Артефакт.lib.ru
Сайт Андрея Пискунова Хостинг Lib.Ru

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел

Бяззлучнікавыя складаныя сказы: працяг

§§ 249–256

Бяззлучнікавыя сказы з дапаўняючым кампанентам

§ 249. У аснове сэнсавых адносін паміж часткамі сказаў з дапаўняючым кампанентам ляжыць выражэнне дадатковай заўвагі да таго, пра што было сказана раней. Постпазіцыйны, г. зн. дапаўняючы, кампанент не ўдакладняе слова першай часткі, не каменціруе яго, а расшырае думку сказа дадатковымі звесткамі пра асоб, прадметы, дзеянні або акалічнасці. Другая частка такіх бяззлучнікавых сказаў можа развіваць адзін з членаў першай часткі ці ўсю першую частку ў цэлым: Вялічка ўбачыў першага немца: гэта быў зусім малады салдат, ён здаваўся крыху разгубленым (К. Чорны); На ўскрайку поля стаяў лес, пачынаючыся чародкаю высокіх і роўных дубоў; крыху воддаль ад чыгункі яны злучаліся з таўшчэзнымі старасвецкімі хвоямі (Я. Колас); Зарывы пажараў асталіся ззаду, іх водбліскі на хмарах паступова трацілі сваю трапяткую чырвань (М. Лынькоў).

Характэрным для такіх сказаў з'яўляецца ўжыванне ў другой частцы займеннікаў і прыслоўяў. Бяззлучнікавыя складаныя сказы з дапаўняючым кампанентам могуць быць толькі двухчленнымі: Якавенка любіў павучаць — аб гэтай яго схільнасці ведалі ўсе ў батальёне (І. Мележ); Дзед Талаш адчуваў цяпер за сабою сілу і ўпэўненасць; гэту сілу і смеласць прыдавала яму ў значнай меры і «настаяшчая» стрэльба (Я. Колас); След кулі быў відаць, ён на кары альховай чырванеў (М. Танк); На Палессі былі розныя праявы, быў і з гэтым папом выпадак цікавы (Я. Колас).

Парадак размяшчэння частак такіх бяззлучнікавых сказаў пастаянны, нязменны: Травяное багацце лугу ўначы запахла на ўсю сваю духмяную сілу, ад яго водару лёгкая п'янасць пацякла ў крыві (В. Быкаў); Неба на ўсходзе гарэла, яснота ішла ад ружовай разлегласці на ім (К. Чорны); Ой, у полі паляначка, там гуляла дзяўчыначка ды сеяла мяту (П. Трус); Крывасмок павінен загінуць, так было заўсёды (М. Лынькоў).

Бяззлучнікавыя складаныя сказы са значэннем далучэння могуць быць сінанімічныя складаназлучаным сказам са злучнікам і, параўн.: Мы ў смаляныя лодкі сядалі, нас клікалі далі (А. Куляшоў) — Мы ў смаляныя лодкі сядалі, і нас клікалі ясныя далі; Плыве ад жыта жоўты дым, яго хвалюе вецер (А. Астрэйка) — Плыве ад жыта жоўты дым, і яго хвалюе вецер.

Акрамя таго, сказы, другая састаўная частка якіх развівае адзін з членаў першай часткі, могуць быць сінанімічныя складаназалежным сказам з даданымі азначальнымі; параўн.: На ўсёй вуліцы было на рэдкасць людна, яна ўся жыла добрай чалавечай заклапочанасцю (І. Мележ) — На ўсёй вуліцы, якая ўся жыла добрай чалавечай заклапочанасцю, было на рэдкасць людна; Дзівамі і казкамі быў ахутан лес, залатымі краскамі ён парос увесь (П. Глебка) — Дзівамі і казкамі быў ахутан лес, які ўвесь парос залатымі краскамі.

Бяззлучнікавыя сказы, другая частка якіх развівае ўсю першую частку ў цэлым, могуць быць сінанімічныя складаназалежным сказам з даданымі далучальнымі: Студэнты паедуць на бульбу, гэта вядома дакладна (І. Навуменка) — Студэнты паедуць на бульбу, што дакладна вядома.

Ад усіх сінонімаў бяззлучнікавыя сказы адрозніваюцца стылістычна (больш размоўным характарам) і семантычна (меншай пэўнасцю значэнняў).

Бяззлучнікавыя сказы з адносінамі дэтэрмінацыі

§ 250. Сярод бяззлучнікавых складаных сказаў з рознафункцыянальнымі прэдыкатыўнымі часткамі, якія выражаюць адносіны дэтэрмінацыі, выдзяляецца 6 разнавіднасцей.

Сказы з прэдыкатыўнай часткай, якая мае часавае значэнне

§ 251. У сказах з прэдыкатыўнай часткай, што мае часавае значэнне, адзін з кампанентаў называе час дзеяння, на працягу ці пасля якога ажыццявілася, ажыццяўляецца ці будзе ажыццяўляцца другое дзеянне. У структурнай схеме кампанент з часавым значэннем займае прэпазіцыйнае месца, утвараючы тэмпаральны фон, на якім развіваецца наступнае дзеянне: Жонка толькі паспела ахнуць — Максім перавярнуў кошык уверх дном (П. Пестрак); Не паспеў стары выбрацца з снегу — ранішнюю сціхоту прарваў стрэл (Б. Мікуліч).

Бяззлучнікавыя складаныя сказа з кампанентам, што выражае час, сумяшчаюць у сабе два часавыя значэнні: адначасовасць і храналагічную паслядоўнасць. Гэтыя значэнні перадаюцца як суадноснасцю аднатыпных часавых дзеяслоўных форм, так і суадноснасцю розных форм часу і ладу. У бяззлучнікавых складаных сказах з часавымі адносінамі вялікую ролю адыгрывае і семантыка лексем прэпазіцыйнай часткі, якія выражаюць часавае значэнне. Гэта ў асноўным дзеясловы са значэннем прыбыцця, пачатку і канца дзеяння; спалучэнні гэтых дзеясловаў з назоўнікамі час, дзень, пара і пад.

Для абедзвюх частак такіх сказаў характэрны аднолькава моцны лагічны націск, аддзяляюцца яны адна ад другой непрацяглай паўзай.

Сказы з умоўна-выніковымі адносінамі

§ 252. У такіх складаных сказах адна частка ўказвае на ўмову, неабходную для існавання з'явы ці ажыццяўлення дзеяння, названых у другой частцы.

Найбольш пашыраны сказы, якія маюць чыста ўмоўнае ці ўмоўна-часавае значэнне: Лёгка знойдзецца — лёгка згубіцца (А. Александровіч); Шмат будзе снегу — шмат улетку нарасце збожжа і фруктаў (М. Паслядовіч); Над кожнай кніжкай плакаць — слёз не хопіць (І. Шамякін); Меў бы ён больш вытрымкі — усё скончылася б добра (П. Пестрак); Глянеш навокал — дух займае (І. Шамякін).

Сказы са значэннем абумоўленасці складаюцца з дзвюх разнатыпных частак, прычым адна частка залежыць ад другой: Засмяецца вясенняе сонца, выходзь адразу ў поле (А. Кулакоўскі); Кранеш адно, усплыве другое (Я. Колас).

Інтанацыя ў сказах з умоўна-выніковымі адносінамі характарызуецца моцным пад'ёмам на тым слове першай часткі, якое лагічна выдзяляецца, значнай паўзай паміж часткамі і спакойным, роўным вымаўленнем другой часткі: Снегу навее — хлеба прыбудзе, вада разальецца — снегу набярэцца (Прыказка); Хлеб у возе — няма бяды ў дарозе (Прыказка); Зарадзіў драсён — не будзе красён (Прыказка); А здарыцца трывога ля нашага парога — ракетчыкі гатовы даць адпор (М. Хведаровіч).

Побач з інтанацыяй важным структурным элементам з'яўляюцца формы дзеясловаў-выказнікаў. Дзеясловы-выказнікі могуць быць у форме ўмоўнага ці загаднага ладу, а таксама ў форме інфінітыва са значэннем пажадання: Дачакацца б вясны ды вярнуцца б з вайны — быў бы я шчаслівы (Я. Колас); Скраніся яна з месца — пайшла б на марнасць уся справа (К. Чорны); Не было б яго — усё магло б наладзіцца (П. Броўка); Рана ў поле выязджай — лепшы будзе ураджай (Прыказка).

Функцыю прэдыкатыўных частак бяззлучнікавых складаных сказаў з умоўна-выніковым значэннем могуць выконваць аднасастаўныя (поўныя і няпоўныя) сказы: Умей памыліцца — умей і паправіцца (Прыказка); Вышаў бы ў поле — стала б весялей (Я. Купала); Не будзем працаваць — не будзе чаго есці (М. Лынькоў); Прыдзе пара — скажуць (І. Мележ).

Непаўната частак указвае на размоўны характар такіх бяззлучнікавых сказаў. Аднасастаўныя часткі-сказы надаюць бяззлучнікавым сказам абагульнены характар.

Бяззлучнікавыя сказы, што выражаюць умоўна-выніковыя адносіны, сінанімічныя складаназалежным сказам з даданымі, якія маюць умоўна-часавае значэнне, параўн: Дружна за мір стаяць — вайне не бываць (Прыказка) — Калі дружна за мір стаяць, вайне не бываць; Вецер загуляе — хвойнік, лозы гнуцца (Я. Колас) — Калі (як) вецер загуляе, хвойнік, лозы гнуцца.

Бяззлучнікавыя сказы ў параўнанні са складаназалежнымі больш экспрэсіўныя і таму ўласцівы размоўнаму стылю.

Сказы са значэннем прычыны і выніку

§ 253. Бяззлучнікавыя складаныя сказы са значэннем прычыны і выніку падзяляюцца на дзве групы. Адну групу ўтвараюць складаныя сказы, у якіх першая састаўная частка змяшчае ў сабе ўказанне на прычыну, а другая — на вынік з гэтай прычыны: У хаце было холадна, над шклянкай узнімалася пара (І. Шамякін); Дзьмуў парывісты вецер, узрыгвалі вершаліны купчастых елак і гонкіх соснаў (І. Гурскі); Падымалася сонца, пачыналася гарачыня (А. Чарнышэвіч); Засушлівая вясна пашкодзіла маладому саду: некаторыя дрэўцы зусім засохлі (І. Гурскі); Восень ранняя настала, я, прызнацца, затужыў (А. Зарыцкі); Быў сіні прыцемак: цёпла жаўцелі за сполахам ціхага бэзу нечыя вокны (В. Адамчык).

Бяззлучнікавыя складаныя сказы, у якіх другая частка выражае вынік таго, пра што гаворыцца ў першай, маюць наступныя асаблівасці ў вымаўленні: першая частка вымаўляецца са звычайнай інтанацыяй паведамлення, пасля яе — працяглая паўза: У багуне і верасе тырчалі пні і старое карэнне — трэба было высока падымаць ногі (І. Пташнікаў); У дружбакоў маіх згарэла хата, ім новую будуе талака (А. Куляшоў); Было цёмна, нічога нельга было разгледзець (М. Лынькоў).

Да другой групы адносяцца складаныя сказы, дзе першая частка змяшчае ў сабе ўказанне на вынік той прычыны, аб якой гаворыцца ў наступнай састаўной частцы: Вучні вярталіся дадому задаволеныя: яны зрабілі сваю справу (І. Гурскі); Сэрца ў Юркі радасна ўздрыганулася: хлопцы засталіся на яго баку (М. Паслядовіч); Сейбіт меў асалоду: жыта слаўна ўрадзіла (П. Броўка); Рыпяць, скрыгочуць палазы — марозны снег ім цяжка грызці (Я. Колас); Ракі не было відаць: затуманеная далеч хавала яе (І. Мележ).

Семантычна такія сказы суадносяцца са складаназалежнымі сказамі са злучнікамі таму што, бо, так як, паколькі: Горда стаялі плячыстыя гумны: усё лета забралі яны (П. Броўка) — Горда стаялі плячыстыя гумны, бо (таму што) усё лета забралі яны.

Агульная для гэтых сказаў семантыка матывацыі прадстаўлена ў іх па-рознаму: у злучнікавых сказах — з дапамогай спецыяльнага граматычнага сродку, у бяззлучнікавых канструкцыях — на аснове суадноснасці інфарматыўнага зместу іх кампанентаў.

Для першай часткі такіх бяззлучнікавых сказаў характэрна інфарматыўная недастатковасць, незавершанасць: яна заключае ў сабе пэўны сэнсавы элемент, які выклікае ў чытача (слухача) пытанне: чаму?

Асаблівасць інтанацыі сказаў з вынікова-прычынным значэннем заключаецца ў тым, што першая частка вымаўляецца з папераджальным паніжэннем голасу, пасля яе — паўза. Выказнікі ў гэтых бяззлучнікавых сказах выражаюцца рознымі дзеяслоўнымі формамі, з чым звязаны розныя адценні значэнняў, аднак звычайнай з'яўляецца такая суадноснасць форм, пры якой часавы план другой часткі (прычына) папярэднічае часаваму плану першай часткі (вынік): Асабліва хваляваў яго прыём у Крамлі: яму ніколі не даводзілася рабіць справаздачу перад Саюзным урадам, перад Вярхоўным камандаваннем (М. Лынькоў); Ганна неспадзеўкі здрыганулася: паўз плот хтосьці ішоў (І. Мележ).

Сказы са значэннем мэты

§ 254. Невялікую групу сярод бяззлучнікавых складаных сказаў з рознафункцыянальнымі прэдыкатыўнымі часткамі складаюць сказы, постпазіцыйны кампанент якіх указвае на мэту дзеяння. Асноўная роля ў выражэнні гэтых адносін належыць выказніку першай часткі, які разам з залежнымі ад яго словамі паясняецца зместам другой часткі бяззлучнікавага сказа. Выказнік першай прэдыкатыўнай часткі заўсёды выражаны дзеяслоўнымі формамі: На свет і куры нашы хочуць — чарвей і крошак пашукаць (Я. Колас); Ноччу прывялі нас у акопы — трэба было спешна змяніць разбітую часць (П. Галавач); Яна кінулася ў хату — трэба ратаваць дзяцей (М. Лынькоў); Адусюль паналяцелі на здабычу груганы,— вольнай волі захацелі вочы выклеваць яны (К. Крапіва).

Значэнне мэты ў пэўнай ступені збліжаецца са значэннем абгрунтавання прычыны. Аднак абгрунтаванне дзеяння першай часткі ў сказах са значэннем мэты суправаджаецца прамым азначэннем мэты ў другой прэдыкатыўнай частцы.

Акрамя семантычных адрозненняў, бяззлучнікавыя сказы са значэннем мэты і са значэннем абгрунтавання прычыны адрозніваюцца трывальна-часавым выражэннем адносін выказнікаў прэдыкатыўных частак. Бяззлучнікавыя сказы са значэннем мэты перадаюць значэнне часавай паслядоўнасці толькі ў «прамым» размяшчэнні папярэдняга — наступнага дзеяння. У бяззлучнікавых жа сказах са значэннем абгрунтавання прычыны можа быць «прамы» і «адваротны» парадак размяшчэння гэтых дзеянняў.

Бяззлучнікавыя сказы са значэннем мэты ў выражэнні граматычнага значэння суадносныя са складаназалежнымі сказамі са значэннем мэты. Аднак спецыфічныя сродкі выражэння выказнікаў у суадносных сказах перашкаджаюць свабоднай трансфармацыі аднаго тыпу ў другі шляхам далучэння злучнікаў ці іх апушчэння.

Сказы са значэннем уступальнасці

§ 255. Другая частка такіх сказаў сваім зместам пярэчыць паведамленню, якое павінна вынікаць са зместу першай часткі. У састаў бяззлучнікавых складаных сказаў са значэннем уступальнасці ўваходзяць дзве часткі, якія маюць форму простых аднасастаўных або двухсастаўных сказаў. Уступальныя адносіны вызначаюцца на аснове лексіка-граматычнага значэння ўсіх слоў, якія ўваходзяць у склад кожнай састаўной часткі: Можаце рыці, віцца, кусацца, — мне ўжо не страшны рык ваш звярыны (Я. Купала); Колькі ні старайся — усяго не пераробіш (Ц. Гартны); Хочаш не хочаш — сказаць пару слоў трэба (Я. Колас).

Для сказаў такога тыпу характэрны своеасаблівы рытмамеладычны малюнак: часткі раздзяляе невялікая паўза, пры вымаўленні першай часткі назіраецца павышэнне тону, а пры вымаўленні другой — паніжэнне.

Значэнне ўступальнасці ў бяззлучнікавых сказах сумяшчаецца са значэннем супрацьпастаўлення, што адпавядае характару бяззлучнікавых сказаў, якім уласціва полісемія.

Сказы са значэннем меры і ступені

§ 256. Другая прэдыкатыўная частка такіх бяззлучнікавых складаных сказаў вызначае меру або ступень праяўлення таго, аб чым паведамляецца ў першай частцы.

Сказы са значэннем меры і ступені складаюцца з дзвюх састаўных частак, якія часцей за ўсё маюць форму простых аднасастаўных (звычайна разнатыпных) сказаў: Працы мне тут — не абярыся! (М. Лынькоў); Сабралі людзей — не прадыхаць (М. Лынькоў); Працуеш ты — дай бог кожнаму (І. Шамякін); І такі прастор для работы, такія далягляды адкрываюцца — позіркам не ахопіш (Т. Хадкевіч); А важнасці — і не кажыце, пацеха! (Я. Брыль).

Бяззлучнікавыя складаныя сказы са значэннем меры і ступені, абедзве састаўныя часткі якіх маюць форму простых двухсастаўных сказаў, сустракаюцца рэдка: І так нясецца ён, васпане, — тычына шапкі не дастане! (Я. Колас).

Калі пры выказніку першай састаўной часткі бяззлучнікавых складаных сказаў ёсць узмацняльная часціца так, адносіны меры і ступені праяўляюцца асабліва выразна: А на небе так хмарна — за год не праб'ешся да зор (П. Панчанка); Алена так любіць сваіх кароў — яна іх адчувае нават на аддаленні (П. Пестрак).

Бяззлучнікавыя складаныя сказы з іх выразнасцю, кампактнасцю і дынамічнасцю характэрны для размоўнага стылю, інтанацыйныя, паралінгвістычныя сродкі якога дазваляюць удакладніць адносіны паміж часткамі, а таксама для мовы мастацкай літаратуры.

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел