Артефакт.lib.ru
Сайт Андрея Пискунова Хостинг Lib.Ru

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел

Словазлучэнне з дзеясловам: працяг

§§ 15–27

Разрад 3. Словазлучэнні дзеясловаў з дзеепрыметнікамі

§ 15. Словазлучэнні дзеясловаў з дзеепрыметнікамі характарызуюцца тымі ж асаблівасцямі, што і словазлучэнні дзеясловаў з прыметнікамі. Яны адрозніваюцца ад папярэдніх толькі наяўнасцю ў іх складзе кампанентаў, якія выражаюць суб’екты або акалічнасці дзеяння, параўн.: выглядаць узрушаным — выглядаць узрушаным падзеямі. Часам суб’екты або акалічнасці дзеяння ў словазлучэннях з дзеепрыслоўямі ў ролі залежнага кампанента хоць і змяшчаюцца ў іх семантыцы, але не выражаны адпаведнымі кампанентамі ў складзе словазлучэнняў, якія пры гэтым маюць форму простых словазлучэнняў: ехаць занепакоеным, з’явіцца ўсхваляваным. Аднак простыя словазлучэнні дзеясловаў з дзеепрыметнікамі ў беларускай мове ўжываюцца рэдка: Алесь варочаўся дахаты таксама занепакоены (П. Броўка).

Разрад 4. Словазлучэнні дзеясловаў з парадкавымі лічэбнікамі

§ 16. Словазлучэнні дзеясловаў з парадкавымі лічэбнікамі выражаюць азначальныя значэнні з адценнем парадку, паслядоўнасці дзеяння: Першая прахапілася бабка Наста (Я. Колас); Другім ішоў чалавек сярэдніх год (М. Лынькоў). Залежныя парадкавыя лічэбнікі могуць мець форму назоўнага або творнага склону (першая прахапілася, другім ішоў).

Галоўны і залежны члены гэтых словазлучэнняў звязаны сінтаксічнай сувяззю цегацення. Парадак членаў у гэтых словазлучэннях строга не зафіксаваны, ён залежыць ад месца дзейніка і выказніка ў сказе. Пры размяшчэнні на першым месцы дзейніка, а на другім выказніка (прамы парадак слоў у сказе) залежны кампанент словазлучэнняў дзеясловаў з парадкавымі лічэбнікамі звычайна знаходзіцца ў постпазіцыі і наадварот. Параўн.: Савецкі спартсмен першы перасек фінішную рысу і Першы перасек фінішную рысу савецкі спартсмен. Аднак пры неабходнасці асабліва падкрэсліць азначальнае значэнне парадку, паслядоўнасці дзейнасці ён ставіцца на першае месца: Ты першая прывяла мяне на гэты завод (М. Паслядовіч).

Разрад 5. Словазлучэнні дзеясловаў з займеннікамі

§ 17. У залежнасці ад разраду займеннікаў, якія выступаюць у ролі залежнага кампанента, гэтыя словазлучэнні падзяляюцца на дзве няроўныя часткі. Першую і асноўную частку канструкцый складаюць словазлучэнні з залежнымі займеннікамі з абагульнена-прадметным значэннем ва ўскосных склонах. Гэтыя словазлучэнні ўключаюць тыя ж групы прыназоўнікавых і беспрыназоўнікавых канструкцый, што і разгледжаныя вышэй дзеяслоўныя словазлучэнні з назоўнікам у ролі залежнага кампанента. Адрозненні паміж словазлучэннямі з назоўнікам і абагульнена-прадметным займеннікам у ролі залежнага кампанента звязаны з некаторай абмежаванасцю семантычных адносін і тыпаў сінтаксічнай сувязі канструкцый з залежным займеннікам, а таксама з іх некаторай спецыфікай у парадку кампанентаў.

Так, словазлучэнні з залежнымі абагульнена-прадметнымі займеннікамі ў родным склоне без прыназоўніка выражаюць толькі аб’ектныя адносіны і заснаваны на сувязі кіравання (у параўнанні з адпаведнымі канструкцыямі з залежнымі назоўнікамі, частка якіх выражае часавыя адносіны і заснавана на сувязі прымыкання). Практычна не ўжываюцца словазлучэнні з часавымі і іншымі акалічнаснымі адносінамі і з залежнымі абагульнена-прадметнымі займеннікамі ў іншых склонах (без прыназоўнікаў і з прыназоўнікамі).

Дзеяслоўныя словазлучэнні з абагульнена-прадметным займеннікам розных склонаў у ролі залежнага кампанента выражаюць звычайна аб’ектныя адносіны з рознымі адценнямі: Сягоння мы памагалі яму пасынкаваць памідоры (П. Броўка); І нейкая жуда ахапіла Андрэя, пачуванне маркоты і адзіноты ахапіла яго (Я. Колас); Ад вясны ўжо не было ніякай весці ад яго (Цётка); Мы вершы з ім напішам, зямлю дагледзім з ім (А. Куляшоў).

Другую, значна меншую частку словазлучэнняў з займеннікам у ролі залежнага кампанента складаюць словазлучэнні з абагульнена-якаснымі і абагульнена-колькаснымі займеннікамі. Гэтыя словазлучэнні выражаюць якасна-азначальныя значэнні з адценнямі меры, ступені, шырыні ахопу праяўлення дзеяння: Тут бой паўставаў такім, якім быў у сапраўднасці (І. Мележ); Такім здаваўся ёй бацька (Чырвоная змена, 1983); Клянецца ён пад сонцам мірным быць гэткім, як яны ў атацы (П. Панчанка).

Яны заснаваны на сувязі цегацення. Найбольш пашыраны парадак слоў у гэтых словазлучэннях — постпазіцыя залежнага члена.

Разрад 6. Словазлучэнні дзеясловаў з дзеясловамі

Група 1. Дзеяслоў + залежны інфінітыў

§ 18. Канструкцыі з прыдзеяслоўным інфінітывам хоць і шырока ўжывальныя ў сучаснай беларускай мове, аднак у іх складзе ў якасці галоўнага кампанента могуць выступаць толькі дзеясловы пэўных семантычных груп. Да іх адносяцца мадальныя дзеясловы жадання, магчымасці, неабходнасці, імкнення, здольнасці, адчування, волевыяўлення і інш.; дзеясловы руху, а таксама дзеясловы, якія абазначаюць пачатак, працяг і завяршэнне дзеяння: З раёна мелася прыехаць сёння нейкая брыгада (Я. Колас); Але глухі шолах у лесе прымусіў дзеда Талаша прыслухацца і прыгледзецца (Я. Колас); Яны перанеслі ўдвух чалавека на часовы ложак, паспрабавалі распрануць яго, перавязаць (М. Лынькоў); Бывала астануцца яны з маткаю ў хаце, адчыняць куфар і пачнуць пераглядаць цікавыя рэчы... (Я. Колас); Івану было вельмі крыўдна, але даўняя, закаранелая прывычка ва ўсім падпарадкоўвацца бацьку ўзяла сваё, і ён перастаў наведваць Яшку (В. Быкаў); Яны пасябравалі, хадзілі разам купацца, ставілі на кратоў пасткі і ніколі не гаварылі пра бацьку (В. Быкаў).

Залежны інфінітыў звязаны з кіруючым дзеясловам адносінамі прымыкання. Прамы парадак слоў — постпазіцыя залежнага кампанента.

Па сваёй функцыі залежны прыдзеяслоўны інфінітыў можа быць суб’ектным і аб’ектным. Суб’ектны інфінітыў называе дзеянне, якое выконваецца дзейнікам-суб’ектам, таксама як і дзеянне, названае кіруючым асабовым дзеясловам (Я згаджаюся прыехаць — Я згаджаюся + Я прыеду): Хлопцы надумаліся пайсці ў грыбы (Я. Колас); І вось аб гэтым неяк даведаўся бацька і аднойчы ўранку... пагразіў выгнаць з хаты бязбожніка-сына, які ганьбіў на старасці бацькаву годнасць (В. Быкаў).

Словазлучэнні з суб’ектным інфінітывам пры дзеясловах з агульным мадальным значэннем з’яўляюцца сінанімічнымі канструкцыям з даданым дапаўняльным са злучнікам што і нярэдка могуць замяняцца апошнімі: пагразіў выгнаць — пагразіў, што выганіць; спадзяваўся пачуць — спадзяваўся, што пачуе; пастанавілі склікаць — пастанавілі, што склічуць; вырашылі пайсці — вырашылі, што пойдуць; паабяцаў маўчаць — паабяцаў, што будзе маўчаць; згадзіўся прачытаць — згадзіўся, што прачытае. Такая суадноснасць з’яўляецца рэгулярнай толькі для словазлучэнняў з мадальна-маўленчымі дзеясловамі, пры якіх інфінітыў выконвае функцыю дапаўнення.

Канструкцыі з суб’ектным інфінітывам пры дзеясловах руху, стану сінанімічны канструкцыям з даданым акалічнасным сказам мэты са злучнікам каб: пайшоў паглядзець — пайшоў, каб паглядзець; прылёг падрамаць — прылёг, каб падрамаць; сеў адпачыць — сеў, каб адпачыць; паехаў вучыцца — паехаў, каб вучыцца; пайшоў правесці — пайшоў, каб правесці і пад.

Аб’ектны інфінітыў называе дзеянне, якое выконваецца суб’ектам, што выражаны іменным дапаўненнем у вінавальным або давальным склоне (Я прашу яго прынесці кнігу — Я прашу + Ён прыносіць): Але глухі шолах у лесе прымусіў дзеда прыслухацца і разгледзецца (Я. Колас); ...Букрэй загадаў заваліць дарогу з грэбляю, каб конніца не магла праскочыць (Я. Колас); Згоды не пыталі, добра, што дазволілі развітацца з сям’ёй (І. Навуменка); ...І вось аднойчы ў познюю восень, сустрэўшыся на вясковым выгане, Якаў запрасіў прыходзіць увечары, паглядзець на рэпетыцыі бязбожнай п’есы (В. Быкаў).

Словазлучэнні з аб’ектным інфінітывам пры дзеясловах з агульным мадальным значэннем у адрозненне ад словазлучэнняў з суб’ектным інфінітывам пры гэтых жа дзеясловах утвараюць суадносныя сінанімічныя пары з даданымі акалічнаснымі сказамі мэты са злучнікам каб. Прычым, калі канструкцыі з суб’ектным інфінітывам уключаюць у сябе пераважна дзеясловы мадальна-маўленчыя, то канструкцыі з аб’ектным інфінітывам — пабуджальна-маўленчыя: прасіў прынесці — прасіў, каб прынёс; загадваў прыехаць — загадваў, каб прыехаў; параіў ператварыць — параіў, каб ператварыў; запрасіў прыходзіць — запрасіў, каб прыходзіў.

Дзеяслоўныя словазлучэнні з суб’ектным і аб’ектным інфінітывам сінанімічны канструкцыям з аддзеяслоўнымі назоўнікамі розных склонаў у ролі залежнага слова: пачаў працаваць — пачаў працу; патрабаваў выканаць — патрабаваў выканання: жадаў працаваць — жадаў працы; паехаў вучыцца — паехаў на вучобу; вучыў чытаць — вучыў чытанню. Аднак гэта суадноснасць нерэгулярная, абумоўленая, з аднаго боку, тым, што магчымасці інфінітыва функцыяніраваць у якасці залежнага слова пры дзеяслове абмежаваныя. З другога боку, тым, што залежны інфінітыў часта ўжываецца ў тых выпадках, калі ад данай асновы нельга ўтварыць адпаведны назоўнік, напрыклад: баяўся ступіць, вырашыў памаўчаць, пастанавіў даказаць, стараўся гаварыць, перастала шаптаць, нагнуўся пазабаўляць. Па голасу заметна было, што Таклюся хацела пачуць ад Лапка адно толькі — не (Я. Колас); Звычайна ж пры іншых выпадках яна старалася гэта рабіць употайку ад Васіля (Я. Колас); Траншэю ён вырашыў не капаць, хай гэта робіць Глечык, а ён ужо адкапаў сваё (В. Быкаў).

Сінанімія дзеяслоўных канструкцый з залежным інфінітывам і адпаведных канструкцый з залежным назоўнікам наглядаецца пераважна ў словазлучэннях з суб’ектным інфінітывам пры дзеясловах, якія называюць пачатак, працяг і завяршэнне дзеяння і з аб’ектным інфінітывам пры дзеясловах пабуджэння, напрыклад: пачаў вучыцца — пачаў вучобу; кончыў касіць — кончыў касьбу; працягваў размаўляць — працягваў размову; працягваў смяяцца — працягваў смех; прапанаваў прагуляцца — прапанаваў прагулку; прасіў дапамагчы — прасіў дапамогі; прымусіў чакаць — прымусіў да чакання; забараніў уваходзіць — забараніў уваход; дазволіў наведваць — дазволіў наведванне.

У сучаснай беларускай мове наглядаецца тэндэнцыя замены залежнага назоўніка інфінітывам. Гэта тэндэнцыя ўзмацняецца ў пэўнай ступені і заўвагамі ў сучасных дапаможніках па стылістыцы аб неабходнасці пазбягаць аддзеяслоўных назоўнікаў. Аднак у дзелавым, навуковым, часам публіцыстычным стылях у словазлучэннях, дзе кіруючы дзеяслоў можа мець пры сабе як інфінітыў, так і назоўнік, часта ўжываецца назоўнік: прасіць выдзялення замест прасіць выдзеліць.

Словазлучэнні з суб’ектным і аб’ектным інфінітывам могуць структурна ўскладняцца, калі да яго далучаецца другая інфінітыўная форма: мусіў паслаць разведаць, меўся прыехаць пабачыцца, збіраўся паехаць сустрэць і пад.: Мы павінны памагчы нашаму Чырвонаму войску прэч выгнаць панскую псярню... (Я. Колас).

Другі від ускладнення дзеяслоўных словазлучэнняў з інфінітывам, калі залежны інфінітыў утварае сінтаксічна непадзельнае спалучэнне з назоўнікам: адважыўся выказаць прапанову, прапанаваў зацвердзіць рэгламент работы і пад.: Ох, патрапіць народ часам за сябе ўступіцца... (Я. Купала); Ён аддаў загад начальнікам аддзяленняў прыняць меры аховы паходнай калоны (Я. Колас). У апошнім прыкладзе наглядаецца ўскладненне як галоўнага (параўн.: аддаў загад — загадаў), так і залежнага кампанентаў словазлучэння (прыняць меры аховы).

Група 2. Дзеяслоў прошлага часу + дапасаваны дапаможны дзеяслоў быць

§ 19. Гэтыя сінтаксічна непадзельныя словазлучэнні выконваюць у сказе ролю выказніка: спынілася была, пачалі былі, прыехаў быў: Раіса адразу з нервовай трывогай у вачах схапіла была яго за руку, а потым сама схамянулася, засмяялася (М. Зарэцкі); Мы пад вечар аж пад самыя акопы нямецкія падпаўзлі былі, а яны гранатамі калі шарахнулі (К. Крапіва); Пятрусь памкнуўся быў нешта сказаць (П. Кавалёў).

Большая частка такіх словазлучэнняў абазначае дзеянне, якое не было даведзена да канца або не дало жаданага выніку, паколькі перарвалася другім дзеяннем: Андрэй быў павярнуўся, каб ісці назад, але яго цягнула нейкая сіла да гэтай кучкі (Я. Колас); Нехта быў тоненька хіхікнуў, але яго зараз жа супакоілі злым шыканнем (М. Паслядовіч).

У некаторых выпадках такія словазлучэнні абазначаюць даўномінулае дзеянне, якое па значэнню адпавядае старажытнаму плюсквамперфекту: Карызна памятае, як усяго месяцы з тры таму прыехаў быў у іхні раён таварыш Гайдук (М. Зарэцкі).

§ 20. Асобныя групы словазлучэнняў з дзеясловамі ў якасці галоўнага і залежнага кампанентаў складаюць канструкцыі «дзеяслоў + дапасаваны дзеяслоў» (ехаць-плысці, шуміць-гудзе), «дзеяслоў + зваротны дзеяслоў з адмоўем не» (чакае не дачакаецца), «дзеяслоў (інфінітыў) + + залежны інфінітыў з адмоўем не» (ісці не ісці, чакаць не чакаць).

Пералічаныя словазлучэнні колькасна абмежаваныя і мала ўжывальныя, аднак яны складаюць спецыфічныя і самастойныя групы дзеяслоўных канструкцый: Плыла-цалавалася хмарка з зямлёю (Я. Колас); Шуміць-гудзе зялёны гай (Я. Колас).

Разрад 7. Словазлучэнні дзеясловаў з прыслоўямі

§ 21. Словазлучэнні гэтай групы ў залежнасці ад разраду залежных прыслоўяў выражаюць розныя семантыка-сінтаксічныя значэнні.

Якасна-колькасныя: Яны засталіся ўшасцёх, агорнутыя самотай ростані, і нейкі час моўчкі пазіралі ўслед капітану, батальёну, кароценькая, зусім не батальённая калона якога, мерна пагойдваючыся ў вячэрняй імгле, хутка аддалялася к лесу (В. Быкаў); Мы доўга гутарылі..., і Яўстафій Юліянавіч падрабязна расказаў мне пра мінулае Столінскага раёна (В. Вольскі).

Якасна-акалічнасныя: Начлежнікі ехалі шумна (Я. Колас).

Прасторавыя: Ён увесь падаўся наперад... (М. Лынькоў); Усё спявала навокал (П. Броўка).

Часавыя: Я іх учора ў Мачулішчы адвёз, да маткі — спакайней усё ж (М. Лынькоў); Доктара чакалі назаўтра (К. Чорны).

Прычынныя: Спрасонку выцяўся аб рог вушака (І. Мележ).

Мэтавыя: А цяпер ён наўмысна стараўся не думаць пра гэта (К. Крапіва); Аднойчы ён знарок пачакаў, пакуль яна выйдзе пасля работы (Я. Скрыган).

Словазлучэнні з прыслоўем у ролі залежнага члена заснаваны на сувязі прымыкання. Прамы парадак слоў — постпазіцыя залежнага кампанента.

Складаныя словазлучэнні

Разрад 1. Словазлучэнні дзеясловаў са свабоднымі спалучэннямі слоў

Група 1. Дзеяслоў + некалькі сузалежных ці падзалежных кампанентаў

§ 22. Складаныя дзеяслоўныя словазлучэнні ўтвараюцца на аснове пераважнай большасці простых словазлучэнняў трыма асноўнымі спосабамі: 1) шляхам далучэння да залежнага кампанента аднаго ці некалькіх паясняльных слоў: змагацца за мір — змагацца за трывалы мір, чакаць лета — чакаць вясёлага лета, успамінаць канцэрт — успамінаць вялікі святочны канцэрт, захапляцца каштанамі — захапляцца пышнымі кіеўскімі каштанамі; 2) шляхам далучэння аднаго ці некалькіх паясняльных слоў да галоўнага кампанента: змагацца за мір — няўхільна змагацца за мір, чакаць лета — з вялікай нецярплівасцю чакаць лета, успамінаць канцэрт — з задавальненнем успамінаць канцэрт, захапляцца каштанамі — заўсёды захапляцца каштанамі; 3) шляхам далучэння аднаго ці некалькіх паясняльных слоў да залежнага і галоўнага кампанентаў: змагацца за мір — няўхільна змагацца за трывалы мір, чакаць лета — з вялікай нецярплівасцю чакаць вясёлага лета, успамінаць канцэрт — з задавальненнем успамінаць вялікі святочны канцэрт, захапляцца каштанамі — заўсёды захапляцца пышнымі кіеўскімі каштанамі.

Свабодныя складаныя дзеяслоўныя словазлучэнні характарызуюцца тымі ж фармальнымі і семантыка-сінтаксічнымі ўласцівасцямі, што і адпаведныя простыя дзеяслоўныя словазлучэнні: Між лоз купчастых дрэмле срэбны Нёман (А. Астрэйка); Лёгкі ветрык кратаў пругкія лісты дрэў (У. Шахавец); Белы конь стукнуў звонкай падковай (В. Таўлай); Раніца ціха ўстала з-за лесу (М. Танк); Радасна віталі новы дзень птушкі (І. Шамякін); Сябры яшчэ доўга гаварылі пра ўсякія справы (П. Пестрак).

Група 2. Дзеяслоў + група слоў, якія перадаюць аднародныя звязаныя паняцці

§ 23. Гэтыя канструкцыі маюць аб’ектныя і акалічнасныя значэнні: Ён вучыўся добра, хоць вельма мала сядзеў за сшыткамі і кніжкамі (А. Кулакоўскі); Між дзвярыма і другою сцяной прытулілася шафа (Я. Колас); Каваль Антон Рубановіч стаяў між натоўпам і сталом, за якім быў прэзідыум сходу (К. Чорны); Яны сказалі Дробу, што Крамарчык прыедзе ў гэты парк паміж адзінаццатай і дванаццатай гадзінай ночы (Э. Самуйлёнак).

Яны не могуць быць зведзены да простых словазлучэнняў, паколькі пры скарачэнні залежнага кампанента змяняецца або страчваецца сэнс канструкцыі: гутарыць з бацькам і сынам, спрачацца з Міколам і Рыгорам, ехаць праз Мазыр і Парычы, сядзець між братам і сястрой, працякаць між вёскай і лесам, злучаць Днепр і Буг, размяшчацца між Мінскам і Барысавам.

Залежны кампанент у гэтых словазлучэннях можа размяшчацца як перад галоўным, так і пасля яго.

Сустракаюцца выпадкі, калі дзеяслоў і залежнае словазлучэнне раздзелены іншымі членамі сказа: Кляновіч просіць Грушку даць прачытаць пісьмо сябрам (П. Пестрак).

Канструкцыі «дзеяслоў + сінтаксічна непадзельнае словазлучэнне» выражаюць пераважна акалічнасныя і аб’ектныя значэнні: гаварыць бацькоўскім тонам, ісці босымі нагамі, жыць цікавым жыццём, спяваць у паўночны час, хадзіць у летнюю пару; абяцаць зрабіць паведамленне, спяшацца даць адказ, адмовіцца даць характарыстыку, выпіць шклянку чаю, назбіраць кошык грыбоў, сустракаць незнаёмага чалавека.

Сярод акалічнасных складаных сінтаксічна непадзельных канструкцый найбольш значную частку складаюць словазлучэнні з часавым значэннем. У гэтых словазлучэннях залежная частка выражаецца спалучэннем парадкавага лічэбніка або ўказальнага ці азначальнага займенніка ў родным склоне з назоўнікам у родным склоне: прыехаў дзевятага мая, убачыў першага сакавіка, нарадзіўся восьмага лютага, сустрэў таго дня, прыходзіў кожнай раніцы і пад. Залежны кампанент, які называе пэўны адрэзак часу, ужываецца тут толькі ў форме адзіночнага ліку: Ажно трэцяга дня князь прыдумаў адну для дружыны пацеху, забаву (Я. Купала).

Словазлучэнні ў родным склоне з указальнымі ці азначальнымі займеннікамі ў складзе залежнага кампанента з’яўляюцца сінанімічнымі дзеяслоўным словазлучэнням з адпаведнымі словамі ў вінавальным склоне з прыназоўнікам у або без яго: заходзіў кожнай раніцы — заходзіў кожную раніцу; пазваніў таго ж дня — пазваніў у той жа дзень.

Адметная прымета такіх словазлучэнняў — наяўнасць пры назоўніку ў форме роднага склону дапасаванага азначэння, выражанага ўказальным ці азначальным займеннікам, парадкавым лічэбнікам або прыметнікам. Гэтыя азначэнні ўтвараюць з азначаемым словам непадзельныя словазлучэнні: Кожнай ночы хто-небудзь прыязджае ў лагер партызанскіх сем’яў (Я. Брыль); Той зімы Леапольд Гушка быў на раённым з’ездзе Саветаў (К. Чорны).

Спалучэнні тыпу аднаго дня, аднаго разу з’яўляюцца ўстойлівымі зваротамі, уласцівымі літаратурнай і народнай мове. Яны абазначаюць момант дзеяння.

Група 3. Дзеяслоў + складаная назва

§ 24. Залежны член у такіх канструкцыях непадзельны, ён можа размяшчацца як перад галоўным, так і пасля яго: Новае Сяло адбудаваць, прыехаць у Вялікія Лукі.

Група 4. Дзеяслоў + сінтаксічна непадзельнае словазлучэнне

§ 25. Да гэтай групы адносяцца словазлучэнні: ісці шпаркім крокам, апрацаваць прынятым спосабам, сказаць спакойным тонам, спаць трывожным сном, раіць мяккім голасам, выбраць матчыну дарогу, спяшацца даць адказ, старацца весці гутарку, абяцаць весці ўлік і пад.

У сказах залежныя ад дзеясловаў такія сінтаксічна непадзельныя словазлучэнні ўтвараюць адзін член сказа, хоць семантычна яны і могуць членіцца, як свабодныя словазлучэнні. Так, у сказах Але вось дзве постаці шпаркім крокам ідуць цераз палянку (П. Пестрак) і Ноч фіранку зняла баласнежнай рукой, дзесьці скрыпкі нямеюць у далях (П. Трус) сінтаксічна непадзельныя словазлучэнні шпаркім крокам, беласнежнай рукой выконваюць адпаведна сінтаксічныя функцыі акалічнасці і дапаўнення. У спалучэнні з кіруючымі дзеясловамі ідуць, зняла яны ўтвараюць складаную дзеяслоўную канструкцыю «дзеяслоў + сінтаксічна непадзельнае словазлучэнне».

Сінтаксічна непадзельнае словазлучэнне можа размяшчацца як перад кіруючым дзеясловам, так і пасля яго, аднак найбольш прадуктыўныя канструкцыі з прэпазіцыяй дзеяслова: Сашы ідзе ўжо дваццаць пяты год (П. Пестрак); Дзе нядаўна пад прыгонам пот крынічыў на паноў, загула сталёвым звонам малатарня мужыкоў (П. Трус). Канструкцыі з постпазіцыяй кіруючага дзеяслова ў сучаснай беларускай мове менш прадуктыўныя: Я шчыра, ад душы падзякаваў ім, памог кожнаму прынятым у нас спосабам адмыць фарбу з працавітых ручак... (У. Дубоўка).

Найбольш пашыраны парадак слоў у словазлучэннях з акалічнаснымі адносінамі — постпазіцыя залежнага члена. Пры выражэнні недакладнасці абазначэння часу, прасторы або колькасці назоўнік у складзе колькасна-іменнага спалучэння займае месца перад лічэбнікам. Пры назоўніку ў такіх выпадках можа быць прыназоўнік з: Ужо месяцы са два, а можа і болей, дзядзька Пракоп носіць у сабе гэты клопат і гэтыя неадступныя думкі аб калгасе (Я. Колас); Да лесу было вярсты чатыры (Я. Колас). У гэтай жа функцыі могуць ужывацца і словазлучэнні, у якіх залежная частка выражана назоўнікам з займеннікамі які, якая, якое: Пшанічны думаў, што трэба было б яшчэ назбіраць быльнягу, каб закапацца ў яго і «прыкімарыць», — як кажа Свіст, — якую гадзіну ўначы (В. Быкаў).

Словазлучэнні з залежным назоўнікам у вінавальным склоне і займеннікам цэлы могуць мець сінанімамі словазлучэнні:

з назоўнікамі ў творным склоне і займеннікам цэлы: працаваць цэлыя дні — працаваць цэлымі днямі;

з назоўнікамі ў месным склоне з прыназоўнікам па і займеннікам цэлы: працаваць цэлыя дні — працаваць па цэлых днях.

Словазлучэнні з залежным назоўнікам у вінавальным склоне і займеннікам кожны сінанімічны словазлучэнням:

з назоўнікамі ў вінавальным і месным склонах з прыназоўнікам пры: працаваць кожны дзень — працаваць дзень пры дні;

з назоўнікамі ў родным склоне з займеннікам кожны: працаваць кожны дзень — працаваць кожнага дня. Такія словазлучэнні з родным склонам не з’яўляюцца літаратурнай нормай у сучаснай беларускай мове;

з назоўнікамі ў вінавальным і творным склонах з прыназоўнікамі у, за: працаваць кожны дзень — працаваць дзень у дзень — працаваць дзень за днём.

Словазлучэнні з залежным назоўнікам у вінавальным склоне і займеннікам гэты могуць мець сінонімы:

з назоўнікамі ў творным склоне і займеннікам гэты: застацца гэту зіму — застацца гэтай зімой;

з назоўнікамі ў родным склоне і займеннікам гэты: застацца гэту зіму — застацца гэтай (гэтае) зімы.

Словазлучэнні з залежным назоўнікам у вінавальным склоне і лічэбнікам два, тры сінанімічны словазлучэнням з залежнымі прыслоўямі двойчы, тройчы: сустрэцца два разы — сустрэцца двойчы; звяртацца тры разы — звяртацца тройчы.

Словазлучэнні з залежным назоўнікам у вінавальным склоне і колькасным лічэбнікам могуць мець сінанімамі словазлучэнні з гэтай жа залежнай часткай і прыназоўнікам па: даць чатыры цэнтнеры (з гектара) — даць па чатыры цэнтнеры (з гектара).

Словазлучэнні з залежным назоўнікам у вінавальным склоне і спалучэннем таму назад сінанімічны словазлучэнням з гэтым жа назоўнікам і прыслоўем назад, а таксама са словам таму: сустрэць месяц таму назад — сустрэць месяц назад — сустрэць месяц таму.

Словазлучэнні тыпу (гадзіннік) прабіў чатыры гадзіны, стукнула шаснаццаць год маюць сінанімічныя канструкцыі без назоўнікаў гадзіна, год, у якіх колькасныя лічэбнікі субстантывіруюцца і набываюць значэнне адсутных назоўнікаў.

Колькасныя словазлучэнні лексічна абмежаваны з боку залежнага кампанента, які выражаецца звычайна толькі назоўнікамі (або сінтаксічна непадзельнымі спалучэннямі) з колькасна-часавым, колькасна-прасторавым або ўласна колькасным значэннем.

Найбольш тыповымі мадэлямі складаных дзеяслоўных словазлучэнняў гэтай групы з’яўляюцца «дзеяслоў + (назоўнік творнага склону + прыметнік)»: смяяцца бесклапотным смехам, сказаць спакойным тонам; «дзеяслоў + (назоўнік у родным склоне + дапасаванае азначэнне, выражанае ўказальным ці азначальным займеннікам або парадкавым лічэбнікам)»: прыехаць той зімы, заходзіць кожнай раніцы, нарадзіцца 10-га верасня; «дзеяслоў + (дзеяслоў + назоўнік)»: абяцаць зрабіць даклад, імкнуцца прыняць абавязацельствы; «дзеяслоў + (назоўнік у вінавальным склоне + назоўнік у родным склоне)»: убачыць кавалак неба, прынесці вядро вады; «дзеяслоў + (назоўнік у вінавальным склоне + прыметнік)»: сустракаць незнаёмага чалавека, цікавіцца героіка-патрыятычнай тэматыкай; «дзеяслоў + (назоўнік у вінавальным склоне + прыназоўнік + прыметнік)»: працаваць у паўночны час, купацца ў зімнюю пару; «дзеяслоў + (назоўнік у месным склоне + прыназоўнік + прыметнік)»: з’явіцца ў поўным складзе, сустракацца на вышэйшым узроўні; «дзеяслоў + колькасна-іменнае словазлучэнне»: чакаць трох чалавек, сабралася многа людзей.

Разрад 2. Словазлучэнні дзеясловаў з фразеалагічнымі зваротамі

§ 26. Гэтыя словазлучэнні пераважна маюць аб’ектнае або акалічнаснае значэнне: перастаць кідаць позіркі, абяцаць даць зарок, скончыць біць бібікі, наважыцца даць драла, вырашыць пусціць пеўня, плакаць горкімі слязьмі, жыць сваёй воляй, сустрэць і старых і малых, весяліцца на людзях, пачаць халодную вайну.

Залежны кампанент (фразеалагізм) у гэтых словазлучэннях стаіць пераважна пасля галоўнага дзеяслова, часам ён можа аддзяляцца ад дзеяслова іншымі членамі сказа: Дома яна прачытала ўсё адным духам, і здалося, што ўсё гэта яшчэ няпраўда (Я. Скрыган); Адгуляўшы тут радзіны ды вяселле адным махам, маладыя з божым страхам сталі жыць ды пажываць (К. Крапіва); І камуна гэта, і гэты саўгас будуць з лета ў лета расці ў добры час (Я. Купала).

Словазлучэнні з дзеясловам у ролі галоўнага слова
Аб’ёмЗалежны кампанентГрупа па фармальна-граматычных асаблівасцях залежнага кампанентаАсноўнае семантыка-сінтакс. значэннеТып сувязіПарадак кампанентаўПрыклад
1234567
ПростыяНазоўнікдзеяслоў + наз. у родн. скл.аб’ектн.кірав.постпаз.прасіць дапамогі, берагчыся прастуды, дачакацца раніцы, чакаць аўтобуса, набірацца смеласці
дзеяслоў + наз. у дав. скл.аб’ектн.кірав.постпаз.радавацца сустрэчы, верыць сябру, пагражаць міру, пярэчыць дакладчыку
дзеяслоў + наз. у він. скл.аб’ектн.кірав.постпаз.купіць кнігу, пераплысці рэчку, тузаць рукаў, збавіць вагу, расказаць здарэнне
акалічн.прымык.постпаз.працаваць год, бегчы кіламетр
дзеяслоў + наз. у тв. скл.аб’ектн.кірав.постпаз.цікавіцца мастацтвам, веяць сумам, ганарыцца сынам, верхаводзіць дзетварой
азнач.-акалічн.лячыцца травамі, выхоўваць прыкладам, дапамагчы парадай, праславіцца працай
акалічн.прымык.постпаз.выдаць брашурай, выступіць калектывам, стрыгчыся вожыкам, ехаць раніцай, ісці вуліцай
дзеяслоў + прыназоўнік + наз. у родн. скл.аб’ектн.кірав.постпаз.злезці з дрэва, адысціся ад калоны, даехаць да вёскі, прытуліць да грудзей, выбегчы з-за дома, вылезці з-пад коўдры
акалічн.прымык.постпаз.пісаць з раніцы, сядзець без справы, спаткацца сярод поля
дзеяслоў + прыназоўнік + наз. у дав. скл.аб’ектн.кірав.постпаз.падысці к школе, прыляцець к бацьку
акалічн.прымык.постпаз.напісаць к тэрміну, паехаць наперакор бацькам, адшукаць дзякуючы следапытам
дзеяслоў + прыназоўнік + наз. у він. скл.аб’ектн.кірав.постпаз.уразацца ў зямлю, націскаць на крышку, узбірацца на дрэва, зарывацца ў зямлю
акалічн.прымык.постпаз.вяртацца пад вечар, крычаць праз шум
дзеяслоў + прыназоўнік + наз. у тв. скл.аб’ектн.кірав.постпаз.сустракацца з сябрам, развітвацца з сынам
акалічн.прымык.постпаз.ляжаць з тэмпературай, гуляць перад сном
дзеяслоў + прыназоўнік + наз. у месн. скл.аб’ектн.кірав.постпаз.пераконвацца ў праўдзівасці, настойваць на паездцы, сведчыць аб эрудыцыі
акалічн.прымык.постпаз.жыць у адзіноце, працаваць у вёсцы, адбыцца ў верасні
дзеяслоў + нескл. абрэвіятурааб’ектн.кірав.постпаз.узначальваць МК, ехаць у БДУ
Прыметнікдзеяслоў + якасны прыметнікакалічн.расці дужым, вяртацца занепакоеным, выбегчы босым
Займеннікдзеяслоў + абагульнена-прадм. займеннікаб’ектн.кірав.постпаз.прасіць усіх, звяртацца да вас
дзеяслоў + абагульнена-якасны займеннікаб’ектн.кірав.постпаз.адносіцца да такіх, жадаць іншых
дзеяслоў + абагульнена-кольк. займеннікаб’ектн.кірав.постпаз.вылучыць некалькіх
Дзеяслоўдзеяслоў + інфінітыўаб’ектн.кірав.постпаз.жадаць выказацца, прынесці сшыць
дзеяслоў + дапасаваны дзеяслоўазнач.дапас.постпаз.ехаць-плысці, шумець-гудзець
дзеяслоў + інфінітыў з адмоўем неакалічн.дапас.постпаз.чакае не дачакаецца
дзеяслоў (інфінітыў) + інфінітыў з адмоўем не———ісці не ісці, думаць не думаць
Прыслоўедзеяслоў + якасна-колькаснае прыслоўеазнач.-акалічн.прымык.прэпаз.тройчы сустракацца, амаль забыць
дзеяслоў + якасна-акалічнаснае прыслоўеакалічн.прымык.постпаз.ісці здалёку, глядзець навокал
СкладаныяСвабоднае спалучэнне слоўдзеяслоў + некалькі падзалежных слоўаб’ектн.кірав.постпаз.святкаваць гадавіну стварэння
дзеяслоў + група сузалежных слоў, якія перадаюць аднародныя звязаныя паняцціаб’ектн., акалічн.кірав.постпаз., прэпаз.разлучацца з бацькам і маці, працякаць між вёскай і лесам
дзеяслоў + складаная назваакалічн.кірав.прэпаз., постпаз.ехаць у Вялікія Лукі, наведваць «Зялёны луг»
дзеяслоў + сінтаксічна непадзельнае словазлучэннеаб’ектн., акалічн.кірав.постпаз., прэпаз.выбраць матчыну дарогу, ехаць з хуткасцю 100 кіламетраў
Фразеалагізмыдзеяслоў + фразеалагічнае словазлучэннеаб’ектн., акалічн.кірав.постпаз.не пакінуць ні слуху ні духу, зрабіць шыта-крыта
Метамоўныядзеяслоў + метамоўны знакаб’ектн.кірав.постпаз.прамовіць «да пабачэння», крыкнуць «Прыязджай!», праскланяць займеннік Вы

Часам залежны фразеалагізм з мэтай узмацнення можа паўтарацца: Млечны пуць, ён пралёг з веку ў век, з веку ў век (А. Куляшоў).

Сустракаюцца і выпадкі прэпазіцыі залежнага фразеалагізма: Тут ён з усёй сілы штурхнуў камлюк на ваду (Я. Колас); Твой шлях гераічны, былы і наступны, твой дружны народ, працавіты і рупны, ад веку на век, маладая дзяржава, абвеян працоўнай і ратнаю славай (П. Глебка).

Метамоўныя словазлучэнні

§ 27. Метамоўныя дзеяслоўныя словазлучэнні складаюцца з кіруючага дзеяслова і пэўных словаформ (знакаў мовы), якія ў складзе словазлучэння маюць звычайна аб’ектнае семантыка-сінтаксічнае значэнне, напрыклад: напісаў «Небяспечная зона», крыкнуў «Стой!», прачытаў «Камендант», выпісваў ЛіМ, заказаў «Весці АН БССР», атрымаў «выдатна», наведаў «Новы быт».

У сказе залежныя кампаненты (знакі мовы) такіх словазлучэнняў стаяць звычайна пасля дзеяслова, аднак сустракаюцца і выпадкі прэпазіцыі: Цябе ж, нябось, вучыў Лапата, — уступіўся Костусь тут за брата: — Ты ў школе быў, Алесь, паўгода, пісаў на дошцы «кучка», «мода», пісаў і «конь» і «вецер вее»... Не, — наш Алесь пісаць умее (Я. Колас).

Залежны кампанент у дзеяслоўных метамоўных словазлучэннях звычайна вылучаецца двукоссем.

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел