Артефакт.lib.ru
Сайт Андрея Пискунова Хостинг Lib.Ru

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел

Складаназалежныя сказы

§§ 231–239

Складаназалежныя сказы

Агульная характарыстыка

§ 231. Складаназалежнымі называюцца складаныя сказы, у якіх часткі — галоўная і даданая — звязаны падпарадкавальнай сувяззю. Галоўная частка складаназалежнага сказа сінтаксічна незалежная, а даданая знаходзіцца ў сінтаксічнай залежнасці ад галоўнай і далучаецца да яе пры дапамозе злучнікаў і злучальных слоў: Мы пад'язджаем да цэнтра былога Тураўскага княства, якое ў свой час супернічала з княствамі Кіеўскім і Полацкім (Б. Сачанка); Так павялося, што ў наш агародчык прылятаюць частавацца шпакі (М. Лужанін); Людзі, лёс якіх залежаў у нейкай ступені ад Лынькова, успамінаюць Міхася Ціханавіча добрым словам (Я. Брыль).

Даданая частка складаназалежнага сказа можа адносіцца да слова — назоўніка (або іншай часціны мовы са значэннем назоўніка), дзеяслова — і выступае як разгорнуты даданы член сказа: З хаты пачынаецца кут, што людзям люб (А. Куляшоў); Цяпер людзі асцярожныя і не чакаюць, пакуль іх схопяць ці ўдараць (І. Шамякін); Юрка хоча тады крыкнуць самому Завішнюку, запытацца, дзе яны абыходзілі тое месца (І. Пташнікаў). У такім выпадку падпарадкавальная сувязь паміж галоўнай і даданай часткамі мае падабенства да сувязі паміж галоўным і даданым членамі сказа, даданая частка можа быць заменена даданым членам сказа. Так, у сказе Мартын чакае, покі дзед выкажацца да канца (Я. Колас) даданая частка можа трансфармавацца ў даданы член сказа (Мартын чакае канца дзедавай гаворкі).

Даволі часта даданая частка складаназалежнага сказа залежыць ад пэўнага слова галоўнай часткі не непасрэдна, а праз указальнае (адноснае) слова, якое ў галоўнай частцы выконвае тую самую сінтаксічную функцыю, што мае даданая частка. У гэтым выпадку даданая частка раскрывае змест у значнай ступені асемантызаванага ўказальнага слова, а ўказальнае слова служыць для сувязі галоўнай і даданай частак і абумоўлівае характар адносін паміж імі: Не было таго дня, каб у маладога паэта не нарадзілася новай задумы, не з'явілася новага верша (С. Александровіч); Вось зноў тая канава, дзе мы пакінулі сваіх параненых (А. Адамовіч); Але вандроўнае шчасце тым і цікавае, што яно поўнае самых розных здарэнняў і нечаканасцей (К. Кірэенка).

Даданая частка можа таксама адносіцца да прэдыкатыўнага словазлучэння ў галоўнай частцы або да ўсёй галоўнай часткі: А колькі па землях тваіх прайшло вялікіх і малых войнаў, нават на людской памяці, калі крамсалі і рвалі цела тваё на кавалкі (Я. Скрыган); Каб гаварыць з зямлёй, я вучыўся ў касы і плуга... (М. Танк); Як пайшоў пасля Юр'я спорны веснавы дождж, дык пасля амаль усё лета не ўпала з неба ні кропелькі (С. Александровіч).

Даданая частка складаназалежнага сказа можа падпарадкоўвацца не толькі галоўнай, але і другой даданай частцы гэтага сказа: У сэрцы кожнага беларуса ніколі не згасне памяць сэрца пра горкі і вялікі вопыт мінулай, самай небяспечнай і самай цяжкай вайны, якая яшчэ раз дала нам урок таго, што братэрства народаў, саюз народаў не толькі высакародна прывабныя, але жыццёва неабходныя (І. Мележ); Я прыглядаўся да горада і з нейкай радасцю адзначаў сабе, што ён не такі, які здаваўся мне, калі я ўбачыў яго ўпершыню (М. Стральцоў); Творы Янкі Купалы абуджаюць светлае жаданне ўбачыць увачавідкі тыя мясціны, што ўзгадавалі яго, тыя сцежкі, па якіх хадзіў вялікі пясняр, выкрасаючы з сэрца асветленыя магутным розумам радкі, што ўвабралі ў сябе гэтак шмат народных дум, людской журбы, радасных спадзяванняў і здзяйсненняў (У. Юрэвіч).

Слова (у тым ліку ўказальнае), прэдыкатыўнае словазлучэнне ў галоўнай частцы (ці ў даданай, ад якой залежыць другая даданая частка) з'яўляюцца апорным элементам, які абумоўлівае адносіны паміж галоўнай і даданай часткамі. У залежнасці ад апорнага элемента галоўнай часткі складаназалежныя сказы можна падзяліць на тры тыпы.

1. Сказы з апорным элементам галоўнай часткі — указальным займеннікам ці займеннікавым прыслоўем: А чалавек той, хто змагаецца за роўнае права на шчасце для ўсіх людзей (У. Караткевіч); Па тым, як, хліпнуўшы, знік цьмяны водсвет на чорнай бэльцы істопкі, яна [Сцепаніда] зразумела, што ўрэшце там выключылі святло (В. Быкаў); Пясок за дзень так награваўся, што, здавалася, ступаеш у прысак (С. Александровіч). Да гэтага тыпу адносяцца і сказы з апорным элементам — прыслоўем, якое мае поўнае лексічнае значэнне: Захіляла яе [крыніцу] алешнікам, травою густа, што нават і ў самую гарачыню цяжка было дастаць яе сонцу (А. Жук); На захадзе, куды бясконцым патокам рухаліся вайсковыя часці, чулася артылерыйская кананада (І. Мележ); У хаце было ціха: дзеці са школы яшчэ не вярнуліся, Ганна з Бярозава прыйдзе толькі вечарам, калі добра сцямнее (В. Гігевіч).

2. Сказы з апорным элементам галоўнай часткі — назоўнікам (ці часцінай мовы, што ўжываецца са значэннем назоўніка), дзеясловам: Не было ў жыцці выпадку, каб Сяргей Аляксандравіч куды-небудзь спазніўся... (М. Лобан); Чаму захацелася завярнуць на млын, Ігнат і сам не ведаў, але завярнуў недарма (А. Жук); Фурман адчуў, які настрой у Багушэвіча, і пачаў падганяць каня хутчэй (В. Хомчанка).

3. Сказы з апорным элементам галоўнай часткі — прэдыкатыўным словазлучэннем, ядром якога з'яўляецца выказнік, развіты акалічнасцю: Усёй станцыі толькі і было, што драўляны дом на высокім, у пояс чалавека, каменным падмурку па адзін бок пуцей, і вадакачка з чырвонай цэглы — па другі (А. Кудравец); Цяпер ужо за грэх не лічылася, калі хто заступаўся ў сварцы за сваю жонку (В. Гігевіч); Дзіка назіраць, як карнікі стараюцца ўратавацца ад балота, як кідаюцца, цягнуцца да чэзлых дрэўцаў і купін, хаваюцца адзін за аднаго, за партызанаў, нават за Пераходаў, нібы не разумеючы, што ўжо мерцвякі (А. Адамовіч). У некаторых сказах гэтага тыпу даданая частка можа адносіцца не да прэдыкатыўнага словазлучэння, а да дзеяслова-выказніка: Вясеннім днём брыгада працавала, пакуль вячэрняю імглой на нівы ноч не спала (М. Танк); Алеся наліла два куфлі, паставіла, каб піва адстаялася (П. Пестрак).

Сказы з апорным элементам — словам (указальным словам, прыслоўем, назоўнікам, дзеясловам) называюцца сказамі нерасчлянёнай структуры; сказы, у якіх функцыю апорнага элемента выконвае прэдыкатыўнае словазлучэнне, — сказамі з расчлянёнай структурай.

Даданая частка як моўная адзінка існуе толькі ў структуры складаназалежнага сказа і мае пэўнае граматычнае значэнне, якое абумоўліваецца наяўнасцю пэўных злучнікаў (злучальных слоў). У залежнасці ад граматычнага значэння вылучаюцца наступныя даданыя часткі складаназалежнага сказа:

1) даданыя часткі з агульным значэннем прадметнасці. Яны далучаюцца да галоўнай часткі пры дапамозе злучнікаў (злучальных слоў) хто, што ў назоўным і ва ўскосных склонах: Праўду сказаць, я і сам бачыў, што вершы ў мяне выходзяць нейкія не свае, нават мне самому чужыя (Я. Скрыган); ...тады Наронскі пакрысе супакойваўся, доўга, забыўшыся пра тое, што ім трэба чытаць нарад, расказваў, як вараць шкло і як з яго дзьмуць посуд (А. Жук); Сапраўднаму рыбаку не трэба тое, што даецца ў рукі само (К. Кірэенка);

2) даданыя часткі са значэннем азначальнасці. Да галоўных яны далучаюцца пры дапамозе злучальных слоў які, каторы, чый у назоўным і ўскосных склонах: За сталом былі мужчыны і стары між імі, у каторага маршчыны леглі пад вачыма (Я. Колас); Не абняць і не змераць пачуццяў савецкіх людзей, чыя непарушная вера да мэты нязменна вядзе (П. Глебка); Віця прынёс з сабой двух ляшчоў такіх, якіх Сцяпан памятаў толькі з дзяцінства, як малы яшчэ быў (А. Жук); Потым да таго двара, з якога чуўся крык, па адным сходзіліся ціхія жыціўцы (В. Гігевіч);

3) даданыя часткі са значэннем часу. Далучаюцца пры дапамозе злучнікаў і злучальных слоў калі, як, пакуль, аж (ажно) пакуль, ледзь, ледзь толькі і інш.: З таго часу, як прыехаў новы жыхар у сёмы пакой, Зіне стала жыць цікавей (А. Карпюк); Даседзімся, пакуль усю [зямлю] параздаюць, а мы, каторыя за яе кроў пралівалі, астанемся з дуляй пад носам (К. Губарэвіч); І цяпер ён у такім настроі прайшоў вялікую адлегласць, пакуль не пачало шарэць неба (К. Чорны); Так ён болей і не заснуў, аж пакуль не прыехалі ў Ратміравічы (С. Грахоўскі); Якой першай рабоце вучылі, бывала, вясковую дзяўчыну, ледзь паспее яна вылезці з пялёнак? Прасці кудзелю, сукаць цэўкі (В. Палтаран);

4) даданыя часткі са значэннем месца. Яны далучаюцца пры дапамозе злучнікаў і злучальных слоў дзе, куды, адкуль: Там, дзе дрыжала празрыстае неба, чарнелі хмары, гусцелі і сунуліся на вёску (І. Пташнікаў); Туды, адкуль толькі што вярнуліся разведчыкі, Лагуновіч накіраваў групу танкаў (І. Мележ); Там, дзе былі калісьці топкія месцы, трава была добрая, а на мурожных грудах чарнеў пасохлы дзяцельнік і малачайнік (С. Александровіч);

5) даданыя часткі са значэннем умовы. Да галоўнай часткі яны далучаюцца пры дапамозе злучнікаў калі, каб, як: Калі б добра ўсім падумаць, то не варта было б перацягваць млын у Клубчу (А. Жук); Звычайна калі да нас хто прыходзіў, то гэта была навіна, і я скарэй бег у хату (Я. Скрыган); Каб знайшліся смелыя хлопцы, то маіх гасцей можна жывымі і цёпленькімі затурыць у лес (І. Новікаў). Даданыя часткі ўмовы могуць далучацца і пры дапамозе злучніка раз: Раз на тое пайшло, то я магу пра ўсё расказаць (І. Пташнікаў);

6) даданыя часткі са значэннем прычыны і падставы. Яны далучаюцца пры дапамозе злучнікаў бо, таму што, ад таго што, з-за таго што, дзеля (для) таго што: Далей нейкі час ішлі моўчкі, бо Кобцаў, зразумеўшы, што закрануў у гаворцы для Багушэвіча балючае, таксама замаўчаў (В. Хомчанка); Гэта нядоўгія, хуткія хвіліны..., таму што надыдзе міг, калі скончыцца і гэтая пагоня па спружыністай тарфяной зямлі, і гэтае пачуццё (В. Быкаў); Дзеля таго, што на дварэ холадна, дзеці гуляюць у хаце (Б. Мікуліч);

7) даданыя часткі са значэннем мэты. Да галоўных далучаюцца пры дапамозе злучніка каб: Тут у бой ішоў з пагардай да смерці, каб ратаваць мой край (П. Панчанка); Каб трошкі свабадней было, райкомаўскі дом метраў за дваццаць ад вуліцы адступіўся (М. Лобан); Толькі Пятрок павярнуўся, каб адысціся ад калодзежа, як згледзеў карову... (В. Быкаў);

8) даданыя часткі са значэннем спосабу дзеяння. Далучаюцца пры дапамозе злучнікаў як, што, каб: Зруб зледзянеў так, што засталася толькі маленькая, як прайсці вядру, проламка (А. Кудравец); Лепш рабіць усё так, каб ніхто не бачыў (К. Чорны); Яна старалася трымацца так, як бы нічога не было (П. Броўка);

9) даданыя часткі са значэннем меры і ступені. Яны далучаюцца пры дапамозе злучальных слоў колькі, наколькі, што, злучальнай канструкцыі па меры таго як: Мартын удзеліць ёй столькі ўвагі, колькі патрабуюць дачыненні чалавека да чалавека (Я. Колас); Яна столькі разоў, мусіць, бегала сюды плакаць, што лічыла палянку сваёй таямніцай (А. Адамовіч). Ролю злучнікаў у сказах з даданай часткай меры і ступені можа выконваць часціца ажно (аж): Мароз так цісне, ажно дух займае (З. Бядуля);

10) даданыя часткі са значэннем параўнання. Да галоўных яны далучаюцца пры дапамозе злучнікаў як, быццам, як быццам, нібы: Але яны нават не зірнулі на яго, быццам ён быў нейкае дрэва, а не гаспадар хутара (В. Быкаў); Вузкае і доўгае, як амаль усе азёры поўначы, яно цягнулася на паўночны захад так далёка, што супрацьлеглы бераг яго вырысоўваўся толькі ў ясныя раніцы (І. Шамякін); Глядзелі з вокнаў аганькі мне ўслед з трывогай шчыра, нібы ў далёкі і цяжкі я падымаўся вырай (А. Куляшоў);

11) даданыя часткі са значэннем выніку. Да галоўных частак яны далучаюцца пры дапамозе злучнікаў дык, тады, так што, часціц то, аж, ажно: Учора прайшоў добры дождж, дык за ноч, відаць, грыбоў нарасло (З. Бядуля); Мы ехалі паўз Дзве Хаты, то там іх ужо не дзве, а чатыры (К. Чорны); Глядзіць, аж Богут у бравэрцы выходзіць з дому ў свой абход (Я. Колас);

12) даданыя часткі са значэннем дапушчальнасці (уступальныя). Яны далучаюцца пры дапамозе злучнікаў хоць, хай, злучальнымі канструкцыямі што ні, як ні, куды ні і пад.: Хоць малы яшчэ гадамі, а працуе ён адменна (П. Броўка); Ароўская многае што з вясковага жыцця не любіла, хоць і вырасла сама ў вёсцы (В. Гігевіч); Праўда, як яна ні ўдумвалася, усё не магла ўразумець нялюдскі сэнс іх учынкаў ды іхніх намераў, хоць увогуле намеры гэтыя былі спрэс ёй варожыя... (В. Быкаў); Аб чым бы яны ні гаварылі, гэтае нямое пытанне не згасала ў яе вачах (І. Новікаў).

Віды адносін паміж галоўнай і даданай часткамі складаназалежнага сказа

§ 232. Адносіны паміж галоўнай і даданай часткамі складаназалежнага сказа абумоўліваюцца зместам галоўнай часткі, перш за ўсё тым, які член галоўнай часткі паясняецца і якімі моўнымі сродкамі ажыццяўляецца гэта паясненне. У залежнасці ад гэтага паміж галоўнай і даданай часткамі існуюць наступныя віды адносін: суб'ектныя, прэдыкатыўныя, аб'ектныя, атрыбутыўныя, акалічнасныя (часавыя, прасторавыя, прычынныя, мэтавыя, умоўныя і інш.). Так, у сказах з суб'ектнымі адносінамі даданая частка раскрывае змест дзейніка галоўнай часткі, выражанага часцей за ўсё ўказальным займеннікам, з прэдыкатыўнымі — змест выказніка, у сказах з аб'ектнымі адносінамі даданая частка з'яўляецца разгорнутым дапаўненнем пры дзеяслове — выказніку галоўнай часткі і г. д. У залежнасці ад адносін паміж галоўнай і даданай часткамі даданыя часткі з розным граматычным значэннем выконваюць пэўныя функцыі. Функцыя даданай часткі не заўсёды супадае з яе граматычным значэннем. Так, у сказе Сцяпан сам не заўважыў, як неўпрыкмет выйшаў на вуліцу і паволі пайшоў да старое ліпы... (А. Жук) даданая частка з граматычным значэннем спосабу дзеяння адносіцца да дзеяслова-выказніка галоўнай часткі і выконвае аб'ектную функцыю. У тых выпадках, калі граматычнае значэнне даданай часткі не супадае з яе функцыяй, на адносіны, якія ўстанаўліваюцца паміж галоўнай і даданай часткамі, накладваецца дадатковае адценне (напрыклад, на аб'ектныя адносіны можа накладвацца дадаткова адценне значэння месца, часу, прычыны і г. д.).

Класіфікацыя складаназалежных сказаў у залежнасці ад адносін паміж галоўнай і даданай часткамі

Сказы нерасчлянёнай структуры
Сказы з апорным элементам — указальным (адносным) словам

§ 233. Асемантызаванае ўказальнае (адноснае) слова ў сказах гэтага тыпу выконвае сінтаксічную функцыю — служыць для сувязі галоўнай і даданай частак, абумоўлівае характар адносін паміж імі, дае магчымасць даданым часткам з розным граматычным значэннем выконваць аднолькавую сінтаксічную функцыю. Сувязь паміж указальным словам і даданай часткай кваліфікуецца як анафарычная і часта нагадвае сувязь паміж прыслоўямі, адно з якіх з'яўляецца ўдакладняючым. Указальнае слова дае магчымасць пазбегнуць сінтаксічнай мнагазначнасці, якая ўзнікае ў сказах расчлянёнай структуры. Толькі наяўнасць указальнага слова дае магчымасць устанавіць у складаназалежным сказе суб'ектныя і прэдыкатыўныя адносіны.

У складаназалежных сказах з суб'ектнымі адносінамі даданая частка лексічна раскрывае граматычны суб'ект — дзейнік у галоўнай частцы, выражаны ўказальнымі словамі — займеннікамі той, кожны, усе (усё). Даданая частка ў такіх сказах далучаецца пры дапамозе злучальных слоў хто, што: І тое, што падумаюць пра яе жыціўцы, цяпер не хвалявала яе (В. Гігевіч); Той, хто дружбы шукае, — у нас знойдзе яе (М. Танк); Усе, хто быў на лузе, хаваліся ад дажджу (Я. Колас); Той, хто хоць адзін разочак пазнаўся сам-насам з жыццём летніх баравых закуткаў, згодзіцца з думкай аб іх зусім адметным, непаўторным харастве (К. Кірэенка).

У сказах з прэдыкатыўнымі адносінамі ў галоўных частках ужываюцца ўказальныя словы той, тая, такі, такая, такое, гэтакі, усё, яны выконваюць функцыю выказніка, да якога адносіцца даданая частка: Увесь выгляд быў такі, быццам ён прыбег аднекуль (К. Чорны); Мароз такі, што скоўвае дыханне (А. Звонак); А чалавек той, хто змагаецца за роўнае права на шчасце ўсіх людзей (У. Караткевіч).

У некаторых сказах з прэдыкатыўнымі адносінамі, калі функцыю галоўнай часткі выконвае прыметнік у форме найвышэйшай ступені параўнання, указальнае слова не ўжываецца: Самае горшае, калі яны дзе пралезлі за ноч праз абарону і зайшлі ў спіну... (І. Пташнікаў); Самае непрыемнае ў гэтым — што трэба было рана ўставаць, а на досвітку так хацелася спаць... (Я. Скрыган).

У складаназалежных сказах з аб'ектнымі адносінамі ролю ўказальнага слова выконвае займеннік той у назоўным і ва ўскосных склонах: І яшчэ падумаў Ігнат пра тое, як усё не па парадку ідзе ў гэтым жыцці (А. Кудравец); І можа, зараз [немцы] думаюць пра тое, каб ад нас адарвацца, пайсці, пра тое, як ім сарвацца з гэтага заклятага круга... (А. Адамовіч); Папросіш, і яна пачне спяваць. З усёй дзіцячай шчырасцю, і голасна, як птушка, якой гэта трэба, як быццам і не звяртаючы ўвагі на тое, слухаюць яе ці не (Я. Брыль).

Аб'ектныя адносіны ўстанаўліваюцца ў сказах з даданымі часткамі, якія маюць граматычнае значэнне прадметнасці, азначальнасці, часу, месца, умовы, прычыны і інш., таму для сувязі галоўнай і даданай частак ужываюцца злучнікі і злучальныя словы, уласцівыя сказам з такімі граматычнымі значэннямі (што, які, калі, дзе, куды, як, каб, быццам і інш.).

У складаназалежных сказах з атрыбутыўнымі адносінамі ў галоўнай частцы ўжываюцца ўказальныя словы той, такі ў назоўным і ва ўскосных склонах. Звязваючы даданыя часткі з назоўнікам, ад якога фактычна залежаць даданыя азначальныя часткі і часткі з іншым граматычным значэннем, яны (указальныя словы) могуць стаяць як перад, так і пасля назоўніка, да якога адносяцца: Але не маюць шляхі і рэкі зайздроснай памяці той, што можа аднойчы пройдзенае навекі вярнуць з далёкага падарожжа (А. Куляшоў); У тыя дні, калі я сам даўно ўжо не дзіця, аднак мне яшчэ вельмі далёка было да шчасця бацькоўства, любіў я сябраваць з суседскімі малымі (Я. Брыль); Дзербаі стаяць за хутарам, якраз у тым кірунку, куды думаў весці свой атрад Лемжа і дзе былі ў яго знаёмыя людзі (В. Хомчанка); Тады Ляксей паглядзеў на Жыціва, на тое Жыціва, дзе нарадзіўся і вырас і адкуль пайшоў на фронт (В. Гігевіч).

Атрыбутыўную функцыю могуць выконваць даданыя часткі з разнастайным граматычным значэннем, таму яны далучаюцца да галоўнай злучнікамі і злучальнымі словамі які, што, калі, дзе, куды, як і інш.

У галоўнай частцы складаназалежных сказаў з часавымі адносінамі ролю ўказальнага (адноснага) слова выконваюць прыслоўі цяпер, тады: ... цяпер ёй чамусьці захацелася схадзіць на могілкі іменна тады, як там будзе многа людзей (В. Гігевіч); Тады я быў дзецюком, калі да старэйшага брата зноў прычапілася рожа... (Я. Брыль).

Фактычна ўказальную ролю выконваюць словы перш, перад тым, пасля таго, да таго, у той час у наступных сказах з часавымі адносінамі: Перш чым даручыць Іванову што-небудзь сур'ёзнае, трэба было яшчэ раз праверыць, пагаварыць з ім асабіста (І. Новікаў); Перад тым, як ісці на камбінат, я пагутарыў з начальнікам цэха (Маладосць, 1984); Яшчэ да таго як бразнула клямка ў хату, ведаў: Міканор ідзе (І. Мележ); Яшчэ ў той час, калі Струмічка быў маладым інжынерам, трапіў ён на першую сусветную вайну (М. Лынькоў); Пасля таго як навёў парадак дома, Сцяпан пайшоў на возера — кожнага дня сядзеў там з вудамі (А. Жук).

У складаназалежных сказах з прасторавымі адносінамі ўжываюцца ўказальныя словы там, туды: Там, дзе паблізу чутны ў людской гаворцы гарады Нясвіж і Слуцк, незадоўга да першай імперыялістычнай вайны пачаў бяднець у сваім маёнтку пан Гальвас (К. Чорны); Некалькі коннікаў галопам прымчалі туды, адкуль нядаўна чуліся стрэлы (М. Лынькоў); На трапяткіх бялюткіх крылах ляцяць удаль мае гады туды, дзе край маленства мілы, дзе красавік мой малады (В. Вярба); Дзе прайшло маленства, там пачынаецца радзіма (К. Чорны).

У некаторых складаназалежных сказах з прасторавымі адносінамі даданая частка можа адносіцца не толькі да ўказальнага слова, але і да акалічнасці ў галоўнай частцы, выражанай часцей за ўсё назоўнікам. У такіх сказах акалічнасць і даданая частка ўтвараюць рад удакладняючых акалічнасцей: Там, за сцяною істопкі, дзе быў невялічкі садок, трэслі яблыню... (В. Быкаў); Тут, перад плацінаю, дзе ўваходзіла ў канаву старыца, утварыўся глыбокі і ладны плёс (А. Жук).

У складаназалежных сказах з прычыннымі адносінамі ўжываюцца ўказальныя словы таму, для (дзеля) таго, з-за таго, ад таго: Ён аб'явіўся тут не таму, што надта хацеў сюды, а таму, што прыслалі (А. Жук); Сучасныя пісакі таму і пішуць абы-як, без стылю, што перад імі каравая папера і чорт ведае якія пер'і... (У. Караткевіч); Надзеі на папраўку не было: ён гэта ведаў добра. І ўсё ж паехаў. Можа нават і таму, каб хоць трохі супакоіць сяброў (М. Стральцоў).

У некаторых складаназалежных сказах з прычыннымі адносінамі спалучэнне таму што ўжываецца як непадзельная злучальная канструкцыя: Таварыш Шэмет не пабаяўся ўзяць на сябе адказнасць парушыць інструкцыю, таму што ён душою хварэе за нашу агульную справу (М. Лобан).

Складаназалежныя сказы з умоўнымі адносінамі маюць у сваім складзе адносныя словы то, дык, тады, тым, аж: Калі ўжо так трэба, дык я пайду (А. Макаёнак); Калі ўжо трапіў сюды, то ўжо стой, маўчы, тады не атрымаеш больш запланаванага (А. Жук); Раз на тое пайшло, то я магу ўсё расказаць (І. Пташнікаў); Чым больш жанчына мае дзяцей, тым гэтае пачуццё мацнейшае (К. Чорны); Як глянула на яго, аж страшна зрабілася (Я. Колас). Даданыя часткі ў сказах з умоўнымі адносінамі далучаюцца пры дапамозе злучнікаў калі, каб, чым, раз, як.

У складаназалежных сказах з адносінамі спосабу дзеяння, меры і ступені ў галоўнай частцы ўжываецца ўказальнае слова так, а даданая далучаецца пры дапамозе злучнікаў што, як бы, ажно: Парыла так, што ў Куранях і навокал усё млела ў духаце... (І. Мележ); Жыў ён некалі так, што ледзь ставала ў гаспадарцы зводзіць канцы з канцамі (Я. Скрыган); Цесць умеў неяк непрыкметна паставіць усё так, што Мішка, хацеў ці не хацеў, рабіў па цесцевай указцы (А. Жук); Мароз так цісне, ажно дух займае (З. Бядуля).

Апрача гэтага, у сказах з адносінамі меры і ступені ўжываецца ўказальнае слова столькі, а ў даданай частцы — злучнікі што, колькі, як, а таксама злучальная канструкцыя па меры таго як: Наваліла столькі снегу, што канём загрузнуць можна (М. Лынькоў); Ужо сабралася столькі людзей, як ніколі не было каля млына (П. Броўка); Знарок не хутка, без жаднай ахвоты яна рабіла ўсё гэта, і спакваля, па меры таго, як спакайнела пасля ранішняга сполаху, у ёй рос неспакой (В. Быкаў).

Да складаназалежных сказаў з апорным элементам — указальным (адносным) словам цесна прымыкаюць сказы, у якіх ролю апорнага элемента выконвае слова з поўным лексічным значэннем. Звычайна яно выконвае сінтаксічную функцыю акалічнасці ў галоўнай частцы. Структурна такія сказы нічым не адрозніваюцца ад сказаў з апорным элементам — указальным (адносным) словам. І ў тых, і ў другіх характар адносін абумоўліваецца апорным элементам, а даданая частка ўдакладняе, развівае значэнне апорнага слова. Складаназалежныя сказы з апорным элементам — словам з поўным лексічным значэннем (акалічнасцю) выражаюць часавыя, прасторавыя адносіны і адносіны спосабу дзеяння.

У складаназалежных сказах з часавымі адносінамі ролю апорнага элемента выконваюць прыслоўі потым, спачатку, вечарам, уранку, вясной і некаторыя іншыя: Потым, калі ён адвярнуў дзёран, капаць стала лягчэй... (В. Гігевіч); Уранку, толькі бойка адгула, баец ішоў па вуліцы сяла (П. Броўка); Вечарам, калі запальваліся першыя зоры, падарожнікі спыніліся на начлег (К. Чорны); Вясной, як толькі сыходзілі крыгі, амаль што кожны дзень можна было бачыць, як ён ідзе на раку ці вяртаецца з ракі дахаты (Я. Брыль); Першыя гады, як пачалі прадаваць брыкет, не хацелі купляць людзі, казалі, што ў печы саляркай смярдзіць (А. Жук).

У сказах з прасторавымі адносінамі ў ролі апорнага элемента ўжываюцца прыслоўі і назоўнікі з паясняльнымі словамі ў функцыі акалічнасці: Вочы нібы падначвалі яго, падахвочвалі, клікалі некуды, дзе ён яшчэ не быў (А. Кудравец); Наперадзе, дзе было балота, там, дзе некалі цякла і рэчка, у лагчыне, лёгка і сінявата слаўся туман (А. Жук); Каля сіняга мора, у далёкай тайзе, дзе Амур свае воды ў далёкае мора нясе, — асяліўся нанайскі народ-працаўнік (У. Дубоўка).

У сказах з адносінамі спосабу дзеяння ролю апорнага элемента выконваюць прыслоўі з розным лексічным значэннем: І ён ціхенька, каб не грукнуць чым у паўзмроку, надзеў свае апоркі, тужэй захінуўся ў кажушок і стаў ля акенца (В. Быкаў); Сцяпан асцярожна, каб не пабудзіць яе, падняў руку, паглядзеў на гадзіннік (А. Жук).

Сказы з апорным словам — назоўнікам ці дзеясловам

§ 234. Сказы з апорным элементам — дзеясловам ці назоўнікам складаюць у сучаснай беларускай мове даволі шматлікую групу, але адносіны, якія яны выражаюць, абмежаваны: складаназалежныя сказы, у галоўнай частцы якіх апорным элементам з’яўляецца назоўнік, выражаюць атрыбутыўныя адносіны, а сказы з апорным элементам у галоўнай частцы — дзеясловам — суб’ектныя і аб’ектныя адносіны.

У складаназалежных сказах з апорным элементам — назоўнікам, які выконвае сінтаксічную функцыю дзейніка ці дапаўнення, даданыя часткі маюць сінтаксічнае значэнне азначальнасці і далучаюцца пры дапамозе злучальных слоў які, каторы, чый: Я спытаў чалавека, які прайшоў праз агонь, і воды, і медныя трубы: — Што самае цяжкае на гэтым свеце? (М. Танк); Цякла тут з лесу невялічка травой заросшая крынічка, абодва берагі каторай лазняк, ракітнік абступалі (Я. Колас); Чалавек, чыё імя трапляла ў новую плётку, даведваўся пра гэта апошні... (В. Гігевіч).

Апрача гэтага, даданыя часткі ў складаназалежных сказах з адносінамі атрыбутыўнасці могуць далучацца пры дапамозе злучнікаў (злучальных слоў) што, калі, куды, адкуль, як, каб. Азначальныя адносіны ў такіх сказах ускладняюцца прадметнымі, часавымі, прасторавымі і іншымі адценнямі: Хварэем мы, хварэюць нашы рэкі, хварэе час, што чыніць гвалт і здзекі... (А. Куляшоў); З братам дзяліліся хлебам, што вырас у стэпах данецкіх пад зорным апаленым небам, святым нашым хлебам савецкім (М. Танк); Гэта была пара, калі лісце крапівы бярэцца белымі плямамі і пачынае пакрысе чарнець (А. Кудравец); Цяжка, немагчыма жыць з пастаянна раскрытай памяццю, дзе ўсё гэта схавана (А. Адамовіч).

У сказах з апорным элементам — дзеясловам, у якіх выражаюцца суб’ектныя адносіны, даданая частка з’яўляецца разгорнутым дзейнікам пры выказніку галоўнай часткі, далучаецца пры дапамозе злучальных слоў хто, што і стаіць у прэпазіцыі: Хто не спытаў хоць раз трывогі, жыццю не ведае цаны (А. Звонак); Хто астаўся жывы, сядзеў у жыце або выбіраўся з яго паўзком далей ад страшнага месца на дарозе (К. Чорны); Што бацька нейкім чынам уплываў на абуджэнне ў сына цікавасці да радзімы і роднага слова — гэта справядліва і гэтага нельга адмаўляць (М. Стральцоў).

У складаназалежных сказах з аб’ектнымі адносінамі даданы сказ з’яўляецца разгорнутым дапаўненнем пры дзеяслове-выказніку галоўнай часткі. У якасці апорнага элемента служаць дзеясловы са значэннем маўленчай, пазнавальнай, эмацыянальнай, валявой дзейнасці (сказаць, гаварыць, расказваць, падказаць, ведаць, адчуваць, баяцца, цешыцца, думаць, хацець, разумець, загадаць, помніць, успамінаць, пытаць, даведацца, рабіць, уяўляць, гадаць, падказваць, заўважаць, вагацца, паказаць і інш.), дзеепрыслоўі, утвораныя ад падобных дзеясловаў. Аб’ектныя адносіны ў такіх сказах выражаюцца даданымі часткамі з аб’ектным, часавым, прасторавым, прычынным і іншымі граматычнымі значэннямі і далучаюцца пры дапамозе злучнікаў хто, што, які, калі, пакуль, дзе, куды, адкуль, як, каб, колькі, быццам, ці: Што ён хацеў гэтым сказаць, Ігнат не ведаў і не ўведае ніколі... (А. Кудравец); Цяпер няхай у баі пакажуць, якія яны ваякі за Савецкую ўладу (І. Новікаў); Я не заўважыў, калі мая сталасць настала (А. Куляшоў); І раптам Вялічка ўспомніў, дзе ён і чаму ляжыць (І. Пташнікаў); Бываючы ў тых мясцінах, я на працягу доўгіх год з хваляваннем назіраў, як імкліва адраджаецца жыццё ў Іканах і ва ўсіх вёсачках навокал (К. Кірэенка); Куды нас гоняць, мы не ведалі і не маглі зразумець (М. Гарэцкі).

Форму складаназалежнага сказа з аб’ектнымі адносінамі маюць канструкцыі, у якіх перадаецца чужая мова: Васіль не раз гаварыў, што лепей хацеў бы ён сустрэцца з гадам або воўкам, як папасці на вочы ляснічаму (Я. Колас); Выцершы слёзы, маці запыталася, ці ўсе яго родныя засталіся жывыя пасля акупацыі (І. Мележ).

Асобную групу складаназалежных сказаў з аб’ектнымі адносінамі складаюць канструкцыі, у якіх галоўная частка мае форму безасабовага сказа або складаецца са слова катэгорыі стану (зрэдку з паясняльнымі словамі). Сказы гэтага тыпу таксама адносяцца да нерасчлянёных, бо даданая частка адносіцца да выказніка галоўнай часткі, якая самастойна не выражае закончанай думкі: Было чуваць, як на двары ў Акцызніка яго жонка Юзэфа доіць карову (І. Пташнікаў); І пасля яму толькі хацелася, каб хутчэй кончылася дарога... (А. Жук); Нават дзіўна, што немцы і гэтыя пад доўгімі брылямі ўсё такія ж упэўненыя, злыя, крыклівыя... (А. Адамовіч); Здаецца, што прастаяла гэта будыніна тут увесь свой век... (А. Жук).

Сказы расчлянёнай структуры

§ 235. У складаназалежных сказах расчлянёнай структуры галоўная частка мае ў сваім складзе прэдыкатыўнае словазлучэнне (зрэдку — выказнік), да якога адносіцца даданая частка. Паміж галоўнай і даданай часткамі ўстанаўліваюцца акалічнасныя адносіны (часавыя, прасторавыя, прычынныя, умоўныя і інш.). Асаблівасцю сказаў гэтага тыпу з'яўляецца тое, што граматычнае значэнне даданай часткі адпавядае адносінам, якія існуюць у сказе. Так, часавыя адносіны выражаюцца даданымі часткамі з граматычным значэннем часу, прасторавыя адносіны — даданымі часткамі з граматычным прасторавым значэннем і г. д.

У складаназалежных сказах з часавымі адносінамі даданая частка далучаецца пры дапамозе злучнікаў (злучальных слоў) калі, пакуль, толькі, як толькі, ледзь толькі, як: Яны з Веркай часта ўставалі зімой з першымі пеўнямі, калі яшчэ да вайны Верка рабіла на ферме (І. Пташнікаў); А калі над ніваю пачало світаць, не магла маўклівая маці больш маўчаць (А. Куляшоў); І ён з пакораю моўчкі стаяў у кустоўі, пакуль яна не выдаіла карову (В. Быкаў); Як толькі канчалася паседжанне, каля яго збіралася асабліва цесная купка людзей (Я. Скрыган); Не паспела ўзысці сонца, як пайшла ціхом гаворка, што падпальшчыкаў бачылі... (К. Чорны).

У сказах з прасторавымі адносінамі даданыя часткі далучаюцца пры дапамозе злучнікаў дзе, куды, адкуль: Пасля пачынае шумець высока пад столлю ў парозе, дзе на шастку Верка кожны раз на зіму вешае вянкі цыбулі (І. Пташнікаў); Шалашы стаялі між стромкіх дрэў глухой дзікай пушчы, куды рэдка заглядала людское вока (Я. Колас).

У складаназалежных сказах з прычыннымі адносінамі даданыя часткі далучаюцца пры дапамозе злучнікаў каб, бо, што: Тваю фатаграфію я не браў і ў паход, каб часам яе не кранула варожая куля (М. Танк); Цяпер ён баяўся выходзіць на падворак, каб лішне не назаляць ім... (В. Быкаў); Але падпальшчык, мусіць, паспеў перабрацца праз рэчку, бо сляды яго зніклі... (К. Чорны); Я сам быў здзіўлены не менш за яго, бо на Любаншчыну ніколі не ездзіў (Я. Скрыган); Раніца пасля цяжкай ночы падкрэслівае ў любым чалавеку стомленасць, але таксама і палёгку, што гэта скончылася, прамінула (А. Адамовіч); Ці ж у іх няма чаго іншага жэрці, што яны так прычапіліся да малака? (В. Быкаў).

Даданыя часткі ў складаназалежных сказах з мэтавымі адносінамі далучаюцца пры дапамозе злучнікаў каб, для (дзеля) таго каб, абы, абы толькі: Адчуваючы гідлівасць, яна павярнулася, каб выйсці ў сенцы... (В. Быкаў); Першы раз ён прыедзе ў Жыціва, каб пабачыць жоўта-васковы мужчынскі твар (В. Гігевіч); Верка стаяла ля яго і не краталася, каб пайсці ў сеначкі (І. Пташнікаў); Ён рабіў гэта для яе, ён і не такое гатоў быў зрабіць для яе, абы толькі было трэба... (І. Мележ); Яны ўдвух усю ноч блыталіся па цёмных закутках, абы не натрапіць на чужыя вочы (К. Чорны).

У сучаснай лінгвістычнай літаратуры спалучэнне для (дзеля) таго каб кваліфікуецца як адзін злучнік. Паводле паходжання гэты злучнік — спалучэнне ўказальнага слова той у форме роднага склону з прыназоўнікам для (дзеля) і злучніка каб. Звычайна на пісьме ўказальнае слова не аддзяляецца ад злучніка: Блецька прыкладаў усе сілы, дзеля таго каб хутчэй збыліся яго жаданні (К. Чорны); Для таго каб праца давала плённыя вынікі, трэба прывучаць да сталых і сур'ёзных адносін да яе з маладых гадоў (Я. Колас).

Аднак ёсць выпадкі, калі ўказальнае слова стаіць асобна ад злучніка: Не для таго мы гадавалі дзяцей, каб яны пад старасць нам не памагалі (І. Грамовіч). Гэта дае падставы аднесці сказы такога тыпу да канструкцый з нерасчлянёнай структурай, у складзе якіх ёсць указальнае слова.

Даданыя часткі ўмовы ў складаназалежных сказах з умоўнымі адносінамі далучаюцца пры дапамозе злучнікаў калі, каб, як, як толькі, абы толькі, дык, раз: Калі яны доўга глядзелі ад моста на гару, пачынаў дрыжаць у вачах малінавы захад і стукала ў галаве (І. Пташнікаў); Калі б я сабраў усе твае «не», вырас бы такі вялікі частакол, з-за якога і на дыбачках нельга было б ні дацягнуцца да цябе, ні абняць, ні пацалаваць (М. Танк); Што ён цяпер рабіў бы адзін, каб не школа? (С. Александровіч); Раз мы ліквідуем кулацтва як клас, значыць, мы не можам адначасова праяўляць да яго нейкую евангельскую чалавечнасць (М. Лобан); От быў бы ты гарадскі, дык у такія мясціны прыехаў бы адпачыць (Я. Скрыган).

У складаназалежных сказах з даданымі ўмовы выкарыстоўваюцца злучнікі, уласцівыя даданым часткам з граматычным значэннем часу, выніку. Таму ўмоўныя адносіны ўскладняюцца часавымі і выніковым адценнем: Гэта адбудзецца, як толькі немцы даведаюцца, што Флёра тут, што яго можна забіць (А. Адамовіч); Хлопец Данікаў толькі дурны, дык ты яго заганяў (І. Пташнікаў); Выскачыш на вуліцу, аж галава кружыцца ад новых колераў і гукаў (П. Пестрак).

Даданыя ўступальныя часткі далучаюцца пры дапамозе злучніка хоць: У цёмных вачах афіцэра бліснула гняўлівая строгасць, хоць цвёрды твар застаўся ранейшым (В. Быкаў); Я любіў іх пляскатыя, губастыя тварыкі, хоць часта і сварыўся на іх... (А. Адамовіч); Заглядаліся і на Андрэя, хоць той быў зусім іншы (У. Караткевіч).

Радзей для сувязі даданых уступальных частак ужываецца злучнік нягледзячы на тое што і часціца няхай: Нягледзячы на тое што ідзе дождж, Крушынскі збіраецца ў горад (З. Бядуля); Няхай сабе работа была нялёгкая, бадзёрасць не пакідала моладзь (П. Броўка).

Даданыя ўступальныя часткі звязваюцца з галоўнай пры дапамозе злучальных слоў хто, што, як, куды і інш. і часціцы ні: І як ні кляў ён тую п'яўку, ды мусіў даць рубля за спраўку (Я. Колас); ...як ні шкада ёй было Бабоўку, яна адчувала, што рушылася штось непамерна большае... (В. Быкаў).

У складаназалежных сказах з выніковымі адносінамі даданыя часткі далучаюцца пры дапамозе часціц дык, то, аж у ролі злучнікаў: Пара б і вучыцца, дык школы няма, і панскія школы не вучаць дарма (Я. Колас); Ты па свеце ходзіш, то табе лепш павінна быць усё знаёма (К. Чорны); У сказах з часціцай аж выніковыя адносіны ўскладняюцца адценнем спосабу дзеяння: Ты быў зусім хворы, аж рукі ў цябе трасліся (К. Чорны); Свішчуць птушкі над балотам, аж гамоніць лес і гай (Я. Колас).

Даданыя часткі з параўнальнымі адносінамі далучаюцца пры дапамозе злучнікаў як, быццам, што: У такім баявым выглядзе, як і належыць воіну, выйшаў Мечык з варотцаў свайго двара... (М. Паслядовіч); Ён прахапіўся, быццам было ў яго многа важных спраў (К. Чорны); Андрэй пачуў, як на пасецы нешта ляскае, што лучына аб лучыну на печы (І. Пташнікаў).

Супастаўляльныя адносіны выражаюцца ў сказах, часткі якіх звязаны злучнікамі у той час як, чым — тым, калі — то: На полі бушавала завіруха, у той час як у лесе было шмат зацішней (К. Чорны); Чым ніжэй апускалася асенняе сонца, тым гусцей спавіваў туман лесавыя сенажаці (З. Бядуля); Калі кравец Самабыль увасабляе сялянскасць, то швачка Самабыліха з'яўляецца чалавекам пераважна універсальным (Я. Колас).

Парадак размяшчэння частак складаназалежнага сказа

§ 236. Парадак размяшчэння частак у складаназалежным сказе не свабодны, ён залежыць ад тыпу галоўнай часткі, ад граматычнага значэння даданай, ад віду сінтаксічных адносін паміж галоўнай і даданай часткамі, ад мэты выказвання. Даданая частка можа стаяць у прэпазіцыі, інтэрпазіцыі і постпазіцыі ў адносінах да галоўнай часткі. Месца даданай часткі перш за ўсё абумоўліваецца тым, да якога апорнага элемента яна адносіцца — да ўказальнага (адноснага) слова, да назоўніка, дзеяслова, да прэдыкатыўнага словазлучэння.

Месца даданай часткі ў сказах з апорным элементам — указальным (адносным) словам

§ 237. У сказах з прэдыкатыўнымі адносінамі даданая частка можа стаяць толькі ў постпазіцыі. Такое становішча абумоўліваецца тым, што даданая частка лексічна развівае ўказальнае слова галоўнай, якое выконвае ролю іменнай часткі складанага выказніка: Самае непрыемнае было тое, што ён не быў упэўнены, ці трэба папраўляць (Б. Стральцоў).

У сказах з суб'ектнымі адносінамі даданая частка можа стаяць у інтэрпазіцыі і постпазіцыі. Як і ў сказах з прэдыкатыўнымі адносінамі, месца даданай часткі ў сказах гэтага тыпу абумоўліваецца адносінамі паміж галоўнай і даданай часткамі: даданая частка з'яўляецца другім у адносінах да ўказальнага слова дзейнікам і не можа стаяць перад ім: Тое, што пад нагамі валяецца, парадак таксама любіць (В. Каваль); Некаторыя [параненыя] беспрытомныя, трызняць, ускрыкваюць, а тыя, у каго вочы расплюшчаны, глядзяць у нізкае неба, дзе назольна шукае, гудзе рама (А. Адамовіч); Усё, чаго Касач, магчыма, і не заўважаў, удвая гняло яе, як толькі наставала раніца, дзень (Там жа).

У складаназалежных сказах з азначальнымі адносінамі даданая частка звычайна стаіць пасля назоўніка, да якога адносіцца, а назоўніку папярэднічае ўказальнае слова: Сцяпан успомніў таго пасляваеннага Жоглу, калі яшчэ ў лесе і ў балоце хаваліся паліцэйскія недабіткі (А. Жук); Шукайла быў не такі чалавек, каб бядзе не даць рады (Я. Скрыган). Указальнае слова можа стаяць і пасля назоўніка, да якога яно адносіцца, і знаходзіцца непасрэдна перад даданай часткай: Я даўно слоў шукаю такіх, што змаглі б не даць сонцу пагаснуць у атамным смерчы (М. Танк).

Месца апорнага слова ў галоўнай частцы абумоўлівае месца даданай часткі. Калі гэта слова — дзейнік ці дапаўненне — стаіць пасля дзеяслова-выказніка, то даданая частка знаходзіцца ў постпазіцыі: Касач бачыць, помніць цябе толькі ў той момант, калі ты ў яго перад вачамі (А. Адамовіч). Калі ж апорнае слова знаходзіцца перад дзеясловам-выказнікам, тады даданая частка знаходзіцца ў інтэрпазіцыі: Той дзень, у які Вялічка ўпершыню як мае быць дайшоў да памяці, пачаўся для яго гаспадара вельмі рана (К. Чорны); Я выйшаў у прыхожую, а з другога пакоя ў той, дзе заставалася жанчына, быў запрошаны наступны (Я. Скрыган).

У некаторых сказах даданая частка можа стаяць не непасрэдна пасля апорнага элемента, а пасля ўсёй галоўнай часткі: Такой блакады ў нашых мясцінах яшчэ не было, каб столькі самалётаў (А. Адамовіч). Такія канструкцыі маюць гутарковае адценне.

У рэдкіх выпадках даданая частка ў сказах з азначальнымі адносінамі можа стаяць у прэпазіцыі: Дзе я сам сеяў — пазнаю палетак той ажно здалёк (А. Астрэйка). Такія канструкцыі трэба разглядаць як інверсійныя.

Аналагічны парадак слоў у канструкцыях з аб'ектнымі адносінамі. Даданая частка звычайна стаіць пасля ўказальнага слова, якое мае граматычнае значэнне дапаўнення і знаходзіцца пасля дзеяслова-выказніка: І Ігнат пазайздросціў усім, хто быў у гэтым эшалоне: яны ведаюць, куды едуць (А. Кудравец); Казачнік чуў гучанне кожнага слова, думаў аб тым, каб зрабіць як мага большае ўражанне на слухачоў (Р. Шкраба). Калі ж увага канцэнтруецца на змесце даданай часткі, то яна стаіць у інтэрпазіцыі, аддзяляючы ўказальнае слова ад дзеяслова-выказніка: Па тым, як рашуча сказаў гэта Багушэвіч, Масальскі зразумеў, што трэба лепш памаўчаць... (В. Хомчанка); Усё тое, што здабыта ў барацьбе, мы як зяніцу вока беражом (М. Чарот).

У складаназалежных сказах з часавымі адносінамі даданая частка можа стаяць у прэпазіцыі, інтэрпазіцыі і постпазіцыі: Калі міна бабахнула, дык у Жыціве ў некаторых вокнах шкло павылятала (В. Гігевіч); Рушылі ў дарогу ўжо тады, калі сонца схавалася за лесам... (П. Пестрак); Нават і тады, як Ароўская перастала настаўнічаць — пайшла на пенсію, яшчэ гадоў пяць дзеці, прабягаючы ранкам і поўднем вузкай вулкай, пазіралі скоса на яе хату (В. Гігевіч).

Звычайна ў прэпазіцыі стаяць даданыя часткі з часавым значэннем, калі яны далучаюцца злучнікамі перш чым, перад тым як, пасля таго як і пад.: І перад тым як прапасці з воч, бабёр яшчэ прыпыніўся, азірнуўся на Сцяпана, і таму здалося, што звярок кіўнуў галавой — падзякаваў (А. Кудравец).

У сказах з прасторавымі адносінамі даданая частка можа быць у інтэрпазіцыі і постпазіцыі: Неба яшчэ чырванела там, дзе зайшло сонца (З. Бядуля); Там, дзе еднасці і згоды няма ў людзей, праца іхняя заўсёды марна прападзе (Я. Купала).

Даданыя часткі ў складаназалежных сказах з прычыннымі адносінамі, адносінамі меры і ступені, спосабу дзеяння звычайна знаходзяцца ў постпазіцыі: Ён сказаў гэта праз сціснутыя зубы, і Прыбыткоўскі адчуў сябе так, што гэта яны як бы ўдвух змовіліся аб усім (К. Чорны); І так усё выразна ажывала ў памяці, што часамі здавалася, ці не ўчора гэта было (С. Грахоўскі).

Даданыя часткі ў сказах з адносінамі меры і ступені, якія далучаюцца злучнікамі па меры таго як, могуць быць у прэпазіцыі: Па меры таго як развівалася апавяданне, цікавасць мае аўдыторыі стала ўзрастаць (Я. Колас); Знарок не хутка, без жаднай ахвоты яна рабіла ўсё, спакваля, па меры таго, як спакайнела пасля ранішняга сполаху, у ёй рос неспакой за парсючка — як ён там? (В. Быкаў).

У сказах з умоўнымі адносінамі даданая частка знаходзіцца ў прэпазіцыі: І калі ён стаў нямецкім паэтам, дык тут сапраўды, мусіць, толькі воля лёсу (Б. Стральцоў); Што ж, калі вы лічыце, што мы з вамі не спрацуемся, то калі ласка, пярэчыць не буду (М. Лобан); А ты ж сам ведаеш, калі першы да каго, дык і іншыя таксама (А. Макаёнак).

Месца даданай часткі ў сказах з апорным элементам — дзеясловам ці назоўнікам

§ 238. У складаназалежных сказах з апорным элементам — дзеясловам, у якіх часткі звязаны аб’ектнымі адносінамі, даданая частка часцей за ўсё знаходзіцца ў постпазіцыі: Ён прыдумваў і не ведаў, чым заняцца (М. Гарэцкі); Гледзячы на Жыціва, Ароўская ўспамінала, каго і з якой хаты яна вучыла (В. Гігевіч); Заняты сваім клопатам, ён не заўважыў, як ужо бадай на самым версе гары нагнаў яго чалавек і таксама пачаў папіхаць воз (М. Паслядовіч). Калі ў сказе ўвага канцэнтруецца на змесце даданай часткі, яна можа стаяць у прэпазіцыі: Хто яна і адкуль, Таня сама не ведала (І. Новікаў); Што будзе далей, потым, я неяк не падумаў (А. Адамовіч); Што куля трапіла ў нагу, ён адразу не падумаў (В. Хомчанка).

Калі падкрэсліваецца, развіваецца апорнае слова, якое выносіцца наперад, даданая частка стаіць пасля яго і знаходзіцца ў інтэрпазіцыі: Адчуваючы, што ёй суджана стаць панскім пакідзішчам, яна зжаўцела, ззелянела і пачала сохнуць (К. Чорны).

Звычайна ў інтэрпазіцыі знаходзіцца даданая частка і тады, калі ў галоўнай частцы ёсць аднародныя выказнікі, а даданая частка залежыць ад аднаго з іх: Ён пастаяў на плошчы, прымяркоўваўся, як лепей прабавіць час, і загадзя прыкідваў, куды лепш пайсці (А. Жук). У інтэрпазіцыі можа стаяць даданая частка, калі яна залежыць ад дзеепрыслоўя: Мы пастаялі з Глашай, як бы чакаючы, калі ў людзей прападзе да нас цікавасць, а потым паціху пайшлі (А. Адамовіч).

У складаназалежных сказах з апорным элементам — назоўнікам і атрыбутыўнымі адносінамі даданая частка знаходзіцца ў інтэрпазіцыі або ў постпазіцыі: І разам з тым кожны раз Ігната Сцяпанавіча не пакідала адчуванне, быццам у гэтых успамінах не хапае нейкага маленькага, але важнага звяна (А. Кудравец); Быў ранні пагодлівы адвячорак, нядзеля, прыемная пара, пярэдых паміж сенаваннем, якое закончылася, і жнівом, якое вось-вось пачнецца (Я. Брыль); І яшчэ, як ні стараліся, сярод страшных цёмных віроў, якія засмоктвалі ўсё, што трапляе, шчупака не ўбачылі (В. Гігевіч); Акно, што выходзіла ў малады сад, было завешана ад мух марляй (І. Шамякін).

Прэпазіцыя ў сказах з азначальнымі адносінамі і апорным элементам — назоўнікам рэдкая: Другія з дальніх падарожжаў дамоў, да любых у двары, што найдзіўней, што найдарожай, вязуць заморскія дары (Г. Бураўкін).

Месца даданай часткі ў сказах з апорным элементам — прэдыкатыўным словазлучэннем

§ 239. У складаназалежных сказах з аб'ектнымі адносінамі, калі ў галоўнай частцы апорны элемент — безасабовае прэдыкатыўнае словазлучэнне, безасабовы дзеяслоў, словы катэгорыі стану, даданая частка знаходзіцца ў постпазіцыі: Праз краты на вокнах нашага лагера было чуваць, як безупынна сакаталі конікі і над мокрымі бабкамі жыта каля брукаванай дарогі сумна шумелі бярозы (Я. Брыль); Стала няпісаным законам, што са школы Валера ішоў не пасёлкам, разам з усімі школьнікамі, а зварочваў сюды (А. Кудравец); І ўсё ж нельга, каб адна з яскравых старонак нашай гісторыі была забыта (С. Грахоўскі).

У складаназалежных сказах з часавымі адносінамі даданая частка стаіць у прэпазіцыі і постпазіцыі: Калі сцямнее, калі будзеце ўключаць святло, апусціце раней вось гэтую чорную паперу (Я. Брыль); А як развіднела, Яўхім Іванавіч правёў Пятра (І. Новікаў); Яго [пінжак] пакінулі летась увосень партызаны, як спалі ў хаце на падлозе ля куфра, калі ён, Андрэй, быў яшчэ дома, не ў атрадзе (І. Пташнікаў); Яны шукалі партызан два дні, ездзячы па лесе, ажно пакуль не спалілі ўвесь бензін і партызаны самі не знайшлі іх (І. Шамякін).

Сказы, у якіх даданыя часткі са значэннем часу стаяць у інтэрпазіцыі, ужываюцца рэдка: У Сцепаніды, як яна згледзела тое, ажно схаладзела ў душы... (В. Быкаў).

Як і ў сказах з адносінамі часу, даданыя часткі ў сказах з адносінамі ўмовы могуць стаяць у прэпазіцыі, постпазіцыі і зрэдку — у інтэрпазіцыі: Калі б у лётчыка быў час і ахвота адарваць вочы ад забітых прыборамі панеляў і зірнуць уніз, ён убачыў бы, што снежна-зімняя зямля ляжала перад ім, як разгорнутая кніга (А. Жук); Каб не я, што б ты рабіў з гаспадаркай? (В. Быкаў); Здаецца, вытрымаў бы што хочаш, каб не ногі (І. Пташнікаў); Якое можа быць вяселле, калі вайна пачалася? (І. Новікаў); Пасля, ухадзіўшыся па гаспадарцы, калі было неблагое надвор'е, Ароўская ішла гуляць па дарозе (В. Гігевіч).

У прэпазіцыі і постпазіцыі стаяць даданыя часткі ў сказах з прасторавымі адносінамі: Дзе чыгунка ішла чыстым полем, цягнік браў самы разгон (К. Чорны); Чырвонаармейцы спалі, дзе хто прымасціўся (С. Грахоўскі).

У складаназалежных сказах з прычыннымі адносінамі даданая частка, калі яна далучаецца да галоўнай злучнікамі бо, што, знаходзіцца ў постпазіцыі: Ён ведаў: яму самому той чалавек не сказаў праўды, бо не хацеў даваць яму горачы ў душу (К. Чорны); А што ж, няхай і карчуе, бо хто ж будзе разрабляць зямлю, калі не мужык (Я. Скрыган); Злаваць чыноўнік пачынае, што дзядзька вытрыманасць мае (Я. Колас).

Калі даданая частка злучаецца з галоўнай пры дапамозе злучніка каб, яна можа стаяць у прэпазіцыі, інтэрпазіцыі і постпазіцыі: Каб не стаяла перад вачыма, Сцепаніда зняла цяжкую суляю з паліцы і засунула ў кут пад жорны (В. Быкаў); Вось чаму дзядзька сачыў, каб ніводнага палена не знайшлося такога, што б не падышло пад меру або перабрала гэту меру (Я. Колас); Сцяпан скора, як баяўся спазніцца, пайшоў у сенцы, скінуў куфайку, надзеў кажушок, спяшаючыся, каб не выйшла з хаты жонка, у старой фанернай шафе ўзяў стрэльбу (А. Жук).

У сказах з уступальнымі адносінамі даданыя часткі са злучнікам хоць могуць стаяць у прэпазіцыі і постпазіцыі: Хоць у кішэні пуста, затое ногі сыплюць густа (Я. Купала); Хоць складанае пастаўлена заданне, але просты на яго адказ (П. Глебка); Яна маўчала, хоць ад тых слоў ёй стала і зусім млосна (В. Быкаў); Яна не села, хоць Поля і запрасіла яе (І. Шамякін).

Даданыя часткі, якія злучаюцца з галоўнымі пры дапамозе канструкцый хто б ні, куды б ні, што б ні, дзе б ні і інш., часціцы няхай звычайна знаходзяцца ў прэпазіцыі: Чым бы ён ні займаўся, дзе б ён ні быў, ён думаў пра яе, жыў яе прысутнасцю (В. Хомчанка); Хто б ні ехаў ці ішоў па шырокім гасцінцы — усе ведалі сядзібу Астаповіча (К. Чорны).

Даданыя часткі ў складаназалежных сказах са значэннем мэты могуць знаходзіцца ў прэпазіцыі і постпазіцыі: І каб не пагасілі злыдні сонца, не знішчылі свет вогненныя ліўні, ізноў з паходнай песняй, дабравольцам іду я сёння на пункт прызыўны (М. Танк); Яму хутчэй хацелася заснуць, каб больш ужо нічога не думаць (І. Пташнікаў); Кідаецца ва ўсе бакі, слухае кожны вецер, абы толькі сабе не пашкодзіць (У. Караткевіч).

Даданыя параўнальныя сказы стаяць звычайна ў постпазіцыі і, зрэдку, у прэпазіцыі: Адышліся [ваўкі] ўбок, да старой падлы, пад кузню, як бы чулі што (І. Пташнікаў); Як нешта чуючы, Бабоўка зусім заўпарцілася... (В. Быкаў).

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел