Артефакт.lib.ru
Сайт Андрея Пискунова Хостинг Lib.Ru

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел

Даданыя члены сказа

§§ 149–163

Даданыя члены сказа

§ 149. Даданымі членамі сказа называюцца члены сказа, якія знаходзяцца ў падпарадкавальнай сувязі з галоўнымі членамі сказа ці паміж сабой і служаць для іх паяснення, удакладнення, дапаўнення. Даданымі членамі сказа з’яўляюцца: азначэнне (яго разнавіднасць — прыдатак), дапаўненне і акалічнасць.

Азначэнне

§ 150. Азначэннем называецца даданы член сказа, які адносіцца да слова з прадметным значэннем і характарызуе прадмет, названы гэтым словам, з боку яго якасці, прыметы ці ўласцівасці: Мне жывою крыніцаю хочацца ўліцца ў імклівы паход (А. Бялевіч); На пуховы белы снег ночка крылы звесіла (М. Васілёк); А хвоі, елкі векавыя пад зыкі песень маладыя маўчком стаялі ў нейкім думе (Я. Колас); І заціхла ў полі на шырокім прыволлі праца дружных вясёлых брыгад (А. Русак); Песняй вясны лебядзінаю, скінуўшы зімнія чары, Шэпчуцца явар з калінаю ў сумнай даліне над ярам (Я. Купала); Абмытая ветрам, начною расою, павевам ружовай зары, ты [Беларусь], гордая юнай і свежай красою, завеш працаваць і тварыць (А. Звонак).

Па характару сінтаксічнай сувязі азначэння з азначаемым словам усе азначэнні дзеляцца на дапасаваныя і недапасаваныя.

Дапасаванае азначэнне

§ 151. Дапасаваныя азначэнні выражаюцца тымі часцінамі мовы, якія здольны дапасоўвацца да азначаемага слова ў ліку і склоне, а ў адзіночным ліку — і ў родзе. Дапасаваныя азначэнні выражаюцца прыметнікамі1, дзеепрыметнікамі, займеннікамі-прыметнікамі, парадкавымі лічэбнікамі, а таксама колькаснымі лічэбнікамі ва ўскосных склонах: Расчасалі вішні шоўкавыя косы (П. Трус); Я люблю легенд дасціпны сказ і народ свой кемлівы і здольны (Я. Пушча); Белым снегам замятае вецер чорныя палі (Я. Колас); Золак пунсовы заліў небакрай, ранне страчае абноўлены край (Л. Звонак); Пад ясна-сіняю страхою чыёюсь дбалаю рукою збудаван мне прасторны дом (Я. Колас).

Значэнне дапасаванага азначэння як даданага члена сказа вызначаецца лексічным значэннем слова, якім яно выражана. Азначэнні, выражаныя якаснымі прыметнікамі, абазначаюць разнастайныя прыметы прадмета, асобы ці з’явы: Па блакітным небе павольна плывуць над Мінскам белыя воблачкі (В. Вольскі); Да нас з-за зялёных бароў ужо чэрвень пахучы прыйшоў (П. Броўка); На траве крыштальна чыстай мой застаўся цёмны след (М. Хведаровіч); О, як бы нам хацелася здабыць навекі мір для роднае краіны (П. Панчанка); На ўзлесках цвіў лілова-сіні сон і аддаваў мне ўсю сваю пяшчоту (Н. Мацяш).

Азначэнні, выражаныя адноснымі прыметнікамі, абазначаюць разнастайныя прыметы прадмета, асобы ці з’явы не непасрэдна, а праз адносіны да іншых прадметаў, а таксама да месца, часу (у адпаведнасці з лексічным значэннем прыметніка): Мы глыбокаю ноччу зімовай і засушлівым ліпеньскім днём ратаваць чалавека гатовы, рызыкуючы ўласным жыццём (Э. Агняцвет); За стагамі сейм бусліны збіраецца восеньскай раніцай (А. Бачыла); На заводскай агароджы серабрыўся зубр (І. Гурскі); Тут пад гамонку хваль дняпроўскіх раслі за волю змагары (П. Броўка).

Азначэнні, выражаныя прыналежнымі прыметнікамі, абазначаюць прыналежнасць пэўнага прадмета канкрэтнай асобе: Алесевы бацькі хацелі вучыць хлопца на настаўніка ці доктара, але яго ўзялі па прызыву ў армію (Р. Сабаленка); Мікітава хата стаяла на ўзлеску (К. Чорны); Васілёва жаданне пайсці працаваць старшынёй адсталага калгаса спадабалася райкому (І. Шамякін); Спевы бацькавы і матчыны нам засталіся ў спадчыну (Я. Пушча).

Значэнне прыналежнасці выражаецца таксама прыналежнымі займеннікамі: Не пакідай мяне, трывога, будзь спадарожнікам маім (А. Пысін); Салавей пяе ў маёй дуброве, растрэвожыў песняю душу (П. Панчанка); Мой край юбілей адзначае і славіць здабыткі свае (А. Астрэйка); Перад намі ў сонцы, у зорах будучыня наша (Я. Купала).

Азначэнні, выражаныя ўказальнымі займеннікамі, указваюць на канкрэтнасць азначаемага прадмета, з’явы ці асобы: Той дзень прапаў і страчаны навекі, калі ты не зрабіў таго, што мог (П. Панчанка); Далёка за далінай снегавымі разводамі сінеў усё той жа высачэзны Мядзведжы хрыбет (В. Быкаў); Лабановічу стала шкада гэтага няскладнага, сарамлівага і, відаць, здольнага хлопца (Я. Колас); Такіх людзей гісторыя назвала народнымі мсціўцамі, а нашу ціхую Беларусь — краінай класічнай партызанскай вайны (Я. Брыль).

Азначэнні, выражаныя няпэўнымі займеннікамі, указваюць на няпэўнасць прадмета ў адносінах якасці, уласцівасці, прыналежнасці і г. д.: Чыйсьці голас пачуўся на вуліцы (Ц. Гартны); Не дзіва было, што і яшчэ адзін нечы сын назваў яе святым для ўсіх і ўсюды словам (Я. Брыль); Магутны, мяккі, як гэтая ноч, тэнар пачаў з нейкіх асабліва патаемных, глыбокіх тонаў (У. Караткевіч); На гэтай палянцы, за паўвярсты ад дарогі, раскінулася чыясь пасада (Я. Колас).

Азначэнні, выражаныя азначальнымі і адмоўнымі займеннікамі, абазначаюць выдзяляльна-ўзмацняльныя прыметы: Уся станцыя была забіта вагонамі і цягнікамі (Я. Колас); Увесь лес звінеў ад птушыных галасоў (Я. Маўр); Кожны новы дзень прыносіў у пасёлак якія-небудзь навіны (І. Навуменка); Кожны бацька ўсё лепшае бачыць толькі ў сваіх дзецях (С. Баранавых); І расце, і расце, і шырэй, і шырэй узрастае камунараў сцяна, што сабой прыкрывае народы, не зламалі яе аніякія буры, нягоды (П. Броўка).

Азначэнні, выражаныя парадкавымі лічэбнікамі, абазначаюць парадак прадметаў ці з’яў пры лічэнні: Першыя замаразкі ўбіралі інеем астуджаную зямлю (М. Лынькоў); Каля Оршы век ракетны першым залпам прагрымеў (П. Броўка); Праходзяць эпохі,— змагаемся мы, дзесяты падмурак заклалі (П. Трус); Настала чацвёртая ноч (Я. Колас); Над маёй галавой трынаццаты раз вішні цвет асыпаюць (М. Танк).

Азначэнне, выражанае колькасным лічэбнікам, абазначае колькасць прадметаў: Падводы ехалі з розных вёсак па абодвух баках рэчкі (П. Пестрак); Увага трох прыяцеляў спынілася на незнаёмых падарожных (Я. Колас).

Азначэнні, выражаныя дзеепрыметнікамі, абазначаюць прымету, якая з’яўляецца вынікам пэўнага дзеяння: Пахла зямля, багата акропленая расою (Я. Колас); А пры сцяжыне — сімвалам вечнага абнаўлення — стаяла юнае, нікім не кранутае дрэўца (Я. Брыль); Напэўна нашым песням лёс падараваў вітальную, сваю няўрымслівую сілу, настоеную на цяністым шуме траў, на водары малін, крушын і жывасілу (М. Танк).

Азначэнні, выражаныя прыметнікамі, займеннікамі, дзеепрыметнікамі і парадкавымі лічэбнікамі, дапасуюцца да азначаемых слоў у родзе, ліку і склоне. Азначэнні, выражаныя колькаснымі лічэбнікамі, дапасуюцца да азначаемых слоў толькі ў склоне.

1 Азначэннем нельга лічыць прыметнікі, якія ўваходзяць у састаў устойлівых іменных спалучэнняў: Новы год, Чорнае мора, белы грыб і пад.

Недапасаванае азначэнне

§ 152. Недапасаваныя азначэнні ў адрозненне ад дапасаваных звязваюцца з азначаемым словам па спосабу кіравання (галінка бэзу, верш Купалы) ці прымыкання (рашэнне выехаць, суп па-магілёўску). Яны могуць быць выражаны:

назоўнікамі без прыназоўнікаў (у родным і творным склонах) і з прыназоўнікамі (ва ўсіх ускосных склонах): І колькі год званіцы сосен званілі роднай старане (В. Вярба); Над брацкімі магіламі герояў Айчыннай вайны маладыя бярозы, клёны і сасонкі калышуць вясну нашай перамогі над лютым ворагам (А. Бялевіч); Жняя загончык жала з долю шырынёю (М. Васілёк); Шлях да парты ад калыскі доўгі, як ні гавары (Е. Лось); Месяца праменні леглі ля стала (М. Хведаровіч); З выглядам малойца новы, вольны сейбіт братаецца з сонцам (Я. Купала); На плошчы Герояў у зарыве яблынь пад сонца ўзнялася Даватара шабля (П. Панчанка);

асабовым займеннікам у родным склоне (у прыналежным значэнні): Гаспадар глядзеў на хлопца, і было відно, як дабрэў яго твар (Р. Сабаленка); Эх, яшчэ не звоняць яго пералівы сярод нашых гоней, на шырокіх нівах (М. Танк); Лісты іх пра паходы штурмавыя спакойна не давалі нам заснуць (П. Панчанка); З вачэй яе струменіліся хвалі глыбокай і празрыстай сінявы (П. Панчанка); Па дарозе яму сустрэлася Надзька, сяброўка яго сястры Веры (Я. Скрыган); Яна заявіла, што дзяўчаты яе звяна вырашылі ў гэтым годзе адмовіцца ад надбаўкі (А. Кулакоўскі); Недаверлівасць і суровасць яе твару прападалі (Я. Колас);

прыслоўем: На вуліцы тарахцелі калёсы, даносіліся паасобныя крыкі па-польску (П. Пестрак); І смерць прыйшла непатрэбная, смерць знянацку, сабачая смерць нявольніка (Э. Самуйлёнак);

інфінітывам: Прыйшла пара пачынаць жніво (К. Чорны); Жаданне прайсціся па незнаёмых мясцінах апанавала маладога настаўніка (Я. Колас);

сінтаксічна непадзельнымі словазлучэннямі: Праз дзень з’явіўся новы начальнік і з ім атрад у дваццаць чалавек (Я. Маўр); Квадрацік зямлі на шэсць аршын у хаце быў усёй Фросінай зямельнай гаспадаркай (З. Бядуля).

У ролі азначэння, выражанага сінтаксічна непадзельнымі словазлучэннямі, часцей за ўсё выступаюць:

спалучэнні назоўніка ў родным склоне з дапасаваным да яго колькасным лічэбнікам: У хату ўбег хлопчык гадоў сямі (А. Чарнышэвіч); Конны атрад з трыццаці чалавек рыссю імчаўся па лясным шляху (П. Пестрак);

спалучэнні назоўніка з прыметнікам у творным склоне: Селянін без шапкі з ускудлачанымі валасамі віхрам імчаўся на шпаркім кані (Я. Колас); Невялічкі дом з высокім комінам быў блізкі Алесю (П. Броўка); Чалавек з сівымі скронямі паказаўся на двары (У. Краўчанка); На ўзгорку зелянелі прысадзістыя яліны з зубчастымі вершалінамі (І. Гурскі), а таксама словазлучэнні, якія складаюцца з прыметніка і назоўніка ў родным склоне, у якіх прыметнік нельга аддзяліць, паколькі іменна ён выражае размежавальную прымету: У зялёных галінках дрэў весела шчабяталі птушкі незвычайнага хараства (Я. Колас); У калгасе былі плугі навейшай сістэмы (Я. Колас).

Радзей сустракаюцца азначэнні, выражаныя сінтаксічна непадзельнымі словазлучэннямі іншых тыпаў: Дуб таўшчынёю ў два абхваты стаяў пры ўездзе ў сяло (Я. Маўр); Пячора была досыць вялікая: метры тры на тры і вышынёю каля двух метраў (У. Караткевіч); Адзін за адным вырасталі буйнапанельныя і буйнаблочныя дамы на чатыры і пяць паверхаў (С. Грахоўскі).

Недапасаваныя азначэнні, выражаныя назоўнікам у родным склоне, могуць абазначаць:

прыналежнасць: Домік Аўгіні Тычынінай стаяў непадалёк ад Гарадоцкай шашы (І. Новікаў); Нават адсюль відно было, як хадзілі рукі муляроў (К. Чорны); Лепей на зямлі бацькоў канаць, чым раскошавацца на чужыне (Р. Барадулін);

адносіны да калектыву, установы: Ён інфармаваў сакратара райкома аб працы праўлення калгаса (П. Пестрак); Малады ўрач земскай бальніцы дружыў з маладым інжынерам вялікага металургічнага завода (Э. Самуйлёнак);

суб’ект дзеяння: Ужо заціхлі за ракой жняярак галасы (А. Русак); Спевы птушак напоўнілі гай (М. Паслядовіч); А як раніца настане, блікі сонца загуляюць (Я. Купала);

носьбіта прыметы: Залатая чырвань лістоў нерухліва звісае на купчастых галінах высокіх вязаў (Я. Колас); Згінуў холад ночы мглістай, песні працы на сяле (М. Хведаровіч);

адносіны цэлага да часткі, якая абазначана азначаемым словам: Сонечныя праменні пазалацілі шырокую макаўку дуба (І. Новікаў); Ад хуткай хады Аляксандр расчырванеўся і расшпіліў каўнер шыняля (С. Грахоўскі).

Недапасаваныя азначэнні, выражаныя назоўнікам у творным склоне без прыназоўніка, абазначаюць прымету, якая вызначаецца шляхам параўнання з прадметам, названым азначаемым словам: Вострая бародка сінім трыкутнікам наперад нібы працярэблівае сабе дарогу ў паветры (З. Бядуля); Нос гарбінкай і касмылістыя бровы надавалі суровы выгляд яго твару (М. Лынькоў); Гляджу на поле я, на дол, на нівы доўгія шнурамі, што скрозь ляжаць перад вачамі (Ц. Гартны).

Недапасаваныя азначэнні, выражаныя назоўнікамі ва ўскосных склонах з прыназоўнікамі, таксама абазначаюць разнастайныя прыметы:

па матэрыялу: За тонкай перагародкай з фанеры стукалі пішучыя машынкі (З. Бядуля); Малойцы Сцяпана адпачываюць на пасцелях з імху і сена (П. Пестрак);

па наяўнасці ў прадмета знешняга адрознення: Мы слаўны герб з сярпом і молатам у заўтрае нясём (А. Астрэйка); У разоры, каля грады з цыбуляю, стаяў пусты кошык (П. Галавач);

па прызначэнню прадмета: Важнецкія выйшлі б спіцы для колаў (Я. Колас); Перабраўся Цімох у зімоўку для пчол з пуні жыць (А. Куляшоў);

назоўнікі ў давальным склоне з прыназоўнікам абазначаюць абмежавальныя прыметы, прасторавыя ці часавыя: Па дарозе спыніліся каля спецыяльнага будыначку па суседству з хлявамі (Я. Колас); З дзяцінства майго выплывае задзірысты танклявы хлапчына, сарвігалава, мой аднакласнік па школе (Я. Скрыган);

назоўнікі ў вінавальным склоне з прыназоўнікам абазначаюць прымету па знешняму выгляду: Бывала, астануцца яны з маткаю, адчыняць куфар і пачнуць пераглядаць цікавыя рэчы: пярсцёнкі, дарагія хусткі ў яркія, бліскучыя, як агонь, кветкі (Я. Колас);

па напрамку ў прасторы: Дзверы ў сенцы былі адчынены (У. Краўчанка); Ёсць на Беларусі, за ракой Бярозай, ціхая хаціна з вокнамі ў сад (П. Глебка);

па часу: Роўна палова на пятую (Э. Самуйлёнак); Амяльян і Гамыра стаіліся каля хлява пад застрэшшам і ціха абмяркоўваюць план работы на гэтую ноч (Я. Колас);

назоўнікі ці сінтаксічна непадзельныя словазлучэнні ў месным склоне абазначаюць прымету паводле якой-небудзь дэталі, па прасторавых і часавых адносінах: Да іх падышоў чалавек у шэрай памятай кепцы (П. Пестрак); Гаі... І вёска пры гасцінцы. Чаму пад гоман вербалоз яшчэ з гадоў свайго дзяцінства я пакахаў цябе да слёз? (П. Трус); Помню дзень у семнаццатым годзе, была восень тады, як і сёння (П. Глебка). Напэўна, у кожнага з іх пры гэтай песні ўзнікалі прад вачыма свае родныя прасторы, свае дарогі ў вербах і таполях, свае пясчаныя палі (П. Пестрак); Люблю народ наш беларускі, хаціны ў зелені садоў (К. Буйла); Адгэтуль адкрываецца прыгожы пейзаж: поле, рэчка ў кустах, недалёкі лес (Э. Самуйлёнак).

Недапасаваныя азначэнні, выражаныя прыслоўем, могуць абазначаць прымету ў адносінах якасці, напрамку, часу, спосабу дзеяння: Непадалёку пачулася гаворка па-нямецку (М. Лынькоў); У сваім магутным поступе наперад савецкі народ змёў з дарогі ўсіх ворагаў і пабудаваў сацыялізм (Я. Колас); Жыццё цяпер — бурлівы вір (М. Чарот).

Недапасаваныя азначэнні, выражаныя інфінітывам, дапамагаюць раскрыць змест прадмета, часта абазначанага абстрактным назоўнікам: Жаданне вучыцца заўсёды трэба вітаць (Я. Колас); Але жаданне пабачыць вас у мяне было такое моцнае, што я разуўся і ўброд пайшоў (Я. Колас).

Атрыбутыўнае значэнне недапасаваных азначэнняў часта спалучаецца з адценнямі іншых значэнняў. Функцыянальная ўскладненасць асабліва характэрна для азначэнняў, выражаных прыназоўнікава-іменнымі спалучэннямі і прыслоўямі, што звязана з іх лексіка-марфалагічнай прыродай. Так, прыназоўнікава-іменныя спалучэнні ў азначальнай функцыі могуць ускладняцца акалічнаснымі значэннямі:

прасторавым: І дзед не раз гаварыў пра зямлю пад Дубамі, пра паплавы на рэчцы (Я. Колас); Плошчай ад сада, ад снежнай алеі людзі цякуць да дзвярэй Маўзалея (К. Буйла);

часавым: Не забыла яно [сэрца], памятае дружбу Марыны з Цімохам са школьных часоў (А. Куляшоў); Пачуццё братняй блізасці да яе было амаль заўсёды загублена ў навале шматдзённых клопатаў і работы з раніцы да вечара (К. Чорны).

Азначэнні, выражаныя прыслоўямі, могуць мець:

атрыбутыўна-прасторавае значэнне: Гэтак ідзе тыдзень за тыднем, месяц за месяцам, год за годам, акуратна, як па загаду звышку (З. Бядуля); Па дарозе дадому Люба забегла на медпункт (І. Шамякін);

атрыбутыўна-часавае: У гэтага чалавека, здаецца, ужо былі гатовы рашэнні наперад (П. Пестрак); Цыпрук ідзе ў вёску шукаць прытулку нанач (З. Бядуля).

У сучаснай беларускай мове, асабліва ў газетна-публіцыстычным стылі, расшыраецца ўжыванне ў якасці недапасаванага азначэння формы назоўнага склону. Такія свабодныя сінтаксічныя формы актыўна выкарыстоўваюцца ў мове газет: касманаўт пяць, пост два, праблема «бацькі — дзеці», тэлеперадача «Месяц — Зямля» і пад.

Прыдатак

§ 153. Прыдатак — гэта азначэнне, выражанае назоўнікам, дапасаваным да азначаемага слова ў склоне: У Белавежы-пушчы са шляху не збіцца: тут і сосны-мачты, і дубы-тубыльцы, і асілкі-грабы ў роздуме глыбокім, і плывуць над імі лёгкія аблокі. Між дзяўчат-бярозак чырванее ясень (Я. Пушча); У прасторах-палях, дзе жаўцеюць пяскі, ой, пяскі-курганы адзінокія, будуць вечна цвісці ружы-кветкі тады, будуць ветры шумець, ветры-сокалы (П. Трус); Кланялася жыта раніцы, прасторам, караблям-камбайнам, што прыйшлі ў пару (А. Русак); А ў даліне ў цішы чырвань-кветкі цвілі (П. Трус).

Характарызуючы прадмет, прыдатак дае яму іншую назву. Прыдаткі могуць адносіцца да любога члена сказа, выражанага назоўнікам, асабовым займеннікам, субстантывіраваным прыметнікам і дзеепрыметнікам, а таксама лічэбнікам. Прыдаткі бываюць неадасобленыя і адасобленыя, могуць быць выражаны адным словам ці спалучэннем слоў, але ў любым выпадку прыдатак азначае прадмет ці асобу, удакладняе ці характарызуе іх у самых розных адносінах. Прыдатак можа:

заключаць у сабе якасную характарыстыку асобы ці прадмета: Спіце спакойна ў магілах крывавых, спіце, арлы-камунары (П. Трус); І шумяць аграмадзіны-крыгі, разганяюцца ўдаль безупынна (П. Трус); І плыве, плыве імкліва, светлы Нёман-чарадзей (Я. Пушча); Убачу хустку белую ў калоссі ля ракі, і шчокі загарэлыя, і вочы-васількі (А. Русак);

указваць на род заняткаў, узрост, прафесію, нацыянальнасць асобы, на прыналежнасць яе да палітычнай арганізацыі і г. д.: Аднойчы дзяўчаты-камсамолкі прынеслі першых вясновых кветак, белых, як снег, і сініх, як неба (В. Каваль); Добра было з чытачамі-студэнтамі ў адной з гарадскіх бібліятэк (Я. Брыль); Замурзаныя вапнай падлеткі-будаўнікі, якіх мы бачылі ўвесь тыдзень на рыштаваннях, смяюцца сёння, як дзеці (Я. Брыль); Перад парогам белай мазанкі мяне вітала, як роднага, старая, нямоглая маці-ўкраінка (Я. Брыль);

з’яўляцца геаграфічнай назвай: Квітнее вёска Лавы над рэчкаю Тур’ёй (А. Русак); Між магутных ствалоў высокіх дрэў зіхаціць сіняя гладзь возера Свіцязь (В. Вольскі).

Пры спалучэнні ўласнага назоўніка (назва асобы) і агульнага ў якасці прыдатка звычайна выступае агульны назоўнік: Сядзіба-леснічоўка дзядзькі Ігната стаіць пры лесе (Т. Хадкевіч); Доктар Хведар Іванавіч Шабуня ішоў з работы (А. Чарнышэвіч); Калі развіднела, лейтэнант Карпаў выстраіў дывізіён (І. Шамякін); Жыў на Палессі музыкант Кулік (М. Танк); Старшыня калгаса Васіль Кулікоў з брыгадзірам Іванам і братам яго Пятром надумалі застрэліць мядзведзя-шкодніка (А. Чарнышэвіч).

Аднак калі неабходна канкрэтызаваць асобу, у якасці прыдатка можа выступаць і ўласны назоўнік; такі прыдатак заўсёды стаіць за азначаемым словам: Віктараў бацька, Мікіта Бранавец, працаваў старшынёй калгаса (А. Кулакоўскі); І вось на трэці дзень касьбы самы лепшы ў калгасе касец, Апанас, не выйшаў на работу (Я. Брыль).

Заўсёды з’яўляюцца прыдаткамі і маюць форму назоўнага склону незалежна ад склонавай формы азначаемага слова геаграфічныя назвы, а таксама ўласныя назоўнікі, якія выступаюць у якасці ўмоўных назваў газет, часопісаў, навуковых артыкулаў, літаратурных твораў, арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў і пад.: Некалькі гадоў назад на берагах возера Дрысвяты вырасла гідраэлектрастанцыя «Дружба народаў» (В. Вольскі); Далёка раўніна відна з вяршыні гары Безыменнай (А. Астрэйка); На ўмацаванне калгаса «Прамень» прыехаў з горада Якаў Уладзіміравіч Ярашэвіч (І. Гурскі); Сухія груды крута спускаюцца да глыбокай даліны рэчкі Міранкі (Я. Колас); Такі твор, як паэма «Новая зямля», з’яўляецца сапраўднай жамчужынай у беларускай літаратуры (Я. Колас); На ўзгорку ...узвышаліся панурыя, чорныя карпусы цэхаў завода «Нептун» (Э. Самуйлёнак); Зайгралі на баяне вальс «На сопках Маньчжурыі» (І. Гурскі).

Пры спалучэнні двух агульных назоўнікаў прыдатак можна вызначыць шляхам замены яго прыметнікам: Зялёны гай смяецца пад блакітам, празрыстым поглядам вітае рань-вясну (П. Трус); Ажывала зямля-прыгажуня ад дрымотнага зімняга сну (З. Бядуля). Спалучэнні рань-вясна, зямля-прыгажуня можна замяніць субстантыўнымі словазлучэннямі, у якіх залежны кампанент па значэнню адпавядае прыдатку: ранняя вясна, прыгожая зямля.

Калі ж такая замена немагчыма, то сінтаксічная функцыя суседніх агульных назоўнікаў вызначаецца кантэкстам, лексічным значэннем абодвух слоў, парадкам слоў і г. д. Так, у сказе Не цвіце трава-чабор (Я. Купала) сінтаксічная функцыя назоўнікаў вызначаецца іх лексічным значэннем: прыдаткам з’яўляецца відавая назва — слова чабор.

Прыдатак можа далучацца да азначаемага слова пры дапамозе паясняльных злучнікаў гэта значыць, ці, як і інш.: Назаўтра ўсе тры перагаворшчыкі, гэта значыць члены забастовачнага камітэта, былі арыштаваны (П. Пестрак); У беларускіх лясах гняздзіцца жаўна, або чорны дзяцел (В. Вольскі); Палешукі, галоўным чынам старыя жыхары, важна селі на лаўках (Я. Колас); Для партызан знайшоўся зручны выпадак ліквідаваць гэтых хапуноў ці проста грабежнікаў (М. Лынькоў);

слоў напрыклад, па прозвішчу і пад.: У невялікай вёсцы з прыгожаю назваю Лучайка жыў хлопчык па імені Гошка (Е. Лось); Каля воза стаяў Раман Чачотка, па мянушцы Свісток (Я. Брыль); Сядзелец, па фаміліі Кляп, выказваў усе адзнакі нецярплівасці такою маруднасцю пісара (Я. Колас); Пажылы мужчына, па прозвішчу Хмель, ехаў у млын (Я. Колас); Сабака, па клічцы Амур, упэўнена пайшоў па следу (Звязда, 1984).

Спалучэнні прыдаткаў з азначаемым словам неабходна адрозніваць ад некаторых блізкіх па форме спалучэнняў, кампаненты якіх не звязаны атрыбутыўнымі адносінамі. Да іх адносяцца парныя спалучэнні сінанімічнага характару (трава-мурава, род-племя, акіян-мора), антанімічнага характару (купля-продаж, экспарт-імпарт, прыход-расход), асацыятыўнага характару (хлеб-соль, каліна-маліна, грыбы-ягады).

Не з’яўляюцца прыдаткамі (хоць знешне падобныя да іх) кампаненты некаторых тыпаў складаных слоў: а) складаных слоў, якія нагадваюць сабой тэрміны1 (хата-чытальня, музей-кватэра, раман-газета); б) складаных слоў, састаўной часткай якіх з’яўляюцца ацэначныя словы (гора-кіраўнік, жар-птушка, гром-баба).

Не з’яўляюцца прыдаткамі імя і імя па бацьку ў поўных формулах іменавання асобы: Уладзімір Ільіч Ленін, Іван Дамінікавіч Луцэвіч.

1 У складаных словах-тэрмінах вядучай з’яўляецца тая частка, якая выражае больш шырокае паняцце ці канкрэтна абазначае прадмет; азначэнне і выказнік дапасуюцца да вядучага слова: Канцэрт-загадка прайшоў з поспехам; Вялікая табліца-плакат вісела на сцяне.

Дапаўненне

§ 154. Дапаўненнем называецца даданы член сказа, які абазначае аб’ект дзеяння, стану ці прыметы. Дапаўненне адносіцца да дзеяслова, назоўніка, прыметніка, прыслоўя ці да слоў катэгорыі стану: любіць Радзіму, вера ў перамогу, падобны на маці, непрыкметна для іншых, шкада брата. Дапаўненні выражаюцца рознымі часцінамі мовы, найбольш часта назоўнікамі ва ўскосных склонах з прыназоўнікамі і без іх: Гром для хмараў загады піша вогненным пяром (К. Кірэенка); Шчасце мы створым сваімі рукамі (У. Дубоўка); Мне кожны колас Прыдняпроўя жадае добрага здароўя паклонам русай галавы (А. Пысін); Нас ніхто скарыць не зможа! (П. Броўка); Беларускі народ ганарыцца сваімі героямі (Звязда, 1985); Аб славе народнай гамоняць зарніцы (П. Броўка); Вясна пачала пераможны паход (П. Панчанка).

Функцыю дапаўнення могуць выконваць займеннікі-назоўнікі, субстантывіраваныя прыметнікі і дзеепрыметнікі: Пра яго гавораць толькі харошае (М. Лынькоў); Усім нам давялося да самага донца выпіць горкую паходную біклагу (А. Вялюгін); Я слаўлю слова! Ім спынялі на небе сонца, ім заўжды дзень пачыналі... (М. Лужанін); Нам партыя лёс на вякі здабыла (А. Астрэйка); Ніколі не бярыцеся за наступнае, не зрабіўшы як след папярэдняе (Прыказка); Хлопчык падбег да дзеда і пра нешта спытаўся ў яго (З. Бядуля); З малымі ён размаўляў, як са старымі, і з імі радзіўся, спрачаўся — як роўны з роўнымі трымаўся (Я. Колас); Пра былое толькі згадкі. Прайшлі суровыя гады (П. Броўка); Яму было балюча і крыўдна (М. Ваданосаў).

Дапаўненне можа быць выражана любой часцінай мовы, ужытай у значэнні назоўніка: «Ура» так моцна вы крычыце, калі кладуцца дзеці спаць (П. Панчанка); Я на ўсё прыдатны, усё адолею, усё перажыву, перацярплю, толькі каб не кінуў ты мне болем за маё адданае «люблю» (К. Кірэенка); Сінічка ў сваім зялёным і чорным, і жоўтым адзенні сказала б, вядома, сваё «ці-сік, ці-сік» (Я. Брыль).

У ролі дапаўнення можа ўжывацца неазначальная форма дзеяслова. Звычайна ў ролі дапаўнення выступае аб’ектны інфінітыў, г. зн. інфінітыў, што абазначае дзеянне, суб’ект якога не супадае з суб’ектам дзеяння дзеяслова-выказніка: Юста ціхенька сядзіць каля печы, голасу яе не чуваць, бо маці не дазваляе ёй ні песні заспяваць, ні громка гаварыць (Я. Колас); Сінім снежным адвячоркам Грыбок хадзіў ад акна да акна па сяле, загадваў ісці ў Ігнатаву хату на сход (І. Мележ); Доўг салдацкай службы патрабаваў ад мяне несці параненага сябра (І. Шамякін); Маці падала снедаць, а сама пайшла ў горад (Ц. Гартны); Афіцэр закамандаваў чакаць (К. Чорны).

Дапаўненнем можа быць і суб’ектны інфінітыў, г. зн. інфінітыў, які абазначае дзеянне, суб’ект якога супадае з суб’ектам дзеяння дзеяслова-выказніка.

Сінтаксічная функцыя суб’ектнага інфінітыва залежыць галоўным чынам ад значэння паясняемага дзеяслова: калі гэты дзеяслоў з самастойным значэннем1, суб’ектны інфінітыў выступае ў ролі дапаўнення: Ты ж, сын, вучыся родны край любіць, як прадзеды любілі (М. Калачынскі); Прывучыліся хлопцы хадзіць па лясных сцежках так, што пад абцасам не трэсне сухая галінка (У. Корбан); Ехаць у кабіне Пазняк адмовіўся (У. Шахавец).

Дапаўненнямі могуць быць розныя спалучэнні слоў, часцей за ўсё гэта:

колькасна-іменнае спалучэнне, у састаў якога ўваходзіць колькасны лічэбнік: Абрушыла сонца за дзесяць хвілін мільярды праменняў на снег (П. Панчанка); У прасветы хмар заслоны сыпле сонца стрэл мільёны — шле зямлі дары (Я. Колас); Ужо, відаць, пад поўнач выгнутая дугой траншэя сяк-так злучыла пяць стралковых ячэек (В. Быкаў); Астап паспеў тут шапнуць Піліпчыку некалькі слоў (М. Лынькоў);

спалучэнне азначальнага, неазначальнага, няпэўнага ці адмоўнага займенніка з прыназоўнікава-склонавай канструкцыяй: Яна не бачыла, як праз хвіліну шафёр ізноў спыніўся на шашы і запрасіў ласкава ў кабіну кагось з партфелем, у капелюшы (Н. Гілевіч); Рух нерашучасці і замяшання скаваў некаторым з нас языкі (М. Лынькоў); У некаторых з іх [раненых] пачыналася ўжо гарачка, і яны варушыліся, шаматалі саломаю і выкрыквалі розныя словы (К. Чорны); Сам жа Зязюлькін пасля гэтага заганарыўся і казаў таму-сяму з панямонцаў: «Ну, куды ж вы варты» (Я. Колас);

колькасна-іменнае спалучэнне, у састаў якога ўваходзіць назоўнік са значэннем пэўнай (дзясятак, тройка, сотня) ці няпэўнай (маса, куча, бярэма, паток) колькасці: Дзяўчынка з маёвага лесу пад поўдзень дадому прыйшла, бярэма сінюткіх пралесак з дзялянкі лясной прынясла (М. Калачынскі); Ганна якраз прынесла бежанцы жменю круп (П. Пестрак); У адной руцэ ён трымаў лусту хлеба, у другой — брус сала (К. Чорны).

1 Пры дапаможных дзеясловах суб’ектны інфінітыў уваходзіць у склад выказніка: Ужо дзе-нідзе з дубоў пачалі падаць адзінокія лісты (Я. Маўр).

Прамое дапаўненне

§ 155. Пры членах сказа, выражаных дзеясловамі і словамі катэгорыі стану, адрозніваюць дапаўненні прамое і ўскоснае.

Прамое дапаўненне — гэта дапаўненне ў форме вінавальнага склону без прыназоўніка, якое адносіцца да члена сказа, выражанага пераходным дзеясловам. Прамое дапаўненне абазначае прадмет, на які непасрэдна накіравана дзеянне: Лёгкі парыўчаты вецер хістае галіны дрэў, узнімае лісцяны шолах (П. Броўка); Пафарбавала восень пазалотай над возерам заспаныя лясы (А. Астрэйка); Поле страціла залацісты бляск (З. Бядуля).

У залежнасці ад канкрэтнага значэння таго члена сказа, які яно паясняе, прамое дапаўненне можа мець розныя адценні значэння. Яно можа абазначаць:

аб’ект, які з’яўляецца вынікам дзеяння: На адну і тую ж тэму можна напісаць газетны фельетон і сатырычны раман (К. Крапіва); Мікалай дастаў пачак махоркі і пачаў круціць папяросу (К. Чорны);

аб’ект, які падвяргаецца пэўнаму дзеянню: Сонца пяшчотна асвятляла палянку (Я. Колас); Жарам сэрцаў сваіх растапляем мы нетры прамерзлыя, з непадатных парод высякаем мы россып алмазны кайлом (А. Звонак); Сонца ў чырвані купае сочныя загоны (П. Трус);

аб’ект пачуцця, успрыняцця: Яна любіла свайго пляменніка (Я. Колас); Доктар агледзеў палату (Я. Скрыпач); Яго чуткае вуха ўспрымала далёкі-далёкі гул, бы гром (Я. Колас); Я не апошні і не першы люблю лясную глухамань (М. Хведаровіч).

Прамое дапаўненне можа абазначаць аб’ект, які пераадольваецца адпаведным рухам або адносна якога гэты рух адбываецца (пры дзеясловах перамяшчэння): Дарожку перабягаў невялікі ручэй (П. Броўка); Ён мінаў быльняговыя межы, пераходзіў змагання граніцы (П. Трус); Ён праехаў высокі драўляны мост і затармазіў каля чайной (Я. Скрыган);

аб’ект думкі, развагі, выказвання, пазнання: І мы прыгадалі былыя гады (П. Глебка); Ён добра памятаў свайго бацьку (Я. Маўр); Нанова перадумваў кожнае ўпісанае слова, абмяркоўваў кожную думку і «за» і «супроць (З. Бядуля).

аб’ект стану (пры словах катэгорыі стану): Петраку было шкада Джамілю (У. Караткевіч).

У сучаснай беларускай літаратурнай мове наглядаецца паралельнае ўжыванне форм вінавальнага і роднага склонаў1 прамога дапаўнення пасля пераходных дзеясловаў з адмоўем не. Іншы раз вінавальны і родны склоны выкарыстоўваюцца як раўназначныя, паколькі граматычнай розніцы паміж імі няма, параўн.: Я не чытаў гэты раман — Я не чытаў гэтага рамана. Аднак ва ўжыванні форм дапаўнення з пераходнымі дзеясловамі пры адмоўі наглядаюцца пэўныя заканамернасці. У самых агульных рысах адрозненне паміж гэтымі формамі зводзіцца да таго, што дапаўненню ў родным склоне ўласціва значэнне ўзмоцненага адмаўлення, а дапаўненне ў форме вінавальнага склону аслабляе адмаўленне. Таму ў адных выпадках пераважна выкарыстоўваецца родны склон, а ў другіх — вінавальны.

1. Вінавальны склон пры пераходных дзеясловах з адмоўем акцэнтуе ўвагу чытача на пэўным прадмеце ці якой-небудзь з’яве: Алесь Марціна прыплятае і ўсё шукае, і не знаходзіць сваю страту (Я. Колас); Я веру словам простым: Радзіма, камуніст, прысяга, смерць... І толькі «здрада» — выклятае слова — не мог я ні ўспрыняць, ні зразумець (П. Панчанка).

2. У форме вінавальнага склону звычайна ўжываюцца ўласныя назоўнікі, якія абазначаюць назвы асоб: Цярэшку ніхто не заўважыў (З. Бядуля); З першага дня не ўзлюбілі Верамейчыкі Зосю (К. Крапіва); Лабановіч не асуджаў Валю (Я. Колас).

3. На выбар формы дапаўнення пры пераходных дзеясловах з адмоўем не іншы раз уплывае актуалізацыя дапаўнення, яго пазіцыя ў адносінах да выказніка; так, калі дапаўненне знаходзіцца ў прэпазіцыі да дзеяслова, яно звычайна ўжываецца ў форме вінавальнага склону: Свіст кулі чуў я на вайне, штык не здымаў з вінтоўкі (А. Куляшоў); Твар не хаваю ад ветру, хай расцалуе буяны (П. Трус); Жывую сілу не запраторыш ты ў магілу (Я. Колас); Лес не сякуць языкамі (К. Крапіва); Памяць сэрца ніколі не закрэсляць гады (А. Бялевіч).

4. У канструкцыі «адмоўная часціца не + дапаможны дзеяслоў у спрагальнай форме + інфінітыў пераходнага дзеяслова + дапаўненне» форма дапаўнення залежыць не столькі ад дапаможнага дзеяслова і часціцы не, колькі ад інфінітыва, таму дапаўненне прымае форму вінавальнага склону: Лабановіч ужо не мог змяніць тон (Я. Колас); Мы, пісьменнікі, не змаглі даць вобраз паўнакроўнага жывога бальшавіка (Я. Колас); Юрка... не ўмее цаніць мачыху (Я. Колас).

5. Значэнне адмоўя, характэрнае для роднага склону, узмацняецца часціцай ні, а таксама займеннікам ці прыслоўем, у састаў якіх уваходзіць гэта часціца: На дарозе нічога не было відаць ад сонца (І. Пташнікаў); Ніхто, ніхто не стрымае вялікіх ясных ідэй (К. Кірэенка); Ночка нават не гайдала ні галінкі, ні кусточка, ні былінкі, ні лісточка, ні на ніве каласочка (Я. Колас); Тады ніякага апраўдання нічаму я не шукаў (К. Чорны); Ніколі не схіляў галавы беларускі народ перад захопнікамі (Я. Колас).

6. У форме роднага склону ўжываецца прамое дапаўненне і тады, калі ролю выказніка выконваюць дзеясловы думкі, успрыняцця, жадання (ведаць, разумець, чакаць, заўважаць, прасіць, чуць і пад.): Не чуваць у лузе песні адгалоскаў (А. Бачыла); У начной цішыні не чуваць было ні смеху, ні песняў, ні гаворкі (У. Краўчанка); Нідзе не знаць даўнейшай сцежкі (Я. Колас).

7. Прамое дапаўненне ўжываецца ў форме роднага склону, калі яно выражаецца абстрактным назоўнікам у саставе ўстойлівых спалучэнняў: Кандрат Назарэўскі аніяк не аддаваў увагі ні сонцу, ні цішыні на полі і ў лесе (К. Чорны); Ні днём, ні ноччу ад турбот спакою ён не мае (А. Куляшоў).

Пры членах сказа, выражаных словамі катэгорыі стану, дапаўненне прымае форму вінавальнага склону, калі яно выражана адушаўлёным назоўнікам (Шкода дзяўчыну), ці форму роднага склону, калі яно выражана абстрактным назоўнікам (Шкода часу).

1 Родны склон толькі ўмоўна можна лічыць прамым дапаўненнем, паколькі аб’ект, які ім выражаецца, ці зусім не падвяргаецца дзеянню (пры дзеясловах з адмоўем), ці падвяргаецца часткова.

Ускоснае дапаўненне

§ 156. Ускоснае дапаўненне — гэта дапаўненне, выражанае формамі вінавальнага склону з прыназоўнікамі ці формамі іншых ускосных склонаў з прыназоўнікамі і без іх, а таксама прымыкаючым інфінітывам. Ускоснае дапаўненне адносіцца да непераходных дзеясловаў, прыметнікаў, прыслоўяў ці да слоў катэгорыі стану. Канкрэтнае значэнне ўскоснага дапаўнення залежыць ад лексіка-граматычнага значэння галоўнага слова і склонавай формы залежнага кампанента: Наліваецца колас сонцам і сокамі цаліны (М. Калачынскі); Светлая раніца ўсміхнулася гораду (М. Лынькоў); Лічыць час калгасным сёлам гудок напевам маладым (Я. Колас).

Прыдзеяслоўнае дапаўненне

§ 157. Ускосныя дапаўненні могуць перадаваць розныя значэнні аб’ектных адносін.

Дапаўненні, выражаныя формамі ўскосных склонаў без прыназоўнікаў, абазначаюць:

аб’ект, на які дзеянне пераходзіць часткова: Адпачыла зямля ад завей, ад вятроў, напілася яна соку талых снягоў (А. Русак); А на двары сонца набірала сілы (П. Броўка); Узяў сець рыбы палавіць і ўжо два тыдні як ні сеці, ні рыбы (Э. Самуйлёнак); Пані Даміцэля памаленьку раздабывала рознага насення для свайго агароду (Я. Колас); Вы бачыце, як яна налівае ў міску вады з вядра (К. Крапіва); Я пралесак блакітных сёння нарву і вянкамі цябе прыбяру (П. Панчанка);

аб’ект дасягнення чаго-н.: Працавітыя людзі ў лясах смаглі гэтага звону і груку (П. Глебка); Хочацца шыры, паветра і сонца, хочацца з лісцяў расінкі страсаць (А. Куляшоў); Людзі сена сушаць, косяць ды пагоды ў неба просяць (К. Крапіва);

аб’ект, на які накіравана дзеянне: Пяюць варштаты ткацкія, складаюць працы гімн (А. Астрэйка); Я рад служыць радзіме дарагой (М. Чарот); І лугам, і касагорам, нівам, пушчам і азёрам сонца шле прамень (А. Бачыла);

сродак утварэння дзеяння: Разам будзем араць поле трактарам сталёвым, сеяць жыта і пшаніцу на загонах новых (Я. Купала); Ён з усёй сілы грукнуў дзвярыма (Я. Колас); Хлапчук прыпыніў лейцамі лапавухую кабылу (К. Чорны).

Дапаўненне, выражанае формамі ўскосных склонаў з прыназоўнікамі, абазначае:

матэрыял, з якога што-небудзь зроблена: Ён з цэглы, а не з запалак, пад небам, а не пад дахам, пачаў будаваць з запалам магутны гмах за гмахам (А. Куляшоў);

накіраванасць дзеяння на аб’ект: Да нашага любага краю шчасце вясны прыплывае (Ц. Гартны); Клічуць нас далі ў госці к сабе (Я. Колас);

аб’ект думкі, маўлення і пад.: Аб зямлі, аб сапраўднай народнай свабодзе мудры Ленін падпісвае першы дэкрэт (П. Глебка); Мая Беларусь маладая аб партыі песні пяе (А. Астрэйка); Сябры яшчэ доўга гаварылі пра ўсякія справы (П. Пестрак); Збірайцеся дружна сябрынаю цеснай, спяём пра наркома, таварышы, песню (П. Глебка); Будуць спрадвеку казаць каласы, песні спяваць спрадвеку пра нашы гады, пра нашы часы, пра кожнага чалавека (А. Куляшоў).

Прыад’ектыўнае дапаўненне

§ 158. У функцыі ўскоснага дапаўнення пры членах сказа, выражаных прыметнікамі, выступаюць назоўнікі, займеннікі-назоўнікі і субстантывіраваныя формы. Гэтыя дапаўненні абазначаюць аб’ект, у адносінах да якога праяўляецца пэўная прымета. Прыад’ектыўныя дапаўненні могуць ужывацца з прыназоўнікамі і без прыназоўнікаў: Мы горды роднаю зямлёю, разумнай працай смелых рук, народаў добраю сям’ёю, вялікай моваю сваёю, святым і правым імем — друг! (М. Лужанін); Кожны дзень наш багаты подзвігамі (І. Шамякін); Каля Нёмана рассцілаўся луг, поўны незвычайнага хараства (Я. Колас); Мы моцныя духам, загартаваным у барацьбе (С. Грахоўскі); Гатовы к адпраўцы эшалон стаяў ля станцыі (М. Лынькоў); Сівы ад інею лес драмаў на ўзгорку (З. Бядуля).

Дапаўненне пры вышэйшай і найвышэйшай ступенях параўнання прыметніка абазначае аб’ект параўнання: Кватэра была многа лепшая ад яго кватэры (Я. Колас); Пятро адчуваў, нібы зрабіўся сталейшы за ўсіх сваіх сяброў, нават за тых, што старэйшыя за яго па гадах... (І. Шамякін).

Прысубстантыўнае дапаўненне

§ 159. Ускосныя дапаўненні пры членах сказа, выражаных назоўнікамі, у асноўным абазначаюць аб’ект дзеяння. Гэта значэнне рэалізуецца ў дапаўненнях пры аддзеяслоўных назоўніках, утвораных ад пераходных дзеясловаў. Пры такіх назоўніках у функцыі ўскоснага дапаўнення ўжываецца родны склон аб’екта, суадносны па значэнню з вінавальным склонам прамога аб’екта: У калгасе канчаюць уборку сена (І. Шамякін); Пачынаецца асенняя сяўба і копка бульбы (П. Пестрак); Так пачыналася аднаўленне калгаса (Я. Брыль). Значэнне аб’екта дзеяння характэрна для дапаўненняў, выражаных назоўнікамі, утворанымі ад непераходных дзеясловаў. Пры такіх назоўніках у функцыі ўскоснага дапаўнення ўжываецца тая ж склонавая форма, што і пры ўтвараючых дзеясловах: І сэрца зноў забілася гарачай прагай працы (П. Глебка); Вялікая просьба ратунку была ў Косцікавым голасе (С. Баранавых); Яна, прызнацца, адчувала тут страх глушы і адзіноцтва (Я. Колас).

Дапаўненне пры назоўніках, не суадносных з дзеясловам ні па ўтварэнню, ні па значэнню, сустракаецца рэдка. Такія назоўнікі звычайна маюць абстрактнае значэнне, іх змест канкрэтызуецца дапаўненнем: Імкнуцца да лепшай долі вызваленыя мільёны, энергіі ў іх даволі да працы, да абароны (А. Куляшоў).

Ускосныя дапаўненні могуць адносіцца да назоўнікаў, утвораных ад прыметнікаў. Па форме і значэнню такія дапаўненні суадносныя з прыад’ектыўнымі дапаўненнямі: Самай каштоўнай з гэтых якасцей з’яўляецца беззапаветная адданасць сваёй сацыялістычнай Радзіме (К. Крапіва); І ад гэтай думкі захацелася яму моцна крыкнуць нешта такое, што б заставіла ўсіх іх адчуць радасную блізкасць — блізкасць людзей к чалавеку і чалавека к людзям (К. Чорны).

Некаторыя прысубстантыўныя дапаўненні набываюць азначальныя адценні. Тэндэнцыя да азначальных адносін наглядаецца:

у дапаўненняў, якія паясняюць назоўнікі са значэннем стану, становішча, факта: аварыя з маторам, гісторыя з класам, выпадак з братам, становішча з рамонтам;

у дапаўненняў, якія залежаць ад назоўнікаў, суадносных ці блізкіх па значэнню з дзеясловамі маўлення і думкі: даклад аб культуры мовы, думка пра будучае, легенда аб моры, аповесць пра каханне, мара пра шчасце;

у дапаўненняў, выражаных творным склонам з прыназоўнікам з: бутэрброд з сырам, заява з просьбай, ваза з кветкамі.

Усе гэтыя выпадкі можна назваць пераходнымі паміж дапаўненнем і азначэннем.

Што ж да спалучэнняў тыпу букет бэзу, большасць студэнтаў, вядро малака, метр палатна, вядро вішань і пад., то іх трэба разглядаць як адзін член сказа, паколькі яны абазначаюць адзінае паняцце: групу, сукупнасць асоб ці прадметаў.

Прыадвербіяльнае дапаўненне

§ 160. Пры членах сказа, выражаных прыслоўямі, у ролі дапаўнення выступаюць назоўнікі ці займеннікі з прыназоўнікамі і без прыназоўнікаў. Яны абазначаюць аб’ект, у адносінах да якога праяўляецца прымета, выражаная прыслоўем: Навокал нас драмалі нівы (Я. Колас); На свеце нам радней і даражэй за дзень Кастрычніка няма нічога (А. Астрэйка); Побач з хатай расце высокая пышнаверхая ліпа (П. Галавач); Горш за ўсё Людовік не любіў шуму і аднастайнасці ў працы (А. Кулакоўскі); Ніжэй маста берагі рэчкі крутыя і высокія (І. Шамякін).

Ускоснае дапаўненне пры словах катэгорыі стану абазначае аб’ект стану: Маркотна мне без Беларусі (Я. Купала); Прыемна чалавеку вясновымі днямі глядзець на бела-ружовыя пялёсткі саду (І. Гурскі); Мне было прыемна за свайго суседа (А. Куляшоў).

Акалічнасць

§ 161. Акалічнасцю называюцца даданыя члены сказа, якія ўказваюць на абстаноўку і характар дзеяння, стану ці прыметы: Над зямлёю раняла сонейка праменні (Я. Колас); Гучна трэскаліся ад марозу дубы (І. Шамякін); Па-веснавому часта сінела неба, ужо вельмі лагодна ўгравала сонца (І. Мележ); Падмуркі будынкаў штодня закладаем, з калгаснага поля ўраджай сабіраем (А. Русак); Паўтараецца вечна, а гучыць незавучана кожнай новай вясною кукаванне зязюльчына (П. Панчанка).

Акалічнасці могуць быць выражаны прыслоўямі, дзеепрыслоўямі, назоўнікамі ў творным склоне без прыназоўніка, назоўнікамі ва ўскосных склонах з прыназоўнікам, інфінітывам: Чорныя скалы цяпер стаялі спакойна і сур’ёзна (Я. Маўр); На невялічкай градзе ўзвышаліся кучаравыя бярозы (І. Гурскі); Растуць на радзіме маёй неабсяжныя дрэвы (М. Танк); Зашумелі ў лозах ніцых нашы рэкі і крыніцы (А. Русак); Нястомна прабіваюцца з глыбінь халодныя вулканчыкі крыніц (А. Пысін); Мы да новых даляў імкнемся штохвілінна (У. Дубоўка); І дзівосным караблём плыў над галавою блакітны, белы і залаты Андрэеўскі сабор (У. Караткевіч); Потым ён пусціў хлопцаў пагуляць (Я. Колас).

Акалічнасці, выражаныя прыслоўем, звычайна адносяцца да выказніка, выражанага дзеясловам ці безасабова-прэдыкатыўным словам: Аляксею мігам прыгадалася дажджлівае поле на Куршчыне (І. Мележ); Пахне мятай салодка-салодка, далёка-далёка (Г. Бураўкін); На нашым полі, полі калгасным дзянькі праходзяць весела, ясна (Я. Купала).

Такія акалічнасці могуць адносіцца і да ўсяго сказа: Дзесь у лесе на папасе забалбоча штось не ў часе чуткі цецярук (Я. Колас); Даўно заморскія краіны гукнулі ў вырай жураўлёў (А. Бялевіч); Неўзабаве з туману цьмянымі постацямі выніклі стрэхі хацінак, голае вецце дрэў (В. Быкаў); Мутна гаснуць асеннія дні (М. Танк).

Значна радзей прыслоўі ў функцыі акалічнасці могуць адносіцца да азначэнняў і акалічнасцей: І звон аб прыпек скавародны, так блізкі сэрцу, так ім родны, у нейкім радасным настрою, спяваў ім песняю святою (Я. Колас); Ён неспадзеўкі падняў на хлопца здзіўлены, чамусьці ўсхваляваны позірк (І. Мележ); Аднастайна бясконца шалясцяць сітнягі (П. Глебка); А стрэл апошні яшчэ не хутка, а кулі свішчуць злавесна жудка (Я. Купала).

Акалічнасці, выражаныя дзеепрыслоўем ці дзеепрыслоўным зваротам, звычайна адносяцца не толькі да выказніка, але і да ўсяго сказа ў цэлым: Не хапаючыся, не высільваючыся, ашчадна трацячы сілу, мерным, спрактыкаваным рухам вадзіў Васіль касою (І. Мележ); Накрыўшы кепкай нерасчасаную сівізну, дзед выйшаў з хаты, асцярожна рыпнуўшы дзвярыма (Я. Брыль); Затуліўшыся ад ветру, камбат ціха стаяў ля бруствера, агорнуты ноччу, сцюжай і цішынёй (В. Быкаў).

Акалічнасці, выражаныя формай творнага склону назоўнікаў без прыназоўнікаў, звычайна адносяцца да выказніка, выражанага асабовымі формамі дзеясловаў: І вочы ўспыхнулі агнямі бліскавіц (П. Глебка); Я б хацеў насіцца, матылёчкам віцца (Ц. Гартны); Музыка ўсё бегла шырокімі хвалямі ў свет (К. Чорны).

Акалічнасці, выражаныя назоўнікамі ва ўскосных склонах з прыназоўнікамі, могуць адносіцца або да членаў сказа, выражаных дзеяслоўнымі формамі, або да ўсяго сказа ў цэлым: З пушчы верасень гнаў на дарогу лісты (А. Куляшоў); І з-пад Буга плыве гоман, веселіцца ўся зямля (Я. Купала); Ад краю ў край гудуць трактары (П. Глебка); Цвёрда трымаўся юнак на допрасе (А. Куляшоў); Зашумела на Украіне песня Тарасова (Я. Купала); Бярозы ў шэрані сівеюць, палі бялеюць, як паркаль (П. Глебка); Перад акном у нас расцвітае чаромха (Я. Брыль); За акном цвіў сад (Я. Скрыган); Ад Мурманскіх халодных узбярэжжаў да залатога сонечнага Крыма пралёг наўсцяж у воблачных мярэжах абшар мае вялікае Радзімы (А. Звонак).

У ролі акалічнасцей могуць выступаць устойлівыя фразеалагічныя спалучэнні прыслоўнага тыпу: Стаміліся ўсе і ішлі нага за нагу (П. Пестрак); І рэчка пад бокам, і процьма ў ёй рыбы (Я. Колас); Васіль і Яўхім сустрэліся тварам у твар (І. Мележ); Зноў і зноў я думаю пра тых, хто адсюль за свет паехаць мусіў, і ў хвіліну гэтую чамусьці так шкада мне, так шкада мне іх (Н. Гілевіч).

Функцыю акалічнасцей могуць выконваць сінтаксічна непадзельныя словазлучэнні, сярод якіх пераважаюць спалучэнні лічэбнікаў з формамі роднага склону назоўнікаў: Некалькі мінут у хаце панавала цішыня (Я. Колас); Два тыдні стукаў цяслярскаю сякераю дзед Баўтрук (Я. Колас); Пяць дзён на захад мы ішлі румынскім бур’яном (А. Астрэйка); Так пражыла Наталля дваццаць год (Я. Скрыган); І засталіся так стаяць некалькі хвілін (К. Чорны); а таксама спалучэнні назоўнікаў з прыметнікамі: Маўчком Антось часінай шэрай у ельнячок шмыгнуў з сякерай (Я. Колас); Роўна важкаю паходкай я іду адпачываць (М. Багдановіч).

Разрады акалічнасцей па значэнню

§ 162. Абазначаючы якасную характарыстыку дзеяння, стану ці прыметы, а таксама ўмовы, якія суправаджаюць іх (указанне на прычыну, час, месца і г. д.), акалічнасці дзеляцца на акалічнасці спосабу дзеяння, ступені, месца, часу, меры, прычыны, мэты, умовы, уступкі.

Акалічнасці спосабу дзеяння абазначаюць якасць дзеяння, стану, а таксама спосаб ажыццяўлення дзеяння ці праяўлення прыметы. У сучаснай беларускай літаратурнай мове найбольш пашыраны акалічнасці са значэннем якасці дзеяння ці прыметы. Яны выражаюцца якаснымі прыслоўямі, назоўнікамі ў творным склоне без прыназоўніка (часта ў спалучэнні з дапасаванымі азначэннямі) і фразеалагічнымі спалучэннямі: Галасіста заліваюцца дразды (І. Новікаў); Паміж хмарай месяц ясны ціха коціцца па небе (М. Хведаровіч); Ціха, міла кружацца сняжынкі за акном (А. Бачыла); Над вадою задумліва схіляюць вецце ніцыя лозы (В. Вольскі); Ласкава срэбрацца воды Дзвіны (А. Звонак); Страчала сардэчна свайго трактарыста калгаснае наша сяло (А. Бялевіч); Дома яна прачытала ўсё адным духам, і здалося, што ўсё гэта яшчэ няпраўда (Я. Скрыган).

Разнастайнымі марфалагічнымі сродкамі можа выражацца і спосаб ажыццяўлення дзеяння. Найбольш часта ў гэтай сінтаксічнай функцыі выкарыстоўваюцца прыслоўі, назоўнікі ва ўскосных склонах, дзеепрыслоўі ці дзеепрыслоўныя звароты і фразеалагічныя спалучэнні: Дзед Талаш ішоў не спяшаючыся (Я. Колас); На іржэўніку роўнымі радамі ляжалі кучкі залатой на сонцы саломы (І. Шамякін); Выраб цэглы ў калгасе ішоў поўным ходам (А. Чарнышэвіч); Недзе ў зялёным гаі вецер упрысядкі скача (М. Хведаровіч); У век разумны, век вучоны жывою явай гарады паўсталі ў стэпах, у глухмені тайгі, на кручах берагоў (А. Бялевіч); Павал сядзеў на траве, падагнуўшы пад сябе ногі (К. Чорны); Ва ўсёй зялёнай красе стаялі дубы, раскінуўшы шырока галлё з лапчатым густым лісцем (І. Мележ).

Спосаб ажыццяўлення дзеяння можа выражацца шляхам параўнання, прыпадабнення. У такіх выпадках ужываецца форма творнага склону назоўніка без прыназоўніка: Чорнай звілістай стужкай праклаў сцежку ў паветры дымок з коміна цагельнага завода (П. Пестрак); Неўзабаве з туману цьмянымі постацямі выніклі стрэхі хацінак, голае вецце дрэў (В. Быкаў); Нізка над гарызонтам сіняватым яркім ліхтарыкам успыхнула зорка (А. Асіпенка); Рэчкі дробныя струмені чыстым срэбрам ззяюць скрозь (А. Астрэйка); У маланкавы дзень хмара кідае медныя коп’і, і грымяць на вадзе гулкім выбухам першыя кроплі (П. Панчанка); Маўклівай сцяной стаяла залацістае жыта, схіліўшы спелыя каласы (А. Стаховіч).

Значэнне спосабу ажыццяўлення дзеяння можа быць выражана таксама параўнальнымі зваротамі са злучнікамі як, быццам, як быццам і пад.: Каля гумна стаяць, як вежы, стагі саломы і кармоў (Я. Колас); Быццам тысячы крэпка нацягнутых струн, танкаствольныя сосны звіняць (М. Багдановіч); Як быццам сейбіт з поўнай жмені, гарохам кроплі вецер сеяў (М. Машара); Карэнні, як дрот тэлефонны, спляліся ля кожнай сасны (П. Прыходзька).

Значэнне спосабу дзеяння можа канкрэтызавацца шляхам указання на сумеснасць ці раздзельнасць ажыццяўлення дзеяння: Дзе-нідзе купамі і ў адзіночку растуць дубы (В. Вольскі); Мы пачалі працаваць удваіх (Т. Хадкевіч); Дружна працуем мы грамадою, знацца не знаем з горам, з бядою (Я. Купала); Над ракою чарадою гусі паляцелі за лугі (А. Русак); Ішоў Мікола па дарозе зусім адзін (І. Новікаў).

Да акалічнасцей спосабу дзеяння блізкія па значэнню акалічнасці, якія вызначаюць ступень праяўлення дзеяння, стану ці прыметы: Да слёз крануў мяне расказ старога пасечніка (Ц. Гартны); Цягнік ледзьве поўз у цемрадзі асенняй ночы (С. Грахоўскі); Марына Паўлаўна ледзь прыкметна ўсміхнулася (М. Зарэцкі); На дварэ парадкам ужо шарэла (П. Пестрак); З кожным днём жыта бялее ўсё больш і больш (П. Хадкевіч); Чыстая вада, прытым у вялікай колькасці, нам ой-ой як патрэбна (В. Вольскі).

Акалічнасці месца абазначаюць месца ажыццяўлення дзеяння, праяўлення стану, напрамак і шлях руху. Яны выражаюцца прыслоўямі месца, назоўнікамі ва ўскосных склонах (часцей з прыназоўнікамі), фразеалагічнымі спалучэннямі: Жораў абяссілены асядаў на лузе (Я. Брыль); Гамоняць над рэчкай дубы і чароты (П. Броўка); Заснулі ціхія бярозы ўночы пад акном (А. Астрэйка); Паблукаў я ля Байкала, доўга ў слаўным Брацку жыў (А. Звонак); Высока ззяе неба сінізна (П. Прыходзька); Пры дарозе б’е нізкі паклон кучаравы лянок валакністы (М. Хведаровіч); За гарамі, за даламі, за сыпучымі пяскамі жыў раней адзін хлапчына з васільковымі вачыма (У. Дубоўка).

Акалічнасці часу ўдакладняюць часавую характарыстыку дзеяння, стану ці прыметы. Яны ўказваюць на час безадносна да пэўнай мяжы ці характарызуюць зыходны і канечны моманты дзеяння. Гэтыя акалічнасці выражаюцца прыслоўямі часу, назоўнікамі ва ўскосных склонах, фразеалагічнымі спалучэннямі: Мы да новых даляў імкнемся штохвілінна (У. Дубоўка); Час ад часу да вушэй Адася даносіўся настойлівы стук куртатага дзятла (А. Стаховіч); Цяпер мы ехалі дарогамі, хараства якіх ніхто не здолее апісаць (Я. Скрыган); На золаку горы ахуталіся хмарамі (Э. Самуйлёнак); Першы раз на поле наша снегу выпала пароша (У. Хадыка); Раз увечар дзед з Сымонкам выйшлі ў парк у свой абход (Я. Колас).

Акалічнасці меры даюць колькасную характарыстыку дзеяння, стану ці прыметы. Яны могуць абазначаць:

меру часу: Максім Хвораст за дзень са сваёй брыгадай выканаў норму больш чым у два разы (І. Гурскі); Усю ноч на ўрачыстым канцэрце ў прырэчных альховых кустах трапятала птушынае сэрца звонкай кропляю на лістах (В. Вітка);

меру прасторы: Ніжэй моста берагі рэчкі крутыя і высокія (І. Шамякін); Так прайшоў бы я з усмешкай можа тысячу дарог (А. Куляшоў);

меру колькасці: Усяго вучняў налічвалася каля пяцідзесяці (Я. Колас); Выжыналі па дзве і па тры нормы (К. Крапіва); З пядзю за дзень вытча, а болей дык млосна (Я. Купала);

меру вагі, кошту: Больш за тысячу тон жыта было ссыпана ў крытым станцыйным пакгаузе (М. Лынькоў); Па азімых мы ўзялі абавязацельства даць 30 цэнтнераў з гектара (К. Крапіва); Вазок дроў каштуе пяць рублёў (Ц. Гартны).

Акалічнасці меры выражаюцца прыслоўямі, назоўнікамі ва ўскосных склонах, колькасна-іменнымі спалучэннямі, фразеалагічнымі спалучэннямі: Многа лет і зім дуб стаяў стары, комель-стан пахіліўшы на ваду (Я. Колас); Цыганскай гордасці дзявочай да краю поўныя вочы (П. Трус); Смачныя без меры тут раслі калісьці бэры (К. Крапіва).

Акалічнасці прычыны абазначаюць прычыну ўзнікнення дзеяння ці прыметы, а таксама даюць абгрунтаванне дзеяння ці стану. Яны выражаюцца прыслоўямі прычыны, назоўнікамі ва ўскосных склонах, фразеалагічнымі спалучэннямі: Цяжкі паравоз ад самоты загуў на ўвесь свой пракураны бас (П. Панчанка); У небе зоркі ад марозу пахаладзеўшыя стаяць (М. Багдановіч); Ад плачу птушкі невядомай я прачнуўся раніцай (З. Бядуля); Гучна трэскаліся ад марозу дубы (І. Шамякін); Цімох з перапалоху кінуўся наўцёкі (Я. Колас); Нічога не бачыў дзед Янусь, ці то ад смутку, ці ад слёз (М. Лынькоў).

Акалічнасці прычыны могуць ужывацца з прыназоўнікамі, якія падкрэсліваюць іх значэнне (з прычыны, у выпадку, у сілу, на падставе, дзякуючы і пад.): Дзякуючы зладжанай арганізацыі працы калгас атрымлівае высокія ўраджаі сельскагаспадарчых культур (Звязда, 1985); Дзякуючы большай зарплаце ён меў магчымасць набыць іншы раз што-небудзь для сям’і (П. Пестрак).

Акалічнасці мэты абазначаюць мэту ажыццяўлення таго ці іншага дзеяння. Акалічнасці мэты выражаюцца прыслоўямі мэты, назоўнікамі ва ўскосных склонах, інфінітывам, фразеалагічнымі спалучэннямі: Няхай жа для шчасця цвіце наша доля (А. Русак); Сыноў бацька сваіх кліча на нараду ў хату (Я. Купала); Учора перад заходам сонца мы хадзілі на раку купацца (З. Бядуля); Дзядзька Марцін паехаў араць (Я. Колас); Выходзіць бацька першы з дому мясіць снягі па буралому (Я. Колас); Вось і мы з сваім атрадам памагаць прыйшлі брыгадам (А. Русак); Усё зробім для шчасця краіны сваёй (Я. Купала).

Акалічнасці ўмовы абазначаюць умову, пры якой адбываецца, можа ці павінна адбыцца пэўнае дзеянне. Акалічнасці ўмовы звычайна выражаюцца дзеепрыслоўямі або дзеепрыслоўнымі зваротамі, назоўнікамі ў форме ўскосных склонаў (роднага, вінавальнага і меснага) з прыназоўнікамі. Назоўнікі могуць ужывацца як з залежнымі словамі, так і без залежных ад іх слоў: Працуючы, не хочацца спаць, ды і час не прападзе дарма (А. Кулакоўскі); Шчасце ў працы знайшоўшы, добра поле араць (П. Броўка); Не пакарміўшы каня, многа не наарэш (Прыказка); Праўда, калі якая-небудзь важная асоба набівала гуз на лбе пры такой астаноўцы — Андрэю даводзілася крута (М. Лынькоў); Без «адбівання такту» нагамі і гарманісту цяжка іграць (З. Бядуля); На першае знаёмства Працадура паабяцаў бацьку дастаць малы дэтэктарны радыёпрыёмнік (Я. Брыль).

Акалічнасці ўступкі абазначаюць умовы, нягледзячы на якія дзеянне адбываецца. Яны выражаюцца абстрактнымі назоўнікамі з прыназоўнікам пры, прыназоўнікавым спалучэннем нягледзячы на: Нягледзячы на познюю восень, палонных трымалі на дварэ, за агароджай з калючага дроту (К. Крапіва); Не зважаючы на дождж, Крушынскі запрог каня і паехаў (З. Бядуля); Не чакаючы канца сходу, людзі павольна разыходзіліся (М. Лынькоў); У вёсцы, нягледзячы на позні час, чуваць былі песні дзяўчат (У. Краўчанка).

Паняцце дэтэрмініруючага члена

§ 163. Дэтэрмінантамі называюцца даданыя члены сказа (акалічнасці і дапаўненні), якія адносяцца да ўсяго сказа, азначаюць яго ў цэлым, а не толькі галоўны член аднасастаўнага ці адзін з галоўных членаў двухсастаўнага сказа: За гарамі, за даламі, у балотах пустынных паўставала, вырастала новая краіна (Я. Купала); На лісце прыдарожных дрэў, на збажыну і траву аселі першыя кроплі расы (А. Чарнышэвіч); З калгасных вёсак, з роднай хаты, парой юнацкае красы не ў панскі двор прыйшлі дзяўчаты, а ў завадскія карпусы (А. Александровіч); Чалавеку вельмі цяжка разлучацца са знаёмымі мясцінамі (Р. Мурашка); Аслу раз выдалі мандат — няйначай, памылкова (К. Крапіва).

Дэтэрмініруючыя члены сказа лёгка далучаюцца да сказаў з розным лексічным напаўненнем і рознай граматычнай структурай (параўн.: Пад вечар за горадам адбылася аўтамабільная катастрофа; Пад вечар за горадам падмарозіла; Пад вечар за горадам інтэнсіўны рух).

Такім чынам, дэтэрмініруючы член сказа размяшчаецца ў пачатку сказа, азначае ўвесь сказ у цэлым і можа свабодна ўваходзіць у састаў сказаў рознай граматычнай структуры.

Звычайна дэтэрмінанты супадаюць па граматычнай форме з адпаведнымі даданымі членамі сказа і нагадваюць у адносінах адзін да другога граматычныя амонімы. Напрыклад, дэтэрмініруючая акалічнасць часу ў сказе Раніцай ён мыўся, снедаў і ішоў у школу адносіцца да ўсяго сказа ў цэлым, а ў сказе Ён снедаў раніцай акалічнасць часу раніцай з’яўляецца даданым членам сказа, яна азначае дзеяслоўны выказнік снедаў і ў якасці залежнага кампанента ўваходзіць у дзеяслоўнае словазлучэнне снедаць раніцай.

Значыць, дэтэрмінанты фарміруюцца ў выніку функцыяніравання прыназоўнікава-склонавых форм у сказе. Даданыя члены сказа ўваходзяць як кампаненты ў састаў словазлучэнняў, якія фарміруюць сказ і яго члены.

Дэтэрмініруючая акалічнасць азначае сказ у цэлым і абазначае месца, час, прычыну, мэту і г. д. У функцыі дэтэрмініруючых акалічнасцей могуць выступаць прыслоўі, назоўнікі ва ўскосных склонах з прыназоўнікамі і без прыназоўнікаў: У той жа дзень, праз час каторы, прыйшоў сюды Марцін з каморы (Я. Колас); На ростані шляхоў-дарог, абвеяных паходным пылам, народ навекі нам збярог крыніцу мудрасці і сілы (В. Таўлай); Раз летнім днём цераз дарогу мурашка пруцік валакла ды прыпынілася была, чакаючы сяброўку на падмогу (К. Крапіва); Па-веснавому молада і па-святочнаму ўрачыста выглядае сёння наш працавіты Мінск (Я. Брыль); Скупа свеціць месяц у акне галін (Я. Колас); Ціха-ціха гудзе бор пад лёгкімі павевамі начнога ветру (М. Лынькоў).

Дэтэрмініруючы аб’ект (дапаўненне) абазначае асобу ці прадмет, звязаны з асноўным саставам сказа адносінамі накіраванасці, аднесенасці ў шырокім сэнсе. У функцыі дэтэрмініруючага аб’екта могуць выступаць назоўнікі ва ўскосных склонах з прыназоўнікамі і без прыназоўнікаў, займеннікі, субстантывіраваныя часціны мовы: Даліну вечар ахінуў, зачараваны яе цішынёй (Я. Колас); Мне вельмі падабаюцца спевы ляснога жаваранка (Я. Колас); У мяне закіпела ў грудзях (І. Навуменка); Братняй дапамогай роўная між роўных БССР красуе, нібы жыта летам (Я. Купала); Дружбу нашу, здабытую ў бітвах грымотных, зробім вечнай, магутнай (К. Кірэенка).

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел