Предыдущий раздел | Оглавление | Следующий раздел
Параўнальныя канструкцыі і зваротак
§§ 180–186
Параўнальныя канструкцыі
Агульная характарыстыка
§ 180. Параўнальнымі канструкцыямі называюцца словы і словазлучэнні, якія шляхам параўнання раскрываюць і ўдакладняюць змест іншых слоў ці словазлучэнняў у сказе. Параўнанне — адзін з тропаў, сутнасць якога — у супастаўленні прадметаў ці з’яў, заснаваным на падабенстве іх у якіх-небудзь адносінах.
Самымі распаўсюджанымі з’яўляюцца канструкцыі, якія ўтвараюцца пры дапамозе розных марфолага-сінтаксічных сродкаў — злучнікаў, прыназоўніка-склонавых форм. Параўнальныя канструкцыі, што ўтвараюцца з дапамогай марфолага-сінтаксічных сродкаў, адрозніваюцца характарам сувязі суб’екта і аб’екта параўнання: у адных выпадках звязваюцца параўнальнымі злучнікамі, у іншых — прыназоўнікавым ці беспрыназоўнікавым кіраваннем. Характар сувязі ўплывае на семантыку канструкцый, іх экспрэсіўнасць і сінтаксічныя функцыі.
Злучнікавыя параўнанні — гэта сінтаксічныя канструкцыі ў структуры простага ці складанага сказа, уведзеныя з дапамогай параўнальных злучнікаў.
Злучнікавыя параўнанні як частка простага сказа атрымалі назву «параўнальныя звароты»: Надзвычайнае красы твар на ім дзявочы — быццам кужаль, валасы, што крыніцы, вочы (П. Броўка); Стары някавата, заварушыўшыся на зэдліку, выцягнуў на каленях вузлаватыя, як вербныя карані, рукі (В. Быкаў); Ад нагрэтай сонцам вапняковай выспы, паросшай жорсткай, як свінуха, травой, патыхала сухім пыльным жарам — зусім як ад напаленай печы (В. Быкаў); Цішыня вісне над дарогай, над лесам, як марыва, як тая жменька мошкі, што дрыжыць над альшэвінай, бы пад страхою (І. Пташнікаў); Трымціць, як нітка, нагрэтае за раніцу паветра (І. Пташнікаў); Сняжком, як пухам лебядзіным, дарогі злёгку занясло (А. Бялевіч); Ад рыначнай плошчы, як промні ад зоркі, разыходзіцца пяць ці шэсць вуліц (Я. Брыль).
У склад параўнальных зваротаў можа ўваходзіць адно самастойнае слова (назоўнік, прыметнік, лічэбнік, прыслоўе, дзеяслоў) ці спалучэнне слоў: Каліна чырвоная гарыць, як туга маладосці (К. Кірэенка); Цёмна-карычневыя, нібы абпаленыя агнём, лісты сіратліва трапечуцца да самай вясны (І. Шамякін); І вось на галінках гараць яблыкі, быццам чырвонагрудыя зяблікі (М. Танк); Імшары. Кропелек чырвоных, што пацерак, куды ні глянь. Прыгожы з імі мох зялёны, нібы расквечаны дыван (П. Броўка).
Характар параўнання найбольш выразна праяўляецца тады, калі параўнальныя звароты адносяцца да ўказальных слоў так, такі. У гэтым выпадку параўнальныя звароты найчасцей уводзяцца ў структуру сказа пры дапамозе злучніка як: Сонца прыгравае так, як і раней (К. Чорны); Дзед пазіраў так, як горды арол (З. Бядуля); Дзень скончыўся не так, як зачаўся (Я. Колас); Мільёны стала з тых часоў такіх, як ён, гаспадароў (П. Броўка); Такая, як Алёнка, нідзе не прападзе (Р. Сабаленка); Мудрыя словы так проста і ясна, як вечныя песні, гучаць (Я. Колас); Як родны Ленін, так гатовы мы працаваць і жыць усе (А. Бялевіч).
Часам параўнальныя звароты адносяцца да спалучэння ўказальнага слова так з прыслоўем ці безасабова-прэдыкатыўным словам або да спалучэння ўказальнага слова такі з назоўнікам, прыметнікам ці займеннікам: Дрэвы шумелі так ціха, як ніколі (Я. Колас); У хаце было так цёмна, як у яме (П. Галавач); У такім калгасе, як наш, моладзь не сумуе (М. Паслядовіч).
Калі ў сказе няма ўказальных слоў, характар параўнання праяўляецца менш выразна: Зары праменні на шыбах, быццам зайчаняты, гуляюць, скачуць (М. Танк); Гай заціх, бы ў сне (Я. Колас); На пні пасівелым, нібыта на ганку, да самага ранку чакаў свіцязянку. Не выплыла з хваляў русалка-красуня, і ўсё ж хараство сініх хваль панясу я, як лёс свой уцешны, і ў сэрцы, і ў песні (Я. Пушча); Сцягоў агністых мора струменіцца ў прасторы, як сонечны прамень (Я. Колас); Шлю я сонцу прывітанне, як заўсёды, як калісьці (М. Хведаровіч); Як чорны парасон, вісела цемра над зямлёй (М. Калачынскі).
Параўноўвацца могуць любыя прадметы і з’явы, але часцей за ўсё такія, якім, на думку таго, хто гаворыць (ці піша), неабходна даць вобразную характарыстыку, каб слухач (ці чытач) змог больш наглядна ўявіць сабе прадмет выказвання — чалавека ці якую-небудзь іншую жывую істоту; грамадскае жыццё людзей і абстаноўку, у якой жывуць і дзейнічаюць людзі; з’явы прыроды і г. д.: Зорнай ноччу ў глухіх акіянскіх глыбінях спала стомленая хваля, нібы гаспадыня (П. Глебка); Быць гэтым дзецям у палёце! І ў цішыні касмічных трас стракозы, быццам верталёцікі, ім прыгадаюцца не раз (П. Панчанка); Як брыльянты, гінуць росы на зялёнай сенажаці (Я. Купала).
Агульнасць прымет, якасцей і дзеянняў, характэрных для таго, што параўноўваецца, збліжае параўнальныя адносіны з адносінамі аднароднасці, дазваляючы рабіць трансфармацыю параўнання ў канструкцыі з аднароднымі членамі і наадварот (Каса косіць — як брые — Каса не косіць, а брые).
У сказах з параўнальнымі зваротамі той, хто гаворыць, не толькі паведамляе аб чым-небудзь, але нярэдка выказвае шляхам параўнання свае адносіны да таго, што параўноўваецца, імкнучыся тым самым выклікаць адпаведныя адносіны і ў субяседніка (ці чытача): Для мяне ж яна [родная мова] вечна жывая, як раса, як сляза, як зара (П. Панчанка); Як песня радасці, як полымя сцягоў над шумнымі раней гасцінцамі, як свежы ранак новага жыцця, стаіш ты ў памяці сучаснікаў — сапраўды залатая восень трыццаць дзевятага года (Я. Брыль); О, Нёман! Песня майго сэрца, краса палёў, краса нізін, люблю твой спеў, што ўдаль нясецца, люблю цябе, як родны сын (А. Русак).
У сказах з параўнальнымі зваротамі ёсць лексічна суадносныя словы, што называюць прадметы, з’явы, падобныя ў якіх-небудзь адносінах, а сродкам выражэння гэтага прыпадабнення з’яўляюцца злучнікі: Быццам тысячы крэпка нацягнутых струн, танкаствольныя сосны звіняць (М. Багдановіч); Вярба, як дзяўчына ў каралях, стаіць над вірлівай вадой (П. Броўка); На змену спякоце, як госць незвычайны, прыходзіла ў стэп казахстанская ноч (А. Звонак); Нават ісціне, як зерню, нялёгка часам прарасці (А. Бачыла); Жар гарыць, што груда золата... (А. Зарыцкі); Нібыта інспектары, ходзяць гракі па свежых барознах (А. Бялевіч).
Лексічная суаднесенасць слоў, якія абазначаюць прадметы і факты рэчаіснасці, што ў пэўных адносінах прыпадабняюцца адны да другіх,— асноўны паказчык наяўнасці ў сказе параўнальнага звароту. Лексічная суаднесенасць складае сэнсавую, рэчыўную аснову для параўнальнага звароту. Гэта вельмі важна ўлічваць, бо параўнальнымі злучнікамі могуць уводзіцца не толькі параўнальныя звароты, што нярэдка прыводзіць да змешвання разнародных сінтаксічных з’яў.
Параўнальны зварот як частку простага сказа трэба адрозніваць ад параўнальных сказаў — даданай часткі складаназалежнага сказа. Асабліва блізкія да параўнальных зваротаў даданыя часткі з апушчаным выказнікам. Канструкцыі з апушчаным выказнікам з’яўляюцца даданымі часткамі тады, калі ў іх, акрамя членаў сказа, што ўваходзяць у састаў дзейніка, ёсць даданыя члены і з групы выказніка: Дзядуля пад бярозай люльку курыць, як на палубе матрос (В. Вярба); З-пад доўгага брылька ружавашчокі малы глядзеў, як яблык з-пад лістка (Р. Барадулін); Бы касец з біклагі, п’е з хмарыны луг (А. Бялевіч); Ацынкованая бляха пад электрычным святлом блішчэла, як чыстая вада пад месяцам (К. Чорны). ...У канцы пасекі на полі падымаўся з зямлі туман — як пара з вялікага гаршка (І. Пташнікаў).
Параўнальнымі зваротамі не лічацца фразеалагізмы, якія ў сказе выконваюць функцыю акалічнасці (Усё відаць як на далоні (М. Лынькоў)), а таксама словы са злучнікам як, што ўваходзяць у састаў выказніка (У гэтыя хвіліны яна для яго як маці (І. Навуменка)).
Паводле семантыкі, структуры, граматычнага значэння і выражэння параўнальныя звароты неаднародныя. Каб пераканацца ў гэтым, параўнаем два сказы: І вось на трэцім перапынку бабка раптам чхнула, як мыш, і — божа мой! спалохана азірнулася (Я. Брыль) — Плыве ў свет рака Бяроза, плыве сёння, як і ўчора (Я. Купала). У першым сказе параўнальны зварот як мыш — мастацкая дэталь, вобраз. У другім сказе параўнальны зварот як і ўчора не з’яўляецца вобразам, ён толькі канстатуе аднолькавасць дзеяння (плыве) аднаго прадмета (Бяроза) у розны час — сёння і ўчора.
Параўнальныя звароты падзяляюцца на дзве сэнсавыя разнавіднасці. Першая разнавіднасць — гэта такія параўнальныя звароты, якія выразна характарызуюць прадмет. Для абазначэння іх у лінгвістычнай літаратуры выкарыстоўваецца тэрмін «вобразны параўнальны зварот»: Дзед Талаш быў зацяты і горды, як дзікі арол (Я. Колас); Цёплая летняя ноч павольна апускалася на зямлю і ўсё гусцей і гусцей церушыла над ёю, як бы прасяючы праз танчэйшае сіта малюпасенькія крупінкі змроку (Я. Колас); Светлая хмарка, як ціхая думка шчасця, ціха і спакойна плыла ў небе і зараз жа хавалася ад людзей за высокімі каменнымі дамамі (Я. Колас); Шырокае і глыбокае, як мора, бывае гора людское, і часцей за ўсё застаецца яно нямым (Полымя, 1985); Песні, як сады, як вогнішчы, палаюць (П. Панчанка); Краны, як птушкі, гатовы ў палёт, гатовы кружыцца, кружыцца без стомы (А. Астрэйка).
Другую разнавіднасць параўнальных зваротаў складаюць такія, якія служаць для вызначэння адпаведнасці, тоеснасці паміж прадметамі, з’явамі на аснове іх прымет або абставін, пры якіх адбываецца дзеянне; яны не маюць метафарычнасці. Для іх абазначэння прыняты тэрмін «параўнальна-раўналежны зварот»: Бліскучы аднабокі месяц, як заўсёды, праплыў сваім шляхам па зорным небе і схаваўся за вяршаліны дрэў (В. Быкаў); Нідзе так звонка не чуваць спеў жаваранка, як у полі (І. Грамовіч); Зоры на ўсходняй старане неба не былі ўжо такія зыркія, як раней (К. Чорны).
Паміж параўнальна-раўналежнымі і вобразнымі параўнальнымі зваротамі ёсць падабенства і адрозненне ў структуры.
Як і вобразныя, параўнальна-раўналежныя звароты складаюцца з трох кампанентаў: суб’екта параўнання, аб’екта параўнання і асновы параўнання: Цяпер, як ніколі раней, адчувалася патрэба ў такой дапамозе (П. Пестрак); Бацька мой, як і кожны грэшны чалавек, вельмі ж хацеў забагацець (Я. Скрыган).
Вобразныя параўнальныя звароты адрозніваюцца ад параўнальна-раўналежных характарам сувязі з паясняемым словам. Яны могуць звязвацца злучнікамі як, што, усё роўна як, усё роўна што, якія сведчаць аб параўнанні прадметаў, што ёсць у наяўнасці, а таксама злучнікамі нібы, бы, быццам і інш., якія паказваюць на ўмоўнасць прадмета, узятага для параўнання: Расселіна тым часам, як глыбачэзны крывы калідор, патроху вузеючы, вяла і вяла іх угору (В. Быкаў); Шынялі сівыя, як жураўлі (Я. Брыль); Руіны страшныя, як здані, гасілі сінь (Н. Гілевіч); Завішнюк пасля толькі ўгледзеў, як ён даткнуўся рукамі падлогі, страпянуўся, выгнуўся, што вуж, кульнуўшыся цераз галаву, і стаў ужо на нагах (І. Пташнікаў); Там у іх растуць дужа добрыя антонаўкі, буйныя-буйныя, і ўвосень, як паспяюць, вельмі смачныя, араматныя, усё роўна як крымскія яблычкі (М. Гарэцкі); Жаўтаваты, надкушаны ў смузе ён [месяц], здавалася, быў мяккі і сумны, усё роўна што добрай душы чалавек (І. Пташнікаў); А на баку ў цяльняшках паласатых ляжаць, нібы матросы, кавуны (П. Панчанка); Паскачаш дроздзіка, бы скочка, калі няма свайго куточка (Я. Колас); Ласкавая, быццам добрая, была сіняя далеч (І. Мележ); Да нас у порт прыйшоў пажылы італьянец з чорнымі, як паўднёвая ноч, вачыма пад чорнымі бровамі, з зачэсанымі гладка назад бліскучымі валасамі (І. Мележ); А малатарня трактарная — пабачылі б: аграмадзіна — як прыпяцкі параход, гумно добрае снапоў змалоціць — не агледзішся (І. Мележ); Іван, нахмурыўшыся, паўглядаўся ў гэты зіхатлівы, бы жывое срэбра, рухавы, занадта, на яго думку, прыгожы твар: ці не жартуе яна (В. Быкаў).
Асноўным сродкам сувязі параўнальна-раўналежных зваротаў з паясняемым словам з’яўляюцца злучнікі як, як і: У гэты час з палетка падышоў чалавек, вельмі малады, такі самы, як і жанчына (К. Чорны); У гарадоў, як і ў людзей, свой лёс, характары, свае біяграфіі (Полымя, 1985); Яна пазірала не так, як заўсёды (Э. Самуйлёнак); Над усёй планетай неба павінна быць такое, як і над намі (П. Панчанка).
Ад злучніка, якім звязаны параўнальна-раўналежны зварот з паясняемым словам, залежыць адценне сэнсавага значэння параўнальнага звароту. Калі параўнальны зварот звязваецца злучнікам як і, ён паказвае поўную адпаведнасць дзеянняў, прымет прадметаў, аднолькавасць дзеяння, накіраванага на розныя прадметы, супадзенне прымет і дзеянняў аднаго прадмета ў розных абставінах: Да сканчэння тэхнікума ён быў удзельнікам хору і да спевак і выступленняў хору адносіўся таксама ўважліва, як і да свае літаратурнае работы (М. Лужанін); Там мяне, як і Юзю, пусціць не хацелі (М. Гарэцкі); Пракоп, як і кожны селянін, крыху дыпламат (Я. Колас); Змрок, як і заўсёды ў познюю восень, наплываў хутка (А. Кулакоўскі).
Параўнальна-раўналежныя звароты, звязаныя з паясняемымі словамі злучнікам як, паказваюць на падабенства паводле дзеяння ці прыметы аднаго прадмета да другога, якому найбольш уласцівы названае дзеянне ці прымета; гэты злучнік паказвае таксама на падабенства аднаго дзеяння ці прыметы прадмета да другога дзеяння ці прыметы гэтага самага прадмета ў іншых умовах: Лес быў ціхі-ціхі, горды, як на Алтаі, да якога Завішнюк прывык (І. Пташнікаў); І ўсюды грукат колаў, трывожны, насцярожаны, горкі — як тая праклятая «Бген Руслянд»... (Я. Брыль); Усюды было так ціха, як у лесе (П. Пестрак); Такога палахлівага і баязлівага чалавека, як ён, цяжка знайсці (Я. Колас); Лес тут быў не такі, як на пясчаніку (І. Мележ).
Параўнальна-раўналежныя звароты ў адрозненне ад вобразных не могуць мець мадальнага значэння, таму што не выражаюць умоўнасці або меркавання. Характару сэнсавых функцый іх адпавядае характар сувязі з паясняемым словам — яны не могуць звязвацца злучнікамі нібы, бы, нібыта і інш.
Для канструкцый з параўнальна-раўналежнымі зваротамі ў большай ступені, чым з вобразнымі, характэрна разнастайнасць марфалагічнага выражэння суб’екта і аб’екта параўнання. Яны могуць выражацца і словамі прадметнага значэння, як у канструкцыях з вобразнымі параўнальнымі зваротамі, і займеннікамі, прыслоўямі. Найбольш часта функцыю параўнальна-раўналежных зваротаў у беларускай мове выконваюць прыслоўі: О родны край! О край пакуты, нягодай цяжкаю прыгнуты! Калі ж ты збудзеш тое гора, што і цяпер там, як і ўчора, як і даўней, цябе знішчае і горкім смуткам апявае (Я. Колас); З таго боку, дзе быў Скуратовічаў хутар, так, як і адсюль, ішла цішыня (К. Чорны); Сонца ўзышло, як і ўчора, з-за цёмнага бору свайго (М. Хведаровіч); Як даўней, звініць на клёнах лісце, і дзятлы малоцяць, як калісьці (П. Панчанка).
У канструкцыях з параўнальна-раўналежным зваротам суб’ект і аб’ект параўнання або толькі суб’ект ці аб’ект параўнання могуць выражацца ўласнымі назоўнікамі: Кандыбовіч, як і Хурс, з купцоў (К. Чорны); Пшаніца добрая расце пад Рымам, як пад Гомелем (П. Панчанка).
Параўнальна-раўналежныя звароты могуць адносіцца ў сказе да суадносных слоў-займеннікаў і займеннікавых прыслоўяў такі, такі самы, так, так сама. З дапамогаю суадносных слоў яшчэ больш узмацняецца момант лагічнай ацэнкі, падкрэсліваецца тоеснасць пэўных прадметаў, з’яў, дзеянняў: Дзяўчат і маладзіц, такіх, як Марыля, такіх баб, як свякроў, такіх мужыкоў, як стары Жук, Іван, Мікіта, бачыў я шмат, хапала іх толькі ў адным нашым Загор’і (Я. Брыль); Такі нос, як у Каці,— каму ён здасца прыгожым? (І. Шамякін).
Суадносныя словы часам ужываюцца з адмаўем не. У такіх выпадках для сувязі суб’екта і аб’екта параўнання не можа выкарыстоўвацца злучнік як і, а толькі як, бо адмаўе не паказвае на проціпастаўленне, а злучнік і — на раўналежнасць: І тут нават не так сонца, як там, дома, усходзіць (Я. Колас); І я пачуў мяккі, зусім не такі, як раней, голас жанчыны (У. Караткевіч).
Акрамя параўнанняў, што ўводзяцца ў структуру сказа пры дапамозе злучнікаў, у беларускай мове ёсць вялікая група бяззлучнікавых параўнанняў. Яны выражаюцца склонавымі і прыназоўнікава-склонавымі формамі назоўнікаў (часта з паясняльнымі словамі): Кадушка-Зося сонцам ззяе (Я. Колас); Хоць бы з гару акраец з’ем (Я. Купала); Гулліва косячы на яго свае жучкі-вочкі, яна нягучна, але вельмі рытмічна выводзіла незнаёмыя і ад таго яшчэ болей напеўныя словы (В. Быкаў). Такія параўнанні выконваюць функцыю прыдатка.
Найбольш пашыраны сродак выражэння бяззлучнікавых параўнанняў — беспрыназоўнікавы творны склон. Творны параўнання, як і вобразны параўнальны зварот, называе якасць дзеяння і адначасова метафарычна характарызуе дзейнік — суб’ект дзеяння, тым самым ён мае ў сказе двухбаковую сувязь — з дзейнікам і выказнікам.
Творны параўнання можа выражацца адным назоўнікам або назоўнікам з паясняльнымі словамі, якія надаюць канструкцыі большую вобразнасць: Далёкія ад зямлі і палітыкі, ляцелі гусі і гагаталі, раставалі сняжынкамі ў плыткай праталінцы (Р. Барадулін); Асколачкам вясновай радугі на сонцы блісне акунёк (П. Панчанка); То свяціла ясным сонцам вера, то нявер’е кідала ў адчай (П. Панчанка); Полымем прыпалі грудзі да грудзей (Я. Купала).
Выконваючы ў сказе ролю акалічнасці, творны параўнання сінанімічны вобразнаму параўнальнаму звароту, які характарызуе якасць дзеяння. Пацвярджае гэту думку магчымасць трансфармацыі творнага параўнання ў вобразны параўнальны зварот: На кустах блішчыць шкляным шротам раса (З. Бядуля) — На кустах блішчыць, як шкляны шрот, раса.
Лексіка творнага параўнання ў сучаснай беларускай літаратурнай мове вельмі разнастайная. Параўноўвацца могуць не толькі канкрэтныя прадметы, але і абстрактныя паняцці: ...Традыцыі ўсіх мёртвых пакаленняў вісяць кашмарам над свядомасцю жывых (К. Чорны); Яе імя гучала ў яго вушах незвычайнаю музыкаю і мела нейкае асаблівае значэнне (Я. Колас); Думка рэжа нажом (М. Гарэцкі); І зноў вісіць спакой пераспелай малінай (Р. Барадулін).
Частыя выпадкі ў мове, калі адзін прадмет характарызуецца праз параўнанне з другім прадметам, выражаным назоўнікам любога склону без прыназоўніка. У такой канструкцыі няма лексічна выражанай асновы параўнання. Адметная асаблівасць такіх канструкцый — супастаўленне прадметаў, розных паводле семантыкі: Каронай зялёнай дзед-бор патрасаў (Я. Купала); На гэты стук у яме-хаце найперад рыпнулі палаці (Я. Колас).
Дапасаванне ў родзе і ліку такіх слоў не абавязковае, але абавязковае ў склоне: Мянёк-завала ўзварухнуўся (Я. Колас); Рукі калышуць мару-дзіця (Я. Купала); Ох, скажы ты, саранча-людзі! — не стала спрачацца, мірна паскардзілася мачыха (І. Мележ).
Суб’ект і аб’ект параўнання ў такіх спалучэннях не супадаюць у адной субстанцыі.
Ад параўнанняў гэтага тыпу трэба адрозніваць такія спалучэнні, як хлопцы-трактарысты і пад.: Нашы хлопцы-трактарысты стаялі ля прысад (К. Буйло). Канструкцыя хлопцы-трактарысты не выражае параўнальных адносін, бо ў ёй паясняемае (хлопцы) і паясняльнае (трактарысты) словы супадаюць у адной субстанцыі — у адным прадмеце. У канструкцыях, што выражаюць параўнальныя адносіны, паясняемае і паясняльнае словы — абавязкова розныя прадметы: мара-дзіця, лапы-расліны, вусікі-крыльцы, дзед-бор і інш.
Пашыраны спосаб рэалізацыі параўнання — прыназоўнікава-склонавыя формы імя. Суб’ект і аб’ект параўнання ў такіх канструкцыях звязваюцца прыназоўнікам, ад якога залежыць склонавая форма аб’екта параўнання і сэнсавае значэнне параўнальнай канструкцыі. Параўнальныя адносіны могуць выражацца з дапамогай прыназоўнікаў з, на, у, накшталт, на манер, на ўзор і пад.
У канструкцыях з прыназоўнікава-склонавай формай «з + вінавальны» выражаюцца азначальныя адносіны: паказваецца падабенства аднаго прадмета да другога паводле велічыні. У склад такіх канструкцый звычайна ўваходзіць яшчэ назоўнік у творным склоне са значэннем памеру — велічынёю, ростам, памерам, таўшчынёю і інш., або прыметнікі буйны, вялікі і пад.: Хадзілі па горцы туды і сюды, хавалі на выраст грыбок малады, ростам з арэх — браць такі грэх (Я. Колас); Завішнюку нагадалася, што ён, гэты чалавек, адным махам ссякае на лініі сасонку таўшчынёй з добрую жэрдку (І. Пташнікаў).
Параўнанне, выражанае вінавальным склонам назоўніка з прыназоўнікам з, бывае вобразнае, калі пісьменнік наўмысна перабольшвае ці памяншае нейкі прадмет, з’яву, параўноўваючы з іншым прадметам ці з’явай. У такіх канструкцыях выяўляюцца адносіны самога аўтара да прадмета: Бег вялікі сабака, ростам з добрую мыш (Я. Скрыган); А сам дарэктар, з вузел ростам, у сваім уборы бедным, простым, у зрэбных портках і кашулі стаяў як бы яго прыгнулі (Я. Колас).
Параўнанне можа выражацца вінавальным склонам назоўнікаў з прыназоўнікам у. Яно звязваецца ў сказе з дзеясловам, дзеепрыметнікам або дзеепрыслоўем і выражае азначальна-акалічнасныя адносіны, паказваючы меру, ступень або інтэнсіўнасць дзеяння: Шырокі прастор поля звузіўся ў чорную бочку, і нічога не магло разгледзець вока адзінокага Васіля (Я. Колас); Азгур стукнуў па ім [злепку] кулаком, у адзін міг змясіўшы ў апрэснік усю гэтую чалавечую радасць (Я. Скрыган).
У большасці такіх канструкцый галоўныя словы з лексічна выражаным параўнаннем утвараюць фразеалагічныя спалучэнні: Скурчыўшыся ў тры пагібелі, спалі яны вакол таго месца, дзе быў агонь (Я. Колас); Нікуды я не пабягу, а сагну яго ў дугу (А. Чарнышэвіч).
Вінавальны параўнання можа выражацца таксама назоўнікам з прыназоўнікам на. Аднак такія канструкцыі ў мове не пашыраны. Яны сінанімічны канструкцыям, у якіх параўнанне выражаецца назоўнікам з прыназоўнікам у: Збілі на горкі яблык (Я. Колас); Вада шырока разальецца. І снег на кашу пабярэцца (Я. Колас); Не мог на мак змяць яму косці (Я. Купала); Спалоханы грукатам танкаў, аднекуль з гародаў шугае ў паветра вялізны, на паўнеба, статак вераб’ёў (В. Быкаў).
Параўнанне можа выражацца назоўнікам у давальным склоне з прыназоўнікам па. Суб’ект і аб’ект параўнання ў такіх канструкцыях утвараюць словазлучэнні, якія выражаюць азначальныя адносіны. Гэтыя канструкцыі сінанімічны з вінавальным параўнання, выражаным назоўнікам з прыназоўнікам з. Ужыванне іх у літаратуры абмежаванае. Тлумачыцца гэта, відавочна, лексічнай абмежаванасцю іх кампанентаў: з дапамогаю параўнання паказваецца толькі велічыня прадметаў (абавязкова некалькіх), роўных паміж сабой: І вочы ў яе былі шэрыя, вялікія, па яблыку (І. Пташнікаў); Дробнае, з гарох, і буйное, па яйку, яно [каменне], падсохлае, блішчала на сонцы і пахла востра і едка — шкіпінарам (І. Пташнікаў); З трывогай у душы хлопец абабег калючы рададэндравы зараснік, абсыпаны вялікімі, па кулаку, чырвонымі кветкамі, і з невялікага распада-раўка наперадзе яго данёсся шум вадаспада (В. Быкаў).
Параўнальныя канструкцыі, выражаныя назоўнікамі роднага склону з прыназоўнікам накшталт або назоўнікам вінавальнага склону з прыназоўнікамі на ўзор, на манер, не маюць экспрэсіўнага значэння: Ёсць людзі на быдла манер (Я. Купала); Маршалак, таўшчэразны, непаваротны чалавек накшталт гіпапатама, прыйшоў у вялікае абурэнне (Я. Колас); Збудаваў яго [касцёл] вядомы вілянчук, пан гетман Пац, у італьянскім стылі, на ўзор сабора Пятра ў Рыме (М. Гарэцкі).
Параўнанне можа быць выражана прыметнікам, спалучэннем прыметніка падобны з прыназоўнікава-склонавай формай: Пэўна здзіўлены нечаканай сустрэчай, жук спыніўся, выставіў свае рачыныя вочы і чакаў, грозна шавелячы доўгімі гнуткімі вусамі (В. Быкаў); Ён [Іван] азірнуўся, агледзеўся і, убачыўшы ў траве непадалёк шэрыя махры падобнай на падарожнік травы, адарваў ад іх некалькі лісткоў (В. Быкаў).
Сінтаксічная прырода параўнальных зваротаў
§ 181. Граматычныя катэгорыі (у тым ліку і сінтаксічныя), як вядома, адрозніваюцца на аснове семантычных, сінтаксічных і марфалагічных прымет, прычым пры вызначэнні катэгорыі трэба абапірацца не на адну з названых прымет, а на іх сукупнасць (комплекс), улічваючы, аднак, дамінуючую ролю семантычнага фактару.
Падыходзячы з такога пункту погляду да сінтаксічнай прыроды параўнальных зваротаў, трэба прызнаць, што ні з пункту погляду семантыкі, ні з пункту погляду сінтаксічнай ролі і марфалагічнага афармлення параўнальныя звароты не ўтвараюць даданых сказаў, як лічаць некаторыя даследчыкі, а выступаюць у якасці элементаў простага сказа, у састаў якога яны ўваходзяць. Няма падстаў бачыць сказ у тых злучнікавых канструкцыях, дзе:
а) выражаецца не адносна закончаная думка, а толькі асобнае паняцце. Параўнальны зварот больш моцна, экспрэсіўна адцяняе пэўныя якасці, уласцівасці, дзеянні шляхам непасрэднага супастаўлення ў саставе сказа з іншым прадметам, вобразам, які ў большай ступені ўвасабляе гэту якасць, уласцівасць, дзеянне;
б) адсутнічае структурная і мадальная закончанасць і канструкцыя не мае сваіх арганізуючых цэнтраў — галоўных членаў сказа;
в) наглядаецца цесная сэнсавая і граматычная суадноснасць злучнікавай канструкцыі з часткамі асноўнага саставу сказа;
г) у выніку адзначаных прычын узнаўленне як быццам бы прапушчаных членаў аказваецца штучным, яўна парушае сінтаксічныя і сэнсавыя адносіны.
Параўнальныя звароты не могуць разглядацца як даданыя сказы і з пункту погляду іх сінтаксічных функцый. Адасобленыя параўнальныя звароты ў сказе могуць выступаць у ролі:
1) выказніка: Як мора — лес, як неба — долы (Я. Колас); Дочкі, дочкі ў сяброў, і ў мяне, як бярозкі ў гаёчку, дзяўчаты (А. Пысін); Бульба — як арэхі (Я. Купала);
2) акалічнасці: Нідзе так звонка не чуваць спеў жаваранка, як у полі (І. Грамовіч); І як бы баючыся спалохаць звера, краўся ён густымі зараснікамі (Звязда, 1985); Мы ж сёстры і падобныя, казалі, як блізняты (Е. Лось); І сёння выканаў норму, як і ўчора (І. Грамовіч); Быццам у кручыне, галаву схіляе старадаўні бор (П. Глебка); Міхалка, трасучыся, як злоўленая птушка, расказваў усё і нават усялякія свае здагадкі (К. Чорны);
3) азначэння: Пырскі, крохкія, як шкло, узлятаюць пад вяслом (П. Глебка); Круглы, нібы шар, месяц выплыў з-за лесу (К. Чорны); Адтуль, недзе з-за ўзгорку, даносіліся невыразныя, як бы прыдушаныя, гукі (К. Крапіва); На палях шугаў цёплы, быццам недзе здалёк нагрэты, вецер (У. Караткевіч);
4) прыдатка: Як пастух, паўночны вецер падганяе ключ гусей (М. Хведаровіч); Збоку вербачкі крывыя, бы кабецінкі старыя, нуднай кучаю ляжаць (Я. Колас); Як з братам, з ветрам шчыра абымуся (Я. Купала).
Параўнальнымі адносінамі ахопліваюцца ўсе члены сказа: параўноўвацца могуць дзейнікі, выказнікі, дапаўненні, азначэнні, акалічнасці: Ільны такія белыя — што лебядзіны пух (М. Калачынскі); Снапы, што салдаты, стаяць (П. Броўка); Мне тут лягчэй, чым вам (З. Бядуля); Рабіў ён хутчэй, чым гаварыў (Т. Хадкевіч); У гэтую нядзельную раніцу Андрэй раней, чым звычайна, ускочыў з пасцелі (М. Гамолка); Неба мела густыя, як над Палессем, колеры (К. Чорны); Ён зрабіў так, як мог (І. Гурскі); Мы гаспадарым, як гаспадарылі (М. Лужанін); Дробныя хвалі, як жывыя, пераліваліся і блішчэлі пры месячным святле (Я. Колас).
Старая школьная трактоўка параўнанняў толькі як акалічнасцей спосабу дзеяння з'яўляецца вельмі прыблізнай і аднабаковай: імёны ў прамым і ўскосных склонах, выступаючы ў параўнаннях, заўсёды захоўваюць суб'ектнае ці аб'ектнае значэнне; параўнальныя выказнікі і азначэнні ніяк нельга аднесці да акалічнасцей. Апорнае слова параўнальных зваротаў — гэта ў многіх выпадках кіруемы член сказа, склонавая форма якога вызначаецца лексіка-граматычнымі ўласцівасцямі кіруючага слова: Гукне вясна і, як ветрам, развее гора-нуду (М. Багдановіч); Мяцеліца снег мяце, як мятлой (Я. Купала); Вецер, убраўшыся ў сёлы, лесам, як вехцем, трасе (Я. Купала); Цяпер Юзіку без газеты, як без вачэй (К. Крапіва); Як на старонках кніг, на гонях чытаю літары слядоў (П. Глебка).
Асабняком паводле сінтаксічных сувязей стаяць параўнальныя звароты з апорным словам у назоўным склоне: Вочы свецяцца, як зоры (М. Чарот); Вецер звініць, як струна (М. Калачынскі); Асеннія сады, як вогнішчы, палаюць (П. Панчанка).
Сувязі такога параўнальнага звароту некалькі нагадваюць сувязі так званых недапасаваных прыдаткаў тыпу ад машыны «Жыгулі», машынай «Жыгулі», на машыне «Жыгулі». Як там асобы від азначэння пазбаўлены дапасавання з азначаемым словам у склоне, так і тут асобы від акалічнасці не мае склонавага падпарадкавання галоўнаму слову, звычайнага пры кіраванні. Такі назоўны з'яўляецца залежным не па сінтаксічных сувязях, а толькі паводле сінтаксічнай функцыі, свайго становішча,— як акалічнасны член сказа.
Значыць, апорнае слова параўнальнага звароту можа ці звязвацца з адпаведным галоўным членам сказа па спосабу сінтаксічнага кіравання ці суадносіцца з ім толькі ў плане сэнсавай залежнасці.
Пэўную ролю ў вызначэнні сінтаксічнай спецыфікі параўнальных зваротаў адыгрывае злучнік. Іменна злучнік дае падставы лічыць параўнальныя звароты з апорным словам у назоўным склоне, што адносяцца да дзеяслова, акалічнасцю спосабу дзеяння: Як сталь, пружыняць нервы (А. Куляшоў); Вецер на полі гуляе, вые, як звер (М. Багдановіч); Каля гумна стаяць, як вежы, стагі саломы і кармоў (Я. Колас).
Чаму назоўнікі сталь, звер, вежы — даданыя члены сказа? Толькі таму, што злучнік як ставіць іх у становішча акалічнасных членаў пры дзеяслове. Разам з тым злучнік паказвае і на лексічную суаднесенасць параўнальнага звароту са словам, якое называе прадмет параўнання: Снег блішчыць, як халодная сталь (М. Багдановіч); Чулы аер дрыжыць, як птушыныя крыллі (З. Бядуля). У гэтых сказах параўнальныя звароты як халодная сталь, як птушыныя крыллі залежаць ад дзеясловаў: блішчаць — як? — як халодная сталь; дрыжаць — як? — як птушыныя крыллі.
Адначасова яны залежаць і ад дзейнікаў снег, аер. Праўда, гэта своеасаблівая залежнасць, падобная на тую, якая наглядаецца паміж адасобленым прыдаткам і азначаемым словам, паміж удакладняючай і ўдакладняемай акалічнасцю. Адносіны такога тыпу прынята называць адносінамі сінтаксічнага паяснення. Сутнасць іх у тым, што словы, якімі абазначаецца прыпадабненне, аднолькава суадносяцца з выказнікам або іншым дзеяслоўным членам і маюць марфалагічна аднолькавае ці функцыянальна раўназначнае афармленне: Вялікае, як навальніца, шчасце ахапіла яго (К. Чорны); Вецер засыпае сцежку белым струменьчыкам дробнага, пухкага, як мука, снегу (Я. Колас).
Значыць, іменна дзякуючы злучніку сувязь параўнальнага звароту ў саставе сказа адначасова і падпарадкавальная, і паясняльная: падпарадкавальная ў адносінах да выказніка і паясняльная ў адносінах да члена сказа, які называе з'явы, што параўноўваюцца.
У залежнасці ад характару параўнання і ступені сувязі з удакладняемым словам параўнальныя звароты могуць размяшчацца ў пачатку, у сярэдзіне ці ў канцы сказа: Не знаю я большае веры, чым Ленінскі мудры закон (П. Броўка); Як мары, белыя бярозы пад сінявой начной стаяць (М. Багдановіч); Краіне трэба песня так, як сталь, як хлеб і вугаль... (М. Танк); Па гладкай, як шкло, магістралі, дзе ліпы вясною цвітуць, нібыта блакітныя хвалі, машыны плывуць і плывуць (М. Хведаровіч); Горкае, нібы крушына, было ў людзей жыццё (М. Калачынскі); Заварушылася моладзь, бы тое птаства (Я. Колас); Дні ішлі, быццам цені, маўкліва (М. Машара).
Зваротак
Агульная характарыстыка
§ 182. Звароткам называецца слова або спалучэнне слоў, што абазначаюць асобу ці прадмет, да якіх звяртаюцца з мовай.
Спецыфічнай асаблівасцю зваротка з’яўляецца тое, што ён граматычна не звязаны з членамі сказа: Магутнае слова, ты, роднае слова! Са мной ты наяве і ў сне (Я. Купала); Перамогі дзень! Не забыць нам век твой апошні залп і салюта гром (М. Танк); О, рэкі, рэкі Беларусі сярод лугоў, сярод лясоў! Калі я гімн саткаць збяруся з блакітных вашых паясоў? (Г. Бураўкін); Радзіма наша, песня наша, мой боль і сон мой залаты, цывілізацыі інакшай калыскай стала сёння ты! (П. Панчанка); На прастор, на шырокі разлог выходзі, мой народ, грамадою — сотні новых і ясных дарог рассцілае жыццё прад табою (Я. Колас).
Адсутнасць сінтаксічнай сувязі зваротка з членамі сказа не азначае, што зваротак не мае і сэнсавай сувязі з імі. Так, калі апусціць зваротак у сказе Беларусь, я — твой воін адданы і сын, маё сэрца і думкі заўсёды з табой (П. Панчанка) ці ў сказе Эх, хмарынкі! Плывяце вы ў старонку тую, дзе пакінуў я сямейку, хатачку старую (Я. Колас), стане невядомы адрасат маўлення. У гэтых сказах няма іншых сродкаў, здольных выдзеліць асобу ці прадмет, да якіх звяртаюцца. Доказам цеснай сувязі зваротка са зместам сказа з’яўляецца наяўнасць у ім займеннікаў. Вядома, што займеннік як указальнае слова ніколі не ўжываецца ў мове, калі яго канкрэтны змест не раскрываецца сітуацыяй ці словамі кантэксту, з якімі ён (займеннік) суадносіцца. У прыведзеных сказах суадносяцца паводле свайго зместу Беларусь — твой, хмарынкі — вы, г. зн., з аднаго боку, назоўнікі, што называюць граматычныя прадметы, і, з другога, займеннікі, якія ўказваюць на гэтыя прадметы. Значыць, пры апушчэнні зваротка займеннікі твой, вы не маглі б ужывацца ў такіх сказах, бо змест гэтых займеннікаў быў бы не раскрыты. Інакш кажучы, ужыць гэтыя займеннікі дазволіла наяўнасць у сказе звароткаў.
Такім чынам, звароткі з’яўляюцца адным са сродкаў раскрыцця рэальнага зместу займеннікаў. Зваротак і займеннік, рэальны змест якога раскрываецца звароткам, знаходзяцца паміж сабой у суадноснай сувязі.
Выразным сведчаннем сэнсавай сувязі зваротка са сказам служыць і наяўнасць у сказе дзеяслова-выказніка ў форме загаднага ладу: Разгарні ты, люд рабочы, сілу, волю ва ўсю шыр (Я. Колас); Мы шчасце збудавалі, цвіці, мой родны край! (М. Машара); Сонца, сонца! З мірнаю зарою ты вярніся ў стэп з начных дарог (А. Вялюгін); Квітней, жыццё, на ўсёй зямлі, як першы летні дзень (Э. Агняцвет).
Калі ў сказах з дзеясловамі загаднага ладу ў ролі выказніка апусціць зваротак, стане невядома, каму адрасавана пабуджэнне да дзеяння; сказ, па сутнасці, не будзе выконваць камунікатыўнай функцыі, перастане быць сказам.
У іншых выпадках сэнсавая сувязь зваротка са сказам праяўляецца менш выразна: Добрай ночы, зара-зараніца (М. Багдановіч); Зямля ж тут, братцы, залатая (Я. Колас); Прачнулася сэрца, не спіцца, выходжу на ганак: дзень добры, жыццё маладое і сонечны ранак! (Я. Пушча); Здароў, марозны, звонкі вечар! (М. Багдановіч).
Сэнсавая сувязь зваротка са сказам праяўляецца па-рознаму. Па-першае, зваротак можа адносіцца да ўсяго выказвання. У такіх выпадках ён выступае або ў ролі своеасаблівага зачына і тым самым падрыхтоўвае глебу для далейшага выражэння думкі (Браты мае, родныя людзі! Наш сонечны дзень не пагас (Я. Колас)), або, уваходзячы непасрэдна ў састаў сказа, надае яго сэнсу пэўнае адценне (Вучыцца нам, брат, яшчэ трэба многа,— зазначыў Турсеўіч (Я. Колас)). Па-другое, зваротак можа адносіцца да членаў сказа, удакладняючы іх змест:
а) да дзейніка, выражанага займеннікам 2-ой асобы адзіночнага або множнага ліку. Зваротак канкрэтызуе змест займенніка шляхам наймення той дзеючай асобы, на якую ўказвае займеннік: Вы так цікава расказваеце, Андрэй Міхайлавіч, што мне ўжо хочацца пусціцца ў дарогу (Я. Колас); Пралятайце вы, дні, залатымі агнямі! (М. Багдановіч); Не кувай ты, шэрая зязюля, сумным гукам у бары! (М. Багдановіч);
б) да выказніка, выражанага дзеясловам загаднага ладу адзіночнага ці множнага ліку, пры якім звычайна адсутнічае займеннік 2-ой асобы. У такіх сказах зваротак называе аб’ект, на які накіравана волевыяўленне: Знімі, цяпло, зімовую заслону, прымі нас, лес, прыпынак дай і схоў (Я. Колас); Прымі, савецкая радзіма, адданасць шчырую табе (Ц. Гартны); Праславім, сябры, перамогу, якую здабыў наш народ (З. Бядуля);
в) да дапаўнення, выражанага асабовым займеннікам 2-ой асобы ва ўскосным склоне адзіночнага ці множнага ліку. Зваротак удакладняе аб’ект дзеяння, называючы канкрэтную асобу, прадмет, на якія ўказвае займеннік: Мы не забудзем ніколі цябе, дарагі чалавек (А. Бялевіч); Дзень добры вам, лясы і далі, прасторы вольныя зямлі! Я зноў між вас, пагоркі, хвалі! Палоскі цьмянае раллі (Я. Колас); Люблю цябе, поле, люблю я твой плёс! (Я. Колас);
г) да азначэння, выражанага прыналежным займеннікам. Зваротак канкрэтызуе яго змест, называючы тую асобу, прадмет, на якія ўказвае гэты займеннік: Не было яшчэ той сілы і той перашкоды, што звязала б вашы крылы, камсамоле, слаўны, мілы, першацвет народа! (Я. Колас); Я слаўлю плён ваш, партыі сыны! (М. Калачынскі).
Уступаючы ў сэнсавую сувязь з галоўнымі і даданымі членамі сказа, зваротак удакладняе і канкрэтызуе іх лексічнае значэнне.
Важная сінтаксічная асаблівасць зваротка заключаецца ў тым, што ён часта мае дваістае значэнне, збліжаючыся па сваіх функцыях з выказнікам, прыдаткам і дзейнікам.
Выказнікавае (прэдыкатыўнае) значэнне маюць звароткі ацэначна-кваліфікатыўнага характару: «Што вы робіце, дурні?!» — крыкнуў ён раз’яраным байцам і стаў паміж імі (Я. Колас); Пятроў і Сяргееў! Давайце абдымемся, чэрці! (М. Лужанін); Гэта ж дваццаць пяць год мінула, галава яловая (В. Быкаў).
Прэдыкатыўнае значэнне найбольш наглядна выяўляецца ў зваротках, выражаных двухсастаўнымі ацэначнымі сказамі: Родны мой! Голуб вы мой сівы! Я ж бы хацела параіць вам, як найлепш! (К. Крапіва); «Пятрусь, уставай! — гукнула старая на печ.— Уставай, падла ты, тры гадзіны!..» (Я. Брыль).
На той жа прэдыкатыўна-ацэначнай аснове звароткі збліжаюцца з адасобленымі прыдаткамі, асабліва з тымі, якія знаходзяцца ў дыстантнай пазіцыі або адносяцца да слова за межамі даданага сказа: «Прыгожая, шэльма!» — думае Кузьма і кажа лагодненька: «Настачка, якая ты цяпер харошая!» (Я. Колас); «Уцякаюць, піраты!» — сказаў Ікрамай (І. Мележ).
У некаторых выпадках зваротку ўласціва выразнае дзейнікавае значэнне. Зваротак збліжаецца з дзейнікам у імператыўных сказах. Гэта і зразумела: зваротак мае другаасабовае значэнне, а ўсякі дзеяслоў-імператыў звернуты да другой асобы. Зваротку ўласціва граматычнае значэнне суб’екта дзеяння, што пацвярджаецца магчымасцю пазіцыйнай замены другаасабовых звароткаў і другаасабовых займеннікаў: Ты зрабі — Дзіма, зрабі, Вы рашыце — Дзеці, рашыце.
Сінтаксічная роднасць зваротка з дзейнікам праяўляецца і яшчэ ў адным плане. Існуюць сказы тыпу Прападай мая галава!; Іван рабі, а яны будуць лынды біць і г. д. Загадная форма дзеясловаў тут не мае прамога імператыўнага значэння: яна выражае абавязак, прымус, павіннасць як унутраны стан дзеючай асобы, выкліканы якім-небудзь знешнім уздзеяннем. Такое значэнне загаднай формы справядліва прызнаюць асобым ладам дзеяслова — «павіннасным».
Несумненны дзейнік такіх сказаў можа ўспрымацца як зваротак у сказах імператыўных і наадварот.
Зваротак адрозніваецца ад дзейніка тым, што апошні граматычна звязаны з іншымі членамі сказа, у прыватнасці з выказнікам. Зваротак жа не звязаны з іншымі словамі ў сказе ні падпарадкавальнай, ні злучальнай сувяззю, не ўваходзіць у састаў прэдыкатыўнай (граматычнай) асновы.
Асноўныя функцыі зваротка ў мове
§ 183. Асноўная функцыя зваротка — служыць назвай асобы, да якой звернута мова таго, хто гаворыць. Сказы са звароткам паводле структуры і зместу могуць быць самымі разнастайнымі, але ў іх часцей за ўсё адна мэта — засяродзіць увагу на прадмеце паведамлення, выканаць загад, параду, просьбу, пажаданне таго, хто гаворыць, выслухаць паведамленне, адказаць на пастаўленае пытанне і г. д. Называючы адрасат маўлення, зваротак уваходзіць у састаў сказа і разам з іншымі яго членамі абслугоўвае мову як сродак зносін, г. зн. у саставе сказа і праз сказ зваротак удзельнічае ў ажыццяўленні камунікатыўнай функцыі мовы. Лексічнае значэнне слоў, што выконваюць функцыю зваротка, разнастайнае. Яны абазначаюць імёны жанчын і мужчын, прозвішчы, імя па бацьку, а таксама асоб паводле сацыяльнага становішча, якое яны займаюць у грамадстве, паводле іх класавай і саслоўнай прыналежнасці, адносін да розных партый, цячэнняў, арганізацый, пасады, прафесіі, спецыяльнасці, прыналежнасці да якой-небудзь мясцовасці, нацыі, калектыву; абазначаюць ступень роднасці, узрост, стан і інш.: Эх, салдацікі родныя нашы, многа можна пра вас расказаць! (П. Пестрак); Ідзі, народ, на свой вялікі, вольны сход! (Я. Купала); Наперад, хлопцы, блізка Гомель — радзіма добрая мая! (П. Глебка); Камсамолец сямідзесятых! Вазьмі ў сэрца імёны сваіх слаўных папярэднікаў. Як і яны, раней думай аб Радзіме, а потым — аб сабе (Маладосць, 1984); Мы тут самі, Піліп Гардзеевіч, сабралі прыёмнічак (М. Ткачоў); Сельскія працаўнікі! Шырэй разгортвайце сацыялістычнае спаборніцтва на палях і фермах (Звязда, 1985); Грэх табе будзе, Сцёпка, ну, проста-такі грэх, калі ты вучыцца не будзеш (Я. Колас); Дайце, жнейкі, серп займісты (Цётка); Грабар і муляр, каменшчыкі з цеслямі, стройцеся дружна ўдарнымі цэхамі! (П. Глебка). Гэтыя звароткі маюць так званае нейтральнае лексічнае значэнне, без дадатковых эмацыянальных і экспрэсіўных адценняў.
Зваротак можа выконваць функцыю трапнай характарыстыкі субяседніка, ярка выражаць эмацыянальныя адносіны да яго таго, хто гаворыць. У ролі такіх звароткаў выступаюць назоўнікі, што абазначаюць назвы жывёл, птушак (пераважна ў паэзіі), яны ўжываюцца часта ў пераносным значэнні, характарызуючы субяседніка са станоўчага ці адмоўнага боку: Мамачка, галубка,— просіць сын так міла (Я. Колас); Адпусці, паночку-лябедзіку, маю Марыльку на дзянёк (З. Бядуля); Бачу, бачу, мой саколе, ты музыка па душы (А. Русак).
Неадушаўлёныя назоўнікі таксама могуць ужывацца ў ролі зваротка як ацэначныя характарыстыкі, г. зн. у пераносным значэнні. Дзякуючы такім словам мова становіцца больш эмацыянальнай і экспрэсіўнай: Хадосьчын бацька Ігнат, чарнявы, сіваваты, ускудлачаны, гнуўся трохі ўбаку, час ад часу пакрыкваў на жонку, што мяняла паставу, засланяла святло,— каб адхілілася.
— Ціха бо ты, старое верацяно! — зазлаваў ён нарэшце.
Жонка адхілілася, прымірэнча сказала:
— Што ты ўсё бурчыш, стары лапаць? (І. Мележ);
— Стаўбуней сабе ў дзеўках, разяда аблезлая (К. Чорны);
— Заткніся, кадзіла... добрасмярдзючае! Тарас Іванавіч павярнуўся да Памахайліка, акінуў яго грозным вокам.— Табе колькі даць, масла ты лампаднае? — спытаў ён Памахайліка ўжо тонам згоды (Я. Колас).
У большасці выпадкаў звароткі, што выражаюць ветлівасць ці грубасць, прыязнасць ці фамільярнасць, іронію ці сарказм, садзейнічаюць стварэнню пэўнага каларыту, адпаведным чынам настройваюць слухача ці чытача і ўводзяць яго ў эмацыянальную і экспрэсіўную атмасферу выказвання. Гэтыя дадатковыя адценні значэння, якія наслойваюцца на асноўную функцыю зваротка, ствараюцца з дапамогай стылістычных рэсурсаў экспрэсіўнай лексікі, суфіксаў ацэнкі, шляхам далучэння да назвы асобы азначэнняў-эпітэтаў. Такім чынам, уваходзячы ў структуру сказа і ўдзельнічаючы ў ажыццяўленні камунікатыўнай функцыі, звароткі ў той жа час з'яўляюцца адным з моўных сродкаў выражэння экспрэсіі.
Але і гэтым не вычэрпваюцца функцыі зваротка. Іншы раз сэнсавая нагрузка звароткаў настолькі вялікая, што яны засланяюць сабой значэнне ўсяго кантэксту, перастаюць успрымацца як элемент дадатковы і атрымліваюць значэнне такой структурнай часткі сказа, без якой нельга выразіць яго змест: Мой родны кут, як ты мне мілы!.. (Я. Колас); Родная зямля! Дзе б я ні быў, душа мая заўсёды цягнецца да цябе, і я шчаслівы ад таго, што часта бываю ў тваіх па-мацярынску ласкавых абдымках, што сустракаюся з землякамі, бачу іх самаадданую працу (Маладосць, 1985); Сонца! Красуй над зямлёю, самай у свеце прыгожаю (А. Астрэйка); Радзіма мая дарагая! Красуйся і ў шчасці жыві! (А. Бачыла).
Як паэтычны прыём для ўзмацнення эмацыянальнай афарбоўкі сказа такія звароткі часта сустракаюцца ў паэтычных творах, асабліва ў лірыцы. Яны ўваходзяць у састаў вобразных сродкаў мовы, з дапамогай якіх аўтар раскрывае свае думкі, пачуцці, свае адносіны да жыцця. Магчымасць чалавека адрасаваць сваю мову не толькі рэальнай асобе, якая прымае непасрэдны ўдзел у размове, але і адсутнай асобе, неадушаўлёнаму прадмету пры персаніфікацыі надае мове большую жывасць, эмацыянальнасць, павышае яе экспрэсіўнасць, выразнасць і тым самым узмацняе яе ўздзеянне на чытача.
Такім чынам, асноўныя функцыі зваротка ў мове наступныя:
а) назва асобы субяседніка, пазбаўленая эмацыянальных і экспрэсіўных адценняў значэння;
б) назва асобы, пэўным чынам эмацыянальна афарбаваная, якая выражае ўзаемныя адносіны паміж тымі, хто гаворыць;
в) назва асоб, прадметаў, з'яў, якія не прымаюць непасрэднага ўдзелу ў зносінах; такія звароткі ўжываюцца для ўзмацнення экспрэсіі і для выражэння думак, пачуццяў, а таксама аўтарскіх адносін да таго, пра што гаворыцца ў сказе.
Паводле стылістычных якасцей звароткі могуць быць рытарычнымі (пры звароце да адсутнай асобы, да неадушаўлёных прадметаў і паняццяў), перыфрастычнымі (пры замене прамой назвы апісальным выразам), напрыклад: Мне цяжка-цяжка, горка-горка, калі падумаю, што я не стрэну больш Вас, мая зорка, вясна апошняя мая! (Я. Колас) і метанімічнымі, напрыклад: Ну, новыя боты, чаго ж ты — валяй! А вы — за ім (Я. Брыль).
Выбар пэўнай формы зваротка амаль заўсёды прама ці ўскосна адлюстроўвае адносіны да субяседніка, абумоўленыя самымі рознымі фактарамі — пачынаючы ад адносін узроставай і сацыяльнай іерархіі, якія звязваюць субяседнікаў, і канчаючы асабістымі адносінамі паміж імі, эмацыянальным станам таго, хто гаворыць, узроўнем яго этычнай культуры і пад.
Спосабы выражэння зваротка
§ 184. Найбольш тыповай і ўжывальнай у сістэме звароткаў сярод іншых форм яго выражэння з’яўляецца форма назоўніка ў назоўным склоне (з паясняльнымі словамі і без іх).
Семантыка-граматычныя прыметы гэтай мадэлі адлюстроўваюць змест зваротка. Ён мае катэгорыі прадметнасці, адушаўлёнасці, роду, ліку, склону: Краса мая, мой Нёман родны, мая любімая рака! Люблю разліў твой шумнаводны і ціхі бераг рыбака (А. Русак); Няхай жа будзе чыстым тваё, дачка, сумленне; расці, вучыся гэтак, як рос, вучыўся Ленін (А. Вялюгін); О, маці, як я ганаруся тым, што я — твой родны сын (М. Аўрамчык); Паглядзі, правадыр наш, на ўзнятую к сонцу сталіцу маю, на шчаслівы горад наш, адважны і мірны (П. Панчанка); Хачу быць я, мой ты бацька, лётчыкам-героем (Я. Купала); Добрай раніцы, сонечны лес! (Я. Брыль); Будзь жа, век малады, поўны светлымі днямі! Пралятайце, гады, залатымі агнямі! (М. Багдановіч); Гэй вы, хлопцы, арлы маладыя! Уздымайце магутныя крыллі! (П. Трус).
Зваротак можа выражацца субстантывіраванымі часцінамі мовы ў назоўным склоне: Не сумуй па мне, старая, будзь здарова, маці (К. Крапіва); Працоўныя! Чуйце і будзьце гатовы сусветны Кастрычнік спаткаць! (Я. Колас); Гэй вы, коні, гэй, малыя! Што заснулі? Спіце, загнаныя, ад сонца скрытыя, спіце, бяздольныя, горам забітыя! (Я. Купала); Жанатыя і халастыя, успамінайце кожны раз, што ўсе жанкі крыху святыя, што маці нарадзіла вас (С. Грахоўскі); Весялей! Гэй, у скачку, залатыя! Варушыцеся жывей! (Я. Колас); Моцна кахаў я цябе, дарагая, але расстацца нам час (М. Багдановіч); Гэй, араты, пастой (А. Куляшоў); Не плач, забытая, прыеду на пасёлак пазней ці ў травені, як зацвітуць сады (П. Трус).
Звароткі, выражаныя субстантывіраванымі прыметнікамі і дзеепрыметнікамі, маюць іншыя семантыка-граматычныя катэгорыі, чым звароткі, выражаныя назоўнікамі. У іх асоба называецца паводле якаснай ці працэсуальнай прыметы. Істотнай рысай такіх форм з’яўляецца захаванне парадыгматычных і сінтагматычных якасцей прыметнікаў (ужыванне ступеней параўнання, форм суб’ектыўнай ацэнкі).
У мастацкіх творах сустракаюцца звароткі, выражаныя формай старога клічнага склону назоўніка: Бачыш, княжа, загоны, лясы, сенажаці,— ім пакорны я толькі з гуслямі, сілен, княжа, караць, галаву сілен зняць,— не скуеш толькі дум ланцугамі (Я. Купала); Чаго вам хочацца, панове? Які вас выклікаў прымус забіць трывогу аб той мове, якой азваўся беларус? (Я. Купала); Дзень добры, скульптар, як жывеш ты, дружа? (А. Звонак); Дзень добры, суседзе, у новую хату (М. Танк); Камсамоле, яснацвеце, наша радасць, слава! Аб вас песні па ўсім свеце носіць наш усходні вецер (Я. Колас); Прыйдзі пад вечар ты на поле і палюбуйся ім, саколе (Я. Колас); На хараство Радзімы, дружа, падзівіся і абнімі Радзіму мужнаю рукой (Я. Пушча); Кланяйся, громе, роднаму полю, родны вітай ты мой кут! (Я. Колас); Шумі, шумі, зялёны гаю, хоць трохі сэрца супакой. Бывай, бывай, бывай, наш краю, яшчэ мы стрэнемся з табой (А. Зарыцкі).
Акрамя гэтага, зваротак можа выражацца:
а) займеннікамі 2-ой асобы адзіночнага і множнага ліку. Звароткі, выражаныя займеннікамі 2-ой асобы, маюць адценне грубасці ці фамільярнасці і ўжываюцца ў размоўным стылі: Ну, ты, цыц! Не разводзь сырасць... (А. Макаёнак); «Ну, ты... падымайся!» — закамандаваў ён (Я. Колас); Ты!.. Ты прыехала са сваёй байстручкай, дык маўчы!.. (І. Шамякін); «Гэй, ты, пастой!» — настойліва паклікаў Отта Штрайх сівога чалавека (М. Лынькоў); Ты! Не крычы гэтак! (К. Чорны); — Гэй, вы! — крыкнуў ён.— Скідайце шапкі! (І. Чыгрынаў); Эй, ты, чаму не едзеш? (К. Чорны);
б) спалучэннямі сінанімічнага характару: Гэй, сустрэчны-папярэчны, абдаруй хлапчынку скарбам (З. Бядуля); Гэй, дарогі-пуцявіны, чыёй волі вы ганцы? (Я. Колас); Ой, лясы-бары ды лугі-разлогі! Цераз вас ідуць пуцінкі-дарогі (М. Багдановіч);
в) непадзельнымі словазлучэннямі: Дык здароў жа будзь, год Новы, сорак другі год! (Я. Колас).
Важную стылістычную функцыю ў мове мастацкай літаратуры выконваюць звароткі фразавага тыпу. Шырокая, часта метафарычная характарыстыка асобы ці прадмета прадвызначае пераважнае ўжыванне такіх звароткаў у паэтычнай мове: Паўстань, пракляццем катаваны! Паўстань, хто з голаду век пух! (Я. Купала); Худзее жонка ў слёзах, працы, трасе дзюравым каптаном... Гэй ты, што песцішся ў палацы, мей ж літасць над маім жыццём?! (Я. Купала); О вы, што век цэлы адзеты і сыты, і з думкай адной, каб пражыць весялей! Ці бачылі гора ў вёсцы забытай? (Я. Купала); Гэй, каторы з голаю спіной! Хадзем пад яблыню, казку раскажу (У. Караткевіч); «Ну,— звярнуўся ён да настаўнікаў,— каму абрыдла настаўніцтва і хто хоча казённай кашы — падпісвайся!» (Я. Колас).
Звароткі могуць мець фармальную структуру двухсастаўных сказаў (з іменным выказнікам), у якіх асабовыя займеннікі ты, вы ператвараюцца з дзейнікаў ва ўзмацняльныя службовыя словы, напрыклад: Мой ты сыночак, мой ты родненькі, я свету божага не бачу, ночак не сплю праз цябе... Як там даводзіцца табе, пакутнік мой залаты... (А. Васілевіч); Мой ты слаўны, што ты тужыш? (П. Панчанка).
Звароткам можа быць і той запытальны выраз, праз які шукаецца імя адрасата — як цябе?, як вас?: «Гэй! Як цябе там? Вярніся! Чуеш?» — гукае а. Мадэст (Я. Колас); «Гэй! — крыкнуў Лабановіч.— Гэй, хто там? Пачакайце!» (Я. Колас).
Функцыю зваротка здольны выконваць і залежныя ад прапушчанага імя азначальна-акалічнасныя прыназоўнікава-склонавыя формы: Гэй, на кране, падавай блок! (З вуснай мовы); Пакружыўся над намі лясны самалёт, насварыўся крыламі: «Эй вы, на пагорку!» (М. Лужанін).
Тыпы звароткаў
§ 185. У залежнасці ад аб'ёму зваротка, г. зн. колькасці слоў, якімі ён выражаецца, адрозніваюць развітыя і неразвітыя звароткі.
Неразвітымі называюцца звароткі, выражаныя адным словам: Я стаю ў цішы і слухаю тваё дыханне, Нарач (Н. Гілевіч); Весела, госцейкі, песню спявайце (М. Танк); Вей, вецер, хвойным водарам (П. Панчанка); Не пазнаць, Беларусь, цябе сёння! (Я. Колас); Таварышы! Зняць шапкі над жывой магілай (Я. Купала); Ранне! Крыштальнай расою выкупай травы мурожныя (А. Астрэйка); Адстукай, вецер, мне дэпешу кляновым голлем на акне (П. Броўка); Таварышы! Гляньце, якая вясна без грому вайны ўзыходзіць на ганак (М. Лужанін).
Звароткі, у склад якіх, акрамя асноўнага слова, уваходзяць залежныя ад яго словы, называюцца развітымі. Такія звароткі служаць сродкам якаснай характарыстыкі асобы, прадмета, жывой істоты. Яны падкрэсліваюць іх асноўныя прыметы, уласцівасці: Пракляты навекі нямецкі фашызм, няўжо не хопіць ва ўсёй тваёй зграі здольнасці зразумець, што нельга будаваць сваё шчасце на вялікім няшчасці мільёнаў? (В. Быкаў); О, светлае сонца, прасветлае! Усім ты нясеш і цяпло і красу (Я. Купала); Ой, старонка мая ты лясная, беларуская наша зямля, табе сёння паклон пасылае ўсіх народаў савецкіх сям'я (А. Астрэйка); Народ пранесе цябе, родная мова, святлом незгасальным у сэрцы сваім (М. Танк); Дзе б я ні быў, сябры мае, перад вачыма нібы жывая ўстае мая Радзіма (А. Александровіч).
Састаў развітых звароткаў вельмі разнастайны: у іх пры вядучым слове могуць быць дапасаваныя і недапасаваныя азначэнні, прыдаткі, дапаўненні, акалічнасці і нават даданыя сказы: Дзень добры, Масква, сэрца нашай Радзімы! (А. Астрэйка); О, край мой любімы, як многа прыволля... (А. Русак); Дзень добры, Беларусь, народная дзяржава, зямля руплівых рук, радзіма слаўных спраў (А. Звонак); Слаўся палётам крылатым, наша жыццё маладое (А. Русак); Ад тваёй мудрай волі і сілы, наша добрая партыя-маці, за плячыма ў нас выраслі крылы (А. Астрэйка); Зямля ты наша, упрыгожым, у сад абернем мы цябе! (Я. Колас); Народы вялікай краіны, што селі ў пачэсным куце! Няхай наша дружба цвіце, каб сонцам ірдзелі пуціны (Я. Колас).
Па спосабу ўжывання звароткі бываюць адзіночныя, паўторныя, складаныя і групавыя.
Адзіночны — гэта зваротак (развіты або неразвіты), адрасаваны адной асобе або прадмету і ўжыты ў сказе адзін раз: Маладосць! Я ўсё табе аддам, не сыйду з дарог тваіх ніколі! (Маладосць, 1984); Радзіма мая дарагая, ты ў шчасці жаданым жыві (А. Бачыла); Эх, луг шырокі! Як жывы, ты, травой мурожнаю пакрыты, стаіш зялёны прада мною і ззяеш дзіўнаю красою! (Я. Колас).
Зваротак, ужыты ў сказе два і болей разоў з мэтай узмацнення яго эмацыянальнай выразнасці, называецца паўторным: Эй, хлопцы, хлопчыкі! Уставайце! Кароў на пашню выганяйце (Я. Колас); Эх, шляхі, родныя шляхі! Хто перакажа нам вашы казкі, разгадае думкі, назбіраныя і напісаныя часамі на камнях вашых прысад (Я. Колас); Маладзечна, Маладзечна, мой паклон табе сардэчны (А. Русак); Ой, дарогі, вы, дарогі, колькі мы вас абышлі (А. Астрэйка); Восень, ой, восень, панурая, сумная, зноў ты прыйшла ўжо да нас (А. Гурло); Лета, ты, лета прыгожа-квяцістае, колькі ты ўносіш аздобы з сабой! (Я. Купала).
Паўторныя звароткі больш выразныя і эмацыянальныя, чым адзіночныя: Сэрца, сэрца, тугою не ный (П. Трус); Вясна, вясна жаданая! Ты прыйдзеш зноў, ты вернешся! (Я. Колас); Шляхі, шляхі! О як жа многа было вас пройдзена ў жыцці! (П. Прыходзька).
Зваротак, які складаецца з двух і болей слоў або словазлучэнняў і па-рознаму называе адну і тую ж асобу, прадмет, называецца складаным. Асаблівасць складанага зваротка заключаецца ў тым, што элементы яго, выступаючы рознымі назвамі аднаго і таго ж прадмета, асобы, знаходзяцца як бы ў раўнапраўных адносінах да гэтага прадмета, асобы, але звязаны адзін з другім семантычна-экспрэсіўнай градацыяй: А дзядзька! Дзядзечка, саколік! Насып мне ягад у прыполік! (Я. Колас); Алесь, сынок, ...ідуць кароўкі! Бяжы хутчэй (Я. Колас); Новы край, савецкі край! Беларусь, мая старонка! Я хацеў бы песняй звонкай... слова выказаць: вітай! (Я. Колас); Спі, сынок, маё дзіцятка (В. Вярба); Краіна мая, радасць мая, песня мая маладая! Па нівах тваіх, па тваіх гаях сынава сэрца рыдае (П. Панчанка).
Групавыя — гэта звароткі, адрасаваныя розным асобам, прадметам. Кампаненты групавых звароткаў злучаюцца, як правіла, інтанацыяй пералічэння, а часамі і злучальнымі злучнікамі: Ой, вы, сонца, месяц, зоры! Праўду мне скажыце (Я. Колас); Эх, горы і скалы, даліны і кручы, і ты, нерухомы, магутны Чымган! (Я. Колас); Ласка і гнеў, ціша і бура! Я вітаю вас, калі вы прыходзіце ў сваім часе, калі выконваеце вы адвечную волю жыцця (Я. Колас); Бывайце, грушы шапаткія, вербы ціхія, маладыя, вольныя вечары! (І. Мележ); Хлопцы, цёткі і дзяўчаты, дзядзькі, сёстры і браты, нашай песні ўзмах крылаты не стрымаюць і вятры (М. Машара); Ой, бярозы ды сосны — партызанскія сёстры, вас ніколі ў жыцці не забыць (А. Русак).
Такія звароткі звязаны адносінамі аднароднасці.
Розныя тыпы звароткаў ажыўляюць паведамленне, робяць яго выразным і эмацыянальным, настройваюць чытача (слухача) на пэўнае ўспрыняцце тэксту.
Месца зваротка ў сказе, яго інтанацыйнае выдзяленне і сфера ўжывання
§ 186. Зваротак можа стаяць па-за сказам ці ўваходзіць у яго састаў. Уваходзячы ў састаў сказа, зваротак не становіцца яго членам, г. зн. не мае злучальнай ці падпарадкавальнай сувязі з іншымі словамі і захоўвае граматычную самастойнасць і адасобленасць сваёй пазіцыі.
Паколькі зваротак граматычна не звязаны з членамі сказа, то ён не мае пастаяннага месца і можа стаяць у пачатку, сярэдзіне або ў канцы сказа. Аднак у радзе выпадкаў у залежнасці ад мэты выказвання, лагічнага выдзялення і інтанацыйнага афармлення акрэсліваецца больш-менш пэўнае месца зваротка ў сказе.
У пачатку сказа зваротак звычайна ставіцца тады, калі выражаецца заклік, загад, пабуджэнне, просьба або перадаюцца тыя ці іншыя эмоцыі, пачуцці: Браты! Вялікая дарога чакае нас і родны край (Я. Колас); Нястомны камунар, змаганню гімн спявай, на варце пільнай будзь (Я. Журба); О Беларусь мая, ён [Ленін] даў тваім сынам дзяржаўны руль, братэрскай дружбы сілу, а мове, песням іх — узмах арліны крылаў (А. Александровіч); Любыя! З ценем былога нам не патрэбна дружыць (М. Хведаровіч); Дняпро і Сож, Дзвіна і Прыпяць, нясіце радасць нашу ўдаль... (М. Чарот); О Расія, я песняй сардэчнай падзялюся, як хлебам, з табой (П. Прыходзька).
У пытальных і клічных сказах, у зваротах ветлівасці зваротак займае месца пераважна ў канцы сказа: Век жыць вам у сэрцы народа, героі! (М. Танк); Ты чуеш, дружа? Ранак мая курантаў бой рассыпаў па Маскве (П. Прыходзька); Звіні, вясёлых бомаў медзь! (М. Багдановіч); Я слаўлю твой лёс, песенна-светлая Віцебшчына! (М. Калачынскі); Дзень добры, Беларусь, народная дзяржава, зямля руплівых рук, радзіма слаўных спраў (А. Звонак).
Звароткі, якія лагічна не выдзяляюцца, звычайна знаходзяцца ў сярэдзіне сказа. У ролі гэтых звароткаў нярэдка выступаюць словы, што страцілі сваё канкрэтнае значэнне, і словы са значэннем ацэнкі, характарыстыкі: Праляціш над нашым полем ты на самалёце, калі я там, мой саколе, буду на рабоце (Я. Колас); З Масквы, з Крамля хадою ўдумнай, усенароднай, чалавечай, праз поле, поплавы, буруны ідзе, таварышы, камуна на свеце шчасце ўвекавечыць! (Я. Купала); Ці чуеш, ці бачыш, мой дружа, як іншы, як лепшы стаў свет? (Я. Купала); Няможна, сынок, дабром раскідацца (З. Бядуля).
Некаторыя звароткі гэтага тыпу па функцыі набліжаюцца да пабочных канструкцый. Гэта словы брат, браток, браце, брат ты мой, якія ўжываюцца безадносна да полу і ступені роднасці: «Яўгеня,— усміхнуўся ў той бок Змітра,— ты, брат, цар-баба, я ведаю» (Я. Брыль); «Аўдоля! — гукае Сцяпан.— Ідзі, брат, закуры!» (К. Крапіва); Жыві, брат выдра, калі такая справа выйшла (Э. Самуйлёнак).
Месца зваротка ў сказе ўплывае на ступень дадатковай прэдыкатыўнасці сказа. Па ступені дадатковай прэдыкатыўнасці сказы са звароткамі, як і іншыя ўскладненыя сказы, неаднародныя. Сярод іх можна выдзеліць сказы з мінімальнай, сярэдняй і максімальнай ступенню прэдыкатыўнасці звароткаў.
Для сказаў з мінімальнай ступенню прэдыкатыўнасці звароткаў характэрна інтэрпазіцыя зваротка. Звычайна такі зваротак выражаецца назоўнікам без ацэначнай семантыкі, неразвіты ці мала развіты: Сядай, Якубе, з намі (К. Крапіва); Давай, зямляк, мяшкі паложым, спачнем ля бацькаўскіх варот (П. Глебка).
Сказы з максімальнай ступенню прэдыкатыўнасці звароткаў нагадваюць сабой вакатыўныя сказы: — Панас! — вырваўся нямы крык з грудзей старога, і ён кінуўся да нерухлівай постаці свайго сына (Я. Колас); Ён падышоў на два крокі, пільна заглянуў мне ў вочы, уздыхнуў: «Эх, Шапятовіч, Шапятовіч...» (І. Шамякін).
Прамежкавую групу ўтвараюць сказы з сярэдняй ступенню прэдыкатыўнасці. У гэту групу ўваходзяць звароткі, якія не толькі называюць адрасат маўлення, але і даюць яго паўпрэдыкатыўную характарыстыку — звароткі, выражаныя словамі, словазлучэннямі і фразеалагізмамі, якія маюць якасна-ацэначнае значэнне, а таксама звароткі з прыдаткам і інш.: «Хадзі, дзеткі, сюды»,— паклікала яго цётка ў камору (Я. Колас); Давайце, добрыя сябры, пагутарым аб шчасці (П. Глебка); Прымі паклон і пажаданне, цудоўны Пінск, дзіця вякоў, каб за цяжкія ўсе насланні ты шчасце вечнае знайшоў (У. Дубоўка); Ой, ты, месяц, любы дружа, паплыві на мора (А. Русак).
Адным з важных фактараў, якія ўзмацняюць прэдыкатыўнасць звароткаў, з’яўляецца іх развітасць. Чым больш пры зваротку азначальных слоў, тым больш у структуры зваротка патэнцыяльнай прэдыкатыўнасці, паколькі любыя атрыбутыўныя спалучэнні лёгка трансфармуюцца ў прэдыкатыўныя: Зямля мая, нябёсаў родных сінь, лугоў зялёныя пасцелі! Вы ўстаяце з-за смутных далячынь... (Я. Колас); Ой, старонка мая ты лясная, беларуская наша зямля, табе сёння паклон пасылае ўсіх народаў савецкіх сям’я (А. Астрэйка).
Развітыя звароткі знаходзяцца звычайна ў пачатку ці ў канцы сказа. У залежнасці ад месца і функцыі зваротка (прыцягнуць ці падтрымаць увагу субяседніка, указаць на адносіны паміж субяседнікам і тым, хто гаворыць) рознай будзе і інтанацыя. Знаходзячыся ў ізаляваным становішчы ці ў пачатку сказа, зваротак заўсёды вымаўляецца з асобай, толькі яму ўласцівай, клічнай інтанацыяй: Краіна мая, радасць мая, песня мая маладая! Па нівах тваіх, па тваіх гаях сынава сэрца рыдае (П. Панчанка); Беларусь мая! Твае каліны, арабіны, ясені ў гаю — шолахам і песняй жураўлінай заплылі ў мой лёс, душу маю (Маладосць, 1985); Край ты, край наш дзівосны, дарагая Радзіма! Без тваіх ясных вёснаў жыць нідзе б не змаглі мы (К. Кірэенка); Мая вялікая Радзіма, люблю твой бурны подых дзён (П. Глебка).
Калі зваротак знаходзіцца ўнутры сказа, ён вымаўляецца з інтанацыяй пабочнасці, больш хутка ў параўнанні з тэмпам вымаўлення ўсяго сказа: Паклон табе, бацькоўская зямля, паклон табе — ад сына, а не госця (Звязда, 1984); Шуміце ж, шчаслівыя родныя нівы, пад ціхія шэпты прысад. Красуй, каласістае жыта, шумліва, краіны савецкай краса! (П. Глебка).
Экспрэсіўныя ці так званыя ацэначныя звароткі звычайна лагічна і інтанацыйна выдзяляюцца і вымаўляюцца некалькі працягла: — Ну, с’волачы, цяпер чакайце! — сцішна, з ледзьве стоеным, гатовым прарвацца запалам сказаў Жук. Галадай, устаючы ад бомбы, буркнуў.— Памаўчы. Раней скокні.— Нічога, браткі, нічога,— выціраючы спатнелы лоб, сказаў у куце Янушка, былы калгасны брыгадзір, цяпер аднавокі гефтлінг, аздоблены мішэнямі за тры спробы ўцячы на волю (В. Быкаў).
Лагічна зваротак выдзяляецца і тады, калі ён стаіць пасля асабовага займенніка, хоць і вымаўляецца з некаторым паніжэннем голасу: Ты ляці, маё слова, праз палі і лясы, прывітайся з краінай маёй дарагою (П. Панчанка); Ты была для мяне песняй казак-надзей,— маці... маці мая дарагая (П. Трус); Эх ты, жыццё, жыццё людское! Няма табе, няма спакою (Я. Колас); Паклон табе нізкі, Нява, паклон табе, Ленінград (А. Русак).
Такім чынам, акрамя сэнсавай і функцыянальнай сувязі са сказам, зваротак звязаны з астатнім саставам сказа і інтанацыйна.
Асноўная сфера ўжывання зваротка:
а) вусная або пісьмовая дыялагічная мова:
— Што ў цябе такое? — устрывожана пытаецца ён.
— Каня... укралі. Язэпка, родненькі, саколік, ратуй жа ты нас (К. Крапіва);
б) мова аратарскіх выступленняў: Дарагія таварышы! Цэнтральны Камітэт КПСС горача вітае ўдзельнікаў Усерасійскай нарады сакратароў партыйных арганізацый... (Звязда, 1985);
в) мова дзелавога характару — загады, аб’явы, адозвы, лозунгі, прывітанні: Таварышы! Сёння адбудзецца ўрачысты сход;
г) мова дзелавой і прыватнай перапіскі, дзе зваротак з’яўляецца формулай, з якой пачынаецца пісьмо: Гануся мая! Пішу табе з дарогі (К. Чорны);
д) мова лірычных твораў і лірычных адступленняў: Далёкае неба! Сіняе неба! Што ёсць на свеце дзіўнейшае, як ты? (Я. Колас); Меднастволы, як выліты, высіцца бор, зацвітае на ўзлессі блакітны чабор, заглядзелася сонца ў люстра азёр,— гэта ты, мая Беларусь! (П. Панчанка); Край ты, край наш дзівосны, дарагая Радзіма! Без тваіх ясных вёснаў жыць нідзе б не змаглі мы (К. Кірэенка); Ой, вёска, вёска пры гасцінцы! Пад ціхі гоман вербалоз яшчэ з гадоў свайго дзяцінства я пакахаў цябе да слёз! (П. Трус); Прымі паклон і пажаданне, цудоўны Пінск, дзіця вякоў, каб за цяжкія ўсе насланні ты шчасце вечнае знайшоў (У. Дубоўка); О край мой мілы! Усёй душою хачу злучыцца я з табою, ў тваіх палях пазычыць сілу, ў тваёй зямлі сысці ў магілу (Я. Колас); Крыніца пабліз маёй вёскі, схаваная ў густым трысці! Люстэркам чыстым, самым першым ты мне з’явілася ў жыцці (П. Броўка).
