Артефакт.lib.ru
Сайт Андрея Пискунова Хостинг Lib.Ru

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел

Парадак слоў у сказе

§§ 219–225

Парадак слоў у сказе

Актуальнае і сінтаксічнае чляненне

§ 219. Парадкам слоў называецца размяшчэнне кампанентаў лексіка-граматычнага саставу сказа ў пэўнай лінейнай паслядоўнасці: Глядзіць у вокны зімні вечар (Я. Колас); Нашай дужай хады не стрымалі разбоі ліхія (М. Лужанін); Дымы над куранёўскімі хатамі стаялі ў ружовым небе, як лес (І. Мележ); Цудоўна пахнуць мокрай травой прасторы рачных берагоў (К. Чорны); У ціхі лясны шорах урываліся рэзкія парывы ветру (М. Лынькоў); Белае пер'е губляе белая птушка завей (А. Звонак); Круглы месячык запаліў ліхтарык і свеціць над цёмнаю зямлёй (Я. Колас); Промні сонца коса ўрываліся праз акно вузкага пакоя (С. Баранавых); Паўдзённая гарачыня завалакла смугою далеч (В. Вітка); Са смалістае плашкі яловай майстар скрыпку-пяюху зрабіў, перадаў ёй сардэчныя словы, шматгалоссем яе надзяліў (А. Бялевіч).

Заўвага. У падручніках, як правіла, парадкам слоў называюць размяшчэнне членаў сказа. Такое азначэнне нельга лічыць правамерным, паколькі службовыя словы не з'яўляюцца членамі сказа, але іх месца асабліва цвёрда замацавалася ў працэсе гістарычнага развіцця мовы, і адступленне ад традыцыі выклікае памылкі. Значыць, гаворачы аб парадку слоў, трэба мець на ўвазе размяшчэнне ўсіх элементаў сказа, а не толькі яго членаў.

Побач з такімі сродкамі, як сінтаксічная сувязь слоў і інтанацыя, парадак слоў з'яўляецца істотным фактарам структурнай арганізацыі сказа. Ён выконвае ў асноўным функцыю размеркавання сэнсавай нагрузкі сказа паміж яго кампанентамі. Іменна дзякуючы парадку слоў сказ не проста выражае думку, а паведамляе канкрэтную думку ў адпаведнасці са зместам камунікацыі.

Нормы размяшчэння слоў ці груп слоў у сказе вызначаюцца сінтаксічнай будовай сказа і яго актуальным чляненнем.

Сінтаксічным называецца чляненне сказа на члены сказа.

Паняцце сінтаксічнай будовы звязана з граматычнай структурай: выдзяляецца структурнае ядро сказа — дзейнік і выказнік і члены, якія іх развіваюць. Сінтаксічнае чляненне характарызуе сказ толькі з аднаго боку — канструктыўна-сінтаксічнага, безадносна да камунікатыўнай нагрузкі, якую выконвае сказ.

Гаворачы пра сінтаксічную будову сказа, маюць на ўвазе нейтральнае размяшчэнне слоў адносна адно другога, якое адпавядае нормам мовы і пазбаўлена экспрэсіі. Так, дзейнік у двухсастаўным сказе папярэднічае выказніку: Сын вучыцца. У словазлучэннях з галоўным словам — назоўнікам азначэнне размяшчаецца перад ім, калі яно мае азначальны характар: мой сын. У дзеяслоўных словазлучэннях залежныя кампаненты, выражаныя формамі ўскосных склонаў з прыназоўнікамі ці без іх, размяшчаюцца пасля апорнага слова: вучыцца ў школе. Залежныя кампаненты дзеяслоўных словазлучэнняў, выражаныя якаснымі прыслоўямі з акалічнасным значэннем, папярэднічаюць апорнаму слову: добра вучыцца.

Такім чынам, словазлучэнні, з якіх складаецца сказ, арганізаваны паводле пэўных тыпаў сувязей слоў і адрозніваюцца больш-менш устойлівым размяшчэннем сваіх кампанентаў. У сучаснай беларускай мове ўстойлівы парадак слоў у словазлучэннях з'яўляецца нормай.

Аднак у адным і тым жа сказе ў залежнасці ад кантэксту і камунікатыўных заданняў, разнастайных сэнсавых і экспрэсіўных функцый словаразмяшчэнне можа мяняцца: Сын мой (а не чый-небудзь) добра вучыцца ў школе — Мой сын вучыцца ў школе добра (а не дрэнна) — Мой сын у школе (а не дзе-небудзь) вучыцца добра і інш.

Сэнсавыя і экспрэсіўныя функцыі сказа выяўляюцца з дапамогай актуальнага члянення сказа.

Актуальнае чляненне сказа — гэта чляненне сказа на тое, што ў ім пры пэўным камунікатыўным заданні з'яўляецца зыходным пунктам выказвання, лічыцца вядомым,— тэму (аснову) і на тое, што пра гэту тэму паведамляецца,— рэму (ядро). Рэма з'яўляецца камунікатыўным цэнтрам сказа і выдзяляецца лагічным націскам. Так, у сказе Мой сын добра вучыцца ў школе выдзяляецца тэма Мой сын і рэма добра вучыцца ў школе.

Заўвага. Ва ўжыванні тэрмінаў для абазначэння кампанентаў актуальнага члянення няма адзінства, што сведчыць аб складанасці гэтай праблемы і аб тым, што яна яшчэ канчаткова не вырашана. Побач з тэрмінамі «тэма» і «рэма» бытуюць тэрміны «аснова выказвання» і «ядро выказвання», «дадзенае» і «новае», «аснова выказвання» і «прэдыцыруемая частка», «лагічны суб'ект» і «лагічны прэдыкат». Нягледзячы на разнабой тэрмінаў, сутнасць з'явы адна і тая ж: у сказе звычайна спалучаюцца вядомае і новае. Такое адзінства вядомага і новага выцякае з самой прыроды камунікацыі: абапіраючыся на ўжо вядомае, той, хто гаворыць (ці піша), паведамляе нешта новае таму, хто слухае (ці чытае).

Сказы, у якіх ёсць тэма і рэма, называюцца расчлянёнымі. Сказы, у якіх проціпастаўлення рэмы і тэмы няма,— нерасчлянёныя. Гэта сказы тыпу Надыходзіць зіма, тут няма лагічнага націску, і ўвесь сказ абазначае «новае». У такіх сказах уся інфармацыя істотная, таму ўвесь састаў сказа роўны рэме. Аднак гэта не азначае, што такія сказы не дапускаюць актуальнага члянення. Сказаў па-за актуальным чляненнем быць не можа, паколькі не можа быць выказванняў без мэтавай устаноўкі таго, хто гаворыць. Але можна сказаць, што ў такіх сказах нулявая тэма, а ўвесь лексічны састаў выконвае функцыю рэмы.

Роля парадку слоў на ўзроўні сінтаксічнай структуры і на ўзроўні актуальнага члянення сказа неаднолькавая.

На ўзроўні сінтаксічнай структуры парадак слоў устанаўліваецца паслядоўным чляненнем кампанентаў, якія ўтвараюць сказ. Так, пры сінтаксічным аналізе двухсастаўнага сказа спачатку выдзяляюць групу дзейніка і групу выказніка. Затым у групе дзейніка выдзяляюць дзейнік і вызначаюць характар сінтаксічнай сувязі з ім даданых членаў сказа (ці сувязі іх паміж сабой). Гэтак жа аналізуецца і група выказніка.

На ўзроўні сінтаксічнай будовы сказа парадак слоў выконвае пэўныя граматычныя функцыі, якіх ён не мае пры актуальным чляненні сказа. Актуальнае ж чляненне сказа выконвае пэўную сэнсаваадрознівальную функцыю ў сказе. Тэма як зыходны пункт выказвання павінна быць у пачатку сказа, а рэма — камунікатыўнае ядро — пасля тэмы.

Паміж актуальным і сінтаксічным чляненнем сказа існуе залежнасць дваякага характару.

З аднаго боку, актуальнае і сінтаксічнае чляненне сказа могуць супадаць. З другога — актуальнае чляненне сказа можа быць супрацьпастаўлена яго сінтаксічнаму чляненню, паколькі сказы з аднолькавым саставам у залежнасці ад розных мэт камунікацыі маюць рознае актуальнае чляненне.

Выражэнне актуальнага члянення сказа парадкам слоў характэрна галоўным чынам для пісьмовай мовы, дзе адсутнічае інтанацыя і дакладны сэнс сказа ўлаўліваецца толькі дзякуючы парадку слоў (што датычыць інтанацыі пісьмовага тэксту, то яна вызначаецца парадкам слоў і кантэкстам). У вуснай мове, наадварот, актуальнае чляненне выражаецца перш за ўсё інтанацыяй («новае» ў сказе акцэнтуецца лагічным націскам), і строгі словапарадак у ёй не абавязковы. Таму пры аднолькавым актуальным чляненні сказа ў вуснай і пісьмовай мове можа быць розны парадак слоў.

Функцыі парадку слоў у сказе

§ 220. Парадак слоў у сказе выконвае тры асноўныя функцыі: граматычную, камунікатыўную і стылістычную. Граматычная функцыя парадку слоў заключаецца ў замацаванасці пэўнай пазіцыі за тым ці іншым кампанентам. Перш за ўсё гэта датычыць размяшчэння службовых слоў. Напрыклад, прыназоўнікі заўсёды размяшчаюцца перад словам, да якога яны адносяцца: на Радзіме, за Радзіму, аб Радзіме; часціцы могуць быць размешчаны перад словам (не прыйшоў) ці пасля яго (гаварыў жа); спалучальныя злучнікі размяшчаюцца паміж аднароднымі членамі ці сказамі (кніга і сшытак); падпарадкавальныя злучнікі ці злучальныя словы — у пачатку даданай часткі складанага сказа, пасля таго слова, да якога яны адносяцца (Я знаю, што цяжка і горка свой дом пакідаць і сяло (А. Астрэйка)).

Парушэнне паслядоўнасці элементаў у адзначаных выпадках прыводзіць да няправільнай пабудовы сказа ці да двухсэнсавасці. Так, зусім недапушчальныя спалучэнні Радзіме на, стале на кніга і пад. Сказы Ён не прыйшоў і Прыйшоў не ён аказваюцца рознымі сінтаксічнымі адзінкамі.

Граматычная функцыя парадку слоў найбольш выразна праяўляецца ў наступных выпадках.

1. Парадак слоў у сказе з’яўляецца важнейшым сродкам, які дапамагае адрозніць сінтаксічную функцыю дзейніка і дапаўнення пры супадзенні іх граматычных форм. Парадак слоў вызначае граматычную значымасць аманімічных форм назоўнікаў. Амаформы назоўны — вінавальны (тыпу Дзень змяняе ноч) адрозніваюцца парадкам іх размяшчэння: назоўны — дзейнік — стаіць на першым месцы.

2. Парадак слоў вызначае сінтаксічную функцыю галоўных членаў у сказах з дзейнікам і іменным выказнікам — у так званых сказах тоеснасці, г. зн. у такіх сказах, у якіх устанаўліваецца тоеснасць двух прадметаў ці асоб.

У сказе Мой брат — інжынер, у якім абодва галоўныя члены выражаны назоўным склонам назоўнікаў, першы назоўнік — дзейнік, другі — выказнік. Пры перастаноўцы галоўных членаў сінтаксічная роля іх зменіцца: «інжынер» стане дзейнікам, «брат» — выказнікам.

3. З дапамогай парадку слоў устанаўліваецца сінтаксічная функцыя прыметнікаў і тым самым вызначаецца тып сказа. Так, прыметнікі ў постпазіцыі да назоўніка-дзейніка з’яўляюцца выказнікам двухсастаўнага сказа (Дзень марозны), а ў прэпазіцыі да дзейніка — азначэннем аднасастаўнага намінатыўнага сказа (Марозны дзень).

4. Парадак слоў дапамагае высветліць сінтаксічную функцыю інфінітыва і вызначыць структуру сказа, якая залежыць ад гэтай функцыі. Напрыклад, прэпазіцыйны інфінітыў гуляць у сказе Гуляць з агнём небяспечна выступае ў ролі дзейніка двухсастаўнага сказа. Пры перастаноўцы постпазіцыйны інфінітыў уваходзіць у склад выказніка аднасастаўнага безасабовага сказа: Небяспечна гуляць з агнём.

5. Граматычная функцыя парадку слоў праяўляецца і тады, калі недапасаванае азначэнне і дапаўненне ці акалічнасць месца, часу выражаны назоўнікамі ва ўскосным склоне (побач з назоўнікам — азначэнне, пасля дзеяслова-выказніка — дапаўненне ці акалічнасць): Дарога ў лес ідзе прама — Дарога ідзе прама ў лес; Лаўка пад ліпай была любімым месцам адпачынку — Лаўка стаяла пад ліпай.

6. З дапамогай парадку слоў адрозніваюць дзве акалічнасці, адна з якіх адносіцца да дзеяслова-выказніка, другая — да другой акалічнасці: Сёння я зайду вечарам (зайду вечарам) — Я зайду сёння вечарам (зайду сёння, сёння вечарам).

7. Граматычная функцыя парадку слоў дапамагае адрозніць два ўскосныя дапаўненні, аднолькавыя па форме (у давальным склоне), але розныя паводле сінтаксічнага значэння (першае дапаўненне ўказвае на суб’ект дзеяння, другое — на адрасат): Брату хацелася зрабіць сястры нешта прыемнае (параўн.: Брат хацеў зрабіць сястры нешта прыемнае) — Сястры хацелася зрабіць брату нешта прыемнае (параўн.: Сястра хацела зрабіць брату нешта прыемнае).

Граматычная функцыя парадку слоў праяўляецца не толькі ў адрозненні членаў сказа, але і ў арганізацыі кампанентаў словазлучэнняў. Кожны тып словазлучэнняў мае свае нормы парадку слоў (прэпазіцыя залежнага члена пры яго дапасаванні і постпазіцыя пры кіраванні). Змена парадку слоў прыводзіць да разбурэння словазлучэння — змяняецца сінтаксічная роля залежнага члена (атрыбутыўныя адносіны пераходзяць у прэдыкатыўныя, паўпрэдыкатыўныя).

Парадак слоў мае граматычнае значэнне ў спалучэннях колькаснага лічэбніка з назоўнікам. Калі лічэбнік знаходзіцца ў прэпазіцыі да назоўніка (дваццаць чалавек), то ў такіх выпадках абазначаецца дакладная колькасць. Пры постпазіцыі лічэбніка (чалавек дваццаць) выражаецца прыблізная колькасць.

Уласна граматычная функцыя парадку слоў, яго ўдзел у фарміраванні граматычнай структуры сказа для беларускай мовы не з’яўляецца асноўнай.

Парадак слоў выконвае перш за ўсё сэнсавую функцыю, г. зн. удзельнічае ў фарміраванні сэнсавай, камунікатыўнай структуры сказа, з’яўляецца адным з галоўных сродкаў выражэння актуальнага члянення сказа. Мэтанакіраванасць выказвання, яго камунікатыўнае заданне — асноўны фактар, які вызначае парадак слоў у беларускай мове. У стылістычна нейтральнай мове першае месца ў выказванні займае тэма (тое, пра што гаворыцца ў выказванні, прадмет паведамлення), другое — рэма (тое, што гаворыцца аб прадмеце паведамлення).

Заўвага. Выказваннем прынята называць сказ, які разглядаецца ў дынамічным аспекце, з боку яго камунікатыўнай функцыі. На аснове аднаго сказа можа быць рэалізавана некалькі камунікатыўных заданняў. Пры гэтым змяняецца значэнне сказа. Змена сэнсу сказа суправаджаецца зменай яго словапарадку.

Аднак гэта толькі самая агульная фармуліроўка асноўнага закону словаразмяшчэння. Пры выражэнні аднаго і таго ж камунікатыўнага задання гэты закон можа рэалізавацца ў розных варыянтах словаразмяшчэння, паколькі парадак слоў у выказванні мадыфіцыруецца фармальным саставам сказа, які ляжыць у яго аснове, і аднаму камунікатыўнаму заданню можа адпавядаць больш чым адзін варыянт словапарадку. Пры гэтым пэўную ролю адыгрываюць такія фактары, як лексічны састаў сказа, граматычная форма асобных яго кампанентаў, ступень развітасці сказа ў цэлым і асобных яго частак. Камунікатыўная функцыя парадку слоў заключаецца не толькі ў выражэнні актуальнага члянення, але і ў выражэнні ступені камунікатыўнай значымасці слоў.

Стылістычная функцыя парадку слоў, якая абумоўліваецца яго пэўным узаемадзеяннем з інтанацыяй, выражаецца не толькі ў інверсіі кампанентаў актуальнага члянення, але і ў тым, што пэўныя варыянты словапарадку характэрны для таго ці іншага стылю мовы.

Асабліва адрозніваюцца размяшчэннем слоў пісьмовая і вусная мова. У вуснай мове значную ролю адыгрывае інтанацыя, пропуск пэўнага члена сказа, свабоднае перамяшчэнне слоў, а ў пісьмовай мове — захаванне традыцый літаратурнай мовы. Парадак слоў набывае стылістычнае значэнне ў тых выпадках, калі той, хто піша, перастаўляе які-небудзь член сказа і тым самым стварае дадатковыя адценні думкі, узмацняе ці паслабляе сэнсавую нагрузку слова, надае сказу размоўную афарбоўку, эмацыянальнасць, змяняе месца лагічнага націску і г. д. У выніку атрымліваецца так званы адваротны парадак слоў, што ўспрымаецца як адступленне ад звычайнага (прамога) парадку слоў. Такім чынам, парадак слоў удзельнічае ў стварэнні экспрэсіўнасці сказаў, што і вызначае яго ўласна стылістычную функцыю. У мастацкім і публіцыстычным стылях гэта функцыя парадку слоў праяўляецца як сродак стылізацыі мовы, эмацыянальнасці паведамлення і як індывідуальная аўтарская асаблівасць.

Разглядаць парадак слоў з пункту погляду толькі адной з яго функцый — граматычнай, камунікатыўнай ці стылістычнай — няправільна і неправамерна. Сказ — гэта граматычная і камунікатыўная адзінка мовы. Разрываць граматычны і камунікатыўны план даследавання парадку слоў можна толькі штучна, у метадычных мэтах. У мове ж граматычнае і камунікатыўнае заўсёды пераплецена, узаемазвязана і ўзаемаабумоўлена. Так, граматычная з’ява разбурэння словазлучэння адначасова з’яўляецца камунікатыўнай, паколькі пры гэтым змяняецца ступень камунікатыўнай значымасці слова, адначасова гэта і стылістычны факт (лепшы, больш дакладны варыянт перадачы думкі). Таму стылістычная функцыя парадку слоў не толькі не асноўная, але і ўвогуле не самастойная, заўсёды падпарадкавана камунікатыўнай функцыі, з’яўляецца як бы яе вынікам.

Граматычная, камунікатыўная і стылістычная функцыі парадку слоў уласцівы і мовам з так званым цвёрдым парадкам слоў, напрыклад англійскай, але ва ўсходнеславянскіх мовах, у тым ліку і ў беларускай, з іх развітай сістэмай флексій, камунікатыўная і стылістычная функцыі парадку слоў праяўляюць сябе больш выразна. Наяўнасць развітай сістэмы флексій, не зніжаючы граматычнай функцыі парадку слоў, садзейнічае ажыццяўленню камунікатыўнай і стылістычнай функцый, пастаяннаму ўзаемадзеянню і ўзаемапранікненню ўсіх трох функцый парадку слоў.

Прамы і адваротны парадак слоў

§ 221. Парадак размяшчэння слоў ад тэмы да рэмы называецца прамым. Прамы парадак слоў з'яўляецца стылістычна нейтральным.

Прамы парадак слоў бывае:

1. У расчлянёных двухсастаўных сказах дзейнік стаіць перад выказнікам: Белазорае бабіна лета ў гародчыку расцвіло (А. Вялюгін); Сад расцвіў прыгожы ранняю вясною (А. Русак); Стары пануры ельнік стаяў навокал нерухомы і загадкавы (А. Чарнышэвіч); Дзве бярозы шумяць пад акном (А. Астрэйка).

2. У нерасчлянёных двухсастаўных сказах выказнік мае значэнне наяўнасці, працякання і знаходзіцца перад дзейнікам (Праляцелі гады; Надышлі марозы).

3. Парадак размяшчэння членаў у расчлянёных двухсастаўных сказах такі: на першым месцы — дэтэрмінант, на другім — дзейнік, на трэцім — выказнік: Майскім вечарам Веніямін сядзеў за сталом і чытаў пры лямпе (І. Навуменка); На пашы рыжыя чмялі гаспадарылі між кветак (П. Панчанка); Там высокая пшаніца пачала ўжо каласіцца (А. Русак); Навокал густою смугой далягляд суровая восень заткала... (А. Бачыла); З-пад алешын, вербаў, з-пад карэння Нёман п'е крынічную ваду (А. Бялевіч).

4. У нерасчлянёных двухсастаўных сказах дэтэрмінанты таксама размяшчаюцца ў пачатку сказа, аднак тут на першым месцы — выказнік, на другім — дзейнік. Папярэднічаць выказніку ў нерасчлянёных сказах могуць толькі акалічнасці спосабу дзеяння. Іншыя даданыя члены сказа, пастаўленыя перад выказнікам, пачынаюць выконваць ролю тэмы, значыць, сказ перастае быць нерасчлянёным выказваннем. Дзеясловы-выказнікі ў нерасчлянёных выказваннях — двухсастаўных сказах — заўсёды непераходныя: Смутна шумеў стары лес (Я. Колас); Спакойна дрэмле Нарач (М. Танк); Лагодна і роўна падае сняжок (З. Бядуля).

5. У аднасастаўных сказах дэтэрмініруючы член папярэднічае прэдыкатыўнаму члену: Ганна заўважыла, што старая не крыўдуе, і ёй палягчэла (І. Мележ); Толькі аднаму музыку ноччу месячнай не спіцца (М. Танк); А Шарэйку ніяк не маўчыцца (Я. Брыль); Ну, але мне жыць хочацца! (Я. Купала); З рэчкі пацягнула халадком (А. Стаховіч).

6. Устойлівы парадак слоў наглядаецца ў аднасастаўных сказах без дэтэрмінантаў: Позняя раніца. Раса хаваецца толькі ў засені густога лісця (Я. Брыль); Глухая ноч. На небе гаснуць зоры (П. Глебка); Снежная пустыня. Цішыня (І. Шамякін); Люблю цябе, мой Нёман родны, мая любімая рака (А. Русак); Не злічыш дароў тваіх, верасень (А. Вялюгін); Вось і маё месца. Кладу свае прылады, здымаю торбу, саджуся, выціраю з твару пот і пазіраю на пясчаную паласу пад берагам і на віры (М. Лупсякоў); Трэба падкормліваць рыбу, трэба ачысціць сажалкі ад лішняй травы і іншага зелля, умацаваць некаторыя дамбы, падрамантаваць шлюзы і застаўкі (А. Чарнышэвіч).

У такіх выпадках актуальнае чляненне супадае з сінтаксічнай будовай сказа, таму парадак слоў у іх строга падпарадкаваны правілам, звязаным з сінтаксічнай будовай сказа.

Парадак слоў у гэтых групах вызначаецца асобымі правіламі, якія існуюць для кожнага тыпу словазлучэнняў. У атрыбутыўных словазлучэннях прыметнік стаіць перад назоўнікам (ружовы колер, дубовая бочка, музычны інструмент). У дзеяслоўных словазлучэннях кіруемыя і прымыкаючыя словаформы размяшчаюцца пасля дзеясловаў (любіць Радзіму, захаваць мір, змагацца дружна). У субстантыўных словазлучэннях кіруемыя і прымыкаючыя словаформы размяшчаюцца пасля назоўніка — апорнага слова (кніга для навучання, жаданне працаваць, назва вёскі).

Якасныя прыслоўі ў дзеяслоўных словазлучэннях папярэднічаюць дзеяслову (моцна гаварыць, горача любіць, легкадумна жыць, верна служыць). Прыслоўі іншага значэння могуць стаяць пасля дзеясловаў (чакаць нядоўга, прыехаць заўтра).

У састаўных іменных выказніках звязачны дзеяслоў папярэднічае іменнай частцы (аказаўся няшчырым, стаў дарослым, быў добрым). У састаўных дзеяслоўных выказніках звязачны дзеяслоў папярэднічае інфінітыву (можа здарыцца, сталі меркаваць).

Парадак размяшчэння слоў ад рэмы да тэмы называецца адваротным. Для абазначэння адваротнага парадку слоў выкарыстоўваецца тэрмін інверсія.

Інверсійны парадак слоў з'яўляецца семантычна і стылістычна значымым; ён экспрэсіўна афарбаваны. Пры інверсіі1 наглядаецца змяшчэнне тэмы і рэмы, сінтаксічнае чляненне супярэчыць актуальнаму чляненню. Сказы з інверсіяй характарызуюцца асобай экспрэсіўнай інтанацыяй. Паколькі пры інверсіі наглядаецца змяшчэнне тэмы і рэмы ці яе частак, то функцыянальная значымасць рэмы ці яе частак выдзяляецца інтанацыйна, пры дапамозе лагічнага націску: Чарнеецца сажаю вечар (М. Багдановіч); Цягнуцца к лесу чароўныя далі (Ц. Гартны); Нашай дужай хады не стрымалі разбоі ліхія (М. Лужанін); Для нас цвітуць сады і агароды і жытнія звісаюць каласы (Я. Купала); З палян непакосных дыхнулі мядовай расой верасы (М. Калачынскі); Тры разы выходзіла з берагоў рэчка наша ціхая між лугоў (А. Бялевіч); На гай, на поле і на хаты спаўзае ночы лёгкі цень (М. Чарот).

Асноўныя выпадкі інверсійнага парадку слоў у беларускай мове наступныя:

1) атрыбутыўныя словазлучэнні з прэпазіцыяй назоўніка (зубы крывыя, рукі моцныя, вочы шэрыя);

2) дзеяслоўныя словазлучэнні з прэпазіцыяй прыназоўнікава-склонавай формы (на двор выскачыў, на вуліцу выйшаў, па горадзе ездзіць);

3) словазлучэнні з прыслоўямі, у якіх у прэпазіцыі знаходзіцца дзеяслоў, прыметнік ці іншае прыслоўе, што паводле нормы павінны займаць постпазіцыйнае становішча (дыхае цяжка, добры вельмі, весела надзвычай);

4) складаныя ці састаўныя выказнікі з прэпазіцыяй іменнай часткі, інфінітыва, дзеепрыметніка ці прыслоўя (вымавіць не можа, вучыцца хачу);

5) нерасчлянёныя сказы з прэпазіцыяй рэмы (Радуецца маці).

Пэўны парадак слоў з'яўляецца адным з важнейшых паказчыкаў стылістычнай характарыстыкі тэксту.

Стылістычныя якасці парадку слоў (прамы парадак слоў пазбаўлены экспрэсіі, інверсійны — экспрэсіўна афарбаваны) вызначаюць іх неаднолькавае выкарыстанне ў тэкстах рознай функцыянальна-стылістычнай прыналежнасці. Так, навуковы, афіцыйна-дзелавы стылі перавагу аддаюць прамому парадку слоў; інверсія ж характэрна для размоўнага стылю і для стылю мастацкай літаратуры.

1. Любая інверсія павінна быць апраўдана, у адваротным выпадку яна вядзе да стылістычных памылак.

Парадак размяшчэння членаў сказа

Месца дзейніка і выказніка ў сказе

§ 222. Для парадку слоў у любым двухсастаўным сказе важна ўзаемаразмяшчэнне яго галоўных членаў. Іменна іх месцам у адносінах адзін да аднаго вызначаецца прамы і адваротны парадак слоў у сказе: прэпазіцыя дзейніка разглядаецца як прамы (дзейнік называе прадмет, а выказнік што-небудзь паведамляе аб гэтым прадмеце), а прэпазіцыя выказніка — як адваротны парадак слоў: Тут раслі яліны і трапляліся бярозы. І ядловец гусціўся пад арэшнікам (К. Чорны); Адшумелі свой час неспакойныя восеньскія вятры. Нізкія, разарваныя ветрам мітуслівыя хмары выплакалі халодныя слёзы (Я. Колас); Нерухома стаяў густы амярцвелы лес, шчыльна прытуліўшы верхавіны да верхавін, пераплёўшы галіны, акрыўшыся белымі шапкамі крохкай, шапаткой шэрані. Ні звер, ні чалавек, ні птушка не парушалі яго ранішняга спакою. Толькі дзесь у гушчары галін суха палускваў мароз, пераскокваючы з дрэва на дрэва (Я. Колас); Хмара праляцела за некалькі хвілін, шугануўшы касым ліўнем. Дождж перастаў. Прыпякала сонца (І. Шамякін); Лес гарэў, палаў дзівосным пажарам лістапада (І. Мележ); Срэбранаю стужкаю вывіваўся Нёман, то падыходзячы пад самы лес, падразаючы карэнне дрэвам, то сярэдзінаю лугу, то падступаючы да поля і апярэзваючы бліскучым жывым паскам яго пясчаныя схілы (Я. Колас).

У пісьмовай мове размяшчэнне галоўных членаў залежыць ад камунікатыўнага саставу сказа. Як правіла, дзейнік і выказнік знаходзяцца ў розных камунікатыўных групах. У тых выпадках, калі дзейнік з’яўляецца «дадзеным» ці «зыходным» (а такіх выпадкаў большасць), ён прэпазіцыйны выказніку і часцей за ўсё абсалютна прэпазіцыйны: Аўдоцця мацней сціснула тонкую руку дзяўчынкі і маўкліва ступіла следам за ўсімі (І. Мележ); Азёры, азёры, азёры ўдалі забялелі (М. Танк); Свой сваяка бачыць здаляка (Прыказка); Кожны з нас адчувае Леніна заўсёды поруч з сабою, у сабе (А. Бялевіч); Жыта звесіла шыю, каласы зашапталі. Каласы медзяныя шмат цяжэйшыя сталі (П. Броўка); Ранак маіх спадзяванняў быў ружовы і надта кароткі (П. Макаль); Спевы бацькавы і матчыны нам засталіся ў спадчыну (Я. Пушча); Чырвоныя ствалы соснай высока-высока ўзнесліся ў глыбокую і нерухомую сіняву неба (М. Лынькоў); Сонца яшчэ не паказалася з-за высокага бору ў канцы вёскі, і ён, спакойна-задумёны і вастраверхі, быў як бы намаляваны на чырвані неба. Стрэхі зацягнены шэранню вераснёвага прымаразку, нібы павуціннем засланы (К. Крапіва).

Абсалютная прэпазіцыя дзейніка тлумачыцца не толькі актуальным чляненнем сказа, але і тым, што дзейнік з’яўляецца граматычна незалежным членам сказа. Яго граматычнае становішча — першае месца ў сказе (не лічачы азначэння, выражанага прыметнікам).

Заўвага. Сутнасць граматычнага прынцыпу размяшчэння слоў заключаецца ў тым, што месца слоў у сказе звязана з іх граматычнай роляю і іх граматычнай формай. Згодна з гэтым прынцыпам, члены сказа, за выключэннем азначэння, выражанага прыметнікам, і акалічнасці, выражанай прыслоўем на -а, а таксама прыслоўямі меры і ступені (месца гэтых членаў вызначаецца правіламі ўтварэння словазлучэнняў, а не ўсяго сказа), размяшчаюцца такім чынам, што залежныя члены ставяцца за галоўнымі, і чым больш цесная сінтаксічная сувязь залежнага слова з галоўным, тым бліжэй яны ў сказе адно да другога.

Прэпазіцыйнае размяшчэнне дзейніка больш выразна падкрэслівае граматычную залежнасць выказніка ад дзейніка і абсалютную незалежнасць апошняга.

Дзейнік прэпазіцыйны выказніку і ў тых выпадках, калі «дадзеным» ці «зыходным» з’яўляецца які-небудзь даданы член, звязаны з выказнікам, а дзейнік уваходзіць у групу «дадзенага» (не з’яўляецца «новым»): Бой заціх ля чыгункі, і салдатам камбат раздаваў падарункі ад палескіх дзяўчат (М. Смагаровіч); Колькі моманту Раман ляжаў нерухліва, заплюшчыўшы вочы (Я. Колас); Пяць дзён на захад мы ішлі румынскім бур’яном (А. Астрэйка); На бомбу я накладаю сваё законнае вета (А. Куляшоў).

Як вядома, у ролі дзейніка могуць выступаць назоўнікі, займеннікі, лічэбнікі, інфінітыў. Марфалагічнае выражэнне дзейніка аказвае ўплыў на парадак размяшчэння яго ў сказе.

Так, калі ў ролі дзейніка выступае займеннік, то парадак слоў амаль заўсёды прамы — «дзейнік — выказнік». Толькі ў прэпазіцыі стаіць дзейнік, выражаны адноснымі словамі які, хто, што. Прычыны толькі прамога парадку размяшчэння слоў пры такім выражэнні дзейніка ў тым, што адноснае слова заўсёды ўказвае на якое-небудзь іншае слова папярэдняга сказа, а таму яго і ставяць як можна бліжэй да гэтага слова. Акрамя таго, з’яўляючыся сродкам сувязі двух сказаў, адноснае слова, натуральна, размяшчаецца недзе ў сярэдзіне паміж часткамі, і паколькі яно ўваходзіць у састаў адной з такіх частак, то аказваецца ў ёй на першым месцы: Па сцежачцы, што вілася напрасткі ад лесу і бегла праз поле, павольна пасоўваліся дзве чалавечыя фігуры (Я. Колас); Хто ўмее любіць Радзіму, той умее ненавідзець ворага (Прыказка); Кожны, хто глядзеў з кабіны самалёта на родную зямлю, адчуваў біццё свайго сэрца (Э. Самуйлёнак); Хто не надзеецца на сябе, той заўсёды слабы (Я. Колас); Тое лічыцца надзейным, што здабыта цяжкім працаднём (А. Куляшоў); Вялікі горад, які раскінуўся на прыгожых берагах паўнаводнай ракі, дрыжэў ад танкавага грукату (А. Стаховіч).

Заўсёды стаяць перад выказнікам пытальныя займеннікі хто, што ў ролі дзейніка: Што хаваецца за заслонаю сінечы-смугі? (Я. Колас); Што тут робіцца такое? (К. Крапіва); А хто там ідзе, а хто там ідзе ў агромністай такой грамадзе? (Я. Купала).

Першае месца пытальных займеннікаў тлумачыцца наступным: у пытальных сказах на першым месцы заўсёды стаяць тыя словы, на якія падае лагічны націск. Яны як бы папярэджваюць слухача пра неабходнасць падрыхтавацца да адказу.

Для займеннікаў іншага значэння таксама звычайны парадак «дзейнік — выказнік», хоць і далёка не заўсёды: Ён зіхацеў над зямлёй, гэты сонечны дзень (К. Чорны); Калі ж налева глянуў коса — святла там яркая палоса. Ён — гоп у левы бок (К. Крапіва); У апошнім пісьме ён ужо гаварыў больш выразна (К. Чорны); У ціхіх скаргах непрыбранага жыта чуў я вялікія буры (К. Чорны).

Вялікае значэнне для размяшчэння дзейніка і выказніка мае месца, дзе знаходзяцца словы, звязаныя з выказнікам.

Калі словы, звязаныя з выказнікам, размешчаны за канструкцыяй «дзейнік — выказнік», парадак, як правіла, прамы: Жыццё павольна пакідала маленькае кволае цельца, зламанае цяжкай формай дыфтэрыі (І. Шамякін); Трактар паволі ішоў полем. Бліскучыя лемяхі плугоў лёгка пераварочвалі пласты зямлі. Шызаваты дымок весела скакаў над радыятарам. Трактар зрабіў круг за кругам, баразна лажылася за баразною, роўненька, як пад шнурок (Маладосць, 1985).

Варта ж толькі словам, цесна звязаным з выказнікам (прамому дапаўненню ці акалічнасці месца), апынуцца на першым месцы, як выказнік таксама пачынае займаць прэпазіцыйнае становішча ў адносінах да дзейніка: За далёкай даллю бачылася Ганне вольная, гарэзная маладосць (І. Мележ); Між зубчатых лісточкаў ірдзела некалькі налітых сокам буйных сунічын (В. Быкаў); Завулкам праходзілі людзі, часам праязджала машына (К. Чорны); Аднатонную песню вялі колы вагонаў. Бясконцы рой залатых іскраў выпускаў паравоз, агністаю паласою вызначаючы сабе дарогу. Ціха гулі і судрыгаліся балоты побач чыгункі, дзе бегла машына. Раскаціста і гучна грымелі салаўі: звонку іх песень не маглі заглушыць грук і шум вагонных колаў. Месцамі ўзнімаўся белаваты туман і нерухома звісаў над маладымі асокамі і цёмнымі абрысамі разложыстых купчастых аблокаў (Я. Колас); Пры пыльнай дарозе шумяць палыны, і вясёлыя плачуць паводдаль каліны (К. Чорны); Бліскучаю сталёваю стужкаю ззяе Прыпяць, і толькі ў глыбокіх чорных бухтах яе плёскаюцца самы, узнімаючы срэбныя кругі-абручы (Я. Колас); На сінія травы, на сосны густыя павольна спускаўся жнівеньскі вечар (П. Панчанка); На пустой вуліцы, з торбай цераз плячо, ніжучы босымі нагамі цёмны след на падбеленай расой траве, ішоў, размахваў доўгай вераўчанай пугай яшчэ санлівы хлопец-пастух (І. Мележ).

Месца лагічнага націску і інтанацыя таксама ўплываюць на парадак слоў: Прастрэленая гітлераўцамі ў грудзі, умірала маці (К. Чорны); Абудзіў яе трэск агню ў печы, рып дзвярэй (І. Мележ).

Інтанацыйны момант, у прыватнасці інтанацыя, характэрная для пералічэння, абумоўлівае размяшчэнне дзейніка і выказніка. Калі пры адным дзейніку пералічваецца некалькі выказнікаў, то парадак заўсёды прамы — «дзейнік — выказнік»: Мяцеліца плыла, там, уверсе, ныла, скуголіла, сціхала, тады зноў шалела (І. Пташнікаў); Сцюдзёны сіверны вецер самаўладна гаспадарыў у непрыбраным кукурузным працягу, гойдаў, ірваў і матляў змёрзлыя паламаныя сцяблы, поўніў прастор беспрытульным шорхатам першай завеі (В. Быкаў); Майскае сонца высока стаяла ў майскім небе, кідала на зямлю снапы гарачых праменняў і залівала асляпляючым бляскам увесь свет (Я. Колас).

Калі пералічваюцца не выказнікі пры адным дзейніку, а некалькі дзейнікаў пры адным выказніку, магчымы абодва парадкі — прамы і адваротны: Панурыя сцены нізкіх будынкаў, белая зямля, нахмуранае цёмнае неба і халодны змрок між імі таілі ў сабе няветлівую цішыню і маўклівасць (Я. Колас); Беднасць і благароднасць заўсёды ішлі поруч (Э. Самуйлёнак); Армяне, грузіны, башкіры, татары, казахі, кіргізы, як грозныя хмары, на ворагаў лютых абрушылі сілу і злых акупантаў дашчэнту скрушылі (Я. Колас); Лётны пляц, дамы, панелі моцна раптам падрабнелі, паплылі на поўнач дзесьці, а Хвядос, як быў, на месцы (К. Крапіва); Аднекуль здалёк даляталі дзіцячыя галасы, кукарэканне пеўня і прыглушаны гул малатарні (І. Шамякін); Кожны дзень прыходзілі сюды бацька або маці (К. Чорны); На думкі прыйдуць лес і зверы, грыбы і рыба на вячэру, прастор і скарб калгаснае зямлі (Я. Колас).

Сказы з прамым парадкам слоў маюць апісальны характар, з адваротным — апавядальны.

У сказах перад простай ці ўскоснай мовай парадак размяшчэння галоўных членаў заўсёды прамы, у сказах жа, якія ўводзяць простую мову,— адваротны: Калі Сузан запрасіў яе прайсціся які круг у танцы, яна спачатку запярэчыла, але тут жа згадзілася: «Ну, добра... Раз ты хочаш, я згодна» (М. Лынькоў); Ляціць стругавінне, злятае далой і шастае, шэпча ціхутка: «А гэта ўсё, што для новых дамоў, ці хутка ты зробіш, ці хутка?» (У. Дубоўка); «Дазвольце пазнаёміць,— сказаў Саханюк, падводзячы калегу да пісара,— цельшынскі настаўнік».— «А!» — прамовіў пісар,— акінуўшы Лабановіча прыжмуранымі вачамі, і падаў яму руку.— «Прасвяшчаць, значыць, прыехалі?» — спытаў пісар, каб хоць што-небудзь сказаць, і яшчэ раз азірнуў Лабановіча.— «Ну, ну, справа патрэбная»,— важна заўважыў ён... (Я. Колас).

Стылістычная роля парадку слоў асабліва выразная ў сказах з парадкам слоў «выказнік — дзейнік». Адваротны парадак слоў шырока выкарыстоўваецца пры апісаннях: На бляклым небасхіле ўдалечыні ўжо запалілася і ціха гарэла адзінокая, самотная зорка (В. Быкаў); Над затуманенай навалаю гор у супакоеным вячэрнім небе ціха дагараў шырокі Мядзведжы хрыбет. На крутых яго схілах усё вышэй узнімалася шэрае сутонне ночы і ўсё менела ружовага бляску на піках-вяршынях (В. Быкаў); Там і сям на ўскраінах лясоў распускаліся маладыя лісточкі бярэзінак (Я. Колас); У густых галінах клёна цінькала сініца, стракатыя дразды мітусіліся сярод піхтаў і соснаў. Залатымі водбліскамі сонца пераліваўся, мігцеў унізе старажытны горад. У нябеснай сіні плылі рэдкія белыя воблакі (Полымя, 1984); Канчалася лета. На лугах ужо рассцілалася зялёнымі аксамітамі пяшчотна-кволая атава. Парыжэлі стагі, збіраліся ў вырай буслы. Агорнутыя сіняватаю смугою, журботна пазіралі далечы і ніклі ў святле жнівеньскага сонца (Я. Колас); Спеў на полі поўны колас і пахла яго салома, і кара дрэў, і вецер (К. Чорны); Займаўся пагодлівы вераснёўскі ранак. За Нёманам, пад касымі промнямі сонца серабрыўся стары бор (Звязда, 1985); У ціхія бязветраныя дні і ночы ціснулі марозы. Трашчалі сцены ў хатах, страляў, як з гармат, лёд на рэках, лопалася кара на дрэвах, вымярзалі сады (Полымя, 1983).

Часцей за ўсё ў гэтых выпадках выказнік з’яўляецца «новым» і лагічна выдзяляецца. Відавочна, такім выдзяленнем і абумоўлена яго прэпазіцыя.

Роля парадку слоў як стылістычнага сродку выразна выступае ў складаназлучаных і бяззлучнікавых сказах, дзе дзейнік і выказнік папарна звязаны ў адно інтанацыйна-сэнсавае цэлае. Прычым у адной састаўной частцы прамы парадак слоў, у другой — адваротны. Такое размяшчэнне слоў робіць фразу рытмічнай: Сям-там раскіданыя над гарамі, плылі белыя, як авечы статак, аблокі; вышэй ад іх суцэльная навісь хмар закрывала снегавыя вяршыні (В. Быкаў); Паабапал жвірыстай дарогі калышацца леташні пырнік, і веснавая шырыня вее над неабдымным полем (К. Чорны); Пакосім мы густыя асокі, мурагі, усе валкі сухія мы зложым у стагі (А. Русак); Пазнікалі ночы суму, зноў жаданні расцвілі (П. Броўка); Дождж прашумеў на пачатак, узыходзіла сонца ў сотні вясёлак (А. Куляшоў).

Інверсія дзейніка і выказніка шырока выкарыстоўваецца ў стылістычных мэтах. Так, выказнік, выражаны дзеясловам, ставіцца перад дзейнікам, калі трэба падкрэсліць дзеянне, стан ці ўзмацніць іх выразнасць: Памаладзелі людзі (Я. Брыль); Жыццё!.. Пракліналі яго мы! (А. Александровіч); Радзее гвардзейскі строй старых байцоў (М. Лужанін); Ды бягуць дзянькі і вясна мая, не вярну я іх, не стрымаю я (Я. Колас).

Часцей за ўсё дзейнік і выказнік у беларускай мове размешчаны побач ці блізка адзін каля аднаго, і гэта робіць выклад найбольш ясным і зразумелым: Толькі ў прыгодніцкіх раманах праз дзесяць год ростані маці не пазнае роднага сына, брат — брата (І. Шамякін); Ад белізны ствалоў і золата крон на ўсё поле лілося сапраўды казачнае святло (І. Шамякін); Братняй дапамогай роўная між роўных БССР красуе, нібы жыта летам (Я. Купала); Здаецца, нішто засмуціць не магло, нішто шчасцю не пагражала, ды лета мінула і гора прыйшло з асенняю хмарай-навалай (М. Танк).

Пэўны ўплыў на месца выказніка ў сказе, як і дзейніка, аказвае яго марфалагічнае выражэнне. Так, выказнікі, выражаныя інфінітывам, дзеясловамі, утворанымі ад выклічнікаў, а таксама дзеясловамі загаднага ладу ў значэнні прошлага часу, як правіла, постпазіцыйныя: А ці ведаеш ты, што ваяваць за рэвалюцыю гэта значыць праходзіць самую вышэйшую навуку ў свеце? (К. Чорны); А ў немца ды была харошая дачка, звалася Эльза,— хлапец вазьмі дый закахайся (П. Галавач); Засунеш руку ў нару, а рак цап за пальцы кляшнёй (М. Лынькоў).

Састаўныя выказнікі размяшчаюцца ў сказе гэтак жа, як і простыя. Дзеяслоўны састаўны выказнік пры прамым парадку слоў знаходзіцца пасля дзейніка: Яраш скончыў распытваць пра здароўе і змоўк (І. Шамякін); Задушэўная песня Рэчыцы можа кожнага заваражыць (П. Панчанка); Андрэй не ўмеў суцяшаць словамі (А. Чарнышэвіч); Як ён марыў прывезці ў палі Беларусі хоць бы частку таго, чым квітнеў Ленінград (П. Броўка).

Для сказаў з састаўным іменным выказнікам, выражаным назоўнікам у назоўным склоне са звязкай і без яе, а таксама прыметнікам і дзеепрыметнікам, нормай з’яўляецца прэпазіцыя дзейніка: Лес быў памочнік полю, скупой ненадзейнай зямлі (І. Мележ); Зіма сорак трэцяга года была зімой магутнага росту партызанскіх сіл, іх пераможнага наступу (І. Шамякін); Мікуцічане — народ грамадскі, любяць пагутарыць аб розных рознасцях: аб замежнай палітыцы, аб вайне, аб заработках, аб цяжкасцях жыцця... (Я. Колас).

Часта выказнік, выражаны назоўнікам, які мае пры сабе дапасаванае азначэнне, прэпазіцыйны; у такім сказе лагічны націск падае на іменную частку прэпазіцыйнага выказніка разам з азначэннем: Немалады ўжо чалавек Тамаш Чучка, не яму б ездзіць на начлег (Я. Колас); Добрыя людзі яны! Апошні кавалак хлеба аддаюць жабраку (З. Бядуля).

У самім састаўным выказніку даволі ярка праяўляецца граматычная абумоўленасць парадку слоў. Слова-звязка ў сілу сваёй граматычнай ролі (сродак сувязі асноўнай часткі выказніка з дзейнікам) размяшчаецца, як правіла, прэпазіцыйна: Рабочы агульны сход як ніколі быў мнагалюдным і тлумным (М. Лынькоў); Зала клуба была паўнютка народу (М. Лынькоў); Дні стаялі халодныя, снежныя (М. Лынькоў); Такія ціхія, разважлівыя і па-свойму рамантычныя натуры часта бываюць страшныя ў крытычныя для іх хвіліны жыцця (І. Шамякін); Верына весялосць, трохі нервовая ў першы дзень — як бы напаказ, рабілася ўсё больш натуральнай на другі, трэці дзень, нейкай па-жаночы, не па-дзявочы стрыманай, роўнай (Полымя, 1984); Лес стаяў маўклівы, панура-задумлівы (І. Шамякін).

Адваротны парадак размяшчэння кампанентаў дзеяслоўнага састаўнага выказніка сустракаецца ў тых выпадках, калі ён камунікатыўна расчлянёны («дадзеным» з’яўляецца толькі інфінітыў). Інверсія дзеяслоўнага састаўнога выказніка вядзе да падкрэслівання, лагічнага выдзялення інфінітыва: Гм... — Чмаруцька яўна зацікавіўся прапановай.— Пайсці з табой я, канешне, магу, але ж патрэбен тут загад больш вышэйшага начальства (М. Лынькоў); Ведай, што я доўга ўпрошаць цябе не магу! (А. Рылько).

Месца азначэння

§ 223. Дапасаванае азначэнне пры прамым парадку слоў, выражанае прыметнікам, дзеепрыметнікам, займеннікам ці лічэбнікам, ставіцца перад азначаемым словам. Яно трывала захоўваецца ў гэтай пазіцыі незалежна ад таго, у якую частку актуальнага члянення ўваходзіць: Першага студзеня пачынаецца новы каляндарны год — Новы каляндарны год пачынаецца першага студзеня. Незалежна ад камунікатыўнага саставу сказа прэпазіцыя дапасаванага азначэння характэрна і для пісьмовай, і для вуснай мовы: Жоўтыя пухаўныя каткі звісалі на вербалозінах, купаючыся на сонцы і склікаючы пчолак і чмелікаў. Зялёныя кветачкі павыбіваліся ўжо на свет скрозь сухія выцвіўшыя лісці, і прынадныя пахі разлівала ў паветры маладая чаромха. Адны толькі паважныя дубы, узбагачаныя вопытам жыцця за свой доўгі век, не вельмі спяшаліся расчыняць свае покаўкі і выпускаць адтуль свежую зелень маладых лісточкаў, бо дуб — мудрае дрэва, і не паддаецца ён на зман няпэўнай упачатку вясны (Я. Колас); Чарнамазая ночка-цыганка над далінаю жмурыла бровы (П. Трус); На паляне ў светлым пералеску расцвілі налітыя расой сінія падснежныя пралескі пад аховай урачыстых хвой (П. Панчанка); На высокі белы лоб навісалі чорныя-чорныя валасы і дадавалі яе твару яшчэ больш хараства. Тонкія замкнёныя вусны рабілі твар дзяўчыны разам з тым і крыху строгім і сур'ёзным (Я. Колас); На цёмнавалосай галаве мадонны красаваўся шэры ад пылу васковы вянок, а каля ног яе, на мураваным карнізе, заўсёды ляжалі свежыя, апырсканыя вадой жывыя кветкі: белыя і пунсовыя гладыёлусы, светла-блакітныя флёксы, некалькі зялёных галінак папараці (Полымя, 1985); За акном гусцеў змрок цёплага летняга вечара (І. Мележ); Пасля поўначы неба выяснілася, засеялася рознакаляровымі агеньчыкамі-зорамі, дрыжачы і лагодна пераліваючыся мяккім вясёлкавым бляскам (Я. Колас); Над касматымі ад інею стрэхамі праз голае голле вербаў паблісквала далёкая паска зары (В. Быкаў); Майскае сонца высока стаяла ў небе, кідала на зямлю снапы гарачых праменняў і залівала асляпляючым бляскам увесь свет (Я. Колас).

Пры наяўнасці некалькіх азначэнняў, выражаных якаснымі і адноснымі прыметнікамі, бліжэй да азначаемага слова ставіцца адносны прыметнік, паколькі ён выражае больш істотную ці пастаянную прымету: Усім нам давялося да самага донца выпіць горкую паходную біклагу (А. Вялюгін); Песціцца на сонцы залацістае жытнёвае поле (Т. Хадкевіч); Лес пачынаўся цудоўным сасновым борам (І. Шамякін); У шэрай начной цемені, мільгаючы, сыпаў рэдкі дробненькі сняжок (В. Быкаў); Вецер хутка гнаў цёмна-сінія дымныя хмары, засцілаючы імі ватныя клубістыя воблакі, што яшчэ нядаўна былі на небе (І. Мележ).

Прамы парадак слоў звычайна захоўваецца ва ўстойлівых фразеалагічных спалучэннях: На ўсім ляжала пячаць нядбайнасці і нейкай недаробленасці, як бы тутэйшыя гаспадары будавалі яе на скорую руку (Я. Колас); Да вайны сям'я яго была ў калгасе, а сам ён больш раз'язджаў — шукаў лёгкага хлеба (І. Шамякін).

Прэпазіцыя дапасаванага азначэння з'яўляецца нормай незалежна ад яго выдзялення ці невыдзялення. Перашкодай для перадачы камунікатыўнай ролі азначэння парадкам слоў з'яўляецца цесная граматычная і семантычная спаянасць азначэння з азначаемым. Яны складаюць звычайна адно паняцце і выступаюць адзіным камунікатыўным членам сказа: А сонца неслі ў зорках на пілотцы разанскія і гомельскія хлопцы (М. Лужанін); Ліпнёвая раніца. Ціхі ветрык цалуецца з жытам (П. Трус); Савецкія патрыёты пакрылі сябе нямеркнучай славай (Я. Колас); Але сінеючы прастор бязмежны нам і цяпер, як і калісьці, люб (П. Глебка).

Іменна гэта спаянасць азначэння з азначаемым, як семантычная, так і граматычная, прыводзіць да таго, што парадак слоў становіцца граматычна абумоўленым. Прэпазіцыя азначэння як норма замацавана не толькі статыстычна (абсалютная перавага прэпазіцыі пры любой камунікатыўнай ролі азначэння і ва ўсіх стылях мовы), але і структурна. Усе складаныя тэрміны, якія выражаюць адно паняцце і маюць форму ад'ектыўных словазлучэнняў, утвараюцца і ўжываюцца толькі з прэпазіцыйным азначэннем: саляная кіслата, вышэйшая матэматыка, квадратны корань, касмічны карабель, пытальныя займеннікі, атамная энергія і пад.1

Граматычная абумоўленасць пазіцыі азначэння відаць і ў выпадках яго постпазіцыі. Постпазіцыя азначэння заўсёды парушае адзінства словазлучэння, адзінства паняцця. Адсюль — ператварэнне постпазіцыйнага прыметніка ў выказнік (цёмная ноч — ноч цёмная) і адасабленне постпазіцыйных азначэнняў (Над хатамі стаяла ноч, пустая, глухая (М. Лынькоў); Больш паўсотні кабет, маладых і старых, жнуць панскае поле (З. Бядуля); Амывае вёска вочы, закарэлыя ад сну (П. Трус)).

Інверсійнае дапасаванае азначэнне ўспрымаецца як рэзка падкрэсленае, сэнсавая нагрузка яго ўзмацняецца. Постпазіцыйнае азначэнне граматычна больш самастойнае, паколькі яно менш цесна звязана з назоўнікам. Відавочна, гэта і паслужыла прычынай таго, што постпазіцыйнае азначэнне аказваецца лагічна падкрэсленым. Пастаноўка дапасаванага азначэння пасля азначаемага назоўніка служыць стылістычным мэтам: надае мове адценне ўрачыстасці, архаічнасці і г. д.: Ішла ноч, цёмная, парная (Я. Маўр); Сонца ўзышло над лесам, вогненнае, трапяткое... Лес ціхі, бадзёры (П. Пестрак); Мелодыя ж спеваў ляснога жаўранка надзвычайна багатая, разнастайная, дзівосна прыгожая і такая чоткая, такая выразная, што яе можна палажыць на ноты, а мастак-музыка, напэўна, змог бы выканаць на скрыпцы, але афарбоўкі яе тонаў не патрапіць перадаць ніякі музычны інструмент (Я. Колас); Вочы Хадоські таксама гарэлі, дзікія, поўныя адчаю (І. Мележ); Блішчынскі ўціснуўся спіной у салому, закапаў у яе ногі, сашчапіў у рукавах рукі і курчыўся так — заклапочаны, панылы і маўклівы (В. Быкаў); Людзі жылі тут павольным жыццём, спрадвечным, ціхім (К. Чорны); Розныя пахі адчуваліся ў ім [паветры] — і кветкавыя, і пладовыя, і разам з тым гнілыя, душныя, шкодныя (Я. Маўр); Зямля сушэла, пакрывалася цвёрдаю скарынкаю. А пад поўнач пасыпаў сняжок, заложны, спорны, густы і сухі (Я. Колас); І розныя думкі, лёгкія, як цені хваёвых галінак, журботныя, як курлыканне журавоў у небе, снаваліся ў яго сэрцы (Я. Колас); Вёска стаяла паміж балота, паросшага густою лазою і алешнікам (М. Чарот); Забалочаная паляна, акружаная з усіх бакоў цёмнай сцяною лесу, млела ад гарачыні (З. Бядуля).

Азначэнне, выражанае дзеепрыметнікам з паясняльнымі словамі, якое мае адценне акалічнасці ўступкі ці прычыннасці, абавязкова адасабляецца і ў прэпазіцыі (г. зн. у становішчы перад азначаемым словам): Узрушаны і выведзены з раўнавагі, старшыня грозна ўсчуньвае крыкуноў (Я. Колас); Цёпла апранутыя, яны весела шумелі і зусім холаду не баяліся (З. Бядуля).

Азначэнні да асабовага займенніка, выражаныя прыметнікам і дзеепрыметнікам, адасабляюцца і ў прэпазіцыі, і ў постпазіцыі: Рухавыя, вёрткія, яны [малпы] бегаюць па дахах, з акрабатычным спрытам пераскокваюць з даху на дах праз нешырокую вуліцу, перабіраюцца па вадасточных трубах з паверха на паверх, забіраюцца на балконы, на веранду (М. Лынькоў); Сп'янелай, ёй так цяжка, проста немагчыма было адагнаць раптоўную спакусу (І. Мележ); Глыбокі, шырокі, ён [Ганг] імкліва імчыць свае воды міма гарадскіх берагоў, сям-там ускіпае пеністымі вірамі, злёгку пагойдвае човен на сваіх хвалях (М. Лынькоў); Ён вышаў з-за стала насустрач, высокі, стройны, у гарнітуры вайсковага пакрою, але без усякіх знакаў адрознення, з пышнай сівой шавялюрай (Т. Хадкевіч); Задаволеныя, усе весела заўсміхаліся (І. Гурскі).

Месца недапасаванага азначэння абумоўлена граматычнай функцыяй парадку слоў у яшчэ большай ступені, чым дапасаванага. І ў пісьмовай, і ў вуснай мове яно постпазіцыйнае незалежна ад яго камунікатыўнай ролі: У ранні вечар на ціхай вуліцы невысокі ростам хлопец, у добрым фрэнчы, галіфэ і элеганцкіх калісьці ботах, падышоў да драўлянага зграбнага дамка і доўга прыглядаўся на нумар яго (К. Чорны); Слёзы радасці стаялі ў дзедавых вачах (К. Чорны); Адзін са старых, з вострымі хітраватымі вачыма і бародкай клінком, смачна пыхнуў дымам (У. Краўчанка); Лабановіч захапляецца мыслямі аб вясне і аб вандроўніцтве (Я. Колас); Праз дзень з'явіўся новы начальнік і з ім атрад у дваццаць чалавек (Я. Маўр); А вольхі над рэчкаю лісточкамі шалясцяць (Я. Купала); Жыццё на фронце раскрыла мне вочы (Я. Колас); Пад гоманы бору, кукаванне зязюлі злажыў Багдановіч тут яркі вянок (П. Броўка).

Заўвага. Характэрна, што чым слабейшая граматычная сувязь у словазлучэнні, тым большую ролю ў яго арганізацыі адыгрывае парадак слоў, тым мацнейшая яго граматычная абумоўленасць і тым больш цвёрды парадак слоў. Дапасаванне — сувязь больш цесная, чым кіраванне. І месца дапасаванага азначэння абумоўлена значна менш, чым недапасаванага. Прымыканне — сувязь менш цесная, чым кіраванне. Парадак слоў у азначэннях, якія прымыкаюць, строга замацаваны (яйцо ўсмятку, суп па-магілёўску).

Інфінітыў ці прыслоўе ў ролі недапасаванага азначэння размяшчаецца таксама пасля азначаемага слова: З непрывычкі кіраваць гэтакім вялікім сходам чалавек спачатку сумеўся (К. Чорны); Сур'ёзны, сталы не па летах, гадуе ён у сэрцы план — зажыць па-людску, а не гэтак, як у пячурцы таракан (Я. Колас); Зноў з'яўлялася жаданне нешта рабіць, неадкладна, зараз жа (П. Галавач); Усё не кідалі надзеі выратаваць хлопцаў (Ц. Гартны).

Калі пры адным азначаемым слове ёсць і дапасаваныя, і недапасаваныя азначэнні, то звычайна дапасаванае азначэнне прэпазіцыйнае, а недапасаванае — постпазіцыйнае: Наперадзе цэлае жыццё, жыццё з малымі дзяцьмі, жыццё па чужых кутках, сярод чужых людзей (Я. Колас); Гэта быў невялічкі танклявы хлапчына з кірпатым носам (П. Пестрак).

Дапасаванае і недапасаванае азначэнні могуць размяшчацца і побач, характарызуючы азначаемае слова з розных бакоў: Мяне вабілі неакрэсленыя далечы, маўклівыя і мудрыя ў сваёй задуменнасці, з іх узгоркамі, далінамі і крыніцамі, з тонкімі палоскамі лясоў на небасхіле, дзе зямля нібы сходзіцца з небам (Я. Колас); Усё лета перад хатай Чарнушкаў ціха грэлася на сонцы маладзенькая, з тонкім, як дубец, камлём рабіна (І. Мележ).

Прэпазіцыйнае недапасаванае азначэнне надае ўсяму сказу ці словазлучэнню нейкі своеасаблівы характар старадаўняга звароту: Беларускі ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга дзяржаўны універсітэт імя У. І. Леніна і пад.

Прыдаткі як асобы від азначэння могуць быць у сказе ў прэпазіцыі і постпазіцыі ў адносінах да таго слова, якое яны азначаюць. Развітыя прыдаткі адасабляюцца, знаходзячыся на любым месцы ў сказе, калі адносяцца да агульнага назоўніка ці займенніка: Па-ранейшаму пела песні Ірына, і яшчэ дружней гарэла праца ў яе руках, руках калгаснай ільнаводкі (М. Лынькоў); У іх таксама ж нешта таілася, у цудоўных вішнёва-чорных вачах (І. Мележ); Ён быў сівы, высокі, моцны з твару і з постаці, гэты сённяшні чарговы кіраўнік паседжання з'езда (К. Чорны).

Калі ж развіты прыдатак адносіцца да ўласнага імя, то ён адасабляецца толькі ў постпазіцыі: А жыў у ёй [хібарцы] Сымон Латушка, яе законны гаспадар, натура вольная, як птушка, рыбак заядлы і дудар (Я. Колас); Ганна, маці Лабановіча, была жанчына добрая, працавітая, руплівая, усё старалася рабіць сама, за ўсіх заступалася (Я. Колас); Ярка, заклапочана, плённа працуе ён, Анатоль Вялюгін, лаўрэат Літаратурнай прэміі БССР імя Янкі Купалы, заслужаны дзеяч культуры БССР (Полымя, 1985).

Адзіночныя прыдаткі, выражаныя назоўнікам, адасабляюцца ў прэпазіцыі і ў постпазіцыі, калі адносяцца да асабовага займенніка, ці толькі ў постпазіцыі, калі адносяцца да ўласнага назоўніка: Ён, Максім, усё жыццё з кім-небудзь канфліктаваў (Полымя, 1985); Назаўтра мы, настаўнікі, хадзілі ў суседнюю вёску, цэнтр саўгаса, на камсамольскі сход (Маладосць, 1984); Прыход Зарубы, фельчара, памог падняцца Януку (М. Танк); Салдат пяра, ён быў напагатове са словам, як з адвостраным штыком (А. Звонак).

1. Іншы парадак слоў у такіх словазлучэннях магчымы толькі ў алфавітных указальніках і пры пералічэнні відаў, напрыклад: кіслоты: серная, саляная, воцатная і г. д.

Месца дапаўнення

§ 224. Пры прамым парадку слоў дапаўненні — прамое і ўскоснае — стаяць за кіруючымі словамі: Ды ўспомню пажары і варожыя хмары, і завеі халодных вятроў, і слату, і нягоды, і начныя паходы, і агні партызанскіх кастроў (А. Русак); Мы ўспаміналі сяброў, уяўлялі іх заклапочанасць, сумныя твары (І. Шамякін); Жыццё не любіць тлену (М. Лынькоў); Я ззамаладу прывык да работы (К. Чорны); Усе думалі аб адным (Э. Самуйлёнак); І шуміць, і гамоніць пра мірнае суіснаванне асамблея зялёная дубоў і бяроз (П. Макаль); І колькі год званіцы сосен званілі роднай старане! (А. Вярцінскі); Хочацца навеяць казкі-таямніцы гукамі мелодый, радасцю без слоў (П. Трус); Бразгатаў у акно сваім голлейкам дуб, маладыя прабуючы сілы (П. Глебка).

Постпазіцыя прамога дапаўнення — граматычная норма парадку слоў, і абумоўлена яна тым, што пераходны дзеяслоў без прамога дапаўнення аказваецца семантычна непаўнацэнным. Прамое дапаўненне цесна звязана з дзеясловам не толькі семантычна, але і граматычна (моцнае кіраванне, наяўнасць прамога дапаўнення — паказчык пераходнасці дзеяслова).

У адных выпадках дапаўненне становіцца камунікатыўным цэнтрам спалучэння — «уласна новым». У такіх выпадках дапаўненне заўсёды постпазіцыйнае. Яго постпазіцыя абумоўлена як граматычнай, так і камунікатыўнай функцыяй парадку слоў (размяшчэнне «новага» ў канцы сказа): Верасень на плечы ўскінуў плашч барвовы і пад сонцам крочыць праз гаі, дубровы (Я. Пушча); Назарэўскі папрасіў вады (К. Чорны); Усе любілі яе, бо гэта была зямля бацькоў (І. Шамякін); Жонка не магла стрымаць свайго плачу (З. Бядуля); Яна ў працы людзям заменіць сотні рук (А. Русак); Нам партыя дала для будучыні крылы (А. Звонак); Мы працай узнімем за горадам горад (П. Броўка). Постпазіцыйныя дапаўненні і ў тых выпадках, калі разам з дзеясловам з’яўляюцца «дадзеным», г. зн. спалучэнне дзеяслова з дапаўненнем уваходзіць у групу «дадзенага» як адно цэлае: Сухая прыгожая восень не хацела аддаваць сваё хараство жудасным сілам вайны (І. Шамякін); Скажу вам дзякую яшчэ раз (Я. Колас); Настаўнік пасадзіў мяне ў трэцяе (апошняе) аддзяленне (Я. Маўр); Гэты чалавек са сваім тварам нагадваў птушку (арла ці іншую), якая сядзіць на дрэве або на скале (П. Пестрак).

Ва ўсіх гэтых выпадках дапаўненне — граматычны і семантычны элемент словазлучэння, з большай ці меншай камунікатыўнай значымасцю. Таму галоўнай ва ўсіх гэтых выпадках з’яўляецца граматычная функцыя парадку слоў.

Ускоснае дапаўненне таксама размяшчаецца пасля выказніка, паколькі ад яго залежыць, а пры наяўнасці ў сказе прамога дапаўнення ставіцца пасля выказніка і прамога дапаўнення. Ускосныя дапаўненні часцей прадстаўлены слабакіруемымі формамі, таму яны і аддзяляюцца ад выказніка прамым дапаўненнем: Невысокі плот адгароджваў двор школы ад двара падлоўчага (Я. Колас); Ніколі не схіляў галавы беларускі народ перад захопнікамі (Я. Колас); Гасяць, чуў я, пажары лясныя сустрэчным агнём (А. Куляшоў); Людзі ахвотна падстаўляюць сябе вясеннім праменням сонца, каб адчуць іх лагодную цеплыню (П. Пестрак).

Некалькі ўскосных дапаўненняў размяшчаюцца адно за другім, відавочна, па ступені сэнсавай і граматычнай блізкасці да выказніка: чым больш цесна па сэнсу і граматычна дапаўненне звязана з выказнікам, тым бліжэй яно ставіцца: Ураднік выбіў яму нагайкай правае вока (З. Бядуля); Гэта была самая крайняя процілегласць мельніку і постаццю і голасам (К. Чорны); Акрамя гэтых пакутлівых пытанняў, была яшчэ злосць на самога сябе за сваю нястрыманасць, за тое, што раскрычаўся (І. Шамякін).

Інверсійныя дапаўненні, выражаныя назоўнікамі ці субстантывіраванымі часцінамі мовы, звычайна выкарыстоўваюцца ў стылістычных мэтах. Яны рэзка выдзяляюцца сярод іншых даданых членаў сказа: На быльняговы ўзмежак, няроўны бруствер акопа і адзінокую гармату з затуманенай вечарам высі сыпаў снег (В. Быкаў); За шчасце, за волю, за край родны гэты — ну, хто не паўстане, спытай (Я. Колас); Пра брыгаду напісалі ў заводскай шматтыражцы (У. Шахавец); Аб корань дуба конь б’е капытом (А. Куляшоў); Аб гэтым усё сяло загаворыць (Я. Колас); Галену навіна гэтая ўзварушыла вельмі: тут была замешана Зося (К. Чорны); Сябровак прывітаў старых, мяне сяброўкі прывіталі (У. Дубоўка).

Займаючы першае месца ў сказе, дапаўненні, як прамыя, так і ўскосныя, звычайна абазначаюць тое, пра што ідзе размова ў сказе, як бы прадмет ці зыходны пункт думкі (лагічны суб’ект): Эх, каб у яго былі грошы: кніжак, кніжак накупляў бы ён сабе! (Я. Колас); Цярэшку ніхто не заўважыў (З. Бядуля); Народу не старэць, ён твой, гісторыя, тварэц, ідзе камуністычны век сустрэць (Я. Пушча); Ніякім словам не заменіш шчырасць непадкупную вачэй (Я. Непачаловіч); Чужое зямлі нам не трэба... Мы хочам, каб мірнае неба не знала пажару вайны (А. Бачыла).

Прэпазіцыя дапаўнення мае месца тады, калі яно асобна ці ўвесь састаў выказніка ўтвараюць «дадзенае», а дзейнік уваходзіць у састаў «новага». Як правіла, у гэтым выпадку сказ мае адваротны парадак слоў: «Гэта быў правакатар,— адказаў Сцяпанавіч.— Ён прадаў дружыну. Яго праз некалькі месяцаў потым забілі рабочыя дэпо» (Э. Самуйлёнак); Для Алесі збірала маці і хавала гэта дабро (Я. Колас); Але нічога гэтага не заўважыла Таццяна ў першыя дні свайго жыцця дома (І. Шамякін).

Прэпазіцыя ўскосных дапаўненняў можа быць абумоўлена і граматычна: як правіла, прэпазіцыйныя ўскосныя дапаўненні абазначаюць суб’екты безасабовых сказаў: Піліпу на ложку не ляжалася ўночы (А. Зарыцкі); Гаспадарнаму саўгасу ёсць чым пахваліцца (Я. Купала); Вёсцы не дрэмлецца (Р. Барадулін); Андрэю часова прыйшлося замяніць брыгадзіра шостай брыгады, які паехаў адпачываць на поўдзень (А. Чарнышэвіч).

Пэўную ролю ў месцаразмяшчэнні дапаўнення ў сказе адыгрывае і яго марфалагічнае выражэнне. Так, звычайна ў прэпазіцыі знаходзіцца дапаўненне ў давальным склоне, выражанае асабовым займеннікам: Я табе зайграю панічову музыку (Я. Купала); Яму самому не прыходзіла такая думка — ускочыць у студню (Я. Колас); Нам партыя дала для будучыні крылы (А. Звонак).

Месца акалічнасці

§ 225. Большасць акалічнасцей адносіцца не да аднаго якога-небудзь члена сказа, а да ўсяго сказа ў цэлым і стаіць звычайна ў абсалютным пачатку сказа (у гэтай пазіцыі яны з'яўляюцца «дадзеным») (У полі звінела ранняя дружная вясна. Улева, над абшарамі балота, плыў лёгкі туман. Справа ляжала ўзараная нядаўна чорная ралля. З бліжэйшага бярозавага гаю чуўся рознагалосы птушыны шчэбет (В. Каваль)) ці ў абсалютным канцы (у гэтай пазіцыі яны з'яўляюцца «новым») (Мужчыны прыселі на лавачцы недалёка ад вакзала (А. Пальчэўскі); Загарэлася сяло ў часе бою (К. Чорны)).

Акалічнасці, якія адносяцца не да ўсяго сказа, а толькі да якога-небудзь аднаго члена, звычайна выказніка, у залежнасці ад спосабу марфалагічнага выражэння размяшчаюцца ў адносінах да апорнага слова ў кантактнай прэпазіцыі ці ў кантактнай постпазіцыі. Прычым яны цвёрда захоўваюць гэту пазіцыю незалежна ад таго, з'яўляюцца «новым» у сказе ці не.

Звычайным, найбольш пашыраным размяшчэннем акалічнасці спосабу дзеяння, выражанай якасным прыслоўем, з'яўляецца прэпазіцыя: Амаль увесь час нядобра, трывожна шумеў дуб (І. Мележ); Без сонечнага святла дужа сціпла, амаль непрытульна выглядаў такі ўрачыста-зіхоткі ўдзень луг (В. Быкаў); Смела і ўпэўнена, як нейкі асілак-забіяка, ходзіць па полі вецер (Я. Колас); Нечакана і незаўважна прайшла пара высокага светлага неба, яркага сонца, празрыстых белых воблакаў (Маладосць, 1983); Ленін гнеўна асуджаў дзікія формы эксплуатацыі беларускага селяніна (Полымя, 1984).

Прэпазіцыя прыслоўя ў адносінах да дзеяслова тлумачыцца тым, што ў беларускай мове ёсць сэнсавыя і граматычныя адзінствы тыпу азначаемае-азначаючае, якія характарызуюцца пастаянным суседствам іх кампанентаў з прэпазіцыяй слова, што абазначае прымету. Месца акалічнасцей спосабу дзеяння абумоўлена не столькі нормамі размяшчэння слоў у сказе, колькі нормамі ўтварэння словазлучэнняў. Перавага прэпазіцыі акалічнасці спосабу дзеяння звязана і з яго камунікатыўнай значымасцю. Камунікатыўная значымасць акалічнасці перашкаджае яе кантактнай постпазіцыі, а дыстантнасць вельмі паслабляе і без таго не моцныя граматычныя сувязі (прымыканне). Кантактная прэпазіцыя дазваляе захаваць такую граматычную сувязь з дзеясловам, не пазбаўляючы акалічнасць самастойнасці.

Акалічнасць спосабу дзеяння, выражаная якасным прыслоўем, постпазіцыйна ўжываецца тады, калі яе неабходна выдзеліць, падкрэсліць: Прайшоў тыдзень марна (К. Чорны); Янка Маўр — пісьменнік і настаўнік — вучыў весела, лёгка, займальна (Маладосць, 1985); ...Але Хадоська, як і раней, маўчала, няёмка, насцярожана (І. Мележ); Сярод гэтага лесу на поўдзень цячэ рэчка — павольна, ціха (Я. Маўр); Цяпер адзінай мэтай яго жыцця было помсціць ворагу, і ён помсціў бязлітасна, жорстка (І. Шамякін); Зямля тут радзіла добра (К. Чорны); Іван і Джулія пачалі поўзаць і есці суніцы, есці іх прагна, прыгаршчамі, забыўшыся на час і асцярогу (В. Быкаў); Хлапчук выконваў свае абавязкі неяк асабліва лёгка і нават віртуозна (М. Лынькоў); Ён і палаяць мог неяк асабліва, моцна, прачула, але без абразы, і пахваліць — умела, проста і шчыра (І. Шамякін).

Постпазіцыя акалічнасці спосабу дзеяння, выражаная якасным прыслоўем, у адносінах да дзеяслова наглядаецца і тады, калі дзеяслоў мае форму загаднага ладу: Сейце хутка, сейце добра (Звязда, 1985); Ідзе кантроль — дык ты схавайся, сядзі цішком, не адзывайся, не кашляй моцна і не грукай (Я. Колас).

Незалежна ад марфалагічнага выражэння постпазіцыйныя акалічнасці абазначаюць «новае»: Дом збудованы на славу (П. Глебка); Ён уважліва прагледзеў усе нарады і размеціў па шыфрах (Я. Скрыган); Я ступаю смелым крокам без тугі, трывогі (Я. Колас); Хаця ён і быў пахаваны пад музыку, песні, вершы, але назваць яго можна хутчэй жывым, чым памёршым (А. Куляшоў); Іншы раз акалічнасць — «новае» пачынае сабою сказ: Молада, хораша, звонка спяваў гарманіст (Я. Брыль); Талакою вазілі лапкі, жэрдзі, бярвенне, пясок, каменне (З. Бядуля); Па-святочнаму ўрачыста люд наш вольны пахаджае (Я. Купала); Ва ўсёй зялёнай красе стаялі дубы, раскінуўшы шырока голле (Я. Колас).

Такі парадак заўсёды эмфатычны, стылістычна абумоўлены.

Калі ж акалічнасць спосабу дзеяння не з'яўляецца «ўласна новым», яна размяшчаецца ў адпаведнасці з граматычнай нормай прэпазіцыйна: У ясную раніцу Кандрат Назарэўскі паволі ішоў паўз лес каляністай дарогай (К. Чорны); З яснага без адзінай хмурынкі глыбокага неба россыпам зорак і туманнай паласой Млечнага шляху свяціў поўны месячык (І. Шамякін); Магутныя сосны, звесіўшы аголенае карэнне, задуменна глядзелі ў хрустальнае люстра вады, як быццам любаваліся сваёй прыгажосцю (А. Шашкоў).

Акалічнасці спосабу дзеяння, выражаныя прыслоўямі аддзеяслоўнага паходжання тыпу моўчкі, седзячы і пад., сустракаюцца як у прэпазіцыі, так і ў постпазіцыі да дзеяслова: Яны ўтраіх моўчкі сядзелі ў хаце (К. Чорны); За касцамі наступаюць урассыпную дзяўчаты і маладзіцы, разбіваючы пракосы (Я. Брыль); Гушка ўсё стаяў сумеўшыся (К. Чорны); Чыясьці жонка-парабчанка, чужое поле аручы, спявае сыну калыханку і горка плача пеючы (П. Глебка).

Як прэпазіцыйнае, так і постпазіцыйнае (пры гэтым часта без бачнага адцення інверсіі) становішча ў адносінах да дзеяслова могуць займаць акалічнасці спосабу дзеяння, выражаныя прыслоўямі тыпу па-руску, па-мойму, па-нашаму: Мінуліся ліхія зімы, другія зоры прад вачыма, і па-другому б'ецца сэрца (Я. Купала); Добра, хай будзе па-твойму (А. Куляшоў); Гаворыць па-нашаму, а не па-польску (К. Чорны).

Акалічнасці спосабу дзеяння, выражаныя склонавымі формамі назоўнікаў з прыназоўнікамі ці без іх, пераважна прэпазіцыйныя: Страх як хацелася яму мець такую кніжку! (Я. Колас); Ён да болю моцна ўхапіўся пальцамі за ручку крэсла (Б. Мікуліч); Як птушка ў гібкіх трасніках, стралою думка мільганула (М. Багдановіч).

Для акалічнасцей месца ў саставе словазлучэнняў характэрна кантактная постпазіцыя: Машына імчала па дарозе, мінаючы вёскі і палі (І. Мележ); Я заходжу ў купэ і гляджу праз акно на перон, бурапенны, як лава (П. Глебка); Я паеду тым жа шляхам, па якім ішлі лісты (А. Куляшоў); Лагодна і роўна падае зверху сняжок (З. Бядуля); Срэбнымі кроплямі падае ў возера сонечны бляск; сокам бярозавым і краскавым водарам пахне зямля (М. Васілёк); З маленькаю латкаю і локцем працёртым вісіць у кутку на цвіку гімнасцёрка — мая франтавая рэліквія (П. Панчанка).

Акалічнасці месца ў гэтых сказах не з'яўляюцца ні «ўласна дадзеным», ні «ўласна новым», лагічна яны не выдзяляюцца.

Часта акалічнасць у саставе словазлучэння з'яўляецца «ўласна новым», але гэта не абавязкова: Стаіўшыся ў дзікім, густым лазняку, ён вуды свае закідае ў раку (П. Глебка); Вецер урываўся з поля на шырокія вуліцы (Б. Мікуліч); Кабан рые павольна і заложна, усё болей і болей углыбляючыся ў зямлю (Я. Колас).

Вялікая колькасць постпазіцыйных акалічнасцей месца тлумачыцца іх інтанацыйным зліццём з дзеясловам.

Для акалічнасцей месца, якія адносяцца да ўсяго сказа, найбольш характэрна прэпазіцыя. Прэпазіцыя акалічнасці месца амаль заўсёды камунікатыўна абумоўленая, таму прэпазіцыя, як правіла, абсалютная: У розных краінах бытуе звычай пасадзіць на памяць дрэўца (К. Кірэенка); У лазовых кустах усё яшчэ цёхкалі салаўі, на ўсе галасы спявалі сініцы і лясныя шпакі (А. Асіпенка); З двара ў акно пазірала чорная ноч і завешанае густымі хмарамі-валокнамі цёмнае неба (Я. Колас); На дарозе ў лесе было чорна і ціха (К. Чорны); І ў небе развешвае восень бяліць незвычайны ручнік (А. Астрэйка); На бляклым небасхіле ўдалечыні ўжо запалілася і ціха гарэла адзінокая самотная зорка (В. Быкаў); То там, то сям паміж зялёных сакавітых галін доўгімі кудламі звісалі пасмы сівога моху (Я. Колас); Глыбока ўнізе, пад зрывістым пясчаным берагам, струменіўся быстры Нёман, праносячы па чыстым жолабе веснавыя воды і падразаючы высокі свой бераг (Я. Колас).

Пазіцыя акалічнасці месца ў пачатку сказа звычайна выклікае інверсію галоўных членаў: Навокал сінелі лясы і горбіліся жоўтыя ад іржышча ўзгоркі (К. Чорны); Злева, пры канцы вёскі, стаяў дом валаснога ўпраўлення з двума высокімі чорнымі комінамі над пачарнелым дахам. Насупраць, на другі бок вуліцы, выглядала школа з белымі аканіцамі і двума ці трыма развіслымі вязамі каля яе. Пры дарозе ў вёску, крыху наводшыбе, маркотна тулілася старэнькая драўляная цэркаўка (Я. Колас); На ясным небе загараліся зоркі, дрыгацелі, свяціліся рознакаляровымі агеньчыкамі, пераліваліся, як там трапяталі крыльцамі дыяментныя матылі (Я. Колас); На маладых аксамітных усходах палёў, на прыдарожнай траве, сакавіта жыццёвай, на лісці кустоў, нібы брыльянты, буйніліся багатыя росы. Выступалі цёмна-сінія сцены высокіх лясоў, прыгожа раскіданых па бясконцых прасторах зямлі (Я. Колас).

Акалічнасці часу звычайна прэпазіцыйныя, прычым часцей за ўсё абсалютна прэпазіцыйныя: Спачатку было трохі няёмка (З. Бядуля); З даўніх пор тым і міл, тым і люб гэты кут, што няпрошаны госць не трымаецца тут (А. Куляшоў); У апошнія часы Грамабоі сталі ласкавейшыя (К. Крапіва); Толькі пад раніцу заснула Наталля (Я. Скрыган); Раніцамі плавалі над свежай зямлёй туманы, рассыпаючы на траве брыльянтавыя пацеркі расы (М. Хведаровіч). «Уласна дадзеным» акалічнасць часу ў такіх выпадках звычайна не з'яўляецца, яна выносіцца ў абсалютны пачатак як найменш залежны член сказа, звязаны не толькі з выказнікам, але і з усім сказам у цэлым. З камунікатыўнага пункту погляду акалічнасць часу ўключана ў групу «дадзенага» («зыходнага»), але часта не па сваёй камунікатыўнай ролі, а толькі па свайму «вымушанаму» (каб не парушаць граматычную і камунікатыўную структуру сказа) размяшчэнню.

Абсалютная прэпазіцыя акалічнасцей часу — граматычна абумоўленая норма іх размяшчэння. Акалічнасць часу, размешчаная ў пачатку сказа, адносячыся да ўсяго наступнага выказвання, інтанацыйна заўсёды аддзяляецца ад яго паўзай: Дваццаць шостага чэрвеня тысяча дзевяцьсот сорак першага года па ўсёй прасторы заходніх абласцей Савецкага Саюза стаяла яснае і гарачае надвор'е. Пад чацвёртую гадзіну таго дня артылерыйская часць, як толькі магла развіць свой рух, была на маршы (К. Чорны); Пасля грозных баёў, пасля цяжкіх паходаў як жа радасна чуць голас роднай зямлі (К. Кірэенка); У красавіку 1943 года партызаны брыгады імя Чкалава ўзарвалі чыгуначны мост цераз Арэсу ля станцыі Вярхуціна (Полымя, 1985); Яшчэ дагэтуль высіцца над Волгай дом, дзе ўбачыў Ленін белы свет упершыню (А. Зарыцкі).

Прэпазіцыйныя (але ўжо не абсалютна) і акалічнасці часу, якія ўваходзяць у групу «новага», хоць і не з'яўляюцца «ўласна новым»: Маўчком Антось часінай шэрай у ельнячок шмыгнуў з сякерай (Я. Колас); На гумне з рання да вечара чуваць быў гул малатарні (У. Краўчанка); Мне ў маленстве спявала матуля незабыўныя песні Купалы (П. Броўка); Увесь луг цяпер гамоніць сотнямі самых разнастайных птушыных галасоў (М. Лупсякоў); Міхал у часе вандравання на адзіноце сам з сабою, з гарачым сэрцам і душою развязваў важнае пытанне (Я. Колас); І май чароўны і прыгожы жыццёвым шляхам зноў прайшоў (М. Машара); Мы глыбокаю ноччу зімовай і засушлівым ліпеньскім днём ратаваць чалавека гатовы, рызыкуючы ўласным жыццём (Э. Агняцвет); Адчаго не была ты ў юнацтве імклівай ракой? (А. Куляшоў).

Акалічнасці часу — «ўласна новае» — заўсёды постпазіцыйныя: Чырыкаюць дружна, з заўзяццем па самы кастрычнік ад мая (Я. Купала); Дзесьці ў шале коні скачуць перад боем (П. Трус); Прыгожа там летам вячэрняй парой, прыгожа вясною ўранку (П. Глебка); Прыехалі туды а дзесятай гадзіне раніцы (З. Бядуля); Пакой павінен быць закончаны да Першага мая (У. Шахавец); Добра ў лузе ў час палудны (Я. Колас); Цёмна-карычневыя, нібы абпаленыя агнём, лісты сіратліва трапечуцца да самай вясны (І. Шамякін).

Ні прэпазіцыя, ні постпазіцыя акалічнасцей часу не з'яўляецца для іх інверсіяй. Аднак постпазіцыйная акалічнасць часу больш выдзелена, чым прэпазіцыйная, тым больш што постпазіцыя акалічнасці часу можа разам з тым з'яўляцца і становішчам у канцы сказа, яна (акалічнасць) можа далучацца да папярэдняга сказа: Бенарэскі універсітэт заснаваны параўнальна нядаўна, у 1916 годзе (М. Лынькоў); Па рэйках тых бягуць цягнікі. Бягуць днём і ноччу. І шэраю раніцай... Зімой і летам, увосень і ўвесну (М. Лынькоў).

Часта ў адным сказе ёсць акалічнасці месца і часу. У такім выпадку гэтыя акалічнасці ставяцца побач, прычым на першым месцы — акалічнасць часу, ці сказ у цэлым пачынаецца акалічнасцю часу: Штодзень па гэтай магістралі мы праязджалі ў мірны час (П. Глебка); І хоць з тых дзён над краем горным прайшлі суровыя гады, там захаваліся, гавораць, дагэтуль Леніна сляды (М. Танк); На трэці дзень у яго галаве злажыўся пэўны план (Я. Колас); Праз нейкі момант у хаце было ціха (Я. Брыль).

На месца ў сказе акалічнасцей прычыны і мэты аказваюць уплыў тыя ж умовы, што і на акалічнасці часу. Акалічнасці прычыны і мэты звычайна прэпазіцыйныя, аднак нярэдкія выпадкі і постпазіцыйнага ўжывання іх. Пры гэтым яны могуць знаходзіцца як у непасрэднай прэпазіцыі, так і аддзяляцца ад дзеяслова іншымі словамі: Самому Міколу з непрывычкі нязручна было хадзіць (К. Крапіва); Ён сумысля маўчаў (К. Чорны); Паняволі мусім сабе даваць якую раду (Я. Купала); Ведаў крыху, хаця і недакладна, што засталіся ў горадзе некаторыя людзі назнарок (М. Лынькоў).

Як правіла, постпазіцыйныя ў адносінах да дзеяслова-выказніка акалічнасці мэты, выражаныя інфінітывам: Выйшлі людзі светлай раніцай на Дрысвяцкае на возера будаваць электрастанцыю (А. Русак); Сябры зараз жа адзеліся і пайшлі мыцца ў Нёман (Я. Колас); Вясной з'явілася іх сем свет новы будаваць (Я. Купала).

Акалічнасці ступені, якія характарызуюць дзеяслоў, пераважна прэпазіцыйныя: Чуць-чуць дрогне, праліецца чырвань на усходзе — гэта неба ўсміхнецца людзям і прыродзе (Я. Колас); Ён бачыў, што стаў даволі важнай пружынай у гэтай справе (К. Чорны).

Постпазіцыйнае размяшчэнне акалічнасці ступені звычайна ўспрымаецца як інверсійнае. Акалічнасць у гэтым выпадку падкрэслена, выдзелена: Тое, што яго Ганна будзе настаўніца, цешыла яго вельмі (К. Чорны); Яны зблізіліся вельмі (К. Чорны); Сонца толькі ўзышло над ляском, ранавата крыху (А. Куляшоў).

Такім чынам, размяшчэнне акалічнасцей у пісьмовай мове, як і ўскосных дапаўненняў, залежыць перш за ўсё ад магчымасці ці немагчымасці ўтвараць з імі словазлучэнні, г. зн. ад ступені іх сувязі з дзеясловам-выказнікам. Акалічнасці спосабу дзеяння і месца, якія ўтвараюць з дзеясловам адзінае словазлучэнне, паводле граматычнай нормы размяшчаюцца ў адносінах дзеяслова кантактна. Акалічнасці спосабу дзеяння — прэпазіцыйна, акалічнасці месца — постпазіцыйна. Адступленні ад гэтай нормы тлумачацца іх камунікатыўнай роляю («дадзенае», «новае») і граматычнай структурай сказа (наяўнасць у сказе ўскосных дапаўненняў прыводзіць да дыстантнасці ці постпазіцыі акалічнасцей: Кланялася ніва ім нізка да зямлі (А. Русак)).

Акалічнасці, якія не ўтвараюць з дзеясловам словазлучэнняў, размяшчаюцца ў залежнасці ад камунікатыўнай і граматычнай структуры сказа і сваёй камунікатыўнай ролі (шырока распаўсюджана іх прэпазіцыя ці дыстантная постпазіцыя). Акалічнасці часу, як правіла, бываюць звязаны з усім сказам у цэлым і, як усе канструкцыі, што свабодна далучаюцца, паводле граматычнай нормы абсалютна прэпазіцыйныя.

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел