Предыдущий раздел | Оглавление | Следующий раздел
Сінанімія словазлучэнняў
§§ 116–130
Сінанімія словазлучэнняў
Аб’ектныя словазлучэнні
Словазлучэнні са значэннем уздзеяння на аб’ект
§ 116. Дзеяслоўныя канструкцыі гэтай семантыкі прадстаўлены ў сучаснай беларускай мове дзвюма вялікімі часткова сінанімічнымі групамі: з назоўнікамі ў вінавальным склоне (са значэннем поўнага ўздзеяння) і з назоўнікамі ў родным склоне (са значэннем частковага ўздзеяння): парэзаць хлеб — парэзаць хлеба; прывезці дровы — прывезці дроў; патраціць грошы — патраціць грошай; прынесці мёд — прынесці мёду.
Словазлучэнні галоўным словам якіх выступаюць дзеясловы закончанага трывання з прыстаўкамі на-, аб-, пера- з адценнем паўнаты праяўлення дзеяння, а залежным словам — рэчыўныя, зборныя або абстрактныя назоўнікі ў форме роднага склону, не маюць адпаведных канструкцый з назоўнікамі ў вінавальным склоне: намалоць мукі, нагрэбці саломы, навазіць дроў, насадзіць дрэў, нарабіць клопату, нагаварыць непрыемнасцей, наслухацца казак, аб’есціся канюшыны, пераесці вішань і пад.
Залежныя назоўнікі, якія абазначаюць непадзельныя прадметы ці паняцці, у словазлучэннях гэтай групы ўжываюцца ў літаратурнай мове ў форме вінавальнага склону: пашыць блузку, адрамантаваць гадзіннік, вырасціць сад. Ужыванне ў гутарковай мове, а таксама пры яе адлюстраванні і ў творах мастацкай літаратуры адпаведных канструкцый з залежнымі назоўнікамі ў родным склоне не адпавядае норме літаратурнай мовы: Прыйдзецца нейкага рубля ці збожжа пуд выкінуць (К. Крапіва); Дадуць медзяка для прыліку, што ліў пот не толькі за кнут (Я. Купала); Такіх дубоў цяпер рэдка дзе ўбачыш (Я. Колас).
У словазлучэннях са значэннем часовага карыстання аб’ектам залежныя назоўнікі, якія абазначаюць непадзельныя прадметы, ужываюцца ў форме роднага склону і ўтвараюць, такім чынам, аб’ектныя словазлучэнні, сінанімічныя словазлучэнням з залежным кампанентам у вінавальным склоне, якія адрозніваюцца ад першых па семантычнай прымеце поўнага — часовага карыстання аб’ектам: папрасіць сцізорык — папрасіць сцізорыка; узяць лыжкі — узяць (у сэнсе пазычыць) лыжак. Сядзе Зося ля дзіцяці, паплача ціхенька ды ідзе да суседкі чыгуна пазычыць (К. Крапіва).
Адпаведныя назоўнікавыя словазлучэнні са значэннем уздзеяння на аб’ект утвараюцца толькі з залежнымі назоўнікамі ў родным склоне і не дыферэнцыруюцца па адценнях поўнага або частковага ўздзеяння на аб’ект, параўн.: парэзаць хлеб, парэзаць хлеба — рэзанне хлеба; прывезці дровы, прывезці дроў — прывоз дроў; патраціць грошы, патраціць грошай — трата грошай. Гэтыя сінанімічныя назоўнікавыя словазлучэнні абмежаваны з боку словаўтваральных магчымасцей адпаведных дзеясловаў, паколькі не ўсе прыставачныя дзеясловы могуць утвараць адпаведныя назоўнікі: прывезці дровы — прывоз дроў, але патраціць грошы (патраціць грошай), парэзаць хлеб (парэзаць хлеба) і інш. З гэтым звязана таксама адсутнасць адпаведных назоўнікавых словазлучэнняў да многіх канструкцый, галоўным словам якіх выступаюць дзеясловы закончанага трывання з прыстаўкай на-: нанасіць пяску, нагрэбці сена, начытацца кніг, нацярпецца страху, наслухацца непрыемнасцей, наесціся груш і інш.
Сінтаксічна свабодныя складаныя словазлучэнні са значэннем уздзеяння на аб’ект характарызуюцца тымі ж сінанімічнымі адносінамі, што і простыя: узяць белы хлеб — узяць белага хлеба; выпіць смачны квас — выпіць смачнага квасу; усыпаць салодкія грушы — усыпаць салодкіх груш; узяць востры сцізорык — узяць (часова) вострага сцізорыка.
У сінтаксічна непадзельных складаных словазлучэннях залежны кампанент звычайна абазначае колькасць, меру аб’екта, які падвяргаецца ўздзеянню і выражаецца колькасна-іменным словазлучэннем, залежны назоўнік у якім заўсёды мае форму роднага склону: усыпаць 20 груш, даць многа вішань, прынесці кошык грыбоў і пад. Гэтыя складаныя словазлучэнні не маюць адпаведных канструкцый з назоўнікамі ў вінавальным склоне. Сінанімічныя пары ўтвараюць толькі тыя нешматлікія сінтаксічна непадзельныя словазлучэнні, складаны залежны кампанент якіх характарызуецца азначальнымі адносінамі. Залежны кампанент гэтых словазлучэнняў прадстаўлены пераважна фразеалагічнымі спалучэннямі, напрыклад: прынесці зайчыкаў хлеб — прынесці зайчыкавага хлеба; з’есці забаронены плод — з’есці забароненага плода. Некаторыя сінанімічныя пары гэтых канструкцый страчваюць адрозненне па прымеце паўнаты або непаўнаты дзеяння: паабяцаць абяцанкі-цацанкі — паабяцаць абяцанак-цацанак, што залежыць ад ступені набліжэння ўсяго складанага словазлучэння да фразеалагізма.
Сінтаксічна непадзельныя словазлучэнні са складанымі тэрмінамі ў якасці залежных кампанентаў характарызуюцца тымі ж сінанімічнымі адносінамі, што і простыя: прынесці гусіныя лапкі — прынесці гусіных лапак; прывезці дыягнастычныя машыны — прывезці дыягнастычных машын.
Складаныя словазлучэнні, залежны кампанент якіх абазначае непадзельныя прадметы або паняцці, не маюць сінанімічных канструкцый з назоўнікамі ў родным склоне: прывезці электронна-вылічальную машыну, увесці ў запамінальнае прыстасаванне і пад.
Фразеалагічныя словазлучэнні са значэннем уздзеяння на аб’ект таксама характарызуюцца варыянтным ужываннем залежнага назоўніка ў форме вінавальнага склону або ў форме роднага склону: напускаць туман — напускаць туману; паабіваць парогі — паабіваць парогаў. Аднак агульнае значэнне фразеалагізма і ў першым і ў другім варыянце застаецца аднолькавым, дыферэнцыяцыя значэнняў поўнага і частковага ўздзеяння на аб’ект у такіх фразеалагізмах у параўнанні з адпаведнымі па форме свабоднымі словазлучэннямі адсутнічае: Гаворыць Сцёпка і на Аленку не глядзіць, каб па вачах яго не пазнала, што ён трохі туману напускае (Я. Колас); Нямала прыйшлося яму паабіваць панскія парогі (Я. Колас); У мяне свае справы, і мне некалі тут біць бібікі (М. Лынькоў).
Як і свабодныя словазлучэнні, фразеалагічныя словазлучэнні, у ролі галоўнага слова якіх выступаюць дзеясловы закончанага трывання з адценнем паўнаты, максімальнай ступені праяўлення дзеяння, маюць у якасці залежнага кампанента толькі назоўнікі роднага склону: Як мокрыя вароны, сноўдаюцца або як блёкату аб’еўшыся (Я. Купала).
Залежныя назоўнікі, якія абазначаюць непадзельныя прадметы або паняцці ў фразеалагічных словазлучэннях, таксама як і ў адпаведных свабодных, ужываюцца толькі ў вінавальным склоне: На тым жыцці яна паставіла крыж і не захацела ўспамінаць пра яго (Я. Скрыган); Я скіну, сарву ланцугі свайго старога жыцця (М. Гарэцкі); Дзеці ходзяць, павесіўшы насы (Х. Шынклер).
Метамоўныя словазлучэнні са значэннем уздзеяння на аб’ект характарызуюцца тымі ж сінанімічнымі адносінамі, што і моўныя: раскупіць «Жыгулі» — раскупіць «Жыгулёў», прадаць «Іжы» — прадаць «Іжоў» і пад.
Словазлучэнні са значэннем пераадолення аб’екта
§ 117. Дзеяслоўныя канструкцыі з гэтым значэннем прадстаўлены ў беларускай мове сінанімічнай парай «дзеяслоў + назоўнік у вінавальным склоне» — «дзеяслоў + прыназоўнік праз (цераз) + назоўнік у вінавальным склоне»: пераплысці рэчку — пераплысці праз (цераз) рэчку; пераскочыць планку — пераскочыць праз (цераз) планку; перайсці поле — перайсці праз (цераз) поле.
Адпаведныя назоўнікавыя словазлучэнні гэтай семантыкі не ўтвараюць аналагічных па форме сінанімічных пар, паколькі адпаведныя аддзеяслоўныя назоўнікі не спалучаюцца з назоўнікамі ў вінавальным склоне без прыназоўнікаў. Яны прадстаўлены сінанімічнай парай «назоўнік + назоўнік у родным склоне» — «назоўнік + прыназоўнік праз (цераз) + назоўнік у вінавальным склоне»: пераплыванне рэчкі — пераплыванне праз (цераз) рэчку; пераскокванне планкі — пераскокванне праз (цераз) планку; пераход поля — пераход праз (цераз) поле.
Складаныя сінтаксічна падзельныя і непадзельныя словазлучэнні гэтай семантыкі характарызуюцца адпаведнымі асаблівасцямі сінаніміі: пераскочыць высокую планку — пераскочыць праз (цераз) высокую планку; пераскокванне высокай планкі — пераскокванне праз (цераз) высокую планку; перайсці сетку ручаёў — перайсці праз (цераз) сетку ручаёў; пераход сеткі ручаёў — пераход праз (цераз) сетку ручаёў і пад.
Сінтаксічна непадзельныя словазлучэнні са складанымі тэрмінамі ў якасці залежнага кампанента ўжываюцца рэдка.
Адпаведным па форме фразеалагічным словазлучэнням звычайна не ўласціва варыянтнае ўжыванне залежных форм назоўнікаў, параўн.: перайсці дарогу (каму-н.) — *перайсці праз (цераз) дарогу (каму-н.); перайсці граніцу (цярпення) — *перайсці праз (цераз) граніцу (цярпення); перайсці рубікон — *перайсці праз (цераз) рубікон.1
Метамоўныя простыя і складаныя словазлучэнні гэтай семантыкі характарызуюцца такімі ж уласцівасцямі сінаніміі, як і адпаведныя моўныя: пераехаць «Узыход» — пераехаць праз (цераз) «Узыход»; перайсці «Зялёны бор» — перайсці праз (цераз) «Зялёны бор».
1 Словазлучэнні, абазначаныя зорачкамі, няправільныя або ненарматыўныя ў сучаснай беларускай мове. ↩ § 118
Словазлучэнні з семантыкай прызначэння аб’екта, абазначэння роду або віду працоўнай дзейнасці, пасады асобы
§ 118. Гэтыя нешматлікія словазлучэнні прадстаўлены прадуктыўнымі стылістычна нейтральнымі канструкцыямі «дзеяслоў + назоўнік у творным склоне», сінтаксічнымі сінонімамі выступаюць значна менш прадуктыўныя словазлучэнні з прыназоўнікамі за, у якасці ў спалучэнні з назоўнікамі ў вінавальным і родным склонах: служыць гадзіннікам — служыць за гадзіннік — служыць у якасці гадзінніка; прымаць паказчыкам — прымаць за паказчык — прымаць у якасці паказчыка; абраць брыгадзірам — абраць за брыгадзіра — абраць у якасці брыгадзіра. Дзве апошнія канструкцыі не з’яўляюцца стылістычна нейтральнымі. Так, абмежаваныя лексічна дзеясловамі служыць, выступаць, працаваць, абраць і падобнымі, канструкцыі з прыназоўнікам за характэрны для гутарковага стылю, а больш прадуктыўная канструкцыя з прыназоўнікам у якасці ўласціва навуковаму і афіцыйна-дзелавому стылям.
Складаныя сінтаксічна свабодныя словазлучэнні з гэтай семантыкай непрадуктыўныя, параўн.: працаваў брыгадзірам — працаваў за брыгадзіра — працаваў у якасці брыгадзіра, але працаваў добрым брыгадзірам — *працаваў за добрага брыгадзіра — *працаваў у якасці добрага брыгадзіра.
Назоўнікавыя словазлучэнні з семантыкай прызначэння аб’екта ўтвараюць адпаведныя сінанімічныя канструкцыі, за выключэннем канструкцыі з прыназоўнікам за, якая непрадуктыўна ў сучаснай беларускай мове з семантыкай роду дзейнасці, пасады асобы і ўжываецца часам толькі ў гутарковым стылі, параўн.: праца брыгадзірам — праца ў якасці брыгадзіра — *праца за брыгадзіра. Канструкцыі тыпу праца за брыгадзіра з’яўляюцца аманімічнымі. Асноўнае іх значэнне ’праца замест каго-н.’, і значна менш ужывальныя, абмежаваныя гутарковым стылем канструкцыі з семантыкай роду дзейнасці, пасады асобы. Такая аманімічнасць таксама накладвае абмежаванні на выкарыстанне данай канструкцыі ў разглядаемым значэнні.
Сінтаксічна непадзельныя складаныя словазлучэнні гэтай семантыкі прадстаўлены толькі дзвюма канструкцыямі — з залежным назоўнікам у творным склоне без прыназоўніка і з назоўнікам у родным склоне з прыназоўнікам у якасці, апошняя значна менш прадуктыўная: прыняць ганаровым членам — прыняць у якасці ганаровага члена; залічыць членам брыгады — залічыць у якасці члена брыгады. Трэцяя сінанімічная канструкцыя — з залежным назоўнікам у вінавальным склоне — ужываецца толькі ў гутарковым стылі, параўн.: прыняць ганаровым членам — прыняць у якасці ганаровага члена — *прыняць за ганаровага члена; залічыць членам брыгады — залічыць у якасці члена брыгады — *залічыць за члена брыгады. Канструкцыі тыпу прыняць за члена брыгады з’яўляюцца аманімічнымі, яны маюць значэнне ’памылкова лічыць каго-н. кім-н.’ і, як мы адзначылі, у гутарковым стылі выражаюць семантыку прызначэння, роду або віду дзейнасці асобы. Такая аманімічнасць часта з’яўляецца перашкодай для ўжывання гэтай канструкцыі ў даным сінанімічным радзе.
Блізкае да разглядаемага значэння маюць метамоўныя канструкцыі з прыназоўнікам за з дзеясловамі гуляць, выступаць і пад.: гуляць за «Спартак», выступаць за «Дынама», якія, аднак, не адносяцца да разглядаемага сінанімічнага рада і не маюць адпаведных сінанімічных словазлучэнняў.
Словазлучэнні са значэннем эмацыянальнага ўспрыняцця аб’екта, унікнення, пазбаўлення ад аб’екта
§ 119. Гэтыя канструкцыі ў сучаснай беларускай мове прадстаўлены сінанімічнай парай «дзеяслоў + назоўнік у родным склоне» — «дзеяслоў + прыназоўнік ад + назоўнік у родным склоне», напрыклад: спалохацца цяжкасцей — *спалохацца ад цяжкасцей; ухіляцца гутарак — ухіляцца ад гутарак; узрадавацца сустрэчы — узрадавацца ад сустрэчы; пазбавіцца няволі — пазбавіцца ад няволі; пазбыцца турбот — *пазбыцца ад турбот. З боку семантыкі ў канструкцыях з прыназоўнікам ад больш ярка выражаецца аб’ектнае значэнне. З боку ўжывальнасці словазлучэнні з прыназоўнікам ад менш пашыраныя і маюць семантычныя і граматычныя абмежаванні. Па-першае, зусім нязначная частка дзеясловаў з семантыкай жадання, імкнення, дасягнення або пазбаўлення, унікнення аб’екта можа ўтвараць прыназоўнікавыя словазлучэнні з названым вышэй значэннем; па-другое, некаторыя словазлучэнні з прыназоўнікам ад ужываюцца пераважна з дзеясловамі закончанага трывання: узрадавацца ад сустрэчы — *радавацца ад сустрэчы.
Некаторыя сінанімічныя пары словазлучэнняў са значэннем станоўчага эмацыянальнага ўспрыняцця аб’екта маюць яшчэ сінанімічныя канструкцыі з залежным назоўнікам у творным склоне: узрадавацца сустрэчы — узрадавацца ад сустрэчы — узрадавацца сустрэчай. Асобныя дзеясловы са значэннем адмоўнага ўспрыняцця аб’екта ўтвараюць толькі дзве апошнія канструкцыі і не ўжываюцца ў словазлучэннях без прыназоўніка ад: змучыцца ад успамінаў — змучыцца ўспамінамі.
Словазлучэнні названай семантыкі з прыназоўнікам ад звычайна маюць у якасці галоўнага кампанента зваротныя дзеясловы, а ў якасці залежнага — абстрактныя назоўнікі. Для беспрыназоўнікавых словазлучэнняў з назоўнікамі ў родным склоне апошняе абмежаванне не з’яўляецца такім жорсткім, параўн.: ухіляцца ад гутарак, сцерагчыся ад прастуды, сцерагчыся цягніка.
Назоўнікавыя словазлучэнні са значэннем эмацыянальнага ўспрыняцця аб’екта і пазбаўлення ад аб’екта могуць уступаць у сінанімічныя адносіны амаль з усімі адпаведнымі дзеяслоўнымі канструкцыямі. Так, сінонімамі могуць выступаць дзеяслоўныя і назоўнікавыя канструкцыі з назоўнікам у родным склоне без прыназоўніка і з прыназоўнікам ад: ухіленне гутарак — ухіляцца гутарак; ухіленне ад гутарак — ухіляцца ад гутарак. У сінанімічным радзе канструкцый са значэннем станоўчага эмацыянальнага ўспрыняцця аб’екта выключэнне па сінаніміі з назоўнікавымі словазлучэннямі складаюць толькі канструкцыі з залежным назоўнікам у творным склоне без прыназоўніка: узрадавацца сустрэчы, узрадавацца ад сустрэчы, узрадавацца сустрэчай — радасць сустрэчы, радасць ад сустрэчы. Сінанімічная пара дзеяслоўных канструкцый са значэннем адмоўнага эмацыянальнага ўспрыняцця аб’екта, наадварот, мае ўсе тры сінанімічныя назоўнікавыя канструкцыі: змучыцца ад успамінаў, змучыцца ўспамінамі — мука ўспамінаў, мука ад успамінаў, мука ўспамінамі (першая назоўнікавая канструкцыя, з залежным назоўнікам у родным склоне без прыназоўніка, не мае адпаведнай дзеяслоўнай канструкцыі).
Сінтаксічна свабодныя складаныя назоўнікавыя канструкцыі са значэннем эмацыянальнага ўспрыняцця аб’екта характарызуюцца тымі ж семантыка-сінтаксічнымі ўласцівасцямі, што і простыя: пазбыццё трывог — пазбыццё вялікіх трывог; радасць ад успамінаў — радасць ад прыемных успамінаў. Сінтаксічна свабодныя складаныя дзеяслоўныя словазлучэнні гэтай семантыкі ўступаюць у тыя ж сінанімічныя адносіны, што і адпаведныя простыя словазлучэнні, параўн.: ухіляцца гутарак — ухіляцца ад гутарак і ўхіляцца шчырых гутарак — ухіляцца ад шчырых гутарак; узрадавацца сустрэчы — узрадавацца ад сустрэчы — узрадавацца сустрэчай і ўзрадавацца нечаканай сустрэчы, узрадавацца ад нечаканай сустрэчы — узрадавацца нечаканай сустрэчай.
Сінтаксічна непадзельныя складаныя словазлучэнні гэтай семантыкі даволі абмежаваны, яны прадстаўлены пераважна словазлучэннямі, у якіх залежная частка абазначае колькасць, аб’ём аб’екта, які звычайна выражаецца канкрэтнымі назоўнікамі, напрыклад: узрадавацца вядру вішань (кілаграму цукерак, кошыку грыбоў), засмуціцца палавінай цукеркі (жменькай ягад). Функцыянальна абмежаваны сінтаксічна непадзельныя словазлучэнні гэтай семантыкі, у якіх у якасці залежнага кампанента выступаюць складаныя тэрміны асцерагацца высокавольтнай лініі і пад.), паколькі дзеясловы са значэннем эмацыянальнага ўспрыняцця аб’екта, ухілення, пазбаўлення ад аб’екта практычна не ўжываюцца ў навуковым стылі.
Словазлучэнні са значэннем адмоўнага ўспрыняцця аб’екта прадстаўлены пераважна складанымі сінтаксічнымі канструкцыямі. Адпаведныя простыя канструкцыі без кантэксту не маюць сэнсу, параўн.: мучыцца нязжатым жытам — мучыцца жытам.
Паколькі залежны кампанент складаных сінтаксічна непадзельных словазлучэнняў звычайна выражаецца канкрэтнымі назоўнікамі, то дзеяслоўныя канструкцыі з прыназоўнікам ад звычайна не ўтвараюцца, параўн.: радавацца вядру вішань — *радавацца ад вядра вішань; здзівіцца стопцы кніг — *здзівіцца ад стопкі кніг. Адпаведныя назоўнікавыя канструкцыі з прыназоўнікам ад, наадварот, значна больш прадуктыўныя ў параўнанні з беспрыназоўнікавымі, параўн.: радасць ад вядра вішань — *радасць вядру вішань; здзіўленне ад стопкі кніг — *здзіўленне стопцы кніг і пад.
Адпаведныя па форме фразеалагічныя словазлучэнні з дзеясловамі эмацыянальнага ўспрыняцця аб’екта, ухілення, пазбаўлення ад аб’екта ў сучаснай беларускай мове не зафіксаваны.
Метамоўныя словазлучэнні названай семантыкі характарызуюцца тымі ж семантыка-сінтаксічнымі ўласцівасцямі, што і моўныя з залежнымі канкрэтнымі назоўнікамі, г. зн. яны прадстаўлены пераважна беспрыназоўнікавымі канструкцыямі з назоўнікамі ў давальным і творным склонах: радавацца «Усходу», радавацца «Усходам».
Словазлучэнні са значэннем накіраванага, прызначанага дзеяння
§ 120. Сінанімічныя дзеяслоўныя словазлучэнні гэтай семантыкі падзяляюцца на дзве вельмі розныя па колькаснаму складу і прадуктыўнасці ў сучаснай беларускай мове групы. Першая, вельмі шырокая і прадуктыўная — словазлучэнні з залежнымі назоўнікамі ў давальным склоне: сказаць хлопчыку, усміхацца сонцу, супярэчыць таварышу, перадаць знаёмым, кінуць курам, купіць дачцэ, берагчы дзецям, пакланіцца мясцінам, загадаць салдатам. Другая, лексічна абмежаваная і мала прадуктыўная група — з назоўнікам у родным склоне з прыназоўнікам для: купіць для дачкі, берагчы для дзяцей. Але: сказаць хлопчыку, усміхацца сонцу, супярэчыць таварышу.
Канструкцыі з прыназоўнікам для ўтвараюць толькі некаторыя дзеясловы са значэннем прамой накіраванасці на аб’ект. Пашыраныя ў асобных дыялектах і часам ужывальныя ў мастацкай літаратуры словазлучэнні тыпу сказаць для Веры, дапамагчы для бацькі, загадаць для дзяцей, растлумачыць для вучня, паабяцаць для яго не адпавядаюць норме сучаснай літаратурнай мовы.
Нязначная частка словазлучэнняў першай групы ўтварае яшчэ сінанімічны рад з малапрадуктыўнымі канструкцыямі «дзеяслоў + прыназоўнік з + назоўнік у родным склоне» і «дзеяслоў + назоўнік у творным склоне»: здзіўляцца бацьку — здзіўляцца з бацькі — здзіўляцца бацькам; дзівіцца мудрасці — дзівіцца з мудрасці — дзівіцца мудрасцю.
Значна больш пашырана канструкцыя «дзеяслоў + прыназоўнік з + назоўнік у родным склоне», у якой у якасці галоўнага слова выступаюць дзеясловы смяяцца, здзекавацца, кпіць і пад.: смяяцца з дзіцяці, здзекавацца з палонных, кпіць з сябра. Гэта канструкцыя мае сінанімічныя словазлучэнні з залежнымі назоўнікамі ў творным склоне з прыназоўнікам над: смяяцца над дзіцем, здзекавацца над палоннымі, кпіць над сябрам.
Асобныя канструкцыі першай групы з абстрактнымі назоўнікамі ў якасці залежнага кампанента маюць сінонімамі словазлучэнні з залежнымі назоўнікамі ў месным склоне з прыназоўнікам у: садзейнічаць поспеху — садзейнічаць у поспеху; спагадаць няшчасцю — спагадаць у няшчасці; дапамагаць рабоце — дапамагаць у рабоце, перашкодзіць росту — перашкодзіць у росце.
Некаторыя канструкцыі першай групы маюць сінанімічныя словазлучэнні з залежнымі назоўнікамі ў вінавальным склоне з прыназоўнікам у: верыць маладосці — верыць у маладосць; верыць шчасцю — верыць у шчасце.
Назоўнікавыя словазлучэнні са значэннем накіраванага, прызначанага дзеяння знаходзяцца ў такіх жа адносінах сінаніміі, як і адпаведныя дзеяслоўныя словазлучэнні, толькі адрозніваюцца ад апошніх семантычнай спецыфікай аддзеяслоўных назоўнікаў, напрыклад: пакупка дачцэ — пакупка для дачкі; перадаванне партызанам — перадаванне для партызан. Таксама як і адпаведныя дзеяслоўныя словазлучэнні, назоўнікавыя словазлучэнні з залежным назоўнікам у давальным склоне без прыназоўніка (дапамога таварышу, усміханне зоркам, паклон зямлі, перадаванне партызанам, загад байцам, здзіўленне мудрасці, кіданне курам, спачуванне сябрам, пярэчанне брату і пад.) значна больш пашыраныя і прадуктыўныя ў параўнанні з канструкцыямі з залежным назоўнікам у родным склоне з прыназоўнікам для.
Адпаведныя названым вышэй дзеяслоўным назоўнікавыя канструкцыі ўтвараюць сінанімічны рад з малапрадуктыўнымі назоўнікавымі канструкцыямі «назоўнік + прыназоўнік з + назоўнік у родным склоне» і «назоўнік + назоўнік у творным склоне», напрыклад: здзіўленне бацьку — здзіўленне з бацькі — здзіўленне бацькам. Таксама як і адпаведныя дзеяслоўныя, значна больш пашыраны назоўнікавыя канструкцыі з прыназоўнікам з, галоўным словам якіх выступаюць аддзеяслоўныя назоўнікі смех, жарты, здзекаванне, кпіны. Сінонімамі да гэтых канструкцый выступаюць словазлучэнні з прыназоўнікам над: смех з дзіцяці — смех над дзіцем; здзекаванне з жывёліны — здзекаванне над жывёлінай; кпіны з сябра — кпіны над сябрам.
У залежнасці ад семантыкі і граматычных уласцівасцей галоўны дзеяслоў або назоўнік можа патрабаваць назоўніка са значэннем прамога аб’екта, напрыклад: насыпаць збожжа курам, перадаць звесткі партызанам, купіць касцюм сыну, выпісванне прадуктаў для сталовай, шыццё касцюма сыну. Не патрабуюць назоўнікаў са значэннем прамога аб’екта безасабовыя і асабовыя зваротныя дзеясловы на -ся (-цца): не спіцца ветэрану, не церпіцца хлопчыку, усміхацца сонцу, пакланяцца прыгажосці і пад.
Складаныя сінтаксічна падзельныя і непадзельныя словазлучэнні са значэннем накіраванага прамога або ўскоснага дзеяння характарызуюцца такімі ж сінанімічнымі адносінамі, як і адпаведныя простыя: купіць старэйшаму сыну — купіць для старэйшага сына; перадача маладым байцам — перадача для маладых байцоў; выдзеліць большасці супрацоўнікаў — выдзеліць для большасці супрацоўнікаў.
Такімі ж сінанімічнымі адносінамі характарызуюцца і метамоўныя словазлучэнні: выпісаць «Новаму быту» — выпісаць для «Новага быту»; заказ «Нёману» — заказ для «Нёмана».
Адпаведныя па форме фразеалагічныя словазлучэнні (насаліць каму-небудзь, заказаць дзесятаму) звычайна не маюць сінонімаў.
Словазлучэнні са значэннем жадання, імкнення, дасягнення
§ 121. Дзеяслоўныя канструкцыі гэтай семантыкі прадстаўлены таксама пераважна беспрыназоўнікавымі словазлучэннямі з залежнымі назоўнікамі ў родным склоне: дачакацца свята, жадаць поспехаў, прасіць дапамогі, прагнуць самастойнасці, хацець спакою і пад. Асобныя з гэтых канструкцый могуць мець сінонімамі прыназоўнікавыя словазлучэнні з прыназоўнікам да: дачакацца да свята і пад. Апошнія могуць мець як ідэнтычнае беспрыназоўнікавым словазлучэнням эмацыянальна нейтральнае, так і эмацыянальна афарбаванае значэнне неадабрэння вялікай працягласці, зацягнутасці дзеяння. У гэтым выпадку яны набываюць значэнне, адваротнае значэнню беспрыназоўнікавых канструкцый, выступаюць сінтаксічнымі антонімамі, параўн.: дачакацца замаразкаў (з нецярплівасцю чакаць і з радасцю сустрэць замаразкі) — дачакацца да замаразкаў (цягнуць, адкладваць справу і з незадавальненнем сустрэць замаразкі).
Назоўнікавыя словазлучэнні са значэннем жадання, імкнення, дасягнення ўступаюць у сінанімічныя адносіны з адпаведнымі дзеяслоўнымі канструкцыямі як без прыназоўніка, так і з прыназоўнікам да: чакаць мая — чаканне мая; чакаць да мая — чаканне да мая. Некаторыя назоўнікавыя канструкцыі з прыназоўнікам да прадстаўлены ў сучаснай беларускай мове больш шырока ў параўнанні з адпаведнымі дзеяслоўнымі, параўн.: прага да ведаў — *прагнуць да ведаў. Апошняя, дзеяслоўная канструкцыя неўжывальная ў беларускай мове, замест яе выкарыстоўваецца беспрыназоўнікавая канструкцыя прагнуць ведаў. Назоўнікавыя канструкцыі з прыназоўнікам да маюць у параўнанні з адпаведнымі дзеяслоўнымі толькі адно, эмацыянальна нейтральнае значэнне, ідэнтычнае значэнню адпаведных беспрыназоўнікавых канструкцый, параўн.: дачакацца да замаразкаў 1) ‘з нецярплівасцю чакаць і з радасцю сустрэць замаразкі’, 2) ‘цягнуць, адкладваць справу і з незадавальненнем сустрэць замаразкі’ і чаканне да замаразкаў (толькі першае значэнне з пэўнымі семантычнымі і стылістычнымі адценнямі).
Складаныя і метамоўныя словазлучэнні са значэннем жадання, імкнення, дасягнення характарызуюцца тымі ж семантыка-сінтаксічнымі ўласцівасцямі, што і простыя: дачакацца да замаразкаў — дачакацца да першых замаразкаў.
Словазлучэнні з прасторавымі адносінамі
Словазлучэнні са значэннем месца дзеяння
§ 122. Гэтыя словазлучэнні прадстаўлены ў беларускай мове некалькімі радамі і парамі сінанімічных канструкцый.
Адзін з такіх радоў складаецца з трох канструкцый: «дзеяслоў + назоўнік у творным склоне» — «дзеяслоў + прыназоўнік праз (цераз) + назоўнік у вінавальным склоне» — «дзеяслоў + прыназоўнік па + назоўнік у месным склоне»: ісці вёскай — ісці праз (цераз) вёску — ісці па вёсцы; ехаць полем — ехаць праз (цераз) поле — ехаць па полі; прабірацца кустамі — прабірацца праз (цераз) кусты — прабірацца па кустах.
У першых двух канструкцыях недыферэнцыравана выражаюцца значэнні месца і напрамку дзеяння, у пераважнай большасці выпадкаў першае і другое значэнні расчляніць нельга. Трэцяя канструкцыя (з назоўнікам у месным склоне з прыназоўнікам па) адрозніваецца ад папярэдніх больш выразным значэннем месца (а не напрамку) дзеяння. Словазлучэнні з асабліва ярка выражаным значэннем месца дзеяння звычайна або зусім не маюць двух адпаведных сінанімічных канструкцый, або гэтыя канструкцыі з’яўляюцца значна менш прадуктыўнымі (параўн.: спусціцца па лесвіцы — спусціцца лесвіцай, спусціцца праз лесвіцу і паўзці па канапе — *паўзці канапай, *паўзці праз (цераз) канапу; каціцца па падлозе — *каціцца падлогай, *каціцца праз (цераз) падлогу). Апошнія канструкцыі з’яўляюцца, аднак, нарматыўнымі, калі залежны дзеяслоў не адносіцца да семантычнай групы дзеясловаў руху (перапраўляць па чыгунцы — перапраўляць чыгункай — перапраўляць праз (цераз) чыгунку; сплаўляць па рэчцы — сплаўляць рэчкай — сплаўляць праз (цераз) рэчку).
Заўвага. Словазлучэнні з залежнымі назоўнікамі дарога, сцежка і падобнымі ў вінавальным склоне з прыназоўнікам праз (цераз) маюць значэнне напрамку руху, якое зусім адрозніваецца ад значэння двух другіх разгледжаных словазлучэнняў са значэннем месца і напрамку руху, параўн.: ісці праз (цераз) дарогу — ісці дарогай, ісці па дарозе; бегчы праз (цераз) сцежку — бегчы сцежкай, бегчы па сцежцы.
Тры разгледжаныя канструкцыі з’яўляюцца поўнасцю сінанімічнымі пры выражэнні значэнняў напрамку руху праз прастору (бегчы па двары (праз двор, дваром), прабіцца па зараслях (праз зараслі, зараслямі), ісці па сцюжы (праз сцюжу, сцюжай)).
Пры выражэнні значэння напрамку руху паверх прадмета гэтыя канструкцыі не выступаюць сінонімамі і ўзаемныя замены іх немагчымы: пераляцець праз (цераз) мора (*па моры, морам), пераскочыць праз (цераз) градку (*па градцы, градкай).
Пры значэнні напрамку дзеяння праз прадмет узаемныя замены магчымы, але яны абмежаваны семантыкай галоўнага і залежнага кампанентаў: сцякаць праз (цераз) дзіркі — сцякаць па дзірках — сцякаць дзіркамі, але даносіцца праз (цераз) вокны — *даносіцца па вокнах — *даносіцца вокнамі. Сінтаксічна правільнымі звычайна з’яўляюцца ўсе гэтыя канструкцыі з канкрэтным значэннем галоўнага і залежнага кампанентаў.
У значэнні напрамку дзеяння праз прадмет словазлучэнні з прыназоўнікам праз (цераз) сінанімічны словазлучэнням з прыназоўнікам скрозь: прабівацца праз (цераз) галіны — прабівацца скрозь галіны; убачыць праз (цераз) сетку — убачыць скрозь сетку.
Шырока распаўсюджаныя фразеалагічныя словазлучэнні з прыназоўнікам скрозь звычайна ўжываюцца толькі ў гэтай форме, а магчымыя варыянты з прыназоўнікам праз значна менш ужывальныя, параўн.: скрозь зямлю праваліцца — праз зямлю праваліцца; глядзець скрозь пальцы — глядзець праз пальцы; сказаць скрозь зубы — сказаць праз зубы. Прыназоўнік цераз, які звычайна выступае варыянтам прыназоўніка праз, у названых фразеалагізмах не выкарыстоўваецца. Фразеалагізм скрозь зямлю бачыць сінанімічны фразеалагізму з прыназоўнікам пад (пад зямлёю бачыць).
Усе тры названыя дзеяслоўныя канструкцыі маюць адпаведныя сінанімічныя словазлучэнні з аддзеяслоўным назоўнікам у ролі галоўнага слова. Апошнія выражаюць ідэнтычныя значэнні з пэўнымі стылістычнымі і семантычнымі адрозненнямі, абумоўленымі спецыфікай аддзеяслоўных назоўнікаў, параўн.: бегчы полем, бегчы праз (цераз) поле, бегчы па полі — бег полем, бег праз (цераз) поле, бег па полі; прабірацца зараслямі, прабірацца праз зараслі, прабірацца па зараслях — прабіранне зараслямі, прабіранне праз зараслі, прабіранне па зараслях.
Сінтаксічна свабодныя складаныя словазлучэнні ўтвараюцца шляхам пашырэння аднаго або абодвух кампанентаў канструкцыі. Яны цалкам супадаюць па магчымасцях сінаніміі з простымі словазлучэннямі: ішоў залітым сонцам лугам, ішоў праз (цераз) заліты сонцам луг, ішоў па залітым сонцам лузе — хадзьба залітым сонцам лугам, хадзьба праз (цераз) заліты сонцам луг, хадзьба па залітым сонцам лузе; спрытна прабіраўся густымі зараслямі, спрытна прабіраўся праз (цераз) густыя зараслі, спрытна прабіраўся па густых зараслях — спрытнае прабіранне густымі зараслямі, спрытнае прабіранне праз (цераз) густыя зараслі, спрытнае прабіранне па густых зараслях.
Шырока ўжывальныя ў беларускай мове адпаведныя па форме словазлучэнні «дзеяслоў + назоўнік у творным склоне», «дзеяслоў + прыназоўнік праз (цераз) + назоўнік у вінавальным склоне» і «дзеяслоў + прыназоўнік па + назоўнік у месным склоне» з аб’ектнымі адносінамі не з’яўляюцца сінанімічнымі, а часам маюць і процілеглыя значэнні, параўн.: стукнуць жалезам — стукнуць па жалезе; скакаць па кольцу — сказаць праз (цераз) кольца.
Адпаведныя па форме сінтаксічна непадзельныя складаныя словазлучэнні прадстаўлены ў асноўным фразеалагізмамі, якія значна адрозніваюцца па семантыцы ад адпаведных свабодных, паколькі ў большасці выпадкаў страчваюць прамое значэнне месца або напрамку руху, параўн.: ісці вузкай сцежкай — ісці непраторанай сцежкай; ісці лясной дарогай — ісці ўласнай дарогай. Сінтаксічна непадзельныя словазлучэнні значна абмежаваны ў адносінах сінаніміі, патэнцыяльна магчымыя сінанімічныя канструкцыі з’яўляюцца мала ўжывальнымі, параўн.: ісці ўласнай дарогай — ісці па ўласнай дарозе; ісці непраторанай сцежкай — ісці па непраторанай сцежцы.
Адпаведныя па форме метамоўныя словазлучэнні звычайна захоўваюць значэнне месца або напрамку дзеяння і прадстаўлены ўсімі трыма сінанімічнымі канструкцыямі: ісці Навасёлкамі — ісці праз (цераз) Навасёлкі — ісці па Навасёлках; ехаць «Новым бытам» — ехаць праз (цераз) «Новы быт» — ехаць па «Новым быце».
Словазлучэнні са значэннем мяжы дзеяння
§ 123. Гэта значэнне выражаецца сінанімічнай парай канструкцый «дзеяслоў + прыназоўнік па + назоўнік у вінавальным склоне» — «дзеяслоў + прыназоўнік да + назоўнік у родным склоне»: засеяць па лужок — засеяць да лужка; узараць па мяжу — узараць да мяжы; праходзіць па лес — праходзіць да лесу.
Словазлучэнні гэтай сінанімічнай пары могуць быць простымі і складанымі. Апошнія супадаюць па семантыка-сінтаксічных характарыстыках з простымі: засеяць па самы лужок — засеяць да самага лужка; узараць па старую мяжу — узараць да старой мяжы. Складаныя словазлучэнні гэтай сінанімічнай пары даволі часта ўключаюць у якасці залежных кампанентаў або паясняльных слоў да гэтых кампанентаў словы метамоўнага паходжання, напрыклад: працягвацца па Затонне (па Дворышчы, Зарэчча, «Новы шлях», «Узыход») — працягвацца да Затоння (да Дворышчаў, Зарэчча, «Новага шляху», «Узыхода»); цягнуцца па затонскі (дворышчанскі, зарачанскі, навашляхаўскі, узыходаўскі) лес — цягнуцца да затонскага (дворышчанскага, зарачанскага, навашляхаўскага, узыходаўскага) лесу.
Складаныя сінтаксічна непадзельныя словазлучэнні гэтай семантыкі ўключаюць у якасці залежнай часткі пераважна двухслоўныя тэрміны: цягнуцца па лінію высокага напружання (да лініі высокага напружання), узараць па нечарназёмную глебу (да нечарназёмнай глебы) і пад.
Яшчэ адну пару сінанімічных канструкцый з агульным значэннем мяжы дзеяння складае блізкая па сэнсу і аднатыпная па форме сінанімічная пара з адценнем узроўню ахопу прадмета пэўным дзеяннем, напрыклад: улезці па калені — улезці да кален; адрасці па плечы — адрасці да плеч; уехаць па вось — уехаць да восі. Цалкам супадаючы па сваіх семантыка-сінтаксічных характарыстыках з папярэдняй парай, гэтыя словазлучэнні адрозніваюцца дадатковым акалічнасным значэннем меры, ступені дзеяння. У адрозненне ад папярэдніх яны не ўключаюць у якасці залежнай часткі слоў метамоўнага паходжання.
Асобную пару сінанімічных канструкцый са значэннем мяжы дзеяння складаюць складаныя сінтаксічна непадзельныя словазлучэнні з залежным назоўнікам бок у спалучэнні з паясняльнымі словамі левы, правы, адзін, той, гэты і падобнымі і прыназоўнікамі па і з, напрыклад: ісці па левы бок — ісці з левага боку; размяшчацца па той бок — размяшчацца з таго боку; знаходзіцца па адзін бок — знаходзіцца з аднаго боку.
Патэнцыяльна дапушчальныя простыя канструкцыі з прыназоўнікам з тыпу ўзвышацца з боку не знаходзяцца ў адэкватных сінанімічных адносінах са складанымі канструкцыямі, а простыя канструкцыі з прыназоўнікам па сінтаксічна няправільныя.
Простыя словазлучэнні з блізкай семантыкай магчымы з залежным назоўнікам бок у форме множнага ліку: узвышацца па баках (з бакоў).
Фразеалагічныя словазлучэнні адпаведнай формы ў беларускай мове не адзначаны.
Даволі шырока ўжываюцца ў сучаснай мове названыя канструкцыі з паясняльнымі словамі метамоўнага паходжання да слова бок, напрыклад: па мазырскі бок (Прыпяці), па навабытаўскі бок (лесу), па ўсходаўскі бок (угоддзяў). Гэтыя канструкцыі знаходзяцца ў такіх жа сінанімічных адносінах з канструкцыямі з прыназоўнікам з: па мазырскі бок (Прыпяці) — з мазырскага боку (Прыпяці).
Дзеяслоўныя словазлучэнні са значэннем руху, працякання дзеяння ў прасторы паміж прадметамі або асобамі
§ 124. Яны прадстаўлены сінанімічнай парай канструкцый «дзеяслоў + прыназоўнік паміж (між) + назоўнік у родным склоне» — «дзеяслоў + прыназоўнік паміж (між) + назоўнік у творным склоне»: знікнуць паміж (між) купін — знікнуць паміж (між) купінамі; стаяць паміж (між) дрэў — стаяць паміж (між) дрэвамі; плысці паміж (між) скал — плысці паміж (між) скаламі. У словазлучэннях з назоўнікам у творным склоне больш падкрэсліваюцца прадметы, у прасторы паміж якімі адбываецца дзеянне, а ў словазлучэннях з назоўнікам у родным склоне — само дзеянне.
Некаторыя з гэтых словазлучэнняў сінанімічныя дзеяслоўным словазлучэнням з прыназоўнікам сярод (стаяць паміж (між) купін — стаяць паміж (між) купінамі — стаяць сярод купін). У параўнанні з дзвюма папярэднімі канструкцыямі словазлучэнні з прыназоўнікам сярод звычайна выражаюць размяшчэнне або працяканне дзеяння паміж мноствам прадметаў, параўн.: апынуцца між скал — апынуцца сярод скал.
Выкарыстоўваемы часам у гэтых словазлучэннях прыназоўнік спаміж з’яўляецца ўстарэлым і не адпавядае норме сучаснай беларускай мовы (працякаць спаміж балот, прабірацца спаміж збожжа).
Калі прасторавае значэнне канструкцый з прыназоўнікам паміж (між) ускладняецца аб’ектным з адценнем вылучэння, то перавага павінна аддавацца словазлучэнням з назоўнікам у родным склоне, напрыклад: вылучацца паміж аднагодкаў (дрэў, дамоў, студэнтаў і пад.), а не вылучацца паміж аднагодкамі (дрэвамі, дамамі, студэнтамі). Адпаведныя па форме словазлучэнні з суб’ектна-аб’ектным значэннем узаемнасці дзеяння ўжываюцца толькі з залежным назоўнікам у творным склоне: паміж (між) сябрамі адбылася размова. У выпадку ўжывання залежнай формы роднага склону словазлучэнне страчвае значэнне ўзаемнасці і набывае больш выразнае прасторава-аб’ектнае значэнне, параўн.: Між сялян пайшла глухая гаворка (Я. Колас) і Між сялянамі пайшла глухая гаворка.
Адпаведныя назоўнікавыя словазлучэнні з залежнымі формамі роднага і творнага склонаў таксама знаходзяцца ў адносінах сінаніміі: размяшчэнне паміж (між) дрэў — размяшчэнне паміж (між) дрэвамі; хадзьба паміж (між) купін — хадзьба паміж (між) купінамі. У параўнанні з дзеяслоўнымі словазлучэннямі гэтай семантыкі яны з’яўляюцца больш абмежаванымі па сферы ўжывання, выкарыстоўваюцца ў навуковым і афіцыйна-дзелавым стылях. Выключэнне складаюць словазлучэнні з прасторава-аб’ектным значэннем, а таксама канструкцыі са значэннем узаемнасці дзеяння, якія не абмежаваны навуковым і афіцыйна-дзелавым стылямі мовы, напрыклад: гаворка (чуткі, смех, жарты) паміж (між) людзей, размова (непрыемнасць, напружанасць, прыкрасць) паміж (між) сябрамі.
Гэтым назоўнікавым словазлучэнням звычайна адпавядаюць сінтаксічна непадзельныя складаныя дзеяслоўныя словазлучэнні з дзеясловамі быць, хадзіць (перан.), адбывацца, адчувацца, наглядацца і пад.: паміж (між) сялян былі чуткі, паміж (між) студэнтаў хадзілі жарты, паміж (між) сябрамі адбылася размова, паміж (між) братамі адчувалася напружанасць.
Калі ў ролі залежнага кампанента словазлучэнняў з прыназоўнікам паміж (між) выступаюць два назоўнікі, якія абазначаюць прадметы або асобы, у прасторы паміж якімі адбываецца пэўнае дзеянне, то больш ужывальнымі з’яўляюцца залежныя назоўнікі ў форме творнага склону, параўн.: праязджаць паміж (між) пляцоўкай і домам — праязджаць паміж (між) пляцоўкі і дома; сесці паміж (між) бацькам і братам — сесці паміж (між) бацькі і брата. Складаны залежны кампанент гэтых словазлучэнняў з’яўляецца сінтаксічна і семантычна непадзельным.
Астатнія сінтаксічна непадзельныя складаныя словазлучэнні ўтвараюць адпаведныя сінанімічныя пары без абмежаванняў, напрыклад: размяшчацца паміж (між) трыма дубамі — размяшчацца паміж (між) трох дубоў.
Дзеяслоўныя сінтаксічна непадзельныя словазлучэнні з прасторава-аб’ектным значэннем прадстаўлены пераважна складанымі канструкцыямі з дзеясловамі быць, хадзіць (перан.), разносіцца, чуцца, узнікаць і падобнымі і адным залежным назоўнікам з паясняльнымі словамі або без іх: былі жарты паміж (між) студэнтаў, хадзілі чуткі паміж (між) сялян.
Сінтаксічна свабодныя складаныя словазлучэнні і словазлучэнні са складаным тэрміналагічным кампанентам па ўсіх уласцівасцях сінаніміі цалкам супадаюць з простымі свабоднымі словазлучэннямі: ісці паміж (між) густой збажыны — ісці паміж (між) густой збажыной; апынуцца паміж (між) адвеснымі скаламі — апынуцца паміж (між) адвесных скал; знаходзіцца паміж (між) святлоадчувальнымі часцінкамі — знаходзіцца паміж (між) святлоадчувальных часцінак; размяшчацца паміж (між) вугламі адлюстравання — размяшчацца паміж (між) вуглоў адлюстравання.
Словазлучэнні з метамоўнай залежнай часткай прадстаўлены пераважна канструкцыямі, у якіх у ролі залежнай часткі выступаюць два назоўнікі, напрыклад: размяшчацца паміж «Новым бытам» і «Узыходам», пралягаць паміж Мінскам і Барысавам. Па сінтаксічных і семантычных характарыстыках яны супадаюць з адпаведнымі моўнымі словазлучэннямі. Аднак у параўнанні з моўнымі словазлучэннямі з двума залежнымі назоўнікамі яны практычна не ўжываюцца з залежнымі формамі ў родным склоне, параўн.: праязджаць паміж (між) «Усходам» і «Веліканам» — *праязджаць паміж (між) «Усхода» і «Велікана»; размяшчацца паміж (між) Бугам і Мухаўцам — *размяшчацца паміж (між) Буга і Мухаўца.
Адпаведныя словазлучэнні з фразеалагічнымі кампанентамі не маюць сінанімічных канструкцый з назоўнікам у родным склоне (знаходзіцца між Сцылай і Харыбдай).
Словазлучэнні са значэннем працякання дзеяння паблізу чаго-небудзь
§ 125. Гэтыя шырокаўжывальныя ў сучаснай беларускай мове словазлучэнні прадстаўлены сінанімічнымі канструкцыямі з прыназоўнікамі каля, пад, пры, паблізу, непадалёк і адпаведнымі склонавымі формамі назоўнікаў, напрыклад: стаяць каля цырульні (пад цырульняй, пры цырульні, паблізу цырульні непадалёк цырульні); размяшчацца каля Брэста (пад Брэстам, пры Брэсце, паблізу Брэста, непадалёк Брэста). Семантычна гэтыя словазлучэнні адрозніваюцца ў залежнасці ад ступені адрознення значэнняў адпаведных прыназоўнікаў і лексічных значэнняў дзеясловаў, якія абумоўліваюць спалучальнасць або неспалучальнасць дзеясловаў з пэўнымі прыназоўнікавымі формамі.
Усе канструкцыі гэтай семантыкі маюць адпаведныя назоўнікавыя ўтварэнні. Дзеяслоўныя і назоўнікавыя канструкцыі могуць быць складанымі і метамоўнымі. Складаныя і метамоўныя канструкцыі характарызуюцца тымі ж семантыка-сінтаксічнымі ўласцівасцямі, што і разгледжаныя вышэй.
Яшчэ адзін сінанімічны рад канструкцый гэтай семантыкі складаюць словазлучэнні з прыназоўнікамі уздоўж, усцяж, паўз, каля, якія акрамя значэння працякання дзеяння паблізу чаго-небудзь, могуць мець адценне накіраванасці дзеяння: праходзіць уздоўж чыгункі (усцяж чыгункі, паўз чыгунку, каля чыгункі).
Асобную групу сінанімічных канструкцый са значэннем блізкасці да месца дзеяння складаюць малаколькасныя словазлучэнні «дзеяслоў + прыназоўнік па + назоўнік у давальным склоне» — «дзеяслоў + прыназоўнік у + назоўнік у месным склоне» — «дзеяслоў + назоўнік у творным склоне», напрыклад: жыць па суседству — жыць у суседстве — жыць суседзямі. Прасторавае значэнне найбольш выразна выражана ў першай канструкцыі, у другой і трэцяй прасторавае значэнне ўскладняецца акалічнасным спосабу дзеяння.
Адпаведныя назоўнікавыя словазлучэнні характарызуюцца аналагічнымі сінанімічнымі адносінамі, напрыклад: жыццё па суседству — жыццё ў суседстве — жыццё суседзямі. З боку семантыкі назоўнікавыя словазлучэнні характарызуюцца больш моцным адценнем акалічнаснага значэння спосабу дзеяння.
Як дзеяслоўныя, так і назоўнікавыя словазлучэнні гэтай семантыкі могуць быць складанымі. Выключэнне складае першае словазлучэнне (з прыназоўнікам па), у якім звычайна залежны кампанент не пашыраецца з прычыны некаторай ступені ўстойлівасці, характэрнай для гэтага словазлучэння, параўн.: жыць па суседству — *жыць па блізкаму суседству; жыць у суседстве — жыць у блізкім суседстве. Складаныя словазлучэнні звычайна з’яўляюцца сінтаксічна падзельнымі і характарызуюцца такімі ж сінтаксічнымі адносінамі, як і простыя, напрыклад: жыць у блізкім суседстве — жыць блізкімі суседзямі.
Метамоўныя словазлучэнні гэтай семантыкі не адзначаны.
Словазлучэнні са значэннем накіраванасці руху на прадмет або асобу, меры праяўлення дзеяння ў прасторы
§ 126. Словазлучэнні з такой семантыкай прадстаўлены некалькімі сінанімічнымі радамі і парамі канструкцый. Адну з такіх пар складаюць словазлучэнні з прыназоўнікамі да і к і адпаведна з назоўнікамі роднага і давальнага склонаў: накіравацца да рэчкі — накіравацца к рэчцы; пайсці да дзвярэй — пайсці к дзвярам; паехаць да сына — паехаць к сыну; пайсці да суседа — пайсці к суседу; уздымацца да нябёс — уздымацца к нябёсам; нагінацца да зямлі — нагінацца к зямлі; клікаць да стала — клікаць к сталу; запрасіць да сябра — запрасіць к сябру. Усе пералічаныя словазлучэнні сумяшчаюць прасторавыя і аб’ектныя значэнні.
Словазлучэнні з прыназоўнікам да, якія маюць значэнне накіраванасці дзеяння на канечны пункт (даехаць да вёскі, дабегчы да лесу), не ўтвараюць сінанімічных канструкцый з прыназоўнікам к, а ўжыванне такіх канструкцый у гутарковым стылі і ў мове мастацкай літаратуры не з’яўляецца літаратурнай нормай.
Канструкцыі са значэннем меры праяўлення дзеяння ў прасторы сінанімічны яшчэ словазлучэнням з назоўнікамі ў вінавальным склоне і прыназоўнікам пад, напрыклад: узлятаць да воблакаў — узлятаць к воблакам — узлятаць пад воблакі.
Словазлучэнні з прыназоўнікам пад, якія выражаюць прасторавае значэнне канечнага пункта руху, характэрны для гутарковага стылю, часам ужываюцца ў мастацкай літаратуры: Па прывычцы ўзяла вядро і пайшла пад калодзеж (Я. Колас); Юлік Барановіч, падцягваючы хворую ногу, павалокся пад Тамаша (К. Чорны). У літаратурнай мове больш прадуктыўны словазлучэнні з прыназоўнікамі да, к, параўн.: ісці пад калодзеж — ісці да калодзежа (к калодзежу); прыехаць пад ганак — прыехаць да ганка (к ганку). У літаратурнай мове канструкцыі гэтай семантыкі з прыназоўнікам пад даволі часта ўтвараюцца з галоўнымі дзеясловамі, якія ўключаюць аналагічную прыстаўку: пад’ехаць пад калодзеж, падбегчы пад ганак. Ужывальныя з прыназоўнікам пад таксама канструкцыі з беспрыставачнымі дзеясловамі, якія выражаюць адценне непасрэднай блізкасці да канечнага пункта руху: ехаць пад хату, газаваць пад пуню і пад.
Асноўнае значэнне канструкцый з прыназоўнікам пад з прасторавым значэннем месца дзеяння з адценнем некаторай аддаленасці ад пэўнага прадмета: размяшчацца пад Мінскам, прыбываць пад Лагойск.
Дзеяслоўныя словазлучэнні разглядаемай семантыкі звычайна маюць адпаведныя канструкцыі з аддзеяслоўнымі назоўнікамі ў ролі галоўнага слова: кіравацца да лесу — кірунак да лесу, кіравацца к лесу — кірунак к лесу, якія характарызуюцца такімі ж магчымасцямі сінаніміі, як і адпаведныя дзеяслоўныя. Назоўнікавыя словазлучэнні гэтай групы лексічна і граматычна абмежаваны, паколькі значная частка дзеясловаў гэтай семантыкі не ўтварае аддзеяслоўных назоўнікаў. Словазлучэнні з прыназоўнікам да, якія выражаюць значэнне накіраванасці дзеяння да канечнага пункта, не маюць адпаведных назоўнікавых словазлучэнняў, паколькі прыставачныя дзеясловы закончанага трывання гэтай семантыкі звычайна не могуць утвараць адпаведных назоўнікаў.
Сінтаксічна свабодныя складаныя словазлучэнні са значэннем накіраванасці руху на прадмет або асобу, меры праяўлення дзеяння ў прасторы, запрашэння да асобы характарызуюцца тымі ж асаблівасцямі сінаніміі, што і простыя словазлучэнні, напрыклад: паспешліва пайсці да дзвярэй — паспешліва пайсці к дзвярам; спрытна прабірацца да гнязда — спрытна прабірацца к гнязду.
Сінтаксічна непадзельныя складаныя словазлучэнні з гэтым значэннем характарызуюцца аналагічнымі магчымасцямі сінаніміі: спяшацца да месца здарэння — спяшацца к месцу здарэння; накіравацца да восьмага рада — накіравацца к восьмаму раду; працягнуць руку да вуха — працягнуць руку к вуху.
Гэта адносіцца таксама і да сінтаксічна непадзельных словазлучэнняў, якія ўключаюць двухслоўныя і больш тэрміны: памкнуцца да рычага пераключэння хуткасцей — памкнуцца к рычагу пераключэння хуткасцей; працягнуць руку да рэле перадач — працягнуць руку к рэле перадач.
Складаныя словазлучэнні данай семантыкі з фразеалагічнымі кампанентамі або адпаведныя па форме шматслоўныя фразеалагізмы звычайна не маюць сінанімічных канструкцый, а патэнцыяльна магчымыя варыянты з’яўляюцца мала ўжывальнымі: бабіна дарога ад печы да парога.
Словазлучэнні з метамоўнай залежнай часткай па сінанімічных адносінах супадаюць з моўнымі словазлучэннямі: накіравацца да «Цэнтральнага» — накіравацца к «Цэнтральнаму».
Прасторавае значэнне накіраванасці руху выражаюць таксама канструкцыі «дзеяслоў + прыназоўнік у + назоўнік у вінавальным склоне»: ісці ў вёску, ехаць у лес, скіраваць у кювет, паляцець у Маскву. У гэтым агульным значэнні месца, напрамку руху канструкцыі з прыназоўнікам у сінанімічны разгледжанай вышэй пары канструкцый, аднак у параўнанні з апошняй яны выражаюць накіраванасць не да межаў прадмета, а ўнутр прадмета, параўн.: накіравацца да лесу, накіравацца к лесу — накіравацца ў лес; бегчы да возера, бегчы к возеру — бегчы ў возера; ехаць да горада, ехаць к гораду — ехаць у горад.
Дзеяслоўныя словазлучэнні з прыназоўнікам у, якія выражаюць накіраванасць дзеяння на пэўную ўстанову, арганізацыю, галіну або сферу дзейнасці, маюць сінонімамі складаныя словазлучэнні, якія ўключаюць у якасці залежнага кампанента назоўнікі ў родным склоне з прыназоўнікамі да, для, напрыклад: рыхтавацца ва універсітэт — рыхтавацца да паступлення ва універсітэт; прапанаваць у камісію — прапанаваць для ўключэння ў камісію.
Канструкцыі з прыназоўнікам да, якія выступаюць поўнымі сінонімамі канструкцый з прыназоўнікам у і абазначаюць рух унутр прадмета, не адпавядаюць літаратурнай норме, напрыклад: ехаць да горада (у значэнні ‘у горад’), пайсці да лесу (у значэнні ‘у лес’) і пад.
Назоўнікавыя словазлучэнні гэтай групы з прыназоўнікам у знаходзяцца ў аналагічных семантычных адносінах з назоўнікавымі словазлучэннямі з прыназоўнікамі да, к: кірунак у лес — кірунак да лесу — кірунак к лесу. Па іншых семантыка-сінтаксічных асаблівасцях назоўнікавыя словазлучэнні таксама супадаюць з дзеяслоўнымі, у прыватнасці па сінаніміі са складанымі канструкцыямі: падрыхтоўка ва універсітэт — падрыхтоўка да паступлення ва універсітэт.
Складаныя сінтаксічна падзельныя і непадзельныя словазлучэнні з прыназоўнікам у ўступаюць у тыя ж сінанімічныя адносіны, што і простыя: накіравацца ў блізкі лес — накіравацца да блізкага лесу, накіравацца к блізкаму лесу; цягнуцца ў пяць вёсак — цягнуцца да пяці вёсак, цягнуцца к пяці вёскам. Гэта адносіцца таксама і да сінтаксічна непадзельных складаных словазлучэнняў з тэрміналагічным складаным кампанентам: працягвацца да лініі электраперадач — працягвацца к лініі электраперадач, а таксама з метамоўным кампанентам: праходзіць у «Юнацтва» — праходзіць да «Юнацтва», праходзіць к «Юнацтву».
У выражэнні прасторавага значэння накіраванасці руху канструкцыям з прыназоўнікамі да, к, у сінанімічны таксама словазлучэнні з прыназоўнікамі на, за з адпаведнымі адценнямі, абумоўленымі спалучэннем дзеяслова з пэўным прыназоўнікам, параўн.: накіравацца да возера — накіравацца к возеру — накіравацца ў возера — накіравацца на возера, накіравацца за возера.
Адпаведныя па форме фразеалагічныя словазлучэнні з разгледжанымі вышэй прыназоўнікамі страчваюць сінанімічныя адносіны, напрыклад: пайсці ў свет, увесці ў вушы, выйсці з рамак, ехаць за свет.
Словазлучэнні з колькаснымі адносінамі
Словазлучэнні з колькасна-часавым значэннем
§ 127. Дзеяслоўныя словазлучэнні гэтай групы прадстаўлены сінанімічнай парай канструкцый «дзеяслоў + назоўнік у вінавальным склоне» — «дзеяслоў + прыназоўнік з + назоўнік у вінавальным склоне». Апошняя канструкцыя адрозніваецца ад папярэдняй адценнем недакладнасці, прыблізнасці пэўнага часу працякання дзеяння, напрыклад: працаваць год — працаваць з год; працягвацца гадзіну — працягвацца з гадзіну; адпачываць месяц — адпачываць з месяц; чакаць тыдзень — чакаць з тыдзень.
Назоўнікавыя словазлучэнні гэтай семантыкі характарызуюцца такімі ж адносінамі сінаніміі: адпачынак месяц — адпачынак з месяц; чаканне тыдзень — чаканне з тыдзень. У параўнанні з дзеяслоўнымі гэтыя словазлучэнні значна менш ужывальныя.
Складаныя дзеяслоўныя і назоўнікавыя словазлучэнні звычайна ўключаюць азначальныя або ўказальныя займеннікі увесь, усё, цэлы, каторы, кожны, гэты ці іх спалучэнні увесь гэты, усе тыя, усе свае, усё сваё, усю сваю, адносныя прыметнікі апошні, папярэдні, мінулы, будучы, парадкавыя лічэбнікі першы, трэці, дзесяты і інш. Яны прадстаўлены толькі канструкцыямі з залежнай беспрыназоўнікавай формай вінавальнага склону: прабыць увесь тыдзень, правучыцца цэлы семестр, мяняцца кожны тыдзень, працаваць мінулы год, правесці ўвесь свой адпачынак. Адсутнасць сінанімічнай прыназоўнікавай канструкцыі з адценнем недакладнасці перыяду працякання дзеяння абумоўлена тым, што названыя паясняльныя словы ўдакладняюць і канкрэтызуюць прамежак часу, у які адбываецца дзеянне.
Некаторыя складаныя словазлучэнні з названымі ўдакладняючымі словамі з’яўляюцца сінтаксічна непадзельнымі: думаць каторы дзень, прыходзіць кожны тыдзень, прыехаць мінулы год і пад.
У ролі залежнага кампанента складаных словазлучэнняў са значэннем працягласці дзеяння часта выступаюць спалучэнні двух назоўнікаў, адзін з якіх мае форму вінавальнага склону, другі — форму таго або іншага ўскоснага склону з прыназоўнікам, або сінтаксічныя спалучэнні назоўнікаў роднага і вінавальнага склонаў з прыназоўнікам з, а таксама спалучэнні назоўнікаў са значэннем прамежку часу і слоў назад, таму назад: працаваць дзень у дзень — працаваць з дня ў дзень; чытаць дзень пры дні — чытаць з дня ў дзень; прыязджаць месяц назад, сустрэць тыдзень таму назад і пад. У размоўным стылі часта ўжываюцца эліптычныя канструкцыі тыпу прыязджаць месяц таму, сустрэць тыдзень таму.
У адрозненне ад аналагічных па форме словазлучэнняў працаваць год у год, чытаць дзень у дзень словазлучэнні з залежнымі кампанентамі гадзіна ў гадзіну, мінута ў мінуту, секунда ў секунду не выражаюць значэння працягласці дзеяння. Яны маюць семантыку дакладнасці часу дзеяння: завяршыць гадзіна ў гадзіну, прыехаць мінута ў мінуту, прыбегчы секунда ў секунду.
Асабліва шырока прадстаўлены складаныя сінтаксічна непадзельныя словазлучэнні гэтай семантыкі з залежным спалучэннем колькасных лічэбнікаў з назоўнікамі ў форме вінавальнага або роднага склону: працаваць два гады, правесці тры дні, правучыцца тры семестры, прабыць пяць гадзін і інш. Гэтыя словазлучэнні ў адрозненне ад папярэдніх складаных канструкцый маюць сінанімічныя прыназоўнікавыя словазлучэнні з адценнем недакладнасці працягласці дзеяння. Парадак слоў складанага залежнага кампанента ў іх звычайна адваротны ў параўнанні з беспрыназоўнікавымі канструкцыямі, параўн.: працаваць два гады — працаваць гады з два; прабыць пяць гадзін — прабыць гадзін з пяць і пад.
Недакладнасць прамежку часу, на працягу якога адбываецца дзеянне, выражаецца таксама беспрыназоўнікавымі канструкцыямі з прэпазіцыяй назоўніка: прабыць дні два, гаварыць мінут дзесяць, ісці гадзіны тры.
Значэнне працягласці дзеяння выражаюць таксама складаныя сінтаксічна непадзельныя канструкцыі, у якіх залежны назоўнік не мае значэння часу, а набывае гэта значэнне ў спалучэнні з пэўнымі дзеясловамі і словамі увесь, усё, усю, напрыклад: расказваць усю дарогу, смяяцца ўвесь фільм, чакаць увесь адпачынак. Адпаведных канструкцый з адценнем недакладнасці працягласці дзеяння гэтыя словазлучэнні не маюць.
Фразеалагічныя словазлучэнні адпаведнай формы ў сучаснай мове не зафіксаваны.
Метамоўныя словазлучэнні гэтай семантыкі з’яўляюцца адзінкавымі і непрадуктыўнымі: смяяцца ўвесь «Чарлі Чаплін», глядзець усю «Паўлінку» і пад. Сінанімічных прыназоўнікавых канструкцый з адценнем недакладнасці прамежку працякання дзеяння метамоўныя словазлучэнні не маюць.
Словазлучэнні з колькасна-прасторавым значэннем
§ 128. Гэтыя словазлучэнні характарызуюцца тымі ж семантыка-сінтаксічнымі ўласцівасцямі, што і колькасна-часавыя. Так, простыя дзеяслоўныя і назоўнікавыя словазлучэнні гэтай семантыкі прадстаўлены аналагічнымі сінанімічнымі беспрыназоўнікавымі і прыназоўнікавымі канструкцыямі з залежнымі назоўнікамі ў вінавальным склоне. Прыназоўнікавыя словазлучэнні маюць адценне недакладнасці працягласці дзеяння ў прасторы: ехаць кіламетр — ехаць з кіламетр; узараць гектар — узараць з гектар; язда кіламетр — язда з кіламетр. Назоўнікавыя словазлучэнні гэтай семантыкі з’яўляюцца значна менш прадуктыўнымі ў параўнанні з адпаведнымі колькасна-часавымі словазлучэннямі.
Складаныя сінтаксічна падзельныя і сінтаксічна непадзельныя колькасна-прасторавыя словазлучэнні з азначальнымі словамі увесь, цэлы не маюць сінанімічных прыназоўнікавых словазлучэнняў з адценнем недакладнасці, прыблізнасці прасторавай працягласці дзеяння: абысці ўсю вёску, аб’ехаць увесь горад, зжаць цэлы палетак, узараць кожны гектар.
Сінтаксічна непадзельныя складаныя словазлучэнні з залежнымі колькасна-іменнымі спалучэннямі маюць сінанімічныя словазлучэнні з адценнем недакладнасці, прыблізнасці, якія характарызуюцца адваротным парадкам слоў у складзе колькасна-іменнага словазлучэння. Яны могуць быць прыназоўнікавымі і беспрыназоўнікавымі, параўн.: узараць дваццаць гектар — узараць гектар дваццаць (гектар з дваццаць); прайсці дзесяць крокаў — прайсці крокаў дзесяць (крокаў з дзесяць); праплысці дзвесце метраў — праплысці метраў дзвесце (метраў з дзвесце).
Метамоўныя словазлучэнні гэтай семантыкі прадстаўлены толькі беспрыназоўнікавымі канструкцыямі, напрыклад: абысці Зарэчча, аб’ехаць «Новы быт», аблятаць палавіну Афрыкі.
Словазлучэнні з уласна колькасным значэннем
§ 129. Простыя і складаныя словазлучэнні гэтай семантыкі абазначаюць:
а) меру, колькасную працягласць дзеяння (сустракацца тры разы, наведванне многа раз, паглядзець два разы, праглядзець разы тры);
б) меру вагі, аб’ёму, грашовых адзінак, фізічных і духоўных намаганняў (купіць два кілаграмы, наліць вядро вады, атрыманне дваццаці рублёў, прыкласці шмат намаганняў);
в) колькасць прадметаў (пабудаваць тры школы, аб’ехаць вёсак дзесяць, атрыманне двух пасылак).
Пералічаныя словазлучэнні характарызуюцца тымі ж уласцівасцямі сінаніміі, што і разгледжаныя вышэй колькасна-часавыя і колькасна-прасторавыя: сустрэцца тры разы — сустрэцца разы тры (разы з тры); купіць два кілаграмы — купіць кілаграмы два (кілаграмы з два); аб’ехаць дзесяць вёсак — аб’ехаць вёсак дзесяць (вёсак з дзесяць); наведванне тры разы — наведванне разы тры (разы з тры).
Нешматлікія лексічна абмежаваныя метамоўныя словазлучэнні гэтай семантыкі таксама прадстаўлены сінанімічнымі беспрыназоўнікавымі і прыназоўнікавымі канструкцыямі: заказаць дзесяць «Зверабояў» — заказаць з дзесяць «Зверабояў»; набыць дваццаць «Спеваў» — набыць з дваццаць «Спеваў». У адрозненне ад разгледжаных вышэй канструкцый метамоўныя словазлучэнні з адваротным парадкам слоў у складанай залежнай частцы з’яўляюцца непрадуктыўнымі.
Словазлучэнні з часавымі адносінамі
§ 130. Дзеяслоўныя словазлучэнні з часавымі адносінамі прадстаўлены рознымі па ўжывальнасці, ступені нарматыўнасці і стылявой прыналежнасці простымі і складанымі сінанімічнымі канструкцыямі. Найбольш пашыраныя стылістычна нейтральныя канструкцыі з залежным лічэбнікам у родным склоне ў спалучэнні з назоўнікам: сустрэцца 10 верасня, прыляцець 25 жніўня, нарадзіцца 28 сакавіка. Сінтаксічнымі сінонімамі гэтых канструкцый выступаюць значна менш пашыраныя і характэрныя пераважна для размоўнага стылю словазлучэнні з залежнымі назоўнікамі дзень, ноч, год, месяц і падобнымі ў спалучэнні з указальнымі або азначальнымі займеннікамі: прыехаць таго ж дня, сустрэцца тае вясны, наведваць кожнае раніцы, з’явіцца тае ночы, дамовіцца трэцяга дня. Нарматыўнымі і стылістычна нейтральнымі з’яўляюцца сінанімічныя канструкцыі з залежным назоўнікам у вінавальным склоне ў спалучэнні з указальнымі або азначальнымі займеннікамі з прыназоўнікам у або без прыназоўніка, параўн.: прыехаць таго ж дня — прыехаць у той жа дзень; сустрэцца тае вясны — сустрэцца ў тую вясну; наведваць кожнае раніцы — наведваць кожную раніцу. У словазлучэннях з азначальным словам кожны залежны назоўнік у вінавальным склоне звычайна ўжываецца без прыназоўніка у.
У асобных выпадках утварэнне канструкцый з залежнымі назоўнікамі ў родным склоне немагчыма: працаваць кожнае лета — *працаваць кожнага лета; ездзіць кожны тыдзень — *ездзіць кожнага тыдня. Не адзначаны таксама некаторыя адпаведныя словазлучэнні з залежнымі назоўнікамі ў вінавальным склоне: дамовіцца трэцяга дня — *дамовіцца ў трэці дзень.
Нарматыўнымі, але моцна абмежаванымі з боку галоўнага і залежнага кампанентаў з’яўляюцца сінанімічныя словазлучэнні з залежнымі назоўнікамі ў творным склоне: сустрэцца тае вясны — сустрэцца ў тую вясну — сустрэцца той вясной; прыехаць тае ночы — прыехаць у тую ноч — прыехаць той ноччу, але ездзіць кожны тыдзень — *ездзіць кожным тыднем (параўн. шырока ўжывальную канструкцыю ездзіць кожным летам); наведваць кожны дзень — *наведваць кожным днём (параўн. нарматыўную, хоць і мала ўжывальную канструкцыю наведваць кожнай раніцай).
Асобную сінанімічную пару складаюць дзеяслоўныя словазлучэнні са значэннем адносін дзеяння да часу яго завяршэння. Гэта словазлучэнні «дзеяслоў + прыназоўнік за + назоўнік у вінавальным склоне» — «дзеяслоў + прыназоўнік на працягу + назоўнік у родным склоне»: змайстраваць за зіму — змайстраваць на працягу зімы; прачытаць за вечар — прачытаць на працягу вечара; змяніцца за лета — змяніцца на працягу лета. Асаблівасцю канструкцый з прыназоўнікам за з’яўляецца пераважнае ўжыванне дзеясловаў закончанага трывання, параўн.: прачытаць за вечар — *чытаць за вечар. У канструкцыях жа з прыназоўнікам на працягу ўжываюцца пераважна дзеясловы незакончанага трывання, хоць гэта абмежаванне не з’яўляецца такім жорсткім, як у канструкцыях з прыназоўнікам за. Патэнцыяльна ў гэтых канструкцыях могуць ужывацца дзеясловы закончанага і незакончанага трывання ў залежнасці ад семантыкі канструкцыі ў адносінах да завершанасці — незавершанасці дзеяння, параўн.: чытаць на працягу вечара — прачытаць на працягу вечара.
Назоўнікавыя простыя і складаныя словазлучэнні з часавымі адносінамі характарызуюцца аналагічнымі семантыка-сінтаксічнымі ўласцівасцямі, аднак значна меншай ужывальнасцю.
