Предыдущий раздел | Оглавление | Следующий раздел
Устаўныя канструкцыі
§§ 195–197
Устаўныя канструкцыі
(словы, спалучэнні слоў і сказы)
Агульная характарыстыка
§ 195. Устаўнымі называюцца інтанацыйна адасобленыя словы, спалучэнні слоў і сказы, якія ўводзяцца (устаўляюцца) у сказ для выражэння розных дадатковых заўваг, што паясняюць, удакладняюць і развіваюць змест асноўнага выказвання: Бальзак ніяк не выйшаў з рамак свайго (буржуазнага) класа, які ён так высмейваў і крытыкаваў (К. Чорны); Хурс ужо сядзеў за сталом (снедаў) (К. Чорны); Гэтак сама адна маці — праўда, дасціпная,— адна ў полі, адна ў хаце, корміць, абмывае (Я. Колас); Не будку мае Жук — палацы (хоць не свае, вядома, працы) (К. Крапіва); Мы пазналі без памылкі — выдаў шэлест цемнаты,— што прывезлі нам пасылкі, тэлеграмы і лісты (П. Глебка); Абвяшчае генерал — у ім пазнаў ён сына — байцам дывізіі прывал (А. Куляшоў); У промні — дзень пагодны — жыў і жыве ў табе, салдат, нязломны дух народны (М. Лужанін); Цяпер таксама па небе — ужо не нашым, палескім, а чужым, нямецкім,— беглі, плылі хмурыначкі-хмаркі,— плылі зусім гэтак жа, як і там, у нас дома — паволі-паволі, адна адну даганяючы, злучаючыся і зноў разлучаючыся (Б. Сачанка); Мост не знае таксама — адкуль яму знаць? — што не будзе Пятлянка пад ім булькатаць (А. Куляшоў); Мне ішоў чатырнаццаты год, калі раптоўна, у ад'ездзе ад дому, памёр ад разрыву сэрца (так некалі казалі пра сённяшні інфаркт) мой бацька-каморнік (А. Васілевіч).
Такія заўвагі, паясненні, удакладненні могуць быць малаістотнымі, другараднымі, але могуць быць і вельмі важнымі для разумення сэнсу сказа. Для ўстаўных канструкцый характэрна спецыфічная інтанацыя: яны звычайна выдзяляюцца ў сказе некалькі паніжаным тонам і больш хуткім тэмпам вымаўлення, а таксама паўзамі. Аднак доўгімі паўзамі, рэзкім паніжэннем тону і залішне паскораным тэмпам устаўныя канструкцыі вымаўляць нельга: парушыцца цэласнасць выказвання. На пісьме ўстаўныя канструкцыі выдзяляюцца дужкамі ці працяжнікамі. Устаўны характар канструкцый, пры іх інтанацыйным і пунктуацыйным выдзяленні, дазваляе падкрэсліць наяўныя ў іх звесткі, звярнуць на іх увагу чытача ці слухача. Функцыю ўстаўных могуць выконваць разнастайныя паводле граматычнай аформленасці адзінкі: ад мінімальнай і прасцейшай (напрыклад, толькі клічны і пытальны знак, які перадае адносіны да выказвання) да складанага сказа і нават цэлага абзаца: Базараву «хочацца напомніць аб некаторых несправядлівасцях (!!) у адносінах да Талстога, у якіх вінаваты рускія інтэлігенты наогул, а мы, радыкалы розных толкаў, у асаблівасці» (У. І. Ленін); Сцэна (дадатковая), якая падвешана (!) над звычайнай сцэнай, важыць зноў жа ні многа ні мала — сорак пяць тон (А. Васілевіч); Не толькі што дзеці, бацькі ўжо не ведаюць пра страшны — з кары і імху — горкі хлеб (П. Панчанка); А на дварэ — над немцамі, людскімі пакутамі, блізкай смерцю — ціха лунаў надвячорак цудоўнай восеньскай пары — бабінага лета (В. Быкаў); Наўрад ці ўпрыгожваюць паэтычны твор радкі накшталт: «Букет струменяў пералівісты шугнуў падобна рысаку (?)», «Зямля ўсміхаецца абсохлая, пячэ ў пяткі ёй пясок (?)» (Н. Гілевіч).
У літаратурна-пісьмовай мове ўстаўныя канструкцыі ўжываюцца звычайна ў якасці наўмыснага прыёму, рознае выкарыстанне якога залежыць ад стылю мовы і стылістычных асаблівасцей самога твора. Аднак і тут устаўныя канструкцыі могуць з'явіцца вынікам увядзення дадатковага выказвання, якое ўзнікла ў працэсе пісьма: Абагнаўшы, не згінаючыся ўжо беражліва перад галлём, роўна, уздымна седзячы, ён [Васіль], здавалася, чуў на спіне позіркі ўсіх, хто сядзеў там на возе, і сярод іх асабліва — помсліва і па-юначы радасна — яе позірк (І. Мележ); На насілках пад кажушком ляжаў маладжавы яшчэ камандзір з двума шпаламі ў чорных пятліцах (як даведаліся потым, быў ён з танкавай часці, якая падтрымлівала іх дывізію) (В. Быкаў); Аграномы прапанавалі зжаць квадратны метр плошчы (бо пшаніца ўжо гатовая для жніва), абмалаціць і зважыць, потым палічыць вагу на гектар (П. Пестрак); Шчасце здабудуць сабе назаўсёды — так будзе! — гордасць і слава зямлі нашай — простыя людзі (А. Куляшоў).
У вуснай мове, хуткае цячэнне якой не дае магчымасці загадзя прадугледзець неабходныя папярэднія даведкі, устаўныя канструкцыі часта з'яўляюцца сродкам выражэння думкі, якая ўзнікла ў момант паведамлення, «на хаду».
У структурна-граматычных адносінах устаўныя канструкцыі неаднародныя. У саставе сказа яны могуць афармляцца па-рознаму:
1) як члены сказа, з захаваннем сінтаксічнай сувязі; такія «члены сказа» выключаюцца з яго саставу інтанацыйна ў вымаўленні і графічна на пісьме, набываючы дзякуючы гэтаму асобую, паясняльна-ўдакладняльную функцыю: Дзве ядлаўчыны — гэтакія знаёмыя — тырчэлі над аснежаным выганам (К. Чорны); Пінчук працаваў раней на заводзе «Бальшавік» (былым Абухаўскім) у Ленінградзе (І. Гурскі); У Вашамірскай заўсёды торт (вельмі мастацкай работы) быў традыцыйнай украсай стала (З. Бядуля);
2) як даданыя сказы: На адной фатаграфіі чалавек выйшаў з нейкім пагнутым носам (калі толькі сапраўды нос быў у яго просты), з адтапыранымі губамі (К. Чорны); Пад камандай Пяхоты як галоўнага агранома калгаса (бо прыехала яшчэ аграном-дзяўчына) прароблены парнікі на агародным надазер'і (П. Пестрак); Выпаліўшы печы (калі сонца ўжо стала вышэй лесу), выйшлі ў поле жанчыны (В. Каваль); Не верыцца — хоць кліч сяброў у сведкі,— што ўжо мінула роўна дваццаць пяць (А. Бачыла).
Аформленыя як члены сказа ці як састаўная частка складанага сказа, устаўныя канструкцыі характарызуюцца дваістай сінтаксічнай прыродай: з аднаго боку, у асноўным сказе яны выконваюць функцыю яго членаў ці частак складанага сказа, з другога боку, называючы пабочныя заўвагі, яны істотна адрозніваюцца ад членаў сказа і ад даданых сказаў, так як, выпадаючы па сэнсу з саставу цэлага сказа, сінтаксічна менш цесна звязаны з ім.
У іншых выпадках устаўныя канструкцыі структурна не звязаны са сказам. Як правіла, гэтыя словы і дамініруючы кампанент спалучэнняў слоў стаяць у назоўным склоне: Ад яе працы (любая мамачка!) вее ў сэрца цёплай радасцю (М. Гарэцкі); Высокая дамба — не грэбля — лягла на рачны сухадол (М. Калачынскі); Гэтае месца (востраў, акружаны з усіх бакоў балотам) яму спадабалася (М. Лынькоў).
Такім чынам, многія ўстаўныя канструкцыі функцыянальна і сінтаксічна збліжаюцца з членамі сказа, даданымі часткамі складанага сказа, далучальнымі канструкцыямі.
Рэзка выражаную граматычную спецыфіку сярод устаўных канструкцый маюць прэдыкатыўныя адзінкі — устаўныя сказы: У адным сяле (няважна — дзе) хадзіў баран у чарадзе (К. Крапіва); Раніцай у апошні дзень снежня — толькі-толькі засінела ў вокнах — зазвінеў званок у дзвярах (Т. Хадкевіч); З захаду, дзе схавалася сонца — дзень быў ясны, марозны,— плыла хмара (І. Шамякін); Вясна была засушлівая, прайшлі толькі два ці тры невялікія дажджы (што гэта значыць для пясчанай глебы!) (І. Гурскі); Самы большы пакой — а ён знаходзіўся пры ўваходзе ў кватэру — быў прыстасаваны спецыяльна для святочных візітаў (Я. Колас); Школа (я адразу ўбачыў і беспамылкова пазнаў) стаяла ўбаку, за гародамі, бліжэй да лесу (І. Шамякін).
Устаўныя сказы вельмі часта маюць падтэкст, невербалізаваныя думкі, пачуцці, назіранні. У выніку сказы, ускладненыя ўстаўнымі адзінкамі, інфарматыўна больш багатыя, чым сказы з пабочнымі кампанентамі.
Пабочныя і ўстаўныя элементы некалькі падобныя паміж сабой. Па-першае, як пабочныя, так і ўстаўныя канструкцыі прыўносяць у асноўны сказ экспрэсію, узбагачаючы яго іншым, дадатковым зместам. Па-другое, як пабочныя, так і ўстаўныя канструкцыі могуць уключацца ў састаў сказа пры дапамозе злучнікаў і злучальных слоў. Па-трэцяе, устаўныя, як і пабочныя, канструкцыі фармальна-граматычна не звязаны са сказам.
Устаўныя і пабочныя канструкцыі адрозніваюцца паміж сабой па функцыі ў мове.
Характэрнай прыметай пабочных адзінак з'яўляецца іх суб'ектывізм, выражаныя ў іх суб'ектыўна-мадальныя адносіны да рэчаіснасці. Устаўныя ж канструкцыі — адзін са сродкаў выражэння аб'ектыўнай мадальнасці: яны ў пэўных адносінах паясняюць, удакладняюць і развіваюць змест асноўнага выказвання.
Устаўныя канструкцыі ў адрозненне ад пабочных маюць і асобыя структурна-граматычныя ўласцівасці, абумоўленыя спецыфічным характарам іх функцый. Калі пабочныя адзінкі складаюць адносна ўстойлівую, абмежаваную колькасць слоў і спалучэнняў слоў, а таксама строга акрэслены структурны тып пабочных сказаў, то ўстаўныя канструкцыі не абмежаваны пэўнымі лексіка-граматычнымі сродкамі выражэння, яны характарызуюцца разнастайнасцю структурных тыпаў.
Устаўныя канструкцыі адрозніваюцца ад пабочных інтанацыяй і месцам размяшчэння ў сказе.
Семантычная характарыстыка ўстаўных канструкцый
§ 196. Сэнсавыя і стылістычныя функцыі ўстаўных канструкцый разнастайныя.
I. Устаўныя канструкцыі шырока выкарыстоўваюцца пры тлумачэнні малазразумелых ці рэдкаўжывальных слоў і выразаў (архаізмаў, неалагізмаў, абласных слоў, тэрміналагічнай лексікі і пад.). Тлумачэнне ажыццяўляецца як шляхам дакладнага азначэння паняцця, так і праз сінанімічнае супастаўленне паясняемага і паясняючага: За соснікам пачынаецца імшара — высокі верас па пояс і багун (І. Пташнікаў); Аджываюць свой век і такія беларускія словы, як «андарак», «камора», «калітка» (у сэнсе кашалёк), «аловак» выцясняецца «карандашом» (К. Крапіва); Арцём сядзеў на ганку, ускінуўшы на плечы гуню (світку), і курыў (А. Чарнышэвіч); Міхалка бачыў вельмі выразна, як Скуратовіч дайшоў да палявой ігрушы (дзічкі), што расла паміж лесам і хутарам (К. Чорны); Між каменняў былі такія буруны (прыбой), што аб’язджаць іх было вельмі рызыкоўна (Я. Маўр); Разводзяць яны [папуасы] какасавую пальму, таро, бананы, ямс (як проса), тытунь (Я. Маўр); У руках у яго вялікая галка камякоў (бульбяной кашы) (К. Крапіва); Назаўтра ў «выратоўцаў» — бунтароў — афіцэры перад строем забралі вінтоўкі (Я. Брыль); У мове сустракаюцца словы, якія гучаць аднолькава, але маюць зусім рознае значэнне. Напрыклад: каса (частка сушы), каса (сельскагаспадарчы інвентар), каса (дзявочая); блок (механізм), блок (саюз) і інш. (М. Цікоцкі).
II. Устаўныя канструкцыі ўжываюцца для ўдакладнення выказвання ў цэлым ці асобных яго кампанентаў: 1) раскрываюць рэальнае значэнне займеннікаў: Захопленыя гамонкаю, яны [жанчыны] не зважалі на малога Дзятліхі — Валодзьку, тым больш, што гаспадара — Васіля, ля агню не было: недзе паіў каня (І. Мележ); Яна (вуліца), упіраецца прама ў цёмна-сіні заліўчык возера (І. Мележ); Ён (стары Міханевіч) слаўны паляўнічы (З. Бядуля);
2) канкрэтызуюць значэнне ўласных назоўнікаў: Ягаднае — асушанае калгаснікамі балота — вузкай і доўгай паласой уразалася ў лес (І. Шамякін); З-за непагадзі паездка да Разліва (возера Леніна) была адкладзена (М. Лупсякоў); Быстрынка — так называлася невялікая рачулка — ціха плыла сярод кустоў алешніку і вербалозу (У. Краўчанка);
3) удакладняюць агульнае родавае паняцце шляхам указання на асобныя яго віды: Вялікі вопыт вучыў, што каму-каму, а яго [Апейкі] амаль заўсёдным слухачам — сялянам — патрэбна нязменна: канкрэтнасць, дзелавітасць, яснасць (І. Мележ); Чым далей ён [Васіль] так ступаў, мерна, лапаць за лапцем, тым больш цела яго — рукі, ногі, спіна — наліваліся зняможнай стомай, прыемнай, хмельнай, нібы пасля гарэлкі (І. Мележ); Ганаровае званне — народны паэт — з’яўляецца найвялікшым прызнаннем народнасці мастака, прызнаннем вялікай сілы яго таленту, неўміручасці ўсёй яго творчасці (І. Шамякін); Тэхнічныя культуры — такія, як каноплі — могуць азалаціць калгас (П. Пестрак);
4) ілюструюць асноўнае выказванне прыкладам: На жаль, такія таленты-гіганты, як Леў Талстой (узнавіць праўдзіва і па-мастацку гісторыю праз сто гадоў!), нараджаюцца, можа, раз на трыста-чатырыста гадоў (Маладосць, 1984); Пад націскам мы атрымліваем не а, а о (роў, зароў) (К. Крапіва); Некаторыя беларускія словы заменены рускімі (дзервяны — дзеравяны (й)) (Я. Колас);
5) служаць для выдзялення найбольш важнай часткі выказвання: Палітыка-выхаваўчая праца сярод моладзі (асабліва ў вышэйшых навучальных установах) павінна заняць належнае месца (Звязда, 1985); Выграб ямку пад рэйкай паміж шпаламі, уставіў тол, тады — найбольш адказная работа,— сабраўшы ўсю асцярожнасць, ён прывязаў да кручка шнурок і кужаль і заправіў у зарад (Я. Брыль); ...У тыраж выходзіць вялікая колькасць кніжнай прадукцыі (у першую чаргу школьныя падручнікі), і гэту прадукцыю трэба друкаваць нанова (К. Крапіва);
6) могуць удакладняць змест асноўнага выказвання, указваючы на час ці месца дзеяння, або канкрэтызаваць часавае ці прасторавае паняцце, выражанае ў асноўным тэксце ў больш агульнай форме. Такую функцыю выконваюць пераважна ўстаўныя сказы, якія пачынаюцца спалучэннямі тыпу гэта было, справа была: Калісьці (гэта было менш за месяц таму назад, а здаецца даўно-даўно) у такі час сяло як бы абуджалася пасля дзённай цішыні (І. Мележ); У цішыні — было ўжо запоўнач — пачуўся гудок паравоза (К. Чорны); Да Сялюціч падышлі апоўначы (гэта было даволі далёка ад лагера брыгады) (І. Мележ); Аднойчы (гэта было гады са два таму назад) Васіль Шаман і нампаліт заспрачаліся, колькі патрэбна часу, каб вызначыць, ці добры старшыня калгаса (М. Паслядовіч); Янка Тукала жыў не так далёка ад Мікуціч — за Нёманам вярсты тры (Я. Колас);
7) абмяжоўваюць пэўнае паняцце шляхам выключэння: Але «малы» Лондан (без прыгарадаў) — таксама не маленькі (К. Крапіва); Манг і ўсе жанчыны (апрача белай) пайшлі ў лес па ягады (Я. Маўр);
8) удакладняюць выказаную думку шляхам яе расшырэння: І ён доўга глядзеў так у неба — адзін на адзін з Сусветам з сотнямі зор, вялікіх і ледзьве прыкметных, з крывою дарогай Чумацкага шляху цераз усё неба (В. Быкаў); Выдатным дасягненнем Янкі Маўра — майстра не толькі ў літаратуры, а, напэўна, і ў слясарнай, тэхнічнай справе (нездарма ж ён канчаў рамеснае вучылішча!) — была аповесць «ТВТ» (Звязда, 1985); Яна [Жэнька] не магла моцна плакаць, толькі плечы яе ўздрыгвалі ды збянтэжана трэслася — мышыны хвосцік — тоненькая светлая коска (К. Крапіва); Прамень сонца спачатку з’явіўся на столі — вузкая ружовая палоска, пераламаная ў куце (І. Шамякін); Паступова праз словы і рэчы перада мной раскрывалася яе жыццё — клопаты, справы, думкі настаўніцы ў далёкай палескай вёсцы (І. Шамякін); Конь — бяльматы на левае вока Карл — цюпаў памалу, ледзьве перастаўляў свае старыя касцістыя ногі (Б. Сачанка); Цяпер ён, маёр Сяржант (не адзін усміхаўся, пачуўшы, як тут сталі побач званне і прозвішча) заўсёды цікавы і часта вясёлы субяседнік сядзеў моўчкі, задуманы (Я. Брыль).
Сярод устаўных канструкцый гэтага разраду выдзяляюцца:
а) канструкцыі, якія, указваючы на характэрную прымету чаго-небудзь, выражаюць паясняльна-далучальныя адносіны: Да 15 год ёй [Наташы] не хапае толькі тры месяцы, і сакратар калгаснай камсамольскай арганізацыі Косця Прынцып (гэта яго хлопцы так празвалі, сапраўднае ж яго імя і прозвішча было Канстанцін Савельчык) сказаў ёй... (І. Шамякін); Вера жыла ў свайго бацькі Івана Маеўскага (у вёсцы добрая трэцяя частка жыхароў мела гэткае прозвішча) (І. Шамякін); Аднойчы бацька паслаў мяне з нейкай запіскай да суседа-лесніка — так, па эстафеце, ад аднаго да другога перадавалася пошта лясніцтва (І. Шамякін); У цішыні, чуваць было, з высокай пастайні цярушыцца апад (жаўна кару мядзяную дзяўбла) (М. Танк); А ён, яшчэ раз скалануўшыся ад холаду, ускочыў, шалёна замахаў у паветры рукамі, пачаў выкідваць убокі ногі і прысядаць — выпрабаваны салдацкі спосаб сагрэцца (В. Быкаў);
б) канструкцыі, што выражаюць адносіны прычыны і выніку: Дарога — ад таго, што шырокая, ветраная і пыльная — вясёлая (К. Чорны); Лорд не любіў яркага святла — балелі вочы — і выключаў лішнія лямпы (М. Лынькоў); На купінах каля пнёў, дзе каса не кранула травы (яе цяжка абразаць ля дрэва) застылі, мусіць, мокрыя ад расы, блакітныя балотныя званочкі (І. Пташнікаў);
в) канструкцыі, звязаныя з асноўным саставам сказа ўступальна-супраціўнымі адносінамі: Мне не лёгка расстацца з табою (хоць даўно ўжо мінуў аўдыенцыі час) (М. Танк); Нам трэба выхоўваць людзей гарманічна развітых, не вузкіх — няхай і бліскучых — спецыялістаў, а людзей вялікага грамадзянскага тэмпераменту (ЛіМ, 1985); Ён адчуў, як знябыўся за жыццё і вайну ў адзіноце,— салдацкае таварыства было ўсё ж з іншае катэгорыі адносін (В. Быкаў); Рыпнулі дзверы, і на ганачку з’явілася жанчына маіх год (хоць у першую хвіліну яна здалася старэйшай), з грубаватымі, як у мужчыны, рысамі твару (І. Шамякін);
г) канструкцыі, звязаныя з асноўным саставам сказа супастаўляльна-супрацьпастаўляльнымі адносінамі: Хваля — не хваля, хмара — ускідваецца высока над берагам, уздымаючы над сабой светлую грыву пырскаў (І. Мележ); Ляцець — не ісці — прывыкла на колах пошта ўслед (М. Калачынскі); Быў чалавек не паголены, твар яго зарос сівым шчаціннем, нос — бульбіна — пасівераў і цяпер аблазіў, лупіўся (Б. Сачанка);
д) канструкцыі, якія выконваюць службовую функцыю, г. зн. з’яўляюцца звычайнымі спасылкамі на выкарыстаную аўтарам літаратурную крыніцу, яе выданне, старонку: ... Аб матывах і характары нядаўняга іхняга звону пісаў Янка Купала ў лісце ў рэдакцыю «Звязды» (№ 90 за 2 красавіка 1931 г.) (Я. Колас); ... Весткі аб ім знаходзяцца ў «Хроніцы Гваніны», надрукаванай у 1578 г. лацінкаю і ў 1611 г.— польскаю моваю (гл. «Полоцко-Витебская старина», 1916, вып. III, стар. 325—329), Гваніны, па паходжанню італьянец... (Я. Колас).
III. Устаўныя канструкцыі са значэннем эмацыянальна-экспрэсіўнай ацэнкі. У мастацкім стылі часта сустракаюцца ўстаўныя канструкцыі, якія звычайна выпадаюць з агульнага лагічнага плана паведамлення і выкарыстоўваюцца пісьменнікамі як сродак перадачы сваіх эмацыянальна-ацэначных тлумачэнняў і характарыстык: Мы б адчулі гэтае хараство ночы (ціхае хараство ў вайну!), але дрымота і здранцвеласць цела туманіла нам галовы і зацягвала сэрца карою абыякавасці (К. Чорны); З таго часу жыццё не раз і не два пляскала ў гразь яшчэ ці даўно, самага паважанага, самага моцнага — можна сказаць самага магутнага ў Куранях — гаспадара (І. Мележ); Цімох Панасавіч паціраў рукі ад хвалявання: каб чаго не здарылася — бываюць жа прыкрыя нечаканасці — і ад радаснага прадчування, што здарыцца нічога не можа (І. Шамякін); Палявы стан брыгады Лясовіча, да якога накіраваўся Паходня (ох, і хапіла ж размоў і пісаніны, пакуль стварылі такія станы ў трох найбольш буйных брыгадах), нагадваў маленькую часовую сядзібу (Т. Хадкевіч).
Устаўныя канструкцыі гэтага разраду выражаюць розныя пачуцці (здзіўленне, радасць, захапленне і г. д.), выкліканыя папярэднім кантэкстам: А на карэннях дуба — нябачны цяжар! — вісіць у кроплях дажджавых зямлі зялёны шар (А. Вялюгін); У розных кутках беларускай зямлі — там помнікі б з мармуру высечы! — славутыя колісь друкарні былі — гадоў таму ледзь не паўтысячы (Н. Гілевіч); Львіцы — як толькі могуць уседзець у адной клетцы! — з чыста жаночай цікавасцю паглядалі праз краты клеткі (М. Лужанін); Сцепанідзе, відаць, надакучыла чакаць, яна спіхнула з воза малога — выліты Мікіта Самарос! — і паслала па бацьку (А. Асіпенка).
Сэнсавая сувязь устаўных канструкцый са сказам і спосабы ўключэння іх у сказ
§ 197. Па сэнсу ўстаўныя канструкцыі могуць быць звязаны:
а) з усім сказам: Ён [Хадосьчын бацька Ігнат] корпаўся з выслізганым вастрадзюбым падплеткам і лазоваю дзяжкаю — плёў лапаць (І. Мележ); Відаць, дарогі бягуць заўсёды туды, куды імкнецца чалавек (калі скончыцца вайна, дарогі павернуцца ва ўсе бакі — на ўсход, на поўдзень, на поўнач...). Цяпер жа ва ўсіх толькі адзін кірунак! (І. Мележ); Тысячы дзяўчат блакітнавокіх — па тварах бачу — зычаць шчасця мне (П. Панчанка); ...Не адрываючыся ад паперы, падаў яму левую руку (у правай ён трымаў завостраны з абодвух канцоў чырвона-сіні аловак) (К. Крапіва);
б) з часткай складанага сказа: Наперадзе дамоў ужо не было, на касагорыне спакойна ляжаў някошаны лужок — у бязветранай цішы драмалі рамонкі, лагодна гойдаліся мяцёлкі нейкай травы, далей і вышэй у раўках і распадах пачынаўся лес (В. Быкаў); Жанчыны — праўда, іх было не так многа — памагалі гаспадыні накрываць стол, бо ўжо ўсе госці былі ў зборы (Я. Колас); Яўмен чытаў газету, у якой зноў (каторы раз за вясну!) пісалі пра Сяргея Бярозку (І. Шамякін); І калі давядзецца табе, Вадзім Рыгоравіч, жыць на зямлі — а ўміраць не трэба спяшацца — можа, і карысна будзе для справы, калі выведаеш ты ўсё аб асіных гнёздах (М. Лынькоў);
в) з членам сказа: Маці прала — адставіўшы руку, цягнула і цягнула пальцамі з «барады» на прасніцы кужаль, спрытна звівала яго ў нітку (І. Мележ); То ціснулі зямлю халады і чыстай беллю — аж адбірала вочы — шырыліся палі, то мокла адліга — снег сцямнеў, і, нудны, беспрасветны, церусіў дождж (І. Мележ); Прыцьмеўшае наваколле — скальныя груды, адхоны, цясніны і даліны — завалакла мутная мешаніна аблокаў (В. Быкаў).
Паводле спосабу ўключэння ўстаўных канструкцый у сказ іх можна раздзяліць на тры групы:
1) канструкцыі, якія ўключаюцца ў сказ без злучнікаў і злучальных слоў: У летні поўдзень — была спёка — выходзіць рой, снуе высока і на вярбе ўгары садзіцца (Я. Колас); У пярэднім пакоі жанчыны — маці з Зосяй — ляскалі посудам (І. Чыгрынаў); Шчасце здабудуць сабе назаўсёды — так будзе! — гордасць і слава зямлі нашай — простыя людзі (А. Куляшоў);
2) канструкцыі, якія ўключаюцца ў асноўны сказ з дапамогай злучнікаў і, а, ці і інш.: Практыка паказвае, што байка прыхільна сустракаецца чытачом (і слухачом) і стварае належны эфект (К. Крапіва); Як гэта вам падабаецца? — з пачуццём яўнай перавагі — і не толькі перавагі, але і відавочнай перамогі — праказаў маёр (М. Лынькоў); А тут ужо дрымота зусім адабрала думкі і от ужо... (ці гэта са сну, ці сапраўды гэта ўсё на дварэ робіцца) недзе плюхае вада (К. Чорны); Усё гэта не так ужо важна — ці мала як ездзілі даўней з кірмашу людзі — важна было здарэнне ў дарозе... (Я. Колас); Дзядзька Астап, а гэта быў ён, адпачываў у садку каля хаты (М. Лынькоў); Каля Нёмана, а ён тут працякаў недалёка, чуліся галасы плытагонаў (Я. Колас); Антон Крамарэвіч убачыў перад сабою хударлявага хлапчука, у якім (і гэта адразу кідалася ў вочы) нерашучасць і баязлівасць змагаліся з самай выразнай адвагай (К. Чорны);
3) канструкцыі, якія ўключаюцца ў сказ пры дапамозе падпарадкавальных злучнікаў і злучальных слоў калі, хоць, як, што, каторы, які і інш.: Для Юркі гэтыя паездкі — калі бацька браў яго з сабою — былі цэлым святам (І. Мележ); Калі заплюшчыць вока і глядзець доўга на гэтыя жылкі (як робіць Настачка), дык яны нагадваюць вялізны густы лес... (З. Бядуля); Зося — быццам хтось кальнуў яе іголкаю ў самае хворае месца — пачула вялікую боль (Ц. Гартны); Рак (што ўрэшце ў нерат сам папаўся) арцеллю кіраваў (Э. Валасевіч); Ён гасціў у таварыша на дачы... Аграфена Макараўна, сястра таварыша (якая потым вышла за яго замуж) называла яго Анціпікам (З. Бядуля); Яго ворагі і прыяцелі (што часамі бывае адно і тое ж) рады якой-небудзь няўдачы (Э. Самуйлёнак); Нават агульны выгляд твару меў характар цікавай асаблівасці (бо і дрэва мае свой воблік) (Я. Колас); Сцяпана зноў жа сон змарыў (хоць ён, здаецца, не курыў) (К. Крапіва); На зямлі ляжаў кавалачак паперы, на якім друкаваным ладам (каб не пазнаць было рукі) штосьці напісана (К. Чорны).
Пастаяннага месца ў сказе ўстаўныя канструкцыі не маюць. Іх размяшчэнне залежыць ад таго, з усім сказам ці з часткай яго яны звязаны. Пачынаць сказ устаўныя канструкцыі не могуць. Калі яны адносяцца да ўсяго асноўнага сказа, то размяшчаюцца звычайна ў сярэдзіне ці ў канцы. Калі ж устаўныя канструкцыі адносяцца да аднаго якога-небудзь члена сказа, то яны звычайна ставяцца побач ці блізка ад яго, часцей постпазіцыйна: Мястэчка Панямонь — прашу не змешваць яго з другою Панямонню — было ў трох вярстах ад станцыі, а можа, нават і меней (Я. Колас); Калі іх (панямонцаў) моцна што здзівіць, то сваё здзіўленне,— а гавораць яны борздзенька,— выказваюць так: Ва! Ва! (Я. Колас); Мала таго, імя Маклая (яны вымаўляюць «Макрай») засталося для абазначэння добрага чалавека (Я. Маўр); Ідэйна-эстэтычны ўплыў слова на свядомасць і пачуцці вучняў пры вывучэнні творчасці пісьменніка (у яе сувязях з грамадскім жыццём, літаратурным працэсам і мастацкім развіццём чалавецтва) складае аснову сучаснай методыкі літаратуры як навукі (Полымя, 1985); Сухое сена (на ўзгорку ляжалі першыя пакосы) разлівала далёка навокал не толькі густы водар, які п'яніў, але і асаблівую цяплынь, якая ўзнімала настрой, будзіла фантазію, уяўленні і ўспаміны маленства (І. Шамякін).
Своеасаблівая функцыя ўставак — дадаткова што-небудзь паведаміць, растлумачыць, матываваць, выказаць думку, звярнуць увагу, даць ацэнку і г. д.— дазваляе выкарыстоўваць іх у розных стылях. Устаўныя канструкцыі — адна з форм выражэння суджэнняў, роздуму, ацэнак. Іменна таму яны актыўна ўжываюцца ў навуковым стылі, у творах філасофскага характару, а таксама ў мастацкай літаратуры.
