Частка 2. Прадмова
Прадмова
Другая частка Беларускай граматыкі — Сінтаксіс, як і першая, падрыхтавана з улікам моўнай практыкі апошніх двух дзесяцігоддзяў і вынікаў папярэдніх работ па сінтаксісу. Яна змяшчае раздзелы «Словазлучэнне», «Сказ».
Улічваючы патрабаванні сучаснай моўнай практыкі, у раздзел «Словазлучэнне» ўключаны новы падраздзел «Сінанімія словазлучэнняў», а ў раздзел «Сказ» — падраздзел «Сінанімічныя сінтаксічныя канструкцыі». Асноўныя тыпы словазлучэнняў і сказаў падрабязна прааналізаваны на аснове новай методыкі апісання сінтаксічных з’яў.
Пры распрацоўцы сінтаксічнай праблематыкі асноўная ўвага ўдзелялася пытанням, якія мала ці зусім не асветлены ў папярэдніх работах па сінтаксісу, а таксама тым з’явам, якім уласціва варыянтнасць. У апісанні сістэмы словазлучэнняў аўтары звярталі асаблівую ўвагу на пытанні сінаніміі, парадак галоўнага і залежнага кампанентаў словазлучэнняў, тып сінтаксічнай сувязі і семантыка-сінтаксічныя значэнні словазлучэнняў у адносінах да літаратурнай нормы.
Аўтары раздзелаў: кандыдат філалагічных навук Л. А. Антанюк — Словазлучэнні з дзеясловам у ролі галоўнага кампанента, Словазлучэнні з прыметнікам у ролі галоўнага кампанента, Словазлучэнні з лічэбнікам у ролі галоўнага кампанента, Словазлучэнні з займеннікам у ролі галоўнага кампанента, Словазлучэнні з прыслоўем у ролі галоўнага кампанента, Сінанімія словазлучэнняў, Аднарадныя члены сказа, Адасобленыя даданыя члены сказа, Экспрэсіўнае вылучэнне членаў сказа, Сінанімічныя сінтаксічныя канструкцыі; кандыдат філалагічных навук Т. П. Бандарэнка — Тыпы сказаў, Галоўныя члены сказа, Даданыя члены сказа, Параўнальныя канструкцыі, Зваротак, Пабочныя канструкцыі (словы, спалучэнні слоў і сказы), Устаўныя канструкцыі, Аднасастаўныя сказы, Нерасчлянёныя сказы (словы-сказы), Няпоўныя сказы, Эліптычныя сказы, Парадак слоў у сказе, Складаназлучаныя сказы, Бяззлучнікавыя складаныя сказы; доктар філалагічных навук А. Я. Міхневіч — Агульная характарыстыка словазлучэнняў, Словазлучэнні з назоўнікам у ролі галоўнага кампанента; кандыдат філалагічных навук К. У. Скурат — Складаназалежныя сказы, Спосабы перадачы чужаслоўяў.
