Артефакт.lib.ru
Сайт Андрея Пискунова Хостинг Lib.Ru

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел

Словазлучэнне з прыметнікам

§§ 71–85

III тып. Словазлучэнні з прыметнікам у ролі галоўнага кампанента

Простыя словазлучэнні

Разрад 1. Словазлучэнні прыметнікаў з назоўнікамі

§ 71. Словазлучэнні з прыметнікам у ролі галоўнага слова падзяляюцца на 10 разрадаў: 7 разрадаў аб’ядноўваюць простыя, 2 — складаныя і 1 — метамоўныя словазлучэнні.

Група 1. Прыметнік + назоўнік у родным склоне

§ 72. Словазлучэнні гэтай групы лексічна абмежаваны з боку галоўнага і залежнага кампанентаў, аднак па ўжывальнасці яны не ўступаюць словазлучэнням іншых груп. Гэтыя словазлучэнні заснаваны на сувязі кіравання, яны выражаюць аб’ектныя адносіны з рознымі адценнямі.

Асабліва вялікай прадуктыўнасцю характарызуюцца словазлучэнні, у якасці галоўнага кампанента якіх выступаюць якасныя прыметнікі поўны, варты, дастойны, годны: поўны ягад, варты жалю, дастойны павагі, годны гонару і пад. У якасці залежных кампанентаў гэтых словазлучэнняў выступаюць пераважна назоўнікі з адцягненым значэннем: Каля Нёмана рассцілаўся луг, поўны незвычайнага хараства (Я. Колас); І ў поўныя жудасці нетры урэжацца [карабель], нібы забой (Г. Бураўкін); Дастойны вы песень вялікіх паэтаў (Я. Колас); Пацяроб збочыў на вузенькую, у адну ступню, Галілееву сцежку, прыемна адчуваючы свой годны хвалы дэмакратызм (М. Зарэцкі); Радасць вялікая, вартая усяго жыцця, ахапіла чалавека (К. Чорны).

Словазлучэнні з прыметнікам поўны даволі часта ўключаюць у якасці залежнага кампанента таксама і назоўнікі з канкрэтным значэннем: Сам канал, хоць і стары, але яшчэ шырокі і поўны вады, паабрастаны кустамі лазняку, сваёй праміною адплываў удаль і прападаў у далёкім лесе (П. Пестрак); У галаве Аляксандра круцілася кола ўспамінаў: даўжэзныя, гаманлівыя, поўныя салдат і матросаў калідоры Смольнага (С. Грахоўскі).

Прамым парадкам слоў у словазлучэннях з галоўнымі словамі поўны, варты, дастойны, годны з’яўляецца прэпазіцыя галоўнага кампанента, аднак адваротны парадак сустракаецца даволі часта, пераважна ў паэтычнай мове: Як сонцам, радасцю сагрэты і шчасця ўсе яны паўны (Я. Колас); Так гаворачы, яна села разам з ім, смяецца, ціхай радасці паўна (Я. Колас). Гэтыя словазлучэнні выражаюць аб’ектныя адносіны з адценнем унутранага зместу, напаўнення чым-небудзь: варты жыцця, годны хвалы, дастойны павагі, поўны радасці.

Прыметнікі поўны, дастойны, варты даволі часта ўжываюцца ў даных словазлучэннях у кароткай форме: У цяньку старога дрэва селі, снедаюць яны, і іх сэрцы згоды, спеву, светлай радасці паўны (Я. Колас); Я повен натхнення і радасных дум, суровай адвагі і веры жывой (П. Панчанка); Дастойны вы песень вялікіх паэтаў (Я. Колас); Ядвіся ж варта таго, каб аб ёй часамі і ўздыхнуць (Я. Колас).

Часам у мастацкай літаратуры ўжываюцца словазлучэнні прыметніка поўны з назоўнікамі ў творным склоне: поўны кветкамі, поўны думкамі і пад. Так ён стаяў, шчуплы, і ўзбуджаны, поўны немымі бурамі (К. Чорны). Такія словазлучэнні ўтвараюцца звычайна па аналогіі з адпаведнымі дзеяслоўнымі канструкцыямі з залежным назоўнікам у творным склоне, а таксама з дзеепрыметнікавымі канструкцыямі гэтага ж тыпу: напоўніць кветкамі (думкамі), напоўнены кветкамі (думкамі), але поўны кветак (думак). Прыметнікавыя словазлучэнні з залежным назоўнікам у творным склоне ўжываюцца таксама ў некаторых беларускіх гаворках. Для сучаснай літаратурнай мовы яны не характэрны і з’яўляюцца адхіленнем ад літаратурнай нормы.

Да словазлучэнняў з прыметнікамі поўны, варты, дастойны, годны прымыкаюць канструкцыі з прыметнікам датычны: датычны прысутных, датычны кіраўніцтва, датычны справы і пад. У парадку дня стаялі зусім іншыя, не датычныя асноўнае справы пытанні; Ён [Зелянок] гаворыць, што ўсе матэрыялы, датычныя сівалапаўскага калгаса, мае пры сабе Якуб Лакота (М. Зарэцкі). Але гэтыя словазлучэнні з’яўляюцца ненарматыўнымі для сучаснай беларускай мовы, яны былі характэрны пераважна для мовы першай палавіны XX ст. У сучаснай беларускай мове з прыметнікам датычны спалучаюцца назоўнікі ў родным склоне з прыназоўнікам да, якія выступаюць сінтаксічнымі сінонімамі да адпаведных беспрыназоўнікавых канструкцый: датычны справы — датычны да справы. Ужыванне канструкцый з родным беспрыназоўнікавым часта тлумачыцца ўплывам адпаведных дзеяслоўных канструкцый: датычыцца справы, але датычны да справы.

Не адпавядаюць норме літаратурнай мовы таксама часам ужывальныя канструкцыі тыпу прагны ведаў. У сучаснай беларускай мове з прыметнікам прагны звычайна спалучаюцца назоўнікі ў родным склоне з прыназоўнікам да: прагны да ведаў. Параўн.: прагнуць ведаў, прага ведаў, але прагны да ведаў.

Група 2. Прыметнік + назоўнік у давальным склоне

§ 73. Словазлучэнні гэтай групы самыя прадуктыўныя сярод беспрыназоўнікавых канструкцый з прыметнікам у ролі галоўнага кампанента. Яны выражаюць аб’ектныя адносіны з некаторымі адценнямі.

Асаблівай прадуктыўнасцю характарызуецца семантычная падгрупа словазлучэнняў з прыметнікамі характэрны, уласцівы, сімпатычны, агідны, блізкі, родны, дарагі, чужы, патрэбны, небяспечны, шкодны, вядомы, агульны, арганічны, брыдкі, варожы, прыкры, выгадны, карысны, страшны і пад., якія маюць у якасці сінонімаў канструкцыі з назоўнікамі ў родным склоне з прыназоўнікам для: характэрны пісьменніку — характэрны для пісьменніка; блізкі чалавеку — блізкі для чалавека; дарагі сябру — дарагі для сябра; арганічны характару — арганічны для характару; карысны справе — карысны для справы; страшны ворагу — страшны для ворага.

Словазлучэнні гэтай падгрупы выражаюць аб’ектныя адносіны, ускладненыя адценнем эмацыянальнай ацэнкі з боку суб’екта, выражанага залежным назоўнікам у давальным склоне, напрыклад: У памяці ўсплывалі падобныя ж блізкія і дарагія сэрцу малюнкі, якія даводзілася яму сустракаць не адзін раз (Я. Колас); Жэня добраахвотна пайшла на гэту неабходную радзіме справу (К. Чорны); Цяпер у яго знаходзілася гаворка, праўда, таксама ні яму, ні сваяку нецікавая (К. Чорны).

Да словазлучэнняў гэтай падгрупы прымыкаюць канструкцыі з прыметнікамі рады, удзячны, якія выражаюць аб’ектныя адносіны з адценнем эмацыянальных адносін да аб’екта, выражанага залежным назоўнікам у давальным склоне: рады сябру, удзячны брату і пад. У адрозненне ад разгледжаных вышэй словазлучэнняў з адценнем эмацыянальнай ацэнкі з боку суб’екта (блізкі сябру, радасны брату (успамін)) гэтыя словазлучэнні не маюць сінанімічных канструкцый з залежнымі назоўнікамі ў родным склоне з прыназоўнікам для: блізкі сябру — блізкі для сябра, але удзячны сябру; радасны брату (успамін) — радасны для брата (успамін), але рады брату. У апошнім прыкладзе канструкцыі хоць і змяшчаюць блізкія па сэнсу прыметнікі (радасны і рады), аднак адрозніваюцца па сваіх сінтаксічных уласцівасцях, абумоўленых рознымі адценнямі аб’ектных адносін, якія выражаюцца гэтымі канструкцыямі (у канструкцыях з прыметнікам радасны — адценне эмацыянальнай ацэнкі з боку суб’екта; у канструкцыі з прыметнікам рады — адценне эмацыянальных адносін да аб’екта).

У словазлучэннях з назоўнікам у давальным склоне прыметнікі рады, любы, мілы, дарагі ўжываюцца ў кароткай форме: Звяры і птушкі былі рады вясне (В. Вольскі); Як я чакаў вясны прыходу, як я вясне і сонцу рад! (А. Астрэйка); Беларусь ты мнагавёрстая, як ты люба дзетвары! (А. Астрэйка).

Другую шырокую і прадуктыўную падгрупу словазлучэнняў з назоўнікамі ў давальным склоне складаюць канструкцыі з прыметнікамі адэкватны, аналагічны, адпаведны, сучасны, прапарцыянальны, сінанімічны, падуладны, верны, падкамандны, паслухмяны, пакорны, адданы і пад.

Словазлучэнні гэтай падгрупы не маюць сінанімічных канструкцый з назоўнікамі ў родным склоне. Яны ў адрозненне ад папярэдніх выражаюць аб’ектныя адносіны з адценнямі адпаведнасці або падпарадкаванасці: Ён так і хацеў падысці проста да гаспадара, узяць адпаведны моманту тон — строгі, вядома, нават суровы, але не звяглівы (М. Зарэцкі); І вынікла новае мора, пакорнае волі людской (Я. Колас); Параход падыходзіў да берага ціха, падуладны толькі рулю (І. Мележ); Ляціш на захад ты, з другімі ў згодзе шляхамі, шлях мой! Ты не знаеш меж, ляціш, не падуладны перашкодзе (А. Куляшоў).

Асобна вылучаецца падгрупа словазлучэнняў «прыметнік + назоўнік у давальным склоне», якая мае ў якасці сінонімаў прыметнікавыя канструкцыі з залежнымі назоўнікамі ў творным склоне з прыназоўнікам з: блізкі каму-н. — блізкі з кім-н.; аналагічны чаму-н. — аналагічны з чым-н.; роўны каму-н. — роўны з кім-н.; родны каму-н. — родны з кім-н. і пад. Ёсць сіла, роўная красе, багатшая за ўсе багацці (П. Глебка). Гэтыя словазлучэнні хоць і абмежаваныя з боку галоўнага слова, аднак даволі прадуктыўныя ў сучаснай беларускай мове.

Заўвага. Прыметнік падобны па нормах сучаснай беларускай літаратурнай мовы не можа кіраваць давальным склонам назоўнікаў, а словазлучэнні тыпу падобны каму-н. не адпавядаюць літаратурнай мове. Замест іх шырока ўжываюцца словазлучэнні з залежнымі назоўнікамі ў родным склоне з прыназоўнікамі да (падобны да каго-н.) і на (падобны на каго-н.), а таксама кантэкстуальна абмежаваныя словазлучэнні з назоўнікамі ў творным склоне з прыназоўнікам з (падобны з кім-н.)

Словазлучэнні «прыметнік + назоўнік у давальным склоне» заснаваны на сінтаксічнай сувязі кіравання. Прамым парадкам слоў у гэтых словазлучэннях з’яўляецца постпазіцыя залежнага кампанента. Адваротны парадак слоў сустракаецца пераважна ў паэтычнай мове, мастацкай прозе, а таксама ў гутарковым стылі мовы: Хорам выстраіў ты, твайму воку так міл (Я. Купала); Скарынцы чэрствай будзеш рады (І. Мележ).

Група 3. Прыметнік + назоўнік у творным склоне

§ 74. Словазлучэнні гэтай групы выражаюць абмежавальныя, часавыя і прасторавыя адносіны з рознымі адценнямі. Гэтыя словазлучэнні заснаваны на сувязі кіравання і прымыкання і характарызуюцца значнай прадуктыўнасцю ў сучаснай беларускай мове: хворы душой, небяспечны ўскладненнямі, багаты ягадамі, бедны ведамі, вядомы азёрамі, шчаслівы позіркам, абавязаны поспехам, поўны шчабятаннем, здзіўлены выглядам, моцны дружбай, здаровы целам, ціхі характарам, невялікі ростам, кволы сэрцам, хударлявы тварам, стройны станам, дзіўны гучаннем, шчодры душой, цікавы навізною, падобны голасам, баязлівы характарам, прывабны свежасцю, знакаміты адкрыццямі, бадзёры духам, карысны навукай, прыемны гучаннем, шумны гоманам, чароўны прыгажосцю, вязкі месцамі.

Словазлучэнні з абмежавальна-аб’ектнымі адносінамі складаюць колькасна невялікую падгрупу, аднак з’яўляюцца даволі прадуктыўнымі: задаволены вынікам, горды поспехам, поўны ягадамі, славуты зубрамі, вядомы вершамі, знакаміты творамі, багаты баравікамі, бедны расліннасцю, характэрны стылем, шчаслівы жыццём, абавязаны поспехам, хворы духам.

Гэтыя словазлучэнні пабудаваны на аснове сувязі кіравання. Прамым парадкам слоў з’яўляецца постпазіцыя залежнага кампанента: Мы моцныя духам, загартаваным у барацьбе (С. Грахоўскі); [Моладзь] была гордая свядомасцю, што зрабіла вялікую справу (Я. Колас); Так ён стаяў, шчуплы і ўзбуджаны, поўны немымі бурамі (К. Чорны); У сваім родным краі, імя якому Беларусь, жыве беларускі народ, слаўны сваёй шматвяковай гісторыяй, сваімі нацыянальнымі духоўнымі багаццямі (К. Чорны); Будучы цяжарнай трэцім дзіцем, яна [маці] пайшла з бацькам на рум варочаць калоды (І. Гурскі); Ды глянь: набухшы ў кожнай баразёнцы, цяжарная ўраджаямі ралля ў павітухі запрашае сонца (П. Макаль).

Адваротны парадак слоў ужываецца пераважна ў паэтычных творах, мастацкай прозе, а таксама ў сказах з адмоўем: Прасцяг дажджамі повен (П. Панчанка); Бабруйск не бабрамі, а Тураў не турамі сягоння вядомы. Славуты яны героямі працы, савецкай культураю, адважным змаганнем у часе вайны (П. Панчанка).

Прыметнікі слаўны, поўны, вядомы, славуты, горды, багаты, бедны і падобныя ў складзе словазлучэнняў з назоўнікамі ў творным склоне часта ўжываюцца ў кароткай форме: Быў гэты дом усім вядом і слаўнай працай і дабром, сваёй гасціннасцю, цяплом (П. Броўка); І Магілёў стаў славен заводамі і фабрыкамі (К. Чорны).

Словазлучэнні з прыметнікамі багаты, бедны маюць сінанімічныя канструкцыі з залежнымі назоўнікамі ў вінавальным склоне з прыназоўнікам на: багаты грыбамі — багаты на грыбы; бедны лясамі — бедны на лясы. Такая сінанімічнасць характэрна пераважна словазлучэнням з залежнымі назоўнікамі канкрэтнага значэння. Словазлучэнні з адцягненымі назоўнікамі ў вінавальным склоне з прыназоўнікам на з’яўляюцца менш прадуктыўнымі ў параўнанні з адпаведнымі словазлучэннямі з залежнымі назоўнікамі ў творным склоне, параўн.: багаты радасцямі — багаты на радасці; бедны ўспамінамі — бедны на ўспаміны.

Словазлучэнні з прыметнікам вядомы маюць сінанімічную канструкцыю з залежным назоўнікам у месным склоне з прыназоўнікам па, хоць апошняя характарызуецца значна меншай прадуктыўнасцю, параўн.: знаёмы вершамі — знаёмы па (сваіх) вершах.

Для большасці прыметнікаў характэрна двайное кіраванне: назоўнікам у давальным склоне і назоўнікам у творным склоне. У такіх выпадках больш ужывальным і стылістычна правільным з’яўляецца выкарыстанне ў якасці залежнага кампанента назоўніка ў месным склоне, параўн.: знаёмы (Сцяпану) па работах і знаёмы (Сцяпану) работамі. Аднак пры ўдакладненні залежнага назоўніка пэўнымі азначэннямі словазлучэнні з назоўнікамі ў творным склоне з’яўляюцца стылістычна правільнымі і шырока ўжывальнымі ў літаратурнай мове, параўн.: знаёмы Сцяпану работамі — знаёмы Сцяпану выдатнымі работамі, знаёмы Сцяпану сваімі работамі.

Словазлучэнні з абмежавальна-ўдакладняльным значэннем заснаваны на сувязі іменнага прымыкання: важны вынікамі, відны сабой, невысокі ростам, слабы сэрцам, небяспечны ўскладненнямі, рэзкі характарам, глыбокі зместам, бадзёры духам, бледны тварам, бедны ўбранствам, слабы вачыма, цяжкі выкладам, грозны гневам, малодшы званнем, стройны станам, хударлявы тварам, цікавы замалёўкамі, каштоўны навізною і інш.

Словазлучэнні гэтай падгрупы ўтвараюцца разнастайнымі якаснымі і некаторымі колькаснымі прыметнікамі і характарызуюцца вялікай прадуктыўнасцю: Саснякі густыя з пералескамі, хмызнякі, парослыя лазой, толькі і выдатныя пралескамі, верасам, куп’ём і дзеразой (П. Глебка); Высокі, бялявы тварам, ён [Алесь] выгадна адрозніваўся ад заняпалага Казюка (П. Броўка); Гэта інтэрнацыянальны сваёй душой і сэрцам чалавек (К. Чорны).

Вельмі рэдка словазлучэнні з залежным назоўнікам у творным склоне могуць утварацца адноснымі прыметнікамі, у прыватнасці прыметнікамі з суфіксам -ск, утворанымі ад геаграфічных назваў: Яна нестычынская родам (А. Чарнышэвіч).

Словазлучэнні з прыметнікамі важны, рэзкі, глыбокі, бедны, цяжкі, малады, цікавы і падобнымі маюць сінанімічныя канструкцыі з залежнымі назоўнікамі ў месным або давальным склоне з прыназоўнікам па: важны вынікамі — важны па выніках; рэзкі характарам — рэзкі па характару; глыбокі зместам — глыбокі па зместу; бедны ўбранствам — бедны па ўбранству; цяжкі выкладам — цяжкі па выкладу; малады духам — малады па духу; цікавы зместам — цікавы па зместу.

Словазлучэнні з прыметнікамі слабы, хворы, хударлявы, здаровы маюць сінанімічныя канструкцыі з залежнымі назоўнікамі ў вінавальным склоне з прыназоўнікам на: слабы вачыма — слабы на вочы; хворы сэрцам — хворы на сэрца; хударлявы тварам — хударлявы на твар; здаровы целам — здаровы на цела.

Асобныя словазлучэнні з гэтымі прыметнікамі маюць сінанімічныя канструкцыі з назоўнікамі ў месным склоне з прыназоўнікам па і з назоўнікамі ў месным склоне з прыназоўнікам на, а таксама канструкцыі з назоўнікамі ў родным склоне з прыназоўнікам з: бадзёры выглядам — бадзёры па выгляду — бадзёры на выгляд — бадзёры з выгляду; хударлявы тварам — хударлявы па твары — хударлявы на твар — хударлявы з твару.

Сярод словазлучэнняў з абмежавальна-ўдакладняльным значэннем вылучаецца падгрупа словазлучэнняў з адценнямі:

удакладнення ўнутранага зместу: шчаслівы жыццём, горды працай, шумны гоманам, відны сабой, асаблівы выкананнем, карысны навукай, чароўны прыгажосцю і пад. Мы ўлюбёныя сэрцамі ў мір і спакой, мы шчаслівыя сённяшнім днём (К. Кірэенка);

абумоўленасці і прычыны: нікчэмны слабасцю, страшны памерам, шчаслівы перамогай, непрыемны вільгаццю, жудасны цеменню і пад. На гэтым балотным прасторы пападаюцца вузкія палосы вады, страшныя сваёю маўклівасцю і глыбінёй (Я. Колас). Гэтыя словазлучэнні сінанімічны канструкцыям з прыназоўнікамі ад, у выніку, з-за і назоўнікамі ў родным склоне, а таксама складаназалежным сказам са злучнікамі таму што, у выніку таго што, дзякуючы таму што, з-за таго што: страшны цеменню — страшны ад (у выніку, з-за) цемені — страшны, таму што (у выніку таго што, з-за таго што) цемень; шчаслівы перамогай — шчаслівы ад (у выніку) перамогі — шчаслівы, таму што (у выніку таго што, дзякуючы таму што) перамога.

Заўвага. Словазлучэнні з прыметнікамі пахучы, бліскучы і залежнымі назоўнікамі ў творным склоне (пахучы смалою, бліскучы формай), якія часам ужываюцца ў мастацкай літаратуры, не адпавядаюць норме сучаснай беларускай мовы. Замест іх патрэбна выкарыстоўваць канструкцыі з прыназоўнікамі ад, у і назоўнікамі роднага і меснага склонаў, параўн.: пахучы смалою (хвойнік) — пахучы ад смалы (хвойнік); бліскучы формай (афіцыянт) — бліскучы ў форме (афіцыянт).

Словазлучэнням з адценнямі ўдакладнення ўнутранага зместу і абумоўленасці, прычыны звычайна ўласціва постпазіцыя залежнага кампанента. Адваротны парадак слоў сустракаецца рэдка, пераважна ў паэтычных творах: Там працавітыя, хлебам не сытыя, снуюцца людскія цені (Я. Купала); Мы моладасцю вечнаю крылаты (А. Вялюгін).

Словазлучэнні «прыметнік + назоўнік у творным склоне», якія выражаюць часавыя адносіны, з’яўляюцца адзінкавымі: сумны ранкам, вечарамі вясёлы і пад. Гэтыя словазлучэнні заснаваны на сувязі прымыкання. Яны не маюць замацаванага месца галоўнага і залежнага кампанентаў, параўн.: Сцяпан быў заклапочаны ранкам і Сцяпан быў ранкам заклапочаны.

Словазлучэнні з прасторава-лакальным значэннем таксама адзінкавыя, яны абмежаваны з боку залежнага кампанента. Як і словазлучэнні з часавымі адносінамі, гэтыя канструкцыі заснаваны на сувязі прымыкання і не маюць замацаванага месца галоўнага і залежнага кампанентаў: Дно возера мястамі вязкае, мулаватае, мястамі тупкае з дробненькім, жоўценькім пясочкам (Я. Колас); Угары паслаўся цёмна-сіні прастор, рабаваты месцамі ад кавалкаў пушыстых хмар (П. Галавач).

Група 4. Прыметнік + прыназоўнік + назоўнік у родным склоне

§ 75. Словазлучэнні гэтай групы выражаюць камплетыўныя і аб’ектныя адносіны.

Канструкцыі з камплетыўнымі (дапаўняльнымі) адносінамі заснаваны на сувязі кіравання. Гэта словазлучэнні з прыназоўнікамі з, сярод і прыметнікамі найвышэйшай ступені параўнання: самы моцны з каманды, смялейшы (самы смелы) з хлопцаў, самы старэйшы з жыхароў, старэйшы з калгаснікаў, самая блізкая з вёсак, найбліжэйшы з хутароў; найлепшы сярод людзей, самы блізкі сярод аднагодкаў, старэйшы сярод дзяцей і інш. У якасці залежных кампанентаў у такіх словазлучэннях выступаюць назоўнікі множнага ліку або назоўнікі са значэннем множнасці: бліжэйшы з дамоў, самы бойкі сярод дзяцей, самы шкодны са статку і інш.

Да словазлучэнняў з камплетыўнымі адносінамі належаць таксама канструкцыі з прыметнікамі апошні, бліжні, сярэдні, крайні, пярэдні, а таксама з парадкавымі лічэбнікамі: апошні з шарэнгі, сярэдні з калоны, крайні з будынкаў, першы з коннікаў. Крайнія з натоўпу пачалі адступацца і ціснуцца (К. Крапіва); Яна ачуняла амаль што апошняя з тыфозных хворых (І. Шамякін).

Камплетыўныя адносіны могуць часткова перадавацца таксама канструкцыямі з прыназоўнікамі у, на і назоўнікамі ў форме меснага склону: лепшы з класа — лепшы ў класе; самы вядомы з завода — самы вядомы на заводзе; першы з калоны — першы ў калоне.

Камплетыўныя адносіны выражаюць і канструкцыі з прыназоўнікамі ад, да, для і назоўнікамі ў родным склоне: адметны ад сяброў, далёкі ад жыцця, вольны ад заняткаў, блізкі ад лесу; ахвочы да ласункаў, схільны да самоты, падкі да сенсацый, сквапны да грошай; адзіны для вучняў, аднолькавы для супрацоўнікаў, цяжкі для студэнтаў, звычайны для людзей, важны для працоўных, характэрны для пісьменніка і пад.

Камплетыўныя адносіны ў словазлучэннях з прыназоўнікам ад ускладняюцца акалічнасным (прасторавым) адценнем: Галена пайшла па дарозе і выйшла да крайняй ад балота хацінкі (К. Чорны); Ля крайніх ад рэчкі хат мітусіліся людзі (М. Лынькоў); А сам Лайзак пайшоў у суседні ад сваёй вёскі фальварак (П. Броўка).

Для выражэння камплетыўных адносін з прасторавым адценнем часам ужываюцца словазлучэнні з прыназоўнікам к і назоўнікамі ў давальным склоне: бліжэйшы ад лесу — бліжэйшы к лесу, крайні ад шашы — крайні к шашы, бліжэйшы ад вёскі — бліжэйшы к вёсцы. Неўзабаве ... яго ўвагу ўзяў на сябе самы бліжэйшы к лесу дамок (К. Чорны).

Словазлучэнні з прыназоўнікам да выражаюць камплетыўныя адносіны, ускладненыя аб’ектным адценнем: Мой Андрэй быў характару мяккага, схільны да плачу (В. Таўлай); Аж пыл узняўся над усім сялом, калі гэтыя завішныя і ёмкія да працы людзі пачалі ламаць коміны (М. Лынькоў); Нястомны Шпунт, не трэба з яго кпіць: да працы ён руплівы і ахвочы (А. Зарыцкі).

Для выражэння камплетыўных адносін з аб’ектным адценнем з прыметнікамі сквапны, хцівы, ласы, ахвочы і падобнымі ўжываюцца таксама словазлучэнні з прыназоўнікам на і залежнымі назоўнікамі ў форме вінавальнага склону: сквапны да дабра — сквапны на дабро, ласы да пачастункаў — ласы на пачастункі, падкі да хвалы — падкі на хвалу і пад. Народ усё шляхтаваты, на чужую пачостку сквапны (К. Крапіва); І гэта ноч, як бы жывая, і быццам нешта яна знае, але аб тым казаць не хоча, бо на размовы не ахвоча (Я. Колас).

Словазлучэнні з прыназоўнікам для выражаюць камплетыўныя адносіны, ускладненыя абмежавальна-аб’ектным адценнем: То былі водсветы людскіх паселішч, новых, буйных, нязвычных для былой соннай цішыні гэтага краю (М. Лынькоў); Мост быў разбураны. Іншыя зручныя для пераправы месцы знаходзіліся далёка (І. Мележ); Ён ніяк не адважыцца ахвяраваць пэўную колькасць слоўнага матэрыялу на тое, каб зрабіць п’есу больш сціслай і, галоўнае, прыдатнай для пастаноўкі (К. Крапіва). Для выражэння камплетыўных адносін з абмежавальна-аб’ектным адценнем часткова ўжываюцца таксама канструкцыі з давальным беспрыназоўнікавым: У памяці ўсплывалі падобныя ж блізкія і дарагія сэрцу малюнкі, якія даводзілася яму сустракаць не адзін раз (Я. Колас).

Прамым парадкам слоў у словазлучэннях з камплетыўнымі адносінамі з’яўляецца постпазіцыя залежнага кампанента. Адваротны парадак слоў сустракаецца адносна рэдка: Ён да яды не так быў падак (Я. Колас).

Канструкцыі з аб’ектнымі адносінамі складаюць адну з самых прадуктыўных падгруп. Яны заснаваны на сувязі кіравання і ўжываюцца з прыназоўнікамі да, для, ад, без, з, супраць (супроць), адносна:

чулы да людзей, даходлівы да чытача, роўны да ўсіх, непрымірымы да ворагаў, патрабавальны да сябе, ветлівы да гасцей, нераўнадушны да клопатаў, прывычны да працы, падобны да сястры, уважлівы да ўсяго, шчыры да сяброў;

абавязковы для вучняў, непрыкметны для вока, карысны для грамадства, характэрны для пісьменніка, правамерны для аналізу, зразумелы для чытача, цікавы для навукі, карысны для людзей, спрыяльны для росту, тыповы для рэчаіснасці, традыцыйны для літаратуры, смешны для дзяцей, спажыўны для раслін, непрыкметны для вока і інш.;

неаддзельны ад жыцця, неадлучны ад сяброў, залежны ад умоў, вольны ад заняткаў, чысты ад прымесей, незалежны ад рашэння, адметны ад сяброў;

смутны без прычыны, вінаваты без віны, вясёлы без песень, яркі без падмалёўкі, гладкі без шліфоўкі, прыгожы без прыкрас;

багаты з зямлі, зразумелы з паводзін, выразны з пастановы;

эфектыўны супраць пустазелля, устойлівы супраць палягання, бездапаможны супраць камароў, бязлітасны супраць ворагаў, вышэйшы супраць мінулага (паказчык), стомлены супраць ночы;

сіметрычны адносна будынка, невысокі адносна даўжыні, варыянтны адносна канчатка (грам.), надзейны адносна захавальнасці.

Аб’ектныя адносіны ў словазлучэннях з прыназоўнікам да ўскладняюцца абмежавальным адценнем: уважлівы да дзяцей, шчыры да сяброў, падобны да сястры, кемлівы да навукі, патрабавальны да таварышаў. Ён падумаў, што быў вельмі несправядлівы да свае ўнучкі (К. Чорны); Даверлівыя да людзей, яны [буслы] кружылі зусім нізка над хатай (В. Вітка); Старшы сяржант Львоў патрабавальны да таварышаў (Х. Шынклер); Вы занадта строгая да людзей (К. Крапіва).

Пераважная частка словазлучэнняў з прыназоўнікам да ўтварае сінанімічныя пары з канструкцыямі з прыназоўнікам к і залежнымі назоўнікамі ў давальным склоне, хоць апошнія значна менш ужывальныя ў сучаснай беларускай мове: уважлівы да дзяцей — уважлівы к дзецям; шчыры да сяброў — шчыры к сябрам; патрабавальны да таварышаў — патрабавальны к таварышам. Прыкладна аднолькавай ужывальнасцю з канструкцыямі з прыназоўнікам да характарызуецца параўнальна невялікая частка словазлучэнняў з прыназоўнікам к, якія маюць у якасці галоўнага кампанента аддзеяслоўныя прыметнікі: гатовы к бою, прывычны к рабоце, успрымальны к музыцы, патрабавальны к таварышам, непрымірымы к недахопам. Параўн.: Сані гатовы былі да выезду (К. Чорны) і Гатовы к адпраўцы эшалон стаяў на станцыі (М. Лынькоў). У падобных выпадках выбар прыназоўніка часта абумоўлены патрабаваннямі лёгкасці вымаўлення і мілагучнасці: успрымальны да кінамастацтва (не к кінамастацтву), патрабавальны да Каці (не к Каці) і пад.

Значная частка словазлучэнняў з прыназоўнікам да, пераважна з якаснымі прыметнікамі неаддзеяслоўнага паходжання ў якасці галоўнага кампанента, сінанімічна адпаведным канструкцыям з прыназоўнікам з і з залежным назоўнікам у творным склоне: ветлівы да гасцей — ветлівы з гасцямі; суровы да людзей — суровы з людзьмі; чулы да дзяцей — чулы з дзецьмі; роўны да ўсіх — роўны з усімі; жорсткі да ворагаў — жорсткі з ворагамі. Словазлучэнні гэтай семантыкі з прыназоўнікам з маюць абмежаванні і з боку залежнага кампанента: у ролі апошняга могуць выступаць толькі адушаўлёныя назоўнікі, што абумоўлена спецыфічным адценнем у семантыцы гэтых канструкцый, якая не супадае цалкам з семантыкай адпаведных словазлучэнняў з прыназоўнікам да.

Некаторыя словазлучэнні з прыназоўнікам да сінанімічны і канструкцыям з прыназоўнікам к, і канструкцыям з прыназоўнікам з, утвараючы трохчленны сінанімічны рад: міласэрны да хворых — міласэрны к хворым — міласэрны з хворымі; бязлітасны да прыгонных — бязлітасны к прыгонным — бязлітасны з прыгоннымі; уважлівы да людзей — уважлівы к людзям — уважлівы з людзьмі. Галоўнымі кампанентамі такіх словазлучэнняў выступаюць якасныя прыметнікі пераважна неаддзеяслоўнага ўтварэння, залежнымі — адушаўлёныя назоўнікі.

Словазлучэнні з прыметнікам падобны ўтвараюць сінанімічныя пары з адпаведнымі канструкцыямі з прыназоўнікам на: падобны да брата — падобны на брата. Параўн.: Ясь Ліскоўскі быў зусім не падобен да брата (Я. Колас) і Насустрач ёй узыходзіць высокі і стары чалавек, таксама з твару вельмі падобны на Сашку (К. Чорны). У словазлучэннях з залежнымі назоўнікамі, якія абазначаюць асоб, ужывальнасць абедзвюх канструкцый прыкладна аднолькавая, з некаторай перавагай канструкцый з прыназоўнікам да, а ў словазлучэннях з неадушаўлёнымі назоўнікамі ўжыванне прыназоўніка да значна больш пашыранае ў параўнанні з ужываннем прыназоўніка на, параўн.: (выпадак) падобны да здарэння — (выпадак) падобны на здарэнне; (комплекс) падобны да збудаванняў — (комплекс) падобны на збудаванні.

Словазлучэнні з прыметнікамі кемлівы, здольны, здатны і падобнымі могуць утвараць сінанімічныя пары канструкцый з прыназоўнікам на і залежным назоўнікам у форме вінавальнага склону: здатны да выдумак — здатны на выдумкі; кемлівы да жартаў — кемлівы на жарты і пад.

Канструкцыі з аб’ектным значэннем з прыназоўнікам для ўскладняюцца абмежавальным адценнем з боку праяўлення прыметы, выражанай прыметнікам: памятны для сяброў, незвычайны для дзяцей, новы для сяльчан, чужы для прысутных, смешны для дзяцей. Ён рухаўся хутка і спрытна, вельмі вялікі для гэтай маленькай кузні, але ўсё ў яго выходзіла хутка і прызвычаена (Э. Самуйлёнак).

Значная частка словазлучэнняў з аб’ектнымі адносінамі з прыназоўнікам для сінанімічна беспрыназоўнікавым канструкцыям з залежным назоўнікам у форме давальнага склону: даступны для чытача — даступны чытачу; характэрны для творчасці — характэрны творчасці і пад. Адносіны сінаніміі не распаўсюджваюцца на параўнальна невялікую частку словазлучэнняў з адценнем адпаведнасці — неадпаведнасці: вялікі для брата — вялікі брату, але толькі вялікі для маленькага пакоя; цяжкі для студэнтаў — цяжкі студэнтам, але толькі цяжкі для пажылога ўзросту. Ненарматыўным з’яўляецца таксама ўтварэнне сінанімічных канструкцый з давальным беспрыназоўнікавым, адпаведных прыназоўнікавым з моцна выражаным часава-абмежавальным, мэтава-абмежавальным, аб’ектна-абмежавальным і іншымі абмежавальнымі адценнямі: характэрны для часу, папулярны для перыяду, знамянальны для эпохі, тыповы для стагоддзя, нармальны для ўзросту, дастатковы для завяршэння, каштоўны для навукі, неабходны для вырошчвання, эфектыўны для выхавання, недастатковы для аналізу, павучальны для прысутных, агульны для студэнтаў, традыцыйны для літаратуры, аўтарытэтны для моладзі, памятны для сяброў і пад.

Словазлучэнні з прыназоўнікамі ад, без, з таксама выражаюць аб’ектныя адносіны, ускладненыя абмежавальным адценнем: У вольныя ад баявых аперацый дні да бацькі Мірона збіралася багата людзей па розных справах (М. Лынькоў); Камбінат стаў для сотняў крушынцаў неаддзельным ад іхняга жыцця (Б. Мікуліч); Ты разумен без навукі (Я. Колас); Дый усмешкі на капрызныя і без падмалёўкі яркія губкі было не пазычаць дзяўчыне (М. Лужанін); Так паказаць героя, каб яго душэўны стан быў зразумелы з дзеянняў (П. Галавач).

Заўвага. Словазлучэнні з прыназоўнікам з тыпу давольны з пастановы, давольны з канцоўкі не з’яўляюцца прадуктыўнымі і паступова выходзяць за межы літаратурнай нормы. Замест іх шырока ўжываюцца канструкцыі з творным беспрыназоўнікавым: задаволены (давольны) пастановай, задаволены (давольны) канцоўкай. Параўн.: Я быў задаволены з непрадбачанай канцоўкі (Х. Шынклер); Усе давольны з пастановы — нежанаты і жанаты (Я. Купала).

Словазлучэнні з прыназоўнікамі ад, без, з з аб’ектным значэннем практычна не маюць сінонімаў. Выключэннем з’яўляюцца адзінкавыя словазлучэнні з прыметнікамі адметны, адрозны і семантычна блізкімі да іх з прыназоўнікам ад, якія сінанімічны канструкцыям з прыназоўнікамі паміж (між), сярод і залежнымі назоўнікамі ў форме роднага склону: адметны ад сяброў — адметны паміж (між), сярод сяброў; адрозны ад прысутных — адрозны паміж (між), сярод прысутных. Канструкцыі з прыназоўнікамі паміж (між), сярод маюць некаторую семантычную спецыфіку, абумоўленую значэннем гэтых прыназоўнікаў.

Прыметнік пераходны, як і адпаведны дзеяслоў, кіруе часта формамі роднага склону з прыназоўнікам ад і на: Нярэдка можна сустрэць верш, які з’яўляецца пераходным ад аднаго размеру да другога (К. Крапіва).

Словазлучэнні з прыназоўнікам супраць (супроць) з аб’ектным значэннем ускладняюцца абмежавальным адценнем: Устойлівыя супраць палягання сарты ячменю на тарфяна-балотных глебах адрозніваюцца ад малаўстойлівых радам марфалагічных адзнак (Весці АН БССР, 1982). Яны сінанімічны функцыянальна абмежаваным словазлучэнням з састаўным прыназоўнікам у адносінах і часткова — словазлучэнням з прыназоўнікамі адносна, да: эфектыўны супраць пустазелля — эфектыўны ў адносінах пустазелля — эфектыўны адносна пустазелля (амаль не ўжывальнае); устойлівы супраць палягання — устойлівы ў адносінах палягання — устойлівы адносна палягання — устойлівы да палягання; бездапаможны супраць камароў — бездапаможны ў адносінах камароў (стылістычна няправільнае) — бездапаможны адносна камароў.

Да словазлучэнняў з прыназоўнікам супраць з аб’ектнымі адносінамі прымыкаюць словазлучэнні з адценнем параўнання: невысокі супраць сяброў, здаровы супраць Мікіты і пад. Супраць Красуцкага ён быў невялікі (Я. Скрыган). У адрозненне ад словазлучэнняў з аб’ектна-абмежавальнымі адносінамі словазлучэнні з аб’ектна-параўнальнымі адносінамі не маюць сінанімічных канструкцый з прыназоўнікамі у адносінах, адносна, да, а ўжывальныя часам канструкцыі такога тыпу з’яўляюцца стылістычна няправільнымі: устойлівы супраць палягання — устойлівы ў адносінах (адносна, да) палягання, але толькі здаровы супраць Мікіты.

Словазлучэнні з прыназоўнікам адносна з’яўляюцца малапрадуктыўнымі. Яны выражаюць аб’ектна-абмежавальныя адносіны: Круг узбуджальных цел ... абмяжоўваецца ў асноўным двухмернымі формамі, што ствараюць сіметрычны адносна восі цела эфект (Весці АН БССР, 1982). Некаторыя з іх сінанімічны канструкцыям з прыназоўнікамі да, па і назоўнікамі ў форме адпаведных ускосных склонаў, а таксама беспрыназоўнікавым канструкцыям з залежнымі назоўнікамі ў форме давальнага склону: сіметрычны адносна будынка — сіметрычны да будынка — сіметрычны будынку; варыянтны адносна націску — варыянтны па націску; надзейны адносна захавальнасці — надзейны па захавальнасці і пад.

Прамым парадкам слоў у словазлучэннях з аб’ектнымі адносінамі з’яўляецца постпазіцыя залежнага кампанента. Адваротны парадак слоў сустракаецца рэдка, пераважна ў мастацкай літаратуры (часцей у паэзіі) і ў размоўным стылі мовы: Ад усёй грамады чалавек выбарны (К. Чорны); Старшы сяржант Львоў патрабавальны да таварышаў (Х. Шынклер); Сама зямля без гною тлуста (Я. Колас); На ўскраіну з песняй прыйшоў лістапад — без слоў галасісты, вясёлы без кветак (У. Хадыка).

Словазлучэнні «прыметнік + прыназоўнік + назоўнік у родным склоне», якія выражаюць прасторавыя адносіны, прадстаўлены ў сучаснай беларускай мове таксама даволі разнастайнымі па ўжывальнасці і стылістычнай афарбоўцы канструкцыямі з прыназоўнікамі ад, да, з, з-за, сярод, паміж (між), каля, вышэй, ніжэй, заснаванымі на сувязі прымыкання:

процілеглы ад лесу, бліжні ад горада, пярэдні ад шашы, апошні ад краю;

бліжні да парку, бліжэйшы да вёскі, доўгі да пят, мокры да пояса;

непрыкметны з зямлі, пагнуты з краёў, патрэсканы з канцоў, цёмны з сярэдзіны, хмарны з краю, апошні з краю;

нявідны з-за хмар, нябачны з-за павароту, глыбокі сярод дрэў, моцны сярод поля;

рыхлы паміж (між) купін, зацішны паміж (між) будынкаў;

свежы каля ракі, вільготны каля балота;

сухі вышэй лесу, мокры вышэй пояса, загарэлы ніжэй лакцей і пад.

Словазлучэнні з прыназоўнікам ад хоць і абмежаваныя колькасна, аднак па ўжывальнасці не ўступаюць іншым прадуктыўным канструкцыям: Вартавы хуценька падаўся назад і застыў у цяньку на бяспечнай ад зямлянкі дыстанцыі (М. Лынькоў); Гэта адбывалася можа нават на той самай апошняй ад фронту станцыі (К. Чорны); А сам Лайзан пайшоў у суседні ад сваёй вёскі фальварак (П. Броўка); Асобныя з гэтых словазлучэнняў сінанімічны канструкцыям з прыназоўнікамі з, к: апошні ад краю — апошні з краю; бліжэйшы ад вёскі — бліжэйшы к вёсцы; першы ад лесу — першы к лесу. Адзінкавыя словазлучэнні з прыметнікам бліжэйшы сінанімічны канструкцыям з прыназоўнікамі да: бліжэйшы ад вёскі — бліжэйшы да вёскі; першы ад возера — першы да возера.

Словазлучэнні з прасторавымі адносінамі з прыназоўнікам да складаюць малапрадуктыўную і колькасна невялікую падгрупу: І на далёкіх тылавых базах, і на блізкіх да фронту пляцоўках — ля самалётаў дзяжураць гатовыя да выканання задання лётчыкі (Х. Шынклер); Да пояса мокры, цяжкай мядзведжай хадой ён чмакаў па залітым лузе (Я. Брыль).

Па сваёй семантыцы і па сінтаксічных асаблівасцях гэтыя словазлучэнні падзяляюцца на дзве часткі: з камплетыўным (блізкі да лесу, бліжні да вёскі і пад.) і аб’ектным адценнямі (мокры да пояса, доўгі да пят і пад.). Першая частка словазлучэнняў можа мець сінонімамі канструкцыі з прыназоўнікамі к, ад: блізкі да лесу — блізкі к лесу; бліжні да вёскі — бліжні ад вёскі. Другой частцы словазлучэнняў сінанімічны канструкцыі з прыназоўнікам па і назоўнікамі ў вінавальным склоне: мокры да пояса — мокры па пояс; доўгі да пят — доўгі па пяты.

Словазлучэнні з прасторавымі адносінамі з прыназоўнікам з ускладняюцца абмежавальным адценнем, залежны назоўнік абазначае пункт, напрамак, месца, адкуль распаўсюджваецца прымета, названая галоўным словам: Міхась з Антосем вайшлі ў хату, з двара зусім падслепавату (Я. Колас); Сплывуцца светленькія болачкі ў бліскуча-хмарныя з краёў грудкі і вялікія сярэбраныя кучы (М. Гарэцкі); Сухадолы, крутыя ўзгоркі, сукаватыя з самага камля каржакаватыя сосны — такі тут лес (І. Шамякін).

Большая частка гэтых словазлучэнняў сінанімічна канструкцыям з прыназоўнікам ад: сукаваты з камля — сукаваты ад камля; бліскуча-хмарны з краёў — бліскуча-хмарны ад краёў; апошні з краю — апошні ад краю, але прыкметны з вышкі, падслепаваты з двара.

Словазлучэнні з прыназоўнікамі з(за), сярод, паміж (між), каля, вышэй, ніжэй з’яўляюцца непрадуктыўнымі, прасторавыя адносіны ў іх часта ўскладняюцца абмежавальным адценнем: «Но-о-о, каб цябе ваўкі задавілі»,— крычаў ён на ўсё горла і шлёпаў лапцямі па глыбокай сярод вуліцы асенняй гразі (М. Лобан); Вільготная каля студні зямля прыемна халадзіла гарачыя ногі (К. Чорны); Усе сыходзіліся на грэблі: большасць мокрыя вышэй пояса, з абляпанымі тванню сарочкамі (І. Мележ).

Канструкцыям «прыметнік + прыназоўнік + назоўнік у родным склоне» з прасторавымі адносінамі ўласціва звычайна постпазіцыя залежнага кампанента. Адваротны парадак слоў сустракаецца вельмі рэдка. Выключэнне складаюць словазлучэнні з прыназоўнікам з, у якіх няма строга замацаванага парадку галоўнага і залежнага кампанентаў: Воўк з ядлоўцу вылятае..., вельмі страшны з галавы (Я. Колас); Маленькая з надворку, будка ў сярэдзіне была досыць памястоўная (Я. Колас); З пачатку цёмная, па канцах рыжая, барада яго пачыналася чуть не ад самых вачэй (Я. Колас).

Словазлучэнні «прыметнік + прыназоўнік + назоўнік у родным склоне» з прычыннымі адносінамі заснаваны на сувязі прымыкання. Залежным кампанентам у гэтых словазлучэннях выступаюць назоўнікі ў форме роднага склону з прыназоўнікамі ад, з-за, з:

сівы ад інею, чорны ад дыму, чырвоны ад марозу, шчаслівы ад поспеху, залацісты ад сонца, салёны ад слёз, хрыплы ад хвалявання, ліпкі ад смалы, стомлены ад болю, светлы ад месяца, мокры ад дажджу;

хрыплы з-за прастуды, неразборлівы з-за часу, нячутны з-за гоману, бледны з-за хваробы;

чырвоны з марозу, вялы са сну, хворы з недасыпання, ціхі з гора, непрытомны з гарачкі.

Словазлучэнні з прыназоўнікам ад складаюць самую шырокую і прадуктыўную частку канструкцый з прычыннымі адносінамі: Сівы ад інею лес драмаў на ўзгорку (З. Бядуля); Бронзавы ад загару чалавек ішоў берагам ракі (Я. Маўр); Гарачы яшчэ ад спрэчкі з Крываношкам, звярнуўся Юзік да сакратара (К. Крапіва); Багровыя ад зарава крыллі [самалёта] здаваліся казачнымі чырвонымі макамі (М. Лынькоў); Маўклівы курган узвышаўся над імі, шызы ад палыну, ліловы ад верасу, сівы ад павуціння (У. Караткевіч).

Некаторыя словазлучэнні з прыназоўнікам ад сінанімічны адпаведным канструкцыям з прыназоўнікам з: чырвоны ад ветру — чырвоны з ветру; сіні ад холаду — сіні з холаду; злы ад крыўды — злы з крыўды; вялы ад сну — вялы са сну; сівы ад гора — сівы з гора; непрытомны ад гарачкі — непрытомны з гарачкі.

Прыведзеныя пары сінанімічных канструкцый утвараюць прыметнікі з семантыкай знешняга або ўнутранага стану чалавека. Астатнія словазлучэнні з прыназоўнікам ад не маюць сінанімічных канструкцый з прыназоўнікам з, а ўжываемыя часам словазлучэнні тыпу чорны з дыму, залацісты з сонца, цёмны са змроку не адпавядаюць норме літаратурнай мовы.

Словазлучэнні з аб’ектным адценнем могуць мець сінонімамі канструкцыі з прыназоўнікам на і назоўнікам у форме меснага склону: Рознакаляровая ад сонца раса іскрылася на мурожнай траве (В. Каваль) і Рознакаляровая на сонцы раса іскрылася на мурожнай траве.

Словазлучэнні з прыназоўнікам з-за з прычыннымі адносінамі шырока ўжываюцца ў сучаснай беларускай мове: Ва ўсім абліччы гэтага чалавека, некалькі нязграбным і мешкаватым з-за прасторнага ватніка, было столькі ўпэўненасці..., што хацелася сказаць разам з ім:— Так, будзе печ (М. Лынькоў); Шэвенінгенскі бераг — гэта велізарны добраўпарадкаваны і пустэльны з-за дрэннага надвор’я пляж (З газет). Гэтыя словазлучэнні практычна не маюць сінонімаў. Невялікім выключэннем з’яўляюцца часам ужывальныя канструкцыі з прыназоўнікам праз: нячутны з-за шуму — нячутны праз шум; неразборлівы з-за трэску — неразборлівы праз трэск, але толькі хрыплы з-за прастуды, неразборлівы з-за часу, бледны з-за хваробы і пад.

Частка словазлучэнняў з прыназоўнікам ад можа мець у якасці сінонімаў канструкцыі з прыназоўнікам з-за: чорны ад дыму — чорны з-за дыму; зялёны ад моху — зялёны з-за моху; ліпкі ад клею — ліпкі з-за клею; салёны ад слёз — салёны з-за слёз.

Не ўтвараюць сінанімічных пар словазлучэнні з адценнем абумоўленасці: ціхі ад прыроды, сляпы ад нараджэння, маўклівы ад прыроды, сарамлівы ад прыроды, кемлівы ад прыроды. Часам ужывальныя канструкцыі такой семантыкі з прыназоўнікамі з, з-за з’яўляюцца сінтаксічна няправільнымі, параўн.: маўклівы ад прыроды — маўклівы з (з-за) прыроды; сарамлівы ад прыроды — сарамлівы з (з-за) прыроды. Словазлучэнні з залежным кампанентам з нараджэння не маюць значэння абумоўленасці. Яны выражаюць часавыя адносіны і не з’яўляюцца сінонімамі да адпаведных канструкцый з прыназоўнікам ад, параўн.: сляпы ад нараджэння — сляпы з нараджэння.

Словазлучэнні з прыназоўнікам з адзінкавыя, аднак складаюць прадуктыўны тып канструкцый: Вялыя з холаду мурашкі паўзалі па каструбатай кары старой арабіны і на зямлі пад ёю (К. Чорны); Гаварыць адразу захацелі трое, п’яныя не з чаркі, з добрага настрою (П. Броўка); Тады, хворая з голаду, яна магла хаваць гэта ад цікаўных наглядальнікаў (К. Чорны).

Канструкцыі з прычыннымі адносінамі «прыметнік + прыназоўнік + назоўнік у родным склоне» ў пераважнай большасці характарызуюцца прамым парадкам слоў — постпазіцыяй залежнага назоўніка: І зноў, і зноў я здымаю з паліцы гэты выцвілы ад часу томік у мяккай папяровай вокладцы ружавата-пясчанага колеру (Н. Гілевіч); Сама Ліда была бронзавая ад загару (І. Шамякін).

Адваротны парадак слоў сустракаецца часам у мастацкай літаратуры, пераважна ў паэтычнай мове, а таксама ў размоўным стылі: Выскочыў з бярлогі сумны воўк, ад голаду сухі, бы корч (З. Бядуля); А на прасторы, з болю сінім, адказ на здзек, адказ на зман — дужэе выбух гнеўнай сілы (М. Лужанін).

Словазлучэнні «прыметнік + прыназоўнік + назоўнік у родным склоне» з азначальнымі адносінамі складаюць прадуктыўны тып прыназоўнікавых канструкцый. Яны ўжываюцца з прыназоўнікамі да, ад, без і заснаваны на сувязі прымыкання:

знаёмы да драбніц, мокры да ніткі, манатонны да санлівасці, гладкі да бляску, адкрыты да драбніц, смелы да дзёрзкасці;

удзячны ад душы, рады ад сэрца;

просты без хітрасці, шчаслівы, шырокі, жвавы, сярдзіты, недаверлівы, салёны, салодкі (без меры).

Словазлучэнні з прыназоўнікам да выражаюць азначальныя адносіны з адценнем ступені або меры праяўлення прыметы. Яны характарызуюцца шырокай ужывальнасцю: Песня была жаласлівая, сумная да слёз (З. Бядуля); Усё кругом было да недарэчнасці звычайным (К. Крапіва); Ах, вочы!.. Вочы!.. Што за вочы!.. Пад смехам палкія ў іх сны. Цыганскай гордасці дзявочай да краю поўныя яны!.. (П. Трус).

У словазлучэннях са значэннем меры або ступені (знаёмы да купіны — знаёмы да купін; поўны да краю — поўны да краёў і пад.) залежныя назоўнікі могуць ужывацца як у адзіночным, так і ў множным ліку, што сведчыць аб сінтаксічнай нерэлевантнасці значэння ліку ў семантыцы залежнага кампанента гэтых словазлучэнняў.

Даныя словазлучэнні не маюць сінонімаў. Большая частка гэтых канструкцый характарызуецца прэпазіцыяй залежнага кампанента, хоць строга замацаваны парадак слоў ім не ўласцівы, што адрознівае іх ад большасці прыметнікавых словазлучэнняў: Па гэтай карце, да драбніц вядомай... прыйшоў нялёгкай сцежкай я дадому (В. Вольскі); І на здабытым рубяжы, да берагоў пачуццем повен, я новаю работай жыў (М. Лужанін).

Словазлучэнне поўны да адказу па асноўных характарыстыках набліжаецца да ўстойлівых: Шмат часін, да адказу поўных, назапашу, вазьму ў жыцця (М. Лужанін).

Словазлучэнні з прыназоўнікам ад выражаюць азначальныя адносіны з паясняльным, удакладняльным адценнем. Яны адзінкавыя ў беларускай мове, аднак характарызуюцца шырокай ужывальнасцю: Жыве наш дом! І я ад сэрца рад яго гамонцы, песням, смеху, звону (П. Панчанка). Сінонімаў гэтыя канструкцыі не маюць. У адрозненне ад большасці прыметнікавых канструкцый, якім уласцівы ўстойлівы парадак слоў, звычайна постпазіцыя залежнага кампанента, словазлучэнні гэтай семантыкі з прыназоўнікам ад не маюць строга замацаванага парадку слоў. Большай ужывальнасцю характарызуюцца словазлучэнні з прэпазіцыяй залежнага кампанента: ад сэрца рады, ад душы ўдзячны.

Значная частка словазлучэнняў з прыназоўнікам без выражае азначальныя адносіны з адценнем меры, ступені праяўлення прыметы: Хоць цікаўны быў без меры, а ўсяму не мог даць веры (В. Вітка); Смачныя без меры тут раслі калісьці бэры (К. Крапіва); Яна — хударлявая, без меры клапатлівая жанчына (К. Чорны).

Словазлучэнні, у якіх залежным кампанентам выступае назоўнік мера з прыназоўнікам без, сінанімічны канструкцыям з залежным прыслоўем бязмерна ў якасці залежнага кампанента: шчаслівы без меры — шчаслівы бязмерна; сярдзіты без меры — бязмерна сярдзіты.

Канструкцыі з адценнем меры, ступені праяўлення прыметы не маюць строга замацаванага парадку слоў, словазлучэнні з прэпазіцыяй і постпазіцыяй залежнага кампанента характарызуюцца аднолькавай ужывальнасцю: Свет шырокі без меры і краю, хоць поля і нетраў лясных (П. Глебка); Без канца доўгая фаланга чаўноў і лодак упіраецца ў бераг вострымі насамі (Я. Колас).

Прадуктыўны тып складаюць словазлучэнні, якія выражаюць азначальныя адносіны з адценнем якаснай характарыстыкі, абмежавання або ўдакладнення: строгі без жаласці, добры без сентыментальнасці, хуткі без паспешнасці, салодкі без прытарнасці, патрабавальны без жорсткасці, дакладны без педантычнасці. Нязмернае гора спакутаванага прыгнечанага сялянства... шырокай ракой помсты і барацьбы вылівалася ў простых без хітрасці словах (Р. Мурашка); У гэтым настроі, з думкамі без хітрасці простымі зайшоў Ігнась да Любы (Р. Мурашка). Некаторыя з гэтых словазлучэнняў маюць сінанімічныя канструкцыі з залежнымі прыслоўямі: строгі без жаласці — бязжаласна строгі; просты без хітрасці — бясхітрасна просты; добры без сентыментальнасці — бессентыментальна добры.

Заўвага. Словазлучэнне хворы без надзеі сінанімічна больш ужывальнай канструкцыі з залежным прыслоўем хворы безнадзейна. Аднак аналагічныя канструкцыі з іншымі прыметнікамі не выражаюць азначальных адносін з адценнем якаснай характарыстыкі або ўдакладнення і не з’яўляюцца сінанімічнымі адпаведным словазлучэнням з залежным прыслоўем, параўн: сумны без надзеі і сумны безнадзейна.

Адносна парадку слоў словазлучэнні з адценнем якаснай характарыстыкі, абмежавання або ўдакладнення характарызуюцца перавагай постпазіцыі залежнага кампанента.

Словазлучэнні «прыметнік + прыназоўнік + назоўнік у родным склоне» з абмежавальнымі адносінамі ўжываюцца з прыназоўнікамі да, з:

скоры да работы, заўзяты да рыбалкі, ненасытны да чытання, жвавы да бойкі;

худы з твару, спакойны з выгляду, падобны з плячэй, мужны з твару.

Словазлучэнні з прыназоўнікам да з абмежавальнымі адносінамі ўтвараюцца параўнальна невялікай колькасцю прыметнікаў, прычым значная частка фармальна аднолькавых словазлучэнняў з залежным назоўнікам у родным склоне выражае камплетыўныя адносіны і заснавана на сувязі кіравання: сквапны да грошай, прагны да славы, схільны да самоты і пад. Словазлучэнні з абмежавальнымі адносінамі заснаваны на сувязі прымыкання, абмежавальныя адносіны ў іх ускладнены камплетыўным адценнем: А ўжо які ён спрытны быў да песень ды да дзявочага насення (К. Крапіва). Некаторыя з гэтых словазлучэнняў маюць сінанімічныя канструкцыі з залежнымі назоўнікамі ў вінавальным склоне з прыназоўнікам на: скоры да бойкі — скоры на бойку; ненасытны да чытання — ненасытны на чытанне. Аднак прадуктыўнасць гэтых канструкцый у параўнанні з аднатыпнымі словазлучэннямі з камплетыўнымі адносінамі значна меншая.

Словазлучэнні з прыназоўнікам з з абмежавальнымі адносінамі таксама колькасна абмежаваны і ўскладнены камплетыўнымі адносінамі: Пятрусь Маргун падобен з твару да архангела Міхаіла (Я. Колас); І вось ён глядзіць на мяне, гэты ціхі, пануры нават з выгляду — глядзіць з добрай усмешкай старэйшага брата (Я. Брыль). Гэтыя словазлучэнні маюць сінанімічныя канструкцыі з прыназоўнікам на і назоўнікам у вінавальным склоне: худы з твару — худы на твар; спакойны з выгляду — спакойны на выгляд; мужны з твару — мужны на твар. Асобныя словазлучэнні гэтага тыпу маюць больш ярка выражанае камплетыўнае адценне і не ўтвараюць адпаведных сінанімічных канструкцый з прыназоўнікам на: падобны з плячэй, худы з постаці. Гэтыя словазлучэнні, як і большасць аднатыпных канструкцый з камплетыўнымі адносінамі, утвараюць сінанімічныя пары са словазлучэннямі, у якіх у ролі залежнага кампанента выступаюць назоўнікі творнага склону: падобны з плячэй — падобны плячыма; худы з постаці — худы постаццю.

Словазлучэнні «прыметнік + прыназоўнік + назоўнік у родным склоне» з абмежавальнымі адносінамі звычайна маюць замацаваны парадак слоў з постпазіцыяй залежнага кампанента. Адваротны парадак слоў сустракаецца ў паэтычных творах: Быў зломлен вораг. Яго здалёку гнаў салдат, з аблічча ясны, строгі (М. Лужанін).

Канструкцыі «прыметнік + прыназоўнік + назоўнік у родным склоне», якія выражаюць часавыя адносіны, заснаваны на сувязі прымыкання. Яны складаюць колькасна невялікі, аднак даволі значны па ўжывальнасці тып словазлучэнняў з прыназоўнікамі ад, да, з, сярод:

сумны ад ранку, пахмурны ад паўдня;

незабыўны да скону, невядомы да здарэння, вясёлы да вечара;

знаёмы з дзяцінства, прывычны з маленства;

незвычайны сярод лета. Ён быў пахмурны ад ранку (Я. Брыль); Строіў Адзерыха для працоўных масаў — чырвонаармеец адстаўны ад часу (Я. Купала); Я прагавіта ўглядаюся ў прасторы з дзяцінства знаёмай зямлі (Я. Колас); Скрып дзвярэй быў адзінокім сярод ночы (К. Чорны).

Словазлучэнні з прыназоўнікамі ад і да часта ўтвараюць антанімічныя пары канструкцый з часавым значэннем: сумны ад вечара — сумны да вечара; пахмурны ад паўдня — пахмурны да паўдня.

Канструкцыі з прыназоўнікам ад сінанімічны адпаведным канструкцыям з прыназоўнікам з: вясёлы ад ранку — вясёлы з ранку. Аднак адваротныя замены з’яўляюцца стылістычна правільнымі толькі адносна канструкцый, у якіх залежным кампанентам выступаюць назоўнікі з ярка выражаным часавым значэннем, параўн.: вясёлы з ранку — вясёлы ад ранку і вясёлы з дзяцінства — вясёлы ад дзяцінства.

Парадак слоў у словазлучэннях з часавымі адносінамі строга не замацаваны, аднак больш ужывальнымі з’яўляюцца канструкцыі з постпазіцыяй залежнага кампанента.

Група 5. Прыметнік + прыназоўнік + назоўнік у давальным склоне

§ 76. Гэтыя словазлучэнні складаюць колькасна невялікую і малаўжывальную групу. Словазлучэнні з аб’ектнымі і аб’ектна-абмежавальнымі адносінамі заснаваны на сувязі кіравання і ўжываюцца з прыназоўнікам к: здольны к матэматыцы, няздатны к працы, гатовы к прыёму, прывычны к паездкам. На бой, на бой, хто к бою здольны (М. Засім); Арол той з крыкам ваяўнічым імкне за зайцам, як страла, і чуе заяц за сабою смяртэльны холад страшных крыл. На спіну ўпаў, гатовы к бою і — шах арла ён з усіх сіл! (Я. Колас).

Словазлучэнні з прыназоўнікам к з названымі адносінамі складаюць непрадуктыўны тып канструкцый. Замест іх звычайна ўжываюцца словазлучэнні з залежным назоўнікам у родным склоне з прыназоўнікам да. Словазлучэнні з прыназоўнікам к не маюць строга замацаванага парадку слоў.

Абмежавальныя адносіны з рознымі адценнямі выражаюцца канструкцыямі з прыназоўнікам па, якія характарызуюцца высокай прадуктыўнасцю ў сучаснай беларускай мове. Яны ўтвараюцца шырокім кругам якасных і адносных прыметнікаў: незвычайны па форме, зменлівы па знешнасці, блізкі па ідэях, арыгінальны па зместу, неаднародны па складу, просты па афармленню, вузкі па ахопу, новы па выкананню, аналітычны па стылю, прасторны па аб’ёму, сціслы па выкладу, дваісты па характару, глыбокі па зместу, перадавы па поглядах, польскі па графіцы, усходнеславянскі па асаблівасцях, тутэйшы па нараджэнню. Словазлучэнні гэтага тыпу заснаваны на сувязі кіравання: Яны розныя па ўзросту і выгляду, але імкненне ў іх адно (К. Крапіва); Паэма была незвычайнай па тону, па рытмічнаму ладу, па сваёй унутранай экспрэсіўнасці (Н. Перкін); Ужо нашто стычынцы чэрствыя па сваёй прыродзе людзі, а і тыя казалі, што Палагея — залатая работніца (А. Чарнышэвіч); Розныя па колеру і фасону, яны [хмаркі] часта ахаплялі вялікую частку неба (З. Бядуля).

Словазлучэнні гэтага тыпу маюць сінанімічныя канструкцыі з залежным назоўнікам у творным склоне без прыназоўніка: незвычайны па форме — незвычайны формай; блізкі па поглядах — блізкі поглядамі; шырокі па размаху — шырокі размахам; просты па афармленню — просты афармленнем; новы па выкананню — новы выкананнем. Канструкцыі з творным беспрыназоўнікавым з’яўляюцца патэнцыяльна дапушчальнымі ў якасці сінонімаў практычна да ўсіх словазлучэнняў з якаснымі прыметнікамі, якія выражаюць абмежавальныя адносіны, аднак яны характарызуюцца значна меншай прадуктыўнасцю і пэўнымі адценнямі ў семантыцы. Словазлучэнні з адноснымі прыметнікамі і залежнымі назоўнікамі ў давальным склоне з прыназоўнікам па звычайна не маюць адпаведных сінонімаў з назоўнікамі ў творным склоне, такія канструкцыі з’яўляюцца стылістычна няправільнымі, параўн.: усходнеславянскі па асаблівасцях — усходнеславянскі асаблівасцямі; школьны па прызначэнню — школьны прызначэннем; мясцовы па вырабу — мясцовы вырабам; тутэйшы па нараджэнню — тутэйшы нараджэннем.

Словазлучэнні з залежнымі назоўнікамі выгляд, твар, аблічча і падобнымі ў давальным склоне з прыназоўнікам па маюць рад сінанімічных канструкцый з прыназоўнікамі з, на і назоўнікамі ў родным ці вінавальным склоне: моцны па выгляду — моцны з выгляду — моцны на выгляд; светлы па абліччу — светлы з аблічча — светлы на аблічча; малажавы па постаці — малажавы з постаці — малажавы на постаць.

Словазлучэнні з назоўнікамі смак, пах і падобнымі сінанімічны канструкцыям з прыназоўнікам на і назоўнікамі ў вінавальным склоне: горкі па смаку — горкі на смак; прыемны па паху — прыемны на пах.

Даволі часта ў мастацкай літаратуры замест залежнай формы назоўніка ў давальным склоне ўжываецца форма меснага склону: Розныя па форме і колеры кветкі стракацелі на лузе (Я. Колас); Шпаркімі крокамі развіваецца культура беларускага народа, нацыянальная па форме і сацыялістычная па змесце (ЛіМ, 1982). Гэтыя канструкцыі ўласцівы некаторым беларускім гаворкам, асноўныя рысы якіх звычайна адлюстроўваюцца ў мове пісьменнікаў. У сучаснай літаратурнай мове пад уплывам рускай значна большай прадуктыўнасцю характарызуюцца словазлучэнні з назоўнікамі ў давальным склоне.

Аднак у словазлучэннях з залежнымі назоўнікамі множнага ліку апошнія заўсёды ўжываюцца ў форме меснага склону. Ужыванне формы давальнага склону ў множным ліку ў такіх словазлучэннях, як значны па задумах, дакладны па формах, нясталы па думках, сур’ёзны па разважаннях, смелы па размахах, незвычайны па здольнасцях, і падобных з’яўляецца адхіленнем ад літаратурнай нормы. Параўн.: нясталы па думцы — нясталы па думках; сур’ёзны па разважанню — сур’ёзны па разважаннях; светлы па абліччу — светлы па абліччах. Такая неадпаведнасць склонавых форм у адзіночным і множным ліку абумоўлена ўплывам рускай мовы на ўжывальнасць і прадуктыўнасць формы давальнага склону назоўнікаў адзіночнага ліку ў гэтых канструкцыях. У назоўніках множнага ліку захавалася ўласцівая беларускай мове форма меснага склону, якая аказалася больш устойлівай да ўплыву рускай мовы з прычыны больш ярка выражанай спецыфікі форм множнага ліку меснага і давальнага склонаў у рускай і беларускай мовах.

Да словазлучэнняў з абмежавальнымі адносінамі прымыкаюць блізкія па форме і семантыцы канструкцыі з адмоўем не, якія выражаюць значэнне неадпаведнасці прыметы: вялікі не па росту, сур’ёзны не па ўзросту, кемлівы не па гадах. Ім прыйшлося добра папацець, пакуль ускінулі на воз не па сіле цяжкія мяшкі (І. Шамякін). Адносна выкарыстання залежнай формы назоўнікаў меснага склону гэтыя словазлучэнні падпарадкоўваюцца той жа заканамернасці, што і канструкцыі з абмежавальнымі адносінамі: ужыванне формы меснага склону не з’яўляецца прадуктыўным, параўн.: вялікі не па росту — вялікі не па росце; шырокі не па размеру — шырокі не па размеры.

Словазлучэнні з абмежавальнымі адносінамі і адносінамі неадпаведнасці не маюць строга замацаванага парадку слоў, аднак большай ужывальнасцю характарызуюцца канструкцыі з прэпазіцыяй залежнага назоўніка: На свет глядзіць не па ўзросту суровымі вачыма (В. Таўлай); Гарачы хлопец з чорнай чупрынай, апрануты ў вялікую не па росту гімнасцёрку..., быў лепшым прамоўцам ад камсамольцаў на вербаўскіх дыспутах (І. Мележ).

Словазлучэнні «прыметнік + прыназоўнік + назоўнік у давальным склоне» з часавымі адносінамі колькасна абмежаваны і характарызуюцца нязначнай прадуктыўнасцю ў беларускай мове. Яны ўжываюцца з прыназоўнікамі к і па і заснаваны на сувязі кіравання: гарачы к поўдню, стомлены к вечару; апошні па часу, млявы па вячэры. Тылавыя часці, відаць, выбраліся, застаўся недзе наперадзе жудкі, загадкавы к ночы фронт (Х. Шынклер); І ўсё гэта, як нешта далёкае і па часу блізкае, уявілася без асабістых выразных здарэнняў (К. Чорны).

Словазлучэнні тыпу размораны па вячэры, лагодны па абедзе маюць сінанімічныя канструкцыі з залежнымі назоўнікамі ў форме роднага склону з прыназоўнікам пасля: размораны па вячэры — размораны пасля вячэры; лагодны па абедзе — лагодны пасля абеду. Апошнія з’яўляюцца больш ужывальнымі і прадуктыўнымі ў сучаснай мове: Спатыкнуўся на коўзкай пасля дажджу сцяжынцы і пляснуўся на рукі ў гразь (Я. Брыль); Яна ўжо ўстала, яна ўжо ідзе па ваду ці ў грыбы, — залітая сонцам і гэтак родна цёплая пасля сну, з іхнім шчасцем, з іхняй вялікай радасцю ў вачах (Я. Брыль).

Словазлучэнні з часавымі адносінамі характарызуюцца аднолькавай ужывальнасцю канструкцый з постпазіцыяй і прэпазіцыяй залежнага кампанента.

Адзінкавыя канструкцыі «прыметнік + прыназоўнік + назоўнік у давальным склоне» выражаюць прычынныя адносіны і адносіны меры. Апошнія прадстаўлены словазлучэннямі з прыназоўнікам к: Глянеш на жыта, высокае к небу (М. Засім). Яны маюць у якасці сінонімаў словазлучэнні з прыназоўнікам да, якія характарызуюцца большай ужывальнасцю і прадуктыўнасцю для выражэння адносін меры, параўн.: высокі к небу — высокі да неба. Прамым парадкам слоў у гэтых словазлучэннях з’яўляецца постпазіцыя залежнага назоўніка. Адваротны парадак выкарыстоўваецца рэдка.

Адзінкавыя словазлучэнні з прычыннымі адносінамі прадстаўлены канструкцыямі з прыназоўнікам па: танны па неапрацаванасці, слабы па старасці. Стаіць ля варот румын-дзядок, па-руску вітаецца з намі. Бародка яго па старасці сярэбраная, кашуля па беднасці — зрэбная, лапці — са скуры-сырыцы (А. Зарыцкі). Словазлучэнні гэтага тыпу сінанімічны больш ужывальным канструкцыям з прыназоўнікамі з-за, з прычыны і назоўнікамі ў родным склоне: танны па неапрацаванасці — танны з-за неапрацаванасці — танны з прычыны неапрацаванасці; непрыгодны па зношанасці — непрыгодны з-за зношанасці — непрыгодны з прычыны зношанасці; слабы па старасці — слабы з-за старасці — слабы па прычыне старасці.

Прамым парадкам слоў у словазлучэннях гэтага тыпу з’яўляецца постпазіцыя залежнага кампанента. Адваротны парадак слоў сустракаецца ў мастацкай літаратуры, пераважна ў паэтычных творах і ў размоўным стылі.

Група 6. Прыметнік + прыназоўнік + назоўнік у вінавальным склоне

§ 77. Словазлучэнні гэтай групы з’яўляюцца даволі прадуктыўнымі і разнастайнымі па характару сінтаксічных сувязей і выражаемых адносінах.

Словазлучэнні з аб’ектнымі адносінамі заснаваны на сувязі кіравання. Яны прадстаўлены канструкцыямі з прыназоўнікамі на, за:

злосны на сябра, адчувальны на крытыку, хуткі на выдумкі, памятлівы на зло, гатовы на бой, сквапны на грошы, ахвочы на размовы, падобны на сябра, хворы на сэрца;

удзячны за дапамогу, адказны за правядзенне, спакойны за брата.

Словазлучэнні з прыназоўнікам на маюць абмежавальнае адценне: Калі стары Бязручка скупы на словы, то сын гаворыць і за сябе і за бацьку (Я. Колас); Насустрач ёй узыходзіць высокі і стары чалавек, таксама з твару вельмі падобны на Сашку (К. Чорны); І гэта ноч, як бы жывая, і быццам нешта яна знае, але аб тым казаць не хоча, бо на размовы не ахвоча (Я. Колас); Васіль быў лагодны, не памятлівы на зло чалавек (І. Мележ).

Значная частка гэтых словазлучэнняў мае сінанімічныя канструкцыі з прыназоўнікам да і залежным назоўнікам у родным склоне: нястомны на пошукі — нястомны да пошукаў; смелы на выдумкі — смелы да выдумак; падобны на брата — падобны да брата; сквапны на грошы — сквапны да грошай; падкі на ласункі — падкі да ласункаў. Не маюць сінанімічных пар з прыназоўнікам да адзінкавыя словазлучэнні з прыметнікамі злы, сярдзіты, злосны: злосны на сябра, сярдзіты на таварыша, а таксама даволі прадуктыўныя словазлучэнні тыпу хворы на сэрца, хворы на ногі.

Словазлучэнні з прыназоўнікам за з аб’ектнымі адносінамі складаюць даволі ўжывальны, хоць і невялікі ў колькасных адносінах тып канструкцый: Я вельмі і вельмі ўдзячны за дапамогу, якую вы абяцаеце мне (Я. Колас); Адказны за збожжанарыхтоўку ты, а не Кавальчук (М. Паслядовіч); Як рады будзе ён за сваіх землякоў-уральцаў (Х. Шынклер). Гэтыя словазлучэнні не маюць сінонімаў.

Прамым парадкам слоў у канструкцыях «прыметнік + прыназоўнік + назоўнік у вінавальным склоне» з аб’ектнымі адносінамі з’яўляецца постпазіцыя залежнага назоўніка, адваротны парадак слоў сустракаецца даволі часта: Мы людзі бестурботныя, на ўсё добрае ахвотныя (Я. Колас); Народ усё шляхтаваты, на чужую пачостку сквапны (К. Крапіва); За адступленне ж я адказны (Я. Колас).

Словазлучэнні з адносінамі меры, колькасці, удакладнення, азначэння заснаваны на сувязі прымыкання. Яны прадстаўлены канструкцыямі з прыназоўнікамі за, на, над, пад, праз, у:

дужы за дваіх, доўгі за калена;

прыгожы на здзіўленне, гасцінны на дзіва, падобны на каліва;

поўны пад ручку;

праз меру высокі, праз меру старанны, праз меру лагодны;

сіні ў палоску, чырвоны ў гарошак, гарачы не ў меру, у меру спакойны;

над меру гарачы, над меру складаны.

Асобныя з гэтых словазлучэнняў сінанімічны паміж сабой і характарызуюцца рознай ступенню прадуктыўнасці: праз меру гарачы — не ў меру гарачы — над меру гарачы; праз меру высокі — не ў меру высокі — над меру высокі. Словазлучэнні тыпу над меру гарачы, над меру высокі характарызуюцца нязначнай прадуктыўнасцю ў сучаснай мове. Яны ўласцівы некаторым беларускім гаворкам і ўжываюцца ў творах асобных пісьменнікаў: Віктар зважна ківае галавой і над меру салідным тонам канстатуе (М. Зарэцкі); «Ключ» аказаўся над меру складаным (І. Мележ).

Словазлучэнні з прыназоўнікамі праз, у тыпу праз меру гарачы, у меру высокі складаюць прадуктыўны і шырока ўжывальны тып канструкцый: Там праз меру ўсе лагодны (З. Бядуля); Голас у яго быў праз меру танклявы (Я. Колас); О пушча, цёмная не ў меру, чыя душа з табой не дрогне?! (Я. Купала); Я тут партрэт яго зазначу. Ён невысок, не надта ёмак, ды карчавіты і няўломак, а волас мае цёмна-русы, і зухаўскія яго вусы ў меру доўгі, густаваты, у гору чуць канцы ўзняты (Я. Колас).

Гэтыя словазлучэнні сінанімічны канструкцыям з залежным прыслоўем бязмерна і канструкцыям з залежным назоўнікам у родным склоне з прыназоўнікам без: праз меру гарачы — не ў меру гарачы — празмерна гарачы — без меры гарачы. Аднак пры выкарыстанні гэтых сінанімічных канструкцый трэба ўлічваць іх стылістычную і сэнсавую спецыфіку, параўн.: бязмерна старанны — старанны без меры; празмерна далікатны — праз меру далікатны; бязмерна ўдзячны — не ў меру ўдзячны. З прычыны сэнсавай і стылістычнай спецыфікі кожнай з пералічаных канструкцый яны не заўсёды ўзаемазамяняльныя.

Прамым парадкам слоў у гэтых словазлучэннях з’яўляецца прэпазіцыя залежнага назоўніка, адваротны парадак слоў выкарыстоўваецца з мэтай падкрэсліць прымету, якая выражаецца прыметнікам. Параўн.: Голас у яго быў праз меру танклявы (Я. Колас) і Голас у яго быў танклявы праз меру; Віктар зважна ківае галавой і над меру салідным тонам канстатуе (М. Зарэцкі) і Віктар зважна ківае галавой і салідным над меру тонам канстатуе.

Словазлучэнні з прыназоўнікам на тыпу прыгожы на здзіўленне сінанімічны канструкцыі з прыслоўем у ролі галоўнага слова: прыгожы на здзіўленне — дзіўна прыгожы.

Словазлучэнні з прыназоўнікам пад тыпу поўны пад ручку сінанімічны канструкцыям з прыназоўнікам да: поўны пад ручку — поўны да ручкі.

У якасці сінонімаў да словазлучэнняў з прыназоўнікам у тыпу сіні ў палоску, чырвоны ў гарошак часам ужываюцца словазлучэнні з залежнымі назоўнікамі ў творным склоне без прыназоўніка, хоць апошнія значна менш прадуктыўныя і ўласцівы пераважна размоўнаму стылю, параўн.: сіні ў палоску — сіні палоскай; чырвоны ў гарошак — чырвоны гарошкам.

У словазлучэннях з прыназоўнікамі за, пад, у з адносінамі меры, колькасці, удакладнення, азначэння прамым парадкам слоў з’яўляецца постпазіцыя залежнага кампанента, адваротны парадак слоў сустракаецца даволі рэдка: Сам я дуж за дваіх (М. Засім); З коміна, дзе ўткнута шэрая пад колер сталі гліняная труба, тарапліва, як бы яго ліхаманка трасе, плыве-бяжыць сіняваты дымок (Я. Колас); Вось табе, маці, — узмахнуў ён у паветры сіняю ў гарошынку хусткай, — а гэта Марфачцы, — і падаў сястры партфель (П. Броўка).

Словазлучэнне на каліва падобны характарызуецца пераважным выкарыстаннем прэпазіцыі залежнага назоўніка: Ён успамінаў цяпер, што калі на вуліцы ў Мінску сустракалася дзяўчына, на адно каліва падобная на Кацю, ён глядзеў ёй услед (А. Чарнышэвіч).

Словазлучэнні з часавымі адносінамі складаюць колькасна абмежаваны круг канструкцый з прыназоўнікамі за, праз, у:

знаёмы за год, прывычны за жыццё; (добра) вядомы праз жыццё; гатовы ў пару.

Большая частка канструкцый з часавымі адносінамі мае ў якасці залежнага кампанента назоўнік у вінавальным склоне з паясняльным словам. Простыя словазлучэнні абмежаваны і з боку колькасці, і з боку прадуктыўнасці: Учора, калі дзень хіліўся да вечара і па кутках асядаў прыцемак, не было відаць гэтай так вядомай праз жыццё хаціны (П. Пестрак).

Гэтыя словазлучэнні заснаваны на сувязі прымыкання. Прамым парадкам слоў з’яўляецца постпазіцыя залежнага кампанента.

Словазлучэнні з адносінамі прызначэння або мэты нешматлікія, аднак яны характарызуюцца шырокай ужывальнасцю. Яны заснаваны на аснове сінтаксічнай сувязі прымыкання і прадстаўлены канструкцыямі з прыназоўнікамі на, у:

прыгодны на рагатку, патрэбны на будаўніцтва;

прыгодны ў ежу, варты ў артысты, гатовы ў паход.

Гэтыя словазлучэнні абмежаваны з боку галоўнага члена, у якасці якога выступаюць прыметнікі з семантыкай годнасці, прызначэння: Бо як ты пазнаеш без аналізу, годная гэта плаўка на камбайнавы нож ці на танкавую браню! (М. Паслядовіч); Збожжа там патрэбна і на яду і на насенне (А. Чарнышэвіч); А работнік хоць куды — варты ў дэпутаты! (А. Бялевіч).

Група 7. Прыметнік + прыназоўнік + назоўнік у творным склоне

§ 78. Словазлучэнні гэтай групы прадстаўлены даволі значнай колькасцю разнастайных па прадуктыўнасці і тыпах выражаемых адносін канструкцый.

Словазлучэнні з аб’ектнымі адносінамі з’яўляюцца самымі прадуктыўнымі сярод канструкцый з творным прыназоўнікавым. Яны заснаваны на сувязі кіравання і прадстаўлены канструкцыямі з прыназоўнікамі з, пад, паміж (між), перад:

суседні з вёскай, адзіны з народам, суадносны з перажытым, сугучны з эпохай, неразлучны з сябрам, знаёмы з медыцынай, строгі з падначаленымі, шчыры з сябрамі;

насмешлівы над таварышамі, не ўладны над часам, бяссільны над хваробай;

вядомы пад імем (пад прозвішчам, пад назвай), скрыты пад назвай;

слаўны між байцамі, выдатны між гарадамі, знакаміты паміж вучонымі;

шчыры перад таварышамі, адкрыты перад сябрамі, бездапаможны перад цяжкасцямі.

Словазлучэнні з прыназоўнікам з складаюць самы прадуктыўны тып словазлучэнняў гэтай групы. Даныя словазлучэнні заснаваны на сувязі кіравання: Адзін снарад упаў на край суседняга з Юрыем акопа (І. Мележ).

Па ўласцівасцях сінаніміі гэтыя словазлучэнні падзяляюцца на дзве часткі адпаведна двум адценням у іх семантыцы. Значная частка словазлучэнняў, у якіх аб’ектныя адносіны ўскладнены адценнем сумеснасці, узаемнасці прыметы, не мае сінанімічных канструкцый: сумесны з астатнімі, агульны з усімі, адзіны з народам, неразлучны з сябрамі і пад. Другая частка словазлучэнняў з уласна аб’ектнымі адносінамі патэнцыяльна можа мець сінанімічныя канструкцыі з залежнымі назоўнікамі ў давальным склоне без прыназоўніка і з назоўнікамі ў родным склоне з прыназоўнікам да, хоць не ўсе яны аднолькава ўжывальныя: суседні з Беларуссю — суседні Беларусі; падобны з астатнімі — падобны да астатніх; асцярожны з людзьмі — асцярожны да людзей; шчыры з таварышамі — шчыры да таварышаў; адкрыты з сябрамі — адкрыты сябрам — адкрыты да сяброў; строгі з падначаленымі — строгі к падначаленым — строгі да падначаленых. Некаторая частка гэтых словазлучэнняў мае таксама сінанімічныя канструкцыі з прыназоўнікамі для, перад: адкрыты з сябрамі — адкрыты для сяброў — адкрыты перад сябрамі; шчыры з людзьмі — шчыры для людзей — шчыры перад людзьмі.

Словазлучэнні з прыназоўнікам над з аб’ектным значэннем з’яўляюцца адзінкавымі, яны абмежаваны з боку галоўнага слова: Смерць бяссільна над героем — між намі вечна жыць ён будзе (Я. Колас); І ўжо зусім затапляла ўсе пачуцці нявыказаная словамі вялікая радасць, што вельмі ж вось падабаецца Алесь; што яны ўдваіх едуць на яго возе купляць, што ім патрэбна, што можа яна паклікаць яго, кплівага над усімі, і ён ціха прыйдзе да яе (К. Чорны). Гэтыя словазлучэнні не маюць сінонімаў.

Словазлучэнні з прыназоўнікам пад з аб’ектнымі адносінамі таксама адзінкавыя. Яны абмежаваны з боку галоўнага і залежнага кампанентаў: Вы, нарэшце, пачынаеце стамляцца ад мноства ўражанняў і адчуваеце, што ўжо не здольны скарыстаць параду дасведчаных людзей і наведаць у той жа дзень музей васковых фігур, вядомы тут пад назвай музея мадам Тысо (К. Крапіва). Сінонімаў словазлучэнні з прыназоўнікам пад з аб’ектным значэннем не маюць.

Словазлучэнні з прыназоўнікамі паміж (між) з аб’ектнымі адносінамі колькасна абмежаваныя і непрадуктыўныя ў сучаснай мове: Цябе прашу я аб адным, нястомная між намі (П. Броўка). Замест гэтых канструкцый шырока ўжываюцца прадуктыўныя словазлучэнні з залежнымі назоўнікамі ў форме роднага склону з прыназоўнікамі паміж (між), сярод, параўн.: слаўны між байцамі — слаўны між (сярод) байцоў; выдатны між гарадамі — выдатны між (сярод) гарадоў; знакаміты паміж вучонымі — знакаміты паміж (між) вучоных. Камандзір разведкі Горны слаўны быў між партызанаў (П. Броўка).

Словазлучэнні з прыназоўнікам перад з аб’ектнымі адносінамі колькасна абмежаваныя, аднак шырока ўжывальныя ў сучаснай мове. Большая частка гэтых канструкцый, у якасці залежнага кампанента якіх ужываюцца адушаўлёныя назоўнікі, мае адценне ўзаемнасці і мае сінанімічныя словазлучэнні з прыназоўнікамі з, да: шчыры перад людзьмі — шчыры з людзьмі — шчыры да людзей; адкрыты перад сябрамі — адкрыты з сябрамі — адкрыты да сяброў. Другая, нязначная частка словазлучэнняў, у якіх у якасці залежнага кампанента выступаюць неадушаўлёныя назоўнікі, тыпу бездапаможны перад цяжкасцямі, бяссільны перад засухай не мае такіх сінонімаў.

Словазлучэнні «прыметнік + прыназоўнік + назоўнік у творным склоне» з аб’ектнымі адносінамі характарызуюцца постпазіцыяй залежнага кампанента: Два акны выходзілі на двор, а сенцы былі агульныя з суседняй кватэрай (К. Чорны); Пятым ад канца вуліцы стаяў стары дзеравяны дом у адну кватэру, нізенькі і падгніўшы, адкуплены даўно ад управы чыгункі Дзянісам Пляцінскім, вядомым тут пад прозвішчам бочкавоза (К. Чорны); Цесны саюз народаў, як вечная скала, непахісны перад ворагам (К. Чорны).

Адваротны парадак слоў выкарыстоўваецца з мэтай вылучыць прадмет або асобу, выражаныя залежным назоўнікам, на якія распаўсюджваецца пэўная прымета, названая галоўным кампанентам.

Словазлучэнні з азначальнымі адносінамі заснаваны на сувязі прымыкання і прадстаўлены канструкцыямі з прыназоўнікам з (са): шэры з блакітам, сіні з паяском, чырвоны з кветкамі, жоўты з адлівам, тонкі з гарбінкай, блакітны з гарошкам. У яе шэрых з сінявінкай вачах ён прачытаў спачатку нешта падобнае на здзіўленне (М. Лынькоў); І вось яна стаіць... высокая, стройная, у шэрай з сінім футболцы (Я. Брыль). Гэтыя словазлучэнні характарызуюцца значнай прадуктыўнасцю і ўжывальнасцю ў сучаснай мове. Сінонімаў яны не маюць. Канструкцыям з прыназоўнікам з характэрна постпазіцыя залежнага кампанента. Адваротны парадак слоў ужываецца вельмі рэдка.

Словазлучэнні з прасторавымі адносінамі складаюць шырокі і разнастайны па ўжывальнасці тып канструкцый з прыназоўнікамі над, пад, за, паміж (між), перад, побач з, заснаваных на сінтаксічнай сувязі прымыкання:

светлы над морам, нізкі над лесам, непрыкметны над страхою, празрысты над лугам, цёмны над снегам;

вузкі пад лесам, зялёны пад гарой, цесны пад пахамі, мяккі пад нагамі, сіні пад месяцам, іскрысты пад сонцам;

непрыкметны за лесам, нябачны за паваротам, звілісты за ракой, вузкі за гарой;

рыхлы між купінамі, зялёны між бярозамі, звілісты паміж дрэвамі, светлы паміж дамамі;

рэдкі перад горадам, апошні перад вяршыняй, зялёны перад лесам, прамы перад спускам, зацішны перад домам;

вытаптаны побач з домам, свежы побач з возерам, адзінокі побач з лесам, зялёны побач з балотцам.

Усе пералічаныя словазлучэнні прадуктыўныя і шырока ўжываюцца ў сучаснай мове. За выключэннем словазлучэнняў з прыназоўнікам паміж (між), гэтыя канструкцыі не маюць сінонімаў.

Канструкцыі з прыназоўнікам паміж (між) сінанімічны словазлучэнням з прыназоўнікам сярод і назоўнікамі ў родным склоне: зялёны паміж (між) бярозамі — зялёны сярод балот; звілісты паміж (між) дрэвамі — звілісты паміж (між) дамамі. Некаторая спецыфіка ў семантыцы гэтых канструкцый не заўсёды дазваляе іх узаемазамену, параўн.: рыхлы між купін (снег) — рыхлы сярод купін.

Словазлучэнням «прыметнік + прыназоўнік + назоўнік у творным склоне» з прасторавымі адносінамі характэрна постпазіцыя залежнага кампанента: Дні за днямі цікаўна, але нясмела глядзела яна на вуліцу, на ўсіх, хто праходзіў міма, — сціплая, непрыкметная за нязграбным плотам, блізка да вялікіх дрэў (І. Мележ); Дым віўся з ледзь прыкметнага над страхою коміна (П. Пестрак); Цягнік прыпыніўся на хвіліну на невялікай станцыі, апошняй перад гарадком (М. Лынькоў); Невялікія, чорныя цяпер домікі, густа налепленыя на кавалак зямлі, агеньчыкамі лямп міргаюць у полі, а над імі высока ўзняліся белыя камяніцы цэркваў (манастырскіх і гарадскіх), і чорная, удзень чырвоная, стромкая каланча, адзінокая побач з цэрквамі (П. Галавач).

Адваротны парадак слоў выкарыстоўваецца рэдка: Снег пад месяцам сінявата-іскрысты мяняецца, мільгаціць (К. Крапіва).

Словазлучэнні з часавымі адносінамі складаюць колькасна невялікі, аднак даволі шырока ўжывальны тып канструкцый. Яны заснаваны на сінтаксічнай сувязі прымыкання з прыназоўнікамі за, перад (прад):

цьмяны за часам, патускнелы за часам;

узбуджаны перад экзаменам, апошні перад вясной, уступны перад дакладам.

Словазлучэнні з прыназоўнікам за з’яўляюцца адзінкавымі ў сучаснай мове: Уваскрасалі ў памяці цьмяныя за часам, дробязныя — як здавалася тады — факты, здарэнні, якія знайшлі фіксацыю ў спадарожніку-блакноце (Х. Шынклер). Яны маюць адценне прычыны і з’яўляюцца сінанімічнымі канструкцыям з прыназоўнікамі з-за, ад і назоўнікамі ў родным склоне: цьмяны за часам — цьмяны з-за часу — цьмяны ад часу; патускнелы за часам — патускнелы з-за часу — патускнелы ад часу.

Словазлучэнні з прыназоўнікам перад (прад) маюць абмежавальнае адценне: Камсамолец Віктар скрозь чорную ноч, скрозь лютую, мабыць, апошнюю перад вясной, завіруху ехаў у далёкую незнаёмую вёску шукаць свайго друга (М. Зарыцкі); У грудзях было прывычнае перад боем адчуванне нейкай пустаты, калі іншыя пачуцці змяняе адно — чаканне і прага бітвы (І. Мележ). Сінонімаў гэтыя словазлучэнні не маюць.

Канструкцыям «прыметнік + прыназоўнік + назоўнік у творным склоне» з часавым значэннем звычайна ўласціва постпазіцыя залежнага кампанента. Адваротны парадак кампанентаў ужываецца рэдка.

Група 8. Прыметнік + прыназоўнік + назоўнік у месным склоне

§ 79. Словазлучэнні гэтай групы складаюць даволі шырокі і разнастайны ў адносінах да семантыка-сінтаксічных асаблівасцей і прадуктыўнасці тып канструкцый.

Словазлучэнні з прасторавымі адносінамі заснаваны на сувязі прымыкання з прыназоўнікамі на, па, пры, у:

недаступны на дрэве, шырокі на канцы, недасягальны на вяршыні, маленькі на вышыні;

зялёны па берагах, пыльны па абочынах, чорны па канцах, востры па баках, невысокі па ўзлесках, спелы па палянках, пахучы па лугавінах;

пясчаны пры беразе, слізкі пры ўваходзе, абрывісты пры возеры, зялёны пры алешніку, цёмны пры снезе;

зялёны ў лагчынах, зацішны ў лесе, нябачны ў кустах, рэдкі ў лугах, зялёны ў праталінах, смачны ў полі, незвычайны ў гарах, круты ў пад’ёме.

Словазлучэнні з прыназоўнікам на характарызуюцца значнай прадуктыўнасцю: Яшчэ ўчора ўвечары вільготны на вуліцы пыл і пясок за ноч у марозе ацвярдзелі, пазмярзаліся (Р. Мурашка); Наўкруга, як толькі акінуць вокам, плыве і плыве збажына, чуць-чуць зеленаватая ў лагчынах і ўжо чыста жоўтая на пагорках (Я. Скрыган). Некаторыя з гэтых спалучэнняў маюць сінанімічныя канструкцыі з назоўнікамі ў творным склоне без прыназоўніка: зялёны на пагорках — зялёны пагоркамі; спелы на палянках — спелы палянкамі.

Словазлучэнні з прыназоўнікам па таксама характарызуюцца значнай прадуктыўнасцю ў сучаснай мове: Кучаравы па берагах, ён [канал] цішна туліўся пад лёгкаю, мяккаю імглою, пабліскваючы сваім люстрам (П. Пестрак); Пясчаная, жоўтая дарога, зялёная па абочынах, вілася ўверх да млына (П. Пестрак). У адрозненне ад папярэдніх канструкцый усе яны практычна маюць сінанімічныя канструкцыі з творным беспрыназоўнікавым: зялёны па берагах — зялёны берагамі; пыльны па абочынах — пыльны абочынамі; востры па краях — востры краямі; невысокі па ўзлесках — невысокі ўзлескамі.

Даволі прадуктыўныя словазлучэнні з прыназоўнікам пры сінанімічны канструкцыям з прыназоўнікам каля: пясчаны пры беразе — пясчаны каля берага; слізкі пры ўваходзе — слізкі каля ўваходу; абрывісты пры возеры — абрывісты каля возера.

Словазлучэнні з прыназоўнікам у характарызуюцца значнай прадуктыўнасцю і семантычнай неаднароднасцю: Дзед пазірае на палоску, на нізкую і рэдкую ў нізінах ярыну (П. Галавач); З боку бярэзніка, за якім раскінуўся бальшак, пачуліся невядомыя ў гэтых мясцінах гукі (З. Бядуля). Некаторыя словазлучэнні з прыназоўнікам у сінанімічны канструкцыям з творным беспрыназоўнікавым: зялёны ў лагчынах — зялёны лагчынамі; жоўты ў праталінах — жоўты праталінамі і пад.

Словазлучэнні «прыметнік + прыназоўнік + назоўнік у месным склоне» з прасторавымі адносінамі характарызуюцца перавагай постпазіцыі залежнага кампанента: Ніжняя [хмара] цёмна-сіняя, ажно чорная пры зямлі, здавалася, падымалася з самага лесу, злівалася з ім (І. Шамякін); Вось яна і Шчара, замерзлая толькі пры берагах (П. Пестрак). Адваротны парадак слоў ужываецца рэдка: З пачатку цёмная, па канцах рыжая, барада яго пачыналася чуть не ад самых вачэй (Я. Колас).

Словазлучэнні з адносінамі прычыны і абумоўленасці заснаваны на сінтаксічнай сувязі прымыкання. Яны даволі шырокія ў колькасных адносінах і па семантыка-сінтаксічных асаблівасцях, ужываюцца з прыназоўнікамі на, пры, у, па:

ружовы на ветры, бадзёры на марозе, залацісты на сонцы, гулкі на паркеце, выразны на фоне;

сляпы пры бляску, араматны пры цвіценні, цёмны пры лямпе;

цёмны ў змроку, іскрысты ў праменнях, празрысты ў шклянцы, фантастычны ў змроку;

адсутны па хваробе (па дазволу).

Словазлучэнні з прыназоўнікам на са значэннем абумоўленасці маюць прасторавае адценне: На ім [іржэўніку] роўнымі радамі ляжалі кучкі залатой на сонцы саломы (І. Шамякін); Тыя ж цяжкія крокі, гулкія на паркеце, мяккія з шоргатам на дывановай дарожцы (І. Шамякін). Гэтыя словазлучэнні маюць сінанімічныя канструкцыі з прыназоўнікамі ад, з-за і назоўнікамі ў родным склоне: ружовы на ветры — ружовы ад ветру — ружовы з-за ветру; бадзёры на марозе — бадзёры ад марозу — бадзёры з-за марозу; залацісты на сонцы — залацісты ад сонца — залацісты з-за сонца.

Словазлучэнні з прыназоўнікам пры колькасна абмежаваныя, аднак даволі шырока ўжывальныя: З падпечка чуецца хрыплы, пакутны крык перапуджанага і сляпога пры святле лучыны пеўня (К. Крапіва). Гэтыя словазлучэнні, таксама як і словазлучэнні з прыназоўнікам на, маюць сінанімічныя канструкцыі з прыназоўнікамі ад, з-за і назоўнікамі ў родным склоне: сляпы пры бляску — сляпы ад бляску — сляпы з-за бляску; цёмны пры лямпе — цёмны ад лямпы — цёмны з-за лямпы.

Словазлучэнні з прыназоўнікам у колькасна абмежаваныя, хоць і даволі шырока ўжывальныя: Вочы яе, вялікія і цёмныя ў малочным змроку, глядзяць на яго знізу, чаруюць і прыцягваюць (К. Крапіва); Маўчаць срэбныя ў снягах палі і лясы (Э. Самуйлёнак). Таксама як і папярэднія канструкцыі з адносінамі абумоўленасці, гэтыя словазлучэнні адпаведны канструкцыям з прыназоўнікамі ад і за: цёмны ў змроку — цёмны ад змроку — цёмны з-за змроку; іскрысты ў праменнях — іскрысты ад праменняў — іскрысты з-за праменняў.

Словазлучэнні з прыназоўнікам па выражаюць прычынныя адносіны. Яны адзінкавыя ў беларускай мове: Паказанні сведак, адсутных па законных прычынах, суд пастанавіў агаласіць у свой час (Я. Колас). Гэтыя словазлучэнні не маюць сінонімаў.

Словазлучэнні «прыметнік + прыназоўнік + назоўнік у месным склоне» з адносінамі абумоўленасці, прычыны характарызуюцца перавагай постпазіцыі залежнага кампанента: Выгляд яго, суровы і велічны ў асвятляльна белым каўпаку і ў жаўтаватым халаце, спалохаў Валянціну Андрэеўну (І. Шамякін); Васіль бачыць, што вочы яе, цёмныя, глыбозныя ў блеклым ранішнім святле, радасна блішчаць (І. Мележ). Адваротны парадак членаў амаль не ўжываецца.

Словазлучэнні з часавымі адносінамі заснаваны на сінтаксічнай сувязі прымыкання з прыназоўнікамі на, па, пры, у:

слепаваты на старасці, малы на пачатку, дакладны на службе, уважлівы на прыёме;

звонкі па прадвесні, сакавіты па вясне, жоўты па восені;

неабходны пры ад’ездзе, дакладны пры выкананні, акуратны пры рабоце;

цікавы ў мінулым, небывалы ў вяках, вясёлы ў дарозе, няпэўны ў пачатку, узнёслы ў дарозе, патрэбны ў адпачынку.

Некаторыя словазлучэнні з прыназоўнікамі на, па з часавымі адносінамі маюць дадатковае прасторавае і абмежавальнае адценні: Ты на працы крэпак, дуж (Я. Колас); Перад ім стаіць раздвоены Станіслаў Бутрымовіч, дакладны па службе міліцыянер (П. Пестрак). Гэтыя словазлучэнні маюць сінанімічныя канструкцыі з прыназоўнікам у час: дакладны па службе — дакладны ў час службы; уважлівы на прыёме — уважлівы ў час прыёму.

Словазлучэнні з прыназоўнікам пры маюць у рознай ступені абмежавальнае адценне. У залежнасці ад семантыкі канструкцый яны сінанімічны словазлучэнням з прыназоўнікам у час і з прыназоўнікам у: неабходны пры ад’ездзе — неабходны ў час ад’езду — неабходны ў ад’ездзе; дакладны пры выкананні — дакладны ў час выканання — дакладны ў выкананні; акуратны пры рабоце — акуратны ў час работы — акуратны ў рабоце.

Словазлучэнні з прыназоўнікам у колькасна абмежаваныя: Настрой яго, узнёслы і вясёлы ў дарозе, паступова псаваўся (І. Шамякін). Частка гэтых словазлучэнняў сінанімічна канструкцыям з прыназоўнікам у час: вясёлы ў дарозе — вясёлы ў час дарогі; патрэбны ў адпачынку — патрэбны ў час адпачынку.

Канструкцыі «прыметнік + прыназоўнік + назоўнік у месным склоне» з часавымі адносінамі характарызуюцца значна большым ужываннем постпазіцыі залежнага кампанента: Андрэй — мастак-расказчык. Багаты ў мінулым, ён прагуляў палавіну свайго хутара (П. Пестрак); Сняцца Эме прыгожыя сны залатога маленства, як песні, сакавітыя на прадвесні (П. Глебка). Адваротны парадак слоў выкарыстоўваецца для асаблівага падкрэслівання прамежку часу, на які распаўсюджваецца прымета, выражаная прыметнікам.

Словазлучэнні з аб’ектнымі адносінамі складаюць малапрадуктыўны тып канструкцый, заснаваных на сінтаксічнай сувязі кіравання з прыназоўнікамі аб, у:

спакойны аб сябры, дбайны аб маці;

вінаваты ў спрэчцы, згодны ва ўсім.

Словазлучэнні з прыназоўнікам аб тыпу спакойны аб сястры сінанімічны больш прадуктыўным у сучаснай мове канструкцыям з прыназоўнікам за і назоўнікам у вінавальным склоне: спакойны аб сястры — спакойны за сястру. Словазлучэнні з прыназоўнікам у не маюць сінонімаў. Адносна парадку кампанентаў словазлучэнні з прыназоўнікамі аб, у не з’яўляюцца аднатыпнымі. Словазлучэнні з прыназоўнікам аб характарызуюцца пераважнай ужывальнасцю постпазіцыі залежнага кампанента. У словазлучэннях з прыназоўнікам у пераважае прэпазіцыя залежнага кампанента, асабліва ў канструкцыях з адмаўем не.

Словазлучэнні з абмежавальнымі адносінамі складаюць прадуктыўны тып канструкцый, заснаваных на сінтаксічнай сувязі прымыкання з прыназоўнікамі па, у:

розныя па адценнях, аднолькавыя па маштабах, перадавы па поглядах, аднолькавыя па паказчыках;

упарты ў патрабаваннях, асцярожны ў дзеяннях, шчыры ў размовах, бездапаможны ў змаганні, бездакорны ў адносінах, вопытны ў гандлі, цяжкі ў ажыццяўленні, спакойны ў голасе, жвавы ў размове.

Словазлучэнні з прыназоўнікам па колькасна абмежаваны, аднак шырока ўжывальныя: Працэсы будоўлі, хоць і розныя па маштабах, у прынцыпах былі падобныя (П. Броўка); Яна бачыла ўсмешкі розныя па сваіх адценнях, ад зларадных да спачувальных (І. Шамякін). Гэтыя словазлучэнні маюць сінанімічныя канструкцыі з залежным назоўнікам у творным склоне: розныя па адценнях — розныя адценнямі; аднолькавыя па маштабах — аднолькавыя маштабамі; перадавы па поглядах — перадавы поглядамі; аднолькавы па паказчыках — аднолькавы паказчыкамі.

Словазлучэнні з прыназоўнікам у складаюць шырокі ў колькасных адносінах і прадуктыўны тып канструкцый з абмежавальнымі адносінамі. Сінанімічных канструкцый яны не маюць.

Словазлучэнні «прыметнік + прыназоўнік + назоўнік у месным склоне» з абмежавальнымі адносінамі характарызуюцца перавагай постпазіцыі залежнага кампанента: Даўно знаёмы і дарагі мне па партрэтах воблік яго [Горкага] усё ж паразіў мяне сваім чараваннем (Я. Колас); Дзе ён і як знік, бачыў адзін чалавек, нізкі, вусаты, дубаваты ў паходцы і ў голасе (К. Чорны); І руплівы ў сваіх малых справах і рухавы ў рабоце Максім Астапавіч... пачынаў сумаваць, калі доўга не бачыў свае Марыны (К. Чорны).

Словазлучэнні з адносінамі меры і ступені прадстаўлены прадуктыўнымі канструкцыямі з прыназоўнікам у, заснаванымі на сінтаксічнай сувязі прымыкання:

у аснове правільны, у корані фальшывы, у многім падобны, у асноўным прынцыповы, у аснове прагрэсіўны, у пераважнасці флегматычны, у большасці зразумелы. Пад уплывам тэндэнцыйнага і аднабочнага асвятлення іх [войн], выпуклення гераічнай стараны і наўмыснага закрывання вачэй на яе цёмныя бакі ў ім злажылася ўяўленне, у корані фальшывае, аб ваяцкіх здольнасцях царскай Расіі, аб яе непераможнасці ў вайне (Я. Колас); Гэта — агульны, троху напышаны, але ў грунце правільны вобраз той пары, што апісваецца ў нашым апавяданні (М. Зарэцкі). Сінонімаў гэтыя словазлучэнні не маюць. Характарызуюцца ў адрозненне ад большасці прыметнікавых канструкцый аднолькавай ужывальнасцю постпазіцыі і прэпазіцыі залежнага кампанента.

Разрад 2. Словазлучэнні прыметнікаў у формах ступеней параўнання з прыслоўямі і часціцамі

§ 80. Словазлучэнні гэтага тыпу заснаваны на сінтаксічнай сувязі прымыкання і выражаюць адносіны меры, ступені павышэння або паніжэння якасці, якая выражаецца галоўным кампанентам: многа мацнейшы, значна цікавейшы, яшчэ цяплейшы, як найпрыгажэйшы, тым большы, усё смялейшы, куды весялейшы, штораз цікавейшы, штодзень святлейшы.

Гэтыя словазлучэнні характарызуюцца значнай прадуктыўнасцю і ўжывальнасцю. Сінанімічных канструкцый яны не маюць. Характарызуюцца прэпазіцыяй залежнага кампанента. Такі парадак слоў з’яўляецца прамым для гэтых канструкцый: Асілкаў шмат было на свеце, быў шмат дужэйшы наш народ (Я. Купала); Яго выступленне маўклівая зала сустрэла яшчэ большым, яшчэ халаднейшым маўчаннем (М. Зарэцкі); Як верашчака ў дно спадала, то маці есці пакідала ды йшла ў камору па другое, яшчэ больш смачнае, ядкое (Я. Колас).

Адваротны парадак слоў у гэтых словазлучэннях сустракаецца вельмі рэдка.

Разрад 3. Словазлучэнні прыметнікаў з прыслоўямі

§ 81. Гэтыя словазлучэнні заснаваны на сінтаксічнай сувязі прымыкання: сонечна шчаслівы, зычна пявучы, пакутліва цяжкі, цудоўна прыгожы, досыць спрытны, чамусьці мокры, заўжды неспакойны, калісьці непрыкметны, яшчэ малады, часамі недаступны, улетку вільготны, данізу сухі, усюды вядомы.

Яны выражаюць у адпаведнасці з семантыкай прымыкаемага прыслоўя разнастайныя адносіны.

Азначальныя: невыразна маркотны, афіцыйна строгі, пачварна тоўсты, іскрыста белы, незамутнёна-спакойны, неспадзявана добры, нечакана ціхі, ідэйна падрыхтаваны, спецыфічна беларускі, фактычна бяспраўны, сапраўды народны, па-дзіцячы пяшчотны, па-ранейшаму ўвішны. Словазлучэнні з гэтымі адносінамі складаюць вельмі шырокі і прадуктыўны тып словазлучэнняў прыметнікаў з прыслоўямі. Гэта тлумачыцца ў многім няспынным ростам якасных прыслоўяў у сучаснай мове.

Ступені, меры праяўлення прыметы: гранічна важны, бязмерна шчаслівы, непамерна моцны, наўздзіў добры, зусім прымітыўны, як мага абыякавы, добра знаёмы, мала выгадны, так блізкі, досыць спрытны, трошкі сумны, злёгку лірычны, аднолькава любы. Словазлучэнні з гэтымі адносінамі таксама шырока ўжывальныя і прадуктыўныя ў сучаснай мове.

Прычынныя: таму неспакойны (усхваляваны, заклапочаны, нервовы), чамусьці незразумелы (няпэўны, недаверлівы, смутны, радасны, узнёслы), чагосьці пераканаўчы (адсталы, чужы, ненадзейны, адначасовы, родны, смутны). Гэтыя словазлучэнні абмежаваны з боку залежнага кампанента, у якасці якога выступаюць толькі прыслоўі таму, чамусьці, чагосьці. Аднак, нягледзячы на гэта, словазлучэнні з прычыннымі адносінамі характарызуюцца шырокай ужывальнасцю.

Часавыя: заўжды неспакойны, звычайна гаварлівы, адвеку малады, змалку дысцыплінаваны, вечна жывы, раней памяркоўны, калісь магутны, тады невялікі, дасюль самотны, пакуль маўклівы, яшчэ малады, сёння неспадзяваны, уначы прыгожа-казачны, лагодны ўдзень. Словазлучэнні гэтай семантыкі хоць і больш шырокія ў колькасных адносінах, аднак таксама абмежаваныя з боку залежнага кампанента, у якасці якога выступаюць прыслоўі часу. Словазлучэнні з часавымі адносінамі характарызуюцца шырокай ужывальнасцю.

Прасторавыя: знізу белы, звонку прыгожы, нідзе не лішні, знадворку глянсаваны, ззаду чорны, адгэтуль далёкі, кнізу шырокі. Словазлучэнні з прасторавымі адносінамі колькасна абмежаваны з боку залежнага кампанента, аднак характарызуюцца шырокай ужывальнасцю.

Словазлучэнні прыметнікаў з прыслоўямі не маюць сінонімаў. Прамым парадкам слоў для гэтых словазлучэнняў у адрозненне ад канструкцый з залежнымі назоўнікамі з’яўляецца прэпазіцыя залежнага кампанента: Пры зручным выпадку гаспадыня вельмі ахвоча пагаварыць (А. Кулакоўскі); Перад вачыма адкрываўся цудоўна прыгожы малюнак (Ц. Гартны); Пад нагамі скрыпіць іскрыста белы снег (З. Бядуля); Спецыфічна беларускі пейзаж мільгае за акном вагона (У. Краўчанка); Зусім маленькая птушачка прыгожа спявала ў кустах малінніку (П. Галавач); Добры майстар нідзе не лішні (Прыказка).

Адваротны парадак слоў ужываецца рэдка: Маўклівы заўсёды, Кухар больш Грамабою не адказваў (К. Крапіва); Бярозы, белыя знізу, зелянелі купчастымі вяршалінамі (Б. Мікуліч). Такі парадак слоў выкарыстоўваецца звычайна пры адасабленні прыметніка з залежным прыслоўем.

Разрад 4. Словазлучэнні прыметнікаў з інфінітывам

§ 82. Словазлучэнні гэтага разраду заснаваны на сінтаксічнай сувязі прымыкання і выражаюць камплетыўныя або аб’ектныя адносіны: бяссільны змагацца, здатны пагуляць, волен сказаць, слабы зрабіць; гатовы ехаць, рады сказаць, ахвочы марыць, згодзен дапамагаць. Словазлучэнні з інфінітывам у якасці залежнага кампанента характарызуюцца шырокай ужывальнасцю кароткіх форм прыметнікаў: Аж душа мая святлее і спяваць я зноў гатоў (Я. Колас); Часамі я яго ненавідзела, часамі шкадавала. Ён здолен здзеквацца з другога, ён здолен мучыць сваю сям’ю (К. Чорны).

Сінонімаў гэтыя словазлучэнні не маюць. Прамым парадкам слоў з’яўляецца постпазіцыя залежнага інфінітыва: Аленка перамагае ўсмешку, гатовую закрасаваць на яе свежанькіх губках (Я. Колас); Хто ж ахвоцен з нас уставаць з дарогі (Я. Купала); Праўда, Іван Паддубны схільны быў думаць інакш, але маўкліва рабіў уступку агульнай думцы (П. Пестрак).

Адваротны парадак слоў сустракаецца рэдка: Хлопцы-зухі і дзяўчаты пагуляць тым часам рады (Я. Колас).

Разрад 5. Словазлучэнні прыметнікаў з займеннікамі

Група 1. Прыметнік + абагульнена-прадметны займеннік

§ 83. Гэтыя словазлучэнні складаюць асноўную частку прыназоўнікавых і беспрыназоўнікавых словазлучэнняў разглядаемага разраду. Па сваіх семантыка-сінтаксічных уласцівасцях яны аднатыпны адпаведным словазлучэнням з назоўнікам у ролі залежнага кампанента: І нельга будзе Мечыку крыкнуць у сваё апраўданне, што агню нарабіў не ён, а ненавісны яму і ўсім калгаснікам Дзёма Чыжык (М. Паслядовіч); І без песень жа народ што ён варт быць можа? (Я. Купала); Лабановіч тым часам крыху асвойтаўся з гэтаю незвычайнаю для яго абстаноўкаю і з цікавасцю прыглядаецца да гэтых новых для яго людзей (Я. Колас).

Найбольш пашыраны парадак слоў у гэтых словазлучэннях — постпазіцыя залежнага кампанента. Адваротны парадак слоў выкарыстоўваецца для больш выразнага падкрэслівання прыметы, выражанай галоўным кампанентам. Словазлучэнні з адваротным парадкам слоў выкарыстоўваюцца пераважна ў паэтычных творах: Хіба ж перад кім я вінна, што так радасці хачу? (А. Астрэйка); Над ім [Жыткам] не ўладна тло гадоў, яго зачын гарыць яскрава (М. Лужанін).

Група 2. Прыметнік + азначальны займеннік

§ 84. Гэтыя словазлучэнні адзінкавыя ў колькасных адносінах, аднак шырока ўжывальныя. У ролі залежнага кампанента ў іх выступаюць азначальныя займеннікі увесь, сам. Словазлучэнні з займеннікам увесь маюць значэнне вычарпальнасці прыметы: увесь шэры, увесь чорны, увесь мёрзлы, увесь сухі. Сінонімаў гэтыя канструкцыі не маюць. Найбольш пашыраным парадкам слоў з’яўляецца прэпазіцыя залежнага кампанента — займенніка. Адваротны парадак слоў ужываецца пры асаблівым падкрэсліванні прыметы: Голас быў ціхі, спакойны, да ўсяго абыякавы (М. Лынькоў).

Словазлучэнні з займеннікам сябе выражаюць значэнне сумеснасці, узаемнасці. Яны заснаваны на сувязі прымыкання з прыназоўнікам паміж (між): падобныя паміж (між) сабою, роўныя між сабою, незнаёмыя між сабой, блізкія між сабой. Незнаёмых між сабою людзей цяпер аб’ядноўвае на гэтай доўгай скамейцы адна і тая самая думка: — Ці хутка прыйдзе аўтобус на Шапалевічы (З. Бядуля); Гаспадары і госці рады, жычлівы, ветлы між сабой (Я. Колас). Сінонімаў гэтыя словазлучэнні не маюць. Характарызуюцца ўстойлівай перавагай канструкцый з постпазіцый залежнага кампанента: Пісьменніцкае асяроддзе складаецца з талентаў яркіх і менш яркіх, непадобных паміж сабой (Я. Колас).

Разрад 6. Словазлучэнні прыметнікаў з прыметнікамі

§ 85. Асноўную частку словазлучэнняў гэтага разраду складаюць адзінкавыя ў колькасных адносінах, аднак вельмі ўжывальныя канструкцыі таўталагічнага характару з прыназоўнікамі з, сярод, для, якія набліжаюцца да ўстойлівых: роўны сярод роўных, лепшы з лепшых, выдатнейшы з выдатных і пад. Высокае становішча грамадзяніна сацыялістычнай краіны, роўнага сярод роўных у шматмільённай савецкай сям’і, напоўніла сэрца беларуса гонарам за сябе і за сваю вялікую радзіму (К. Крапіва). Да гэтага разраду адносяцца і значна менш ужывальныя аднатыпныя словазлучэнні нетаўталагічнага характару: незразумелы для новых, дзіўны для старонніх, звычайны для дасведчаных і пад.

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел