Предыдущий раздел | Оглавление | Следующий раздел
Прыметнік
§§ 194–210
Прыметнік
Агульная характарыстыка
§ 194. Прыметнік — часціна мовы, якая абазначае прымету прадмета і выражае гэта значэнне ў марфалагічных катэгорыях роду, ліку і склону.
Да прыметніка як часціны мовы адносяцца самыя разнастайныя ў семантычных адносінах групы слоў, для якіх назва якасці або ўласцівасці з’яўляецца іх лексічным значэннем (белы, вясёлы, горкі, дужы, мудры, просты, роўны, сіні, смелы, тоўсты, худы, цвёрды, ясны). Да прыметнікаў адносяцца таксама некаторыя нязменныя запазычаныя словы, якія называюць прымету (бардо, беж, дэкальтэ, максімум, мінімум, нета); сваю прыналежнасць да прыметнікаў яны выяўляюць толькі сінтаксічна, у спалучэнні з назоўнікам (колер беж, праграма-максімум, праграма-мінімум).
Марфалагічныя катэгорыі роду, ліку і склону прыметніка выяўляюцца сінтаксічна і паўтараюць марфалагічныя значэнні катэгорый назоўнікаў, да якіх дапасуюцца прыметнікі і з якімі ўтвараюць азначальныя словазлучэнні.
Катэгорыя роду прыметніка ўказвае на тое, што прымета ўласціва прадмету (асобе або з’яве), які выражаны назоўнікам мужчынскага, жаночага або ніякага роду (прыгожы хлопец, прыгожая дзяўчына, прыгожае дзіця). Катэгорыя роду прадстаўлена радам форм мужчынскага, жаночага і ніякага роду.
Форма роду ў прыметніках можа выконваць семантычную функцыю, указваючы на пол асобы, у тых выпадках, калі прыметнікі спалучаюцца з назоўнікамі агульнага роду (вялікі плакса і вялікая плакса, круглы сірата і круглая сірата), з нескланяльнымі назоўнікамі (вядомы і вядомая канферансье) або ўжываюцца пры асабовых і зваротным займенніках (ты вельмі малады, ты вельмі маладая).
Заўвага. Форм усіх трох родаў не маюць тыя прыметнікі, якія абазначаюць прыметы або якасці, уласцівыя асобам жаночага полу або жывёлам-самкам. Гэтыя прыметнікі маюць толькі форму жаночага роду (замужняя, цяжарная; паросная, цёльная).
Катэгорыя ліку прыметнікаў указвае на тое, што прымета ўласціва прадмету (асобе або з’яве), які выражаны назоўнікам у форме адзіночнага або множнага ліку (добры сусед, добрыя суседзі). Катэгорыя ліку прыметнікаў прадстаўлена склонавымі формамі адзіночнага (мужчынскага, жаночага і ніякага роду) і множнага ліку.
Катэгорыя склону прыметнікаў указвае на тое, што прымета ўласціва прадмету (асобе або з’яве), які выражаны назоўнікам у форме таго або іншага склону (малады чалавек, маладога чалавека, маладому чалавеку, маладога чалавека, маладым чалавекам, аб маладым чалавеку). Катэгорыя склону прыметнікаў прадстаўлена формамі шасці склонаў, кожная з якіх указвае на тое, што даная форма прыметніка з’яўляецца азначэннем да назоўніка ў адпаведным склоне.
У тым выпадку, калі прыметнік спалучаецца з нескланяльным назоўнікам, яго склонавыя формы выражаюць значэнні склонаў гэтага назоўніка (не мець добрага паліто, купіць добрае паліто; узяць білет у асобнае купэ, ехаць у асобным купэ).
Частка прыметнікаў мае марфалагічную катэгорыю ступені параўнання (добры — лепшы, малады — маладзейшы) і можа ўжывацца ў поўнай і кароткай форме (чысты — чыст; гатовы — гатоў; рады — рад).
У цеснай сувязі са значэннем прыметніка як часціны мовы знаходзіцца яго сінтаксічнае ўжыванне. У сказе прыметнік выконвае функцыю азначэння, дапасуючыся да назоўніка або субстантываваных часцін мовы ў родзе, ліку і склоне: Наш край нарачанскі, край сініх азёраў, ты сёння красой веснавою цвіцеш, як наша радзіма (М. Танк); Чытай ды паходзі па свеце і штосьці новае скажы (П. Броўка); Абапіраючыся на сукаватую палку, Янка Купала ідзе, быццам з пагулянкі,— спакойны, мудры, задаволены тым, што ўбачыў, пачуў ад людзей, тых людзей, у якіх цудоўнае сёння і яшчэ лепшае заўтра (Б. Сачанка).
Прыметнік можа выконваць таксама функцыю іменнага выказніка: Надвор’е было цудоўнае, і хлопцы высыпалі на двор (А. Карпюк); Потым Алесь пазнаў таварыша і крыкнуў сам, таксама радасна:— Бутрым! Дык гэта ты?! Дык ты жывы?! (Я. Брыль).
Характар прыметы і граматычныя асаблівасці прыметнікаў з’яўляюцца асновай для іх падзелу на два лексіка-граматычныя разрады — прыметнікі якасныя і адносныя.
Якасныя прыметнікі
§ 195. Якасныя прыметнікі абазначаюць прыметы, якасці жывых істот, прадметаў, з'яў, якія могуць праяўляцца ў большай або меншай ступені: разумны — разумнейшы, прыгожы — прыгажэйшы, малы — меншы.
Якасныя прыметнікі называюць такія якасці і ўласцівасці, якія непасрэдна ўспрымаюцца органамі пачуццяў, прыметы па колеру, па фізічных уласцівасцях, прасторавыя і часавыя прыметы, якасці характару і разумовых здольнасцей: жоўты, зялёны, светлы, цёмны; гарачы, горкі, гучны, кіслы, круглы, лёгкі, салодкі, халодны, цяжкі; вузкі, доўгі, кароткі, шырокі; глухі, добры, разумны, сляпы; важны, карысны, памяркоўны, шкодны.
Абазначаючы якасць, што можа характарызавацца рознай ступенню інтэнсіўнасці, якасныя прыметнікі ўтвараюць формы вышэйшай і найвышэйшай ступеней параўнання: прыгажэйшы, найпрыгажэйшы, меншы, найменшы; больш (менш) лясісты, найбольш (найменш) лясісты, самы лясісты.
Некаторыя якасныя прыметнікі маюць кароткую форму: весел, гатоў, здароў, рад, повен.
Якасныя прыметнікі характарызуюцца большай словаўтваральнай актыўнасцю, чым адносныя. Ад большасці якасных прыметнікаў утвараюцца другія якасныя прыметнікі, якія абазначаюць адценні і ступені якасці, што выяўляюцца ў прадмеце без параўнання з іншымі прадметамі (беленькі, бялюткі, белаваты, бялявы, велічэзны, велізарны, страшэнны), назоўнікі, якія абазначаюць абстрактныя паняцці (весялосць, маладосць, смеласць, вастрыня, глыбіня, чысціня, нізіна, сівізна, чырвань), і якасныя прыслоўі (весела, добра, крута, хітра).
Якасныя прыметнікі могуць мець як вытворную, так і невытворную аснову: галасісты, гучны, працавіты, радасны; дужы, зялёны, малады, сіні.
Адносныя прыметнікі
§ 196. Адносныя прыметнікі абазначаюць прымету прадмета праз яго адносіны да другога прадмета або прыметы: адносіны прадмета да матэрыялу, з якога ён зроблены (залаты гадзіннік, жалезны сундук), да рэчыва, з якога ён складаецца (пясчаная глеба, снежная гурба), да часу існавання (сучасны твор, леташні ўраджай, вячэрні змрок), да месца знаходжання (нарачанскія азёры, лясны край, полацкая нафта), да прызначэння (вучэбны корпус, піянерскі пакой), да дзеяння (лічыльная машына, драбільная ўстаноўка) і інш.
Прымета, якую называюць адносныя прыметнікі, не можа праяўляцца ў большай або меншай ступені.
Адносныя прыметнікі маюць толькі вытворную аснову; яны ўтвораны ад розных часцін мовы: назоўнікаў (бацькаў, верхні, летні, пясчаны, шкляны), дзеясловаў (вымяральны, лічыльны, навучальны, прывітальны, чытальны), прыслоўяў (сённяшні, учарашні, цяперашні).
Сярод адносных выдзяляюцца прыметнікі, якія паказваюць на індывідуальную прыналежнасць прадмета асобе або жывой істоце (бацькаў касцюм, матчына хустка, Аленчын ліст, Васеў гадзіннік, баброва хатка, ластаўчына гняздо). Гэта — прыналежныя прыметнікі.
§ 197. Сэнсавыя адрозненні паміж якаснымі і адноснымі прыметнікамі не з'яўляюцца пастаяннымі: адносныя прыметнікі могуць набываць якасныя значэнні, захоўваючы пры гэтым сваё першаснае значэнне. Так, пры пераносным ужыванні названая адносным прыметнікам прымета пачынае абазначаць уласцівасць прадмета без яго адносін да другога прадмета, і адносны прыметнік набывае значэнне якаснага: Ён да таго цынічны, гэты Гайдач, што бярэ ў залог срэбныя і залатыя рэчы (З. Бядуля); Па небе хмарка залатая на сівер з поўдзеня плыла і ўздых палёў, жаданкі гаю ў сабе хмурыначка нясла (Я. Колас); Шпак вартуе агароды і вішнёвы наш садок (М. Чарот); Як заўсёды, яна [Ганна] цярпела гэтае біццё моўчкі — толькі вішнёвыя вочы гарэлі ўпартым, нядобрым агнём (І. Мележ); Раней чым сабе, дзед накладваў мне ежу ў алавяную місачку (З. Бядуля); Цяжкія алавяныя хмары завалаклі далягляд і сеюць-сеюць, як на частае сіта, дробны асенні дождж, хоць на дварэ яшчэ і не восень, а толькі ліпень, калі сама павінна быць гарачыня (Р. Сабаленка).
Ступені параўнання якасных прыметнікаў
§ 198. Пераважная большасць якасных прыметнікаў утварае формы вышэйшай і найвышэйшай ступеней параўнання.
Формы вышэйшай ступені параўнання якасных прыметнікаў паказваюць, што якасць уласціва данаму прадмету ў большай або меншай (у параўнанні з іншым прадметам) ступені: Яны былі вельмі падобныя адна на адну, «канапляначка» і матка. У абедзвюх на тварах быў добры, лагодны выраз, толькі ў Хадоські ён быў больш ясны, чысцейшы. І давер’я было больш у яе вачах, і каса была гусцейшая (І. Мележ); Як цуд чужы вачэй ні цешыў, душа шаптала мне сама: ёсць край цяплейшы, багацейшы, але раднейшага няма (Г. Бураўкін).
Формы найвышэйшай ступені параўнання якасных прыметнікаў паказваюць, што якасць уласціва данаму прадмету ў найбольшай або найменшай (у параўнанні з іншым прадметам) ступені: Усё праходзіць, быццам дождж няроўны,— і боль, і злосць, і дробная брыда, а застаецца важны і галоўны і самы светлы талент — дабрата (С. Грахоўскі); Маладосць — краса людзей, жыцця найлепшы час (Я. Непачаловіч).
У залежнасці ад спосабу ўтварэння ў сучаснай беларускай мове адрозніваюцца простыя (сінтэтычныя) і складаныя (аналітычныя) формы ступеней параўнання прыметнікаў.
§ 199. Простыя формы вышэйшай ступені параўнання прыметнікаў утвараюцца пры дапамозе суфікса -ейш- (-эйш-), які разам з канчаткам далучаецца да асновы прыметніка: зялёны — зелянейшы, прыгожы — прыгажэйшы. Пры гэтым назіраюцца такія фанетычныя змены, як чаргаванне зычных утваральнай асновы г—ж, к—ч, х—ш, д—дз′, т—ц′ (дарагі — даражэйшы, горкі — гарчэйшы, ціхі — цішэйшы, малады — маладзейшы, густы — гусцейшы) і выпадзенне суфіксаў -к-, -ок-, пры якім адбываецца чаргаванне цвёрдых і мяккіх зычных кораня, а таксама чаргаванне зычных з—ж, с—ш (глыбокі — глыбейшы, рэдкі — радзейшы, салодкі — саладзейшы; блізкі — бліжэйшы, нізкі — ніжэйшы, высокі — вышэйшы). Аднак у беларускай мове існуе значная група прыметнікаў, у якіх суфікс -к- не выпадае, а суфіксальны зычны к чаргуецца з ч: звонкі — званчэйшы, мелкі — мяльчэйшы, шпаркі — шпарчэйшы, яркі — ярчэйшы.
Некалькі прыметнікаў утвараюць простую форму вышэйшай ступені пры дапамозе суфікса -ш-, які далучаецца да суплетыўнай асновы (вялікі — большы, добры — лепшы, дрэнны — горшы, малы — меншы): Цяпер дом будзе ўпісвацца ў межы горада, і горад пашырэе, стане большы на адзін дом (Маладосць, 1970); На свеце лепшага кутка няма, чым той куток, дзе маці нарадзіла (Н. Гілевіч); Хлопцы запэўнялі, што мая скрыпка не горшая за Багданаву, што іграе нават галасней і скакаць пад яе лягчэй: проста аж самі ногі ідуць (А. Кулакоўскі); Цяпер [Кастусь] адпрасіўся ў майстра і вось прыехаў паглядзець на меншага брата (Полымя, 1971).
Ад прыметнікаў малады і стары пры абазначэнні ўзросту форма вышэйшай ступені параўнання ўтвараецца пры дапамозе суфікса -ейш- (-эйш-): маладзейшы, старэйшы; ужыванне форм малодшы, старшы з'яўляецца адхіленнем ад літаратурнай нормы: [Галіна] азірнулася і ўгледзела юнака, нават маладзейшага за яе (І. Пташнікаў); Бутрым старэйшы за Алеся ажно на тры гады (Я. Брыль).
Заўвага 1. Прыметнікі малодшы, старшы ў тэрміналагічных спалучэннях пры абазначэнні афіцыйных пасад і званняў не маюць значэння вышэйшай ступені параўнання (малодшы сяржант, малодшы навуковы супрацоўнік, старшы лейтэнант, старшы рэдактар).
Заўвага 2. Прыметнік малодшы ўжываецца ў значэнні 'больш позні паводле часу свайго з'яўлення' (малодшы брат, малодшая сястра, малодшае пакаленне); у процілеглым значэнні замацаваўся прыметнік старэйшы (старэйшы брат, старэйшая сястра, старэйшае пакаленне): На поўначы, за полем, была суседняя, найбліжэйшая вёска, адкуль наша мама, дзе жыве яе малодшы брат, дзядзька Алесь (Я. Брыль); Старэйшы сын [Яркіна], Уладзік, загінуў пры спробе ўзарваць чыгуначны мост (Я. Брыль). Абодва гэтыя прыметнікі ў даным выпадку не маюць значэння вышэйшай ступені параўнання.
Заўвага 3. Нязменныя формы вышэйшай ступені параўнання прыметнікаў з суфіксам -ей (-эй, -ай) не характэрны для сучаснай беларускай літаратурнай мовы; яны сустракаюцца пераважна ў творах мастацкай літаратуры: А мы ў адзінстве ўсёй крывёю, мацней не знаем пачуцця — мы заўжды, партыя, з табою, і больш няма для нас жыцця! (П. Броўка); Быў ён [чырвонаармеец] высокага росту, але ніжэй за Чубара (І. Чыгрынаў).
§ 200. Складаныя формы вышэйшай ступені параўнання прыметнікаў утвараюцца шляхам спалучэння з прыметнікам прыслоўяў больш (болей), менш (меней), куды больш (менш), яшчэ больш (менш): Баі на правабярэжжы Дняпра з кожным днём станавіліся ўсё больш моцнымі (І. Мележ); Багушэвіч куды больш будзённы за свайго папярэдніка (І. Навуменка); Другая думка з’явілася ў яго [Баляслава], менш важная (К. Чорны).
У мастацкай літаратуры сустракаюцца складаныя формы вышэйшай ступені параўнання прыметнікаў, утвораныя шляхам спалучэння прыслоўя куды з простай формай вышэйшай ступені; такія ўтварэнні не выходзяць за межы нарматыўных: Калі ты ўдала дзень пачнеш, прыйдзе радок прывабны, першы, ты сам па-новаму жывеш, здаецца дзень куды ярчэйшы (П. Броўка); І самі паравозы рабіліся куды прыгажэйшымі (М. Лынькоў).
§ 201. Назвы прадметаў, у параўнанні з якімі вызначаецца ступень якасці, выражаюцца назоўнікам (займеннікам) у форме вінавальнага склону з прыназоўнікам за: Стары адчуў, што ён мацнейшы за Коха (І. Мележ); Сястра настолькі старэйшая за мяне, што я прывык з маленства слухацца яе, амаль як маці (Я. Брыль).
Пры формах вышэйшай ступені параўнання прыметнікаў могуць ужывацца параўнальныя звароты са злучнікамі чым, як: Зблізку паненка была прыгажэйшая, чым я сабе ўяўляў (А. Карпюк); Алесю яшчэ з таго часу, калі быў вучнем, здавалася, што ў свеце няма прыгажэйшага почырку, як у іхняга настаўніка (П. Броўка).
Заўвага 1. Ужыванне пры формах вышэйшай ступені параўнання прыметнікаў залежнага слова — назоўніка або займенніка — у форме роднага склону з прыназоўнікам ад або без прыназоўніка (старэйшы ад яе, старэйшы яе) з'яўляецца парушэннем літаратурнай нормы.
Заўвага 2. Прыметнікі з суфіксам -ейш (-эйш), якія страцілі значэнне вышэйшай ступені параўнання або выражаюць безадносна высокую якасць прадмета, ужываюцца заўсёды без залежных слоў: Да яго вярнуўся ранейшы настрой, і ён у гэты вечар канчаткова вырашыў пасватаць Алену (Р. Сабаленка); На Доўгіх парадзеў туман і пацягнуўся да лесу; сталі добра відаць стагі і кусты на сушэйшых месцах (І. Пташнікаў).
§ 202. Простыя формы найвышэйшай ступені параўнання прыметнікаў утвараюцца шляхам далучэння прыстаўкі най- да простых форм вышэйшай ступені параўнання: Яго [Чарняхоўскага] нецярплівасць, якая расла дзень ад дня, па меры таго, як набліжалася наступленне, цяпер дайшла да сваёй найвышэйшай мяжы (І. Мележ); Кажуць, наймацнейшае каханне ў жанчын першае, а ў мужчын — апошняе (У. Карпаў).
Ад прыметніка вялікі ўтвараюцца дзве формы найвышэйшай ступені параўнання: найбольшы і найвялікшы, прычым форма найвялікшы ўтвараецца шляхам далучэння прыстаўкі най- і суфікса -ш- да асновы прыметніка вялікі (формы вялікшы ў сучаснай беларускай мове няма). Ужыванне гэтых форм звязана са значэннем прыметніка вялікі: калі гэты прыметнік ужываецца са значэннем ’выдатны; геніяльны, таленавіты’, форма найвышэйшай ступені параўнання — найвялікшы; калі ж гэты прыметнік ужываецца ў іншых значэннях, форма найвышэйшай ступені параўнання — найбольшы: Далучэнне да Расіі было адной з найвялікшых прагрэсіўных падзей у гісторыі беларускага народа, хоць яно не прынесла яму ні сацыяльнага, ні нацыянальнага вызвалення (Полымя, 1972); Першаступеннае значэнне для беларускай літаратуры мела засваенне ёю прынцыпаў крытычнага рэалізму, які атрымаў сваё найбольшае развіццё ў рускай літаратуры (Полымя, 1972).
Заўвага. У мове мастацкіх твораў зрэдку сустракаюцца прыклады ўтварэння простай формы найвышэйшай ступені параўнання шляхам далучэння прыстаўкі най- да якасных прыметнікаў без суфіксаў -ейш-(-эйш-), -ш-: Нібы з каўша ён [паэт] сыпле вершы, а ў іх адзін толькі звон, што і наймудры, і найлепшы, і ўсім парадзіць — толькі ён (П. Броўка).
§ 203. Складаныя формы найвышэйшай ступені параўнання прыметнікаў утвараюцца:
1. Шляхам спалучэння займенніка самы з якасным прыметнікам (або з простай формай вышэйшай або найвышэйшай ступеней параўнання прыметнікаў, калі трэба падкрэсліць асаблівае значэнне найвышэйшай ступені якасці): У парадак дня кожнай сесіі Генеральнай Асамблеі ААН Савецкі Саюз імкнецца ўключыць самыя важныя, самыя актуальныя праблемы, якія хвалююць чалавецтва (Звязда, 1972); І гэты ціхі, далікатны чалавек адзін з лепшых камандзіраў гармат. Думаю нават, што — самы лепшы ў батарэі (І. Мележ); Няхай жа вечна ў сэрцах б'юць крыніцы таго шчасця, што і ў самых найшчаслівейшых дапытае слёз! (Н. Гілевіч).
Заўвага. Формы найвышэйшай ступені параўнання самы стары і самы старэйшы адрозніваюцца сэнсам, параўн.: Корань лічыўся самым старым салдатам у роце (В. Быкаў); Ты ж цяпер самы старэйшы ў сям'і (І. Мележ); Самы старэйшы ў брыгадзе — Шырокі. Ён брыгадзір (Маладосць, 1970).
2. Шляхам спалучэння прыслоўяў найбольш, найменш з якасным прыметнікам: Тут было найбольш страшнае месца дарогі... (Я. Колас); Мабыць, найбольш гаваркі, вясёлы і спрытны на словы быў сёння Віктар (М. Зарэцкі).
§ 204. Пры формах найвышэйшай ступені параўнання прыметнікаў залежныя назоўнікі (або займеннікі) ужываюцца ў формах роднага склону з прыназоўнікамі з, сярод, вінавальнага склону з прыназоўнікам за або меснага склону з прыназоўнікамі на, у: Нас фашыстаў арда не зламала, не спаліў нас пякельны касцёр — ты [Расія] краіну маю ўратавала, найвярнейшая з верных сясцёр (П. Панчанка); Самых смелых сярод вас просім слухаць гэты сказ (В. Вітка); У гэтай маўклівасці было адзінае для ўсіх іх пачуцце — вялікае і наймацнейшае за ўсё, што асталося цяпер у іх жыцці. Гэта была нянавісць... (К. Чорны); Яму хацелася хутчэй убачыць тое месца, якое здаецца наймілейшым на свеце (А. Якімовіч); Нам пройдзеных дарог не перамераць і нанава нікому не прайсці. Я іх прайшоў і навучыўся верыць у праўду, найвышэйшую ў жыцці (С. Грахоўскі).
Заўвага. Не маюць пры сабе залежных назоўнікаў (або займеннікаў) прыметнікі ў форме найвышэйшай ступені параўнання, якія выражаюць безадносна самую высокую меру якасці: Мы ў будучыню ідзём дарогай найяснейшай (А. Звонак); Нашы людзі, самыя адданыя салдаты партыі і самыя верныя сыны народа, прабіраліся ў варожы стан, каб дапамагаць Радзіме, каб мацней і надзейней рыхтавала яна перамогу (М. Лужанін); Ёсць нешта незвычайнае і невыказнае ў тым хваляванні, з якім ты набліжаешся да помнікаў народнай славы — да мясцін, звязаных з найбольш вядомымі, найбольш любімымі імёнамі (Я. Брыль).
§ 205. Утварэнне форм ступеней параўнання не характарызуецца рэгулярнасцю і не з'яўляецца адметнай рысай усіх якасных прыметнікаў. У беларускай мове выдзяляецца група якасных прыметнікаў, утварэнне форм ступеней параўнання ад якіх абмяжоўваецца іх структурай або семантыкай.
Непаслядоўна ўтвараюць ступені параўнання суфіксальныя прыметнікі. Толькі складаныя формы ступеней параўнання маюць прыметнікі, утвораныя ад дзеяслоўных асноў пры дапамозе суфікса -л- (бывалы, вялы, заядлы, зразумелы, пажылы, хрыплы, чулы); прыметнікі з суфіксамі дзеепрыметнікаў (балючы, бліскучы, вядомы, дрыжачы, любімы); прыметнікі, утвораныя ад іменных і дзеяслоўных асноў пры дапамозе суфіксаў -н-, -льн-, -альн-, -яльн-, -ів-, -лів- (дымны, марозны, праліўны, слушны; максімальны, назіральны, натуральны, спрыяльны; абразлівы, дажджлівы, дакучлівы, клапатлівы, смяшлівы, урадлівы); прыметнікі, утвораныя ад запазычаных назоўнікаў пры дапамозе суфікса -ічн- (-ычн-) (арыстакратычны, гераічны, іранічны, камічны, рэалістычны, флегматычны, эластычны); многія прыметнікі з суфіксамі -ат-, -аст-, -іт-, -авіт- (віхрасты, махнаты, мурзаты, сярдзіты, таленавіты, хваравіты); пераважная большасць прыметнікаў з суфіксам -к- (гаваркі, гнуткі, колкі, ліпкі, слізкі) і інш.
Не ўтвараюць форм ступеней параўнання некаторыя суфіксальныя прыметнікі (з суфіксам непаўнаты якасці -ават- (-яват-), з суфіксамі -н-, -аўн- (-оўн-), -ав- (-ов) і інш.): зеленаваты, белаваты, стараваты, законны, пераможны, вандроўны, каляровы, нізавы, радавы.
Абмежавана ўтварэнне форм ступеней параўнання ад прыметнікаў з суфіксамі ацэнкі, складаных прыметнікаў, а таксама прыметнікаў, утвораных прэфіксальным і прэфіксальна-суфіксальным спосабам: прыметнікі гэтыя або ўтвараюць складаныя формы ступеней параўнання (бездапаможны, бесклапотны, бязлітасны, неабсяжны, дзівосны, вялізны, маленькі, старэнькі, высакародны, паўнаводны, самабытны, старадаўні), або зусім не ўтвараюць іх (беспрабудны, няспынны, няўхільны, жоўценькі, паўнюткі, беланогі, круталобы, лапавухі, светла-ружовы, цёмна-сіні, яснавокі).
На здольнасць якасных прыметнікаў утвараць формы ступеней параўнання аказвае ўплыў і іх семантыка. Формы ступеней параўнання не ўтвараюць якасныя прыметнікі, якія называюць прыметы колькасна нязменныя, не здольныя праяўляцца ў большай або меншай ступені: босы, глухі, голы, жанаты, жывы, замужняя, крывы, лысы, мёртвы, сляпы, халасты.
Не ўтвараюць форм ступеней параўнання ўсе прыметнікі, якія абазначаюць масці жывёл (буланы, вараны, гняды), а таксама прыметнікі, якія абазначаюць колер прадметаў праз іх адносіны да іншых прадметаў (бронзавы, васільковы, вішнёвы, кафейны, крэмавы, мышасты).
§ 206. Некаторыя якасныя прыметнікі ўтвараюць формы, якія абазначаюць тую або іншую ступень якасці (высокую, нізкую або вельмі высокую, вельмі нізкую), што выяўляецца ў прадмеце без параўнання з іншымі прадметамі, а таксама формы, якія выражаюць непаўнату якасці.
Такія формы ўтвараюцца пры дапамозе суфіксаў з павелічальна-ўзмацняльным (-ізн-, -ізман-, -ізарн-, -эзн-, -энн- (-енн-), -эрн-, -эразн-, -озн-) або памяншальна-ласкальным (-еньк-, -эньк- (-аньк-), -енечк-, -явеньк-, -аваценьк, -ічк-, -утк-(-ютк-), -усеньк- (-юсеньк-), -юпасеньк-) значэннем, суфікса -ават- (-яват-), які выражае непаўнату якасці, а таксама шляхам паўтарэння слоў: Вялі загадкавы гоман казачныя ў прадночным змроку вялізарныя хвоі, яліны (М. Лынькоў); Мясціна была нізкаватая, па абодва бакі рос аер, пракідаліся лазовыя кусты (М. Лобан); Песня была нават трошкі сумнаватая, і гэты смутак нечым няўлоўным кранаў Лорыну душу (Р. Сабаленка); На жоўтай-жоўтай пожні, на шэрай-шэрай грэблі, на сіняй-сіняй руні, на цёмнай-цёмнай пушчы лёг белы-белы снег (М. Танк).
Поўныя і кароткія формы якасных прыметнікаў
§ 207. Апрача поўных форм, некаторыя якасныя прыметнікі маюць і асобыя кароткія формы. Поўная форма з'яўляецца асноўнай формай як найбольш часта ўжывальная: у сучаснай беларускай літаратурнай мове яна выконвае не толькі атрыбутыўную, але і прэдыкатыўную функцыю: Немігатлівае, агромністае вока месяца вісела над скутым цішынёй полем, над чорным валам лесу, над барвовым гарызонтам (А. Адамовіч); А маладосць бывае толькі адна. І шчасце таму, у каго яна была чыстай, багатай, прыгожай. Аднак жа праўда і тое, што шчаслівы і той, хто ў сталасці сваёй ад душы дапамагае жыць прыгожа маладым (Я. Брыль).
Кароткія формы адрозніваюцца ад поўных сваёй сінтаксічнай функцыяй: яны выступаюць у сказе толькі ў ролі выказніка. Паралельна з кароткімі формамі ў ролі выказніка ўжываюцца і поўныя формы гэтых жа прыметнікаў, што сведчыць аб іх прадуктыўнасці: У ляскаце гусеніц, у дужым лёце машын час плёўся на дзіва павольна, нібы гатоў зусім спыніцца (І. Мележ); Выжлятнікаў пад злосную руку гатовы быў накінуцца на Джвучку (І. Пташнікаў); Каспар маўчаў, але ва ўсім быў згодзен з Лайзанам (П. Броўка); Алесь зразумеў, што яна [Агнешка] згодная з ім (П. Броўка).
Кароткія формы прыметнікаў з'яўляюцца нескланяльнымі, яны змяняюцца толькі па родах і ліках. Кароткія формы прыметнікаў маюць наступныя канчаткі: у адзіночным ліку форма мужчынскага роду мае нулявы канчатак, жаночага і ніякага — канчатак -а; у множным ліку формы мужчынскага, жаночага і ніякага роду маюць канчатак -ы (-і).
Найбольш пашыранымі ў беларускай мове з'яўляюцца кароткія формы прыметнікаў жаночага і ніякага роду адзіночнага ліку і таксама формы множнага ліку: Мне ўсё дорага тут, люба, родна, прыгожа — гэта поле ў душы, гэта неба ў вачах, і лясы, і кусты, і трысцё па-над Сожам, і ў пажарах бяроз лістападаўскі шлях (П. Броўка); Ночка-чараўніца! Як ты ціха, міла! (Я. Колас).
Кароткія формы прыметнікаў мужчынскага роду ўжываюцца значна радзей, чым формы жаночага і ніякага роду: іх утварэнне абмежавана характарам канцавога зычнага асновы. Яны ўтвараюцца пераважна ад невытворных прыметнікаў, аснова якіх заканчваецца адным зычным (гож, люб, міл), і ад вытворных прыметнікаў з суфіксам -к- (блізак, вузак, нізак). Не ўтвараюць кароткай формы ў мужчынскім родзе прыметнікі, аснова якіх заканчваецца зычным в або на «зычны + н» (выключэнне: гатовы — гатоў, здаровы — здароў, бедны — бедзен, відны — відзён, згодны — згодзен і некаторыя іншыя).
Утварэнне кароткіх форм прыметнікаў абмежавана не толькі марфалагічнай структурай, але і лексічным значэннем асновы. У пераважнай большасці кароткія формы ўтвараюцца ад прыметнікаў, якія называюць знешнія прыметы і якасці асобы або фізічныя ўласцівасці, прасторавыя прыметы: багат, бедзен, гож, міл, прыгож; горак, лёгак, свецел, цёмен, ясен; блізак, далёк, нізак, высок, вузак, шырок. Кароткія формы прыметнікаў у адрозненне ад поўных абазначаюць прымету як якасны стан; гэта прымета звязваецца з пэўным часам і не з'яўляецца пастаяннай (параўн.: я весел і я вясёлы).
Кароткія формы не з'яўляюцца прадуктыўнай катэгорыяй у сучаснай беларускай літаратурнай мове: іх утварэнне абмежавана лексічным значэннем і марфалагічнай структурай прыметнікаў; яны страцілі склонавыя формы; іх роля ў сказе абмежавана прэдыкатыўнай функцыяй. Прычым, у ролі выказніка кароткія формы прыметнікаў часцей за ўсё ўжываюцца ў паэтычных творах, у фразеалагічных словазлучэннях, у прыказках і прымаўках: О, як мне срэбны супакой зямлі маёй бясконца люб і дораг (А. Зарыцкі); Першыя громы! Сэрцу вы мілы, люб мне ваш смех паміж гор, міл майму сэрцу гоман далёкі, водгук вясёлы і шум (Я. Колас); Кожны кулік на сваім балоце вялік. Той калгас багат, у якім лад. Патуль пі ды еж, пакуль ты свеж. Дзе стары куст, там двор не пуст. Славен бубен за гарамі (Ф. Янкоўскі).
Заўвага. Ад кароткіх форм прыметнікаў трэба адрозніваць сцягнутыя, або ўсечаныя, формы, якія сустракаюцца ў паэтычных творах. Па-першае, сцягнутыя формы маюць не толькі якасныя, але і адносныя прыметнікі, па-другое, у сказе гэтыя формы выконваюць функцыю азначэння. Сцяжэнне канчаткаў поўных форм прыметнікаў назіраецца ў назоўным і вінавальным склонах адзіночнага ліку жаночага і ніякага роду і ў назоўным і вінавальным склонах множнага ліку: Не, няпраўда! Быць не можа, каб не грэла цёпла сонца (Я. Колас); Пэўна, марыць аб каханні сэрца палкае дзявоча (Я. Колас); А дзявочу красу, нібы тую расу, піў цагляны падвал цёмнай ночы (Я. Купала); З плеч спадаюць яе косы, нібы сонца косы, і іскрацца, як на сонцы брыльянцісты росы (Я. Купала); Так у цяжкай тэй рабоце траціць дні дзявочы (Я. Купала).
Скланенне прыметнікаў
§ 208. У сучаснай беларускай мове змяняюцца па склонах (г. зн. скланяюцца) толькі поўныя прыметнікі. Кожны прыметнік змяняецца па ліках (г. зн. утварае формы адзіночнага і множнага ліку), а ў адзіночным ліку — па родах (г. зн. утварае формы мужчынскага, ніякага і жаночага роду).
У адзіночным ліку склонавыя канчаткі прыметнікаў залежаць ад месца націску: адну групу складаюць прыметнікі з націскам на аснове (новы, сіні), другую — з націскам на канчатку (малады, сухі). На склонавыя канчаткі прыметнікаў аказвае ўплыў таксама характар канцавога зычнага асновы, таму выдзяляюцца тры разнавіднасці асноў прыметнікаў: 1) аснова на цвёрды зычны (малады, новы); 2) аснова на мяккі зычны (сіні, вячэрні); 3) аснова на зычныя г, к, х (строгі, жорсткі, сухі).
Прыметнікі мужчынскага і ніякага роду маюць аднолькавыя канчаткі ва ўсіх склонах, апрача назоўнага і вінавальнага.
У множным ліку склонавыя канчаткі прыметнікаў адрозніваюцца ў залежнасці ад характару канцавога зычнага асновы.
Скланенне якасных і адносных прыметнікаў
Аснова на цвёрды зычны
Адзіночны лік
| Мужчынскі род | Ніякі род | Жаночы род | |
| Н. | нов-ы малад-ы | нов-ае малад-ое | нов-ая малад-ая |
| Р. | нов-ага малад-ога | нов-ай (-ае) малад-ой (-ое) | |
| Д. | нов-аму малад-ому | нов-ай малад-ой | |
| В. | нов-ы і нов-ага малад-ы і малад-ога | нов-ае малад-ое | нов-ую малад-ую |
| Т. | нов-ым малад-ым | нов-ай (-аю) малад-ой (-ою) | |
| М. | (аб) нов-ым малад-ым | нов-ай малад-ой | |
Множны лік
| Н. | нов-ыя | малад-ыя |
| Р. | нов-ых | малад-ых |
| Д. | нов-ым | малад-ым |
| В. | нов-ыя і нов-ых | малад-ыя і малад-ых |
| Т. | нов-ымі | малад-ымі |
| М. | (аб) нов-ых | малад-ых |
Аснова на мяккі зычны
Адзіночны лік
| Мужчынскі род | Ніякі род | Жаночы род | |
| Н. | сін-і вячэрн-і | сін-яе вячэрн-яе | сін-яя вячэрн-яя |
| Р. | сін-яга вячэрн-яга | сін-яй (-яе) вячэрн-яй (-яе) | |
| Д. | сін-яму вячэрн-яму | сін-яй вячэрн-яй | |
| В. | сін-і і сін-яга вячэрн-і і вячэрн-яга | сін-яе вячэрн-яе | сін-юю вячэрн-юю |
| Т. | сін-ім вячэрн-ім | сін-яй (-яю) вячэрн-яй (-яю) | |
| М. | (аб) сін-ім вячэрн-ім | сін-яй вячэрн-яй | |
Множны лік
| Н. | сін-ія | вячэрн-ія |
| Р. | сін-іх | вячэрн-іх |
| Д. | сін-ім | вячэрн-ім |
| В. | сін-ія і сін-іх | вячэрн-ія і вячэрн-іх |
| Т. | сін-імі | вячэрн-імі |
| М. | (аб) сін-іх | вячэрн-іх |
Аснова на г, к, х
Адзіночны лік
| Мужчынскі род | Ніякі род | Жаночы род | |
| Н. | строг-і жорстк-і сух-і | строг-ае жорстк-ае сух-ое | строг-ая жорстк-ая сух-ая |
| Р. | строг-ага жорстк-ага сух-ога | строг-ай (-ае) жорстк-ай (-ае) сух-ой (-ое) | |
| Д. | строг-аму жорстк-аму сух-ому | строг-ай жорстк-ай сух-ой | |
| В. | строг-і і строг-ага жорстк-і і жорстк-ага сух-і і сух-ога | строг-ае жорстк-ае сух-ое | строг-ую жорстк-ую сух-ую |
| Т. | строг-ім жорстк-ім сух-ім | строг-ай (-аю) жорстк-ай (-аю) сух-ой (-ою) | |
| М. | (аб) строг-ім жорстк-ім сух-ім | строг-ай жорстк-ай сух-ой | |
Множны лік
| Н. | строг-ія | жорстк-ія | сух-ія |
| Р. | строг-іх | жорстк-іх | сух-іх |
| Д. | строг-ім | жорстк-ім | сух-ім |
| В. | строг-ія і строг-іх | жорстк-ія і жорстк-іх | сух-ія і сух-іх |
| Т. | строг-імі | жорстк-імі | сух-імі |
| М. | (аб) строг-іх | жорстк-іх | сух-іх |
Каментарыі да парадыгмы.
1. У прыметніках з асновай на цвёрды зычны і на г, к, х у адзіночным ліку адрозніваюцца націскныя і ненаціскныя канчаткі ў наступных склонах: у прыметніках мужчынскага роду — у родным і давальным (-ога, -ому і -ага, -аму), ніякага роду — у назоўным, родным і давальным (-ое, -ога, -ому і -ае, -ага, -аму), жаночага роду — у родным, давальным, творным і месных склонах (-ой (-ое), -ой, -ой (-ою), -ой і -ай (-ае), -ай, -ай (-аю), -ай). Ва ўсіх астатніх склонах націскныя і ненаціскныя канчаткі не адрозніваюцца.
Прыметнікі з асновай на мяккі зычны маюць заўсёды толькі ненаціскныя канчаткі.
2. Формы вінавальнага склону адзіночнага ліку мужчынскага і ніякага роду і вінавальнага склону множнага ліку супадаюць з формамі назоўнага склону адзіночнага ліку мужчынскага і ніякага роду і назоўнага склону множнага ліку ў тых выпадках, калі прыметнік дапасуецца да неадушаўлёнага назоўніка, або з формамі роднага склону адзіночнага ліку мужчынскага і ніякага роду і роднага склону множнага ліку ў тых выпадках, калі прыметнік дапасуецца да адушаўлёнага назоўніка.
3. Прыметнікі з асновай на г, к, х маюць канчаткі або як прыметнікі з асновай на цвёрды зычны: жаночага роду — ва ўсіх склонах, ніякага роду — у назоўным, родным і давальных склонах, мужчынскага роду — у родным і давальным склонах, або як прыметнікі з асновай на мяккі зычны мужчынскага роду — у назоўным, творным і месным склонах, ніякага роду — у творным і месным склонах.
4. У родным склоне адзіночнага ліку прыметнікі жаночага роду маюць варыянтныя канчаткі -ай, -ой, -яй і -ае, -ое, -яе. Канчаткі -ай, -ой, -яй лічацца асноўнымі ў сучаснай беларускай літаратурнай мове; канчаткі -ае, -ое, -яе ўжываюцца ў мове мастацкіх твораў, дзе яны выконваюць пэўныя стылістычныя функцыі: У мамы быў калісьці голас, была калісьці маладосць, і часта песня яе шла адтуль, ад маладое і бяздумнае радасці (Я. Брыль); На беразе Сожа, ля роднае хаты, — курган невысокі — магіла салдата (П. Броўка); Не трэба спяшацца нейкі валун на курган анямелы ўзваліць, покуль зямля стваральнае не кончыла працы (М. Танк).
5. Усе прыметнікі жаночага роду ў творным склоне адзіночнага ліку маюць таксама варыянтныя канчаткі -ай, -ой, -яй і -аю, -ою, -яю. Хоць канчаткі -ай, -ой, -яй больш пашыраны ў сучаснай беларускай літаратурнай мове, з'яўляюцца асноўнымі, канчаткі -аю, -ою -яю таксама ўжываюцца даволі часта, асабліва ў паэтычных творах: Яна [Ніна] прыкмячала ўсё, што рабілася вакол, хоць збоку здавалася спакойнаю і нават бесклапотнаю (І. Мележ); Я ў гэту ноч ліпнёвую іду сцяжынкай вузкаю, сцяжынкаю жытнёваю, зямлёю беларускаю (Н. Гілевіч).
Скланенне прыналежных прыметнікаў
§ 210. Узор скланення
Адзіночны лік
| Мужчынскі род | Ніякі род | Жаночы род | |
| Н. | дзядзькаў цётчын | дзядзькав-а цётчын-а | дзядзькав-а цётчын-а |
| Р. | дзядзькав-ага цётчын-ага | дзядзькав-ай цётчын-ай | |
| Д. | дзядзькав-аму цётчын-аму | дзядзькав-ай цётчын-ай | |
| В. | дзядзькаў цётчын і дзядзькав-ага цётчын-ага | дзядзькав-а цётчын-а | дзядзькав-у цётчын-у |
| Т. | дзядзькав-ым цётчын-ым | дзядзькав-ай цётчын-ай | |
| М. | (аб) дзядзькав-ым цётчын-ым | дзядзькав-ай цётчын-ай | |
| Множны лік | ||
| Н. | дзядзькав-ы | цётчын-ы |
| Р. | дзядзькав-ых | цётчын-ых |
| Д. | дзядзькав-ым | цётчын-ым |
| В. | дзядзькав-ы і дзядзькав-ых | цётчын-ы і цётчын-ых |
| Т. | дзядзькав-ымі | цётчын-ымі |
| М. | (аб) дзядзькав-ых | цётчын-ых |
Каментарыі да парадыгмы.
1. Прыналежныя прыметнікі ў сучаснай беларускай літаратурнай мове скланяюцца ў асноўным, як поўныя якасныя і адносныя прыметнікі з асновай на цвёрды зычны.
2. Прыметнікі мужчынскага, жаночага і ніякага роду ў назоўным склоне адзіночнага ліку маюць кароткую форму: у мужчынскім родзе — нулявы канчатак, у жаночым і ніякім родзе — канчатак -а.
3. У вінавальным склоне адзіночнага ліку прыметнікі жаночага роду заўсёды маюць кароткую форму (канчатак -у), а прыметнікі мужчынскага і ніякага роду маюць кароткую форму, якая супадае з формай назоўнага склону (адпаведна нулявы канчатак і канчатак -а) у тых выпадках, калі яны дапасуюцца да неадушаўлёных назоўнікаў.
4. У назоўным склоне множнага ліку (а таксама ў вінавальным, калі прыналежныя прыметнікі дапасуюцца да неадушаўлёных назоўнікаў) яны таксама маюць кароткую форму (канчатак -ы).
5. Прыналежныя прыметнікі тыпу чалавечы, мядзведжы, салаўіны, мураўіны, якія абазначаюць групавую прыналежнасць, ва ўсіх склонах адзіночнага і множнага ліку маюць канчаткі поўных прыметнікаў (салаўін-ы, салаўін-ага, салаўін-аму, салаўін-ы, салаўін-ым, (аб) салаўін-ым; салаўін-ыя, салаўін-ых, салаўін-ым, салаўін-ыя, салаўін-ымі, (аб) салаўін-ых).
Заўвага. У мове мастацкай літаратуры, а таксама ў размоўным стылі назіраюцца выпадкі ўжывання прыналежных прыметнікаў у назоўным і вінавальным склонах адзіночнага і множнага ліку з канчаткамі поўных прыметнікаў: у адзіночным ліку мужчынскага роду — з канчаткам -ы (бацькавы касцюм), жаночага роду — з канчаткам -ая ў назоўным склоне і -ую ў вінавальным (братавая хата, братавую хату), ніякага роду — з канчаткам -ае (бацькавае паліто); у множным ліку — з канчаткам -ыя (братавыя дзеці, бацькавыя парады). Такія формы прыналежных прыметнікаў ва ўказаных склонах з’яўляюцца парушэннем літаратурнай нормы.
