Артефакт.lib.ru
Сайт Андрея Пискунова Хостинг Lib.Ru

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел

Словазлучэнне з дзеясловам

§§ 1–14

Словазлучэнне

Агульная характарыстыка

§ 1. Словазлучэнне — гэта свабоднае сэнсавае і фармальнае аб’яднанне двух (або болей) паўназначных слоў, звязаных падпарадкавальнымі адносінамі. Адно са слоў з’яўляецца граматычна вядучым, гэта галоўны кампанент словазлучэння, другое — кампанент залежны.

У адпаведнасці з колькасцю знамянальных часцін мовы, здольных выконваць ролю галоўнага кампанента, у беларускай мове вылучаецца шэсць тыпаў словазлучэнняў: дзеяслоўныя, назоўнікавыя, прыметнікавыя, займеннікавыя, лічэбнікавыя і прыслоўныя. Кожны тып у сваю чаргу падзяляецца на некалькі разрадаў на падставе прыналежнасці залежнага кампанента да пэўнай часціны мовы.

Фармальна-граматычныя асаблівасці залежнага кампанента, а таксама асаблівасці сродкаў выражэння падпарадкавання дазваляюць у межах разрада вылучыць шэраг груп, кожная з якіх можа быць ахарактарызавана паводле:

а) фармальна-граматычнай будовы словазлучэння (склон, лік, род залежнага слова, наяўнасць таго ці іншага прыназоўніка і г. д.);

б) агульнага граматычнага значэння (словазлучэнні суб’ектныя, аб’ектныя, акалічнасныя, азначальныя, колькасныя, а таксама камбінаванага значэння);

в) тыпу сувязі паміж кампанентамі (дапасаванне, кіраванне, прымыканне);

г) парадку слоў (прэпазіцыя ці постпазіцыя залежнага кампанента)1;

д) наяўнасці тыповай сінанімікі.

У залежнасці ад колькасці кампанентаў (паўназначных слоў) словазлучэнні падзяляюцца на простыя (двухслоўныя) і складаныя (больш двух паўназначных слоў).

Асобнае месца займаюць метамоўныя словазлучэнні, г. зн. канструкцыі, кампаненты якіх суадносяцца як моўныя і метамоўныя знакі (словаформа «ідзеш», надпіс «Не курыць»).

1 Пры характарыстыцы словазлучэнняў адзначаецца тыповы, стылістычна нейтральны («прамы») парадак слоў, які ў канкрэтных прыкладах можа відазмяняцца.

I тып. Словазлучэнні з дзеясловам у ролі галоўнага кампанента

§ 2. Словазлучэнні з дзеясловам у ролі галоўнага кампанента з’яўляюцца самым шматлікім, разнастайным і складаным тыпам словазлучэнняў у сучаснай беларускай мове. Гэта абумоўлена шырокай спалучальнасцю і разнастайнасцю семантыка-сінтаксічных значэнняў самога дзеяслова, які з’яўляецца граматычным і семантычным ядром сказа і ўступае ў падпарадкавальныя сувязі амаль з усімі даданымі членамі сказа. Выключэнне практычна складае толькі азначэнне.

Простыя словазлучэнні

§ 3. Простыя дзеяслоўныя словазлучэнні падзяляюцца на 7 разрадаў.

Разрад 1. Словазлучэнні дзеясловаў з назоўнікамі

§ 4. Першы разрад простых дзеяслоўных словазлучэнняў падзяляецца на 9 груп.

Група 1. Дзеяслоў + назоўнік у родным склоне

§ 5. Словазлучэнні гэтай групы перадаюць пераважна аб’ектныя значэнні з рознымі адценнямі.

Словазлучэнні са значэннем жадання, дасягнення аб’екта: Юрка падняў на Варыводу вочы і чакаў адказу (Я. Колас); Людзі сена сушаць, косяць ды пагоды ў неба просяць (К. Крапіва); Неадкладна дабіцца ўключэння Байсака ў партызанскае злучэнне і там дзейнічаць у залежнасці ад сітуацыі (М. Лынькоў); Ну, жадаю ўдачы (В. Быкаў); Волі захацелі? Якой волі? (Я. Колас).

Словазлучэнні гэтай падгрупы абмежаваны як з боку галоўнага, так і з боку залежнага кампанента. Галоўным кампанентам тут выступаюць дзеясловы са значэннем жадання, імкнення, дасягнення, дачынення, якія абумоўліваюць семантыку залежнага кампанента — назоўніка з адцягненым значэннем.

У словазлучэннях з дзеясловамі шукаць, чакаць, патрабаваць, вымагаць залежныя назоўнікі могуць ужывацца ў формах роднага і вінавальнага склонаў. Назоўнікі з адцягненым значэннем звычайна выступаюць у форме роднага склону, а назоўнікі з канкрэтным значэннем — у форме вінавальнага, параўн.: патрабаваць увагі — патрабаваць кнігу; чакаць надыходу — чакаць даведку і г. д.

Часам дапускаецца ўжыванне пры дзеясловах шукаць, чакаць назоўнікаў з канкрэтным значэннем у форме роднага склону: шукаць нажа, чакаць аўтобуса. Ва ўжыванні форм роднага і вінавальнага склонаў пры гэтых дзеясловах набывае граматычную рэлевантнасць лексіка-граматычная катэгорыя пэўнасці — няпэўнасці. Назоўнікі са значэннем пэўнасці (пэўны нож, канкрэтны аўтобус) ужываюцца пры дзеясловах шукаць, чакаць і падобных пераважна ў форме вінавальнага склону: шукаць (свой) нож, чакаць (35-ы) аўтобус, назоўнікі са значэннем няпэўнасці — у форме роднага склону: шукаць нажа (якога-небудзь, любога), чакаць аўтобуса (без удакладнення).

Уласныя назвы асоб пры гэтых дзеясловах ужываюцца толькі ў форме вінавальнага склону (чакай Веру, шукай Сашу).

Наступную падгрупу складаюць словазлучэнні са значэннем унікнення, пазбаўлення аб’екта: Сталася неяк так, што яна [Аўгіня] ухілялася гутарак аб Мартыну Рылю; Дужа баялася яна [Аўгіня] Васіля, асабліва калі ўваходзіў ён у злосць (Я. Колас); Іван наогул стараніўся вясковых хлопцаў, у вёску хадзіў калі ў святы на вечарынкі, а так жыў дзікавата... (В. Быкаў); Павел нясмела наблізіўся да хлопцаў, усё яшчэ баючыся кпінаў і насмешак (І. Шамякін).

Колькасць дзеясловаў, якія ўваходзяць у такія словазлучэнні, абмежаваная: баяцца, унікаць, цурацца, пазбаўляцца, пужацца, палохацца, асцерагацца, сцерагчыся, саромецца і пад.

Словазлучэнні са значэннем частковага ўздзеяння на аб’ект: Ён [чмель] сабраў для дзетак мёду залатога, хлеба маладога (А. Куляшоў). Галоўным словам у гэтых словазлучэннях звычайна выступаюць дзеясловы закончанага трывання (асабліва часта з прыстаўкамі на-, у-, вы-, з-, за-, пры-, па-, ад-, пад-, пера- і інш.), а залежным — рэчыўныя, зборныя і некаторыя абстрактныя назоўнікі, якія паддаюцца частковаму ўздзеянню: насыпаць мукі, прынесці вады, выпіць малака, нагрэбсці лісця, набыць ведаў і інш.

У якасці галоўнага кампанента часам выступаюць і дзеясловы незакончанага трывання, якія выражаюць значэнне непаўнаты дзеяння: наліваць малака, раздабываць насення, набіраць сілы і пад.

Словазлучэнні са значэннем максімальнага ўздзеяння на аб’ект: «Хоць сам для сябе начытаўся разумных брашурак, і гэта, брат, добра», — гаварыў ён (Я. Брыль); Каб жа ты не лёг задарам, прывялі ветэрынара і дазналі мы прычыну — пераеў ты канюшыны (П. Броўка). Ролю галоўнага слова ў гэтых словазлучэннях выконваюць ускосна-пераходныя дзеясловы закончанага трывання з афіксам -цца (-ся) і прыстаўкамі на-, аб-, часам пера- (без афікса -цца (-ся)): нанюхацца дыму, аб’есціся ягад, пераесці грыбоў.

Словазлучэнні са значэннем часовага карыстання аб’ектам: Зайшоў папрасіць вілак сена скідаць (Сельская газета, 1982). Гэтыя словазлучэнні лексічна абмежаваны з боку галоўнага слова, у якасці якога выступаюць адзінкавыя дзеясловы: узяць, папрасіць, пазычыць і пад.

Асобную групу сярод словазлучэнняў «дзеяслоў + назоўнік у родным склоне», якія выражаюць аб’ектныя адносіны, складаюць шматлікія словазлучэнні з адмоўем не. Такія словазлучэнні маюць значэнне адмаўлення ўздзеяння на аб’ект або пэўнага працэсу ці стану: Месцамі на сцежцы зямля патрэскалася — даўно не было дажджу (І. Навуменка); Ні старому, ні малому не спускае жартаў (Я. Купала); Лапко нічым не выказваў свайго хвалявання, можа толькі бровы яго трохі ніжэй спусціліся над вачыма (Я. Колас); Гэтай акалічнасці Васіль не ўлічыў, і праграма гутаркі, зложаная ў дарозе, такім чынам парушалася (Я. Колас); Вельмі ж не любяць гэтых сабачак нашы паляўнічыя (В. Вольскі). Гэтыя канструкцыі суадносныя са словазлучэннямі без адмоўя не, у якіх залежнае слова выражаецца назоўнікам у вінавальным склоне, напрыклад: прасіць аловак — не прасіць алоўка, сустрэць сястру — не сустрэць сястры, патрабаваць кнігу — не патрабаваць кнігі і г. д. Параўн.: Людзі елі траву, таўклі кару з дрэў, церлі мякіну; У іх на хутары таксама было не густа, але травы не елі... (В. Быкаў).

Часам у словазлучэннях з адмоўем не ўжываецца назоўнік у вінавальным склоне. Гэта пераважна словазлучэнні, у якіх залежны назоўнік называе асобу або прадмет, для якога немагчыма пашырэнне дзеяння толькі на нейкую частку: Але Фішар не вельмі спяшаўся, ён так паглыбіўся ў свой занятак, што не бачыў і старшыну, забыўся, відаць, куды і навошта ішоў, толькі нешта варушыў сабе вуснамі (В. Быкаў); Траншэю ён вырашыў не капаць (В. Быкаў).

Галоўнае і залежнае словы словазлучэнняў «дзеяслоў + назоўнік у родным склоне» з аб’ектнымі адносінамі звязаны адносінамі моцнага кіравання. Парадак членаў у большасці выпадкаў — постпазіцыя залежнага члена. Аднак даволі часта сустракаюцца выпадкі яго прэпазіцыі, сустракаецца чаргаванне постпазіцыі і прэпазіцыі залежнага члена ў сказах з аднароднымі членамі з мэтай большай выразнасці апісання: Трэба было прыгатаваць корму свінням нанач, хлеб расчыніць на заўтра, прынесці вады, дроў накласці ў печ і згатаваць вячэру (Я. Колас).

Словазлучэнні «дзеяслоў + назоўнік у родным склоне» з аб’ектнымі адносінамі могуць мець сінонімамі канструкцыі:

з назоўнікамі ў вінавальным склоне без прыназоўніка: шукаць нажа — шукаць нож, чакаць аўтобуса — чакаць аўтобус;

з назоўнікамі ў родным склоне з прыназоўнікам да: дачакацца раніцы — дачакацца да раніцы;

з назоўнікамі ў родным склоне з прыназоўнікам ад: берагчыся прастуды — берагчыся ад прастуды;

з назоўнікамі ў месным склоне з прыназоўнікам аб: прасіць дапамогі — прасіць аб дапамозе;

з назоўнікамі ў вінавальным склоне без прыназоўніка (з адмоўем не): не заўважыць старшыні — не заўважыць старшыню, не капаць катлавана — не капаць катлаван.

Група 2. Дзеяслоў + назоўнік у давальным склоне

§ 6. Гэтыя словазлучэнні выражаюць аб’ектныя адносіны з некалькімі адценнямі, абумоўленымі семантыкай галоўнага і залежнага слоў: З назвы, якую нашы продкі далі гэтаму краю, відаць, што асноўнае, найбольш характэрнае для яго — лес (В. Вольскі); Пан з Канева не даруе хараству тваёму, як не ўмее дараваці ён нідзе нікому (Я. Купала); Ставіў жа ён [Васіль] Аўгіню перад тым ці іншым канкрэтным выпадкам як перад фактам, які не падлягае ніякаму абмеркаванню (Я. Колас).

У залежнасці ад непасрэднай або ўскоснай накіраванасці дзеяслоўнага дзеяння гэтыя словазлучэнні выражаюць:

уласна аб’ектнае значэнне: Былі гэта ўсё лесавыя падарункі, якія заўсёды прыносіў Астап сваёй малой Надзейцы (М. Лынькоў); Пасля старанна прытрусіў хрусткім быльнягом бруствер, аддаў лапату Глечыку... (В. Быкаў);

ускосна аб’ектнае значэнне: І яму здавалася, што ён лашчыць усё тую ж малую сваю Надзейку, якая так радавалася калісьці кожнай шапцы суніц, берасцянаму кошыку, качаняці, жывой вавёрцы... (М. Лынькоў).

Параўнальна невялікая частка словазлучэнняў гэтай групы выражае дапаўняльныя адносіны: Але аб замоўчванні тут гаварыць не прыходзіцца: па-першае, замазванне розных недахопаў супярэчыла прынцыпам самакрытыкі (Я. Колас).

Ужыванне дзеяслова прыпадабняцца з назоўнікамі ў давальным склоне не з’яўляецца літаратурнай нормай. З двух варыянтаў прыпадабняцца каму-, чаму-н. — прыпадабняцца да каго-, чаго-н. літаратурнай норме адпавядае апошні.

Словазлучэнні тыпу гнуцца долу, схіляцца долу, апускацца долу з’яўляюцца ўстарэлымі. Ім адпавядаюць па значэнню канструкцыі з прыназоўнікамі да, к, якія адпавядаюць норме сучаснай беларускай мовы: гнуцца да (к) долу, схіляцца да (к) долу, апускацца да (к) долу.

Не ўласцівымі сучаснай беларускай мове з’яўляюцца і словазлучэнні тыпу (час) ідзе каму-н. (хутка), (сэрца) б’ецца каму-н., якія часам ужываюцца замест нарматыўных (час) ідзе ў (для) каго-н. (хутка), (сэрца) б’ецца ў каго-н.

У адрозненне ад устойлівага словазлучэння галава баліць каму-н. са значэннем ’хто-н. клапоціцца, непакоіцца аб чым-н.’ свабоднае словазлучэнне (галава) баліць каму-н. не адпавядае норме сучаснай беларускай мовы. Замест яго ўжываецца словазлучэнне з прыназоўнікам у: (галава) баліць у каго-н.

Сувязь паміж кампанентамі словазлучэнняў «дзеяслоў + назоўнік у давальным склоне» ва ўсіх выпадках — кіраванне. Парадак слоў — постпазіцыя залежнага кампанента.

Словазлучэнні з уласна аб’ектнымі адносінамі могуць мець сінонімамі канструкцыі з прыназоўнікам для: прынесці сыну — прынесці для сына; купіць дачцэ — купіць для дачкі.

Словазлучэнні з ускосна аб’ектнымі адносінамі таксама могуць мець сінонімамі прыназоўнікавыя канструкцыі: падыходзіць пакупніку — падыходзіць для пакупніка; паддавацца ўпрошванням — паддавацца на ўпрошванні; верыць абяцанням — верыць у абяцанні.

Група 3. Дзеяслоў + назоўнік у вінавальным склоне

§ 7. Большая частка гэтых словазлучэнняў выражае аб’ектныя адносіны з адценнямі канкрэтна-фізічнага і адцягненага (не канкрэтна-фізічнага) уздзеяння на аб’ект: Астап гладзіў шурпатымі далонямі яе [Надзейкі] рукі, плечы, прытуліў да грудзей яе галаву (М. Лынькоў); Да змяркання ён выкапаў глыбокі, у свой рост, акопчык, прыладзіў на дне прыступак (В. Быкаў); Букрэй катэгарычна асуджаў грабежніцтва, дзе б яно ні было, і асабліва на вайне (Я. Колас).

Словазлучэнні з уласна аб’ектнымі адносінамі заснаваны на сувязі моцнага кіравання паміж галоўным і залежным словамі. Фармальнай прыметай гэтых канструкцый з’яўляецца магчымасць іх трансфармацыі ў сінанімічныя пасіўныя, напрыклад: шыюць сукенку — сукенка шыецца (кім-н.); пілуюць дрэва — дрэва пілуецца (кім-н.); ловяць рыбу — рыба ловіцца (кім-н.); абагульняюць факты — факты абагульняюцца (кім-н.); умацоўваюць сувязі — сувязі ўмацоўваюцца (кім-н.).

У словазлучэннях з аб’ектна-прасторавым адценнем пасіўная трансфармацыя з’яўляецца патэнцыяльна магчымай, аднак пасіўныя канструкцыі гэтага тыпу ў сучаснай беларускай мове непрадуктыўныя: пераскокваюць ручэй — ручэй пераскокваецца (кім-н.); пераступаюць парог — парог пераступаецца (кім-н.); пераплываюць рэчку — рэчка пераплываецца (кім-н.).

Прамы парадак слоў у словазлучэннях з аб’ектнымі адносінамі — постпазіцыя залежнага кампанента.

Гэтыя словазлучэнні могуць мець сінонімамі словазлучэнні:

з назоўнікамі ў творным склоне з прыназоўнікам за: назіраць хворага — назіраць за хворым;

з назоўнікамі ў вінавальным склоне з прыназоўнікам праз (цераз): пераскочыць ручэй — пераскочыць праз (цераз) ручэй, перабегчы дарогу — перабегчы праз (цераз) дарогу;

з назоўнікамі ў месным склоне з прыназоўнікам у: збавіць вагу — збавіць у вазе;

з назоўнікамі ў месным склоне з прыназоўнікам аб: расказаць здарэнне — расказаць аб здарэнні, успомніць сястру — успомніць аб сястры;

з назоўнікамі ў вінавальным склоне з прыназоўнікам пра: расказаць здарэнне — расказаць пра здарэнне, успомніць сястру — успомніць пра сястру.

У выніку частковага несупадзення катэгорыі адушаўлёнасці — неадушаўлёнасці з паняццямі жывога і нежывога наглядаецца варыятыўнасць ва ўжыванні некаторых словазлучэнняў з назоўнікамі ў вінавальным і родным склонах: вывучаць мікробы — вывучаць мікробаў; іграць казачок — іграць казачка.

У размоўным стылі, а пад яго ўплывам і ў творах мастацкай літаратуры сустракаюцца выпадкі ўжывання пры прама-пераходных дзеясловах адушаўлёных назоўнікаў множнага ліку ў форме вінавальнага склону, якая ўласціва неадушаўлёным назоўнікам: пасці каровы, сцерагчы авечкі, даглядаць цяляты, пільнаваць коні і пад.

Некаторая частка словазлучэнняў з назоўнікамі ў вінавальным склоне выражае колькасныя адносіны з двума асноўнымі адценнямі:

колькасна-часавым: Ой, няшчасна Бандароўна, адпачні часіну (Я. Купала); За зламаную касу Яшка працаваў у іх лішні тыдзень... (В. Быкаў);

колькасна-прасторавым: Палавіну разоры ён прасунуўся (Я. Колас); Ганна прайшла ўсю вуліцу (К. Чорны).

Для ўдакладнення і канкрэтызацыі часу, прасторы або колькасці пры назоўніках ужываюцца азначальныя або ўказальныя займеннікі, адносныя прыметнікі, парадкавыя лічэбнікі, якія даволі часта складаюць з назоўнікам структурна непадзельнае спалучэнне: Стаялі яны тут ужо доўгі час (Я. Колас); Алеся і гэту зіму засталася дома (Я. Колас); Год назад у гэты ж час прыйшлі немцы (І. Навуменка); Нарэшце пісьмо прыйшло: як выявілася, нейкія сто кіламетраў яно ішло пяць дзён (І. Шамянін).

Словазлучэнні з колькаснымі адносінамі заснаваны на сувязі прымыкання.

Група 4. Дзеяслоў + назоўнік у творным склоне

§ 8. Словазлучэнні гэтай групы шырока прадстаўлены ў сучаснай мове і перадаюць разнастайныя семантыка-сінтаксічныя значэнні.

Значная частка гэтых словазлучэнняў выражае аб’ектнае значэнне са шматлікімі адценнямі, звязанымі з семантыкай галоўнага і залежнага слоў: Станцыя напоўнілася людзьмі (К. Чорны); Сумны восеньскі адвячорак поўніўся шэрасцю фарбаў, надакучлівай сцюдзёнай золлю і ўсеабдымнай трывогай навіслай над краем бяды (В. Быкаў); Стракочуць арыфмометрамі, ляскаюць костачкамі лічыльнікаў, падрахоўваючы не толькі рублі, а і капейкі (І. Навуменка); І ад кожнага слова шчымела сэрца, вярэдзіла душу чорным сумам (М. Лынькоў); А кабан ад яго [дзеда Талаша] — крокаў сорак-пяцьдзесят і так захапіўся работаю, што нічога не бачыць і не чуе... (Я. Колас).

Словазлучэнні з аб’ектнымі адносінамі заснаваны на сувязі кіравання. Прамы парадак слоў — постпазіцыя залежнага кампанента.

Частка словазлучэнняў гэтай групы сінанімічна канструкцыям:

з назоўнікамі ў вінавальным склоне з прыназоўнікам на: дзівіцца красой — дзівіцца на красу, хварэць грыпам — хварэць на грып;

з назоўнікамі ў вінавальным склоне з прыназоўнікам за: радавацца працай — радавацца за працу; лічыць паказчыкам — лічыць за паказчык; выбраць кіраўніком — выбраць за кіраўніка;

з назоўнікамі ў месным склоне з прыназоўнікам па: вылучацца знешнасцю — вылучацца па знешнасці.

Словазлучэнні, у якіх залежны назоўнік абазначае вытворцу дзеяння, дапускаюць трансфармацыю ў актыўныя канструкцыі: (кніга) чытаецца моладдзю — (кнігу) чытае моладзь, (сонца) закрылася хмарамі — (сонца) закрылі хмары. Гэта ўласціва таксама і словазлучэнням, якія ўжываюцца ў складзе безасабовых сказаў: (З ракі) павеяла ветрам — (З ракі) павеяў вецер.

Акрамя аб’ектных адносін словазлучэнні «дзеяслоў + назоўнік у творным склоне» выражаюць:

азначальна-акалічнасныя адносіны: І раптам, падкраўшыся зусім блізка, маланкаю кідаецца на вепра і хватае яго за чэрава знізу і з такою ж быстрынёю адскаквае ад яго (Я. Колас); Хвалі кругамі пайшлі па рацэ (П. Глебка); Дым ад папярос слупом стаяў над іх галовамі (П. Броўка);

часавыя адносіны: Так разважаў вечарамі Андрэй, пыхкаючы люлькай (Я. Колас); Не надта зімой карова ўзрадуецца (І. Навуменка); На пушчанскім аэрадроме начамі садзіліся чырвоназорныя самалёты (Я. Брыль);

прасторавыя адносіны: Ідзе ён ляснымі нетрамі, цёмнымі пушчамі, ідзе з акрэсленаю мэтаю (Я. Колас); Месцамі на сцежцы зямля патрэскалася — даўно не было дажджу (І. Навуменка); Яны ішлі куставою дарогаю (К. Чорны).

Словазлучэнні з азначальна-акалічнаснымі, часавымі і прасторавымі адносінамі заснаваны на сувязі прымыкання. Парадак слоў у гэтых словазлучэннях не замацаваны, аднак пераважае постпазіцыя залежнага члена.

У якасці сінонімаў да названых словазлучэнняў могуць ужывацца канструкцыі:

з назоўнікамі ў творным склоне з прыназоўнікам з: сустракаць песняй — сустракаць з песняй;

з параўнальнымі зваротамі са злучнікам як: журчаць ручайком — журчаць, як ручаёк;

з часавымі прыслоўямі: прыехаць летам — прыехаць улетку;

з назоўнікамі ў месным склоне з прыназоўнікам на: прачнуцца досвіткам — прачнуцца на досвітку;

з назоўнікамі ў месным склоне з прыназоўнікам па: чытаць вечарамі — чытаць па вечарах, ісці лесам — ісці па лесе;

з назоўнікамі ў вінавальным склоне з прыназоўнікамі праз, цераз: ісці лесам — ісці праз (цераз) лес.

Словазлучэнні з дзеясловамі зваць, звацца і ўласнымі імёнамі могуць мець сінонімы з імёнамі ў форме назоўнага (замест творнага) склону: зваць Марынай — зваць Марына.

Такія сінонімы могуць утварацца і ў тых выпадках, калі залежны назоўнік з’яўляецца навуковым тэрмінам. Пры гэтым ён заключаецца ў двукоссе: называецца прыстаўкай — называецца «прыстаўка».

Група 5. Дзеяслоў + прыназоўнік + назоўнік у родным склоне

§ 9. Прыназоўнікавыя словазлучэнні дзеясловаў з назоўнікамі, у тым ліку і з назоўнікамі ў родным склоне, значна больш шматлікія і больш разнастайныя па семантыка-сінтаксічных значэннях у параўнанні з беспрыназоўнікавымі канструкцыямі. Гэта ў значнай ступені абумоўлена тым, што яны ўключаюць у сябе шырокі круг разнастайных па значэнню прыназоўнікаў.

Словазлучэнні гэтай групы выражаюць розныя семантыка-сінтаксічныя значэнні.

Прасторавыя: І бачыць дзед Талаш — вялізны дзікі кабан выходзіць з ляснога гушчару і брыдзе па чэрава ў снезе, не зважаючы на дзеда (Я. Колас); Ён то адставаў на некаторы момант ад калоны, то заходзіў наперад ці збочваў, каб адысціся ад шуму, тупату ног, прыпыняўся і чуткім вухам лавіў галасы зімняй ночы і падазроны шолах лесу (Я. Колас); Міця дайшоў да месца, дзе з палявога ўзмежка трэба было збочваць у кусты (І. Навуменка); За гэтым заняткам і ўбачыў яго Карпенка, які, прыпыніўшы працу, выйшаў з-за старожкі (В. Быкаў).

Словазлучэнні з гэтым значэннем вельмі шматлікія і шырокаўжывальныя ў сучаснай беларускай мове. У іх склад уваходзяць прыназоўнікі з, ад, да, з-за, з-пад, вакол, паміж (між), каля (ля), сярод (пасярод), пасярэдзіне, збоку, узбоч, уздоўж (удоўж), усцяж, паверх, паблізу (побліз), воддаль, абапал (паабапал, наабапал), вакол (навокал, навакола, наўкола), супраць, насустрач (насустрэчу), у напрамку, у кірунку, у бок.

Значную частку гэтых словазлучэнняў складаюць такія, у якіх залежны назоўнік з прыназоўнікам абумоўлены марфалагічнай структурай дзеяслова — наяўнасцю ў яго складзе пэўных прыставак. Прыназоўнік у гэтых словазлучэннях дубліруе дзеяслоўную прыстаўку па гучанню і па значэнню або толькі па значэнню, напрыклад: з’ехаць з узгорка, адысці ад рэчкі, даехаць да вёскі, выйсці з хаты і пад. У гэтых словазлучэннях дзеясловы з пэўнымі прыстаўкамі заўсёды патрабуюць залежнай формы роднага склону з адпаведным прыназоўнікам:

з- — з (з’ехаць з горкі, злезці з вышкі);

ад- — ад (адысці ад возера, ад’ехаць ад поля);

да- — да (даехаць да прыпынку, дайсці да лесу);

вы- — з (выйсці з хаты, выехаць з двара);

пад- — да (падысці да дома, падбегчы да прыпынку);

на- — да (наблізіцца да рэчкі);

вы- — з-за (выехаць з-за павароту);

а-, аб- — вакол (абысці вакол дома, аб’ехаць вакол поля).

Аб’ектныя: Пракоп зноў прачышчае нос, праводзіць рукою па вусах — рыхтуецца да гутаркі з Чыкілевічам (Я. Колас); Хто галубку убароніць, ўсцеражэ ад згубы, як няўбачна пападзецца ў каршуновы дзюбы (Я. Купала); Думай думкі, што чыніці ў бядзе паганай, калі панскія служакі прывядуць да пана (Я. Купала).

Словазлучэнні з аб’ектнымі значэннямі значна менш ужывальныя ў параўнанні з прасторавымі. Да іх адносяцца ў асноўным такія, у якіх залежная форма роднага склону з прыназоўнікам абумоўлена не марфалагічнай структурай дзеяслова, звычайна беспрыставачнага, а яго семантыка-сінтаксічнымі ўласцівасцямі, хоць сустракаюцца і словазлучэнні з марфалагічна абумоўленай залежнай часткай: рыхтавацца да свята, пазбаўляць ад небяспекі, прытуліць да грудзей, адмовіцца ад запрашэння, адрознівацца ад сяброў і пад.

Даволі значную частку гэтых словазлучэнняў складаюць канструкцыі, у якіх аб’ектнае значэнне ўскладнена дадатковымі адценнямі. Пры пераходных дзеясловах назоўнікі ў родным склоне заўсёды з’яўляюцца тут другой залежнай формай: паліваць (градкі) з лейкі, паіць (каня) з вядра, абрываць (яблыкі) з дрэў, пачынаць (працу) з азнаямлення.

Часавыя: Да змяркання ён ужо выкапаў глыбокі, у свой рост, акопчык... (В. Быкаў); З раніцы, ускінуўшы на плечы граблі, Міця пайшоў да сена (І. Навуменка); Ад самага ранку з коміна віўся сіняваты дымок (К. Крапіва); Сярод лета лугі парыжэлі, пажоўклі кусты (А. Куляшоў); І вось ужо каля месяца яны не гавораць, не глядзяць адно аднаму ў вочы (І. Шамякін).

Прычынныя: А сэрца з радасці заскача, кроў адвагай забурліцца (Я. Купала); Ён моцна сціснуў яе руку і, не могучы з-за слёз вымавіць слова, хутка павярнуўся і пайшоў (І. Шамякін); Ад сораму і злосці кроў зашумела ў Сомікавай галаве (К. Крапіва); У далейшым Кіеўская Русь у сілу пэўных прычын распалася на паасобныя часткі (К. Крапіва).

Азначальна-акалічнасныя: Да болю напяўшы і позірк і слых, ён чуе хаду тваю, вецер (П. Глебка); Крычалі абое да хрыпаты, да знямогі (К. Крапіва); Хто позна ўвечары ля млына табе пакляўся ад душы і ўчора ў чорныя хвіліны табою цешыўся і жыў (П. Трус); Без часу ліст на дрэвах жоўк (Я. Колас).

Азначальна-колькасныя: У снежні яшчэ лік заяў у калгасе дайшоў да пятнаццаці (Я. Брыль); Так з марай юнака, без музыкі, без жонкі дажыў да сарака і сеў на трактар гонкі (А. Куляшоў); Усяго вучняў налічвалася каля пяцідзесяці (Я. Колас).

Мэтавыя: Не для мірнай прыемнай размовы адны тут сабраліся блізкія людзі (А. Куляшоў); Я прадаў сваю кніжачку сам дзеля ратунку Эльзы (Э. Самуйлёнак).

Абмежавальныя: Ён не толькі ўзмужнеў з выгляду, стаў больш разважлівы і спакойны, ён пасмялеў (І. Шахавец).

Словазлучэнні з прасторавымі і аб’ектнымі адносінамі заснаваны на сувязі кіравання, словазлучэнні з часавымі, прычыннымі, мэтавымі, азначальна-акалічнаснымі, азначальна-колькаснымі і абмежавальнымі значэннямі заснаваны на сінтаксічнай сувязі іменнага прымыкання. Прамы парадак слоў — постпазіцыя залежнага члена, хоць выпадкі прэпазіцыі залежнага кампанента даволі частыя: Фішар — падслепаваты кніжнік, з вінтоўкі стрэльнуць не ўмее, заплюшчвае вочы, калі націскае на спуск — вось і ваюй з такімі (В. Быкаў).

Канструкцыі «дзеяслоў + прыназоўнік + назоўнік у родным склоне» маюць рад сінонімаў. Так, словазлучэнні з прасторавымі і аб’ектнымі значэннямі з прыназоўнікам да сінанімічны канструкцыям з прыназоўнікам к: накіравацца да рэчкі — накіравацца к рэчцы; прыехаць да брата — прыехаць к брату; прыгнуць да зямлі — прыгнуць к зямлі; рыхтавацца да свята — рыхтавацца к святу.

Словазлучэнні з часавымі, прычыннымі і аб’ектнымі значэннямі з прыназоўнікам з могуць мець сінонімы з прыназоўнікам ад: працаваць з поўдня — працаваць ад поўдня; рыхтавацца з вясны — рыхтавацца ад вясны; пасінець з холаду — пасінець ад холаду; пасівець з гора — пасівець ад гора; пачаць з навічкоў — пачаць ад навічкоў.

Словазлучэнні тыпу здзекавацца з каго-н., смяяцца з каго-н. маюць сінонімамі канструкцыі з назоўнікамі ў творным склоне з прыназоўнікам над: смяяцца з сябра — смяяцца над сябрам.

Словазлучэнні тыпу глядзець з акна, даведацца з кніг сінанімічны словазлучэнням з назоўнікамі ў вінавальным склоне з прыназоўнікам праз: глядзець з акна — глядзець праз акно; даведацца з кніг — даведацца праз кнігі.

Словазлучэнні з часавымі значэннямі з прыназоўнікам з (са) могуць мець сінонімамі канструкцыі з назоўнікамі ў родным склоне з прыназоўнікам пасля: вярнуцца са службы — вярнуцца пасля службы.

Словазлучэнні з прычыннымі значэннямі з прыназоўнікам з-за сінанімічны словазлучэнням з назоўнікамі ў вінавальным склоне з прыназоўнікамі праз, цераз: спазніцца з-за дажджу — спазніцца праз (цераз) дождж.

Канструкцыі з аб’ектнымі значэннямі з прыназоўнікам для могуць мець сінонімамі: 1) словазлучэнні з давальным беспрыназоўнікавым: закупіць для калгаса — закупіць калгасу, (час) праляцеў для Пятра — (час) праляцеў Пятру; 2) словазлучэнні з назоўнікамі ў вінавальным склоне з прыназоўнікам на: выкапаў для бульбы — выкапаў на бульбу, змайстраваў для яблык — змайстраваў на яблыкі.

У словазлучэннях з акалічнаснымі значэннямі залежная частка (назоўнік у родным склоне з прыназоўнікам без) сінанімічна адпаведным прыслоўям: жыць без клапот — жыць бесклапотна; слухаць без увагі — слухаць безуважна; любіць без меры — любіць бязмерна; пасівець без часу — пасівець бясчасна.

У якасці сінонімаў да словазлучэнняў са значэннямі мэты з прыназоўнікамі для, дзеля могуць выступаць складаназалежныя сказы з даданымі мэты: стаў для нагляду — стаў, каб наглядаць; застаўся дзеля справы — застаўся, каб дапамагчы справе; разгарнуліся для бою — разгарнуліся, каб ісці ў бой.

Словазлучэнні з вытворнымі прыназоўнікамі таксама маюць шырокую сінаніміку, напрыклад: цікавіцца наконт поля — цікавіцца полем; даведацца наконт кніжкі — даведацца аб кніжцы, даведацца пра кніжку; турбавацца ў адносінах працы — турбавацца аб працы; бегчы ў кірунку рэчкі — бегчы да рэчкі; адкрыць пры дапамозе нажа — адкрыць нажом; апрацаваць шляхам ціску — апрацаваць ціскам; затрымацца па прычыне хваробы — затрымацца з-за хваробы; наведаць з мэтай азнаямлення — наведаць для азнаямлення.

Група 6. Дзеяслоў + прыназоўнік + назоўнік у давальным склоне

§ 10. У параўнанні са словазлучэннямі з родным прыназоўнікавым словазлучэнні з давальным прыназоўнікавым значна менш пашыраны ў беларускай мове. Яны абмежаваны па складу прыназоўнікаў, па семантыка-сінтаксічных значэннях і па прадуктыўнасці ў сучаснай мове.

Асноўная частка словазлучэнняў гэтай групы выражае прасторавыя і аб’ектныя значэнні, другая невялікая частка — часавыя, азначальна-акалічнасныя, размеркавальна-колькасныя, абмежавальныя і прычынна-выніковыя.

Прасторавыя: І з ім я імчуся ў сіні прастор, к сваёй Беларусі, да сініх азёр (К. Буйло); І досвіткам раннім на бераг ідзе, і ціха спускаецца к цёмнай вадзе (П. Глебка); Жыве ён дзесь па суседству з прачкай Грындай (Я. Колас); Я не магу звягаць на кожнага па падваконню (К. Чорны).

Аб’ектныя: Прыцягнулі Бандароўну к пану ў святліцу, як праступніцу якую, ці як чараўніцу (Я. Купала); Ён яшчэ паўглядаўся ўдалечынь, зачараваны бляскам захаду, а пасля, устрапянуўшыся ад задумы, павярнуўся к Карпенку (В. Быкаў); Кукавала зязюля ў садочку, прылажыўшы галоўку к лісточку (П. Трус); Па гуку, па тону можна было зразумець, што прычына — не гром, не бліскавіца з яе нечаканым агнём (А. Куляшоў); І ён і цётка Магдалена пайшлі панам наперакор (Я. Колас).

Часавыя: Шчыра апрацаваныя палі рыхтавалі к лету ўраджай і радавалі людское вока (К. Чорны).

Азначальна-акалічнасныя: Звяраем нумар па квіту і вось яна — наша сасна (Я. Брыль); Гэты надзел дастаўся яму па жэраб’ю (Я. Колас).

Размеркавальна-колькасныя: Кожны начлежнік вёз з дому па палену дроў (Я. Колас); Кожны вечар на ўзгорку за вёскай прыбывае па добраму дзесятку бярвенняў (Я. Брыль).

Абмежавальныя: Аказалася, што да гэтага яна працавала касіркаю, па бухгалтэрыі ведала мала (Я. Скрыган).

Прычынна-выніковыя: У калгас ён прыехаў па рашэнню райкома камсамола (З газет).

Словазлучэнні з аб’ектнымі і прасторавымі значэннямі з прыназоўнікам к заснаваны на сувязі кіравання, астатнія — на сувязі прымыкання. Прамы парадак слоў — постпазіцыя залежнага члена.

Словазлучэнні з прыназоўнікам к з аб’ектнымі і прасторавымі значэннямі сінанімічны словазлучэнням з назоўнікамі ў родным склоне з прыназоўнікам да. Пры гэтым сінанімічныя канструкцыі з аб’ектнымі адносінамі цалкам супадаюць па значэнню: рыхтавацца к святу — рыхтавацца да свята; звярнуцца к брату — звярнуцца да брата, а канструкцыі з прасторавымі значэннямі маюць спецыфічныя адценні і не заўсёды могуць быць узаемазамяняльнымі. Так, словазлучэнні ісці к дому, паўзці к акопу, плысці к берагу, павярнуць к лесу выражаюць прасторавае значэнне з адценнем кірунку руху: Сцелецца к сонцу дарога (Я. Купала); Дымок цягнуўся к соснам любым і плыў да хмарак (А. Куляшоў). Яны адрозніваюцца па семантыка-сінтаксічнаму значэнню ад суадносных словазлучэнняў з прыназоўнікам да, якія выражаюць прасторавыя адносіны з адценнем аб’екта руху і не могуць быць заменены апошнімі (сцелецца да сонца (дарога), (дымок) цягнуўся да сосен любых і пад.). Аднак у прасторавых словазлучэннях з прыназоўнікам к, дзе адценне кірунку руху адсутнічае або аслаблена, такая замена можа быць: паехаць к брату — паехаць да брата; падысці к ганку — падысці да ганку; пад’ехаць к дому — пад’ехаць да дому.

Часавыя словазлучэнні з прыназоўнікам к не сінанімічны словазлучэнням з прыназоўнікам да: атрымаць к ад’езду і атрымаць да ад’езду; скончыць к тэрміну і скончыць да тэрміну; прыйсці к абеду і прыйсці да абеду.

Словазлучэнні з прыназоўнікам к з мэтавым значэннем тыпу падараваць к шчасцю і са значэннем адпаведнасці — неадпаведнасці тыпу к шчасцю (к няшчасцю) прыехаў (хто-н.) не характэрны для сучаснай беларускай мовы. Замест іх шырока ўжываюцца словазлучэнні падараваць на шчасце, на шчасце (на няшчасце) прыехаў (хто-н.). Пад уплывам рускай мовы і некаторых мясцовых гаворак атрымалі шырокую ўжывальнасць словазлучэнні са значэннем адпаведнасці — неадпаведнасці з нязменным залежным кампанентам тыпу смяяцца (весяліцца, радавацца і пад.) не к дабру, сінанімічныя словазлучэнням смяяцца (весяліцца, радавацца і пад.) не на дабро.

Цалкам адпавядаюць норме сучаснай беларускай мовы аб’ектныя словазлучэнні з прыназоўнікам па: праверыць па журналу, прагледзець па рукапісу і пад. Ужыванне ў гэтых словазлучэннях залежных назоўнікаў у форме меснага склону (праверыць па журнале, прагледзець па рукапісе) не апраўдана. Назоўнікі ў форме меснага склону ўжываюцца ў словазлучэннях з прасторавым значэннем: плысці па небе, ехаць па полі, разбрысціся па лесе, бегчы па вёсцы, глядзець па баках і пад. У гэтых словазлучэннях ненарматыўным з’яўляецца ўжыванне залежных назоўнікаў у форме давальнага склону (плысці па небу, ехаць па полю, разбрысціся па лесу і пад.).

Пад уплывам рускай мовы і некаторых мясцовых гаворак стала шырока ўжывальным прасторавае словазлучэнне з залежным назоўнікам у давальным склоне жыць па суседству, якое мае шэраг сінонімаў: жыць у суседстве, жыць па суседстве, жыць суседзямі, жыць па-суседску.

Словазлучэнні назоўнікаў у давальным склоне з прыназоўнікамі адпаведна, згодна не ўласцівы беларускай літаратурнай мове. Замест іх звычайна ўжываюцца канструкцыі з давальным, месным або родным склонамі назоўніка і прыназоўнікамі па, паводле (дзейнічаць па закону, з’явіцца па загаду, атрымліваць па заслугах, паступаць паводле правіла) або з творным склонам назоўніка і складанымі прыназоўнікамі ў адпаведнасці з, адпаведна з, згодна з (дзейнічаць у адпаведнасці з законам, паступаць адпаведна з інструкцыяй, з’явіцца згодна з паведамленнем).

Словазлучэнні з прыназоўнікам падобна сінанімічны параўнальным зваротам са злучнікам як: возера блішчыць падобна люстэрку — возера блішчыць, як люстэрка.

Група 7. Дзеяслоў + прыназоўнік + назоўнік у вінавальным склоне

§ 11. Словазлучэнні гэтай групы вельмі прадуктыўныя і шырока ўжывальныя ў сучаснай беларускай мове. Яны выражаюць шырокі круг семантыка-сінтаксічных значэнняў.

Прасторавыя: Дзверы зараз жа адчыніліся, і Лабко ўвайшоў у кухню (Я. Колас); Мы б маглі заўтра паехаць у Ждановічы (Я. Скрыган); Адзін выходжу на дарогу (П. Глебка); Выплыўшы за паселішча, Палазок накіраваў човен на той бераг (Я. Колас); І насупор дажджу і ветру вялі прасторныя шляхі цераз балоты, цераз нетры, цераз пяскі пустынь сухіх (П. Глебка); Машына праскоквае праз невялікі гаёк і спыняецца (Я. Скрыган); Яны пайшлі паўз мяжу (К. Чорны); Мы ездзілі пад Мінск у іх калгас (Я. Брыль); Вось з якімі думкамі ішоў дзед Талаш праз лясныя нетры і пушчы (Я. Колас).

Аб’ектныя: Постаці калгаснікаў, іх справа... — усё гэта злівалася ў адзіны суцэльны вузел уражанняў... (Я. Колас); У адзін з тых дзён Міця наткнуўся на падворную кнігу спаленых Вербічаў (І. Навуменка); Пра гэта думаў я, калі збіраўся ў сваё першае працяглае падарожжа па Палессі (В. Вольскі); Юзік ускіпеў на бацькавы словы (К. Крапіва); Разоў некалькі зачапіў ён воссю аб хвою і скінуў атосу (Я. Колас); Скрозь дрымоту мы пачулі спачатку нечыя спуджаныя галасы (М. Лынькоў); Кірылаў хутар стаяў на невялікім грудку, расцярэбленым пад сядзібу ды поле (Я. Скрыган).

Часавыя: У поўдзень рабілі перапынак (Я. Маўр); Мікалай хату будзе некалі на вясну ставіць (К. Чорны); Горыч сціснула грудзі, у горле засела камком, наваколле на момант заслала ў вачах туманом (А. Куляшоў); Над нівай вясёлыя птушкі па-іншаму песні запелі. Чырыкаюць дружна, з заўзяццем па самы кастрычнік ад мая (Я. Купала); Зжалі дванаццаць гектараў за тыдзень (К. Крапіва); Ажно цераз год, як квітнелі сады, Алеся прыйшла на магілу (П. Глебка); Пад самую восень забалела ў Цімошкі нага (Я. Колас).

Азначальна-акалічнасныя: Аброс па пояс барадою (П. Трус); Малы цераз брыво глянуў угору на старшага і ўсміхнуўся (К. Крапіва); Пад смех усяго класа Данік садзіцца і пачынае маляваць (Я. Брыль).

Азначальна-колькасныя: Выжыналі па дзве і па тры нормы (К. Крапіва); Так дружба іх цягнулася можа з год (Я. Скрыган).

Колькасныя: Гэта ў дзесяць разоў павялічвала яго трывогу і нецярплівасць (К. Крапіва); Нарэшце сонца ўжо зайшло на чвэрць (П. Глебка).

Мэтавыя: Хацелася нешта сказаць у апраўданне, але не было калі думаць (А. Васілевіч); Прыехаў Казімір на завод ад глаўка на рэвізію (Я. Скрыган); Я з горада еду дамоў на спачын (П. Глебка); Косцік і ўчора і пазаўчора хадзіў у лес па чужыя дровы (Я. Брыль).

Прычынныя: А вось на другую зіму ён праз смеласць сваю і загінуў (Я. Брыль); Красуцкі яшчэ зусім малады, гадоў недзе за трыццаць, але выглядае куды старэй праз свае вусы (Я. Скрыган).

Словазлучэнні гэтай групы з аб’ектнымі і прасторавымі значэннямі заснаваны на сувязі кіравання. Значную частку гэтых словазлучэнняў складаюць такія, у якіх залежныя назоўнікі ў вінавальным склоне з прыназоўнікамі у, на, за, праз, цераз абумоўлены марфалагічнай структурай і семантыка-сінтаксічнымі ўласцівасцямі дзеясловаў: урывацца ў пакой, уваходзіць у запаведнік, утыкаць у снег, умешвацца ў спрэчку, уразацца ў зямлю, укладваць у слова, услухоўвацца ў гукі, уваходзіць у справы, углядацца ў краявід; націскаць на спуск, навяваць на чалавека, наважыцца на ўчынак, наводзіць на думку, накінуць на плечы, накіроўваць на пункт; засунуць за пазуху, заступіцца за сябра; узабрацца на гару, узлезці на дрэва, ускочыць на каня, узляцець на вышыню; зарыцца ў зямлю, закутацца ў футра, загарнуць у паперу; перайсці цераз рачулку, пераехаць праз балота, пераскочыць цераз канаву; расказаць пра ўчынак, гаварыць пра падзеі, думаць пра здарэнне. Гэтыя словазлучэнні заснаваны на сувязі моцнага кіравання.

У аб’ектных словазлучэннях, заснаваных на сувязі слабага кіравання, залежны назоўнік у вінавальным склоне з’яўляецца звычайна другой залежнай формай (за выключэннем словазлучэнняў са зваротнымі дзеясловамі), а аб’ектнае значэнне ўскладняецца лакальнымі або прычыннымі адценнямі, напрыклад: штурхаць (сябра) у плячо, раніць (салдата) у нагу, глядзець (бацьку) у вочы, дабаўляць (ваду) у паілку, спатыкнуцца аб парог, выціраць (яблык) аб фартух, стукнуцца (рукой) аб вушак, абняць (маці) за шыю, трымацца за поручні, кінуцца на крык, азірнуцца на вокліч, расплаціцца (з ворагам) за бясчынства, крытыкаваць (таварыша) за недахопы, паважаць (сябра) за справядлівасць.

Назоўнікі вінавальнага склону з прыназоўнікамі не з’яўляюцца тут рэгулярнымі залежнымі формамі.

Такія словазлучэнні з вінавальным прыназоўнікавым шырока ўжываюцца ў сучаснай беларускай мове: Сабірае у галоўцы думанькі дзявочы, глядзіць смела, ані моргне, ворагу у вочы (Я. Купала); З дзікім смехам учапілісь за косы і рукі, пацягнулі нешчасліву на вялікі мукі (Я. Купала); Тады рыжавусы падышоў да Панасавага берлажка і штурхануў яго кулаком у плячук (Я. Колас); Пшанічны захінуў ім [быльнягом] свае ногі ў стаптаных брудных чаравіках, выцер аб палу запэцканыя рукі і развязаў рэчавы мяшок (В. Быкаў).

Прамы парадак слоў у гэтых словазлучэннях — постпазіцыя залежнага члена.

Словазлучэнні з часавымі, прычыннымі, мэтавымі, азначальна-акалічнаснымі, азначальна-колькаснымі, колькаснымі і іншымі значэннямі заснаваны на сувязі прымыкання, напрыклад: вяртацца пад вечар, затрымаць на суткі, крычаць праз шум. У такіх канструкцыях назоўнікі набліжаюцца па сваёй семантыка-сінтаксічнай функцыі да прыслоўяў: Толькі пад вечар вярнуліся мы ў горад (В. Вольскі); Праз гадзіну цягнік спыніўся на станцыі Гарынь (В. Вольскі); — Дарогу трэба перакрыць на суткі, — сіпатым, прастуджаным голасам казаў капітан, высокі кастлявы чалавек з зашчаціненым змораным тварам (В. Быкаў); ...Выскачыў з акопа Аўсееў і, прыслухаўшыся, цераз бульбянішча накіраваўся да Пшанічнага (В. Быкаў); Вось з якімі думкамі ішоў дзед Талаш праз лясныя нетры і пушчы (Я. Колас).

Залежныя назоўнікі ў гэтых словазлучэннях аднолькава часта стаяць як пасля дзеясловаў, так і перад імі, хоць прамым парадкам слоў з’яўляецца постпазіцыя залежнага члена.

Словазлучэнні з вінавальным прыназоўнікавым могуць мець сінонімамі шматлікія словазлучэнні:

з назоўнікамі ў месным склоне: пачаць у палову — пачаць а палове;

з прыслоўямі: прыехаць у поўнач — прыехаць апоўначы, настроіць на крытычны лад — настроіць крытычна;

з прыметнікамі: працаваць у маладосці — працаваць маладым;

з назоўнікамі ў вінавальным склоне, але з іншымі прыназоўнікамі: пайсці ў грыбы — пайсці па грыбы, вучыцца на будаўніка — вучыцца за будаўніка, заняць пад павець — заняць на павець, забыць пра сябра — забыць на сябра;

з назоўнікамі ў творным склоне: любавацца на сына — любавацца сынам, хварэць на грып — хварэць грыпам, выбраць за сакратара — выбраць сакратаром, лічыць за гаспадара — лічыць гаспадаром, узяць за жонку — узяць жонкай, перадаць праз (цераз) пасыльнага — перадаць пасыльным, пускаць (дым) праз (цераз) нос — пускаць (дым) носам, паіць праз (цераз) соску — паіць соскай, збірацца ў кучы — збірацца кучамі;

з назоўнікамі ў родным склоне з прыназоўнікам для: прыстасаваць на бульбу — прыстасаваць для бульбы, ехаць на адпачынак — ехаць для адпачынку, падараваць на знаёмства — падараваць для знаёмства, змалоць на хлеб — змалоць для хлеба;

з назоўнікамі ў родным склоне з прыназоўнікам да: хадзіць па самы вечар — хадзіць да самага вечара, залезці (у ваду) па пояс — залезці (у ваду) да пояса;

з назоўнікамі ў вінавальным склоне без прыназоўнікаў: забываць пра (на) сябра — забываць сябра, расказаць пра бяду — расказаць бяду;

з назоўнікамі ў месным склоне з прыназоўнікам аб: расказаць пра бяду — расказаць аб бядзе, непакоіцца за ўрок — непакоіцца аб уроку;

з назоўнікамі ў родным склоне з прыназоўнікам з-за: не чуць праз (цераз) шум — не чуць з-за шуму, хвалявацца за ўрок — хвалявацца з-за ўрока;

з назоўнікамі ў творным склоне з прыназоўнікам за: не разгледзець праз (цераз) дрэвы — не разгледзець за дрэвамі;

з назоўнікамі ў родным склоне з прыназоўнікам замест: быць (працаваць) за бацьку — быць (працаваць) замест бацькі;

з назоўнікамі ў давальным склоне без прыназоўніка: верыць у абяцанні — верыць абяцанням;

з інфінітывам: пайшоў на службу — пайшоў служыць.

Словазлучэнні тыпу паехаць да Мінску, сінанімічныя словазлучэнням з прыназоўнікам у (паехаць у Мінск), не адпавядаюць літаратурнай норме. Гэта адносіцца і да словазлучэнняў з прыназоўнікам у і назоўнікам у родным склоне тыпу гуляць у мяча, якія часам ужываюцца замест словазлучэння гуляць у мяч. Не адпавядаюць норме сучаснай беларускай мовы і словазлучэнні тыпу прыехаць к радасці (каго-н.), пайсці за ягадамі, ісці пад калодзеж, якія ўжываюцца часам замест словазлучэнняў з назоўнікамі ў вінавальным склоне прыехаць на радасць (каму-н.), пайсці ў (па) ягады, ісці да калодзежа.

Група 8. Дзеяслоў + прыназоўнік + назоўнік у творным склоне

§ 12. Словазлучэнні гэтай групы прадуктыўныя і выражаюць разнастайныя семантыка-сінтаксічныя значэнні.

Аб’ектныя: Санітары з ліхтарыкам ішлі ў гэты бок паўз акопы (К. Чорны); Вольныя жнеі прыдуць з сярпамі (Я. Купала); Ён даўно ўжо звязаў свой лёс з лёсам людскім (А. Куляшоў); Юрка важна пайшоў за цёткаю (Я. Колас); Ён і вучыўся добра, хоць вельмі мала сядзеў за сшыткамі і кніжкамі (А. Кулакоўскі); Сёння Ніна сядзіць над сшыткамі свайго чацвёртага класа (Я. Брыль); Пад царамі, пад панамі мучыліся людзі, — у нядолі, у няволі чахлі, сохлі грудзі (Я. Купала); Перад бацькам Мінаем станьце ўсе бацькі на калені! (А. Куляшоў); Між іншымі кабетамі Марта ясна адрозніла Сымоніху (Ц. Гартны).

Узаемнасці дзеяння: Напярэдадні таго дня, калі Панас меўся спаткацца з бацькам пад тоўстым дубам каля Сухога поля, сярод ночы раптам пачуўся стук у дзверы Талашовай хаты (Я. Колас); Згоды не пыталі, добра, што дазволілі развітацца з сям’ёй (І. Навуменка); Толькі маці з любым сынам будзе доўга размаўляць (П. Глебка); Ліпнёвая раніца, ціхі ветрык цалуецца з жытам (П. Трус.); Паміж групамі пачалося спаборніцтва (Т. Хадкевіч).

Сумеснасці дзеяння: Зося сядзела з практыкантам на прызбе (К. Чорны); Дзік ходзіць з дзічыхай, за ім — табун воўчы (Я. Купала); Зімою Міхась працаваў з бацькам у кузні (К. Крапіва).

Азначальна-акалічнасныя: Злосна прайшоўся па хаце і з сілаю шпурнуў на лаву рукавіцы (Я. Колас); Уязджалі са стогнам падводы на двор (А. Куляшоў); Алесь і заснуў за гаворкаю з маці (П. Броўка).

Прасторавыя: Паўлюк чакаў за вёскай, ва ўмоўленым месцы (Я. Брыль); За акном цвіў сад (Я. Скрыган); Па-над джунглямі стаяла ноч (Я. Маўр); Алеся дажынала палоску пад гаем (П. Трус); Далей перад Андрэем пачынаўся лес (Я. Колас); Паміж бярвеннямі журчэла, пералівалася вада (М. Лынькоў); Побач з цялушкай, на вяроўцы, ідзе каза (Я. Брыль).

Часавыя: І з першымі праменнямі асенняга сонца пайшла банда ў лес (Х. Шынклер); Глуха і рэдка стукаў тугі бубен, бразгаў паміж ударамі бляшачкамі і бомамі (П. Галавач); Перад самым днём прыехаў Дзяніс Пляцінскі (К. Чорны). Ластаўкі перад сном кармілі птушанят (П. Броўка); Нават свежай вады не паспела прынесці перад адыходам у школу (А. Кулакоўскі); Перад вайной стары Селівей памёр (Я. Брыль).

Большая частка словазлучэнняў з аб’ектнымі значэннямі, а таксама словазлучэнні са значэннямі ўзаемнасці і сумеснасці дзеяння заснаваны на сінтаксічнай сувязі кіравання. У словазлучэннях са значэннем узаемнасці дзеяння залежная частка з прыназоўнікам з (між) абумоўлена марфалагічнымі (прыстаўкі з-, с-, пера- і інш.) і семантыка-сінтаксічнымі ўласцівасцямі дзеяслова: здружыцца з суседкай, развітацца з вучнямі, пераглядвацца з сябрамі, дзяліцца з сябрамі. Словазлучэнні з прасторавымі, азначальна-акалічнаснымі і часавымі значэннямі заснаваны на сінтаксічнай сувязі прымыкання. Прамы парадак слоў — постпазіцыя залежнага члена.

Словазлучэнні гэтай групы сінанімічны канструкцыям:

з якаснымі прыслоўямі: размаўляць з ахвотаю — размаўляць ахвотна, сустрэць з радасцю — сустрэць радасна;

з дзеепрыслоўямі: уставаць са стогнам — уставаць стогнучы, заснуць за гаворкаю — заснуць гаворачы;

з назоўнікамі ў родным склоне з прыназоўнікам з-за: не заўважыць за спрэчкаю — не заўважыць з-за спрэчкі;

з назоўнікамі ў месным склоне з прыназоўнікам аб: думаць над тэмай — думаць аб тэме;

з назоўнікамі ў родным склоне з прыназоўнікам паміж (між): стаяць паміж (між) дрэвамі — стаяць паміж (між) дрэў.

Група 9. Дзеяслоў + прыназоўнік + назоўнік у месным склоне

§ 13. Словазлучэнні гэтай групы выражаюць наступныя семантыка-сінтаксічныя значэнні.

Прасторавыя: Пасля іх часта пачалі бачыць разам у парку, у кіно (Я. Скрыган); Кружыў вецер сухое лісце ў садзе і на агародзе (К. Чорны); Доўга хадзіў ляснік па беразе (Я. Колас); Чужы і маўклівы, даўно ён ляжыць пры гасцінцы (А. Куляшоў).

Аб’ектныя: Нешта такое бачыў Алёша ў гэтых людзях (К. Чорны); Я ў бяскрайнасць імчуся на лёгкім кані (П. Глебка); Рудая плямка сунецца па снежнай нерушы, нібы строчыць па кужалі ўзор сваіх дробных слядоў (Я. Брыль); Каб не астацца пры немцах, маці пусцілася ў эвакуацыю (Я. Скрыган); Ён усё думаў аб сваім жыцці, аб лесніковай службе (Я. Колас).

Часавыя: Пакахаў Тарас дзяўчыну ў дзяцінстве, рана (Я. Купала); На досвітку яны вярталіся з задання (Я. Брыль); Госці павінны былі сабрацца па поўдні (К. Чорны); І тое, што кожны раз пры сустрэчах яна вітаецца з ім неяк асабліва..., таксама нешта значыць (Я. Скрыган); У верасні трыццаць дзевятага года, калі прыйшлі нашы, надзялілі Івана зямлёй (Я. Брыль).

Якасна-акалічнасныя: Жыві ў радасці, у шчасці, у яснай долі, слаўнай волі (Я. Купала); Цёмны лес апусціў у знямозе галлё (П. Глебка); Пісьмо па парадку уголас чыталі (А. Куляшоў); Іх дождж пры маланцы чытае ды з літар сцякае слязьмі (А. Куляшоў).

Словазлучэнні гэтай групы заснаваны на сінтаксічнай сувязі прымыкання. Прамы парадак слоў — постпазіцыя залежнага члена. Сінонімамі да словазлучэнняў «дзеяслоў + прыназоўнік + назоўнік у месным склоне» могуць выступаць словазлучэнні:

з назоўнікамі ў творным склоне з прыназоўнікам за: знікнуць у тумане — знікнуць за туманам;

з прыслоўямі: жыць у згодзе — жыць згодна, стаяць у задуменні — стаяць задуменна;

з назоўнікамі ў творным склоне без прыназоўніка: вярнуцца на досвітку — вярнуцца досвіткам, вярнуцца па вясне — вярнуцца вясной, стаяць па (цэлых) гадзінах — стаяць (цэлымі) гадзінамі;

з назоўнікамі ў родным склоне з прыназоўнікам пасля: прыехаць па поўдні — прыехаць пасля поўдня;

з назоўнікамі ў вінавальным склоне з прыназоўнікам у: па нядзелі застацца (дома) — у нядзелю застацца (дома), пачацца а трэцяй гадзіне — пачацца ў тры гадзіны;

з назоўнікамі ў родным склоне з прыназоўнікам каля: стаяць пры дарозе — стаяць каля дарогі;

з назоўнікамі ў вінавальным склоне з прыназоўнікам пра: разважаць аб жыцці — разважаць пра жыццё, расказаць аб падзеях — расказаць пра падзеі.

Разрад 2. Словазлучэнні дзеясловаў з прыметнікамі

§ 14. Словазлучэнні дзеясловаў з прыметнікамі ў якасці залежнага кампанента маюць якасныя прыметнікі і выражаюць якасна-азначальныя значэнні: Войт памеркаваў і знайшоў гэты спосаб нязручным... (Я. Колас); Алесь варочаўся дахаты таксама занепакоены (П. Броўка). Амаль усе гэтыя словазлучэнні з’яўляюцца сінтаксічна непадзельнымі і выконваюць у сказе функцыю састаўнога або складанага выказніка: Максім, пакінуўшы кажух, босы выбег у сені (Я. Колас); Рос ён дужым, здаровым і ўпэўненым у сабе (І. Мележ).

Залежныя словы ў гэтых словазлучэннях звычайна маюць форму назоўнага або творнага склону: ехаў усхваляваны, выглядаў бадзёрым. Прамы парадак слоў — постпазіцыя залежнага члена. Дзеяслоў звязаны з залежным прыметнікам сінтаксічнай сувяззю цегацення.

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел