Предыдущий раздел | Оглавление | Следующий раздел
Няпоўныя і эліптычныя сказы
§§ 214–218
Няпоўныя сказы
Агульная характарыстыка
§ 214. Няпоўныя сказы — гэта сказы з незамешчанымі пазіцыямі членаў сказа, неабходнасць якіх абумоўлена інфарматыўнай семантыкай і сувяззю з тымі членамі сказа, якія ў ім ёсць. Адсутны член сказа лёгка ўзнаўляецца з кантэксту, падказваецца сітуацыяй ці формай наяўных членаў; пропуск такога члена робіць сказ зразумелым.
Заўвага. Для размежавання поўных і няпоўных сказаў асабліва важна паняцце непрарыўнасці сінтаксічных сувязей, сутнасць якога ў тым, што падпарадкаваныя члены сказа прадвызначаюць наяўнасць тых членаў, якім яны падпарадкоўваюцца; тыя ж у сваю чаргу ў некаторых выпадках абавязкова патрабуюць падпарадкаваных. У гэтым праяўляюцца як сінтаксічныя адносіны членаў сказа, так і тыя сувязі, якія вызначаюцца лексіка-граматычнымі ўласцівасцямі кампанентаў словазлучэнняў, што ўваходзяць у сказ.
Асноўнай прыметай няпоўных сказаў з’яўляецца не сэнсавая, а граматычная непаўната, г. зн. адсутнасць якога-небудзь члена сказа: Апоўдні маці пайшла падаіць кароў і прынесла з Алесем абед: яна — гаршкі з капустай і кашай, а ён — вялікі збан малака з тварагом (Я. Брыль); Цяпер ужо ўсе, хто прысутнічаў, глядзелі на яго, адны — з цікаўнасцю, другія — са спачуваннем, трэція — з трывогай (І. Шамякін); «Гэлька, вазьмі Лёніка!» — крыкнула яна старэйшай, а сама не раздзелася, а пачала прыбіраць ля прыпечку: чыгункі — на прыпек, цабэрак — у парог, венік — у кут (В. Быкаў).
Пра непаўнату сказа, у які лёгка можна падставіць адсутны член, сведчыць асобая інтанацыя, невялікая паўза, якая звычайна абазначаецца працяжнікам: У чырвонай медзі стаяць дубы, у празрыстым золаце — бярозы (П. Пестрак); Сонца дае цеплыню і святло, зямля — свае жыватворчыя сілы (І. Навуменка); Будзе бульба на сняданне, на вячэру — акунькі (С. Грахоўскі); З аднаго боку дарогі стаяў хвойнік, з другога — кусты ядлоўца, а далей — алешнік (Я. Колас); Дзяцельнік выпускаў белы мёд, мяцёлка — крышталёвыя капелькі сіропу, малачайнік — ліпкую белую смятанку, казачкі — цукроўку (Ц. Гартны); Гадзіны тры прайшло, а потым дождж закапаў. Спачатку рэдка, а потым усё часцей ды гусцей (А. Чарнышэвіч).
Агульнай асаблівасцю граматычнага саставу няпоўных сказаў з’яўляецца тое, што ў іх захоўваюцца, як правіла, тыя члены сказа, якія ўваходзяць у рэму выказвання, і, наадварот, звычайна апускаюцца (поўнасцю ці часткова) тыя, якія выражаюць тэму.
Незамешчаныя пазіцыі дазваляюць актуалізаваць замешчаныя, г. зн. узмацніць інфарматыўную значымасць членаў сказа, якія выражаюць «новае». Таму няпоўныя сказы — адзін з галоўных сінтаксічных сродкаў выдзялення камунікатыўнага цэнтра выказвання.
Усе няпоўныя сказы характарызуюцца і тым, што ў іх аказваюцца незавершанымі, «разарванымі» граматычныя і семантычныя сувязі мінімум у аднаго знамянальнага слова. Найбольш выразна гэта праяўляецца тады, калі залежнае слова ўжываецца без галоўнага, а таксама калі дзейнік ужываецца без выказніка: «Дакумент!» — кінуў чырвонаармеец (Я. Колас); Ты марыш быць паэтам, быць трактарыстам — я (А. Куляшоў); Нам партыя дала для будучыні крылы, вачам — арліны зрок, рукам — размах работ... (А. Звонак); Травы пахнуць кветкамі, кветкі пахнуць зорамі, зоры над палеткамі — лесам і азёрамі (П. Глебка).
Паняцце няпоўных сказаў — структурна-граматычнае паняцце. Выдзяленне няпоўных сказаў заснавана на супастаўленні структур (мадэлей, схем) сказаў у сістэме мовы. Адны структуры сказа ацэньваюцца як зыходныя, поўныя, другія, адрозныя ад папярэдніх толькі адсутнасцю аднаго ці некалькіх членаў, выступаюць як варыянтныя ўтварэнні ў адносінах да поўных структур, г. зн. як няпоўныя сказы: Вось з-за лесу ўстала сонца. Рассыпае каснікі, залатыя ручнікі і цалуе праз аконца збітых кудзер валаконцы (Я. Колас); Мы напачатку зазналі страхаў, перад прыродай падалі ніц. Потым лятаць вучыліся ў птахаў, агонь здабываць — у навальніц (А. Вярцінскі).
Заўвага. Пры супастаўленні поўных і няпоўных сказаў у першых з асаблівай выразнасцю раскрываюцца сінтаксічныя сувязі, больш поўна выражаецца інфарматыўная семантыка. Аднак поўныя сказы не заўсёды дарэчы: паўтарэнне адных і тых жа слоў прыводзіць да мнагаслоўнасці, абцяжарвае зносіны. У няпоўных сказаў ёсць свае семантыка-стылістычныя перавагі: яны надаюць мове жывасць, натуральнасць, прастату, дазваляюць актуалізаваць камунікатыўны цэнтр выказвання. Заканамернасці ўжывання ў мове няпоўных структурных варыянтаў сказаў маюць вялікае значэнне для пабудовы шырокіх кантэкстаў — моўных адрэзкаў маналагічнага і дыялагічнага тыпу.
Няпоўныя сказы не з’яўляюцца асобым структурным тыпам, паколькі пропуск пэўнага члена (галоўнага ці даданага) можа быць у любым сказе — развітым і неразвітым, аднасастаўным і двухсастаўным, простым і складаным. Няпоўныя сказы адносяцца да тых жа структурных тыпаў, што і поўныя.
Няпоўны сказ — такі ж паўнацэнны камунікатыўны сродак мовы, як і граматычны поўны сказ: Розныя пісьмы бываюць. Чытаючы адны, людзі радуюцца, чытаючы другія,— бядуюць (І. Сяркоў); Хлеб заўсёды ляжаў на стале, пакрыты настольнікам, а побач з боханам — нож (Я. Брыль); Усё сяло часам збіраецца тут. Адны — працаваць, другія — проста так сабе, палюбавацца (Я. Колас); Сонейка высока поіць травы сокамі, а кусты над доламі — росамі мядовымі (Я. Пушча); Перад дажджом крымская прырода страціла яркія фарбы: кіпарысы здаюцца пыльнымі, наспех уткнутымі ў зямлю мяцёлкамі, горы — злінялай фанернай дэкарацыяй, а мора — шэрай мокраю коўдрай (М. Лужанін).
Аднак у якасці паўнацэннай камунікатыўнай адзінкі няпоўныя сказы могуць выступаць толькі тады, калі абапіраюцца на кантэкст ці непасрэдна на моўную сітуацыю. Узятыя па-за кантэкстам ці пэўнай сітуацыяй, яны не перадаюць закончанай думкі. Параўн., напрыклад, рэплікі наступных дыялогаў у кантэксце і па-за кантэкстам: «...Ну, як яна?» — «Лепш». — «Дзіцятка будзе жыць?» — «Будзе» (І. Шамякін); «Гэта ты, Васька, якую штуковіну націснуў зараз?» — «Старцёр»,— адказваў Васька.— «А во цяпер?» — «Цяпер педаль газу» (М. Паслядовіч).
Заўвага. Ад няпоўных сказаў трэба адрозніваць далучальныя члены сказа, напрыклад, у такіх кантэкстах: Людзі змагаюцца і перамагаюць. Вайну. Страх. Голад. Дэспатызм, тупасць... (І. Шамякін); Хлапчуком марыў пра караблі. Вялікія. Магутныя. Марыў пра мора. Сіняе. Неабдымнае. Пеністае (А. Савіцкі); Для такіх канструкцый, прадуктыўных у мове, характэрна папераджальная інтанацыя далучэння.
Магчымасці структурнай класіфікацыі няпоўных сказаў абмежаваныя, паколькі яны, з’яўляючыся варыянтамі мадэлі поўных сказаў, як адзначалася, не ўтвараюць асобных структурных тыпаў.
У аснове класіфікацыі няпоўных сказаў ляжаць наступныя фактары:
а) сфера ўжывання (вусная ці пісьмовая мова);
б) характар зносін (маналог ці дыялог);
в) узаемасувязь сказа з кантэкстам.
У залежнасці ад сферы ўжывання няпоўныя сказы дзеляцца на кантэкстуальныя і сітуацыйныя, паколькі кантэкст і сітуацыя абумоўліваюць непаўнату саставу сказа і разам з тым дапамагаюць зразумець гэтыя сказы, нягледзячы на пропуск тых ці іншых членаў. У залежнасці ад характару зносін (маналог ці дыялог) адрозніваюцца няпоўныя дыялагічныя і маналагічныя сказы, якія могуць быць як у вуснай, так і ў пісьмовай мове.
Паводле структуры няпоўныя сказы бываюць простыя і складаныя. Простыя сказы лічацца няпоўнымі, калі маюць незамешчаныя сінтаксічныя пазіцыі аднаго ці некалькіх членаў.
Складаныя сказы з’яўляюцца няпоўнымі, калі прапушчана цэлая прэдыкатыўная частка: «Мне сорамна, што ты мяне, як малога, вядзеш...» — «Бо я дарогу ведаю» (П. Галавач); «Я пакінуў? Я да тралейбуса пабег, а ты за мной не пабегла!..» — «Бо вуліцу перабягаць няможна!» (Я. Брыль); «Вы мне казку расказваеце». — «Якая стане праўдай» (К. Крапіва).
Кантэкстуальныя няпоўныя сказы
§ 215. Кантэкстуальнымі няпоўнымі сказамі трэба лічыць такія, у якіх адсутнічае слова ці некалькі слоў, што з'яўляюцца неабходнымі членамі сказа і ўжо ўпаміналіся ў папярэднім кантэксце. Такім чынам, кантэкст узнаўляе члены, якіх не хапае, ліквідуючы тым самым семантычную недастатковасць сказа.
Найбольш часта ўжываюцца сказы з апушчаным дзейнікам. Дзейнік апускаецца тады, калі ён ёсць у суседнім сказе, ці тады, калі апушчанаму дзейніку адпавядае ў папярэднім сказе слова, якое з'яўляецца іншым членам сказа: Дзед Баўтрук быў работнік сумленны. Гарачкі не пароў, а рабіў паважна, але гладка і акуратна (Я. Колас); Ужо шмат гадоў Нёман падмываў круты правы бераг, а пакаты левы ўсё ўразаўся ды ўразаўся далей у раку (А. Пальчэўскі); Ліпеньскае сонца падымаецца ў поўдзень. Пякучае, расплаўленае — разлівае ліпкую стому і смагу (Я. Скрыган); Палез Антось перш па драбінах, з драбін цярэбіцца ў галінах. Сяк-так прыладзіў сіта крышку, абрус адсунуў, бярэ лыжку і толькі чуть крануўся рою, гудзе пчала над галавою (Я. Колас).
Заўвага. Гаворачы пра адсутнасць галоўных членаў няпоўных сказаў, трэба мець на ўвазе толькі структурна неабходныя члены сказа, абавязковыя для той ці іншай канструкцыі. Зыходзячы з гэтага, няпоўнымі нельга лічыць аднасастаўныя намінатыўныя, пэўна-асабовыя, няпэўна-асабовыя і абагульнена-асабовыя сказы: дзейнік у пэўна-асабовых, няпэўна-асабовых і абагульнена-асабовых сказах не з'яўляецца структурна неабходным элементам, яго адсутнасць — норма для беларускай літаратурнай мовы. Тым больш нельга гаварыць аб пропуску выказніка ў намінатыўных сказах. Адсутнасць выказніка тут з'яўляецца характэрнай тыпалагічнай прыметай. Да няпоўных сказаў не адносяцца таксама перарваныя, незакончаныя выказванні.
Выказнік у сказах апускаецца радзей, чым дзейнік, і, відавочна, таму, па-першае, што іменна выказнік звычайна заключае ў сабе галоўны змест выказвання, абазначае тое новае, пра што паведамляецца ў сказе; па-другое, пры дапамозе выказніка ў значнай меры выражаецца асноўнае сінтаксічнае значэнне сказа — прэдыкатыўнасць.
Паказчыкам пропуску выказніка з'яўляецца кантэкст, у якім гэты выказнік абазначаны. Унутры сказа на пропуск выказніка ўказваюць падпарадкаваныя формы даданых членаў, што адносяцца да выказніка: На таку ляжала кучка сена, а ў куточку — крышан сена (Я. Колас); На каляровай вокладцы ўнізе была жоўтая ніва, а далей — праз усю старонку — стромкі лес (А. Пальчэўскі); Усё здаецца добрым, радасным,— нават старыя, патрэсканыя, дзе-нідзе аблезлыя, без кары жэрдкі, за плотам — гарбузнік, упарты хвост якога ўзлез поблізу на кол (І. Мележ); Над дрыгвяністым балотам узнімаецца выспа, на выспе — курган (Я. Колас); Здаецца, тут не сонца свеціць, а ружы — полымем сваім! (А. Бачыла); На скрыжаванні палявых дарог здаўна стаіць сяло Чырвоны Лог. На ўсход — падковай векавечны бор, на захад — край імшараў і балот (М. Танк); Справа непадалёк віднелася вёска, за ёю — рэдкія бярозавыя прысады, злева — нядаўна ўзаранае глянцавата-чорнае поле (І. Мележ). Такія сказы сведчаць аб умоўнасці тэрміна «няпоўны сказ», паколькі непаўната тут дыктуецца законамі пабудовы складаных сказаў.
Пры апушчэнні аднаго ці двух галоўных членаў фармальная непаўната сказа адчуваецца найбольш выразна.
Акрамя галоўных членаў, у кантэкстуальных сказах бывае прапушчана дапаўненне. Яго пропуск пацвярджаецца кантэкстам і наяўнасцю ў няпоўным сказе пераходнага дзеяслова: А сягоння ён быў у нас у класе. У шынялі і з пагонамі. А на пагоне дзве зорачкі і адна пасачка. Я сам бачыў (І. Мележ); Якім зернем хто сее, такім і збірае (Прыказка); Кастусь Прыбыткоўскі трымаў у левай руцэ аўтаматычную вінтоўку, а правай даставаў з пояса гранату (К. Чорны); Першую курачку я бяру сабе. Другую даю каралеве. Трэцюю і чацвёртую — каралевічам. Пятую — старэйшай маёй дачцы (В. Вольскі).
Сказы з неназваным дапаўненнем абмежаваны ва ўжыванні. Дапаўненне не заўсёды з'яўляецца структурна неабходным членам сказа нават пры наяўнасці пераходных дзеясловаў, калі яны ўжыты ў непераходным значэнні; у кантэксце ж дапаўненні зразумелыя (вядомыя).
Сказы з неназванымі акалічнасцямі і азначэннямі нельга адносіць да няпоўных, паколькі такія члены звычайна не з'яўляюцца фармальна неабходнымі, калі не ўваходзяць у састаў галоўных членаў ці не абумоўлены наяўнасцю іншых, звязаных з імі.
Кантэкстуальныя няпоўныя сказы даволі прадуктыўныя і ўжывальныя ў мове.
Сітуацыйныя няпоўныя сказы
§ 216. Сітуацыйнымі няпоўнымі сказамі называюцца такія сказы, непаўната якіх абумоўліваецца пераважна абстаноўкай маўлення і сітуацыяй у цэлым. Сітуацыйныя сказы — адзін з распаўсюджаных тыпаў граматычна няпоўных сказаў. Яны зразумелыя і ўжываюцца ў якасці паўнацэнных адзінак паведамлення толькі ва ўмовах пэўнай сітуацыі. Сама абстаноўка размовы падказвае субяседнікам паняцці, неабходныя для разумення, але лексічна не выражаныя. Напрыклад: (З аўдыторыі, дзе здаюць экзамены, выходзіць студэнт.) «Ну, што?» — звяртаюцца да яго аднакурснікі.— «Чатыры»,— адказвае ён.
Паводле значэння сярод сітуацыйных сказаў выдзяляюцца:
1) сітуацыйныя сказы прэдыкатыўнага характару; яны даюць назву, азначэнне ці экспрэсіўную характарыстыку прадмета (з’явы), вядомага субяседніку, ці выражаюць дзеянне, якое выконвае прадмет: «Ну, як ты жывеш тут?» — спытаў ён.— «Нічога. Ваюем».— «Батарэя добрая. На КП хвалілі. Як камандзір?» — «Сейчанка? Залаты чалавек».— «У цябе ўсе залатыя. Я цябе ведаю» (В. Быкаў). У гэтых рэпліках наяўны член па сваёй сінтаксічнай сутнасці з’яўляецца прэдыкатам (выказнікам). Няма неабходнасці вызначаць тут дзейнік, паколькі прадмет, пра які гаворыцца, зразумелы з самой сітуацыі і не абавязкова павінен быць выражаны лексічна;
2) сітуацыйныя пабуджальныя рэплікі, як правіла, выражаны залежнымі формамі слоў і вымаўляюцца з пабуджальнай інтанацыяй. Дзеяслоў у такіх сказах адсутнічае (Уперад! Вады! і пад.), але ён і не патрэбны для выражэння пэўнага зместу.
Сітуацыйныя пабуджальныя рэплікі звычайна складаюцца з аднаго слова. Няма неабходнасці прыраўноўваць гэта слова да пэўнага члена поўнага сказа, у гэтым выпадку мы падмянілі б аналіз аднаго сказа другім («Вады!..» — Прынясі вады).
Формы выражэння наяўных членаў у пабуджальных сказах разнастайныя. Калі ў сказе выражана патрабаванне даць пэўны прадмет, ужываецца назоўнік у назоўным, родным ці вінавальным склоне: «Віна, Джакобе...» — «Што, цяжка, камандзір? Віна б мо выпіў?» (М. Клімковіч); «Дакументы!» — «Якія ж, пане, дакументы ў свата!» (К. Крапіва).
Калі ў сітуацыйнай рэпліцы заключана пабуджэнне рухацца, перамяшчацца, то яна выражаецца прыслоўямі ці спалучэннямі назоўніка з прыназоўнікам, якія абазначаюць напрамак ці мэту руху. Формы назоўнікаў у пабуджальных сітуацыйных рэпліках выразна акрэслены: гэта вінавальны склон з прыназоўнікамі у, на, праз і інш., творны склон з прыназоўнікам за і інш.: «Сюды! Хутчэй!» — раздаўся яго вясёлы голас (Я. Маўр); «Рукі ўгору!» — крыкнуў дзед Талаш (Я. Колас); Чарняўскі загадаў: «У штаб фронту!» (І. Мележ); «Кругом агонь!» — адказалі яму сотні ўтрапёных галасоў.— «Праз агонь!» — крыкнуў Астаповіч (К. Чорны); «За рэчку, падалей, на балота!» — падаў каманду аўтаматчыкам Бохан (М. Лынькоў); «На коней! Хутчэй!» (К. Чорны).
Сітуацыйныя няпоўныя сказы выкарыстоўваюцца ў размоўным стылі. Таму, хто гаворыць, і субяседніку з сітуацыі вядомы ўсе невербалізаваныя члены.
Поўныя сказы ў такіх умовах амаль не ўжываюцца. У мове мастацкай літаратуры сітуацыю ствараюць рэмаркі, а таксама рэплікі аўтара, расказчыка.
Дыялагічныя няпоўныя сказы
§ 217. Састаў няпоўных сказаў не вызначаецца пэўнай устойлівасцю. Яны могуць уключаць толькі галоўныя члены, адзін галоўны член, адзін даданы член, галоўны і даданы члены і г. д. Асабліва разнастайныя паводле граматычнага саставу няпоўныя сказы дыялагічнай мовы.
Дыялагічная мова мае свае ўласныя заканамернасці пабудовы, выкліканыя ўмовамі яе фарміравання і мэтавым прызначэннем: кожная рэпліка ствараецца ў працэсе непасрэдных зносін і таму мае двухбаковую камунікатыўную накіраванасць.
Асаблівасць дыялагічных сказаў вызначаецца тым, што ў вуснай мове ў якасці дадатковых кампанентаў побач са словамі выступаюць і пазамоўныя фактары: жэсты, міміка, сітуацыя. У састаў такіх сказаў уваходзяць толькі тыя словы, без якіх думка незразумелая.
Рэплікі дыялогу заўсёды ўтвараюць складанае адзінства, яны звязаны паміж сабой не толькі па сэнсу, але і граматычна. У саставе дыялогу рэплікі з'яўляюцца паўнацэннымі адзінкамі паведамлення, хоць граматычна няпоўнымі.
Першы сказ, з якога пачынаецца дыялог, як правіла, разгорнуты, поўны па структуры. Наступныя сказы-рэплікі выражаны залежнымі словамі ці спалучэннямі слоў, у якіх заключаецца неабходны змест. Гэты змест выражаецца дзякуючы цэласнасці ўсяго дыялогу; асобная, ізаляваная рэпліка не выражае пэўнага зместу: «Што ты бачыў?» — запытаўся Віктар. — «Вярблюда». — «Не, без жартаў». — «Мусіць, нейкі алень ці лось, але чамусьці з гарбом» (Я. Маўр); «Дык ты зараз з Вільні?» — «Адтуль, браце!» — «А адгэтуль куды падасіся?» (Я. Колас); «Таварыш Пратасаў! Куды?» — «Дадому. А ты?» — «Еду ў Мінск». — «Залазь сюды. У цябе які вагон?» — «Пяты» (М. Паслядовіч).
Кожная рэпліка заключае ў сабе рэакцыю на думку, выражаную ў папярэднім сказе: «Як гэта я дагэтуль не здагадвалася! Гэта ж ты ўсадзіў яго!» — «Бушмара? Я!» — урачыста крычыць Вінцэнты (К. Чорны); «Жыта і ярына, значыцца, вам асталіся?» — «Якія жыта і ярына?» — «А што Скуратовіч у вас складаў!» (К. Чорны); «... А з якога вы фронту? Дзе вас параніла?» — «Я?» — Ён неяк дзіўна ўсміхнуўся. — «Я адтуль». — «Адкуль?» — «З Палесся».
Непаўната дыялагічных сказаў цесна звязана з актуальным чляненнем сказа: у іх звычайна ў наяўнасці элементы, якія выражаюць «дадзенае», названае раней.
Паводле агульнай мэтавай накіраванасці рэплікі дыялогу падзяляюцца на тры групы: 1) рэплікі-адказы; 2) рэплікі-пытанні; 3) рэплікі-працягі.
Рэплікі-адказы заключаюць у сабе адказы на пытанне, выражанае ў папярэднім сказе: «А дзе ж вы вучыцеся?» — запытала зноў Алёнка. — «На другім курсе рабфака». — «А ці ведаеце вы... Баруту Сцяпана?» — «Ведаю...» (Я. Колас); «Панаса забралі палякі»,— глуха адказала яна [бабка]. — «Калі забралі?» — «Учора ўночы» (Я. Колас).
Рэплікі-пытанні выражаюць пытанне, выкліканае зместам пачатковага сказа ці папярэдняй рэплікі: «А я ў той час таксама быў у Варонежы». — «Палкоўнікам?» — «Не, я быў настаўнікам гімназіі» (К. Крапіва); «А што вы прывезлі?» — «Кнігі?» — «Але»,— «Якія кнігі?» — «Нашы. Савецкія»,— раздражнёна адказаў Пятро (І. Шамякін).
Рэплікі-працягі паведамляюць што-небудзь дадаткова да выказанага ў пачатковым сказе. Сказы-рэплікі, якія працягваюць дыялог, менш поўныя, чым тыя, што пачынаюць яго; яны бліжэй да асобных членаў сказа, хоць іншы раз цяжка вызначыць, да якіх іменна, асабліва па-за кантэкстам: «Гаршчок таксама ладны». — «Прыгожы, зграбны!» (В. Вольскі); «Жанчына ў бальніцы. Пасля цяжкай аперацыі...» — «На сэрцы»,— падказаў Шыковіч (І. Шамякін).
Структура сказаў дыялагічнай мовы, асабліва ў форме рэплік-адказаў, не зусім тоесная ў адносінах яе фармальна-граматычнага саставу, г. зн. наяўнасці і характару галоўных членаў, структуры сказаў маналагічнай апавядальнай мовы, хоць паміж імі нельга правесці абсалютнай мяжы, паколькі кожная з іх можа ўключаць структурныя рысы другой. Жывыя структурныя тыпы сказаў размоўнага стылю (галоўным чынам дыялогу) трэба вывучаць не з пункту погляду іх фармальнай недастатковасці ці паўнаты, а з пункту погляду іх уласных спецыфічных асаблівасцей і функцый.
Асноўная сфера ўжывання няпоўных сказаў — вусная мова, паколькі характар сінтаксічнай будовы сказа ў вуснай мове вызначаюць абстаноўка, агульны вопыт тых, хто гаворыць, інтанацыя, міміка, якія дапаўняюць выказванне. Усё гэта дазваляе апускаць тыя члены сказа, адсутнасць якіх не перашкаджае разуменню думкі. У кніжных стылях мовы, асабліва ў афіцыйна-дзелавым і навуковым, няпоўныя сказы ўжываюцца вельмі абмежавана. Выкарыстанне няпоўных сказаў у мастацкіх і публіцыстычных творах надае мове лаканічнасць, жывасць і дынаміку.
Эліптычныя сказы
§ 218. Да няпоўных сказаў прымыкаюць эліптычныя сказы, якія займаюць асобае месца ў тыпалогіі простага сказа: яны з’яўляюцца пераходнымі ад няпоўных двухсастаўных да поўных сказаў.
Заўвага. У лінгвістычнай літаратуры тэрмін «эліптычныя сказы» ўжываецца неадназначна: ён выкарыстоўваецца замест тэрміна «няпоўныя сказы», абазначае разнавіднасць няпоўных сказаў; нарэшце, служыць назвай сказаў, якія прымыкаюць да няпоўных, падобныя да іх.
Эліптычнымі называюцца такія сказы, у якіх адсутны член не ўзнаўляецца з кантэксту і не падказваецца сітуацыяй. Спецыфічная асаблівасць такіх сказаў — адсутнасць выказніка, прычым выказніка, не ўпамянутага ў кантэксце, г. зн. у сэнсавых адносінах ён не з’яўляецца неабходным для перадачы пэўнага паведамлення: Да небакраю — наліўное жыта, імклівыя каналы між балот, на кожным кроку — рук тваіх [родны край] здабытак, твае сады, твой хлеб, твой горкі пот (П. Панчанка); Нам рэкі — чыстую ваду, нам рэкі — свой разліў блакітны, мы ім — адходы і адкіды, мы ім — усякую брыду (А. Вярцінскі); Зімой — снягі, мяцеліцы, завеі, вясною — бурныя паводкі скрозь; улетку — сумныя напевы жнеяў, увосень — золкасці халоднай рось (П. Глебка).
Эліптычныя сказы — не столькі вынік эканоміі моўных сродкаў, колькі вынік расшырэння камунікатыўных магчымасцей мовы, паколькі кожная мова папаўняецца ўсё новымі і новымі спосабамі выражэння, новымі прыёмамі камунікацыі.
Звычайна эліптычныя сказы адносяць да няпоўных, паколькі ў першых ёсць даданыя члены, звязаныя з адсутным выказнікам. Аднак эліптычныя сказы адрозніваюцца ад няпоўных тым, што адсутны член сказа не патрабуе ўзнаўлення з кантэксту ці сітуацыі, і ў гэтым сэнсе яны з’яўляюцца поўнымі.
Эліптычныя сказы суадносяцца з поўнымі, якія маюць у сваім саставе дзеясловы быцця, наяўнасці, маўлення, руху, дзеяння, пабуджэння. У поўных сказах увага фіксуецца на дзеянні, эліптычныя сказы ўказваюць на абставіны, якія суправаджаюць дзеянне, на яго аб’ект: За Сырніцай — густы дрымотны старадаўні ельнік, заўсёды сыры і мокры з камля да верху. За Сырніцай — крумкачы, вужы і дзікі. І грыбоў да гібелі... (І. Пташнікаў); Пры ўваходзе ў вёску ўзбоч бальшака на ўзгорку — цёмная сцяна векавых дубоў (Полымя, 1985); Узбоч дарогі — лясок, па другі бок — поле, а ўгары папялістыя хмары паўзуць (Я. Колас).
Непаўната такіх сказаў — структурная норма. Гэта тыпізаваныя канструкцыі, узнаўляць якія-небудзь члены ў іх няма патрэбы. Яны дастаткова поўныя (нават па-за кантэкстам) з пункту погляду іх камунікатыўнага задання. Што ж да граматычнай пабудовы, то спецыфіка яе заключаецца ў наяўнасці падпарадкаваных словаформ, якія ўказваюць на залежнасць іх ад дзеяслова: З краю лес высокі; тут жа, каля хаты, дзве старыя вербы, дуб каржакаваты (Я. Колас); Навокал бязмежныя нашы прасторы, абапал — прысады, палеткі, азёры (У. Дубоўка); Над полем цішыня і золак (М. Танк); Родны край мой! Ты заўсёды ў маім сэрцы! (Т. Хадкевіч); На Пулкаўскіх вышынях — цішыня (П. Панчанка); Поспеху табе, родная Беларусь, наша песня, наша слава! Добрай дарогі табе ў вялікую светлую будучыню! (Р. Сабаленка).
Аднак гэта залежнасць відавочная толькі ў гістарычным плане. Такая залежнасць яшчэ яўна адчуваецца ў канструкцыях тыпу Налева — лес; За хатай — сад і не ўсведамляецца ў сказах тыпу След на зямлі; Сустрэчы на вакзале, дзе субстантыўны ўплыў настолькі моцны, што выцясняе дзеяслоўны, які некалі быў, і функцыянальна пераўтварае залежныя словаформы, прычым эліпсіс у гэтых выпадках ужо не ўспрымаецца: такія сказы нагадваюць сабой намінатыўныя сказы з недапасаваным азначэннем, і іх эліптычнасць у мінулым — адна са ступеней развіцця гэтага тыпу сказаў.
Заўвага. Паводле граматычнай структуры, суадноснасці словаформ да эліптычных сказаў блізкія фразеалагізаваныя сказы тыпу Як справы? Добрай ночы! З Новым годам! і пад.; па функцыі ж, па адсутнасці сінтаксічных адносін паміж словамі (г. зн. па нечлянімасці) яны збліжаюцца са словамі-сказамі Так; Не; Вядома і пад.
Фразеалагізаваныя сказы нагадваюць сабой не столькі граматычныя структуры, колькі гатовыя моўныя адзінкі. Значыць, яны знаходзяцца за межамі асноўных граматычных тыпаў простага сказа — двухсастаўных і аднасастаўных. Фразеалагізаваныя сказы (ці сказы-штампы) — спецыфічныя канструкцыі размоўнага стылю.
Эліптычныя сказы звычайна складаюцца з дзейніка і даданага члена, часцей за ўсё — акалічнасці месца, здольнай, як правіла, спалучацца з дзеясловамі руху, прабывання: На плошчы шум, нібы ў час парада, і сэрца зачараваны стук (А. Вялюгін); На дварэ — сінь. Паветра, снег, неба — усё заліта сінню. А на ўсходзе — чырвань (А. Чарнышэвіч); У цёмным небе хараводы сіняватых зорак (М. Багдановіч); Пад вярбой зялёнай — луг мурожны (А. Вялюгін); На вуліцах — гоман (П. Глебка); Над полем цішыня і золак (М. Танк); Хлопцы з коней. Залп за залпам. Завязаўся жорсткі бой (П. Пестрак).
Залежныя апорныя члены эліптычных сказаў толькі часткова выконваюць функцыю выказніка (маюць агульнае ўказанне на факт дзеяння), захоўваючы поўнасцю сваё аб’ектнае ці (часцей) акалічнаснае значэнне. Акрамя таго, яны не выражаюць граматычных значэнняў ладу, часу. Сінтаксічнае значэнне часу не мае ў эліптычных сказах пэўных паказчыкаў. Часавае значэнне эліптычных сказаў выражаецца адносна. Яно поўнасцю вызначаецца сітуацыяй, агульным часавым планам паведамлення і г. д. Гэта якасць эліптычных сказаў не з’яўляецца паказчыкам іх непаўнацэннасці.
Нягледзячы на адсутнасць выказніка, у структуры эліптычных сказаў выразна праяўляецца двухчленнасць, паколькі яны базіруюцца пераважна на канструкцыях двухсастаўных дзеяслоўных сказаў, аднак двухсастаўнымі ў прынятым значэнні гэтага тэрміна эліптычныя сказы не з’яўляюцца.
Эліптычныя сказы маюць рад пераваг перад дзеяслоўнымі. Па-першае, яны адначасова і абстрагуюцца ад канкрэтных дзеясловаў, і захоўваюць з імі сувязь. Тым самым яны, як у фокусе, збіраюць, канцэнтруюць семантычныя рысы значнай групы дзеясловаў. Па-другое, яны вельмі канкрэтныя, так як сумяшчаюць у сабе агульнае ўказанне на працэс руху, маўлення і г. д. з дакладным абазначэннем напрамку, адрасата, аб’екта і г. д. Гэтым ствараецца іх экспрэсіўнасць, вобразнасць. Па-трэцяе, эліптычным сказам у значнай ступені ўласціва дынамічнасць. У іх як бы заключана скрытая энергія. Гэта таксама выцякае з эліпсісу: дзеяслоў канкрэтна лексічна не названы, але яго семантыка лёгка вызначаецца са сказа. Акрамя таго, эліптычныя сказы лаканічныя, што дасягаецца не толькі скарачэннем дзеяслова, але і адсутнасцю многіх слоў, якія маглі б быць пры дзеяслове.
Адзначаныя ўласцівасці эліптычных сказаў робяць іх адным з выразных элементаў паэтычнага (шырэй — мастацкага) сінтаксісу. Сфера прымянення эліптычных сказаў — перш за ўсё размоўны стыль і мастацкая літаратура.
Як факт жывой мовы, эліптычныя сказы ў апошнія гады шырока прымяняюцца ў мове газет, асабліва ў загалоўках. Шматлікія эліпсісы тут — ужо свайго роду стандарт. Мова газет, як вядома, імкнецца да дынамічнасці, чаму садзейнічаюць, у прыватнасці, мінімальна кароткія сказы з пропускам лішніх у інфарматыўных адносінах слоў: Пяцігодку — датэрмінова; Палітычныя і навуковыя веды — у масы; Ураджаю-85 — зялёная вуліца; Рашэнні з’езда — у жыццё.
У эліптычных сказах-загалоўках адсутнасць аднаго ці некалькіх членаў у большасці выпадкаў з’яўляецца сінтаксічнай нормай. Сказы-загалоўкі ў такіх выпадках набываюць стылістычную і экспрэсіўную афарбоўку. Такія загалоўкі выражаюць думку ў максімальна сціслай форме.
Нягледзячы на прадуктыўнасць, эліптычныя сказы маюць стылістычна абумоўленыя абмежаванні ў выкарыстанні. Яны не ўласцівы навуковаму і дзелавому стылям мовы.
