Предыдущий раздел | Оглавление | Следующий раздел
Складаназлучаныя сказы
§§ 226–230
Складаны сказ
Складаназлучаныя сказы
Агульная характарыстыка
§ 226. Складаназлучанымі называюцца сказы, састаўныя часткі якіх аб’яднаны пры дапамозе злучальных злучнікаў. Злучальныя злучнікі з’яўляюцца асноўным граматычным паказчыкам складаназлучаных сказаў. Сэнсавае адзінства складаназлучаных сказаў ствараецца таксама з дапамогай інтанацыі, парадку размяшчэння частак, суадносін трывальна-часавых форм дзеясловаў-выказнікаў: Размяклы, працяты вадою снег гурбінамі папоўз з саламяных стрэх, трывожным шэптам парушаючы цішыню, а на вуліцах і дарогах пачалі выступаць жаўтавата-мутныя лужыны, і рушылі ў свае дарогі першыя веснавыя ручайкі-перавальчыкі (Я. Колас); Раз-пораз урываліся ў голаў пякельныя здані, і адчуванне рэчаіснасці чаргавалася з кашмарамі (В. Быкаў); Пажары бушавалі яшчэ на вакзальных пуцях, і вялікае зарыва надавала ўсяму гораду фантастычны, казачны від (М. Лынькоў); Дубы, нібы магнаты, над рэкамі разгортваюць шатры, а лазнякі спраўляюць сваё свята, і штосьці сніць іх лісце ў гушчары (Я. Колас); А песня птушак галасіста весяліць луг, зялёны лес, ды сонца яснае, агністае шле ласку дзіўную з нябес (А. Гурло); А сняжынкі сеюць кволую імглістасць, падаюць бялюткі за маім акном, і цвіце на вішнях снежная ўрачыстасць, сцелецца на скронях перад раннім сном (П. Трус); Панура гудзела асенняя ноч, і вецер халодны ляцеў над Бярозай (А. Звонак); Завіруха бушавала, і на славу вырастала беласнежная гара (А. Александровіч).
Злучальная сувязь частак складаназлучаных сказаў прадвызначае іх раўнапраўнасць, якая выяўляецца толькі на сінтаксічным узроўні. Што ж датычыць сэнсавых узаемаадносін частак, то тут можа быць і адносная самастойнасць асобных частак, і ўзаемаабумоўленасць іх.
Адносна самастойнымі з’яўляюцца часткі складаназлучаных сказаў пры іх аўтасемантычнасці — у такім выпадку кожная з іх можа функцыяніраваць у якасці простага сказа: Ні колас на ніве не ўскалыхнецца, ні ліст на дрэве не ўзварухнецца (М. Багдановіч); У лясах, гаях дразды спявалі, у балотах кнігаўкі крычалі; а ў небе ўдзень і вечарамі высока роўнымі шнурамі злятаўся вырай жураўліны (Я. Колас); Свежая рунь дрыжэла над ветрам, і ў нізіне стаяла чыстая, як сляза, вада (К. Чорны); А ноч зачароўвала хараством, струменілі раслінныя пахі, цёплай дрымотаю павяваў ласкавы ветрык, і ў недасяжнай вышыні незразумелай мігатлівай музыкай трапяталіся зоркі (В. Быкаў).
Састаўныя часткі такіх сказаў слаба залежаць адна ад другой, таму дапусціма перастаноўка гэтых частак. Аднак як бы слаба ні былі звязаны прэдыкатыўныя часткі ў саставе складанага цэлага, яны ні пры якіх умовах самастойнымі, незалежнымі быць не могуць. У саставе цэлага яны не маюць сэнсавай і інтанацыйнай закончанасці, якая характэрна для катэгорыі сказа і, значыцца, не ўтвараюць асобных сказаў. Каб стаць самастойнымі, незалежнымі, сказы павінны выйсці з саставу адзінага цэлага.
Сэнсавыя адносіны паміж элементамі складаназлучаных сказаў, у якіх магчыма перастаноўка састаўных частак, у пэўнай ступені падобныя да адносін паміж аднароднымі членамі сказа, злучанымі злучнікам і: Ляжыць зямля ў адзенні белым, і дрэвы ў шэрані стаяць (Я. Колас); Зялёныя кветачкі павыбіваліся ўжо на свет скрозь сухія выцвіўшыя лісці, і прынадныя пахі разлівала ў паветры маладая чаромха (Я. Колас); Каля ракі, як і ўвечары, заліваліся ў нястрымным запале салаўі, ды над жытнёвым палеткам дрыготкімі крапінкамі віселі жаўранкі, славячы надыход новага дня (Т. Хадкевіч).
Пры сінсемантычнасці частак (такой аказваецца звычайна другая частка) сэнсавая самастойнасць іх парушаецца, перастаноўка немагчымая: Яна ўпала на павялую, халодную траву, і плечы яе затрымцелі ад горнага, роспачнага рыдання (І. Мележ); Галава шумела, кружылася, нешта быццам малаточкам стукала ў скроні, і гэты стук болем аддаваўся ва ўсім целе (Р. Сабаленка).
Немагчымасць перамены месц састаўных частак складаназлучаных сказаў абумоўліваецца не толькі іх сэнсавым зместам, але і тым, што наступная частка сказа будуецца ў залежнасці ад папярэдняй.
Канструктыўная і граматычная залежнасць другой часткі ад першай праяўляецца ў парадку слоў другой састаўной часткі адносна першай, у наяўнасці ў другой частцы займеннікаў і прыслоўяў, якія замяняюць асобныя члены першай часткі, а таксама ў пропуску некаторых членаў, якія ёсць у папярэдняй частцы: Пятра ашаламіла такое яе здзіўленне, і ён стаяў разгублены, бездапаможны, варты жалю (І. Шамякін); Неба не было цяпер такое яркае, як раней, часта атульвала яго белаватая, нібы малочная, смуга, і яно здавалася бляклым, быццам выгаралым за ліпеньскую і жнівеньскую спёку (І. Мележ); Хлеў быў адчынен, і там было пуста (К. Чорны); Лейтэнанта адпіхнулі ад акна, пацяснілі, балюча прыціснулі руку, і ён апынуўся ў першай шарэнзе (В. Быкаў); Гукам аргана нібы цесна было ў іх урачыстым і велічным узлёце, і яны вырываліся, выляталі на плошчу, будзячы ў сэрцах рэдкіх прахожых розныя пачуцці (М. Лынькоў); Часцей за ўсё на гэтую спіну навальваўся цяжар жыцця, і яна аж гнулася (Р. Сабаленка); Некалі дуб апаліла маланка, і яго вершаліна высахла, голле з бакоў пачало цягнуцца ўверх (Полымя, 1984); На гары стаіць хваіна, а ў даліне вербалоз (П. Трус); Калісьці бура ў Карпатах застала Леніна ўначы, і ён да прыдарожнай хаты зайшоў пагрэцца, адпачыць (М. Танк).
Першая частка складаназлучаных сказаў са злучнікам і больш самастойная ў граматычных адносінах, але і яна не можа лічыцца абсалютна незалежнай і закончанай. Змест складаназлучанага сказа становіцца больш пэўным дзякуючы цеснай узаемнай залежнасці яго састаўных элементаў. Нярэдка ў наступных сказах заключана тое асноўнае, што вызначае сэнс усяго складаназлучанага сказа: Будзе час, і снег растане, прыйдзе зноў да нас вясна, ветла з неба сонца гляне, ачуняе старана (Я. Колас); Бацька выпрастаецца — і ў постаці павага да сябе (К. Крапіва); Ганна засмяялася, і смех гэты распаліў упартасць у ім (І. Мележ); Яна, не разумеючы, мімаволі павяла няцямным позіркам,— і гарачая чырвань у момант заліла яе твар (І. Мележ).
Часткі складаназлучаных сказаў могуць мець агульныя члены, якія аб’ядноўваюць іх у адзінае цэлае: У зацішнай цемнаце стрымана шумелі садкі, гучала з вокан радыё і ўсё ляталі скрозь беспрытульныя пушынкі таполяў (В. Быкаў); У гэты час бразнула клямка дзвярэй, і па падлозе застукаў дзеравяшкаю дзядзька Пракоп (Р. Сабаленка); Над ім [горадам] сцелецца тонкая, празрыстая сінь, і абрысы дамоў зліваюцца з гарызонтам (Я. Скрыган); Ад нечаканасці ў Астапа замлелі ногі і не то спуджана, не то радасна страпянулася сэрца (М. Лынькоў); Пад вечар неба завалакло хмарамі і ўзняўся вецер (І. Шамякін); На цэнтральнай вуліцы віднеліся толькі адзінокія пешаходы ды зрэдку праязджала грузавая машына або тарахцела па бруку фурманка (Т. Хадкевіч).
Паняцце «агульны член» у шырокім сэнсе ўключае розныя граматычныя адзінкі — ад часціц, мадальных і пабочных слоў да цэлых сказаў: Быццам бы і скрыпату не чутно і ўсё ўсюды заціхла, затаілася (А. Кулакоўскі); Вось-вось, здаецца, шыбане пад адхон паравоз, пашчапаюцца колы на крыжавінах ці ў пух разляцяцца стрэлкі (М. Лынькоў); Відаць, тут быў нядаўна рамонт і яшчэ не паспелі зрабіць парадку (Я. Колас); Напрадвесні і ў пушчы не многа красы: толькі вецер шуміць на ўсе галасы ды сухая трава шалясціць каля ног... (У. Дубоўка); Сапраўды: і козы сыты і сена цэла! (А. Якімовіч).
З членаў сказа ў ролі агульных членаў частак складаназлучаных сказаў здольны выступаць толькі дэтэрмінанты: Зноў зацвітуць лугі, даліны, і атрасуць свой сон лясы і ў гоман радасны птушыны свае далучаць галасы (Я. Колас); Ад лютай летняй спёкі гарыць сухі пясок, і пачарнеў далёкі нахмураны лясок (П. Глебка); Над шырокай зямлёй пахне восенню, і яснымі днямі дзьме густы вецер (К. Чорны); Па свежай раллі скакалі кучамі вераб’і, бегалі жаўранкі і тупалі вароны (Ц. Гартны).
Адным з важнейшых сродкаў узаемасувязі састаўных частак складаназлучаных сказаў з’яўляецца структурны паралелізм: То сонца выблісне, то дожджык заімжыць (С. Грахоўскі); Ні адной хмурынкі на блакіце, ні павеву ветру на зямлі (А. Астрэйка); Галя вярнулася ў горад, а Жэня засталася ў партызанскім атрадзе (А. Кулакоўскі); Праходзіць ноч, і меркнуць зоры (Я. Колас); Узыходзіць сонца над прасторамі, і красуе ніва за далінаю (А. Русак).
Узаемазалежнасць паміж часткамі складаназлучаных сказаў праяўляецца таксама і ў суадноснасці трывальна-часавых форм дзеясловаў-выказнікаў састаўных частак: Дыхнула вясна, і зямля стала вясёлая (К. Чорны); Неба на ўсходзе паволі святлела, і навокал бялела ў доле, ноч растваралася ў паўзмроку нясмелага позняга світання (В. Быкаў); З бяздоннай сіні начнога марознага неба сплыла туманная смуга, увабраўся ў сілу мароз, і ў твар падарожнікам павеяў пранізлівы калючы вецер (В. Быкаў); Да шыбы цягнулася тоненькая галінка акацый, і адзін малады лісток намагаўся дакрануцца да шкла (Я. Скрыган); Снег пачаў асядаць, і на світанні дзён ружовы водбліск неба ляжаў у снегавой вадзе (К. Чорны); Сляпучы пук святла выбіваўся праз акно на панадворак, і ад яго росная трава выдавала вельмі зялёнай (А. Асіпенка).
Пэўную ролю ў пабудове складаназлучаных сказаў розных тыпаў і ў дыферэнцыяцыі іх значэнняў адыгрывае і тыпізаванае лексічнае напаўненне прэдыкатыўных частак. Так, для складаназлучаных сказаў з супраціўнымі злучнікамі характэрна наяўнасць у прэдыкатыўных частках розных лексічных супрацьпастаўленняў.
Такім чынам, складаназлучаны сказ па структуры нагадвае складанае дыялектычнае адзінства, і граматычная закончанасць яго частак вельмі адносная. Як правіла, пры любым тыпе злучальнай сувязі толькі першая частка складанага сказа будуецца больш-менш свабодна, структура другой часткі абумоўлена характарам адносін, якія выражаюцца складаназлучаным сказам. Абедзве ж (і больш) састаўныя часткі складаназлучанага сказа вызначаюцца сэнсавай узаемазалежнасцю. Будучы звязанымі па сэнсу і інтанацыйна, часткі ў той ці іншай ступені ўзаемаабумоўлены і граматычна.
Складаназлучаныя сказы могуць быць мнагачленнымі і двухчленнымі. Мнагачленныя сказы складаюцца з некалькіх (больш дзвюх) частак. Колькасць частак у мнагачленных сказах абумоўлена пазамоўнымі фактарамі — аб’ёмам той інфармацыі, якую прадвызначае камунікатыўнае заданне сказа: Вясна была яшчэ ў пачатку, але снягі ўжо раставалі, і дружна ў полі балбаталі раўкі, рачулкі і ў грамадку яны ваду сваю злівалі (Я. Колас); То віўся ўгору густым вянком спелы пажоўклы хмель, то абвісалі цяжкімі гронкамі спелыя чырвоныя вішні, а то раптам шырока раскідваў сваё вецце пышны ружовы куст (П. Галавач).
Двухчленныя сказы складаюцца з дзвюх частак: Зноў з вятрамі і сонцам прыйшоў красавік, і павеяла водарам з мінскіх узлескаў (К. Кірэенка); Выглянула сонца, радасна пырснула праменнямі, але дождж яшчэ ішоў, сляпы, дробны (І. Шамякін); Каля ракі, як і ўвечары, заліваліся ў нястрымным запале салаўі, ды над жытнёвым палеткам дрыготкімі крапінкамі віселі жаўранкі, славячы надыход новага дня (Т. Хадкевіч).
Прэдыкатыўныя часткі складаназлучаных сказаў нагадваюць сабой разнастайныя структурныя тыпы сказаў — двухсастаўныя і аднасастаўныя, простыя і складаныя; яны могуць быць аднатыпнымі, гэта значыць толькі двухсастаўнымі ці толькі аднасастаўнымі, або разнатыпнымі, гэта значыць адна частка — двухсастаўны сказ, другая — аднасастаўны: На захадзе праяснілася, і халоднае неба запалала агнём ад апошніх праменняў сонца (А. Чарнышэвіч); За вокнамі шумяць у садзе слівы, і месяц стаў над стрэхамі сяла (С. Грахоўскі); Павеяла сырасцю, стала халаднавата (І. Мележ); Над шумным лесам, над балотам узняўся новы дзень, і з неба сонца пазалотай зямлі схавала цень (М. Чарот); Мне вечна бачыць сонца маладое, а нада мной заўжды шумець барам (П. Прыходзька); Сава ўцячы тут хоча, ды толькі вось ляцёць не можа, а поблізу няма дупла нідзе (К. Крапіва).
Паводле характару злучнікаў, якія звязваюць прэдыкатыўныя часткі ў адзінае цэлае, складаназлучаныя сказы дзеляцца на чатыры асноўныя групы:
1) сказы са спалучальнымі злучнікамі (і, ды) і злучальнымі словамі (потым, затым, пасля);
2) сказы з супастаўляльнымі злучнікамі (але, а, затое, ж (жа), аднак);
3) сказы з пералічальна-размеркавальнымі злучнікамі (ці, або, то-то, ні-ні);
4) сказы з далучальнымі злучнікамі ці са злучнікамі, якія ўжываюцца ў далучальным значэнні (ды і, а то і інш.).
У залежнасці ад структурных уласцівасцей, характару злучнікаў і лексічнага напаўнення складаназлучаныя сказы выражаюць разнастайныя сэнсавыя адносіны, якія вызначаюцца на аснове рэальнага зместу іх састаўных частак. Змест састаўных частак знаходзіць сваё адлюстраванне ў пэўных лексіка-граматычных формах і сродках. Паводле характару сэнсавых адносін сярод складаназлучаных сказаў выдзяляюцца сказы са спалучальна-пералічальнымі, з прычынна-выніковымі адносінамі, сказы з адносінамі супастаўлення і супрацьпастаўлення, з далучальнымі адносінамі і інш.
Гэтыя разнавіднасці складаназлучаных сказаў могуць аб’ядноўвацца ў больш шырокія разрады на падставе такой сінтаксічнай прыметы, як структурная адкрытасць і закрытасць. Да сказаў адкрытай структуры адносяцца сказы з адносінамі спалучальна-пералічальнымі, да сказаў закрытай структуры — сказы з адносінамі супрацьпастаўлення і далучальнымі.
Часткі складаназлучаных сказаў адкрытай структуры нагадваюць сабой незамкнуты рад, яны аднатыпна пабудаваныя, маюць значэнне адначасовасці, што выражаецца адпаведнасцю трывальна-часавых форм дзеясловаў-выказнікаў. Такія сказы вызначаюцца тым, што могуць мець неабмежаваную колькасць частак (практычна ўзнікаюць абмежаванні толькі лексічнага плана): На платах тчэцца шоўк залацісты, і кудзеліць над хатай дымок (З. Бядуля); Гарэлі ўначы за Бярозай кастры, і плавалі белыя хмарынкі дыму, і кволыя цені да самай зары скакалі на ўзлессі нагамі худымі (А. Звонак); Над вадой ля берага ціха спіць асока, ды лаза зялёная жаліцца-шуміць (М. Багдановіч); Край неба наліўся зарою, і сонца устала, агнём прамяністым палі і лясы прывітала (П. Панчанка).
У сказах закрытай структуры часткі нагадваюць сабой замкнуты рад, гэта заўсёды дзве часткі, структурна і семантычна ўзаемаабумоўленыя, звязаныя. Другая частка ў іх замыкае рад і не дапускае наяўнасці трэцяй: Ляжаць ранеты жоўтыя, шафран і размарыны, ды нестае антонаўкі з маёй, сябры, краіны (Э. Агняцвет); Ідзе [Міхал], а ветрык з каласкамі вядзе прыемную размову і цешыць душу леснікову (Я. Колас); Сляды гарачыні яшчэ на тварах носім, ды паплылі ўжо дні ў залатую восень (П. Панчанка).
Закрытасць структуры можа наглядацца і ў сказах са спалучальнымі злучнікамі, у тых выпадках, калі аб’ядноўваюцца часткі з выніковым значэннем: Я расказала сыну казку, і ён адразу заснуў.
Гэта сведчыць аб тым, што паняцце закрытасці і адкрытасці структуры звязана не столькі з характарам самога злучніка (хоць гэта асноўная ўмова, напрыклад, пры супастаўляльных адносінах), колькі з семантыка-структурнай узаемазвязанасцю частак.
Складаназлучаныя сказы са спалучальнымі злучнікамі
§ 227. Сярод такіх сказаў найбольш распаўсюджаны стылістычна нейтральныя сказы са злучнікам і. У сказах са злучнікам і могуць выражацца часавыя адносіны: з'явы, пра якія гаворыцца ў састаўных частках, працякаюць адначасова ці ў розны час. Сказы з часавай семантыкай складаюцца з дзвюх і болей частак; яны характарызуюцца пералічальнай інтанацыяй: Вясенняя ночка, як стой, праляцела, і раніца з неба сплывае нясмела (Я. Купала); У зачарованым адзенні спіць трава і спяць кусточкі (Ц. Гартны); Ветры спяваюць над барамі вясёла, і ад ранку гамоняць працавітыя пчолы (П. Броўка); Мерна рыпяць і скрыпяць палазы, і бягуць, бягуць насустрач аснежаныя прасцягі палёў (М. Машара); Ціха шэпчуцца чароты, і калышацца аер (А. Астрэйка).
Фармальна-граматычным паказчыкам характару працякання дзеяння ў часе служаць трывальна-часавыя формы дзеясловаў-выказнікаў у частках сказа. Так, выказнікі абедзвюх частак складаназлучаных сказаў з адносінамі адначасовасці найчасцей выражаюцца дзеясловамі незакончанага трывання прошлага часу: Ні з таго ні з сяго сярод белага дня галасіста спявалі пеўні, і на пачарнелых сметніках жвава капашыліся вераб'і (Б. Сачанка); Падыхаў лёгкі восеньскі вецер, і сонца нехаця варочалася ў густых, цяжкаватых воблаках (Я. Скрыган); І азіміна, і яравое раслі на вачах, і разам з азімінай, з яравым раслі ў асцярожных, звыклых да ўсяго сэрцах куранёўцаў надзеі на лета: малілі бога, каб толькі і далей памог пагодаю (І. Мележ).
Выказнікі састаўных частак складаназлучаных сказаў могуць мець форму закончанага трывання прошлага часу: Здрыгануліся нетры ад гулу, і хіснулася лісце ўгары (Я. Колас); Воблачка гэтае наплыло на сонца, і ў тую ж хвіліну, узняўшы на дарозе фантанчыкі пылу, пасыпаўся буйны рэдкі дождж (В. Хомчанка); У гэты час скрыпнулі дзверы і ўвайшоў чалавек (К. Чорны).
У функцыі выказнікаў прэдыкатыўных частак складаназлучаных сказаў з адносінамі адначасовасці здольны выступаць дзеясловы незакончанага трывання цяперашняга часу: Ляжыць зямля ў адзенні белым, і дрэвы ў шэрані стаяць (Я. Колас); На платах тчэцца шоўк павуціны, і кудзеліць над хатай дымок (З. Бядуля); Ціха шэпчуцца чароты, і калышацца аер (А. Астрэйка).
Такія сказы, як правіла, выкарыстоўваюцца тады, калі пісьменнік імкнецца ажывіць расказ і надаць яму найбольшую нагляднасць, выпукласць: На сцяне ходзікі няўтомна клююць цішыню, і паўзуць, адна адну абганяючы, стрэлкі (Я. Скрыган); Цёхкае салавей, прысвіствае дрозд, і, як заўсёды, укладае некага спаць перапёлка (Б. Сачанка); Пахне свежай, вымытай зямлёй, і ў лужынах паблісквае сонца (Я. Скрыган); Па гранітным узбярэжжы рушаць машыны, і натоўп моладзі па каменных ступеньках спускаецца на водную станцыю (Я. Скрыган).
Калі выказнікі выражаны дзеясловамі аднаго трывання, то супадзенне ў часе дзеянняў ці станаў поўнае: Панура гудзела асенняя ноч, і вецер халодны ляцеў над Бярозай, бяліла зіма на палетках радно, і снежань суровы стаяў на парозе (А. Звонак); Паабапал жвірыстай дарогі калышацца леташні быльнік, і веснавая шырыня вее над неабдымным полем (К. Чорны); Ледзь варушыцца лісце ракіт, і суцішана Нёман плюскоча (А. Астрэйка).
Калі ж выказнікі састаўных частак выражаны дзеясловамі розных трыванняў, то супадзенне дзеянняў або станаў частковае: у адзін з момантаў працяглага дзеяння або стану ўзнікла ці ўзнікне новае, непрацяглае дзеянне або непрацяглы стан: Ён глядзеў на калгаснае поле, і ў ім набракла спрадвечная патрэба дзейнае рупнасці і гаспадарскіх клопатаў (Я. Скрыган); Стомлена глядзелі заняпалыя вочы, і ўвесь яго твар неяк змяніўся, зрабіўся больш халодны, суровы (М. Лынькоў).
Важную ролю ў дыферэнцыяцыі граматычных значэнняў складаназлучаных сказаў з часавымі адносінамі адыгрывае і парадак размяшчэння частак; у сказах са значэннем адначасовасці з'яў парадак размяшчэння частак свабодны: Ветры спяваюць над барамі вясёла, і ад ранку гамоняць працавітыя пчолы (П. Броўка); На акне мароз узор пляце, і палае печка ў будане (А. Астрэйка); Наліліся сокам спелыя брусніцы, і каля дарогі выраслі грыбы (С. Грахоўскі); І рэк журчанне помню я, і хат станічных белы дым знаёмы мне (А. Бачыла).
Злучнік і пры выражэнні адносін адначасовасці можа ўжывацца і як адзіночны, і як паўторны. Паўторны злучнік надае ўсяму выказванню асобы рытм, характэрную пералічальную інтанацыю. Акрамя таго, такі злучнік падкрэслівае аднатыпнасць, аднароднасць частак. Складаназлучаныя сказы з паўторным злучнікам і характэрны для паэтычнай мовы: І спынілі гамонку лясы пад празрыстым святлом месяцовым, і аселі крупінкі расы на кустах і травах мядовых (А. Астрэйка); І шумуе наша глеба самай буйнай збажыной, і красуе наша неба самай сіняй глыбінёй (М. Лужанін); Звіняць іржавым звонам путы, і стогн дзядоў, і плач дзяцей (К. Крапіва); Вісіць пад небам бляхі ліст, руіны, прорвы, катакомбы, і скрозь агонь, і бомбы, бомбы, і страшны гул, і страшны свіст (П. Глебка).
Набываючы ўласцівасці экспрэсіўных часціц, паўторны злучнік і падкрэслівае, узмацняе значэнне прэдыкатыўных частак складаназлучаных сказаў.
У складаназлучаных сказах са значэннем часавай паслядоўнасці дзеянні, пра якія гаворыцца ў другой састаўной частцы, пачынаюцца пасля завяршэння дзеяння першай часткі. Гэтыя дзеянні больш дынамічныя, чым тыя, якія знаходзяць адлюстраванне ў сказах з адносінамі адначасовасці. Парадак размяшчэння частак звычайна адпавядае парадку змены рэальных дзеянняў. Значэнне часавай паслядоўнасці можа ўскладняцца прычынна-выніковымі і іншымі адценнямі.
На паслядоўнасць дзеянняў, якія могуць быць працяглымі, непрацяглымі ці імгненнымі, указваюць трывальна-часавыя суадносіны выказнікаў прэдыкатыўных частак. Найбольш выразна адносіны паслядоўнасці выступаюць тады, калі выказнікі абедзвюх частак складаназлучаных сказаў са злучнікам і выражаны дзеясловамі закончанага трывання прошлага часу: Недзе галасісты пявун, не шкадуючы сілы, пракрычаў «ура» наступаючаму дню, і яму азвалася з паўдзесятка яго калег (М. Лынькоў); Мімаволі ўваччу паўсталі бачаныя нядаўна фанабэрлівыя твары захопнікаў, і нянавісць зноў хлынула ў аслабелае сэрца (В. Быкаў); Ужо для газет была падрыхтавана добрая інфармацыя, і праз які дзень яны павінны былі затрубіць ва ўсе трубы баявыя подзвігі паліцыі (М. Лынькоў); Нарэшце, жанчына перахрысцілася на абразы, і тады стражнік адышоў ад дзвярэй і даў ёй дарогу (Р. Сабаленка); Шыбы акон раптам жаласна забразгалі, і гулкія ўдары далёкіх узрываў пракаціліся адзін за адным, злёгку страсянуўшы сцены хаты (М. Лынькоў).
Для выражэння паслядоўнасці падзей, з'яў выкарыстоўваюцца сказы са злучнікам і, выказнік першай часткі якіх — дзеяслоў закончанага трывання прошлага часу, а выказнік другой часткі — дзеяслоў незакончанага трывання таго ж часу. Закончанае трыванне дзеяслова ў першай частцы сказа ўказвае на тое, што дзеянне закончылася, незакончанае трыванне ў другой частцы — на дзеянне, якое працягваецца пасля заканчэння першага: Успыхнула запалка ў руках Петручка бледна-чырвоным выбухам полымя, і скора сінія клубочкі махорачнага дыму павольна сталі падымацца ўгору, пад галіны старой вярбы (Я. Колас); Сцяпан адчыніў вароты, і грузны воз пачаў асцярожна ўцісквацца ў зяпу гумна (І. Мележ); Тут толькі што расстралялі больш сотні чалавек, і эсэсаўцы ўтрамбоўвалі трупы ў шырокім і доўгім рове (М. Лынькоў).
Асабліва выразна паслядоўнасць падзей праяўляецца ў такіх складаназлучаных сказах, выказнікі састаўных частак якіх маюць розныя часавыя значэнні: І ўсе балотныя палянкі цвітуць агнямі журавін, і неўзабаве ўспыхнуць гранкі чырвоных, яркіх арабін (П. Глебка); Адчыняюцца дзверы, і на парозе з'явіцца Навум з яго ўважлівым позіркам чорных вачэй (Б. Мікуліч); Дзеда ўсюды носяць ногі, і к нам прыйдзе на хвілінку адпачыць крыху з дарогі, важна сеўшы на ялінку (Я. Колас).
Аднак трывальна-часавыя суадносіны паміж выказнікамі састаўных частак складаназлучаных сказаў са злучнікам і не могуць лічыцца адзіным паказчыкам значэння адначасовасці ці паслядоўнасці. Пры вызначэнні характару адносін, што выражаюцца складаназлучанымі сказамі, неабходна ўлічваць канкрэтныя значэнні прэдыкатыўных частак. Так, іншы раз выказнікі абедзвюх частак складаназлучаных сказаў выражаны дзеясловамі незакончанага трывання цяперашняга часу, што тыпова для выражэння адносін адначасовасці. Рэальныя ж значэнні састаўных частак указваюць на паслядоўнасць дзеянняў: Паўлік доўга прыглядаецца да ягад, і яго востранькі, пасыпаны ля кірпатага носіка рабаціннем тварык прыкметна ажывае (Б. Сачанка); Пасля ўзрушанасць праходзіць, і мы ўжо спакойна гаворым (Я. Скрыган).
Складаназлучаныя сказы са злучнікам і — адзін са сродкаў выражэння прычынна-выніковых адносін. Да агульнага прычынна-выніковага значэння дадаецца значэнне часавай паслядоўнасці, што і натуральна, паколькі рэальны вынік выцякае з прычыны. Сувязь паміж часткамі такіх складаназлучаных сказаў звычайна бывае вельмі моцная. Гэта сказы закрытай структуры, г. зн. у іх дзве часткі, размешчаныя ў строга пэўным парадку: Сталі ўсталёўвацца на зямлі спакой і парадак, і людзі пачалі весялей глядзець на свет божы (К. Крапіва); Ад бегу і шпаркай хады шчокі яго разгарэліся, і сэрца стукала моцна і часта (Я. Колас). На нейкую хвіліну хмары на небасхіле разарваліся, і з іх цікаўна глянула сонца (І. Мележ); У Куранях ракі, прастору і глыбіні воднай не было, і снасць тут у людзей трымалася свая, балотная: лазовыя баўтухі, лазовыя таптухі, венцяры, сплеценыя з канапляных нітак кломлі (І. Мележ); Жвавыя снегавыя языкі хутка спавілі сваёй беллю нерухомыя целы людзей, мяккі дол прыветна туліў да сябе зняможаных падарожнікаў, і не было сілы расплюшчыць вочы, варухнуцца, устаць (В. Быкаў).
Прычынна-выніковая залежнасць паміж часткамі складаназлучаных сказаў са злучнікам і вызначаецца, галоўным чынам, суадносінамі рэальных значэнняў састаўных частак. Сінтаксічным сродкам выражэння гэтага значэння можна лічыць толькі парадак іх размяшчэння: прычына ці адценне прычыннасці заключаецца ў першай частцы, вынік — у другой: Прадстаўнік пушной фірмы яўна нудзіўся гутаркай на пушныя тэмы, і Заслонаў пакінуў яго пакуль што ў спакоі (М. Лынькоў); Нават у лесе душна было ў буданах, і хлопцы спалі проста пад адкрытым небам (М. Лынькоў); Дажджоў яшчэ не было, і цераз падсохлую за лета дарогу за няскончанай грэбляй прабраліся без асаблівага страху (І. Мележ).
Прычынна-выніковыя адносіны, што выражаюцца пры дапамозе злучніка і, вельмі блізкія да тых адносін, якія ўласцівы далучальным канструкцыям са словам таму, параўн.: Нейкі пякучы боль скалануў сэрца, і яна не магла зрушыцца з месца (Р. Сабаленка) — Нейкі пякучы боль скалануў сэрца, таму яна не магла зрушыцца з месца.
У сказах са злучнікам і могуць выражацца адносіны выніку, блізкія да адносін часавай паслядоўнасці. Прыметай такіх сказаў, якія складаюцца толькі з дзвюх частак, з'яўляецца напружаная інтанацыя ў першай частцы і паўза перад другой часткай. Такой інтанацыяй нярэдка падкрэсліваецца хуткая змена падзей, што на пісьме перадаецца пры дапамозе працяжніка: Момант — і афіцэр выхватвае шаблю (Я. Колас); Хвіліна — і надзета на твар маска (М. Гамолка); Узмах — і плёснулася недзе на сярэдзіне блясна; парушыўшы спакойную гладзь вады, разышліся зыбкія кругі (І. Шамякін).
Першая частка такіх сказаў, як правіла, нагадвае сабой намінатыўны сказ.
Складаназлучаныя сказы са злучнікам і здольны выражаць умоўна-выніковыя адносіны. Структурнай прыметай такіх двухчленных сказаў з'яўляецца напружаная інтанацыя ў першай частцы і паўза перад другой часткай, а таксама наяўнасць форм загаднага ладу дзеяслова-выказніка ў першай частцы: Гляньце на расквечаны вясною луг — і вы не зможаце забыць яго прыгажосць (С. Баранавых); Давайце прагуляемся па нашых мясцінах — і ў вас адразу зменіцца ўяўленне аб іх (Я. Колас); Ён ведаў — прыйдзі ён ноччу — і гэтыя позіркі могуць ператварыцца ў свінцовую кулю (М. Лынькоў); Знайдзі пачатак — і ты зразумееш шмат што (А. Мікуліч); Здаецца, кінь у раллю зярняты, і яны тут жа, на вачах, выкінуць з сябе імклівыя стрэлы лісткоў (У. Шахавец); Скажы яна адно слова Сцяпану — і ён, здаецца, пойдзе за яе ў агонь і ў ваду (І. Мележ).
Да такіх сказаў сінанімічныя складаназалежныя сказы са злучнікам калі: Калі вы глянеце на расквечаны вясною луг, вы не зможаце забыць яго прыгажосць; Калі вы прагуляецеся па нашых мясцінах, у вас адразу зменіцца ўяўленне аб іх. Пры параўнанні складаназалежных і складаназлучаных сказаў відаць, што апошнія дзякуючы формам загаднага ладу больш непасрэдна накіраваны да чытача, а ў сувязі з гэтым і больш экспрэсіўныя
Умоўна-часавыя адносіны выражаюць складаназлучаныя сказы са словам варта ў першай частцы, якое страціла лексічнае значэнне: Варта толькі накруціць там пружыну, і ў хвіліну, як страла, яна ляціць (А. Шуцько); Варта было прыслухацца да наваколля, і адразу вуха ўлоўлівала мноства гукаў (М. Ваданосаў); Варта стукнуць па ім, і ён расколваецца на драбнюткія кавалачкі (А. Чаркасаў).
Такія сказы сінанімічныя складаназалежным сказам са злучнікам як у другой частцы: Варта табе толькі спыніцца, расслабіць волю, як ты перастаеш быць важаком (А. Асіпенка). Складаназалежныя сказы ў большай ступені перадаюць часавае значэнне, чаму садзейнічае злучнік як (ён указвае на хуткую змену падзей).
У сказах са злучнікам і пры адпаведным лексічным напаўненні могуць выражацца адносіны супастаўлення (супрацьпастаўлення): А яму хацелася заплакаць, і не мог дзед заплакаць (М. Лынькоў); Нікчэмны, зацяганы паравозік свіснуў, і голасу яго ніхто не ўчуў за шумам вады (Э. Самуйлёнак); Сярэдзіна кастрычніка — і такі мароз (І. Шамякін); Васемнаццаць гадоў — і паспеў закахацца! (М. Лужанін).
Такія сказы сінанімічныя складаназлучаным сказам са злучнікам але, супрацьпастаўленне ў якіх выражаецца больш пэўна.
Да злучніка і паводле сінтаксічнага значэння блізкі злучнік ды, якому ўласцівы дадатковыя адценні катэгарычнасці і далучэння: Якая цішыня! Адно спеў мірнай працы плыве з васкросшых сёлаў і палёў, ды чуюцца гудкі апошніх станцый, шум Белавежы і хада зуброў (М. Танк); Ціхі пошум дрэў стаяў над наваколлем, ды рэчка шапатліва пляскалася ў бераг (Р. Сабаленка); Плачу не было, шыркалі адно косы наводдаль ды звінела, стрыкала балотная драбната (І. Мележ); Шуміць вада на грэблі пад мастом, ды сонцу шэпча ссохлая трава (М. Танк); Хутка поўнач надыдзе сыпаць зор залаты авёс ды папасвіцца месяц выйдзе на ліловую пашу нябёс... (У. Дубоўка); Гусцей разрасліся бэзам маленькія гародчыкі, ды патаўсцелі куртатыя вербы па абодвух баках дарогі (М. Машара); Пра гэта нам гаворыць Прыпяць ды ціха шэпча вецер у чаротах (У. Дубоўка).
Сказы са злучнікам ды сінанімічныя сказам са злучнікам і. Аднак у адрозненне ад мнагазначнага злучніка і злучнік ды перадае толькі адно са значэнняў, якія выражаюцца злучнікам і, — значэнне адначасовасці падзей (радзей — паслядоўнасці). Злучнік ды ўносіць у сказ размоўнае адценне: Толькі ліха сну не мае і не спіць, ды прадзе бяда ліхая сваю ніць (Я. Колас); Хіба што зрэдку рыпне студня, кіўнецца стромкі журавель ды скрозь прастор адзін бязлюдны, ды снегу томячая бель (Я. Колас); Мылі рабіну, песцілі толькі цёплыя дажджы, ды любілі шумець маладым лісцем вятры (І. Мележ).
Злучальныя словы адпрыслоўнага паходжання потым, затым, пасля ўжываюцца ў асноўным для спалучэння састаўных частак тых складаназлучаных сказаў, у якіх выражаюцца адносіны паслядоўнасці. Пры дапамозе гэтых слоў паслядоўнасць выражаецца ў плане аднаго і таго ж часу: Шукала яго наўперад Аўгіня, потым шукаў Аўгіню Мартын, потым шукалі яны адзін аднаго (Я. Колас); Вузенькая сцежачка змейкай вілася паміж густа разросшагася маладога ельніку, затым яна вынырала на шырокую паляну, засеяную аўсом і грэчкай (Я. Колас); Узгоркі зменьваліся лагчынамі, жоўтыя чубы маладога бярэзніку саступалі месца зялёным хвойнікам, пасля зноў ішло поле і, нарэшце, магутная сцяна старога лесу ў момант вока вырасла як з-пад зямлі (К. Чорны).
Складаназлучаныя сказы з супастаўляльнымі злучнікамі
§ 228. Паміж прэдыкатыўнымі часткамі такіх складаназлучаных сказаў выражаюцца супастаўляльныя адносіны, пры якіх адна састаўная частка або асобныя яе члены супастаўляюцца з другой састаўной часткай або асобнымі членамі: Усе ўміг разбегліся, а Алёша... застаўся адзін пасярод класа (І. Шамякін); І от ідуць сабе: сакратар — топ-топ па гразі, а крамнік — дыб-дыб, як певень (Р. Мурашка); Я, канечне, злякаюся, а яна — адскочыць і смяецца (Я. Скрыган); Міхал занадта ўжо служака, а медалёў не начапілі (Я. Колас); Не блага б спачыць, ды важны наказ пад ватоўкай ляжыць (П. Глебка); І сур'ёзны ты чалавек, здаецца, а паводзіны твае камарыныя (М. Лынькоў).
У складаназлучаных сказах з супастаўляльнымі адносінамі могуць супастаўляцца з'явы, што адбываюцца адначасова ці паслядоўна. Граматычнай прыметай адначасовасці з'яў, якія супастаўляюцца, выступае форма незакончанага трывання дзеясловаў-выказнікаў; граматычнай прыметай паслядоўнасці падзей — форма закончанага трывання дзеясловаў-выказнікаў. Структура такіх сказаў заўсёды двухчленная: Бушавала бура з сілай нечуванай, а вы ішлі напорна крокам нестрыманым (Я. Колас); Галіны алешынак і бярозак секлі яе твар, але яна бегла і бегла (І. Мележ); Яшчэ не ўзыходзіла сонца, а ўжо аднекуль з вышыні лілася птушыная песня (А. Чарнышэвіч); На вуліцы скрыпка грае, мяне ж маці не пускае (Народнае); Іскрыцца пад молатам сталь, а молат не біў так калісь... (Я. Купала); Кароткая вясновая ноч канчалася, але неба на ўсходнім баку, зацягнутае хмарамі, было цёмнае, панурае (І. Мележ); Агоньчык толечы развесці, а там закусім, аддыхнём (Я. Купала).
У залежнасці ад характару супастаўлення вызначаецца некалькі разнавіднасцей супастаўляльных адносін: уласна супастаўляльныя, супрацьпастаўляльныя і адносіны неадпаведнасці.
У аснове ўласнага супастаўлення ляжыць адрозненне паміж прадметамі і з'явамі. Для састаўных частак складаназлучаных сказаў з уласна супастаўляльнымі адносінамі характэрны структурны паралелізм. Асноўны сродак выражэння ўласнага супастаўлення — стылістычна нейтральны злучнік а: На лясных дарогах, проста над самымі каляінамі, відны сыравежкі, а ўбок, у лес, дзе мох, пажаўцелая трава і прэлае лісце, — красуюцца баравікі (К. Чорны); Зямля яшчэ песцілася ў сонным змроку вясенняй ночы, а неба ледзь-ледзь пачынала святлець на ўсходзе зорамі... (Я. Колас); Вышэй цягнуўся жоўта-зялёны пас арэшніку і маладога дубняку, а на самым грэбені берага стаялі каржакаватыя старыя дубы. Па гэты бок Случы было поле, а за рэчкаю рассцілаліся лугі, шырокія, не акінуць вокам (Я. Колас); На лугавых нізінах сям-там яшчэ стаяла вада, а над ёю лапушнымі кусцікамі жаўцела лотаць, рассцілаючы буйныя лісты (Я. Колас).
Злучнік а ў такіх сказах сінанімічны злучніку і і можа быць заменены ім. Параўн.: Над зямлёй стаяў яркі двурогі месяц, а сотні зорак былі рассыпаны ў сінім бяздонні неба, як залаты гарох (З. Бядуля) — Над зямлёй стаяў яркі двурогі месяц, і сотні зорак былі рассыпаны ў сінім бяздонні неба, як залаты гарох; Міхал ідзе ў свае абходы, а холад зімняе пагоды яго рухавіць і малодзіць (Я. Колас) — Міхал ідзе ў свае абходы, і холад зімняе пагоды яго рухавіць і малодзіць. Аднак у сказах са злучнікам і на першы план выступаюць спалучальныя адносіны.
Адносіны ўласнага супастаўлення могуць выражацца і складаназалежнымі сказамі са злучнікамі у той час як, тады як і інш.: Халявы ботаў былі шэрымі ад пылу, у той час як знізу боты намоклі ад расы (П. Пестрак); Я пажыў ужо крыху на свеце, тады як ты, можна сказаць, яшчэ і не спрабаваў жыцця (Ц. Гартны). Такія сказы больш уласцівы кніжнаму стылю мовы.
У аснове сказаў са значэннем супрацьпастаўлення ляжыць не адрозненне, а супрацьлегласць прэдыкатаў, пра што сведчыць лексічны састаў сказаў, наяўнасць антонімаў і г. д.
Адносіны супрацьпастаўлення выражаюцца пры дапамозе злучнікаў а, але, ды (у значэнні але), аднак, тым не менш: Не раз і не два гразіліся яму бандыты, білі з абрэзаў, прастрэлілі каля локця левую руку, а Шабета бясстрашна, нястомна гайсаў на цярплівым коніку з сяла ў сяло, высвятляў, супакойваў, наводзіў парадак (І. Мележ); Колькі паводак прайшло лугавінай, колькі летаў і зімаў адышлі, прамільгнулі, а яны стаяць, дубы, зелянеюць пад сонцам то ў лагоднай задуме ціхім летнім світаннем, то ў срэбным шэпце-шэлесце пад вячэрнім ветрам, то ў пагрозным гомане-шуме ў часе восеньскай завірухі (М. Лынькоў).
Супрацьпастаўленне з'яў, падзей у складаназлучаных сказах са злучнікам а вельмі выразна праяўляецца тады, калі ў першай прэдыкатыўнай частцы ёсць адмоўе не: Не кватэр аганькі мірна ў вокнах гараць, як калісьці, а агню языкі ліжуць ліпы салодкае лісце (А. Куляшоў).
Найбольш семантычна насычаным злучнікам для выражэння адносін супрацьпастаўлення з'яўляецца злучнік але: Зранку неба было і чыстае, і яснае, і яснасць стаяла доўга ўдзень, але за полуднем проста ўвачавідкі пачыналі пухнуць белыя, потым сіняватыя хмары (І. Мележ); У іх на хутары таксама было не густа, але травы не елі — даіліся дзве каровы, і ў свірне ў засеках тое-сёе яшчэ мелася (В. Быкаў); Навокал было ціха, але цішыня гэта не толькі не супакойвала, а нават як бы насцярожвала (І. Мележ).
Замена злучнікам а злучніка але ў такіх выпадках прывядзе да змянення адцення значэння — да выражэння неадпаведнасці, уласнага супастаўлення.
Пры дапамозе злучніка але могуць выражацца супрацьпастаўляльна-ўступальныя адносіны. Другая частка такіх сказаў зместам супрацьлеглая таму, што трэба было чакаць на аснове выказвання першай часткі: Яна адвыкла ўжо ад бацькі, але недзе ў глыбіні душы варушылася, пякло пачуццё жалю (Р. Сабаленка); Выглянула сонца, радасна пырснула праменнямі, але дождж яшчэ ішоў, сляпы, дробны (І. Шамякін); Ужо даўно развіднела, сонца з-за гор яшчэ не паказалася, але бясхмарнае неба ўгары, здавалася, аж звінела яркасцю ранішняга блакіту (В. Быкаў); Нічога асаблівага не было ў гэты вечар, але памяць пра яго грэла і трывожыла іх потым многія гады (І. Мележ); Ганна прамаўчала, але ў яе маўчанні ён пачуў згоду (І. Мележ).
Часта ўступальныя адносіны настолькі выразныя, што маглі б быць аформлены даданымі ўступальнымі сказамі, але гэта не толькі прывяло б да больш катэгарычнага і аднабаковага выражэння адносін, але і парушыла б паралелізм, раўнавагу ўсёй структуры ў цэлым, пры якой выказванню першай часткі супрацьпастаўляецца выказванне другой: Вясна была яшчэ ўпачатку, але снягі ўжо раставалі і дружна ў полі балбаталі раўкі, рачулкі і ў грамадку яны ваду сваю злівалі (Я. Колас); Яна [восень] яшчэ нясмела ступала на спалавелыя летнія сцежкі, але жнівеньскія росы былі густыя, цяжкія і золкія, у паветры пахла спелымі каноплямі з агародаў (І. Пташнікаў).
У складаназлучаных сказах са злучнікам але могуць выражацца супрацьпастаўляльна-абмежавальныя адносіны, сутнасць якіх у тым, што дзеянне, якое павінна пачацца, па нейкай прычыне перарываецца ці не адбываецца: Васіль хацеў прытуліць яе, прыкрыць світаю, але яна ўперлася рукамі, адхінулася і доўга стаяла асобна (І. Мележ); Нешта хацеў сказаць Сілівон, але паліцай груба адштурхнуў яго вінтоўкай (М. Лынькоў); Платон Астапавіч паімкнуўся злавіць унука, але той, звонка зарагатаўшы, уцёк да маці на кухню (І. Шамякін); Ён паспрабаваў усміхнуцца, але ўсмешка выйшла невясёлая, крывая (І. Мележ); Хацелася зноў заспяваць сваю кароткую, сумную песню, але цяпер яна не ішла (Я. Брыль).
Асаблівасць ужывання злучніка ж (жа) заключаецца ў тым, што ён звычайна ставіцца не паміж часткамі складаназлучаных сказаў з супрацьпастаўляльнымі адносінамі, а ў другой састаўной частцы пасля таго члена, які супастаўляецца з адпаведным яму членам у першай частцы і на які заўсёды падае лагічны націск: Я хлеба ў багатых прасіў і маліў, яны ж мне каменні давалі (М. Багдановіч); Ты імкнулася ў далеч прастораў бясконцых марскіх, я ж — да сэрца твайго, дзесь схаванага ў нетрах лясных (А. Куляшоў); Хутка ляціць над зямлёй самалёт, думы ж яго абганяюць (П. Броўка); Прэтэнзій у яго — хапіла б на слана, заслуг жа — як у зайца (К. Крапіва). Злучнік ж (жа) характарызуецца ўласцівасцямі часціцы — надае сказу выдзяляльнае адценне.
У злучніку затое, які таксама звычайна знаходзіцца ў другой састаўной частцы складаназлучанага сказа, заўсёды ёсць указанне на замяшчэнне, кампенсацыю чаго-небудзь у адносінах да першай састаўной часткі: Там, у цёмнай далёкай дарозе, хоць рызыка, затое недзе за ёй і надзея, палёгка Верачцы, ратунак (І. Мележ); Хлеба, грошай ты слугою мала будзеш мець, аплявухаў жа затое не будуць жалець (Я. Купала); На дварэ было цёмна, затое яснымі былі думкі ў чалавека (М. Зарэцкі).
Злучнік аднак ужываецца для сувязі састаўных частак складаназлучаных сказаў у тым выпадку, калі супрацьпастаўленне з'яў і падзей, аб якіх паведамляецца ў гэтых частках, мае ўступальны характар. У супрацьпастаўляльна-ўступальных сказах дзеянне другой прэдыкатыўнай часткі адбываецца наперакор той умове, якая выражаецца ў першай частцы. Складаназлучаныя сказы са злучнікам аднак сустракаюцца пераважна ў навукова-кніжным стылі і ў мове мастацкай літаратуры: Самалёты праз хвіліну зніклі ў далечы, аднак неўзабаве яны зноў вярнуліся (І. Мележ); Сустрэча была запланавана на ранні вечар, аднак надвор'е, на жаль, унесла сваю папраўку ў план (Я. Брыль); Раскарчаваць усё гэта не проста, аднак іншага выйсця не было (М. Лынькоў); Аж твар пачырванеў ад болю, аднак нічога падазронага млынар не заўважыў (К. Чорны); На заводзе даўно ўжо гудкі прагудзелі, аднак бацькі няма (А. Александровіч); Такі старанны гэты Кох, аднак і ён нечага не дагледзеў (М. Лынькоў).
У складаназлучаных сказах са злучнікамі толькі, адно выражаюцца супрацьпастаўляльна-абмежавальныя адносіны. Другая прэдыкатыўная частка такіх сказаў абмяжоўвае, удакладняе значэнне, выражанае першай прэдыкатыўнай часткай. Выказнікі могуць быць і з аднолькавай, і з рознай суадноснасцю мадальна-часавых форм.
Злучальнае слова толькі ўжываецца пераважна для сувязі састаўных частак складаназлучаных сказаў у мастацкай літаратуры, а злучальнае слова адно — у гутарковай мове: У доме панавала цішыня, толькі на двары ды на вуліцы чуліся асцярожныя крыкі вартавых (М. Лынькоў); Як заўсёды, яна цярпела гэтае біццё моўчкі — толькі вішнёвыя вочы гарэлі ўпартым, нядобрым агнём (І. Мележ); Усім было весела, толькі Міхед сядзеў, як на памінках (Р. Сабаленка); Гром аддаліўся, толькі часамі далятае яго прыглушаны грукат з далёкага цёмнага краю неба (Я. Скрыган); Партызаны ўзрадаваліся нечаканай знаходцы і гатовы былі прыняць яе на ўзбраенне, толькі ў гармаце не аказалася замка (У. Шахавец); Спіць мой край, адно не дрэмле варта яго надзейна ўзброеных сыноў (П. Броўка); У хаце ўсе яшчэ спалі, адно Валодзька штосьці гаманіў у сне (І. Мележ); Белая зіма здае свае пазіцыі на ўсім фронце, толькі дзе-нідзе, у самых глухіх закутках, замацаваліся яе белыя атрады, але і тыя, бачачы немінучую сваю пагібель, праліваюць раўчукі слёз (К. Крапіва); А ў полі і ў лесе было ціха, толькі ўгары жаласна пасвістваў каршун (Я. Колас); А мора ўжо ўгаманілася, толькі на прыбярэжнай кручы ды на мокрым жвіры пляжа ляталі белыя карункі пены (Р. Сабаленка).
Злучальнае слова наадварот, якое ўжываецца для сувязі састаўных частак складаназлучаных сказаў у навукова-кніжным стылі і ў мове мастацкай літаратуры, мае значэнне рэзкага супрацьпастаўлення: Гэтай сувязі ён стараўся не губляць, наадварот, ён яшчэ болей замацоўваў яе (Я. Колас); Непрыемнага адчування не было наадварот, цела поўнілася бадзёрасцю (І. Шамякін); Не свядомасць людзей вызначае іх быццё, а, наадварот, іх грамадскае быццё вызначае іх свядомасць (К. Маркс); Хуткае ахаладжэнне сталі спрыяе павелічэнню колькасці аўстэніту, наадварот, павольнае ахаладжэнне спрыяе яго разлажэнню ў мартэнсіт (Весці АН БССР, 1984).
Злучальнае слова тым не менш ужываецца для сувязі састаўных частак складаназлучаных сказаў, калі адносіны супрацьпастаўлення паміж гэтымі часткамі суправаджаюцца ўступальным адценнем. Такія сказы ўжываюцца ў асноўным у навукова-кніжным стылі мовы: Глеба на ўчастку апрацавана добра, тым не менш пачало паяўляцца пустазелле (Звязда, 1984); Ва ўсякім разе справу гэтую яна развязала, і тым не менш на сэрцы ў яе чамусь не было спакою (Я. Колас).
У разрадзе супрацьпастаўляльных асобую групу складаюць складаназлучаныя сказы з альтэрнатыўнымі злучнікамі а то, не то (а не то). Такія сказы выражаюць значэнне супрацьпастаўлення з адценнем умовы; другая частка такіх сказаў указвае на магчымы вынік невыканання таго, пра што гаворыцца ў першай частцы: Раней бы так заявіў, а то я павінен траціць час на ўсе гэтыя размовы (М. Лынькоў); Хоць бы вадою скрапілі, а то душыцца трэба з пылу (К. Чорны); Трэба ісці, не то позна будзе (М. Зарэцкі).
Альтэрнатыўныя злучнікі ўласцівы размоўнаму стылю, яны перадаюць значэнні, блізкія да значэнняў слоў інакш, у адваротным выпадку.
Уласна супастаўляльныя і супрацьпастаўляльныя адносіны грунтуюцца на аснове розных лексічных значэнняў супастаўляемых членаў састаўных частак. Адносіны ж неадпаведнасці вызначаюцца на аснове зместу састаўных частак і агульнага зместу складаназлучаных сказаў: Хістаўся стары лад у саміх асновах сваіх, у муках болю нараджаўся другі, новы парадак, а Яхім Суднік жыў сваім жыццём (Я. Колас); Праўда, ходзіць ён і есць і наогул жыве не лепш ад мужыка, а ў хату яго хоць і носа не паказвай — бруд, гразь, чарната, але знадворку хата мае зусім шляхецкі выгляд (Я. Колас); Стылі ногі і рукі, а са стрэх капала, і снег пад палазамі рыпеў мокра, паныла (І. Мележ); Соладка спявае, ды горка слухаць (К. Чорны).
У сказах са значэннем неадпаведнасці злучнік а сінанімічны злучніку але, параўн.: Ужо позні час, глыбока ночка, а хлапчукі сядзяць маўкліва і навакол глядзяць пужліва (Я. Колас) — Ужо позні час, глыбока ночка, але хлапчукі сядзяць маўкліва і навакол глядзяць пужліва.
Пры выражэнні неадпаведнасці фактаў, пра якія гаворыцца ў састаўных частках сказа, могуць быць ужыты злучнікі а і але, аднак злучнік а надае сказу размоўны характар, у той час як злучнік але толькі канстатуе гэту неадпаведнасць.
Трывальна-часавыя суадносіны выказнікаў састаўных частак не выконваюць адпаведнай канструктыўнай функцыі ў вызначэнні характару супастаўляльных адносін: Ноччу быў дождж, доўгі, здавалася, бясконцы, а ранак — аж зіхціць (І. Мележ); Лейтэнант меў ад сілы гады дваццаць чатыры, а нашай спадарожніцы можна было даць, здавалася, і ўсіх сорак пяць, калі не больш (І. Мележ).
Аднак у большасці выпадкаў выказнікі састаўных частак маюць аднолькавыя часавыя значэнні, таму што супастаўленне з'яў і падзей звычайна праводзіцца ў адным і тым жа часавым плане: Макару Наваку мінула ўсяго толькі дванаццаць год, але шмат змен адбылося за гэты час (Я. Колас); Мароз хадзіў па Яхімавай спіне, а перад вачыма нейкая бездань адчынялася (Я. Колас); Лісце на іх [бярозах] ліпела толькі дзе-нідзе, а несціханы вецер усё тузаў гнуткае голле, збіваў лісты і, круцячы, гнаў некуды за агародчык, у апусцелае поле (І. Мележ); Аня ўстала, увайшла ў хату, а ўслед падалася і Арына (І. Мележ); Ён намерыўся ісці, але Ганна, зразумеўшы гэта, ускінула на яго вочы, ціха, спалохана прызналася... (І. Мележ); Старшына нахмурыўся, але тут яго самога ўзяла цікавасць, і ён не закрычаў, а нецярпліва ступіў па гразі і строга спытаў (В. Быкаў).
Складаназлучаныя сказы з пералічальна-размеркавальнымі злучнікамі
§ 229. У такіх сказах выражаецца несумяшчальнасць ці чаргаванне пэўных з'яў.
Раздзяляльныя адносіны не выражаюцца складаназалежнымі і бяззлучнікавымі сказамі, таму для складаназлучаных раздзяляльных сказаў няма сінтаксічных сінонімаў сярод складаных сказаў.
Сказы з раздзяляльнымі адносінамі могуць складацца больш чым з дзвюх частак, інтанацыя іх пералічальная. Часткі такіх сказаў нярэдка будуюцца па законах структурнага паралелізму: То марозна, то пахне жарам, то змрочная ноч стаіць на дварэ (М. Лынькоў); То дажджоў мала, і збажына блекне на перасохшай глебе, то іх залішне, і яны не даюць адкрасавацца жыту, а то наплыве хмара і разам з дажджом сыпне камякамі граду (Т. Хадкевіч).
Трывальна-часавыя суадносіны выказнікаў складаназлучаных сказаў з пералічальна-размеркавальнымі злучнікамі не выконваюць пэўнай канструктыўнай функцыі ў вызначэнні характару сінтаксічных адносін. Аднак у большасці выпадкаў трывальна-часавыя значэнні выказнікаў супадаюць: То сонца смаліць, то дзьме снегавей (М. Хведаровіч); То шышка зваліцца з хваіны, то сук збуцвелы ападзе (А. Астрэйка); Ці жаўрук звінеў у небе, ці свістаў на ліпе шпак (Ц. Гартны).
Пералічальна-размеркавальныя злучнікі могуць быць адзіночныя і паўторныя.
Стылістычна нейтральныя злучнікі ці, або (адзіночныя і паўторныя) часцей за ўсё выражаюць адносіны ўзаемавыключэння: змест першай прэдыкатыўнай часткі гэтых сказаў выключае магчымасць зместу другой і наступных частак і наадварот: Ноч плыве ці белы дзень пагас? (А. Пысін); Час ад часу прагудзе машына, або, выкрасаючы дугой сінія іскры, прагрукаціць амаль пусты трамвай (Я. Брыль); Або гэта зломлена супраціўленне, або нападаючыя паслабілі націск (Т. Хадкевіч); Або іх тут не было, або яны проста не адважваліся падаваць голасу (Я. Колас).
Злучнік то — то, які паўтараецца, указвае на паслядоўную змену падзей: То сціхне вятрыска, то мацнее набег (П. Прыходзька); То нямеюць нівы ў полі, то дрыжыць пяшчотна гай (У. Хадыка); То мароз марозіць, то золіць слата (Я. Купала); То ён, знясілены, сухотны, пад градам куль імчыць, то ён за лентай кулямётнай з багунцамі ляжыць (П. Броўка); То ён згледзіць на дарозе цікавага жучка, то з травы ўздымецца птушка, то праляціць прыгожы матылёк (Я. Колас).
Такія сказы ўжываюцца ва ўсіх стылях літаратурнай мовы.
Злучнікі ці то — ці то, не то — не то (паўторныя) указваюць на з'явы няпэўныя, невыразныя; у іх перадаецца сумненне, меркаванне аб падзеях, з'явах: Ці то нябёсы адамкнулісь і ціха-ціха адгукнулісь зямлі, усяму стварэнню, ці то вясна йдзе ў аддаленні (Я. Колас); А што было далей? Ці то яму снілася, ці гаварыў хто з начлежнікаў? (Я. Колас); Ці то дзед і цяпер крыкнуў, ці то Віхор трывожна заіржаў (З. Бядуля); Ці то птушка божжа кінула зярно, ці то заняслося бураю яно, ці з дзіравай торбы конік чый згубіў, на чужую скібу зерне пасадзіў (Я. Колас); Над полем не то пыл курэў, не то трапяткая імгла ўзнялася аж да самага лесу (М. Лынькоў); Не то сякера мерна чэша, не то хтось кашляе ці брэша (Я. Колас); Не то самалёт у вышыні гудзіць, не то машына нейкая грукоча (З. Бядуля); У карых вачах чалавека свяцілася не то хітрынка, не то прарывалася лёгкая ўсмешка (М. Лынькоў); Не то загукала сава, не то прапішчаў заяц (Я. Маўр).
Злучнік ці — ці ўжываецца ў складаназлучаных раздзяляльных сказах, якія выражаюць пералічэнне падзей, з'яў, што ўзаемавыключаюць адны другіх: Ці ён грозіць каму, ці спужаў яго страх? (Я. Колас); Ці ён забыўся на яе словы, ці нейкія думкі адцягвалі ад песні (М. Лынькоў); Ці гэта казку лес складае, ці даль ачнулася нямая і немасць песняй парушыла (Я. Колас).
Складаназлучаныя сказы з паўторным злучнікам ні — ні, які ўжываецца толькі ў адмоўных сказах, складаюцца з дзвюх і больш частак. Для такіх сказаў характэрна пералічальная інтанацыя: Ціха. Ні лісце не зашалясціць, ні птушка не праляціць. Ні пастух сюды з авечкамі не заходзяць, ні ветру няма паміж хвойнікаў (К. Крапіва); Ні заяц не набягаў, ні дробная птушка не пралятала (М. Лынькоў); Ні адзін твар не перасмыкнуўся рысай хцівасці, ні ў каго вочы не кінулі позірку сквапнасці (К. Чорны).
Сказы са злучнікам ні — ні сінанімічныя сказам з паўторным злучнікам і — і, параўн.: Ні махі табе не паламае, ні парусу не парве (М. Лынькоў) — І махі табе не паламае, і парусу не парве. Абодва тыпы сказаў указваюць на пералічэнне з'яў, што суіснуюць у часе, аднак злучнік ні — ні, які паходзіць ад узмацняльнай часціцы, захоўвае гэта ўзмацняльнае значэнне, у выніку чаго ў сказах са злучнікам ні — ні адмоўнае значэнне больш выразнае.
Раздзяляльныя складаназлучаныя сказы сучаснай беларускай мовы адносяцца да ліку сказаў з агульнай супастаўляльна-супрацьпастаўляльнай семантыкай.
Складаназлучаныя сказы з далучальнымі злучнікамі
§ 230. Далучальныя злучнікі служаць для сувязі састаўных частак такіх складаназлучаных сказаў, у другой частцы якіх ёсць дадатковыя звесткі ці заўвагі да зместу першай часткі: Тады ўдвух падымалі сетку, прычым падымаць трэба было хутка (Я. Колас); На чорта служба гэтая, ды і каму служыць?.. (І. Навуменка); Ён быў у атрадзе ўвесь час, дый так яна знала яго, да прыходу ў атрад (Я. Брыль).
У якасці першай — асноўнай — часткі такіх сказаў выступае просты сказ, які можа абсалютна свабодна функцыяніраваць асобна. У якасці другой часткі ўжываюцца сказы, што з’яўляюцца пэўным дапаўненнем да першай, далучанай часткаю сказа, якая або абумоўлена канкрэтным значэннем першага члена, або ўзнікла ў сувязі з ім.
Думка, выказаная ў першай частцы, у дадатковай частцы складаназлучанага цэлага знаходзіць сваё ўдакладненне, паясненне і далейшае развіццё або ўскладняецца іншымі думкамі, што ўзнікаюць адначасова з ёй ці некалькі пазней.
Як правіла, далучальныя адносіны выражаюцца злучнікамі, асноўная функцыя якіх заключаецца ў выражэнні спалучальных і супастаўляльна-супрацьпастаўляльных значэнняў: За квасам елі верашчаку, а потым блінчыкі на маку, а там ламанцы, праснакі з пшанічнай добрае мукі; а макаў сок такі салодкі! (Я. Колас); Гады бягуць, гады каменне крышаць, а мора б’е, цалуюць хвалі дно (П. Трус); Памалу гутарку мы распачалі, а шмат аб чым пагутарыць было (Я. Купала); Васька не пісаў нікому, толькі ўсміхаўся шчаслівай усмешкай сваім таварышам, ды збялелыя вусны шапталі апошнія, не зразумелыя для некаторых словы (М. Лынькоў).
Пры далучальнай сувязі сказаў: 1) другая прэдыкатыўная частка ўзнікае як бы ў час самога працэсу маўлення, як нешта дадатковае да першай; 2) дадатковы характар другой часткі абумоўлівае інтанацыйную своеасаблівасць далучальнай канструкцыі: перад злучнікам голас паніжаецца і ўтвараецца паўза, на пісьме гэта інтанацыйная асаблівасць можа абазначацца кропкай з коскай ці працяжнікам; 3) іншы раз пры злучніках з далучальным адценнем ужываюцца часціцы, прыслоўі, займеннікі (і вось, і прытым, а таму, і ўслед за тым і пад.).
У сучаснай беларускай мове далучальная сувязь мае шматлікія разнавіднасці, кожная з якіх выкарыстоўваецца для афармлення адпаведных сінтаксічных адносін паміж састаўнымі часткамі складаназлучаных сказаў: далучальна-пералічальных, далучальна-азначальных, далучальна-паясняльных, далучальна-абмежавальных, далучальна-вылучальных, далучальна-прычынных, далучальна-заключальных.
Граматычным сродкам сувязі састаўных частак складаназлучаных сказаў з далучальна-пералічальнымі адносінамі з’яўляюцца злучнікі ды, ды і, а і інш.: Шрыфт у нас ёсць, ды і ў атрадзе Кандыбы маюцца шрыфты дзвюх раённых друкарань (І. Шамякін); Міхал замёр, стаіць маўкліва, а з ім і Свіда нерухліва (Я. Колас); Трэба прасіць машыны, ды і крэдыт некаторы спатрэбіцца (П. Броўка); А цяпер хаця малачка пакаштуй, ды хлеб вось тут у мяне прызапашаны (М. Лынькоў).
Заўвага. Злучнік ды і з’яўляецца адзіным спецыфічна далучальным злучнікам, які выражае толькі далучальныя адносіны. У складаназлучаных сказах з гэтым злучнікам далучальная сувязь паміж першай і наступнай часткай выражана асабліва выразна дзякуючы спецыфічнаму моўнаму афармленню. Наступнае за злучнікам ды і слова заўсёды лагічна выдзяляецца з усіх астатніх слоў далучанай часткі. Злучнік ды і надае складаназлучаным сказам узмацняльна-градацыйнае адценне.
У састаўных частках такіх сказаў пералічваюцца паведамленні аб з’явах і падзеях, прычым змест другой часткі не выцякае са зместу першай, а нанізваецца на яго, дзякуючы чаму дасягаецца больш поўнае апісанне агульнай складанай карціны.
Асабліва выразна праяўляецца характар далучальна-пералічальных адносін у тых складаназлучаных сказах, у якіх пералічэнне суправаджаецца ўжываннем пабочных слоў па-першае, па-другое і пад.: Па-першае, трэба праверыць словы маладзіцы і па-сапраўднаму разведаць, якое становішча ў мястэчку, і, па-другое, трэба параіцца з Букрэем (Я. Колас); Дык ці не сказаць яе [прамову] цяпер? Па-першае, будзе практыка яму, а па-другое, праверыць моц свае прамовы (Я. Колас); Значыцца, гэта было не так, бо, па-першае, святло магло ўвагу людскую ў тое месца накіраваць, а па-другое, ён не ўзяў гэтага на ўвагу і ўпарта некалькі разоў як бы падаваў некаму сігнал (К. Чорны).
Граматычным сродкам сувязі састаўных частак складаназлучаных сказаў з далучальна-азначальнымі адносінамі з’яўляюцца злучнікі і, ды, а.
Далучальна-азначальныя адносіны — гэта такія сінтаксічныя адносіны паміж састаўнымі часткамі складаназлучаных сказаў, пры якіх далучаемая частка характарызуе папярэднюю састаўную частку, раскрываючы яе змест з боку якасці, прызначэння і г. д.
Дадатковая характарыстыка першай састаўной часткі складаназлучаных сказаў з далучальна-азначальнымі адносінамі знаходзіць сваё найбольш яркае граматычнае выражэнне ва ўказальным займенніку гэта (гэты, гэтая, гэтае, гэтыя) і інш., якія знаходзяцца ў другой частцы: Ён будзе змагацца, і змаганне гэта будзе цяжкім (М. Лынькоў); З палеткаў павеяла свежым ветрам, і гэты вецер прынёс духмяны водар канюшыны і палявых кветак (А. Чарнышэвіч); Стаяў калісь тут бор стары, і жыў лясун у тым бары (М. Багдановіч); Падступіцца да гарэўшых цыстэрн не было ніякай магчымасці, ды гэта было і небяспечна (М. Лынькоў); Іх на гэты час не было тут, ды на гэта ніхто і ўвагі не звярнуў... (Я. Колас); Вольцы патрэбна была моцная апора, а гэтай апоры яна не мела нават у сям’і (К. Крапіва); Галодны тут жа госць ляжаў, а гэта значыла нямала (Я. Купала).
Своеасаблівую групу ўтвараюць складаназлучаныя сказы, у якіх другая частка звязана з першай пры дапамозе далучальных злучнікаў а іменна, гэта значыць, напрыклад: Прыватная ўласнасць на зямлю наогул павінна быць знішчана, г. зн. права ўласнасці на ўсю зямлю павінна належаць толькі ўсяму народу (У. І. Ленін); Да самага апошняга часу засталіся такія віды раслін, якія ў працэсе сваёй жыццядзейнасці ўтвараюць рэчывы з высокай ступенню вуглефіксацыі; напрыклад, некаторыя складанакветкавыя расліны адкладаюць у каляплодніках так званы фітамелон да сямі працэнтаў (Весці АН БССР, 1983); Высокі госць знаёміўся з жыццём працоўных нашай краіны, а іменна: ён пабываў у рэспубліках Сярэдняй Азіі і Закаўказзя (Звязда, 1984).
У такіх складаных сказах той, хто гаворыць, пры дапамозе другой часткі ўдакладняе, раскрывае змест першай часткі. Таму ў гэтых частках ёсць своеасаблівы сэнсавы паралелізм, што абумоўлівае ўключэнне гэтых сказаў у групу складаназлучаных, хоць паясняльныя злучнікі і ўказваюць на залежны характар другой часткі. Першая частка заканчваецца значным паніжэннем голасу і паўзай. Такія сказы па значэнню збліжаюцца са складаназалежнымі.
Складаныя сказы з далучальнымі злучнікамі ўжываюцца ў мове параўнальна рэдка. Для выражэння паясняльна-далучальных адносін часцей выкарыстоўваюцца бяззлучнікавыя сказы: Яго жонка рабіла работу болей лёгкую і болей далікатную: яна падбірала пер’е (Я. Колас); Вясна прыходзіла звычайна: на берагі глухіх нізін сачыліся з узгоркаў тайна крывыя вены ручаін (П. Глебка).
Граматычным сродкам сувязі састаўных частак складаназлучаных сказаў з далучальна-абмежавальнымі адносінамі ў сучаснай беларускай мове з’яўляюцца злучнікі ды і то, і то і інш.: Не дужа вялікая сходка, і то больш дзяды (Я. Колас); Ну, можа самы найменшы элемент трывогі ў яго быў апошнімі часамі, і то з’яўляўся ён не часта (К. Чорны); Мы вырашылі ўзяць рэчы, ды і то іх набралася столькі, колькі нам пад сілу было панесці (І. Гурскі).
У сказах такога тыпу дадатковае паведамленне, выражанае другой часткай, удакладняе і разам з тым абмяжоўвае рамкі праяўлення таго, аб чым паведамляецца ў першай састаўной частцы.
Для выражэння далучальна-вылучальных адносін выкарыстоўваюцца такія складаназлучаныя сказы, другая частка якіх вылучае і падкрэслівае штосьці вельмі важнае са зместу (або адносна зместу) папярэдняй састаўной часткі.
Далучальна-вылучальныя адносіны паміж часткамі складаназлучаных сказаў вызначаюцца на аснове зместу гэтых састаўных частак і іх інтанацыйнага афармлення.
Граматычным сродкам сувязі састаўных частак складаназлучаных сказаў з далучальна-вылучальнымі адносінамі з’яўляюцца злучнікі і, але, тым больш: Гэта часта было, і заўсёды тады, калі Бушмар пакідаў за сабою ўсё і быў адзін (К. Чорны); Яна думае нейкія свае думкі, але якія, сказаць трудна (Я. Колас); Трэба было кудысьці схавацца, але куды — ён і сам добра не ведаў (М. Лынькоў); Яе лічылі разумнай, разважлівай маладзіцай, і нават самыя старыя пачалі звяртацца да яе, як да роўнай ім (І. Шамякін).
Далучальна-вылучальныя адносіны, якія выражаюцца і афармляюцца пры дапамозе злучніка тым больш што (тым болей што), звычайна ўскладняюцца прычынным або прычынна-выніковым адценнямі: Дзед не хацеў трывожыць сына дзеля эфектнасці моманту, тым болей што Мартын Рыль мог і не быць (Я. Колас); Было яшчэ ўсё ж такі душнавата, тым больш што і вецер сюды амаль не пранікаў (А. Кулакоўскі); Ніхто не бачыў у гэтым незвычайнага, тым больш што такія здарэнні заўважаліся часта адначасова і ў многіх месцах (Т. Хадкевіч).
У другой частцы складаназлучаных сказаў з далучальнай сувяззю можа змяшчацца дадатковае ўказанне на прычыннае значэнне папярэдняй часткі. Такія складаназлучаныя сказы выражаюць далучальна-прычынныя адносіны.
Састаўныя часткі складаназлучаных сказаў з далучальна-прычыннымі адносінамі аб’ядноўваюцца пры дапамозе злучнікаў і, а ў спалучэнні са словам таму (загэтым): Наша справа калектыўнай гаспадаркі ёсць справа жыццёвая, правільная, а таму ёй належыць будучыня (Я. Колас); У хаце было душна, а таму мне вельмі не хацелася сядзець дома (З. Бядуля); Аб’езд быў далёка, і таму рашылі паспрабаваць прайсці праз мост (І. Мележ); У друкарні не хапае рабочай сілы, і таму іх выпусцілі са школы датэрмінова (Я. Брыль); Горасць абхватвае ўсё жыццё, жыццё ўсіх, а загэтым трэба ўсім разам і выходзіць на светлую дарогу... (К. Чорны).
Складаназлучаныя сказы, другая састаўная частка якіх змяшчае дадатковыя звесткі абагульняючага (заключальнага) характару адносна зместу папярэдняй састаўной часткі, выражаюць далучальна-заключальныя адносіны. Граматычнымі сродкамі сувязі састаўных частак такіх сказаў служаць і, ды, ды і, а таксама пабочныя словы значыць (значыцца), адным словам (словам).
Найбольш выразна характар далучальна-заключальных адносін праяўляецца ў тых выпадках, калі састаўныя часткі аб’яднаны пры дапамозе пабочных слоў адным словам і асабліва значыць, паколькі гэтыя словы адназначныя: Птушка цягне здабытак птушаняці малому — значыць, дбаць пра жывое трэба заўжды жывому (П. Броўка); Рунь кусцістая на гонях — значыць, будзе ўраджай (П. Глебка); Паліцца печ, значыць, маці дома (А. Васілевіч); Размова павялася між паненкамі і Саханюком аб справах другога зместу, аб іх знаёмых, адным словам, пачалося пераліванне з пустога ў парожняе (Я. Колас); Усё неяк не ладзіцца, не шанцуе, адным словам, няма чалавеку сапраўднага разгарнення (М. Лынькоў).
Менш выразна характар далучальна-заключальных адносін праяўляецца ў складаназлучаных сказах са злучнікамі і, ды, ды і. У такіх сказах далучальна-заключальныя адносіны ўскладняюцца тымі дадатковымі адценнямі, якія залежаць ад характару злучнікаў і, ды, ды і.
У адных з такіх сказаў другая састаўная частка можа з’яўляцца пэўным падагульненнем таго, пра што гаварылася ў першай частцы: Пачатак быў зроблены, і, трэба сказаць, пачатак нядрэнны... (Я. Брыль); Наяўнасць лішніх людзей ля пакгауза паказалася яму падазронай, ды і хто, наогул, мае права блізка хадзіць ля такога месца (М. Лынькоў).
Другая частка складаназлучаных сказаў з далучальна-заключальнымі адносінамі можа выражаць мімаходную заўвагу абагульняючага характару адносна таго, што паведамляецца ў папярэдняй састаўной частцы: Тры зімы толькі хадзіла ў школу, дый калі ўжо тое было! (Я. Колас); Маладосць яго згубіла, ды каго яна не згубіла! (Я. Купала); Людзі казалі, ды ці мала чаго людзі гавораць! (М. Лынькоў).
