Предыдущий раздел | Оглавление | Следующий раздел
Фаналогія: фанемы
§§ 1–38
Фаналогія
Фанетыка і граматыка
§ 1. Гукавая абалонка мовы як яе неад’емны элемент — з’ява шматгранная. Розныя яе бакі маюць неаднолькавае дачыненне да граматыкі. Аспектамі гукавога ладу мовы, якія вывучае фанетыка ў межах мовазнаўства, з’яўляюцца артыкуляцыя гукаў, іх акустычныя ўласцівасці, успрыманне гэтых уласцівасцей носьбітамі мовы, функцыянальнае значэнне гукаў у мове. Непасрэднае дачыненне да граматыкі мае функцыяніраванне гукаў у мове, якім займаецца спецыяльны раздзел фанетыкі — фаналогія, паколькі граматыка звычайна апісвае ўласцівасці пісьмовай формы мовы. Праз фаналогію ажыццяўляецца сувязь граматыкі з іншымі фанетычнымі аспектамі гукавога ладу, толькі праз яе выяўляюцца сувязі паміж вуснай і пісьмовай формамі мовы. Праз вусную мову становяцца больш зразумелымі многія з’явы ў словаўтварэнні, словазмяненні і ў іншых раздзелах граматыкі.
Нельга не ўлічваць і той факт, што, хоць граматыка апісвае пісьмовую форму мовы, яна вымушана выкарыстоўваць паняцці фанетыкі і непасрэдна (не праз фаналогію), бо, па-першае, пісьмовая форма з’яўляецца вытворнай ад вуснай і абапіраецца на яе, па-другое, матэрыяльныя сродкі выражэння пісьмовай мовы бяднейшыя, чым вуснай (гл. табліцу адпаведнасцей паміж літарамі і гукамі), па-трэцяе, авалоданню пісьмовай мовай папярэднічае веданне вуснай мовы.
Пры разглядзе словазмянення нельга абысціся без паняцця націску, вывучэнне сінтаксісу не абыходзіцца без спасылак на інтанацыю ў значна шырэйшым аб’ёме, чым той, для якога ёсць пісьмовыя сродкі яе абазначэння. Склад як фанетычная адзінка і законы яго гукавой арганізацыі дазваляюць больш грунтоўна разабрацца ў заканамернасцях і тэндэнцыях словаўтварэння і словазмянення. Напрыклад, вядома, што ў родным склоне множнага ліку назоўнікаў II скланення атрымаў пашырэнне канчатак -аў. Аднак па структуры склада ў беларускай мове формы хатаў і коўдраў зусім рознай прыроды. У форме коўдраў канчатак -аў абумоўлены тым, што ў выпадку чыстай асновы ўзнікае закрыты склад коўдр з не ўласцівым беларускай мове канцавым спалучэннем зычных ўдр, у якім немагчыма паяўленне беглага галоснага (немагчыма коўдзер або коўдар). Таму з’яўленне канчатка -аў яўна абумоўлена фанетыкай слова. Паяўленне ж паралельнай формы хатаў можа разглядацца толькі як вынік дзеяння марфалагічнай аналогіі або дыялектнага ўплыву, што стварае варыянтнасць нормы.
Табліца адпаведнасцей паміж літарамі і гукамі (у межах слова)
| Літара | Гук | У якіх умовах абазначае гук | Прыклады |
| Аа | [а] | у пачатку слова і пасля цвёрдых зычных | арэх, тата |
| Бб | [б] | перад галоснымі а, о, э, у, ы; перад санорнымі р, л, м, н, й, в і перад звонкімі зычнымі | бок блыха, абдаць |
| [б’] | перад галоснымі я, е, ё, ю, і | бягом, бюро | |
| [п] | у канцы слова і перад глухімі зычнымі | дуб, бабка | |
| Вв | [в] | перад галоснымі а, о, э, у, ы | вада, вугал |
| [в’] | перад галоснымі я, е, ё, ю, і | вавёрка | |
| Гг | [г] фрыкат. | перад галоснымі а, о, э, у, ы; перад санорнымі р, л, м, н, й, в | гыркаць грыб |
| [г’] | перад галосным і; у запазычаных словах — перад я, е, ё, ю, і | берагі герб, гяур | |
| [г], [г’] выбухныя | у некаторых запазычаных словах | ганак, гузік, гірса | |
| [х] | у канцы слова і перад глухімі зычнымі | снег, лёгкі | |
| Дд | [д] | перад галоснымі а, о, э, у, ы; перад санорнымі р, л, м, н, й, в | даць драць |
| [т] | у канцы слова і перад глухімі зычнымі | сад, пасадка | |
| [ч] | перад афрыкатай ч | адчуць | |
| [ц] | перад афрыкатай ц | кадцы | |
| Дждж | [дж] | перад галоснымі а, о, э, у, ы; перад санорнымі р, л, м, н, й, в | хаджу прынаджваць |
| [ч] | у канцы слова | дождж | |
| [д]+[ж] | на стыку прыставак на -д і каранёў на ж- | паджарыць | |
| Дздз | [дз] | перад галоснымі а, о, э, у, ы; перад санорнымі р, л, м, н, й, в | ксяндза дзвынкаць |
| [дз’] | перад галоснымі я, е, ё, ю, і; перад ь і перад зычным в’ | дзеці дзьму, дзверы | |
| [ц’] | у канцы слова і перад глухімі зычнымі, калі пасля дз ідзе літара ь | моладзь, дзядзька | |
| [д]+[з] | на стыку прыставак на -д і каранёў на з- | падзол, падзямелле | |
| Ее | [е] | пасля мяккіх зычных | землі, лесавод, сезон |
| [йе] | у пачатку слова, у сярэдзіне — пасля галосных і раздзяляльных апострафа і ь. Пад націскам або не ў першым пераднаціскным складзе. У першым пераднаціскным складзе толькі ў запазычаных словах | ехаць, заедзь, з’езд, масье, зеляніна, сезон | |
| Ёё | [о] | пасля мяккіх зычных пад націскам | вёрсты, лён |
| [йо] | у пачатку слова, пасля галосных і раздзяляльных апострафа і ь пад націскам і ў канцы слова не пад націскам у некаторых запазычаннях | ёсць, пад’ём, медальён, радыё | |
| Жж | [ж] | перад галоснымі а, о, э, у, ы; перад санорнымі р, л, м, н, й, в | жалобны жрэц |
| [ш] | у канцы слова і перад глухімі зычнымі | нож, лыжка | |
| Зз | [з] | перад галоснымі а, о, э, у, ы; перад санорнымі р, л, м, н, й, в | зара зло |
| [з] | перад звонкімі зычнымі | збор | |
| [с] | у канцы слова і перад глухімі зычнымі | воз, казка | |
| [ж] | перад шыпячымі ж, дж | езджу | |
| [ш] | перад шыпячымі ш, ч | рэзчык | |
| [з’] | перад галоснымі я, е, ё, ю, і; перад ь; перад мяккімі зычнымі, за выключэннем к’, г’, х’ | зямля разьба, змена | |
| Іі | [і] | пасля мяккіх зычных і ў пачатку слова не пад націскам | зіма, індустрыя |
| [йі] | у пачатку слова пад націскам і ўнутры слова пасля галосных | іней, ускраіна | |
| [ы] | у складаных словах, калі першая частка заканчваецца на цвёрды зычны | педінстытут | |
| Йй | [й] | пасля галосных у канцы слоў і перад зычнымі ў сярэдзіне слова | край, вайна |
| Кк | [к] | перад галоснымі а, о, э, у, ы; перад санорнымі р, л, м, н, й, в; перад глухімі зычнымі і ў канцы слова | карова крышыць локці, крык |
| [к’] | перад е, і, зрэдку перад я, е, ё, ю | кіслы, Кёльн | |
| [г] выбухны | перад звонкімі зычнымі | вакзал | |
| Лл | [л] | перад галоснымі а, о, э, у, ы; перад зычнымі і ў канцы слова | лодка палка, вол |
| [л’] | перад галоснымі я, е, ё, ю, і і перад ь | лёд, бэлька | |
| Мм | [м] | перад галоснымі а, о, э, у, ы; перад зычнымі і ў канцы слова | мыла бомба, Крым |
| [м’] | перад галоснымі я, е, ё, ю, і | мяса | |
| Нн | [н] | перад галоснымі а, о, э, у, ы; перад большасцю зычных і ў канцы слова | ныркі каманда, сон |
| [н’] | перад галоснымі я, е, ё, ю, і; перад ь, перад дз’, ц’, калі пасля іх ідуць літары я, е, ё, ю, і | несці банька, манцёр | |
| Оо | [о] | у пачатку слова і пасля цвёрдых зычных пад націскам; пасля галосных не пад націскам у некаторых запазычаннях | Орша, родны, адажыо |
| Пп | [п] | перад галоснымі а, о, э, у, ы; перад санорнымі р, л, м, н, й, в; перад глухімі зычнымі і ў канцы слова | паход прама акопчык, акоп |
| [п’] | перад галоснымі я, е, ё, ю, і | пяты | |
| Рр | [р] | заўсёды | вёрсты, востры |
| Сс | [с] | перад галоснымі а, о, э, у, ы; перад санорнымі р, л, м, н, й, в; перад глухімі зычнымі і ў канцы слова | сады паслаць страх, верас |
| [с’] | перад галоснымі я, е, ё, ю, і; перад ь; перад мяккімі зычнымі, за выключэннем к’, х’ | сёмы вось, снег | |
| [з’] | перад ь, пасля якога ідуць звонкія зычныя; перад звонкімі зычнымі, за якімі ідуць галосныя я, е, ё, ю, і | касьба | |
| [ш] | перад шыпячымі ш, ч | разносчык | |
| Тт | [т] | перад галоснымі а, о, э, у, ы; перад санорнымі р, л, м, н, й, в; перад глухімі зычнымі | тата трава хатка |
| [д] | перад звонкімі зычнымі | футбол | |
| [ч] | перад шыпячымі ч, ш | лётчык | |
| [ц] | перад свісцячым ц | у хатцы | |
| Уу | [у] | пасля цвёрдых зычных і ў пачатку слова; у запазычаных словах пасля галосных перад зычнымі | думка, уваход, прэзідыум, ва універсітэце |
| Ўў | [ў] | пасля галосных перад зычнымі і ў канцы слова | траўка, браў |
| Фф | [ф] | перад галоснымі а, о, э, у, ы; у канцы слова і перад глухімі зычнымі | фара штраф, фтор |
| [ф’] | перад галоснымі я, е, ё, ю, і | фетравы | |
| Цц | [ц] | перад галоснымі а, о, э, у, ы; у канцы слова і перад глухімі зычнымі | цэгла канец, клёцкі |
| [ц’] | перад галоснымі я, е, ё, ю, і; перад ь; перад в, калі пасля яе ідуць галосныя я, е, ё, ю, і | цяля бацька, цвёрды | |
| [дз] | перад звонкімі зычнымі | плацдарм | |
| Чч | [ч] | перад галоснымі а, о, э, у, ы; у канцы слова і перад некаторымі зычнымі | час ноч, пачварны |
| [дж] | перад звонкімі зычнымі | лічба | |
| [ц] | перад зычным ц | у лодачцы | |
| Шш | [ш] | перад галоснымі а, о, э, у, ы; перад некаторымі зычнымі і ў канцы слова | шырыня дошка, кош |
| [с] | перад зычным с | чэшскі | |
| Ыы | [ы] | пасля цвёрдых зычных | чырвоны |
| Ьь | — | абазначае мяккасць папярэдняга зычнага на канцы слова і перад зычнымі; перад галоснымі я, е, ё, ю, і ўказвае на тое, што гэтыя галосныя абазначаюць й + галосны | конь, восьмы лью [л’йу] |
| Ээ | [е] | у пачатку некаторых слоў; пасля цвёрдых зычных пад націскам, не пад націскам — толькі ў запазычаных словах | эра, бэлька, дэмакратыя |
| Юю | [у] | пасля мяккіх зычных | люблю |
| [йу] | у пачатку слова; пасля галосных і пасля раздзяляльных апострафа і ь | юрта, крыю, б’ю | |
| Яя | [а] | пасля мяккіх зычных і й | зямля |
| [йа] | у пачатку слова; пасля галосных і пасля раздзяляльных апострафа і ь | яма, маяк, з’яднацца, каньяк |
§ 2. І ўсё ж большасць фанетычных паняццяў і тэрмінаў выкарыстоўваецца ў граматыцы праз фаналогію. Фаналогія як вучэнне аб функцыяніраванні гукаў з’яўляецца адначасова і тэорыяй рацыянальнага пісьма. Хоць сцвярджаецца, што ў беларускай арфаграфіі шырока прадстаўлены фанетычныя напісанні, фанетычны прынцып «пішы, як чуеш» не адлюстроўвае сапраўднага становішча ў арфаграфіі і пішучая асоба не можа ім кіравацца. Даследаванні па ўспрыманню вуснай мовы паказваюць, што розныя людзі не толькі не зусім аднолькава вымаўляюць, але і чуюць адно і тое ж па-рознаму. Таму відавочна, што рэалізацыя прынцыпу «пішы, як чуеш» прывяла б у лепшым выпадку да пісьма, падобнага на транскрыпцыю. На самай справе ў пісьмовай форме перадаюцца не ўсе асаблівасці гукаў, якія можа пачуць той або іншы носьбіт мовы, а толькі тыя, якія звязаны ў мове з пэўным сацыяльна значымым зместам. Таму больш правільна было б гаварыць аб фаналагічным, а не фанетычным прынцыпе арфаграфіі.
Такім чынам, граматыка пісьмовай мовы цесна звязана з фаналогіяй. Сапраўды, любое апісанне граматыкі не абыходзіцца без спасылак на яўна фаналагічную тэрміналогію. Напрыклад, пры аналізе тыпаў скланення назоўнікаў па неабходнасці выдзяляюцца асновы на цвёрды, мяккі, зацвярдзелы і заднеязычны зычныя. Пры гэтым характэрна, што тэрміны «цвёрды», «мяккі», «заднеязычны» ўжываюцца граматыстамі ў строга фаналагічным значэнні, і толькі тэрмін «зацвярдзелы» не зусім адпавядае патрабаванням фаналогіі.
§ 3. Паняцці фаналогіі шырока выкарыстоўваюцца пры вывучэнні словаўтварэння і словазмянення. Раздзел мовазнаўства, які займаецца зменай (або чаргаваннем) фанем у межах марфем атрымаў нават назву, якая адлюстроўвае сувязь фаналогіі з марфалогіяй як часткай граматыкі, — марфаналогія (з морфафаналогія).
Чаргаванне фанем мае вельмі істотнае значэнне для марфалогіі, бо толькі праз яго можна выявіць асаблівасці скланення імён, спражэння дзеясловаў, словаўтварэння. Чаргаванні вызначаюць спецыфіку марфалогіі, бо нават у блізкароднасных мовах яны часта істотна адрозніваюцца.
Фанема
§ 4. Зыходным і асноўным паняццем фаналогіі, найдрабнейшай адзінкай з’яўляецца фанема. Фанемамі называюць гукі, якія служаць для адрознення слоў або іх форм. Напрыклад, калі параўнаць рад слоў бык, бок, бак, бук, то лёгка заўважыць, што гэтыя словы адрозніваюцца гукамі [ы], [о], [а], [у].
§ 5. Для таго каб выявіць фанемы, зручна падбіраць такія пары слоў, якія былі б рознымі па значэнню і адрозніваліся толькі адным гукам (так званыя мінімальныя пары слоў): важу — ваджу, дом — том, кон — конь, купаць — капаць, пылок — палок, рама — рана, шукаць — сукаць і г. д. Такім шляхам выяўляюцца фанемы /ж/, /дж/, /д/, /т/, /н/, /н’/, /у/, /а/, /ы/ і г. д.
§ 6. Аднак у радзе выпадкаў падабраць адпаведныя мінімальныя пары не так лёгка. Могуць сустрэцца і такія выпадкі, калі як быццам і існуе мінімальная пара, а фанематычнасць гука выклікае сумненне. Напрыклад, мінімальную пару складаюць форма роднага склону назоўніка газа (з [г] выбухным) і форма назоўнага склону множнага ліку назоўніка газ (газы — газы), бо гэтыя словы розныя па значэнню і адрозніваюцца толькі адным гукам ([г] выбухны ў форме слова газа і [г] фрыкатыўны ў форме слова газ). Аднак [г] выбухны звычайна не разглядаюць як асобную фанему, бо ён сустракаецца ў нязначнай колькасці слоў і назіраецца тэндэнцыя да замены яго [г] фрыкатыўным. У падобных выпадках прынята гаварыць аб свабодным вар’іраванні гукаў. Той гук, які сустракаецца рэдка і падлягае субстытуцыі (замяшчэнню), разглядаецца як факультатыўны варыянт фанемы.
§ 7. Паколькі не заўсёды можна адшукаць мінімальныя пары слоў, у фаналогіі выключна важнае значэнне надаецца паняццю фанетычнай пазіцыі. Фанетычная пазіцыя — гэта канкрэтныя ўмовы, якія вызначаюць артыкуляцыйныя і акустычныя якасці гукаў. Пазіцыя для пэўнага гука вызначаецца папярэднімі і наступнымі гукамі, яго становішчам адносна націску, месцам у слове, фразе і г. д. У выпадку з мінімальнымі парамі мы маем справу з поўнай тоеснасцю пазіцыі. Аднак для доказу фанематычнасці гука дастаткова і частковай тоеснасці. Возьмем, напрыклад, гукі [к] і [к’]. Акрамя мінімальнай пары куры́ — Кюры́, наўрад ці можна знайсці якія-небудзь іншыя. У гэтай пары слоў адно слова належыць да агульнаўжывальнай лексікі, другое — уласнае імя, ды яшчэ і запазычанае. Таму на падставе толькі гэтага прыкладу яшчэ цяжка гаварыць аб фанематычнасці [к’]. Але ёсць прыклады, якія паказваюць, што [к] і [к’] сустракаюцца ў аднолькавай фанетычнай пазіцыі. Склад [к’ і] шырока распаўсюджаны ў розных лексічных пластах (ківаць, кідаць, кішка, кукішкі і г. д.). Зрэдку сустракаецца і склад [кы] (кыркаць, кыця, кыш). Такая ж сітуацыя назіраецца і са складамі ка — кя, ко — кё, ку — кю (кахаць — кяхта, корпацца — кіяскёр, куры — манікюр). На гэтай аснове можна з упэўненасцю гаварыць аб фанематычнасці [к] і [к’]. У словазмяненні і словаўтварэнні [к] і [к’] звычайна паводзяць сябе як варыянты адной фанемы, таксама як [х] і [х’], [г] і [г’].
Зразумела, што ў разгледжаным выпадку мы маем справу з фанемай /к’/, якая яшчэ толькі развіваецца, таму адны са складоў у прыведзеных парах частыя, другія сустракаюцца досыць рэдка. Калі ж узяць іншыя пары гукаў, дык акажацца, што склады ў проціпастаўленых парах сустракаюцца аднолькава часта і шырока прадстаўлены як ва ўласна беларускай, так і ў запазычанай лексіцы, напрыклад, слоў са складамі та — ця, са — ся, за — зя і г. д. вельмі і вельмі многа. Таму сустракальнасць гукаў у аднолькавых фанетычных умовах у межах склада, несумненна, з’яўляецца дастатковым доказам іх фанематычнасці.
§ 8. Аналіз лексікі беларускай мовы паказвае, што ёй уласцівы наступныя фанемы: /п/, /п’/, /б/, /б’/, /м/, /м’/, /ф/, /ф’/, /в/, /в’/, /т/, /ц’/, /д/, /дз’/, /дз/, /с/, /с’/, /з/, /з’/, /н/, /н’/, /л/, /л’/, /ц/, /ш/, /ж/, /ч/, /дж/, /р/, /г/, /г’/, /х/, /к/, /к’/, /г/ выбухны, /а/, /о/, /е/, /у/, /і/.
§ 9. Гукі [ы], [о], [а], [у], выступаючы ў канкрэтным гукавым акружэнні [б] — [к], маюць рад прымет, якія абумоўлены іменна гэтым акружэннем. У становішчы пасля [б] галосныя [а] і [ы] некалькі агубляюцца, пачатак [о] гучыць як [у], г. зн. становіцца больш вузкім. Змяняюцца пэўным чынам і канцавыя фазы вымаўлення гэтых галосных перад [к]. У выніку яны і цалкам некалькі змяняюцца ў даным кантэксце ў параўнанні з іншымі кантэкстамі. Аднак у кожным гуку заўсёды захоўваюцца такія прыметы, якія дазваляюць носьбітам мовы з іх дапамогай адрозніваць словы. Таму [ы], [о], [а], [у] з розных пазіцый адносяцца да адных і тых жа фанем /ы/, /о/, /а/, /у/, бо пры разглядзе іх у якасці фанем трэба абстрагавацца ад тых прымет, якія абумоўлены акружэннем.
У разгледжаным прыкладзе змены галосных у канкрэтным кантэксце не вельмі значныя, і толькі вопытны фанетыст можа выявіць іх на слых. Яны выяўляюцца больш лёгка інструментальным шляхам. Аднак у радзе выпадкаў пазіцыйныя змены бываюць такімі, што іх заўважыць любы носьбіт мовы. Напрыклад, калі параўнаць формы слоў пакос і на пакосе, прызба — на прызбе, гукі [с], [з] у становішчы перад канчаткам -е і мяккім [б’] змяняюцца ў [с’], [з’] — зусім іншыя гукі.
Калі ў залежнасці ад пазіцыі гукі змяняюцца такім чынам, што ўспрымаюцца як зусім розныя, не заўсёды ясна, да якой фанемы яны належаць. У сувязі з гэтым ніжэй будуць прааналізаваны найбольш складаныя выпадкі аднясення розных гукаў да адной фанемы.
§ 10. У некаторых пазіцыях узнікаюць спалучэнні гукаў замест аднаго. Напрыклад, мы гаворым азёры, але возера, на лбе напісана, але з-пад ілба. Толькі з дапамогай падрабязнага аналізу канкрэтных пазіцыйна абумоўленых спалучэнняў гукаў можна высветліць іх фанемную прыналежнасць. У беларускай мове да іх належаць спалучэнні з прыстаўнымі зычнымі і галоснымі, падоўжаныя зычныя.
§ 11. Валодаючы мноствам фанетычных (артыкуляцыйных або акустычных) прымет, гукі проціпастаўляюцца толькі некаторымі з іх, якія прынята называць дыферэнцыяльнымі. Астатнія прыметы называюць недыферэнцыяльнымі. Напрыклад, зычны [с] з’яўляецца пярэднеязычным, шчылінным, звонкім, цвёрдым, ненасавым. Пярэднеязычнасць, шчыліннасць, звонкасць, цвёрдасць з’яўляюцца дыферэнцыяльнымі прыметамі, таму што [с] проціпастаўляецца [х] заднеязычнаму (сорам — хорам), [т] змычнаму (сом — том), [з] звонкаму (соль — золь), [с’] мяккаму (саджу — сяджу), але не проціпастаўлены насавому пярэднеязычнаму шчыліннаму, бо такога гука наогул няма ў беларускай мове. Таму ненасавы характар [с] не з’яўляецца дыферэнцыяльнай прыметай. Не будзе дыферэнцыяльнай прыметай мяккасць [х] перад [і] (хітры), цвёрдасць [ч], [ш], [ж], [дж], [р], [ц], таму што [х’] не сустракаецца ў той жа фанетычнай пазіцыі, што і [х], а значыць, і не проціпастаўляецца яму. Усе ж астатнія названыя гукі не маюць мяккіх адпаведнікаў наогул.
Розная колькасць дыферэнцыяльных прымет яшчэ раз паказвае, што гукі і фанемы ні ў якім разе нельга разглядаць як тоесныя, бо фанемы суадносяцца не з усімі прыметамі гукаў, а толькі з дыферэнцыяльнымі. Каб адрозніць фанемы ад гукаў, у транскрыпцыі іх звычайна заключаюць у касыя дужкі /.../.
Асабліва ярка выдзяляюцца дыферэнцыяльныя прыметы ў тых выпадках, калі фанемы звязваюцца імі ў цэлыя рады. Такія рады называюцца суадноснымі, або карэлятыўнымі, а адносіны паміж адпаведнымі фанемамі — карэляцыямі. Карэляцыі звычайна лягчэй за ўсё выяўляюцца дзякуючы наяўнасці такіх фанетычных пазіцый, у якіх абедзве проціпастаўленыя фанемы супадаюць у адным гуку, г. зн. іх проціпастаўленне перастае існаваць, нейтралізуецца. Гэта з’ява і атрымала назву — нейтралізацыя. Возьмем, напрыклад, глухія і звонкія зычныя. У беларускай мове іх адрозненне яўна фаналагічнае (дом — том, біць — піць). Але ў канцы слова звонкія зычныя аглушаюцца, таму тут няма проціпастаўлення па звонкасці — глухасці: [гры́ба] — [гры́пу], але [грып]. І такія суадносіны назіраюцца паміж усімі глухімі і звонкімі зычнымі. Значыць, глухасць — звонкасць з’яўляецца дыферэнцыяльнай прыметай, а глухія і звонкія зычныя фанемы ўтвараюць карэляцыю.
У беларускай мове, акрамя глухіх і звонкіх, карэляцыі ўтвараюць цвёрдыя і мяккія, шыпячыя і свісцячыя, змычныя і афрыкатыўныя зычныя фанемы. Для марфалогіі найбольш істотнае значэнне мае карэляцыя зычных па цвёрдасці — мяккасці, бо іменна проціпастаўленне цвёрдых і мяккіх зычных нейтралізуецца ў сувязі са словаўтварэннем і словазмяненнем. Карэлятыўныя адносіны сярод галосных выяўляюцца не так выразна, бо галосных вельмі абмежаваная колькасць, і таму не могуць стварацца вялікія па колькасці карэлятыўныя рады.
§ 12. Карэляцыі і дыферэнцыяльныя прыметы, на аснове якіх яны ўтвараюцца, маюць найбольш істотнае значэнне для фаналагічнага аналізу. Па-першае, карэляцыйныя адносіны дазваляюць найбольш лёгка выдзеліць дыферэнцыяльныя прыметы, г. зн. вызначыць фаналагічны змест фанем, якія ўдзельнічаюць у карэляцыі. Па-другое, фанемы, якія ўтвараюць карэляцыі, безумоўна, з’яўляюцца блізкімі, роднаснымі, бо яны адрозніваюцца толькі адной дыферэнцыяльнай прыметай. Адны і тыя ж фанемы ўваходзяць у розныя карэляцыі. Напрыклад, фанема /с/ уваходзіць у карэляцыйны рад па глухасці — звонкасці /с/—/з/, па цвёрдасці — мяккасці /с/—/с’/, па шыпячасці — свісцячасці /с/—/ш/. Дзякуючы дыферэнцыяльным прыметам, якія ствараюць карэляцыі, большасць фанем не ізаляваны адна ад другой, а звязаны паміж сабою, утвараючы сістэму фанем.
Звычайна фанемы, якія ўваходзяць у карэляцыйныя рады, не толькі ў артыкуляцыйным і акустычным аспектах маюць агульныя ўласцівасці, але і падобна паводзяць сябе пры змяненні фанетычных умоў ужывання, абумоўліваюць аднолькавыя з’явы ў марфалогіі. У сувязі з гэтым уласцівасці карэляцый беларускай мовы будуць разгледжаны асобна.
Фанемная прыналежнасць гукаў з розных фанетычных пазіцый
§ 13. У пазіцыі перад галоснымі ў беларускай мове ўжываюцца гукі [в] і [в’]. Калі пры словаўтварэнні або словазмяненні яны аказваюцца перад зычнымі або ў канцы слоў, то змяняюцца на [ў], параўн.: [каро́ва] — [каро́ў] — [каро́ўн’ік], [н’і́ва] — [н’іў], [крыві́] — [кроў]. Пры гэтым чаргаванне [в’] — [ў] магчыма толькі таму, што [в’], як і ўсе іншыя губныя, зацвярдзеў у канцы слоў і перад зычнымі. Таму пазіцыйным варта лічыць толькі чаргаванне [в] — [ў]. Такім чынам, да адной фанемы /в/ адносяцца гукі [в] і [ў]. Адначасова назіраецца чаргаванне фанем /в/ — /в’/, якое цалкам марфалагізавана, г. зн. паяўляецца пры словазмяненні і словаўтварэнні, параўн.: трава — траве — травінка — траў і раса — расе — расінка — рос.
§ 14. Пачатковы гук [у] (уступ, уражанне і г. д), а таксама прыназоўнік у, калі папярэдняе слова ў моўнай плыні заканчваецца на галосны, пераходзіць у [ў], што знайшло адлюстраванне і ў арфаграфіі: уступ — ва ўступе, уцячы — яна ўцякла, услед — ісці ўслед, зайшоў у хату — зайшла ў хату, быў у мяне — была ў мяне і г. д.
Ужыванне [у] і [ў], безумоўна, звязана з пазіцыйнымі зменамі гукаў. У сувязі з гэтым адбыліся нават семантычныя змяненні прыназоўнікаў у і в. Супаўшы ў пэўных фанетычных пазіцыях у гуку [ў], яны перасталі ў беларускай мове адрознівацца па значэнню, параўн. руск. попало в меня, было у меня і бел. трапіла ў мяне і было ў мяне.
На першы погляд варта адносіць гук [ў] у гэтых выпадках да фанемы /у/. Аднак рашаючым трэба лічыць той факт, што [ў] з’яўляецца зычным гукам і пераход [у] — [ў] звязаны з памяншэннем колькасці складоў у слове. Фанема /у/ з’яўляецца галоснай і таму складаўтваральнай. Аднясенне гука [ў] да фанемы /у/ азначала б, што колькасць складоў у слове застаецца пастаяннай, што ў сапраўднасці не назіраецца. А гэта азначае, што і [ў] з [у] трэба адносіць да фанемы /в/, г. зн. зычнай фанемы.
Такім чынам, [ў] незалежна ад паходжання, праяўляючы ў межах склада якасці зычнага, суадносіцца заўсёды з зычнай фанемай /в/.
§ 15. Шырока распаўсюджаны таксама пераход [л] — [ў], які замацаваўся за пэўнымі граматычнымі катэгорыямі слоў і асобнымі словамі: моўчкі, поўны, чытала — чытаў, шоўк. Аднак гэты пераход не распаўсюджваецца на канцавы [л] назоўнікаў мужчынскага роду (вал, вол, капітал, падзел, пасол, стол), а таксама на [л] у сярэдзіне слова, калі пры змяненні слова пасля яго паяўляецца беглы галосны (галка — галак, могілкі — могілак, палка — палак, сажалка — сажалак). Але калі пераход адбыўся, то [л] не ўзнаўляецца нават з паяўленнем беглага галоснага (поўны — повен, чаўны — човен). Пераход гэты не ажыццяўляецца ў новаўтварэннях тыпу калгас. Прыведзеныя факты сведчаць, што пераход [л] — [ў] з’яўляецца гістарычным і яго трэба разглядаць як чаргаванне фанем /л/ — /в/.
Як чаргаванне фанем /в’/ — /у/ разглядаецца і адзінкавы выпадак пераходу [в’] — [у]: віць — ую, уеш, уе і г. д. Праўда, трэба ўлічваць, што гэты пераход ускладняецца пазіцыйным паяўленнем [ў] (яна ўе), але гэта проста азначае, што ў формах слова віць можа назірацца не толькі чаргаванне /в’/ — /у/, але і /в’/ — /в/.
§ 16. У беларускай мове гук [й] ужываецца як пасля галосных, так і перад імі: [май] — [йа́ма], [вайна́] — [вайе́нны] і г. д. Па сваіх фанетычных якасцях [й] перад галоснымі не менш адрозніваецца ад [й] пасля галосных, чым [в] ад [ў]. Відавочна, паколькі гэтыя два гукі рэгулярна ўжываюцца ў розных фанетычных пазіцыях, яны адносяцца да адной фанемы /й/. Да гэтай жа фанемы адносіцца [й] у тых выпадках, калі ён узнікае з [і] у пазіцыі пасля галоснага перад зычным: пасля прыставак, далучаных да каранёў, якія пачынаюцца з [і] (іграць — зайграць, ісці — увайсці); пры адсутнасці паўз паміж словамі [ма́ц’і й дачка́], [на Йва́на].
§ 17. Па сваіх функцыянальных уласцівасцях фанема /й/ не ўваходзіць ні ў якую карэляцыю зычных і, такім чынам, займае асаблівае, ізаляванае становішча ў фаналагічнай сістэме.
Сапраўды, [й] не мае парнага глухога гука, і перад ім захоўваецца адрозненне глухіх і звонкіх зычных, чым і абгрунтоўваецца яго аднясенне да санорных. З пункту погляду карэляцыі цвёрдых і мяккіх зычных [й], безумоўна, адносіцца да мяккіх, бо перад ім змякчаюцца ўсе зычныя, якія змякчаюцца і перад іншымі мяккімі. Аднак у адрозненне ад іншых мяккіх зычных /й/ з’яўляецца адзінай фанемай ва ўсёй фаналагічнай сістэме, якая не мае адпаведнай парнай цвёрдай. Якія б проціпастаўленні [й] з іншымі гукамі ні ўзяць, ён ніколі не ўтварае з імі карэляцыі. Таму гэта фанема, у якой не ўдаецца выявіць якія-небудзь дыферэнцыяльныя прыметы.
Адасобленасць ад фаналагічнай сістэмы і фаналагічная збедненасць абумоўліваюць шырокае ўжыванне гэтага гука ў тых выпадках, калі ў моўнай плыні ўзнікаюць спалучэнні галосных, не ўласцівыя беларускай мове: [б’ійало́г’ійа], [ра́д’ыйо], [б’ійо́н’іка], [к’ійо́ск], [зайі́ка], [п’ійан’е́р] і г. д. Гэтым жа абумоўлена і яго выкарыстанне як аднаго з прыстаўных зычных.
§ 18. У беларускай мове назіраюцца шматлікія выпадкі, калі [й] знаходзіцца пасля зычных перад галоснымі ў адным і тым жа складзе і гэтыя склады проціпастаўлены іншым, якія складаюцца з мяккага зычнага і галоснага, параўн.: [з’йем] і [з’е́м]лі, ся[мйа́] і це́[м’а], [пйу] і [п’у]пі́тр. Сярод складоў падобнага тыпу найбольш проціпастаўлены «губны цвёрды зычны + [й] + галосны», якія сустракаюцца як у пачатку слова [бйу], [пйу], так і ў яго канцы [с’амйа́], [верабйу́], а таксама аналагічныя склады з [р], якія прадстаўлены галоўным чынам у канцы слоў [надво́рйе], [дав’е́рйе], [шырйу]. У беларускай лексіцы шырокаўжывальныя і спалучэнні «[з’] + [й] + галосны», «[д] + [й] + галосны»: [з’йе́с’ц’і], [з’йав’іцца], [падйо́м], [адйе́ст], [прадйав’іц’].
Іншыя зычныя ў спалучэнні з [й] сустракаюцца толькі ў запазычаннях: [кан’йа́к], [м’едал’йо́н], [дас’йе́], [дз’йерц’] — імя Дзьердзь і г. д. Акрамя таго, у формах дзеяслова ліць і ў некаторых уласных імёнах прадстаўлена спалучэнне «[л’й] + галосны». Ва ўсіх гэтых выпадках /й/ з’яўляецца самастойнай фанемай, якая дапамагае адрозніваць словы.
§ 19. Галосныя пасля цвёрдых і пасля мяккіх зычных добра адрозніваюцца ва ўспрыманні. З акустычнага пункту погляду любы галосны пасля мяккага зычнага ў адрозненне ад адпаведнага галоснага пасля цвёрдага зычнага пачынаецца з і-падобнага пераходнага ўчастка. Такім чынам, галосныя пасля цвёрдых і мяккіх зычных утвараюць суадносныя пары гукаў: [а] — [ӓ], [о] — [ӧ], [е] — [ё], [у] — [ӱ], [ы] — [і]. З таго, што мяккія зычныя разглядаюцца як самастойныя фанемы, вынікае, што якасць галосных цалкам абумоўлена папярэднімі зычнымі і пары галосных адносяцца да адной і той жа фанемы. Такі пункт погляду з’яўляецца агульнапрынятым і спрэчак не выклікае адносна ўсіх галосных, акрамя пары [ы] — [і]. Сцвярджаецца, што [ы] і [і] суадносяцца з асобнымі самастойнымі фанемамі, і прыводзіцца рад аргументаў на карысць падобнага падыходу, якія зводзяцца да наступнага.
У пералічаных парах галосных вядучым варыянтам з’яўляецца той, які ўжываецца ў незалежным становішчы (у пачатку слова і ў ізаляваным вымаўленні). У пары [ы] — [і] у незалежным становішчы шырока прадстаўлены толькі [і]. Праўда, у беларускай мове націскны [і] звычайна прыкрываецца зычным [й]: [йі́ней], [йі́скры]. Аднак сцвярджаюць, што побач з [а], [о], [е], [у], [і] ізалявана можна вымавіць і [ы], а ў пачатку слова [ы] хоць і не сустракаецца, але можа сустрэцца, калі стварыць, напрыклад, тэрмін, аналагічны аканню, оканню, еканню, іканню, — ыканне. Гук [ы] ужываецца таксама як назва літары ы. Гэты аргумент як быццам найбольш пераканальны, калі ўлічыць, што ў беларускай мове, як і ў іншых усходнеславянскіх мовах, націскныя галосныя амаль не сустракаюцца ў пачатку слова, за выключэннем запазычанняў. Але ў запазычаннях сустракаецца і [ы]. Ыйсон, Ый Джу і г. д. Сцвярджаюць таксама, што [ы] можна вымавіць працяжна, пры гэтым [ы] ніколі не пераходзіць у [і]. Гук [ы] можна вылучыць з кантэксту, у той час як галосныя пасля мяккіх зычных ізаляваць нельга. Нарэшце, пра самастойнасць [і] і [ы] сведчыць і тое, што рад суфіксаў, якія пачынаюцца з [і], змякчаюць цвёрды зычны ключэннем запазычанняў. Але ў заазычаннях сустракаецца і [ы]: пераўтвараюць папярэдні зычны асновы з мяккага ў цвёрды (кот — коцік, ліса — лісіца, хвораст — хварасціна, але гусь — гусыня), хоць маюцца два суфіксы -ын-я і -ін-я (рабыня, графіня).
Аднак усе гэтыя довады на карысць самастойнасці [ы] не вельмі пераканальныя. На самай справе тэрмін ыканне так і не ўзнік, а што да назвы літары, дык калі б былі асобныя адназначныя літары для галосных гукаў пасля мяккіх зычных, яны б таксама сталі магчымымі. Напрыклад, можна вымавіць і гук [е] пасля цвёрдых і пасля мяккіх зычных.
Сапраўды, у беларускай мове паралельна з парай быць: біць існуюць пары гэта: гета, бэ(лька): бе(лка), лэ(паць): ле(піць). Гук [е] настолькі пашыраны пасля цвёрдых зычных, што ён сустракаецца амаль пасля кожнага зычнага — і не толькі ў запазычаных словах, а і ва ўласна беларускай лексіцы: пэцкаць, сэрца, мястэчка, вуздэчка, гэты, лэпаць, зэдаль, тэма і г. д. Характэрна, што па меры асіміляцыі запазычанай лексікі не назіраецца тэндэнцыя да памякчэння папярэдняга зычнага. Эксперыменты па ўспрыманню галосных з розных фанетычных пазіцый пацвярджаюць у такой жа ступені самастойнасць [ы] — [і], як і [э] — [е], а таксама іншых пар галосных пасля цвёрдых і мяккіх зычных. Гэта азначае, што любы варыянт галоснага, які залежыць ад цвёрдасці і мяккасці зычных, носьбіт мовы ў стане імітаваць, вымавіць яго пры належнай трэніроўцы. Пара [ы] — [і] мае тут толькі тую перавагу, што літары, якія абазначаюць гэтыя гукі, маюць не зусім такое гукавое значэнне ў пачатку слоў, як пары літар э—е, о—ё, а—я, у—ю.
Калі е, ё, я, ю заўсёды адпавядаюць спалучэнню гукаў «[й] + адпаведны галосны», то [і] абазначае не толькі [йі] (калі [і] знаходзіцца пад націскам), але і гук [і] (калі ён не пад націскам), параўн.: іней [йі́н’ей] (магчымы і варыянт [і́н’ей]), але [іго́лка], [іржы́шча] і г. д. Адназначнасць літар для [ы] і [і] робіць уражанне адноснай самастойнасці гэтых гукаў у параўнанні з іншымі парамі галосных.
Пры спасылцы на суфіксы, якія пачынаюцца з [ы] і выклікаюць ацвярдзенне ўтваральнай асновы, не ўлічваюць тое, што пры словаўтварэнні выкарыстоўваюцца не толькі суфіксы, але і чаргаванні, у тым ліку і чаргаванне цвёрдых і мяккіх зычных. Пры такой аргументацыі самастойнасці [ы] варта прызнаць, напрыклад, і самастойнасць варыянта [ӓ] пасля мяккіх зычных, бо суфікс -ян-, які ўтварае прыметнікі, памякчае зычны ўтваральнай асновы (драўляны, алавяны, шкляны).
Асноўным аргументам на карысць таго, што адносіны [ы] і [і] такія ж, як і іншых пар галосных, з’яўляецца тое, што [і] ужываецца толькі пасля мяккіх, а [ы] — толькі пасля цвёрдых зычных. Акрамя таго, калі слова пачынаецца з [і] і ідзе за словам, якое канчаецца на цвёрды зычны, гэты [і] звычайна чаргуецца з [ы]: іголка, але [з ыголкай], [п’ѐдынстытýт], [спо̀ртынв’ента́р] і г. д. Адваротная замена [ы] на [і] не назіраецца таму, што няма слоў, якія б пачыналіся з [ы]. Можна прывесці рад прыкладаў з марфалогіі, якія паказваюць, што цвёрдасць або мяккасць зычных абумоўлівае паяўленне [ы] або [і]. У прыватнасці, назоўнікі з асновай на шыпячыя пасля іх зацвярдзення захавалі скланенне, якое характэрна для мяккіх асноў, пры гэтым [і] перайшоў у [ы]. Падрабязней аб гэтым гл. § 38. Тое ж можна сказаць і адносна канчатка -і, -ы пасля цвёрдых і мяккіх зычных у назоўным і вінавальным склонах множнага ліку, хоць [і] у гэтым выпадку ніяк гістарычна не апраўданы.
Такім чынам, адзінае правільнае фаналагічнае рашэнне — лічыць [ы] і [і] варыянтамі адной і той жа фанемы /і/. Толькі ў сувязі з тым, што ў графіцы маюцца адназначныя літары для абазначэння гэтых гукаў, нават у транскрыпцыі нязвычна бачыць абазначэнне абодвух гэтых гукаў адной літарай (ы або і).
Фанемная прыналежнасць пазіцыйна абумоўленых спалучэнняў гукаў
§ 20. У пачатку слоў націскныя галосныя ў спрадвечна беларускіх словах сустракаюцца рэдка. У асноўным тут прадстаўлены ненаціскныя галосныя: авёс, уча́стак, ігольчаты.
Сярод слоў з пачатковымі ненаціскнымі галоснымі выдзяляецца значная група з прыстаўнымі галоснымі. Прыстаўнымі могуць быць, толькі [і] і [а]. Яны паяўляюцца перад спалучэннямі зычных, першымі з якіх з’яўляюцца [р], [л], [л’], [м], [ў], а за імі ідуць шумныя зычныя або [в], [в’] (ірваць, ірдзець, ілгаць, імгла, імгненне, імчаць, імшара, аўторак); значна радзей прыстаўныя галосныя ўзнікаюць перад некаторымі іншымі спалучэннямі зычных, напрыклад: ігруша, істужка.
У радзе выпадкаў фанетычная якасць прыстаўнога галоснага не мае значэння, у выніку чаго ўзнікаюць фанетычныя дублеты з [і] і [а]: аржаны і іржаны, імшара і амшара. Відавочна, існуе тэндэнцыя да ўзнікнення дублетаў з [а] у тых выпадках, калі наступным галосным з’яўляецца [а] (акрамя прыведзеных прыкладаў, можна спаслацца яшчэ на іржышча і аржанішча).
У звязнай мове прыстаўныя галосныя ўзнікаюць толькі тады, калі папярэдняе слова заканчваецца на зычны гук: пёк аржаны хлеб, выгляд ільва. Калі папярэдняе слова заканчваецца на галосны, то прыстаўныя знікаюць: пякла ржаны хлеб, гляджу на льва. Знікаюць яны і пасля прыставак на галосны: імгла — замглёны, імчацца — памчацца.
Улічваючы чыста пазіцыйнае ўзнікненне ў моўнай плыні прыстаўных галосных, іх неабходна разглядаць як фанетычны прыгук зычных [р], [л], [л’], [м], [с], [г] і г. д. Гэтыя галосныя сумесна з зычнымі ўтвараюць адзіныя фанемы /р/, /л/, /л’/, /м/, /с/, /г/ і г. д.
§ 21. Некаторыя словы ў літаратурнай мове дапускаюць варыянты вымаўлення — з пачатковым галосным і без яго: агарод — гарод, агурок — гурок, іграць — граць і г. д. Аднак у гэтым выпадку [а] і [і] нельга разглядаць як прыстаўныя, бо яны належаць да асновы слова, і іх адсутнасць ніколі не бывае абумоўленай фанетычнымі ўмовамі. Таму ў даным выпадку [і], [а] адносяцца да фанем /і/, /а/.
Пры ўтварэнні слоў з дапамогай прыставак на зычны ад слоў, якія пачынаюцца некаторымі спалучэннямі зычных, у тым ліку і спалучэннямі зычных, перад якімі ўзнікаюць прыстаўныя галосныя, паміж прыстаўкай і коранем паяўляецца галосны [а]: падабраць, падаткнуць, падарваць, адассаць, адагрэць. У гэтым выпадку паяўленне [а] не звязана з прыстаўнымі галоснымі, бо [а] паяўляецца толькі тады, калі ў корані ёсць беглы галосны. Параўн. адабраць — адбяру, падагнаць — падганю, адассаць — соска, разаслаць — рассцялю, разадраць — раздзяру і г. д. У радзе выпадкаў [а] паяўляецца і пасля прыставак перад коранем слова, у якім назіраецца чаргаванне [ы], [і] з нулём гука: адазвацца — адзывацца, падаткнуць — падтыкаць, адаспацца — адсыпацца, разапхнуць — распіхаць, адагнуць — адгінаць і г. д. І нарэшце, [а] паяўляецца ў словах, у якіх толькі шляхам гістарычнага аналізу можна выявіць бегласць галоснага ў корані: сагрэць — гістарычна той жа корань, што і ў гарэць; абамлець — гістарычна той жа корань, што і ў руск. медлить і г. д.
Паяўленне [а] пасля прыставак на зычны тлумачыцца тым, што пры словаўтварэнні беглы галосны перасоўваецца ў апошнюю далучаную марфему, параўн. у назоўніках: дзень — дзянёк — дзянёчак. Тут па меры далучэння суфіксаў беглы галосны рухаецца к канцу слова. Таму і пры далучэнні прыставак ён перамяшчаецца на іх. Гэта азначае, што [а] пасля прыставак адносіцца да фанемы /а/, якая чаргуецца з нулём гука.
§ 22. Як прыгук зычных фанем трэба разглядаць устаўны галосны, які паяўляецца ў канцавых спалучэннях зычных, не ўласцівых беларускай мове. Гэта спалучэнні шумных зычных з санорнымі ў запазычаных словах, якія ў вымаўленні разрэджваюцца кароткім галосным тыпу [а]: міністр, кадр, дубль ([м’ін’і́стар], [ка́дар], [ду́баль]) і г. д. Відавочна, такой жа прыроды [а] у словах дзёран і свіран.
§ 23. Прыстаўныя зычныя [в], [г], [й] паяўляюцца ў пачатку слова перад націскнымі галоснымі, у сярэдзіне слова таксама перад націскнымі галоснымі і ў некаторых выпадках захоўваюцца перад ненаціскнымі галоснымі: востры, навобмацак, вугал, павук, вучаніца, гэта, іней [йі́н’ей] і г. д.
Найбольш часта ў якасці прыстаўнога выступае [в]. Гэты зычны заўсёды ўзнікае перад націскнымі [о] і [у]: вугаль, павук, востры, завочны. Перад [о] прыстаўны [в] паяўляецца ў пачатку і ў сярэдзіне слова пасля прыставак: возера, вокны, навокал, навобмацак. Выключэнняў параўнальна нямнога: не паяўляецца [в] у словах одум, наогул, оканне і ў большасці запазычаных слоў: ордэн, омнібус, орды, осмій, оргія і г. д., але воцат, вохра (дапусціма і охра). Калі націск з [о] сыходзіць, то знікае і прыстаўны зычны: азёры, акно, альховы, астрыць. Толькі ў некаторых выпадках ён захоўваецца і перад [а] з націскнога [о]: наваколле, вачэй. Зрэдку могуць ужывацца варыянты з прыстаўным зычным і без яго: акно і вакно, астрыць і вастрыць.
Прыстаўны [в] узнікае таксама і перад ненаціскным [у]: завушніца, вуголле, навучэнец, вучыцца. Ён адсутнічае толькі ў тых выпадках, калі [у] з’яўляецца прыставачным, узыходзіць да прыставачнага [у] або ўзнік з [в]: участак, ускраіна, урон, унук, учарашні, усход, узнікненне і г. д. Перад [у] звычайна не бывае прыстаўнога [в] у запазычаных словах — універсітэт, унікальны, прэзідыум. Выключэнне складае слова вустрыца і вытворныя ад яго, зрэдку з прыстаўным [в] ужываецца слова вунія (гл. Белорусско-русский словарь. — М., 1962). Характэрнай асаблівасцю [в] перад ненаціскнымі галоснымі з’яўляецца тое, што ён ніколі не знікае, а гэта азначае, што выявіць яго прыстаўны характар можна толькі шляхам параўнання гучання адпаведных літаратурных слоў з дыялектнымі, калі ў іх няма [в] або паяўляецца іншы прыстаўны. Часам для гэтага прыходзіцца звяртацца да гісторыі слова (параўн. восем — осмь).
Шырока распаўсюджаны і прыстаўны зычны [й]. Ён узнікае ў пачатку слова перад націскным галосным [і]: іней (йі́н’ей], іскра (йі́скра], іхні [йіхні]. Калі папярэдняе слова заканчваецца на цвёрды зычны, то [й] звычайна знікае — пад інеем [пады́н’ейем], ад іскры [ады́скры] і г. д., хоць магчыма і яго захаванне: з іх [зых] і [з’йіх]. Перад націскным і ненаціскным [і] у сярэдзіне слова [й] часцей за ўсё не з’яўляецца прыстаўным, таму што адносіцца да кораня, а наступны [і] належыць суфіксу або канчатку: героі [г’еро́й-і], краіна [край-і́н-а]. Устаўны [й] узнікае ў запазычаных словах перад [а], [о], [е] пасля галосных [і], [ы]: стацыянар [стацыйана́р], алімпіяда [ал’імп’ійа́да], радыё [ра́дыйо], біёлаг [б’ійолах], дыякан [дыйа́кан], акіян [ак’ійа́н], піянер [п’ійан’е́р]. Але: сальфеджыо, адажыо, дыэтан і некаторыя іншыя.
Прыстаўны [й] развіўся і ў займенніках 3-яй асобы ён, яна, яно, яны. Ён не ўзнікае ніколі перад [і], калі гэты галосны сам з’яўляецца прыстаўным (ільняны, ірдзець, істужка, іржышча), перад ненаціскным [і] у першую чаргу ў запазычаных, а часта і ў словах славянскага паходжання: індустрыя, інстытут, інжынер, інтарэс, ігольчаты, заінтрыгаваць.
З’яўленне прыстаўнога [г] у літаратурнай мове вельмі абмежавана. Ён узнікае толькі ў займенніку гэты, у некаторых выклічніках (гэй, га, го), хоць у дыялектнай мове ён значна больш распаўсюджаны. Адсюль у літаратурную мову і трапляюць формы гостры, гастрыць, гараць, гарапнік, зафіксаваныя ў Белорусско-русском словаре (М., 1962). Ужываецца прыстаўны [г] незалежна ад фанетычнай пазіцыі.
Такім чынам, аналіз ужывання прыстаўных зычных паказвае, што ў сучаснай беларускай мове яны ўяўляюць досыць разнародную з’яву. Таму і фаналагічны падыход да іх не можа быць аднолькавым. Прыстаўны [в] перад [у] зараз не абумоўлены ніякімі фанетычнымі ўмовамі, бо ён ніколі не знікае. Таму відавочна, што [в] адыгрывае такую ж функцыянальную ролю, як і непрыстаўны. З пункту погляду фаналогіі прыстаўны [в] трэба разглядаць як асобную зычную фанему, тоесную /в/ перад іншымі галоснымі, а гэта азначае, што спалучэнне галоснага і прыстаўнога зычнага перад ім трэба разглядаць як дзве розныя фанемы. Такім жа чынам трэба разглядаць, безумоўна, прыстаўны [г] з наступным галосным.
Іншая карціна назіраецца ва ўжыванні прыстаўнога [й]. Ён выступае толькі ў пачатку слоў пасля паўзы і пасля галосных. Калі слова з прыстаўным [й] аказваецца пасля слова на зычны, то [й] знікае. Не бывае ён і перад ненаціскным [і]. Гэта азначае, што яго з’яўленне цалкам абумоўлена фанетычнай пазіцыяй. Таму яго нельга разглядаць як самастойную фанему. У гэтым выпадку мы маем справу с фанемай /і/, перад якой узнікае зычны прыгук ў пэўных фанетычных умовах. Што да ўстаўнога [й], дык яго трэба разглядаць як асобную фанему /й/.
Ужыванне прыстаўнога зычнага [в] перад галосным [о] не заўсёды абумоўлена пазіцыяй. У выпадках, калі [в] знікае пры змяненні слоў і націск сыходзіць з [о], сітуацыя такая ж, як з [й] перад [і]: прыстаўны [в] цалкам абумоўлены фанетычнай пазіцыяй і не мае значэння для адрознення слоў, г. зн. яго трэба разглядаць як адну фанему з [о], як фанетычна абумоўленую мадыфікацыю [а]: возера — азёры. Калі [в] не знікае пры змене месца націску, яго трэба разглядаць як асобную фанему /в/, а спалучэнне галоснага з прыстаўным зычным — як двухфанемнае: вочы — вачэй.
Паколькі ў адных выпадках спалучэнне [в] + [о] выступае ў якасці адной фанемы, а ў другіх, безумоўна, з’яўляецца двухфанемным, у сістэме сучаснай мовы працэс выдзялення прыстаўных зычных у самастойныя фанемы трэба лічыць незавершаным. Пра гэта ж сведчыць і наяўнасць вымаўлення з [в] і без [в] перад гукам [а], які ўзнік з націскнога [о]. У гэтым выпадку мы маем справу з факультатыўнымі варыянтамі фанем: побач з фанемай, якая прадстаўлена спалучэннем [во] (/о/) выступае і двухфанемнае спалучэнне, якое таксама прадстаўлена спалучэннем гукаў [в] + [о] (/в/ + /о/).
Неадназначная інтэрпрэтацыя спалучэнняў «прыстаўны зычны + галосны» цалкам апраўдваецца з марфалагічнага пункту погляду. Яна дазваляе дасягнуць стабільнасці фанемнага саставу марфем. На самай справе, у выпадку з [в] перад [у] і перад [о], калі [в] не знікае, у любых фанетычных пазіцыях будуць выступаць дзве фанемы /ву/; у выпадку з [й] перад [і] і з [в] перад [о], калі [в] знікае, на марфемным узроўні мы будзем мець адну фанему /і/ або /о/: [йі́н’ей] — /ін’ей/, ад інею [ады́н’ейу] — /ад-ін’ей-у/, [воз’ера] — азёры [аз’оры] — /аз’ор/.
Падоўжаныя зычныя гукі і іх суадноснасць з фанемамі
§ 24. З фанетычнага пункту погляду ў беларускай мове амаль усе зычныя могуць быць падоўжанымі. Да іх адносяцца: [т], [д], [дз’], [с], [з], [с’], [з’], [ш], [ж], [ц], [ц’], [ч], [н], [н’], [л’], [б], [п], [к], [к’]. Іх ужыванне можна праілюстраваць наступнымі прыкладамі: адтуль [атту́л’], Замошша, ззаду, дваццаць, зжарыць [жжа́рыц’], збожжа, сучча, аддаць, манна, аббрыць, палоззе, жыццё, разводдзе, ралля, сёння, мякка, мяккі.
Артыкуляцыйна падаўжэнне зычных заключаецца ў павелічэнні часу артыкуляцыі асобных фаз адпаведных гукаў: у змычных і змычна-шчылінных затрымліваецца ў часе змычка моўных органаў, у шчылінных больш доўга вытрымліваецца шчыліна паміж органамі мовы. Паколькі ў час артыкуляцыі змяняецца толькі адна яе фаза, то, безумоўна, артыкуляцыйна падоўжаныя змычныя, змычна-шчылінныя і шчылінныя зычныя ўяўляюць сабой адзінае гукавое ўтварэнне. Некалькі асобна стаіць у гэтым сэнсе [в], які ў суседстве з падобным да яго гукам (захоўваць, распрацоўваць) артыкуляцыйна складаецца з дзвюх частак: першая частка ўяўляе сабой губна-губную шчыліну, пры якой утвараецца [ў], а другая — у большасці выпадкаў губна-зубную шчыліну, якая характэрна для ўтварэння [в]. Таму ўжо на артыкуляцыйным узроўні відавочна, што гэта два розныя гукі.
Павелічэнне часу артыкуляцыі адлюстроўваецца ў гукавой хвалі большай працягласцю асобных акустычных сегментаў: у выбухных і афрыкат змычка павялічваецца прыкладна ў два разы, у фрыкатыўных у столькі ж павялічваецца фрыкатыўны сегмент. Паколькі ў выбухных і афрыкат падаўжаецца толькі змычка, то яны не могуць падаўжацца ў пачатку слова, бо ў глухіх выбухных змычка азначае поўную адсутнасць гукавой хвалі, а ў звонкіх ваганні галасавых звязак на змычцы, калі б яны працягваліся больш доўгі час, успрымаліся б як гудзенне. Таму спроба вымавіць у пачатку слова падоўжаны зычны прыводзіць не да падаўжэння, а да большай напружанасці або паўтарэння аднаго і таго ж гука двойчы: назіраюцца змычка і выбух, якія яшчэ раз паўтараюцца, што ў падоўжаных змычных і змычна-шчылінных ніколі не назіраецца. Фрыкатыўныя ж можна працягнуць і ў пачатку слова: сшытак — у вымаўленні [шшы́так], зжаць — у вымаўленні [жжац’] і г. д.
Такім чынам, артыкуляцыйна і акустычна падоўжаныя зычныя ўяўляюць сабой адзіны элемент (апрача [в]), які адрозніваецца ад адпаведных звычайных зычных толькі часам гучання. Ніякіх меж, якія б дазволілі раздзяліць падоўжаныя зычныя па акустычнай або артыкуляцыйнай карціне на два гукі, не назіраецца.
§ 25. Відавочна, што аснову фанемнай прыналежнасці падоўжаных зычных трэба шукаць на больш высокіх моўных узроўнях, і ў прыватнасці ў марфалогіі. Традыцыйна ў фанетыцы беларускай мовы адрозніваюць марфалагічнае і фанетычнае падаўжэнне. І сапраўды, аналіз усіх фанетычна падоўжаных зычных паказвае, што ў адных выпадках яўна праходзіць мяжа паміж марфемамі такім чынам, што яна падзяляе падоўжаны зычны на два аднолькавыя гукі, адзін з якіх належыць да папярэдняй марфемы, а другі да наступнай, напрыклад: ззаду — прыстаўка з- і корань -зад-, аддаць — прыстаўка ад- і корань -да-, каменны — корань камен- і суфікс -н-, купацца — купац- — аснова інфінітыва і -ц- з постфікса -ца і г. д. Гэта марфалагічнае падаўжэнне.
Пры марфалагічным падаўжэнні ніхто не сумняваецца, што падоўжаныя зычныя неабходна разглядаць як дзве аднолькавыя фанемы. Гэта зусім лагічна, бо кожны носьбіт мовы адчувае марфемы як асобныя часткі слова, надзеленыя сэнсам. Для адрознення марфалагічнага падаўжэння ад астатніх выпадкаў ужывання падоўжаных зычных (фанетычнае падаўжэнне) быў уведзены нават спецыяльны тэрмін падвоеныя зычныя. І хоць гэты тэрмін, як будзе паказана далей, не мае пад сабою грунтоўных падстаў, ён адлюстроўвае вельмі важную асаблівасць разгледжаных зычных фанем: адна з іх належыць да папярэдняй марфемы, другая да наступнай.
§ 26. Значна больш складаным з’яўляецца пытанне аб падоўжаных зычных, якія звычайна знаходзяцца на мяжы кораня і канчатка (тыпу зелле, насенне, паводдзе, перадплечча і г. д.) і гістарычна ўзыходзяць да спалучэнняў зычных з гукам [й]. У гэтых спалучэннях зычны адносіўся да кораня, а [й] быў суфіксам: палоззе з [полоз-ьй-е], зацішша з [затиш-ьй-е], сучча з [суч-ьй-е], вуголле з [угол-ьй-е], параўн. руск. полозья, затишье, сучья, уголья.
На месцы былых спалучэнняў «зычны + [й]» падаўжаюцца наступныя зычныя:
[л’] — галлё, ралля, вяселле, крылле, наваколле, гніллю, моллю. Часам памылкова сюды ж адносяць і выпадкі тыпу чуллівы, гуллівы і вытворныя ад іх, хоць тут відавочна, што першы гук [л’] адносіцца да кораня, а другі да суфікса прыметнікаў -лів-: чул(ы) + лів + ы = чул-лів-ы, параўн. гавар(ыць) + лів + ы = гавар-лів-ы;
[н’] — пытанне, жаданне, свіння, сняданне, світанне, рунню;
[з’] — рыззё, палоззе, граззю, маззю;
[с’] — калоссе, кассё, рыссю, Палессе, воссю, крыссе;
[дз’] — абоддзе, разводдзе, паводдзе, суддзя;
[ц’] — смецце, выццё, свацця, трыццаццю, раццю;
[ж] — збожжа, бездарожжа, падарожжа;
[ш] — узвышша, зацішша, Замошша;
[ч] — сучча, ноччу, запечча, перадплечча.
§ 27. Ужыванне ўсіх пералічаных падоўжаных зычных у сучаснай мове цесна звязана з пэўнымі тэматычнымі і граматычнымі разрадамі лексікі і некаторымі граматычнымі формамі слоў. У асноўным яны ўжываюцца:
а) у назоўніках ніякага роду, якія абазначаюць зборныя паняцці: палоззе, рыззё, бадылле, скулле, суквецце, гніллё, сучча;
б) у аддзеяслоўных назоўніках, якія прадстаўлены двума тыпамі — з падоўжаным [н’] (праўленне, кіраванне, адыманне, складанне) і з падоўжаным [ц’] (набыццё, жыццё, пачуцце, піццё, ліццё, распяцце). Гэтыя аддзеяслоўныя назоўнікі могуць абазначаць працэсы або набываць значэнне зборнасці ці нават канкрэтнасці (ліццё — як вынік працэсу, праўленне — як назва ўстановы);
в) у прыставачных назоўніках, якія абазначаюць месца: прыбярэжжа, раздарожжа, узлессе, узвышша, зарэчча, заплечча, наваколле;
г) у складаных назоўніках і некаторых прыставачных з адценнем зборнасці: стагоддзе, многаўладдзе, мнагамужжа, мелкаводдзе, беззямелле, бязлессе;
д) у назоўніках, утвораных ад прыметнікаў з розным адцягненым значэннем: багацце, прыволле, вяселле, ранне;
е) у назоўніках жаночага роду, часта суадносных з назоўнікамі мужчынскага роду: бягуння, пявуння, пападдзя, свацця, Наталля;
ж) у некаторых назоўніках з прадметным значэннем: кассё, ружжо, келля, валлё;
з) у творным склоне адзіночнага ліку назоўнікаў жаночага роду з нулявым канчаткам: цішшу, граззю, зеленню, мышшу, гніллю;
і) у творным склоне лічэбнікаў: пяццю, дзесяццю, трыццаццю;
к) у некаторых прыслоўях, утвораных ад назоўнікаў: ноччу, рыссю, уваччу.
§ 28. Ва ўсіх пералічаных выпадках падоўжаныя зычныя развіліся толькі ў становішчы паміж галоснымі. Калі ж спалучэнню «зычны + [й]» папярэднічаў зычны, то падаўжэнне не развілося: косцю, прадвесне, вусце. Толькі ў адзінкавых словах падаўжэнне зычных развілося ў іншых пазіцыях. У слове ззяць і вытворных ад яго падоўжаны [з’] узнік у пачатку слова, безумоўна, з карэннага спалучэння [зй]. Формы дзеяслова ліць прынята вымаўляць [л’йу, л’йеш] і г. д., хоць дапускаецца і падоўжаны зычны [л’л’у, л’л’еш] і г. д.
У радзе выпадкаў падаўжэнне не звязана са спалучэннямі «зычны + [й]». У слове ссаць падаўжэнне [с] развілося ў выніку выпадзення рэдукаванага [ъ] у корані. З падзеннем рэдукаваных звязана і ўзнікненне падоўжанага [н] у суфіксе -енн-: страшэнны, здаравенны. У слове мяккі падаўжэнне [к] развілося таксама пасля падзення рэдукаваных у выніку асіміляцыйных працэсаў. Складаныя фанетычныя працэсы прывялі да ўтварэння падоўжанага [н’] у слове сёння.
Аналіз моўнага матэрыялу паказвае, што ў пералічаных разрадах лексікі і граматычных формах падоўжаныя зычныя з марфалагічнага пункту погляду з’яўляюцца неаднароднымі. У зборных назоўніках яны яўна распадаюцца на два аднолькавыя элементы, другі з якіх выконвае ролю суфікса, што надае яму пэўную самастойнасць.
На карысць гэтага сведчыць наяўнасць у назоўніках падобнага тыпу, корань якіх заканчваецца на губныя зычныя і [р], гістарычна першапачатковага суфікса [й], які захаваўся ў выніку ацвярдзення гэтых зычных перад зычнымі і на канцы слова: зуб-[й]-[е], пер-[й]-[е], куп-[й]-[о].
Словаўтваральная роля падаўжэння асабліва яскрава выступае пры параўнанні зборных назоўнікаў, якія суадносяцца з аднакарэннымі назоўнікамі — назвамі маладых істот, і адпаведнымі нязборнымі: варона — вараннё — варанё, груган — груганнё — груганё і г. д. Аднак і ва ўсіх іншых назоўніках гэтага тыпу лёгка заўважыць словаўтваральную ролю падаўжэння.
§ 29. У большасці зборных назоўнікаў падоўжаныя зычныя часам разглядаюць у межах іх гістарычнага чаргавання з непадоўжанымі, якое выкарыстоўваецца для словаўтварэння: варона — вараннё (чаргаванне [н] — [н’н’]), полаз — палоззе (чаргаванне [з] — [з’з’]), збажына — збожжа (чаргаванне [ж] — [жж]), сучок — сучча (чаргаванне [ч] — [чч]). У такім выпадку падоўжаныя зычныя неабходна было б цалкам адносіць да кораня.
Аднак такі падыход не з’яўляецца абгрунтаваным. Разгледзім, напрыклад, зборны назоўнік сучча. Гістарычна ён утвораны ад назоўніка з адзінкавым значэннем сук шляхам далучэння суфікса -ьй- і канчатка. У выніку першай палаталізацыі адбылося чаргаванне [к] — [ч], а пасля падзення рэдукаваных [й] прыпадобніўся да [ч], і такім чынам узнікла [чч]. Ад назоўніка сук утвораны і назоўнік сучок, дзе таксама ўзнікла чаргаванне [к] — [ч] у выніку першай палаталізацыі перад старажытным суфіксам -ьк-, які ніяк не суадносіўся з суфіксам -ьй-. Такім чынам, сучок і сучча ні ў сучаснай мове, ні ў старажытнай прама не суадносяцца, а таму і няправільна было б [ч] — [чч] разглядаць як гістарычнае чаргаванне.
§ 30. Асабліва выразна відаць неправамоцнасць разгляду падоўжаных зычных у межах гістарычнага чаргавання з непадоўжанымі на прыкладзе некаторых назоўнікаў з іншых лексіка-граматычных груп. Несумненна, што ад назоўніка ружжо ў літаратурнай мове ўтвораны прыметнік ружэйны. У гэтым прыметніку [й] з’яўляецца зычным утваральнай асновы, а [е] — беглым галосным, які ўзнікае пад націскам. У выніку пераходу націску на канчатак у слове ружжо [е] знікае, а [й] цалкам прыпадабняецца да [ж]. Такім чынам, тут мае месца гістарычнае чаргаванне [й] — [ж], а не [ж] — [жж]. Наяўнасць чаргавання [й] — [ж] надае самастойнасць і аўтаномнасць другой частцы падоўжанага [жж] і сведчыць на карысць таго, што тут мы маем справу з дзвюма аднолькавымі фанемамі.
Аналагічныя адносіны выяўляюцца ў парах слоў ліццё — ліцейны, келля — келейны, ладдзя — ладзейны. У прыметніках ліцейны, келейны, ладзейны [й] таксама адносіцца да словаўтваральнай асновы, а галосны [е] — беглы. Такім чынам, у словах ліцейны, келейны, ладзейны выдзяляецца прыметнікавы суфікс -н-, а ў словах ліцейня, ліцейшчык, келейнасць — тыповыя суфіксы для адпаведных катэгорый назоўнікаў: -н’- (параўн. харчэйня, піваварня, смольня), -шчык (параўн. зборшчык, правершчык), -асць (радасць, годнасць). У выніку знікнення беглага галоснага і поўнага прыпадабнення [й] да папярэдняга зычнага ў словах ліццё, келля, ладдзя ўзніклі падоўжаныя зычныя. Такім чынам, і тут назіраецца чаргаванне [й] — [ц’], [й] — [л’], а не адпаведных простых і падоўжаных зычных. Таму і ў гэтых выпадках падоўжаныя трэба разглядаць як дзве фанемы. Морфы -ц’ц’- і -цей- трэба разглядаць як варыянты аднаго і таго ж суфікса. У абодвух варыянтах суфікс гэты з пункту погляду сучаснага стану мовы непадзельны, як і ў іншых аддзеяслоўных назоўніках (шыццё, жыццё, мыццё, пачуцце, набыццё). Аналагічнае чаргаванне [дз’] — [й] назіраецца ў словах суддзя — судзейскі.
Другі элемент падоўжаных зычных выступае як суфікс у назоўніках жаночага роду, суадносных з назоўнікамі мужчынскага роду: бягун-н-я, пявун-н-я. У формах назоўніка свіння назіраецца чаргаванне [й] — [н’], параўн. свіння — свіней. У форме роднага склону множнага ліку свіней [й] адносіцца да асновы, а [е] з’яўляецца беглым галосным, хоць часта памылкова -ей лічаць канчаткам. Хутчэй за ўсё гэты назоўнік гістарычна ўтвораны ад назоўніка свін, які зараз у беларускай мове не ўжываецца, хоць гэты корань у звязнай форме сустракаецца ў радзе слоў: свінапас, свінаматка, свінар, свінскі. Магчыма, з гэтым коранем звязаны свінячы, свінячыць, хоць адсутнасць падоўжаных тут можа быць растлумачана і па-іншаму. У тых гаворках, якім уласцівы падоўжаныя зычныя, адбылося выроўніванне асноў і ва ўсіх склонах прадстаўлены падоўжаны [н’н’].
Як суфікс трэба разглядаць толькі другі элемент падоўжаных зычных і ў іншых лексіка-граматычных разрадах назоўнікаў, акрамя аддзеяслоўных з суфіксам -нн- [н’н’], які з’яўляецца непадзельным: кірава-нн-е, склада-нн-е, снеда-нн-е.
Калі прааналізаваць усе выпадкі, дзе другі элемент падоўжаных зычных выступае або як самастойны суфікс, або набывае самастойнасць у сувязі з чаргаваннем «адпаведны зычны — [й]», то акажацца, што колькасць такіх выпадкаў будзе роўнай колькасці падоўжаных зычных. Па значэнню падобныя суфіксы групуюцца ў вельмі невялікую колькасць тыпаў. Таму дакладней гаварыць не аб суфіксах -л’-, -н’-, -з’-, -ж- і г. д., а аб суфіксу, які выражаецца падаўжэннем. Такім чынам, найбольш дакладны марфалагічны запіс будзе: суч-{:}-а, бягу[н’]-{:}-[а], бага[ц’]-{:}-[е], вясе[л’]-{:}-[е] і г. д., дзе {:} абазначае падаўжэнне папярэдняга зычнага.
Паколькі у большасці выпадкаў марфемная мяжа падзяляе падоўжаныя зычныя на два элементы, іх трэба разглядаць як дзве аднолькавыя фанемы.
§ 31. Асобную праблему падзелу на марфемы ўяўляюць формы творнага склону адзіночнага ліку назоўнікаў жаночага роду на зычны і колькасных лічэбнікаў. Адносна падоўжаных зычных у гэтай форме існуе па меншай меры два пункты погляду. Згодна з адным з іх, яна характарызуецца канчаткам -у і чаргаваннем «зычны — падоўжаны зычны». У такім разе марфемная мяжа праходзіць пасля падоўжанага зычнага: [го́л’л’-у], [гра́з’з’-у], [трыццац’ц’-у́]. Марфемную мяжу можна праводзіць таксама пасля першай часткі падоўжанага зычнага, расчляняючы яго на два аднолькавыя гукавыя элементы.
Калі прытрымлівацца агульнапрынятага вызначэння канчатка як зменнай часткі слова, якая паказвае на сінтаксічную сувязь яго з іншымі словамі, то другі пункт погляду здаецца зусім лагічным і абгрунтаваным. Падзел на марфемы будзе наступны: ноч-чу, ціш-шу, гол-лю, трыццац-цю, пяц-цю і г. д.
І тут элементам канчатка можна разглядаць падаўжэнне, а не яго канкрэтнае ўвасабленне ў [ч], [ш], [ц’], [з’], [ж], [н’], [л’], [с’], [дз’]: [но́ч-{:}-у], [гра́з’-{:}-у], [ціш-{:}-у], [пяц’-{:}-у́], [гні́л’-{:}-у] і г. д.
У гэтым выпадку атрымліваюцца канчаткі, аналагічныя канчаткам назоўнікаў гэтага ж тыпу скланення, аснова якіх заканчваецца на губны зычны і [р]: глыб — глыб’ю [глы́б-йу], кроў — кроўю [кро́ў-йу], шыр — шыр’ю [шы́р-йу] (параўн., аднак, крывёй [крыв’-о́й], дзе канчатак -ой узнік пад уплывам назоўнікаў тыпу зямля). Такому пункту погляду імпануе і гісторыя развіцця падоўжаных зычных з [й].
Паяўленне канчатка, у склад якога не ўваходзіць зычны [ко́с’ц’-у], [шас’ц’-у́], трэба разглядаць як яшчэ адзін варыянт канчатка творнага склону.
Такім чынам, і ў творным склоне падоўжаныя зычныя правільна разглядаць як спалучэнне дзвюх фанем, а марфемную мяжу праводзіць паміж імі.
§ 32. Паколькі прыслоўі тыпу ноччу, рыссю ўзыходзяць да формы творнага склону, то іх марфемную будову неабходна разглядаць у цеснай сувязі з гэтай формай: [ноч-{:}-у], [ры́с’-{:}-у].
Цвёрдыя і мяккія фанемы
§ 33. У беларускай мове па цвёрдасці — мяккасці адрозніваецца 14 пар гукаў: [п] — [п’], [б] — [б’], [м] — [м’], [в] — [в’], [ф] — [ф’], [т] — [ц’], [дз] — [дз’], [с] — [с’], [з] — [з’] — [н] — [н’], [л] — [л’], [к] — [к’], [г] — [г’], [х] — [х’]. Улічваючы артыкуляцыйныя і акустычныя ўласцівасці гэтых гукаў, а таксама асаблівасці іх успрымання, лагічна прыняць адно з трох фаналагічных рашэнняў: 1) лічыць, што проціпастаўляюцца цвёрдыя і мяккія зычныя, а больш пярэдняе або больш задняе ўтварэнне галосных, іх акустычныя ўласцівасці і асаблівасці ўспрымання разглядаць як цалкам абумоўленыя папярэднімі зычнымі; 2) лічыць, што проціпастаўлены галосныя, а цвёрдасць або мяккасць зычных абумоўлена наступнымі галоснымі; 3) лічыць, што проціпастаўляюцца цэлыя склады па цвёрдасці і мяккасці і яны з’яўляюцца непадзельнымі адзінкамі, якімі адрозніваюцца словы.
Відавочна, што ад выбару аднаго з гэтых рашэнняў залежыць большая або меншая колькасць фанем. Нягледзячы на тое, што традыцыйна заўсёды прымаецца першае рашэнне, г. зн. выдзяляюцца самастойныя мяккія фанемы, вельмі часта, напрыклад, у слове лёс называецца галосны [ё], у слове лясы — галосны [я] і г. д. і адначасова называецца зычны [л]. Зразумела, тут відавочная блытаніна гукаў і літар, але ж яна падтрымліваецца тым, што ў складах лё — ло, ля — ла галосныя адрозніваюцца не менш, чым зычныя.
Разгляд спалучэнняў «зычны + галосны» як аднафанемных быў бы поўнасцю апраўданы ў тым выпадку, калі б не было закрытых складоў і шматлікіх спалучэнняў зычных. Наяўнасць закрытых складоў азначае, што магчымы мяккія зычныя і не перад галоснымі. І сапраўды, у беларускай мове мяккія зычныя могуць быць у канцы слоў і перад зычнымі. Таму, акрамя фаналагічных адзінак тыпу склада, неабходна было б уводзіць і фаналагічныя адзінкі, суадносныя толькі з мяккімі зычнымі. Наяўнасць закрытых складоў робіць іх колькасць у мове неабмежаванай, што таксама не дазваляе разглядаць склад як простую фаналагічную адзінку.
Не падыходзіць і другое рашэнне, таму што мяккасць зычных не заўсёды абумоўлена наступнымі галоснымі, бо мяккія зычныя сустракаюцца і ў незалежнай ад галосных пазіцыі. Калі лічыць, што склады адрозніваюцца галоснымі, то, акрамя павелічэння колькасці галосных фанем у два разы, зноў жа патрабуецца ўводзіць дадаткова мяккія зычныя фанемы для пазіцый канца слова і перад зычнымі. Спроба разглядаць у гэтых пазіцыях мяккія зычныя як спалучэнне «цвёрды зычны + [й]» не з’яўляецца ўдалай, бо ў такім выпадку [й] аказаўся б у канцы слова і перад глухімі зычнымі, што прынцыпова не характэрна для беларускай мовы.
Такім чынам, вызначальнай пазіцыяй для фаналагічнага аналізу цвёрдых і мяккіх зычных з’яўляецца іх становішча ў канцы слова і перад зычнымі, а гэта азначае, што трэба разглядаць мяккія зычныя як самастойныя фанемы, а галосныя пасля іх — як абумоўленыя пазіцыяй варыянты гукаў, якія адносяцца да тых жа фанем, што і іх варыянты пасля цвёрдых зычных. Аднак тут не могуць быць проціпастаўлены губныя гукі: [б] — [б’], [п] — [п’], [м] — [м’], [ф] — [ф’], [в] — [в’]. Значна абмежавана ўжыванне мяккіх членаў проціпастаўлення [д] — [дз’], [з] — [з’] у выніку дзеяння закону аглушэння звонкіх зычных. Фаналагічнасць цвёрдых і мяккіх зычных найбольш поўна выражана толькі ў [ц’] — [т], [с’] — [с], [н’] — [н], [л’] — [л], якія шырока проціпастаўлены ў канцы слова і перад зычнымі: банка — банька, быт — быць, вугал — вугаль, плот — плоць, рыс — рысь і г. д. Іншыя ж пары цвёрдых і мяккіх зычных, хоць і проціпастаўляюцца ў вызначальнай пазіцыі, павінны разглядацца з фаналагічнага пункту погляду так, як і пары, проціпастаўленне якіх відавочна. З гэтых меркаванняў і трэба зыходзіць пры выдзяленні мяккіх фанем.
§ 34. Сярод пар мяккіх і цвёрдых зычных асобнае месца займаюць заднеязычныя. Як ужо адзначалася, /к/ і /к’/, /г/ і /г’/ у беларускай мове з’яўляюцца адносна новымі, бо проціпастаўленне гукаў [к] — [к’], [г] — [г’] развілося галоўным чынам за кошт запазычанай лексікі. З фанетычнага пункту погляду гукі ў пары [х] — [х’] адрозніваюцца не менш, чым ва ўсіх астатніх парах цвёрдых і мяккіх зычных. Калі ж разглядаць іх з пункту погляду проціпастаўлення, дык маюцца істотныя адрозненні. Пара [х] — [х’] не сустракаецца ў аднолькавай фанетычнай пазіцыі, бо [х’] можа быць толькі перад [і] (стрэхі, хітры), а таксама перад [е], калі гэты гук не з’яўляецца канчаткам: хеўра, шляхетны. Ва ўсіх астатніх выпадках ужываецца толькі [х]. Таму нельга знайсці не толькі слоў, але і складоў, якія б адрозніваліся толькі [х] і [х’]. Гэта азначае, што абодва гэтыя гукі адносяцца да адной фанемы /х/.
§ 35. Сама пастаноўка пытання аб фанематычнасці мяккіх зычных сведчыць, што парныя мяккія і цвёрдыя ўспрымаюцца як вельмі блізкія гукі, і гэта блізкасць падмацоўваецца іх функцыяніраваннем. Сапраўды, пры змене фанетычных пазіцый назіраецца чаргаванне цвёрдых з мяккімі і мяккіх з цвёрдымі гукамі, у выніку чаго адбываецца нейтралізацыя іх проціпастаўлення: аграбіць — аграб, эканоміць — эканом (загадны лад), эканом (назоўнік), стол — на [стал’е́], сцяна — на [с’ц’ан’е́] і г. д. Чаргаванне мяккіх зычных з цвёрдымі ахоплівае галоўным чынам губныя зычныя, у той час як чаргаванне цвёрдых з мяккімі ахоплівае ўсе астатнія зычныя і значна больш пашырана. На аснове гэтых чаргаванняў выдзяляюцца карэляцыйныя пары цвёрдых і мяккіх фанем /п/ — /п’/, /б/ — /б’/, /м/ — /м’/, /в/ — /в’/, /ф/ — /ф’/, /с/ — /с’/, /з/ — /з’/, /н/ — /н’/, /л/ — /л’/, /к/ — /к’/, /г/ — /г’/.
§ 36. Больш складаная сітуацыя ўзнікае пры фаналагічным аналізе адносін паміж фанемамі /ц/, /ц’/ і /т/. З пункту погляду артыкуляцыі і акустычных уласцівасцей гукі [ц] і [ц’] розняцца паміж сабой у такой жа ступені, як і іншыя пары цвёрдых і мяккіх зычных: [с] — [с’], [з] — [з’], [н] — [н’]. З пункту погляду фаналогіі [ц] і [ц’] несумненна проціпастаўлены: цэлы — целы, цыркаць — цір, цэгла — цягло і г. д. Хоць і без чаргавання, але ўсё ж назіраюцца выпадкі пераходу [ц] у [ц’]: [ц’в’ік], [ц’в’іц’е́н’н’е], [ц’в’іл’]. У дыялектнай мове і ў прастамоўі назіраецца і адваротны пераход [ц’] у [ц]: [санцы́м’етр]. Літаратурным лічыцца вымаўленне ціпка, ціпачка, ціп-ціп з цыпка, цыпачка, цып-цып, якія або ўжываюцца як фанетычныя дублеты, або набылі іншае значэнне. Гэта дазваляе сцвярджаць, што пэўнае функцыянальнае збліжэнне паміж фанемамі /ц/ і /ц’/ адбылося. Аднак карэляцыйная сувязь усё ж захоўваецца паміж /т/ і /ц’/. І гэта не таму, што /ц’/ у большасці выпадкаў паходзіць з /т/. Галоўнай прычынай захавання карэляцыі /т/ — /ц’/ застаюцца шматлікія чаргаванні /т/ з /ц’/ пры змене формы слова і пры словаўтварэнні, калі змяняюцца і фанетычныя ўмовы ўжывання [т]: хата — у хаце, свята — аб свяце, брат — брацік, кот — кацяня і г. д.
Адносіны паміж фанемамі /дз/, /дз’/ і /д/ значна больш відавочныя і празрыстыя. Паколькі [дз] сустракаецца выключна рэдка, ніякіх функцыянальных адносін паміж фанемамі /дз/ і /дз’/ не ўстанавілася, хоць фанетычнае падабенства паміж гукамі [дз] і [дз’] такое, як паміж [ц] і [ц’]. На аснове чаргавання ў саставе марфем [д] — [дз’] адназначна вызначаецца карэляцыя фанем /д/ — /дз’/.
§ 37. Па-за карэляцыяй цвёрдых і мяккіх зычных, акрамя фанемы /й/, пра якую гаварылася вышэй, знаходзяцца фанемы, якія не маюць парных мяккіх — няпарныя па цвёрдасці — мяккасці. Шырока распаўсюджана іх назва — зацвярдзелыя зычныя, з якой звязан рад няправільных сцвярджэнняў адносна іх уласцівасцей.
Да цвёрдых зычных, якія ў беларускай мове ніколі не змякчаюцца, належаць [ж], [ш], [дж], [ч], [ц], [р]. Зычныя [ж], [ш], [дж], [ч], [ц] у розныя гістарычныя перыяды былі толькі мяккімі, але затым зацвярдзелі. Таму ў беларускай мове за імі і замацавалася назва зацвярдзелых. Што да [р], дык ён раней меў мяккі адпаведнік [р’], які затым зацвярдзеў. Таму зацвярдзелым з’яўляецца не ўсякі [р], а толькі той, які ўзнік з мяккага [р’].
Вельмі ўмоўна можна назваць зацвярдзелым і [ц]. У радзе выпадкаў яўна адбылося яго памякчэнне перад [в’]. Параўн.: запазычанае цвік [ц’в’ік] і вытворныя ад яго, цвінтар, а таксама слав. цвіль, цвет і ўсе іх вытворныя.
Таму відавочна, што назва «зацвярдзелыя зычныя» з’яўляецца вельмі ўмоўнай і не апраўдваецца ні з пункту погляду гісторыі зычных, ні з пункту погляду іх сучаснага ўжывання. Цалкам гэта назва магла б быць прыменена толькі да шыпячых. Ва ўсякім разе не прыходзіцца гаварыць аб якой-небудзь спецыфіцы іх ужывання ў беларускай мове параўнальна з цвёрдымі. З сучаснага пункту погляду да іх лепш прымяняць тэрмін «няпарныя па цвёрдасці — мяккасці цвёрдыя зычныя». Правіла аб правапісе галосных пасля гэтых зычных, якое звычайна прыводзіцца ва ўсіх школьных падручніках і маецца ў Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі (Мн., 1959), з’яўляецца зусім лішнім, бо ніякай розніцы паміж правапісам пасля цвёрдых і зацвярдзелых зычных няма. Відавочна, яно створана пад уплывам рускай мовы, дзе сапраўды правапіс галосных пасля шыпячых і [ц] вызначаецца тым, што, нягледзячы на цвёрдасць гэтых гукаў, галосныя літары пасля іх пішуцца як пасля мяккіх.
§ 38. З катэгорыяй цвёрдых і мяккіх зычных цесна звязаны асаблівасці скланення назоўнікаў (назоўнікі з асновай на [г], [к], [х] тут не разглядаюцца), бо асаблівасці іх скланення звязаны не толькі з цвёрдасцю — мяккасцю зычных.
У назоўніках з цвёрдай і мяккай асновай назіраецца адрозненне ў канчатках меснага склону адзіночнага ліку другога скланення, меснага і давальнага склону адзіночнага ліку першага скланення. Параўн. скланенне назоўнікаў з цвёрдай і мяккай асновамі першага скланення сын, алень і другога скланення ніва, хваля:
| Д. | сыну, | аленю, | ніве, | хвалі |
| М. | (аб) сыне, | алені, | ніве, | хвалі |
З цвёрдасцю і мяккасцю зычных асновы звычайна звязваецца і ўжыванне канчаткаў -е або -у назоўнікаў, якія з’яўляюцца агульнымі або ўласнымі назвамі асоб, параўн.: аб вучню, кавалю, Міхасю і аб сыне, гарманісце, Міколе.
У скланенні назоўнікаў на зацвярдзелы выяўляюцца асаблівасці, звязаныя з былой мяккасцю гэтых гукаў. Яны звычайна маюць канчаткі, якія фаналагічна супадаюць з канчаткамі назоўнікаў з асновай на мяккі, а не на цвёрды зычны. Параўн. скланенне назоўнікаў завод (цвёрдая аснова), корч (аснова на зацвярдзелы зычны), дзень (мяккая аснова):
| Н. | завод, | корч, | дзень |
| Р. | завода, | карча, | дня |
| Д. | заводу, | карчу, | дню |
| В. | завод, | корч, | дзень |
| Т. | заводам, | карчом, | днём |
| М. | (аб) заводзе, | карчы, | дні |
Тое ж назіраецца і ў другім скланенні:
| Н. | сцяна, | шаша, | зямля |
| Р. | сцяны, | шашы, | зямлі |
| Д. | сцяне, | шашы, | зямлі |
| В. | сцяну, | шашу, | зямлю |
| Т. | сцяной, | шашой, | зямлёй |
| М. | (аб) сцяне, | шашы, | зямлі |
Характэрна, што назоўнікі з асновай на [р] незалежна ад яго паходжання (зацвярдзелы ці не) скланяюцца як назоўнікі з мяккай асновай. Толькі ў назоўніку двор яшчэ зрэдку праяўляецца прыналежнасць [р] да цвёрдай асновы (на дварэ). Зразумела, трэба браць пад увагу той факт, што гукі [ы] і [і] адносяцца да адной фанемы /і/.
