Предыдущий раздел | Оглавление | Следующий раздел
Пабочныя канструкцыі
§§ 187–194
ПАБОЧНЫЯ КАНСТРУКЦЫІ (словы, спалучэнні слоў і сказы)
Агульная характарыстыка
§ 187. Пабочнымі называюцца такія граматычна не звязаныя з членамі сказа канструкцыі (словы, спалучэнні слоў і сказы), якія служаць для выражэння адносін таго, хто гаворыць, да выказанай думкі. Пабочныя словы і спалучэнні слоў не з'яўляюцца членамі сказа: Любіў я некалі, бывала, глядзець, як ліўся дождж суздром (А. Бачыла); У полі паветра, здаецца, аж звініць ад чысціні (Т. Хадкевіч); Пануры лес, здавалася, драмаў на сонцы (З. Бядуля); Жыццё, як вядома, рэч вельмі складаная (М. Паслядовіч); Там, дзе чарот шумеў, бывала, цяпер пшаніца шапясціць (Я. Колас); Вялікае, кажуць, добра бачыцца на адлегласці (М. Калачынскі); Больш-менш вялікіх каменняў на Палессі не знойдзеш: яны засталіся далей на поўнач, напрыклад, у Полаччыне (Я. Маўр).
Заўвага. Ад пабочных слоў і спалучэнняў трэба адрозніваць:
а) часціцы і прыслоўі, якія выражаюць сумненне, меркаванне ці маюць азначальнае, узмацняльнае, абмежавальнае значэнне (як быццам, як раз, наўрад ці, амаль, прыкладна, пэўна, выключна і пад.);
б) слова нарэшце з'яўляецца пабочным, калі абазначае парадак выкладу, паслядоўнасць думак. Калі ж гэта слова мае акалічнаснае значэнне 'пад канец, у выніку ўсяго', то яго нельга лічыць пабочным; у такім выпадку нарэшце часта ўжываецца ў пачатку сказа, інтанацыйна не выдзяляецца, выконвае функцыю акалічнасці часу;
в) слова аднак у пачатку і ў сярэдзіне сказа часцей за ўсё выступае як злучнік (у значэнні але) і не з'яўляецца пабочным;
г) слова значыць выконвае функцыю пабочнага ў тым выпадку, калі ўказвае на сувязь думак, на адносіны паміж часткамі выказвання, вывад. Калі ж гэта слова ўжыта са значэннем 'абазначае', яно — член сказа.
Пабочныя словы, спалучэнні слоў і сказы — адзін з відаў парантэзы (грэч. parenthesis) — унясенне, устаўка якіх-небудзь элементаў, што суадносяцца са зместам асноўнага саставу сказа ці яго канструктыўных частак, але выходзяць за межы звычайных сінтаксічных сувязей паміж кампанентамі гэтага саставу.
Парантэза ажыццяўляецца галоўным чынам з дапамогай інтанацыйных сродкаў мовы і абумоўліваецца або неабходнасцю аўтарскай характарыстыкі ці ацэнкі зместу выказвання, чаму служаць пабочныя словы, спалучэнні слоў і сказы, або неабходнасцю паведаміць нейкія дадатковыя заўвагі адносна зместу выказвання ў цэлым ці асобных яго частак, для чаго ўжываюцца ў мове ўстаўныя канструкцыі.
Пабочныя словы, спалучэнні слоў і сказы звязаны з асноўным зместам сказа, з'яўляюцца яго арганічнай часткай, адным з яго кампанентаў, што робіць немагчымай адвольную замену адных пабочных элементаў іншымі, далёкімі па сэнсу. Пропуск пабочных слоў і спалучэнняў слоў у сказе таксама вядзе да больш ці менш значных змен яго сэнсу. Калі ў сказ, дзе не было пабочных элементаў, увесці іх, у яго змесце адбудуцца пэўныя змены.
Пабочныя словы і спалучэнні слоў выражаюць розныя адценні суб'ектыўных адносін таго, хто гаворыць, да зместу выказвання:
1) верагоднасць, несумненнасць, поўную адпаведнасць зместу паведамлення фактам рэчаіснасці (безумоўна, бясспрэчна, сапраўды, натуральна, вядома, несумненна, праўда, разумеецца, без сумнення, на самай справе);
2) неверагоднасць, папярэдняе меркаванне, няпэўнасць (відавочна, відаць, магчыма, думаю, думаецца, здаецца, можа, напэўна, трэба думаць і пад.);
3) крыніцу, аўтарства думкі (па-мойму, на мой (наш) погляд, па-вашаму, па-твойму, гаворым, гаворыце, паводле слоў, як кажуць, як вядома).
Асобае месца сярод пабочных слоў гэтай групы займае слова моў (маўляў), якое ўказвае на ўскосную перадачу зместу прамой мовы (Хай не бянтэжыць вас яго размова, што, моў, гады і час, маўляў, самоў (А. Зарыцкі));
4) указанне на спосаб выражэння думак (іншымі словамі, калі можна так сказаць, з дазволу сказаць, так сказаць);
5) спасылкі на звычайнасць фактаў, пра якія ідзе размова (як заўсёды, бывае, здараецца);
6) лагічныя і экспрэсіўныя адносіны паміж думкамі ў ходзе выказвання (па-першае, па-другое, далей, нарэшце, напрыклад, так, у прыватнасці, значыць, такім чынам, наадварот, аднак, між іншым, з аднаго боку, з другога боку, разам з тым, як адзначалася, дарэчы, адным словам). Многія словы гэтай групы, выражаючы адносіны паміж часткамі выказвання, выконваюць функцыі злучнікаў;
7) эмацыянальныя адносіны таго, хто гаворыць, да рэчаіснасці (на шчасце, на жаль, як на бяду, дзіўная справа);
8) ацэнку меры ці ступені якой-небудзь якасці ці колькасці, ацэнку значнасці пэўнага факта (галоўнае, самае галоўнае, па меншай меры);
9) нечаканае прыпамінанне чаго-небудзь па асацыяцыі з выказаным раней (дарэчы, між іншым);
10) рознага роду заклікі да субяседніка ці чытача з мэтай актывізаваць яго ўвагу, выклікаць у яго пэўныя адносіны да названага факта (уяві сабе, паверце, ці паверыш, паўтараю, падкрэсліваю, паслухай, ці верыш і пад.).
Пабочныя кампаненты з гэтым значэннем нярэдка аказваюцца семантычна факультатыўнымі, а таму іх збліжаюць з выклічнікамі. Аднак больш падстаў для функцыянальнага і семантычнага збліжэння такіх адзінак з часціцамі, асабліва ў тых выпадках, калі яны з'яўляюцца інфарматыўна лішнімі.
Разнастайныя паводле значэння, спосабу выражэння і будовы пабочныя элементы маюць агульныя дыферэнцыяльныя прыметы, асноўныя з якіх наступныя:
а) агульнае значэнне пабочных кампанентаў — адносіны таго, хто гаворыць, да таго, пра што паведамляецца;
б) з спосабаў выражэння дамінантнай з'яўляецца катэгорыя мадальных слоў, гэта асноўны лексіка-граматычны клас, які выступае ў функцыі пабочных слоў;
в) інтанацыйнае выдзяленне ў вуснай мове.
Найбольш выразная з гэтых прымет — семантычная прымета, якая абумоўлівае спосаб выражэння.
Галоўнай сінтаксічнай асаблівасцю пабочных слоў, спалучэнняў слоў і сказаў з'яўляецца іх фармальная незалежнасць ад асноўнага саставу сказа, у які яны ўваходзяць. Іх адносіны са сказам, яго асобнымі членамі ці цэлымі часткамі не афармляюцца ні злучальнай, ні падпарадкавальнай сувяззю. Нават калі ў саставе пабочных слоў, спалучэнняў слоў і сказаў ёсць злучнік, ён не выступае ў функцыі звязкі.
Граматычная сувязь пабочных элементаў са сказам ажыццяўляецца галоўным чынам пры дапамозе інтанацыі пабочнасці, якая характарызуецца паніжэннем голасу і больш хуткім вымаўленнем слоў у параўнанні з вымаўленнем асноўных кампанентаў сказа.
Такім чынам, пабочныя кампаненты знаходзяцца ў семантыка-інтанацыйнай сувязі з асноўным саставам сказа ў цэлым: Разумеецца, я з вялікаю ахвотаю згадзіўся занесці дзядзьку полудзень (Я. Колас); Адным словам, палонны і хлопец, пакуль прыйшлі на кватэру, пасябравалі (К. Чорны). Акрамя таго, яны могуць знаходзіцца ў семантыка-інтанацыйнай сувязі з адной з частак складанага сказа, з'яўляючыся нейтральнымі ў адносінах да другой часткі яго:
а) з адной з частак складаназлучанага сказа (У яго душы, відаць, адбываўся нейкі балючы працэс, і ён перажываў яго моўчкі, патаемна (Я. Колас); Янук стаіць на высачэзным рыштаванні, і, здаецца, увесь свет відзён яму адтуль (А. Кулакоўскі));
б) з галоўным сказам у саставе складаназалежнага (Праўда, Сцёпка стараўся ўпэўніць сябе, што нічога благога ў яго не было (Я. Колас); Вядома, ён разумеў, што ў такім становішчы трэба быць асабліва пільным (В. Быкаў));
в) з даданай часткай складаназалежнага сказа (Лабановіч пачуў, як бы яму стала чагось шкада, хоць, праўду сказаць, яму і надакучыла за зіму гэта работа (Я. Колас); Трус, мабыць, каб яму аднаму было не сумна выступаць, угаварыў і мяне прачытаць свой верш «Маці» (Р. Сабаленка)).
Сэнсава-інтанацыйная сувязь пабочных элементаў са сказам выяўляецца найбольш выразна і ў большай ступені тады, калі яны адносяцца да асобных членаў сказа, якія маюць лагічны націск. Напрыклад, калі далучаюцца да:
дзейніка («Ды ты, аказваецца, добра ведаеш сельскую раніцу!» — усклікнуў Дзямід Сыч (М. Паслядовіч));
выказніка (Дубок, добра выканаўшы сваё заданне, вярнуўся, аднак, сумны, незадоволены (М. Лынькоў));
дапаўнення (Старшыня нахіляецца да Мірона Брыля, штось гаворыць, відаць, аб адчыненні сходу (Я. Колас));
азначэння (Малады, відаць, дужы, ён аб чымсьці ўвесь час думаў (М. Лынькоў));
акалічнасці (Найпільней за ўсіх, здаецца, слухаў Захар Зубец (П. Пестрак)).
Пабочныя словы і спалучэнні слоў могуць знаходзіцца ў семантыка-інтанацыйнай сувязі і з адасобленымі зваротамі, якія не маюць на сабе лагічнага націску: Выпрабоўваючы, мабыць, свае сілы, захапляючыся шырынёй прастораў, ён хутка збег з узгорка (Э. Самуйлёнак); Людзі там спяшаюцца, мусіць, як і гэтыя воблакі (А. Грамовіч).
Знаходзячыся ў семантычнай і інтанацыйнай сувязі з асноўным саставам сказа ці з якім-небудзь яго членам, пабочныя словы і спалучэнні слоў у сваёй форме не залежаць ад яго, збліжаючыся ў гэтых адносінах з прымыкаючымі словамі (вядома, ён; вядома, прыйдзе і пад.).
Паміж пабочнымі членамі і астатняй часткай сказа існуе суадносная сувязь.
Пастаяннага месца ў сказе пабочныя словы і спалучэнні слоў не маюць, яны могуць стаяць у пачатку, у сярэдзіне і ў канцы сказа. Пачатак ці канец сказа — найбольш звычайная пазіцыя для тых пабочных элементаў, якія па сэнсу звязаны з усім асноўным саставам сказа: Па праўдзе сказаць, настаўніку хацелася пабачыць панну Ядвісю (Я. Колас); Адным словам,— быў свой невялікі круг, родная частка вялікага свету, з сярэдзінай, сэрцам — Верачкай (Я. Брыль); Здаецца, нічога і не змянілася (М. Ракітны); А вось пасля сходу са смельчаком можна разлічыцца. Неўпрыкметку, вядома (А. Асіпенка); Гэты год будзе ранняя восень, відаць (К. Чорны); Нішто ўжо не магло скрануць іх з месца — ні сталь, каваная дзеля вайны, ні полымя, ні смерць сама, здаецца (М. Калачынскі).
Пры сувязі ж пабочных слоў і спалучэнняў слоў з асобным членам сказа яны ў большасці выпадкаў займаюць месца побач ці паблізу яго. Прэпазіцыйнае выкарыстанне пабочных слоў і спалучэнняў слоў у такіх выпадках сустракаецца значна часцей, чым постпазіцыйнае: Атрад абышоў вёску, бо нямецкі пост, па дакладных звестках, павінен знаходзіцца ў канцы правага флангу (М. Лынькоў); Так зычліва ззяюць зоры, мабыць, радыя вясне (Я. Колас); Ён пачаў гаварыць спакойна і, на здзіўленне сабе, салідна (П. Пестрак).
Сістэма пабочных слоў і спалучэнняў слоў неаднародная. Адны з іх утвараюць пэўныя граматычныя тыпы, другія выступаюць у выглядзе застыўшых форм слоў, якія страцілі былую сувязь з адпаведнымі часцінамі мовы, трэція — як устойлівыя фразеалагічныя адзінкі або лексічна абмежаваныя тыпы спалучэнняў слоў. Сярод пабочных слоў і спалучэнняў слоў выдзяляюцца:
1. Словы і ўстойлівыя спалучэнні слоў, якія адарваліся ад сваёй парадыгмы і ў мове выступаюць толькі ў якасці пабочных. Гэта мадальныя словы. Яны належаць да нязменных слоў і ў сказе выступаюць у ролі толькі пабочных кампанентаў. Сюды ўваходзяць: напрыклад, мабыць, нябось, словам, стала быць, уласна кажучы, калі ласка, бадай што. Да іх далучаюцца і словы, граматычна падобныя да мадальных, але адрозныя ад апошніх семантычна: па-першае, па-другое, па-трэцяе, па-чацвёртае.
Заўвага. Тэрміны «мадальныя словы» і «пабочныя словы» — не сінонімы, паколькі мадальныя словы — адзінкі марфалогіі, а пабочныя словы — адзінкі сінтаксісу.
2. Словы і спалучэнні слоў, якія не адасобіліся ад розных часцін мовы. Адметнай рысай слоў і спалучэнняў гэтай групы з'яўляецца неабавязковасць для іх мадальнага значэння і пабочнай функцыі. А таму яны могуць выступаць і ў ролі пабочных элементаў, і ў ролі членаў сказа. Да гэтай групы адносіцца пераважная большасць слоў і спалучэнняў слоў з самым разнастайным значэннем, многім з якіх пры ўжыванні ў ролі пабочных уласціва і выражэнне мадальнасці: магчыма, бясспрэчна, сапраўды, вядома, кажуць, ведаеце, відаць, прызнацца, здаецца, па-мойму, па-вашаму, сказаць па сакрэту, мне здаецца, як на шчасце, такім парадкам, на нашу думку, можна сказаць, дарэчы сказаць, паводле слоў і г. д. Словы і спалучэнні слоў гэтага тыпу, выступаючы ў функцыі пабочных, як правіла, аддаляюцца ад свайго канкрэтнага значэння.
Паводле аб'ёму і структуры пабочныя элементы бываюць:
а) аднаслоўныя: бач, здаецца, відаць, разумеецца, мусіць, мабыць, можа, прынамсі, безумоўна, пэўна, звычайна, напрыклад і інш.;
б) словы з прыназоўнікамі: на жаль, на шчасце, на радасць, для прыкладу і інш.;
в) словы ў спалучэнні з часціцамі і злучнікамі: ці паверыце, не паверыце, сказаў бы, павер жа, зноў жа, як відаць, як кажуць, калі хочаце, як на злосць, як быццам бы і інш.;
г) спалучэнні з двух і болей знамянальных слоў: можа быць, на яго думку, само сабой разумеецца, тым часам, уявіце сабе і інш.
Пабочныя словы
§ 188. Па суадноснасці з пэўнымі часцінамі мовы пабочныя словы падзяляюцца на два тыпы — іменны і дзеяслоўны.
Іменны тып
§ 189. У склад іменнага тыпу ўваходзяць пабочныя словы, якія па форме суадносяцца са склонавымі формамі назоўнікаў, прыметнікаў, а таксама з рознымі групамі прыслоўяў. Па спосабу ўтварэння пераважаюць прыназоўнікавыя канструкцыі. У залежнасці ад марфалагічнай прыроды іменны тып пабочных слоў у сваю чаргу падзяляецца на наступныя групы:
1. Пабочныя словы, суадносныя са склонавымі формамі назоўнікаў. Не ўсе назоўнікі (і ў першую чаргу назоўнікі з канкрэтна-рэчыўным значэннем) могуць ужывацца ў якасці пабочных слоў. У гэтай функцыі выступаюць пераважна назоўнікі з адцягненым значэннем, напрыклад, звязаныя з разумовай дзейнасцю чалавека (памяць, розум, слова, думка, погляд, звесткі, спрэчка), са сферай эмацыянальнага жыцця (радасць, шчасце, жаль, бяда, сорам, дзіва, здзіўленне). Гэтыя і падобныя да іх назоўнікі часта становяцца паказчыкамі мадальнасці, у выніку чаго і пачынаюць выступаць у сінтаксічнай функцыі пабочных слоў. З іх найбольш пашыраны:
а) пабочныя словы, суадносныя з назоўнікамі ў форме давальнага склону адзіночнага ліку з прыназоўнікам па: па праўдзе, па думцы, па сутнасці;
б) пабочныя словы, суадносныя з назоўнікамі ў форме вінавальнага склону адзіночнага ліку з прыназоўнікам на: на шчасце, на жаль, на бяду, на думку, на погляд;
в) пабочныя словы, суадносныя з назоўнікамі ў форме меснага склону адзіночнага ліку з прыназоўнікам у: у прыватнасці;
г) пабочныя словы, суадносныя з беспрыназоўнікавымі формамі назоўнікаў: праўда, прыкладам.
2. Пабочныя словы, суадносныя са склонавымі формамі субстантывіраваных прыметнікаў. Такія ўтварэнні абмежаваны лексічна і граматычна. Гэта пабочныя словы, суадносныя з прыметнікамі ў форме назоўнага склону адзіночнага ліку ніякага роду,— галоўнае і ў форме найвышэйшай ступені — самае галоўнае, самае лепшае, самае большае, самае меншае.
3. Пабочныя словы, суадносныя са склонавымі формамі субстантывіраваных займеннікаў:
а) з указальным займеннікам той і азначальным займеннікам увесь у форме роднага склону адзіночнага ліку з прыназоўнікамі акрамя, апрача, апроч, паміма, звыш: акрамя таго, апроч таго, апрача таго, паміма таго, звыш таго, апрача ўсяго, апроч усяго, звыш усяго;
б) з займеннікамі той, увесь у форме роднага склону з прыназоўнікам да: да таго ж, да ўсяго;
в) з займеннікамі ў форме творнага склону з прыназоўнікамі паміж, між, разам з: паміж намі, між намі, між тым, разам з тым, паміж іншым. Яны набылі граматычна ўстойлівы характар.
4. Пабочныя словы прыслоўнага паходжання. Гэта найбольш прадуктыўная група слоў, якая папаўняецца ўсё новымі ўтварэннямі:
а) пабочныя словы, суадносныя з прыслоўямі на -а: бясспрэчна, магчыма, пэўна, напэўна, вядома, відавочна, зразумела, прыкладна, адпаведна, натуральна, звычайна і інш.;
б) пабочныя словы, суадносныя з прыслоўямі ў форме вышэйшай ступені: карацей, далей, праўдзівей, сапраўдней;
в) пабочныя словы, суадносныя з прыслоўямі, утворанымі са спалучэнняў назоўнікаў, прыметнікаў, займеннікаў, лічэбнікаў ва ўскосных склонах з прыназоўнікамі: нарэшце, урэшце, зрэшты, дарэчы, наадварот, наогул, увогуле, сапраўды, аднак, па-сапраўднаму, па-мойму, па-твойму, па-вашаму, па-першае, па-другое, па-трэцяе і г. д.
Дзеяслоўны тып
§ 190. У фарміраванні пабочных слоў удзельнічаюць дзеясловы, што паводле свайго лексічнага значэння могуць выражаць мадальныя адносіны. Гэта пераважна дзеясловы, якія абазначаюць паняцці разумовай дзейнасці чалавека: думаць, разумець, зразумець, памятаць, ведаць, бачыць, казаць, перадаваць, верыць, прызнацца і інш. Пабочныя словы дзеяслоўнага тыпу граматычна нагадваюць сабой розныя віды аднасастаўных сказаў.
1. Пабочныя словы, суадносныя з формамі пэўна-асабовых аднасастаўных сказаў. Яны выражаны:
а) дзеясловамі 1-ай асобы цяперашняга і будучага часу адзіночнага і множнага ліку: кажу, бачу, думаю, памятаю, спадзяюся, прызнаюся; дапусцім, скажам і інш.;
б) дзеясловамі 2-ой асобы цяперашняга і будучага часу адзіночнага і множнага ліку (часта з адмоўем не або пытальнай часціцай ці): бачыш — бачыце, глядзіш — глядзіце, ведаеш — ведаеце; думаеш — думаеце, кажаш — кажаце, разумееш — разумееце; ці ведаеш — ці ведаеце, ці паверыш — ці паверыце; не паверыш — не паверыце.
2. Пабочныя словы, суадносныя з формамі няпэўна-асабовых аднасастаўных сказаў, выражаюцца дзеясловамі 3-яй асобы множнага ліку цяперашняга і прошлага часу: кажуць, гавораць, перадаюць, паведамляюць, думаюць, пішуць; казалі, расказвалі, перадавалі, паведамлялі, пісалі.
3. Пабочныя словы, суадносныя з формамі абагульнена-асабовых сказаў, выражаюцца дзеясловамі 2-ой асобы загаднага ладу адзіночнага і множнага ліку: лічы — лічыце, заўваж — заўважце, павер — паверце, уяві — уявіце, скажы — скажыце, зразумей — зразумейце, глядзі — глядзіце, згадзіся — згадзіцеся і інш.
4. Пабочныя словы, суадносныя з формамі безасабовых аднасастаўных сказаў, выражаюцца:
а) дзеясловамі 3-яй асобы адзіночнага ліку цяперашняга часу ў безасабовым значэнні: здаецца, разумеецца, аказваецца, здараецца, бывае, выходзіць, мусіць, можа, значыцца;
б) дзеясловамі прошлага часу ніякага роду ў безасабовым значэнні: здалося, здавалася, здавалася б, здаралася, бывала.
5. Пабочныя словы, якія збліжаюцца з аднасастаўнымі інфінітыўнымі сказамі. Яны суадносныя з інфінітывам: відаць, чуваць, знаць, сказаць, прызнацца і інш.
Такім чынам, марфалагічнымі асаблівасцямі пабочных слоў з’яўляюцца: па-першае, суадноснасць іх з рознымі часцінамі мовы і або замацаванне толькі ў функцыі пабочных, або тэндэнцыя замацоўвацца ў гэтай функцыі; па-другое, адсутнасць форм змянення; па-трэцяе, утварэнне імі асобнай лексіка-граматычнай групы, якая адрозніваецца ад іншых катэгорый слоў паводле свайго марфалагічнага складу, сэнсавага значэння, сінтаксічнага ўжывання і інтанацыйнага гучання.
Пабочныя словы могуць выражацца многімі (але не ўсімі) мадальнымі словамі і часціцамі (вядома, напэўна, па-першае, відавочна, відаць, значыць, праўда, словам, напрыклад), а таксама некаторымі словамі іншых лексіка-граматычных катэгорый (пераважна ў адной якой-небудзь форме): прыназоўнікава-іменнымі канструкцыямі (на шчасце, на жаль), прыметнікамі (галоўнае), дзеясловамі ў розных формах (думаю, спадзяюся, бачыце, дапусцім, прызнацца, здаецца, думаецца і інш.), прыслоўямі (сапраўды, безумоўна, бясспрэчна, несумненна, карацей, нарэшце, дарэчы і інш.), часціцамі (прыкладна, проста).
Пабочныя спалучэнні слоў
§ 191. Пад пабочнымі спалучэннямі слоў разумеюцца граматычна аформленыя два і больш знамянальных слоў, якія служаць для выражэння мадальнага, эмацыянальнага і экспрэсіўнага значэнняў зместу сказа. Яны ўтвараюцца на базе аб'яднання паўназначных слоў, з якіх адно з'яўляецца дамініруючым, асноўным, а другое — залежным ад яго. Паводле граматычнай прыроды дамініруючага слова пабочныя спалучэнні слоў бываюць трох тыпаў: іменныя, дзеяслоўныя, спалучэнні пабочных слоў з прыслоўямі, займеннікамі, злучнікамі.
Іменны тып
§ 192. Пабочныя спалучэнні гэтага тыпу вельмі прадуктыўныя. Шырокае распаўсюджанне ў мове атрымалі спалучэнні склонавых форм назоўнікаў, прыметнікаў з прыназоўнікамі і без прыназоўнікаў. Найбольш пашыраны сярод іх прыназоўнікавыя спалучэнні слоў:
1) спалучэнні назоўніка ў давальным склоне з прыназоўнікамі к, па і дапасаванага да яго прыметніка або займенніка: к майму здзіўленню, к нашаму шчасцю, па нашаму перакананню, па добраму звычаю;
2) спалучэнні назоўніка ў давальным склоне з прыназоўнікамі к, па і назоўніка ці займенніка ў родным склоне: к сораму дзяўчыны, к шчасцю маці, па перакананню вучоных;
3) спалучэнні назоўніка ў вінавальным склоне з прыназоўнікам на і дапасаванага прыметніка або займенніка: на вялікі жаль, на маё здзіўленне, на мой розум, на мой погляд, на сваю бяду, на ваша шчасце і інш.;
4) спалучэнні назоўніка ў вінавальным склоне з прыназоўнікам на і назоўніка ці займенніка ў родным або давальным склоне без прыназоўніка: на здзіўленне, на дзіва, на радасць (каго-небудзь, каму-небудзь), на шчасце, на погляд, на думку (каго-небудзь);
5) спалучэнні назоўніка ў месным склоне з прыназоўнікамі на, у, па і дапасаванага да яго прыметніка або займенніка: на самай справе, у лепшым выпадку, па дакладных звестках, па няпэўных чутках і інш.
Невялікую групу складаюць пабочныя беспрыназоўнікавыя спалучэнні слоў. Гэта ў асноўным устойлівыя словазлучэнні, выражаныя спалучэннем назоўніка ў назоўным або творным склоне і дапасаванага да яго прыметніка, лічэбніка або займенніка: вядомая справа, вядомая рэч; іншымі словамі, адным словам, пэўным чынам, галоўным чынам, тым часам, такім парадкам.
Дзеяслоўны тып
§ 193. Сярод спалучэнняў дзеяслоўнага тыпу выдзяляюцца:
1. Пабочныя спалучэнні з асабовай формай дзеяслова ў якасці галоўнага члена:
а) спалучэнні дзеясловаў абвеснага ладу 1-ай асобы адзіночнага і множнага ліку цяперашняга і будучага часу з асабовымі займеннікамі 2-ой асобы, назоўнікамі (з прыназоўнікамі і без іх), прыслоўямі: прызнаюся вам, проста скажу, скажу па праўдзе, скажу па сакрэту, скажу па шчырасці;
б) спалучэнні дзеясловаў, пераважна са значэннем думкі, успрыняцця ў форме 2-ой асобы адзіночнага і множнага ліку цяперашняга часу з постпазіцыйнымі асабовымі займеннікамі ў назоўным склоне: бачыш ты, ведаеш ты, разумееце вы;
в) спалучэнні дзеясловаў загаднага ладу 2-ой асобы адзіночнага і множнага ліку з постпазіцыйнымі асабовымі займеннікамі (скажы ты, глядзі ты) і зваротным займеннікам (заўваж сабе, уяві сабе), з назоўнікамі ў вінавальным склоне без прыназоўніка (зрабі ласку);
г) спалучэнні зваротнага дзеяслова ў форме 3-яй асобы адзіночнага ліку цяперашняга часу з асабовым займеннікам у давальным склоне (мне здаецца, мне думаецца, мне ўяўляецца) і з адносным займеннікам у назоўным склоне (што называецца).
2. Пабочныя спалучэнні з інфінітывам у якасці галоўнага слова:
а) спалучэнні інфінітыва з назоўнікам у родным склоне з прыназоўнікам з (з дазволу сказаць), з назоўнікам у давальным склоне з прыназоўнікамі па, к (па праўдзе сказаць, к слову сказаць);
б) спалучэнні інфінітыва з прыслоўямі: проста сказаць, лепш сказаць, карацей сказаць, дарэчы сказаць, а таксама з безасабова-прэдыкатыўнымі словамі: трэба сказаць, можна сказаць, трэба прызнацца.
3. Пабочныя спалучэнні слоў з дзеепрыслоўем у якасці галоўнага слова:
а) спалучэнні дзеепрыслоўяў з назоўнікам у вінавальным склоне (праўду кажучы) і ў давальным з прыназоўнікам па (па праўдзе кажучы);
б) спалучэнні дзеепрыслоўяў і асабовых займеннікаў з прыназоўнікамі паміж (між), пры: паміж (між) нас кажучы, паміж (між) намі гаворачы, не пры вас (не пры ім) кажучы;
в) спалучэнні дзеепрыслоўяў з прыслоўямі: уласна кажучы, дакладна кажучы, шчыра кажучы, прасцей кажучы, мякка кажучы, не тут кажучы, няўрокам кажучы.
Пабочныя спалучэнні слоў дзеепрыслоўнай формы трэба адрозніваць ад блізкіх да іх адасобленых дзеепрыслоўных зваротаў. Розніца паміж імі ў тым, што пабочныя дзеепрыслоўныя спалучэнні слоў адносяцца, як правіла, да ўсяго сказа, выражаючы суб'ектыўныя адносіны асобы да яго зместу, у той час як дзеепрыслоўныя звароты адносяцца толькі да дзеяслова-выказніка, абазначаючы дадатковае дзеянне.
4. Спалучэнні пабочных слоў з прыслоўямі, займеннікамі, злучнікамі. Пабочныя канструкцыі гэтага тыпу ўтвараюцца на аснове спалучэння пабочных слоў з прыслоўямі як, калі, займеннікам што, якія выступаюць у ролі адносных слоў, і злучнікамі ці, калі, якія служаць граматычнымі сродкамі далучэння пабочных элементаў да выказвання. Такія канструкцыі выражаюцца:
а) спалучэннямі як, калі з формамі дзеясловаў цяперашняга і прошлага часу: як кажаш, як казаў, як гавораць, як гаворыцца, як бачу, як бачыш, як бачыце, калі хочаце, калі жадаеце;
б) спалучэннямі як, калі, ці з неазначальнай формай дзеяслова, якая нярэдка ўскладняецца прыслоўямі, назоўнікамі, займеннікамі: як відаць, як сказаць, як трэба адзначыць, як можна думаць, як трэба думаць, ці лепей сказаць, ці праўдзівей сказаць і інш.;
в) спалучэннямі як, што з дзеепрыметнікамі залежнага стану прошлага часу ніякага роду: як адзначана, як было адзначана, што сказана. Яны ўласцівы дзелавому стылю мовы;
г) спалучэннямі як з назоўнікамі ў вінавальным склоне з прыназоўнікам: як на шчасце, як на бяду, як на грэх, як на злосць, як на дзіва;
д) спалучэннямі як з прыслоўямі і безасабова-прэдыкатыўнымі словамі: як вядома, як наўмысна, як трэба, як патрэбна, як звычайна, як заўсёды.
Пабочныя спалучэнні слоў устойлівага тыпу адносяцца да непрадуктыўных, хоць і шырокаўжывальных. Тут пераважаюць прыназоўнікавыя спалучэнні:
а) спалучэнні назоўніка ў родным склоне з прыназоўнікам з і дапасаванага да яго прыметніка або займенніка: з аднаго боку, з другога боку, з свайго боку, з вашага дазволу;
б) спалучэнні назоўніка ў родным склоне з прыназоўнікам з і кіруемага ім назоўніка ў родным склоне: з пункту погляду, з пункту гледжання;
в) спалучэнні назоўніка ў давальным склоне з прыназоўнікам па і дапасаванага да яго прыметніка: па меншай меры, па крайняй меры;
г) спалучэнні назоўніка ў вінавальным склоне з прыназоўнікам на і дапасаванага да яго займенніка: на тую бяду, на ўсякі выпадак;
д) спалучэнні назоўніка ў вінавальным склоне з прыназоўнікам у і субстантывіраванага займенніка: у дадатак да ўсяго;
е) спалучэнні аднакарэнных займеннікаў у родным склоне з прыназоўнікам на: усяго на ўсяго;
ё) спалучэнні прыслоўяў і займеннікаў пры дапамозе прыназоўнікаў: перш-на-перш, перш за ўсё.
Такім чынам, у якасці пабочных спалучэнняў слоў у сучаснай беларускай мове ўжываюцца свабодныя і фразеалагічныя словазлучэнні розных структурных тыпаў.
Пабочныя сказы
§ 194. Пабочнымі называюцца сказы, уключаныя ў іншы сказ, але не звязаныя спалучальнай ці падпарадкавальнай сувяззю ні з адным з яго членаў. Значэнне пабочных сказаў адпавядае значэнню пабочных слоў1: яны могуць указваць на пэўнасць ці няпэўнасць паведамлення, заключанага ў асноўным сказе, даваць яму эмацыянальную ацэнку, характарызаваць стыль, вызначаць экспрэсію маўлення, указваць на суадносіны паміж асобнымі часткамі выказвання ці выражаць розныя заклікі да субяседніка.
Характэрнымі прыметамі, якія адрозніваюць пабочныя сказы ад пабочных слоў і спалучэнняў слоў, з’яўляюцца большая канкрэтнасць іх зместу і адносная сэнсавая закончанасць.
У якасці пабочных сказаў могуць выступаць:
1) двухсастаўныя асабовыя сказы: Іларык, як казала маці, быў хлопчык ціхі, паслухмяны (А. Якімовіч); Вада пад камень пад ляжачы, гавораць людзі, не бяжыць (А. Бялевіч); Вясновай яснай раніцай, казаў ён, можна ўбачыць, як нізка пырхаюць, кружацца над крынічкай птушкі, любуючыся сабой, як у люстэрку (Т. Хадкевіч); У рэчцы пад карчамі, калі я не памыляюся, водзяцца ракі (Я. Маўр); Гасяць, чуў я, пажары сустрэчным агнём (А. Куляшоў);
2) аднасастаўныя няпэўна-асабовыя сказы: Як гавораць, сад калгасны ён трымае на плячах (А. Бялевіч); Піліп Раднік, «хітры мужычок», як яго называлі, мнагазначна ўсміхаўся (І. Шамякін); Кажуць, месяц прыцягвае хвалі марскія (М. Танк); Тут у вас, мне толькі што казалі, рэчка блізка? (Я. Скрыган);
3) аднасастаўныя безасабовыя сказы: Рэчка, як нам здавалася, пачынала мялець (І. Навуменка); Стралялі аднекуль зводдалек і, як цяпер было ўжо відаць,— мінамі (І. Мележ); Пайшла яна, як можна было меркаваць, у напрамку да Палікарпаўны (А. Кулакоўскі).
Пабочныя сказы ўключаюцца ў асноўны сказ як без злучнікаў, так і пры дапамозе злучнікаў і злучальных слоў: Яшчэ, як той казаў, не ўсё скончана (Я. Брыль); Вось гэта, я разумею, практычнае знаёмства (І. Шамякін); Настрой у людзей, заўважыў ён, быў трывожны, усіх непакоіла няўдача (І. Мележ); Яму ўжо прыйшлося, як і ўсім дзецям беднаты, прыняць удзел у будаўніцтве жыцця, калі можна так сказаць (Я. Колас); Але, што не кажы сабе, узмужнеў ты і спрыту патрэбнага набыў і добрай кемлівасці (М. Лынькоў).
Пабочныя канструкцыі стылістычна разнародныя, яны шырока распаўсюджаны і ў кніжным, і ў размоўным стылях. У мастацкай літаратуры пабочныя элементы выкарыстоўваюцца як выразны сродак для стварэння моўных характарыстык персанажаў. Навуковаму і дзелавому стылям уласцівы пабочныя словы, спалучэнні слоў і сказы, якія выражаюць лагічныя сувязі і адносіны паміж часткамі сказа, указваюць на паслядоўнасць выкладу думак.
1. Супастаўленне пабочных слоў, спалучэнняў слоў і сказаў сведчыць аб тым, што рэзкіх граніц паміж імі няма. Гэта супастаўленне яшчэ раз пацвярджае наяўнасць пераходных з’яў у сінтаксісе. Асабліва паказальныя ў гэтым плане аманімічныя сінтаксічныя канструкцыі, якія адрозніваюцца толькі функцыянальна. Параўн.: Вядома, што чалавек ён выхаваны (вядома — галоўная частка складаназалежнага сказа) — Вядома, чалавек ён выхаваны (вядома — пабочны сказ) — Ён, вядома, чалавек выхаваны (вядома — пабочнае слова).
Злоўжываць пабочнымі словамі, спалучэннямі слоў і сказамі не трэба. Ужытыя недарэчы, яны засмечваюць мову. Выкарыстанне пабочных адзінак у сказе павінна быць апраўдана тым зместам, які хоча выразіць той, хто гаворыць.
