Предыдущий раздел | Оглавление | Следующий раздел
Словазлучэнне з назоўнікам
§§ 28–41
II тып. Словазлучэнні з назоўнікам у ролі галоўнага кампанента
§ 28. Словазлучэнні з назоўнікам у ролі галоўнага слова падзяляюцца на 9 разрадаў: 6 разрадаў аб’ядноўваюць простыя, 2 — складаныя і 1 — метамоўныя словазлучэнні.
Простыя словазлучэнні
Разрад 1. Словазлучэнні назоўнікаў з назоўнікамі
§ 29. Першы разрад назоўнікава-назоўнікавых словазлучэнняў падзяляецца на 12 груп.
Група 1. Назоўнік + назоўнік, дапасаваны ў склоне
§ 30. Словазлучэнні гэтай групы перадаюць азначальныя адносіны. Яны шырока прадстаўлены ў сучаснай мове: На доўгія вёрсты і мілі раскінуў лес-волат шатры (Я. Колас); Пакаленне наша маладое дастойна славы горада-героя (В. Матэвушаў); Пасля вайны аднавіцца нам, беларусам, дапамаглі ўсе рэспублікі і ў першую чаргу вялікая сястра-Расія (Звязда, 1981); Лезуць пішчом вятры-валацугі праз сцены (Р. Барадулін); Паміж стагамі ўзвышаліся старыя дубы-асілкі (І. Шамякін); Атрад Сёмы-матроса рушыў з двара (М. Лынькоў); Над Бярозай-ракой, над далінаю зайгралі гарністы паход (П. Глебка).
Ва ўсіх такіх словазлучэннях залежны кампанент дапасуецца да галоўнага ў склоне. Дапасаванне ў ліку неабавязковае: І ў срэбра-росы пажоўклых кветак і травы з вачэй цяклі брусніцы-слёзы... (П. Трус).
Парадак кампанентаў у словазлучэннях адносна адвольны з некаторай перавагай постпазіцыі залежнага кампанента, параўн.: лес-волат і волат лес, дождж-вадалей і вадалей дождж, дзяўчаты-прыгажуні і прыгажуні дзяўчаты. Словазлучэнні, якім уласціва пэўная тэрміналагізацыя, характарызуюцца больш устойлівым, нярэдка нязменным парадкам слоў: горад-герой, молат-рыба, празаік Бядуля, рака Бярэзіна.
Найбольш пашыранымі сінонімамі для часткі словазлучэнняў першай групы служаць спалучэнні назоўніка з прыметнікам: Пад дубамі-сталеткамі стаяў грузавік (І. Чыгрынаў) — сталетнія дубы; Многа на будоўлі прыгажунь-дзяўчат (А. Русак) — прыгожыя дзяўчаты.
Група 2. Назоўнік + назоўнік у назоўным склоне
§ 31. Паміж кампанентамі словазлучэнняў гэтай групы існуюць азначальныя адносіны: Па полі рухаўся блакітны трактар «Беларусь» з бульбасаджалкай (Звязда, 1982); Мы выйшлі на вуліцу ціхай малой вёскі Казыры (А. Бялевіч); Жораў няпарны кружыцца доўга над возерам Плаўна (М. Калачынскі); Рыхтуе штурм адважная брыгада «Жалязняк» (М. Калачынскі); На спецыяльнасць спевы прыём — з 18-гадовага ўзросту (Вячэрні Мінск, 1984); Раскажыце пра від падпарадкавальнай сувязі дапасаванне (З падручніка).
Словазлучэнні афармляюцца іменным прымыканнем залежнага кампанента і яго постпазіцыяй: горад Баранавічы, газета «Зорка», аперацыя «Баграціён», дзень ікс, сувязь апазіцыя, сігнал атака.
Для словазлучэнняў, якія ўказваюць на назвы гарадоў, вёсак, азёр, рэк і некаторых іншых, маюцца два тыпы сінонімаў:
а) словазлучэнні «назоўнік + дапасаваны назоўнік»: горад Баранавічы, горада Баранавічы, горадам Баранавічы — горад Баранавічы, горада Баранавіч, горадам Баранавічамі;
б) уласная назва без агульнага назоўніка: (чытаю) газету «Зорка» — (чытаю) «Зорку»; (плыў) на параходзе «Украіна» — (плыў) на «Украіне»; (жыву) каля ракі Сож — (жыву) каля Сажа. Мы ведалі, што рака гэта злучаецца з ракой Лотай, а Лота праз азёры злучаецца з Туломай — ракой, якая ўпадае ў Кольскі заліў (І. Шамякін).
Група 3. Назоўнік + назоўнік у родным склоне
§ 32. Група вельмі прадуктыўная і разнастайная па характару семантыка-сінтаксічных значэнняў:
суб’ектныя: Адбыўся вялікі агульны сход рабочых (К. Чорны); Чую гоман блакітнага Нёмана, чую плёскат магутнай Дзвіны (У. Нядзведскі); Прыезд Іллюка быў невыказным шчасцем для Тэклі (М. Хадкевіч);
аб’ектныя: На ўрачыстым сходзе адбылося ўручэнне ўзнагарод (Звязда, 1980); Я знаю радасці цану, вучуся шчодрасці у неба (Р. Барадулін); Усе прасілі, каб паскорыць праект будоўлі (П. Броўка);
азначальныя (з адценнямі прызначэння, назвы, удалення, параўнання, прасторавай, часавай, якаснай характарыстыкі і г. д.): О віхры, о вы, бураломы, свабодных нябёс жыхары! (Я. Купала); Звіняць галін сасновых гуслі (Р. Барадулін); Мне з дзён маленства дзьмуў вандровак вецер... (М. Калачынскі); Яны суровай мовай каменя і бронзы змаглі напісаць хатынскую трагедыю... (А. Бялевіч); У вачах юнакоў і дзяўчат іскры шчасця і радасці свецяць... (В. Матэвушаў);
азначальна-прыналежныя: Мэты і планы ленінскай партыі — гэта мэты і планы народа (ЛіМ, 1979); Палессе!.. Ты, як хірург, ігліцамі сосен зашывала акопаў раны (У. Нядзведскі); Я — сын зямлі, нашчадак хлебаробаў (Р. Барадулін);
колькасныя (з адценнямі меры, сукупнасці, часткі і г. д.): На самым краі ўзмежка над балотам стаяла купка дубоў (Я. Колас); Іду я ніцы ля трысця, праходжу гурт палян... (У. Хадыка).
Галоўны кампанент словазлучэння кіруе родным склонам (моцнае кіраванне ў словазлучэннях з родным суб’екта, аб’екта, колькасці, слабае — у выпадку роднага параўнання), звычайны парадак кампанентаў — постпазіцыя залежнага назоўніка.
Найбольш пашыраным тыпам сінонімаў з’яўляюцца спалучэнні назоўніка з прыналежнымі і адноснымі прыметнікамі: Выйшлі людзі да хаты лесніка (І. Шамякін) — леснікова хата; Зрэдку па вуліцы брыла адзінокая фігура селяніна, што дзесьці запазніўся (Я. Колас) — сялянская фігура. Параўн.: Звон пчаліны стаіць. Сёння дзень ладзьбавання (М. Танк) — звон пчол; Мясілі балотную твань дзіковы капыты (М. Лынькоў) — капыты дзіка.
Група 4. Назоўнік + назоўнік у давальным склоне
§ 33. Словазлучэнні гэтай групы абмежаваны і колькасна, і ў адносінах семантыка-сінтаксічных значэнняў. Агульнае азначальнае значэнне можа суправаджацца адценнямі значэння суб’ектнага, аб’ектнага і мэтавага: Канец трэцяму рэйху, канец варожаму супраціўленню (А. Бялевіч); Выдатнае жыццё гэтага выдатнага палкаводца — прыклад служэння Радзіме (ЛіМ, 1979); Чалавек чалавеку — друг, таварыш і брат (Звязда, 1985); Джон... гімн складаў Рэвалюцыі і вялікаму Леніну (У. Нядзведскі); Хельмут, відаць, атрымаў наганяй за першую патачку палонным (Я. Брыль).
Асноўны тып сувязі — кіраванне, прычым кіраванне ўласціва перш за ўсё аддзеяслоўным назоўнікам: падарунак брату, патачка палонным, служэнне Радзіме. У іншых выпадках кіраванне ў простым словазлучэнні адлюстроўвае трохбаковыя сувязі ў складаных словазлучэннях: (напісаць) пісьмо маці, (пабудаваць) помнік ахвярам, (захоўваць) вернасць ідэалам.
Парадак слоў пастаянны — постпазіцыя залежнага кампанента.
Сінонімаў словазлучэнні не маюць.
Група 5. Назоўнік + назоўнік у вінавальным склоне
§ 34. Адзінкавыя словазлучэнні гэтай групы маюць колькаснае значэнне часу, меры і, відаць, знаходзяцца на ўзбоччы моўнай нормы: Трохі збоч Белай Гліны, на вышыні, можа, тысячу метраў, узніклі абрысы самалёта (І. Чыгрынаў).
Залежны кампанент далучаецца шляхам іменнага кіравання і знаходзіцца ў постпазіцыі: стаянка хвіліну, жыццё (разам) год.
Часцей за ўсё такія словазлучэнні з часавым значэннем замяняюцца спалучэннямі з прыназоўнікам або іншымі канструкцыямі: жыццё на працягу года, хвілінная стаянка.
Група 6. Назоўнік + назоўнік у творным склоне
§ 35. Словазлучэнні гэтай групы прадстаўлены дзвюма якасна і колькасна рознымі падгрупамі. Першая ўключае словазлучэнні з галоўным кампанентам — вытворным аддзеяслоўным або, радзей, адпрыметнікавым назоўнікам (вытворныя словазлучэнні). Такія словазлучэнні перадаюць шэраг семантыка-сінтаксічных адносін — суб’ектных, аб’ектных, акалічнасных і інш., часам з рознымі адценнямі (часу, спосабу дзеяння, прылады і г. д.): Прыхільнасць да новай улады выплывала ў яго ад шчырага сэрца, яна паланіла, захапляла яго веліччу і хараством ідэі, калі людзі будуць мець роўнае права на дабрабыт, калі не будзе гэтага абірання чалавекам чалавека і знікне гэтае векавечнае прыгнечанне багатым беднага (Я. Колас); Кіраванне людзьмі патрабуе ад кожнага, каму дадзена гэта самае адказнае з усіх права, вялікіх ведаў, вялікай дысцыплінаванасці (ЛіМ, 1982); Стаяў Хвошч, гандляр хлебам і жывёлай (Э. Самуйлёнак).
Словазлучэнні другой падгрупы нешматлікія, галоўны кампанент у іх — невытворны назоўнік (невытворныя словазлучэнні). Для іх характэрны азначальныя адносіны з адценнямі параўнання, абмежавання, узмацнення і інш.: Азярцо, нізінка, змейкаю сцяжынка, ну, пастой, хлапчына, тут адну хвілінку (В. Матэвушаў); Мы будзем сэрцам юнакамі (У. Хадыка); Нос гарбінкай і касмылістыя бровы надавалі суровы выгляд яго твару (М. Лынькоў).
Сувязь паміж кампанентамі словазлучэнняў афармляецца ў першай падгрупе кіраваннем, у другой — іменным прымыканнем. У абодвух выпадках парадак слоў — постпазіцыя залежнага кампанента.
Вытворныя словазлучэнні з азначальна-акалічнаснымі значэннямі могуць мець сінонімамі прыназоўнікавыя канструкцыі: палёт самалётам — палёт на самалёце; праца вечарамі — праца па вечарах; апрацоўка напільнікам — апрацоўка пры дапамозе напільніка. Невытворныя словазлучэнні таксама маюць абмежаваныя магчымасці сінанімізацыі: нос бульбінай — нос, як бульбіна; барада трыкутнікам — барада-трыкутнік; дарога лесам — лясная дарога.
Група 7. Назоўнік + прыназоўнік + назоўнік у родным склоне
§ 36. Шматлікія словазлучэнні гэтай групы перадаюць шырокае кола семантыка-сінтаксічных значэнняў і іх адценняў, галоўным жа чынам — азначальна-акалічнасныя.
Асноўны тып сувязі паміж назоўнікамі — прыназоўнікавае кіраванне; парадак слоў характарызуецца постпазіцыяй залежнага кампанента: Быццам купінка з сухой ігліцы, недаверлівы спяшае вожык (Р. Барадулін); Але Чубар ажно злаваў, кажучы, што ёсць указанне з раёна (І. Чыгрынаў); Кветку шчасця ў лесе не шукалі — да легенды страчаны давер (М. Калачынскі); Яшчэ за тыдзень да Кастрычніцкага свята Сцёпу прынялі ў піянеры (А. Якімовіч); Месяц стаяў ужо над ельнікам, пень ад дзічкі здаваўся белым (К. Чорны); ...Ёй усё тут падабалася, і яна без канца смяялася і распытвала, поўная захаплення ад лесу, бярэзніку, дзятла на хвоі (В. Быкаў); Барацьба супроць нямецка-фашысцкіх акупантаў насіла сапраўды ўсенародны характар (Весці АН БССР, 1985); Гісторыя старая: убогая дзеўка пайшла ў двор на службу для хлеба куска... (Я. Купала); Трэба рабіць фарсіраваныя пераходы без сну, адпачынку, ежы... (ЛіМ, 1980); У капаніцы ля крыніцы стары Астап мачыў маніцы... (П. Трус); Зрэдку толькі ён кідаў наперад кароткія позіркі з-пад казырка свае шапкі... (В. Быкаў); Адно я дрэўца бачу, як сірацінку без радні (П. Броўка); Але ў гэтых драпежнікаў, відаць, былі ўсё ж нейкія свае намеры наконт гэтых двух ушчэнт знямоглых, ледзьве жывых людзей, і яны не адставалі (В. Быкаў); Ім сняцца сярод акіянаў дарогі і справы былыя (П. Броўка); Тут у ліпені 1944 года савецкія воіны замкнулі кальцо вакол шматтысячнай варожай зграі і разграмілі яе дашчэнту (А. Бялевіч); У апошні час увага да яе з боку літаратуразнаўцаў прыкметна ўзмацнілася (ЛіМ, 1981); На нашым прадпрыемстве завяршаецца вахта ў гонар гарадоў-герояў (Звязда, 1985).
Прыназоўнікавыя словазлучэнні з родным склонам у залежнасці ад характару прыназоўніка (яго здольнасці ўжывацца з некалькімі склонамі, яго суаднесенасці з прыстаўкамі, наяўнасці прыназоўнікаў-сінонімаў і г. д.) маюць шэраг сінанімічных канструкцый: дарога між бяроз — дарога між бярозамі; жыццё без радасці — бязрадаснае жыццё; жыта каля лесу — жыта побач з лесам; падзеі напярэдадні вайны — падзеі перад вайной; шлях да зорак — шлях к зоркам; трава да каленяў — трава па калені; заданне для ўсіх — заданне ўсім; пакой для пасажыраў — пасажырскі пакой; лес усцяж чыгункі — лес уздоўж чыгункі — лес каля чыгункі — лес абапал чыгункі.
Група 8. Назоўнік + прыназоўнік + назоўнік у давальным склоне
§ 37. Такія словазлучэнні адносна нешматлікія, як і прыназоўнікі, што ўжываюцца з давальным склонам (к, па, насуперак, адпаведна, дзякуючы, услед, на карысць). Словазлучэнням уласцівы азначальна-акалічнасныя адносіны і постпазіцыя залежнага кампанента, які далучаецца да галоўнага шляхам прыназоўнікавага кіравання: Па дарозе к базару фургон з сенам натрапіўся (М. Лобан); Нядаўна выканана заданне па агульнаму аб’ёму вытворчасці (Звязда, 1984); Беларускія пісьменнікі, убіраючы ў сябе традыцыі ўсёй савецкай літаратуры, не паўтараюць сваіх сабратаў па пяру (ЛіМ, 1983); Праца на карысць грамадству — права і абавязак чалавека (Чырвоная змена, 1985).
Частка словазлучэнняў з давальным прыназоўнікавым мае сінонімамі розныя канструкцыі: выкананне адпаведна плану — выкананне згодна з планам; праца на карысць грамадству — праца для грамадства; палёт к зоркам — палёт да зорак — зоркавы палёт.
Група 9. Назоўнік + прыназоўнік + назоўнік у вінавальным склоне
§ 38. Такія словазлучэнні маюць аб’ектныя і азначальна-акалічнасныя значэнні і характарызуюцца постпазіцыяй залежнага кампанента, які далучаецца да галоўнага шляхам прыназоўнікавага кіравання: Не ведае зацішша і перамір’я вялікая бітва за мір (Звязда, 1983); Да агульнага шоламу шківаў, да стуку молатаў, скрыпу напільнікаў далучыўся стук сякер абчэсваўшых бярвенні для новага будынка пад склад (Ц. Гартны); Шмат злажылі казак і легенд, і песень людзі пра балота, пра сваё Палессе (Я. Купала); У камеры, схіліўшыся на нарах, ты пішаш зноў пра камунара верш (В. Тарас); Дзверы ў сенцы былі адчынены (У. Краўчанка); Я касіў твае разлогі пад спеў дзявочы ў сенакос (А. Русак); ...Якаў Гузік атрымаў ліцэнзіі на новае абсталяванне завода (Ц. Гартны); Чым дакажу, што я любіць умею? Бо на пачуцці пашпарта няма (В. Тарас); О, ён мастак у нас на спевы, захоча — сыпне салаўём (П. Броўка); Дарожка праз лясок на горад харошая і ціхая (А. Кулакоўскі); На двары быў снег па калені (І. Пташнікаў); За хлеб змаганне горача ідзе (М. Калачынскі).
Існуе шэраг сінанімічных канструкцый для словазлучэнняў гэтай групы: гаворка пра падзеі — гаворка аб падзеях; майстар на спевы — майстар спеваў — майстар спяваць; чарцяжы на будаўніцтва — чарцяжы для будаўніцтва; артыкул у часопіс — артыкул для часопіса; падарунак пад свята — падарунак да свята — святочны падарунак; дарога праз лес — дарога лесам — лясная дарога.
Група 10. Назоўнік + прыназоўнік + назоўнік у творным склоне
§ 39. Словазлучэнні данай групы перадаюць азначальныя, акалічнасныя і аб’ектныя адносіны. Яны характарызуюцца постпазіцыяй залежнага кампанента, які далучаецца да галоўнага пры дапамозе прыназоўнікавага кіравання: Ледзь возьмецца на дзень — цягну са свежым словам цяжкі невад (Р. Барадулін); Абапал дарогі мільгаюць слупы з дарожнымі знакамі (В. Вольскі); Няхай жыве, хто край узняў на бітву з эпохай горкіх дзён і чорных руж (У. Хадыка); Марфа ўжо несла на стол чыгунок з варывам (І. Чыгрынаў); І вось надарыцца часамі мароз над усімі маразамі (Я. Колас); Вось мсціўцы падымаюцца і — ў змрок над бальшаком... (М. Калачынскі); Конь пад князем буланы, Капытамі бразь, бразь! (Я. Купала); КПСС настойліва змагаецца за трывалы мір і дружбу паміж народамі (Звязда, 1977); І ажывуць канспірацыі, яўкі падполля, і сонца за кратамі ў змрочным сырым астрозе... (М. Калачынскі); Дзеду Талашу пачынала дакучаць гэтае тулянне і бадзянне па-за межамі свайго дому (Я. Колас); Папярэднім днём перад аперацыяй у бальніцу прыйшоў чалавек (К. Чорны).
Сінанімічныя канструкцыі разнастайныя, як і ў папярэдніх групах: маці з сынам — маці і сын; гаворка пад акном — гаворка каля акна; сварка між суседзямі — сварка між суседзяў; змаганне з ворагам — змаганне супраць ворага; расправа з жыхарамі — расправа над жыхарамі; бары над ракой — надрэчныя бары; месца побач з шафёрам — месца побач шафёра.
Група 11. Назоўнік + прыназоўнік + назоўнік у месным склоне
§ 40. Гэтым словазлучэнням уласцівы азначальна-акалічнасныя і аб’ектныя значэнні, постпазіцыя залежнага кампанента, прыназоўнікавае кіраванне: Мне сняцца сны аб Беларусі (Я. Купала); Камітэт разгледзеў прапановы аб прысуджэнні міжнародных Ленінскіх прэмій (Звязда, 1984); І знікне след дум пакутных, і знікне мой цень на сцяне... (У. Нядзведскі); Залечацца раны Радзімы маёй, а раны на сэрцы — ніколі (А. Русак); А ты, як той асвер на студні, хто ні прыходзіць, дык сагне (П. Броўка); Ляўчук зводдаль абышоў крушню на рагу тока, зараснік густога малінніку пры сцяне і апыніўся з таго боку, дзе былі дзверы (В. Быкаў); З прыемнасцю і задавальненнем вярталіся мы з сваёй вандроўкі па родных Якубу Коласу мясцінах (С. Александровіч); У летнія дні паветра ў хвойніку было духмянае і густое (І. Шамякін); Яна забылася пра даўнюю хваробу ў нагах (Звязда, 1978); Затворы ў вінтоўках прамыць газай і выцерці насуха, каб не прыстывалі (К. Крапіва); І толькі ўвечары адна журыцца будзе на кургане ў жаўтацвецені сасна (П. Трус); Сасновыя бярвенні ў кабінеце пахнуць жывіцаю (П. Пестрак).
Пэўныя словазлучэнні гэтай групы маюць сінанімічныя канструкцыі: хлопчык у гальштуку — хлопчык з гальштукам; спаборніцтвы па бегу — спаборніцтвы ў бегу; праца на полі — праца ў полі; камбінат у Полацку — полацкі камбінат.
Група 12. Назоўнік + нескланяльная абрэвіятура
§ 41. Да гэтай групы належаць азначальныя словазлучэнні, якія шырока ўжываюцца ў сучаснай кніжна-пісьмовай і публіцыстычнай (вуснай і пісьмовай) мове: член КПСС, старшыня ВАК, камісія ААН, вучань ПТУ, начальнік БУ-3, спаборніцтвы ДТСААФ, рашэнне ПК, рэктар БДУ, грамадзянін СССР, расісты ПАР: Па ўсіх абмеркаваных пытаннях Дзяржкамітэт СМ БССР па ахове прыроды прыняў адпаведныя рашэнні (Звязда, 1982); Геалагічна тоўшча адкладанняў, да якой аднесены культурныя рэшткі, датуецца часам W 2 (Весці АН БССР, 1977).
Словазлучэнні гэтай групы будуюцца на падставе постпазіцыйнага прымыкання залежнага кампанента і адрозніваюцца ад словазлучэнняў з нескланяльнымі назоўнікамі (у лік якіх уваходзяць і запазычаныя нескланяльныя абрэвіятуры тыпу НАТО, ФРЭЛІМО) кіно, кафэ тым, што маюць і скланяльную поўную форму і амаль не далучаюць да сябе прыметнікаў, параўн.: планы НАТО, дырэктар кафэ і рашэнне ПК — рашэнне прафкома — рашэнне прафсаюзнага камітэта. Часткова ці поўнасцю дэабрэвіяваныя назвы можна лічыць сінтаксічнымі сінонімамі словазлучэнняў гэтай групы: рэктар БДУ — рэктар Белдзяржуніверсітэта — рэктар Беларускага дзяржаўнага універсітэта; член КПСС — член Кампартыі Савецкага Саюза — член Камуністычнай партыі Савецкага Саюза.
