Предыдущий раздел | Оглавление | Следующий раздел
Аднасастаўныя сказы
§§ 198–206
Аднасастаўныя сказы
Агульная характарыстыка
§ 198. Аднасастаўнымі называюцца сказы з адным галоўным членам (суадносным ці з выказнікам, ці з дзейнікам двухсастаўнага сказа, але не ідэнтычным яму), які сумяшчае ў сабе значэнне лагічнага суб’екта і прэдыката: Без навукі цяжка жыць гэтым трудным векам (Я. Колас); Вось паказвалі ў рабоце конную касілку: няхітрая нібы рэч, а як лёгка працаваць на ёй. Кіруй адно са зручнага сядзення, слухай толькі, як бегаюць, чыкаюць спрытныя зубы-ножыкі, падразаючы траву (І. Мележ); Спрачайся да слёз, а ў бойку не лезь (Прыказка); Не, нашых пожняў больш ніколі чужому танку не таптаць (А. Бачыла); Калі мне пішацца, тады — такі багаты, што ўсе ракфелеры і форды не раўня (П. Панчанка); Ару нанова, сею, лешу абшар сваіх пражытых дзён... (Р. Барадулін).
Наяўнасць у аднасастаўных сказах толькі аднаго з галоўных членаў — спецыфічная асаблівасць гэтых сказаў. Другі галоўны член і не ўзнаўляецца, і не падразумяваецца — у гэтым адрозненне аднасастаўных сказаў ад няпоўных. У апошніх, як вядома, адзін галоўны член не забяспечвае паўнаты славеснага выражэння думкі, у выніку чаго па-за кантэкстам і пэўнай сітуацыяй яны застаюцца незразумелымі. Так, у сказах тыпу Пайду ў кіно і па-за кантэкстам няма неабходнасці ў дзейніку. У адрозненне ад такіх сказаў няпоўныя двухсастаўныя сказы тыпу Пайшоў у кіно ў адрыве ад кантэксту аказваюцца незразумелымі і для паўнаты славеснага выражэння патрабуюць дзейніка.
Класіфікацыя аднасастаўных сказаў звычайна праводзіцца на аснове семантычных прымет (што асабліва важна пры вызначэнні іх пэўнасці, няпэўнасці, абагульненасці, пры адмежаванні аднасастаўных сказаў, у прыватнасці, намінатыўных, ад падобных да іх канструкцый) і з улікам граматычнага выражэння галоўнага члена.
У залежнасці ад формы выражэння галоўнага члена аднасастаўныя сказы дзеляцца на два асноўныя тыпы — дзеяслоўныя (Прадавалі апельсіны; Думаю вучыцца; Світае; Быць бядзе) і іменныя (Поўдзень; Зіма; Народу!).
Агульная ўласцівасць усіх дзеяслоўных аднасастаўных сказаў — бессуб’ектнасць. Суадноснасць суб’екта і дзеяння не выражана; дзеянне ўспрымаецца як незалежнае, самастойнае. Аднак незалежнае дзеянне можа быць унутрана суаднесена з «ідэяй суб’екта», г. зн. з дзеячам. Так, у сказе Званілі па тэлефоне дзеяслоў выражае дзеянне, выкананне якога прадвызначае наяўнасць пэўнага суб’екта, але дзеяч тут лексічна не выражаны і граматычна, у форме дзеяслоўнага галоўнага члена, прадстаўлены як няпэўны.
Паводле адносін дзеяння да яго вытворцы дзеяслоўныя аднасастаўныя сказы дзеляцца на чатыры тыпы: пэўна-асабовыя, няпэўна-асабовыя, абагульнена-асабовыя, безасабовыя. Асобую разнавіднасць дзеяслоўных аднасастаўных сказаў складаюць інфінітыўныя сказы.
У аснове выдзялення пэўна-асабовых, няпэўна-асабовых, абагульнена-асабовых і безасабовых сказаў ляжыць структурна-семантычны прынцып. Сутнасць яго ў тым, што пры вызначэнні тыпу аднасастаўных дзеяслоўных сказаў неабходна ўлічваць семантыку сказа па ступені пэўнасці дзеяння і суадносін гэтай семантыкі з формай выражэння галоўнага члена сказа.
Галоўны член дзеяслоўных аднасастаўных сказаў паводле свайго сінтаксічнага значэння адрозніваецца ад залежнага галоўнага члена (выказніка) двухсастаўных сказаў. Асноўная рыса выказніка — суадноснасць з дзейнікам: граматычнае падпарадкаванне дзейніку, выражэнне прыметы, аднесенай да пэўнага суб’екта (Мора шуміць; Сады цвітуць; Чалавек жыве). Галоўны член дзеяслоўнага аднасастаўнага сказа з’яўляецца незалежным, выражаная ў ім прымета не аднесена да суб’екта (Надзьмула снегу; Прынеслі пошту), таму называць такі член выказнікам няправільна; характарызуючы структуру дзеяслоўных аднасастаўных сказаў, трэба карыстацца тэрмінам «галоўны член» (аднасастаўнага сказа).
Агульнае граматычнае значэнне іменных аднасастаўных сказаў — выражэнне быційнасці і прэдыкатыўнасці (мадальныя і часавыя значэнні). Выражэнне мадальных і часавых значэнняў уласціва ўсім тыпам простага сказа (разумеецца, гэтыя значэнні выражаюцца па-рознаму). Быційнасць — спецыфічная рыса іменных аднасастаўных сказаў. Быційнасць, выражаная ў сказах Цішыня; А машын! з’яўляецца сінтаксічным, граматычным значэннем, звязаным з лексічным значэннем назоўнікаў.
Значэнне быційнасці ўзнікае ў выніку ўжывання назоўнікаў у назоўным або ў родным склоне ў незалежнай пазіцыі. Выражэнне быційнасці — умова «ператварэння» слова ў сказ. Неабходным сродкам гэтага «ператварэння» з’яўляецца прэдыкатыўная інтанацыя, якая тым самым удзельнічае ў выражэнні быційнасці.
У залежнасці ад формы выражэння галоўнага члена сярод іменных аднасастаўных сказаў адрозніваюць два структурныя тыпы — намінатыўныя (галоўны член выражаны назоўнікам у назоўным склоне) і генітыўныя (галоўны член выражаны назоўнікам у родным склоне).
Кожны з тыпаў аднасастаўных сказаў (як дзеяслоўных, так і іменных) мае свае структурныя і сэнсавыя асаблівасці, разнавіднасці, сваю сферу стылістычнага выкарыстання.
Спецыфіка аднасастаўных сказаў абумоўлена лаканічнасцю іх, здольнасцю актуалізаваць што-небудзь адно, найбольш важнае для паведамлення (дзеянне, стан, прымету, прадмет ці з’яву).
Прычыны наяўнасці аднаго галоўнага члена як асноўнай асаблівасці ўсіх аднасастаўных сказаў неаднолькавыя. Дастатковасць аднаго галоўнага члена ў пэўна-асабовых сказах абумоўлена чыста граматычнымі фактарамі. Яна поўнасцю залежыць ад марфалагічных уласцівасцей дзеясловаў 1-ай і 2-ой асобы абвеснага і загаднага ладу. Магчымасць абысціся без дзейніка вызначаецца тут ужываннем асабовых канчаткаў -у, -еш, -іш, -ем, -ім, -еце, -іце ці форм загаднага ладу, якія і без дзейніка забяспечваюць інфармацыю аб суб’екце. Дзеясловы тыпу чытаю, думаю, схадзі, прынясі, зрабіце, раскажыце сваімі канчаткамі паказваюць, што выканаўцамі дзеяння з’яўляюцца ўдзельнікі гутаркі. Займеннікі я, ты, вы новай інфармацыі тут не дабаўляюць, аказваюцца інфарматыўна лішнімі.
Заўвага. Займеннік у такіх сказах важны толькі ў экспрэсіўна-стылістычным аспекце. Так, наяўнасць займенніка 2-ой асобы пры форме загаднага ладу ў прэпазіцыі надае пабуджэнню змякчальны (Ты паслухай), у постпазіцыі — узмацняльны характар (Паслухай ты). Аднак такія сказы двухсастаўныя. Двухсастаўныя сказы з дзеясловам у форме загаднага ладу ўжываюцца значна радзей, чым аднасастаўныя.
Ва ўсіх іншых тыпах адсутнасць дзейніка выклікана камунікатыўна-семантычнымі прычынамі.
Аднасастаўныя сказы могуць выступаць як самастойныя сказы і як часткі складаных сказаў: Дарэктар слухаў з захапленнем, дзівіўся розным тут здарэнням: як барсука ў Парэччы білі, як тут куніц, тхароў лавілі... (Я. Колас); Добра быць у дарозе, якую ты сам выбіраеш! (Я. Колас); Запахла полем, пчолім роем, расою жнівеньскай парой (А. Вялюгін); Вёсцы не дрэмлецца (Р. Барадулін); Зіма, Снягі. Мароз. Завеі. Дарога звонкая, як сталь (П. Глебка); У нашых бязмежных радзімых прасторах і казак, і казачных дзеяў нямала (У. Дубоўка).
Аднасастаўныя сказы могуць быць развітымі і неразвітымі ў залежнасці ад таго, паясняецца галоўны член дадатковымі словамі ці не: Ціхі след. Зорны шлях. І ваколіца. Над рачулкай вярбіна мая ледзь трымціць, свавольніца (К. Кірэенка); У лесе і ў палях пачынала цямнець (Я. Колас); Пад цёмнымі крыллямі ночы нельга нічога ўбачыць (М. Багдановіч); У бяздонні часу не прыкмеціш дна (А. Звонак); Люблю цябе, мая краіна! (Я. Колас); Соладка ўлетку ў дзень ройны ў зеляні, у кветках купацца, з ветрам гуляць неспакойным, з сонцам гуляць, цалавацца! (Я. Купала).
Пэўна-асабовыя сказы
§ 199. Пэўна-асабовымі называюцца аднасастаўныя сказы, галоўны член якіх выражаны дзеясловам у асабовай форме, што ўказвае на пэўную дзеючую асобу.
Галоўны член пэўна-асабовых сказаў можа быць выражаны наступнымі дзеяслоўнымі формамі:
1) 1-ай асобы адзіночнага і множнага ліку цяперашняга і будучага часу абвеснага ладу: Смела кажу: мала дзе знойдзеце вы такія прыгожыя рэчкі, як Нёман (Я. Колас); Стаю ля акна ў цішы калідора, са мной размаўляюць аршанскія зоры (П. Панчанка); З той пары ўспомню Украіну — і ўсплывае вобраз кожны раз: «Заповіт» пяе ў цішы дзяўчына над магілай слаўнай Кабзара (П. Панчанка); Марым і верым, працуем і лаемся, і ўхмыляемся, і захапляемся (П. Панчанка); Шлю падзяку вёскам і сябрам, жытнім копам на шырокім полі (А. Куляшоў); Люблю цябе, мой Нёман родны, мая любімая рака (А. Русак); «Задушу!» — хрыпеў ён, як звер, сціснуўшы аб'ездчыка за горла (Я. Колас).
Заўвага. З формай 1-ай асобы множнага ліку абвеснага ладу марфалагічна супадае форма загаднага ладу: — Ідзём дамоў,— сказала маці. — Пагуляем трохі,— адказаў сын. У адрозненне ад абвеснага форма загаднага ладу вымаўляецца з асобай пабуджальнай інтанацыяй і ніколі не ўжываецца з займеннікам мы. У размоўным стылі гэта форма нярэдка ўжываецца з часціцай давай (-це): Давайце ўспомнім пра студэнцкае жыццё; Давайце прысядзем, адпачнем.
Пэўна-асабовыя сказы, у якіх галоўны член выражаны дзеясловам загаднага ладу, што абазначае запрашэнне да сумеснага дзеяння, заўсёды аднасастаўныя;
2) 2-ой асобы адзіночнага і множнага ліку цяперашняга і будучага часу абвеснага ладу: Калі, бывала, пазіраеш на Мінск з раёнаў Брэсцкага вакзала, то гэты астрожны замак у першую чаргу кідаецца ў вочы, засланяючы сабою горад. Едзеш па чыгунцы ў Вільню, глядзіш на горад праз акно вагона — зноў гэты ідал тырчыць перад тваімі вачыма (Я. Колас); Уявіце на момант работу шахтапраходчыка (Полымя, 1983); Дзіву даешся нязмернай працавітасці П. Галавача: ён умеў спалучаць службовую, грамадскую і літаратурную работу, на ўсё знаходзіў час (Чырвоная змена, 1984); Калі глядзіш на маленькую металічную фігурку зубра на радыятары аўтамабіля, перад вачыма паўстае той слаўны, імклівы шлях, які прайшла Савецкая Беларусь (В. Вольскі); Марына паціснула плячыма, як бы сказаўшы: «А мне што да таго? Як хочаце, так і рабіце» (Я. Скрыган).
Заўвага. Ужываючы замест формы 1-ай форму 2-ой асобы, той, хто гаворыць, паведамляе пра сябе як бы збоку, г. зн. надае свайму выказванню адценне абагульнення. Значэнне прошлага часу ў такіх сказах перадаецца з дапамогай часціцы бывала: Глядзіш, бывала, і здаецца, што скрозь сцяну галін жывую, скрозь гэту тканку маладую ні мыш, ні пташка не праб'ецца (Я. Колас);
3) 2-ой асобы адзіночнага і множнага ліку загаднага ладу: Пі пах лугоў, красой гаёў любуйся (П. Панчанка); Не гасіце агнёў! Хай праменні ясней асвятляюць праспаныя вочы (А. Гурло); — Што ж ты плачаш, ідзі ў хату... Не плач, супакойся (Я. Колас); Куды ні зірні — малінавых сцягаў шугаюць агні (А. Вялюгін); Сельскія працаўнікі! Дабівайцеся высокага ўраджаю ў трэцім, рашаючым годзе пяцігодкі! Настойліва змагайцеся за павышэнне прадуктыўнасці жывёлагадоўлі! (З заклікаў ЦК КПСС); Куды ні зірні — усюды лес ды лес,— таемны, магутны, прыгожы (Р. Мурашка).
Форма 3-яй асобы не можа быць галоўным членам пэўна-асабовых сказаў, паколькі яна не ўказвае на пэўную дзеючую асобу.
Асабовыя бяздзейнікавыя сказы з формай дзеяслова 3-яй асобы з'яўляюцца няпоўнымі двухсастаўнымі: Але раптам калі гляне — на нябесным на экране ў музеі мёртва-сонны сам Хвядос сваёй пярсонай (К. Крапіва); Яны [людзі] цяпер ужо зусім не варушыліся. Думалі, відаць, якая і куды чакае іх дарога, шкадавалі пуцявін, што вялі няйнакш дадому і якія, глядзі, зноў адрэзаны і, можа, назаўсёды... І напэўна, пракліналі тыя, якімі ступілі сюды, у гэты край, тры гады назад, у сорак першым... (І. Пташнікаў).
Адсутнасць дзейніка не стварае непаўнаты пэўна-асабовага сказа, паколькі галоўны член дакладна ўказвае на таго, хто ўтварае дзеянне. Не патрэбен дзейнік і для паўнаты выказвання. Такім чынам, пэўна-асабовыя сказы — самастойны структурны тып простага сказа з адным галоўным членам — выказнікам. Па семантыцы гэтыя сказы блізкія да асабовых двухсастаўных сказаў: амаль заўсёды адпаведную інфармацыю можна перадаць двухсастаўнымі сказамі, уключыўшы ў іх займеннікі я, ты, мы ці вы; параўн.: Іду; Памятаеш; Працуеце — Я іду; Ты памятаеш; Вы працуеце. У сэнсавых адносінах такія канструкцыі раўнапраўныя. Розніца паміж абодвума тыпамі сказаў чыста стылістычная: у першых увага засяроджана на дзеянні, што надае паведамленню дынамічнасць, уносіць адценне размоўнасці, іншы раз выражае катэгарычнасць: Прапаную ўстаць. Аднак калі ўвага акцэнтуецца на дзейніку-займенніку ці падкрэсліваецца супрацьпастаўленне, то сінанімічная замена асабовага сказа пэўна-асабовым не дапускаецца: Хто паедзе ў калгас? — Я паеду ў калгас (г. зн. я, а не хто-небудзь іншы); Вы ідзіце, а я пачакаю.
Заўвага. Адценні ў семантыцы пэўна-асабовых і двухсастаўных сказаў іншы раз настолькі нязначныя, што многія вучоныя не выдзяляюць пэўна-асабовыя сказы ў асобы тып, а разглядаюць іх як няпоўную рэалізацыю структурнай схемы двухсастаўных сказаў. Семантычная адэкватнасць аднасастаўных пэўна-асабовых сказаў двухсастаўным сказам — сведчанне таго, што структурна-семантычныя тыпы простага сказа — двухсастаўныя, аднасастаўныя і нерасчлянёныя (словы-сказы) — узнікаюць, развіваюцца і існуюць пры пастаянным узаемадзеянні. Паміж імі няма рэзкай мяжы, яны ўтвараюць вялікую колькасць пераходных (прамежкавых і перыферыйных) тыпаў, якія стаяць на мяжы паміж двухсастаўнымі і аднасастаўнымі, аднасастаўнымі і нерасчлянёнымі сказамі.
Пэўна-асабовыя сказы зразумелыя і па-за кантэкстам, сітуацыяй, чым і адрозніваюцца ад няпоўных сказаў.
Адрозніваюцца яны і ад іншых тыпаў аднасастаўных сказаў, напрыклад, безасабовых: галоўны член пэўна-асабовых сказаў сваёй марфалагічнай формай указвае на вытворцу дзеяння, у форме ж галоўнага члена безасабовых сказаў значэнне асобы-дзеяча не выражана.
Пры размежаванні пэўна-асабовых і абагульнена-асабовых сказаў трэба ўлічваць іх змест: апошнія выражаюць агульныя палажэнні, вывады, што не характэрна для пэўна-асабовых сказаў.
Размежаваць пэўна-асабовыя і няпэўна-асабовыя сказы няцяжка: у апошніх галоўны член выражаецца дзеясловам 3-яй асобы множнага ліку, чаго ніколі не бывае ў пэўна-асабовых сказах.
Пры параўнанні пэўна-асабовых сказаў з іншымі аднасастаўнымі сказамі відаць, што яны валодаюць найбольшай ступенню логіка-граматычнай члянімасці, збліжаючыся з двухсастаўнымі сказамі, паколькі вытворца дзеяння ў іх мысліцца пэўна: ён можа быць вербалізаваны толькі ў выглядзе займеннікаў я, мы, ты, вы.
У сучаснай беларускай мове пэўна-асабовыя сказы даволі ўжывальныя. Асабліва ўжывальныя яны ў дыялагічнай мове, дзе сама абстаноўка вызначае характар сінтаксічнай будовы сказа. У прыватнасці, адсутнасць асабовых займеннікаў у пэўна-асабовых сказах звязана з тым, што субяседнікам вядома, да каго звяртаюцца, і таму няма неабходнасці называць асобу. Пэўна-асабовыя сказы шырока выкарыстоўваюцца ў паэзіі. Уласцівы яны афіцыйна-дзелавому стылю мовы, калі неабходна падкрэсліць значэнне дзеяння, а не асобы: Прашу выдзеліць мне пуцёўку ў санаторый-прафілакторый; Даводжу да вашага ведама, што ўчора я вярнуўся з адпачынку. Характэрны яны і для эпісталярнага жанру: Жадаю поспеху, цалую, абдымаю!; Перадай прывітанне; Прашу прабачэння. Галоўны член у такіх выпадках выражаецца, як правіла, дзеясловам са значэннем прывітання, пажадання, прабачэння.
Пэўна-асабовыя сказы дазваляюць пазбегнуць лішняга паўтарэння асабовых займеннікаў. Ужываючы пэўна-асабовыя сказы, аўтар усю ўвагу засяроджвае на дзеянні, самым важным для яго. Найбольшая экспрэсія дасягаецца ўжываннем аднародных галоўных членаў у пэўна-асабовых сказах: Прыгледзься днём к яснаму сонцу і месяцу ночнай парой; у шум цёмнай услухайся пушчы і ў шумы паводкі вясной (Я. Купала); Не стаў сабе дачасна помнік і ў бяссмерце не спяшы, лаві не ўласнай славы промні, а сонца кожнае душы (П. Панчанка); Мацуйся, ідзі, працавітая, да новых здабыткаў, краіна! (П. Глебка).
Няпэўна-асабовыя сказы
§ 200. Няпэўна-асабовымі называюцца аднасастаўныя сказы, галоўны член якіх выражаны дзеясловам 3-яй асобы множнага ліку цяперашняга, будучага ці прошлага часу і ўказвае на дзеянне, якое выконваюць няпэўныя асобы.
Вытворцы дзеянняў, пра якіх гаворыцца ў няпэўна-асабовых сказах, існуюць рэальна, ды і самі дзеянні выражаюцца асабовымі формамі дзеяслова. Таму такія сказы і называюцца асабовымі. Але паколькі дзеючая асоба не названа і мысліцца няпэўна (дзеянне ўтварае нехта), такія сказы яшчэ называюцца няпэўнымі. Адсюль іх двайная назва. Няпэўнасць значэння — семантычнае ядро няпэўна-асабовых сказаў. Няпэўнасць дзеючай асобы ствараецца і значэннем форм 3-яй асобы, якія ў адрозненне ад форм 1-ай і 2-ой асобы менш канкрэтныя: Спявалі недзе ў дальнім канцы вёскі (І. Шамякін); Вам раскажуць, якая ў нас дысцыпліна. Адным словам, у нас зброю не губляюць (І. Шамякін); Сустракаюць чалавека па адзенню, а праводзяць па розуму (Прыказка); Перш за ўсё пачалі перапраўляць раненых (І. Мележ); З раёна званілі сёння (Т. Хадкевіч); Камандзіра дывізіі паклікалі да тэлефона (І. Мележ); У дзверы пакоя нясмела пастукалі (І. Шамякін).
Канструктыўны састаў няпэўна-асабовых сказаў, як правіла, не абмяжоўваецца адным галоўным членам, а ўключае таксама даданыя члены. Прычым у адпаведных выпадках выкарыстанне даданых членаў матывіруецца не толькі іх уласным семантыка-сінтаксічным прызначэннем, але і тым, што ў межах пэўнага сказа яны ўтвараюць той мінімальна неабходны кантэкст, у якім няпэўна-асабовая форма дзеяслова праяўляе свае спецыфічныя ўласцівасці ў параўнанні з аманімічнай формай 3-яй асобы множнага ліку.
Сказанае датычыць перш за ўсё акалічнасных даданых членаў (у тым ліку і дэтэрмінантаў). Іменна дзякуючы наяўнасці акалічнасных даданых членаў сказы тыпу Каля мікітавых гулялі, бо гэта было ў нядзелю (Я. Брыль); У хаце пасварыліся (К. Чорны) успрымаюцца як поўныя няпэўна-асабовыя. Калі ж з саставу гэтых сказаў выключыць акалічнасныя даданыя члены, іх можна ўспрыняць як няпоўныя пэўна-асабовыя сказы (напрыклад, у дыялагічных рэпліках тыпу «Дзе цяпер твае дзеці?» — «Вучацца»).
Няпэўна-асабовыя сказы аманімічныя няпоўным двухсастаўным сказам.
Увядзенне дзейніка змяняе не толькі тып прэдыкатыўнай адзінкі, але і яе сэнс (няпэўнасць знікае).
Няпэўна-асабовым сказам сінанімічныя асабовыя сказы. Так, у сказе Няхай смяюцца, паступіць інакш я не магу ўвага таго, хто гаворыць, засяроджана на дзеянні (у першай частцы), суб’ект жа дзеяння не ўказаны, паколькі ён вядомы. Замест такога няпэўна-асабовага сказа можна ўжыць асабовы сказ: Няхай смяюцца знаёмыя (таварышы)... Сэнс сказа застаўся той жа, знікла толькі адценне дынамічнасці.
У адрозненне ад пэўна-асабовых няпэўна-асабовыя сказы нагадваюць сабою абсалютна самастойную структурна-семантычную разнавіднасць сказаў. Аднасастаўнасць уласціва ім арганічна і звязана з асноўнай асаблівасцю іх граматычнай семантыкі; так як дзеянне абазначаецца ў іх безадносна да канкрэтнага яго выканаўцы, яны дазваляюць засяродзіць усю ўвагу на характары дзеяння: У будныя дні ўставалі рана (Я. Колас); Машыну, што засела, узялі на буксір. Пакуль прывязалі трос, вывалаклі машыну, прайшло многа часу (І. Мележ); Назаўтра ўвесь дзень з свірна выдавалі пад канчатковы разлік збожжа на працадні, а ў канторы — грошы (А. Пальчэўскі); Пакасілі пожні, знялі з ніў красу (М. Машара); Нас перакінулі на той бок заліва, на заходні (І. Шамякін).
Дзеяслоўная форма множнага ліку (3-яя асоба) выражае агульную граматычную семантыку няпэўна-асабовых сказаў, а не множнасць суб’ектаў: яна ўжываецца і ў тым выпадку, калі рэальным выканаўцам дзеяння з’яўляецца адзін суб’ект (Прынеслі зарплату; Пазванілі па тэлефоне).
Важная асаблівасць граматычнай семантыкі няпэўна-асабовых сказаў заключаецца ў тым, што з іх дапамогай выражаюцца толькі праяўленні чалавечай дзейнасці. У гэтых адносінах яны рэзка адрозніваюцца ад безасабовых сказаў, якія выражаюць дзеянні стыхійных сіл.
Пры наяўнасці аб’екта няпэўна-асабовыя сказы па значэнню нярэдка збліжаюцца з залежнымі канструкцыямі, параўн.: Творы класікаў купляюць больш ахвотна і Творы класікаў купляюцца больш ахвотна; Бацьку выклікалі ў школу і Бацька быў выкліканы ў школу. І ў няпэўна-асабовых сказах, і ў залежных канструкцыях абазначэнне дзеючай асобы не з’яўляецца мэтай выказвання.
Асаблівасцямі граматычнай семантыкі няпэўна-асабовых сказаў абумоўлены магчымасці камунікатыўнага выкарыстання іх. Няпэўна-асабовыя сказы ўжываюцца тады, калі па розных прычынах нельга, не трэба ці нават немагчыма назваць выканаўцу дзеяння. Часцей за ўсё яны выкарыстоўваюцца тады, калі размова ідзе аб нейкай калектыўнай дзейнасці (Шукалі нафту; Будавалі БАМ). Хоць у адносінах да калектыўнай дзейнасці не толькі немэтазгодна, але нават і не заўсёды магчыма абазначыць канкрэтных выканаўцаў дзеяння, у цэлым выканаўцы тых дзеянняў, пра якіх гаворыцца ў няпэўна-асабовых сказах, ясныя для чытача. Ускосную інфармацыю аб іх дае кантэкст. Радзей у няпэўна-асабовых сказах паведамляецца пра дзеянні адной ці некалькіх асоб (Яе паклікалі). Падставай для ўжывання такіх сказаў служыць тое, што асоба невядома. Такія няпэўна-асабовыя сказы семантычна блізкія да двухсастаўных сказаў з займеннікам нехта (Нехта галосіць. Нехта панура маўчыць. Нехта заліхвацка зацягвае песню пад усхліпы гармоніка (Я. Скрыган)). Аднак спецыфіка няпэўна-асабовых сказаў праяўляецца і тут: яны дазваляюць поўнасцю абстрагавацца ад дзеючай асобы. У двухсастаўных сказах значэнне няпэўнасці перадаецца лексічна, з дапамогай няпэўнага займенніка, у аднасастаўных няпэўнасць асобы выражаецца граматычна, незалежнай дзеяслоўнай формай.
Камунікатыўная роля няпэўна-асабовых сказаў — паведамленне, канстатацыя рэальнага факта дзеяння, якое адбылося, адбываецца ці адбудзецца, з праяўленнем абыякавасці да паведамлення пра дзеяча.
Няпэўна-асабовыя сказы ў параўнанні з пэўна-асабовымі менш прадуктыўныя ў сучаснай беларускай мове. Ужываюцца яны часцей за ўсё ў размоўным стылі, што звязана з неабходнасцю ў пэўных выпадках акцэнтаваць увагу на дзеянні, а не на яго вытворцы (хоць ён ці яны вядомыя). Частае ўжыванне няпэўна-асабовых сказаў у размоўным стылі прывяло да таго, што некаторыя з іх набылі характар устойлівых спалучэнняў, напрыклад: Каму гавораць?!; Табе гавораць. Няпэўна-асабовыя сказы шырока выкарыстоўваюцца і ў мове мастацкай літаратуры. У навуковым стылі мовы, каб пазбегнуць няяснасці, няпэўнасці выражэння думкі, няпэўна-асабовыя сказы амаль не ўжываюцца. Сфера выкарыстання няпэўна-асабовых сказаў у дзелавым стылі таксама абмежавана: яны звычайна ўжываюцца толькі ў афіцыйных аб’явах: «Тут падаюцца заяўкі на калектыўнае наведванне»; «Просяць не курыць»; «У вучылішчы рыхтуюць будаўнікоў».
Абагульнена-асабовыя сказы
§ 201. Абагульнена-асабовымі называюцца аднасастаўныя сказы, галоўны член якіх выражаны дзеясловам 2-ой асобы адзіночнага ліку (радзей у іншых асабовых формах) цяперашняга ці будучага часу і абазначае дзеянне, якое ў аднолькавай меры адносіцца ці можа адносіцца да любой асобы: Калі жывеш доўгі час на адным месцы, неяк і не заўважаеш, як многа розных рэчаў завялося ў тваім доме (У. Шахавец); Бо што ж чалавеку болей трэба, як не імкненне? З імкненнем абойдзеш зямлю — з добрым, прыгожым,— не заблудзіш на моры і ў лесе (В. Каваль); Як ні круці, як ні мяркуй, а парасткі новага жыцця прабіваюцца буйна, густа, сакавіта (Я. Колас).
Дзеянне галоўнага члена ў абагульнена-асабовых сказах абмяжоўваецца пэўным часавым планам. Тыповая форма выражэння абагульнення ў абагульнена-асабовых сказах — форма 2-ой асобы адзіночнага ліку дзеясловаў цяперашняга і будучага часу: Пад гэты гром, пад дождж упарты то там, то тут пачуеш жарты (Я. Колас); Яно скварку добрую як убярэш, тады і сякерай у ахвоту намахаешся і любы краж зваліш (М. Лынькоў); Не злічыш дароў тваіх, верасень, сёлета (А. Вялюгін); На палубе шум галасоў, вясёлы смех, баяна звон. Нямала стрэнеш тут сяброў з далёкіх і з сваіх старон (М. Танк).
З дапамогай форм 2-ой асобы адзіночнага ліку цяперашняга і будучага часу абвеснага ладу як найбольш тыповым сродкам выражэння абагульненасці ў абагульнена-асабовых сказах падкрэсліваецца, што назіранні датычаць як бы любога чалавека.
Галоўны член абагульнена-асабовых сказаў можа быць выражаны дзеясловам 2-ой асобы адзіночнага ліку загаднага ладу: Новых сяброў набывай, а старых не забывай (Прыказка); Чалавека слухай, а сваю думку май (М. Лынькоў); Што ні кажы, а жыццё ўжо само па сабе ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар (Я. Колас); Рачной мятай, мядовым водарам мурагоў настоена паветра. Хоць бяры чай заварвай з гэтага густога пахучага настою! (А. Бялевіч); Нам пад сілу любая з работ! У абозе нас не шукай! (П. Панчанка); Бацьку любі, старых паважай, здароўе беражы, а калгаснае дабро памнажай (Прыказка); Вызначай смак не па скарлупіне, а па асяродку (Афарызм).
Функцыю галоўнага члена абагульнена-асабовых сказаў (вельмі рэдка) можа выконваць дзеяслоў 1-ай і 2-ой асобы множнага ліку цяперашняга часу, у асноўным — гэта прыказкі і прымаўкі: Добра працуем — калгас мацуем; Як маем, так ужываем; Увосень за стол просім; Хваліце мяне, а я вас.
У якасці галоўнага члена абагульнена-асабовага сказа можа выступаць дзеяслоў 3-яй асобы множнага ліку цяперашняга часу: Ад дабра дабра не шукаюць (К. Крапіва); Аб адсутных не гавораць кепска (І. Шамякін); Клін клінам выганяюць (Прыказка); Хваробу лечаць і атрутамі (М. Багдановіч).
Адна з важнейшых семантычных асаблівасцей абагульнена-асабовых сказаў заключаецца ў тым, што ўжываюцца яны пры выражэнні толькі такіх назіранняў, якія з'яўляюцца бясспрэчнымі, аксіёматычнымі, паколькі яны натуральна выцякаюць з аб'ектыўных асаблівасцей пэўных з'яў ці сітуацый. На гэтай аснове ў абагульнена-асабовых сказах узнікаюць мадальныя значэнні магчымасці, немагчымасці, неабходнасці, непазбежнасці, аб'ектыўнай абумоўленасці пэўных назіранняў: Так і сачы за ім, каб не ўкраў хаця больш ужо (П. Галавач); Трэба тут з сілай, ды не з малою, а потым шоргай яшчэ пілою, так і натрэш мазоль часамі; а потым — пніся, кладзі на сані ды цаліною тралюй да дарогі (К. Крапіва); Што ж тады будзе? Якое ж тады жыццё настане? Гэта ж спакойна не пажывеш. Усё гніся, спяшайся зрабіць... (У. Грамовіч).
Значэнне аб'ектыўнай абумоўленасці пэўных назіранняў асабліва наглядна праяўляецца тады, калі абагульнена-асабовыя сказы — састаўная частка складаных сказаў (злучнікавых і бяззлучнікавых), у якіх выражаецца ўмова: Дзяры лыкі, калі дзяруцца (З. Бядуля); Калі робіш у купе, не баліць у пупе (Прыказка); Праедзь або прайдзі ад Кушкі да Ямала, геаграфічных дзіў убачыш ты нямала (П. Панчанка); Пападзіся такому ў рукі — у рог сагне (І. Шамякін); Кранеш адно, усплыве другое (Я. Колас).
Асаблівасць семантыкі абагульнена-асабовых сказаў праяўляецца і ў тым, што, выражаючы абагульненне, форма 2-ой асобы адзіночнага ліку найбольш непасрэдна і ў першую чаргу звязана з асобай таго, хто гаворыць,— з абагульненнем яго жыццёвага вопыту ці засвоенага ім вопыту калектыўнага.
Абагульнена-асабовыя сказы не абавязкова аднасастаўныя: у іх можа ўжывацца дзейнік ты — таксама з абагульнена-асабовым значэннем: Жывеш, ліпіш, як на калу, ты, і ногі й рукі ўдзеты ў путы (Я. Колас); Якая б ні была сама па сабе глуш, але калі ты чуеш гудок паравоза, шум вагонных колаў і бачыш гэтыя роўныя або прыгожа закругленыя палоскі жалеза на шпалах, то не так тужліва адчуваеш адарванасць ад людзей і культуры, бо чыгунка з'яўляецца як бы жывым вобразам непарванай сувязі з людзьмі (Я. Колас); Травы гнуцца ад рос. І ты бачыш, як макі на градах узнялі да нябёс каснікі каляровыя радуг (П. Панчанка).
Такія двухсастаўныя сказы блізкія да асабовых.
Яшчэ больш збліжаюцца з асабовымі тыя двухсастаўныя абагульнена-асабовыя сказы, у якіх ужываецца займеннік вы, а не ты: Праходзячы з залы ў залу і сузіраючы творы вялікіх мастакоў, вы, нарэшце, пачынаеце стамляцца ад мноства ўражанняў (К. Крапіва); Згодзен, аднак заўважце, усё, што робіцца ўпотай ад другога, з'яўляецца здрадай дружбе, бо ў такім выпадку вы кіруецеся толькі ўласнай выгадай, а не выгадай для вас абаіх (А. Чарнышэвіч).
Асобна стаяць двухсастаўныя сказы з формамі загаднага ладу (2-ой асобы адзіночнага ліку). Калі гэтыя формы захоўваюць прамое — пабуджальнае значэнне, то абагульненне калектыўнага вопыту ў іх часта ўспрымаецца як павучанне, звернутае да субяседніка — другой асобы: Бяссмертныя іх [герояў] помнікі крані ты — і цеплыню адчуеш пад рукой: іх высеклі не з камняў, не з граніту,— з людской любві, з удзячнасці людской (П. Панчанка); Ты вось адгаблюй добра дошку, адпаліруй яе як след, пусці добрую палітру, і воку твайму прыемна! (М. Лынькоў); І ты з вады ўцякай, бо хваля другая таксама — як плясне!.. (Я. Брыль).
Калі ж формы 2-ой асобы ўжываюцца ў значэнні неімператыўных, то гэтыя сказы маюць звычайнае абагульнена-асабовае значэнне: Зрабі ты найлепшую грэблю, а выльецца вясною вада і сапрэ яе (Я. Колас).
Займеннікі ты, вы ў якасці дзейнікаў такіх двухсастаўных сказаў не выклікаюць уяўлення пра пэўную асобу, таму такія сказы і з'яўляюцца абагульнена-асабовымі.
Двухсастаўныя абагульнена-асабовыя сказы ўжываюцца параўнальна рэдка. Абагульнена-асабовыя сказы, як правіла, з'яўляюцца аднасастаўнымі.
Функцыянальнае прызначэнне абагульнена-асабовых сказаў — даць вывад, агульнае палажэнне, каб ахарактарызаваць ці вызначыць якую-небудзь з'яву, у гэтым іх семантычнае адрозненне ад няпэўна-асабовых сказаў, функцыянальнае прызначэнне якіх — паведамленне, канстатацыя факта, дзеяння. Указваючы на канкрэтны факт дзеяння, няпэўна-асабовыя сказы не могуць быць аформлены як устойлівыя фразы, прымаўкі, прыказкі — тыповы ўзор абагульнена-асабовых сказаў: Языком работы не зробіш; Як дбаеш, так і маеш; Не рабі ліхога і не бойся нікога; Глыбей узарэш — болей збярэш; Жывучы, усім не ўнаровіш; За багацце розуму не купіш; Рана ўстанеш — многа зробіш.
Абагульнена-асабовыя сказы — прадуктыўны тып сказаў. Яны шырока выкарыстоўваюцца не толькі ў размоўным стылі, але і ў мастацкай літаратуры, публіцыстыцы: Народ не сагнеш, не пакорыш нічым — ніякім прымусам, ні здзекам (П. Броўка); Скажаш слова не такое — быць бядзе (Я. Колас); У кароткія зімовыя дні час бяжыць хутка. Не агледзішся, як пачынае шарэць (А. Пальчэўскі); Што больш жывеш, чым далей адыходзіш ад сваёй маладосці, тым усё часцей успамінаецца далёкае мінулае, усё з большай асалодай аддаешся гэтым успамінам (А. Кулакоўскі); Ніколі не ўгадаеш, што цябе чакае, асабліва, калі табе дваццаць год (Полымя, 1985).
У семантычных і стылістычных асаблівасцях абагульнена-асабовых сказаў захоўваецца пэўная сувязь з канкрэтна-асабовай семантыкай 2-ой асобы. 2-ая асоба абагульнена-асабовых сказаў як бы заключае ў сабе намёк на тое, што той, хто гаворыць, запрашае рэальнага ці ўяўнага субяседніка да сумесных назіранняў, у многіх выпадках і да суперажывання. З гэтым звязана пастаянная эмацыянальная афарбаванасць абагульнена-асабовых сказаў, што, натуральна, абмяжоўвае сферу іх стылістычнага выкарыстання: у афіцыйных стылях такіх сказаў няма.
Безасабовыя сказы
§ 202. Безасабовымі называюцца аднасастаўныя сказы, галоўны член якіх абазначае дзеянне ці стан незалежна ад вытворцы дзеяння (ці носьбіта прыметы): Гэтаму чалавеку выпала ў жыцці многа папрацаваць і многа зазнаць (І. Мележ); У Аляксея радасна было на душы (Т. Хадкевіч); У Машы ажно пахаладзела пад сэрцам (І. Шамякін); З рэчкі пацягнула халадком (А. Стаховіч); Цяжка на сэрцы было і не хацелася паказваць свайго гора другім (А. Пальчэўскі); Ужо вечарэла. З Нёмана пацягнула цёплым струменем вільгаці (П. Пестрак); І паглядзець было цікава, як дзядзька шчыра і ласкава касу на рынку выбірае (Я. Колас); Было даволі холадна, хоць апошнія дні пацяплела і снег растаў (І. Шамякін); Холадна. Хочацца есці (П. Глебка); У лесе значна пасвятлела (Я. Колас).
Істотнай структурнай прыметай безасабовых сказаў з’яўляецца наяўнасць аднаго асноўнага прэдыкатыўнага кампанента, які падпарадкоўвае сабе астатнія кампаненты (калі яны ёсць у сказе). У адрозненне ад іншых аднасастаўных сказаў гэты структурна-граматычны цэнтр не дапускае ўвядзення ў структурную схему другога палярнага кампанента. Спроба ператварыць безасабовыя сказы ў асабовыя шляхам увядзення дзейніка прыводзіць або да бяссэнсавасці, або да стылістычнай таўталогіі, параўн.: Цямнее — Ноч цямнее; Марозіць — Мароз марозіць.
У безасабовых сказах паведамляецца пра з’явы прыроды, працэсы ў арганізме чалавека і жывёл, фізічны і псіхічны стан, якія ўзнікаюць самі па сабе. Адсутнасцю ў такіх працэсаў пэўнага дзеяча тлумачыцца тое, што сярод безасабовых няма пабуджальных сказаў.
У параўнанні з пэўна-асабовымі, няпэўна-асабовымі і абагульнена-асабовымі безасабовыя сказы больш разнастайныя і па граматычнай структуры, і па сваіх семантычных магчымасцях.
Вызначальнай асаблівасцю граматычнай семантыкі безасабовых сказаў з’яўляецца значэнне стыхійнасці, міжвольнасці дзеяння ці стану. Не менш важнай і характэрнай з’яўляецца другая семантычная асаблівасць безасабовых сказаў: прымета, якая ў іх выражаецца, часцей за ўсё — вынік дзеяння няпэўнай сукупнасці стыхійных сіл ці аб’актыўных абставін. Таму самім ужываннем мадэлі безасабовага сказа падкрэсліваецца, што прымета гэта не мае прамой сувязі з якім-небудзь асобным суб’ектам.
Для многіх безасабовых сказаў характэрна выкарыстанне даданых членаў, якія ўдакладняюць «межы» праяўлення прыметы. Звычайныя ў гэтай ролі, з аднаго боку, акалічнасці, якія ўказваюць на месца і час праяўлення прыметы, з другога — дапаўненні, якія абазначаюць асобу ці прадмет, у адносінах да якіх праяўляецца пэўная прымета: Бралася на мароз (К. Чорны); Пахла цвіллю, веяла халадком (Т. Хадкевіч); На шыбах пачынае днець (М. Танк); У райкоме было людна (М. Лынькоў); Павее ад нашых палёў залатых не казкай, а шчасцем (П. Панчанка); З поля цягнула свежым і чыстым ветрам (К. Чорны); Пасля дзённай працы зорнай летняй ноччу люба прагуляцца (К. Крапіва).
Сярод даданых членаў, што могуць развіваць галоўны член безасабовых сказаў, адрозніваюцца факультатыўныя і нефакультатыўныя (структурна абавязковыя). Нефакультатыўныя даданыя члены выконваюць ролю дапаможных сродкаў, якія афармляюць безасабовыя канструкцыі і неабходны для выражэння пэўнай семантыкі сказа ў цэлым. Адсутнасць іх можа быць прыметай структурнай непаўнаты безасабовых сказаў.
Не патрабуюць канструктыўна неабходных даданых членаў толькі некаторыя безасабовыя дзеясловы і безасабова-прэдыкатыўныя словы, якія сваім лексічным значэннем выразна вызначаюць прадмет думкі: Задажджыла; Ветрана; Марозіць і г. д. У такіх сказах могуць быць акалічнасці часу, якія канкрэтызуюць час стану (учора, сёння, ноччу, раніцай і пад.), акалічнасці ступені дзеяння і якасці (Вельмі ветрана).
У большасці выпадкаў структурна-семантычныя ўласцівасці безасабовых сказаў вызначаюцца лексіка-граматычнымі ўласцівасцямі галоўнага і даданых членаў: На вуліцы холадна (стан прыроды); У пакоі холадна (стан навакольнага асяроддзя); На сэрцы холадна (псіхічны стан чалавека).
У канструяванні безасабовых сказаў пэўнай семантыкі як структурна абавязковыя ўдзельнічаюць наступныя даданыя члены: ускоснае дапаўненне са значэннем асобы, якая перажывае пэўны стан — так званы давальны суб’екта (Яму нездаровіцца; Мне не спіцца); ускоснае дапаўненне ў творным склоне (Цягне холадам; Пахне ліпаю); ускоснае дапаўненне ў родным склоне (Нічога не чуваць; Сіл хопіць ненадоўга); прамое дапаўненне ў вінавальным склоне (Сарвала страху; Узарвала мост); акалічнасці месца ў асобных семантычных мадэлях (Вакол незвычайна прыгожа).
Своеасаблівасць безасабовых сказаў ствараецца ўзаемадзеяннем семантычных і структурных фактараў і наглядна раскрываецца пры супастаўленні іх з сінанімічнымі двухсастаўнымі сказамі: Мне не будзе спакойна спацца, я не выпушчу стрэльбу з рукі, пакуль ёсць паны ў палацах, пакуль ёсць на зямлі жабракі (П. Панчанка) — Я не буду спакойна спаць.., пакуль ... ёсць на зямлі жабракі.
У двухсастаўным сказе сцвярджаецца сувязь дзеяння з дзеячам (я не буду спаць), дзеяння з якасцю (спаць спакойна). У аднасастаўным дзеяслоўным сказе дзеянне ўспрымаецца як незалежнае ад дзеяча, як такое, якое адбываецца само па сабе; у аднасастаўным сказе выражаецца стан асобы.
Безасабовыя сказы блізкія па сэнсу да няпэўна-асабовых. Так, у сказах Прапануюць зрабіць перапынак і Прапануецца зрабіць перапынак значэнне адно і тое ж. Але ў першым падразумяваецца няпэўная дзеючая асоба, а ў другім яна не мысліцца зусім. Сінанімічнымі могуць быць таксама безасабовыя і асабовыя сказы: Пахне мятай і Пахне мята. Аднак у безасабовых сказах увага акцэнтуецца на самім дзеянні ці стане, безадносна да суб’екта, а ў асабовых сказах на першым плане суб’ект дзеяння. Варта адзначыць таксама, што ў ролі суб’екта безасабовых сказаў могуць выступаць толькі неадушаўлёныя прадметы, нельга сказаць, напрыклад, Хлопчыкам разбіла шкло; Сабакам укусіла дзіця, а толькі: Хлопчык разбіў шкло; Сабака ўкусіў дзіця.
Сінонімамі асабовых сказаў могуць выступаць таксама безасабовыя сказы з адмоўем: Сяброўкі дома не было — Сяброўка дома не была.
Блізкія паводле значэння і канструкцыі тыпу Мне думаецца — Я думаю; Не пішацца — Не пішу. Але ёсць паміж імі і адрозненне: калі ў асабовых і пэўна-асабовых сказах падкрэсліваецца актыўнасць дзеяння, то безасабовыя сказы маюць адценне пасіўнасці, міжвольнасці дзеяння.
Семантыка безасабовых сказаў вельмі разнастайная. Яна абумоўлівае суіснаванне структурна-семантычных разнавіднасцей безасабовых сказаў, сярод якіх выдзяляюцца як асноўныя:
а) безасабовыя сказы дзеяслоўнага тыпу: Надзьмула гурбы снегу;
б) безасабовыя сказы прыслоўнага тыпу: У пакоі душна; На душы неспакойна;
в) безасабовыя сказы іменнага тыпу: Яму не да свята; Мне не да іх.
У залежнасці ад марфалагічнай прыроды галоўнага члена вылучаюцца наступныя семантыка-граматычныя разнавіднасці дзеяслоўных безасабовых сказаў:
1. Безасабовыя сказы з галоўным членам, выражаным безасабовым дзеясловам. Гэта самы распаўсюджаны тып безасабовых сказаў. Галоўны член такіх сказаў можа быць выражаны як зваротнымі, так і незваротнымі дзеясловамі. Значэннем безасабовых дзеясловаў вызначаецца агульнае значэнне такіх безасабовых сказаў — паведамляць пра стан прыроды, навакольнага асяроддзя, псіхічны ці фізічны стан жывой істоты, абазначаць наяўнасць ці адсутнасць, недахоп чаго-небудзь: Было ўжо цёмна. Пахаладала (В. Быкаў); Змяркалася, і ўсюды было гэтак ціха, як і ўдзень (К. Чорны); Марозіць, а сняжку няма (І. Шамякін); Яму шанцавала: кулі міналі яго, за ўсю вайну толькі аднойчы яго злёгку кантузіла (І. Шамякін); Дзеду Талашу не сядзіцца ў хаце (Я. Колас); Зосі не маўчалася (Ц. Гартны); Пацяплела. Вецер сціх. Залаціцца ціхі асенні дзень (К. Чорны); На гэта ў мяне часу хопіць (Я. Купала); У тую ноч мне спалася соладка (А. Чарнышэвіч); Жылося яму ў чужой сям’і дрэнна (М. Гарэцкі); Толькі мора ўзбуранага не хапае, хмар чорных і вінтападобных бліскавіц (Э. Самуйлёнак).
Сказы з безасабовымі дзеясловамі на -ся (-цца) характарызуюць стан жывой істоты — асобы ці (зрэдку) жывёлы. Адушаўлёны аб’ект, стыхійна ахоплены тым ці іншым станам, абазначаецца ў іх з дапамогай давальнага склону дапаўнення.
Некаторыя з безасабовых дзеясловаў на -ся (-цца) абавязкова патрабуюць якаснай характарыстыкі стану з дапамогай акалічнасцей спосабу дзеяння тыпу добра, дрэнна, лёгка, цяжка і пад.: Дыхалася тут хораша, лёгка (Т. Хадкевіч); І хоць нейкае нечуванае багацце раптоўна і не прыйшло, але праз усе гады добра елася і пілося, добра працавалася і слаўна дыхалася цудоўным скіп’ёўскім паветрам (К. Чорны); Лёгка ўстаецца, спорна працуецца (М. Лужанін).
2. Безасабовыя сказы з галоўным членам, выражаным асабовым дзеясловам у безасабовым значэнні.
Такія сказы даволі распаўсюджаны ў беларускай мове і разнастайныя паводле структуры і значэння. Асабовыя дзеясловы ў безасабовым ужыванні страчваюць формы змянення і застываюць у форме 3-яй асобы адзіночнага ліку цяперашняга часу ці ў форме ніякага роду прошлага часу. Параўн. асабовыя і безасабовыя канструкцыі: Вецер дзьме — Праз шчыліну дзьме; Сонца прыпякала — У поўдзень прыпякала.
Асабовых дзеясловаў, якія могуць ужывацца ў безасабовым значэнні, значна больш, чым дзеясловаў уласна безасабовых, таму так разнастайныя і багатыя па значэнню сказы з такімі дзеясловамі ў якасці галоўнага члена. Яны могуць выражаць стан прыроды, навакольнага асяроддзя, жывой істоты, з’явы, дзеянні, што прыпісваюцца міфічным сілам, і пад.: Вецер, аднак, аж шалеў ад лютасці, навокал, бы ў нябачнай гіганцкай трубе, гуло, стагнала, звінела, магчыма, у вушах (В. Быкаў); Р-рах... У-ух... І-і-і-го-ох! Г-ох! Потым раптам сціхла (І. Мележ); То ў жар кідае, то ў пот (Я. Колас); Зноў загрукала недзе, як у сенцах (І. Пташнікаў).
Сказы, якія выражаюць уздзеянне стыхійных сіл на які-небудзь аб’ект, маюць у сваім саставе прамое дапаўненне. Вельмі часта выкарыстоўваецца творны склон ускоснага дапаўнення з агульным значэннем сродку дзеяння: Паўліка нібы ветрам знясло з зэдліка (І. Шамякін); Пракопа мацней пацягнула дадому (Я. Колас); Дарогу зусім занясло, ехалі не па шляху, паміж прысадамі, а з боку, па полі, дзе снегу было менш (І. Шамякін); На грэблі калыша і падкідае калёсы (І. Пташнікаў); Неба заслала хмарамі (І. Шамякін); Усе лужыны ўночы зацягнула шклістым лёдам (М. Машара).
Абмежаваную, але дастаткова ўжывальную групу складаюць безасабовыя сказы з непераходнымі дзеясловамі тыпу пахне, цягне, дзьме і пад.: Пахла дымам, смалою, настоенымі сухімі выпарэннямі сасновага бору (М. Машара); Знадворку цягнула свежым, лёгкім і апойным паветрам (Ц. Гартны); І клінам, і смажанай рыбай, і ветрам падула з гары, адтуль, дзе пад сонечнай ліпай канчаюць пліту печкуры (А. Куляшоў); Павеяла ранішнім халадком (Я. Колас); Было росна. Пахла медуніцай і дзяцелінай, якая пачынала ўжо цвісці (А. Асіпенка); Аддавала водарасцямі і тым своеасаблівым пахам прэсных вадаёмаў, які заўсёды выклікае ўяўленне аб рыбе (Полымя, 1985); Пахла дурнап’янам і спелай пшаніцай, ... з-за вёскі з выгану несла гарэлым торфам (І. Пташнікаў); Ад ракі патыхала асвяжаючай вільгаццю, няўлоўнымі пахамі прыбярэжнай твані, рыбнай цвілі (М. Лынькоў).
З дапамогай дзеяслова тут абазначаецца працэс стыхійнага распаўсюджання ў паветраным асяроддзі паху, цяпла, холаду і — адначасова — працэс успрыняцця іх органамі пачуццяў. Абавязковым для такіх канструкцый з’яўляецца творны склон дапаўнення.
Многія з такіх сказаў можна трансфармаваць у двухсастаўныя: Пахла свежай збажыной і вішнёвым сокам (І. Шамякін) — Пахла свежая збажына і вішнёвы сок; Пахне маладой травіцай (І. Мележ) — Пахне маладая травіца.
3. Безасабовыя сказы з галоўным членам, выражаным дзеепрыметнікам залежнага стану. Такія сказы выражаюць стан як вынік пэўнага дзеяння ў мінулым. Яны часцей за ўсё бываюць развітымі: у іх састаў, як правіла, уваходзяць дапаўненні і акалічнасці. Пераважае ў іх вінавальны ці давальны склон дапаўнення, якое ўказвае на прадмет ці асобу, на якія накіравана дзеянне. Да дзеепрыметніка можа адносіцца інфінітыў, які канкрэтызуе дзеянне: Шмат страчана, разгублена сяброў (Я. Колас); Аляксею было даручана таксама вартаваць (П. Пестрак); Сцежкі-дарожкі. Многа іх сходжана тут (П. Пестрак); Яму самому дазволена было з’яўляцца тут толькі ў выпадку самай крайняй патрэбы (М. Лынькоў); Некаму суджана апошні раз сёння глядзець на гэтыя зоркі (К. Крапіва); Пра яе мацярынскую любоў шмат напісана, расказана, праспявана (Звязда, 1985); Пра гэта ўсё напісана вось тут (П. Глебка); На безымянным кургане ім суджана вянком апасці (М. Танк).
Дзеепрыметнікі залежнага стану прошлага часу, што ўжываюцца ў безасабовым сказе, утвараюцца, як правіла, ад дзеясловаў са значэннем волевыяўлення (вырашана, прыказана, даручана і пад.).
4. Безасабовыя сказы з безасабова-прэдыкатыўнымі словамі ў ролі галоўнага члена. Значэнне такіх слоў — ацэнка стану чалавека, асяроддзя, дзеяння (у інфінітыве), цэлай думкі (даданай часткі). Безасабова-прэдыкатыўныя словы ў спалучэнні з інфінітывам могуць выражаць розныя мадальныя значэнні, у прыватнасці, магчымасць, немагчымасць ці неабходнасць ажыццяўлення дзеяння: Нам кожнаю назвай (вялікай і дробнай) патрэбна, як імем сваім, даражыць (П. Панчанка); Калі не падвядзе лета з надвор’ем, дык можна спадзявацца на добры ўраджай (Т. Хадкевіч); Цяжка і ўявіць, што рабілі б мы ў шалашах ці палатках пры сённяшніх марозах (М. Лынькоў); Нельга было адразу разабраць, што тоіцца ў яе позірку (Т. Хадкевіч).
У сказах, якія выражаюць фізічны ці псіхічны стан асобы, безасабова-прэдыкатыўныя словы, як правіла, спалучаюцца з давальным склонам: Апейку было лёгка, радасна (І. Мележ); Яму было цяжка дыхаць і прыемна адчуваць, як апухлы твар абвяваецца ветрам (К. Чорны); Самотна аднаму ў хаце вечарам (І. Пташнікаў); Смажыла, сушыла яму ў горле, горка было на языку, бы пад нагамі пылілі не верасы, а трашчаў і малоўся на муку палын (І. Пташнікаў); Ёй [даярцы], пэўна, радасна, што ў гэты дзень каровы шмат далі ўдою (П. Панчанка); Цікава ёй пазіраць на такога звера (М. Паслядовіч); Шкада мне зялёнай нівы, што шуміць у полі (Я. Колас); Яму робіцца цяжка-цяжка на душы (Я. Колас).
Заўвага. Назва «безасабовыя» дадзена сказам такога тыпу на падставе структурных прымет: гэта аднасастаўныя сказы, якія не маюць і не могуць мець незалежнага назоўнага склону імя ў ролі дзейніка — другога арганізуючага цэнтра сказа. Паводле ж значэння яны асабовыя, так як заўсёды абазначаюць душэўны стан якой-небудзь асобы.
Давальны склон у такіх сказах можа адсутнічаць, але яго заўсёды лёгка вызначыць з пэўнай сітуацыі, кантэксту: Хораша на душы, лёгка, светла (І. Шамякін); Многа, здаецца, часу прайшло... І так важка на душы. Так пуста і брыдка... Нядобра — перад богам... (І. Мележ); Цёмна стала ўваччу і закруцілася ў галаве (І. Пташнікаў).
Сказы з безасабова-прэдыкатыўнымі словамі ў якасці галоўнага члена могуць выражаць фізічныя і атмасферна-метэаралагічныя з’явы прыроды: Ціха было і спакойна пад стагоднімі хвоямі (К. Чорны); Было цёмна, сцюдзёна і ветрана (В. Быкаў); На полі мокра, пуста, вецер ходзіць, а ў лесе хвоі густа стаяць, зелена, зацішна, свежа і толькі вецер у хвоях ш-ш-ш... (К. Чорны); Холадна, золка, пуста і глуха (Я. Колас).
Многія безасабова-прэдыкатыўныя словы ў спалучэнні з інфінітывам даюць ацэнку дзеянню, выражанаму інфінітывам: Добра жыць і тварыць пад радзімай зарой (П. Панчанка); Добра быць у дарозе, якую ты сам выбіраеш! (Я. Колас); Добра ў садзе хадзіць, сустракаючы сонечны ранак, чулым сэрцам лавіць звонкі голас дзявочых вяснянак (П. Панчанка).
Даючы ацэнку цэлай думкі, безасабова-прэдыкатыўныя словы ў якасці галоўных членаў безасабовых сказаў могуць выступаць у саставе складаназалежных сказаў: Самому пакута не страшна. Страшна, калі хто блізкі пакутуе (К. Чорны); Мне вядома, чаму ты не спіш па начах, а за думкамі следам вандруеш далёка (П. Броўка).
У параўнанні з безасабовымі сказамі дзеяслоўнага тыпу безасабовыя сказы з галоўным членам, выражаным безасабова-прэдыкатыўнымі словамі, больш універсальныя паводле сваіх семантычных магчымасцей. Яны ў аднолькавай ступені могуць выкарыстоўвацца як для паведамлення пра стан навакольнага асяроддзя, так і пра стан жывой істоты (У хаце было душна — Мне было душна), могуць выражаць стан фізічны (Мне дрэнна) і стан псіхічны (Мне няёмка). З дапамогай звязкі ў іх могуць выражацца адрозненні статычнай прыметы і дынамічнай: Было цёмна (статычны стан) і Станавілася цёмна (дынамічны). У дзеяслоўных безасабовых сказах перадаецца толькі дынамічны стан.
Істотную ролю ў сказах з безасабова-прэдыкатыўнымі словамі адыгрывае звязка (у тым ліку і нулявая — як у састаўным іменным выказніку двухсастаўных сказаў). Звязка выражае мадальнасць паведамлення, указвае на час праяўлення прыметы, статычны ці дынамічны характар стану (На вуліцы шумна — было шумна — будзе шумна — стала шумна).
5. Безасабовыя сказы, галоўны член якіх — адмоўнае слова ці канструкцыя, што выражае адмаўленне. Галоўны член такіх безасабовых сказаў выражаецца адмоўным словам няма, дзеясловамі быць, стаць у безасабовым значэнні з адмоўем. Пастаянным кампанентам гэтых сказаў з’яўляецца родны склон ускоснага дапаўнення, якім абазначаецца прадмет ці з’ява, што адсутнічаюць. Самым ужывальным у такіх сказах з’яўляецца дзеяслоў быць: Дзеда Талаша і сапраўды не было тут (Я. Колас); У пакоі нікога не было (І. Мележ); Хвойніку амаль што не было (І. Шамякін); Не было па глухіх закутках Палесся ні газет, ні тэлеграфаў, ні тэлефонаў,— гэтых здабыткаў людскога розуму, гэтых перадатчыкаў вестак аб падзеях на свеце (Я. Колас); І ў гэтую ноч не спалася ніяк. Не было адбою ад назол-камароў, ад дыму (І. Мележ).
Такія аднасастаўныя сказы маюць суадносныя сцвярджальныя канструкцыі — двухсастаўныя сказы: Братоў і сясцёр у яго не было — У яго былі браты і сёстры.
У безасабовых сказах адмоўнае слова няма можа апускацца. У такіх выпадках перад назоўнікам у родным склоне ўжываецца часціца ні, якая ўзмацняе адмоўнае значэнне сказа: У яе ні грама сумлення; На небе ні воблачка.
Колькасць дзеясловаў, што ўжываюцца ў безасабовых адмоўных сказах, абмежаваная: быць, знаходзіцца, сустрэцца, з’яўляцца, паказвацца, даносіцца, віднецца, захавацца і інш., а таксама словы відаць, чуваць, якія выступаюць у той жа функцыі, што і безасабова-прэдыкатыўныя словы чутно, відно са значэннем успрыняцця: Хмары сонейка закрылі; зор у ночку не відаць (Я. Колас); Не чуваць было ні лёскату машын, ні грукату матораў, ні людскіх галасоў (М. Лынькоў); Зімняе неба сонейкам беліцца, вецер нямее, хмар не відаць (Я. Купала).
З адмоўем могуць быць і асабовыя сказы: Крыку не было чуваць — Крык не быў чуваць. Асабовыя сказы больш характэрны для дзелавой, кніжнай мовы, акрамя таго, яны нярэдка ўказваюць на прыватныя, канкрэтныя выпадкі, безасабовыя ж сказы маюць больш абагульнены характар.
Да безасабова-адмоўных адносяцца і сказы, у якіх галоўны член выражаны назоўнікам ці займеннікам у родным склоне з прыназоўнікам да і прэпазіцыйнай часціцай: Яму не да свята; Мне не да кіно. Такія сказы нагадваюць сабой своеасаблівы фразеалагічны зварот, які выражае стан нясхільнасці да чаго-, каго-небудзь. У склад такіх сказаў звычайна ўваходзяць назоўнікі ці займеннікі ў давальным склоне. Для выражэння прошлага і будучага часу ўжываюцца адпаведныя формы дзеяслова быць: Ёй было не да нас; Ім будзе не да вечарынкі.
Семантыка-стылістычныя магчымасці безасабовых сказаў розных тыпаў незвычайна шырокія. Пры дапамозе безасабовых канструкцый можна апісаць такія станы, якія характарызуюцца неўсвядомленасцю, нематываванасцю. Акрамя таго, пры дапамозе іх можна надаць дзеянню асобае адценне лёгкасці (мне думаецца, мне лёгка думаць), і, нарэшце, безасабовыя сказы незаменныя пры неабходнасці выдзеліць само дзеянне ці стан безадносна яго да якога-небудзь дзеяча. Усё гэта садзейнічае шырокаму распаўсюджанню безасабовых сказаў у размоўным стылі і ў мове мастацкай літаратуры. Некаторыя разнавіднасці безасабовых сказаў знаходзяць прымяненне і ў дзелавой мове, напрыклад, у афіцыйных аб’явах, пастановах: Забараняецца ўваходзіць з сумкамі ў гандлёвую залу; Прапануецца паглядзець новую выстаўку.
Інфінітыўныя сказы
§ 203. Інфінітыўнымі называюцца аднасастаўныя сказы, галоўны член якіх выражаны незалежным інфінітывам. Агульным значэннем інфінітыўных сказаў з'яўляецца ўказанне на дзеянне, якое адбудзецца ў будучым: Не злічыць у небе ясных зорак, не злічыць у сэрцы светлых дум (М. Багдановіч); Бору пад ветрам гнуцца, поўні — дрыжаць слязою (Р. Барадулін); Не пазнаць, Беларусь, цябе сёння (Я. Колас); Нам лётаць высока, ісці нам далёка, вучыцца на праўдзе суровай (П. Панчанка); Накрэслена дарога прама, па ёй да шчасця нам ісці (С. Грахоўскі).
З пункту погляду выражэння дзеяння інфінітыўныя сказы безасабовыя, аднак аб'ядноўваць іх нельга.
Інфінітыўныя сказы адрозніваюцца ад безасабовых дзеяслоўных сказаў паводле агульнага значэння. У інфінітыўных сказах называецца дзеянне, якое трэба (пажадана і г. д.) ажыццявіць пэўнай, няпэўнай ці абагульненай асобе, а ў безасабовых дзеянне абстрагавана ад актыўнага дзеяча. Інфінітыў мае больш блізкія адносіны да вытворцы дзеяння, чым безасабовы дзеяслоў, што тлумачыцца самой прыродай інфінітыва. Характар дзеяча ў інфінітыўных сказах мае семантыка-стылістычнае значэнне, а няпэўнасць вытворцы дзеяння ў безасабовых сказах — структурна-сінтаксічнае.
Інфінітыўныя сказы адрозніваюцца ад безасабовых саставам прэдыкатыўнай асновы. У безасабовых сказах інфінітыў залежны, ён прымыкае да безасабова-прэдыкатыўнага слова. У інфінітыўных сказах інфінітыў незалежны, г. зн. пры ім не можа быць ні безасабовага дзеяслова, ні безасабова-прэдыкатыўнага слова.
Асноўная структурная прымета (наяўнасць ці, наадварот, немагчымасць ужывання безасабовых дзеясловаў і безасабова-прэдыкатыўных слоў) дазваляе з дастатковай выразнасцю размежаваць безасабовыя і інфінітыўныя сказы як самастойныя разнавіднасці аднасастаўных сказаў бяздзейнікавага тыпу.
Для структуры інфінітыўных сказаў характэрна ўжыванне ў спалучэнні з прэдыкатыўным незалежным інфінітывам давальнага склону назоўніка, які абазначае суб'ект дзеяння. Абазначэнне ўскоснага суб'екта можа быць і ў безасабовых сказах (Бурай знесла страху; Чалавеку нездаровіцца), але гэта ім уласціва ў меншай ступені, чым інфінітыўным сказам. Акрамя таго, выражэнне ўскоснага суб'екта ў безасабовых сказах не абмежавана толькі давальным (для гэтай мэты шырока выкарыстоўваецца і творны склон).
Адрознівае ад безасабовых інфінітыўныя сказы і выражэнне мадальнасці. У безасабовых сказах мадальнасць выражаецца лексічна — безасабовым дзеясловам ці безасабова-прэдыкатыўным словам (Можна ехаць). У інфінітыўных сказах мадальнасць выражаецца самой формай інфінітыва і інтанацыяй (Быць бядзе!), а ўзмацняецца і дыферэнцыруецца часціцамі (Пакупацца б нам!); у безасабовых сказах гэтыя значэнні могуць быць перададзены толькі лексічна (Нам трэба ісці; Яму хочацца пагуляць).
Своеасаблівасць інфінітыўных сказаў вызначаецца спецыфікай лексіка-граматычных уласцівасцей інфінітыва; апошні спалучае ў сабе значэнні дзеяслова і назоўніка, з якім звязаны этымалагічна (паводле паходжання інфінітыў — форма назоўніка). Значыць, у інфінітыве спалучаецца значэнне прадметнасці са значэннем дзеяння, працэсу. Гэтым і вызначаецца асобае становішча інфінітыўных сказаў сярод аднасастаўных. Інфінітыўныя сказы з'яўляюцца пераходнай ступенню ад дзеяслоўных сказаў да іменных, у прыватнасці да намінатыўных.
Інфінітыўныя сказы могуць быць развітымі і неразвітымі: Расці дубам, расці, мужнець, над родным краем ім шумець, пад сонцам новы дзень вітаць (П. Броўка); Быць ураджаю сёлета! (Т. Хадкевіч); Атамнымі бомбамі нас не запалохаць, не зламаць (П. Панчанка); Век жыць вам у сэрцы народа, героі (М. Танк); Не звярнуць яму зноў незваротных гадоў, не забыць, хоць ліхой, але — долі сваёй, не закрэсліць той шлях — ад хаўтур да хаўтур, не забыць — ні людзей, ні завей, ні віхур; не закрэсліць жыцця, што было, хай цяжкім, але ўсё ж для яго, як сваё, дарагім (А. Куляшоў); Вакол спакойна дрэмле поле, блішчыць у росах сенажаць,— не, нашых пожняў больш ніколі чужому танку не таптаць (А. Бачыла); Надаўшы больш вясёлы выраз свайму твару, Сяргей сказаў:— «Эх, братцы. Курнуць бы, эх, курнуць!» (Я. Колас); Адшукаць пераправу! (І. Новікаў).
Інфінітыўныя сказы могуць выступаць як сінонімы безасабовых сказаў: Вам бы адпачыць — Вам неабходна (трэба) адпачыць; асабовых сказаў: Да каго мне звярнуцца? — Да каго я магу звярнуцца?
Паводле значэння выдзяляюцца наступныя разнавіднасці інфінітыўных сказаў.
1. Сказы, якія выражаюць катэгарычныя загады і заклікі, для іх характэрна асобая інтанацыя загаду: Атамана, атамана абраць! (Я. Колас); Адставіць канвой!.. (М. Лынькоў); «Падрыхтаваць зброю!» — загадаў Ярка, выслухаўшы Здэнека (Т. Хадкевіч); Таварышы, рыхтавацца ў паход! (Я. Колас); Васіль Іванавіч пацямнеў тварам, гучна загадаў: «Спыніць!» (М. Лынькоў); Ужо бачыць Вяль з музыкай бор стары, зялёны бераг. Яшчэ раз вяслом ударыць! (М. Танк); Затворы ў вінтоўках прамыць газай і выцерці насуха, каб не прыставалі (К. Крапіва); Для разведкі падабраць дзесяткі два-тры ахвотнікаў (Я. Колас).
Гэтыя сказы сінанімічныя пэўна-асабовым сказам з формамі загаднага ладу (параўн.: Падняць сцяг! — Падыміце сцяг). Ад апошніх інфінітыўныя сказы адрозніваюцца, па-першае, большай катэгарычнасцю, па-другое, адсутнасцю абазначэння асоб, якім адрасуецца загад ці заклік, у выніку чаго пабуджэнне ў іх збліжаецца з неабходнасцю адпаведных паводзін, што звычайна перадаецца словамі неабходна і нельга. Так, у сказах тыпу У пакоі не курыць! выказнік як бы сумяшчае два значэнні: 1) 'не курыць'; 2) 'у пакоі курыць нельга'.
Інфінітыўныя сказы, што выражаюць катэгарычны загад, нярэдка выкарыстоўваюцца ў загалоўках артыкулаў, якія маюць характар прызываў, у лозунгах: Жыць і працаваць па-камуністычнаму!; Убраць ураджай без страт!
2. Сказы, якія выражаюць неабходнасць ці немагчымасць дзеяння. Для такіх сказаў характэрна як апавядальная, так і клічная інтанацыя: Не зламаць народнай волі дзікім ордам у баі! (Я. Колас); Паволжа стане садам вялізным, цвісці якому пры камунізме (П. Панчанка); Забойцу на свеце не жыць (П. Панчанка); Нічога не зробіш, куды ён — там і ёй быць (І. Мележ); Колькі буду я жыць, мне яго не забыць (А. Куляшоў); Здолеем мы перашкоды... Нас не стрымаць ані дзе! (П. Бачыла); Не, ніякай цаною не закатаваць народ (П. Броўка); Дзе не праехаць, не прайсці — я поўз, я лез, упарты (А. Куляшоў); Эх, быць бядзе, ну, быць бядзе... (Я. Колас); Так, я ведаю: звёздам герояў — гарэць і звінець словам рапартаў на высокіх надвоблачных струнах (П. Панчанка).
3. Сказы з пытальнымі займеннікамі і прыслоўямі і пытальнай інтанацыяй, якія выражаюць пытанне аб магчымасці ці абавязковасці, дазволе: Але дзе ўзяць людзей? (А. Куляшоў); Як пры сустрэчы цябе і пазнаць, сястра? (П. Глебка); Зноў перад ёй ярка ажыў вобраз Андрэя Віткоўскага. Як з ім звязацца? (І. Мележ).
Такія сказы па значэнню блізкія да асабовых сказаў з дзеясловам можа ці безасабовых з можна, трэба, але адрозніваюцца ад апошніх большай экспрэсіяй, лаканічнасцю, напружанасцю.
Пытальныя інфінітыўныя сказы могуць быць і без пытальных слоў. У такіх сказах высвятляецца прынцыповая магчымасць самога дзеяння — з пункту погляду мэтазгоднасці ці немэтазгоднасці яго ў пэўных абставінах. Такія пытанні часта служаць сродкам апісання разважанняў, унутранай мовы; гэта пытанні, звернутыя да самога сябе — пытальныя рэплікі ўнутранага дыялогу: Зайсці ці не зайсці? Ехаць ці не ехаць? Ісці ці не ісці? (П. Панчанка).
У сказах з пытальнымі словамі пытанне таксама звязана з высвятленнем перспектывы патэнцыяльна магчымага дзеяння (Куды ісці?). Такія сказы мнагазначныя. Звычайна ў іх выражаецца пытанне пра абставіны, невядомыя таму, хто гаворыць. Такое пытанне заключае ў сабе зварот да субяседніка і ў большасці выпадкаў — пэўны і адназначны адказ («Як трапіць у паліклініку?» — «Направа»).
Іншы раз гэта можа быць пытанне пра абставіны, прыкладна вядомыя (А як ехаць туды? А калі там нікога няма?). У такіх выпадках павінна быць адно, найбольш мэтазгоднае рашэнне.
4. Сказы, у якіх выражаецца пажаданасць-непажаданасць дзеяння. Граматычнай прыметай гэтых сказаў амаль заўсёды з'яўляецца часціца бы (б): Паслухаць бы драздоў свістанне ў час ружовага світання (П. Панчанка); Прайсці б цяпер, брат, па парошы! (Я. Колас); Ганне ніяк не ўдавалася пабачыцца з Васілём... Хоць бы здалёк пабачыць, вачыма перамовіцца (І. Мележ); Убачыць толькі б родны Сож — не шкода ўсё аддаць (П. Панчанка); Зноў насунуліся нізкія цёмна-сінія хмары... Прыдумаць бы мятлу такую, каб змесці ўсе хмары... (А. Бялевіч); На сяўбу прыйсці б дамоў нам (М. Лужанін); Глянуць бы на гэты край, схіліцца ў сыноўскай любві перад ім, цалаваць бы зямлю, на якой у маленстве зрабіў першы крок (Т. Хадкевіч); Нікуды не хацелася спяшацца... Так бы сядзець, маўчаць і глядзець на зачараваны азёрны прастор (С. Грахоўскі).
Некаторыя інфінітыўныя сказы звязаны з выражэннем мэтанакіраванага жадання (Толькі б дажыць; Толькі б даплыць).
Многія з такіх сказаў маюць семантычнае адценне таго, што гэта дзеянне не збудзецца ці што для яго ажыццяўлення ёсць цяжкасці. Часта ў наступным кантэксце з але ёсць прамыя ўказанні на тое, што гэта жаданне не здзейсніцца: Мне б пабыць аднаму, але ўсё не выпадае.
Канструкцыі з адмоўнай часціцай перадаюць непажаданасць ажыццяўлення дзеяння. Гэта агульнае значэнне можа суправаджацца рознымі адценнямі, у прыватнасці выражэннем боязі, што дзеянне можа ажыццявіцца. Спецыялізаваным сродкам выражэння гэтага адцення служыць спалучэнне часціц як бы не: Як бы не спужаць; Як бы горш не зрабіць; Як бы не памыліцца.
Пры звароце да субяседніка інфінітыўныя сказы з часціцай бы (б) выражаюць параду: Табе б палячыцца; Вам бы пажыць асобна. Інфінітыўныя сказы вызначаюцца павышанай экспрэсіяй, лаканізмам, катэгарычнасцю, перадаюць напружанасць дзеяння, якая часта падтрымліваецца адпаведнай інтанацыяй.
Выражаючы разнастайныя мадальныя значэнні, інфінітыўныя сказы часта ўжываюцца ў размоўным стылі. У творах мастацкай літаратуры яны пераважна выкарыстоўваюцца ў мове персанажаў, у публіцыстычным стылі — у закліках і лозунгах. Для навуковага і дзелавога стылю інфінітыўныя сказы не характэрны.
Намінатыўныя сказы
§ 204. Намінатыўнымі называюцца аднасастаўныя сказы, якія сцвярджаюць наяўнасць, існаванне прадметаў, з’яў; галоўны член іх выражаны назоўнікам у назоўным склоне: Сіняе неба і яснае сонца. Сіняя Прыпяць і белы пясок нізкага левага берага (В. Вольскі); Цаліна. Маладая пара. Сябры. Раніцай ступаем босай нагой у бурт пшаніцы, як у родную раку. Праца ў рэдакцыях. Камандзіроўкі на буйнейшыя новабудоўлі рэспублікі. Цікавыя людзі, гутаркі, сустрэчы (Р. Барадулін); Слёзы... Кроў... Літанне... Жудасць... І крыжы на ўсходзе... А над вогнішчам жахлівым сонца ўзыходзіць (П. Трус); Снег і агонь... Агонь і снег... Агонь на зямлі ад выбухаў бомбаў, бясконцых залпаў гармат (І. Шамякін).
Назва такіх сказаў паходзіць ад лацінскага слова nominativus, што значыць — назоўны склон. Гэтым тэрмінам падкрэсліваецца, што форма назоўнага склону, адна ці разам з паясняльнымі словамі, як абсалютна незалежная ад іншых членаў сказа, з’яўляецца арганізуючым цэнтрам такіх канструкцый: Чэрвень. Раніца. Росы і цішыня (П. Панчанка); Шум, гоман, смех дзяцей (Я. Колас); Ноч, цемра, глухмень (Я. Колас); Цішыня. Мёртвы попел (П. Панчанка); Круглае поле. Узгоркі, каменне. Лес па краях, як сцяна (Я. Колас); Май. Вішнёвы пажар. Сіні ранак. Па ваду да крыніцы ты ідзеш цераз луг, што ў кветкі прыбраны (П. Панчанка); Бурны рост. Цвёрды крок (Я. Купала); Цішыня. Над туманнай лагчынай, як браты, абняліся дубы (А. Звонак); Вось і бераг... Жоўты спад і круча (К. Кірэенка).
Асноўным значэннем намінатыўных сказаў з’яўляецца сцвярджэнне наяўнасці прадметаў ці з’яў. Гэта значэнне можа ўскладняцца значэннем указання, эмацыянальнай якаснай ацэнкі, волевыяўлення і інш.
Намінатыўныя сказы могуць быць апавядальныя і клічныя. У клічных сказах выражаецца эмацыянальная ацэнка той ці іншай з’явы рэчаіснасці, у іх могуць быць узмацняльныя часціцы: Ото натура! — жонка лае, а ён смяецца, не шманае (Я. Колас); Якія горы! А сады якія! (П. Панчанка); Якія сэрцы, якія людзі! Тут раз пабудзеш — век не забудзеш! (П. Панчанка); Якое хараство! Якая шпаркасць! Сіла! (К. Крапіва); ...Ото, брат, горад! От дамішчы, ото дзе сыпалі грашышчы! Якія вежы і касцёлы! Як толькі іх трымаюць долы! (Я. Колас).
Намінатыўныя сказы бываюць неразвітымі і развітымі: Светлы вечар алтайскі. Цішыня і прастор (Э. Агняцвет); Снег скрыпучы пад санямі, быстры конь, мяцелі дым (М. Машара); Халадок. Мароз. Звонка (М. Лужанін); Рэвалюцыя. Воля. Верх узяў пралетарый... (Я. Купала).
З развітых намінатыўных сказаў часцей за ўсё ўжываюцца такія, галоўны член якіх, выражаны назоўнікам у форме назоўнага склону, мае пры сабе дапасаваныя і недапасаваныя азначэнні: Снежная пустыня. Цішыня (І. Шамякін); Восеньская ноч. Туман. Вецер. Дождж (В. Быкаў); Ранне. Шляхі праз палі і бары. З выстаўкі едуць дадому сябры (П. Броўка); Завеяны снегам сыпучым барозны. Калючыя зоры... Паўночны спакой... Сярэбраным строем над шляхам марозным чатыры яліны стаяць пад Масквой (А. Вялюгін).
Акрамя гэтага, галоўны член намінатыўнага сказа (назоўнік у назоўным склоне) можа мець пры сабе адасобленае азначэнне, выражанае прыметным ці дзеепрыметным словазлучэннем, адасоблены развіты прыдатак і нават даданы сказ: Багна, трысце, гнілая вада, зацягнутая бросняй і плеўкамі рудой, іржавай твані (М. Лынькоў); Радзіма, казачны мой кут, лясы старыя, пералескі. Знаходзіў я калісьці тут паміж прагалінаў пралескі (М. Шушкевіч); Асцярожнасць, хітрыя коды, ключы да якіх наўрад хто знойдзе цяпер... (І. Шамякін).
Намінатыўныя сказы з прыметнікам у функцыі азначэння трэба адрозніваць ад двухсастаўных сказаў з іменным выказнікам, выражаным прыметнікам. Параўн.: Бедны, але чысты пакой (намінатыўны сказ) — Пакой бедны, але чысты (двухсастаўны сказ).
Звычайна пры размежаванні такіх сказаў пад увагу бярэцца парадак слоў, тое, якое месца ў адносінах да назоўніка займае прыметнік. Як правіла, у намінатыўных сказах азначэнне-прыметнік стаіць у прэпазіцыі адносна галоўнага члена, у двухсастаўных — у постпазіцыі. У намінатыўных сказах лагічным націскам выдзяляецца назоўнік (галоўны член), у двухсастаўных — прыметнік (выказнік).
Паводле семантыка-функцыянальных прымет намінатыўныя сказы падзяляюцца на быційныя і ўказальныя.
Быційныя, ці экзістэнцыяльныя, сказы сцвярджаюць існаванне або наяўнасць прадмета, з’явы, стану. Такія сказы характэрны для апісання. У іх пералічваюцца наяўныя прадметы абстаноўкі ці пейзажу, абазначаюцца даты, апісваюцца разнастайныя з’явы. Часцей за ўсё пры дапамозе іх даюцца апісанні абстаноўкі статычнай. Пры гэтым у пачатку тэксту яны нярэдка раскрываюць час і месца сітуацыі: Ноч. Позняй парою не бачна і ценяў (А. Бачыла); Ціхі вечар, знікнула спякота (М. Багдановіч); Фестываль. Музыкі граюць з Чылі, з СССР, з Кітая, і з Балгарыі, і з Польшчы (Я. Брыль); Ясны жнівеньскі дзень. Даўняе, пазарастанае палыном селішча наводшыбе вялікай палескай вёскі (Б. Сачанка); Ноч. У мроку нікнуць травы і кусты (Я. Колас); Памор’е. Год трыццаць дзевяты. Я пехацінцам радавым служу (А. Звонак); Сіняе неба ўсё сонцам заліта. Полудзень. Вар. Цішыня. Дожджыку просіць зялёнае жыта, прагне вады ярына (Я. Колас); Мароз, зіма, снягі вакол, і спіць трава, пад снегам дол (Я. Колас); Ціхі, сонечны вераснёвы ранак (П. Пестрак); Цішыня... А восень такая, што расчуліць можа да слёз (П. Панчанка).
Канструктыўны састаў галоўнага члена быційных намінатыўных сказаў лексічна абмежаваны. У ролі галоўнага члена іх звычайна выступаюць назвы з’яў і стану прыроды, падзей, пэўных адрэзкаў часу ці прасторы. Менш прыстасаваны да гэтай ролі назоўнікі з прадметна-канкрэтным значэннем, якія атрымліваюць намінатыўна-быційны сэнс толькі тады, калі яны ўжываюцца ў адным радзе з іншымі намінатыўнымі сказамі (Ноч. Халодная зямлянка. Перастрэлка. Цішыня (П. Глебка)). Немагчыма ў якасці быційных намінатыўных сказаў ужыванне адушаўлёных назоўнікаў. Не маюць быційнага значэння, а таму не ўтвараюць быційных намінатыўных сказаў зборныя назоўнікі.
Намінатыўныя быційныя сказы па значэнню блізкія да некаторых асабовых сказаў: Перастрэлка — Ідзе перастрэлка; Крык — Чуваць крык. У адрозненне ад апошніх намінатыўныя сказы толькі канстатуюць наяўнасць, існаванне прадметаў ці з’яў, не дапускаючы прэдыкатыўнай развітасці.
Ва ўказальных сказах не толькі сцвярджаецца існаванне прадметаў ці з’яў, але і ўказваецца на іх пры іх наяўнасці ці паяўленні. У структурную схему такіх сказаў уваходзяць часціцы вось, вунь, вот.
Заўвага. Сказы з часціцамі вось і вунь (апошняя ўказвае на больш аддалены прадмет) блізкія да двухсастаўных, паколькі ў словах вось і вунь адчуваецца адценне акалічнасці (вось, гэта значыць, ’тут, перад табой’), што ўласціва саставу выказніка.
Фарміраванне ўказальных намінатыўных сказаў у адрозненне ад быційных ажыццяўляецца пераважна на базе канкрэтна-прадметных назоўнікаў (у тым ліку і адушаўлёных): Вось і бераг, пругкі пясок (І. Мележ); Вось корпус заводакіраўніцтва, кабінет дырэктара, кантора бухгалтэрыі, планавага аддзела, аддзела забеспячэння і збыту (Я. Скрыган); Вось і масток, і чорныя абрысы трох алешын (К. Чорны); Вось і весніцы колеру свежай травы (П. Панчанка); А вунь узгорак (Т. Хадкевіч); Унь і замак, бачыш? вежа! (Я. Колас); Вось і поўнач. Туман спадае сівы (М. Танк); Вось і брама ўся ў вянках, выстаўка адкрыта (П. Броўка); Вось і гумно... Змрочная, халодная ёўня... Ахапак саломы. Забыццё... Напалоханыя вочы мацеры... І радасць, і страх на яе такім жа блізкім твары... (М. Лынькоў).
Спалучэнне вось і ўказвае на паяўленне прадмета ці з’явы, якіх чакалі ці пра якія ўпаміналася раней.
У вуснай мове такія сказы звычайна суправаджаюцца ўказальным жэстам. Указальныя намінатыўныя сказы, дарэчы, у вусным стылі мовы шырока распаўсюджаны.
Вызначальнай асаблівасцю намінатыўных сказаў з’яўляецца тое, што ім уласціва фрагментарнасць і адначасова большая ёмістасць выражэння зместу. У іх называюцца толькі асобныя дэталі сітуацыі, але дэталі важныя, разлічаныя на вопыт і ўяўленне чытача,— такія, па якіх ён можа ўявіць сабе агульную карціну пэўнай абстаноўкі. Лаканізм і ў той жа час устаноўка на перадачу шырокага агульнага зместу абумоўліваюць экспрэсіўнасць намінатыўных сказаў.
Семантычная своеасаблівасць намінатыўных сказаў абумоўлівае і семантыка-граматычную спецыфіку галоўнага члена. Па форме ён супадае з дзейнікам, але абазначае не носьбіта прыметы (як у двухсастаўных сказах), а асобага роду прымету. У сувязі з гэтым ён не мае і ўласцівасцей выказніка: не здольны ўжывацца са звязкай і выражаць мадальна-часавыя значэнні.
Прэдыкатыўнасць у намінатыўных сказах выражаецца пры дапамозе сінтаксічнага часу і сінтаксічнай мадальнасці, якія рэалізуюцца інтанацыяй.
Называючы асобныя дэталі пэўнай сітуацыі, намінатыўныя сказы заўсёды суадносяцца з рэальнай мадальнасцю і перш за ўсё са значэннем цяперашняга часу. Пры гэтым у размоўных канструкцыях звычайна канстатуюцца з’явы, якія прама адносяцца да моманту маўлення.
Заўвага. У прошлым і будучым ім адпавядаюць двухсастаўныя сказы з выказнікам, выражаным дзеясловам са значэннем існавання, наяўнасці, параўн.: Зіма — Была зіма — Будзе зіма.
У апісальных і апавядальных мастацкіх тэкстах змест намінатыўных сказаў адпавядае часаваму плану «цяперашняга гістарычнага». Абазначаючы наяўнасць прадметаў, з’яў у цяперашнім часе, намінатыўныя сказы бываюць толькі сцвярджальнымі.
Семантычнай і граматычнай спецыфікай намінатыўных сказаў вызначаюцца і іх стылістычныя асаблівасці. Намінатыўныя сказы, як правіла, у мове выконваюць тры стылістычныя функцыі: а) сціслае апісанне абстаноўкі, якое служыць як бы ўступам да асноўнага паведамлення; б) пералічэнне для характарыстыкі найбольш выразных прымет, з’яў; в) перадача прадметаў, з’яў, падзей, якія хутка змяняюцца.
Лаканічныя і выразныя, намінатыўныя сказы шырока выкарыстоўваюцца ў розных жанрах мастацкай літаратуры, а таксама там, дзе патрабуецца найбольшая дакладнасць і сцісласць у апісаннях (газетныя рэпартажы, фельетоны, кінасцэнарыі, дзённікі і г. д.): Трыццаты год. Гудзе-гамоніць вёска (П. Панчанка); Сонца. Блакітнае неба. Птушак вакол гамана. Зноў заспявала, зайграла, загаманіла вясна (П. Броўка); Ад крыві чырвонай фарбаваўся Нёман. Гаціліся гаці з трупаў па вадзе. Дзікі свіст і бразгат. І выццё і гоман. Бітва, як ніколі... Бітва, як нідзе (З. Бядуля); Вось апошні паварот. Яна ўбачыла наперадзе тое месца, дзе раней было сяло (І. Мележ).
Канструкцыі, якія прымыкаюць да намінатыўных сказаў
§ 205. З намінатыўнымі сказамі могуць фармальна супадаць некаторыя сінтаксічныя канструкцыі. Гэта такія канструкцыі, якія або не заключаюць у сабе значэння быцця, існавання і не здольны да самастойнага функцыяніравання, або з'яўляюцца няпоўнымі двухсастаўнымі сказамі.
Да намінатыўных сказаў не адносяцца:
1. Назвы кніг, устаноў, надпісы на вывесках, загалоўкі і пад., асноўная функцыя якіх — называнне без значэння быцця: «На ростанях»; «Хто смяецца апошнім»; Педагагічны інстытут; Акадэмія навук БССР. Вывескі, ізаляваныя назвы літаратурных твораў, не атрымаўшыя прэдыкатыўнасці, не з'яўляюцца сказамі.
2. Назвы асоб па імені, прозвішчу, пасадзе, спецыяльнасці, становішчу і пад.: Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч; Кандрат Кандратавіч Крапіва; Старшы навуковы супрацоўнік.
3. Канструкцыі, якія сведчаць аб наяўнасці ў каго-небудзь пэўных прадметаў: Нохім. Гнутыя палкі, тытунь і запалкі, шпількі, іголкі і перац горкі (П. Глебка); Трэці. Кашулі, спадніцы, ручнікі вышываныя! Мальвіна. Міскі, талеркі, гаршкі маляваныя! (В. Вольскі).
4. Канструкцыі, якія заключаюць характарыстыку таго, што было ў папярэднім сказе ці ясна з кантэксту. Гэта няпоўныя двухсастаўныя сказы з выказнікам у форме назоўнага склону. Яны заўсёды цесна звязаны па сэнсу з папярэднім кантэкстам: «Хто ты і як тваё прозвішча?» — было першае пытанне. — «Рэвалюцыянер. Прозвішча ў мяне няма» (Я. Колас); — «Вы хто ж будзеце? — лагодна запытаў селянін». — «Настаўнік»,— адказаў Лабановіч (Я. Колас).
Такія канструкцыі з'яўляюцца своеасаблівым прэдыкатам да папярэдняга сказа ці да дзейніка, які падразумяваецца. Прэдыкатыўнасць гэтых сказаў — адметная рыса, што адрознівае іх ад намінатыўных сказаў.
5. Сказы, якія называюць характэрную прымету таго, аб чым гаварылася раней: Адзін вось зноў убачыў сон: канцлагер, дрот калючы, як ён бяжыць да партызан праз нетры, пушчы, кручы (М. Танк); Ён быў падобны на мерцвяка. Белыя шчокі, пустыя вочы, пасінелыя губы (А. Чарнышэвіч).
6. Сказы, якія ўказваюць на прычыну таго, аб чым гаворыцца ў папярэдніх сказах. Такія канструкцыі цесна звязаны з кантэкстам: А куля — дзык! А другая ў руку. А трэцяя вось тут, у грудзі!.. Рэшата! Эпапея! (Я. Брыль); «Я гуляю... пасля навальніцы... Азон. Раса...» (І. Шамякін).
7. Двухсастаўныя сказы з пропускам дзеяслова быцця. Параўн.: Стол для пісьма і Стол — каля акна. Першы сказ намінатыўны, другі — двухсастаўны, няпоўны: «для пісьма» — недапасаванае азначэнне, «каля акна» — акалічнасць месца, звязаная з адсутным дзеясловам. Для адрознівання такіх сказаў, значыць, трэба ўлічваць, да чаго адносяцца залежныя словы — да дзейніка ці да адсутнага выказніка. Гэтыя сказы і вымаўляюцца па-рознаму: у другім сказе пасля дзейніка адчуваецца паўза.
Пры наяўнасці хоць бы аднаго слова з саставу выказніка сказ нельга лічыць намінатыўным, напрыклад: Пад вярбой зялёнай — луг мурожны (А. Вялюгін). Слова пад вярбой — адзіны прадстаўнік групы выказніка, што не дазваляе адносіць такі сказ да намінатыўных.
8. Словы і словазлучэнні, якія выражаюць прывітанне: Маё шанаванне; Хлеб-соль; Добры дзень.
9. Назоўны ўяўлення (назоўны тэмы).
Назоўны ўяўлення — гэта назоўнік у назоўным склоне ці іменнае словазлучэнне, якое мае закончаную інтанацыю і называе прадмет наступнай думкі — з мэтай яго выдзялення, падкрэслівання, з мэтай звярнуць на яго ўвагу: Канец!.. Як многа разважання і засмучонага пытання ў гэтым простым, страшным слове... (Я. Колас); Мінск... Чарняхоўскі думкамі быў ужо ў Мінску (І. Мележ); «Пакуты слова». У паняцце гэтае трэба ўключыць іменна тыя пакуты, калі мне хочацца працаваць, а я не магу (Я. Брыль).
Своеасаблівасць назоўнага тэмы ў тым, што назоўнік у назоўным склоне дае назву ўяўлення, а не паняцця, як у намінатыўных сказах. Звычайна адносна гэтага ўяўлення далей выказваецца пэўнае суджэнне: Пушкін! Назавіце гэтае імя, і радасна, і горача заб'ецца сэрца (П. Панчанка); Час! Яго пульс пранізвае рытм штодзённай палітыка-інфармацыйнай праграмы «Час», вызначае структуру дзённай і тыднёвай тэлевізійных праграм (Полымя, 1984); Бабруйск... Маё маленства! Я ўспамінаю яблыневыя сады, сярод якіх хаваюцца драўляныя домікі, разліў Бярэзіны, руіны старажытнай крэпасці... (Беларусь, 1985); Масква, Масква! — як многа ў гэтым гуку! Сказаў не я, але і я скажу, што гэта слова — прыстань нашых думак, надзей, жаданняў, веры і любві (П. Панчанка); Лісты, лісты! Яны, як порах. Ад сэрца іх далей трымай (М. Танк); Савецкая ўлада на сяле! Гэта не толькі крылатыя словы. Гэта аб'ектыўная рэальнасць, гэта свабода і шчасце, якое дала нам савецкая ўлада... (А. Бялевіч).
Пры відавочным падабенстве назоўнага тэмы і намінатыўных сказаў яны не аднатыпныя.
Назоўны тэмы, пазбаўлены прэдыкатыўнасці, сам па сабе ў адрозненне ад намінатыўных сказаў не можа выражаць паведамленні пра тыя з'явы, якія ён называе. Функцыя назоўнага тэмы толькі ў тым, каб падрыхтаваць чытача да наступнага, асноўнага выказвання: Бухчаў Стась! Вось каго Галяш і не любіў, можна сказаць, ненавідзеў і нават пабойваўся (К. Чорны); Брагіншчына... Яшчэ зусім нядаўна, якіх дваццаць год назад, у гэтым кутку беларускага Палесся на дзесяткі кіламетраў ляжалі сонныя, млявыя балоты (Беларусь, 1984); Справядлівасць! Дзе і калі яна была беднаму, цёмнаму чалавеку! Дзе яе шукаць яму, адзінокаму, безабароннаму, які, можна сказаць, і свету не бачыў далей куранёўскіх балот, які і ў Алешніках нясмела азіраецца (І. Мележ).
Назоўны тэмы цесна звязаны з наступным сказам, абапіраецца на яго. Іменна гэта службовая функцыя, несамастойнасць назоўнага тэмы дазваляюць адмежаваць яго ад намінатыўнага сказа — самастойнага выказвання. Сутнасць канструкцый, якія ўключаюць назоўны тэмы, удала раскрываецца з пазіцыі тэорыі актуальнага члянення сказа. Згодна з гэтай тэорыяй, як вядома, у сказе можна выдзеліць два асноўныя сэнсавыя элементы: тое, аб чым нешта гавораць (г. зн. аснову выказвання, зыходны пункт), і тое, што гавораць аб гэтай аснове (г. зн. ядро выказвання, новае, рэму).
Назоўны тэмы, папярэднічаючы тэме выказвання, падкрэслівае яе, выдзяляе, стварае асобае напружанне, настрой чакання. Калі разглядаць назоўны тэмы разам з наступным сказам, то можна сказаць, што ў гэтым своеасаблівым сегментаваным выказванні тэма абазначаецца двойчы, прычым другі раз часцей за ўсё з дапамогай займеннікаў. Сказ, які ідзе за назоўным тэмы, сам па сабе выдзяляе і тэму, і рэму, але тэма гэтага сказа абазначаецца двойчы: сваё першапачатковае абазначэнне яна атрымала ў папярэдняй канструкцыі. У выніку двайнога абазначэння тэмы і ствараецца экспрэсія выказвання.
Назоўны тэмы вымаўляецца з асобай інтанацыяй фразавага тыпу, з дапамогай якой ён аддзяляецца ад наступнага сказа: Камуністы!.. Гэты заклік да змагання вымаўляць без хвалявання не магу (А. Куляшоў); Смерць! Яна гэта адчула ўсім сваім інстынктам (К. Чорны); XX стагоддзе... У гісторыі літаратуры яно пачалося значна раней, чым каляндарнае (Полымя, 1984); «Мама!» — слова гэтае кранула самыя найлепшыя пачуцці ў душы (І. Шамякін); «Васіль... Васіль...» — уварвалася, пранізала ўсю яе, неяк асабліва, да болю дарагое — у горле зашчымела ад горнасці (І. Мележ); Янка Купала! Два словы, простыя беларускія словы, а колькі выклікаюць яны ў нашых пачуццях, уяўленнях успамінаў, перажыванняў, звязаных з творчасцю, з яркім вобразам вялікага паэта! (Я. Колас); Вёска Бясхлебавічы! Страшная назва! (У. Дубоўка).
Сказы са значэннем уяўлення ўжываюцца звычайна пры апісанні разважанняў, успамінаў пра каго-, што-небудзь.
10. Вакатыўныя сказы. Вакатыўнымі (ад лацінскага vokativus — клічны) называюцца сказы, адзіны член якіх, выражаны звароткам, вымаўляецца з інтанацыяй папроку, спачування і пад., тым самым даючы пэўную ацэнку: «Надзя!» — мімаволі вырвалася ў мяне (І. Шамякін); «Адаська!» — закрычаў бацька, кідаючыся да сына ў парозе (К. Чорны).
Заўвага. Вакатыўныя сказы (сказы-звароткі) ацэньваюцца па-рознаму. Адны выдзяляюць іх у асобы тып аднасастаўных сказаў, другія лічаць намінатыўнымі, трэція разглядаюць вакатыўныя сказы як нерасчлянёныя (словы-сказы). Разнастайнасць характарыстык выклікана сінкрэтызмам семантыка-граматычных уласцівасцей вакатыўных сказаў.
Вакатыўныя сказы падобны да намінатыўных сказаў і да зваротка, паколькі нагадваюць сабой назоўны склон назоўнікаў, і, як правіла, уласных. Абазначаючы асобу, да якой звяртаецца той, хто гаворыць, гэтыя канструкцыі рэзка адрозніваюцца ад намінатыўных сказаў, якія маюць іншае камунікатыўнае прызначэнне.
Цяжэй размежаваць вакатыўныя сказы і зваротак, асабліва ў нетыповых выпадках. Часам толькі кантэкст падказвае, дзе вакатыўны сказ, а дзе — зваротак: Праз секунду яна зірнула ў адзін бок, у другі і падалася па схіле ўніз, але, на бяду азірнуўшыся, стала. — Іван!!! Спалох, боль і радасць адначасна азваліся ў гэтым воклічы. Яна пляснула далонямі і птушкаю кінулася яму насустрач (В. Быкаў).
Пры размежаванні вакатыўных сказаў і зваротка неабходна ўлічваць, што зваротак не з'яўляецца самастойнай камунікатыўнай адзінкай, а вакатыўны сказ выражае, хоць і не расчлянёна, думку, пачуццё, волевыяўленне.
Вызначальнай асаблівасцю вакатыўных сказаў у параўнанні са звароткам з'яўляецца іх ізаляванасць, ужыванне імя таго, да каго звяртаюцца, без кантэксту, які як бы ўваходзіць у падтэкст.
Гэта спецыфіка камунікатыўна-сінтаксічнай сутнасці вакатыўных сказаў рэалізуецца ў інтанацыі, характар якой вызначаецца аўтарскай рэмаркай.
Яркім прыкладам інтанацыйнай разнастайнасці вакатыўных сказаў можа быць вымаўленне настаўнікам у час урока прозвішчаў вучняў. Настаўнік можа сцісла выказваць розныя думкі, змяняючы інтанацыю, з якой вымаўляюцца прозвішчы. Гэта можа быць загад, прапанова, папрок, забарона, папярэджанне і г. д.
У вакатыўных сказах няма паказчыкаў мадальнасці і часу. Агульны змест і інтанацыйнае афармленне такіх сказаў дазваляюць убачыць у іх пабуджальную мадальнасць у яе разнастайных адценнях.
У структурна-граматычных адносінах вакатыўныя сказы характарызуюцца тым, што ў іх нельга выдзеліць ні дзейніка, ні выказніка, не бывае ў іх даданых членаў сказа, акрамя азначэння.
Па форме выражэння вакатыўныя сказы аднатыпныя, таму ў аснову іх класіфікацыі кладуцца не структурна-граматычныя, а функцыянальныя прыметы. Пры гэтым прымаюцца пад увагу такія асаблівасці інтанацыі, ад якіх звычайна і залежаць іх сінтаксічныя функцыі.
Усе вакатыўныя сказы можна падзяліць на тры групы з пункту погляду іх функцый, складанасці зместу.
Да першай групы адносяцца найбольш простыя вакатыўныя сказы, якія выражаюць заклік, просьбу ці патрабаванне адгукнуцца, адказаць. Эмацыянальная афарбоўка іх можа быць рознай як па якасці, так і па сіле. Па семантыцы такія сказы блізкія да зваротка, але адрозніваюцца ад апошняга інтанацыйна-граматычнай самастойнасцю: Дзеці! Вы перашкаджаеце працаваць, супакойцеся!
Другую групу складаюць вакатыўныя сказы, якія выражаюць рэакцыю на словы ці дзеянні субяседніка і паводле зместу больш складаныя, чым сказы першай групы. Падобныя вакатыўныя сказы часта ўжываюцца з мэтай спыніць выказванне субяседніка. Яны суправаджаюцца рознымі пачуццямі: просьбы, папроку, спачування, гневу і г. д.
Вакатыўныя сказы гэтай групы могуць ужывацца з выклічнікамі эх, ах і інш. У такіх сказах часта двойчы паўтараецца галоўнае слова. Гэта стварае асобую падкрэсленую экспрэсіўнасць: «Эх, хлопцы, хлопцы!» — сказаў я, каб стрэсціся ад цяжкіх думак (Я. Брыль); «Эх, Зося! — так Янка гаворыць бывала: за што мяне шчасце такое спаткала!» (Я. Купала); Ён падышоў на два крокі, пільна заглянуў мне ў вочы, уздыхнуў: «Эх, Шапятовіч, Шапятовіч...» (І. Шамякін); Ай, малады! малады! Брыдка! Праз тры дні вяселле, а ён расцягнуўся, як навой! (Я. Колас); «Ах, Міхаліна, Міхаліна» (назва аповесці І. Шамякіна).
Да трэцяй групы належаць вакатыўныя сказы з выклічнікам, які выражае пачуцці, што ўзнікаюць у момант пазнавання, прыпамінання: — А, гэта ты, Аўгінька! (Я. Колас); — А, гэты! — прамовіў начальнік (Я. Колас).
Генітыўныя сказы
§ 206. Своеасаблівую групу ў беларускай мове складаюць аднасастаўныя сказы, галоўны член якіх — незалежны родны склон імя — не толькі перадае значэнне наяўнасці, існавання прадмета, але і характарызуе яго ў колькасных адносінах: А дарог жа, дарог, ды прасторных якіх, што яснотай дышуць! (Я. Колас); А ў гарадах, кажуць, што тавару ў магазінах! (К. Крапіва); А птушак, птушак! (М. Лынькоў); «А трафеяў! — гучна здзівіўся Ладуцька, разглядаючы зводку.— Браткі мае, колькі трафеяў!.. Вось гэта па-баявому!..» (А. Кулакоўскі).
Назоўнікі ў родным склоне, якія з дапамогай інтанацыі ператварыліся ў сказ, набываюць у незалежнай пазіцыі сінтаксічнае значэнне быційнасці. Дзякуючы гэтаму сказ атрымлівае граматычную аформленасць і камунікатыўную значымасць (г. зн. заключае паведамленне).
Генітыўныя сказы часта маюць у сваім саставе лексічныя паказчыкі колькаснага значэння: Радасці колькі! Зямлянак засталося толькі тры, а гаспадарак у нас каля сотні (Я. Брыль); Дружа! Кінь на неба вока — колькі зорак, колькі зор! (Я. Колас); А людзей — бясконца многа, ажно страх! (З. Бядуля); Песень скрозь у нас багата (П. Панчанка); А зойдзеш у сад калі ты, там гэткая цётка ліпа — на ёй салаўёў — сяло! (М. Лужанін); На такой гаспадарцы, як наша, зімой работы няшмат (Я. Брыль).
Заўвага. Месца генітыўных сказаў у сістэме простага сказа вызначаецца няпэўна: звычайна іх лічаць асобай разнавіднасцю безасабовых сказаў, што не зусім правамерна, паколькі катэгорыя безасабовасці непасрэдна звязана з катэгорыяй выказніка, а лічыць генітыў выказнікам нельга; гэта форма выконвае функцыю называння прадмета (ці прадметаў) і сцвярджэння наяўнасці яго (ці іх) у вялікай колькасці, значыць, функцыянальна генітыўныя сказы бліжэй да намінатыўных, чым да безасабовых. Сам генітыў тут мае суб’ектнае значэнне.
Фармальна такія сказы збліжаюцца з безасабовымі адмоўнымі сказамі тыпу Вакол ні гуку, аднак функцыянальна яны розныя; катэгорыя адмоўя — катэгорыя плана выказніка, і родны тут як вынік эліпсісу дзеяслова быцця абумоўлены дзеяслоўнай залежнасцю, у генітыўных сказах тыпу Народу! родны нельга тлумачыць залежнасцю ад дзеяслова, гэта незалежнае слова. Незалежнасць сінтаксічнай пазіцыі такога генітыва функцыянальна збліжае яго з дзейнікам.
Колькаснае значэнне ў генітыўных сказах можа быць выражана фразеалагічнымі спалучэннямі: Клопатаў — па горла!; Ягад — хоць прыгаршчамі збірай!
Лексічныя паказчыкі колькаснага значэння разам з формай роднага склону ўтвараюць граматычную аснову сказа, прычым тыповае значэнне такіх сказаў — ’паведамленне пра колькасць названых прадметаў’ — перадаецца расчлянёна — родны склон + колькаснае слова ці словазлучэнне.
Генітыўныя сказы маюць прызвязачную структуру выказніка: Кніжак (ёсць, было, будзе) многа. На месцы адсутнай звязкі ёсць можа ставіцца працяжнік: Хлеба — два кілаграмы; Адпачынку — дзве гадзіны. Працяжнік становіцца неабходным знакам, калі выказнік генітыўнага сказа мае нестандартную, «сказавую» форму выражэння: Кніжак — колькі хочаш, паперы і сшыткаў — хоць заваліся, настаўнікі — усе з вышэйшай адукацыяй (М. Лужанін).
Генітыўныя сказы выкарыстоўваюцца ў асноўным у дыялагічнай і ў маналагічнай, эмацыянальна афарбаванай мове.
З фармальна-граматычнага пункту погляду падобныя сказы нельга прызнаць двухсастаўнымі, бо родны склон імя не можа быць дзейнікам. Але відавочна і тое, што родны склон тут усё-такі «прадмет думкі», зыходны тэматычны пункт («тэматычны дзейнік»), на які арыентуецца выказнік. Сінтаксічнае значэнне такіх сказаў вельмі акрэсленае: яны выражаюць колькасную, прасторавую або часавую меру таго, што называецца ў родным склоне: Клопатаў безліч; Дзяцей двое; Хады дзве гадзіны; Тавараў на тысячу рублёў; Снегу па пояс; Турбот па горла.
Сфера ўжывання генітыўных сказаў шырокая. Яны выкарыстоўваюцца ў размоўным стылі, у мове мастацкай літаратуры (апавяданне і дыялог). У апошні час яны актыўна пранікаюць у мову газеты, асабліва ў нарыс і карэспандэнцыю.
