Предыдущий раздел | Оглавление | Следующий раздел
Марфалогія. Назоўнік
§§ 108–139
Граматыка. Марфалогія
§ 108. Гукавая арганізацыя мовы, яе лексіка і граматыка — гэта асноўныя састаўныя часткі складанай сістэмы, якой з’яўляецца сучасная літаратурная мова. Лексіка служыць будаўнічым матэрыялам у мове. Аднак для таго, каб пабудаваць выказванне, якое перадае пэўную думку, нясе пэўную інфармацыю, звычайнага набору слоў недастаткова. Словы патрэбна паставіць у сувязь паміж сабой, аб’яднаць іх у словазлучэнні, трэба пабудаваць сказ. Сувязь слоў у словазлучэнні і сказе ажыццяўляецца перш за ўсё дзякуючы таму, што словы могуць змяняць сваю форму.
Вучэнне аб слове і яго формах, аб класах слоў (часцінах мовы) і аб іх катэгорыях, аб сувязях слоў, аб словазлучэнні і сказе — гэта і ёсць граматыка. З граматыкай самым цесным чынам звязана словаўтварэнне — вучэнне аб складзе слова і ўтварэнні слоў па пэўных мадэлях (словаўтваральных тыпах). Састаўныя часткі слова — марфемы — з’яўляюцца найдрабнейшымі граматычнымі адзінкамі мовы. Не выпадкова многія даследчыкі ўключаюць словаўтварэнне ў граматыку як яе неадрыўны раздзел.
Граматыка ўключае ў сябе марфалогію (вучэнне аб слове і яго формах, аб лексіка-граматычных класах слоў) і сінтаксіс (вучэнне аб сувязях слоў, аб словазлучэнні і сказе). Характар словазмянення, спосабы спалучэння слоў, спосабы пабудовы сказаў і вызначаюць граматычны лад мовы.
Характарыстыка асноўных граматычных паняццяў
§ 109. Асноўнымі паняццямі, якімі карыстаецца граматыка пры аналізе ладу мовы, з’яўляюцца граматычнае значэнне, граматычны сродак, граматычная форма, граматычная катэгорыя.
Граматычнае значэнне — гэта абагульненае значэнне групы аднатыпных моўных адзінак: слоў, словазлучэнняў, сказаў. Агульным значэннем, напрыклад, слоў дом, сонца, дарога, думка, вечар, трывога, радасць, сум будзе значэнне прадметнасці, слоў ісці, касіць, гаварыць, чытаць, цвісці — значэнне працэсу, слоў сіні, новы, драўляны, капіравальны, заўтрашні, свойскі — значэнне прыметы і г. д. У групе слоў са значэннем прадметнасці можна, у сваю чаргу, вылучыць словы дом, вечар, сум, агульным для якіх будзе значэнне мужчынскага роду, словы дарога, думка, трывога, радасць — агульным для якіх будзе значэнне жаночага роду і г. д. Пры супастаўленні словаформ са значэннем працэсу іду — ішоў — буду ісці, кашу — касіў — буду касіць і пад. формы ішоў, касіў паказваюць на тое, што працэс адбываецца да моманту гутаркі, формы іду, кашу — у момант гутаркі, а формы буду ісці, буду касіць — пасля моманту гутаркі. Указанне на тое, што працэс адбываецца да моманту гутаркі, складае сутнасць граматычнага значэння прошлага часу; указанне на тое, што працэс адбываецца ў момант гутаркі — значэнне цяперашняга, а пасля моманту гутаркі — будучага часу.
Граматычным значэннем з’яўляюцца і абагульненыя значэнні адносін, якія ўстанаўліваюцца ў словазлучэнні ці ў сказе. Так, у словазлучэннях сустрэцца вясною, сядзець цэлымі днямі, чакаць вечарамі наглядаюцца часавыя адносіны, у словазлучэннях жаць камбайнам, капаць экскаватарам, пілаваць пілой — аб’ектныя адносіны і г. д. Гэта дае падставу кваліфікаваць граматычнае значэнне словазлучэнняў тыпу сустрэцца вясною як часавае (тэмпаральнае), а пілаваць пілой — як аб’ектнае (у прыватнасці, інструментальнае). У сказе Дзеці сабраліся на лясной палянцы, калі пачало змяркацца даданая частка складаназалежнага сказа (калі пачало змяркацца) мае граматычнае значэнне часу.
Граматычнае значэнне знаходзіць сваё матэрыяльнае выражэнне ў граматычным сродку: афіксе, службовым слове, змене месца націску, парадку кампанентаў у сінтаксічнай канструкцыі, інтанацыі. Так, граматычнае значэнне часу ў словазлучэнні сустрэцца вясною выражана, у прыватнасці, не толькі самім лексічным значэннем залежнага назоўніка, а і канчаткам творнага склону (-ою); значэнне часу ў даданай частцы складаназалежнага сказа (калі пачало змяркацца) выражана службовым словам — злучнікам калі; значэнне закончанага трывання ў дзеясловах насы́паць, склі́каць выражана месцам націску (параўн. адпаведныя дзеясловы незакончанага трывання насыпа́ць, скліка́ць); значэнне прыблізнай колькасці ў выразе прысутнічае чалавек дваццаць пяць выражана парадкам слоў (параўн. значэнне дакладнай колькасці пры ўмове прамога парадку слоў: прысутнічае дваццаць пяць чалавек); значэнне пытання ў сказе Вы ўдзельнічаеце ў спаборніцтвах? выражана інтанацыяй — павышэннем тону голасу ў канцы сказа (параўн. значэнне сцвярджэння ў апавядальным сказе Вы ўдзельнічаеце ў спаборніцтвах, дзе тон голасу паніжаецца ў канцы выказвання).
Граматычны сродак, як правіла, уваходзіць у склад той граматычнай адзінкі, якой ён надае тое ці іншае граматычнае значэнне. Інакш кажучы, граматычны сродак афармляе гэту адзінку, надае ёй пэўную граматычную форму. Кожнае граматычнае значэнне абавязкова знаходзіць сваё ўвасабленне ў адпаведнай граматычнай форме.
Граматычныя формы слова могуць быць простымі, або сінтэтычнымі, калі граматычны сродак з’яўляецца састаўной часткай словаформы (напрыклад, канчатак -ою з’яўляецца часткай словаформы творнага склону вясною), і складанымі, аналітычнымі, калі граматычны сродак выражаны дапаможным службовым словам (напрыклад, значэнне будучага часу ў словаформе буду касіць выражана дапаможным дзеясловам буду).
У адной граматычнай форме нярэдка выражаецца некалькі граматычных значэнняў. Так, у словаформе вясною канчатак -ою паказвае на жаночы род, адзіночны лік, творны склон. Сустракаюцца выпадкі, калі адно і тое ж значэнне знаходзіць некалькі сродкаў выражэння. Значэнне ўмоўнага ладу ў словаформе ішлі б выражана суфіксам -л- і часціцай б.
Розныя граматычныя формы адной і той жа моўнай адзінкі суіснуюць у мове як раўнапраўныя, аднак у маўленні звычайна адна з форм, найбольш незалежная, лічыцца пачатковай, або зыходнай. Напрыклад, у радзе форм вясн-а, вясн-ы, вясн-у, вясн-ой форма назоўнага склону лічыцца пачатковай.
Прыватныя граматычныя значэнні аб’ядноўваюцца ў сістэмы. Так, значэнні цяперашняга, прошлага і будучага часу дзеясловаў аб’ядноўваюцца ў сістэму часу. Значэнне часу з’яўляецца агульным, аб’ядноўваючым усе тры прыватныя значэнні. У такім выпадку мы гаворым пра граматычную катэгорыю часу. Значэнні адзіночнасці і множнасці аб’ядноўваюцца ў граматычнай катэгорыі ліку, значэнні завершанасці або незавершанасці працэсу — у граматычнай катэгорыі трывання (віду) і г. д. Кожная граматычная катэгорыя мае сваю сістэму граматычных значэнняў, якія ўвасоблены ў граматычных формах. Сістэма такіх граматычных форм называецца парадыгмай. Парадыгма можа мець у сваім складзе не менш чым два кампаненты і абавязкова павінна мець адзіную аснову — адцягненае, найбольш агульнае граматычнае значэнне, якое і складае сутнасць той ці іншай граматычнай катэгорыі.
Усе разгледжаныя паняцці і тэрміны (граматычнае значэнне, граматычны сродак, граматычная форма, граматычная катэгорыя, парадыгма) выкарыстоўваюцца як у марфалогіі, так і ў сінтаксісе.
Слова як асноўная адзінка марфалогіі
§ 110. Марфалогія — гэта граматычнае вучэнне аб слове. Аб’ектам марфалогіі з’яўляецца асобнае слова, яго граматычныя формы. Сама назва марфалогія паходзіць з грэчаскіх слоў morphē — ’форма’ і logos — ’вучэнне’.
Слова існуе ў мове як сістэма форм. Уся сістэма форм аднаго слова — гэта адзінства, якое мае адно або некалькі цесна звязаных паміж сабою лексічных значэнняў. Такое адзінства, звычайна прадстаўленае ў слоўніках сваёй пачатковай словаформай, і лічыцца лексемай. Асобна ўзятая форма канкрэтнага слова называецца яго словаформай.
Марфалогія вывучае правілы ўтварэння словаформ, адрозненні паміж рознымі словаформамі адной і той жа лексемы, устанаўлівае мяжу паміж словаформамі, якія ўваходзяць у адну парадыгму, і словаформамі, якія ўтвараюць другую парадыгму (інакш кажучы, дапамагае вызначыць, дзе перад намі формы аднаго слова, а дзе — розныя словы).
Часціны мовы
§ 111. Часціны мовы — гэта лексіка-граматычныя класы слоў, якія характарызуюцца адзінствам абагульненага значэння, агульнасцю граматычных катэгорый, пэўнай сістэмай форм, асаблівасцямі ў спалучальнасці з іншымі словамі, асноўнымі сінтаксічнымі функцыямі і спосабамі словаўтварэння.
Аднясенне слова да пэўнай часціны мовы грунтуецца на аснове ўліку ўсіх пералічаных адзнак, але не ўсе яны маюць аднолькавую значымасць. Кожная часціна мовы мае свае спецыфічныя асаблівасці, што адрозніваюць яе ад іншых часцін мовы, і ўключае вялікую групу слоў з розным лексічным значэннем, якія аб’ядноўваюцца абагульненым граматычным значэннем (прадметнасці, прыметы, працэсу і інш.).
У сучаснай беларускай мове традыцыйна вылучаецца дзесяць часцін мовы: назоўнік, прыметнік, лічэбнік, займеннік, дзеяслоў, прыслоўе, прыназоўнік, злучнік, часціцы, выклічнік. Гэтыя часціны мовы не ахопліваюць усяго лексічнага складу мовы. Па-за межамі часцін мовы застаюцца гукаперайманні — моўныя сродкі, якія служаць для перадачы гукаў жывой і нежывой прыроды (мяў, му, кукарэку, ш-ш-ш і г. д.). Гукаперайманні маюць некаторыя рысы, якія збліжаюць іх з выклічнікамі. Не ўключаюцца ў часціны мовы і т. зв. мадальныя словы — лексічныя сродкі мадальнай ацэнкі аб’ектыўнай рэчаіснасці або сродкі перадачы суб’ектыўных адносін да ўласнага выказвання. У сказе большасць мадальных слоў выступае ў функцыі пабочных (відаць, напэўна, магчыма, канешне і пад.).
Усе часціны мовы, акрамя выклічнікаў, падзяляюцца на дзве вялікія групы. Да першай адносяцца паўназначныя, або самастойныя, часціны мовы — назоўнік, прыметнік, лічэбнік, займеннік, дзеяслоў і прыслоўе. Да другой — непаўназначныя часціны мовы, куды ўваходзяць словы, якія выражаюць адносіны паміж прадметамі, працэсамі, прыметамі і г. д. Абазначаючы ў мысленні адносіны паміж паняццямі, такія словы ў мове перадаюць адносіны паміж адзінкамі мовы — словамі, словазлучэннямі, сказамі, мадыфікуюць значэнне слова або сказа. Сюды адносяцца ўсе службовыя словы (прыназоўнікі і злучнікі, а таксама звязкі, якія афармляюць адносіны паміж дзейнікам і недзеяслоўным выказнікам, напрыклад: быць, стаць, з’яўляцца і інш.; дзеяслоўнае паходжанне звязак дае падставу многім граматыстам не вылучаць звязкі ў асобную часціну мовы, а разглядаць іх разам з дзеясловамі) і часціцы.
Паўназначныя словы падзяляюцца на знамянальныя і ўказальныя. Указальныя, або займеннікавыя, словы не называюць прадметаў, прымет, колькасці або акалічнасці, а толькі ўказваюць на іх. Падзел слоў на знамянальныя і ўказальныя не супадае з падзелам слоў на часціны мовы. Да ўказальных слоў адносяцца займеннікі і іншыя займеннікавыя словы — няпэўныя лічэбнікі (столькі, колькі, гэтулькі і інш.), займеннікавыя прыслоўі (там, тут, туды, сюды, дзе, адкуль і інш.), да знамянальных — усе астатнія паўназначныя словы, якія называюць прадметы, якасці, працэсы, дзеянні, стан, уласцівасці, лікі, прымету прыметы.
У групе паўназначных слоў супрацьпастаўляюцца два цэнтральныя класы — імёны і дзеяслоў. Сярод імён вылучаюцца назоўнікі — назвы прадметаў, прыметнікі — назвы прымет, якасцей, уласцівасцей, лічэбнікі — абазначэнні колькасці прадметаў. Імёны і дзеяслоў складаюць асноўны лексічны і граматычны фонд мовы.
Да дзеяслова непасрэдна прымыкае разрад безасабова-прэдыкатыўных слоў, якія выконваюць функцыю адзінага галоўнага члена ў безасабовых сказах і абазначаюць стан асобы, асяроддзя і г. д. (весела, сумна, холадна, шкада, відаць, досыць, нельга і пад.). Такія словы называюць прэдыкатывамі (або катэгорыяй стану)1.
На базе імён, займеннікаў і дзеясловаў утварыўся клас слоў, якія абазначаюць прымету якой-небудзь іншай прыметы. Гэта прыслоўі.
Усе пералічаныя класы і разрады слоў не з’яўляюцца застылымі і нязменнымі. Паміж часцінамі мовы наглядаецца ўзаемадзеянне, словы з адной часціны мовы могуць пераходзіць у другую. Такі пераход звычайна абумоўлены зменай сінтаксічнай функцыі слова, ужываннем яго не ў звычайнай, уласцівай яму асноўнай функцыі, а ў іншай, нязвычнай, неўласцівай. Так, прыметнікі могуць пераходзіць у назоўнікі, прыслоўі — у прыназоўнікі, часціцы — у злучнікі і г. д. Пераход слоў з адной часціны мовы ў другую (субстантывацыя, ад’ектывацыя, нумералізацыя, пранаміналізацыя, адвербіялізацыя, прэпазіцыяналізацыя і інш.) разглядаецца звычайна як адзін са спосабаў словаўтварэння пры вывучэнні кожнай часціны мовы.
1 Прэдыкатывы (катэгорыя стану) не ва ўсіх граматычных даследаваннях вылучаюцца як асобная часціна мовы. Безасабова-прэдыкатыўныя словы разглядаюцца разам з назоўнікамі (шкада), дзеясловамі (відаць), прыслоўямі (весела).
Назоўнік
Агульная характарыстыка
§ 112. Назоўнік — часціна мовы з агульным значэннем прадметнасці, якая выражаецца ў марфалагічных катэгорыях роду, ліку і склону. Назоўнікі называюць рэчы, прадметы (абцугі, аўтобус, кажух, камень, кніга, стол), асоб (даярка, дзіця, дэпутат, жанчына, інжынер), жывыя істоты і арганізмы (вавёрка, дзяцел, камар, мурашка), рэчывы (вада, мука, пясок, снег), факты, падзеі, з’явы прыроды (вайна, канікулы, свята, сход; вецер, дождж), а таксама ўласцівасці, якасці, дзеянні, стан, што разумеюцца, уяўляюцца абстрагавана ад прадметаў (асоб), якія з’яўляюцца іх носьбітамі ці ўтваральнікамі (дабрата, розум, чырвань, шчасце; барацьба, плаванне).
§ 113. У сказе назоўнікі выконваюць розныя сінтаксічныя функцыі. Часцей за ўсё яны выступаюць у ролі дзейніка або дапаўнення. Назоўнікі, якія з'яўляюцца ў сказе дзейнікам, маюць форму назоўнага склону, у ролі дапаўнення назоўнікі могуць ужывацца ў розных ускосных склонах. Над канюшынным полем звінелі жаўрукі (Я. Радкевіч); Дуб стаяў нерухома ў сваёй паважнай застыласці, трымаючы ў развілінах ёмкі ком снегу (Я. Колас).
Назоўнікі могуць выступаць у сказе таксама ў ролі выказніка, недапасаванага азначэння і акалічнасці: Усе мы былі механізатары: я з Вядзернікавым — камбайнеры, а Сівы і Раман — трактарысты (Я. Радкевіч); Ён [Большакоў] быў і трактарыстам, і камбайнерам, і апошні год перад вайной — дырэктарам МТС (І. Навуменка); Конь адшукаў на моху глыбокія ўмяціны ад учарашніх слядоў і павёз седака да дарогі (І. Чыгрынаў); Пасля вячэры распалілі касцёр, паселі кружком пад соснамі (І. Навуменка).
Лексіка-граматычныя разрады назоўнікаў
§ 114. У залежнасці ад лексічнага значэння і асаблівасцей праяўлення марфалагічных катэгорый назоўнікі падзяляюцца на: 1) агульныя і ўласныя; 2) канкрэтныя і абстрактныя; 3) адушаўлёныя і неадушаўлёныя; 4) асабовыя і неасабовыя; 5) зборныя; 6) рэчыўныя.
Агульныя і ўласныя назоўнікі
§ 115. У залежнасці ад таго, называецца прадмет як прадстаўнік цэлага класа ці як індывідуальны, назоўнікі падзяляюцца на агульныя і ўласныя.
Агульныя назоўнікі абазначаюць цэлыя класы аднародных прадметаў, з'яў прыроды, жывых істот, абстрактных паняццяў і г. д. (акно, кніга, нож; вецер, гром; воўк, настаўніца, сястра, чалавек; змаганне, сон, цяжкасць).
Уласныя назоўнікі з'яўляюцца індывідуальнымі назвамі асоб (Максім Багдановіч, Грышкевіч, Алена, Якуб Колас), прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый (фабрыка «Камунарка», Вярхоўны Савет, Камуністычная партыя Савецкага Саюза), геаграфічных і адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак (Палессе, Дзвіна, Навагрудчына, Мінск). Да ўласных назоўнікаў належаць клічкі жывёл (Жучка, Красуля), астранамічныя назвы (Венера, Марс), назвы газет, часопісаў, літаратурных твораў, навуковых прац («Звязда», «Маладосць», «Дрыгва», «Фізіка» (назва падручніка)) і іншых адзінкавых у сваім родзе прадметаў, з'яў рэчаіснасці.
Канкрэтныя і абстрактныя назоўнікі
§ 116. Усе агульныя назоўнікі падзяляюцца на канкрэтныя і абстрактныя.
Канкрэтныя назоўнікі абазначаюць прадметы рэчаіснасці (бяроза, дарога, дом, камбайн, кніга, лес, сані) і з’явы прыроды (бура, вецер, дождж). Да канкрэтных належыць частка назоўнікаў, якія абазначаюць дзеянне, стан, час, грамадскія падзеі і некаторыя іншыя з’явы навакольнай рэчаіснасці (адказ, занятак, практыкаванне; запаленне, захворванне; дзень, раніца; мітынг, канікулы, рэвалюцыя), калі яны ўяўляюцца як канкрэтныя і паддаюцца лічэнню.
Канкрэтныя назоўнікі маюць формы адзіночнага і множнага ліку.
Абстрактныя назоўнікі абазначаюць адцягненыя паняцці, якасць, дзеянне, стан (рэалізм; дабрата, устойлівасць, цяжкасць, чырвань; знаходжанне, касьба і г. д.).
Яны могуць спалучацца толькі са словамі няпэўнай колькаснай семантыкі (многа радасці, мала гонару) і ад іх звычайна не ўтвараюцца формы множнага ліку. Утварэнне форм множнага ліку магчыма толькі ад тых назоўнікаў, якія набываюць значэнне канкрэтнасці (цяжкасць — вялікія цяжкасці, чытанне — Коласаўскія чытанні, бяда — усе беды, радасць — першыя радасці).
Некаторыя абстрактныя назоўнікі з’яўляюцца множналікавымі (абставіны, агледзіны) або маюць форму множнага ліку, якая адрозніваецца семантыкай ад аднакаранёвых назоўнікаў адзіночнага ліку (выбар — выбары ў Вярхоўны Савет, збор — вайсковыя зборы, зборы ў дарогу).
Адушаўлёныя і неадушаўлёныя назоўнікі
§ 117. Усе назоўнікі дзеляцца на адушаўлёныя і неадушаўлёныя.
Адушаўлёныя назоўнікі з'яўляюцца назвамі людзей і жывых істот: дачка, ткачыха, трактарыст, чалавек; заяц, карова, муха, рыба і г. д.
Заўвага. Да адушаўлёных назоўнікаў не адносяцца назвы дрэў і раслін (вярба, ядловец; васілёк, дзівасіл) і назвы, якія абазначаюць сукупнасць жывых істот (народ, натоўп, рой, статак, табун).
Неадушаўлёныя назоўнікі — гэта назвы прылад, рэчаў, дрэў і раслін, з'яў прыроды, абстрактных паняццяў і інш.: машына, стол; бяроза, лес, мак; град, мароз; смех, хуткасць і г. д.
Парадыгмы адушаўлёных і неадушаўлёных назоўнікаў у множным ліку адрозніваюцца паслядоўна: у адушаўлёных назоўнікаў вінавальны склон супадае з родным: Р. (няма) сыноў, жанчын, насякомых; В. (бачу) сыноў, жанчын, насякомых. У неадушаўлёных назоўнікаў вінавальны склон супадае з назоўным: Н. памідоры, слівы, вокны; В. (бачу) памідоры, слівы, вокны.
У парадыгме адзіночнага ліку адушаўлёнасць і неадушаўлёнасць выражана толькі ў назоўніках мужчынскага роду з чыстай асновай: Р. (няма) сына; В. (бачу) сына. Але Н. (ляжыць) памідор; В. (з'еў) памідор. Словы жаночага роду не маюць фармальнага размежавання адушаўлёнасці — неадушаўлёнасці: Р. (няма) жанчыны, слівы; В. (бачу) жанчыну, сліву. Тое ж датычыцца назоўнікаў ніякага роду: Н. насякомае, акно; В. (бачу) насякомае, акно.
§ 118. У некаторых назоўніках межы суадноснасці адушаўлёнасці — неадушаўлёнасці хістаюцца, ад чаго залежыць марфалагічнае выражэнне вінавальнага склону.
1. Назоўнікі вірус, мікроб, бактэрыя, амёба, інфузорыя, якія абазначаюць ніжэйшыя жывыя арганізмы, у вінавальным склоне часцей маюць форму, агульную з формай назоўнага склону (вывучаць бактэрыі, выявіць вірус). Форма, агульная з родным склонам, ужываецца радзей (вывучаць бактэрый, выявіць віруса).
2. Назоўнікі мярцвяк, нябожчык успрымаюцца як жывыя істоты і таму марфалагічна ў вінавальным склоне афармляюцца як адушаўлёныя назоўнікі (успомніць нябожчыка, знайшлі мерцвяка).
Назоўнік труп у вінавальным склоне звычайна мае форму, якая супадае з формай назоўнага склону (нясуць труп).
3. Назоўнікі лялька, матрошка звычайна прымаюць марфалагічныя прыметы адушаўлёнасці: яны былі падобны на лялек; прынеслі ў дзіцячы сад прыгожых матрошак. Але гуляць у лялькі.
4. Як адушаўлёныя назоўнікі могуць змяняцца назвы некаторых танцаў (гапак, казачок, крыжачок): Па яго патрабаванню аркестр грае гапака (І. Дуброўскі); Яшчэ танцавалі «Гапака», потым «Юрачку» (І. Гурскі).
5. Форма вінавальнага склону супадае з формай роднага і для назваў фігур, карт у шахматных і картачных гульнях: Мы твайго слана кульнём (У. Корбан); Кладу крастовага караля (Я. Васілёнак); Пад туза хадзі (Я. Колас); даць козыра.
Асабовыя назоўнікі
§ 119. Адушаўлёныя назоўнікі, якія абазначаюць асоб, называюцца асабовымі. У групу гэтых назоўнікаў уваходзяць назвы асоб па іх сацыяльнай, нацыянальнай і палітычнай прыналежнасці (бядняк, рабочы, селянін; беларус, літовец; камуніст), па роду грамадскай і працоўнай дзейнасці (дэпутат, настаўнік, прафесар), па полу і ўзросту (дзяўчына, мужчына, падлетак), па адносінах паміж людзьмі (брат, жонка, сябар), па месцу жыхарства (гараджанін, мінчанін), па розных якасцях (весялун, герой, гуляка, патрыёт) і інш.
Зборныя назоўнікі
§ 120. Сярод агульных назоўнікаў выдзяляецца па значэнню і марфалагічных адзнаках група зборных назоўнікаў. Характэрнай прыметай гэтых назоўнікаў з’яўляецца адсутнасць у іх форм множнага ліку.
Да зборных назоўнікаў адносяцца словы, якія абазначаюць сукупнасць людзей, жывых істот, аднародных прадметаў як адно непадзельнае цэлае і выражаюць гэта значэнне пры дапамозе суфіксаў -ств-а, -цтв-а, -j-о, -j-э, -ыj-а, -ат-а, -от-а, -н-я, -ур-а, -ар-а, -ін-а, -ын-а, -нік, -няк і некаторых іншых: вучнёўства, настаўніцтва, звяр’ё, лам’ё, пер’е, карэнне, піянерыя, бедната, галота, дворня, агентура, дзетвара, машкара, садавіна, бярэзнік, хмызняк і інш.
Да зборных адносяцца таксама назоўнікі, якія выражаюць зборнасць лексічна: зброд, люд, моладзь, мэбля, хлам, чарот.
Рэчыўныя назоўнікі
§ 121. Назоўнікі, якія абазначаюць назвы рэчываў аднароднага саставу, называюцца рэчыўнымі. Такія рэчывы можна дзяліць на часткі (частка рэчыва не траціць прыметы цэлага). Да рэчыўных назоўнікаў належаць назвы хімічных элементаў (азот, аміяк, кобальт), выкапняў (вугаль, торф), прадуктаў харчавання (алей, малако, мёд, мука, хлеб, цукар), лякарстваў (аспірын, валідол, цытрамон), сельскагаспадарчых культур (авёс, жыта), тканін (бастон, шоўк), розных матэрыялаў (асфальт, цэмент) і інш.
Звычайна рэчыўныя назоўнікі ўжываюцца або толькі ў адзіночным, або толькі ў множным ліку: воцат, медзь, торф, чай; дрожджы, духі, крупы.
Катэгорыя роду
§ 122. Марфалагічная катэгорыя роду праяўляецца толькі ў формах адзіночнага ліку, але яна ўласціва назоўніку як слову ва ўсёй сістэме яго форм. У залежнасці ад семантычных або марфалагічных прымет назоўнікі адносяцца да аднаго з трох родаў: мужчынскага (аграном, дуб, Іван, салавей, старшыня), жаночага (бяроза, настаўніца, песня, радасць) і ніякага (акно, поле, цемя, цяля). Кожная з гэтых груп характарызуецца адпаведнымі граматычнымі сувязямі з прыметнікамі, займеннікамі, дзеепрыметнікамі і дзеясловамі ў форме прошлага часу і ўмоўнага ладу (новы дом, новая кніга, новае плацце; мой бацька, мая маці, маё дзіця; дыктант напісан, праца завершана, пісьмо адаслана; лес шумеў (бы), вада цякла (б), дзіця прыйшло (б)).
Класіфікацыя назоўнікаў па родах
§ 123. Па марфалагічных прыметах да назоўнікаў мужчынскага роду адносяцца:
1) назоўнікі з асновай на цвёрды зычны і г, к, х, якія ў назоўным склоне маюць нулявы канчатак: завод, лес, рыбалоў, салдат; біёлаг, бярэзнік, настаўнік, мох;
2) большасць назоўнікаў з асновай на ж, дж, ш, ч, р і ц і нулявым канчаткам у назоўным склоне: дождж, нож, шалаш, плач, вецер, палац;
3) назоўнікі з асновай на мяккі зычны і й, якія ў назоўным склоне маюць нулявы канчатак і канчатак -я або -ю ў родным склоне: алень, вугаль, гай.
Па значэнню да назоўнікаў мужчынскага роду адносіцца частка назоўнікаў з канчаткам -а(-я):
1) назоўнікі, якія абазначаюць асоб мужчынскага полу: бацька, ваявода, дазорца, дзядзька, мужчына, мула, старшыня, старшына, тамада, тата, хлапчына;
2) мужчынскія асабовыя ўласныя імёны: Даніла, Мікола, Міша;
3) назоўнікі з эмацыянальна-ацэначнымі суфіксамі -к-, -як-, -іск- (-ыск-), -ішч- (-ышч-): верабейка, салавейка, каняка, даміска, вятрыска, галасішча, вятрышча, дамішча і пад.;
4) назоўнікі сабака, цюцька.
Па значэнню да мужчынскага роду адносяцца таксама:
1) іншамоўныя нескланяльныя назоўнікі, якія абазначаюць асоб мужчынскага полу або сукупнасць асоб, а таксама жывых істот незалежна ад палавой прыналежнасці: аташэ, буржуа, дэндзі, кюрэ, ранцье, парцье, янкі; грызлі, какаду, кенгуру, поні, фламінга, шымпанзе і інш.
Заўвага. Назоўнікі івасі і цэцэ адносяцца да жаночага роду, відаць, пад уплывам граматычнага роду слоў рыба, муха.
2) некаторыя неадушаўлёныя нязменныя назоўнікі: салана, сірока, тарнада (назвы вятроў), бенгалі, пушту, фіджы, хіндзі (назвы моў), пенальці, экю.
3) нязменныя назвы гарадоў: Батумі, Дэлі, Сочы, Чыкага і г. д.
Па марфалагічных прыметах да жаночага роду адносяцца:
1) назоўнікі, якія ў назоўным склоне адзіночнага ліку заканчваюцца на -а(-я): булка, вясна, зямля, кніга, кропля, настаўніца, сажа, сасна, ткачыха, шаша, хмара;
2) назоўнікі з асновай на мяккі зычны, радзей на ч, ш, ж, р, б, ф, ў, якія ў назоўным склоне маюць нулявы канчатак, а ў родным склоне канчатак -і або -ы: гладзь, дэталь, моладзь, намаразь, нацыянальнасць, памяць, соль, якасць; ноч, рэч, шчолач, мыш, залеж, Свір, глыб, верф, кроў.
Па значэнню да жаночага роду адносіцца назоўнік маці і запазычаныя нязменныя назоўнікі, якія абазначаюць асоб жаночага полу:
1) агульныя назвы: ледзі, мадам, міс, місіс, пані, фрау, ханум;
2) імёны і прозвішчы жанчын: Кармэн, Мэры, Элен, Зэгерс, Шагінян;
а таксама:
1) назвы дзяржаў, рэк, гор, пустынь: Чылі, Нікарагуа, Місісіпі, Ай-Петры, Кіліманджара, Гобі;
2) назоўнікі кальрабі (гатунак капусты), беры-беры (хвароба).
Па марфалагічных прыметах да ніякага роду адносяцца:
1) назоўнікі, якія маюць канчаткі -е, -о(-ё), -а: зерне, поле, галлё, жыццё, вядро, дупло, воблака, неба, мора, сонца;
2) назоўнікі на -мя: бярэмя, вымя, імя, племя, полымя, семя, стрэмя, цемя;
3) назоўнікі на -я(-ё), якія абазначаюць маладых істот: ваўчаня(ё), гусяня(ё), парася(ё), а таксама дзіця, хлапчаня(ё), дзяўчо;
4) назоўнікі з суфіксамі -ств-а, -анн-е, -енн-е, -ішч-а (-ышч-а): прадпрыемства, сялянства, хадайніцтва; меркаванне; насенне; вогнішча, іржышча.
Да ніякага роду адносяцца таксама:
1) большасць неадушаўлёных нязменных назоўнікаў: алібі, бюро, інтэрв'ю, кіно, леча, метро, пюрэ, рагу, радыё, фае, фота;
2) нязменныя назвы азёр: Антарыё, Ківу, Чад;
3) словы, што пераходзяць у назоўнікі з часцін мовы, якія не маюць родавых форм: вялікае «дзякуй», гучнае «ура», пачулася працяжнае «выганяй», тваё «я», сказаў апошняе «бывай».
§ 124. Значная колькасць назоўнікаў, якія абазначаюць асоб па роду іх дзейнасці, па характару пасады, па ўдзелу ў грамадскім і палітычным жыцці і пад., а таксама служаць для выражэння адмоўнай характарыстыкі асобы, у літаратурнай мове маюць толькі форму мужчынскага роду, хаця могуць абазначаць і асоб жаночага полу (аграном, брыгадзір, дэпутат, камсорг, начальнік, паштальён; абібок, лодыр, невук і інш.), напрыклад: начальнік канструктарскага бюро камвольнага камбіната К. І. Лебедзева (Звязда, 1972); сакратар партыйнай арганізацыі панчошнага камбіната В. А. Юлава (Звязда, 1972); камуніст, кавалер ордэна Леніна Людміла Мікалаеўна Журбіла (Там жа); аграном Зінаіда Фёдараўна Есемчык (А. Бялевіч).
У публіцыстычным стылі і ў мове мастацкай літаратуры назоўнікі гэтага тыпу, а таксама назоўнікі мужчынскага роду на -а (-я), калі яны абазначаюць асоб жаночага полу і маюць пры сабе прыдатак, які называе прозвішча асобы, спалучаюцца з дзеясловамі прошлага часу ў форме жаночага роду: Сказала карэспандэнту ТАСС начальнік бюро надвор’я І. Н. Сяргеева (Звязда, 1972); Ля тэлефона была галоўны інжынер прадпрыемства А. Дацэнка (Звязда, 1972); Дапамагала ім у гэтым кіраўнік канструктарскага бюро ... Лідзія Уладзіміраўна Лапіна (Піянер Беларусі, 1972).
Заўвага. Прыметнікі з такімі назоўнікамі дапасуюцца ў родзе, г. зн. маюць форму мужчынскага роду: Старшы аграном павярнула на вузкую сцежку (М. Паслядовіч); Паліна Нікандраўна з калгасным аграномам Аняй Кавалёвай гэтыя дні аглядаюць землі (І. Дуброўскі). Аднак у гутарковай мове пры назоўніках мужчынскага роду на -а (-я), якія абазначаюць асоб жаночага полу, прыметнікі і займеннікі сустракаюцца ў форме жаночага роду: прыйшла наша стараста Ніна; выступіла новая суддзя Сакалова.
Паралельныя назвы для абазначэння асоб жаночага полу замацаваліся ў нейтральным стылі ў тых выпадках, калі прафесія ў роўнай меры звязана як з жаночай, так і з мужчынскай працай. Напрыклад: лабарант — лабарантка, прадавец — прадаўшчыца, выкладчык — выкладчыца, настаўнік — настаўніца, студэнт — студэнтка, пісьменнік — пісьменніца, артыст — артыстка і г. д.
Аднак, нягледзячы на свабоднае ўтварэнне падобных назваў у форме жаночага роду, не ўсе яны выкарыстоўваюцца ва ўсіх стылях. Так, у афіцыйна-дзелавым стылі перавага аддаецца ўтварэнням мужчынскага роду: Узнагародзіць граматай старшага прадаўца Іванову; Спраўка выдадзена лабаранту Марозавай; Характарыстыка выкладчыка кафедры беларускай мовы Ганчаровай.
Назоўнікі агульнага роду
§ 125. У беларускай мове ёсць група назоўнікаў на -а (-я) т. зв. агульнага роду, якія абазначаюць асобу мужчынскага або жаночага полу па характэрнаму дзеянню або прымеце. Часцей за ўсё гэтыя назоўнікі маюць эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку, і сфера іх ужывання — размоўны стыль мовы. Сінтаксічнымі паказчыкамі роду з'яўляюцца канчаткі прыметнікаў, дзеепрыметнікаў, парадкавых лічэбнікаў, дзеяслоўных форм прошлага часу, што ў залежнасці ад полу асобы, якую абазначаюць такія назоўнікі, прымаюць форму мужчынскага ці жаночага роду. Назоўнікаў агульнага роду ў беларускай мове каля сотні: абжора, абдзірала, аб'ядала, адзіночка, бадзяга, беларучка, боўдзіла, брыда, валацуга, выскачка, гуляка, дурніла, дурніца, дурыла, жмінда, забіяка, забойца, задавака, задзіра, зазнайка, заіка, здыхля, здыхляціна, злачынца, зубрыла, калека, кніганоша, крыўляка, лежабока, ляўша, малайчына, манюка, мурза, мямля, назола, насупа, начніца, недавучка, недалуга, недарэка, непаседа, няроўня, нязгрэба, няздара, няўклюда, няўмека, падліза, памайза, папрашайка, пачвара, пісака, плакса, праныра, прыдзіра, прыблуда, пустамеля, п'яніца, размазня, разява, разявака, расцяпа, румза, салапяка, самавучка, сарвігалава, святоша, сірата, сіраціна, сіўка, скнара, скупянда, служка, соня, стыляга, сцерва, творца, туляга, тупіца, урода, ханжа, хапуга, цёзка, ціхоня, чужаніца, чысцёха, шаланіца, шэльма і некаторыя іншыя.
Да назоўнікаў т. зв. агульнага роду адносяцца словы гняйко, нямко, хвалько, а таксама бытавыя формы ад афіцыйных уласных імён тыпу Саша, Лёня, Слава, Валя, Шура і інш.
Граматычны род абрэвіятур
§ 126. Граматычны род абрэвіятур вызначаецца або па структуры скарачэння, або па сэнсу, г. зн. па апорнаму слову расшыфроўкі.
Па структуры скарачэння да мужчынскага роду адносяцца:
1) «ініцыяльныя» гукавыя абрэвіятуры, якія заканчваюцца на зычны і пішуцца малымі літарамі: загс (запіс актаў грамадзянскага стану), дот (доўгачасовы агнявы пункт);
2) абрэвіятуры, якія складаюцца з пачатковых частак слоў або з пачатковых частак слоў і пачатковых гукаў (або назваў літар): абком (абласны камітэт), ваенком (ваенны камісар), ваенкор (ваенны карэспандэнт), ваенрук (ваенны кіраўнік), геафак (геаграфічны факультэт), дзяржплемгас (дзяржаўная племянная гаспадарка), дзяржстрах (дзяржаўнае страхаванне), Дзяржтэхвыд (Дзяржаўнае тэхнічнае выдавецтва), дыямат (дыялектычны матэрыялізм), завуч (загадчык навучальнай часткі), калгас (калектыўная гаспадарка), камбат (камандзір батальёна), камсорг (камсамольскі арганізатар), камсамол Камуністычны Саюз Моладзі), лясгас (лясная гаспадарка), Мінбуд (Міністэрства будаўніцтва), мясцком (мясцовы камітэт), прафорг (прафсаюзны арганізатар), рыбгас (рыбная гаспадарка), сацстрах (сацыяльнае страхаванне) і інш.
Род некаторых абрэвіятур вызначаецца па сэнсу. Абрэвіятуры, якія складаюцца з пачатковай часткі слова і цэлага слова, а таксама абрэвіятуры, якія ўтвораны шляхам спалучэння пачатку першага слова з пачаткам і канцом другога слова або толькі з яго канцом, маюць той жа род, што і апошняе слова: ашчадкаса ж., ашчадкніжка ж., аргработа ж., аргаддзел м., эсмінец м. (эскадронны мінаносец), ваенкамат м. (ваенны камісарыят), мапед м. (матацыкл-веласіпед). Абрэвіятуры, якія ўтвораны шляхам спалучэння часткі слова з назоўнікам у форме ўскоснага склону, адносяцца да таго ж роду, што і першае скарочанае слова: камроты м. (камандзір роты), кампалка м. (камандзір палка).
Род літарных і гукавых абрэвіятур, якія пішуцца вялікімі літарамі, часцей за ўсё вызначаецца па сэнсу апорнага слова зыходнага словазлучэння: ЦУМ м. (Цэнтральны універсальны магазін), ДАСТ м. (Дзяржаўны агульнасаюзны стандарт), ДТ м. (Дом тэхнікі), МАЗ м. (Мінскі ордэна Леніна і ордэна Кастрычніцкай Рэвалюцыі аўтамабільны завод), АТК м. (аддзел тэхнічнага кантролю), СП м. (Саюз пісьменнікаў), ЦДСА м. (Цэнтральны Дом Савецкай Арміі імя М. В. Фрунзе), ВЛКСМ м. (Усесаюзны Ленінскі Камуністычны Саюз Моладзі), БДУ м. (Беларускі ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга дзяржаўны універсітэт імя У. І. Леніна), БССР ж. (Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка), ВДНГ ж. (Выстаўка дасягненняў народнай гаспадаркі), МТС ж. (машынна-трактарная станцыя), ГЭС ж. (гідраэлектрастанцыя), БелСЭ ж. (Беларуская Савецкая Энцыклапедыя), РТС ж. (раённая тэлефонная сетка), ЭВМ ж. (электронная вылічальная машына), АТС ж. (аўтаматычная тэлефонная станцыя), СКБ н. (спецыяльнае канструктарскае бюро), СНТ н. (студэнцкае навуковае таварыства), ЦКБ н. (цэнтральнае канструктарскае бюро).
Аднак род некаторых ініцыяльных абрэвіятур, якія ўтвараюць склад і канчаюцца на зычны, можа вызначацца не па сэнсу, а па структуры скарачэння. Так, у моўнай практыцы абрэвіятуры БАМ (Байкала-Амурская магістраль), ВАК (Вышэйшая атэстацыйная камісія), ТАСС (Тэлеграфнае агенцтва Савецкага Саюза) адносяцца часцей да мужчынскага роду, хаця апорныя назоўнікі ў іх жаночага і ніякага роду1.
1 Указанне на граматычны род кожнага асобнага складанаскарочанага слова і абрэвіятуры патрэбна глядзець у слоўніках.
Варыянтныя родавыя формы
§ 127. Невялікая колькасць назоўнікаў у сучаснай беларускай мове мае варыянтныя родавыя формы:
| Жаночы род | Мужчынскі род |
| зала | зал |
| замша | замш |
| салата | салат |
| таполя | топаль |
Перавага аддаецца формам жаночага роду.
| Мужчынскі род | Жаночы род |
| клавіш | клавіша |
| санаторый | санаторыя |
| сахарын | сахарына |
| тыгр | тыгра |
Перавага аддаецца формам мужчынскага роду.
Некаторыя назоўнікі, якія ў літаратурнай мове ўжываюцца ў мужчынскім родзе, у мове мастацкай літаратуры і гутарковым стылі могуць мець форму жаночага або ніякага роду.
Да іх ліку адносяцца: боль, дыяганаль, жаваранак, жаль, каромысел, комін, мазоль, медаль, мухамор, палын, пасаг, пачак, плёс, рояль, россып, рукапіс, сабака, сажань, статак, стэп, табель, туфель, фальш, цень, цуд, шаль, шампунь, шынель, яблык. Прыклады адступленняў ад літаратурнай нормы: [Карусь] цыркаў сліну З-за белай коміны на хату (Я. Колас); Малады спартсмен.. прыціскаў букеты кветак да ззяючай на грудзях залатой медалі чэмпіёна (Беларусь, 1978); На тварах — Смяротная цень (П. Броўка); Рот заткнёны канцом шалі (К. Крапіва); Успамінаў потым Андрэй перацягнутую ў таліі шырокім салдацкім рэменем старэнькую шынель (І. Сіняўскі); Вось дзе сабака закапана (І. Гурскі); Да чаго ж прыгожа казахская і ўзбекская стэп (Я. Колас); Наступіў ёй на туфлю (М. Лынькоў); Прынясіце мне дзве пачкі папярос (К. Крапіва); Мароз паказаў у той бок, дзе крумкала, квакала ў тысячу галасоў зялёнае плёса (М. Лобан); — У сярэдзіне чэрвеня такое цуда! — ён узяў памідор (І. Шамякін); Падхопіць на каромысла паўнюткія вёдры (А. Ус).
У паэтычных творах такія парушэнні могуць паяўляцца ў сувязі з неабходнасцю захавання рыфмы. Напрыклад, у Я. Коласа: Вось званы звоняць ціха, гожа, Спявае жаваранка божа, А ёй утораць пташак хоры..; Міхал не спіць, а боль тупая Яму пад сэрца падступае.
Толькі як назоўнікі жаночага роду павінны ўжывацца словы жырафа, камода, кішэнь (кішэня), папера, пасма, табака, трэль, шпона. Ужыванне гэтых назоўнікаў у мужчынскім родзе з'яўляецца адступленнем ад літаратурнай нормы: Тут стаяў нікеліраваны ложак, камод, стол (І. Навуменка); Пабялеў, як той папер (Я. Колас); [Люба] падтыкае мезенцам пад цёплую хустку непаслухмянае пасма (А. Карпюк); Запіхнуў паперку ў нагрудны кішэнь (В. Быкаў).
Катэгорыя ліку
§ 128. У сучаснай беларускай літаратурнай мове для назоўнікаў характэрны дзве формы ліку — адзіночнага і множнага. Формы адзіночнага ліку ўказваюць на адзін прадмет, з’яву (стол, год, дагавор, газета, акно) або на сукупнасць, непадзельнасць (мёд, малако, лісце, студэнцтва, моладзь). Формы множнага ліку ўказваюць на раздзельную множнасць прадметаў, з’яў (сталы, гады, дагаворы, газеты, вокны). Формы множнага ліку могуць абазначаць таксама сукупнасць прадметаў або асоб (валасы, французы, беларусы).
§ 129. Не паддаюцца лічэнню і маюць толькі форму адзіночнага ліку:
1) рэчыўныя назоўнікі: азот, віка, віно, волава, вугаль, гарох, гразь, жвір, золата, кісель, клей, малако, масла, мёд, ртуць, рыс, сала, салома, соль, чарніла, ячмень;
2) зборныя назоўнікі: апаратура, бярэзнік, вучнёўства, галлё, карэнне, лістота, моладзь, пер'е, птаства, радня, студэнцтва;
3) абстрактныя назоўнікі, якія абазначаюць дзеянні, якасці, уласцівасці, стан: бляск, бурленне, ветлівасць, глыбіня, дрымота, ініцыятыва, калектывізм, мараль, неабходнасць, непрыемнасць, радасць, смех, суседства, яскравасць і г. д.;
4) назоўнікі, якія абазначаюць грамадска-палітычныя вучэнні, формы дзяржаўнага ладу, мерапрыемствы і пад.: марксізм, сацыялізм, аўтаматызацыя і інш.;
5) назоўнікі, якія абазначаюць напрамкі свету: захад, поўдзень, поўнач, усход;
6) большасць уласных назваў: Іван, Вольга, Пятровіч, Мінск, Нёман, Няміга, Азія, Афрыка, Урал, Венера, Юпітэр.
Але ў пэўных сітуацыях ад некаторых адзіночналікавых назоўнікаў могуць утварацца формы множнага ліку. Некаторыя рэчыўныя назоўнікі ў форме множнага ліку абазначаюць від, гатунак: вада — воды (мінеральныя), раса — росы (вячэрнія), віно — віны (сухія, дэсертныя), гразь — гразі (лячэбныя), соль — солі (калійныя).
Форма множнага ліку некаторых абстрактных назоўнікаў абазначае канкрэтнае праяўленне пэўных якасцей, уласцівасцей або шматактнае дзеянне: непрыемнасць — многа непрыемнасцей у адзін дзень, радасць — радасці сустрэч, хуткасць — хуткасці, гонка — гонкі.
Адносіны адзіночнага і множнага ліку некаторых рэчыўных і абстрактных назоўнікаў адлюстроўваюць розніцу ў велічыні, масе, аб'ёме, прасторы, інтэнсіўнасці праяўлення: авёс — аўсы, пясок — пяскі пустыні, снег — снягі Поўначы, ячмень — ячмяні; боль — болі ў вобласці сэрца, шум — шумы. Прыклады з мастацкай літаратуры: Я бачу роўныя пакаты Палёў за Нёманам і іх шаты — Аўсоў палоскі, лавы жыта (Я. Колас); Над полем, дзе спелі жыта і пшаніцы. І мыліся ў росах аўсы, Прайшла, празваніла свой час навальніца На ўсе галасы (Я. Колас).
Формы множнага ліку ўласных імён ужываюцца для абазначэння розных асоб: у класе дзве Валі; у інстытуце працуюць дзве Івановы; браты Казловы; муж і жонка Пятровічы, сям'я Урбановічаў.
§ 130. Толькі формы множнага ліку маюць:
1) назоўнікі, якія абазначаюць прадметы, што складаюцца з дзвюх або больш аднолькавых частак: абцугі, акуляры, вароты, вусны, граблі, грудзі, дзверы, кляшчы, каралі, краты, кросны, куранты, лічыльнікі, лескі, лейцы, лёгкія, нажніцы, нары, насілкі, пласкагубцы, сані, шалі, шамкі, шлейкі і г. д., а таксама некаторыя іншыя прадметы: ночвы, сені, яслі;
2) назоўнікі, якія абазначаюць сукупнасць чаго-небудзь як мноства: аліменты, грошы, джунглі, мемуары, рэсурсы, субтропікі, тропікі, фінансы;
3) назоўнікі, якія абазначаюць сукупнасць асоб, грамадскія пласты: бацькі, людзі, кадры, нізы;
4) ад’ектыўныя назоўнікі, якія з’яўляюцца батанічнымі і заалагічнымі тэрмінамі: вязавыя, губацветныя, злакавыя, цытрусавыя; жвачныя; некаторыя сельскагаспадарчыя тэрміны: азімыя, яравыя.
5) рэчыўныя назоўнікі, якія абазначаюць аднародную масу: бялілы, дрожджы, духі, крупы; некаторыя віды ежы: біткі, зразы, мазгі, прысмакі, тэфтэлі; рэшткі чаго-небудзь: аб’едкі, апілкі, ачысткі, памыі; матэрыялы: абоі, дровы, лесаматэрыялы;
6) абстрактныя назоўнікі, якія абазначаюць дзеянні, працэсы, што адбываюцца працягла або выконваюцца многімі: выбары, заработкі, перавыбары, провады, роды; бытавыя абрады: дажынкі, імяніны, памінкі, радзіны; адрэзкі часу: канікулы, суткі; віды гульняў: жмуркі, хованкі, шахматы;
7) некаторыя ўласныя геаграфічныя і астранамічныя назвы: Альпы, Карпаты, Філіпіны, Баранавічы, Смалявічы, Навасёлкі, Бараўляны, сузор’е Плеяды.
Множналікавыя назоўнікі, якія абазначаюць прадметы, што можна лічыць (абцугі, дзверы, нажніцы, сені, штаны), а таксама некаторыя назоўнікі з часавым значэннем могуць мець супрацьпастаўленне адзінкавасць — множнасць, якое выражаецца сінтаксічна. Значэнне адзінкавасці перадаецца спалучэннямі тыпу адны абцугі, адны нажніцы, адны суткі, а значэнне множнасці (звычайна пры ўказанні колькасці да пяці) спалучэннямі са зборнымі лічэбнікамі (двое нажніц, чацвёра сутак) або з колькаснымі ці няпэўна-колькаснымі лічэбнікамі (дзесяць дзвярэй, дваццаць пяць сутак, некалькі насілак).
Састаўныя лічэбнікі, у склад якіх уваходзіць лічба два, тры, чатыры, з множналікавымі назоўнікамі не спалучаюцца. Няправільнымі з’яўляюцца як спалучэнні дваццаць тры суткі, так і дваццаць трое сутак. У такіх сітуацыях трэба выкарыстоўваць апісальныя канструкцыі: дваццаць тры дні і ночы; дваццаць тры пары нажніц.
§ 131. Ад множналікавых назоўнікаў трэба адрозніваць словы, якія ўжываюцца пераважна ў множным ліку, але маюць і форму адзіночнага ліку: блізняты, боты, буцы, гетры, ініцыялы, лыжы, панажы, поручні, туфлі, чаравікі і некаторыя іншыя.
§ 132. У творах мастацкай літаратуры і ў гутарковай мове адзначаецца ўжыванне форм тыпу бруссі, бярвенні, валоссі, зуб’і, каменні, калоссі, карэнні, коллі, крыллі, лісці, паводдзі, пер’і, праменні і некаторыя іншыя, якія па марфалагічнай структуры суадносяцца са зборнымі назоўнікамі бруссе, бярвенне, валоссе, зуб’е, каменне і г. д. і ўспрымаюцца як формы множнага ліку ад гэтых назоўнікаў: Яны выйшлі на пустыр, дзе нікога не было, і спыніліся каля яруса акуратна зложаных бярвенняў (Я. Колас); На пагорках і паўднёвых схілах пабялела жыта, пахілілася долу важкімі калоссямі (А. Асіпенка); І калоссі многазначна Хіляць, гнуць галовы (Я. Колас); Па краях папярэчных баразёнак валяліся вырытыя з карэннямі раслінкі (П. Беразняк); Гэты шэпт здаваўся яму ледзь прыкметным подыхам ветру па лісцях (З. Бядуля); Калі-нікалі апускаліся на паляну бусловыя пер’і (З. Бядуля).
У літаратурнай мове для абазначэння больш як аднаго прадмета ўжываецца форма множнага ліку: брусы, бярвёны, валасы, зубы, камяні, каласы, калы, карані, павады, палазы, пёры, прамяні. Для выражэння множнасці як адзінага цэлага — формы бруссе, валоссе, калоссе, лісце, колле і г. д.
§ 133. Сінтаксічным шляхам выражаецца супрацьпастаўленне адзінкавасць — множнасць у нескланяльных назоўніках: купілі новае паліто — купілі новыя паліто; вісіць паліто — вісяць паліто; наш аташэ — нашы аташэ.
§ 134. У беларускай мове ёсць дзве групы назоўнікаў з пачатковай часткай паў-. Першую групу складаюць словы тыпу паўмесяц, паўабарот, паўкруг, паўбутэлька, паўгоддзе. Яны маюць катэгорыю роду, ліку і склону. Да другой групы адносяцца словы, якія складаюцца з часткі паў- і роднага склону назоўніка: паўмесяца, паўабарота, паўкруга, паўгода, паўкіламетра, паўбутэлькі, паўдарогі, паўнеба. Па традыцыі гэтым словам у слоўніках даецца родавая характарыстыка: паўмесяца м., паўкруга м., паўгода м., паўдарогі ж., паўнеба н. і г. д. Асаблівасць гэтых слоў заключаецца ў тым, што яны не маюць фармальнага паказчыка множнасці і выступаюць часцей за ўсё толькі ў функцыі назоўнага і вінавальнага склонаў, г. зн. могуць быць у сказе дзейнікам або акалічнасцю меры: прайшло паўгода, на стале ляжала паўлімона, мы прайшлі паўкіламетра; яны пастаялі паўгадзіны, адпрацавалі паўзмены, хмары зацягнулі паўнеба. У гутарковай мове некаторыя з гэтых назоўнікаў могуць ужывацца і ў іншых ускосных склонах.
Для гэтых слоў характэрна і своеасаблівая спалучальнасць з прыметнікамі і дзеяслоўнымі формамі. Азначэнні пры такіх словах, выражаныя прыметнікам або займеннікам, стаяць у множным ліку: першыя паўгадзіны ён адпачываў; прайшлі цяжкія паўкіламетра; гэтыя паўрубля мяне не выручаць. Выказнік стаіць у адзіночным ліку (асабовая форма дзеяслова цяперашняга або будучага часу, форма прошлага часу ніякага роду або форма дзеепрыметніка ніякага роду), калі пры словах паўгода, паўгадзіны і падобных няма азначэння: пройдзе паўгода; засталося паўгадзіны да пачатку ўрока; пройдзена паўкіламетра; прачытана паўкнігі. Калі пры гэтых словах ёсць азначэнні, выказнік мае форму множнага ліку: першыя паўгода аказаліся не такімі лёгкімі; апошнія паўкіламетра пройдзены. Гэтыя словы вядуць сябе не як адно слова, а набліжаюцца да сінтаксічных спалучэнняў тыпу два, тры гады; дзве, тры гадзіны і г. д.
Катэгорыя склону
§ 135. Катэгорыя склону — гэта словазмяняльная катэгорыя назоўніка, якая паказвае на адносіны назоўніка да іншага слова ў словазлучэнні або сказе. У беларускай мове катэгорыя склону прадстаўлена шасцю радамі флексій у адзіночным ліку і шасцю радамі флексій у множным ліку.
Скланенне назоўнікаў
§ 136. Змяненне слова па склонах, а таксама клас слоў, аб’яднаных агульнасцю словазмянення, называецца скланеннем.
У залежнасці ад сістэмы флексій у адзіночным ліку кожнага асобнага назоўніка, а таксама граматычнага роду назоўнікі размяркоўваюцца па трох класах (скланеннях): першае, другое і трэцяе скланенні.
Парадак скланенняў не мае істотнага значэння, і таму ў розных лінгвістычных працах няма строга вызначанай паслядоўнасці.
Да першага скланення адносяцца:
1) назоўнікі мужчынскага роду з нулявым канчаткам у назоўным склоне адзіночнага ліку: дом, лес, поплаў, стол; рог, кажух, спісак; нож, чытач; агонь, каваль, край; Іван, Лукаш, Алесь, назоўнікі тыпу Паўло, Пятро, Дняпро, а таксама назоўнікі на -а з ацэначнымі суфіксамі -іск-а (-ыск-а), -ішч-а: агніска, вятрыска, даміска, галасішча, дамішча, халадзішча і пад.;
2) назоўнікі ніякага роду, якія ў назоўным склоне адзіночнага ліку заканчваюцца на -о(-ё), -а, -е: акно, вядро, галлё, жыццё; мора, рэчышча, сена, насенне, поле, шчасце, а таксама 5 назоўнікаў на -мя: бярэмя, вымя, полымя, семя, цемя.
Да другога скланення адносяцца назоўнікі жаночага роду з канчаткам -а (-я) у назоўным склоне адзіночнага ліку: галава, дача, нага, рэчка, сцяна, шаша; зямля, сесія.
Да трэцяга скланення адносяцца назоўнікі жаночага роду з нулявым канчаткам і асновай на цвёрды, зацвярдзелы або мяккі зычны: верф, кроў, свякроў; даль, нацыянальнасць, радасць, соль; ноч, туш.
§ 137. Некаторымі асаблівасцямі пры скланенні ў адзіночным ліку вызначаюцца асабовыя назоўнікі мужчынскага роду на -а (-я): бацька, мужчына, прамоўца, старшыня і пад. і назоўнікі агульнага роду: задавака, плакса, ціхоня.
Вылучаюцца сваімі асаблівасцямі ў множным ліку назоўнікі мужчынскага роду з суфіксам -анін (-янін): віцяблянін, мінчанін; назоўнікі сусед, чорт, а таксама назоўнікі ніякага роду вока, вуха, калена, неба.
Невялікая частка назоўнікаў у сувязі з асаблівасцямі некаторых склонавых форм не ўключаецца ні ў адзін з тыпаў скланення. Гэта так званыя рознаскланяльныя назоўнікі ніякага роду, што называюць маладых істот тыпу ваўчаня(ё), кураня(ё), цяля(ё), свінчо (разм.), а таксама назоўнікі дзіця, немаўля, хлапчаня(ё), дзяўчо, 3 назоўнікі на -мя: імя, племя, стрэмя і назоўнік маці.
Асобную групу складаюць назоўнікі, зыходныя формы якіх падобныя на прыналежныя прыметнікі: кабельтаў, швартоў; Іваноў, Раманаў, Фамін; Грышына, Собалева.
Па ад'ектыўнаму скланенню змяняюцца субстантываваныя прыметнікі (ляснічы, хворы; прыёмная, сталовая; марожанае, насякомае; зернавыя).
§ 138. Так званае нулявое скланенне ўтвараюць нязменныя назоўнікі. Сюды адносяцца:
1) значная колькасць назоўнікаў іншамоўнага паходжання, якія заканчваюцца на галосны (таксама ўласныя геаграфічныя назвы, імёны і прозвішчы): дэндзі, пані, парцье, аташэ, дэпо, паліто, какаду, кенгуру, Сочы, Чылі, Дадэ;
2) іншамоўныя назоўнікі жаночага роду з асновай на зычны (у тым ліку імёны і прозвішчы): мадам, міс, місіс, Элен, Зэгерс;
3) жаночыя прозвішчы, якія ўтварыліся ад агульных назоўнікаў ніякага роду (Шыла, Сукала) або ад назоўнікаў, род якіх выразна не выступае (Бандарэнка, Бірыла, Валошанка, Глебка), а таксама жаночыя прозвішчы, якія заканчваюцца на зычны (Лаўрэль, Лобач, Лявончык, Рамановіч, Шыцік);
4) уласна беларускія і іншамоўныя прозвішчы асоб мужчынскага і жаночага полу на націскное -о: Вітко, Гурло, Крамко, Ралько; Гуно, Дзюкло;
5) прозвішчы на -ых (-іх): Баранавых, Мялкіх, Сядых;
6) словы, якія складаюцца з часткі паў- і роднага склону адзіночнага ліку назоўніка: паўбутэлькі, паўвярсты, паўгода, паўкіламетра, паўлімона, паўнеба, паўяблыка, паў-Мінска;
7) абрэвіятуры:
а) якія ўтвораны шляхам спалучэння пачатковай часткі аднаго назоўніка з формай ускоснага склону другога: кампалка, камроты;
б) якія складаюцца з пачатковай часткі слова і з пачатковых гукаў і канчаюцца на галосны: аблана, гарана, раяна, райфа;
в) «ініцыяльныя» літарныя: БССР [бэ-эс-эс-эр], ВЛКСМ [вэ-эл-ка-эс-эм], АТК [а-тэ-ка] — аддзел тэхнічнага кантролю, МТЗ [эм-тэ-зэ] — Мінскі трактарны завод, ЦКБ [цэ-ка-бэ] — цэнтральнае канструктарскае бюро, СКБ [эс-ка-бэ] — спецыяльнае канструктарскае бюро, СП [эс-пэ] — Саюз пісьменнікаў, АТС [а-тэ-эс] — аўтаматычная тэлефонная станцыя, БДУ [бэ-дэ-у] — Беларускі дзяржаўны універсітэт, БВА [бэ-вэ-а] — Беларуская ваенная акруга, БПІ [бэ-пэ-і] — Беларускі політэхнічны інстытут, ЦДСА [цэ-дэ-са] — Цэнтральны Дом Савецкай Арміі.
г) «ініцыяльныя» гукавыя, якія заканчваюцца на галосны: ДАІ [даі] — дзяржаўная аўтамабільная інспекцыя, АСУ [асу] — аўтаматычная справачная ўстаноўка, БелСЭ [белсэ] — Беларуская Савецкая Энцыклапедыя, ФІФА [фіфа́] — Міжнародная федэрацыя футбола, Federation Internationale de Football Association, FIFA.
д) «ініцыяльныя» гукавыя, якія ўтвараюць склад, заканчваюцца на зычны і адносяцца да жаночага роду: ГЭС [гэс] — гідраэлектрычная станцыя, ААН [аан] — Арганізацыя Аб’яднаных Нацый.
Заўвага 1. Некаторыя «ініцыяльныя» гукавыя абрэвіятуры з апорным назоўнікам жаночага роду могуць скланяцца: БАМ — Паехаў працаваць на БАМ; Працаваў на будаўніцтве БАМа; Будаўніцтва на БАМе вялося апераджальнымі тэмпамі; ВАК (Вышэйшая атэстацыйная камісія) — Адбылося пасяджэнне ВАКа; ВАКам было зацверджана некалькі дысертацый; ЖЭК — Спраўку аб складзе сям’і можна атрымаць у ЖЭКу. Такія абрэвіятуры скланяюцца, як назоўнікі мужчынскага роду з чыстай асновай.
Заўвага 2. Рэгулярна скланяюцца гукавыя абрэвіятуры, якія пішуцца малымі літарамі: загс — загса, загсу, загсам, у загсе; дот — дота, доту, дотам, у доце; дзот — дзота, дзоту, дзотам, у дзоце; нэп — нэпа, нэпу, нэпам, аб нэпе, а таксама «ініцыяльныя» гукавыя, якія шырока ўжываюцца ў гутарковай мове: ЦУМ — ЦУМа, ЦУМу, ЦУМам, у ЦУМе; МАЗ — МАЗа, МАЗу, МАЗам, на МАЗе.
§ 139. Пры скланенні назоўнікі адрозніваюцца канчаткамі толькі ў адзіночным ліку. У множным ліку назоўнікі маюць агульную сістэму склонавых канчаткаў. І толькі ў родным і творным склонах у частцы назоўнікаў назіраюцца адрозненні, якія залежаць ад граматычнага роду назоўніка і тыпу асновы.
