Предыдущий раздел | Оглавление | Следующий раздел
Адасабленне і экспрэсіўнае вылучэнне
§§ 169–173
Адасобленыя даданыя члены сказа
§ 169. Адасобленымі даданымі членамі сказа называюцца інтанацыйна і сэнсава выдзеленыя даданыя члены ў структуры сказа, а само гэта выдзяленне — адасабленнем даданых членаў. У сказе могуць адасабляцца азначэнні, дапаўненні, акалічнасці. Па сваёй ролі ў сказе адасобленыя даданыя члены (асабліва адасобленыя звароты) у пэўнай ступені збліжаюцца з даданымі часткамі складаназалежных сказаў.
Адасобленыя азначэнні могуць быць:
дапасаванымі: Месяц, яркі і круглы, абліў наваколле халодным святлом (З. Бядуля); Дружбы шмат сардэчнай у людзей, шчырай, слаўнай і вясёлай (А. Астрэйка); Дружбу нашу, здабытую ў бітвах грымотных, зробім вечнай, магутнай (К. Кірэенка);
недапасаванымі: Высокі дом, з цагляным падмуркам, з чарапічным дахам, быў адным з самых прыкметных у вёсцы (М. Ткачоў); Без шапкі, у адной гімнасцёрцы, Васіль з усею сілы працаваў вёсламі (І. Шамякін);
у форме прыдаткаў: Трактар — конь стальнапалосы — імчыцца віхрам да мяжы (П. Трус); Сумленны, усімі паважаны чалавек, сапраўдны камуніст і актыўны грамадскі работнік, Людвік Шэўчык мае вялікі аўтарытэт сярод сваіх суайчыннікаў (А. Кулакоўскі).
Дапасаваныя азначэнні выражаюцца прыметнікамі і дзеепрыметнікамі, часта з залежнымі ад іх словамі: Вечар, ціхі, цёплы, ахутваў змрокам зямлю (А. Пальчэўскі); Далі, яркія, празрыстыя як шкло, пачалі зацягвацца валокнамі шэрай бавоўны (З. Бядуля); На паляне, пакрытай буйнымі кроплямі расы, стаялі дзве казулі (Я. Маўр).
Недапасаваныя азначэнні выражаюцца ў асноўным назоўнікамі ва ўскосных склонах з прыназоўнікамі і размяшчаюцца пасля азначаемых імі слоў: Максімка, узрушаны, загарэлы, у белым фартуху, з кельмаю ў руках, стаіць на кладцы сцяны (І. Гурскі).
Адасобленыя прыдаткі выражаюцца адзіночнымі назоўнікамі або іменнымі словазлучэннямі з назоўнікамі ў ролі галоўнага слова: Дадому з зімоўкі далёкай ляцяць нашы госці — шпакі (М. Хведаровіч).
Адасобленыя азначэнні ўсіх трох пералічаных тыпаў у адпаведнасці са сваімі функцыямі падзяляюцца на тры групы.
Першую групу складаюць азначэнні, якія побач з уласна азначальным значэннем маюць адценне дадатковага паведамлення аб пэўных прадметах ці асобах. Яны адносяцца да назоўніка або займенніка, якія выступаюць у ролі дзейніка, дапаўнення ці акалічнасці: На палях нерухома ляжала восень, шэрая, аднастайная (І. Шамякін); Ён падыходзіць, светлы час, агорнуты красой чароўнай (У. Дубоўка); Быў у замку дзед Даніла, родам дзесь з-пад Мазыра (Я. Колас); Знаёмыя хлопцы — Дняпра ветэраны — на стрыжань выводзяць свае караваны (А. Вялюгін).
Другую групу складаюць азначэнні з дадатковым акалічнасным адценнем. Яны не толькі адносяцца да назоўніка або займенніка ў ролі дзейніка, дапаўнення ці акалічнасці, але па сэнсу звязаны таксама з дзеясловам, што выступае ў ролі выказніка: Выхапіў хлопчык з агню каленкор, выбег, трывожны, на двор (А. Вялюгін); Дзеці, бадзёрыя і радасныя, прыйшлі ў школу (Р. Няхай); Куст травы, не закіданы снегам, тырчэў з-пад прызбы (К. Чорны); Мінск — у зелені і белі — цудоўнай песняй зазвініць (М. Машара); Паўлюка Труса, як сапраўды нацыянальнага паэта-патрыёта, не магла не хваляваць тэма Заходняй Беларусі (Р. Няхай).
Трэцюю групу складаюць азначэнні, якія адносяцца да другіх азначэнняў і ўдакладняюць або паясняюць прыметы, што абазначаны гэтымі азначэннямі: На левым, больш высокім, беразе ад лесу засталася толькі адна сухаверхая асіна (І. Шамякін); Над зялёным лугам, усыпаным рознымі кветкамі, гулі пчолы (А. Якімовіч); Гэта стварыла ёй славу працавітай, з залатымі рукамі, дзяўчыны (Т. Хадкевіч).
Адасобленыя дапаўненні звычайна выражаюцца спалучэннямі назоўнікаў або займеннікаў ва ўскосных склонах з прыназоўнікамі акрамя, апрача, замест, за выключэннем і інш. Яны могуць размяшчацца як у прэпазіцыі, так і ў постпазіцыі адносна кіруючага дзеяслова, аднак канструкцыі з прэпазіцыяй больш ужывальныя: У садзе, апрача розных гатункаў яблык, растуць грушы, вішні, слівы (ЛіМ, 1984); На зямлі, замест карычневай, сухой і слізкай ігліцы, слаліся дываны з сівых імхоў, купчастай папараці і зялёнага бруснічніку (Я. Маўр). Па азначэнню адасобленыя дапаўненні падзяляюцца на тры групы: адасобленыя дапаўненні, якія абазначаюць прадметы і з’явы, што ўключаюцца ў рад іншых (Акрамя кучаравых бярозак, на ўзгорку расла высокая сухаверхая хвоя (З. Бядуля)), выключаюцца з рада іншых (Усё лета, за выключэннем некалькіх дзён, было цёплае надвор’е (Чырвоная змена, 1983)) і замяшчаюцца іншымі прадметамі або з’явамі (Замест адказу, матчыны пальцы даволі блізка знаёмяцца з Міколкавым вухам (М. Лынькоў)).
Адасобленыя акалічнасці па спосабу выражэння і па семантыка-сінтаксічнай функцыі дзеляцца на дзве групы:
1) адасобленыя акалічнасці, выражаныя дзеепрыслоўямі і дзеепрыслоўнымі зваротамі: Я працы, турботаў і шчасця паклажу нясу, не сагнуўшыся, людзям наўпрост (А. Звонак); Расчасаўшы пышныя кудры, лес па пояс убраўся ў туман (Я. Колас);
2) адасобленыя акалічнасці, выражаныя назоўнікамі з прыназоўнікам або прыслоўямі: На поўдні, за большай затокай, выразна адлюстроўваецца ў вадзе высока падняты жоўтым абрывістым берагам сасняк (Я. Брыль).
Адасобленыя акалічнасці, выражаныя дзеепрыслоўямі і дзеепрыслоўнымі зваротамі, выражаюць:
1) другарадныя дзеянні, якія адбываюцца адначасова або перад ці пасля асноўнага дзеяння, выражанага дзеясловам: Марцін Крамарчык усміхнуўся, аглядаючы здалёк постаць Адама Турчына (Э. Самуйлёнак); Пацалаваўшы Марылю і сына, каваль рушыў ранкам новага дня ў вялікую дарогу (К. Чорны);
2) уласна акалічнасныя значэнні:
спосабу дзеяння. Гэтыя акалічнасці выражаюцца дзеепрыслоўямі цяперашняга часу незакончанага трывання (Спяваючы, калоны дэманстрантаў шырокім патокам плылі па вуліцы (Э. Самуйлёнак); Прымінаючы рослую густую траву, па лугавіне ішлі зубры (Т. Хадкевіч)) або дзеепрыслоўямі прошлага часу закончанага трывання (Бабка стаяла, падпёршы рукою шчаку, і назірала за выразам твару настаўніка (Я. Колас)). Дзеепрыслоўі могуць знаходзіцца як у прэпазіцыі, так і ў постпазіцыі да дзеяслова-выказніка;
часу: Не даязджаючы да горада кіламетраў шэсць ці восем, аўтобусы часта спыняліся набіраць ваду (К. Чорны); Дзядзька, цеста замяшаўшы, качаў галушкі, міску ўзяўшы (Я. Колас). Адасобленыя акалічнасці часу выражаюцца дзеепрыслоўямі цяперашняга часу незакончанага трывання і прошлага часу закончанага трывання, якія могуць размяшчацца як у прэпазіцыі, так і ў постпазіцыі да выказніка: Падыходзячы да высокай брамы панадворка, хлопец учуў гамонку ў двары (В. Быкаў);
прычыны: Жмурачыся ад зіхотнага сонца, Ганна перавяла позірк на поле (І. Мележ); Нейкія замежныя салдаты, зорку запрэмеціўшы маю, па панелі грукаюць заўзята і з павагай чэсць мне аддаюць (П. Панчанка). Парадак размяшчэння гэтых адасобленых акалічнасцей, выражаных дзеепрыметнікамі незакончанага трывання цяперашняга часу і закончанага трывання прошлага часу, адносна выказніка адвольны: Марыя Іванаўна асцярожна хадзіла каля агню, баючыся патрывожыць Уладзіміра Ільіча (І. Гурскі);
умовы: Шчасце ў працы знайшоўшы, добра поле араць (П. Броўка); Не пакарміўшы каня, многа не наарэш (Прыказка). Гэтыя адасобленыя акалічнасці выражаюцца пераважна дзеепрыслоўямі прошлага часу закончанага трывання і стаяць перад выказнікам;
уступкі: Ля райкома, нягледзячы на ранні час, стаяла некалькі грузавікоў (М. Лынькоў); У вёсцы, нягледзячы на позні час, чуваць былі песні дзяўчат (У. Краўчанка). Адасобленыя акалічнасці гэтай семантычнай групы звычайна ўключаюць у якасці галоўнага слова дзеепрыслоўі нягледзячы, не зважаючы і стаяць перад выказнікам;
мэты: Я здарожыўся, сеў каля хаты, чакаючы сонейка (А. Куляшоў); Чародка маленькіх рыбак спынілася ў вадзе, нібы да нечага прыслухоўваючыся (А. Чарнышэвіч); Раз летнім днём цераз дарогу мурашка пруцік валакла ды прыпынілася была, чакаючы сяброўку на падмогу (К. Крапіва). Адасобленыя акалічнасці мэты стаяць пераважна пасля выказніка.
У адрозненне ад акалічнасцей, якія абазначаюць дадатковае або пабочнае дзеянне, адасобленыя акалічнасці пералічаных вышэй разрадаў звычайна не выражаюцца дзеепрыслоўямі без залежных слоў.
Адасобленыя акалічнасці, выражаныя назоўнікамі розных склонавых форм, падзяляюцца на дзве групы.
Першую групу складаюць адасобленыя акалічнасці, якія звязаны з выказнікам і дапаўняюць або паясняюць яго змест, напрыклад: Бульдозер, за крокам крок, насыпае, раўняе пясок (М. Хведаровіч); У хаце цёпла, але сусед, па вясковай звычцы, не распранаецца, нават не расшпіляе доўгага кажуха з вялікім калматым каўняром (М. Лужанін).
Характэрнай асаблівасцю гэтых акалічнасцей з’яўляецца тое, што большасць з іх у аднолькавых сінтаксічных умовах можа адасабляцца і не адасабляцца, што залежыць ад мэты выказвання і жадання або нежадання выдзеліць пэўную акалічнасць, каб надаць ёй большае значэнне. Параўн.: Бульдозер, за крокам крок, насыпае, раўняе пясок (М. Хведаровіч) і Бульдозер за крокам крок насыпае, раўняе пясок; У хаце цёпла, але сусед, па вясковай звычцы, не распранаецца, нават не расшпіляе доўгага кажуха з вялікім калматым каўняром (М. Лужанін) і У хаце цёпла, але сусед па вясковай звычцы не распранаецца, нават не расшпіляе доўгага кажуха з вялікім калматым каўняром.
Часцей за ўсё акалічнасці гэтай групы займаюць прэпазіцыйнае становішча адносна выказніка.
Да другой, шырока ўжывальнай групы, належаць адасобленыя акалічнасці, якія звязаны з іншымі акалічнасцямі і служаць для іх удакладнення або дадатковай характарыстыкі, напрыклад: На другім краі поля, за рэчкай, ледзьве-ледзьве вызначалася купка дрэў (Р. Няхай); На поўдні, за большай затокай, выразна адлюстроўваецца ў вадзе высока падняты жоўтым абрывістым берагам сасняк (Я. Брыль); Далёка, аж за лесам, ледзь прыкметна блішчалі агні горада (П. Пестрак); Учора, раніцай, дзеці хадзілі ў грыбы (Б. Мікуліч).
Адасобленыя акалічнасці другой групы адносяцца да іншых акалічнасцей; у параўнанні з адасабленнем акалічнасцей першай групы тут адасабленне сінтаксічна і семантычна абумоўлена, паколькі азначэнні, якія стаяць пасля другіх азначэнняў і ўдакладняюць або дадаткова характарызуюць іх, звычайна адасабляюцца. Таму ў адрозненне ад акалічнасцей першай групы адасабленне гэтых акалічнасцей не залежыць ад жадання гаворачага і ў гэтай сінтаксічнай пазіцыі з’яўляецца абавязковым: Дзесьці там, каля вёскі, чуліся галасы людзей (М. Лынькоў); Ужо там, на другім беразе, узнімаліся віхрам новыя гукі (М. Лынькоў).
Адасобленыя акалічнасці гэтай групы заўсёды знаходзяцца ў постпазіцыі да тых акалічнасцей, з якімі яны не звязаны па сэнсу, і не могуць аддзяляцца ад іх іншымі членамі сказа. У адносінах да выказніка адасобленыя акалічнасці ў большасці выпадкаў размяшчаюцца ў прэпазіцыі, хоць постпазіцыя патэнцыяльна дапушчальная, а пабудаваныя такім чынам канструкцыі з’яўляюцца сінтаксічна правільнымі: Будынак сельсавета стаяў воддаль ад вёскі, між старым садам і поплавам (І. Шамякін). У канструкцыях з прэпазіцыйным размяшчэннем адасобленых акалічнасцей яны (акалічнасці) больш падкрэсліваюцца, вылучаюцца, што і абумоўлівае значна большую пашыранасць такіх канструкцый у параўнанні са сказамі з постпазіцыйным размяшчэннем адасобленых акалічнасцей. Параўн.: На даляглядзе, паміж вясковых сядзіб, узвышаюцца гмахі заводаў (В. Вольскі) і Узвышаюцца на даляглядзе, паміж вясковых сядзіб, гмахі заводаў; Дзесьці там, каля вёскі, чуліся галасы людзей (М. Лынькоў) і Чуліся галасы людзей дзесьці там, каля вёскі. Асабліва пашыраныя ў сувязі з гэтым простыя сказы, якія пачынаюцца з акалічнасцей: Тут, на палянцы, сярод цёмнага лесу, панавала незвычайная цішыня (З. Бядуля); Кіламетраў за трыццаць пяць на поўдзень ад Мазыра, на правым беразе Прыпяці, раскінулася па-над ракой невялікае мястэчка Нароўля (У. Краўчанка).
Сустракаюцца выпадкі сувязі папярэдняй акалічнасці са звязанай з ёй адасобленай акалічнасцю з дапамогай слоў звычайна, часам, заўсёды, як правіла, і пад., напрыклад: Кожнае лета Колас выязджаў у якую-небудзь вёску, звычайна ў Пухавіцкі раён, бліжэй да лесу, да Свіслачы (М. Лынькоў).
Папярэднія акалічнасці, звязаныя з адасобленымі, могуць быць выражаны як назоўнікамі розных ускосных склонаў, так і прыслоўямі:
месца: Над самай рэчкаю, на ўзгоркавым беразе, узнімалася няроўная сцяна лесу (Я. Маўр); У вышыні, у блакітнай далі, гучна жаўранкі спявалі (З. Бядуля); Далей, за берагам, на ўзвышшы хваіны лапамі калышуць (А. Астрэйка);
часу: Пасля выступлення старшыні, справаздачы рабілі брыгадзіры (І. Шамякін); У той жа дзень, праз час каторы, прыйшоў сюды Марцін з каморы (Я. Колас); Пад Новы год, марознай ноччу, гарэла ў зорах вышыня (А. Бялевіч);
прычыны: У хаце цёпла, але сусед, па вясковай звычцы, не распранаецца, нават не расшпіляе доўгага кажуха з вялікім калматым каўняром (М. Лужанін);
спосабу дзеяння: Дзедава хата стаіць усімі вокнамі на возера, да сонца (Я. Брыль); Не зусім рытмічна — у залежнасці ад порцыі збажыны — шархацяць шнэкі і транспарцёры камбайна (І. Шамякін);
уступкі: На лузе, нягледзячы на ранні час, весела званілі косы (У. Краўчанка); Увесь вечар, нягледзячы на холад, дзверы не зачыняліся (К. Чорны).
Даданыя члены сказа адасабляюцца:
1. Пры неабходнасці асабліва падкрэсліць тое, што выражаецца даданымі членамі, параўн.:
| Звычайна маўклівы, Васіль гаварыў амаль бесперапынна (І. Шамякін). | Звычайна маўклівы Васіль гаварыў амаль бесперапынна. |
| Дзень стаіць над зямлёй, урачысты і сіні (П. Броўка). | Дзень стаіць над зямлёй урачысты і сіні. |
| Прыгрэты сонцам, Сілівон ледзь не прыдрамаў крыху (М. Лынькоў). | Прыгрэты сонцам Сілівон ледзь не прыдрамаў крыху. |
| Невялікае і неглыбокае, азярцо ляжала сярод поля (Т. Хадкевіч). | Невялікае і неглыбокае азярцо ляжала сярод поля. |
2. Пры пэўным парадку слоў, у прыватнасці:
а) пры размяшчэнні розных тыпаў азначэнняў пасля азначаемых слоў: Вечар ціхі, цёплы, ахутваў змрокам зямлю (А. Пальчэўскі); Мы ехалі сенажацямі, усыпанымі кветкамі (Я. Скрыган); Дыхнуў вецярок, ласкавы, цёплы (Б. Мікуліч); Акрамя вартаўніка, апранутага ў чорны кажух і высокую шапку, у выканкоме нікога не было (М. Зарэцкі);
б) пры размяшчэнні паміж азначэннямі і азначаемымі назоўнікамі (дзейнікамі) дзеяслова (выказніка): Жыхар тайгі, уладар бясконцых сопак, вечназялёны, вечна малады, здружыўся кедр з марозамі і спёкай, знаём яму пажараў горкі дым (А. Звонак);
в) пры дадатковым характары даданых членаў: Цягнік прыпыніўся на хвіліну на невялікай станцыі, апошняй перад гарадком (М. Лынькоў); Доўга не спалася Васілю ў гэту ноч, такую звычайную і незвычайную (І. Мележ); Ляжыць залатая даліна, стомленая ад гарачыні (М. Хведаровіч);
г) пры неабходнасці ўдакладнення даданых членаў сказа, да якіх адносяцца адасобленыя члены сказа: Непадалёку ад станцыі, каля самага лесу, бялее гарадскі хлебазавод (А. Кулакоўскі); На сцяне вісеў павялічаны, Жарнавіковай работы, партрэт Сашы (П. Пестрак); Усё лета, за выключэннем некалькіх дзён, было цёплае надвор’е (Чырвоная змена, 1984); Побач з ложкам вісіць яго, Платонава, гітара (П. Пестрак);
д) пры празмерным ускладненні залежных адасабляемых даданых членаў: Паабапал дарогі высокай сцяной, то пышна-зялёнай, то сіняватай афарбоўкі, стаяў лес, шчодра заліты сонечным светам (Т. Хадкевіч);
ж) пры семантыка-сінтаксічнай неспалучальнасці даданых членаў, у прыватнасці — азначэнняў з азначаемымі дзейнікамі, выражанымі асабовымі займеннікамі, напрыклад: Вясёлыя, шчаслівыя, мы дзень страчаем свой (А. Астрэйка); Абмытая ветрам, начною расою, павевам ружовай зары, ты [Беларусь] гордая юнай і свежай красою, завеш працаваць і тварыць (А. Звонак).
Экспрэсіўнае вылучэнне членаў сказа
§ 170. Асноўнымі спосабамі вылучэння членаў сказа, якое ў сучаснай мове стала вельмі распаўсюджаным, з’яўляюцца адчляненне, далучэнне і анакалуф.
Адчляненне
§ 171. Сінтаксічна-стылістычны прыём экспрэсіўнага вылучэння членаў сказа, пры якім гэты член сказа адрываецца ад асноўнай часткі сказа, але застаецца звязаным з ім па сэнсу, называецца адчляненнем. Напрыклад: Бухчаў Стась! Вось каго Галляш і не любіў, можна сказаць, ненавідзеў і нават пабойваўся (К. Чорны).
Пры адчляненні ўтвараецца асобная канструкцыя, пэўным чынам аддзеленая пунктуацыйна (звычайна клічнікам ці шматкроп'ем) ад сказа, з якім яна звязана па сэнсу. Яе звычайна называюць «назоўны ўяўлення» або «назоўны тэмы». Вылучаны такім чынам назоўнік вымаўляецца эмацыянальна-экспрэсіўна, падкрэслівае, вылучае тое, аб чым будзе сказана ў наступным, і стварае напружанасць выкладу.
Далучэнне
§ 172. Сінтаксічна-стылістычны прыём дабаўлення да асноўнага выказвання дадатковых звестак і тлумачэнняў, якія ўзнікаюць у свядомасці гаворачага ўжо пасля таго, як выказана галоўная думка, называецца далучэннем.
Далучэнне ўласціва гутарковаму маўленню, а таксама мове мастацкай літаратуры і публіцыстычнаму стылю. Дабаўленне дадатковых думак, звестак, тлумачэнняў да асноўнага выказвання стварае ўражанне непасрэднасці і маўлення, ажыўляе выклад думак, пачуццяў: Я хацеў бы Таксама вось так... Тут. І адзін. І каб да апошняй хвіліны на нагах (І. Шамякін); Ці ж дзіва, што і ад Сезама ў яго ёсць ключы. Свае. Уласныя (В. Палтаран).
Анакалуф
§ 173. Сінтаксічна-стылістычны прыём афармлення канструкцыі, пры якім структура пачатку сказа разыходзіцца са структурай яго канца, называецца анакалуфам: Сястра Косцікава — Волечка — гэта ж... любіў ён яе (А. Макаёнак); А зямля — болей бы такой зямлі (І. Мележ).
