Предыдущий раздел | Оглавление | Следующий раздел
Аднародныя члены сказа
§§ 164–168
Аднародныя члены сказа
Агульная характарыстыка
§ 164. Аднароднымі называюцца два або некалькі членаў сказа, якія выконваюць аднолькавую сінтаксічную функцыю, адносяцца да аднаго і таго ж слова ці словазлучэння і характарызуюцца інтанацыяй пералічэння.
Аднароднымі могуць быць:
дзейнікі: Белы пух атрэслі з шапак хвойнікі, ляскі (Я. Колас); Першыя замаразкі ды калючы паўночны сівер сведчылі аб набліжэнні недалёкай зімы (А. Якімовіч); І лісце і травы ад росаў зардзелі (Я. Купала);
выказнікі: На калгасным полі жыта красавала, кланялася ветру, колас налівала (А. Русак); Марознае ранне звініць па вуглах, ружовіць на сіверы шчокі (А. Звонак); Буслы збіраліся ў чароды і доўга стаялі на грудах або ляніва аглядалі лагчыны (Я. Колас);
азначэнні: На дне пясочак жоўты, чысты, вадою згладжаны, зярністы (Я. Колас); Над полем хадзілі мяккія і халаднаватыя веснавыя хмары (П. Галавач); Вецер свежы і салёны на гальку кідае шалёна грамады пеннае вады (А. Звонак);
дапаўненні: Кандрат Назарэўскі аніяк не аддаваў увагі ні сонцу, ні цішыні на полі і ў лесе (К. Чорны); Я малым хлапчуком палюбіў твае пушчы і нівы, і блакітныя рэкі, і мора зялёных лугоў (П. Панчанка); На бітву грозную ішоў народ за шчасце, за зямлю, за долю (Р. Няхай);
акалічнасці: Да ракі са смехам і крыкам бягуць ад сяла хлапчукі (А. Куляшоў); На шэрую прамёрзлую зямлю бязгучна і густа сыплецца першы снег (Я. Брыль); Удваіх нам з табой па жыцці гэтак добра і лёгка ісці (А. Астрэйка).
Па аб’ёму аднародныя члены сказа могуць выражацца як асобнымі словамі, так і словазлучэннямі: Пракламацыі закраналі галоўным чынам трох кітоў самаўладства: цара, духавенства і землеўласнікаў (Я. Колас); Пакрычыць [Янка] на жонку, на каня, на курэй, дык, здаецца, і лягчэй зробіцца (К. Крапіва); Маладому свайму пакаленню ён [гісторык] апіша з палётам арліным, як бліскотна з бетону, з камення, з цэглы, з сталі, з жалеза, ў праменнях тут за гмахам рос гмах на руінах (Я. Купала); Мы горды роднаю зямлёю, разумнай працай смелых рук, народаў добраю сям’ёю, вялікай моваю сваёю, святым і правым імем — друг (М. Лужанін); Праз шырокую дарогу, праз зялёную дуброву, праз жытнёвыя палі па арэхі мы пайшлі (Н. Тарас).
У адным радзе аднародных членаў могуць ужывацца і словы і словазлучэнні: Пад раніцу Аляксей і двое танкістаў былі ў горадзе (І. Новікаў); Лес наступаў і расступаўся, лужком зялёным разрываўся (Я. Колас).
Нельга ставіць у адзін рад аднародных членаў асобныя словы (ці словазлучэнні) і даданыя сказы: Экскурсанты цікавіліся гісторыяй экспанатаў і якія ёсць спосабы рэстаўрацыі. Першы з аднародных членаў у гэтым сказе выражаны словазлучэннем (гісторыяй экспанатаў), другі — даданым сказам (якія ёсць спосабы рэстаўрацыі). Правільна было б напісаць: Экскурсанты цікавіліся гісторыяй экспанатаў і спосабамі рэстаўрацыі.
У адзін рад аднародных членаў нельга таксама ўключаць дзеепрыметныя, дзеепрыслоўныя словазлучэнні і даданыя сказы: На стале ляжала папка з двума ўмяшчальнымі аддзеламі і з якой ён заўсёды хадзіў на працу. Правільна было б напісаць: На стале ляжала папка з двума ўмяшчальнымі аддзеламі, з якой ён заўсёды хадзіў на працу. Пры такім напісанні даданы азначальны сказ (з якой ён заўсёды хадзіў на працу) не ставіцца ў адзін рад з даданым членам сказа азначэннем (з двума ўмяшчальнымі аддзеламі).
У сказе можа быць некалькі груп аднародных членаў, звязаных з рознымі словамі і маючых розныя сінтаксічныя функцыі: Станем, пастаім, запомнім і маскоўскі гул бясконцы, і міг сустрэчы светлы, дарагі і родныя — пад ціхім зімнім сонцам па-над Крамлём — чырвоныя сцягі. Тут аб’яднаны тры групы аднародных членаў сказа: выказнікі (станем, пастаім, запомнім), дапаўненні з паясняльнымі словамі (гул, міг, сцягі), азначэнні (светлы, дарагі).
Заўвага. Аднароднымі членамі сказа не з’яўляюцца:
1. Словы, якія паўтараюцца ў мэтах узмацнення і стаяць побач: У ніцай лазе крычаў і крычаў драч (І. Пташнікаў); А Пракопавы думкі ідуць ды ідуць (Я. Колас); Не хадзі, сынок, у двор, не хадзі, лепш у тую старонку не глядзі (М. Танк).
2. Словы, якія цесна звязаны паміж сабой па сэнсу і сінтаксічна (з’яўляюцца адным членам сказа) і не вымаўляюцца з інтанацыяй пералічэння: Маланка асвяціла хмары з верху і да нізу (Т. Хадкевіч); Ад мяжы і да мяжы ветрык конікам бяжыць (З. Бядуля). У першых двух прыкладах сінтаксічна і семантычна непадзельныя словы (з верху і да нізу, ад мяжы і да мяжы) выконваюць у сказе агульную сінтаксічную функцыю акалічнасці, у трэцім (пайду пагляджу) — сінтаксічную функцыю выказніка.
3. Сінанімічныя спалучэнні слоў з дэфісным напісаннем: Пачала Алена думаць-меркаваць. Вынікам такога думання-меркавання было яе пісьмо да пана Зыгмуся (Я. Колас); У сказах-былінах, у думах народа жыве Руставелі (Я. Колас).
Па граматычных асаблівасцях аднародныя члены сказа ў большасці выпадкаў з’яўляюцца аднолькавымі часцінамі мовы, але часам яны могуць выражацца і рознымі часцінамі мовы: Напрасцяк, цераз поле, я пайшоў да школы і яшчэ здалёк пачуў голас настаўніцы і хор дзяцей (І. Шамякін); Ядвіся была вясёлая і ў добрым настроі. Кузьма Аркадзьевіч працаваў не спяшаючыся, без лішняй мітусні (І. Гурскі); Замак быў двухпавярховы, з сутарэннямі (У. Караткевіч).
Заўвага. Не спалучаюцца ў якасці аднародных членаў інфінітыў і назоўнік: Ён любіў паляванне і рыбаліць.
Аднолькавыя часціны мовы ў функцыі аднародных членаў сказа часам могуць ужывацца ў розных граматычных формах: На палях і над лясамі ззяе пагодлівы сонечны дзень (П. Пестрак); У вагоне ехалі салдаты, некалькі афіцэраў (П. Галавач). Аднак пры гэтым яны павінны задавальняць асноўным патрабаванням да аднародных членаў — выражаць адну і тую ж сінтаксічную катэгорыю (у прыведзеным прыкладзе — дзейнік) і адказваць на адно пытанне. Калі ж члены сказа, якія павінны быць аднароднымі, пастаўлены ў розных граматычных формах і адказваюць на розныя пытанні, то сувязь паміж імі парушаецца: На сходзе абмяркоўваліся такія пытанні, як паспяховасць, дысцыпліна, аб удзеле ў грамадскім і культурным жыцці інстытута. Трэці аднародны член у гэтым сказе выражаны назоўнікам у форме меснага склону і адказвае на пытанне аб чым?, у той час як два першыя — назоўнікамі ў форме вінавальнага склону і адказваюць на пытанне што? Сказ пабудаваны няправільна. У стылістычна правільным варыянце аднародныя члены павінны адказваць на адно пытанне: На сходзе абмяркоўваліся такія пытанні, як паспяховасць, дысцыпліна, удзел у грамадскім і культурным жыцці інстытута.
Па характару лагічных сувязей аднародныя члены сказа павінны адпавядаць двум асноўным правілам класіфікацыі або сістэматызацыі прадметаў, з’яў, прымет:
1) характарызаваць прадмет, з’яву, асобу па адной агульнай прымеце (па колеру, паходжанню, роду заняткаў і г. д.), г. зн. мець агульную лагічную аснову. Так, у сказе Ліда — вясёлая па натуры і любіць смяяцца (А. Кулакоўскі) аднародныя члены хоць і выражаны рознымі часцінамі мовы (прыметнік і дзеяслоў з залежнымі словамі), аднак характарызуюць асобу па агульнай прымеце — асаблівасці характару. Уключэнне ў гэты рад такіх азначэнняў, якія характарызуюць асобу па паходжанню, роду заняткаў, не адпавядала б характару лагічных сувязей паміж аднароднымі членамі. У сказе Да парку прымыкаў вялікі пладовы сад (М. Лынькоў) азначэнні вялікі і пладовы не з’яўляюцца аднароднымі. Першае характарызуе прадмет па аб’ёму, другое — па віду;
2) члены дзялення, выражанага аднароднымі членамі сказа, павінны ўзаемна выключацца. Парушэнне гэтага правіла вядзе да ўтварэння сінтаксічна і стылістычна няправільных канструкцый. Так, у сказе У небе кружылі птушкі і буслы словы птушкі і буслы не выключаюць адно аднаго, таму што буслы — паняцце відавое ў адносінах да родавага паняцця, выражанага словам птушкі.
Заўвага. Шырока распаўсюджаныя ў друку парныя словазлучэнні камсамольцы і моладзь, піянеры і школьнікі, моладзь і студэнты (у выразе фестываль моладзі і студэнтаў) у выніку частага ўжывання ў публіцыстычных тэкстах сталі ўстойлівымі зваротамі і ўспрымаюцца як адзінае цэлае, хоць фармальна яны і не адпавядаюць асноўным лагічным патрабаванням да аднародных членаў. Так, у пералічэннях камсамольцы і моладзь, моладзь і студэнты няма агульнай асновы дзялення (моладзь — па ўзросту, а камсамольцы, студэнты адпаведна па прыналежнасці да грамадскай арганізацыі, па роду заняткаў), словы піянеры і школьнікі часткова супадаюць (усе піянеры — школьнікі).
Аднародныя члены сказа злучаюцца паміж сабой злучнікамі, бяззлучнікавым спосабам (інтанацыяй пералічэння) або камбінаванай сувяззю (злучнікавай і бяззлучнікавай): Даўгая і трудная хада без дарог па лесе прытаміла дзеда Талаша (Я. Колас); Вецер гнаў з сасонніку гарачы водар смалы і змешваў яго з хмельным пахам паспелай збажыны (І. Шамякін); Вядуцца ў пушчы куніца, выдра, тхор, гарнастай, ласка, ліс (В. Вольскі); Пасябравала лета з вятрамі, цеплынёй, ірдзеннем зыркіх кветак, вясёлай сінявой, з дажджамі праліўнымі, туманамі, расой, жытамі наліўнымі, гамонкаю лясоў... (М. Калачынскі); Нам пакараюцца мора і рэкі, горы і нетры зямлі (Я. Колас); Мы будзем купацца, гуляць, загараць і дружна вясёлыя песні спяваць (П. Броўка).
У некаторых выпадках члены сказа ўжываюцца ў спалучэнні са словамі, якія паўтараюцца перад некалькімі або перад усімі аднароднымі членамі. Такія словы служаць для ўзмацнення, падкрэслівання тых членаў сказа, перад якімі яны ўжываюцца: Сярод таварышаў Сцёпка выдзяляўся сваёю стараннасцю ў навуцы, сваёю сталасцю і сур’ёзнасцю (Я. Колас); І ўсе думкі іх, усе гутаркі, усе надзеі, усе жаданні былі пераплецены з разуменнямі — хлеб, зямля, праца, падаткі (П. Галавач).
Аднародныя члены часам могуць раздзяляцца іншымі членамі сказа: Мы шчасцем, воляю багатыя і працаю сваёй (А. Астрэйка).
Паміж аднароднымі членамі сказа могуць выражацца спалучальныя, супраціўныя, раздзяляльныя, супастаўляльныя і ўступальныя адносіны, для чаго ўжываюцца адпаведныя злучнікі:
спалучальныя: і, ды (у значэнні і), ні — ні, таксама (часта ў спалучэнні са злучнікамі і, а): Рослыя ліпы і клёны цягнуцца ўгору ля вокан (М. Калачынскі); Бярозы ды алешыны з усіх бакоў акружалі возера (Я. Маўр); Не шкадуй ні сіл, ні часу, папрацуй, юнача, дбала (П. Панчанка); Гэта быў светлы і таксама прасторны пакой (Я. Колас);
супраціўныя: але, а, аднак, затое, ды (у значэнні але): Асадчы быў стомлены, але вясёлы (І. Гурскі); Патрэбны жывыя людзі, а не порах (К. Чорны); Сонца толькі што ўзышло, аднак прыгравала ўжо даволі горача (Э. Самуйлёнак); Глухі не чуе, затое бачыць, як арол (А. Якімовіч); Свеціць, ды не грэе (Прыказка);
раздзяляльныя: ці, ці(то) — ці, або, або — або, то — то, ці то — ці то, ні то — ні то, не то — не то: Шумелі бярозы на гром ці на вецер (М. Лужанін); Ці то сініца, ці якая другая птушка пераляцела цераз дарогу і звонка зацілікала (М. Лынькоў); Малашкін прыходзіў на кватэру абедаць у тры або ў чатыры гадзіны (П. Пестрак); Зімой забіраўся на печ і або спаў, або над нечым упарта думаў (М. Лупсякоў); Маці здзіўлена глядзела то на Алёшку, то на мужчын (А. Якімовіч); Ці то ад жадання развеяць набегшы смутак у сяброўкі, ці то ад агульнага настрою, навеянага гэтым палявым бязмежжам, Васіліна павесялела (Т. Хадкевіч); Ні то ён спалохаўся Макара, ні то адчуў, што не варта гаварыць з ім (К. Чорны); Пануры голас з цемры не то гаворыць, не то марыць (М. Лынькоў).
Пры аднародных членах сказа могуць ужывацца двайныя супастаўляльныя злучнікі (часта з уступальным або абмежавальным адценнем): як — так і, не толькі — і, хоць і — але, хоць — ды, хоць — але, не столькі — колькі, калі не — то (дык), як — дык і інш. Першая частка такіх злучнікаў ставіцца перад першым аднародным членам, а другая — перад другім: Палікарпаўна прывяла на ўчастак не толькі сваіх махорачніц, а і яшчэ некаторых жанчын з брыгады (А. Кулакоўскі); Хоць і стомлены быў дзед Талаш, але заснуў не адразу (Я. Колас); Як дзень, так і ноч ідуць паязды ды ідуць (А. Якімовіч); Аграном пабываў калі не ва ўсіх, то ў шасці калгасах (З газет).
Часам пры аднародных членах ужываецца няпарны злучнік хоць (хаця), які выражае ўступальнае значэнне: Яго падтрымалі дружнымі, хоць і няроўнымі галасамі (У. Шахавец); Біяграфію сваю ён [Міхаська] расказаў хутка: яна ў яго была кароткай, хоць і даволі характэрнай (А. Кулакоўскі).
Калі да пералічаных у сказе аднародных членаў сказа далучаюцца іншыя аднародныя члены, якія дапаўняюць, удакладняюць папярэднія аднародныя члены, то яны звязваюцца з дапамогай далучальных злучнікаў і, ды, а, прычым, таксама. Такія аднародныя члены сказа называюцца далучальнымі. І броўны ў сценах вельмі ладны: шырокі, роўны, без прыточак, і жоўценькі, як той жаўточак (Я. Колас); Вірчэўскі прыехаў у «Новы свет» забраць трактар, а заадно і малатарню, якую неабходна было перагнаць у калгас «Барацьбіт» (Т. Хадкевіч); Чалавек ён добры, пакладзісты, прычым настойлівы (І. Мележ).
Прыназоўнікі пры аднародных членах сказа
§ 165. Калі аднародныя члены патрабуюць аднолькавых прыназоўнікаў, то неабходнасць паўтарэння іх перад кожным аднародным членам залежыць ад аб’ёму і колькасці аднародных членаў. Калі аднародныя члены развітыя і іх рад доўгі, то прыназоўнік неабходна паўтараць: Цябе акрыляе адвагай песня пра подзвіг «Варага», пра сэрца Лазо, пра віхуры, пра грукат гармат на Амуры (К. Кірэенка); Акрамя гэтых пакутлівых пытанняў, была яшчэ злосць на самога сябе за сваю нястрыманасць, за тое, што раскрычаўся (І. Шамякін); Гэты твар з вострым абцягнутым падбародкам, з жоўтым касцістым носам, з ямкамі на шчоках, з цёмнымі ценямі пад запалымі вачыма, з глыбокімі рысамі маршчын — ні ў чым не нагадваў Міхаіла Танарджыя (Э. Самуйлёнак).
Незалежна ад аб’ёму і колькасці аднародных членаў паўтараюцца прыназоўнікі з мэтай асаблівага падкрэслівання значэння таго, што выражае кожны з аднародных членаў: Дзеда непакоіла думка аб доме, аб Панасе (Я. Колас); Ён вельмі многа думае аб Скіп’ёўскім Пераброддзі, аб Ганне і аб бацьку, аб Скіп’ёўскім лесе і аб усім, што ў гэтым баку робіцца (К. Чорны); А той глядзіць на іх з прыветнай мінай, з усмешкай ціхай, з цеплынёй (Я. Колас); Як жа хораша з сябрамі песні пець Алёнцы шчаснай пра зямлю сваю: з барамі, з лугамі, з полем, з небам ясным (К. Кірэенка).
Абавязковым з’яўляецца паўтарэнне прыназоўнікаў пры аднародных членах, звязаных паўторнымі або двайнымі злучнікамі, а таксама адзіночнымі супраціўнымі, уступальнымі і далучальнымі злучнікамі: Людзі — або ў дварах пад павецямі, або ў хатах (П. Галавач); Так заўсёды рабілася на вуліцы, калі ці то ў пахмурны, ці то ў сонечны дзень раздавалася паблізу тая песня (М. Лынькоў); У Адама былі галіфэ і з чырвоным, і з зялёным, і з сінім кантам (К. Чорны); Тое было і з пасекай, і з канавамі на балоце, як капалі, і з вялікай сажалкай за садамі, у якой разводзілі пасля карпаў, і з лядамі ў лесе, на якіх вырошчвалі потым добрае проса (М. Лынькоў); Адзін з такіх сходаў стаў знамянальным не толькі для мінчан, але і для ўсяго завода (А. Кулакоўскі); Народ не пра вайну гамоніць, а пра дом (П. Глебка); Не за цяжкую работу, не за вечную турботу, а за іншы, горшы здзек слязьмі плакаў чалавек (З. Бядуля).
Калі рад аднародных членаў змяшчае некалькі семантычна аб’яднаных груп, то прыназоўнік паўтараецца пры кожнай групе і служыць фармальным паказчыкам такіх груп.
Неабходнасць паўтарэння прыназоўнікаў залежыць таксама ад ступені сэнсавай сувязі аднародных членаў сказа. Калі ў якасці аднародных выступаюць сэнсава далёкія словы ці словазлучэнні, то паўтарэнне прыназоўніка перад кожным з такіх аднародных членаў з’яўляецца абавязковым: Мікуцічане — народ грамадскі, любіць пагутарыць аб розных рознасцях: аб замежнай палітыцы, аб вайне, аб заработках, аб цяжкасцях жыцця, аб тым, што нешта на свеце робіцца і нешта гатуецца і што павінна адбыцца, бо далей так жыць нельга (Я. Колас).
Абавязковым з’яўляецца паўтарэнне пры аднародных членах розных злучнікаў: Людзі заўсёды чым-небудзь былі заняты: уранку і ўвечары, летам і зімою, у хаце і на двары, у полі, на балоце, у лесе... (І. Мележ).
Часта прыназоўнікі паўтараюцца перад парамі аднародных членаў, звязваючы іх і часткова выконваючы пры гэтым функцыі злучнікаў: За поплавам былі дзве вуліцы новых хат і дамкоў з жоўтымі шуфлядамі і шалёўкай вокан, з кветкамі ад вуліцы і вяндлярнямі на агародах (К. Чорны); Праходзяць дні, ідуць сваёй чарадою зімы і леты з іх халадамі і спякотамі, з іх бурамі і навальніцамі (Я. Колас); Тыя гады прымусілі нас змалку прывучацца да плуга і касы, да пілы і сякеры, да гэбля і долата, да малатка і кавадла (К. Чорны); Яны ў хаце, сенцах, прызбах стоячы падглядаюць у акно (П. Галавач). У прыведзеных сказах апушчэнне прыназоўнікаў на, у перад аднароднымі членамі недапушчальнае, а пабудаваная такім чынам канструкцыя няправільная, паколькі парушаюцца правілы дзеяслоўнага прыназоўнікавага кіравання: *Людзі былі заняты ў хаце, двары, полі, балоце, лесе.
Калі не ставіцца мэта асабліва падкрэсліць пералічаемае ў аднародных членах, то пры неразвітых блізкіх па сэнсу аднародных членах, звязаных бяззлучнікавай сувяззю або адзіночнымі спалучальнымі злучнікамі, аднолькавыя прыназоўнікі не паўтараюцца: Дарожны рэпертуар складаецца з польскіх, беларускіх, рускіх, украінскіх песень (Я. Брыль); Зямля маёй цудоўнай Магілёўшчыны, ты ўся з красы і радасці саткана (К. Кірэенка); Перад народам і Радзімай клятвай вернай, нерушымай паклянуся я (Я. Колас); З шумам і гамам раскладалі начлежнікі агонь (Я. Колас). У складзе вельмі доўгага рада аднародных членаў прыназоўнік можа паўтарыцца адзін раз з мэтай узмацніць сувязь аднародных членаў. Пры гэтым прыназоўнік часткова выконвае функцыю злучніка: Пасябравала лета з вятрамі, цеплынёй, ірдзеннем зыркіх кветак, вясёлай сінявой, з дажджамі праліўнымі, туманамі, расой, жытамі наліўнымі, гамонкаю лясоў (М. Калачынскі).
Нельга паўтараць прыназоўнік пры аднародных членах, калі першы аднародны член уключае ў свой склад слова (або некалькі слоў), агульнае для ўсіх аднародных членаў: Клумбы і газоны і ўтрыманыя ў парадку дрэвы сведчылі аб яго дбайнасці і ўмельстве (Э. Самуйлёнак). У прыведзеным сказе прыназоўнік аб не паўтараецца.
Не паўтараюцца таксама прыназоўнікі пры аднародных дапасаваных азначэннях, якія адносяцца ў сказе да ўскосных дапаўненняў або да акалічнасцей: І паціху вецер сіні на празрысты, лёгкі насціл залаты гарох рассыпаў трапяткіх, нямых сузор’яў (П. Панчанка); Хата была зроблена з тоўстых, чыста пагабляваных, роўных бярвенняў (І. Шамякін); Падняўшы капот, ён заглянуў у цёплы, супакоены матор, пасля паволі абышоў машыну (Я. Брыль). У прыведзеных сказах паўтарэнне прыназоўнікаў на, з, у пры аднародных азначэннях немагчыма.
Калі азначаемае аднароднымі азначэннямі ўскоснае дапаўненне стаіць перад гэтымі азначэннямі, то прыназоўнік ставіцца толькі пры дапаўненні і не паўтараецца пры аднародных членах: Алёша аж уздыхнуў ад паўнаты жыцця, вялікай, бескарыснай (М. Лынькоў); Машыны, напоўненыя мяхамі з зернем, буйным і цяжкім, накіраваліся ў горад (Чырвоная змена, 1982). У прыведзеных прыкладах прыназоўнікі ад, з стаяць перад ускоснымі дапаўненнямі паўнаты, зернем і пры залежных ад іх аднародных азначэннях паўтарацца не могуць.
Знакі прыпынку пры аднародных членах сказа
§ 166. Коскамі раздзяляюцца аднародныя члены, звязаныя:
без злучнікаў: За гарамі; за даламі, у балотах пустынных паўставала, вырастала новая краіна (Я. Купала); Крылатая машына сарвалася з месца, памчалася па полі, з гулам пайшла ўгару (Э. Самуйлёнак); Шаройка быў у новай ватоўцы, у баранняй шапцы, з бярданкай за плячыма (І. Шамякін);
двайнымі злучнікамі: Хоць і стомлены быў дзед Талаш, але заснуў не адразу (Я. Колас); Як партызанам, так і падпольшчыкам трэба асабліва пільнавацца дысцыпліны (М. Лынькоў); Усё гэта не толькі не задавальняла Андрэя, а нараджала новыя пытанні (П. Галавач);
паўторнымі спалучальнымі злучнікамі або пералічальна-размеркавальнымі: Хапала затое клопатаў цётцы Ганне. Але гэта ўжо ў яе характары жаночым: і павесяліць, і паспачувае, і з чалавекам аб усім пагаворыць, і распытае часам, а што да чаго (М. Лынькоў); Адзін толькі штаб, ды разведка, ды Толя Клімёнак ведаюць пра новую блакаду (Я. Брыль); Гвіція то майстраваў у пограбе, то складаў перамытыя бочкі пад павець, то знікаў некуды па справах (Э. Самуйлёнак); Ці брыдзеш цэлы дзень па снезе, ці сядзіш за сталом, — усюды адны толькі думкі, адно і на сэрцы (Я. Брыль);
адзіночнымі супраціўнымі, уступальнымі і далучальнымі злучнікамі: Чорны мак, ды смачны, белая рэдзька, ды горкая (Прыказка); Я прыпамінаю пакоі, але пазнаю іх не адразу (П. Галавач); У хату, грукнуўшы дзвярамі, не ўваходзіць, а ўскоквае дзяўчына (М. Лынькоў); «Крэпкі народ, хоць і жыве ў балотах» — падумаў Лабановіч (Я. Колас); Ён [Даніла Платонавіч] хадзіў яшчэ шпарка і ўпэўнена, хоць і абапіраўся на кій (І. Шамякін); Спазніліся мы, хоць і вельмі застаць іх хацелі (А. Куляшоў); Флейтавы голас івалгі часам прыпынялі сваім серабрыстым звонам берасцянкі, а то і салаўі (І. Новікаў); Пабачыш свайго Марку, дык скажы яму, няхай не туляецца адзін, а ідзе да нас, ды людзей з сабой няхай кліча (Я. Колас);
злучальнымі словамі, якія выражаюць паслядоўнасць: Сымоніха ўхапілася парадкаваць хату, потым пабегла даглядаць сваю лысую (М. Лынькоў); Сакольны прыслухаўся, потым падняў галаву (А. Кулакоўскі); Разам з другімі пастаяў ён каля парога, пасля падышоў у куток і сеў на пустое месца (К. Чорны).
Абагульняльныя словы пры аднародных членах сказа
§ 167. Пры групе аднародных членаў сказа могуць ужывацца абагульняльныя словы, якія звычайна выконваюць такую ж сінтаксічную функцыю ў сказе і належаць да той жа семантычнай групы, што і аднародныя члены сказа, але маюць больш шырокае значэнне, якое адносіцца да значэння аднародных членаў сказа як род к віду або цэлае к частцы: Дзіця ўбачыла новыя мясціны: зялёны хвойнік, шэрае поле (К. Чорны); Сады і поле — усё маўчыць (А. Астрэйка).
У функцыі абагульняльных слоў могуць выступаць:
займеннікі (звычайна займеннік усё): Усё наўкола — і сцены, і дзеці, і дошка чорная, і настаўнік — усё расло і расплывалася ўшыркі, і захапляла сабой яе (П. Галавач).
Абагульняльнае слова займеннік усё часам ужываецца ў спалучэнні са словам гэта: Светлыя, высокія дамы, на сценах якіх стараннымі рукамі будаўнікоў вылеплены белыя галубы міру, два рады маладых ліп, мноства кветак перад дамамі, гладкі асфальт плошчы — усё гэта стварала настрой задавальнення і святочнасці (П. Броўка);
прыслоўі (прыслоўе усюды і інш.). Вясна, кажуць, прыгожая ўсюды: і ў полі, і ў лесе, і ў горадзе (Я. Брыль); У хаце прыбрана па-мястэчковаму: сціпла, проста, скупавата (П. Пестрак); Людзі заўсёды чым-небудзь былі заняты: уранку і ўвечары, летам і зімою, у хаце, на двары, у полі, на балоце, у лесе (І. Мележ).
Заўвага. Пры абагульняльных словах — займенніку усё і прыслоўях усюды і інш., якія могуць паўтарацца з мэтай узмацнення, часам ужываюцца словы літаральна, абсалютна і пад., якія служаць для пацвярджэння выказанай думкі: Далікатнасць, сардэчнасць адносін, найтанчэйшыя перажыванні, чарадзейная сіла кахання, захапленне прыгажосцю прыроды, пачуцці адданасці і любові да Радзімы — усё, што на першы погляд немагчыма вызначыць і выказаць словамі, літаральна ўсё знайшло і знаходзіць сваё выяўленне ў слове, у вобразе, у паэзіі, у мастацтве (В. Вітка);
назоўнікі: На поўдзень — лес — алешнік і дубняк — усё далей і далей адыходзіў ад ракі (І. Шамякін); У вагоне было дастаўлена першае прыладдзе: маторная лодка, лесапільны інструмент, рыдлёўкі (К. Чорны);
дзеясловы: Вечарам Люба пачала прыбіраць у хаце: мясці, мыць, чысціць, выносіць і прыносіць (К. Чорны); Але Сцёпка сваё вядзе: чытае, піша, думае, разважае (Я. Колас).
З мэтай узмацнення пры аднародных членах з абагульняльным словам можа паўтарацца займеннік гэты: Гэты зараснік, і гэта азярцо, і гэтыя сцежкі баравыя — усё схавалі снягі (К. Чорны); Усё тут яму знаёма: і гэты корч, і гэтая бяроза, і кожны куст малінніку і ажавін, і сонечныя ўзгоркі з суніцамі, і хваёвыя гушчары, і купіны, зарослыя чарнічнікам (Т. Хадкевіч);
прыметнікі: Сняжынкі ўпалі на рукавічку і доўга не таялі. Яны былі розныя: і як прамяністыя зорачкі, і круглыя з іскрыстымі ражкамі, і прадаўгаватыя, а некаторыя з іх нават нагадвалі літары з азбукі, якую вывучалі цяпер у школе хлопчыкі (Т. Хадкевіч); Прыгожыя былі тыя ночы: цёплыя, светлыя, пахучыя і шчаслівыя (У. Карпаў).
Акрамя асобных слоў, у функцыі абагульняльных могуць выступаць і словазлучэнні:
сінтаксічна падзельныя (свабодныя), якія складаюцца з уласна абагульняльнага слова і залежнага ад яго слова (або слоў), што выконвае ў сказе іншую сінтаксічную функцыю ў параўнанні з абагульняльным словам: За кустамі пярэсцяцца розныя колеры зямлі: зялёныя ўзгоркі, ціхія лагчыны, рэдкія чорныя палосы першай раллі і леташняя шэрань веснавой цаліны (К. Чорны); На сцяне віселі розныя сталярскія інструменты: пілкі, гэблі, цыркулі, стамескі (І. Шамякін). У прыведзеных прыкладах абагульняльныя словы (колеры, інструменты) маюць пры сабе залежныя словы (розныя, сталярскія), якія выконваюць у сказе сінтаксічныя функцыі азначэння, у той час як самі абагульняльныя словы (як і адпаведныя групы аднародных членаў) з'яўляюцца дзейнікамі;
сінтаксічна непадзельныя, якія складаюцца з двух або некалькіх слоў, што выконваюць у сказе адну агульную сінтаксічную функцыю: У канцылярыі было многа моладзі: і хлопцы і дзяўчаты (Я. Колас); У Тамаша стала многа ўсякай адзежы на ўсякія ўзросты: і на дзесяць год, і на дванаццаць, і на пятнаццаць, і на васемнаццаць, і на дваццаць (К. Чорны); У мужчынскім зале цырульні працуе шэсць майстроў: дзве жанчыны і чатыры мужчыны (Я. Брыль); Яна жыла нецікавым жыццём: без радасці, без захаплення (З газет); У прыведзеных прыкладах словазлучэнні многа моладзі, на ўсякія ўзросты, шэсць майстроў, нецікавым жыццём выконваюць у сказе тыя ж сінтаксічныя функцыі, што і адпаведныя групы аднародных членаў;
фразеалагічныя: Сын жыве сваёй воляй: усё вырашае самастойна, бацькам толькі паведамляе аб фактах свайго жыцця (З газет). У гэтым прыкладзе фразеалагічнае словазлучэнне жыве сваёй воляй выконвае ў сказе адзіную сінтаксічную функцыю выказніка, якая супадае з сінтаксічнай функцыяй аднародных членаў усё вырашае самастойна, бацькам толькі паведамляе аб фактах свайго жыцця;
тэрміналагічныя: Пад разложыстым дубам прытуліўся камандны склад батальёна: Шалёхін, тры ротныя камандзіры і начальнік кулямётнай каманды (Я. Колас). Тэрміналагічнае словазлучэнне камандны склад, якое выступае ў функцыі абагульняльнага слова, выконвае адзіную сінтаксічную функцыю выказніка, аналагічную сінтаксічнай функцыі групы аднародных членаў Шалёхін, тры ротныя камандзіры і начальнік кулямётнай каманды.
Абагульняльныя словы часцей за ўсё выражаюцца тымі ж часцінамі мовы, што і адпаведныя групы аднародных членаў, напрыклад: Рыбацкая снасць: сетка, нераткі, вуды — была адмысловая ў дзядзькі Мартына (Я. Колас); На нартах у мяшках былі прадукты: мяса, кансервы, сухары (І. Шамякін). Найбольш частым выпадкам выражэння абагульняльнага слова і адпаведных яму аднародных членаў рознымі часцінамі мовы з'яўляецца ўжыванне назоўнікаў і дзеясловаў або назоўнікавых і дзеяслоўных словазлучэнняў у функцыі аднародных членаў з абагульняльным словам — займеннікам усё (часам з залежнымі ад яго словамі) або прыслоўем усюды: Сонца асвятляла ўсё: палі, вёску, рэчку і луг (В. Каваль); Размова з простымі і шчырымі людзьмі, кароткае падарожжа цераз палі, дзе ўсюды кіпела работа, сустрэчы ў райцэнтры — усё перажытае за дзень нарадзіла ў сэрцы нейкае вельмі светлае пачуццё (І. Шамякін); Пайсці ў грыбы ці ў тую рыбу, або паехаць на сялібу, ці ў млын малоць на хлеб збажынку — усё гэта вабіла хлапчынку (Я. Колас); На рэках, будоўлях і нівах, на поўдзень, на поўнач і ўсход — усюды працуе рупліва вялікі савецкі народ (А. Бачыла); Усё ўсюды было ўслана лісцем: і вуліца, і двары (А. Кулакоўскі).
Сустракаюцца і іншыя выпадкі выражэння абагульняльнага слова і аднародных членаў сказа рознымі часцінамі мовы: Яны зайшлі ў кантору ўтраіх: Урбановіч, Віктар і Цімка (У. Карпаў); Даказваў ён пераканаўча: з фактамі, з аргументацыяй і вывадамі (З газет). У прыведзеных прыкладах у якасці абагульняльных слоў выступаюць прыслоўі, а ў якасці аднародных членаў — назоўнікі.
Аднародныя члены сказа і абагульняльнае слова могуць выражацца словамі розных граматычных форм адной часціны мовы: У канцылярыі было многа моладзі: і хлопцы, і дзяўчаты (Я. Колас).
Абагульняльныя словы ставяцца перад аднароднымі членамі або пасля іх, напрыклад: Былі тут розныя будынкі: гуменцы, гумны і адрынкі, хлявы і стайні, і аборы, дабра, нажытку цэлы горы (Я. Колас); Рускія і ўкраінцы, беларусы і грузіны, казахі і ненцы, Еўропа і Амерыка, Індыя, Афрыка і Азія — увесь свет штодня прыходзіць пакланіцца чалавеку, імя якога, як сцяг, заклікае да барацьбы, да творчай працы (М. Паслядовіч).
Парадак размяшчэння абагульняльнага слова і аднародных членаў сказа ў многім вызначаецца граматычнай і семантычнай характарыстыкай абагульняльнага слова. Так, абагульняльныя словы, выражаныя назоўнікамі, дзеясловамі, прыслоўямі (за выключэннем прыслоўя усюды), прыметнікамі, у пераважнай большасці выпадкаў стаяць перад аднароднымі членамі сказа: У высокім куп'і на балоце і ў кустах водзяцца розныя балотныя птушкі: бекасы, кулікі, кнігаўкі, качкі (А. Якімовіч); Яна ўзялася за работу: набрала бярэма дроў, унесла ў хату і, запаліўшы газоўку, стала класці іх у печ (К. Чорны); Усе былі апрануты па-святочнаму: чысценька і прыгожа (Я. Колас).
Абагульняльныя словы, выражаныя займеннікам усё і прыслоўем усюды маюць адвольнае размяшчэнне ў адносінах да адпаведных аднародных членаў сказа, напрыклад: Шырокі адкрыты твар са спакойным позіркам удумлівых воч, упэўненыя рухі, павольная хада, моцны поціск важкай пляскатай далоні — усё гэта гаварыла аб характары гэтага чалавека (М. Лынькоў); Усё: зямля, дрэвы, стрэхі — пакрылася звонкай ледзяной коркай (І. Шамякін); На рэках, будоўлях і нівах, на поўдзень, на поўнач і ўсход — усюды працуе рупліва вялікі савецкі народ (А. Бачыла); Усюды — ў горадзе і ў вёсцы — праца рупная ідзе (М. Чарот).
З мэтай узмацнення і пры ўмове вялікай колькасці аднародных членаў сказа абагульняльныя словы, выражаныя займеннікам усё і прыслоўем усюды, могуць ужывацца двойчы: перад аднароднымі членамі і пасля іх: І ад сонца здавалася шырокім усё: і глыбокае неба, і спустошаная на зіму ўраджаем зямля, і нават дробны камень пасярод палявой травы і зрэзанай саломы,— усё да туманавай сіні блізкіх лясоў, да рэчак і азёр, да дзеравяных хат і мураваных будынкаў, да ўсяго малога і вялікага, сярод чаго пазнаны былі вялікія бунты радасці і смутку (К. Чорны); Усё наўкола — і сцены, і дзеці, і дошка чорная, і настаўнік — усё расло і расплывалася ўшыркі, і захапляла сабой яе (П. Галавач).
Знакі прыпынку пры аднародных членах сказа з абагульняльнымі словамі
§ 168. 1. Двукроп’е ставіцца ў сказах з прэпазіцыяй абагульняльнага слова. Пры чытанні гэтых сказаў пасля абагульняльнага слова перад аднароднымі членамі сказа голас паніжаецца і робіцца паўза: Вочы свецяцца добрым даверам, дзеці вераць так шчыра ўсім: чалавеку, і дрэву, і зверу, тэлефільмам і кнігам сваім (П. Панчанка); Краскі, краскі — цэлае мора розных красак: белых, жоўтых, чырвоных, блакітных, сініх (В. Сачанка).
2. Працяжнік пры аднародных членах ставіцца ў сказах з постпазіцыяй абагульняльнага слова: Трава і дрэва, рыба і звер — усё ёсць (І. Шамякін).
