Артефакт.lib.ru
Сайт Андрея Пискунова Хостинг Lib.Ru

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел

Складаныя і метамоўныя словазлучэнні з назоўнікам

§§ 65–70

Складаныя словазлучэнні

Разрад 1. Словазлучэнні назоўнікаў са свабоднымі спалучэннямі

Група 1. Назоўнік + некалькі сузалежных ці падзалежных кампанентаў

§ 65. Многія пералічаныя вышэй па групах простыя словазлучэнні могуць ператварацца ў складаныя: 1) калі залежны кампанент далучае да сябе адно ці некалькі паясняльных слоў — залежны кампанент другой ступені: дзень нараджэння — дзень нараджэння сына, барацьба за мір — барацьба за трывалы мір, вопытны інжынер — вельмі вопытны інжынер; 2) калі галоўны кампанент далучае да сябе паясняльныя словы: дзень нараджэння — радасны дзень нараджэння, барацьба за мір — працяглая барацьба за мір, вопытны інжынер — вопытны інжынер-эксперыментатар; 3) калі абодва кампаненты простага словазлучэння далучаюць да сябе паясняльныя словы: дзень нараджэння — радасны дзень нараджэння сына, барацьба за мір — працяглая барацьба за трывалы мір, вопытны інжынер — вельмі вопытны інжынер-эксперыментатар.

Усе свабодныя складаныя словазлучэнні могуць разглядацца як вынік аб’яднання простых словазлучэнняў розных тыпаў, разрадаў і груп. Таму іх фармальная і семантыка-сінтаксічная характарыстыка ўключае характарыстыкі простых словазлучэнняў, аб’яднаных у даным складаным: А з акон вагонаў цэлыя букеты людскіх галоў пазіраюць (Я. Колас); І гэта процьма ўсякіх гукаў злілася ў гул адзін вялікі (Я. Колас); Ці помніш ты вясняныя разлогі, чаромуху ў цвеце ля ракі? (В. Тарас); Яны ідуць напорным крокам у краіну светлую жыцця... (П. Трус); Мы зноў урачыста заяўляем аб сваёй салідарнасці з нашымі зарубежнымі братамі — працоўнымі капіталістычных краін (Звязда, 1983).

Група 2. Назоўнік + група слоў, якія перадаюць аднародныя звязаныя паняцці

§ 66. Словазлучэнні гэтай групы будуюцца на постпазіцыйным прымыканні або слабым кіраванні з боку галоўнага кампанента групай слоў, якія выражаюць аднародныя або пэўным чынам звязаныя паняцці: матч Карпаў — Каспараў, шаша Масква — Мінск, дыялог чалавек — машына, змова між Ізраілем і ПАР, імгненне між жыццём і смерцю. Такія канструкцыі маюць азначальныя і азначальна-акалічнасныя значэнні; яны не могуць быць зведзены да простых словазлучэнняў: А пасля на шашы Мінск — Бягомль засаду зрабілі на акупантаў (А. Бялевіч); 12 жніўня 1937 года савецкія лётчыкі трэці раз вылецелі ў беспасадачны рэйс Масква — Паўночны полюс — ЗША (Х. Жычка); ... Я на світанні ля вёскі з радаснай трывогай саскочу з кузава на скрыжаванні шашы і баравой дарогі (В. Матэвушаў); Між Іванам і Васькам цячэ мірная бяседа (М. Лынькоў); Учора адбыўся чарговы футбольны матч «Дынама» — «Арарат»; Лік 2 : 1 на карысць гаспадароў поля (Вяч. Мінск, 1978).

У пэўных выпадках словазлучэнні маюць сінтаксічныя сінонімы: дарога Мінск — Слуцк — дарога ад Мінска да Слуцка; сустрэча Карпаў — Каспараў — сустрэча Карпава з Каспаравым.

Група 3. Назоўнік + складаная назва

§ 67. Залежны кампанент у такіх словазлучэннях выражае адно паняцце, не падлягае сінтаксічнаму падзелу, знаходзіцца ў постпазіцыі і прымыкае да галоўнага члена: Я рушыў з двара, брыў вёскай Валова Гара (М. Калачынскі); Дзяржаўны тэатр лялек папоўніў свой рэпертуар спектаклем «Скажы сваё імя, салдат» (ЛіМ, 1978); Новы спектакль па п’есе А. Дзялендзіка «Апошнія суніцы ў жніўні» ажыццявіў Магілёўскі абласны тэатр (ЛіМ, 1978); У зборніку «Далёка ад дому» вершы размешчаны не тэматычна, а храналагічна... (П. Глебка); Больш чым 200 чалавек удзельнічае ў мастацкай самадзейнасці калгаса «Новае Палессе» Лунінецкага раёна (Звязда, 1979); 25 красавіка гэтага года адбылося пасяджэнне Камітэта па міжнародных Ленінскіх прэміях «За ўмацаванне міру паміж народамі» (Звязда, 1981).

Сінанімічных канструкцый такія словазлучэнні звычайна не маюць.

Група 4. Назоўнік + сінтаксічна непадзельнае словазлучэнне

§ 68. Сінтаксічна непадзельным свабоднае словазлучэнне становіцца тады, калі яно ў пэўнай сінтаксічнай пазіцыі ўтварае адзін член сказа, хоць само па сабе або ў іншай сінтаксічнай пазіцыі яно чляніцца, як і ўсе іншыя свабодныя спалучэнні слоў. У сказе Вось такія ўмельцы, людзі высокай свядомасці кавалі шчасце, новы побыт у Хатыні (А. Бялевіч) сінтаксічна непадзельным з’яўляецца спалучэнне высокай свядомасці. Разам са словам людзі ўся канструкцыя (людзі высокай свядомасці) утварае складанае словазлучэнне.

Сінтаксічна непадзельныя словазлучэнні далучаюцца да назоўнікаў у якасці залежнага кампанента ў постпазіцыі на падставе кіравання і слабага кіравання і перадаюць пераважна азначальныя адносіны (часам з дадатковымі адценнямі).

У складзе непадзельнага словазлучэння вылучаецца граматычна вядучы кампанент і далучаны да яго абавязковы дэтэрмінатар, які можа мець розны аб’ём (адно, два, тры і болей слоў).

Найбольш тыповай пабудовай складаных словазлучэнняў гэтай групы з’яўляецца канструкцыя «назоўнік + назоўнік у родным склоне + дэтэрмінатар»: Памёр вялікіх дум паэт (П. Трус); Да суладдзяў адзіных выйшлі людзі ўсіх земляў і нацый (У. Хадыка); Мы людзі добрай волі, і думы ў нас адны... (А. Русак); У зялёных галінках дрэў весела шчабяталі птушкі незвычайнага хараства (Я. Колас); ... І Ляўчук нават падумаў: можа, і ён таксама спецыяліст высокага класа (В. Быкаў); Творы героіка-патрыятычнай тэматыкі становяцца прыкметнымі вехамі ў жыцці творчых калектываў (ЛіМ, 1980); Для іх быў арганізаваны прагляд новай мастацкай кінаэпапеі «Полымя» вытворчасці кінастудыі «Беларусьфільм» (ЛіМ, 1979); Вядуцца і «баі мясцовага значэння» — супраць водгаласаў дэгераізацыі ў нашай літаратуры (ЛіМ, 1983).

У іншых выпадках вядучы кампанент непадзельнага словазлучэння можа далучацца да галоўнага кампанента складанага словазлучэння пры дапамозе прыназоўнікаў у, на і асабліва часта з: І доўга-доўга слухаць буду твой спеў у паўночныя часы!.. (П. Трус); Увайшла і камісія ў поўным складзе (Я. Колас); Панна Варшава... падымала кілішак на ножцы гранёнай... (Р. Барадулін); На ўсіх сваіх вялікіх мовах ён аддае загад... (У. Хадыка); Творы на словы Янкі Купалы займаюць важнае месца ў творчасці кампазітара (ЛіМ, 1982); Жылі там людзі з розных краёў (П. Броўка); Тэхнікум з чырвонай чарапічнай страхою стаіць над каналам (П. Пестрак); На ўзгорку зелянелі прысадзістыя яліны з зубчастымі вершалінамі (І. Гурскі); Праляцела чарада белых з чорнымі крыламі чаек (І. Гурскі); ... Вось ужо прабег і апошні — растаўсцелы карнік з азызлым, счырванелым тварам (В. Быкаў); А мой равеснік з грэчаскім профілем спаважна пахрумствае галінкі крохкія (Р. Барадулін); КПСС дабіваецца ўстанаўлення прынцыпаў мірнага суіснавання як нормы ўзаемаадносін паміж дзяржавамі з розным сацыяльным ладам (Звязда, 1985).

Пры абазначэнні меры выкарыстоўваецца творны склон без прыназоўніка: яма глыбінёй у метр, дзік вагой пудоў на дзесяць. ... Дзяўчынка сінявокая, ростам невысокая, тварам загарэлая, з добраю душой (А. Русак).

У склад сінтаксічна непадзельных словазлучэнняў нярэдка ўваходзяць лічэбнікі: З гэтага іх паўкола заставаўся толькі выхад назад, зноў у лес, дзе ў ваўчыным парадку быў разрыў крокаў на дваццаць (В. Быкаў); Сядзіба кідалася ў вочы яшчэ ад самай вуліцы прасторнай, на дванаццаць вянкоў з падрубам хатай (І. Чыгрынаў); Увесь час адчувалася, быццам плывём мы па шырокай хвалі нейкай радаснай урачыстай музыкі ў сто аграмадных аркестраў (У. Краўчанка); Зараз там працуе камісія з трох чалавек, прызначаных райкомам (Звязда, 1984).

У асобных выпадках непадзельнае словазлучэнне можа прымыкаць да галоўнага кампанента: Ніжэй даецца апісанне зачысткі № 3 (Весці АН БССР, 1976).

Большасць складаных словазлучэнняў з залежным кампанентам, выражаным сінтаксічна непадзельнай групай слоў, мае сінанімічныя канструкцыі: людзі высокай свядомасці — людзі з высокай свядомасцю; хадой прытомленага чалавека — прытомленай хадой; шчупак на два кілаграмы — двухкілаграмовы шчупак; разрыў крокаў на дваццаць — разрыў крокаў дваццаць; жанчына немаладых год — немаладая жанчына; чайкі з чорнымі крыламі — чарнакрылыя чайкі; раманс на словы Багдановіча — раманс, напісаны на словы Багдановіча; прозвішчы на дваранскі лад — дваранскія прозвішчы — прозвішчы дваранскага тыпу; дзяўчына тварам загарэлая — дзяўчына з загарэлым тварам.

Разрад 2. Словазлучэнні назоўнікаў з фразеалагічнымі зваротамі

§ 69. Словазлучэнні такой будовы выражаюць азначальныя адносіны, залежны кампанент — фразеалагізм можа займаць розныя пазіцыі адносна галоўнага кампанента і далучацца да яго на падставе кіравання, прымыкання і дапасавання: Гм! Ты кажаш падазрыцельны чалавек? — пытаецца вечарам ураднік сваю правую руку — гарбатага стражніка (Я. Колас); Як тут уцалець гэтай гарачай галаве — Наталі (Ц. Гартны); Аб незвычайным подзвігу «на людзях» марыць Міця Птах, юнак з трапяткой душой і ўзвышана-рамантычным настроем (ЛіМ, 1978); Тэорыя «мастацтва для мастацтва» даўно адкінута прагрэсіўным літаратуразнаўствам (ЛіМ, 1982); Праследаванні, якім падвергнула чылійскіх камуністаў рэакцыя ў перыяд «халоднай вайны», не зламалі перакананага дэмакрата-антыфашыста (Звязда, 1981); Жыццёвы ўклад пануючых класаў быў пабудаваны па прынцыпу «падзяляй і ўладарнічай» (Звязда, 1984).

Назоўнікавыя словазлучэнні
СастаўЗалежны кампанентГрупаАсноўнае семантыка-сінтакс. значэннеТып сувязіПарадак кампанентаўПрыклад
1234567
ПростыяНазоўнікназ. + наз., дапасаваны ў склонеазнач.дапас.постпаз. і прэпаз.волат-лес, срэбра-росы, дождж-вадалей, горад-герой, паэт Танк
наз. + наз. у наз. скл.азнач.іменнае прымык.постпаз.горад Баранавічы, газета «Зорка» дзень ікс, сувязь дапасаванне
наз. + наз. у родн. скл.суб’ектн., аб’ектн., азнач., акалічн.кірав.постпаз.планы партыі, сход рабочых, цана радасці, купка дрэў
наз. + наз. у дав. скл.азнач.кірав.постпаз.канец супраціўленню, служэнне Радзіме, пісьмо маці
наз. + наз. у він. скл.азнач., акалічн.кірав.постпаз.стаянка хвіліну
наз. + наз. у тв. скл.суб’ектн., аб’ектн., азнач., акалічн.кірав., прымык.постпаз.атрыманне заводам, камандаванне дывізіяй, пагрузка штабелямі, удар пугай, нос гарбінкай
наз. + прыназоўнік + + наз. у родн. скл.азнач., акалічн.кірав.постпаз.указанне з раёна, пень ад дзічкі, дарога між бяроз, лес усцяж чыгункі
наз. + прыназоўнік + наз. у дав. скл.азнач., акалічн.кірав.постпаз.дарога к базару, сабрат па пяру, аплата адпаведна норме
наз. + прыназоўнік + наз. у він. скл.аб’ектн., азнач., акалічн.кірав.постпаз.змаганне за хлеб, казка пра Палессе, снег па калені, штукар на прыдумкі
наз. + прыназоўнік + наз. у тв. скл.азнач., акалічн., аб’ектн.кірав.постпаз.конь пад князем, сонца за кратамі, дзень перад аперацыяй
наз. + прыназоўнік + наз. у месн. скл.азнач., акалічн., аб’ектн.кірав.постпаз.сны аб Беларусі, хвароба ў нагах, размова па тэлефоне
наз. + нескланяльная абрэвіятурааб’ектн., азнач., суб’ектн.прымык.постпаз.член КПСС, рэктар БДУ, планы НАТО, рашэнне ПК, расісты ПАР
Прыметнікназ. + якасны прыметнік са скланяльнымі формамі ступеней параўнанняазнач.дапас.прэпаз.зялёны гай, найболей глухія сцежкі, прыгажэйшыя мясціны
наз. + якасны прыметнік з нескланяльнай формай вышэйшай ступені параўнанняазнач.прымык.постпаз.будынак прыгажэй, легенды пачэсней
наз. + адносны прыметніказнач.дапас.прэпаз.птушыны разнабой, жытнёвы бохан, нарачанскія хвалі
наз. + прыналежны прыметніказнач.дапас.прэпаз.Аленчына вучонасць, зайцавы сляды
наз. + нескланяльны прыметніказнач.прымык.постпаз.мова ваі, колер хакі, плашч рэглан
наз. + кароткі прыметніказнач.дапас.прэпаз.сіне мора, нова святліца
Займеннікназ. + абагульнена-прадм. займеннікаб’ектн., суб’ектн., азнач., акалічн.кірав.прэпаз. і постпаз.гордасць за ўсіх, паклон вам, прапанова наконт таго, стварэнне ім
наз. + абагульнена-якасны займенніказнач.дапас.прэпаз.наш шафёр, іншае жыццё, такія назвы, увесь лес, многія аўтары
наз. + абагульнена-кольк. займенніккольк.дапас.прэпаз.некалькі запалак, столькі хлопцаў
Дзеяслоўназ. + інфінітыўазнач.прымык.постпаз.думка схадзіць, уменне танцаваць, час касіць
наз. + дзеепрыметнік незалежн. стануазнач.дапас.прэпаз.сцякаючыя кроплі, ажыўшыя рачулкі, адцвітаючы бэз
наз. + дзеепрыметнік залежн. стануазнач.дапас.прэпаз.акісляемы метал, азначаемае слова, перагароджаная рэчка
наз. + дзеепрыслоўеазнач.прымык.постпаз.размова стоячы
Прыслоўеназ. + якасна-акалічнаснае прыслоўеазнач., акалічн.прымык.постпаз.поступ наперад, клопат наогул, размова поруч, паварот улева
наз. + якасна-колькаснае прыслоўеакалічн.прымык.прэпаз.двойчы герой, амаль студэнт
Лічэбнікназ. + парадкавы лічэбніказнач.дапас.прэпаз.сёмы дзень, сорак першы год
наз. + дапасуемыя формы колькасных лічэбнікаўкольк.дапас.прэпаз.два дубы, пяці сталоў, трыццаццю васьмю сшыткамі
наз. + лічэбнік у наз. скл.азнач.прымык.постпаз.мэбля-76, дом восем, мадэль сто адзін
СкладаныяСвабоднае спалучэнне слоўназ. + некалькі сузалежных ці падзалежных членаў———дзень нараджэння сына, радасны дзень нараджэння сына
наз. + група слоў, якія перадаюць аднародныя звязаныя паняцціазнач.прымык., кірав.постпаз.шаша Масква — Брэст, бяседа між Іванам і Васькам
наз. + складаная назваазнач.прымык.постпаз.вёска Валова Гара, п’еса «Скажы сваё слова, салдат»
наз. + сінтаксічна непадзельнае словазлучэннеазнач.кірав.постпаз.паэт вялікіх дум, людзі з розных краёў, яма глыбінёй у метр
Фразеалагізмназ. + фразеалагічнае словазлучэннеазнач.кірав., дапас., прымык.постпаз. і прэпаз.подзвіг «на людзях», тэорыя «мастацтва для мастацтва»
Метамоўныяназ. (метамоўны знак) + словаформа (моўны знак)азнач.прымык.постпаз.надпіс «Не ўваходзіць», словаформа «ідзеш», займеннік вы

Сінтаксічная сінаніміка ў гэтым разрадзе амаль адсутнічае, калі не лічыць пераўтварэнняў устойлівых спалучэнняў тыпу права зрабіць выступленне — права выступіць.

Метамоўныя словазлучэнні

§ 70. Метамоўныя словазлучэнні ўтвараюцца па мадэлі: назоўнік са значэннем, звязаным з маўленнем, мысленнем, пісьмом, мовай наогул (знак метамовы) + пэўная словаформа (знак мовы), якая прымыкае да галоўнага кампанента і мае азначальнае семантыка-сінтаксічнае значэнне: Байцы, забыўшы слова — страх, у смерці ласкі не прасілі (У. Хадыка); І выбрала [настаўніца] словы «печ», «хвоя», «лямпа», «свечка», «брытва» (Х. Жычка); Займеннік вы можа ўжывацца пры звароце да адной асобы (З падручніка); І яшчэ многае значыла гэтае слова — «знайшоў» (І. Мележ); І Сяргей глядзіць на гадзіннік — хутка будзе каманда павярнуць самалёты направа (М. Лынькоў); Калі была пададзена каманда «перакурыць», танкісты... нястройным гуртам накіраваліся да шасэ (І. Мележ); Прайшлі міма браневіка, на ім красаваўся надпіс «Слава афіцэрам» (Я. Колас); На запасной пуціне, ужо недалёка ад семафора, стаяў вагон з надпісам «Камендант» (Я. Колас).

Як сведчаць прыклады, залежны кампанент у метамоўных словазлучэннях у пераважнай большасці выпадкаў вылучаецца тым або іншым спосабам: двукоссем, працяжнікам, курсівам і г. д., што і падкрэслівае своеасаблівасць такіх словазлучэнняў.

Спецыяльных сінтаксічных сінонімаў для метамоўных словазлучэнняў няма.

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел