Артефакт.lib.ru
Сайт Андрея Пискунова Хостинг Lib.Ru

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел

Скланенне назоўнікаў: множны лік

§§ 162–193

Множны лік

§ 162. У залежнасці ад таго, супадаюць ці адрозніваюцца па фанемнаму складу асновы адзіночнага і множнага ліку, назоўнікі ў множным ліку дзеляцца на дзве групы: 1) назоўнікі, у якіх формы множнага ліку ўтвараюцца ад той жа асновы, што і ў адзіночным ліку; 2) назоўнікі, у якіх формы множнага ліку ўтвараюцца ад відазмененай асновы адзіночнага ліку.

§ 163. Агульная схема канчаткаў назоўнікаў усіх тыпаў скланення:

СклонНазоўнікі мужчынскага роду з чыстай асновай, назоўнікі ніякага родуНазоўнікі жаночага і мужчынскага роду на -а(-я)Назоўнікі жаночага роду з чыстай асновай
Н.-ы, -і
Р.-аў(-яў), -оў(-ёў), ∅∅, -аў(-яў)-ей(-эй), -яў(-аў)
Д.-ам(-ям)
В.як Н. або Р.
Т.-амі(-ямі), -мі
М.-ах(-ях)

Скланенне назоўнікаў, якія ўтвараюць формы адзіночнага і множнага ліку ад адной і той жа асновы

§ 164. Арфаграфічна канчаткі адрозніваюцца ва ўсіх склонах у залежнасці ад якасці канцавога зычнага асновы і месца націску. Адрозненне скланенняў праяўляецца ў асноўным толькі ў родным склоне.

Першае скланенне

§ 165. Узор скланення

Мужчынскі род

Н.брат-ынаж-ыматор-ывучн-ігуртк-і
Р.брат-оўнаж-оўматор-аўвучн-яўгуртк-оў
Д.брат-амнаж-амматор-амвучн-ямгуртк-ам
В.брат-оўнаж-ыматор-ывучн-яўгуртк-і
Т.брат-амінаж-аміматор-амівучн-ямігуртк-амі
М.(аб) брат-ахнаж-ахматор-ахвучн-яхгуртк-ах

Ніякі род

Н.долат-ыдрэв-ыузвышш-ыпал-івоблак-і
Р.долат-аўдрэўузвышш-аўпал-ёўвоблак-аў
Д.долат-амдрэв-амузвышш-ампал-ямвоблак-ам
В.долат-ыдрэв-ыузвышш-ыпал-івоблак-і
Т.долат-амідрэв-аміузвышш-аміпал-ямівоблак-амі
М.(аб) долат-ахдрэв-ахузвышш-ахпал-яхвоблак-ах

Каментарыі да парадыгмы.

1. Большасць назоўнікаў мужчынскага роду ў родным склоне мае канчаткі -аў(-яў), -оў(-ёў). Аб ужыванні форм з нулявым канчаткам гл. § 166.

2. Назоўнікі мужчынскага роду госць, конь, лапаць, локаць пры ўказанні на зборнасць у родным склоне маюць канчатак -ей: гасцей, коней, лапцей, лакцей; у колькасна-іменных спалучэннях пры абазначэнні раздзельнай множнасці ўжываецца канчатак -ёў(-яў): пяць канёў, некалькі лапцяў, локцяў.

3. Назоўнік дзень у родным склоне мае форму дзён: некалькі дзён.

4. Назоўнікі ніякага роду ў родным склоне маюць канчаткі -аў(-яў), -оў(-ёў) або нулявы канчатак.

5. У творным склоне для назоўніка конь дапускаюцца варыянтныя канчаткі -мі і -ямі: коньмі і конямі.

6. Назоўнік пан у множным ліку мае формы: паны, паноў, панам і г. д. Пры звароце да некалькіх асоб ужываецца форма панове.

7. Асабовыя назоўнікі ў некаторых выразах у вінавальным склоне маюць форму, якая супадае з формай назоўнага склону: пайсці ў салдаты, выбраць у дэпутаты, пайсці ў настаўнікі.

Формы роднага склону назоўнікаў мужчынскага роду

§ 166. У пісьмовай практыцы нашага часу з нулявым канчаткам у родным склоне ўжываюцца:

а) назоўнікі, якія з’яўляюцца назвамі электрычных і магнітных адзінак вымярэння (ампер, ват, вольт, гаус, кілават, кулон, максвел, мікрон, ом, рэнтген і некаторыя іншыя): магутныя выпраміцелі, разлічаныя на сотні і тысячы ампер (Беларусь, 1956); сотні ват (Вячэрні Мінск, 1969); трыста тысяч кілават (Маладосць, 1969); энергаблок на 300 тысяч кілават (Звязда, 1971); некалькі мікрон (Вячэрні Мінск, 1969). Такія формы праніклі ў пісьмовую практыку з прафесійнай мовы і, відаць, павінны атрымаць права літаратурнай нормы;

б) некаторыя назоўнікі, якія абазначаюць парныя прадметы (валёнкі — валёнак, капыты — капыт, пагоны — пагон, рогі — рог, туфлі — туфель): гордых рог (П. Панчанка); у прыказцы: Ведаў бог, што не даў свінні рог; стукаючы абцасікамі туфель (М. Даніленка); замест чаравік заказаў храмавыя боты (С. Александровіч); пара ботаў, пара чаравік (Я. Маўр); цокат капыт (А. Александровіч); толькі срэбрам мільгалі падковы капыт (М. Лынькоў); абівае дзеркачом са сваіх валёнак снег (В. Адамчык); маміных валёнак (Я. Брыль);

в) некаторыя назоўнікі, якія абазначаюць асобу па прыналежнасці да пэўнай нацыянальнай групы (башкіры — башкір, мадзьяры — мадзьяр, манголы — мангол, румыны — румын, туркі — турак, туркмены — туркмен, цыганы — цыган), а таксама назоўнікі салдат і партызан: нібы сагналі са ўсяго свету цыган (М. Машара); двух цыган (К. Чорны); вайсковыя злучэнні мадзьяр (М. Пятніцкі); батальёны турак палажыў (М. Лынькоў); на радзіме шаснаццаці партызан (ЛіМ, 1970); былых франтавікоў, партызан (Полымя, 1971); некалькі партызан (Звязда, 1972); не раз чуў ад салдат-беларусаў (Полымя, 1969); 250 салдат і афіцэраў (Звязда, 1969); перад батальёнам салдат (ЛіМ, 1972).

Функцыяніраванне гэтых назоўнікаў з нулявым канчаткам падтрымліваецца аналагічнымі формамі назоўнікаў з суфіксамі -анін (-янін): грамадзянін — грамадзян, мінчанін — мінчан.

Заўвага 1. Назоўнікі гектар, кілаграм, грам, а таксама назоўнікі, што з’яўляюцца назвамі фруктаў, агародніны (апельсін, баклажан, банан, гранат, мандарын, памідор і некаторыя іншыя) у гутарковай мове ўсё больш шырока ўжываюцца ў родным склоне множнага ліку з нулявым канчаткам, аднак нарматыўнай гэта форма пакуль што не стала.

Заўвага 2. З назоўнікаў, якія з’яўляюцца адзінкамі меры даўжыні, нулявы канчатак мае слова аршын: квадрацік зямлі на шэсць аршын (З. Бядуля); аршын на трынаццаць у даўжыню (П. Галавач); колькі аршын (К. Чорны).

Заўвага 3. Дапускаецца ўжыванне формы роднага склону з нулявым канчаткам у назоўніку раз (у злучэнні з лічэбнікамі ці словамі з колькасным значэннем): гаспадыня колькі раз уваходзіла пытацца (К. Чорны); Ён выстраліў некалькі раз (М. Лынькоў).

На ўжыванне паралельных форм з канчаткам -оў і з нулявым канчаткам назоўніка год уплываюць лексіка-семантычныя асаблівасці слоў, з якімі гэты назоўнік спалучаецца, а таксама парадак кампанентаў словазлучэння. Формы з нулявым канчаткам пераважаюць у словазлучэннях з колькаснымі лічэбнікамі або са словамі з колькасным значэннем: няма сарака год (ЛіМ, 1970); тэрмін навучання павялічаны да 8 год (БелСЭ, I); некалькі год таму назад (Беларусь, 1970); шмат год прайшло (Піянер Беларусі, 1980); колькі год жывуць птушкі (Работніца і сялянка, 1969).

Толькі з нулявым канчаткам форма роднага склону ўжываецца ў назвах прадпрыемстваў, калгасаў: у калгасах «Сорак год Кастрычніка» і «Перамога» (Звязда, 1972); старшыня калгаса «12 год Кастрычніка» (Там жа).

Формы з канчаткам -оў пераважаюць у словазлучэннях, калі залежны кампанент выражаны прыметнікам: з даваенных гадоў (Работніца і сялянка, 1979); прайшло некалькі пасляваенных гадоў (Маладосць, 1969); на працягу апошніх гадоў (Звязда, 1978). Але ў такіх словазлучэннях, як з малых год, чалавек сярэдніх год і пад., дзе выраз набліжаецца да ўстойлівага злучэння, адзначаюцца і формы з нулявым канчаткам.

Толькі з канчаткам -оў ужываецца назоўнік год у спалучэнні з парадкавымі лічэбнікамі: у творах 20-х гадоў (Полымя, 1969); на мяжы трыццатых гадоў (Полымя, 1970); аб нашых сучасніках, людзях 60-х гадоў (Работніца і сялянка, 1970); з канца 50-х гадоў (БелСЭ, I).

Формы роднага склону назоўнікаў ніякага роду

§ 167. Назоўнікі ніякага роду ў родным склоне могуць мець канчаткі -аў(-яў), -оў(-ёў) або нулявы канчатак.

З канчаткамі -аў(-яў), -оў(-ёў) ужываюцца:

а) назоўнікі, аснова якіх заканчваецца збегам зычных бл, пл, дл, зл, йл, кл, рл, льм, йм, рм, гн, дн, льн, рн, бр, тр, тц, нц, ўц, рц, льц, ств, цтв, падоўжаным зычным, мяккім зычным ці j: скрэбла — скрэблаў, сцябло — сцёблаў, сапло — соплаў, трапло — троплаў, дупло — дуплаў, кавадла — кавадлаў, жазло — жазлаў, кайло — кайлаў, стойла — стойлаў, горла — горлаў, бяльмо — бельмаў, кляймо — клеймаў, ярмо — ёрмаў, сцягно — сцёгнаў, судна — суднаў, цапільна — цапільнаў, стырно — стырнаў, рабро — рэбраў, футра — футраў, балотца — балотцаў, паленца — паленцаў, сонца — сонцаў, дрэўца — дрэўцаў, слаўцо — слоўцаў, азярцо — азярцоў, сэрца — сэрцаў, шчупальца — шчупальцаў, ваяводства — ваяводстваў, земства — земстваў, княства — княстваў, лякарства — лякарстваў, мерапрыемства — мерапрыемстваў, абацтва — абацтваў, агенцтва — агенцтваў, брацтва — брацтваў; багацце — багаццяў, плацце — плаццяў, стагоддзе — стагоддзяў, вяселле — вяселляў, узвышша — узвышшаў, аблічча — абліччаў, падарожжа — падарожжаў, падножжа — падножжаў, ружжо — ружжаў; вусце — вусцяў, прадмесце — прадмесцяў, двухкроп'е — двухкроп'яў, кап'ё — коп'яў, узгор'е — узгор'яў, стажар'е — стажар'яў, зімоўе — зімоўяў, нізоўе — нізоўяў, паўшар'е — паўшар'яў, прыслоўе — прыслоўяў, сузор'е — сузор'яў; аднаскладовыя назоўнікі дно, шво: дноў, швоў;

б) некаторыя двухскладовыя назоўнікі з асновай на адзін зычны і націскам на канчатку, які ў формах множнага ліку перамяшчаецца на аснову: брыво — бровы — броваў, звяно — звёны — звёнаў, крыло — крылы — крылаў, крысо — крысы — крысаў, лязо — лёзы — лёзаў, пяро — пёры — пёраў, сіло — сілы — сілаў;

в) двухскладовыя назоўнікі з асновай на л і націскам на аснове, а таксама назоўнікі веча, ложа (у вінтоўцы), мора, пуза, права, жыта: біла — білаў, джала — джалаў, дула — дулаў, кола — колаў, мяла — мялаў, рыла — рылаў, шыла — шылаў; вечаў, ложаў, мораў, пузаў, правоў, жытоў; таксама поле — палёў;

г) трохскладовыя назоўнікі з асновай на в: дзерава — дзераваў, зарыва — зарываў, каліва — каліваў, логава — логаваў, рэчыва — рэчываў, тулава — тулаваў; а таксама назоўнік воблака: воблакаў і аблокаў.

З нулявым канчаткам ужываюцца:

а) трохскладовыя і з большай колькасцю складоў назоўнікі з асновай на адзін зычны (акрамя в): балота — балот, бервяно — бярвён, верацяно — верацён, возера — азёр, забрала — забрал, зубіла — зубіл, кадзіла — кадзіл, карыта — карыт, лякала — лякал, матавіла — матавіл, павека — павек, палена — пален, памяло — памёл, пудзіла — пудзіл, рэшата — рэшат;

б) некаторыя двухскладовыя назоўнікі з асновай на адзін зычны: блюда — блюд, века — век, віно — він, дзіва — дзіў, дрэва — дрэў, сіта — сіт, сяло — сёл, цела — цел.

Аднак гэтыя назоўнікі ў пісьмовай практыцы сустракаюцца часам з канчаткам -аў: Цьмяна чарнелі паблізу абрысы дрэваў (І. Мележ); Сцяжыначка лясная В'ецца паміж дрэваў (М. Аўрамчык); столькі дзіваў паказвае (Х. Жычка); колькі дзіваў усякіх пабачыш (А. Якімовіч).

Паралельныя формы з канчаткам -аў і з нулявым канчаткам маюць:

а) назоўнікі, аснова якіх заканчваецца збегам зычных зд, сц, шч: гняздо — гнёзд і гнёздаў, месца — месц і месцаў, вогнішча — вогнішч і вогнішчаў, вучылішча — вучылішч і вучылішчаў, кнігасховішча — кнігасховішч і кнігасховішчаў, полчышча — полчышч і полчышчаў, прозвішча — прозвішч і прозвішчаў, рэчышча — рэчышч і рэчышчаў, урочышча — урочышч і ўрочышчаў. Але толькі войска — войск;

б) назоўнікі са збегам зычных тн, мн, кн, сьм, сл, др у канцы асновы, калі паміж імі паяўляецца беглы галосны: палатно — палоцен і палотнаў, гумно — гумен і гумнаў, акно — вокан і вокнаў, валакно — валокан і валокнаў, пісьмо — пісем і пісьмаў, вясло — вёсел і вёслаў, крэсла — крэсел і крэслаў, масла — масел і маслаў, русла — русел і руслаў, чысло — чысел і чыслаў, бядро — бёдзер і бёдраў, вядро — вёдзер і вёдраў, ядро — ядзер і ядраў. Перавага павінна аддавацца формам з нулявым канчаткам.

Другое скланенне

§ 168. Узор скланення

Жаночы род

Н.школ-ысосн-ыліні-іног-ілодк-і
Р.школсосен (сосн-аў)лінійноглодак
Д.школ-амсосн-амліні-ямнаг-амлодк-ам
В.школ-ысосн-ыліні-іног-ілодк-і
Т.школ-амісосн-аміліні-ямінаг-амілодк-амі
М.(аб) школ-ахсосн-ахліні-яхнаг-ахлодк-ах

Каментарыі да парадыгмы.

1. У родным склоне адзначаюцца формы з канчаткам -аў(-яў) і з нулявым канчаткам. Выбар аднаго з канчаткаў залежыць ад структуры спалучэнняў канцавых зычных асновы (гл. § 169).

2. Ад назоўнікаў жаночага роду свіння, пападдзя, ладдзя, форма роднага склону ўтвараецца ад асновы без падваення зычных з нулявым канчаткам: ладзей, пападзей, свіней.

3. Канчатак -ей(-эй) маюць у родным склоне назоўнікі жаночага роду каланча, ступня: каланчэй, ступней.

Формы роднага склону

§ 169. З нулявым канчаткам ужываюцца ўсе трохскладовыя, шматскладовыя і большасць двухскладовых назоўнікаў з асновай на адзін зычны:

а) з асновай на цвёрды зычны: аса — вос, база — баз, бяроза — бяроз, галава — галоў, група — груп, дата — дат, дзюна — дзюн, заява — заяў, зіма — зім, змена — змен, зона — зон, з'ява — з'яў, капа — коп, карова — кароў, крона — крон, лаза — лоз, лапа — лап, ліпа — ліп, мінута — мінут, мова — моў, мэта — мэт, ніва — ніў, нота — нот, палата — палат, перспектыва — перспектыў, хата — хат, яма — ям;

б) з асновай на мяккі зычны: алея — алей, дыня — дынь, жменя — жмень, ідэя — ідэй, каляя — калей, куля — куль, міля — міль, падзея — падзей, фея — фей, шляя — шлей, шыя — шый;

в) з асновай на ж, ш, ч, ц, р: вежа — веж, гара — гор, груша — груш, калгасніца — калгасніц, літара — літар, мяжа — меж, паліца — паліц, тысяча — тысяч, фізкультурніца — фізкультурніц;

г) з асновай на г, к, х: дарога — дарог, драга — драг, дуга — дуг, кніга — кніг, крыга — крыг, нага — ног, тога — тог, фіга — фіг, шляга — шляг; бака — бак, дэка — дэк, піка — пік, лука — лук, рака — рэк, рука — рук; блыха — блох, вяха — вех, лёха — лёх, паха — пах, саха — сох, страха — стрэх;

д) назоўнікі на -ія(-ыя): гвардыя — гвардый, катэгорыя — катэгорый, копія — копій, лінія — ліній, мумія — мумій, партыя — партый, прафесія — прафесій, прэмія — прэмій, сесія — сесій, студыя — студый.

З нулявым канчаткам ужываюцца таксама назоўнікі з асновай на збег зычных, апошні з якіх к (прычым паміж к і папярэднім зычным заўсёды паяўляецца беглы галосны): булка — булак, бутэлька — бутэлек, галоўка — галовак, думка — думак, завязка — завязак, зорка — зорак, казка — казак, касілка — касілак, каска — касак, кніжка — кніжак, лыжка — лыжак, птушка — птушак, суседка — суседак, талерка — талерак, хустка — хустак і г. д.

Канчатак -аў (-яў) маюць назоўнікі са збегам зычных або з падоўжаным зычным у канцы асновы: зб, сьб (прызба — прызбаў, просьба — просьбаў); зв (адозва — адозваў, язва — язваў); кв (кроква — крокваў); йв (айва — айваў); гв (харугва — харугваў); тв (бітва — бітваў, малітва — малітваў); зг (розга — розгаў); лд, льд (фалда — фалдаў, шыльда — шыльдаў); бз (кобза — кобзаў); гл (кегля — кегляў); кл (сакля — сакляў); бл (скобля — скобляў); жл (выжла — выжлаў); тл (бутля — бутляў); зм, см (спазма — спазмаў, пасма — пасмаў); йм (абойма — абоймаў); дм, дзьм (выдма — выдмаў, ведзьма — ведзьмаў); хн (паверхня — паверхняў); ўн (вазоўня — вазоўняў, грыўня — грыўняў, ёўня — ёўняў, лядоўня — лядоўняў, князёўна — князёўнаў); зн (лазня — лазняў, кузня — кузняў); гн (багна — багнаў); йн (бойня — бойняў); йр (кайра — кайраў); тн (галубятня — галубятняў); тр (андатра — андатраў); сц (госця — госцяў); шц (мышца — мышцаў); йш (гейша — гейшаў); ндр (саламандра — саламандраў); ўдр (коўдра — коўдраў); ўбн (доўбня — доўбняў); штв (ліштва — ліштваў); стр (люстра — люстраў); йстр (кайстра — кайстраў); нн (бонна — боннаў, ванна — ваннаў, донна — доннаў, ілгуння — ілгунняў, мадонна — мадоннаў, панна — паннаў); лл (келля — келляў, ткалля — ткалляў); цц (свацця — сваццяў).

З канчаткам -яў ужываецца некалькі двухскладовых назоўнікаў на адзін зычны (мяккі або j): доля — доляў, паля — паляў, пядзя — пядзяў, роля — роляў, цаля — цаляў, шаля — шаляў; лея — леяў, рэя — рэяў. У моўнай практыцы адзначаны выпадкі ўжывання назоўнікаў пядзя, роля, цаля з канчаткам -ей, што з'яўляецца адхіленнем ад нормы: Сказалі: — На гэтай пасадзе трэба мець розуму на сем пядзей (Г. Кляўко), Усяго за сваё багатае сцэнічнае жыццё акцёр сыграў звыш 160 ролей (Мінская праўда, 1974).

Для некаторых назоўнікаў дапускаецца ўжыванне форм з нулявым канчаткам і з канчаткам -аў(-яў).

Да іх ліку адносяцца назоўнікі, аснова якіх заканчваецца збегам зычных, лёгкіх для вымаўлення, або калі паміж зычнымі паяўляецца беглы галосны: нд (веранда — веранд і верандаў, вінда — вінд і віндаў, гірлянда — гірлянд і гірляндаў, каманда — каманд і камандаў, легенда — легенд і легендаў, секунда — секунд і секундаў); рд (алебарда — алебард і алебардаў, арда — орд і ордаў, кукарда — кукард і кукардаў, мансарда — мансард і мансардаў, хорда — хорд і хордаў); льт (дэльта — дэльт і дэльтаў, катапульта — катапульт і катапультаў); нт (дамінанта — дамінант і дамінантаў, рэнта — рэнт і рэнтаў); рт (аорта — аорт і аортаў, карта — карт і картаў, кварта — кварт і квартаў, нарта — нарт і нартаў, парта — парт і партаў, сцірта — сцірт і сціртаў); ст (каста — каст і кастаў, мангуста — мангуст і мангустаў, нявеста — нявест і нявестаў); фт (кофта — кофт і кофтаў, муфта — муфт і муфтаў); хт (бухта — бухт і бухтаў, піхта — піхт і піхтаў, плахта — плахт і плахтаў, шахта — шахт і шахтаў, яхта — яхт і яхтаў); лб (колба — колб і колбаў); льб (стрэльба — стрэльб і стрэльбаў); мб (бомба — бомб і бомбаў, дамба — дамб і дамбаў, клумба — клумб і клумбаў, катакомба — катакомб і катакомбаў, пломба — пломб і пломбаў); рб (вярба — верб і вербаў, корба — корб і корбаў, торба — торб і торбаў, фарба — фарб і фарбаў); лп (малпа — малп і малпаў); мп (лямпа — лямп і лямпаў, помпа — помп і помпаў, рампа — рамп і рампаў); льм (пальма — пальм і пальмаў); рм (казарма — казарм і казармаў, норма — норм і нормаў, платформа — платформ і платформаў, рэформа — рэформ і рэформаў, ферма — ферм і фермаў); рн (каверна — каверн і кавернаў, сарна — сарн і сарнаў, таверна — таверн і тавернаў, урна — урн і урнаў, цыстэрна — цыстэрн і цыстэрнаў); льз (гільза — гільз і гільзаў); нз (лінза — лінз і лінзаў, фанза — фанз і фанзаў); рз (каверза — каверз і каверзаў); кс (букса — букс і буксаў, клякса — клякс і кляксаў, кукса — кукс і куксаў); нг (стронга — стронг і стронгаў, шарэнга — шарэнг і шарэнгаў, штанга — штанг і штангаў); рг (качарга — качэрг і качэргаў, скарга — скарг і скаргаў, чарга — чэрг і чэргаў); льх (вольха — вольх і вольхаў); рф (арфа — арф і арфаў); мф (німфа — німф і німфаў); шч (пашча — пашч і пашчаў, пушча — пушч і пушчаў, цёшча — цёшч і цёшчаў); йб (лайба — лайб і лайбаў, шайба — шайб і шайбаў); йм (абойма — абойм і абоймаў, пойма — пойм і поймаў, пройма — пройм і проймаў); йн (вайна — войн і войнаў, тайна — тайн і тайнаў); йт (флейта — флейт і флейтаў); рст (вярста — вёрст і вёрстаў); рн′ (аўчарня — аўчарань і аўчарняў, бандарня — бандарань і бандарняў, вянглярня — вянглярань і вянглярняў, ганчарня — ганчарань і ганчарняў, гарбарня — гарбарань і гарбарняў, губерня — губерань і губерняў, дзягцярня — дзягцярань і дзягцярняў, кнігарня — кнігарань і кнігарняў, майстэрня — майстэрань і майстэрняў, такарня — такарань і такарняў); шн′ (вішня — вішань і вішняў, канюшня — канюшань і канюшняў, крушня — крушань і крушняў, чарэшня — чарэшань і чарэшняў); жн′ (таможня — таможань і таможняў); хн′ (кухня — кухань і кухняў); тн′ (сотня — соцень і сотняў, лютня — люцень і лютняў); сн′ — (песня — песень і песняў); сн (вясна — вёсен і вёснаў, дзясна — дзёсен і дзёснаў, сасна — сосен і соснаў); зн (баразна — баразён і барознаў); бл′ (аглобля — аглабель і аглобляў, грэбля — грэбель і грэбляў, шабля — шабель і шабляў); пл′ (капля — капель і капляў, кропля — кропель і кропляў); мл′ (зямля — зямель і земляў); фл′ (вафля — вафель і вафляў, кафля — кафель і кафляў); мй (сям'я — сямей і сем'яў); стр (сястра — сясцёр і сёстраў).

Трэцяе скланенне

§ 170. Узор скланення

Аснова на мяккі зычны

Н.сенажац-імагчымасц-ігус-і
Р.сенажац-еймагчымасц-ейгус-ей
Д.сенажац-яммагчымасц-ямгус-ям
В.сенажац-імагчымасц-ігус-ей
Т.сенажац-ямімагчымасц-ямігус-ямі
М.(аб) сенажац-яхмагчымасц-яхгус-ях

Аснова на губны зычны

Н.глыб-іверф-і
Р.глыб-ейверф-ей
Д.глыб-ямверф-ям
В.глыб-іверф-і
Т.глыб-яміверф-ямі
М.(аб) глыб-яхверф-ях

Аснова на шыпячыя

Н.ноч-ыфлеш-ы
Р.нач-эйфлеш-аў
Д.нач-амфлеш-ам
В.ноч-ыфлеш-ы
Т.нач-аміфлеш-амі
М.(аб) нач-ахфлеш-ах

Каментарыі да парадыгмы.

1. У родным склоне асноўным з’яўляецца канчатак -ей(-эй).

Частка назоўнікаў можа мець варыянтны канчатак -яў; некалькі назоўнікаў маюць канчатак -яў(-аў).

2. У творным склоне пасля мяккіх зычных і губных — канчатак -ямі, пасля шыпячых зычных — канчатак -амі: клець — клецямі, верф — верфямі, рэч — рэчамі.

3. Назоўнік косць у творным склоне мае варыянтныя канчаткі -ямі і -мі: касцямі і касцьмі.

4. У творным склоне з канчаткам -мі ў мове мастацкай літаратуры сустракаюцца назоўнікі ніць, далонь: ніцьмі, далоньмі.

Формы роднага склону

§ 171. Канчатак -ей можа быць націскным або ненаціскным. Ненаціскны канчатак маюць:

а) назоўнікі з асновай, якая заканчваецца збегам зычных: адлегласць — адлегласцей, акалічнасць — акалічнасцей, аповесць — аповесцей, асаблівасць — асаблівасцей, ацёчнасць — ацёчнасцей, борць — борцей, ведамасць — ведамасцей, верф — верфей, водарасць — водарасцей, запазычанасць — запазычанасцей, каштоўнасць — каштоўнасцей, кісць — кісцей, лопасць — лопасцей, магчымасць — магчымасцей, мажлівасць — мажлівасцей, меншасць — меншасцей, мясцовасць — мясцовасцей, народнасць — народнасцей, нацыянальнасць — нацыянальнасцей, недакладнасць — недакладнасцей, няспраўнасць — няспраўнасцей, няяснасць — няяснасцей, паперць — паперцей, плоскасць — плоскасцей, поласць — поласцей, радасць — радасцей, хуткасць — хуткасцей, цяжкасць — цяжкасцей, чэцверць — чэцверцей і г. д.;

б) усе двухскладовыя і шматскладовыя назоўнікі з асновай на адзін зычны і большасць аднаскладовых назоўнікаў: аброць — аброцей, арцель — арцелей, бандэроль — бандэролей; быль — былей, вертыкаль — вертыкалей, віяланчэль — віяланчэлей, водмель — водмелей, вось — восей, гавань — гаваней, гартань — гартаней, гаць — гацей, грань — граней, дробязь — дробязей, завадзь — завадзей, завязь — завязей, загарадзь — загарадзей, кадзь — кадзей, кладзь — кладзей, лань — ланей, магістраль — магістралей, мадэль — мадэлей, мазь — мазей, мель — мелей, папараць — папарацей, педаль — педалей, плынь — плыней, покуць — покуцей, прывязь — прывязей, прыстань — прыстаней, раць — рацей, рысь — рысей, сенажаць — сенажацей, скронь — скроней, соль — солей, сувязь — сувязей, сумесь — сумесей, трэль — трэлей, цэль — цэлей.

Для назоўнікаў гэтай групы дапускаецца таксама канчатак -яў: аброцяў, арцеляў, бандэроляў, граняў, плыняў, скроняў і г. д.

З націскным канчаткам -ей ужываюцца:

а) некалькі аднаскладовых назоўнікаў з асновай на мяккі зычны: гусь — гусей, косць — касцей, масць — масцей, ніць — ніцей, смерць — смярцей, страсць — страсцей, часць — часцей;

б) складаныя назоўнікі з другой часткай часць: мотачасць — мотачасцей, авіячасць — авіячасцей і г. д.;

в) двухскладовы назоўнік вобласць: абласцей;

г) назоўнікі кроў, свякроў: крывей, свекрывей.

Назоўнікі ноч, мыш, печ маюць канчатак -эй: начэй, мышэй, пячэй.

З канчаткам -аў(-яў) ужываюцца назоўнікі рэч, флеш, шчолач, даль: рэчаў, флешаў, шчолачаў, даляў.

Назоўнікі мужчынскага роду на -а(-я) і назоўнікі агульнага роду

§ 172. Узор скланення

Мужчынскі род

Аснова на цвёрды зычны і ц

Н.мужчын-ыстараст-ызнаўц-ы
Р.мужчынстараст (-аў)знаўц-аў
Д.мужчын-амстараст-амзнаўц-ам
В.мужчынстараст (-аў)знаўц-аў
Т.мужчын-амістараст-амізнаўц-амі
М.(аб) мужчын-ахстараст-ахзнаўц-ах

Аснова на г, к

Н.юнг-іваяк-і
Р.юнг-аўваяк
Д.юнг-амваяк-ам
В.юнг-аўваяк
Т.юнг-аміваяк-амі
М.(аб) юнг-ахваяк-ах

Аснова на мяккі зычны

Н.старшын-ісуддз-і
Р.старшыньсуддз-яў
Д.старшын-ямсуддз-ям
В.старшыньсуддз-яў
Т.старшын-ямісуддз-ямі
М.(аб) старшын-яхсуддз-ях

Агульны род

Аснова на цвёрдыя, шыпячыя зычныя, р і ц

Н.плакс-ысарвігалов-ылістанош-ыскнар-ытупіц-ы
Р.плакс (-аў)сарвігалоўлістаношскнартупіц
Д.плакс-амсарвігалов-амлістанош-амскнар-амтупіц-ам
В.плакс (-аў)сарвігалоўлістаношскнартупіц
Т.плакс-амісарвігалов-амілістанош-аміскнар-амітупіц-амі
М.(аб) плакс-ахсарвігалов-ахлістанош-ахскнар-ахтупіц-ах

Аснова на г, к

Н.туляг-ізадавак-і
Р.тулягзадавак
Д.туляг-амзадавак-ам
В.тулягзадавак
Т.туляг-амізадавак-амі
М.(аб) туляг-ахзадавак-ах

Аснова на мяккі зычны

Н.пустамел-ісон-і
Р.пустамельсонь
Д.пустамел-ямсон-ям
В.пустамельсонь
Т.пустамел-ямісон-ямі
М.(аб) пустамел-яхсон-ях

Каментарыі да парадыгмы.

У родным склоне назоўнікі мужчынскага роду на -а(-я) і назоўнікі агульнага роду маюць нулявы канчатак або канчатак -аў(-яў), ужыванне якіх вызначаецца тымі ж крытэрыямі, што і ў назоўніках жаночага роду другога скланення (гл. § 169).

Множналікавыя назоўнікі

§ 173. Множналікавыя назоўнікі ўтвараюць склонавыя формы па такіх жа ўзорах, як назоўнікі першага, другога і трэцяга скланенняў.

§ 174. Узор скланення

Аснова на цвёрдыя, шыпячыя зычныя, р і ц

Н.абставін-ывусн-ыклешч-ыманеўр-ыпяльц-ы
Р.абставінвусн-аўклешч-аўманеўр-аўпяльц-аў
Д.абставін-амвусн-амклешч-амманеўр-ампяльц-ам
В.абставін-ывусн-ыклешч-ыманеўр-ыпяльц-ы
Т.абставін-амівусн-аміклешч-аміманеўр-аміпяльц-амі
М.(аб) абставін-ахвусн-ахклешч-ахманеўр-ахпяльц-ах

Аснова на мяккі зычны

Н.цугл-ісен-і
Р.цугл-яўсен-ей
Д.цугл-ямсен-ям
В.цугл-ісен-і
Т.цугл-ямісен-ямі
М.(аб) цугл-яхсен-ях

Аснова на г, к

Н.абцуг-іападк-і
Р.абцуг-оўападк-аў
Д.абцуг-амападк-ам
В.абцуг-іападк-і
Т.абцуг-аміападк-амі
М.(аб) абцуг-ахападк-ах

Каментарыі да парадыгмы.

1. У творным склоне выступае канчатак -амі(-ямі): ведамі, канікуламі, крупамі, шахматамі, джунглямі і г. д.

Некаторыя назоўнікі побач з канчаткам -амі(-ямі) могуць ужывацца з канчаткамі -ыма і -мі:

а) назоўнікі грошы, дзверы: грашамі і грашыма, грашмі, дзвярамі і дзвярыма, дзвярмі. Формы на -амі, -ыма шырока прадстаўлены ў розных стылях пісьмовай мовы і ў гутарковай мове і павінны лічыцца нарматыўнымі. Формы на -мі выходзяць за межы літаратурнай нормы;

б) для назоўнікаў грудзі, сані характэрны формы на -ямі і -мі: грудзямі — грудзьмі, санямі — саньмі;

в) назоўнік людзі ў якасці нарматыўнага мае канчатак -мі: людзьмі. Форма людзямі, якая сустракаецца ў мове мастацкай літаратуры і ў гутарковай мове, з’яўляецца адступленнем ад нормы.

Формы роднага склону

§ 175. У родным склоне множналікавыя назоўнікі маюць канчаткі -аў(-яў), -оў(-ёў), -ей(-эй) або формы з нулявым канчаткам. Выбар аднаго з канчаткаў вызначаецца характарам канцавога зычнага асновы, часткова яе марфалагічнай будовай або семантыкай, месцам націску ў зыходнай форме.

З канчаткам -аў ужываюцца:

а) большасць назоўнікаў са збегам зычных у канцы асновы: аліментаў, апладысментаў, курантаў; вастрагубцаў, пласкагубцаў; кранцаў, шканцаў; клешчаў, мошчаў, прыгаршчаў; стансаў, фінансаў; аб'едкаў, абмалоткаў, абножкаў, ападкаў, задворкаў, заняткаў, нападкаў, недаедкаў, недачоскаў, падмосткаў, падонкаў, пазадкаў, палітзаняткаў, пацяробкаў, пачаскаў, усходкаў;

б) усе назоўнікі на адзін зычны к у аснове: грошыкаў, дрыжыкаў, лекаў, падтропікаў, плечыкаў, прысмакаў, скокаў, субтропікаў, тарокаў, трусікаў, уцёкаў, флякаў, хітрыкаў, ходзікаў, шчыпчыкаў;

в) аддзеяслоўныя назоўнікі з асновай на адзін зычны: аковаў, адкладаў, ведаў, водведаў, выбараў, выкрутасаў, давыбараў, залётаў, збораў, провадаў, перавыбараў, перагавораў, родаў, сходаў, усходаў;

г) складаныя назоўнікі з асновай на адзін зычны: боепрыпасаў, вогнепрыпасаў, маладажонаў, партузносаў, радыётавараў, спорттавараў;

д) іншамоўныя назоўнікі з асновай на адзін зычны: аналаў, дэбатаў, кулуараў, мемуараў, пенатаў, шхераў, палімераў, дэзідэратаў.

З канчаткам -яў ужываюцца ўсе назоўнікі з асновай на мяккі зычны або й: гуляў, караляў, пачуляў, пікуляў, тэфтэляў, шаляў; восцяў, гусляў, джунгляў, крэсцяў, тройняў, цугляў, ясляў; абояў, памыяў, хімікаліяў. Але вакацый.

З канчаткам -оў ужываюцца назоўнікі, якія ў назоўным склоне маюць націскны канчатак: абцугі — абцугоў, азы — азоў, бацькі — бацькоў, брыжы — брыжоў, ваўчкі — ваўчкоў, гарадкі — гарадкоў, духі — духоў, трусы — трусоў, ціскі — ціскоў, шамкі — шамкоў, штаны — штаноў.

З нулявым канчаткам ужываюцца:

а) частка назоўнікаў з асновай на адзін зычны; у прыватнасці ўсе назоўнікі з суфіксамі -ін-ы(-ын-ы), -іц-ы: абставіны — абставін, апоўзіны — апоўзін, агледзіны — агледзін, адведзіны — адведзін, акцябрыны — акцябрын, драбіны — драбін, жамерыны — жамерын, запоіны — запоін, заручыны — заручын, зносіны — зносін, імяніны — імянін, паводзіны — паводзін, радзіны — радзін, саладзіны — саладзін, сарачыны — сарачын, уводзіны — уводзін, уваходзіны — уваходзін, хрэсьбіны — хрэсьбін; весніцы — весніц, нагавіцы — нагавіц, нажніцы — нажніц, а таксама: вароты — варот, дровы — дроў, кайданы — кайдан, канікулы — канікул, краты — крат, крупы — круп, нары — нар, шахматы — шахмат і некаторыя іншыя;

б) геаграфічныя назвы на -ічы, -яны: Асіповічы — Асіповіч, Баранавічы — Баранавіч, Кругляны — Круглян;

в) назоўнікі са збегам зычных у канцы асновы пры паяўленні беглага галоснага паміж імі. Гэта часцей за ўсё словы з апошнім к у аснове: апілкі — апілак, вілкі — вілак, выжымкі — выжымак, высадкі — высадак, вячоркі — вячорак, дажынкі — дажынак, зёлкі — зёлак, могілкі — могілак, начоўкі — начовак, памінкі — памінак, раскопкі — раскопак, санкі — санак, суткі — сутак і пад., а таксама: граблі — грабель, каноплі — канапель і інш.

Канчатак -ей(-эй) маюць назоўнікі гоні, грудзі, людзі, сані, сені, дрожджы, дзверы: гоней, грудзей, людзей, саней (таксама аэрасаней, аўтасаней), сяней, дражджэй, дзвярэй.

Канчатак -ай мае назоўнік грошы: грошай.

Скланенне назоўнікаў, якія ўтвараюць формы множнага ліку ад відазмененай асновы адзіночнага ліку

§ 176. Утварэнне склонавых форм множнага ліку можа суправаджацца пэўнымі зменамі ў аснове: чаргаванне канцавых зычных асновы, замена адной фіналі другой, з’яўленне нарашчэння, адсутнасць суфікса, утварэнне форм адзіночнага і множнага ліку ад розных асноў.

Скланенне асабовых назоўнікаў мужчынскага роду з суфіксамі -анін(-янін), -ын

§ 177. Узор скланення

Адзіночны лік

Н.грамадзянінмінчанінбалгарын
Р.грамадзянін-амінчанін-абалгарын-а
Д.грамадзянін-умінчанін-убалгарын-у
В.грамадзянін-амінчанін-абалгарын-а
Т.грамадзянін-аммінчанін-амбалгарын-ам
М.(аб) грамадзянін-емінчанін-ебалгарын-е

Множны лік

Н.грамадзян-емінчан-ебалгар-ы
Р.грамадзянмінчанбалгар
Д.грамадзян-аммінчан-амбалгар-ам
В.грамадзянмінчанбалгар
Т.грамадзян-амімінчан-амібалгар-амі
М.(аб) грамадзян-ахмінчан-ахбалгар-ах

Каментарыі да парадыгмы.

1. Назоўнікі на -анін (-янін) і -ын, акрамя назоўніка сем'янін, утвараюць формы множнага ліку ад асновы адзіночнага ліку з усячэннем фіналі -ін(-ын).

2. Назоўнікі на -анін(-янін) у назоўным склоне множнага ліку маюць канчатак -е, назоўнікі на -ын — канчатак -ы: армяне, гамяльчане, славяне, сяляне; балгары, баяры, татары.

3. У спалучэннях з лічэбнікамі гэтыя назоўнікі ўтвараюць формы множнага ліку з захаваннем фіналі -ін(-ын): два, тры, чатыры балгарыны, мінчаніны, селяніны. У спалучэннях са зборнымі лічэбнікамі ўжываюцца формы без фіналі -ін(-ын): двое, трое балгар, мінчан, сялян.

§ 178. Скланенне назоўнікаў сусед, чорт, калена

Адзіночны лік

Н.суседчорткален-а
Р.сусед-ачорт-акален-а
Д.сусед-учорт-укален-у
В.сусед-ачорт-акален-а
Т.сусед-амчорт-амкален-ам
М.(аб) суседз-ечорц-екален-е

Множны лік

Н.суседз-ічэрц-ікален-і
Р.суседз-яў (-ей)чэрц-яў (чарц-ей)кален-яў (-ей)
Д.суседз-ямчэрц-ямкален-ям
В.суседз-яў (-ей)чэрц-яў (чарц-ей)кален-і
Т.суседз-ямічэрц-ямікален-ямі
М.(аб) суседз-яхчэрц-яхкален-ях

Каментарыі да парадыгмы.

1. У адзіночным ліку назоўнікі сусед, чорт і калена скланяюцца як назоўнікі першага скланення з асновай на цвёрды зычны.

2. Формы множнага ліку гэтыя назоўнікі ўтвараюць ад асновы на мяккі зычны, прычым у слове чорт адбываецца чаргаванне галосных о—э.

3. У родным склоне акрамя канчатка -яў дапускаецца варыянтны канчатак -ей.

4. Пры абазначэнні раздзельнай множнасці склонавыя формы множнага ліку ўтвараюцца ад асновы на цвёрды зычны: Н. суседы, чарты, калены; Р. суседаў, чартоў, кален; Д. суседам, чартам, каленам; В. суседаў, чартоў, калены; Т. суседамі, чартамі, каленамі; М. (аб) суседах, чартах, каленах.

5. Назоўнік калена ў значэнні ’музыкальны матыў’, ’фігура ў танцах’ утварае формы множнага ліку толькі ад асновы на цвёрды зычны.

§ 179. Скланенне назоўнікаў вока, вуха, плячо

Адзіночны лік

Н.вок-авух-апляч-о
Р.вок-авух-апляч-а
Д.вок-увух-упляч-у
В.вок-авух-апляч-о
Т.вок-амвух-ампляч-ом
М.(аб) вок-увух-упляч-ы

Множны лік

Н.воч-ывуш-ыплеч-ы
Р.вач-эйвуш-эйпляч-эй
Д.вач-амвуш-ампляч-ам
В.воч-ывуш-ыплеч-ы
Т.вач-амі (-ыма)вуш-амі (-ыма)пляч-амі (-ыма)
М.(аб) вач-ахвуш-ахпляч-ах

Каментарыі да парадыгмы.

1. Назоўнікі вока і вуха ўтвараюць формы множнага ліку ад асноў воч- і вуш-.

2. У спалучэнні з лічэбнікамі два, тры, чатыры, абодва ўжываюцца формы вокі, вухі.

3. У творным склоне множнага ліку назоўнікі вока, вуха і плячо ўжываюцца з канчаткам -амі, які замацаваўся ў якасці літаратурнай нормы. У мове мастацкай літаратуры і перыядычнага друку пад уплывам размоўнага стылю і народных гаворак шырока ўжываюцца формы з канчаткам -ыма: вачыма, вушыма, плячыма. Паралелізм ва ўжыванні канчаткаў -амі і -ыма ў мове мастацкай літаратуры, а таксама тэндэнцыі да пашырэння апошняга ва ўсіх пісьмовых стылях дае падставу меркаваць, што абедзве формы можна лічыць варыянтамі літаратурнай нормы.

4. У месным склоне множнага ліку назоўнікі вока, вуха маюць канчатак -ах. У мове мастацкай літаратуры і ў размоўным стылі ўжываюцца формы у ваччу, у вушшу, якія ўзыходзяць да старых форм роднага і меснага склонаў парнага ліку: у вушшу Аксінні (А. Кулакоўскі); Наталля ў ваччу яе прачытала падзяку (К. Чорны). Гэтыя формы па значэнню набліжаюцца да прыслоўя, і калі яны не маюць пры сабе дапаўнення ў родным склоне, то, згодна з Правіламі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, пішуцца злітна: Уваччу забліскалі іскаркі смяшлівасці (Я. Колас); Нешта глуха дзынкнула ўвушшу (М. Стральцоў).

Скланенне назоўнікаў тыпу цяля

§ 180. Узор скланення

Адзіночны лік

Н.цял-якуран-я
Р.цял-яц-ікуран-яц-і
Д.цял-яц-ікуран-яц-і
В.цял-якуран-я
Т.цял-ёмкуран-ём
М.(аб) цял-яц-ікуран-яц-і

Множны лік

Н.цял-ят-ыкуран-ят-ы
Р.цял-яткуран-ят
Д.цял-ят-амкуран-ят-ам
В.цял-яткуран-ят
Т.цял-ят-амікуран-ят-амі
М.(аб) цял-ят-ахкуран-ят-ах

Каментарыі да парадыгмы.

1. У назоўным склоне адзіночнага ліку назоўнікі, якія абазначаюць маладых істот, акрамя канчатка -я, могуць мець варыянтны канчатак -ё: куранё, парасё, цялё.

2. У родным, давальным і месным склонах адзіночнага ліку назоўнікі гэтай групы набываюць устаўку -яц- і маюць канчатак -і.

У творным склоне ўстаўка -яц-(-ац-) утрачваецца і ўжываецца канчатак -ём(-ом).

3. Назоўнік дзіця ў якасці літаратурнай нормы мае ненаціскны канчатак -ем: дзіцем. Форма дзіцём, якая сустракаецца ў моўнай практыцы, выходзіць за межы літаратурнай нормы.

4. Ва ўсіх склонах множнага ліку назоўнікі тыпу цяля (апрача дзіця) маюць устаўку -ят- (цял-ят-ы, парас-ят-ы) і адпаведныя канчаткі.

5. Назоўнік дзіця скланяецца ў множным ліку без устаўкі і мае наступныя формы: Н. дзеці; Р. і В. дзяцей; Д. дзецям; Т. дзецьмі (форма дзецямі не з’яўляецца нарматыўнай); М. (аб) дзецях.

6. Назоўнік хлапчо (разм.) утварае формы множнага ліку ад асновы хлапчанят-: Н. хлапчаняты; Р. хлапчанят; Д. хлапчанятам і г. д.

7. Назоўнікі свінчо і дзяўч-о (-а) не маюць форм множнага ліку.

Скланенне назоўнікаў на -мя

§ 181. Узор скланення

Адзіночны лікМножны лік
Н.ім-яплем-яімён-ы (ім-і)плямён-ы
Р.ім-я (імен-і)плем-я (племен-і)імён (ім-яў)плямён
Д.ім-ю (імен-і)плем-ю (племен-і)імён-ам (ім-ям)плямён-ам
В.ім-яплем-яімён-ы (ім-і)плямён-ы
Т.ім-ем (імен-ем)плем-ем (племен-ем)імён-амі (ім-ямі)плямён-амі
М.(аб) ім-і (імен-і)плем-і (племен-і)імён-ахплямён-ах

Каментарыі да парадыгмы.

1. Назоўнікі імя, племя і стрэмя ва ўскосных склонах адзіночнага ліку (акрамя вінавальнага склону) могуць мець формы з устаўкай -ен- або без яе.

2. У множным ліку назоўнікі імя і стрэмя могуць мець формы з устаўкай -ен- або без яе, а назоўнік племя мае формы толькі з устаўкай -ен-.

3. Назоўнікі бярэмя, вымя, полымя, семя, цемя скланяюцца без устаўкі -ен- па ўзору назоўніка ніякага роду поле.

§ 182. Скланенне назоўніка маці

Ва ўскосных склонах адзіночнага ліку, акрамя вінавальнага, і ва ўсіх склонах множнага ліку назоўнік маці атрымлівае ўстаўку -ер-:

Адзіночны лікМножны лік
Н.мац-імацер-ы
Р.мацер-ымацяр-эй
Д.мацер-ымацяр-ам
В.мац-імацяр-эй
Т.мацер-аймацяр-амі
М.(аб) мацер-ымацяр-ах

Заўвага. Назоўнік маці можа ўжывацца без устаўкі -ер- і ва ўсіх склонах адзіночнага і множнага ліку мець форму, якая супадае з формай назоўнага склону.

§ 183. Назоўнік дзяўчына формы множнага ліку ўтварае ад асновы на -ат-, г. зн. фіналь -ын-а замяняецца на фіналь -ат-ы: Н. дзяўчаты; Р. дзяўчат; Д. дзяўчатам; В. дзяўчат; Т. дзяўчатамі; М. (аб) дзяўчатах.

§ 184. Ад усечанай асновы ўтвараюцца формы множнага ліку назоўніка курыца: Н. кур-ы; Р. кур-эй; Д. кур-ам; В. кур-эй; Т. кур-амі; М. (аб) кур-ах.

§ 185. Запазычанае з рускай мовы слова акцябронак у адзіночным ліку змяняецца як назоўнікі першага скланення мужчынскага роду з асновай на к; у множным ліку мае форму акцябраты і адпаведна ва ўскосных склонах — акцябрат, акцябратам, акцябрат, акцябратамі, (аб) акцябратах.

§ 186. Назоўнік неба можа атрымліваць устаўку -ёс- і мець наступныя словаформы: Н., В. нябёсы; Р. нябёс; Д. нябёсам; Т. нябёсамі; М. (аб) нябёсах. Формы неба і нябёсы супрацьпастаўлення па ліку не выражаюць, і слова нябёсы выступае як самастойнае з тым жа значэннем, што і неба.

Скланенне некаторых прозвішч

§ 187. Прозвішчы, якія ўзыходзяць да назваў прадметаў жаночага роду з асновай на г, к, х і ненаціскным канчаткам -а, набываюць склонавыя канчаткі ў залежнасці ад полу асобы. Калі гэта прозвішча жанчыны, яно скланяецца як агульныя назоўнікі жаночага роду з адпаведнай асновай: Н. Сарока, Саладуха, Кніга; Р. Сарокі, Саладухі, Кнігі; Д. Сароцы, Саладусе, Кнізе; В. Сароку, Саладуху, Кнігу; Т. Сарокай, Саладухай, Кнігай; М. (аб) Сароцы, Саладусе, Кнізе.

Калі гэта прозвішча мужчыны, яно скланяецца як назоўнікі мужчынскага роду на -а з адпаведнай асновай; Н. Сарока, Саладуха, Кніга; Р. Сарокі, Саладухі, Кнігі; Д. Сароку, Саладуху, Кнігу; В. Сароку, Саладуху, Кнігу; Т. Сарокам, Саладухам, Кнігам; М. (аб) Сароку, Саладуху, Кнігу.

§ 188. Калі прозвішчамі з’яўляюцца назвы прадметаў жаночага роду на -а, акрамя прозвішч на ненаціскное -га, -ка, -ха, яны скланяюцца незалежна ад полу асобы, як агульныя назоўнікі жаночага роду з адпаведным тыпам асновы: Н. Бульба, Пушча, Кропля, Крапіва; Р. Бульбы, Пушчы, Кроплі, Крапівы; Д. Бульбе, Пушчы, Кроплі, Крапіве; В. Бульбу, Пушчу, Кроплю, Крапіву; Т. Бульбай, Пушчай, Кропляй, Крапівой; М. (аб) Бульбе, Пушчы, Кроплі, Крапіве.

§ 189. Прозвішчы, якія не суадносяцца з назвамі прадметаў, скланяюцца ў тым выпадку, калі яны адносяцца да мужчыны: Н. Карызна, Машара, Бядуля, Глебка, Янчанка, Бандарэнка; Р. Карызны, Машары, Бядулі, Глебкі, Янчанкі, Бандарэнкі; Д. Карызну, Машару, Бядулю, Глебку, Янчанку, Бандарэнку; В. Карызну, Машару, Глебку, Янчанку, Бандарэнку; Т. Карызнам, Машарам, Бядулем, Глебкам, Янчанкам, Бандарэнкам; М. (аб) Карызну, Машару, Бядулю, Глебку, Янчанку, Бандарэнку. Не скланяюцца такія прозвішчы, калі яны адносяцца да жанчыны: Н. Галіна Янчанка; Р. (у) Галіны Янчанка; Д. Галіне Янчанка; В. Галіну Янчанка; Т. (з) Галінай Янчанка; М. (аб) Галіне Янчанка.

§ 190. Не скланяюцца прозвішчы, якія заканчваюцца на -ко: Н. Павел Ралько, Іван Крамко, Ніна Крыйко; Р. Паўла Ралько, Івана Крамко, Ніны Крыйко; Д. Паўлу Ралько, Івану Крамко, Ніне Крыйко і г. д.

§ 191. Мужчынскія прозвішчы на -аў, -еў, -оў (-ёў), -ін (-ын), жаночыя прозвішчы на -ав (-а), -ев (-а), -ов (-а), -ёв (-а) -ін (-а), -ын (-а), а таксама агульныя назоўнікі тыпу кабельтаў, швартоў, змяняюцца па так званаму змешанаму тыпу скланення, г. зн. маюць некаторыя склонавыя формы назоўнікаў мужчынскага або жаночага роду і некаторыя склонавыя формы прыметнікаў:

Н.ДанілаўКавалёўФамінкабельтаў
Р.Данілав-аКавалёв-аФамін-акабельтав-а
Д.Данілав-уКавалёв-уФамін-укабельтав-у
В.Данілав-аКавалёв-аФамін-акабельтаў
Т.Данілав-ымКавалёв-ымФамін-ымкабельтав-ым
М.(аб) Данілав-еКавалёв-еФамін-екабельтав-е

 

Н.Сакалов-аГрышын-а
Р.Сакалов-айГрышын-ай
Д.Сакалов-айГрышын-ай
В.Сакалов-уГрышын-у
Т.Сакалов-айГрышын-ай
М.(аб) Сакалов-айГрышын-ай

Ад’ектыўнае скланенне назоўнікаў

§ 192. Па ад’ектыўнаму скланенню змяняюцца назоўнікі, якія маюць канчаткі прыметнікаў. Большая частка гэтых назоўнікаў — субстантываваныя прыметнікі і дзеепрыметнікі. Прыналежнасць гэтых назоўнікаў да адушаўлёных або неадушаўлёных выражаецца марфалагічна: у множным ліку і ў назоўніках мужчынскага роду адзіночнага ліку адушаўлёных назоўнікаў форма вінавальнага склону супадае з формай роднага склону, а ў неадушаўлёных назоўніках — з формай назоўнага склону.

§ 193. Узор скланення

Адзіночны лік

Мужчынскі родЖаночы род
Н.выхадн-ырабоч-ысталов-ая
Р.выхадн-огарабоч-агасталов-ай
Д.выхадн-омурабоч-амусталов-ай
В.выхадн-ырабоч-агасталов-ую
Т.выхадн-ымрабоч-ымсталов-ай
М.(аб) выхадн-ымрабоч-ымсталов-ай

Ніякі род

Н.насяком-ае
Р.насяком-ага
Д.насяком-аму
В.насяком-ае
Т.насяком-ым
М.(аб) насяком-ым

Множны лік

Н.выхадн-ыярабоч-ыясталов-ыянасяком-ыя
Р.выхадн-ыхрабоч-ыхсталов-ыхнасяком-ых
Д.выхадн-ымрабоч-ымсталов-ымнасяком-ым
В.выхадн-ыярабоч-ыхсталов-ыянасяком-ых
Т.выхадн-ымірабоч-ымісталов-ымінасяком-ымі
М.(аб) выхадн-ыхрабоч-ыхсталов-ыхнасяком-ых

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел