Предыдущий раздел | Оглавление | Следующий раздел
Складаныя словазлучэнні з прыметнікам
§§ 86–97
Складаныя словазлучэнні
Разрад 1. Словазлучэнні прыметнікаў са свабоднымі спалучэннямі слоў
Група 1. Прыметнік + некалькі сузалежных ці падзалежных кампанентаў
§ 86. Складаныя прыметнікавыя словазлучэнні са свабоднымі спалучэннямі слоў у якасці залежнага кампанента характарызуюцца вялікай ужывальнасцю і разнастайнасцю семантыка-сінтаксічных значэнняў, што ў многім тлумачыцца шырокімі магчымасцямі мовы ў выражэнні адценняў прымет, якасцей, уласцівасцей прадметаў і з’яў: Эх, што можа быць даражэй вольнай волечкі, палёў? (Я. Колас); Ты — марцовага снегу бялей, броўкі — долі сірочай чарней (М. Багдановіч); Рака наша слаўная, Нёман, чысцейшая чэрвеньскіх рос, хто мар не ўплятаў у твой гоман, табе хто пашаны не нёс? (А. Астрэйка); Бачыў шмат я гарачых вачэй, што за ясныя зоры ярчэй (А. Астрэйка); Ясь Ліскоўскі быў зусім не падобны да брата і на цэлую галаву вышэйшы за яго (Я. Колас); Не ведалі, хто вінават у гэтай сварцы (З. Бядуля).
Па тыпу сінтаксічнай сувязі, семантыка-сінтаксічных адносінах і па парадку галоўнага і залежнага кампанентаў складаныя словазлучэнні гэтай групы супадаюць з адпаведнымі простымі.
Умовы для ўтварэння складаных прыметнікавых словазлучэнняў, у якасці залежнага кампанента якіх выступаюць свабодныя спалучэнні слоў, у асноўным тыя ж, што і для ўтварэння складаных словазлучэнняў гэтага разраду з назоўнікам у ролі галоўнага кампанента:
1) калі залежны кампанент мае адно ці некалькі паясняльных слоў — залежны кампанент другой ступені. Гэтыя складаныя словазлучэнні характарызуюцца шырокай ужывальнасцю і прадуктыўнасцю, разнастайнасцю семантыка-сінтаксічных сувязей. Словазлучэнні кожнай з разгледжаных вышэй груп простых канструкцый з залежнымі назоўнікамі ўсіх склонаў могуць утвараць складаныя словазлучэнні з залежным кампанентам, выражаным назоўнікам і азначальнымі прыметнікамі або спалучэннем назоўнікаў разнастайных семантыка-сінтаксічных груп: дастойны павагі — дастойны вялікай павагі; поўны ягад — поўны спелых ягад; рады брату — рады старэйшаму брату; горды працай — горды выдатнай працай на заводзе; цяжкі для ўспрыняцця — цяжкі для ўспрыняцця гледача; вольны ад заняткаў — вольны ад заняткаў са студэнтамі; чырвоны ад ветру — чырвоны ад моцнага паўночнага ветру; здольны да працы — здольны да адказнай працы; блакітны ў палоску — блакітны ў сінюю палоску; адкрыты перад сябрамі — адкрыты перад блізкімі сябрамі; жоўты з адлівам — жоўты з залацістым адлівам; цяжкі ў ажыццяўленні — цяжкі ў практычным ажыццяўленні; бездакорны ў адносінах — бездакорны ў адносінах з калегамі. Неба поўна сівых хмараў (Я. Купала); Сілівон сядзеў у хаце рады выдумцы чарговай (М. Лужанін); Ноч маўчала, была зычная далёкай пустатой (К. Чорны); Ён вядомы сярод усіх юрыстаў Расіі (Я. Колас); Старасць-слабасць падаспела, стаў нядуж к рабоце ўсякай (Я. Купала);
2) калі галоўны кампанент мае адно ці некалькі паясняльных слоў. Складаныя прыметнікавыя словазлучэнні з ускладненым галоўным кампанентам, таксама як і словазлучэнні з ускладненым залежным кампанентам, могуць утварацца ад простых словазлучэнняў усіх груп. Аднак яны лексічна абмежаваны з боку паясняльных да галоўнага кампанента слоў. У якасці паясняльных слоў могуць выступаць прыслоўі і назоўнікі ў функцыі прыслоўяў колькасна абмежаванай семантычнай групы меры, ступені: поўны ягад — з верхам поўны ягад; удзячны сябру — надзвычай удзячны сябру; чароўны прыгажосцю — невыказна чароўны прыгажосцю; далёкі ад жыцця — безнадзейна далёкі ад жыцця; просты па выкладу — незвычайна просты па выкладу; непрыкметны пад мохам — амаль непрыкметны пад мохам; розныя па поглядах — дыяметральна розныя па поглядах. Можа, чорствы ты крыху душой, не ведаеш, што робіцца ў дзявочым сэрцы (М. Лынькоў); Сам ён, не надта сарамлівы ад прыроды, адчуваў сябе ў гэты дзень крыху някавата (А. Чарнышэвіч); З хаты чуваць высокі, малады, на дзіва чысты голас (К. Крапіва);
3) калі абодва кампаненты простага словазлучэння маюць паясняльныя словы: поўны ягад — з верхам поўны спелых ягад; удзячны сябру — надзвычай удзячны чуламу сябру; чароўны прыгажосцю — невыказна чароўны сціплай прыгажосцю; далёкі ад жыцця — вельмі далёкі ад жыцця студэнтаў; просты па выкладу — незвычайна просты па мастацкаму выкладу; непрыкметны пад мохам — амаль непрыкметны пад пухлым мохам; розныя па поглядах — дыяметральна розныя па навуковых поглядах. Ён рухаўся хутка і спрытна, вельмі вялікі для гэтай маленькай кузні, але ўсё ў яго выходзіла хутка і прызвычаена (Э. Самуйлёнак); І хата, маўклівая, вельмі няўтульная без звычайнай дзіцячай валтузні і гоману здалася, як склеп (І. Мележ).
Група 2. Прыметнік + група слоў, якія перадаюць аднародныя звязаныя паняцці
§ 87. Прыметнікавыя словазлучэнні гэтай групы характарызуюцца нязначнай прадуктыўнасцю, яны ўтвараюцца пераважна толькі ад словазлучэнняў з прыназоўнікам паміж (між) і назоўнікамі ў творным склоне: зацяжны паміж (між) Карпавым і Каспаравым, звілісты паміж возерам і вёскай. Такія словазлучэнні з’яўляюцца ў сказах адасобленымі азначэннямі: Сцяжынка, звілістая між возерам і невялікім лесам, вяла да нябачнай адсюль вёскі (Чырвоная змена, 1983). Неадасобленыя азначэнні семантычна і сінтаксічна звязаны з азначаемым назоўнікам і ўтвараюць разам з ім словазлучэнні з назоўнікам у ролі галоўнага слова: Звілістая сцяжынка між возерам і невялікім лесам вяла да нябачнай адсюль вёскі (Чырвоная змена, 1982).
Словазлучэнні гэтай групы будуюцца на аснове сінтаксічнай сувязі прымыкання і постпазіцыі залежнага кампанента.
Група 3. Прыметнік + складаная назва
§ 88. Складаныя словазлучэнні гэтай групы колькасна абмежаваны, аднак даволі прадуктыўныя: рады Старым Дарогам, поўны «Новай зямлёй», незабыўны для «Новага шляху», мацнейшы ў Броннай Гары, вядомы ў Мар’інай Горцы. Прамым парадкам слоў у гэтых словазлучэннях з’яўляецца постпазіцыя залежнага кампанента. Па тыпу сінтаксічных сувязей, семантыцы сінтаксічных адносін паміж галоўным і залежным кампанентамі, адносінах сінаніміі гэтыя словазлучэнні аднатыпныя з простымі словазлучэннямі адпаведных груп.
Разрад 2. Прыметнік + сінтаксічна непадзельнае словазлучэнне
§ 89. Словазлучэнні гэтага разраду вызначаюцца шырокай ужывальнасцю, разнастайнасцю семантычных адносін, парадку кампанентаў і ступені прадуктыўнасці. У якасці залежнага кампанента ў гэтых канструкцыях выступаюць словазлучэнні, якія з’яўляюцца адным членам сказа. Пры аддзяленні залежнага кампанента, абавязковага дэтэрмінатара да залежнага назоўніка, страчваецца сэнс канструкцыі: міралюбівыя людзі добрай волі, цудоўны ў вячэрні час, эфектыўны на вышэйшым узроўні, правадзейны ў поўным складзе, зразумелы на ўсіх мовах, няроўны з зубчастымі вяршалінамі.
Адносна фармальна-граматычнай будовы вылучаюцца наступныя складаныя словазлучэнні.
Група 1. Прыметнік + назоўнік у родным склоне + дэтэрмінатар
§ 90. Словазлучэнні гэтай групы прадстаўлены канструкцыямі з аб’ектнымі і часавымі адносінамі. Першыя даволі прадуктыўныя ў сучаснай мове: Ён жа сам і пятай часці таго не варт, што тытуню мне напсаваў (К. Крапіва).
Непрадуктыўнымі складанымі словазлучэннямі з залежным назоўнікам у родным склоне і пэўным дэтэрмінатарам з’яўляюцца канструкцыі з часавымі адносінамі: Проста, скажу табе, што заўтрашняга дня пэўны не быў (Э. Самуйлёнак).
Група 2. Прыметнік + назоўнік у вінавальным склоне + дэтэрмінатар
§ 91. Гэтыя прадуктыўныя складаныя словазлучэнні з сінтаксічна непадзельным залежным кампанентам выражаюць акалічнасныя адносіны з адценнямі часу і колькасці (або меры): Але мне здаецца, ані не страцілі і ніколі не страцяць свае глыбокае цікавасці тыя таемныя, кожны раз новыя, своеасаблівыя шляхі, па якіх ідзе чалавек ад вузка асабістых сваіх разломаў да поўнага расчынення сябе ў калектыве (М. Зарэцкі); Часам Сава пасля прыезду быў увесь дзень задумёны, маўклівы (П. Пестрак); Тыя боты як уздзене, дык халявы па калені, а як пойдзе, дык рыпяць, варты мо’ чырвонцаў пяць (К. Крапіва); Месца выбралі здатнае, вырылі дол, дол тры сажні шырокі, глыбокі; закапалі, убілі асінавы кол, далі насып тры сажні высокі (Я. Купала).
Словазлучэнні тыпу тры сажні шырокі, два сажні глыбокі не адпавядаюць норме сучаснай беларускай мовы. Яны былі характэрны для старабеларускай мовы і ўжываюцца для вырашэння выразна стылістычных задач у творчасці некаторых пісьменнікаў і паэтаў. Замест іх у сучаснай беларускай мове часам ужываюцца складаныя канструкцыі з прыназоўнікам у: шырокі ў тры сажні, глыбокі ў два сажні, аднак больш прадуктыўнымі з’яўляюцца адпаведныя назоўнікавыя словазлучэнні: шырынёй у тры сажні, глыбінёй у два сажні.
Словазлучэнні тыпу варты дзесяць рублёў, варты рублёў трыццаць характарызуюцца невысокай прадуктыўнасцю. Замест іх часта ўжываюцца значна больш прадуктыўныя словазлучэнні тыпу каштуе дзесяць рублёў, каштуе рублёў трыццаць. Трэба адзначыць, што складаныя словазлучэнні з сінтаксічна непадзельнымі спалучэннямі складаюць пераважную большасць канструкцый групы «прыметнік + назоўнік у вінавальным склоне».
Група 3. Прыметнік + назоўнік у творным склоне + дэтэрмінатар
§ 92. Асаблівай прадуктыўнасцю характарызуюцца гэтыя складаныя словазлучэнні, якія маюць таўталагічны характар і выражаюць у асноўным абмежавальна-аб’ектныя адносіны: вясёлы нястрымнай весялосцю, шчаслівы шчасцем дзяцей, горды самай высокай гордасцю. Колас не быў добранькі слязлівай дабратою (М. Лужанін); Усе былі ружовыя з марозу, свежыя, вясёлыя крэпкай, здаровай весялосцю (М. Зарэцкі); Вы ж самі бачыце, як я шчаслівы вашым і маім шчасцем (К. Чорны). Залежны кампанент гэтых словазлучэнняў выражаны назоўнікам, аднакарэнным з галоўным прыметнікам, і абавязковым дэтэрмінатарам.
Некаторыя з гэтых складаных словазлучэнняў выражаюць часавыя адносіны: Над цёмным лесам з’явіўся невялічкі, але рэзкі гэткаю парою вецер, і макушкі злёгку зашумелі, заківаліся (М. Гарэцкі); Думаючы пра радаслоўную гэтага моднага апошнім часам шаблону, можна ўспомніць не адну кінахроніку і не адну кнігу (Я. Брыль).
Адзінкавыя складаныя канструкцыі з залежным кампанентам — назоўнікам у творным склоне з дэтэрмінатарам выражаюць абмежавальныя адносіны з удакладненнем унутранага зместу прыметы: Мы ўлюбёныя сэрцам у мір і спакой, мы шчаслівыя сённяшнім днём (К. Кірэенка).
Група 4. Прыметнік + прыназоўнік + назоўнік у родным склоне + дэтэрмінатар
§ 93. Гэтыя словазлучэнні выражаюць у асноўным часавыя адносіны: сумны ад таго дня, незабыўны ад тых часоў, невядомы да таго часу, новы для таго часу, вядомы з таго часу. І я — сын Нёмана, з капыльскіх вежаў, што памятны ад Ігаравых дзён, сівому Бугу, пушчы Белавежы, табе, наш горад Брэст прынёс паклон (А. Астрэйка); Вераснянцы аж гарэлі ад цікаўнасці, каб як найхутчэй пабачыць гістарычны ад гэтага дня Стрымкаў двор (М. Паслядовіч); Знайшоўся нават невядомы да гэтых пор адзін пясняр (Я. Колас); Раптам зрабіліся чорнымі сінія да гэтага часу вокны (М. Паслядовіч); Гэтак скончылася сяброўства двух людзей, сяброўства незвычайнае і разам з тым банальнае для нашага часу (Б. Мікуліч); Сярод бліжэйшых хутаранцаў Каржакевіч быў досыць папулярны яшчэ з дарэвалюцыйнага часу (К. Крапіва); Пані Вашамірская хворая яшчэ з часоў балу (З. Бядуля).
Складаныя словазлучэнні гэтай групы з прасторавымі адносінамі прадстаўлены адзінкавымі, аднак шырока ўжывальнымі канструкцыямі з непадзельнымі словазлучэннямі адзін ад аднаго, адзін да аднаго: Гэтая дарога злучае два беларускія абшары, сваёй прыродай, характарам і выглядам далёкія адзін ад аднаго (К. Чорны); Трэба сказаць, што яны пачалі адчуваць самі сябе вельмі блізкімі адзін да аднаго людзьмі (К. Чорны).
Заўвага. Прыметнік пераходны паясняецца звычайна адначасова формамі роднага склону з прыназоўнікамі ад і да: Нярэдка можна сустрэць верш, які з’яўляецца пераходным ад аднаго размера да другога (К. Крапіва).
Складаныя словазлучэнні са значэннем меры, ступені прадстаўлены адзінкавымі канструкцыямі: І такім чынам [Булавін] у адзін вясновы дзень з’явіўся ў новай да апошняй хаты вёсцы Баравікі (П. Пестрак).
Група 5. Прыметнік + прыназоўнік + назоўнік у давальным склоне + дэтэрмінатар
§ 94. Гэтыя складаныя словазлучэнні даволі часта выражаюць прасторава-лакальныя адносіны: Цераз курганы і заводы відочныя па ўсёй зямлі, ад гэтых сцен, ад Валгаграда праспекты міру праляглі (М. Лужанін); Міліцыянер Цішка Каборда, вядомы па ўсёй ваколіцы вялікім спрытам выкрываць самагоншчыкаў, меў свой погляд на гэтую справу (З. Бядуля).
Група 6. Прыметнік + прыназоўнік + назоўнік у вінавальным склоне + дэтэрмінатар
§ 95. Гэтыя складаныя словазлучэнні выражаюць часавыя і прасторава-лакальныя адносіны: Ён рэдка смяяўся. Быў увесь час злосны, надзьмуты (П. Броўка); Старшыня калгаса адчуў звыклае за апошнія часы прыемнае сцісненне ў грудзях (Э. Самуйлёнак); Можа, чутны на цэлы свет, лёгкім птахам ляціць экспрэс (К. Кірэенка); Гэй ты, князь! Гэй праславен на цэлы бел-свет! (Я. Купала).
Група 7. Прыметнік + прыназоўнік + назоўнік у творным склоне + дэтэрмінатар
§ 96. Адзінкавыя складаныя словазлучэнні гэтай групы выражаюць часавыя адносіны з абмежавальным адценнем: Панас сядзеў каля стала і слухаў уступную перад пачаткам сходу прамову Камекі (П. Галавач).
Група 8. Прыметнік + прыназоўнік + назоўнік у месным склоне + дэтэрмінатар
§ 97. Нязначная колькасць гэтых складаных словазлучэнняў, якія характарызуюцца даволі шырокай ужывальнасцю, выражае часавыя адносіны: А пытанні гэтыя пастаўлены як эпізадычныя, а праз іх і сама справа фактычна зводзіцца да як каштоўнага толькі на тым этапе эпізоду (К. Чорны); Справа гэта па даўнейшых часах страшная (М. Лужанін); Чарняхоўскі быў самым маладым з камандуючых франтамі, маладым і па гадах і па вайсковай біяграфіі (І. Мележ); Паказанні сведак, адсутных па законных прычынах, суд пастанавіў агаласіць у свой час (Я. Колас); З падпечка чуецца хрыплы, пакутны крык перапуджанага і сляпога пры святле лучыны пеўня (К. Крапіва).
