Артефакт.lib.ru
Сайт Андрея Пискунова Хостинг Lib.Ru

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел

Сінанімічныя сінтаксічныя канструкцыі

§§ 174–179

Сінанімічныя сінтаксічныя канструкцыі

§ 174. У якасці сінтаксічных сінонімаў (паралельных сінтаксічных канструкцый) выступаюць асобныя члены сказа і даданыя сказы. Сярод членаў сказа сінанімічнымі часцей за ўсё могуць быць дзеепрыслоўныя словазлучэнні і канструкцыі з аддзеяслоўнымі назоўнікамі: Закончыўшы работу, ён вырашыў прайсціся па парку — Пасля заканчэння работы ён вырашыў прайсціся па парку. Такі ж агульны сэнс мае і даданы сказ часу: Пасля таго, як работа была закончана, ён вырашыў прайсціся па парку. Даданыя азначальныя сказы могуць быць заменены адасобленымі дзеепрыметнымі словазлучэннямі: Кніга, якую парэкамендавала настаўніца, усім спадабалася — Кніга, парэкамендаваная настаўніцай, усім спадабалася.

Кожная з сінанімічных канструкцый пры блізкім агульным сэнсе мае свае сэнсавыя і стылістычныя асаблівасці. Пэўныя ўласцівасці сінтаксічнай канструкцыі нельга лічыць яе перавагай над іншымі канструкцыямі або, наадварот, недахопам. Усё залежыць ад мэты выказвання і павінна падпарадкоўвацца агульнай задачы дакладнага і сінтаксічна правільнага выражэння думкі.

Сінаніміка аднародных дзеяслоўных выказнікаў і канструкцый «дзеяслоў-выказнік + дзеепрыслоўнае словазлучэнне»

§ 175. Аднародныя дзеяслоўныя выказнікі і канструкцыі з дзеепрыслоўным словазлучэннем утвараюць сінанімічныя пары, паміж якімі ёсць пэўная сэнсавая і стылістычная розніца. Параўн.: Лейтэнант схамянуўся, заспяшаўся на кладку, якая была перакінута на месцы разбуранага мастка (І. Мележ) і Лейтэнант схамянуўся, заспяшаўшыся на кладку, якая была перакінута на месцы разбуранага мастка.

З прыведзенага прыкладу відаць, што пры аднолькавым агульным змесце выказвання ў першай канструкцыі выражаецца незалежнасць і паслядоўнасць дзеяння, пералічаемых аднароднымі выказнікамі. У другой канструкцыі, па-першае, выражаецца ўзаемная звязанасць дзеянняў і пабочны дадатковы характар другога дзеяння ў адносінах да першага, якое набыло характар галоўнага дзеяння (схамянуўся, заспяшаўшыся). Па-другое, значэнне паслядоўнасці ў другой канструкцыі аслабляецца, утвораная дзеепрыслоўная канструкцыя набывае мэтавае значэнне (схамянуўся, заспяшаўшыся — ‘схамянуўся з мэтай заспяшацца’). У адпаведнасці са зместам і мэтай выказвання неабходна выбраць адну з гэтых канструкцый, каб дакладна выказаць думку.

Калі аднародныя выказнікі выражаюць адначасовыя дзеянні, то семантычныя суадносіны разглядаемых канструкцый некалькі змяняюцца, параўн.: Марознае ранне звініць па вуглах, ружовіць на сіверы шчокі (А. Звонак) і Марознае ранне звініць па вуглах, ружовячы на сіверы шчокі. У прыведзенай пары сінанімічных канструкцый, як і ў папярэдняй, ёсць адрозненне па звязанасці і падпарадкавальнай залежнасці дзеянняў, аднак у параўнанні з папярэдняй парай утвораны дзеепрыслоўны зварот набывае значэнне дадатковага, пабочнага дзеяння. У аналагічнай сінанімічнай пары Ён расказваў і размахваў рукамі — Ён расказваў, размахваючы рукамі пры агульным для ўсіх папярэдніх сінанімічных пар адрозненні па звязанасці і падпарадкавальнай залежнасці дзеянняў канструкцыя «аднародны выказнік + дзеепрыслоўнае словазлучэнне» набывае значэнне спосабу дзеяння (расказваў (як?), размахваючы рукамі).

У залежнасці ад семантыкі аднародных выказнікаў утвораныя канструкцыі з дзеепрыслоўным словазлучэннем могуць выражаць розныя акалічнасныя значэнні, уласцівыя дзеепрыслоўным словазлучэнням:

часу дзеяння: ішоў дамоў і абдумваў — абдумваў (калі?), ідучы дамоў; выйшаў з завода і зменшыў крок — зменшыў крок (калі?), выйшаўшы з завода; скончыў пачатковую школу і паступіў — паступіў (калі?), скончыўшы пачатковую школу;

прычыны: пагойдваліся ад ветру і скрыпелі — скрыпелі (чаму?), пагойдваючыся ад ветру; зірнуў на шчыток паказчыкаў і спахмурнеў — спахмурнеў (чаму?), зірнуўшы на шчыток паказчыкаў; доўга ішоў і знямогся зусім — знямогся зусім (чаму?), доўга ідучы;

умовы: набраўся смеласці і сказаў — сказаў (пры якой умове?), набраўшыся смеласці; сабраў усе сілы і прыўзняўся — прыўзняўся (пры якой умове?), сабраўшы ўсе сілы;

уступкі: не зважаў на дождж і ішоў — ішоў, не зважаючы на дождж (‘ішоў, хоць быў дождж’); не звяртаў увагі на Іллюка і гаварыў з гасцямі — гаварыў з гасцямі, не звяртаючы ўвагі на Іллюка (‘гаварыў з гасцямі, хоць побач быў Іллюк’); не чакаў канца сходу і выйшаў — выйшаў, не чакаючы канца сходу (‘выйшаў, хоць яшчэ ішоў сход’).

У большасці выпадкаў патэнцыяльна магчыма ўтварэнне дзвюх канструкцый «аднародны выказнік + дзеепрыслоўнае словазлучэнне» на аснове двух аднародных выказнікаў (з пераўтварэннем у дзеепрыслоўнае словазлучэнне кожнага з выказнікаў): сядзеў за сталом і чытаў кнігу — сядзеў за сталом, чытаючы кнігу і чытаў кнігу, седзячы за сталом. Аднак больш адпаведнымі па сэнсу з’яўляюцца канструкцыі, у якіх асноўны па зместу аднародны выказнік захоўваецца, а другі пераўтвараецца ў дзеепрыслоўнае словазлучэнне. Звычайна пры неабходнасці замены ў сказе аднародных выказнікаў на канструкцыю «аднародны выказнік + дзеепрыслоўнае словазлучэнне» сэнсава і сінтаксічна правільным з’яўляецца:

1) для ўтварэння канструкцый са значэннем дадатковага або пабочнага дзеяння, спосабу дзеяння, мэты дзеяння — захаванне першага аднароднага выказніка і пераўтварэнне ў дзеепрыслоўнае словазлучэнне другога выказніка, напрыклад: Ён сядзеў і чытаў кнігу — Ён сядзеў, чытаючы кнігу (значэнне дадатковага, пабочнага дзеяння); Ён расказваў і размахваў рукамі — Ён расказваў, махаючы рукамі (значэнне спосабу дзеяння); Ён спыніўся і чакаў сябра — Ён спыніўся, чакаючы сябра (значэнне мэты). У такім варыянце дзеянне, выражанае першым аднародным выказнікам, становіцца асноўным, а дзеянне, выражанае другім выказнікам, — дадатковым, пабочным або са значэннем спосабу дзеяння (параўн.: сядзеў за сталом, чытаючы кнігу і чытаў кнігу, седзячы за сталом);

2) для ўтварэння канструкцый са значэннямі часу, прычыны, умовы, уступкі неабходна другі аднародны выказнік пакінуць без змен, а першы пераўтварыць у дзеепрыслоўнае словазлучэнне: скончыў сярэднюю школу і паступіў — паступіў, скончыўшы сярэднюю школу (значэнне часу дзеяння); пагойдваліся ад ветру і скрыпелі — скрыпелі, пагойдваючыся ад ветру (значэнне прычыны); сабраў усе сілы і прыўзняўся — прыўзняўся, сабраўшы ўсе сілы (значэнне ўмовы); не зважаў на дождж і ішоў — ішоў, не зважаючы на дождж (значэнне ўступкі).

Заўвага 1. Усё сказанае вышэй аб канструкцыі з дзеепрыслоўным зваротам цалкам адносіцца і да адпаведных канструкцый з адзіночным дзеепрыслоўем, параўн.: сядзеў за сталом і чытаў кнігу — сядзеў за сталом, чытаючы кнігу; сядзеў за сталом і чытаў — сядзеў за сталом, чытаючы.

Заўвага 2. Часам утварэнне канструкцый «дзеяслоў-выказнік + дзеепрыслоўнае словазлучэнне» немагчыма з-за словаўтваральных асаблівасцей пэўных дзеясловаў.

Пры замене аднародных дзеяслоўных выказнікаў канструкцыяй «дзеяслоў-выказнік + дзеепрыслоўнае словазлучэнне» (і наадварот) неабходна памятаць асаблівасці гэтых блізкіх, але не зусім аднолькавых па сэнсу канструкцый. Гэта — магчымасць вылучэння галоўнага і дадатковага, пабочнага дзеяння, а таксама выражэнне акалічнасных значэнняў у канструкцыях з дзеепрыслоўным словазлучэннем і выражэнне раўнапраўнасці і незалежнасці дзеянняў у аднародных выказніках. Для нагляднасці выкарыстаем прыведзены ў кнізе М. Я. Цікоцкага «Стылістыка беларускай мовы» прыклад праўкі сказа з першай рэдакцыі рамана І. Мележа «Мінскі напрамак». У першай рэдакцыі было: Ён глядзеў на яе валасы, што выбіліся з-пад хусткі, на шыю, на бесклапотны, даверлівы ў сне твар і тут упершыню адчуў, што шчасце яму без яе немагчыма. Імкненнем вылучыць галоўную думку (ён адчуў, што шчасце без яе немагчыма), падкрэсліць дэталі і зрабіць усю фразу больш цэласнай тлумачыцца выкарыстанне ў другой рэдакцыі дзеепрыслоўнага словазлучэння: Гледзячы на яе валасы, што выбіліся з-пад хусткі, на шыю, на бесклапотны, даверлівы ў сне твар, ён адчуў, што шчасце без яе немагчыма.

Сінаніміка дзеепрыслоўных словазлучэнняў і даданых сказаў

§ 176. Прааналізаваныя вышэй сінанімічныя пары канструкцый «аднародныя дзеяслоўныя выказнікі — дзеяслоў-выказнік + дзеепрыслоўнае словазлучэнне» (спыніўся і чакаў сябра — спыніўся, чакаючы сябра) часта можна працягваць трэцяй сінанімічнай канструкцыяй — даданым сказам (спыніўся і чакаў сябра — спыніўся, чакаючы сябра — спыніўся, каб пачакаць сябра). Аднак пры гэтым трэба адзначыць некаторыя абмежаванні для замены двух папярэдніх канструкцый трэцяй канструкцыяй. Першае — гэта семантычнае абмежаванне. Сінтаксічных сінонімаў у форме даданых сказаў не маюць дзеепрыслоўныя словазлучэнні найбольш пашыранай групы са значэннем дадатковага або пабочнага дзеяння (курылі, нічога не гаворачы; спыніліся, ціха скрыгануўшы коламі), а таксама словазлучэнні са значэннем спосабу дзеяння (ішоў, нікуды не спяшаючыся; глядзеў, не зводзячы вачэй). Сінанімічнымі даданымі сказамі могуць замяняцца дзеепрыслоўныя словазлучэнні з выразна выражанымі акалічнаснымі значэннямі:

мэты (затрымацца і дачытаць кнігу — затрымацца, дачытваючы кнігу — затрымацца, каб дачытаць кнігу; звярнуць і пайсці сцежкай — звярнуць, пайшоўшы сцежкай — звярнуць, каб пайсці сцежкай);

прычыны (пагойдваліся ад ветру і скрыпелі — скрыпелі, пагойдваючыся ад ветру — скрыпелі, таму што пагойдваліся ад ветру; баяліся спёкі і схаваліся ў цяньку — схаваліся ў цяньку, баючыся спёкі — схаваліся ў цяньку, таму што баяліся спёкі);

часу (скончыў работу і пайшоў адпачыць — пайшоў адпачыць, скончыўшы работу — пайшоў адпачыць, калі скончыў работу; павячэраў і напісаў пісьмо — напісаў пісьмо, павячэраўшы — напісаў пісьмо, калі павячэраў);

умовы (набраўся рашучасці і сказаў бы — сказаў бы, набраўшыся рашучасці — сказаў бы, каб набраўся рашучасці; добра падрыхтаваўся і выступіў бы — выступіў бы, добра падрыхтаваўшыся — выступіў бы, каб добра падрыхтаваўся);

уступкі (не зважаў на стомленасць і працаваў — працаваў, не зважаючы на стомленасць — працаваў, хоць быў стомлены; не чакаў канца пасяджэння і выйшаў — выйшаў, не чакаючы канца пасяджэння — выйшаў, хоць яшчэ ішло пасяджэнне).

Другое абмежаванне пры ўжыванні даданых сказаў замест аднаго з аднародных выказнікаў або замест дзеепрыслоўнага словазлучэння звязана з іх семантыкай. Як ужо адзначалася пры супастаўленні сінанімічных пар «аднародныя дзеяслоўныя выказнікі — дзеяслоў-выказнік + дзеепрыслоўнае словазлучэнне», для апошняй канструкцыі характэрна большая выражанасць акалічнасных значэнняў (спосабу дзеяння, мэты, прычыны, умовы, уступкі, часу) у параўнанні з аднароднымі дзеяслоўнымі выказнікамі (параўн.: насцярожыўся і чакаў адказу — насцярожыўся, чакаючы адказу). У даданых сказах акалічнасныя значэнні мэты, прычыны, умовы, уступкі, часу яшчэ больш узмацняюцца, а значэнні паслядоўнасці або адначасовасці дзеянняў, а таксама значэнне незвязанасці дзеянняў, выражаныя аднароднымі выказнікамі, амаль зусім страчваюцца.

Для дасягнення дакладнасці выражэння думкі і правільнай пабудовы сказа неабходна ўлічваць прыведзеныя вышэй абмежаванні ва ўжыванні і семантыцы даданых сказаў. Так, напрыклад, меншая выразнасць акалічнасных значэнняў у дзеепрыслоўных словазлучэннях у параўнанні з даданымі сказамі часам дазваляе ўтварэнне двух даданых акалічнасных сказаў замест аднаго словазлучэння. Напрыклад, дзеепрыслоўнае словазлучэнне ў канструкцыі Прагуляўшыся па парку, ён адчуў бадзёрасць можна замяніць і даданым сказам часу (Ён адчуў бадзёрасць, калі прагуляўся па парку), і даданым прычыны (Ён адчуў бадзёрасць, таму што прагуляўся па парку). У залежнасці ад выказваемай думкі ўзнікае неабходнасць выбару з гэтых двух даданых сказаў. Акрамя таго, замена ў прыведзенай канструкцыі дзеепрыслоўнага словазлучэння даданымі сказамі можа быць наогул немагчымай, калі неабходна падкрэсліць дадатковы, пабочны характар дзеяння, выражанага дзеепрыслоўем прагуляўшыся, і галоўнасць дзеяння ці стану, выражанага дзеясловам з залежным словам адчуў бадзёрасць. У такім выпадку семантычна і сінтаксічна правільным будзе варыянт з дзеепрыслоўным словазлучэннем. Гэта адносіцца таксама і да тых выпадкаў, калі неабходна выразіць значэнне спосабу дзеяння (Ён ішоў, часта спыняючыся), паколькі дзеепрыслоўныя словазлучэнні са значэннямі дадатковага, пабочнага дзеяння і спосабу дзеяння не маюць адпаведных даданых сказаў.

Пры выбары дзеепрыслоўнага словазлучэння або даданага сказа неабходна таксама ўлічваць агульныя адметныя ўласцівасці кожнай з гэтых канструкцый пры блізкасці агульнага сэнсу. Такія, напрыклад, як сцісласць дзеепрыслоўных словазлучэнняў у параўнанні з даданымі сказамі, прыналежнасць іх пераважна да пісьмовай літаратурнай мовы і выразнасць акалічнасных значэнняў, падпарадкавальнай сувязі з галоўным дзеяннем даданых сказаў у параўнанні з дзеепрыслоўнымі словазлучэннямі. Выбар адной з гэтых канструкцый павінен падпарадкоўвацца задачы дакладнага і сінтаксічна і стылістычна правільнага выражэння думкі. Прааналізуем прыклад выкарыстання дзеепрыслоўных словазлучэнняў і даданага сказа часу ў мове Я. Брыля: Кустамі, калечачы босыя ногі (тут толькі ўспомніла пра боты пад ложкам), дабегла да бярэзніку. Пасля ўбілася ў росны гушчар і, ныраючы пад галлё, сарвала хустку, парвала сукенку і двойчы спатыкнулася. І толькі тады, калі спатыкнулася на ламачыну трэці раз і ледзь-ледзь не ўпала, Ліда пайшла памалу, тулячы дачушку да задыханых... грудзей. У першых двух сказах з мэтай дынамічнага апісання хуткіх, напружаных дзеянняў гераіні аўтар выкарыстоўвае сціслыя, лаканічныя дзеепрыслоўныя словазлучэнні, падкрэсліваючы толькі галоўныя дзеянні, выражаныя дзеясловамі дабегла, убілася, сарвала хустку, парвала сукенку, двойчы спатыкнулася. У трэцім сказе, падкрэсліваючы і большую спакойнасць і павольнасць далейшага дзеяння (пайшла памалу), пісьменнік выкарыстоўвае даданы сказ часу калі спатыкнулася на ламачыну трэці раз і ледзь-ледзь не ўпала (а не дзеепрыслоўнае словазлучэнне).

Граматычныя і стылістычныя абмежаванні ў выкарыстанні дзеепрыслоўных словазлучэнняў

§ 177. 1. Сказы з дзеепрыслоўнымі словазлучэннямі трэба будаваць такім чынам, каб суб'ект дзеяння або стану, выражанага ў дзеепрыслоўным словазлучэнні, супадаў з суб'ектам дзеяння або стану, выражаным выказнікам. Нельга сказаць: Любуючыся горадам, у ветэрана ўзнікалі ўспаміны аб мінулым. Дзеепрыслоўе любуючыся выражае дзеянне, якое выконваецца суб'ектам, абазначаным назоўнікам ветэран, а суб'ект дзеяння, выражанага выказнікам узнікалі, у гэтым сказе абазначаецца словам ўспаміны. Памылкі такога тыпу даволі часта сустракаюцца ў вусным і пісьмовым маўленні (Лёгшы спаць, у яго засталося не выключанае святло; Уступіўшы ў сацыялістычнае спаборніцтва, у брыгадзе значна ўзрасла працоўная дысцыпліна і г. д.). Няправільныя сказы гэтага тыпу неабходна выпраўляць, замяняючы ўскосныя склонавыя формы суб'екта дзеепрыслоўнага дзеяння (у ветэрана, у яго, у брыгадзе) на форму назоўнага склону з неабходнымі марфалагічнымі і семантычнымі зменамі ў выказніку: Любуючыся горадам, ветэран успамінаў аб мінулым; Лёгшы спаць, ён пакінуў не выключаным святло; Уступіўшы ў сацыялістычнае спаборніцтва, брыгада значна павысіла працоўную дысцыпліну.

2. Дзеепрыслоўныя словазлучэнні нельга ўжываць у безасабовых канструкцыях. Нельга, напрыклад, сказаць: Наведаўшы музей, яму захацелася сустрэцца з даўнімі сябрамі; Вярнуўшыся дамоў, на вуліцы вечарэла. У такіх канструкцыях для выражэння акалічнасных значэнняў неабходна выкарыстоўваць даданыя члены сказа або даданыя акалічнасныя сказы: Пасля наведвання музея яму захацелася сустрэцца з даўнімі сябрамі або Калі ён наведаў музей, яму захацелася сустрэцца з даўнімі сябрамі або Пасля таго, як ён наведаў музей, яму захацелася сустрэцца з даўнімі сябрамі.

Выключэннем з гэтага правіла з'яўляюцца безасабовыя сказы са словамі трэба, неабходна, можна, нельга, цяжка, лёгка, добра і г. д., якія шырока ўжываюцца з дзеепрыслоўнымі словазлучэннямі: Азнаёміўшыся з працай прадпрыемства, можна было адразу зрабіць вывад аб яе высокай арганізаванасці; Пагаварыўшы з дзяўчынай, лёгка было заўважыць яе ўсхваляванасць і г. д.

3. Не ўжываюцца дзеепрыслоўі пры выказніках, выражаных дзеясловамі ці дзеепрыметнікамі залежнага стану. Нельга, напрыклад, сказаць: Зрабіўшы ўсе неабходныя разлікі, архітэктарамі складваўся план забудовы; Адкладваючы гэту справу надалей, імі была зроблена памылка; Узяўшы дадатковыя абавязацельствы, рабочымі перавыкананы план. Ужыванне такіх канструкцый магчыма толькі з дзеясловамі і дзеепрыметнікамі незалежнага стану: Зрабіўшы ўсе неабходныя разлікі, архітэктары складвалі план забудовы; Адкладваючы гэту справу надалей, яны зрабілі памылку; Узяўшы дадатковыя абавязацельствы, рабочыя перавыканалі план.

4. Дзеепрыслоўі могуць ужывацца ў форме цяперашняга і прошлага часу, аднак пры выкарыстанні гэтых форм неабходна ведаць заканамернасці суадносін паміж часам, на які ўказвае выказнік, і часам, на які ўказвае дзеепрыслоўнае словазлучэнне.

Дзеепрыслоўі незакончанага трывання абазначаюць дзеянні, што адбываюцца адначасова з дзеяннямі, на якія ўказваюць дзеясловы, або спосаб дзеяння: Падыходзячы да высокай брамы панадворка, хлопец учуў гамонку ў двары (В. Быкаў); Пампей салодка пацягнуўся і, дымячы цыгаркай, прылёг на траву (А. Стаховіч); Недзе блізка звінеў і грукаў трамвай, аціхаючы і спыняючыся на прыпынках (В. Адамчык). Яны могуць выкарыстоўвацца пры дзеясловах прошлага і цяперашняга часу: Конюх, трымаючы лейцы, сядзеў у перадку брычкі (М. Машара) і Конюх, трымаючы лейцы, сядзіць у перадку брычкі.

Дзеепрыслоўі закончанага трывання звычайна абазначаюць дзеянні, што адбываліся раней за дзеянні, на якія ўказваюць дзеясловы, і ўжываюцца пры дзеясловах прошлага і цяперашняга часу: Паабедаўшы, касцы паселі ў цень пад разложыстым векавечным дубам (М. Машара); Клякочуць задаволена, закончыўшы рамонт сваіх гнёздаў, буслы (М. Паслядовіч).

Акрамя абазначэння дзеянняў, якія адбываліся раней дзеяслоўнага дзеяння, дзеепрыслоўі закончанага трывання могуць выкарыстоўвацца для выражэння спосабу дзеяння: Распусціўшы голле, дуб адзін расце на шырокім полі (Я. Купала); Многа лет і зім дуб стаяў стары, комель-стан пахіліўшы на воду (Я. Колас).

Часам дзеепрыслоўі закончанага трывання могуць ужывацца пры дзеясловах будучага часу, абазначаючы дзеянні, якія адбыліся раней дзеяслоўных, або спосаб дзеяння: Пад песню гармоніка хлопец свае ўспамінае мясціны, дзе Прыпяць, разліўшыся, схопіць і вырве з карэннем яліны (А. Вялюгін). У такой пазіцыі дзеепрыслоўі закончанага трывання могуць ужывацца і для выражэння дадатковага, пабочнага дзеяння: Возьме наш хлопец жалеза кавалак ды, кінуўшы ў горан, нагрэе ўдала (П. Броўка).

Сінаніміка канструкцый з аддзеяслоўнымі назоўнікамі і даданых сказаў

§ 178. У адзін рад сінтаксічных сінонімаў «аднародныя дзеяслоўныя выказнікі — дзеяслоўны выказнік + дзеепрыслоўнае словазлучэнне — даданы сказ» можна паставіць і канструкцыі з аддзеяслоўнымі назоўнікамі, параўн.: Ён наведаў музей і захацеў сустрэцца з даўнімі сябрамі — Наведаўшы музей, ён захацеў сустрэцца з даўнімі сябрамі — Калі ён наведаў музей, ён захацеў сустрэцца з даўнімі сябрамі (або Пасля таго, як ён наведаў музей, ён захацеў сустрэцца з даўнімі сябрамі) — Пасля наведвання музея ён захацеў сустрэцца з даўнімі сябрамі. Апошняя канструкцыя — з аддзеяслоўным назоўнікам наведванне — сінанімічная па сэнсу даданаму сказу часу, хоць і мае свае граматычныя і стылістычныя асаблівасці.

Пры выбары паміж канструкцыямі з аддзеяслоўнымі назоўнікамі і даданымі сказамі неабходна ўлічваць характар тэксту (як з боку яго функцыянальна-стылістычнай прыналежнасці, так і з боку сінтаксічнага афармлення пэўнага сказа і папярэдніх сказаў) і мэту выказвання.

Канструкцыі з аддзеяслоўным назоўнікам надаюць выказванню большую сцісласць і лаканічнасць, пры гэтым некалькі аслабляюцца акалічнасныя значэнні часу, мэты, выражаныя даданымі сказамі, параўн.: Калі ўвайшлі дарослыя, дзеці адразу прыціхлі — З прыходам дарослых дзеці адразу прыціхлі. Аддзеяслоўныя назоўнікі ўносяць у выказванне адценне кніжнага або афіцыйна-дзелавога маўлення, што неабходна ўлічваць пры выбары патрэбнай канструкцыі, параўн.: Для таго каб павысіць якасць працы, трэба прыняць неабходныя меры — Для павышэння якасці працы трэба прыняць неабходныя меры. У тэкстах навуковага стылю пры выбары паміж гэтымі сінанімічнымі канструкцыямі перавага таксама звычайна аддаецца канструкцыям з аддзеяслоўным назоўнікам, параўн.: Для таго каб рэакцыя працякала нармальна — Для нармальнага працякання рэакцыі. Звязаныя з частым выкарыстаннем гэтых канструкцый стылістычна памылковыя ў агульналітаратурнай мове з'явы (нанізванне аднолькавых склонаў, неапраўданае расшчапленне выказніка і пад.) з'яўляюцца характэрнай асаблівасцю навуковых тэкстаў і не лічацца ў навуковым стылі адхіленнем ад стылістычных норм.

Канструкцыі з аддзеяслоўным назоўнікам семантычна абмежаваны ў параўнанні з даданымі сказамі. Так, найбольш пашыраныя канструкцыі, суадносныя з даданымі сказамі часу, мэты, а канструкцыі, суадносныя з даданымі сказамі прычыны, умовы, уступкі, амаль зусім не ўжывальныя ў сучаснай беларускай мове.

Акрамя канструкцый, сінанімічных з даданымі акалічнаснымі сказамі, шырока ўжываюцца ў літаратурнай мове канструкцыі з аддзеяслоўным назоўнікам у ролі дапаўнення, якія выступаюць сінтаксічнымі сінонімамі да адпаведных інфінітываў: Неабходна часцей практыкаваць наведванне тэатраў, праводзіць абмеркаванне работы культурна-масавага сектара і Неабходна часцей наведваць тэатры, абмяркоўваць работу культурна-масавага сектара.

Сінаніміка дзеепрыметных словазлучэнняў і даданых сказаў

§ 179. Дзеепрыметнае словазлучэнне і даданы сказ утвараюць сінанімічныя канструкцыі з пэўнымі сэнсавымі і стылістычнымі адрозненнямі: На вялікай прасторы не было відаць нікога, апрача цяляці, якое заблытала адну нагу ў вяроўку і шалёна скакала (К. Крапіва) і На вялікай прасторы не было відаць нікога, апрача цяляці, заблытаўшага адну нагу ў вяроўку і шалёна скакаўшага.

У даданым азначальным сказе больш падкрэсліваецца дзеянне, а ў дзеепрыметным словазлучэнні — прымета. Таму ў залежнасці ад мэты выказвання неабходна выбіраць адпаведны варыянт.

Выбар аднаго з двух гэтых сінтаксічных сінонімаў залежыць і ад сінтаксічных характарыстык сказа і папярэдняга тэксту: калі ў сказе ўжо ёсць азначэнне, выражанае даданым сказам са словам які, то пажадана выбіраць дзеепрыметнае словазлучэнне.

У граматычных і сэнсавых адносінах неабходна замяняць сказ дзеепрыметным словазлучэннем, калі няясна, з якім назоўнікам у галоўным сказе звязана слова які. Напрыклад, у сказе Вяршыні хвояў, якія былі асветлены цёплымі праменямі блізкага да заходу сонца, ярка вылучаліся на фоне цёмнай хмары няясна, да якога назоўніка (вяршыні ці хвоі) адносіцца азначальны сказ. Параўн.: Вяршыні хвояў, асветленыя цёплымі праменямі блізкага да заходу сонца, ярка вылучаліся на фоне цёмнай хмары.

Сфера ўжывання дзеепрыметніка ў сучаснай беларускай мове значна абмежавана ў параўнанні з рускай. Таму даданыя азначальныя сказы значна больш пашыраны, чым дзеепрыметныя словазлучэнні.

Па сваіх стылістычных характарыстыках дзеепрыметнае словазлучэнне — кніжная канструкцыя, яна робіць выказванне больш лаканічным, сціслым.

Паколькі па сваіх семантычных і граматычных асаблівасцях дзеепрыметнікі вельмі блізкія да прыметнікаў, то яны часта спалучаюцца з апошнімі ў якасці аднародных членаў сказа з мэтай больш поўнага і яркага апісання: Забалочаная паляна, акружаная з усіх бакоў цёмнай сцяною лесу, млела ад гарачыні (З. Бядуля).

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел