Предыдущий раздел | Оглавление | Следующий раздел
Скланенне назоўнікаў: адзіночны лік
§§ 140–161
Адзіночны лік
Першае скланенне
§ 140. Агульная схема склонавых канчаткаў назоўнікаў адзіночнага ліку мужчынскага і ніякага роду:
| Склон | Мужчынскі род | Ніякі род |
| Н. | ∅ | -о(-ё), -а, -е |
| Р. | -а(-я), -у(-ю) | -а(-я) |
| Д. | -у(-ю) | |
| В. | як Н. або Р. | як Н. |
| Т. | -ом(-ём), -ам, -ем | |
| М. | -е, -у(-ю), -ы(-і) | |
Заўвага 1. Тут і далей канчаткі ў табліцы падаюцца ў арфаграфічным напісанні.
Заўвага 2. Нулявы канчатак абазначан ø.
Скланенне назоўнікаў мужчынскага роду
§ 141. Склонавыя формы назоўнікаў мужчынскага роду залежаць як ад семантыкі назоўнікаў, так і ад фанетыка-марфалагічных прымет. Да семантычных прымет, якія ўплываюць на склонавыя формы гэтых назоўнікаў, адносяцца:
1) паняцце асабовасці;
2) паняцце адушаўлёнасці — неадушаўлёнасці;
3) паняцце канкрэтнасці — абстрактнасці;
4) паняцце адзінкавасці — зборнасці.
Да фанетыка-марфалагічных прымет належыць характар канцавога зычнага асновы і характар націску. У залежнасці ад якасці зычнага выдзяляюцца наступныя тыпы асноў:
1) аснова на цвёрды зычны;
2) аснова на мяккі зычны і й;
3) аснова на ж, ш, дж, ч, р, ц;
4) аснова на г, к, х.
Скланенне асабовых назоўнікаў мужчынскага роду
| Склон | Аснова | |||
| на цвёрды зычны | на ж, ш, ч, дж, р, ц | на г, к, х | на мяккі зычны | |
| Н. | ∅ | |||
| Р. | -а | -я | ||
| Д. | -у | -ю | ||
| В. | як Р. | |||
| Т. | -ам, -ом | -ем, -ём | ||
| М. | -е | -у | -ю | |
Аснова на цвёрды зычны
| Н. | брат | апякун | лесавод | рыбалоў | Іван |
| Р. | брат-а | апекун-а | лесавод-а | рыбалов-а | Іван-а |
| Д. | брат-у | апекун-у | лесавод-у | рыбалов-у | Іван-у |
| В. | брат-а | апекун-а | лесавод-а | рыбалов-а | Іван-а |
| Т. | брат-ам | апекун-ом | лесавод-ам | рыбалов-ам | Іван-ам |
| М. | (аб) брац-е | апекун-е | лесаводз-е | рыбалов-е | Іван-е |
Каментарыі да парадыгмы.
1. Перад канчаткам -е ў месным склоне адбываецца пазіцыйнае змякчэнне цвёрдых зычных.
2. Назоўнікі дзед, прадзед у месным склоне маюць варыянтныя канчаткі -е і -у: пры дзедзе, аб прадзедзе і пры дзеду, аб прадзеду.
Заўвага. Адпаведна з Правапісам беларускай мовы (1934) і Правіламі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі (1959) асабовыя назоўнікі мужчынскага роду з асновай на цвёрды зычны, а таксама ўласныя імёны і прозвішчы з такой жа асновай павінны ўжывацца ў месным склоне з канчаткам -е. Аднак даволі шырока распаўсюджаныя ў беларускіх гаворках формы з канчаткам -у пранікалі ў пісьмовую беларускую мову, што прыводзіла да дублетнасці (гл.: Дыялекталагічны атлас беларускай мовы. — Мн., 1963, карта № 79; Жыдовіч М. А. Назоўнік у беларускай мове: Адзіночны лік. — Мн., 1969, ч. 1, с. 104).
Улічыўшы, з аднаго боку, значнае пашырэнне канчатка -у ў месным склоне асабовых назоўнікаў з асновай на цвёрды зычны і, з другога боку, імкнучыся уніфікаваць формы меснага склону асабовых назоўнікаў, некаторыя мовазнаўцы прапанавалі ў якасці літаратурнай нормы форму на -у (-ю) для асабовых назоўнікаў незалежна ад якасці апошняга зычнага асновы, за выключэннем уласных імён і прозвішч, у якіх канчаткі -у (-ю) ці -е дыферэнцыруюцца ў залежнасці ад апошняга зычнага асновы (гл.: Граматыка беларускай мовы. — Мн., 1962, ч. 1, с. 53—54). Такім чынам, пытанне аб уніфікацыі меснага склону адзіночнага ліку асабовых назоўнікаў не было вырашана да канца, і ў моўнай практыцы назіралася і назіраецца ў нашы дні ўжыванне дублетных форм на -у і -е, напрыклад: На маім ласуну-сабачку (Э. Агняцвет); аб добрым сем'яніну (Настаўніцкая газета, 1968); аб выдатным камуністу (Там жа); Бабка Наста не спала, гаруючы аб Панасе і аб дзеду Талашу (Я. Колас); баладу аб Іване ды Мар'і (Полымя, 1972); аб выдатным сыне (Настаўніцкая газета, 1968); Што яна знайшла ў гэтым Громе? (А. Чарнышэвіч); аб народным артысце (Вячэрні Мінск, 1969); Чытаць вершы аб Леніне (Піянер Беларусі, 1980).
Аснова на ж, ш, ч, дж, р, ц
| Н. | муж | чытач | выхадзец | Рыгор | Талаш |
| Р. | муж-а | чытач-а | выхадц-а | Рыгор-а | Талаш-а |
| Д. | муж-у | чытач-у | выхадц-у | Рыгор-у | Талаш-у |
| В. | муж-а | чытач-а | выхадц-а | Рыгор-а | Талаш-а |
| Т. | муж-ам | чытач-ом | выхадц-ам | Рыгор-ам | Талаш-ом |
| М. | (аб) муж-у | чытач-у | выхадц-у | Рыгор-у | Талаш-у |
Аснова на г, к, х
| Н. | геолаг | будаўнік | пастух | Алег | Краўчук |
| Р. | геолаг-а | будаўнік-а | пастух-а | Алег-а | Краўчук-а |
| Д. | геолаг-у | будаўнік-у | пастух-у | Алег-у | Краўчук-у |
| В. | геолаг-а | будаўнік-а | пастух-а | Алег-а | Краўчук-а |
| Т. | геолаг-ам | будаўнік-ом | пастух-ом | Алег-ам | Краўчук-ом |
| М. | (аб) геолаг-у | будаўнік-у | пастух-у | Алег-у | Краўчук-у |
Аснова на мяккі зычны і й
| Н. | вучань | каваль | герой | Мікалай | Лаўрэль |
| Р. | вучн-я | кавал-я | геро-я | Мікала-я | Лаўрэл-я |
| Д. | вучн-ю | кавал-ю | геро-ю | Мікала-ю | Лаўрэл-ю |
| В. | вучн-я | кавал-я | геро-я | Мікала-я | Лаўрэл-я |
| Т. | вучн-ем | кавал-ём | геро-ем | Мікала-ем | Лаўрэл-ем |
| М. | (аб) вучн-ю | кавал-ю | геро-ю | Мікала-ю | Лаўрэл-ю |
Заўвага. Назоўнікі з націскным канчаткам -о ў назоўным склоне адзіночнага ліку тыпу Пятро ва ўскосных склонах маюць такія ж канчаткі, як назоўнікі з нулявым канчаткам: Пятр-о, Пятр-а, Пятр-у, Пятр-а, Пятр-ом, (аб) Пятр-у.
Скланенне неасабовых назоўнікаў
| Склон | Аснова | |||
| на цвёрды зычны | на ж, ш, ч, дж, р, ц | на г, к, х | на мяккі зычны | |
| Н. | ∅ | |||
| Р. | -а, -у | -я, -ю | ||
| Д. | -у | -ю | ||
| В. | як Н. або Р. | |||
| Т. | -ам, -ом | -ем, -ём | ||
| М. | -е | -ы | -у, -е | -і |
| Склон | Семантыка | Аснова | |||
| на цвёрды зычны | на ж, ш, ч, дж, р, ц | на г, к, х | на мяккі зычны | ||
| Н. | канкрэтныя | слон | стрыж | насарог | мядзведзь |
| Р. | слан-а | стрыж-а | насарог-а | мядзведз-я | |
| Д. | слан-у | стрыж-у | насарог-у | мядзведз-ю | |
| В. | слан-а | стрыж-а | насарог-а | мядзведз-я | |
| Т. | слан-ом | стрыж-ом | насарог-ам | мядзведз-ем | |
| М. | (аб) слан-е | стрыж-ы | насарог-у | мядзведз-і | |
| Н. | сом | зубр | вожык | салавей | |
| Р. | сом-а | зубр-а | вожык-а | салаў-я | |
| Д. | сом-у | зубр-у | вожык-у | салаў-ю | |
| В. | сом-а | зубр-а | вожык-а | салаў-я | |
| Т. | сом-ам | зубр-ам | вожык-ам | салаў-ём | |
| М. | (аб) сом-е | зубр-ы | вожык-у | салаў-і | |
| Н. | стол | нож | пірог | рубель | |
| Р. | стал-а | наж-а | піраг-а | рубл-я | |
| Д. | стал-у | наж-у | піраг-у | рубл-ю | |
| В. | стол | нож | пірог | рубель | |
| Т. | стал-ом | наж-ом | піраг-ом | рубл-ём | |
| М. | (аб) стал-е | наж-ы | піраг-у | рубл-і | |
| Н. | часопіс | палец | стог | трамвай | |
| Р. | часопіс-а | пальц-а | стог-а | трамва-я | |
| Д. | часопіс-у | пальц-у | стог-у | трамва-ю | |
| В. | часопіс | палец | стог | трамвай | |
| Т. | часопіс-ам | пальц-ам | стог-ам | трамва-ем | |
| М. | (аб) часопіс-е | пальц-ы | стоз-е | трамва-і | |
| Н. | сустаў | кош | замок | дзень | |
| Р. | сустав-а | каш-а | замк-а | дн-я | |
| Д. | сустав-у | каш-у | замк-у | дн-ю | |
| В. | сустаў | кош | замок | дзень | |
| Т. | сустав-ам | каш-ом | замк-ом | дн-ём | |
| М. | (аб) сустав-е | каш-ы | замк-у | дн-і | |
| Н. | абстрактныя | узрост | масаж | смех | боль |
| Р. | узрост-у | масаж-у | смех-у | бол-ю | |
| Д. | узрост-у | масаж-у | смех-у | бол-ю | |
| В. | узрост | масаж | смех | боль | |
| Т. | узрост-ам | масаж-ам | смех-ам | бол-ем | |
| М. | (аб) узросц-е | масаж-ы | смех-у | бол-і | |
| Н. | шум | прастор | подзвіг | сухавей | |
| Р. | шум-у | прастор-у | подзвіг-у | сухаве-ю | |
| Д. | шум-у | прастор-у | подзвіг-у | сухаве-ю | |
| В. | шум | прастор | подзвіг | сухавей | |
| Т. | шум-ам | прастор-ам | подзвіг-ам | сухаве-ем | |
| М. | (аб) шум-е | прастор-ы | подзвіг-у | сухаве-і | |
| Н. | зборныя | лес | гушчар | лазняк | гай |
| Р. | лес-у | гушчар-у | лазняк-у | га-ю | |
| Д. | лес-у | гушчар-у | лазняк-у | га-ю | |
| В. | лес | гушчар | лазняк | гай | |
| Т. | лес-ам | гушчар-ом | лазняк-ом | га-ем | |
| М. | (аб) лес-е | гушчар-ы | лазняк-у | га-і | |
| Н. | калектыў | хвошч | мох | хмель | |
| Р. | калектыв-у | хвашч-у | мох-у | хмел-ю | |
| Д. | калектыв-у | хвашч-у | мох-у | хмел-ю | |
| В. | калектыў | хвошч | мох | хмель | |
| Т. | калектыв-ам | хвашч-ом | мох-ам | хмел-ем | |
| М. | (аб) калектыв-е | хвашч-ы | мох-у | хмел-і | |
| Н. | рэчыўныя | мёд | кулеш | снег | ячмень |
| Р. | мёд-у | куляш-у | снег-у | ячмен-ю | |
| Д. | мёд-у | куляш-у | снег-у | ячмен-ю | |
| В. | мёд | кулеш | снег | ячмень | |
| Т. | мёд-ам | куляш-ом | снег-ам | ячмен-ем | |
| М. | (аб) мёдз-е | куляш-ы | снез-е | ячмен-і | |
| Н. | торф | перац | цынк | дзёгаць | |
| Р. | торф-у | перц-у | цынк-у | дзёгц-ю | |
| Д. | торф-у | перц-у | цынк-у | дзёгц-ю | |
| В. | торф | перац | цынк | дзёгаць | |
| Т. | торф-ам | перц-ам | цынк-ам | дзёгц-ем | |
| М. | (аб) торф-е | перц-ы | цынк-у | дзёгц-і | |
Каментарыі да парадыгмы.
1. Назоўнікі з ацэначнымі суфіксамі -іск-а (-ыск-а), -ішч-а (-ышч-а) у назоўным і вінавальным склонах маюць канчатак -а: агніска, вятрыска, даміска, дамішча, насішча.
2. Назоўнікі з суфіксам -ішч-а (-ышч-а) у родным, давальным, творным і месным склонах маюць такія ж канчаткі, як і назоўнікі на адпаведны зычны з чыстай асновай: Р. дамішча, шчупачышча; Д. дамішчу, шчупачышчу; Т. дамішчам, шчупачышчам; М. (аб) дамішчы, шчупачышчы.
3. Назоўнікі з суфіксам -іск-а (-ыск-а) у родным склоне маюць канчатак -і: вятрыскі, даміскі. У давальным, творным і месным склонах маюць канчаткі, як і назоўнікі з чыстай асновай на к: Д. вятрыску, даміску; Т. вятрыскам, даміскам; М. (аб) вятрыску, даміску.
Асаблівасці канчаткаў неасабовых назоўнікаў мужчынскага роду ў родным склоне
§ 146. Толькі канчатак -а (-я) маюць назоўнікі, якія абазначаюць жывых істот: акуня, аленя, ваўка, вужа, дразда, зайца, пеўня, салаўя, сома і г. д.
Назоўнікі, якія абазначаюць неадушаўлёныя прадметы, ужываюцца з канчаткам -а (-я) або -у (-ю).
Канчатак -а (-я) маюць назоўнікі, якія абазначаюць:
а) канкрэтныя прадметы рэчаіснасці, што паддаюцца лічэнню, або іх часткі: агурка, айсберга, бурака, вулея, гадзінніка, гаража, дома, камбайна, каўняра, коміна, кургана, млына, пня, руля, рычага, стала, стога, тралейбуса, хлява, франтона, чахла, шатра, яблыка і г. д.;
б) органы і часткі цела чалавека, жывёлы: зуба, ілба, капыта, носа, падбародка, пальца, рога, рота, хваста, языка. Але твару;
в) меры даўжыні, плошчы, вагі, аб'ёму, акрэсленага часу, а таксама назвы месяцаў, дзён тыдня, грашовых і іншых адзінак: кіламетра, метра, сантыметра; ара, гектара; грама, кілаграма, пуда, цэнтнера; літра; года, месяца, семестра, тыдня; сакавіка, снежня; аўторка, панядзелка, чацвярга; рубля, франка; вольта, герца; дзесятка, мільёна, пятака, чырвонца і г. д. Але веку, ранку, абеду; без году тыдзень, з году ў год;
г) навуковыя ці тэхнічныя тэрміны або канкрэтныя паняцці: абзаца, аксюмарана, алфавіта, апострафа, вадэвіля, вугла, дыялога, інтэграла, катода, катэта, каэфіцыента, квадрата, круга, куба, мадрыгала, мерыдыяна, назоўніка, параметра, прыметніка, ромба, санета, сінуса, сказа, суфікса, сюжэта, твора, трохвугольніка і г. д.;
д) грамадскія арганізацыі, прадпрыемствы, установы, вайсковыя падраздзяленні: агітпункта, камітэта, кааператыва, камсамола, прафсаюза; завода, калгаса, камбіната, саўгаса, трэста; інстытута, клуба; гарнізона, дывізіёна, палка, узвода, штаба і г. д.;
е) агульныя і ўласныя назвы населеных пунктаў і мясцовасцей, геаграфічныя і астранамічныя паняцці: горада, пасёлка, раёна, райцэнтра, хутара, Ленінграда, Лондана, Магілёва, Мінска, Полацка, Рыма, Алжыра, В'етнама; акіяна, вострава, кантынента, мыса, ручая, узгорка, фіёрда, Алтая, Буга, Крыма, Нёмана, Кузбаса, Урала; Марса, Месяца, Сатурна і г. д.;
ж) назвы танцаў, народных і спартыўных гульняў, картачных гульняў: вальса, кракавяка, паланеза, крыжачка, тустэпа, факстрота, чардаша; балета, танца; баскетбола, бейсбола, бокса, валейбола, марафона, тэніса, футбола, хакея; брыджа, пас'янса, покера, прэферанса і г. д.
Канчатак -а маюць таксама назоўнікі з ацэначным суфіксам -ішч-а (-ышч-а): дамішча, халадзішча.
Канчатак -у (-ю) маюць:
1. Абстрактныя назоўнікі, якія абазначаюць:
а) абстрактна-разумовыя паняцці, адцягненыя якасці, прыметы і пад.: абавязку, азарту, аўтарытэту, блакіту, болю, вопыту, гераізму, гіпнозу, гневу, гумару, густу, задору, запавету, ідэалу, інстынкту, інтэлекту, кампрамісу, кантрасту, клопату, колеру, крызісу, лёсу, матыву, настрою, нораву, нюансу, нябыту, патрыятызму, поспеху, прагрэсу, прынцыпу, розуму, румянцу, спрыту, страху, таленту, характару і інш.;
б) дзеянні, працэсы, стан, розныя адчуванні, пачуцці: абеду, аб'езду, ад'езду, адпачынку, бою, вываду, гоману, даходу, загаду, замесу, запалу, зачыну, звароту, кашлю, крыку, лёту, ляманту, маршу, масажу, медазбору, мотапрабегу, набору, навару, нагрэву, накіду, намалоту, нападу, павароту, падагрэву, падвозу, пад'ёму, памолу, пачынку, перакосу, пералёту, перапісу, разліку, старту, штурму, шуму; апетыту, голаду, жалю, смутку, сну, сораму, спакою і інш.;
в) напрамкі ў прасторы, месца, а таксама неакрэсленыя прамежкі часу: абрысу, абшару, берагу, верху, выгану, долу, зеніту, інтэрвалу, космасу, краю, краявіду, кроку, ландшафту, лесастэпу, логу, лугу, маршруту, масіву, моманту, нахілу, нізу, прастору, прасцягу, разлогу, рэльефу, свету, стыку, стэпу, сусвету, сухадолу, схілу, узлеску, узмежку, фарватэру, фармату.
Калі гэтыя назоўнікі маюць суфікс -ок, тады ў родным склоне ўжываецца канчатак -а: вяршок — вяршка, лужок — лужка;
г) грамадскія фармацыі, сацыяльна-палітычныя плыні, навуковыя тэорыі: капіталізму, камунізму; апартунізму, атэізму, гуманізму, дарвінізму, інтэрнацыяналізму, пацыфізму, рамантызму, рэалізму і г. д.;
д) розныя захворванні: апендыцыту, бранхіту, вогніку, гаймарыту, грыпу, дальтанізму, інфаркту, ішыясу, коклюшу, паралічу, плеўрыту, поліартрыту, поліяміэліту, радыкуліту, рахіту, рэўматызму, стаўбняку, тыфу, яшчуру і інш.;
е) з'явы прыроды, стыхійныя бедствы: агню, весту, ветравею, ветру, ветрыку, віхру, галалёду, граду, грому, дажджу, досвітку, змроку, інею, норду, самуму, сіверу, світанку, смерчу, урагану, холаду і інш.;
ж) розныя падзеі ў грамадскім жыцці: кірмашу, фестывалю, фэсту.
2. Рэчыўныя назоўнікі, якія абазначаюць розныя рэчывы, масу, матэрыялы, хімічныя элементы і злучэнні, тканіны, некаторыя віды ежы, лякарствы і пад.: алюмінію, асфальту, бензіну, вадароду, воску, гіпсу, глею, жвіру, здору, кактэйлю, кампосту, квасу (кваску), кефіру, кіслароду, клею, крухмалу, лёду, маргарыну, металу, мёду (мядку), натрыю, нашатыру, парафіну, парашку, перцу, пластыліну, пластыру, попелу, пораху, пылу (пылку), пяску, радону, раствору, рафінаду, рысу, салідолу, сіласу, сіропу, снегу (сняжку), соладу, сталініту, стэарыну, сульфату, сургучу, сурыку, сырцу, тварагу (тваражку), тлушчу, цынку, цэменту; бастону, крэпдэшыну, паркалю, шавіёту, шоўку, шыфону; біфштэксу, гуляшу, рамштэксу, ростбіфу, супу, халадніку, шашлыку; кальцэксу, пеніцыліну, пірамідону, цытрамону. Але аўса, бітка, хлеба.
3. Назоўнікі са зборным значэннем: актыву, асартыменту, аўтатранспарту, багажу, грузу, інвентару, кансіліуму, лістажу, літражу, люду, метражу, натоўпу, посуду, рою, рэпертуару, танажу, тыражу, тэкстылю, утылю, фальклору, флоту, фуражу; агрэсту, арэшніку, асінніку, асоту, бору, бэзу, бярэзніку, верасу (вераску), вішняку, гушчару, дубняку, зябру, кукалю, лесу, лопуху, малачаю, павою, палыну, плюшчу, ракітніку, рэвеню, саду, сасонніку, сіўцу, сланечніку, чабору (чабарку) і інш.
Назоўнікі з суфіксам -ок- (барок, гаёк, лясок, садок і пад.) ужываюцца з канчаткам -а: барка, гайка, ляска, садка.
§ 147. Аднак у пісьмовай практыцы нашага часу назіраюцца выпадкі адхіленняў ад літаратурнай нормы: некаторыя словы, якія па семантыцы ўключаюцца ў адну з прыведзеных вышэй груп, могуць ужывацца то з канчаткам -а, то з канчаткам -у. Да ліку такіх назоўнікаў адносяцца: агарод, актыў, арыгінал, астрог, баскетбол, бокс, валейбол, газ, ганак, ход, граніт, жанр, лабірынт, маладняк, малюнак, павільён, парашок, пастамент, п'едэстал, плот, сеанс, сезон, старт, статак, тэкст, тэніс, флот, фонд, фронт, футбол, хакей, хор, шпіталь, экіпаж і некаторыя іншыя.
Залежыць гэта ад таго, разумеецца прадметнасць, абазначаная назоўнікам, як нейкае канкрэтнае паняцце з акрэсленай формай, памерам, як асобная адзінка ці як сукупнасць прадметаў, рэчаў, як выражэнне якасцей, уласцівасцей, дзеянняў, стану, як нейкае адцягненае паняцце. На выбар таго ці іншага канчатка можа ўплываць таксама аналогія або дыялектная мова.
Так, назоўнікі арыгінал, лабірынт, малюнак, п'едэстал, твор адзначаюцца часам з канчаткам -у, відаць, таму, што яны ўжываюцца ў пераносным значэнні і могуць усведамляцца як пэўныя абстрактныя паняцці: прыступкі алімпійскага п'едэсталу, тэкст блізкі да арыгіналу, выхад з лабірынту, дакладнасць знешняга малюнку, падзеі новага твору. Нормай для гэтых назоўнікаў з'яўляецца канчатак -а: арыгінала, лабірынта, малюнка, п'едэстала, твора.
Назоўнікі статак, табун, экіпаж, якія па сваёй семантыцы набліжаюцца да зборных назоўнікаў, сустракаюцца з канчаткам -у, што з'яўляецца парушэннем нормы: корм для статку (Я. Ермаловіч); паміж цэлага людскога табуну (С. Баранавых); яшчэ адно сведчанне гібелі экіпажу (У. Шыцік).
Сустракаюцца варыянтныя формы ў родным склоне назоўнікаў з часавым значэннем: афішы новага сезону (трэба: сезона); пасля першага сеансу (трэба: сеанса); дзеці ва ўзросце да году (трэба: года).
Відаць, пад уплывам дыялектнай мовы ўжываюцца з канчаткам -у назоўнікі калідор, ганак, плот, роў: ішоў міма плоту; паназіраць толькі з-за плоту (Родная прырода, 1980); каля старшынёвага плоту (Полымя, 1972); з першай ступені ганку (Піянер Беларусі, 1969); прарывацца да калідору (Полымя, 1969); рову таго не відаць (Вячэрні Мінск, 1975).
Па аналогіі з формай роднага склону на -у назоўніка провод сустракаецца канчатак -у ў слове водаправод: пракладка водаправоду (трэба: водаправода, а таксама нафтаправода, газаправода).
Адсутнічае адзінае напісанне канчаткаў роднага склону ў назоўніках, якія абазначаюць розныя спартыўныя тэрміны і гульні: бокса і боксу, валейбола і валейболу, турніра і турніру, тэніса і тэнісу, чэмпіяната і чэмпіянату, хакея і хакею, футбола і футболу. Нормай для гэтых і падобных назоўнікаў у родным склоне з'яўляецца канчатак -а.
Узнікаюць цяжкасці і пры выбары канчатка роднага склону для назоўнікаў актыў, флот, фонд, фронт, хор і пад. Калі гэтыя назоўнікі абазначаюць прадметнасць як сукупнасць чаго-н., яны павінны мець канчатак -у: сход актыву прадпрыемства; маракі нашага флоту; гадоўля племяннога маладняку; з кніжнага фонду; пісьмы з фронту; удзельнікі хору. Калі ж яны з'яўляюцца назвамі канкрэтных адзінак, тады звычайна ўжываецца канчатак -а: галоўнакамандуючы Першага Беларускага фронта; удзельнікі рускага народнага хора імя Пятніцкага; маракі Балтыйскага флота.
З канчаткам -а трэба ўжываць таксама назоўнікі, якія абазначаюць рэчыва, хімічны элемент, у тых выпадках, калі яны з'яўляюцца назвамі прадпрыемства, арганізацыі, калектыву, уваходзяць у склад уласнай геаграфічнай назвы: работнікі Мінгаза; хлопцы з магілёўскага «Лаўсана»; хакеісты «Крышталя»; для Цэнтральнага Батанічнага сада АН БССР; прыехаў з Краснаярскага края. Але: уцечка газу, валокны лаўсану, шклянка з крышталю, у канцы саду, вызваленне нашага краю.
Прыклады парушэння граматычнай нормы: у канцы сада (З. Бядуля); у глыбі сада стаяла панская пасада (Я. Колас); У гэтых памяшканнях ужо цяпер даглядаюцца першыя групы маладняка (Полымя, 1978); павярнуў галаву да хвойніка (Б. Сачанка).
§ 148. У залежнасці ад семантыкі, якую набывае слова ў канкрэтным кантэксце, некаторыя назоўнікі маюць паралельныя канчаткі -а (-я) і -у (ю).
Да іх ліку можна аднесці наступныя:
| агрэгат | -а | ’некалькі разнатыпных машын, аб’яднаных у адно цэлае’ |
| -у | ’сумесь мінералаў’ | |
| адбой | -я | ’маркіровачны малаток’ |
| -ю | ’гукавы сігнал, які апавяшчае аб заканчэнні чаго-н.’, ’перапынак у працы, дзеянні’ | |
| апарат | -а | ’прыбор, прыстасаванне’ |
| -у | ’сукупнасць органаў, якія выконваюць пэўную функцыю ў арганізме’, ’сукупнасць устаноў’ | |
| бялок | (лк)-а | ’частка яйца’ |
| (лк)-у | ’складанае арганічнае рэчыва’ | |
| выхад | -а | ’дзверы, вароты’ |
| -у | ’дзеянне паводле дзеяслова выйсці—выходзіць’ | |
| гардэроб | -а | ’шафа для адзення’, ’месца ў грамадскім будынку для захоўвання верхняга адзення’ |
| -у | ’усё адзенне аднаго чалавека’ | |
| гук | -а | ’лінгвістычны тэрмін’ |
| -у | ’ваганні паветра, якія мы ўспрымаем слыхам’ | |
| дагавор | -а | ’дакумент’ |
| -у | ’дзеянне паводле дзеяслова дагаварыцца’ | |
| дазор | -а | ’невялікі атрад, які пасылаюць для аховы ці разведкі’ |
| -у | ’абход для агляду, разведкі’ | |
| дом | -а | ’будынак’ |
| -у | ’радня, родныя мясціны’ або ў словазлучэннях, якія па значэнню набліжаюцца да прыслоўя: атрымаць з дому пасылку, адбіцца ад дому, даўно з дому і пад. | |
| завод | -а | ’прамысловае прадпрыемства’, ’спецыялізаваная гаспадарка па развядзенню пародзістых коней’, ’прыстасаванне ў механізме, якое прыводзіць яго ў дзеянне’ |
| -у | ’дзеянне паводле дзеяслова заводзіць—завесці’, ’асобая, адборная парода свойскай жывёлы’ | |
| загад | -а | ’дакумент’ |
| -у | ’дзеянне паводле дзеяслова загадваць—загадаць’ | |
| закон | -а | ’дэкрэт, пастанова’ |
| -у | ’агульнапрынятыя правілы, звычаі’ | |
| з’езд | -а | ’форма грамадскай дзейнасці’ |
| -у | ’дзеянне паводле дзеяслова з’язджацца—з’ехацца, з’язджаць—з’ехаць’ | |
| інструмент | -а | ’усякая прылада для выканання пэўнай работы’ |
| -у | ’сукупнасць прылад для пэўнай работы’ | |
| камень | -я | ’абломак цвёрдай горнай пароды; кусок каштоўнага мінералу, ювелірна апрацаваны’ |
| -ю | ’цвёрдая горная парода ў выглядзе суцэльнай масы’ | |
| каранцін | -а | ’санітарны пункт’ |
| -у | ’часовая ізаляцыя хворых’ | |
| курс | -а | ’сістэматычны выклад якой-небудзь навукі’ |
| -у | ’напрамак руху’ | |
| лістапад | -а | ’назва месяца’ |
| -у | ’ападанне лісця восенню; час ападання лісця’ | |
| лом | -а | ’прылада’ |
| -у | ’ломаныя або прыдатныя толькі для перапрацоўкі прадметы (часцей за ўсё металічныя)’ | |
| народ | -а | у іменных спалучэннях: перамога народа, радасць народа, дасягненні савецкага народа |
| -у | у зборным значэнні: многа (мала) народу, народу сабралася | |
| пад’езд | -а | ’уваход у будынак’ |
| -у | ’дзеянне паводле дзеяслова пад’язджаць—пад’ехаць’ | |
| папірус | -а | ’трапічная расліна’, ’рукапіс на матэрыяле з гэтай расліны’ |
| -у | ’матэрыял для пісьма, які вырабляўся з гэтай расліны’ | |
| парашок | (шк)-а | ’лекавае рэчыва пэўнай дазіроўкі ў раздробненым выглядзе’ |
| (шк)-у | ’расцёртае на дробныя часцічкі цвёрдае рэчыва’ | |
| пейзаж | -а | ’малюнак краявіду’, ’адзін з жанраў мастацкага жывапісу’ |
| -у | ’агульны выгляд мясцовасці; краявід’ | |
| перавод | -а | ’грашовае адпраўленне праз банк, па пошце, тэлеграфе’, ’бланк для такога адпраўлення’ |
| -у | ’дзеянне паводле дзеяслова пераводзіць—перавесці | |
| пераезд | -а | ’месца, дзе можна пераехаць цераз што-небудзь’ |
| -у | ’дзеянне паводле дзеяслова пераехаць—пераязджаць’ | |
| пераход | -а | ’месца, па якому можна перайсці’ |
| -у | ’дзеянне паводле дзеяслова перайсці—пераходзіць’ | |
| пропуск | -а | ’дакумент на права ўваходу, уезду куды-н.’ |
| -у | ’дзеянне паводле дзеяслова прапускаць—прапусціць’, ’адсутнасць, выключэнне чаго-н.’, ’няяўка на заняткі’ | |
| раз’езд | -а | ’невялікае кавалерыйскае падраздзяленне, якое пасылаюць на разведку’, ’чыгуначны раз’езд’ |
| -у | ’дзеянне паводле дзеяслова раз’ехацца’ | |
| рахунак | (нк)-а | ’дакумент, дзе вызначана сума грошай, якая павінна быць заплачана за што-небудзь’ |
| (нк)-у | ’фінансавыя аперацыі’ | |
| стан | -а | ’стаянка, лагер’ |
| -у | ’фігура (чалавека)’, ’войска, ваюючыя бакі’, ’граматычны тэрмін’ | |
| суд | -а | ’установа’ |
| -у | ’думка, вывад’ | |
| талент | -а | ’таленавіты чалавек’ |
| -у | ’прыродныя здольнасці’ | |
| узвод | -а | ’вайсковае падраздзяленне’, ’частка затвора’ |
| -у | ’дзеянне паводле дзеяслова узводзіць — узвесці’ |
Заўвага. Пералік такіх назоўнікаў можна прадоўжыць, і таму ў кожным асобным выпадку трэба звяртацца да слоўніка.
У залежнасці ад значэння ў родным склоне ўжываецца канчатак -а(-я) або -у(-ю) у назоўніках, якія з’яўляюцца назвамі дрэў (баабаб, бук, вяз, граб, дуб, клён, ясень і інш.). Калі гэтыя назоўнікі абазначаюць канкрэтныя асобныя дрэвы, ужываецца канчатак -а(-я), калі ж яны абазначаюць драўніну, г. зн. маюць значэнне рэчыўнасці, або маюць значэнне зборнасці, тады ўжываецца канчатак -у(-ю): у галінах старога вяза, галіны дуба і лясы з дубу, грабу, стол з ясеню.
Некаторыя назвы раслін таксама могуць мець у родным склоне канчаткі -а(-я) і -у(-ю). Залежыць гэта ад таго, ідзе гутарка аб адной расліне ці аб сукупнасці гэтых раслін: сарваць кветку люціка, рамонка і на лузе многа люціку, рамонку.
Асаблівасці канчаткаў неасабовых назоўнікаў мужчынскага роду ў месным склоне
§ 149. У месным склоне неасабовыя назоўнікі мужчынскага роду ў залежнасці ад апошняга зычнага асновы маюць канчаткі -е, -ы, -і, -у.
Канчатак -е характэрны для ўсіх назоўнікаў з цвёрдай асновай і можа быць як пад націскам, так і не пад націскам: у воцаце, на дубе, у лесе, на мосце, у раёне, у спісе, на сходзе, на флоце, у хляве.
Заўвага 1. Назоўнік пост у значэннях ’месца, з якога можна назіраць за кім-, чым-н. ці ахоўваць каго-н., што-н.’ і ’адказная пасада’ мае канчатак -у: Салдат стаяў на пасту; на высокім пасту дэпутата.
Заўвага 2. У мастацкай літаратуры і гутарковай мове пад уплывам форм на -у назоўнікаў, якія ўваходзяць у склад устойлівых зваротаў і канструкцый з прыназоўнікамі у, на, па (у ладу, на ляту, на віду, па ходу), адзначаецца канчатак -у ў іншых аднаскладовых назоўніках: сустрэча на масту дружбы (Звязда, 1969); на лбу напісана (А. Асіпенка); у трэцім куту, што супроць абразоў (М. Зарэцкі); Які ты ў быту, Такі і на справе (У. Корбан). Аднак такія формы з'яўляюцца парушэннем літаратурнай нормы.
Канчатак -е (не пад націскам) маюць таксама некаторыя ўласна беларускія назоўнікі на г, х, якія чаргуюцца з з, с: у астрозе, на беразе, на версе, у гаросе, у кажусе, на лузе, на нарозе, на начлезе, на паверсе, на парозе, на плузе, на розе (каровы), у снезе, на стозе, на струзе і некаторыя іншыя.
Канчатак -у маюць:
а) уласна беларускія і запазычаныя назоўнікі з асновай на к: на агурку, у банку, на блоку, у бярэзніку, у заапарку, на медзяку, у мядоўніку, у пяску, у рукзаку, на ручніку, у садку і г. д.;
б) уласна беларускія назоўнікі з асновай на г, х, якія абазначаюць адцягненыя паняцці, дзеянне, якасць: у абсягу, агрэху, аўтапрабегу, ачагу, бегу, брэху, верху, выбуху, вывіху, выдыху, граху, дзяржстраху, доўгу, духу, дыху, жаху, забегу, залогу, замаху, збегу, звіху, зруху, маху, мігу, набегу, настрыгу, нюху, падлогу, паху, перабегу, перамаху, перапалоху, подзвігу, подыху, позеху, поспеху, постраху, прабегу, пралогу, прасцягу, праху, промаху, разбегу, разлогу, размаху, руху, слыху, смеху, спалоху, спеху, шляху, шолаху, шораху, уздыху, уздрыгу, узмаху, чыху, шагу і інш.;
в) частка ўласна беларускіх канкрэтных назоўнікаў з асновай на г, х: на абуху, аднарогу, арэху, берлагу, біцюгу, быльнягу, васьміногу, вертлюгу, вожагу, глогу, жэраху, казярогу, катаху, катуху, каўчэгу, логу, лопуху, мозгу, моху, мурагу, мяху, насарогу, пасагу, пірагу, полагу, пораху, посаху, прадмагу, прарэху, пругу, пуху, рагу (вуліцы), рычагу, сельмагу, сычугу, тальмаху, тварагу, трыбуху, трыснягу, універмагу, чартапалоху;
г) назоўнікі іншамоўнага паходжання з асновай на г, х: на абшлагу, айсбергу, альцінгу, антрапафагу, аншлагу, арангутангу, архіпелагу, аэрапагу, бактэрыяфагу, блюмінгу, браўнінгу, брыгу, брэмсбергу, бульдогу, бумерангу, бундэстагу, вэрлаху, гмаху, гонгу, грогу, гросбуху, даху, догу, допінгу, дыптыху, дыфтонгу, дыялогу, дэміургу, дэмпінгу, жэмчугу, зігзагу, каталогу, квершлагу, клірынгу, краху, крэкінгу, ландтагу, ланцугу, лемінгу, лозунгу, маналогу, манафтонгу, мітынгу, моргу, наслегу, некралогу, паліфтонгу, пеленгу, пінг-понгу, пудынгу, пфенігу, радыёпеленгу, ральгангу, рангу, ратангу, рынгу, рыслінгу, рэйхстагу, салінгу, саркафагу, сапрафагу, слябінгу, смокінгу, снайпінгу, спінінгу, стэрлінгу, трыфтонгу, трэнінгу, трэпангу, фартуху, фартынгу, флангу, цугу, цэху, цюбінгу, шаху (шахм.), шлангу, шліху, штрыху, шылінгу, шэзлонгу, энергацэху, эпілогу, эргу;
д) назоўнікі ва ўстойлівых зваротах, часцей за ўсё з прыназоўнікамі на, па, у: на бягу, быць на віду, на ляту, на раду напісана, па ходу выказвання, не астацца ў даўгу, жыць у ладу, у хаду і пад.;
е) назвы гарадоў, рэк, якія маюць аснову на г, х: у Браўншвейгу, Вініпегу, Гамбургу, Ганконгу, Данцыгу, Капетдагу, Лейпцыгу, Люксембургу, Меконгу, Пітсбургу, Страсбургу, Харогу, Цюрыху; у Арэнбургу, Выбаргу, Таганрогу, Краменчугу, Пецярбургу; на Бугу, на Гангу. Але у Крывым Розе.
Канчатак -ы маюць назоўнікі з асновай на шыпячыя зычныя, р і ц: у бары, аб вужы, у гушчары, на дажджы, на нажы, на пальцы, на пляцы, на явары і г. д.
Некаторыя назоўнікі гэтай групы сустракаюцца з канчаткам -у, аднак гэта з'яўляецца парушэннем нормы.
Канчатак -і маюць назоўнікі, аснова якіх заканчваецца на мяккі зычны і й: у агні, на біўні, на кані, у кашалі, на корані, аб стылі, у тунелі, у цяні, у чэрвені, на ячмені, у гаі, аб маі, у музеі і г. д.
Заўвага. У пісьмовай практыцы сустракаецца ўжыванне канчатка -ю, што з'яўляецца парушэннем літаратурнай нормы: у гаю, у цяню. Але ў вершаваных творах парушэнні літаратурнай нормы выкліканы патрабаваннямі рыфмы: Аб табе, сваім дню І аб Беларусі Я гадаю і сню, Мілая Маруся (Я. Колас); Пшэбора зараз па парадку Скідае вопратку сваю, Найперад зняў канфедэратку, Як сведку польскасці ў краю (Я. Колас); У вясновым хмелю бор (Э. Агняцвет).
§ 150. У некаторых назоўніках вар’іраванне канчаткаў е(-э), -і (-ы) і -у(-ю) залежыць ад семантыкі слова.
| двор | дварэ | у звароце са значэннем ’не ў хаце’, ’на адкрытым паветры’, ’у прыродзе’ |
| двары | ’месца каля будынкаў’ | |
| рог | рагу | ’вугал’ |
| розе | ’рог (жывёлы)’ |
Скланенне назоўнікаў ніякага роду
| Склон | Аснова | |||
| на цвёрды зычны | на ж, ш, ч, дж, р, ц | на г, к, х | на мяккі зычны | |
| Н. | -а, -о | -е, -ё | ||
| Р. | -а | -я | ||
| Д. | -у | -ю | ||
| В. | як Н. | |||
| Т. | -ам, -ом | -ем, -ём | ||
| М. | -е | -ы | -у | -і |
§ 152. Узор скланення назоўнікаў ніякага роду
| Склон | Аснова | |||
| на цвёрды зычны | на ж, ш, ч, дж, р, ц | на к, х | на мяккі зычны | |
| Н. | долат-а | збожж-а | воблак-а | пол-е |
| Р. | долат-а | збожж-а | воблак-а | пол-я |
| Д. | долат-у | збожж-у | воблак-у | пол-ю |
| В. | долат-а | збожж-а | воблак-а | пол-е |
| Т. | долат-ам | збожж-ам | воблак-ам | пол-ем |
| М. | (аб) долац-е | збожж-ы | воблак-у | пол-і |
| Н. | зарыв-а | вучылішч-а | зярнятк-а | адценн-е |
| Р. | зарыв-а | вучылішч-а | зярнятк-а | адценн-я |
| Д. | зарыв-у | вучылішч-у | зярнятк-у | адценн-ю |
| В. | зарыв-а | вучылішч-а | зярнятк-а | адценн-е |
| Т. | зарыв-ам | вучылішч-ам | зярнятк-ам | адценн-ем |
| М. | (аб) зарыв-е | вучылішч-ы | зярнятк-у | адценн-і |
| Н. | гнязд-о | рабр-о | ачк-о | касс-ё |
| Р. | гнязд-а | рабр-а | ачк-а | касс-я |
| Д. | гнязд-у | рабр-у | ачк-у | касс-ю |
| В. | гнязд-о | рабр-о | ачк-о | касс-ё |
| Т. | гнязд-ом | рабр-ом | ачк-ом | касс-ём |
| М. | (аб) гняздз-е | рабр-ы | ачк-у | касс-і |
| Н. | акн-о | сэрц-а | рэх-а | нагор’-е |
| Р. | акн-а | сэрц-а | рэх-а | нагор’-я |
| Д. | акн-у | сэрц-у | рэх-у | нагор’-ю |
| В. | акн-о | сэрц-а | рэх-а | нагор’-е |
| Т. | акн-ом | сэрц-ам | рэх-ам | нагор’-ем |
| М. | (аб) акн-е | сэрц-ы | рэх-у | нагор’-і |
Каментарыі да парадыгмы.
1. Назоўнікі вядро і малако ў месным склоне адзіночнага ліку могуць мець варыянтны канчатак -э: у вядрэ, у малацэ. [Вера:] — Каму патрэбна чужая бяда, лішні клопат? [Коля:] — Ты апяклася на малацэ! Ты думаеш, што я жыў як у бога за плячыма, што я не бачыў асмаленага воўка? (У. Дамашэвіч).
2. Тапонімы, якія маюць форму ніякага роду, скланяюцца па мадэлі агульных назоўнікаў з адпаведнымі асновамі: Н. Адамова, Жодзіна, Беражно, Заполле, Селішча; Р. Адамова, Жодзіна, Беражна, Заполля, Селішча; Д. Адамову, Жодзіну, Беражну, Заполлю, Селішчу; В. Адамова, Жодзіна, Беражно, Заполле, Селішча; Т. Адамовам, Жодзінам, Беражном, Заполлем, Селішчам; М. (у) Адамове, Жодзіне, Беражне, Заполлі, Селішчы.
3. Тапонімы з суфіксам -ін-а(-ын-а), -ін-о(-ын-о), -ов-а(-ав-а), -ёў-а(-ев-а) пад уплывам прозвішч тыпу Савін, Баранаў, Кісялёў у творным склоне сустракаюцца з канчаткам -ым: за Даўгінавым, за Сцяпанёвым. Але такія формы з’яўляюцца адхіленнем ад нормы.
Другое скланенне
| Склон | Аснова | |||
| на цвёрды зычны | на ж, ш, ч, дж, р, ц | на г, к, х | на мяккі зычны | |
| Н. | -а | -я | ||
| Р. | -ы | -і | ||
| Д. | -е | -ы | -ы, -е, -э | -і |
| В. | -у | -ю | ||
| Т. | -ой(-ою) -ай(-аю) | -ёй(-ёю) -яй(-яю) | ||
| М. | -е | -ы | -ы, -е, -э | -і |
| Склон | Аснова | |||
| на цвёрды зычны | на ж, ш, ч, дж, р, ц | на г, к, х | на мяккі зычны | |
| Н. | палат-а | афіш-а | кніг-а | грэбл-я |
| Р. | палат-ы | афіш-ы | кніг-і | грэбл-і |
| Д. | палац-е | афіш-ы | кніз-е | грэбл-і |
| В. | палат-у | афіш-у | кніг-у | грэбл-ю |
| Т. | палат-ай (-аю) | афіш-ай (-аю) | кніг-ай (-аю) | грэбл-яй (-яю) |
| М. | (аб) палац-е | афіш-ы | кніз-е | грэбл-і |
| Н. | рыб-а | паліц-а | лодк-а | дын-я |
| Р. | рыб-ы | паліц-ы | лодк-і | дын-і |
| Д. | рыб-е | паліц-ы | лодц-ы | дын-і |
| В. | рыб-у | паліц-у | лодк-у | дын-ю |
| Т. | рыб-ай (-аю) | паліц-ай (-аю) | лодк-ай (-аю) | дын-яй (-яю) |
| М. | (аб) рыб-е | паліц-ы | лодц-ы | дын-і |
| Н. | трав-а | мяж-а | дачк-а | ліні-я |
| Р. | трав-ы | мяж-ы | дачк-і | ліні-і |
| Д. | трав-е | мяж-ы | дачц-э | ліні-і |
| В. | трав-у | мяж-у | дачк-у | ліні-ю |
| Т. | трав-ой (-ою) | мяж-ой (-ою) | дачк-ой (-ою) | ліні-яй (-яю) |
| М. | (аб) трав-е | мяж-ы | дачц-э | ліні-і |
| Н. | сцян-а | гар-а | эпох-а | жня-я |
| Р. | сцян-ы | гар-ы | эпох-і | жня-і |
| Д. | сцян-е | гар-ы | эпос-е | жня-і |
| В. | сцян-у | гар-у | эпох-у | жня-ю |
| Т. | сцян-ой (-ою) | гар-ой (-ою) | эпох-ай (-аю) | жня-ёй (-ёю) |
| М. | (аб) сцян-е | гар-ы | эпос-е | жня-і |
Каментарыі да парадыгмы.
У давальным і месным склонах канчаткі залежаць ад якасці зычнага асновы або месца націску:
канчатак -е маюць назоўнікі з асновай на цвёрды зычны і г, х (пры абавязковым чаргаванні г—з, х—с): сцяне, хаце, кнізе, страсе і г. д.;
канчатак -э маюць назоўнікі з асновай на к і націскам на канчатку (пры абавязковым чаргаванні к—ц): дачка—дачцэ, лука—луцэ, мука—муцэ, рака—рацэ, траска—трасцэ, шчака—шчацэ;
канчатак -і маюць назоўнікі з асновай на мяккі зычны і j: зямлі, студні, хвалі, лініі, хвоі;
канчатак -ы маюць назоўнікі з асновай на няпарныя цвёрдыя ж, ш, ч, дж, р, ц, а таксама з асновай на к і ненаціскным канчаткам (пры абавязковым чаргаванні к—ц): мяжы, шашы, дачы, хмары, паліцы, гутарцы, лыжцы.
Трэцяе скланенне
| Склон | Аснова | |||
| на мяккі зычны | на губны зычны | на ж, ш, ч | на р, ц | |
| Н. | ∅ | |||
| Р. | -і | -ы | ||
| Д. | -і | -ы | ||
| В. | ∅ | |||
| Т. | -ю | -у | ||
| М. | -і | -ы | ||
Аснова на мяккі зычны
| Н. | прыстань | дэталь | аповесць |
| Р. | прыстан-і | дэтал-і | аповесц-і |
| Д. | прыстан-і | дэтал-і | аповесц-і |
| В. | прыстан-ь | дэталь | аповесць |
| Т. | прыстанн-ю | дэталл-ю | аповесц-ю |
| М. | (аб) прыстан-і | дэтал-і | аповесц-і |
Аснова на шыпячы
| Н. | флеш | шчолач | бездараж |
| Р. | флеш-ы | шчолач-ы | бездараж-ы |
| Д. | флеш-ы | шчолач-ы | бездараж-ы |
| В. | флеш | шчолач | бездараж |
| Т. | флешш-у | шчолачч-у | бездаражж-у |
| М. | (аб) флеш-ы | шчолач-ы | бездараж-ы |
Аснова на б, ў, ф
| Н. | глыб | любоў | верф |
| Р. | глыб-і | любов-і (любв-і) | верф-і |
| Д. | глыб-і | любов-і (любв-і) | верф-і |
| В. | глыб | любоў | верф |
| Т. | глыб’ю | любоў-ю | верф’-ю |
| М. | (аб) глыб-і | любов-і (любв-і) | верф-і |
Аснова на р
| Н. | шыр | Сібір |
| Р. | шыр-ы | Сібір-ы |
| Д. | шыр-ы | Сібір-ы |
| В. | шыр | Сібір |
| Т. | шыр’-ю | Сібір’-ю |
| М. | (аб) шыр-ы | Сібір-ы |
Каментарыі да парадыгмы.
1. Форма вінавальнага склону супадае з формай назоўнага склону незалежна ад адушаўлёнасці ці неадушаўлёнасці назоўніка: бачу лань, мыш, рысь і чытаю аповесць, бачу асець.
2. У творным склоне апошні зычны (апрача губных і р), калі ён знаходзіцца пасля галоснага, падаўжаецца: залежжу, меддзю, Прыпяццю, соллю, мышшу, ноччу. Падаўжэння не адбываецца ў тых выпадках, калі аснова назоўніка заканчваецца збегам зычных: аповесцю, радасцю, чвэрцю.
Губныя зычныя і р не падаўжаюцца і пасля іх захоўваецца гук j: глыб’ю [глыбйу], кроўю [кроўйу], шыр’ю [шырйу].
3. Назоўнік моц у творным склоне мае канчатак -ай: моцай. Аднак у пісьмовай практыцы форма творнага склону амаль не ўжываецца.
4. У назоўніках кроў і свякроў у родным, давальным і месным склонах адбываецца чаргаванне галосных о—ы: кроў—крыві, свякроў—свекрыві.
5. Уласнае імя Любоў у адрозненне ад агульнага любоў, якое ў родным, давальным і месным склонах мае форму і з беглым галосным, захоўвае о ва ўсіх склонавых формах: Р. Д. М. любві, Т. любоўю і Р. Д. М. Любові, Т. Любоўю.
6. У мове мастацкай літаратуры і перыядычнага друку назоўнікі гразь, кроў, радзей далонь, сенажаць і некаторыя іншыя могуць ужывацца з канчаткамі -ёй(-ёю), -яй(-яю), якія характэрны назоўнікам другога скланення: закідаў яе гразёю (Б. Сачанка); заляпаных гразёю (Маладосць, 1972); Крывёю аблівалася сэрца (Э. Агняцвет); захлынацца крывёю (А. Карпюк); заліты крывёю (Піянер Беларусі, 1972); правёў далоняй па галаве (А. Асіпенка); Шоў я полем, сенажацяй, Шоў гарою і далінай, А тут кветкі не спагнаці (Я. Купала); Свежай крывёю ваўчынай след адзінокі гарыць (М. Танк); Валодзя працягнуў сябру руку. Той усміхнуўся і пляснуў сваёй далоняй па Валодзевай (Л. Арабей).
Аднак такія формы нельга лічыць нарматыўнымі.
Скланенне назоўнікаў мужчынскага роду на -а (-я)
| Склон | Аснова | |||
| на цвёрды зычны | на ж, ш, ч, р, ц | на г, к, х | на мяккі зычны | |
| Н. | -а | -я | ||
| Р. | -ы | -і | ||
| Д. | -у, -е | -у | -ю, -і | |
| В. | -у | -ю | ||
| Т. | -ам, -ой (-ою) | -ем, -ёй (-ёю) | ||
| М. | -е | -у | -ю, -і | |
Аснова на цвёрды зычны
| Н. | мужчын-а | ваявод-а | старшын-а | Мікол-а |
| Р. | мужчын-ы | ваявод-ы | старшын-ы | Мікол-ы |
| Д. | мужчын-у | ваявод-у | старшын-е | Мікол-у |
| В. | мужчын-у | ваявод-у | старшын-у | Мікол-у |
| Т. | мужчын-ам | ваявод-ам | старшын-ой (ою) | Мікол-ам |
| М. | (аб) мужчын-е | ваяводз-е | старшын-е | Мікол-е |
Аснова на мяккі зычны
| Н. | цесл-я | дзядул-я | старшын-я | Вас-я |
| Р. | цесл-і | дзядул-і | старшын-і | Вас-і |
| Д. | цесл-ю | дзядул-ю | старшын-і | Вас-ю |
| В. | цесл-ю | дзядул-ю | старшын-ю | Вас-ю |
| Т. | цесл-ем | дзядул-ем | старшын-ёй (ёю) | Вас-ем |
| М. | (аб) цесл-ю | дзядул-ю | старшын-і | Вас-ю |
Аснова на ж, ш, ч, р, ц
| Н. | рыкш-а | майстр-а | прамоўц-а | Грыш-а |
| Р. | рыкш-ы | майстр-ы | прамоўц-ы | Грыш-ы |
| Д. | рыкш-у | майстр-у | прамоўц-у | Грыш-у |
| В. | рыкш-у | майстр-у | прамоўц-у | Грыш-у |
| Т. | рыкш-ам | майстр-ам | прамоўц-ам | Грыш-ам |
| М. | (аб) рыкш-у | майстр-у | прамоўц-у | Грыш-у |
Аснова на г, к, х
| Н. | юнг-а | дзядзьк-а | слуг-а | Янк-а |
| Р. | юнг-і | дзядзьк-і | слуг-і | Янк-і |
| Д. | юнг-у | дзядзьк-у | слуг-у | Янк-у |
| В. | юнг-у | дзядзьк-у | слуг-у | Янк-у |
| Т. | юнг-ам | дзядзьк-ам | слуг-ой (-ою) | Янк-ам |
| М. | (аб) юнг-у | дзядзьк-у | слуг-у | Янк-у |
Каментарыі да парадыгмы.
1. Назоўнікі мужчынскага роду на -а(-я) з націскам на аснове ў давальным, творным і месным склонах маюць тыя ж канчаткі, што і асабовыя назоўнікі мужчынскага роду з нулявым канчаткам.
2. Назоўнікі з націскам на канчатку і асновай на цвёрды зычны ў давальным і месным склонах маюць канчатак -е: тамадзе, мурзе; назоўнікі з асновай на заднеязычны — канчатак -у: слугу; назоўнікі з мяккай асновай — канчатак -і: старшыні, суддзі.
Скланенне назоўнікаў агульнага роду на -а (-я)
§ 159. Як назоўнікі мужчынскага роду на -а(-я) з адпаведным тыпам асновы і месцам націску, змяняюцца назоўнікі т. зв. агульнага роду, калі яны абазначаюць асоб мужчынскага полу. Калі гэтыя назоўнікі абазначаюць асоб жаночага полу, яны змяняюцца, як назоўнікі жаночага роду на -а(-я).
| Склон | Род | Аснова | |||||||
| Націск на аснове | Націск на канчатку | ||||||||
| на цвёрды зычны | на ж, ш, ч, дж, р, ц | на г, к, х | на мяккі зычны | на цвёрды зычны | на ж, ш, ч, дж, р, ц | на г, к, х | на мяккі зычны | ||
| Н. | м | -а | -я | -а | -я | ||||
| ж | |||||||||
| Р. | м | -ы | -і | -ы | -і | ||||
| ж | |||||||||
| Д. | м | -у | -ю | -е | -ы | -у | -ю | ||
| ж | -е | -ы | -е, -ы | -і | -е | -і | |||
| В. | м | -у | -ю | -у | -ю | ||||
| ж | |||||||||
| Т. | м | -ам | -ем | -ой(-ою) | -ёй(-ёю) | ||||
| ж | -ай(-аю) | -ей(-ею) | |||||||
| М. | м | -е | -у | -ю | -е | -ы | -у | -ю | |
| ж | -ы | -е, -ы | -і | -і | |||||
Заўвага 1. Назоўнікі агульнага роду на г, х і з націскам на аснове, якія абазначаюць асоб жаночага полу, у давальным і месным склонах маюць канчатак -е (з абавязковым чаргаваннем г—з, х—с): туляга — туляз-е, чысцёха — чысцёс-е; назоўнікі на к — канчатак -ы (пры абавязковым чаргаванні к—ц): задавака—задавац-ы.
Заўвага 2. Назоўнікі хвалько, гняйко, нямко скланяюцца толькі ў тым выпадку, калі абазначаюць асобу мужчынскага полу: Н. такі хвалько, Р., В. такога хвалька, Д. такому хвальку, Т. такім хвальком, М. (аб) такім хвальку. Калі ж гэтыя назоўнікі абазначаюць асобу жаночага полу, то яны не скланяюцца: Н. такая хвалько, Р., Д. такой хвалько, В. такую хвалько і г. д.
Націск на канчатку. Мужчынскі і жаночы род
| Н. | сірат-а |
| Р. | сірат-ы |
| Д. | сірац-е |
| В. | сірат-у |
| Т. | сірат-ой (-ою) |
| М. | (аб) сірац-е |
Націск на аснове. Мужчынскі род
| Н. | плакс-а | лістанош-а | туляг-а | задавак-а | ціхон-я |
| Р. | плакс-ы | лістанош-ы | туляг-і | задавак-і | ціхон-і |
| Д. | плакс-у | лістанош-у | туляг-у | задавак-у | ціхон-ю |
| В. | плакс-у | лістанош-у | туляг-у | задавак-у | ціхон-ю |
| Т. | плакс-ам | лістанош-ам | туляг-ам | задавак-ам | ціхон-ем |
| М. | (аб) плакс-е | лістанош-у | туляг-у | задавак-у | ціхон-ю |
Жаночы род
| Н. | плакс-а | лістанош-а | туляг-а | задавак-а | ціхон-я |
| Р. | плакс-ы | лістанош-ы | туляг-і | задавак-і | ціхон-і |
| Д. | плакс-е | лістанош-ы | туляз-е | задавац-ы | ціхон-і |
| В. | плакс-у | лістанош-у | туляг-у | задавак-у | ціхон-ю |
| Т. | плакс-ай | лістанош-ай | туляг-ай | задавак-ай | ціхон-яй |
| М. | (аб) плакс-е | лістанош-ы | туляз-е | задавац-ы | ціхон-і |
