Артефакт.lib.ru
Сайт Андрея Пискунова Хостинг Lib.Ru

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел

Арфаэпія

§§ 71–107

Арфаэпія

Задачы і значэнне арфаэпіі

§ 71. Арфаэпія (грэч. orthos — правільны і epos — мова) — гэта збор правіл аб аднастайным вымаўленні гукаў, слоў, фраз, вучэнне аб нормах літаратурнага вымаўлення.

Тэрмін «вымаўленне» ў такім аб’ёме, у якім ён з’яўляецца прадметам арфаэпіі, не ахоплівае абсалютна ўсяго, што звязана з вуснай мовай. «У паняцце вымаўлення ці вымаўленчай сістэмы ўваходзіць, як асноўны яе элемент, перш за ўсё фанетычная сістэма мовы, г. зн. склад гукаў, якія адрозніваюцца ў кожным даным становішчы, іх якасць, фанетычна абумоўленыя чаргаванні гукаў»1. Такім чынам, арфаэпія, з’яўляючыся навукай аб правільным вымаўленні, устанаўлівае нормы вымаўлення канкрэтных гукаў у пэўных фанетычных умовах (у пэўных гукавых спалучэннях), у канкрэтных граматычных формах, у асобных групах слоў ці нават у асобных словах.

1 Аванесов Р. И. Вопросы современного русского литературного произношения. — М., 1953, с. 7.

§ 72. Інтанацыя, дыкцыя і націск, хаця з вымаўленнем непасрэдна звязаны, бо праяўляюцца ў выніку вымаўлення, у паняцце вымаўлення не ўваходзяць. Інтанацыя надае мове тую ці іншую эмацыянальную афарбоўку і такім чынам выконвае стылістычную (або ў пэўных выпадках сінтаксічную) нагрузку. Дыкцыя (выразнасць вымаўлення) таксама непасрэдна з нормамі літаратурнага вымаўлення не звязана. Можна мець выдатную дыкцыю — выразна артыкуляваць усе гукі — і не валодаць літаратурным вымаўленнем. І наадварот, пры недасканалай дыкцыі можа быць добрае літаратурнае вымаўленне.

Націск з'яўляецца прыкметай асобнага слова ці граматычнай формы, таму функцыянальна ён цесна звязан з лексікай і марфалогіяй, і яму прысвечан асобны раздзел.

§ 73. Арфаэпічныя нормы, як і іншыя з'явы мовы, толькі адносна стабільныя. Вельмі паступова, але ўсё ж яны змяняюцца. Гэтыя змены абумоўлены тымі ж прычынамі, якія выклікаюць і адхіленні ад вымаўленчых норм. Для эвалюцыі беларускага літаратурнага вымаўлення найбольшае значэнне маюць прычыны, звязаныя з уплывам дыялектнай мовы. Характэрнай зменай пад уздзеяннем дыялектнай мовы было замацаванне вымаўлення і напісання форм першай асобы множнага ліку дзеясловаў з канчаткам -ом (бяром). Удакладненне правіл арфаграфіі таксама прыводзіць да змянення гучання слоў. Прыкладам можа служыць гісторыя інтэрнацыянальных слоў сацыялізм, піянер, якія раней пісаліся і вымаўляліся — соцыялізм, піонер, і іншых слоў іншамоўнага паходжання. Для таго каб мова магла быць зручным сродкам камунікацыі, трэба строга прытрымлівацца вымаўленчых норм, якія існуюць у дадзены перыяд, і ні ў якім разе не спрыяць іх больш хуткаму змяненню. Паскарэнне гэтага працэсу прывядзе да хаатычнасці і неўпарадкаванасці мовы, у выніку — да падзення яе аўтарытэту.

§ 74. Для авалодання нормамі літаратурнага вымаўлення неабходна ўважліва ўслухоўвацца ў яго лепшыя ўзоры і засвойваць іх. І хаця вымаўленне — працэс аўтаматычны, усё ж яго можна і трэба кантраляваць. Пры належнай трэніроўцы можна навучыцца добра ўсведамляць становішча языка, дзеянне губ, мяккага паднябення і іншых моўных органаў. Пазбегнуць адхіленняў у арфаэпіі можна толькі ў тым выпадку, калі будуць заўважаны адрозненні, якія існуюць паміж узорам і сваім уласным вымаўленнем. А для гэтага вельмі важна ведаць тэхніку артыкуляцыі паасобных гукаў і характар іх змен у моўнай плыні.

§ 75. Арфаэпія мае вялікае практычнае і агульнакультурнае значэнне. Кожны чалавек, які валодае літаратурнай мовай, павінен дасканала асвоіць не толькі яе пісьмовую форму, але і вусную. Прыкра, калі мы знаходзім ці дапускаем памылку ў напісанні. Але не менш прыкра, калі дапускаецца памылка ў вымаўленні, асабліва перад масавым слухачом (у навучальнай установе, у тэатры, па радыё, у выступленнях і дакладах). Таму з асаблівай увагай за сваёй вуснай мовай павінны сачыць выкладчыкі, артысты, дыктары радыё і тэлебачання, лектары і дакладчыкі. Гэта не азначае, аднак, што не павінны сачыць за сваёй мовай людзі, якія не выступаюць перад масавым случахом. Памылкі ў вымаўленні ў прыватных гутарках таксама надзвычай непрыемны для слыху. Культура вуснай мовы ў пэўнай меры сведчыць аб узроўні агульнай культуры чалавека.

§ 76. Строгае адзінства лексічных, граматычных і фанетычных норм, правільнасць, чысціня і выразнасць літаратурнай мовы ў яе пісьмовай і вуснай форме — вось неабходныя ўмовы, пры якіх найбольш поўна і эфектыўна мова можа выконваць функцыю зносін паміж людзьмі. Усякае адхіленне ад адзіных норм, усякая недакладнасць ускладняюць узаемаразуменне, зацямняюць або нават зусім скажаюць сэнс выказвання. Правільнасць і чысціня мовы маюць важнае значэнне і ў галіне эстэтычнага ўздзеяння на слухача.

Вымаўленне галосных гукаў

§ 77. Гук [е] на пісьме пад націскам перадаецца літарай э пасля цвёрдых зычных і літарай е пасля мяккіх. Вымаўляецца ён у націскным становішчы пасля цвёрдых зычных амаль так, як і ў ізаляваным становішчы (калі вымаўляць яго асобна, не ў слове) ([жéрдак], [рéчы], [сéрца]), а пасля мяккіх зычных і асабліва паміж мяккімі ён больш вузкі, і ізалявана яго вымавіць цяжка [л’ес], [прын’е́с’л’і]. На дыялектнай аснове магчыма адхіленне ў вымаўленні гука [е] у напрамку звужэння яго, павелічэння «закрытасці», і на яго месцы можа вымаўляцца [е̂] (закрыты [е]), які па акустычнаму ўражанню крыху нагадвае [і] або [ы]: [шыерс’ц’], [цыеп], [хл’іеп], [л’іес]; закрыты [е] вымаўляецца на месцы былога [ѣ]. Такое вымаўленне сустракаецца ў выхадцаў з паўднёвых раёнаў Беларусі. Звычайна пад уплывам літаратурнай мовы гэта рыса знікае бясследна. Аднак вядомы выпадкі, калі яна захоўваецца ў мове людзей, добра знаёмых з нормамі літаратурнай мовы. Гук [е] літаратурнай мовы ў адрозненне ад [е̂] вымаўляецца пры меншай напружанасці цела языка.

§ 78. Гук [о] на пісьме пад націскам абазначаецца літарамі о, ё. Вымаўляецца пасля цвёрдых зычных амаль так, як і ў ізаляваным вымаўленні (дом, дома, нос), а ў становішчы пасля мяккіх зычных (і паміж мяккімі зычнымі) становіцца больш пярэднім і вузкім: [л’ос], [кл’о́н’ік]. У вымаўленні выхадцаў з паўднёвай часткі Беларусі ў закрытых складах на дыялектнай глебе магчыма замена гука [о] закрытым [о̂], які нагадвае на слых гук [у]: [дуом], [куон’] і інш. У адкрытым складзе [о̂] амаль не сустракаецца. Гэта дапамагае шляхам супастаўлення гука [о] у адкрытым і закрытым складах хутчэй пазбавіцца дыялектнага вымаўлення. Патрэбна памятаць таксама, што гук [о] вымаўляецца з меншым напружаннем цела языка, а гук [о̂] — з большым.

§ 79. Гук [а] на пісьме перадаецца літарамі а, я. Пад націскам пасля цвёрдых зычных вымаўляецца як шырокі нелабіялізаваны гук, прыкладна такі ж, як і ў асобным вымаўленні: [даў], [пра́ўда], [садз’і́ц’]. Пасля мяккіх зычных пры павольным тэмпе вымаўлення ён мае дыфтангоідны характар і вымавіць яго ізалявана вельмі цяжка. У прадстаўнікоў цэнтральных раёнаў Беларусі ў становішчы перад губна-губным нескладовым [ў] адпаведна гуку [а] ужываецца гук [о]: [про́ўда], [насто́ўн’ік], [сказо́ў]. Гэта адхіленне лёгка ўсведамляецца і выпраўляецца.

§ 80. Гук [і] на пісьме абазначаецца літарай і. У слове пад націскам вымаўляецца так, як і асобны гук. У пачатку слова пад націскам, як правіла, перад [і] у вымаўленні развіваецца [й]: [йі́н’ей], [йі́скры], а не [і́н’ей], [і́скры]. Калі папярэдняе слова заканчваецца зычным гукам і пасля яго няма паўзы, на месцы [і] вымаўляецца [ы]: [ад ы́скраў], [праз ы́н’ей]. У прадстаўнікоў крайняга поўдня Беларусі заўважаецца перасоўванне гука [і] назад, а некаторы раз і ўніз. На слых ён нагадвае гук [ые] (аднак ні з гукам [ы], ні з гукам [е] поўнасцю не супадае): [мыеска], [п’ыева]. Указанае вымаўленне вельмі стойкае, выпраўленне яго патрабуе ўсведамлення асаблівасцей артыкуляцыі гукаў [і], [ы], [е] і працяглых практыкаванняў.

§ 81. Гук [ы] на пісьме абазначаецца літарай ы. Вымаўляецца ён толькі пасля цвёрдых зычных і нічым не адрозніваецца ад вымаўлення ў ізаляваных умовах: [быў], [чыста]. На дыялектнай глебе магчымы два віды адхіленняў у вымаўленні гука [ы]. У выхадцаў з паўднёвай часткі Беларусі заўважаецца зрэдку перасоўванне [ы] наперад (у тых жа асоб гук [і] становіцца больш заднім), а таму [ы] і [і] аб’ядноўваюцца ў адным сярэднім для іх гуку [ы] ці [ые] — гуку пярэдне-сярэдняга рада. Напрыклад, [сыер], [мые], [вые] і інш. Другім адхіленнем з’яўляецца дыялектнае вымаўленне [у] на месцы [ы] у суседстве з губнымі [буў], [бук], [прыву́к], аднак падобнае вымаўленне адносна лёгка выпраўляецца.

§ 82. Гук [у] на пісьме абазначаецца літарамі у, ю. Вымаўленне яго асобных заўваг не выклікае.

§ 83. Наогул патрэбна адзначыць, што пры вымаўленні націскных галосных практычна адхіленняў вельмі мала. Гэта тлумачыцца, з аднаго боку, тым, што пад націскам галосныя менш падпадаюць пад уздзеянне іншых гукаў — націскное становішча для іх з’яўляецца моцным, а з другога — тым, што ў такім становішчы дыялектныя варыянты вельмі выразна адрозніваюцца ад літаратурнага вымаўлення і адносна лёгка выпраўляюцца.

§ 84. Як ужо адзначалася, гукі [о], [е], [а] пасля цвёрдых і зацвярдзелых зычных ва ўсіх ненаціскных складах вымаўляюцца як гук [а], а на пісьме абазначаюцца літарай а. Ненаціскны [а] больш кароткі, чым [а] націскны, але зусім выразны. Напрыклад, [дайу́], [ка́н’а], [рака́]. Розніцу ў вымаўленні [а] у розных ненаціскных складах — [лама́ц’], [ламавы́], [вы́ламац’], [раза́к], [вы́разаў], [дава́ў], [вы́даў] — на слых вызначыць амаль немагчыма. Таму практычна, відаць, няма патрэбы іх размяжоўваць.

У абсалютным пачатку слова, калі папярэдняе слова без націску (праклітыка) заканчваецца зычным гукам, галосны [а] вымаўляецца так, як у ненаціскных складах у сярэдзіне слова: [пад акно́м], [йак адз’і́н], [к агн’у́]. Пасля слоў, якія заканчваюцца галосным гукам, у пачатку слова вымаўляецца [а] значна карацей, часта ледзь прыкметна, што можна абазначыць транскрыпцыйным знакам [ъ]: [на акно] ці [на ъкно], [на адз’і́н] ці [на ъдз’і́н], [на агн’і́] ці [на ъгн’і́].

Адхіленні ў вымаўленні ненаціскнога [а] найчасцей адносяцца да канцавога адкрытага склада, у якім не пад націскам адрозненне этымалагічных [о], [е], [а] захоўваецца: ([много], [сало], [хоче], [хата] і інш.) на тэрыторыі паўднёвай часткі БССР. Некаторым гаворкам поўдня ўласціва оканне: [коро́ва], [ко́лос]. Аднак апошняя з'ява пры знаёмстве з літаратурнай мовай лёгка знікае. Першая ж трымаецца значна мацней.

Ёсць адхіленні, звязаныя з дысімілятыўным аканнем — [выда́], [ныга́]. Гэта з'ява з боку гаворачай асобы, як правіла, застаецца незаўважанай. Таму для выпраўлення падобнага адхілення неабходна дапамога збоку.

Асобна трэба сказаць аб вымаўленні гука [а] на месцы этымалагічнага [о] у суседстве з губнымі (асабліва ў прыстаўцы па-). Тут у прадстаўнікоў паўночных і паўднёвых гаворак можа вымаўляцца [у]: [пубра́л’і], [пув’ал’і́].

У словах іншамоўнага паходжання ненаціскны [е] не змяняецца: [екра́н], [еква́тар], [жето́н], [реко́рт], [теа́тр], [дека́да]. Ненаціскны [е] у такіх словах вымаўляецца як выразны, але крыху карацейшы, чым пад націскам, гук.

Аднак ёсць група слоў, якія аканню не падпарадкоўваюцца. Гэта некаторыя словы з націскнымі складамі ро, ло, рэ. Калі галосныя [о], [е] у аднакарэнных словах аказваюцца не пад націскам, то яны супадаюць з [ы]: кроў — крыві, хрэсьбіны — хрышчэнне, глотка — глыток, блохі — блыха, крошка — крышыць і г. д. Шмат якія запазычаныя праз рускую мову словы вымаўляюцца з [ы] пасля [р], [ц]: брызэ́нт, цырымо́нны, рызі́на, трыво́га, рысо́ра. Згодна з літаратурным вымаўленнем, словы лодар, водар і некаторыя іншыя вымаўляюцца з ненаціскным [а].

§ 85. Гукі [о], [е], [а] пасля мяккіх зычных супадаюць у гуку [а] (арфаграфічна я) толькі ў першым складзе перад націскам: [н’асу́], [в’асло́], [с’ало́], [л’асы́], [гл’адз’і́]. Ва ўсіх іншых складах галосным [е], [о] адпавядае галосны [е]: [с’ел’ан’і́н], [вы́н’ес], [во́з’ера], [по́л’е], [прыйе́дз’е]. Галосны [а] тут можа быць толькі ў тых выпадках, калі ён узыходзіць да этымалагічнага [а]: пятачок, пяцярня, ляскатанне, лямантаваць і г. д. Галосны [е] захоўваецца ў першым пераднаціскным складзе ў запазычанай лексіцы: сезон, перон, электрон, бензін.

Частка слоў дапускае вымаўленне [і] на месцы [е]: [н’ама́] і [німа́], [дз’ав’а́ты] і [дз’ів’а́ты], [дз’ас’а́ты] і [дз’іс’а́ты]. Гук [е] у паслянаціскных складах (акрамя першага пераднаціскнога склада) часам вымаўляецца з невялікім зрухам у бок [а], таму пары слоў тыпу аленем — аленям, праўленне — праўлення, рыбацкае — рыбацкая і г. д. без кантэксту не заўсёды можна адрозніць на слых.

§ 86. Неабходна асобна сказаць аб вымаўленні [е] у адмоўі не і прыназоўніку без. У сучаснай мове назіраецца вымаўленне, аналагічнае напісанню. Калі не ці без пішуцца злітна з наступным словам, у першым складзе перад націскам вымаўляецца [а], а ў астатніх складах — [е]. Калі ж гэтыя словы пішуцца асобна — заўсёды вымаўляецца [е]. Магчыма, што лепш было б у першым складзе перад націскам заўсёды вымаўляць [а]. Многія так і вымаўляюць: [н’а бы́ў], [н’а по́йдз’е], [н’а но́вы], [н’ас’м’е́лы], [б’аз ба́ц’к’і] і інш. У практыцы сустракаецца вымаўленне [н’і], [б’із].

§ 87. У займенніках мяне, цябе, сябе, у прыслоўі цяпер часта можна пачуць [і]: [м’ін’е́], [ц’іб’е́], [ц’іп’е́р]. Аднак, як і ў іншых словах, тут павінен вымаўляцца [а].

§ 88. Яшчэ патрэбна агаварыць адхіленне, якое можа быць пры вымаўленні канцавога [е] у назоўніках жаночага і мужчынскага роду першага і другога скланення ў месным склоне адзіночнага ліку, дзе павінен вымаўляцца крыху аслаблены, але выразны [е]: [у ха́ц’е], [на рабо́ц’е], [у л’е́с’е], але на дыялектнай глебе часта вымаўляецца [і]: [у ха́ц’і], [у л’е́с’і].

§ 89. Ненаціскны гук [і] на пісьме абазначаецца літарай і. Па вымаўленню якасна не адрозніваецца ад націскнога, толькі ледзь карацейшы ад апошняга. У пачатку слова пасля зычнага гука, якім заканчваецца папярэдняе слова, вымаўляецца [ы]: [с Ыгна́там], [ад Ыва́на], а пасля галоснага — гук [і] з папярэднім [й]: [на Йігна́та], [да Йіва́на], [йана йішла́], [н’е йігра́й], [ма́тка йі дачка́] альбо толькі [й]: [йана йшла́], [н’е йгра́й], [ма́тка й дачка́]. На дыялектнай аснове, як і пад націскам, сустракаецца набліжэнне да [ы]: [п’ыіла́], а таксама вымаўленне гука [у] у канчатках меснага склону адзіночнага ліку прыметнікаў, займеннікаў і лічэбнікаў мужчынскага і ніякага роду: [у с’і́н’ум], [у тре́ц’ум].

§ 90. Ненаціскны гук [ы] на пісьме перадаецца літарай ы. Вымаўляецца выразна, але карацей, чым пад націскам. З адхіленняў, якія магчымы пры вымаўленні гэтага гука, у выхадцаў з Магілёўшчыны, Віцебшчыны і Полаччыны сустракаецца замена [ы] на [а]: [брагадз’і́р], [бала́], [вада́тна]. Указанае адхіленне самім гаворачым не ўсведамляецца, а таму без старонняй дапамогі выпраўляецца цяжка. У прадстаўнікоў цэнтральных і прылегаючых паўднёва-заходніх гаворак у канчатках меснага склону адзіночнага ліку прыметнікаў, займеннікаў і лічэбнікаў мужчынскага і ніякага роду выступае [у]: [у но́вум], [на ге́тум], [у шо́стум]. У прадстаўнікоў крайніх паўднёвых беларускіх раёнаў замест ненаціскнога [ы] у корані слова ў суседстве з губным вымаўляецца [у] ([була́]), аднак пры знаёмстве з літаратурнай мовай вымаўленне становіцца правільным.

§ 91. Ненаціскны гук [у] на пісьме абазначаецца літарамі у, ю. Па якасці не адрозніваецца ад націскнога [у]. У становішчы пасля галоснага вымаўляецца [ў]: [йа ўз’а́ў], [был’і ўчора]. Адхіленне зрэдку сустракаецца ў прадстаўнікоў паўднёвых гаворак, у якіх у пачатку слова можа вымаўляцца [в]: [вз’аў], [вчора], [вдава́], [вча́стак], [в нас] — [у нас], [в бра́та] — [у бра́та].

У словах іншамоўнага паходжання ў становішчы пасля галоснага назіраецца дваякае вымаўленне — [у] ці [ў]: [аудыто́рыйа] і [аўдыто́рыйа], [лауреа́т] і [лаўреа́т], [аудыйе́нцыйа] і [аўдыйе́нцыйа] і інш.

§ 92. Спалучэнні [аа], [оо], [еа], [ео], [уа], [ау] на стыку розных марфем не пад націскам вымаўляюцца выразна, як два асобныя ненаціскныя гукі [заак’ійа́нск’і], [наадваро́т], [дрэ̀ваапрацо́ўчы], [фо̀таател’йе́], [реарган’іза́цыйа], у саставе адной марфемы (у словах запазычаных) вымаўленне іх больш злітнае [заъло́г’ійа], [г’еъло́г’ійа], [гнас’еъло́г’ійа], [вакуо́л’], [ау́л].

Спалучэнні [іо], [ыо], [іа] у словах іншамоўнага паходжання вымаўляюцца як спалучэнні [ійо], [ыйо], [ійа]: [б’ійо́лах], [ра́дыйо], [ф’із’ійало́г’ійа], [індустрыйал’іза́цыйа], [сацыйал’і́зм], [дыйе́та] (дапускаецца і [дые́та]). Аднак гэта правіла непаслядоўнае. Спалучэнне [іо] захоўваецца, напрыклад, у словах іон, адажыо, Токіо, Базіліо, капрычыо і г. д. Унутры слоў перад [і], які знаходзіцца пасля галоснага, вымаўляецца [й], што асабліва выразна чуваць у націскным складзе ([Украйіна], [руйі́ны], [герайіза́цыйа], [зайіка́цца] і г. д.).

Вымаўленне зычных гукаў

§ 93. Гук [г] у беларускай мове — заднеязычны звонкі фрыкатыўны, парны па глухасці-звонкасці з [х]: [горат], [нага́], [агарот], [разгром]. Выбухны [г] (парны звонкі з [к]) вымаўляецца толькі ў паасобных словах і ў спалучэнні [зг]: [га́нак], [гу́з’ік], [гонта], [га́рн’ец], [га́за], [г’ірса́], [шва́г’ер], [шваг’е́рка], [гус], [гвалт], [гарсе́т], [г’е́стка], [агрэ́ст], [рэ́зг’іны], [мазг’і́] і інш. У літаратурнай мове замена [зг] на [ск] замацавалася толькі ў слове віск. Не лічыцца адхіленнем ад літаратурнай нормы і вымаўленне [г] як фарынгальнага звонкага фрыкатыўнага, які сустракаецца ў радзе паўднёвых гаворак, асабліва ў становішчы перад [а]: [hалава́], [hарох] і г. д.

§ 94. Гук [в] выступае як губна-зубны перад [ы], [а], [е]: [высока], [вада́], [вэрхал]. У становішчы перад лабіялізаванымі галоснымі ён набліжаецца да губна-губнога, але не супадае з ім: [воз’ера], [воўк], [ву́л’іца], [высока]. У становішчы пасля галоснага перад зычным і пасля галоснага ў канцы слова [в] вымаўляецца як гук губна-губны, які на пісьме абазначаецца літарай ў: [пра́ўда], [галоўны], [кароў]. Гук [в’] — заўсёды губна-зубны: [в’ерх], [в’ір], [в’адро] і г. д.

§ 95. Гукі [д], [т] пры змякчэнні вымаўляюцца як [дз’], [ц’]. Мяккія [дз’], [ц’] вымаўляюцца, як правіла, у лексіцы незапазычанай. Яны набылі фрыкатыўны элемент, вельмі часта з «шапяляватым» адценнем. З'ява пераходу [д] у [дз’] атрымала назву дзекання, а з'ява пераходу [т] у [ц’] — цекання: [вада́] — [вадз’е́], [брат] — аб [бра́ц’е], [тоўсты] — [таўс’ц’е́й]. Гэты пераход адбываецца, калі [д], [т] аказваюцца перад [е], [і] або перад [в’]. Дзеканне і цеканне ў беларускай мове — вельмі спецыфічная рыса, якая адрознівае беларускую мову ад іншых славянскіх моў. Гукі [ц’] і [дз’] не супадаюць па сваёй артыкуляцыі з адпаведнымі гукамі рускай, украінскай і польскай моў. Самы пачатак утварэння гэтых гукаў нагадвае артыкуляцыю [д], [т]. На наступным этапе язык усёй масай падымаецца ўверх, кончык яго апускаецца да ніжніх зубоў і ўпіраецца ў іх асновы. Месца змычкі змяшчаецца ў напрамку да сярэдзіны паднябення. У гэты час сярэдзіна языка прагінаецца і ўтвараецца шчыліна, у якой узнікае фрыкатыўны шум. Затым бакі языка адрываюцца ад паднябення, у выніку чаго фрыкатыўны шум нарастае. Паколькі шчыліна паміж усёй плоскасцю языка і цвёрдым паднябеннем шырокая, фрыкатыўны шум набывае нязначную «шапялявую» афарбоўку (лёгкае адценне мяккага [ш’]).

У запазычанай лексіцы, як правіла, вымаўляюцца [д], [т]: [дел’ега́т], [теа́тр], [дыв’і́з’ійа], [кры́тыка], [тыта́н]. У гутарковай мове ў многіх словах сустракаецца вымаўленне [дз’], [ц’]: [дз’ірэ́ктар], [дз’ел’ега́т], [дз’і́в’із’ійа], але яго трэба разглядаць як адхіленне ад літаратурнай нормы. У словах [дз’у́на], [ец’у́т] (эцюд), [ц’ір], [ц’ул’] заўсёды мяккія зычныя. Мяккія [дз’], [ц’] вымаўляюцца і перад суфіксальнымі [і], [о]: [каман’дз’і́р], [балац’іро́ўка], [б’іл’ец’о́р].

§ 96. Гук [дз] — цвёрдая афрыката. Пачынаецца ён як выбухны гук [д], а заканчваецца як шчылінны гук [з], аднак ён адрозніваецца ад спалучэння [д] + [з] злітнасцю артыкуляцыі. Ужываецца ён у некаторых беларускіх словах гукапераймальнага характару і ў нязначнай колькасці слоў, запазычаных з польскай мовы: [дзы́нкац’], [дзыл’і́нкац’], [дзвы́нкац’], [вэдзгац’], [пэндзал’], [кс’андза́], [нэндза], [дзы́ндра]. Вымаўляецца ён і на месцы [ц] перад звонкімі зычнымі: палец бы прыняў [па́л’едз бы прын’а́ў]. Пры нядбайным вымаўленні назіраецца замена яго найбольш блізкім гукам [з]. Аднак гэта адхіленне ад нормы.

§ 97. Адносна рэдка ўжываецца і гук [дж]. Гэта таксама цвёрдая афрыката. Вымаўляць яго трэба як адзіны гук, а не як спалучэнне [д] + [ж]. Ён сустракаецца галоўным чынам у дзеяслоўных формах і аддзеяслоўных назоўніках: [хаджу́], [гл’аджу́], [ваджэн’н’е], [суправаджэн’н’е]. Часам назіраецца яго замена [ж], асабліва ў словах [гараджа́н’ін], [джэмп’ер], што з'яўляецца адхіленнем ад нормы. У запазычаных праз рускую мову словах дапускаецца на яго месцы вымаўленне спалучэння гукаў [д]-[ж]: [д-жем], [камбад-жы́йец], [тад-жы́к], [д-жака́рта]. У беларускіх словах раздзельнае вымаўленне [д]-[ж] сведчыць аб тым, што марфемная граніца праходзіць паміж гэтымі гукамі: [пад-жартава́ц’], [ад-жа́ц’], [пад-жа́ц’], [ад-жы́ц’], [ад-жына́ц’], [пад-жо́ўкнуц’].

§ 98. Гукі [з], [с] перад мяккімі губнымі і перад [з’], [с’], [н’], [л’], [дз’], [ц’] і [й] вымаўляюцца мякка: [з’б’е́гац’], [з’м’е́с’ц’і], [з’ з’амл’і́], [б’ез’з’ам’е́л’ны], [затрос’с’а], [б’аре́з’н’ік], [грыз’н’а́], [у с’н’е́з’е], [с’л’ады́], [йе́з’дз’іц’], [г’імнас’ц’орка], [раз’йу́шаны], [з’йе́з’дз’іў], [пас’йа́нс]. Перад мяккімі [г’], [к’], [х’] яны цвёрдыя: [мазг’і́], [зг’і́нуц’], [н’і́ск’і], [уск’іп’е́ў], [ск’і́нуц’], [раск’і́с], [сх’іл’і́ўс’а].

Зычныя [з’], [с’] у беларускай мове значна мякчэйшыя, чым у іншых усходнеславянскіх мовах, аднак яны не такія мяккія, як польскія [с”], [з”]. Эфект іх мяккасці дасягаецца тым, што кончык языка пры іх вымаўленні апускаецца да ніжніх зубоў, месца ўтварэння шчыліны ссоўваецца да сярэдзіны цвёрдага паднябення, сама шчыліна ў канцавой фазе артыкуляцыі становіцца вельмі шырокай. На слых гэтыя гукі робяць уражанне не чыста свісцячых, а «шапяляватых» зычных.

§ 99. Гукі [н], [л] перад мяккімі [дз’], [ц’], [н’] і [й] памякчаюцца: [каман’дз’і́р], [дэ́н’дз’і], [на в’ера́н’дз’е], [мун’дз’і́р], [на фрон’ц’е], [кан’йа́к], [Пх’ен’йа́н], [в’ін’йе́тка], [л’йе], [ас’і́н’н’ік], [настол’н’ік]. Перад іншымі мяккімі зычнымі [н], [л] захоўваюць цвёрдасць: [канс’і́л’іум], [канс’е́рвы], [б’ассэ́нс’іца], [гаманл’і́вы], [канв’е́йер], [за́лв’іца], [тонк’і], [пас’олк’і].

§ 100. Заднеязычныя [г], [к], [х] у становішчы перад мяккімі зычнымі звычайна цвёрдыя: [погл’ат], [гл’ей], [кл’он], [скл’еп], [с’ц’і́хл’і], [агн’ом], [хл’еў], [хц’і́в’ец], [духм’а́ны], [кв’е́тк’і], [хв’іл’і́на], [Лукійа́н], [пу́хк’і], [л’охк’і], але [м’а́к’к’і].

§ 101. Губныя гукі [б], [п], [м], [ф], [в] мяккімі могуць быць толькі перад галоснымі: [б’е́лы], [п’е́с’н’а], [с’м’е́ла], [в’о́ска], [ф’е́рма]. Перад зычнымі (у тым ліку і перад [й]) і ў канцы слова губныя [б], [п], [м], [ф] вымаўляюцца цвёрда, а [в’] і [в] пераходзяць у [ў]: [бл’і́ска], [пл’е́чы], [з’амл’а́], [шуфл’а́да], [к’іпц’ура́м’і], [пйа́ны], [с’амйа́], [в’ерф], [голуп], [с’ем], [кроў]. У прадстаўнікоў паўднёвых гаворак сустракаецца вымаўленне перад націскнымі [о], [а] цвёрдых губных з наступным [й]: [мйот], [пйац’], [мйа́со]. Ступень выразнасці гука [й] у такіх выпадках неаднолькавая — ад зусім выразнага гука да ледзь улоўнага.

§ 102. Звонкія зычныя гукі ў канцы слова аглушаюцца: [хл’еп], [вос], [горат], [стох]. Як адпаведныя глухія гукі вымаўляюцца яны і перад глухімі: [ка́ска], [атказа́ў], [апц’ор]. У мове прадстаўнікоў рада гаворак, асабліва паўночна-ўсходніх, звонкія зычныя не аглушаюцца: [хл’еб], [горад], [ка́зка], але такое вымаўленне — адхіленне ад літаратурнай нормы.

Глухія зычныя гукі перад звонкімі змяняюцца ў звонкія [каз’ба́], [про́з’ба], [фудбо́л], [ан’егдо́т].

§ 103. Калі змычныя гукі аказваюцца перад змычна-шчыліннымі зычнымі, то яны могуць вымаўляцца, як адпаведныя змычна-шчылінныя, асабліва ў размоўным стылі: [аччу́ц’], [аччын’і́ц’], [нала́ччык], [кары́цца], [скла́ццы]. У інфінітывах дзеясловаў і ў формах трэцяй асобы адзіночнага і множнага ліку вымаўляецца і пішацца афрыката [цц]: купаецца, купацца, купаюцца, мыецца, мыюцца, мыцца.

Перад свісцячымі [з], [с], [з’], [с’] змычныя [д], [т] у канцы гучання набываюць шчылінны элемент, а ў размоўным стылі могуць вымаўляцца нават як афрыкаты: [падз’з’ам’е’л’л’е] і [падз’з’ам’е’л’л’е], [падз’з’ел’ан’і́ц’] і [падз’з’ел’ан’і́ц’], [патс’с’ін’і́ц’] і [пац’с’ін’і́ц’], [патссадз’і́ц’] і [пацсадз’і́ц’]. У некаторых словах афрыкаты перайшлі ў фрыкатыўныя гукі: [што], [пошта], [йайе́шн’а] (дапускаецца і [йайе́чн’а]). Спалучэнні гукаў [чн], [чц’] вымаўляюцца так, як і пішуцца: [пачці́ва], [сма́чна], [йа́чны], [йа́вачны] і г. д.

Частка слоў мае фанетычныя варыянты са змычнымі або шчыліннымі, шчыліннымі або афрыкатамі: [кракта́ц’] і [крахта́ц’], [хруст] і [хрушч], [штык] і [штых], [чвыр] і [жвір], [дапуска́ц’] і [дапушча́ц’], [гушчэ́ц’] і [гус’ц’е́ц’].

§ 104. Вымаўленне найбольш характэрных спалучэнняў зычных падаецца ў табліцы.

§ 105. У звязнай мове адбываюцца змены зычных на стыку слоў, характар якіх нагадвае змены спалучэнняў зычных унутры слоў.

Змены на стыку слоў звязаны з такімі прыметамі гукаў, як глухасць — звонкасць, цвёрдасць — мяккасць, шыпячасць — свісцячасць. Звонкія зычныя на канцы слоў перад санорнымі гукамі і перад галоснымі аглушаюцца: [нарот, йак в’адома]; [галоўнайе ш у ты́м, каб не згуб’і́ц’]; [дроб’ас’ йакайа]. Вымаўленне звонкіх зычных у гэтай пазіцыі з'яўляецца адхіленнем ад літаратурнай нормы. Толькі ў прыназоўніках на звонкія зычныя яны не змяняюцца на глухія: [ад йаго], [з’йі́м], [без в’інтоўк’і], [п’ерад йойу]. Перад глухімі зычнымі звонкія аглушаюцца вельмі паслядоўна: [с таго ча́су], [с кл’окатам], [ус’о ш так’і], [камбры́х спрабава́ў], [а шта́п тым ча́сам].

Для вымаўлення глухіх зычных перад звонкімі на мяжы слоў не існуе адзінага правіла. Пры хуткім тэмпе мовы глухія гукі ў гэтай пазіцыі азванчаюцца. Найбольш паслядоўнае азванчэнне глухіх назіраецца ў прыназоўніках, злучніках: [поб-здарав’і́ла], [П’атру́з’ быў жартаўн’і́к], [йагбы] ([г] выбухны), [бол’ж бу́дуц’], [н’а горж за м’ан’е], [хлоп’едз быў]. Пры запаволеным тэмпе часцей за ўсё азванчэння не адбываецца: [голас дру́га], [пае́т глыбока нацыйана́л’ны], [бол’ш дастатку].

§ 106. Найбольшы разнабой на стыках слоў назіраецца ў вымаўленні цвёрдых — мяккіх зычных. Калі самастойнае слова заканчваецца на цвёрды зычны, а наступнае слова пачынаецца з мяккага зычнага, то гэты папярэдні цвёрды зычны ніколі не змякчаецца. Што да службовых слоў, то яны часцей за ўсё, асабліва ў размоўным стылі, мяняюць цвёрдыя зычныя [з], [с] на [з’], [с’]: [з’йім], [з’ йак’іх крайоў], [б’ес’ с’аб’е́].

Не адбываецца змякчэння апошняга зычнага ў прыназоўніках праз, цераз і ў прыназоўніках на [д]: [ц’ерас ц’аб’е́], [ад м’ан’е́], [ад дз’ейаслова].

§ 107. Шыпячыя перад свісцячымі зычнымі на стыку слоў змяняюцца па глухасці — звонкасці: [н’а горж за м’ан’е], [тава́рыж З’ан’ко]. Свісцячыя перад шыпячымі змяняюцца не толькі па глухасці — звонкасці, але адначасова часцей за ўсё вымаўляюцца як шыпячыя: [б’аш ша́пк’і], [ж жа́л’ем]. На мяжы самастойных слоў свісцячыя захоўваюцца нязменна: [л’е́с шум’еў], [голас чу́йу] і г. д.

Калі слова заканчваецца на [с’ц’], а наступнае пачынаецца з [т], то [ц’] скарачаецца па даўжыні і амаль пазбаўляецца фрыкатыўнага элемента: [хотц’ ты йаго], [шэ́с’тц’ тамоў]. Асабліва выразная гэта з'ява ў размоўным стылі. Вымаўленне [ц’] у лічэбніках тыпу пяцьдзесят, шэсцьдзесят, пяцьсот, шэсцьсот характарызуецца не толькі яго азванчэннем, але і скарачэннем, у размоўным стылі — амаль да поўнага знікнення.

Вымаўленне спалучэнняў зычных
Спалучэнні зычных літарІх вымаўленнеПрыклады
бб[бб’]аббіць, аббегаць
гк[хк]лёгкі, дрогкі
гч[хч]лягчэй, падналегчы
гс[хс]загс
дб[дб’]падбіўся
дв, дзв[дв], [дз’ в’]мардве, абедзве
ддз[дз’ дз’]аддзьму
дж[дж], [д—ж]гараджанін, аджыць
д — я, ё, ю, е, і[дй]прад’явіць
дс[тс], [цс]адступіць
дск[цк]грамадскі
дств[цтва]грамадства
дсь[тс’]адсвечваць
дт — санорны[тт]адтрэсаць
дц[цц]адцадзіць
дць[ц’ ц’]адцерці
ждж[шч]дождж
жс[шс], [с]Суражскі
жк[шк]баклажка
жц[шц]дарожцы
жч[шч]перабежчык
зг[ск]мозг
здк[стк]выездка
здц[стц]паездцы
здзь[з’ дз’]здзьмухваць
здж[ждж]езджу
зж[жж]пазжынаць
здк[стк]паездка
ззбр[ззбр]абяззбройваць
зль[з’ л’]верзлі
змь[з’ м’], [зм’]змена, камунізме
зн[зн]позна, паязны
знь[з’ н’[дарагавізне
зск[сск]вагезскі
зц[сц]згрузцы
зш[шш]прывёзшы
зч[шч]грузчык
зць[с’ ц’]абгрызці
льтск[л’ цк]верхнявольтскі
нгь[нг’]кантынгент
нг[нх]лозунг
ндзь[н’ дз’]камандзір
ндск[нцк]вендскі, вест-індскі
нзь[н’ з’]вензель
нтц[нтц]студэнтцы
нць[н’ ц’]арыенцір
нцвь[нц’ в’]дранцвець
нцк[нцк]акупанцкі
сьб[з’ б]просьба
свь[с’ в’]свет
скмь[скм’]скмеціць
скь[ск’]скінуць
скль[скл’]склікаць
сль[с’ л’]перавясле
стн[сн]посны, але кампостны, кантрастны, аванпостны
стц[стц]пастцы
снь[с’ н’]снег
ствь[ств’]мноства
стк[стк]жорсткі
сцвь[с’ ц’ в’]жарсцвець
сць[с’ ц’]радасць, верзці
сцк[сцк]марксісцкі
сц[сц]запісцы
сш[шш]сшытак
сч[шч]счэпчык
сфь[сф’]сфера
твь[тв’]дратве
тль[тл’]перанятлівы
тч[чч]лётчык
шц[шц]дошцы
шск[шск], [ск]чэшскі
чн[чн]смачны, але яечня і яешня
чц[цц]чытачцы
чць[чц’]прабачце
цвь[ц’ в’]цвярозы
цтв[цтв]абібоцтва

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел