Артефакт.lib.ru
Сайт Андрея Пискунова Хостинг Lib.Ru

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел

Нерасчлянёныя сказы

§§ 207–213

Нерасчлянёныя сказы
(словы-сказы1)

Агульная характарыстыка

§ 207. Нерасчлянёныя сказы — непадзельныя сінтаксічныя адзінкі з аднаго слова або ўстойлівага спалучэння слоў, якія выражаюць дадатны ці адмоўны адказ на чыё-небудзь выказванне, а таксама мадальна-экспрэсіўную, эмацыянальную ацэнку, пабуджэнне да чаго-небудзь, запытанне: Хомка спытаў: «Дык ты цяпер на Баханы?» — «Ага» (І. Чыгрынаў); «А хіба ты не ведаеш? — «Не» (К. Чорны); «А-а»... — здагадаўся тады Ганс (М. Лынькоў); «Ну добра. Мы цябе прымаем, але памятай — слухаць павінен» (Я. Колас); «Ну, што, прыйшоў твой бацька?» — спытаўся Тонік. — «Не... можа, яшчэ прыйдзе»,— сказаў Арсенік (В. Адамчык); «Гэта таксама справа агульная, дзяржаўная». — «Ну?!» — здзівіўся Тугай (Я. Маўр).

Словам-сказам, як і ўсім сказам сучаснай беларускай мовы, уласцівы і інтанацыя паведамлення, якая надае ім сэнсавую закончанасць і суадносіць іх змест з рэальнасцю, г. зн. служыць сродкам выражэння мадальнасці, і суб'ектыўна-аб'ектыўныя катэгорыі сказа. Аднак спецыфіка праяўлення гэтых катэгорый у многім абумоўлена характарам слоў-сказаў. Галоўная асаблівасць такіх сказаў — немагчымасць расчлянення іх фармальнага саставу: «Максім яшчэ не вярнуўся? — «Не» (Я. Колас); «Праясняецца»,— сказаў я. — «Ага. К вечару будзе лётная пагода»,— зазначыў Сеня (І. Шамякін); «З вайны ж яму Даніла пісаў не раз». — «Праўда, яго рука» (К. Крапіва); «Ты мяне зваў?» — «Але. Садзіся» (Я. Скрыган); «Пашкадуеш, Марына!» — «Не. Не пашкадую. Чаго мне шкадаваць?» (І. Шамякін).

Нерасчлянёнасць слоў-сказаў заключаецца ў тым, што яны не выражаюць сінтаксічных адносін і, значыць, не маюць ні галоўных, ні даданых членаў сказа; яны не могуць быць развіты іншымі словамі. Тут нельга гаварыць пра суадноснасць іх адзінага кампанента з адным з галоўных ці якім-небудзь даданым членам двухсастаўнага сказа. Аднак сінтаксічная нерасчлянёнасць, адсутнасць звычайнага саставу сказа не перашкаджаюць ім быць закончанымі выказваннямі, г. зн. выражаць адносна закончаную думку (пры ўліку іх кантэкстуальнасці).

Немагчымасць расчлянення фармальнага саставу слоў-сказаў — аб'ектыўны сінтаксічны крытэрый адмежавання іх ад іншых тыпаў сказаў, іх галоўная структурная асаблівасць.

Другой характэрнай асаблівасцю слоў-сказаў, што выцякае з іх сінтаксічнай нерасчлянёнасці, з'яўляецца кантэкстуальнасць гэтых моўных адзінак як сродак выражэння мадальнасці, максімальная абумоўленасць іх сэнсавага значэння моўнай сітуацыяй.

Словы-сказы цесна звязаны з кантэкстам; яны заўсёды знаходзяцца ў саставе групы самастойных сказаў. Па-за кантэкстам словы-сказы не могуць ужывацца, паколькі яны не маюць намінатыўнай функцыі1 і выконваюць толькі камунікатыўную функцыю. Словы-сказы не называюць з'яў рэчаіснасці, а выражаюць мадальна-экспрэсіўныя адносіны: сцвярджэнне, адмаўленне, запытанне, пабуджэнне, эмацыянальную ацэнку. Таму словам-сказам заўсёды павінна папярэднічаць якое-небудзь паведамленне ці сітуацыя, якія выклікаюць гэта сцвярджэнне, запытанне, адмаўленне, эмацыянальную ацэнку ці пабуджэнне да дзеяння: «Значыцца, яны заўсёды жывуць на адным месцы, на беразе?» — здзівіўся Манг. — «Так» (Я. Маўр); «Ведаеш, Цімох... Чоран сёння біўся з Завозерскага Лысым. — «Ну?!» — жахнуўся Цімох (Я. Колас).

Адсутнасць намінатыўнай функцыі ў слоў-сказаў абумоўлена не толькі іх прызначэннем — выражаць мадальна-экспрэсіўныя адносіны, але і іх марфалагічнай прыродай. У якасці слоў-сказаў, як правіла, не ўжываюцца словы-назвы. Нерасчлянёныя сказы звычайна фарміруюцца са слоў, якія не маюць намінатыўнай функцыі. Найбольш ужывальныя ў ролі нерасчлянёных сказаў наступныя катэгорыі слоў і спалучэнняў слоў:

а) выклічнікі (эй, ай-ай, эге, вон);

б) часціцы (так, не, ну, хіба, няўжо);

в) мадальныя словы (вядома, разумеецца, праўда, несумненна, безумоўна і пад.);

г) фразеалагічныя спалучэнні (Нічога падобнага! Што і казаць! і інш.).

Акрамя асноўнага слова, у састаў нерасчлянёных сказаў могуць уваходзіць:

а) мадальныя словы (вядома, здаецца, несумненна): Вядома, не; Здаецца, так; Несумненна, так;

б) узмацняльныя часціцы: «Ведаеце, што, хлопцы? Пакіну я...» — «Латуту свайго?» — перабіў Гарась. — «Але ж. Надакучыла мне, браткі, да смерці!» (В. Каваль); «Скажы, нябога, ты з гэтай вёскі?» — «Эге ж»,— коратка адказвае маладзіца (Я. Колас);

в) выклічнікі: «Ідзі спаць... Цябе ўжо морыць сон...» — «О не! Як жа так пайсці? Пабачым...» (М. Гарэцкі).

Да слоў-сказаў могуць далучацца звароткі: «Што з вокам у цябе?» — «А нічога, дзядзя Астап» (М. Лынькоў). «А дзедка ўсё госціць у нас?» — «Але, сынку мой» (Я. Купала).

Ні мадальныя словы, ні часціцы, ні выклічнікі, ні звароткі не з'яўляюцца членамі сказа, таму можна сцвярджаць, што словы-сказы не маюць даданых членаў сказа. Слова так у асобных выпадках пры адказе на пытанне можа выступаць у ролі выказніка і мець пры сабе даданыя члены сказа: «А ў мінулым годзе вы былі ў адпачынку?» — «У мінулым годзе так»; «Учора вечарам вы былі дома?» — «Учора так».

Аднак рэплікі-адказы ў гэтых прыкладах нельга лічыць словамі-сказамі, гэта няпоўныя сказы.

Словы-сказы нельга разглядаць як няпоўныя сказы, па-першае, таму, што ў пэўным кантэксце ці пры наяўнасці адпаведнай сітуацыі яны ўспрымаюцца як моўныя адзінкі, што выражаюць закончанае выказванне; па-другое, таму, што слова ці непадзельнае спалучэнне, якое ўтварае нерасчлянёны сказ, не з'яўляецца членам сказа, яно не можа мець пры сабе даданых членаў і не знаходзіцца ў граматычнай сувязі са словамі папярэдняга кантэксту.

Паколькі слова ці непадзельнае спалучэнне, што ўтварае нерасчлянёны сказ, не з'яўляецца членам сказа, у прыватнасці галоўным, па наяўнасці якога вызначаецца састаў сказа, словы-сказы нельга разглядаць і як аднасастаўныя сказы. Сінтаксічная нечлянімасць слоў-сказаў рэзка адмяжоўвае іх як ад двухсастаўных, так і ад аднасастаўных сказаў.

Такім чынам, словы-сказы — асобы структурны тып, яны не могуць быць аднесены ні да двухсастаўных, ні да аднасастаўных сказаў. Яны не маюць асобных членаў і не выконваюць намінатыўнай функцыі, паколькі нічога не называюць.

Як структурны тып, нерасчлянёныя сказы займаюць пэўнае месца ў адзінай сістэме структурных тыпаў простых сказаў у беларускай мове, суадносячыся ў межах гэтай сістэмы з члянімымі сказамі.

З пункту погляду стылістыкі словы-сказы характарызуюцца максімальнай лаканічнасцю і экспрэсіўнай насычанасцю. Яны — прадукт і неабходны элемент дыялогу. Пры пацвярджэнні ўласнай думкі ці пры пярэчанні самому сабе словы-сказы могуць ужывацца і ў маналагічнай мове як адгалосак унутранага дыялогу.

1. Тэрмін «словы-сказы» не зусім удалы, паколькі ён не ўказвае на спецыфіку гэтай групы сказаў, а з'яўляецца вельмі ўмоўным абазначэннем, у аснове якога ляжыць чыста колькасны паказчык — «сказы з аднаго слова». Аднак вядома, што многія аднасастаўныя сказы, напрыклад намінатыўныя, безасабовыя, таксама складаюцца з аднаго слова (Зіма; Вечарэе).

Нельга лічыць дакладным і тэрмін «эквівалент сказа»: ён не дае адказу на пытанне, сказамі ці не сказамі з'яўляюцца выразы тыпу Няўжо? Ах так?! і пад.

Паводле сінтаксічнай прыметы словы-сказы лепш называць нерасчлянёнымі сказамі.

1. Адсутнасцю намінатыўнай функцыі словы-сказы адрозніваюцца ад вакатыўных сказаў, найбольш блізкіх да іх паводле структурна-семантычных уласцівасцей. Да слоў-сказаў блізкія і словы моўнага этыкету, якія выражаюць прывітанне, удзячнасць, просьбу, прабачэнне і г. д. (Добры дзень!; Дзякую; Здароў! і пад.). У гэтых словах няма ні сцвярджэння, ні адмаўлення, ні экспрэсіўна-мадальнай ацэнкі выказвання ці пэўнай сітуацыі, што і адрознівае іх ад слоў-сказаў.

Тыпы нерасчлянёных сказаў

§ 208. На аснове марфалагічнай прыметы выдзяляюцца: а) словы-сказы, выражаныя часціцамі; б) мадальныя словы-сказы; в) выклічнікавыя словы-сказы.

Паводле значэння і функцыі ў мове вылучаюцца: 1) эмацыянальна-ацэначныя, 2) сцвярджальныя, 3) адмоўныя, 4) пабуджальныя, 5) пытальныя словы-сказы.

Эмацыянальна-ацэначныя словы-сказы

§ 209. Такія словы-сказы ўтвараюцца выклічнікамі і словамі, блізкімі да выклічнікаў. Яны перадаюць непасрэдную эмацыянальную рэакцыю на тое ці іншае выказванне, даюць экспрэсіўную ацэнку пэўным з'явам, што знаходзіць выражэнне і ў інтанацыі. Часцей за ўсё гэтыя сказы бываюць клічнымі: «Хацеў бы ты, Уладзік, дзічак, скажам, улежаных пад'есці, га?» — «Ого!» — згадзіўся я (Я. Брыль); Го! Я сеў бы на каня і паказаў бы яшчэ, чаго варты стары Талаш! (Я. Колас).

Сэнс эмацыянальна-ацэначных слоў-сказаў вызначаецца інтанацыяй і кантэкстам, прычым асноўная эмоцыя, выражаная гэтымі словамі-сказамі, можа суправаджацца адценнямі іншых эмоцый.

Эмацыянальна-ацэначныя словы-сказы могуць выражаць радасць, здзіўленне, адчай, незадаволенасць, нянавісць і іншыя пачуцці: «Браткі мае, гэта ж незнаёмы нейкі!» — «Ну?!!» (К. Чорны); «Вось бы мне ў такі калгас! Вось дзе б я даў разгарненне, далібог даў бы!» — «Адам, далі б?» — «Угу!» — коратка адгукнуўся трактарыст (І. Шамякін); «Хо! Чую сапраўдны голас рыбака» (І. Гурскі); «Яшчэ самаварчык пастаў да ідзі сабе». — «Вой! Такой гарачынёй ды чай піць» (К. Крапіва); «Фі! Я такіх мужыцкіх танцаў не гуляю» (Я. Купала); «Фу! Якая гадасць!» (З вуснай мовы).

Сінтаксічна нерасчлянёныя сказы, якія выражаюць розныя эмоцыі,— жывы тып сказаў сучаснай беларускай мовы.

Сцвярджальныя словы-сказы

§ 210. Сцвярджальныя словы-сказы ўтвараюцца словамі так, як жа, яшчэ б, вядома, правільна, разумеецца, добра і інш. Функцыяй гэтых слоў з’яўляецца сцвярджэнне, г. зн. станоўчы адказ на пастаўленае пытанне. Часцей за ўсё для такога адказу выкарыстоўваецца слова так, якое вызначаецца семантычнай ёмістасцю і здольна выразіць з дапамогай інтанацыі складаную гаму чалавечых пачуццяў: «Жывеш ты там, як воўк, адзін».— «Так, голубе, як трохі адзічэў» (Я. Колас); Так, на ўсім вайна пакінула свае сляды (І. Шамякін); Так, падарожжа было незвычайнае (Б. Мікуліч); «Значыцца, яны заўсёды жывуць на беразе?» — здзівіўся Манг.— «Так» (Я. Маўр); «Вы да бацькі на практыку?» — «Так» (А. Куляшоў); «Гм! Так, так! Помню,» — рэзюмаваў успаміны пра былое Цімох (Я. Колас).

Некаторыя з сцвярджальных слоў-сказаў маюць размоўны ці прастамоўны характар, паколькі паводле свайго паходжання з’яўляюцца прадуктам жывой, часта фамільярнай мовы: «У вас жа, бачу, можна павучыцца».— «Ага!.. Ну, добра» (Я. Колас); «Ты што, адзін дома?» — «Угу» (І. Мележ); «А гэта хто?» — «Павел».— «Твой брат? — «Ну» (В. Вольскі); «Харошая мама?» — «Ну»,— проста пацвердзіў баец (В. Быкаў); «Вы прабачце, калі я замест прамога адказу раскажу вам прытчу».— «Ну» (У. Караткевіч).

У мадальных словах-сказах на асноўнае значэнне сцвярджэння напластоўваюцца дадатковыя адценні, звязаныя з лексічным значэннем мадальных слоў. У адпаведнасці са значэннем мадальных слоў словы-сказы выражаюць, як правіла, сцвярджэнне, што суправаджаецца разумовай лагічнай ацэнкай выказвання: «То, мусіць, хутар перацягне?» — «Вядома. Маргун не дачакаецца, калі Шмігельскі ў сваты прыйдзе» (К. Крапіва); «Я цэлую ноч не спаў, Валя, прыгатуй мне пасцель».— «Добра» (К. Чорны); «Ну, я ж вас не ведаю, а праверыць трэба, што вы за чалавек»,— дзелавіта заўважае партызан.— «Правільна, таварыш, правільна» (Я. Колас); «Вось я і хацеў прапанаваць табе ехаць разам».— «Добра. Ты пачакай тутака, пакуль вада падымецца» (Я. Маўр); «Так, у вас ёсць чаму павучыцца?» — «А як жа ж... Вядома...» (І. Мележ); «Не збіраецеся назад?» — «Вядома» (І. Мележ); «Хіба па справе якой, чалавеча?» — «Вядома...» (М. Лынькоў).

Словы-сказы такога тыпу выражаюць не толькі згоду, але і ўпэўненасць у тым, што змест выказанага здзейсніцца.

Лагічную ацэнку паведамленню могуць даваць таксама словы-сказы несумненна, безумоўна, факт, праўда і інш.: «Ну, што ты кажаш?» — здзівіўся Максім.— «Праўда, праўда, Максім» (Я. Колас); «Але аднае стрэльбы яшчэ мала... мала, браце, аднае, нават добрае стрэльбы».— «Праўда»,— кіўнуў галавою Мартын (Я. Колас); «Гэта — Ганс Крафт. Каланіст. З Украіны. Шпіён».— «Агент СД?» — «Безумоўна» (І. Шамякін); «Мікалай жа Пятровіч чэсны чалавек, праўда?» — «Бясспрэчна» (К. Крапіва); «Сакратаром падпольнага райкома камсамола я зацвердзіў Лубяна. Добра будзе?» — «Безумоўна» (І. Шамякін). Пэўную ацэнку, аднак з большай эмацыянальнай афарбоўкай, надаюць выказванню і спалучэнні вось так, ды ўжо ж так, дзіва што і падобныя ў функцыі нерасчлянёных сказаў: «Вы пацвердзіце ўсё гэта, што казалі?» — «Дзіва што! Адразу» (К. Чорны); «Вось купіш якую лахманіну, ходзіш з ёй два дні, пакуль прадасі — дый то не заўсёды заробіш».— «Ды ўжо ж так» (М. Зарэцкі); «Хто я такі? Гаспадар я тут!» — «Вось так!» (А. Макаёнак).

Адмоўныя словы-сказы

§ 211. Адмоўныя словы-сказы ў дыялагічнай мове з'яўляюцца адмоўным адказам на пастаўленае пытанне ці выражаюць нязгоду таго, хто гаворыць, з чыім-небудзь выказваннем, у маналагічнай мове — гэта пярэчанне самому сабе.

Да адмоўных слоў-сказаў адносяцца і сказы, якія выражаюць няпэўны адказ на пытанне ці чыю-небудзь заўвагу: «Ну, як вам падабаюцца нашы мясціны?» — «Нічога, мясціны як мясціны» (Я. Колас); «Так жа можна прастудзіцца» — «Нічога, нічога, я не прамокла» (А. Макаёнак); «Ці прыедзе ён сёння?» — «Наўрад ці» (З вуснай мовы).

Функцыю такіх сказаў выконваюць адмоўныя словы няпраўда, не, ні-ні і інш. Часцей за ўсё ў ролі адмоўнага нерасчлянёнага сказа выступае слова не, якое антанімічна слову так і таксама вызначаецца разнастайнасцю значэнняў: Але зараз мне стала шкада яго не як нешчаслівага, мілага, па-дзіцячы здольнага хлопчыка. Не! Я стаў бедаваць аб марна загубленым таленце (М. Лужанін); Маўчыць каменная турма. Маўчыць? Няпраўда! Крок гучыць. Пакутны? Не! Рашучы крок (А. Вялюгін); «Ці не змарыліся вы часам?» — «Ні-ні... Гэта толькі здаецца» (Я. Маўр); «З людзьмі, мусіць, не сышоўся душа ў душу, а?» — «Ды не. Людзі мне падабаюцца» (І. Мележ); «Вы даўно гуляеце?» — «Не, нядаўна» (З вуснай мовы); «Ваш Янка яшчэ не прыходзіў?» — «Янка? Не, даражэнькая, ні старога майго няма, ні Янкі» (В. Вольскі).

Адмоўныя словы-сказы асабліва выразныя ў маналагічнай мове. Вымаўленыя з пэўнай інтанацыяй, яны іншы раз заключаюць у сабе ўвесь пафас выказвання: Не! Не згінем мы з табою, з маёй рыбкай залатою (Я. Колас).

Выразнасць адмоўнага слова-сказа ўзмацняецца паўтарэннем не, а таксама ўзмацняльнымі часціцамі, выклічнікамі, мадальнымі словамі: «Зося, табе холадна?» — спытала Маша, якая сядзела за яе спіной. — «На маю куртку». — «Не-не. Нічога. Гэта так!» (І. Шамякін); Не, не! Гэтага я таксама не напішу (К. Крапіва); «Не, не, не! — Віка сціснула кулакі, стукнула імі сябе па каленях, прашаптала: — Я не магу пагадзіцца...» (І. Шамякін).

Катэгарычнае адмаўленне выражаецца і адмоўным словам няпраўда: «Гэты вось, Малец,— ён тыцнуў рукой у грудзі Даніку,— падвучыў іх сабраць грошы...» — «Няпраўда»,— перабіў яго Санька (Я. Брыль).

Часціца ні ў функцыі слова-сказа, якая экспрэсіўна паўтараецца, мае размоўны характар і абазначае ўзмоцненае адмаўленне ці катэгарычную забарону рабіць што-небудзь: «Можа б даравала ты ёй?» — «Ні-ні-ні» (З вуснай мовы).

Як сцвярджальныя, так і адмоўныя структурна нерасчлянёныя сказы лагічна выражаюць прэдыкат, аднак гэтыя словы-сказы не тоесныя выказніку двухсастаўных ці аднасастаўных сказаў.

Пабуджальныя словы-сказы

§ 212. Пабуджальныя словы-сказы выражаюць эмацыянальную рэакцыю таго, хто гаворыць, на выказванне ці пэўную сітуацыю і разам з тым волевыяўленне, пабуджэнне да пэўнага дзеяння. У якасці пабуджальных слоў-сказаў выступаюць выклічнікі і часціцы: «Во-о-он!» — раптам крычыць Галена.— «Вон! Вон!» (К. Чорны); «Ну вось і прыехалі. Тпру!» (З. Бядуля); «А гэта не вавёрка?!» — «Тсс! Гэта гарнастай!» (Я. Маўр); «Ало! Як справы?» (З вуснай мовы); «Гэй!» — аклікнуў іх Сцёпка, хлопцы спыніліся (Я. Колас); «Цыц! Не смець казаць мянушку, а то зніму на вас папружку» (Я. Колас); Ён уподбег дагнаў каня, ускочыў на воз, ляснуў пугай: — Но-о! Варушыся! (І. Шамякін).

Часціца ну ў спалучэнні з формамі вінавальнага склону асабовых займеннікаў ты (вы), ён (яны) утварае пабуджальны сказ, які выражае жаданне пазбавіцца ад чаго-небудзь непатрэбнага, ад таго, што надакучыла (Ну вас к чорту!; Ну іх!).

Выразныя пабуджальныя сказы, утвораныя з гукаперайманняў: — «Цсс!» — сунімае дзед Талаш грозны голас кулямётчыка (Я. Колас); «Толькі — ша!» — Ігнат Андрэевіч прылажыў палец да вуснаў (І. Шамякін); — «Цыц!» — прамовіў стражнік і азірнуўся (Я. Колас); А тут кот адкуль ні ўзяўся і пад локаць яму — тоўк! — «Псік, не лезь!» (Я. Колас); «А ты-га! а ты-га!» Качкі! Гучны плеск вясла па вадзе павялічвае шум (Я. Колас).

Заўвага. У састаў слоў-сказаў не ўваходзяць гукаперайманні, не ўласцівыя мове чалавека (тыпу цік-так, цік-так (пра гадзіннік)).

Пытальныя словы-сказы

§ 213. Пытальныя словы-сказы характарызуюцца выразнай пытальнай інтанацыяй і разнастайнымі адценнямі значэнняў у залежнасці ад лексічнага выражэння пытанняў, кантэксту ці сітуацыі. У якасці пытальных слоў-сказаў ужываюцца сцвярджальныя і адмоўныя словы, мадальныя словы, пытальныя часціцы і выклічнікі розных разрадаў: «Выклікаю цябе на спаборніцтва» — «А? Што?..» (Я. Маўр); «Мясціны ціхія, а людзі добрыя». — «Га?» (А. Асіпенка); «Просім вашай згоды. З Соняй мы ўжо рашылі. Так?» — «Учора рашылі...» (А. Макаёнак); Ты разумееш, якая ў цябе будучыня? А? (І. Шамякін); «Здароў, друг. Што ж ты гэта? Я ўжо чакаў, чакаў. Сядай! Ну?» — «Прыбыў» (Э. Самуйлёнак); «Бачылі, які чарадзей?» — нахіліўся да яе Тарас. — «А?» — «Але»,— яна ўдзячна паклала сваю руку на яго (І. Шамякін); Можа, і справу ўладзілі без нас? А? Максім Іванавіч? (А. Макаёнак); «На што ты намякаеш? Га?» — зазлаваў Карпенка (В. Быкаў); Вось цяпер прыехаў бы! Га? (Я. Брыль); «Наташка!» — «Га?» — «Схадзіце з Ірай на луг і нарвіце шчаўя» (І. Шамякін); «Міхась! Міхаська!» — «Га?» — «Ты ўжо спіш, сынок?» (Я. Колас).

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел