Артефакт.lib.ru
Сайт Андрея Пискунова Хостинг Lib.Ru

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел

Словазлучэнне з назоўнікам і прыназоўнікам

§§ 42–64

Разрад 2. Словазлучэнні назоўнікаў з прыметнікамі

§ 42. Другі разрад назоўнікавых словазлучэнняў уключае 6 груп у адпаведнасці з лексіка-граматычнымі асаблівасцямі прыметнікаў.

Група 1. Назоўнік + якасны прыметнік са скланяльнымі формамі ступеней параўнання

§ 43. Да скланяльных форм ступеней параўнання прыметніка адносяцца: зыходная ступень (моцны), вышэйшая ступень простая (мацнейшы) і складаная (больш моцны), найвышэйшая ступень простая (наймацнейшы) і складаная (самы моцны). Усе гэтыя формы дапасуюцца да назоўніка ў родзе, ліку і склоне і звычайна знаходзяцца ў прэпазіцыі да яго, перадаючы азначальныя адносіны: Яны ішлі не спяшаючыся, выбіраючы найбольш глухія дарожкі і сцежкі, абыходзячы небяспечныя мясціны (Я. Колас); Сюды спяшаюцца людзі з самых далёкіх куткоў Савецкага Саюза (В. Вольскі); Заснулі ціхія бярозы ўночы пад акном (А. Астрэйка); Апознены месячык загарэўся залатым пажарам за далёкім лесам (Я. Колас); За прыгоркам бацькоўская хата (Р. Барадулін); І ў самы у далёкі вырай з савецкай велічнай зямлі вязіце нашых пасажыраў на Марс, ракеты-караблі (В. Матэвушаў); Развяла кветкі Лёнева старэйшая сястра Вера (Х. Жычка); Пройдзе сонца па гусцейшай руні (П. Броўка).

Словазлучэнні гэтай групы могуць мець сінонімамі канструкцыі з недапасаванымі азначэннямі рознага тыпу: малады чалавек — чалавек маладога ўзросту; сінія сцягі — сцягі сіняга колеру і інш.

Група 2. Назоўнік + якасны прыметнік з нескланяльнай формай вышэйшай ступені параўнання

§ 44. Нескланяльная форма вышэйшай ступені параўнання, утвораная суфіксам -ей- (-эй, -ай), выступае ў якасці залежнага кампанента словазлучэння даволі рэдка, постпазіцыйна прымыкаючы да назоўніка: (убачыць) будынак прыгажэй (за першы), (прынясі мне) кніжку цікавей (за гэту). Век не ведалі пачэсней мы легенд народнай песні (У. Хадыка). Такія словазлучэнні трэба лічыць адхіленнем ад літаратурнай нормы.

Група 3. Назоўнік + адносны прыметнік

§ 45. Словазлучэнні з адноснымі прыметнікамі будуюцца на падставе дапасавання і прэпазіцыі залежнага кампанента. Яны выражаюць азначальныя адносіны з суб’ектнымі, аб’ектнымі і іншымі адценнямі.

Азначальна-суб’ектныя: Над ціхай крыніцаю спеў салаўіны ўвечары сэрца маё закранае (А. Русак); Толькі шоргат цішэе, цішэе, растае ў разнабоі птушыным (Р. Барадулін).

Азначальна-акалічнасныя: Сцежкай прылужнай — летнікам юных шыбуе дружына (М. Калачынскі); Нарэшце пачэснае месца зямным і надзённым богам займае жытнёвы бохан (Р. Барадулін); Хатынскія хлебаробы плугамі ў полі пісалі песню новай долі... (А. Бялевіч); Начны вартавы з ліхтаром і калатушкай хадзіў па парку (Э. Самуйлёнак); Сталі вятры вераснёўскія пасляваенныя яблыкі трэсці... (Р. Барадулін).

Азначальна-прыналежныя: Да доктарскіх белых халатаў у бальніцы паэт прывыкаў (У. Нядзведскі); Пахнуць сляды пер’ем сарочым (Р. Барадулін); Паспелі ягады каліны, ляцяць кляновыя лісты (В. Матэвушаў); Праляцелі ветры па-над возерам, скалыхнулі хвалі нарачанскія (А. Русак).

У некаторых выпадках прыметнікам уласціва спалучэнне і якаснага і адноснага значэнняў: У акенца твае я пастукаў зязюльчыным ранкам пасля салаўінага вечара і перапёлчынай ночы (П. Панчанка); Песня матчына ласціцца лапкай вярбовага коціка (Р. Барадулін); Ля акенца ў глухім сутарэнні спалі дзеці пад курткай скуранай (У. Нядзведскі).

Дадатковыя да азначальных адценні значэння выразна выяўляюцца пры замене прыметніка суадносным назоўнікам у сінанімічным словазлучэнні: скураная куртка — куртка са скуры; салаўіныя песні — песні салаўя; вячэрняя прагулка — прагулка вечарам; магілёўскія дзяўчаты — дзяўчаты з Магілёва; прылужная сцежка — сцежка пры лузе.

Група 4. Назоўнік + прыналежны прыметнік

§ 46. Далучэнне прыналежнага прыметніка да назоўніка шырока распаўсюджана ў сучаснай мове. Такія словазлучэнні будуюцца на падставе прэпазіцыйнага залежнага кампанента і перадаюць азначальна-прыналежныя значэнні: Дзівіцца Сцёпка. З кніжкі дзівіцца і з Аленчынай вучонасці... (Я. Колас); І на хлопцаву работу люба людзям паглядзець (А. Русак); Зазыбава хата стаяла ў невялікім завулку, які не меў сабе назвы, і была там крайняя (І. Чыгрынаў); Расла краса дзяўчыніна з хлапечай папалам (У. Хадыка); ...Чалавек проста не хацеў, каб гісторыя са старшынёвым сынам нейкім чынам закранула і яго (І. Чыгрынаў); Міхасёў бацька працаваў у млыне (З. Бядуля); Я музыкантаву як след пазнаў тады бяду (П. Броўка); Шматлікія зайцавы сляды віднеліся на ўзлеску (У. Краўчанка); Глядзяць на поўню, як на агледзінах на маладую радня жаніхова (Р. Барадулін).

Словазлучэнні з прыналежнымі прыметнікамі маюць адзін тып сінонімаў — канструкцыі з родным склонам прыналежнасці: матчына хата — хата маці; Міхасёвы кніжкі — кніжкі Міхася; музыкантава бяда — бяда музыканта; Аленчына вучонасць — вучонасць Аленкі.

Група 5. Назоўнік + нескланяльны прыметнік

§ 47. Нескланяльныя прыметнікі стаяць у постпазіцыі да галоўнага кампанента — назоўніка і прымыкаюць да яго: Дзяўчына з роду Мяо хустку вышывала... (М. Танк); Ляжа ён [параход] курсам вядомым норд-ост, мяне павязе на радзіму (П. Броўка). Параўн.: касцюм бардо, колер хакі, мова ваі, плашч рэглан. Сінонімаў такія словазлучэнні найчасцей не маюць.

Група 6. Назоўнік + кароткі прыметнік

§ 48. Словазлучэнні гэтай групы сустракаюцца зрэдку, звычайна ў паэтычнай мове: Лодкі выплылі на Нарач, бы на сіне мора (М. Танк). Параўн.: фальклорныя словазлучэнні чыста поле, нова святліца, цясова калыбель, бела бярозка, якія могуць ужывацца ў літаратурнай мове ў мэтах стылізацыі, але не ў якасці нормы: Цякла тут з лесу невялічка, травой заросшая крынічка (Я. Колас). Формы сувязі — дапасаванне, парадак слоў — прэпазіцыя залежнага кампанента.

Разрад 3. Словазлучэнні назоўнікаў з займеннікамі

§ 49. У адпаведнасці са сваёй асноўнай (замяшчальнай) функцыяй займеннікі паказваюць на прадметы, іх прыметы і колькасць, не называючы іх. Згодна з гэтым вылучаюцца тры групы словазлучэнняў назоўнікаў з займеннікамі.

Група 1. Назоўнік + абагульнена-прадметны займеннік

§ 50. Словазлучэнні гэтай групы паўтараюць структуру, значэнні і асаблівасці сінтаксічнай сувязі словазлучэнняў «назоўнік + кіруемы назоўнік»: Нізкі паклон вам ад усіх партызан (А. Бялевіч); І гэтак вінавата ўдалеч пазірае, нібы падказкі ад кагось чакае (В. Матэвушаў); І носіць гордасць кожны з нас за ўсіх, хто лёг пад куляй ката (У. Хадыка); Шмат ішло пра іх гаворак... (М. Калачынскі); Толькі радасці ад таго ён не адчуў ніякай... (В. Быкаў); Ступіў ад дарогі на крок, і — лес нада мной да аблок (М. Калачынскі); Яны выказалі шэраг цікавых думак і прапаноў наконт таго, як зрабіць творчую «прапіску» пісьменнікаў на прадпрыемстве найбольш карыснай і плённай (ЛіМ, 1981); Твор пра яго з карысцю прачыталі б і сённяшнія воіны, што стаяць на варце міру (ЛіМ, 1983).

Сінонімаў словазлучэнні гэтай групы не маюць, за выключэннем тых выпадкаў, калі магчыма сінанімізацыя прыназоўнікаў: твор пра яго — твор аб ім; жыць каля іх — жыць побач з імі, а таксама: ісці па ім (шляху) — ісці ім (шляхам).

Група 2. Назоўнік + абагульнена-якасны займеннік

§ 51. Словазлучэнні гэтай групы паўтараюць будову спалучэнняў назоўніка з дапасуемым прыметнікам: Сын нашага калгаснага манцёра ў Сталінград адправіўся шафёрам (В. Матэвушаў); ...Свой кожны дзень займаўся разьбой па дрэву (У. Нядзведскі); Ім кожны маёр авіяцыі здаецца Цітовым... (Р. Барадулін); Хай пранясецца кліч да славы, пакліча к іншаму жыццю (Я. Купала); Як добра там шпаку з сяброўкай глядзець вакол на цэлы свет! (П. Броўка); Як многа гавораць мне назвы такія — Мінск, Пінск, Брэст (П. Броўка); Уся вёска была напоўнена нейкімі новымі гукамі (І. Шамякін); Каторы дзень ішоў над Бугам смяротны бой за цытадэль (П. Прыходзька); На прывялай траве ў буданчыку ляжалі два чырвонаармейскія шынялі, вінтоўка — мусіць, Шпакевічава, бо Халадзілаў сваю увесь гэты час трымаў пры сабе (І. Чыгрынаў); Атрымалі пастаянную прапіску на беларускай сцэне творы многіх аўтараў з іншых рэспублік (ЛіМ, 1982).

Сінтаксічных сінонімаў для такіх словазлучэнняў у мове няма.

Азначальна-прыналежнае значэнне з указаннем на 3-ю асобу адзіночнага і множнага ліку перадаецца займеннікамі яго (мужчынскі і ніякі род), яе (жаночы род), іх (множны лік для ўсіх родаў), а таксама суфіксальнымі варыянтамі займеннікаў ягоны, ейны, іхні.

Займеннікі яго, яе, іх дапасуюцца ў ліку да назоўнікаў, якія яны замяняюць (кніга брата — яго кніга, кніга сястры — яе кніга, кніга братоў — іх кніга), і на падставе кіравання далучаюцца да галоўнага кампанента словазлучэння (яго кніга, яго кнігі, яго кнізе, яго кнігу, яго кнігай; яго кнігі, яго кніг, яго кнігамі...). З вяршыні кургана Славы добра бачу ўсю Беларусь, усю Радзіму, усе яе рэспублікі (А. Бялевіч); Нялёгка развітацца з лесам, сказаць красе яго бывай! (В. Матэвушаў).

Займеннікі ягоны, ейны, іхні дапасуюцца ў ліку да назоўніка, які яны замяняюць (кніга брата — ягоная кніга, кніга братоў — іхняя кніга), а таксама ў ліку і склоне — да назоўнікаў, якім яны падпарадкаваны (ягоная кніга, ягонай кнізе, ягоную кнігу..., ягоныя кнігі, ягоных кніг, ягоным кнігам..., іхняя кніга, іхняй кнігі, іхнімі кнігамі...). Ён адчуваў нейкую яго праўду і нават ягонае права наракаць на іх (В. Быкаў); Было добра відаць, што робіцца ў ягонай душы (А. Бялевіч); Казённыя вочы, звярыны гогат, пякельны лямант іхняй музыкі (Я. Брыль).

Словазлучэнні з займеннікамі яго, яе, ягоны, іхні адпавядаюць літаратурнай норме, пры гэтым формы ягоны і іхні больш характэрны для гутарковай мовы і мовы мастацкай літаратуры. Займеннік ейны знаходзіцца па-за межамі літаратурнага ўжывання.

Група 3. Назоўнік + абагульнена-колькасны займеннік

§ 52. Займеннікі столькі, колькі, некалькі, гэтулькі ўтвараюць спалучэнні з назоўнікамі па ўзору лічэбнікаў ад 5 да 20: назоўнік з’яўляецца галоўным кампанентам толькі ў родным, давальным, творным і месным склонах, параўн.: некалькі запалак — займеннік кіруе назоўнікам; некалькі запалак, некалькім запалкам, некалькімі запалкамі, аб некалькіх запалках — займеннік дапасуецца да назоўніка. У некалькіх выпадках прычынамі аварый былі дзеці (Вяч. Мінск, 1981).

Разрад 4. Словазлучэнні назоўнікаў з дзеясловамі

§ 53. Назоўнік у якасці галоўнага кампанента словазлучэння здольны падпарадкоўваць толькі неасабовыя формы дзеяслова: інфінітыў, дзеепрыметнікі залежнага і незалежнага стану і дзеепрыслоўе. Адпаведна вылучаюцца і чатыры групы назоўнікава-дзеяслоўных словазлучэнняў.

Група 1. Назоўнік + інфінітыў

§ 54. Інфінітыў прымыкае да галоўнага кампанента словазлучэння і знаходзіцца ў постпазіцыі да яго, перадаючы пераважна азначальныя значэнні: Спела прага гадамі — з хлебам знацца — ў аратых (М. Калачынскі); Цікавасць да гэтай праблемы абумоўлена як імкненнем асэнсаваць падзеі Вялікай Айчыннай вайны, так і жаданнем зразумець саму сутнасць гераізму ва ўсёй яго паўнаце (ЛіМ, 1982); Гэта думка — схадзіць да Лёні, папрасіць кветак — не выходзіла з галавы (Х. Жычка); Але невялікая бяда, думаў ён, не хапала яшчэ клопату многа дбаць пра сваё адзенне... (В. Быкаў); Сярод сваіх аднагодкаў Сцяпан вылучаўся ўменнем танцаваць (У. Краўчанка); Эх, мароз, эх, дзед жартлівы! Ты аматар і штукар распісаць на шыбах дзівы (Я. Колас); Прыйшла пара пачынаць сяўбу (К. Чорны); Жаданне ладзіць новы лад сюды ўсіх прывяло (Я. Купала); ... Балота ўсё глыбела, і ён прабіраўся па ім з усё большаю рызыкай шуснуць галавой у прорву (В. Быкаў).

Сінонімы назоўнікава-інфінітыўных словазлучэнняў адзначаюцца ў тых выпадках, калі ёсць магчымасць замяніць інфінітыў іншай формай: патрэба адпачыць — патрэба ў адпачынку; аматар гуляць — аматар гульні; імкненне працаваць — імкненне да працы.

Група 2. Назоўнік + дзеепрыметнік незалежнага стану

§ 55. Дзеепрыметнікі незалежнага стану дапасуюцца да назоўнікаў у склоне, родзе і ліку і знаходзяцца ў прэпазіцыі да іх: Хіба мог лес падняць адшумеўшае лісце з дарог? (А. Куляшоў); А каля масткоў на чыгунцы стаяў вясёлы гоман звонкіх кропель, сцякаючых у ажыўшыя рачулкі і ручайкі (Я. Колас); Ён прачынаўся з думкамі пра надыходзячы дзень (І. Мележ); Лясніцкі адчуў пах адцвітаючага бэзу і водар лугавых кветак (І. Шамякін).

Азначальныя адносіны, якія ўласцівы словазлучэнням гэтай групы, могуць быць перададзены і іншымі спосабамі, у прыватнасці даданымі сказамі: надыходзячы дзень — дзень, які надыходзіць; адцвітаючы бэз — бэз, што адцвітае. Замена дзеепрыметніка ў тэксце сінанімічнымі сродкамі асабліва пажадана тады, калі ўзнікае аманімія дзеепрыметніка ў назоўным склоне і дзеепрыслоўя: Чытаючы кнігу хлопчык нічога не заўважаў — Хлопчык, які чытаў кнігу, нічога не заўважаў; Стаяў раскінуўшы голле стары дуб — Раскінуўшы голле, стаяў стары дуб.

Група 3. Назоўнік + дзеепрыметнік залежнага стану

§ 56. Такія словазлучэнні будуюцца на падставе поўнага дапасавання і прэпазіцыі дзеепрыметніка: З-пад гаці спакойна цякла перагароджаная грэбляю рэчка (Я. Колас); Са мною гаворыць сагрэтая сонцам зямля маладая (П. Глебка); На асушаным балоце вырасла густая канюшына (Х. Жычка).

Словазлучэнні з дзеепрыметнікамі залежнага стану цяперашняга часу з суфіксамі -ем-, -ім- сустракаюцца пераважна ў навуковым стылі: рэдагуемы рукапіс, ачышчаемае паветра, акісляемы метал. Атрымліваемыя паказчыкі патрабуюць асэнсавання... (Весці АН БССР, 1975); Але эксперыменты апошніх год не пацвердзілі чакаемых вынікаў (Весці АН БССР, 1981); Дапасаваныя азначэнні дапасуюцца да азначаемага слова ў родзе, ліку і склоне (З падручніка). Часам гэтыя формы ўжываюцца і ў творах мастацкай літаратуры: Знадворку пачуўся тупат запрагаемых коней (Т. Хадкевіч).

Як і ў папярэдняй групе, сінонімамі да дзеепрыметніка (і адпаведна словазлучэння) выступаюць даданыя сказы: запрагаемыя коні — коні, якіх запрагаюць.

Група 4. Назоўнік + дзеепрыслоўе

§ 57. Дзеепрыслоўе прымыкае ў постпазіцыі толькі да аддзеяслоўных назоўнікаў, перадаючы азначальна-акалічнасныя значэнні: Размова стоячы не вельмі падабалася дзеду (Я. Колас); Пры стральбе лежачы Міша выбіў 98 ачкоў са 100 магчымых (Чырвоная змена, 1980).

Разрад 5. Словазлучэнні назоўнікаў з прыслоўямі

§ 58. Словазлучэнні назоўнікаў з прыслоўямі даволі пашыраны ў беларускай мове. У адпаведнасці з фармальнымі асаблівасцямі і значэннем сярод такіх канструкцый вылучаюцца дзве групы.

Група 1. Назоўнік + якасна-акалічнаснае прыслоўе

§ 59. Гэтым словазлучэнням уласціва постпазіцыя залежнага кампанента, які прымыкае да назоўніка: У сваім магутным поступе наперад савецкі народ змёў з дарогі ўсіх ворагаў і пабудаваў сацыялізм (Я. Колас); Увесь час ён прыслухоўваўся да гукаў адтуль, з тока... (В. Быкаў); Але гэта быў клопат наогул, можна нават сказаць, на пасля (В. Быкаў); Непадалёку пачулася гаворка па-нямецку (М. Лынькоў); Зрабіўшы круты паварот улева, дарога перасякала рэчку і гублялася ў далёкім лесе (Х. Шынклер); Ён прыслухаўся да размоў поруч, але размовы былі адрывістыя і таропкія... (В. Быкаў).

У пэўных выпадках азначальныя адносіны могуць быць перададзены сінанімічнымі сродкамі — спалучэннем назоўніка з прыметнікам: клопат наогул — агульны клопат; гаворка па-нямецку — нямецкая гаворка; паварот улева — левы паварот; нумарок наверсе — верхні нумарок.

Група 2. Назоўнік + якасна-колькаснае прыслоўе

§ 60. Для такіх словазлучэнняў характэрна значэнне меры, прэпазіцыя прыслоўя, якое прымыкае да назоўніка: зусім дурань, амаль настаўнік, ледзь не генерал, далёка не геній, крыху філосаф. Першы двойчы Герой Савецкага Саюза С. І. Гаравец нарадзіўся ў вёсцы Бараўцы Мінскай губерні (Чырвоная змена, 1979).

Сінонімаў такія словазлучэнні не маюць.

Разрад 6. Словазлучэнні назоўнікаў з лічэбнікамі

§ 61. Словазлучэнні назоўнікаў з лічэбнікамі ў якасці залежнага слова ўтвараюць тры групы.

Група 1. Назоўнік + парадкавы лічэбнік

§ 62. У такіх словазлучэннях лічэбнік займае прэпазіцыйнае становішча і дапасуецца да назоўніка ў родзе, склоне і ліку: сёмы дзень, сёмая субота, сёмае выданне, сёмыя класы, сёмага дня, сёмай суботы, сёмага выдання, сёмых класаў... Першы тэлефонны вузел на шляху да райцэнтра быў у Бабінавічах... (І. Чыгрынаў); Другі чырвонаармеец... пайшоў пакручастай сцежкай да валатоўкі, што засціла сабой на правы бок цэлага паўнеба (І. Чыгрынаў); Добра мы адзначылі дваццаць шостую гадавіну Савецкай Арміі і Ваенна-Марскога Флоту (Х. Жычка); І раптам агнём і дымам дыхнуў, жалезам і свінцом секануў, фугасам і порахам выбухнуў чэрвень сорак першага года (А. Бялевіч).

У некаторых тэрміналагічных словазлучэннях назіраецца постпазіцыя лічэбніка: том пяты, выпуск шосты, кніга першая і пад.

У асобных выпадках словазлучэнне можа замяняцца сінанімічнай канструкцыяй з прымыкаючым лічэбнікам: першы нумар — нумар адзін; шостая стаянка — стаянка шэсць.

Група 2. Назоўнік + дапасуемыя формы колькасных лічэбнікаў

§ 63. Лічэбнікі два, дзве, абодва, абедзве, тры, чатыры дапасуюцца да назоўнікаў ва ўсіх склонах: два сталы, двух сталоў, двум сталам... Насупраць, крокаў за трыста, на адхонным беразе, стаяў лес, наперадзе яго, на самым узлеску, кідаліся воку два магутныя дубы (І. Чыгрынаў); Дзве вясковыя дзяўчынкі збіралі ягады ў лесе (Я. Маўр).

Гэтак жа дапасуюцца і састаўныя колькасныя лічэбнікі, якія заканчваюцца на два, тры, чатыры: Асвоены выпуск двухсот сарака двух новых відаў машын, абсталявання, прыбораў і матэрыялаў (Звязда, 1979).

Лічэбнікі ад 5 да 20, 30 і падобныя, двое, трое і іншыя зборныя дапасуюцца да назоўніка ва ўсіх склонах, за выключэннем назоўнага і вінавальнага (дзе яны аказваюцца ў ролі граматычна вядучага слова і з’яўляюцца галоўным кампанентам словазлучэння): пяці кабет, шасцю кнігамі, на трыццаці сшытках.

Лічэбнікі тысяча, мільён і падобныя сінтаксічна паводзяць сябе, як і назоўнікі, кіруючы залежным кампанентам: Дол затрос ног малайцоўскіх тупат, быццам з тысячы гармат салют (М. Калачынскі).

Група 3. Назоўнік + лічэбнік у назоўным склоне

§ 64. Назоўнік можа далучаць да сябе нязменную форму — назоўны склон лічэбніка — на падставе постпазіцыйнага прымыкання: мэбля-84, дом сем, мадэль сто адзін, кватэра пяцьдзесят тры, раздзел адзінаццаць. Летам будучага года ў Ленінградзе будзе праводзіцца міжнародная выстаўка Аргтэхніка-76 (Звязда, 1975).

Словазлучэнні гэтай групы амаль не ўжываюцца ў гутарковай мове. Сінонімамі да іх з’яўляюцца спалучэнні назоўніка з парадкавым лічэбнікам: дом сем — сёмы дом; раздзел адзінаццаць — адзінаццаты раздзел. Але такія сінонімы магчымы толькі ў тых выпадках, калі словазлучэнне з прымыкаючым лічэбнікам не з’яўляецца абрэвіятурай; не маюць сінонімаў спалучэнні мэбля-84, уран-236 і пад., паколькі яны з’яўляюцца скарачэннем складаных словазлучэнняў мэбля тысяча дзевяцьсот восемдзесят чацвёртага года або мэбля ў тысяча дзевяцьсот восемдзесят чацвёртым годзе.

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел