Частка 1. Прадмова
Прадмова
У беларускім мовазнаўстве найбольш поўнай і па ахопу навуковых праблем, і па разгляду фактычнага матэрыялу з'яўляецца Граматыка беларускай мовы ў двух тамах (т. 1 — пад рэдакцыяй К. К. Атраховіча (Крапівы) і М. Г. Булахава, т. 2 — пад рэдакцыяй К. К. Атраховіча, М. Г. Булахава і П. П. Шубы). У Граматыцы ўпершыню сістэматычна прааналізаваны характэрныя для пяцідзесятых — пачатку шасцідзесятых гадоў нормы беларускай літаратурнай мовы і розныя адхіленні ад норм. Праца адыграла вялікую ролю ў нармалізацыі нашай літаратурнай мовы, у пэўным сэнсе з'явілася эталонам пры падрыхтоўцы іншых прац па граматыцы беларускай мовы. І хаця з часу выдання Граматыкі беларускай мовы прайшло дваццаць гадоў, яна па-ранейшаму з'яўляецца буйнейшым і найбольш аўтарытэтным даведнікам, кнігай для навучання.
Інтэнсіўная моўная практыка апошніх двух дзесяцігоддзяў выявіла рад праблем і пытанняў, якія патрабуюць новай іх распрацоўкі ці хаця ўдакладненняў. Перш за ўсё найбольш відавочным фактам функцыяніравання беларускай літаратурнай мовы з'яўляецца рост варыянтнасці літаральна на ўсіх узроўнях — у фанетыцы, словазмяненні, словаўтварэнні, акцэнтуацыі, сінтаксісе. Наяўнасць варыянтнасці ў любой літаратурнай мове непазбежная, хаця ў мовах з працяглай пісьмовай традыцыяй яна больш абмежавана, чым у літаратурных мовах адносна маладых. Наяўнасць варыянтаў у пэўным сэнсе з'яўляецца прыкметай развіцця літаратурнай мовы, своеасаблівым этапам пераходу ад традыцыйнай нормы да новай, а самі варыянты выступаюць у мове ў якасці новых ці аджываючых элементаў.
Варыянты з'яўляюцца той базай, на якой зараджаюцца і фарміруюцца сінанімічныя сродкі мовы. Разам з тым рост варыянтнасці і сінаніміі сам па сабе яшчэ не з'яўляецца паказчыкам багацця літаратурнай мовы. Без належнага ўпарадкавання такая варыянтнасць можа прывесці да разнабою, да расхіствання ўсталяваных норм. Усё гэта абумовіла выразную нарматыўную накіраванасць новай граматыкі.
Гэта граматыка беларускай мовы падрыхтавана з улікам моўнай практыкі двух апошніх дзесяцігоддзяў і вопыту раней выдадзеных граматык і даследаванняў. Усе раздзелы напісаны на аснове дэталёвага аналізу спецыяльна сабранага матэрыялу. Аўтары ставілі сваёй мэтай паказаць нормы беларускай літаратурнай мовы сямідзесятых — васьмідзесятых гадоў, выявіць і прааналізаваць усе важнейшыя адхіленні ад норм літаратурнай мовы, устанавіць іх крыніцы, паказаць іх месца ў сістэме літаратурнай мовы.
Беларуская граматыка складаецца з дзвюх частак.
У першай частцы змешчаны раздзелы «Фаналогія» (доктар філалагічных навук А. І. Падлужны), «Арфаэпія» (акад. М. В. Бірыла, А. І. Падлужны), «Марфалогія» (дактары філалагічных навук П. У. Сцяцко, П. П. Шуба, кандыдаты філалагічных навук Г. У. Арашонкава, Т. П. Бандарэнка, Л. М. Грыгор'ева), «Словаўтварэнне» (доктар філалагічных навук П. У. Сцяцко, кандыдат філалагічных навук В. П. Лемцюгова), «Націск» (М. В. Бірыла, Г. У. Арашонкава).
У другой частцы змешчаны раздзелы «Словазлучэнне», «Просты сказ», «Складаны сказ», «Спосабы перадачы чужаслоўяў».
Граматыка можа служыць дапаможнікам для сістэматычнага вывучэння беларускай літаратурнай мовы і быць даведнікам па асобных канкрэтных пытаннях.
Заўвагі і пажаданні просім высылаць на адрас: 220072, Мінск, Ленінскі праспект, 66. Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР.
