Предыдущий раздел | Оглавление | Следующий раздел
Бяззлучнікавыя складаныя сказы
§§ 240–248
Бяззлучнікавыя складаныя сказы
Агульная характарыстыка
§ 240. Бяззлучнікавымі называюцца такія складаныя сказы, састаўныя часткі якіх аб'ядноўваюцца без злучнікаў, пры дапамозе іншых граматычных сродкаў. Сюды адносяцца формы трывання, часу і ладу дзеясловаў-выказнікаў, займеннікі ў адной з частак сказа, парадак размяшчэння частак, інтанацыя. Інтанацыя ў пэўнай ступені кампенсуе адсутнасць такога важнага фармальнага паказчыка сувязі частак, як злучнікі. Інтанацыйная сувязь частак складанага сказа можа мець розны характар. Гэта можа быць інтанацыя пералічэння (Сінеўся бор, цякла вада, скрозь пахла мёдам і травою (М. Багдановіч)); інтанацыя супрацьпастаўлення (Ты мяне больш не стрэла, я цябе больш не стрэў (Я. Купала)); інтанацыя паяснення (Цудоўны наш край: і лес там, і моры, і горы, і гай (А. Астрэйка)); інтанацыя папярэджання (Ён ведаў: дарога будзе не лёгкай (І. Мележ)); інтанацыя абумоўленасці (Сокалу крыллі абрэзаць — сокал не будзе лятаць (А. Александровіч)).
У адрозненне ад злучнікавых сказаў, у якіх злучнікі і злучальныя словы дыферэнцыруюць тып граматычнай сувязі — злучальная ці падпарадкавальная, — у бяззлучнікавых складаных сказах адсутнасць службовых адзінак нейтралізуе супрацьпастаўленне злучэння і падпарадкавання, таму бяззлучнікавыя сказы не падзяляюцца на складаназлучаныя і складаназалежныя.
Экспрэсіўнасць у выражэнні думкі, характэрная для бяззлучнікавых сказаў, робіць іх не варыянтамі злучнікавых утварэнняў, а стылістычнымі сінонімамі, выкарыстанне якіх дыктуецца стылістычнымі патрэбамі тэксту, сітуацыяй маўлення.
Адсутнасць злучальнага элемента, своеасаблівае ў параўнанні са злучнікавымі значэнне, стылістычныя адценні дазваляюць лічыць бяззлучнікавыя сказы асобным структурна-семантычным тыпам складаных сказаў.
Выдзяленне бяззлучнікавых складаных сказаў у самастойны тып патрабуе іх класіфікацыі незалежна ад злучнікавых.
Бяззлучнікавыя сказы можна класіфікаваць з розных пунктаў погляду: а) семантыкі, г. зн. агульнага граматычнага значэння, якое перадаецца тым ці іншым складаным сказам; б) структуры (наяўнасці-адсутнасці ў адной з частак сказа такога элемента, які патрабуе свайго ўдакладнення другой часткай); в) інтанацыйных адрозненняў. Найбольш мэтазгодны структурна-семантычны прынцып класіфікацыі з улікам інтанацыйных асаблівасцей кожнага тыпу.
Заўвага. Адзінай, агульнапрынятай класіфікацыі бяззлучнікавых складаных сказаў пакуль яшчэ няма. Відавочна, іменна таму ў школьных падручніках іх характарыстыка абмяжоўваецца высвятленнем і апісаннем семантыка-сінтаксічных адносін паміж састаўнымі часткамі такіх сказаў з практычнай устаноўкай на засваенне адпаведных пунктуацыйных правіл.
Агульнае значэнне бяззлучнікавых сказаў узнікае на аснове семантыка-граматычных узаемаадносін прэдыкатыўных кампанентаў — функцыянальна раўназначных або розных адносна іх семантыка-сінтаксічнай ролі. У залежнасці ад ролі, якую выконвае кожная прэдыкатыўная частка ў адносінах да другой, бяззлучнікавыя складаныя сказы падраздзяляюцца на два класы: сказы з аднафункцыянальнымі і сказы з рознафункцыянальнымі прэдыкатыўнымі часткамі.
Да сказаў з аднафункцыянальнымі часткамі адносяцца канструкцыі з пералічальным значэннем. Прэдыкатыўныя кампаненты такіх сказаў семантычна раўназначныя. З пункту погляду структуры сказы з пералічальным значэннем нагадваюць сабой адкрыты рад: у іх саставе могуць быць як дзве, так і больш частак.
У сказах з рознафункцыянальнымі часткамі прэдыкатыўныя адзінкі семантычна нераўназначныя. У іх адна з частак або служыць фонам для супастаўлення ці супрацьпастаўлення, або паясняе адзін з лексічных элементаў ці ўсю папярэднюю частку, або выконвае ролю дэтэрмінанта ў адносінах да другой часткі. У адпаведнасці з гэтым бяззлучнікавыя сказы з рознафункцыянальнымі часткамі падраздзяляюцца на сказы з супастаўляльна-супрацьпастаўляльным значэннем, сказы са значэннем паяснення і сказы з адносінамі дэтэрмінацыі. Сказы з рознафункцыянальнымі часткамі нагадваюць сабой бінарныя ўтварэнні, закрытыя структуры.
Бяззлучнікавыя сказы са значэннем пералічэння
§ 241. У такіх сказах пералічваюцца з'явы, падзеі, звязаныя паміж сабой у часавых адносінах. Бяззлучнікавым сказам са значэннем пералічэння ўласціва пералічальная інтанацыя, якая характарызуецца нямоцным і раўнамерным павышэннем (ці паніжэннем) тону ў канцы кожнай часткі. Паміж часткамі — невялікія і ненапружаныя паўзы, якія сведчаць аб плаўным пераходзе да наступнага выказвання. Толькі апошняя, заключная частка мае інтанацыю закончанага паведамлення: Пералівалася пад подыхам ветру хвалямі густая азіміна, шаўковай рунню вабілі позірк бяскрайнія ўсходы ранніх культур (І. Шамякін); У вокны глядзела душная ноч, на захадзе бліскалі маланкі (І. Шамякін); Шчабяталі пад страхой ластаўкі, гулі пчолы за сцяной (М. Лынькоў); Усю ноч у цёмным небе трывожна гулі самалёты, успыхвалі — цяпер ужо на ўсходзе — водбліскі нейкіх агнёў (М. Лынькоў); З ракі пацягнула вільгаццю, дзе-нідзе над кручай узняліся над вадою першыя пасмачкі туману (М. Лынькоў); Званілі ўсе званы, іграў арган, палалі свечкі, пахла воскам і ладанам (Маладосць, 1984); Людзі хавалі мёртвых, біліся ў горы над імі, бедавалі пра любых сваіх, жаніліся з імі, людзі жалі і малацілі, снедалі і вячэралі (І. Мележ); Застракаталі партызанскія кулямёты, забухалі вінтоўкі і нават абрэзы, паляўнічыя бярданкі і дубальтоўкі (Р. Сабаленка); Неба праяснялася, падыхаў усходні вецер, лёгкі марозік зацягаў лужынкі тонкай пялёнкай лёду (Я. Колас); Звініць лістапад залатымі дажджамі, лятуць журавы над палямі, лугамі, над Прыпяццю сіняй (П. Панчанка); Веснавое сонца свяціла ярка, першыя жаваранкі ўжо заліваліся недзе ў вышыні, палі стракаціліся белымі і чорнымі плямамі (Я. Маўр); Над рэчкай высокай з лахматымі, белымі ад інею вярхамі стаяць стромкія хвоі, шырока развесілі сваё голле волаты-дубы, блішчаць ледзянымі пацеркамі ўбраныя бярэзіны (П. Галавач).
Паводле значэння бяззлучнікавыя сказы са значэннем пералічэння дзеляцца на дзве групы: 1) сказы са значэннем адначасовасці; 2) сказы са значэннем паслядоўнасці з'яў, падзей.
Сказы са значэннем адначасовасці
§ 242. Граматычнай прыметай сказаў, у якіх указваецца на адначасовасць дзеянняў, з’яў, выступае свабодны парадак размяшчэння частак. Як правіла, у большасці выпадкаў часткі можна мяняць месцамі, параўн.: Пад цёплым ветрам шумелі таполі, на шэрым небе цьмяна святлелі затуманеныя буйныя зоры (Я. Маўр) — На шэрым небе цьмяна святлелі затуманеныя буйныя зоры, пад цёмным ветрам шумелі таполі; Жыта горда красуецца, вее пах медзяны, ад вятроў аж хвалюецца акіян аржаны (А. Астрэйка) — Вее пах медзяны, ад вятроў аж хвалюецца акіян аржаны, жыта горда красуецца.
Тут сувязь частак бяззлучнікавага цэлага не цесная, яны незалежныя, раўнапраўныя паміж сабой, паміж імі няма ніякіх аднабаковых ці ўзаемных сувязей. Часткі цэлага пастаўлены ў рад, у суседства адна з другой, хоць у гэтым радзе парадак іх размяшчэння нічым граматычна, як і сэнсам, не абмежаваны і не абумоўлены.
Часткі такіх сказаў можа аб’ядноўваць адзін агульны даданы член: На дварэ шуміць вецер, імжыць халодны восеньскі дождж (З. Бядуля); За полем зелянеюць кусты, звілістай люстранай дарожкай цячэ рэчка (А. Якімовіч); У садзе за хатай каваля спяваюць берасцянкі, свішчуць шпакі (В. Вольскі); На дварэ бушавала навальніца, ліў дождж (А. Чарнышэвіч).
Структурнай, граматычнай прыметай, якая ўказвае на суіснаванне з’яў, падзей у часе, з’яўляецца ўжыванне ў састаўных частках бяззлучнікавых сказаў пэўных форм выказнікаў. Яны могуць быць выражаны:
а) дзеясловамі незакончанага трывання цяперашняга або прошлага часу: За цугам жураўліным бягуць вятры наўсцяж, на струнах павуцінне асенні грае марш (М. Калачынскі); Патрэскваў касцёр, ляцелі ўгару іскры, гаслі ў паветры і чорнымі кропкамі падалі на траву (І. Гурскі); Кожную ноч салавейка спяваў, зоры глядзелі ў вочы (В. Таўлай); Свецяць нам сонца і зоры, шчасце ў наш дом прыходзіць (А. Русак); Замірае лета, заціхаюць далі, сірацее рэчка, халадзеюць хвалі (Я. Колас); Ідуць знаёмыя малюнкі: дыміцца цёмнай хмаркай пыл; уздоўж абсаджанай чыгункі бягуць дарожныя слупы; раз’езды, станцыі, паўстанкі, заводы, вёскі навакол; з пявучай моваю сялянкі падносяць хлеб і малако... (П. Глебка);
б) дзеясловамі закончанага трывання прошлага часу: Пачула ўся краіна мірны гром работ, сасной спілованай прапахла ўсё кругом (А. Вялюгін); На стрэхах дыні познія даспелі, фасоля парыжэла ля акна (М. Калачынскі); Месяц рассыпаў па снезе алмазы, ціха заірдзелася ноч маразяная (М. Машара); Адшумелі разлівы залацістае нівы, адспявалі ў палях каласы (А. Русак);
в) дзеепрыметнікамі залежнага стану прошлага часу: Навокал пляцоўкі пастаўлены плот, закладзен падмурак вялікага дома (А. Астрэйка); Туманамі апавіта даль разложная палёў, туга нейкая разліта ў дробных кропельках дажджоў (Я. Колас); Колькі вытаптана сцежак, колькі выбіта дарог! (П. Глебка).
Выказнікі састаўных частак бяззлучнікавых складаных сказаў са значэннем адначасовасці могуць быць выражаны спалучэннем вышэй адзначаных форм: Ля хат насыпаны сумёты, пад снежнай коўдрай спяць палі (М. Хведаровіч); Твар яго выцягнуўся, вочы былі апушчаны ўніз (Я. Колас); Пахне маладою травіцай, духмяны цёплы водар паляны напоўнены сонечным дыханнем (І. Мележ).
Часткі бяззлучнікавых складаных сказаў, у якіх апісваюцца падзеі, з’явы, што адбываюцца адначасова, нярэдка будуюцца паводле закону структурнага паралелізму: Трапечуць чырванаватым лісцем маладыя асінкі, хваляцца сваімі ярка-чырвонымі гронкамі стройныя рабіны (К. Чорны); Замяла мяцель дарогі, заняслі снягі прастор (М. Машара); Цягнуцца стройна палі каласістыя, пахне павабна трава над ракой (Я. Купала); Нахмурылася неба, веюць халодныя вятры, сыплецца дробны дождж (Я. Колас).
Сказы са значэннем паслядоўнасці з'яў, падзей
§ 243. Структурнай, граматычнай прыметай, якая ўказвае на паслядоўнасць з'яў, падзей, з'яўляецца ўжыванне дзеясловаў-выказнікаў састаўных частак бяззлучнікавых складаных сказаў часцей за ўсё ў форме закончанага трывання: Угары ў разрывах туману нястрымана ярка бліснула паніжэлае ўжо сонца, клочча аблокаў асляпляльнай белізною заззяла на схілах гор; па скалах і безданях хутка памчаліся чорныя шкуматы ценяў і побач суладна з імі — яркія плямы святла (В. Быкаў); Дагарэла зара ў небакраі, на зямлю спакойна ноч лягла (А. Звонак); Вецер суняўся, завея скончылася (В. Вольскі).
Паслядоўнасць дзеянняў асабліва выразна праяўляецца тады, калі выказнік першай састаўной часткі бяззлучнікавага складанага сказа выражаны дзеясловам закончанага трывання, а выказнік другой часткі — дзеясловам незакончанага трывання: Мінулі завеі, панурыя дні; гараць на усходзе зарніцаў агні (М. Танк); Свет яснасці ўзмахам пачаў дзянёк новы; хаваюцца з страхам начніцы і совы (Я. Купала); Снег рыхлы з'елі туманы, бярозавік цячэ ў збаны (А. Бялевіч); З палёў ужо даўно сышоў снег, у сасновым барку ля завода пачынае зелянець трава (А. Кулакоўскі).
Выказнікі састаўных частак бяззлучнікавых сказаў са значэннем паслядоўнасці з'яў, падзей могуць быць выражаны дзеясловамі незакончанага трывання: Адлятаюць сум і гора, пачынае кроў бруіць (М. Машара); Праходзіць ноч, пачынае цадзіцца золкае світанне (К. Чорны); Адчыняюцца дзверы, уваходзіць Харкевіч з сякерай (Э. Самуйлёнак).
Паслядоўнасць дзеянняў здольны выражаць і такія бяззлучнікавыя сказы, выказнік першай састаўной часткі якіх — дзеяслоў закончанага трывання, другой — прыметнік або дзеепрыметнік з дзеяслоўнай звязкай: Над горадам пацягнуліся густыя хмары, неба стала шэрым, задумлівым (М. Лынькоў); Цягнік даўно адышоў, вакзал стаў шэрым, будзённым (М. Лынькоў).
Значная роля ў выражэнні адносін часавай паслядоўнасці належыць лексічным значэнням слоў, што ўжываюцца ў якасці выказнікаў састаўных частак: Кончылася лета, усталёўвалася зіма (К. Чорны); Мінулася поле, пачаўся рэдкі лясок (І. Мележ); Пакосім мы густыя асокі, мурагі, усе валкі сухія мы зложым у стагі (А. Русак); Сапёры канчаюць мост, праз некалькі хвілін пачнецца пераправа на другі бераг (І. Мележ); Кацеры набліжаюцца да берага, хутка матросы ступяць на сушу (А. Кулакоўскі).
Бяззлучнікавыя сказы са значэннем пералічэння стылістычна нейтральныя. Яны ўжываюцца ў мастацкай літаратуры пры апісанні прыроды, знешняга выгляду чалавека, рыс яго характару. Нярэдкія такія сказы і ў публіцыстыцы: Буяла яшчэ на лугавінах зялёная атава, у палісадніках ля вясковых хат наперагонкі хваліліся сваёй някідкай прыгажосцю жоўтыя вяргіні і астры (І. Навуменка); Веснавое сонца свяціла ярка, першыя жаваранкі ўжо заліваліся недзе ў вышыні, палі стракаціліся белымі і чорнымі плямамі (Я. Маўр); Нізка звіслі над зямлёю хмары снегавыя, свішча вецер за сцяною, у коміне вые (Я. Колас); Прачнецца ў звонкім лесе кветка-сон, расплюшчыць вочы сіняя пралеска (ЛіМ, 1985).
Бяззлучнікавыя сказы з супастаўляльна-супрацьпастаўляльным значэннем
§ 244. Сказы з такім значэннем звычайна маюць аднолькавыя трывальна-часавыя формы дзеясловаў-выказнікаў і нагадваюць сабой двухчленную замкнутую структуру: Мы ўжо не просім міласці ў прыроды — прырода моліць літасці ў нас (С. Грахоўскі); Гарэў агонь — пагас агонь (Я. Колас); Ён гаворыць — я слухаю (А. Савіцкі); Гаварыла яна гладка і звонка — бацька толькі паглядаў ды задаволена ўсміхаўся (А. Кулакоўскі); Рая іграла — яны танцавалі (І. Шамякін); Хацеў сказаць слова — язык не варушыўся; хацеў бегчы за Максімам — ногі не слухалі (Я. Колас); Яго крытыкавалі — ён маўчаў (І. Шамякін).
Бяззлучнікавым сказам з супастаўляльна-супрацьпастаўляльным значэннем уласціва інтанацыя супастаўлення: павышэнне тону ў канцы першай часткі, больш значная, чым пры пералічальнай інтанацыі, паўза паміж часткамі, лагічны націск на тых словах, якія супастаўляюцца ці супрацьпастаўляюцца. Большая паўза на пісьме перадаецца працяжнікам, меншая — коскай: У сенцах пахла мукою і сырою бульбаю, у хаце было трохі душна і цемнавата (К. Чорны); Мова павінна быць варта дзеі, дзея павінна быць варта мовы (К. Чорны); Беларусь не загіне, будзе жыць Беларусь! (П. Панчанка); У Янкі на багне пшаніца расла, у Карлы ад прагнасці слінка цякла (К. Крапіва); З аднаго боку быў малады лес, з другога боку было поле (З. Бядуля); То не першая пароша прыпарошыла загон — гэта поле прыхарошыў кучаравы сіні лён (А. Бялевіч); Не вятрыска з поўначы павявае — ціха сон у камору ўступае (М. Багдановіч).
Сярод сказаў гэтага тыпу выдзяляюцца сказы з супастаўляльным і сказы з супрацьпастаўляльным значэннем. У аснову падзелу бяззлучнікавых сказаў на супастаўляльныя і супрацьпастаўляльныя не можа быць пакладзена іх аналогія з суадноснымі разнавіднасцямі складаназлучаных сказаў. У іх ёсць падабенства, але няма тоеснасці. Тое, што дастаткова акрэслена выражаецца пэўнымі разрадамі злучнікаў, ідэнтычна не перадаецца бяззлучнікавымі сказамі. Вельмі часта з пропускам злучніка знікаюць адносіны супастаўлення ці супрацьпастаўлення: злучнікавыя сказы трансфарміруюцца ў бяззлучнікавыя складаныя з іншымі сінтаксічнымі адносінамі, у прыватнасці — у сказы са значэннем пералічэння. Крытэрыем размежавання супастаўляльных і супрацьпастаўляльных бяззлучнікавых сказаў не можа быць і інтанацыя: выражэнне адносін у сказах абедзвюх разнавіднасцей суправаджаецца аднатыпным рытмамеладычным малюнкам.
У іх размежаванні трэба зыходзіць з семантыкі прэдыкатыўных частак і ўсяго сказа, улічваючы пры гэтым таксама спецыфіку іх будовы і лексічнай напаўняльнасці.
У бяззлучнікавых сказах са значэннем супастаўлення паведамляецца аб дзвюх падобных ці непадобных з'явах, двух дзеяннях, якія існуюць паралельна і не процідзейнічаюць. Дзякуючы супастаўленню выразна выяўляюцца асаблівасці пэўных асоб, прадметаў, станаў.
Супастаўляюцца, як правіла, часткі блізкай сінтаксічнай будовы і аднатыпнага марфалагічнага выражэння галоўных членаў, што стварае паралелізм структурных схем прэдыкатыўных частак: Коні адпачылі, людзі сагрэліся, завіруха сціхла (М. Лынькоў); На вакзале стаяць цягнікі, на прыстанку стаяць параходы (П. Глебка); Бацька лапці папраўляе, маці ніткі села віць (Я. Колас); Вочы хацелі б глянуць на поле, рукі хацелі б узяцца за плуг (П. Пестрак); У Мікіты свой характар, у Макара свой звычай (А. Русак).
Бяззлучнікавыя сказы з супастаўляльнымі адносінамі сінанімічныя складаназлучаным сказам з супастаўляльнымі злучнікамі, параўн.: Жоўтымі хвалямі ходзяць пад лёгкім ветрам жыта і авёс, зялёна-блакітнымі — лён (В. Вольскі) — Жоўтымі хвалямі ходзяць пад лёгкім ветрам жыта і авёс, а зялёна-блакітнымі — лён; Спёкай напоўнены конаўкі, мёдам дрымотным — збаны (А. Вялюгін) — Спёкай напоўнены конаўкі, а збаны — дрымотным мёдам.
У адрозненне ад злучнікавых сказаў бяззлучнікавыя больш інтаніраваныя, што надае ім выразную дынамічнасць і экспрэсіўнасць.
Другая частка супастаўляльных сказаў можа быць няпоўнай, калі ў ёй гаворыцца пра дзеянні, з'явы, вядомыя з першай часткі: У Базыля ў люльцы быў цыбук просты, у Каруся — крывы (Я. Колас); Аляксей нарадзіўся ў вёсцы, Мікола — у горадзе (Т. Хадкевіч); Марыць Дарота пабольшыць удой, Каця — аб новай пшаніцы сваёй (П. Броўка); Спераду былі пасажырскія вагоны, у канцы — таварныя (М. Лынькоў); Мужчына танцуе з мужчынам, жанчына — з жанчынай (Э. Самуйлёнак).
Непаўната другой часткі — сведчанне цеснай узаемасувязі частак супастаўляльных сказаў. Часткі могуць быць аб'яднаны агульным для іх даданым членам, што ўказвае на асабліва моцную сэнсавую і структурную сувязь іх: У гэтай мясцовасці нават гор ніякіх няма, шмат толькі лесу (К. Чорны); У яго прамове мала было агітацыі — больш сталых цвярозых разважанняў (М. Зарэцкі); Цяпер Аляксей не ўзлаваўся, ён засмяяўся і моцна пацалаваў жонку (І. Шамякін).
Супастаўляльныя сказы вельмі часта ўжываюцца ў прымаўках, афарызмах. Сказы з няпоўнай другой часткай нярэдка сустракаюцца ў размоўным стылі.
Супрацьпастаўленне грунтуецца на неадпаведнасці, несумяшчальнасці дзеянняў, з'яў, на адмаўленні аднаго і сцвярджэнні другога.
Семантычныя адрозненні супастаўляльнай і супрацьпастаўляльнай разнавіднасцей аднаго супастаўляльна-супрацьпастаўляльнага тыпу бяззлучнікавых сказаў суправаджаюцца не толькі адрозненнямі ў канструктыўным афармленні прэдыкатыўных частак, але і магчымасцю іх перастановак. Паралелізм структурных схем частак супастаўляльнай разнавіднасці ў большасці выпадкаў дапускае перастаноўку прэдыкатыўных частак без змены семантыкі сказа. У адносінах супрацьпастаўлення галоўную ролю адыгрывае адмаўленне ці абмежаванне дзеяння прэпазіцыйнай часткі. Гэта і вызначае цвёрда ўстаноўлены парадак размяшчэння прэдыкатыўных частак: адмаўленне ці абмежаванне магчымага дзеяння заключаецца ў другой частцы.
У першай частцы такіх сказаў, як правіла, ёсць адмоўе: То не траўка-павіліха расплятаецца, — наша верная каханніца канчаецца (М. Багдановіч); То не гул завірухі мяцежнай і не рокаты ўпартага мора, — гэта Нёман разліўся бязмежны на грудзях Беларусі прасторнай (П. Трус); Не крылаты ўзмах птушыны, гэта парус у небе сінім! (М. Танк); То не струны звіняць галасістыя — зашумела жытцо каласістае (М. Машара); Не каліна над вадою пахіліла голле, — плача маці сярод поля, праклінае долю (П. Трус).
Бяззлучнікавыя сказы са значэннем паяснення
§ 245. З улікам семантыка-сінтаксічных і структурных уласцівасцей сказы гэтага тыпу раздзяляюцца на 4 разнавіднасці: 1) сказы са значэннем семантычнага разгортвання; 2) сказы са значэннем удакладнення; 3) сказы з каменціруючай часткай; 4) сказы з дапаўняючым кампанентам.
Сказы са значэннем семантычнага разгортвання
§ 246. Спецыфіка такіх сказаў — у своеасаблівай узаемасувязі лексічнага элемента першай часткі з усёй другой часткай. Паясняльная функцыя другой часткі заключаецца ў разгортванні зместу выказніка першай часткі, які выражаецца такім словам, лексічная прырода якога нацэльвае на раскрыццё думкі, пачуцця, на называнне таго, што ўспрымаецца.
Такія сказы заўсёды двухчленныя. У залежнасці ад будовы першай часткі і інтанацыі складанага сказа сказы са значэннем семантычнага разгортвання дзеляцца на тры групы,
1. У першай частцы бяззлучнікавых сказаў гэтай групы ёсць слова, лексічнае значэнне якога патрабуе пасля сябе аб’екта; другая частка выражае гэты аб’ект і такім чынам як бы замяшчае незамешчаную пазіцыю пры пэўным слове першай часткі: Я па ўсіх прыкметах бачу — будзе сёлета багаты ўраджай (П. Панчанка); Мы ведалі — упэўненасць і ўпартасць для барацьбы патрэбны на зямлі (П. Прыходзька); Вер, брат, жыццё залатое будзе ў нашай старане (Я. Колас); Мы знаем: у нашай краіне няма непрыгожай зямлі (П. Панчанка); Кажуць жа: і лапця не спляцеш не ўмеючы (Я. Скрыган); Добра кажуць мудрыя старыя: закаханы і вар’ят — адно і тое ж (С. Дзяргай); Той як бы падкрэсліваў: камандзір поезда — я (М. Ракітны); Давай умовімся, Максім: будзем гаварыць адно аднаму толькі праўду (М. Лужанін).
Такія сказы вымаўляюцца з паніжэннем голасу і значнай паўзай у канцы першай часткі: Крамарэвіч бачыў: гэты хлапчук быў ужо яму блізкі і родны (К. Чорны); Хочаш крыўдуй, хочаш не, шчыра табе скажу: нават пасля гэтай нашай гаворкі я зрабіў бы так, як тады (А. Макаёнак); Тут жа, праўда, Глушак адзначыў сабе: у тым, як казаў Зайчык, чулася не так жаданне памагчы яму, як боль за сваю няўдачу (І. Мележ).
Першая частка такіх сказаў граматычна і лексічна не завершана, без другой часткі яна не можа з’яўляцца сродкам зносін; састаўныя часткі такіх сказаў цесна звязаны паміж сабой, і толькі іх адзінства стварае камунікатыўную адзінку.
Бяззлучнікавыя складаныя сказы гэтай групы сінанімічныя складаназалежным сказам з даданымі дапаўняльнымі; параўн.: Я веру: шляхам маіх перамог са мною ідзе дарагі чалавек (П. Глебка) — Я веру, што шляхам маіх перамог са мною ідзе дарагі чалавек.
2. У другую групу ўваходзяць сказы, у першай частцы якіх няма слова, што непасрэдна выражае працэсы ўспрыняцця, але ёсць слова, якое ўказвае, што гэтыя працэсы адбываюцца (прыслухаўся, глянуў, прыблізіўся, падышоў, прыгледзеўся, аглянуўся і пад.). Такія дзеясловы са значэннем дзеяння, што суправаджае працэс успрыняцця, як бы бяруць на сябе ролю дзеясловаў са значэннем гэтага працэсу, так што можна гаварыць аб эліпсісе дзеясловаў успрыняцця: Ярашэвіч глянуў: у хлопца з вачэй капалі слёзы (І. Гурскі); Паглядзі — усюды патушылі агні (Ц. Гартны); Ты паслухай, Кацярына, весці добрыя нясуцца (П. Броўка); Прыгледзьцеся: новыя дні на вас пазіраюць у іскрах світання (Я. Колас); Зірні тады на гэту шыр: трасецца-ходзіць луг, як вір, бы той кацёл у час кіпення,— усё поўна руху і імкнення (Я. Колас); Зірнеш з акна: нібыта кветкі на сініх вербах снегіры (А. Вялюгін).
У другой частцы такіх сказаў заключана асноўная інфармацыя, якую выражае бяззлучнікавы складаны сказ: у ёй указваецца на тое, што ўспрымаецца ў выніку дзеяння, пра якое паведамляецца ў першай частцы.
Першая частка, як ужо адзначалася, уключае ў свой састаў толькі такія лексічныя элементы (у функцыі выказніка), якія абазначаюць спосаб успрыняцця ці дзеянне, што яго суправаджае. Такім чынам, ланцуг канструктыўных сувязей састаўных частак такіх бяззлучнікавых сказаў аказваецца як бы перарваным — у ім не хапае аднаго звяна (яно магло б быць узноўлена, напрыклад, у наступным выглядзе: увайшоў і ўбачыў, прыслухаўся і пачуў), аднак гэта адсутнасць кампенсуецца за кошт адпаведнай папераджальна-паясняльнай інтанацыі. Слова, што выражае як бы вынік папярэдняга дзеяння, падказваецца сітуацыяй.
Паколькі першая частка закончана граматычна і лексічна, сувязь паміж часткамі менш цесная, чым у папярэднім тыпе сказаў, адносіны набываюць характар далучальных. Перастаноўка кампанентаў у такіх сказах, як і ў сказах першай групы, або зусім немагчымая або звязана са зменаю семантычных адносін паміж часткамі.
Бяззлучнікавыя сказы такога тыпу могуць замяняцца складаназалежнымі сказамі з даданымі дапаўняльнымі, аднак для гэтага патрабуецца не толькі ўвядзенне ў іх другую частку злучніка што, але і ўвядзенне ў іх першую частку пры дапамозе злучніка і пэўнага дзеяслова ўспрыняцця. Напрыклад, сказ Праз туман разгледзеўся цяпер я: над палянай жоўкне поўны месяц (М. Лужанін) можна замяніць сказам Праз туман разгледзеўся я і ўбачыў, што над палянай жоўкне поўны месяц; сказ Азірнуўся дзядзька Марцін: нікога не відаць (Я. Колас) можна замяніць сказам Азірнуўся дзядзька Марцін і ўбачыў, што нікога не відаць.
3. Да сказаў са значэннем семантычнага разгортвання адносяцца і такія, у якіх другая частка мае значэнне суб’екта ў адносінах да першай. Структурнай асаблівасцю гэтых сказаў з’яўляецца тое, што іх першая частка — заўсёды безасабовы сказ: Думалася: вясна зараз прыйдзе (Я. Скрыган); Стала вядома: Ігната сапраўды прывезлі ў штаб (М. Лынькоў); Недзе далей чутно — сігнальная труба кліча паспешна і ўзбуджана-трывожна (К. Крапіва); А-а, ясна: гэта рашэнне прыйшло да яе толькі сёння і прытым зусім нечакана, як і звычайна (А. Васілёнак).
Суб’ектныя адносіны характарызуюцца тым, што другая частка бяззлучнікавага складанага сказа ўжываецца ў функцыі дзейніка пры выказніку першай часткі.
Сказы з незалежнай сінтаксічнай пазіцыяй у саставе адной часткі па характару адносін паміж часткамі і будове частак блізкія да складаназалежных сказаў з даданымі дапаўняльнымі і даданымі дзейнікавымі. Іх збліжае тое, што структурныя схемы і тых і другіх прадугледжваюць: а) наяўнасць у адной з частак (галоўнай у складаназалежным і семантычна аналагічнай ёй у бяззлучнікавым сказе) апорнага слова пэўнай семантыкі, з якім суадносіцца другая частка сказа; б) адсутнасць пры апорным слове пэўнай формы слова, г. зн. наяўнасць незамешчанай сінтаксічнай пазіцыі, параўн.: Было вядома: ён не прыйдзе — Было вядома, што ён не прыйдзе; Я сказаў: «Не шуміце» — Я сказаў, каб не шумелі.
Супастаўленне функцый складаназлучаных і бяззлучнікавых сказаў дазваляе лічыць, што пры лексемах, якія абазначаюць маўленне, пачуццё, думку, успрыняцце і інш., у сістэме складаных сказаў рэалізуюцца два тыпы адносін: у злучнікавых — тлумачальныя, у бяззлучнікавых — адносіны семантычнага разгортвання.
Колькасць лексем, здольных выступаць у ролі апорных слоў у тлумачальных сказах, і колькасць лексем, што могуць быць апорнымі словамі ў суадносных з імі бяззлучнікавых сказах, супадае не поўнасцю. Адрозненне паміж імі заключаецца ў наступным. Некаторыя словы, што функцыяніруюць як апорныя ў тлумачальных сказах, не могуць выступаць у саставе суадносных з імі бяззлучнікавых. Гэта — усе словы з ацэначным значэннем (важна, неабходна, добра і пад.); словы, якія выражаюць эмацыянальныя адносіны да чаго-небудзь (хвалявацца, шкадаваць, рады і пад.); словы, што абазначаюць жаданне як унутраны стан ці актыўную дзейнасць (хацець, любіць, марыць, імкнуцца); словы са значэннем сумнення ў верагоднасці (сумнявацца, неверагодна).
Сказы са значэннем удакладнення
§ 247. Першая частка такіх сказаў мае ў сваім саставе словы ці словазлучэнні, якія патрабуюць удакладнення, другая — фармулюе гэта ўдакладненне. Удакладняецца тое, што ў агульнай форме было названа ў першай частцы. Паводле наяўнасці ў першай частцы слоў, якія неабходна ўдакладніць, сказы гэтай разнавіднасці падзяляюцца на дзве групы.
1. Сказы са словамі ўказальнага значэння (указальныя займеннікі, прыслоўе так, лічэбнік адзін у значэнні займенніка): Дамовіліся так: тры дні вы можаце быць дома, падумайце (У. Дубоўка); Такая ўжо традыцыя ўсталявалася сярод пісьменнікаў: пісаць калі-нікалі пра самога сябе (К. Крапіва); Было абмеркавана адно пытанне: задачы камсамольцаў у барацьбе супроць фашысцкіх акупантаў (І. Шамякін); Браце! Адна ёсць дарога табе: шлях твой у працы і ў барацьбе заўжды з народам у згодзе (Я. Колас); З ісцін вялікіх і ісцін жыццёвых выснаваў, вынасіў толькі адну: той, хто за веру памерці гатовы, той не прыгрэе змяёю ману (А. Бачыла); Ён запомніў гэты момант: вецер трапаў распушчаныя матчыны валасы (К. Чорны); Натура ўжо ў Сёмкі такая: на месцы не ўседзіць хвіліны (Я. Колас); Строй таполяў разложных выглядаў так панадна: кожны лісцік на кожнай галінцы быў апісан дакладна (М. Лужанін); Адно бухгалтарскія сведчаць нам праводкі — на вецер кінуты, і немалыя, сродкі (Э. Валасевіч); Здарылася яшчэ адна бяда: тройку лепшых коней укралі ў адну ноч (З. Бядуля); Адно для Сцёпкі было ясна: цяпер ён за парогам бацькавай хаты (Я. Колас).
2. Сказы са словамі шырокага, неканкрэтнага значэння ў першай частцы, якія патрабуюць свайго раскрыцця, напаўнення канкрэтным зместам у другой: Усё навокал было знаёмае і звычайнае: даверліва шапацелі грушы, дрымотна чарнелі на могілках купы вербаў і акацый, шарэў ледзь відна ў цемры туман на балоце (І. Мележ); Часамі на яго находзіла своеасаблівая бесклапотнасць: пра яе не трэба клапаціцца, яна вырасце сама сабой, так ідзе ўсё на свеце (К. Чорны); І азіміна, і яравое раслі на вачах, і разам з азімінай, з яравымі раслі ў асцярожных, звыклых да ўсяго сэрцах куранёўцаў надзеі на лета: малілі бога, каб толькі і далей памог пагодаю (І. Мележ); Хай толькі на стале б было, што змалку люба: быў мёд, ды жытні хлеб, ды з малаком быў кубак (А. Зарыцкі); Глыбокі сэнс старых і новых слоў: «Ты ёсць зямля, у зямлю ты пойдзеш зноў» (У. Дубоўка); Жыццё закон нязломны мае: ніколі праўда не ўмірае (У. Дубоўка); Чутка ёсць — зямлі дадуць (Я. Колас); Між тым у народзе здаўна жыло паданне — палеская зямля хавае пад сваімі пяскамі, балотамі і сенажацямі незлічоныя цудоўныя скарбы (В. Вольскі).
Адносіны паміж словам, якое ўдакладняецца, і другой часткай характарызуюцца як адносіны агульнага і прыватнага.
Наяўнасць удакладняючай сувязі лёгка праверыць падстаноўкай злучніка а іменна: Радасна віталі новы дзень птушкі: звінелі ў вышыні жаваранкі, мітусіліся каля шпакоўніц у садах і над стрэхамі шпакі і няспынна лёталі то высока ў небе, то над самай зямлёй імклівыя ластаўкі (І. Шамякін); Навокал рассцілалася поле, яшчэ даволі стракатае: за жаўтлявым спелым жытам зелянела бульба, з другога боку сінеў лубін (І. Шамякін); Вас Ленін вялікі да працы заклікаў і даў запавет: змагацца за волю, за новую долю, за новы наш свет (Я. Колас); Два разы ў месяц ёсць у яго праца: атрымаць што трэба, потым распісацца (К. Крапіва); Збылася мара паэта: беларусы сталі людзьмі звацца (К. Чорны); Загад: выступаць зараз жа (М. Лынькоў).
Сказы такога тыпу звычайна не дапускаюць пазіцыйных змен іх частак. Змена ж парадку размяшчэння структурных частак, магчымая для некаторых сказаў гэтага тыпу, змяняе і сінтаксічныя адносіны паміж імі, тым самым утвараючы іншы тып сказа, напрыклад: Толькі і знаку ад начнога дажджу: вясёлыя канаўкі пад стрэхамі ды лужыны сярод вуліцы (І. Мележ). Змяніўшы парадак размяшчэння частак, атрымаем другі тып сказа. Так, у першым (аўтарскім) варыянце выражаны адносіны ўдакладнення, а пры перастаноўцы частак сказ будзе выражаць далучальныя адносіны: Вясёлыя канаўкі пад стрэхамі ды лужыны сярод вуліцы — толькі і знаку ад начнога дажджу.
Калі другая частка семантычна ўдакладняе якое-небудзь слова ці словазлучэнне першай часткі, то яна аказваецца структурна неабходнай; сувязь паміж часткамі ў такіх выпадках вельмі цесная.
Сказы паясняльнага тыпу, паміж якімі сувязь удакладняльная, характарызуюцца папераджальнай інтанацыяй: паміж першай і другой часткамі працяглая паўза, на лагічны цэнтр другой часткі падае моцны націск, яна вымаўляецца запаволеным тэмпам, афармляецца паведамляльнай ці пытальнай інтанацыйнай крывой: Парэчча — слаўная мясціна, куток прыгожы і вясёлы: як мора, лес, як неба, долы, зіхціць у кветках лугавіна... (Я. Колас); Быў цікавы дзень без меры: сонца, яснасць, цеплыня (Я. Колас); Вясна праходзіла звычайна: на берагі глухіх нізін сачыліся з узгоркаў тайна крывыя вены ручаін (П. Глебка); А завіруха ўсё мацнела: страшэнна выў у коміне вецер, званчэй дрыжала шыба і больш настойліва шкрабла галінка вярбы (І. Шамякін).
Сказы з каменціруючай часткай
§ 248. У складзе першага кампанента такіх сказаў няма лексічных элементаў агульнай ці ўказальнай семантыкі, якія ўводзілі б наступную частку. Мэта другога кампанента — зрабіць паведамленне больш зразумелым. Постпазіцыйная частка ўключае ў свой састаў указальны займеннік гэта (то) ці прыслоўе так, якія не столькі суадносяць другую частку з першай, колькі ўказваюць на тое, што яе неабходна каменціраваць: Агнявыя валаконцы ткуцца ў шоўк чырвоны — гэта хмаркі ладзяць сонцу і дзяньку кароны (Я. Колас); Чуўся вясёлы гоман — гэта разыходзіліся з клуба студэнты (І. Гурскі); Чутна рэха ў бары — то іграе баян (А. Куляшоў); Зрэдку ў небе дзесь далёка над лесам тым у момант вока мігнецца стужка агнявая — то знічка згасне залатая (Я. Колас); Пахаваліся ўсе госці у куточкі: так спынілася вяселле сярод ночкі (М. Багдановіч); К партызанам пацягнуліся жанчыны і падросткі: гэта насельніцтва папярэджвала атрад аб небяспецы (К. Чорны); Вецер носіць лёгкія сняжынкі, гэта восень ходзіць белай павай... (А. Звонак); Загараюцца зоры-агні новых фабрык, заводаў, палацаў, — гэта крочыць па нашай зямлі пяцігодкаю новая праца (М. Машара).
Важны структурны паказчык сказаў з паясняльнымі адносінамі — парадак размяшчэння частак: у прэпазіцыі стаіць той кампанент, які паясняецца, у постпазіцыі — той, які паясняе. Значную ролю ў арганізацыі структурнай схемы большасці сказаў адыгрываюць лексічныя элементы: у сказах са значэннем семантычнага разгортвання — дзеясловы адпаведнай семантыкі (у першай частцы); у сказах з удакладняючай часткай — займеннікі, займеннікі-прыслоўі, назоўнікі, прыметнікі (у першай частцы); у сказах з каменціруючай часткай — указальныя і асабовыя займеннікі і займеннікавыя прыслоўі (у другой частцы).
