Предыдущий раздел | Оглавление | Следующий раздел
Словазлучэнне з прыслоўем
§§ 100–115
VI тып. Словазлучэнні з прыслоўем у ролі галоўнага кампанента
§ 100. Канструкцыі з прыслоўем у ролі галоўнага слова падзяляюцца на 3 разрады ў залежнасці ад граматычнага класа залежнага слова.
Парадак кампанентаў гэтых словазлучэнняў адносна ўстойлівы. У канструкцыях «прыслоўе + прыслоўе» звычайна наглядаецца прэпазіцыя залежнага кампанента, а ў канструкцыях «прыслоўе + назоўнік» і «прыслоўе + займеннік» — постпазіцыя: роблена па-старыкоўску, цікава для шматлікіх слухачоў, ізалявана ад усіх нас. Галоўны і залежны кампаненты звязаны сінтаксічнай сувяззю прымыкання.
Сінонімаў гэтыя канструкцыі не маюць.
Разрад 1. Словазлучэнні прыслоўяў з прыслоўямі
§ 101. Канструкцыі гэтага разраду падзяляюцца на 9 груп у залежнасці ад граматычных разрадаў прыслоўяў. Пры гэтым не ўсе тэарэтычна магчымыя мадэлі словазлучэнняў рэалізуюцца ў сучаснай беларускай мове. Так, не адзначаны прыслоўныя словазлучэнні з колькасным прыслоўем у ролі галоўнага кампанента, а таксама канструкцыі «акалічнаснае прыслоўе + якаснае прыслоўе», дзе акалічнаснае выступае ў ролі галоўнага кампанента.
Група 1. Словазлучэнні якаснае прыслоўе + якаснае прыслоўе
§ 102. Гэтыя спалучэнні выражаюць якасныя адносіны: Марудна пасоўваючыся над аблокамі і самотна квола курлыкаючы, ляцеў там у невядомую далеч невялікі ланцужок жураўлёў (В. Быкаў); Неяк прыкра было камандзіру ад таго, што надоечы накрычаў ён на Фішара (В. Быкаў); Незвычайна хутка падкраўся змрок (К. Чорны).
Залежнае якаснае прыслоўе далучаецца да галоўнага на аснове сувязі прымыкання. Парадак слоў у даных канструкцыях устойлівы: залежны кампанент звычайна знаходзіцца ў прэпазіцыі да галоўнага: падкрэслена ветліва, прарэзліва тужліва, неверагодна мілагучна, неяк загадкава, аднолькава шчыра. Інверсія тут немагчыма. Пры змене парадку кампанентаў словазлучэння галоўнае слова ўспрымаецца як залежнае. Гэта або змяняе сэнс канструкцыі, або робіць яе незразумелай, параўн.: кампазіцыйна проста — проста кампазіцыйна; жыццёва пераканаўча — пераканаўча жыццёва; аднолькава роўна — роўна аднолькава.
Група 2. Словазлучэнні якаснае прыслоўе + колькаснае прыслоўе
§ 103. Гэтыя спалучэнні выражаюць якасна-акалічнасныя адносіны: Было трохі вусцішна аднаму сярод цемрадзі і глухмені лесу (Я. Колас); Атрымалася даволі недарэчна (Я. Брыль); І хоць яму было вельмі няёмка тут, у гэтым сцюдзёным ветраным полі... але баец маўкліва цярпеў (В. Быкаў).
У даных словазлучэннях залежнае колькаснае прыслоўе прымыкае да якаснага. Залежны кампанент звычайна стаіць у прэпазіцыі да галоўнага, аднак часам сустракаюцца выпадкі інверсіі: Неспакойна трохі было на сэрцы ў Паўлюка, дый злосць яго стала праходзіць (Я. Колас).
Па сваіх семантыка-сінтаксічных уласцівасцях да гэтых словазлучэнняў далучаюцца і канструкцыі з якасным прыслоўем вышэйшай ступені параўнання ў ролі галоўнага кампанента: Падсілкаваўшыся, Панас пачуўся шмат ямчэй (Я. Колас); Пасля смерці бацькі ён стаў любіць яе ўдвая болей (В. Быкаў).
Група 3. Словазлучэнні якаснае прыслоўе + якасна-акалічнаснае прыслоўе
§ 104. Гэтыя словазлучэнні выражаюць якасныя адносіны: Глечык захлынуўся слязьмі і крыўдай і па-хлапечы звонка з неспатольнай здзічэлай роспаччу закрычаў услед (В. Быкаў); Але немцы трымаліся па-ранейшаму ўпарта (І. Мележ).
Залежнае якасна-акалічнаснае прыслоўе прымыкае да якаснага і стаіць звычайна перад ім.
Група 4. Словазлучэнні якаснае прыслоўе + акалічнаснае прыслоўе
§ 105. Словазлучэнні данай групы ўжываюцца ў сучаснай беларускай мове вельмі рэдка. Па такой мадэлі ўтвараюцца толькі спалучэнні з акалічнаснымі прыслоўямі мэты ў ролі залежнага кампанента: сумыслу павольна, незнарок голасна.
Гэтыя канструкцыі заснаваны на сувязі прымыкання, парадак слоў — прэпазіцыя залежнага кампанента: Гаснуў дзень назнарок пакрысе (А. Астрэйка).
Група 5. Словазлучэнні якасна-акалічнаснае прыслоўе + якаснае прыслоўе
§ 106. Гэтыя словазлучэнні таксама вельмі рэдка ўжываюцца ў сучаснай беларускай мове. Яны выражаюць азначальныя адносіны: неяк знянацку, роблена па-старыкоўску, неяк па-святочнаму.
Прамы парадак кампанентаў — залежнае якаснае прыслоўе размяшчаецца перад галоўным словам. Такія словазлучэнні заснаваны на сувязі прымыкання.
Група 6. Словазлучэнні якасна-акалічнаснае прыслоўе + колькаснае прыслоўе
§ 107. Названыя словазлучэнні таксама выражаюць азначальныя адносіны: Хоць рушылі амаль адразу за артылерыйскімі выбухамі... вораг яшчэ спрабаваў утрымацца (І. Мележ); Трохі наўзбоч — змешаны лісцяны лес (І. Навуменка).
Залежны кампанент — колькаснае прыслоўе — звычайна знаходзіцца ў прэпазіцыі: зусім па-летняму, амаль адначасова, крыху наўзбоч. Гэтыя словазлучэнні заснаваны на сувязі прымыкання.
Група 7. Словазлучэнні якасна-акалічнаснае прыслоўе + акалічнаснае прыслоўе
§ 108. Ужываюцца вельмі рэдка. Яны выражаюць азначальныя адносіны.
Парадак слоў — прэпазіцыя залежнага кампанента: па-заліхвацку набакір, уздоўж радамі. Гэтыя словазлучэнні ўтвораны на аснове сувязі прымыкання.
У ролі галоўнага кампанента словазлучэнняў гэтай групы ўжываюцца прыслоўі месца, часу і вельмі рэдка — прычыны і мэты. Магчымасці ўтварэння канструкцый з гэтымі прыслоўямі абмежаваны. Да акалічнасных прыслоўяў прымыкаюць пераважна колькасныя прыслоўі: зусім блізка, крыху наводшыбе, зусім позна, яшчэ зацемна, зусім спрасоння, амаль нізавошта, амаль назнарок, трохі напаказ. Толькі да прыслоўяў месца і часу могуць прымыкаць, акрамя колькасных, адпаведна прасторавыя і часавыя прыслоўі: недзе ззаду, далёка адсюль, высока ўгару, учора вечарам, сёння ноччу, калісьці даўно.
Група 8. Словазлучэнні акалічнаснае прыслоўе + колькаснае прыслоўе
§ 109. Названыя словазлучэнні выражаюць азначальна-колькасныя адносіны: Быццам павінен быў страціць штосьці дарагое, значэнне якога зразумеў толькі цяпер, вельмі позна (І. Мележ); Магчыма, не трэба было займаць НП так блізка ад ворага... (І. Мележ). Яны заснаваны на сінтаксічнай сувязі прымыкання.
Звычайны парадак слоў у гэтых словазлучэннях — прэпазіцыя залежнага члена. Інверсія дапускаецца рэдка.
Група 9. Словазлучэнні акалічнаснае прыслоўе (месца, часу) + акалічнаснае прыслоўе (месца, часу)
§ 110. Гэтыя словазлучэнні выражаюць адпаведна прасторавыя і часавыя адносіны: Увесь час білі варожыя гарматы, але снарады рваліся недзе ззаду (І. Мележ); Позна ўвечары пачуўся шолах лісцяў пад нагамі (Я. Колас).
Залежны кампанент звычайна знаходзіцца ў прэпазіцыі да галоўнага, аднак інверсія сустракаецца даволі часта: Даўно калісьці, вясновым ранкам, з далінай Нёмна крыжацкі комтур да прускіх замкаў гнаў шмат палонных (М. Танк). Гэтыя словазлучэнні заснаваны на сувязі прымыкання.
Разрад 2. Словазлучэнні прыслоўяў з назоўнікамі
Група 1. Словазлучэнні якаснае прыслоўе + прыназоўнік + назоўнік у родным склоне
§ 111. Гэтыя словазлучэнні ўключаюць канструкцыі з прыназоўнікамі да, для, ад: моцна да болю, зразумела для вучняў, асобна ад дзяцей.
Словазлучэнні з прыназоўнікам да выражаюць азначальныя адносіны з адценнем меры і ступені, спалучэнні з прыназоўнікамі для, ад — аб’ектныя адносіны.
Звычайны парадак членаў — постпазіцыя залежнага назоўніка: Ідуць кожны па сваёй патрэбе: хто па ягады, хто па грыбы, хто нарваць мяккага вішу на сяннік, а хто неўзаметку, патаемна ад лесніковага вока, укасіць між кустоўя капу сена (І. Навуменка).
Залежны кампанент звязаны з галоўным на аснове сувязі прымыкання.
Група 2. Якаснае прыслоўе вышэйшай ступені параўнання + прыназоўнік + назоўнік у родным склоне
§ 112. У якасці залежнага кампанента словазлучэнні данай групы ўключаюць назоўнікі ў родным склоне без прыназоўнікаў або з прыназоўнікамі да, ад, за. Гэтыя словазлучэнні вельмі распаўсюджаны ў сучаснай беларускай мове: Плывуць аблокі над ёй высока... яна ж вышэй саміх аблокаў (П. Броўка); Вунь, бачыш, правей дрэўца як бы купінкі — кулямёт (І. Мележ); Фішар хоць і не быў вайскоўцам, але за час франтавога жыцця навучыўся ўжо разбірацца ў ваенных абставінах, як ён думаў, не горш за Карпенку (В. Быкаў); За тры крокі ад яго, далей ад палатна чыгункі, відны былі дзве постаці (М. Лобан); Я, мамка і яшчэ другія мамы і дзеці хочам праціснуцца бліжэй да гэтай брамы, а нейкі нядобры дзядзька ўсё нас адганяе (Я. Маўр).
У сучаснай беларускай літаратурнай мове з двух сінанімічных канструкцый — беспрыназоўнікавых і прыназоўнікавых — большай ужывальнасцю характарызуюцца апошнія, параўн.: вышэй аблокаў — вышэй за аблокі; правей лесу — правей ад лесу; бліжэй вёскі — бліжэй да вёскі. Аднак беспрыназоўнікавыя канструкцыі часам маюць сваю семантычную спецыфіку і не могуць быць заменены прыназоўнікавымі: вышэй лесу, ніжэй палавіны. Беспрыназоўнікавыя словазлучэнні гэтай групы шырока ўжываюцца ў размоўным стылі мовы, у мове мастацкай літаратуры; пераважнае выкарыстанне гэтых канструкцый характэрна для многіх беларускіх гаворак. Прыназоўнікавыя словазлучэнні гэтай групы выражаюць, таксама як і беспрыназоўнікавыя, адносіны прыпадабнення з пэўнымі адценнямі, абумоўленымі семантыкай прыназоўнікаў.
Канструкцыі з прыслоўямі вышэйшай ступені ў якасці галоўнага кампанента адрозніваюцца ад астатніх тыпам сувязі паміж кампанентамі: яны заснаваны на сувязі кіравання (параўн.: высока ў аблоках і вышэй аблокаў). Парадак членаў — постпазіцыя залежнага кампанента.
Група 3. Словазлучэнні якасна-акалічнаснае прыслоўе + прыназоўнік + назоўнік ва ўскосных склонах
§ 113. Даныя словазлучэнні выражаюць аб’ектныя адносіны: употай ад людзей, упоперак да сцяны.
Прамым парадкам для гэтых словазлучэнняў з’яўляецца постпазіцыя назоўніка, хоць залежны кампанент даволі часта стаіць перад галоўным — якасна-акалічнасным прыслоўем: ...Пабеглі, не чуючы ног пад сабою, за грукатам услед, насустрач невядомасці (П. Глебка).
Звычайна тып сувязі ў словазлучэннях «якасна-акалічнаснае прыслоўе + назоўнік» — кіраванне. Аднак сярод іх ёсць асобныя адзінкавыя выпадкі спалучэння прыслоўяў з назоўнікамі, заснаванага на сувязі прымыкання: наўскос да шляху, напрасткі па цаліку, напрасткі к вёсцы, упоперак да гасцінца.
У спалучэннях тыпу наперарэз ворагу, насустрач поезду прыслоўі перайшлі ў прыназоўнікі, хоць некаторыя з іх яшчэ захоўваюць сваю спецыфіку (наўздзіў людзям, наўздагон шчасцю). Актывізацыя пераходу прыслоўяў у прыназоўнікі наглядаецца і ў прыназоўнікавых словазлучэннях якасна-акалічнасных прыслоўяў з назоўнікамі і займеннікамі. Многія якасна-акалічнасныя прыслоўі, якія набліжаюцца да акалічнасных прасторавых, поўнасцю перайшлі ў прыназоўнікі: Паводле падання, недзе паблізу ад гэтых мясцін быў забіты князь Ігар, той самы, што двойчы за адзін год хацеў пажывіцца данінай у непакорных драўлян (І. Навуменка). Гэта адносіцца таксама да вельмі пашыраных канструкцый з прыназоўнікам з: Пасля дэманстрацыі Іван Лобік і Нупрэй Гіль разам з Міцем прыйшлі пад сасну (І. Навуменка).
Пры інверсіі пераход прыслоўяў у прыназоўнікі не адбываецца, параўн.: стараўся разам з бацькам і стараўся з бацькам разам. Гэта адносіцца і да словазлучэнняў, у якіх якасна-акалічнасныя прыслоўі кіруюць беспрыназоўнікавымі формамі назоўнікаў: ветру наперакор, людзям наўздзіў, шчасцю наўздагон.
Група 4. Словазлучэнні акалічнаснае прыслоўе (месца, часу) + прыназоўнік + назоўнік ва ўскосных склонах
§ 114. Гэтыя словазлучэнні з’яўляюцца вельмі пашыранымі і прадуктыўнымі ў сучаснай беларускай мове. Выражаюць прасторавыя або часавыя адносіны: Непадалёк ад гарбка ішлі павозкі са снарадамі (І. Мележ); Яна падыходзіць назад да свае хаты (К. Чорны); Дзесьці на суседняй асіне яшчэ вуркалі галубы, ды, пераклікаючыся з нястомнымі берасцянкамі, па лесе залівалася зараначка (М. Лобан); Я сціснуў вінтоўку рукой, мне заўтра на досвітку ў бой (А. Астрэйка); Невялікае селішча Скіп’ёўскае Пераброддзе ўзнікла на голым месцы пры вялікім Скіп’ёўскім лесе адразу пасля рэвалюцыі (К. Чорны).
Парадак кампанентаў у гэтых словазлучэннях — постпазіцыя залежнага кампанента. Аднак сустракаюцца і выпадкі інверсіі: Я зноў сябе кінуў за рэчку назад, бягу па рыдлёўку дахаты (Я. Колас). Таксама як і ў спалучэннях з якасна-акалічнаснымі прыслоўямі ў ролі галоўнага слова, у канструкцыях з акалічнаснымі прыслоўямі прасторы многія прыслоўі перайшлі ў прыназоўнікі (побач з дрэвам, далёка ад хаты, поруч з сябрамі, следам за байцом).
Канструкцыі «прыслоўе часу + назоўнік» уключаюць у якасці залежнага кампанента назоўнікі роднага, вінавальнага, меснага і часам творнага склонаў з прыназоўнікамі: вечарам пасля работы, раніцай другога дня, далёка за поўнач, назаўтра пад вечар, сёння на світанні і пад.
Параўнальна з прасторавымі прыслоўнымі канструкцыямі словазлучэнні з прыслоўямі часу значна менш разнастайныя і ўжывальныя ў сучаснай беларускай мове. Залежныя назоўнікі могуць і не мець прамога часавага значэння і толькі кантэкстуальна ўказваюць на пэўны момант ці прамежак часу: Усведамленне гэтага прыйшло яшчэ тады ў вагоне (П. Пестрак).
Разрад 3. Словазлучэнні прыслоўяў з займеннікамі
§ 115. Прыслоўныя словазлучэнні з займеннікамі з’яўляюцца нешматлікімі, пераважна прыназоўнікавымі. Гэтыя канструкцыі паўтараюць некаторыя мадэлі словазлучэнняў з назоўнікамі (поруч з ім, следам за вамі, збоку ад усяго, наводшыбе ад усіх і пад.): Збоку каля яго шугае агонь (Я. Колас); Плывуць аблокі над ёй высока... (П. Броўка); Яшчэ некалькі цягнулася ззаду ад іх (І. Мележ).
Яны абмежаваны з боку залежнага слова: да прыслоўяў могуць прымыкаць толькі асабовыя займеннікі і азначальны займеннік увесь (уся, усё, усе). Пытальна-адносныя займеннікі прымыкаюць да прыслоўяў толькі ў тых выпадках, калі яны з’яўляюцца злучальнымі словамі ў даданых частках складаназалежных сказаў: За ўзгоркам паказаўся лясок, збоку ад якога цягнулася рэчка.
