Предыдущий раздел | Оглавление | Следующий раздел
Просты сказ. Галоўныя члены сказа
§§ 139–148
Просты сказ
Члены сказа
§ 139. Любы сказ складаецца з асобных членаў, якія адлюстроўваюць разнастайныя адносіны паміж з’явамі рэчаіснасці. У якасці членаў сказа выступаюць знамянальныя часціны мовы, а таксама ўстойлівыя словазлучэнні, якія з’яўляюцца эквівалентам слова. Службовыя часціны мовы не бываюць членамі сказа: яны або зусім не ўваходзяць у састаў членаў сказа (злучнікі, узмацняльныя часціцы), або ўтвараюць іх разам са знамянальнымі словамі (прыназоўнікі, формаўтваральныя часціцы, звязкі); не з’яўляюцца членамі сказа таксама звароткі, мадальныя словы і выклічнікі.
Значыць, паміж часцінамі мовы і членамі сказа існуе ўзаемасувязь: члены сказа ёсць не што іншае, як часціны мовы ў пэўнай сінтаксічнай функцыі; у той жа час і самі часціны мовы атрымліваюць сваё найбольш поўнае выражэнне толькі ў саставе сказа.
Аднак часціны мовы і члены сказа нельга атаясамліваць: часціны мовы — гэта марфалагічныя катэгорыі мовы, а члены сказа — катэгорыі сінтаксічныя, гэта функцыі часцін мовы ў структуры сказа. Таму адна і тая ж часціна мовы і нават адна і тая ж форма слова можа выконваць ролю розных членаў сказа.
Кожная часціна мовы можа выступаць як у асноўнай сваёй функцыі, так і ў функцыі вытворнай, не ўласцівай ёй. Так, для назоўніка галоўнай з’яўляецца роля дзейніка ці дапаўнення, для прыметніка — роля азначэння, для дзеяслова — роля выказніка, для прыслоўя — роля акалічнасці; іншыя сінтаксічныя функцыі гэтых часцін мовы лічацца вытворнымі. У першым выпадку члены сказа называюцца марфалагізаванымі, у другім — немарфалагізаванымі.
Члены сказа нераўназначныя: адны з іх з’яўляюцца галоўнымі, другія — даданымі.
Галоўныя члены сказа
§ 140. Граматычна незалежны галоўны член сказа, які абазначае прадмет думкі, называецца дзейнікам. Граматычна залежны ад дзейніка галоўны член сказа, які абазначае дзеянне, стан або прымету прадмета, названага дзейнікам,— выказнік. Так, у сказе І месяц бляск струменіць белы з бяздоннай цьмянай глыбіні (Я. Колас) граматычна незалежны член, дзейнік — слова месяц, а граматычна залежны ад яго, выказнік — слова струменіць.
Сэнсавыя адносіны паміж выказнікам і дзейнікам могуць быць рознымі: прадмет і прымета (Дзень марозны), суб’ект і дзеянне (Дзяўчына спявае), відавое і родавае паняцці (Жалеза — метал), дзеянне і яго прымета (Жыць цікава) і г. д. Побач з разнастайнасцю гэтых адносін паміж двума галоўнымі кампанентамі сказа існуюць абавязковыя адносіны прэдыкатыўнасці. Іменна прэдыкатыўнасць (разам з сэнсавай і інтанацыйнай закончанасцю, мадальнасцю) і дазваляе лічыць падобныя спалучэнні слоў сказамі.
Наяўнасць абодвух галоўных членаў уласціва толькі двухсастаўнаму сказу. Яны служаць яго структурнай асновай і часцей за ўсё адпавядаюць членам суджэння — суб’екту і прэдыкату.
Акрамя галоўных членаў, у сказе могуць быць і іншыя члены — даданыя, якія паясняюць дзейнік ці выказнік. Знаходзячыся ў становішчы, залежным ад таго ці іншага галоўнага члена, даданыя члены сказа ў сваю чаргу могуць мець пры сабе словы, якія іх паясняюць: Узыдзе месяц над курганам у вянках прыгожосці і чар і ўзорам тонкім даматканым засцеле ў просіні абшар (П. Трус); Белым снегам замятае вецер чорныя палі (Я. Колас).
Такім чынам, двухсастаўны сказ дзеліцца на састаў дзейніка і састаў выказніка. Састаў дзейніка ўтвараецца з дзейніка і даданых членаў сказа, якія да яго адносяцца. Састаў выказніка ўтвараецца з выказніка і даданых членаў, якія да яго адносяцца.
У неразвітым двухсастаўным сказе ў састаў дзейніка ўваходзіць толькі дзейнік, а ў састаў выказніка — толькі выказнік.
Спосабы выражэння дзейніка
§ 141. Дзейнік можа быць выражаны як марфалагізаванымі, так і немарфалагізаванымі формамі. Марфалагізаванай формай выражэння дзейніка з’яўляецца назоўнік, займеннік-назоўнік і колькасны лічэбнік у назоўным склоне. Немарфалагізаваным называецца дзейнік, выражаны любой іншай часцінай мовы, якая ўжываецца ў значэнні назоўніка ў назоўным склоне.
1. Найбольш распаўсюджаная форма выражэння дзейніка — назоўны склон назоўніка любога лексіка-граматычнага разраду. Прадметнае значэнне назоўніка і незалежны назоўны склон найбольш прыгодныя для выканання функцыі дзейніка як незалежнага члена, што абазначае прадмет выказвання: Нерухома стаяў густы амярцвелы лес (Я. Колас); На пустым і закінутым полі не народзяць зярнят каласы (А. Бялевіч); Дарэмна стараюцца ворагі зноў парушыць спакой нашых меж-рубяжоў (М. Танк); Хлопчык з нямецкай блакады быў вырвацца рады (А. Куляшоў); Літаратар павінен быць вельмі чулы да слова (Я. Скрыган); Маладыя вунь сасонкі цешаць вока ростам гонкім (Я. Пушча); Голас партыі — голас міру (Прыказка); Найлепшы нам памочнік — дабрата (У. Калеснік); Мокуць — чортава месца, гіблае для касца (І. Мележ); Апошні раз акінуў Лабановіч вачамі ўсе ваколіцы (Я. Колас); Памяць сэрца ніколі не закрэсляць гады (А. Бялевіч); Наша праца — наш узлёт, наша слава і багацце (Я. Колас).
2. У функцыі дзейніка часта выступаюць займеннікі-назоўнікі:
а) асабовыя: Мы не забудзем тую ноч на петраградскім рубяжы... (М. Калачынскі); Я тугу ў тваіх вачах ніколі, маці, не забуду! (М. Хведаровіч); Сцяг брыгады нясу я (А. Куляшоў);
б) пытальна-адносныя: Хто так гулка стукаецца ў дзверы? Гэта ты, пасланнік поля — хлеб (П. Макаль); Што магло б там прылучыцца Петрусю малому? (Я. Колас);
в) адмоўныя: Ніхто не мае права хавацца ад абавязку барацьбы са злом (Я. Брыль); Ніхто каб ніколі не меў на вас злосці... (А. Русак); Нашых песень, светлых думак нішто не зацемрыць (Я. Купала);
г) няпэўныя: Хто-ніхто ўжо працаваў на полі (К. Чорны); Ноччу па лесе абы-хто не ходзіць (Я. Колас).
3. Калі размова ідзе пра колькасць, у ролі дзейніка выступае колькасны лічэбнік у назоўным склоне: Дзесяць дзеліцца на пяць.
4. Дзейнік можа быць выражаны немарфалагізаванымі формамі:
субстантывіраванымі прыметнікамі, дзеепрыметнікамі, парадкавымі лічэбнікамі і займеннікамі: Звыклае, часта чутае і бачанае не насцярожвае ўжо чалавека, ён яго як бы і не заўважае (Р. Сабаленка); Гусі апусціліся на жытнёвае поле. Адны паспешліва шчыпалі рунь, другія навыперадкі беглі да азярца, трэція ўжо асунуліся ў ваду (Т. Хадкевіч); Стаяўшыя каля студні перадавалі далей Арцёмавы словы (Я. Колас); І гэта «іх», як здань ліхая, спакой ад дзядзькі адганяе (Я. Колас);
субстантывіраванымі нязменнымі часцінамі мовы: прыслоўямі, злучнікамі, прыназоўнікамі, часціцамі, выклічнікамі: Увесь час у яго гэтае «гэй» на языку верціцца (Я. Колас); І ўсё мілагучна для слыху майго: і звонкае «дзе» і густое «чаго» (П. Панчанка); І сёння і светлае заўтра вялікіх паэтаў народзіць (Я. Пушча); У лесе грымнула «ўра» (Р. Сабаленка); У каго не сціснецца сэрца, калі з яшчэ цёплага неба восені загучыць і тужлівае і жалкотнае «кур-лы-кур-лы» (К. Кірэенка).
5. Дзейнік можа выражацца ўстойлівымі спалучэннямі іменнага тыпу: Савецкі Саюз — магутны аплот міру ва ўсім свеце (Звязда, 1985); Белавежская пушча — багаты музей жывой прыроды (В. Вольскі).
6. У ролі дзейніка могуць выступаць сінтаксічна непадзельныя словазлучэнні са значэннем: а) колькасці, б) сумеснасці, в) выбіральнасці, г) пэўнасці ці няпэўнасці.
Дзейнік з колькасным значэннем выражаецца:
спалучэннем колькаснага ці зборнага лічэбніка з назоўнікам у назоўным ці родным склоне: Дзве маленькія шэрыя птушачкі сарваліся з галіны і, тоненька ціўкаючы, паляцелі ў поле (Т. Хадкевіч); На шырокім двары Азярышчанскага райкома стаяла некалькі фурманак (П. Пестрак); Усе трое пасажыраў моўчкі аглядалі наваколле (М. Ракітны); Усе чацвёра хлапцоў скончылі васьмігодку сёлетняй вясной (Т. Хадкевіч);
спалучэннем назоўніка з колькасным значэннем ці са значэннем сукупнасці ў назоўным склоне і назоўніка ў родным склоне: Рухаючыся з поўначы на поўдзень, вялікія масы лёду драбнілі цвёрдыя пароды, цягнулі іх з сабою і пакідалі на сваім шляху буйныя валуны, дробныя каменні, гліну і пясок (В. Вольскі); У нядзельку з самае раніцы паявіліся натоўпы людзей з чырвонымі сцягамі (Р. Сабаленка).
Дзейнік са значэннем сумеснасці выражаецца спалучэннем назоўніка ці займенніка ў назоўным склоне з назоўнікам ці займеннікам у творным склоне з прыназоўнікам з1: Заслонаў з Міронам Іванавічам правялі кароткую нараду (М. Лынькоў); Юрка з дзядзькам Лявонам не разлучаліся ні на адзін дзень (І. Гурскі); Андрэй з Параскай і не заўважылі, як вырас іх сын (Р. Сабаленка); Мікіта з старым Купрыянам з камісіяй робяць абход (Я. Колас).
Дзейнік са значэннем выбіральнасці выражаецца спалучэннем займеннікаў кожны, любы, усякі, адзін, нехта, хто і падобных з іншым займеннікам ці назоўнікам у родным склоне: Кожны з нас адчувае Леніна заўсёды поруч з сабою, у сабе (А. Бялевіч); Кожны з нас памятае прачытаную ў юнацтве першую кнігу (Я. Скрыган); Усякі з нас летняму дожджычку рад (Я. Купала); Над уласцівасцямі солі мала хто з нас задумваецца (А. Куляшоў); Шмат хто з гараджан прыязджаў летам у вёску на адпачынак (І. Гурскі).
Дзейнік са значэннем пэўнасці ці няпэўнасці выражаецца:
спалучэннем асабовага займенніка з азначальнымі займеннікамі сам ці увесь: Так я зразумеў яшчэ адну ісціну, што нясказанае слова павінен сказаць толькі ты сам (В. Вітка); Са з’яўленнем.. [Соні] мне быццам перадаваўся яе бадзёры настрой, і я ўвесь ажываў (М. Ракітны);
спалучэннем указальнага займенніка гэта з азначальным усё: Пайсці ў грыбы ці ў тую рыбу або паехаць на сялібу ці ў млын малоць на хлеб збажынку — усё гэта вабіла хлапчынку (Я. Колас); Раззбраенне польскага канвоя, арышт Панаса, знікненне дзеда Талаша, жорсткая расправа палякаў у Вепрах — усё гэта адышло цяпер на другі план і засланілася Ганусанскімі падзеямі (Я. Колас);
спалучэннем няпэўнага займенніка нешта, штосьці і падобных з прыметнікам: І раптам нешта цёплае нахлынула на сэрца, агарнула яго ціхаю радасцю з нейкім невыразным смуткам (М. Лынькоў); Можа, свет і любім мы за тое, што ў стрыечнай блізкасці жывём. Штосьці свойскае і штось людское ў гэтых дрэў, камення і жывёл (А. Пысін).
7. Дзейнік можа быць выражаны незалежным інфінітывам. Дзейнік-інфінітыў звычайна стаіць перад выказнікам і аддзяляецца ад яго паўзай, якая інтанацыйна дзеліць сказ на дзве часткі — састаў дзейніка і састаў выказніка: Вучыцца ніколі не позна (Прыказка); Будаваць — вялікае шчасце для чалавецтва (М. Паслядовіч); Жыць паходам — адна ў мяне ўцеха (К. Кірэенка); Патрапіць хоць бы на змену ў Арэхаўскі піянерскі лагер лічылася шчасцем (Е. Лось); Чытаць гэты твор — асалода і праца (Я. Брыль).
Пры адваротным парадку слоў дзейнік, выражаны інфінітывам, выдзяляецца агульным сэнсам сказа, узмоцненым фразавым націскам на выказніку, паўзай перад саставам дзейніка: Ваш абавязак — рабіць сваю справу (П. Галавач); Самае цяжкае было пераадолець лагчыну, потым ішло лягчэй (В. Быкаў).
Інфінітыў-дзейнік двухсастаўнага сказа трэба адрозніваць ад інфінітыва ў складзе выказніка безасабовага сказа. Іх адрозненне праяўляецца ў спосабах выражэння выказніка, інтанацыі і ў парадку слоў.
8. Дзейнік можа быць выражаны цэлым сказам, які адасабляецца інтанацыйна і з’яўляецца прадметам думкі: «Свету — мір!» — дэвіз усяго прагрэсіўнага чалавецтва; «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» — галоўны лозунг камуністаў; Гучнае «Дзень добры, таварышы!» пачулася ля ўваходу ў майстэрню (Х. Шынклер).
У структурных адносінах адрозніваюць тры тыпы дзейніка: просты, складаны і састаўны. Просты дзейнік складаецца з аднаго слова ці ўстойлівага спалучэння: Вечная дружба з’яднала братоў (А. Бачыла); Першамайскімі называліся новыя брыгады камуністычнай працы (А. Куляшоў). Складаны дзейнік нагадвае сабой сінтаксічна непадзельнае словазлучэнне: Узняты сотні рук сялянскіх да полымя сцягоў чырвоных (М. Аўрамчык); Раз увечар дзед з Сымонкам выйшлі ў парк у свой абход (Я. Колас). Састаўны дзейнік выражаецца спалучэннем дзеяслоўнай звязкі ў форме інфінітыва і назоўнікаў, прыметнікаў, парадкавых лічэбнікаў або займеннікаў з абагульнена-якасным значэннем у форме творнага склону: Стаць заможнымі — наша мэта (І. Шамякін); Быць свінаркай — пачэсная праца (З. Бядуля).
1 У гэтым выпадку выказнік ужываецца ў множным ліку; пастаноўка ж выказніка ў адзіночным ліку ўказвае на тое, што да дзейніка адносіцца толькі назоўнік ці займеннік у назоўным склоне: На прыгуменні, поруч з садам, павець з гумном стаяла радам (Я. Колас).
Тыпы выказніка
§ 142. Выказнікі падзяляюцца на дзеяслоўныя і іменныя. Дзеяслоўным называецца выказнік, выражаны дзеяслоўнай формай ці словам са значэннем дзеяння: Нівы ціха адпачывалі пасля летняй працы (Цётка); Пабялелі ад снегу маўклівыя сосны (С. Грахоўскі); Потым — гоп яна з калёс, села ля дарогі... (К. Крапіва).
Іменным называецца выказнік, выражаны дзеяслоўнай звязкай і іменнай часткай: Пасля рэвалюцыі ўсё стала нашым, народным (М. Гарэцкі); Пасля дажджу лес зрабіўся панурым, непрыветлівым (М. Лынькоў); Якое кароткае лета было той год у нас! (М. Танк).
У структурных адносінах выказнікі могуць быць простымі, ускладненымі, састаўнымі і складанымі. Дзеяслоўныя выказнікі бываюць усіх чатырох тыпаў, а іменныя — толькі састаўнымі ці складанымі.
Простым называецца выказнік, выражаны адным дзеясловам ці яго фразеалагічным эквівалентам: Мы стаім за жыцця прыгожосць (Э. Агняцвет); Агні работ гараць у нашым краі (Р. Няхай); Твой сын не прадаваў душы (Н. Гілевіч); Там ва ўсе званы звоняць пра гэты цуд (П. Пестрак).
Ускладненым называецца выказнік, выражаны спалучэннем паўназначных дзеясловаў: Кіраваць то ты кіруй, ды не вельмі тузай (К. Крапіва); Скачуць-плачуць сухавеі (З. Бядуля); Пойдзем, хлопцы, паглядзім на горад, па кіно даўно знаёмы нам (П. Панчанка).
Састаўным называецца выказнік, які складаецца са звязкі ці дапаможнага дзеяслова і прызвязачнай часткі або інфінітыва іншага дзеяслова: К вечару пакідае звінець неабдымная шырыня летняга дня (К. Чорны); Святлейшымі сталі нябёсы ад празрыстых кропелек расы (П. Прыходзька).
Складаным называецца выказнік, які складаецца з трох і больш кампанентаў: Хлопчык марыў вырасці мужным і смелым (І. Новікаў); У хаце ўжо збіраліся класціся спаць (П. Галавач); Мой бацька, Пятрусь Сурмак, вымушаны быў лічыць мяне памочнікам у гаспадарцы (Я. Брыль).
Спосабы выражэння дзеяслоўнага выказніка
Просты дзеяслоўны выказнік
§ 143. Просты дзеяслоўны выказнік можа быць выражаны як марфалагізаванай, так і немарфалагізаванай дзеяслоўнай формай.
Марфалагізаванымі формамі выказніка з’яўляюцца:
дзеясловы абвеснага ладу: З лісцем пажоўклым горкія слёзы падаюць, сыплюцца з белай бярозы (П. Броўка); Цёмны лес з усіх бакоў абступаў невялікую паляну (З. Бядуля); Ціха шумелі ліпы (У. Шахавец); Незабыўных не забудзем мы ахвяраў, да канца за нашу справу пастаім, сцяг чырвоны векапомных камунараў нашай змене для палёту аддадзім (А. Куляшоў); Плыве, гудзе шум гулкі будаўнічы па ўсёй краіне з краю ў край (Я. Купала); Сады цвілі ў наваколлі (А. Звонак); Да камунізма нам дарог ніхто не загародзіць (А. Русак); Адзвінеўшая песня лета чабаровым пахне настоем (К. Кірэенка);
дзеясловы загаднага ладу: Не тужы ты, Нёман, адзінока па красуні Прыпяці шырокай (А. Русак); Пралятайце вы, дні, залатымі агнямі (М. Багдановіч); Жыві ты, савецкі народ (Я. Колас); Плыві, наша песня, далёка, па ўсіх акіянах плыві (П. Броўка); Зямлі і працы гаспадар, у поле ідзі, араты (М. Чарот); Гэй, вольная песня, уздымайся на крылах маланак нястрымных... (М. Танк); Нястомны камунар, змаганню гімн спявай, на варце пільнай будзь (Я. Журба); Дняпро і Сож, Дзвіна і Прыпяць, нясіце радасць нашу ўдаль... (М. Чарот); Вей, вецер, хваёвым водарам (П. Панчанка);
дзеясловы ўмоўнага ладу: Я хацеў бы, каб мірна і весела ў добрай працы прайшлі іх гады, самай мірнай жадаў бы прафесіі ім, маім сябрам маладым (П. Панчанка); Я злавіў бы яго, млынара, за руку, я яму паказаў бы, чым мелюць муку (А. Куляшоў);
аналітычныя дзеяслоўныя формы: Доўга будзе памятаць наша зямля варожую ліхую навалу (К. Кірэенка); Хай дровы ярчэй разгарацца. Хай добрыя рукі сяброў, грубыя ад сцюжы і працы, да полымя цягнуцца зноў (А. Куляшоў); Хай змываюць хмары чыстымі дажджамі след вайны нядаўняй, што прайшла лясамі, хай жа тое сонца, што ўстае з усходу, дасць зацвіўшым кветкам ясную пагоду (М. Калачынскі);
фразеалагічныя спалучэнні з дзеясловам у якасці галоўнага слова: Хлопец даўно з яе вока не зводзіў (М. Лужанін); Ды, зрэшты, перад кім ён выварочваў сваю душу? (К. Чорны); Спыніўся на парозе, на хату кінуў востры зрок (Я. Колас); Усё да сэрца браў я блізка... (П. Броўка); Пры дарозе б’е нізкі паклон кучаравы лянок валакністы (М. Хведаровіч); Маладыя вунь сасонкі цешаць вока ростам гонкім (Я. Пушча).
Немарфалагізаваныя выказнікі выражаюцца:
дзеяслоўнымі выклічнікамі: Мікола ўзяў за руку сына і сказаў: «Сынок, хадзем дахаты. І маўчы, нікому нічога ані шэп...» (Я. Колас); І раптам — блісь у лесе агеньчык (Я. Колас); Вяртлявая сінічка пырх — і няма яе (М. Лынькоў);
гукапераймальнымі словамі: Бурбалкі са дна возера — буль-буль-буль (Я. Брыль); Ляжыць Жук навязаны, маўчыць, маўчыць, а потым — воў, воў, воў... (Я. Брыль);
інфінітывам са значэннем энергічнага пачатку дзеяння: Душа ў напружаным хваляванні, Алеся — бегчы (П. Трус); Праганяты ўцякаць (У. Караткевіч); Я за імі цікаваць, а потым калі трахнуў (З. Бядуля);
дзеясловам ёсць пры дзейніку ў множным ліку: Люба адчула, што яна не адзінокая, што каля яе ёсць свае, родныя людзі (І. Шамякін);
дзеясловамі загаднага ладу са значэннем неабходнасці, пажадання, умовы, нечаканасці: Пішуць гэтых вершаў цэлыя стагі, а я — выдавай (М. Лужанін); А цесната — ні стаць, ні сесці: тырчы, як пень, на адным месцы (Я. Колас); Вось! За цябе толькі і бойся. Ледзь сышоў з вачэй, то і трывожся (І. Мележ).
Ускладнены дзеяслоўны выказнік
§ 144. Асаблівасці такога выказніка заключаюцца ў тым, што значэнне, якое ім выражаецца, суправаджаецца самымі рознымі дадатковымі мадальнымі і экспрэсіўнымі адценнямі. Для перадачы такіх адценняў выкарыстоўваюцца разнастайныя паўтарэнні дзеяслоўных форм ці далучэнне да дзеяслова іншых слоў (часцей за ўсё часціц): А маці недзе чакае не дачакаецца (І. Шамякін); А трактар гудзе і гудзе (Я. Брыль); Жыў-быў вожык у лесе, а потым узяў ды памёр (Я. Брыль); Лятуць ды лятуць кволыя сняжынкі (З. Бядуля); Скрыпіць-паскрыпвае за акном стары вяз (П. Галавач); Дні нястомнай хадою бягуць і бягуць (Я. Колас); Лес гудзе-ракоча цёмнай шапкай верхавін (Я. Колас); Жоўта-чырвонае лісце падае, падае з дрэў (М. Машара); Ад соцень гулкіх вуліц калоны дэманстрантаў плылі, плылі, плылі... (П. Броўка); Баяцца я не баюся, няхай падпальшчыкі знаюць, нябёсам маёй Беларусі дарэмна яны пагражаюць (А. Куляшоў).
Ускладняючыя элементы ўносяць дадатковыя адценні ў граматычнае і рэчыўнае значэнні выказніка, не закранаючы яго структуры. Яны паказваюць адносіны таго, хто гаворыць, да зместу сказа, г. зн. перадаюць суб’ектыўную мадальнасць сказа.
Састаўны дзеяслоўны выказнік
§ 145. Састаўны дзеяслоўны выказнік выражаецца спалучэннем дапаможнага дзеяслова ў асабовай форме і прымыкаючага інфінітыва. У інфінітыве заключана асноўнае лексічнае значэнне выказніка, а дапаможны дзеяслоў выконвае граматычную функцыю, указваючы на час, лад, асобу, род ці лік выказніка.
Дапаможнымі могуць быць:
дзеясловы, якія абазначаюць пачатак, працяг ці канец дзеяння,— так званыя фазавыя дзеясловы. У спалучэнні з фазавымі дзеясловамі інфінітыў выкарыстоўваецца толькі ў форме незакончанага трывання: Чырвань зары пачала набірацца блакіту і блекнуць (Я. Брыль); Настаўнік устае і паволі пачынае прахаджвацца паміж роўных радоў парт (А. Васілевіч); Алёшка зноў пачаў адчуваць млявасць і стому (А. Якімовіч); Неба на ўсходзе пачало святлець (М. Лынькоў); Язык полымя пачаў разрастацца, набіраць паўкруглую форму (Я. Брыль); Чапцоў і капітан збіраліся развітацца (І. Мележ); Музыка на вуліцы сціхла, і Ганне стаў чуваць гоман многіх галасоў (І. Мележ); Мірон Іванавіч астаўся начаваць у Заслонава (М. Лынькоў); Серадзібор пачынае расці, пачынае шумець... (П. Пестрак);
дзеясловы мадальнага значэння, якія выражаюць магчымасць ці немагчымасць, неабходнасць і інш.: Лабановічу рэдка калі траплялася бачыць такое мноства баравікоў на зусім невялікай лапінцы (Я. Колас); Іншы раз вочы яе маглі, як і раней, бліснуць весялосцю (І. Мележ); Нашу працу і нашых сяброў мы ўмелі любіць (Я. Дудар);
дзеясловы са значэннем волевыяўлення, якія выражаюць жаданне ці нежаданне, імкненне, старанне, рашэнне, спробу і пад.: Палкоўнік вырашыў пагаварыць са сваімі памочнікамі (П. Кавалёў); Дарэмна стараліся ворагі зноў парушыць спакой нашых меж-рубяжоў (М. Танк); Хлопец хацеў працаваць на заводзе і адначасова вучыцца ў вячэрняй школе (Звязда, 1985); Ён імкнуўся здагадацца, навошта яго сюды паслалі (А. Кулакоўскі);
дзеясловы, якія выражаюць мысліцельныя працэсы і ўнутраныя перажыванні (думаць, спадзявацца, любіць, ненавідзець і пад.): У гэты ранні час Арцём заўсёды любіў глядзець на далёкія горы (Э. Самуйлёнак); Як ён марыў прывезці ў палі Беларусі хоць бы частку таго, чым квітнеў Ленінград (П. Броўка); Люблю глядзець, калі бялеюць іскрыста-чыстыя снягі (А. Бялевіч).
Дапаможныя дзеясловы ў асабовай форме ў састаўных выказніках маюць аслабленае лексічнае значэнне і без інфінітыва не ўжываюцца. Іх трэба адрозніваць ад дзеясловаў, якія абазначаюць самастойнае дзеянне. У апошнім выпадку прымыкаючы да іх інфінітыў не ўваходзіць у састаў выказніка, а з’яўляецца самастойным членам сказа — дапаўненнем ці акалічнасцю: Ён папрасіў госця пасадзіць на памяць дрэўца (А. Куляшоў); Той прыехаў павучыцца, як заводы мы будуем. Той прыехаў павучыцца, як мы новы дзень плануем (П. Броўка); Вясной з’явілася іх сем свет новы будаваць (Я. Купала); І здаецца зноўку — еду я дадому пераведаць родных, блізкіх, дарагіх (П. Трус).
Сінтаксічная функцыя інфінітыва ў спалучэнні з асабовай формай дзеяслова праяўляецца не заўсёды выразна. Асабліва сцёрты граніцы паміж інфінітывам — часткай выказніка і інфінітывам — дапаўненнем у спалучэнні з асабовымі формамі дзеясловаў са значэннем волевыяўлення, мысліцельных працэсаў і ўнутраных перажыванняў.
Варта памятаць, што дзеясловы загадаць, забараніць, прасіць, параіць і падобныя звычайна спалучаюцца з аб’ектным інфінітывам (загадаў прынесці, забараніў сустракацца, прасіла перадаць, параілі палячыцца).
Складаны дзеяслоўны выказнік
§ 146. Складаны дзеяслоўны выказнік выражаецца:
спалучэннем спрагальнага дзеяслова і двух інфінітываў: Начаваць ён меўся пайсці да Андрэя (М. Зарэцкі); Сымон сабраўся ісці секчы дровы ў бярэзнік (З. Бядуля); Лабановіч вырашыў неадкладна пастарацца пабачыць Ядвісю і пагаварыць з ёю (Я. Колас); Стась намераваўся ісці вучыцца ў дзесяцігодку (Т. Хадкевіч); Я хацеў навучыцца іграць на скрыпцы (Я. Колас); Ён не спозніцца прыехаць паказаць нам кладку сцен (Я. Брыль);
спалучэннем прыметнікаў рад, гатовы, павінен, схільны і падобных ці назоўніка майстар, любіцель і падобных, інфінітыва і звязкі, у тым ліку і нулявой: Паклонам першым і паклонам сотым, п’янеючы без хмелю пакрысе, я кланяцца гатоў пчаліным сотам, мядовай іх спакуслівай красе (П. Макаль); Рады мы сёння вас павіншаваць, добраю часінай вяселле пачаць (А. Русак); Хлопчык з нямецкай блакады быў вырвацца рады (А. Куляшоў); Ён прыйшоў на Случчыну і гатовы быў цалаваць зямлю, якой так доўга цураўся (А. Чарнышэвіч); І майстар быў дзяцюк есці гэтыя абаранкі (З. Бядуля); Лазіць па дрэвах я быў мастак (А. Якімовіч); Майстрам стаў вялікім туркаць языком, пугачом кугыкаць, скавытаць ваўком (З. Бядуля).
Спосабы выражэння іменнага выказніка
Састаўны іменны выказнік
§ 147. Састаўны іменны выказнік складаецца са звязкі і прызвязачнага члена. Звязка выражае граматычнае значэнне (час, асобу, лад) і злучае выказнік з дзейнікам. Прызвязачны член перадае лексічнае значэнне выказніка.
У іменным выказніку ўжываюцца звязкі трох тыпаў: адцягненыя, паўадцягненыя і рэчыўныя.
Адцягненыя звязкі поўнасцю страцілі лексічнае значэнне. У якасці іх звычайна ўжываюцца асабовыя формы дзеяслова быць. Паўадцягненыя звязкі страцілі лексічнае значэнне толькі часткова. Ролю іх выконваюць дзеясловы з’яўляцца, рабіцца, стаць, станавіцца, бываць, называцца і пад. Рэчыўныя звязкі поўнасцю захавалі лексічнае значэнне. Гэтымі звязкамі бываюць дзеясловы руху ці стану (ісці, вяртацца, сядзець, ляжаць і пад.).
Прызвязачны член выражаецца рознымі часцінамі мовы: назоўнікам, прыметнікам, дзеепрыметнікам, займеннікам, лічэбнікам, прыслоўем, выклічнікам: Пасля дажджу лес зрабіўся панурым, непрытульным (М. Лынькоў); Вада ў рэчцы была чыстая і халодная (І. Новікаў); Нарачанская група азёр — самая вялікая і самая вядомая на Беларусі (В. Вольскі); Шум залацістай дубровы стаў родным для партызан (Р. Няхай); Вучыцца ў народа — задача кожнага пісьменніка (К. Чорны); Рыбак быў дзядзька наш Антоні, як і работнік, адмысловы (Я. Колас); Пасцябунчык стаяў ні жывы ні мёртвы (М. Лынькоў); Людовік ішоў пануры і ўстрывожаны (А. Куляшоў); Камуністы першымі ідуць заўжды (У. Дубоўка); З вечара было зорна (К. Чорны).
Пры нулявой звязцы (г. зн. пры той, якая матэрыяльна не выражана, адсутнічае) звычайна ўжываецца назоўны склон назоўніка: Вясна — час работы, а не гутарак (І. Шамякін); Аксён Каль — селянін з Высокага (Я. Колас); Міхась — брыгадзір, а Сяргей — камбайнер (М. Хведаровіч).
Назоўнік з аслабленым лексічным значэннем выконвае функцыю прызвязачнага члена разам з азначэннем (дапасаваным ці недапасаваным), якое да яго адносіцца: Мудрая рэч — праца сярод людзей і для людзей (П. Пестрак); Белавежская пушча — наша гордасць (В. Вольскі); Турбота народа — турбота мая, а доля мая — доля краю (А. Бялевіч); Дружнасць — першы крок свабоды, згода — сіла грамады (Я. Колас).
У сказе, дзе абодва галоўныя члены выражаны назоўнікам у назоўным склоне, выказнік звычайна знаходзіцца ў постпазіцыі: Мінск — сталіца БССР. Аднак пры інверсіі ён аказваецца ў прэпазіцыі: Сталіца БССР — Мінск.
Пры вызначэнні сінтаксічных функцый назоўнікаў у назоўным склоне неабходна ўлічваць рад момантаў:
лексічнае значэнне назоўнікаў: выказнік звычайна абазначае больш шырокае паняцце, а дзейнік — больш вузкае ці індывідуальнае (Зямля — планета; Васільеў — урач); у тых выпадках, калі выказнік абазначае больш вузкае паняцце, ён выдзяляецца па агульнаму сэнсу сказа і па інтанацыі (Гэты чалавек — мой сябар);
адносіны азначаючага да азначаемага (Праца — наша багацце);
магчымасць замены назоўнага склону творным (сталіцай БССР з’яўляецца Мінск);
магчымасць пастаноўкі перад выказнікам часціц гэта, вось, таксама ці параўнальных злучнікаў як, быццам, усё роўна як і пад.: Камуністы — гэта перш за ўсё інтэрнацыяналісты (М. Гамолка); Вершы паэта — гэта яго біяграфія (А. Валюгін); Мір — гэта і праца, і шчасце, і радасць (М. Гамолка); Стракозы быццам верталёцікі: ім кожны ліст — аэрадром (П. Панчанка); Жыццё маё, ты — як цягнік бясконцы (П. Панчанка).
Звязка ёсць і злучнік як абавязковыя, калі дзейнік і выказнік выражаны адным і тым жа назоўнікам: Школа ёсць школа, а вучэнне ёсць вучэнне (А. Васілевіч);
інтанацыю: Мы — песняры працоўнай эры (М. Машара); Стаць высокакваліфікаваным спецыялістам — абавязак кожнага студэнта (Звязда, 1985).
Складаны іменны выказнік
§ 148. Складаны іменны выказнік складаецца з трох і больш кампанентаў:
спрагальнага дзеяслова са значэннем пачатку, працягу ці канца дзеяння, інфінітыва і іменнага прызвязачнага члена: Узнімаўся вечар, змрок пачаў рабіцца яснейшы (К. Чорны); Я пазіраю на колішнюю Алену, і яна ўсё больш пачынала здавацца мне інакшай, не той (М. Лупсякоў); І ён першы стаў памагаць такелажнікам (У. Карпаў); Першым пачаў гаварыць дырэктар (П. Пестрак);
спрагальнага дзеяслова з мадальным значэннем, інфінітыва і іменнага прызвязачнага члена: Я хачу быць такім, як тата (І. Мележ); Я старшынёй быць не думаю (І. Шамякін); Прыгавор, як гнеў людзей, агністы ад імя ўсіх зямных краін тым, хто сее здраду і паклёпы, тым, хто стаўку ставіць на уран, тым, хто зрабаваную Еўропу хоча бачыць мёртваю ад ран (П. Панчанка);
кароткага прыметніка, інфінітыва і прызвязачнага члена: Салдацкія простыя боты павінны быць моцнай работы (П. Глебка); Кожны быць павінен спецам дзён вялікае будоўлі (П. Глебка); Я ж казаў, што гатоў стаць памочнікам у Юзіка (А. Якімовіч); Дружба павінна быць вялікай і вечнай (К. Чорны).
Пры наяўнасці звязкі складаны іменны выказнік становіцца чатырохчленным: Маюцца толькі тыя, каму гэтая справа павінна была б стаць блізкай (У. Караткевіч); І таму ў ім усё павінна было быць незвычайным і грандыёзным: плошча, вуліцы, дамы (У. Карпаў).
