Предыдущий раздел | Оглавление | Следующий раздел
Спосабы перадачы чужаслоўя
§§ 257–260
Спосабы перадачы чужаслоўя
Агульная характарыстыка
§ 257. У літаратурнай мове, пераважна ў мастацкім і публіцыстычным стылях, з большай або меншай дакладнасцю перадаецца чужая мова. Дакладнасць перадачы выбіраецца аўтарам у залежнасці ад сэнсавых і стылістычных мэт. Чужое выказванне можа перадавацца ў выглядзе прамой, ускоснай і няўласна-прамой мовы. Пры перадачы чужаслоўя ў выглядзе прамой мовы найбольш дакладна захоўваюцца сэнсавыя і граматычныя яго прыметы. У сказах з ускоснай мовай чужое выказванне перадаецца прыблізна, яго граматычныя прыметы мяняюцца. У няўласна-прамой мове змест чужога выказвання перадаецца дакладна, але змяняюцца яго граматычныя прыметы.
Прамая мова
§ 258. Прамая мова можа мець дыялагічную і маналагічную форму. Пры дыялагічнай форме перадаецца гутарка дзвюх або некалькіх асоб. Дыялогу звычайна папярэднічае аўтарская мова, якая паказвае на абставіны, пры якіх адбываецца дыялог, называе і характарызуе асоб, што ўдзельнічаюць у дыялогу. У аўтарскай мове могуць быць словы, якія ўводзяць дыялог:
Чубару не хацелася далей гаварыць пра каня, таму ён спытаў пра другое:
— Немцаў у вёсцы няма?
— Учора былі на матацыклах, а сёння, здаецца, яшчэ не наведваліся.
— Ну і што? Як яны?
— Рагоў пад каскамі не відаць было, а там хто іх разбярэ,— паціснуў плячамі чалавек.— Пакаталіся на матацыклах па вёсцы, пахапалі на вуліцы гусей, а благога не нарабілі.
— А гусі — гэта не благое?.. (І. Чыгрынаў);
Анюта шамацела сенам, паварочвала сушэйшым наверх...
— Давайце на воз паціху... Я памагу... Во тут прыступачка...
— Ты не мітуся... Ён у цябе як стаіць, воз? Заварочваць не трэба?
— Трэба... Але не завернеш — кусты... Каб назад здаць...
— Ідзі пад цуглі вазьмі... Ён у цябе закілзаны?.. (П. Місько).
Даволі часта прамая мова ў дыялогу перамяжоўваецца з аўтарскай, якая паказвае, каму належыць канкрэтная рэпліка, дае дадатковую характарыстыку маўленню:
— А што будзем сёння рабіць? — запытаўся на другі дзень Віктар.
— Я прапаную пайсці далей у лес на разведку,— адказаў Мірон.— Мы ж зусім не былі яшчэ ў глыбіні.
— Трэ’ было б якую-небудзь зброю мець,— заўважыў Віктар.
— Толькі не твой лук,— усміхнуўся Мірон.— Лепш зробім сабе добрыя дубіны (Я. Маўр).
Пры такой перадачы чужога маўлення аўтарская і прамая мова кожнай асобы складаюць сінтаксічную канструкцыю, у якой паміж часткамі (аўтарскай і прамой мовай) устанаўліваюцца адносіны, як паміж часткамі складанага бяззлучнікавага сказа.
У складзе такіх жа канструкцый перадаецца мова адной асобы (маналагічная): Не прывітаўшыся, ён адчыніў свой кабінет і, кіўнуўшы галавою ў бок дзвярэй, спакойна сказаў: — Ступайце за мною (Я. Колас); — Нешта ты адзін ды адзін,— кажа Бараўлёва, пачакаўшы (Я. Скрыган).
Аўтарская мова ў складзе канструкцый з прамой мовай уводзіць чужое выказванне, дзеля чаго выкарыстоўваюцца дзеясловы, да якіх адносіцца прамая мова. Часцей за ўсё ў аўтарскай мове ўжываюцца дзеясловы маўлення і думкі (казаць, гаварыць, апавядаць, расказваць, думаць, разважаць і пад.), дзеясловы, якія паказваюць на асаблівасці маўлення або характарызуюць яго агульны змест (адказваць, загаварыць, дадаць, пачаць, працягваць, паўтарыць, закончыць, папракнуць, растлумачыць, папытацца і інш.). У функцыі дзеясловаў маўлення і думкі, ад якіх залежыць прамая мова, могуць ужывацца словы, што абазначаюць эмоцыі, пачуцці, унутраны стан таго, каму належыць прамая мова (абрадавацца, засаромецца, здзівіцца, пакрыўдзіцца, раззлавацца і пад.), а таксама словы, што абазначаюць міміку, жэсты, рухі, паказваюць на дзеянні таго, каму належыць прамая мова (усміхнуцца, засмяяцца, уздыхнуць, заплакаць, скрывіцца і пад.): — Пачакай,— сказаў Чаркашын.— От уходзімся ў полі, з агародамі, а тады пагаворым... (Я. Брыль); — Што ж, гэта можна,— усміхнуўся гаспадар, устаючы.— Прашу,— адчыніў ён белыя дзверы (Я. Брыль); — А вы лічыце, што біць фашыстаў можна толькі ў апалчэнні? — зноў парушыў ён цішыню (І. Чыгрынаў).
У аўтарскай мове словы, што ўводзяць прамую мову, могуць адсутнічаць. На прыналежнасць яе пэўнай асобе можа паказваць змест усёй аўтарскай мовы або чужога выказвання: Знайшлі Сідара, а ён спіць на печы. «Дзе ты быў і што бачыў? Во табе тэлефон — дакладвай старшыні, як усё сталася» (А. Кудравец); Доўгі і звонкі, ён [крык] ляцеў над нечакана аціхлым разгубленым Жыцівам: «А мой жа ты саколік, а на каго ж ты нас пакінуў?..» (В. Гігевіч); Спакойны, велічны бландзін узяў з пісьмовага прыбора аловак, папрасіў у Алеся анкету, якую той трымаў яшчэ ўсё аберуч: — Як, вы сказалі, яго сапраўдныя дадзеныя? (Я. Брыль).
Аўтарская мова можа ўводзіць прамую мову не адной, а некалькіх асоб: Яшчэ да таго, як прыйшоў у атрад, наслухаўся: «Касачоўцы, ого, не кожнага возьмуць да сябе». «Узброеныя, як дэсантнікі». «У Касача — адны кадравікі, ваяваць умеюць». «Касачоўцы бой вядуць». «Касачоўцы, касачоўцы» (А. Адамовіч).
У пісьмовай мове канструкцыі з прамой мовай маюць пэўнае пунктуацыйнае афармленне, якое залежыць ад месца прамой мовы. Звычайна прамая мова выдзяляецца двукоссямі і працяжнікам, якія аддзяляюць яе ад аўтарскай мовы. У мове мастацкай літаратуры даволі часта ўжываюцца канструкцыі з прамой мовай, якія не маюць такога пунктуацыйнага афармлення: Настаўнікам на ўроках ля дошкі Ірачка ветліва ўсміхалася, калі чаго не ведала, то як бы тлумачыла ўсмешкай: вось бачыце, якая я паслухмяная, добрая і прыгожая, але гэтыя доўгія блытаныя формулы, гэтыя сінусы, якія не запамінаюцца... Ці ж я вінаватая?.. (В. Гігевіч); Скараход у адным чаравіку бег першы, а потым стаў і здзекліва глядзеў, нас чакаючы: ну што, і цяпер вам весела? (В. Быкаў); Старшыня сурова глянуў на Сцяпана — не мялі лішне, гавары пра тое, што ў цябе пытаюць (А. Жук). Звычайна такім спосабам выражаецца ўнутранае маўленне, якое за героя, але з яго пазіцый выказвае аўтар.
Прамая мова можа ўваходзіць у структуру чужога выказвання як даданы член сказа: За тваім «з кім ты там здружыўся?» адчуваю намёк і крыху рэўнасці (А. Жук); Звычайнай радасці паляўнічага — што ні кажы, улажыў такога воўка,— ён сёння не адчуў (А. Кудравец); І гэтае простае «не спіцца» ўсё растлумачыць: і боль яе, і роспач, і адчай, і даўно перажытую радасць (В. Гігевіч).
Сэнсавыя і граматычныя асаблівасці чужога выказвання, як і ў прамой мове, захоўваюцца тады, калі яно ўводзіцца пабочным словам маўляў, дзеясловамі казаць, гаварыць, якія выконваюць функцыю выказніка аднасастаўнага або двухсастаўнага сказа: Неўзабаве старшыня камісіі вярнуўся на сваё месца. Зірнуў на мяне неяк звысоку — маўляў, бачыш, з кім я маю справу, і адначасова насцярожана — а раптам і гэты выкіне нейкага коніка (А. Шахавец); Пэўна, стрэне там мяне строга гоман Юлі, упікнуць не праміне: што, маўляў, за гульні? Што ж ты, брат? Забыў сціло, карандаш, паперы, сам, як тое памяло, падмятаеш скверы?.. (А. Куляшоў); А ўсё ж, кажа ён, не лішне было б павесці размову і аб самім нашым інтарэсе: аб рэках і рыбах, аб вудах і прынадах, аб рыбаках і рыбацкіх здарэннях — хіба гэта не цікава? (К. Кірэенка).
Прамая мова ў структуры канструкцый з чужым выказваннем можа знаходзіцца ў прэпазіцыі і постпазіцыі да аўтарскай мовы: — Мы прыкладна так і меркавалі,— паглядзеў палкавы камісар на задумлівага і стараннага капітана (І. Чыгрынаў); І тады Лянівы ціха скажа:— Маніш ты, што бачыў сіўку-варонку. Яна людзям на вочы не паказваецца (В. Гігевіч). Аўтарская мова можа знаходзіцца таксама ў інтэрпазіцыі да прамой мовы: — Добры дзень,— сказаў Сілаеў, падыходзячы бліжэй.— Зараз нас дождж застане (В. Хомчанка). Яна можа таксама перамяжоўвацца з прамой мовай: Палкавы камісар ажно сказаў у захапленні: — Сапраўдны салдат.— І дадаў: — Таксама час. Калі не дагаварылі што, то заўтра дагаворым, перад расстаннем (І. Чыгрынаў).
Ускосная мова
§ 259. Чужое выказванне перадаецца пры дапамозе сказаў з ускоснай мовай. Звычайна такія канструкцыі афармляюцца як складаназалежныя сказы, у якіх паміж галоўнай і даданай часткамі ўстанаўліваюцца аб'ектныя адносіны. Галоўная частка такіх сказаў адпавядае аўтарскай мове, а даданая — чужому выказванню. У адрозненне ад сказаў з прамой мовай чужое выказванне можа перадавацца прыблізна, яно трансфармуецца з пункту погляду таго, хто перадае чужое выказванне, у чужым выказванні змяняюцца асабовыя займеннікі і формы дзеясловаў. Даданая частка — чужое выказванне — залежыць ад дзеясловаў галоўнай часткі, якія маюць часцей за ўсё значэнне маўлення і думкі (гаварыць, сказаць, спытаць, адказаць, крычаць і інш.): Ён тады запытаўся, чаму яна не спіць,— яна нічога не сказала, уздыхнула толькі і ўсё глядзела ў гарод (І. Пташнікаў); Сястра-гаспадыня спыталася ў яго, ці не стаміўся дарогай, якое першае ўражанне зрабіла дача (А. Карпюк); Аднойчы злоўлены паліцай пачаў расказваць, як ён хаваўся ў склепе і адтуль чуў нашу атаку: што крычалі, якія словы (А. Адамовіч).
У некаторых выпадках даданая частка, у якой перадаецца чужое выказванне, можа адносіцца да назоўніка галоўнай часткі. Тады ў складаназалежным сказе паміж часткамі ўстанаўліваюцца атрыбутыўныя адносіны: Давалася яшчэ парада, каб бацька не прадаваў цяляці ад чорнай каровы, а каб гадаваў (К. Чорны).
Няўласна-прамая мова
§ 260. Няўласна-прамая мова — такі спосаб перадачы чужаслоўя, пры якім асноўныя лексічныя, фразеалагічныя, сінтаксічныя сродкі чужога выказвання захоўваюцца, а граматычныя паказчыкі (асабовыя займеннікі і дзеясловы) змяняюцца. Паказчыкам чужаслоўя пры няўласна-прамой мове з'яўляецца змест і ўнутраная структура самога чужога выказвання, што абумоўлівае разнастайнасць сувязей аўтарскай мовы і чужаслоўя, выражанага няўласна-прамой мовай, а таксама прамой і няўласна-прамой мовай, што ўжываецца ў адным кантэксце. Так, аўтарская мова можа ўводзіць няўласна-прамую пры дапамозе дзеясловаў маўлення і думкі, і паміж аўтарскай і няўласна-прамой мовай устанаўліваюцца такія адносіны, як і ў канструкцыях з прамой мовай: Вержбаловіч рэдка ўлазіў у такія гутаркі, а калі і ўлазіў, то больш для таго, каб сказаць сваё: вайна вайной, а вунь яшчэ бульба не ўся пасеяна, ды і сады трэба было б падмаладзіць, гэтыя фінскія маразы палову дрэў прарэдзілі (А. Кудравец). Як і ў сказах з прамой мовай, дзеясловы маўлення і думкі могуць адсутнічаць, а няўласна-прамую мову могуць уводзіць дзеясловы, якія паказваюць на характар маўлення або сітуацыю, пры якой адбываецца маўленне: Прымачак усміхнуўся: вось будзе гэты рэдактар яшчэ чакаць у чарзе кватэру, а ён перабярэцца ў свой дом, будзе ездзіць, як і рэдактар, на службовай машыне і прысутнічаць на гэтакіх жа самых бюро (А. Жук).
Няўласна-прамая мова можа выступаць як самастойная канструкцыя, якая не мае з папярэднім кантэкстам спецыяльных граматычных сродкаў сувязі: Ён адчуваў, ён быў упэўнены, што ў штылі за ім сачылі, ён быў на мушцы. Так можна было яго прыхлопнуць, можна было. А што далей? Чалавек не вярнуўся з палявання, яго пойдуць шукаць, абавязкова пойдуць. І знойдуць усё. Не, лепей ціха. А можа ён нічога і не ўбачыў? А калі ўбачыў ды калі мае розум, будзе трымаць язык за зубамі... (А. Кудравец).
Няўласна-прамой мове можа папярэднічаць прамая, у такім выпадку ў няўласна-прамой мове выражаецца ацэнка маўлення ці думкі героя: «Хоць бы ў хату хіба хто завітаў, расказаў, дзе што на свеце робіцца. А то... які тыдзень ужо... Бы ўсё адно ў яме, у труне...»
Ды каму было хадзіць у хату да Мікалая Дарожкі. Піліп быў далёка, а дачка, Параска, хоць і ў вёсцы, зусім побач жыла, не рупілася надта наведаць бацьку: дома, з дзецьмі маўкоты хапала... (Б. Сачанка); — Вапшчэткі, а ты бачыў, каб работнікі былі не людзі? — глуха спытаў Ігнат. Ён ужо закіпаў: хопіць гэтых дурных жарцікаў (А. Кудравец).
У сваю чаргу няўласна-прамая мова можа пераходзіць у прамую мову: Я не памыліўся — яна тут новая, не толькі ў гэтым корпусе, а наогул у санаторыі. Дагэтуль працавала ў анкалагічнай бальніцы, за дваццаць год нагледзелася ўсяго. Муж на адказнай рабоце; сын ужо кандыдат. А пра сябе: «Ну, як сказаць? Проста сваю работу люблю» (Я. Брыль).
Няўласна-прамая мова з'яўляецца важным стылістычным сродкам: яна дае магчымасць перадаваць чужое маўленне і думкі з пункту погляду аўтара або апавядальніка, ацэньваць іх, спалучаючы чужое выказванне, выражанае няўласна-прамой мовай з аўтарскай і прамой мовай: І Ляксандра можа ўпершыню па-сапраўднаму адчуў нявыгаднасць сітуацыі, у якую яго ставіла параненая нага. Была б яна здаровая, ён бы па-іншаму пагаварыў з гэтым Стасем. І Маня... Якая твая сабачая справа, да каго я хаджу. Бачыш, ён дазволіў: «Падабаецца, дык і хадзі на здароўе...» (А. Кудравец).
