Артефакт.lib.ru
Сайт Андрея Пискунова Хостинг Lib.Ru

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел

Словазлучэнні з лічэбнікам і займеннікам

§§ 98–99

IV тып. Словазлучэнні з лічэбнікам у ролі галоўнага кампанента

§ 98. Словазлучэнні гэтага тыпу з’яўляюцца прадуктыўнымі і шырокаўжывальнымі: шэсць лыжак, дваццаць сталоў, многа дрэў, сто крокаў, двое з прысутных, трое сяброў, некалькі чалавек, дзвесце двароў, трэці з боку, адзін з вучняў, двое з вінтоўкамі. Яны характарызуюцца спецыфікай сінтаксічных сувязей кампанентаў. Пэўнаколькасныя лічэбнікі да пяці ў назоўным і вінавальным склонах дапасуюцца да адушаўлёных і неадушаўлёных назоўнікаў: тры сталы, дзве кніжкі, чатыры талеркі; трох сыноў, двух коней, чатырох сясцёр. Пэўнаколькасныя лічэбнікі ад пяці і вышэй, няпэўнаколькасныя і зборныя назоўнікі ў назоўным склоне, а таксама ў вінавальным, які супадае з назоўным, кіруюць назоўнікамі і іншымі словамі, што выступаюць у ролі назоўнікаў: сем крэслаў, многа кніжак, некалькі сталоў. Ва ўскосных склонах гэтыя лічэбнікі дапасуюцца да назоўніка (трох кніжак, шасці сталоў, некалькіх крэслаў).

Словазлучэнні гэтага тыпу не маюць сінонімаў. Прамым парадкам слоў з’яўляецца прэпазіцыя галоўнага члена — лічэбніка. Парадак членаў у іх строга замацаваны. Змена парадку кампанентаў словазлучэнняў з пэўнаколькаснымі лічэбнікамі ў ролі галоўнага слова прыводзіць да змены значэння. Канструкцыі з постпазіцыяй лічэбніка атрымліваюць значэнне недакладнай, прыблізнай колькасці (сем кніг — кніг сем, гл. ч. 1, § 214). Адваротны парадак кампанентаў у словазлучэннях з няпэўнаколькаснымі лічэбнікамі (постпазіцыя лічэбніка) ужываецца рэдка, а ў словазлучэннях са зборнымі лічэбнікамі практычна не ўжываецца.

V тып. Словазлучэнні з займеннікам у ролі галоўнага кампанента

§ 99. Словазлучэнні гэтага тыпу колькасна абмежаваныя і разнастайныя ў адносінах прадуктыўнасці. Словазлучэнні з асабовымі і зваротным займеннікамі з’яўляюцца непрадуктыўнымі. Да гэтых займеннікаў могуць адносіцца толькі адасобленыя азначэнні: Сонная, яна хістанулася на нагах і шпарка пайшла ў хату (К. Чорны).

Словазлучэнні з няпэўнымі займеннікамі характарызуюцца значнай прадуктыўнасцю, яны ўключаюць у якасці залежнага кампанента прыметнікі, дзеепрыметнікі, займеннікі іншых разрадаў: нехта задаволены, нешта незвычайнае, што карыснае, нешта знаёмае, нехта іншы, штосьці паўзабытае, хтосьці з мясцовых, некаторыя з іх, многія з нас. А можа і сапраўды надарыцца яму дзе што добрае (Я. Колас); Ён адхіснуўся, нібы чымсьці вострым штурханулі яму ў грудзі (А. Кулакоўскі); Штось збылога — ім, вядома, пэўна ў памяці ўсплыло (Я. Колас); Рух нерашучасці і замяшання скаваў некаторым з нас языкі (М. Лынькоў).

Словазлучэнні гэтага тыпу не маюць сінонімаў. Прамым парадкам у гэтых канструкцыях з’яўляецца постпазіцыя залежнага кампанента. Адваротны парадак слоў сустракаецца рэдка. Тып сувязі — далучэнне.

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел