Артефакт.lib.ru
Сайт Андрея Пискунова Хостинг Lib.Ru

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел

Сказ. Тыпы сказаў

§§ 131–138

Сказ

Тыпы сказаў

§ 131. Сказы прынята класіфікаваць паводле наступных прымет: 1) мэты паведамлення і інтанацыйнага афармлення; 2) структуры; 3) адносін зместу сказа да аб’ектыўнай рэчаіснасці.

Тыпы сказаў паводле мэты паведамлення і інтанацыйнага афармлення

§ 132. Паводле мэты паведамлення і інтанацыйнага афармлення сказы дзеляцца на апавядальныя, пытальныя, пабуджальныя і клічныя.

Апавядальныя сказы

§ 133. Апавядальнымі называюцца сказы, якія заключаюць у сабе паведамленне пра тыя ці іншыя з’явы, падзеі, факты, іх прыметы; у форме апавядальных сказаў фармулююцца законы навукі, вынікі пазнавальнай дзейнасці чалавека. Гэтыя сказы найбольш часта ўжываюцца ў сучаснай беларускай літаратурнай мове: Нас Ленін з’яднаў назаўсёды адзінаю праўдай сваёю (П. Броўка); Над ціхай крыніцаю спеў салаўіны ўвечары сэрца маё закранае (А. Русак); Чыстым інеем пакрыты на гасцінцы беразняк (Я. Колас); Да вышыняў вядзе свой народ наша партыя простай пуцінай (Я. Колас); Камунізм ёсць савецкая ўлада плюс электрыфікацыя ўсёй краіны (У. І. Ленін); Ціхі вечар у сузор’і над сялом плыве (А. Русак); Зямлю цалуе неба сінь сваім чырвоным сонцатварам (М. Чарот); Мінск — адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі (А. Якімовіч); Астап Лугавін — школьны інспектар (Я. Колас).

Сказы, у якіх паведамляецца аб працэсах, маюць у сваім саставе дзеяслоўны выказнік, а сказы, у якіх выражаецца паняцце аб прадмеце ці называюцца яго ўласцівасці,— іменны: Жыў ляснік са сваёй леснічыхай каля завадзі ціхай (А. Куляшоў); Сваю мы Радзіму ніколі, ніколі нікому на ганьбу, на здзек не дадзім (А. Астрэйка); Зімовая ноч была светлай і халоднай (Ц. Гартны); Вучыцца ў народа — задача кожнага пісьменніка (К. Чорны).

Важным структурным элементам апавядальных сказаў з’яўляецца інтанацыя. Схема яе наступная: узнікшы на вышыні, звычайнай для таго, хто гаворыць, голас паступова павышаецца ў першай частцы, затым плаўна паніжаецца і заканчваецца пачатковай вышынёй (інтанацыя канца).

Напрыклад:

Абліта ззяннем зорак↓ сонечная паляна (З. Бядуля).

Найбольш высокім тонам вымаўляецца тое слова ў сказе, на якое падае лагічны націск. Лагічна выдзяляцца можа любое знамянальнае слова. Так, у сказе Мой брат працуе ў інстытуце можна выдзеліць слова мой: Мой↓ (а не чый-небудзь) брат працуе ў інстытуце; брат: Мой брат↓ (а не хто-небудзь іншы) працуе ў інстытуце; працуе: Мой брат працуе↓ (а не вучыцца) ў інстытуце; у інстытуце: Мой брат працуе ў інстытуце↓ (а не дзе-небудзь у іншым месцы).

У залежнасці ад месца лагічнага націску мяняецца сэнс сказа. Калі ў сказе няма слова, якое лагічна выдзяляецца, то самым высокім тонам вымаўляецца выказнік: Кроплі срэбнае расы туман паклаў на ціхім доле (М. Хведаровіч); Хмары апусцілі на зямлю млявую парнасць (І. Мележ).

У сярэдзіне апавядальнага сказа робіцца невялікая паўза, якая звычайна раздзяляе сказ на састаў дзейніка і састаў выказніка: Свеціць // месяц (К. Чорны); Даспяваюць // вішні (С. Грахоўскі); І шуміць, і гамоніць пра мірнае суіснаванне // асамблея зялёная дубоў і бяроз (П. Макаль); Нашай Канстытуцыі слаўныя заветы // не памруць, жыць будуць праўдай векапомнай (Я. Купала).

Працяглая паўза ўласціва сказам, якія азначаюць якое-небудзь лагічнае паняцце; у такіх сказах першая частка вымаўляецца больш высокім тонам, а другая — больш нізкім: Мой родны Мінск! Ты — прыгожосць і слава Беларусі, яе палеткаў, пушчаў і нябёс. Ты — наша сталасць, нашае юнацтва. Ты — песня непаўторная мая (П. Прыходзька); Кожны чалавек — гэта цэлы свет (К. Чорны).

Апавядальныя сказы распаўсюджаны ва ўсіх стылях вуснай і пісьмовай мовы. У вуснай мове яны аддзяляюцца адзін ад аднаго паўзай, на пісьме — кропкай.

Пытальныя сказы

§ 134. Пытальнымі называюцца сказы, якія выражаюць пытанне: Ну, дык дзе ж вы, аднагодкі? У якіх шыротах-далях? Можа ў памяці кароткай нашы клятвы пагублялі? (А. Звонак); Завошта хутар сіротлівы Каспійкай людзі нараклі? (А. Астрэйка); Ад чыіх напаўняецца слёз Ніл шырокі, глыбокі вякамі? (А. Бялевіч).

Заключанае ў пытальных сказах пытанне патрабуе на сябе адказу. Таму пытальныя сказы ўласцівы дыялагічнай мове.

У асобных выпадках яны могуць уводзіцца і ў маналагічную мову з мэтай засяродзіць увагу на выкладзе, паставіць пытанне перад самім сабой, выразіць катэгарычнае сцвярджэнне.

Паводле значэння пытальныя сказы разнастайныя; яны могуць заключаць у сабе:

пытанне, якое абавязкова патрабуе адказу (уласна пытальныя сказы): — Пароль ёсць? — Ёсць. — Які? — Ракета (А. Куляшоў); — І добра зарабляеце? — Зарабляем (М. Лобан);

пытанне, якое патрабуе пацвярджэння ці адмаўлення (пытальна-сцвярджальныя сказы): — Няўжо было заўсёды так? — Не! (М. Гамолка); — Зося? — сарвалася ў мяне.— Зося,— адказаў камандзір.— Ты яе ведаеш? — Як не ведаць? Я ж перад службай настаўнічаў у мястэчку (Звязда, 1982); — Мірон Якімавіч? — Каму ж яшчэ там быць! (Т. Хадкевіч);

пытанне з ускосным пабуджэннем да дзеяння (пытальна-пабуджальныя сказы): Хто ж адвагі знойдзе, смеласці з сілай моладзі памерацца? (М. Чарот), г. зн. ’знайдзіце адвагу, смеласць памерацца з сілай моладзі’; Гэй, хто стрымае наш творчы размах? (В. Таўлай), г. зн. ’паспрабуйце стрымаць наш творчы размах і паглядзіце, што з гэтага атрымаецца’;

пытанне, якое заключае ў сабе сцвярджэнне,— так званае рытарычнае пытанне (пытальна-рытарычныя сказы): Што ж мне можа быць больш за Радзіму любімую міла? (П. Панчанка), г. зн. ’нічога’; Але хто, жывучы ля вады, не завядзе лодку і вуду, каго не прывабіць спакойная гладзь, каму не любы пошум чаротаў на ўзбярэжжы і гучны лопат качыных крылаў? (Е. Лось), г. зн. ’кожны’;

пытанне, мэта якога — прыцягнуць увагу субяседніка ці чытача (так званыя ўстаўныя сказы-пытанні): Ручаёк агінаў бугаркі і выспы, выныраў з-за густых ракіт, аж пакуль — хто іх столькі высыпаў? — не наблізіліся пяскі (А. Бачыла); Мінуўшы варту, без ключоў да хлопца хтосьці — пэўна сон? — нячутным крокам увайшоў (А. Вялюгін); А навокал жывыя вянкі — колькі іх? — з кветак розных: лясных, лугавых, палявых, акуратна пакладзеных на траву (А. Куляшоў);

пытанне, якое мае эмацыянальныя і мадальныя адценні: Куды спяшаюцца дажджоў калоны, не зведаўшы дарог і перапраў? (А. Пысін); Бедная клянінка, што ж ты пахмурнела, апусціла голле, лісцем пажаўцела? (Ц. Гартны); Чаму глядзяцца зоры ў люстэрка чыстых вод? (М. Чарот).

Асноўныя канструктыўныя элементы пытальных сказаў — інтанацыя, парадак слоў, пытальныя словы.

Інтанацыя пытальных сказаў характарызуецца рэзкім павышэннем тону на слове, якое патрабуе адказу. У сказе Ты ідзеш сёння ў кіно? пытанне можа быць звязана з любым словам, таму тон можа павышацца на першым слове: Ты↓ ідзеш сёння ў кіно? (сыходная інтанацыя), на другім ці трэцім: Ты ідзеш↓ сёння ў кіно? (узыходна-сыходная інтанацыя), на апошнім: Ты ідзеш сёння ў кіно↓? (узыходная інтанацыя). У першым выпадку пацвярджэння ці адмаўлення патрабуе слова ты (ты ці хто-небудзь іншы?); у другім — ідзеш (ідзеш ці не?); у трэцім — сёння (сёння ці заўтра?); у чацвёртым — у кіно (у кіно ці ў тэатр?). Значыць, лагічны націск падае на тое слова, з якім звязаны сэнс пытання.

У пісьмовай мове знешнія сродкі выражэння пытальнасці, заключанай у тым ці іншым слове, адсутнічаюць. Таму слова з лагічным націскам звычайна вызначаецца пры дапамозе кантэксту: Сына няма дома? — Так, сына. Адказ дапамагае зразумець, што пытанне адносіцца да слова «сына».

Пытальнае значэнне сказа можа выражацца пры дапамозе асабога парадку слоў — вынясення галоўнага слова пытання на першае месца. Напрыклад: Ён быў учора на занятках? Быў ён учора на занятках? Учора ён быў на занятках? На занятках ён быў учора? Аднак роля парадку слоў у афармленні пытальнага сказа другарадная, паколькі сам па сабе, без пытальнай інтанацыі, ён не можа ўтварыць пытальнага сказа. Параўн.: Зажурыўся бор (Р. Барадулін) — Бор зажурыўся. Парадак слоў змянілі, аднак сказ застаўся апавядальным.

У афармленні пытальных сказаў могуць удзельнічаць спецыяльныя пытальныя словы, якімі з’яўляюцца:

пытальныя займеннікі хто, што, які, каторы, чый, колькі ў розных склонах, з прыназоўнікамі і без прыназоўнікаў: Што мне рабіць з маёю журбою? (А. Астрэйка); Хто спыняе рэкі і злучае моры? (Я. Колас); А з якім жа ён атрадам праз якія йшоў агні? (П. Прыходзька); З чым жа, маці азёр беларускіх, мог я ў песні цябе параўнаць? (П. Прыходзька); А хто там ідзе, а хто там ідзе ў агромністай такой грамадзе? (Я. Купала); А чые гэта нівы аж гнуцца пад цяжкім налівам? (М. Лужанін); Пра што луг думае ў світальны час? (М. Калачынскі);

пытальныя прыслоўі дзе, куды, калі, адкуль, навошта, чаму і інш.: Дзе ж ты, цёплае лета, сонцам яркім сагрэта? (А. Русак); Чаму ж нядобры час прынёс мне доўгае расстанне з вамі? (М. Багдановіч); Навошта ж лёс дрэнны у лепшую хвіліну сцяў кветку жыцця маладога? (М. Чарот); Куды спяшаюцца дажджоў калоны, не зведаўшы дарог і перапраў? (А. Пысін); Нашто жаўрук ключом сярэбраным нашы сэрцы крануў без пары? (В. Таўлай); Чаму вянкі ў тваёй душы так рана ў квецені завялі? Куды нясуць іх жыцця хвалі?.. (П. Трус);

пытальныя часціцы няўжо, ці, хіба і інш.: А хіба камуніст можа жыць, працаваць, ваяваць без насельніцтва, без народа, асабліва вось у гэтых партызанскіх умовах? (М. Лынькоў); Быць Чалавекам — ці ж гэта не шчасце? (А. Марціновіч); Ці ж мы, хлопцы, рук не маем? Ці ж нам сілы бог не даў? (Я. Колас); Няўжо гэта ён падглядаў у вокны? (Я. Колас); Ці чулі вы зязюлі кукаванне ў глыбокіх сутоннях лясных? (А. Пысін).

У сказах са спецыяльнымі пытальнымі словамі пытальная інтанацыя больш слабая, чым у тых сказах, дзе яна з’яўляецца адзіным сродкам выражэння пытальнасці.

Сказы з пытальнымі займеннікамі і прыслоўямі называюцца займеннікавымі, усе астатнія пытальныя сказы — незайменнікавыя.

Пабуджальныя сказы

§ 135. Пабуджальнымі называюцца сказы, якія выражаюць волевыяўленне, пабуджэнне да дзеяння. Пабуджальныя сказы могуць выражаць загад, просьбу, заклік, запрашэнне, параду, прадсцярогу, забарону, пратэст, дазвол: Прынясі нам хмарку, вецер лёгкакрылы (М. Машара); Родны край, у шчасці расцвітай (А. Русак); На варту зямлі і свабод падымайся, рабочы народ! (Я. Колас); Не шуміце веццем, вербы, ля ракі (Я. Колас); Давайце дружна песню звонкую спяём (З. Бядуля); Ніколі не спыняйцеся на паўдарозе (Я. Колас).

Прамежкавае становішча паміж пабуджальнымі і апавядальнымі сказамі займаюць канструкцыі, у якіх выражаецца не пабуджэнне да дзеяння, а толькі жаданне таго, хто гаворыць, напрыклад: Нам бы ў добрых усмешках за працай яснець (П. Панчанка); Нікуды не хацелася спяшацца... Так бы сядзець, маўчаць і глядзець на зачараваны азёрны прастор (С. Грахоўскі).

Пастаянная граматычная прымета пабуджальных сказаў — асобая імператыўная інтанацыя, якая мае мноства адценняў.

Адным з граматычных сродкаў афармлення пабуджальных сказаў з’яўляецца форма выказніка.

У якасці спецыяльнай і найбольш пашыранай формы выказніка, які мае пабуджальнае значэнне, выступае дзеяслоў у загадным ладзе: Няхай жа для шчасця цвіце ваша доля (А. Русак); Над люстрам ракі запляці свае косы, бярозка-красуня (А. Куляшоў); Давайце дружна песню звонкую спяём (З. Бядуля); Мой мілы таварыш, мой лётчык, вазьмі ты з сабою мяне! (Я. Купала); Жаўранак, птушачка вольная, хутчэй прылятай!.. (Ц. Гартны); Заходзьце ж вы і набірайце сілы, прыязнасць, дружба, ласка і любоў! (А. Бачыла); Не шукай ты шчасця, долі на чужым далёкім полі (Я. Купала); Слаўся ты, наша радзіма, песняй і працай свабоднай, нашаю доляй шчаслівай, воляй і дружбай народнай (А. Русак); Не шкадуйце, хлопцы, пораху, куль гарачых і гранатаў (М. Танк).

Выказнік можа выражацца і іншымі формамі дзеяслова:

умоўным ладам у спалучэнні з інтанацыяй просьбы, парады: Прыйшла б яна заўтра да мяне; Адпачыў бы ты трохі;

інфінітывам у спалучэнні з імператыўнай інтанацыяй: Жыццём шчаслівым і багатым квітнець табе, край малады! (А. Астрэйка);

будучым простым часам у спалучэнні з інтанацыяй распараджэння: Потым прынясеш! Заўтра прыйдзеш!;

прошлым часам у спалучэнні з інтанацыяй загаду: Паехалі!; Пабеглі!;

цяперашнім ці будучым часам у спалучэнні з інтанацыяй запрашэння: Ідзём туды! Пойдзем адсюль!;

будучым часам у спалучэнні з часціцамі і з інтанацыяй сказа: Ці не пабудзеш ты сёння са мной дома?

У ролі пабуджальных сказаў, пры дапамозе якіх выражаюцца розныя каманды, катэгарычныя папярэджанні і патрабаванні, могуць выступаць назоўнікі, прыслоўі, безасабова-прэдыкатыўныя словы ці выклічнікі ў спалучэнні з інтанацыяй загаду: Нельга! Марш! Агонь! Уперад! Хутчэй! і пад.

У сказах з выказнікам-дзеясловам у загадным і абвесным ладзе інтанацыя выступае ў якасці другараднага граматычнага сродку; у астатніх структурных тыпах пабуджальных сказаў інтанацыя з’яўляецца асноўным граматычным сродкам выражэння значэння загаднасці. Пабуджальныя сказы выкарыстоўваюцца ў розных жанрах мастацкай літаратуры і ў публіцыстыцы, рэдка — у навуковым стылі мовы. Асноўная сфера ўжывання пабуджальных сказаў — простая мова. Яны надаюць выказванню жывасць і эмацыянальнасць, перадаюць непасрэднасць гутарковай мовы.

Клічныя сказы

§ 136. Клічнымі называюцца сказы, у якіх выражэнне асноўнага зместу суправаджаецца моцным пачуццём таго, хто гаворыць.

Эмацыянальную афарбоўку могуць атрымліваць усе разгледжаныя вышэй тыпы сказаў. Так, могуць быць сказы апавядальна-клічныя: Сягоння на новых шляхах Беларусь! (А. Звонак); Шчасце ідзе па маёй старане! (Ц. Гартны); пытальна-клічныя: Колькі наперадзе спраў маладым! (А. Астрэйка); Каго толькі не сустрэнеш на палявой сцежцы! (А. Куляшоў); Колькі шуму ў нашым збожжы, спеву і гаворкі! (Я. Колас); Калі ўжо на сваім двары мы самі не гаспадары, дык у жыцці чаго мы варты?! (М. Аўрамчык); Край мой родны! Дзе ж у свеце край другі такі знайсці! (Я. Колас); пабуджальна-клічныя: Выйдзем, хлопцы, усе к працы вялікай на поле! (М. Чарот); На сход, на ўсенародны, грозны, бурны сход ідзі, аграблены, закованы народ! (Я. Купала); Заўсёды наперад! Ніколі назад! (Я. Купала).

Паколькі пабуджальныя сказы вымаўляюцца з экспрэсіяй, яны з’яўляюцца адначасова і клічнымі сказамі.

Эмоцыі, што выражаюцца клічнымі сказамі, могуць мець самыя разнастайныя адценні — упэўненасці і няўпэўненасці, згоды, роздуму, іроніі, ласкі, жаласці, папроку, загаду, просьбы і г. д.: Не, народа майго аніхто не сагне! (П. Панчанка); Абеліскі — слава роднае зямлі! (П. Прыходзька); Добра ў лузе ў час палудны! (Я. Колас); О, якія травы ў лузе шаўкавістыя! (З. Бядуля); Партыя павяла к камунізму светлай дарогай народы! (А. Русак); Ідзем мы ў строі паходным на светлы камуны маяк! (П. Броўка); Я гарачыя словы у песенны сплаў пералью, закаханы навекі ў тваю маладую зямлю! (А. Звонак).

Ва ўсіх клічных сказах эмацыянальная афарбоўка дапаўняе асноўны змест сказа: паведамленне, пытанне, пабуджэнне. І толькі ў некаторых выпадках выражэнне эмоцый становіцца асноўным у клічных сказах: Якія знаёмыя назвы і словы! Якая цудоўная родная мова! (П. Панчанка).

Асноўным граматычным сродкам афармлення эмацыянальных сказаў з’яўляецца асобая (клічная) інтанацыя, якая характарызуецца больш высокім тонам, з лагічным выдзяленнем таго слова, якое выражае пачуццё: Хай нянавісць чырвоным пажарам уздымаецца, грозна гарыць! (М. Хведаровіч); Але як яны ігралі! Гэта трэба было чуць і бачыць (У. Дамашэвіч).

Акрамя інтанацыі, розныя адценні пачуццяў выражаюцца пры дапамозе выклічнікаў і часціц: Ого, колькі гераічных момантаў адбываецца ў звычайным будзённым жыцці! (У. Краўчанка); Ох, як многа розных песень чуецца ў дарогах! (Я. Колас); Якія раслі тут бярозы, на гэтых пясчаных наносах! (М. Танк); Хай святло навукі яснай заблішчыць, як сонца ўсход! (Я. Колас); А нялёгка, ой, браточкі, змалку быць закутым! (Я. Купала); А як прыгожы пуцявінкі ў шаўках зялёнае травінкі! (Я. Колас); О, колькі песень з сэрца рвецца! (Я. Купала); Хай дровы ярчэй разгарацца! Хай добрыя рукі сяброў, грубыя ад сцюжы і працы, да полымя цягнуцца зноў! (А. Куляшоў); Але што за дока быў дзед Мікіта ў маладыя гады! (Я. Колас); Вунь нашая рэчка! Вунь школа ля гаю! (П. Броўка).

На пісьме ў канцы клічных сказаў ставіцца клічнік.

Як і пабуджальныя, клічныя сказы ўжываюцца ў розных жанрах мастацкай літаратуры, у публіцыстыцы, рэдка — у навуковым стылі.

Тыпы сказаў па структуры

§ 137. У залежнасці ад структуры ўсе сказы дзеляцца на простыя і складаныя.

Простым называецца сказ, які змяшчае ў сабе адну прэдыкатыўную адзінку: Над вольнаю краінай прасторнаю пуцінай ідзе наш ясны дзень (Я. Колас); Сонца ўмываецца ранняю расой (А. Бялевіч); На мяжы маёй дзяржавы пільныя стаяць заставы (В. Вітка).

Складаным называецца сказ, які складаецца з дзвюх ці некалькіх прэдыкатыўных частак, што нагадваюць сабой адзінае сэнсавае, граматычнае і інтанацыйнае цэлае. Састаўным часткам складаных сказаў уласціва прэдыкатыўнасць, аднак сэнсавай і інтанацыйнай закончанасці яны не маюць: Звіслі ўніз каласы і пад месяцам спяць, толькі кроплі расы на вусах іх блішчаць (А. Бачыла); Каб слава дружыла з табой праз гады, ты з праўдай зрадніся, мой сын, назаўжды (А. Бялевіч); Вясне так хочацца прысесці на сакавітую траву: каштанаў факельнае шэсце ёй закружыла галаву (П. Панчанка). Часткі складанага сказа могуць аб’ядноўвацца як раўнапраўныя, граматычна незалежныя (То віўся ўгору густым вянком спелы пажоўклы хмель, то абвісалі цяжкімі гронкамі спелыя чырвоныя вішні, а то раптам шырока раскідваў сваё вецце пышны ружовы куст (П. Галавач)) і як залежныя (А ў ціхім лузе пад калінай, дзе дываном муры-трава, пастух засмучанай дзяўчыне легенды ў песнях напяваў (П. Трус)).

Простыя сказы могуць быць двухсастаўнымі і аднасастаўнымі, неразвітымі і развітымі, поўнымі і няпоўнымі.

Двухсастаўным называецца сказ, у якім ёсць дзейнік і выказнік (ці састаў дзейніка і састаў выказніка): У буйным лузе ззяюць, граюць кветкі, мошкі, матылькі (Я. Купала); Як бы ўсе хацелі жыць пад мірным небам! (В. Вітка); Зямля Радзімы! У сэрцы боль салодкі хто не адчуў, сустрэўшыся з табой? (А. Звонак).

Аднасастаўным называецца такі сказ, у якім ёсць толькі адзін граматычны састаў, галоўны член якога суадносіцца з дзейнікам ці выказнікам двухсастаўнага сказа: Люблю цябе, мая краіна (Я. Колас); Не завіце маю рэспубліку краінай цёмных лясоў! (К. Кірэенка); Са звязанымі рукамі не гавораць пра шчасце (М. Лынькоў); Было нам радасна страчаць Кастрычніцкае свята (М. Лужанін); Не быць вайне! (М. Засім); Вось старая хатка. Садзік невялічкі. Малады алешнік па краях крынічкі (Я. Колас).

Неразвітым называецца сказ, які складаецца толькі з галоўных членаў ці з аднаго галоўнага члена: Свеціць месяц (К. Чорны); Цвіце ядловец (М. Танк); Полудзень. Вар. Цішыня (Я. Колас); Вечарэла (Я. Колас).

Сказ, у якім, акрамя галоўных, ёсць і даданыя члены, называецца развітым: У бледнай празрыстай пазалоце сонца ззялі вяршаліны стромкіх хвой і вячыстых дубоў (М. Лынькоў); Поле пахне свежым хлебам і хмелем першае расы (М. Машара); Сякеру, молат, серп і плуг нам доля з роду даручыла (Ц. Гартны); Люблю лугі квяцістыя, за полем шумны гай, палеткі каласістыя, цябе, мой родны край (А. Русак); Усё зробім для шчасця краіны сваёй (Я. Купала). Не пагасне ніколі салдацкая слава (А. Вялюгін).

Поўным называецца сказ (аднасастаўны ці двухсастаўны), у якім ёсць усе ўласцівыя яму члены: Над пасёлкам Янтарным занялася зара (П. Прыходзька); Антось заложна і цярпліва ў зямлю ўкладаў сваю сілу (Я. Колас); Вышыня. Натоўп гранітных глыбаў. Горны звал на стромкіх берагах (А. Звонак); Снежна. Санна. Свежа (А. Вялюгін); На ўзлеску моцна пахла сасной (І. Шамякін).

Няпоўным называецца такі сказ, у якім апушчаны той ці іншы член, гэты член лёгка ўзнаўляецца з кантэксту ці пэўнай сітуацыі: Міхал хапае дубальтоўку і хоча выстраліць у воўка. А потым стрэльбу апускае і воўка зблізку разглядае (Я. Колас); Сонца дае цеплыню і святло, зямля — свае жыватворныя сокі (І. Навуменка).

Сказы, у структуры якіх немагчыма выдзеліць асобныя члены,— нерасчлянёныя сказы (словы-сказы): Сымон. А дзедка ўсё госціць у нас! Старац. Але, сынку мой (Я. Купала); Прыстаў. Зямлі захацеў свае? Леапольд Гушка. Але, паночку (К. Чорны).

Тыпы сказаў паводле адносін іх зместу да аб’ектыўнай рэчаіснасці

§ 138. Паводле характару выражэння адносін да рэчаіснасці сказы падзяляюцца на сцвярджальныя і адмоўныя.

Сказ, у якім сцвярджаецца сувязь паміж прадметам маўлення і яго прыметай, называецца сцвярджальным: Над рэчкай лозы дрэмлюць (Я. Колас); Дружба — вялікая справа (К. Чорны); Рашэнне было цвёрдае (А. Асіпенка); За Дняпром шырокім вырасла пшаніца (А. Русак); У гаі цвілі каліны навальнічнаю парой, асыпалі на сцяжыны квецень буйную з расой (П. Прыходзька).

Сказ, у якім адмаўляецца сувязь паміж прадметам маўлення і яго прыметай, называецца адмоўным: Цэлы дзень не ціхнуць песні над ракою (А. Астрэйка); Ноч імжыстая не пагасіла незакатны дзень, (А. Пысін); Ішлі мы, прыпынку не зналі, праз безліч пакутаў і слёз (П. Броўка); На Палессі елкі не растуць (І. Навуменка).

Асноўным граматычным сродкам выражэння адмоўя з’яўляецца часціца не. Сцвярджэнне граматычна выражаецца адсутнасцю адмоўнай часціцы не.

Адрозніваюць агульнаадмоўныя і прыватнаадмоўныя сказы. Агульнаадмоўныя сказы выражаюць поўнае адмаўленне, якое граматычна выражаецца ўжываннем часціцы не перад выказнікам: Не ашуквае песня ў жыцці ніколі (В. Таўлай); Не курыцца светлы пыл усцяж дарог (М. Багдановіч); Не моўкне спеваў перазвон (М. Чарот).

Прыватнаадмоўныя сказы выражаюць частковае адмаўленне. Граматычна яно выражаецца ўжываннем часціцы не перад дзейнікам ці даданым членам: Не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек — месца (Прыказка); Дзеці Зямлі, яны сумавалі па ёй і аддавалі ёй шмат увагі не толькі ў час спецыяльных эксперыментаў і даследаванняў (М. Гіль); Свае сілы не марна мы трацілі (А. Астрэйка).

Адмоўе можа ўзмацняцца часціцай ні ці злучнікам ні — ні: На небе ні хмурынкі (Я. Колас); ...У яго зялёнай вёсачцы на Віцебшчыне не было ні рэчкі, ні азярца (І. Мележ); Стары млын стаяў нерухома. Не было каля яго ні людзей, ні фурманак (Я. Колас); Ні адной хмурынкі на блакіце, ні павеву ветру на зямлі (А. Астрэйка); У блакітным небе — ні адзінай хмаркі (І. Гурскі).

Адмоўныя сказы ўтвараюцца таксама пры дапамозе адмоўя няма і адмоўных займеннікаў і прыслоўяў: Нічога асаблівага не было ў гэты вечар, але памяць пра яго грэла і трывожыла іх потым многія гады (І. Мележ); А для салдат, чые навек закрыты вейкі, няма ўжо дат, ніякіх дат (П. Панчанка); Дзень ідзе, другі ідзе, не відаць гары нідзе (К. Крапіва); І расце, і расце, і шырэй, і шырэй узрастае камунараў сцяна, што сабой прыкрывае народы, не зламалі яе аніякія буры, нягоды (П. Броўка).

Некаторыя сказы з адмоўнай часціцай не страчваюць адмоўнае значэнне і набываюць сцвярджальны сэнс. Гэта адбываецца пры ўжыванні часціцы не:

а) перад спрагальнай формай і перад інфінітывам састаўнога дзеяслоўнага выказніка: Поспехі ў вучобе сына не маглі не радаваць бацькоў; Не магла ж яна не рэагаваць на такі факт (П. Кавалёў);

б) у спалучэнні з безасабова-прэдыкатыўным словам нельга: Гэтай бялявай худзенькай дзяўчыне нельга было не верыць (І. Мележ);

в) у спалучэнні з займеннікамі і прыслоўямі хто, як і г. д.: Хто не зразумее гэтага?; Ну, як не палюбіць цябе, мой родны край!

Сказы са спалучэннямі хто ні, куды ні і падобнымі таксама маюць сцвярджальнае значэнне: Хто ні паглядзіць, кожны зразумее; Куды ні глянь — усюды прыгажосць.

Сцвярджальнымі і адмоўнымі могуць быць усе тыпы сказаў: апавядальныя, пытальныя, пабуджальныя і клічныя, аднасастаўныя і двухсастаўныя, поўныя і няпоўныя.

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел