаюць асоб паводле дзеяння, названага ўтваральным словам: адрасаваць — адрасант, апанент, кансультант, рэцэнзент, эмігрант, а таксама прадметы і паняцці паводле працэсуальнай прыметы: рэпрэзентаваць — рэпрэзентант, экспанаваць — экспанент (назва асобы і ўстановы).

Перад суфіксамі адсякаюцца фіналі ўтваральных асноў: -ірава- (абаніраваць — абанент), -ава- (прэтэндаваць — прэтэндэнт).

Націск на суфіксе.

Тып набывае прадуктыўнасць у спецыяльнай тэрміналогіі.

§ 377. Суфікс -ін (-ын). Назоўнікі з суфіксам -ін (-ын) утвараюцца ад назоўнікаў і прыметнікаў.

Адзінкавыя адназоўнікавыя ўтварэнні складаюць два тыпы.

1. Назвы жыхароў пэўнай краіны або прадстаўнікоў народа, названага ўтваральным словам: Асеція — асецін, Грузія — грузін, Мардовія — мардвін.

Націск на суфіксе.

Тып непрадуктыўны.

2. Назвы рэчываў, матэрыялаў: ваніль — ванілін, радыкулін, сульфідзін, трамбін, туберкулін, вацін і інш.

Пры ўтварэнні гэтых назоўнікаў ва ўтваральных асновах адсякаюцца канцавыя часткі: -іт (радыкуліт — радыкулін), -ёз (туберкулёз — туберкулін).

Тып набывае прадуктыўнасць у спецыяльнай тэрміналогіі.

Адпрыметнікавыя назоўнікі з суфіксам -ін абазначаюць рэчывы паводле той прыметы, якая названа ўтваральным словам. Ва ўтваральнай аснове адсякаюцца канцавыя часткі -ычн- (ахраматычны — ахрамацін, наркатычны — наркацін); -н- (стэрыльны — стэрылін).

Націск на суфіксе.

Тып набывае прадуктыўнасць у кніжнай мове.

§ 378. Суфікс -ун. Гэты суфікс утварае назоўнікі ад назоўнікаў, прыметнікаў і дзеясловаў.

Адназоўнікавыя ўтварэнні абазначаюць асоб паводле пэўных адзнак і ўласцівасцей: лес — лясун (разм.), пласт — пластун (ваен.), смех — смяхун, стоўб — стаўбун.

Націск у пачатковай форме на суфіксе, ва ўскосных склонах — на канчатку (стаўбу́н, -на́).

Тып непрадуктыўны.

Адпрыметнікавыя назоўнікі абазначаюць асоб па характэрных для іх прыметах: вясёлы — весялун, гладун, дзікун, ласун, прыгажун, слабун, сляпун, таўстун, хітрун.

Націск у пачатковай форме на суфіксе, ва ўскосных склонах — на канчатку.

Тып прадуктыўны ў гутарковай мове.

Аддзеяслоўныя назоўнікі абазначаюць асоб паводле іх дзеяння або схільнасці да адпаведнага дзеяння: балбатаць — балбатун, ілгун, капун, крыкун, лятун, свістун, фарсун, шаптун, шчабятун; жывёл паводле характэрных для іх дзеянняў або стану: грызці — грызун, паўзун, сысун, уюн, цвыркун; прадметы і з’явы паводле іх уласцівасцей і прызначэння: боўтаць — баўтун (яйка), зыбун, калун, плывун, шатун.

Перад суфіксам фінальная галосная інфінітыўнай асновы адсякаецца: скакаць — скакун. Утваральнай можа выступаць аснова цяперашняга часу (плыць — плывуць — плывун, уецца — уюн).

Перад суфіксам парна-мяккія зычныя чаргуюцца з цвёрдымі: весяліць — весялун, фарсіць — фарсун; шыпячыя — з заднеязычнымі: дрыжэць — дрыгун, крычаць — крыкун; шч — ск: пішчаць — піскун; ў—в: раўці — равун.

Тып прадуктыўны ў гутарковай мове.

§ 379. Суфіксы -ан-ін (-ян-ін), -чан-ін. Назоўнікі з суфіксамі -ан-ін, -чан-ін утвараюцца ад агульных і ўласных назоўнікаў. Звычайна яны абазначаюць жыхароў альбо ўраджэнцаў той ці іншай краіны, планеты, горада: Англія — англічанін, Данія — датчанін, Зямля — зямлянін, Марс — марсіянін, Бабруйск — бабруйчанін, Барысаў — барысаўчанін, Гомель — гамяльчанін, Капыль — капылянін, Кіеў — кіяўлянін, Мазыр — мазыранін, Мінск — мінчанін, Парыж — парыжанін.

Адзінкавыя ўтварэнні складаюць назоўнікі са значэннем ’член калектыву, групоўкі’: завод — завадчанін, катаржанін, прыходжанін; ’паслядоўнік рэлігійнага вучэння, звязанага з асобай, названай утваральным словам’: Лютар — лютаранін, Магамет — магаметанін, Хрыстос — хрысціянін.

Суфікс -ан-ін (-ян-ін) выступае пасля парных мяккіх і цвёрдых зычных (апрача заднеязычных), а таксама пасля шыпячых і j: варкуцянін, варшавянін, малдаванін, у тым ліку і пасля спалучэнняў зычных: валжанін, зямлянін.

Суфікс -чан-ін ужываецца пасля губных і пярэднеязычных, а таксама пасля л’, р, у, к, ч: бабруйчанін, віцябчанін, гамяльчанін, зараччанін, растаўчанін, мінчанін; -аўчанін — пасля спалучэнняў зычных: брастаўчанін, гаркаўчанін.

У асобных словах вылучаюцца суфіксы -іцянін, -ічанін, -іян-ін: пскавіцянін, англічанін, марсіянін.

Утварэнне назоўнікаў гэтага тыпу суправаджаецца адсячэннем часткі асновы ўтваральнага слова: -ск (Мінск — мінчанін), -ецк (Данецк — данчанін), -іj (а) (Малдавія — малдаванін), -j- (Памор’е — памаранін), -ак (Навагрудак — навагрудчанін).

Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: сяло — селянін; заднеязычныя — з шыпячымі (Волга — валжанін); губныя — з ”губнымі + л” (Рым — рымлянін, Кіеў — кіяўлянін).

Націск звычайна на суфіксе, але афі́нянін, ры́млянін.

Тып прадуктыўны пры ўтварэнні назоўнікаў ад тапанімічных назваў.

Суфіксы са структурным элементам -р-

§ 380. Суфікс -ар (-яр). Назоўнікі з суфіксам -ар (-яр) утвараюцца ад назоўнікаў, прыметнікаў і дзеясловаў.

Адназоўнікавыя ўтварэнні звычайна з’яўляюцца назвамі асоб паводле аб’екта ці прадукту іх дзейнасці: бочка — бачкар, бляхар, камінар, пчаляр, песняр, разьбяр, свінар, сталяр, шкляр; а таксама паводле месца дзейнасці: аптэка — аптэкар, бібліятэкар, карчмар, млынар, паштар; асобна стаяць словы камунар і юбіляр (з адсячэннем ва ўтваральнай аснове -ей).

Перад суфіксам чаргуюцца л—л’, н’—н: пчала — пчаляр, свіння — свінар.

У пачатковай форме націск на суфіксе, ва ўскосных склонах — на канчатку, але куліна́р, -ра. У назоўніках аптэкар, бібліятэкар, вінаградар, картатэкар, кухар націск на перадапошнім складзе.

Тып прадуктыўны.

Адпрыметнікавыя назоўнікі абазначаюць прадметы ці з’явы як носьбіты прымет, названых утваральным словам: сухі — сухар, гушчар, цяжар.

Перад суфіксам парна-мяккія зычныя чаргуюцца з цвёрдымі, а таксама ст — шч: глухі — глухар, густы — гушчар. У пачатковай форме націск на суфіксе, ва ўскосных склонах — на флексіі, але цяжа́р, -ру.

Тып непрадуктыўны.

Аддзеяслоўныя назоўнікі звычайна абазначаюць асобу — утваральніка адпаведнага дзеяння: гандляваць — гандляр, даяр, друкар, званар, змагар, лекар, пекар.

Перад суфіксам фінальная галосная асновы інфінітыва і суфікс -ва- адсякаюцца: даіць — даяр, друкаваць — друкар. Парна-мяккія чаргуюцца з цвёрдымі: званіць — званар, а таксама ч—к: лячыць — лекар, тачыць — токар.

У пачатковай форме націск звычайна на суфіксе, ва ўскосных склонах — на флексіі, але ле́кар, -ра, пе́кар, -ра, пі́сар, -ра.

Тып малапрадуктыўны.

§ 381. Суфіксы -ер (-эр), -анер (-янер). Назоўнікі з гэтымі суфіксамі ўтвараюцца ад назоўнікаў, у тым ліку слоў мільёны, мільярды са значэннем ’мільённы (мільярдны) набытак’. Суфікс -анер (-янер) далучаецца да асноў на -іj-, -цыj- (фіналь -j- адсякаецца): місія — місіянер, акцыя — акцыянер. Утварэнні абазначаюць асоб па іх адносінах да прадмета, па прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы, арганізацыі, установы, паводле характэрнага занятку, дзейнасці і інш.: мільянер, мільярдэр, акцыянер, апазіцыянер, калекцыянер, канцэсіянер, касцюмер, легіянер, міліцыянер, місіянер, пенсіянер, рэакцыянер, рэвалюцыянер, селекцыянер.

Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: касцюм — касцюмер, легіён — легіянер.

Націск на суфіксе.

Тып малапрадуктыўны.

§ 382. Суфіксы -ор (-ар)/-ёр (-ер). Назоўнікі з суфіксамі -ор/-ёр, не пад націскам -ар/-ер утвараюцца ад назоўнікаў і дзеясловаў.

Адназоўнікавыя ўтварэнні звычайна абазначаюць асоб паводле аб’екта або сферы дзейнасці: бокс — баксёр, візіцёр, рэманцёр; па адносінах да мастацкага жанру: архітэктура — архітэктар, літаратар, скульптар; паводле прылады ці аб’екта дзеяння: камбайн — камбайнер, білецёр, ліфцёр, мушкецёр, рэквізітар, рэцэптар; па схільнасці да пэўнага прадмета ці з’явы: дактрына — дактрынёр, руцінёр, фразёр; па месцы дзейнасці: кіёск — кіяскёр, шахцёр; па прыналежнасці да ўстановы: сенат — сенатар. Акрамя таго, словы гэтага тыпу могуць абазначаць прылады паводле іх працэсуальнай прыметы ці адносін да прадмета або рэчыва: кампрэс — кампрэсар, танкер, трынажор.

Пры ўтварэнні назоўнікаў адсякаецца канцавая частка ўтваральнай асновы: -ij- (кампрэсія — кампрэсар), -ур- (скульптура — скульптар).

Перад суфіксам чаргуюцца н—н’: руціна — руцінёр; с’ — с: агрэсія — агрэсар; з’ — з: дыфузія — дыфузор.

Націск пераважна на суфіксе, радзей — на перадсуфіксальным складзе.

Тып прадуктыўны ў спецыяльнай тэрміналогіі.

Аддзеяслоўныя назоўнікі абазначаюць асобу — суб’екта дзеяння: гравіраваць — гравёр, дырыжор, інструктар, кантралёр, крэдытор, панікёр, рэвізор, рэжысёр, суфлёр, танцор.

Перад суфіксам адсякаюцца фінальныя часткі ўтваральнай асновы -ірава-, -ава- (дырыжыраваць — дырыжор, суфліраваць — суфлёр, крэдытаваць — крэдытор).

У некаторых утварэннях перад суфіксам парна-мяккія зычныя чаргуюцца з цвёрдымі: карэкціраваць — карэктар.

Націск на суфіксе, за выключэннем слоў на -тар, -сар, у якіх націск — на перадсуфіксальным складзе: інспе́ктар, інстру́ктар, канве́ртар, карэ́ктар, рэда́ктар, рэпраду́ктар, а таксама бала́стар, тра́лер, трэ́нер, ста́ртэр (спорт. і тэхн.).

Тып прадуктыўны ў спецыяльнай тэрміналогіі.

§ 383. Суфікс -ір (-ыр). Пры дапамозе гэтага суфікса назоўнікі ўтвараюцца ад назоўнікаў і прыметнікаў.

Адназоўнікавыя ўтварэнні абазначаюць асоб паводле іх занятку, становішча ў калектыве, пасады і інш.: банк — банкір, брыгадзір, камандзір, канваір, касір, фуражыр.

Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: банк — банкір, брыгада — брыгадзір.

Націск на суфіксе.

Тып малапрадуктыўны.

Адпрыметнікавыя назоўнікі маюць суфікс -ыр і словаўтваральнае значэнне «прадмет — носьбіт прыметы’: багаты — багатыр, пустыр.

У пачатковай форме націск на суфіксе, ва ўскосных склонах — на канчатку.

Тып непрадуктыўны.

Суфіксы са структурным элементам -т-

§ 384. Суфікс -ат (-ят). Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад назоўнікаў і дзеясловаў.

Адназоўнікавыя ўтварэнні складаюць тры тыпы.

1. Назоўнікі, якія абазначаюць грамадскую ці палітычную сістэму, пасаду, установу, што пэўным чынам звязаны з асобай, названай утваральным словам: каліф — каліфат, султанат, эмірат; дэканат, рэктарат.

Націск на суфіксе.

Тып мае прадуктыўнасць у грамадска-палітычнай тэрміналогіі.

2. Назоўнікі са значэннем асобы па яе адносінах да краіны, палітычнай групоўкі, прадмета, з’явы: Азія — азіят, канфедэрат, уніят, стыпендыянт, акселерат.

Перад суфіксам адсякаецца фіналь утваральнай асновы -ацыj-: канфедэрацыя — канфедэрат, акселерацыя — акселерат.

Націск на суфіксе.

Тып набывае прадуктыўнасць у спецыяльнай тэрміналогіі.

3. Назоўнікі са значэннем хімічных злучэнняў з элементам, які названы ўтваральным словам: алюміній — алюмінат, карбанат, нітрат, сульфат, фасфат, хларат, храмат і інш.

Перад суфіксам адсякаюцца фіналі ўтваральнай асновы -ij-, -ар: алюміній — алюмінат, фосфар — фасфат.

Націск на суфіксе.

Тып набывае прадуктыўнасць у хімічнай тэрміналогіі.

Аддзеяслоўныя назоўнікі складаюць два тыпы.

1. Назоўнікі са значэннем адцягненай працэсуальнай прыметы: бразгаць — бразгат, візгат, грукат, плёскат, скрыгат, стукат, трэскат, тупат, цокат і інш.

Фінальная галосная інфінітыўнай асновы адсякаецца.

Націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах.

Тып мае прадуктыўнасць у гутарковай мове.

2. Назоўнікі са значэннем прадмета як аб’екта ці выніку дзеяння: адрасаваць — адрасат, дэлегат, атэстат, фальсіфікат, экспанат, кандэнсат, фільтрат, камбінат, сіндыкат, рэферат, атэстат, дублікат, трактат.

Перад суфіксам адсякаюцца фіналі ўтваральнай асновы -ірава-, -ава- (дубліраваць — дублікат, атэставаць — атэстат).

Перад суфіксам парна-мяккія зычныя чаргуюцца з цвёрдымі: пастуліраваць — пастулат.

Націск на суфіксе.

Тып набывае прадуктыўнасць у спецыяльнай тэрміналогіі.

§ 385. Суфіксы -атар (-ятар), -тар. Назоўнікі з гэтымі суфіксамі ўтвараюцца ад назоўнікаў і дзеясловаў.

Адназоўнікавыя ўтварэнні называюць асоб, прылады, механізмы, памяшканні па іх адносінах да таго, што абазначана ўтваральным словам. Сюды адносяцца назвы асоб па сферы ці аб’екту дзейнасці: авіяцыя — авіятар, навігатар, імператар, лектар, плантатар; прыбораў або прылад для ажыццяўлення дзеяння, названага ўтваральным словам: інгаляцыя — інгалятар, культыватар, радыёлакатар, рататар, рэактар, рэпрадуктар, экскаватар.

Фіналі ўтваральных асноў -ацыj-, -цыj-, -ыj- адсякаюцца (інгаляцыя — інгалятар, плантацыя — плантатар, імперыя — імператар).

Націск на перадапошнім складзе.

Прадуктыўнасць у тэхнічнай тэрміналогіі набывае тып на -атар, утвораны ад назоўнікаў на -цыя.

Аддзеяслоўныя назоўнікі маюць агульнае значэнне ’прадмет — утваральнік дзеяння ці прызначаны для яго ажыццяўлення’. Сюды адносяцца назвы асоб паводле іх дзейнасці: арандаваць — арандатар, імправізатар, інфарматар, каланізатар, ліквідатар, схематызатар, тарыфікатар, экзаменатар, эксперыментатар, эксплуататар; назвы механізмаў, прыбораў, прылад, прызначаных для ажыццяўлення дзеяння, названага ўтваральным словам: акумуліраваць — акумулятар, вентылятар, вібратар, кандэнсатар, рэзанатар; памяшканні: ізалятар, акліматызатар.

Перад суфіксам адсякаюцца фіналі ўтваральнай асновы -ірава-, -ава- (рэстаўрыраваць — рэстаўратар, агітаваць — агітатар).

Рад утварэнняў з суфіксам -атар мае суадноснасць як з назоўнікамі, так і з дзеясловамі: каланізатар — каланізацыя і каланізаваць, вентылятар — вентыляцыя і вентыліраваць.

Націск на першым складзе суфікса.

Тып набывае прадуктыўнасць у навукова-тэхнічнай тэрміналогіі.

§ 386. Суфікс -іт (-ыт). Пры дапамозе гэтага суфікса ад асноў назоўніка ўтвараюцца назоўнікі, якія складаюць тры тыпы.

1. Назвы мінералаў, рэчываў, сплаваў, адным з важных кампанентаў якіх з’яўляюцца мінералы і рэчывы, названыя ўтваральным словам: азбест — азбестыт, бетаніт, вальфраміт, кварцыт, фасфарыт, храміт; назвы мінералаў і сплаваў паводле падабенства па форме, колеру да іншых мінералаў і рэчываў: гранула — грануліт, лазурыт, магнетыт; паводле месцазнаходжання ці месца здабычы: Байкал — байкаліт, Балхаш — балхашыт, Жыгулі — жыгуліт, Керч — керчаніт, Хібіны — хібініт; назвы, звязаныя з асабовым уласным імем: Вераб’ёў — вераб’явіт, Кірай — кіравіт.

Перад суфіксам адбываецца адсячэнне фіналі ўтваральнай асновы -ыj (-ij) (кальцый — кальцыніт, Абхазія — абхазіт), а ў асобных выпадках — нарашчэнне ўтваральнай асновы за кошт -н-, -ын-, -ан- (Бештау — бештауніт, слюда — слюдзініт, Керч — керчаніт).

Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі (Хібіны — хібініт, слюда — слюдзініт).

Націск на суфіксе.

Тып мае прадуктыўнасць у спецыяльнай тэрміналогіі.

2. Назвы хвароб (запаленчых працэсаў) паводле хворага органа: апендыкс — апендыцыт, бронхі — бранхіт, плейра — плейрыт, трахея — трахеіт; сюды адносяцца і ўтварэнні са звязанымі асновамі: неўрыт, стаматыт (параўн.: неўрапатолаг і стаматолаг).

Націск на суфіксе.

Тып прадуктыўны ў медыцынскай тэрміналогіі.

3. Назвы асобы паводле яе дзеяння, месцажыхарства ці прыналежнасці да грамадскай, палітычнай або рэлігійнай групоўкі: варажбіт, бандыт, гусіт. Утваральнымі служаць агульныя аддзеяслоўныя назоўнікі з суфіксам -б (а) ці бяссуфіксныя уласныя назоўнікі (прозвішчы, тапонімы): малаціць — малацьбіт, наём (найму) — найміт, Гус — гусіт, Адэса — адэсіт.

Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: варажба — варажбіт, Адэса — адэсіт. У некаторых выпадках адбываецца ўзнаўленне дзеяслоўнай асновы з чаргаваннем j — ў: сеj- — сяў-ба — сейбіт, насьба (разм.) — носьбіт.

Націск на суфіксе, зрэдку — на корані (се́йбіт, но́сьбіт).

Тып непрадуктыўны.

§ 387. Суфікс -іст (-ыст). Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад прыметнікаў і назоўнікаў.

Адназоўнікавыя ўтварэнні абазначаюць асоб па іх адносінах да аб’екта, па занятках або сферы дзейнасці: баян — баяніст, бандурыст, вакаліст, гарманіст, гітарыст, журналіст, карыкатурыст, машыніст, паспартыст, танкіст, трактарыст, фалькларыст, цымбаліст; па адносінах да грамадска-палітычнага, навуковага або рэлігійнага кірунку: ідэал — ідэаліст, геадэзіст, камуніст, пацыфіст, рэфарміст, футурыст, эканаміст; Дарвін — дарвініст, Маркс — марксіст; па дзеянню або схільнасці: аферыст, байкатыст, гумарыст, скандаліст, шантажыст; па прыналежнасці да грамадскай або навуковай установы, да групоўкі: архівіст, гімназіст, ліцэіст, семінарыст, чэкіст, актывіст, кавалерыст, харыст; паводле аб’екта вывучэння, названага імем уласным: Балгарыя — балгарыст, Іран — іраніст, Кітай — кітаіст, Пушкін — пушкініст.

Пры ўтварэнні назоўнікаў гэтага тыпу адсякаюцца фінальныя часткі ўтваральных асноў: -ізм (білінгвізм — білінгвіст), -іj- (геадэзія — геадэзіст), -ык- (методыка — метадыст), але клініка — клініцыст, механіка — механіцыст, мазаіка — мазаічыст, а таксама канцавыя галосныя ўтваральных слоў (самба — самбіст, марзэ — марзіст, чэка — чэкіст, таксі — таксіст).

У асобных выпадках адбываецца нарашчэнне ўтваральнай асновы: алгебра — алгебр-а-іст, Індыя — індыяніст.

Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: рэформа — рэфарміст, тэніс — тэнісіст, у асобных словах к—ц: клініка — клініцыст; к—ч: мазаіка — мазаічыст; г—ж: шпага — шпажыст.

Націск на суфіксе.

Тып прадуктыўны.

Адпрыметнікавыя ўтварэнні пашыраны ў тэрміналагічнай лексіцы. Яны называюць асоб паводле ўласцівасцей, поглядаў, сферы заняткаў. Утваральнымі выступаюць адносныя прыметнікі з суфіксамі -н-, -льн-, -ачын-, -ічн-, -ск- (фіналі -н-, -ічн-, -ск- перад суфіксам -іст (-ыст) адсякаюцца) або словазлучэнні з гэтымі прыметнікамі-азначэннямі: спецыяліст ← спецыяльны, акураціст ← акуратны, архаіст ← архаічны, батальны жывапіс — баталіст, германскае мовазнаўства — германіст, балгарскае мовазнаўства — балгарыст, фігурнае катанне — фігурыст.

Націск на суфіксе.

Тып прадуктыўны ў спецыяльнай тэрміналогіі.

Суфіксы са структурным элементам -ц-

§ 388. Суфікс -ец (-эц, -ац). Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад назоўнікаў, прыметнікаў і дзеясловаў.

Адназоўнікавыя ўтварэнні маюць суфікс -ец (у асобных словах -інец: пехацінец). Яны абазначаюць асоб па адносінах да таго, што названа ўтваральным словам — аддзеяслоўным назоўнікам на -нне: акружэнне — акружэнец, вылучэнец, навучэнец, паўстанец, паражэнец, прымірэнец.

Перад суфіксам доўгі зычны сцягваецца.

Націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах.

Тып прадуктыўны ў гутарковай мове.

Назоўнікі, утвораныя ад прыметнікаў і дзеепрыметнікаў, маюць суфікс -ец (-ац не пад націскам) і складаюць тры тыпы.

1. Назоўнікі, якія ўтвораны ад якасных прыметнікаў і абазначаюць асоб і прадметы (адушаўлёныя і неадушаўлёныя) паводле характэрнай якасці: баязлівы — баязлівец, палахлівец, шчаслівец, мудрэц, храбрэц; сырэц, макрэц, сівец, халадзец (з адсячэннем -н-).

У двухскладовых асновах націск на суфіксе, у іншых — на аснове.

Тып малапрадуктыўны.

2. Назоўнікі, якія ўтвораны ад дзеепрыметнікаў залежнага стану прошлага часу з суфіксам -н- (-ан-, -ен-) або аддзеяслоўных прыметнікаў і абазначаюць асоб ці прадметы паводле працэсуальнай прыметы: абадраны — абадранец, выхаванец, любімец, пасланец; саджанец, сеянец.

Націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах.

Тып малапрадуктыўны.

3. Назоўнікі, утвораныя ад адносных прыметнікаў з суфіксамі -н-, -ск-, -іянск- (-ыянск-).

Утваральныя прыметнікі для гэтых назоўнікаў у сваю чаргу ўтвораны ад назоўнікаў, таму словы данага тыпу ўскосна, апасродкавана, суадносяцца з назоўнікамі: алмаацінец — алма-ацінскі — Алма-Ата, абхаз — абхазскі — Абхазія.

Утварэнні гэтага тыпу абазначаюць асоб па іх адносінах да ўстановы, прадпрыемства: дэпо — дэповец, саўгасавец, студыец; да супольнасці людзей, народнасці: партыя — партыец, камсамолец, марыец; да мясцовасці, краіны: Орша — аршанец, Сочы — сочынец, Нарач — нарачанец, Ялта — ялцінец, Албанія — албанец, Куба — кубінец, Іспанія — іспанец, Перу — перуанец; да грамадскай плыні, вучэння, групоўкі: ленінец, мічурынец, талстовец, кантыянец, дынамавец і г. д.

Заўвага. Прымаючы пад увагу апасродкаваную матывацыю ўтварэнняў гэтага тыпу назоўнікамі, асабліва назвамі гарадоў, краін, тэрыторый, а таксама супадзенне ўсечанай прыметнікавай утваральнай асновы (без -ск-) з асновай назоўніка, некаторыя аўтары адносяць словы гэтага падтыпу да адназоўнікавых утварэнняў.

У працэсе ўтварэння фіналі ўтваральных асноў -ск- і -н- адсякаюцца: партыйны — партыец, зэльвенскі — зэльвенец, кантыянскі — кантыянец. Такія назоўнікі суадносяцца не толькі з адносным прыметнікам, але і са словазлучэннем «назоўнік + прыметнік» (у ролі азначэння): марафонскі бег — марафонец, мартэнаўская печ — мартэнавец, гвардзейская рота — гвардзеец.

Націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах.

Тып прадуктыўны.

Аддзеяслоўныя назоўнікі з суфіксам -ец звычайна абазначаюць асоб — выканаўцаў дзеяння: выдаваць — выдавец, вынаходзец, грабец, касец, курэц; а таксама прадметы паводле іх прызначэння ці як вынік дзеяння: рэзаць — разец, рубец, свяцец (абл.).

Перад суфіксам фінальная галосная інфінітыўнай асновы адсякаецца. Парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: спажываць — спажывец.

Некаторыя словы ўтвораны ад асновы цяперашняга часу, часам з чаргаваннем j — в: жаць — жн (уць) — жнец, кроj (аць) — кравец, шыць — шыj (уць) — шавец, дзьмухаj (уць) — дзьмухавец.

Націск у пачатковай форме на суфіксе, ва ўскосных склонах — на флексіі (разе́ц, -ца́, краве́ц, -ца́).

Тып малапрадуктыўны.

§ 389. Суфікс -ц-а. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў і абазначаюць асоб паводле іх дзеяння: абараняць — абаронца, выканаўца, вынаходца, вытворца, дарадца, забойца, збаўца, знаўца, пераможца, прамоўца, прапойца.

Перад суфіксам фінальная галосная асновы інфінітыва адсякаецца: вынаходзіць — вынаходца. У некаторых словах утваральнай выступае аснова цяперашняга (будучага) часу з чаргаваннем j—в: выканаj (уць) — выканаўца.

Націск на перадсуфіксальным складзе.

Тып непрадуктыўны ў сучаснай літаратурнай мове. Некаторыя ўтварэнні выцясняюцца словамі з іншымі суфіксамі: дарадчык, вынаходнік, знавец.

§ 390. Суфікс -лец. Назоўнікі з суфіксам -лец утвараюцца ад дзеясловаў і абазначаюць асоб, якія характарызуюцца дзеяннем, названым утваральным словам: жыць — жылец, кармілец, пагарэлец, пастаялец, сядзелец, тапелец.

Канцавая галосная асновы інфінітыва захоўваецца; у слове тапелец чаргуюцца і—е.

Націск на перадсуфіксальным складзе, зрэдку на суфіксе (жыле́ц).

Тып малапрадуктыўны.

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел