Артефакт.lib.ru
Сайт Андрея Пискунова Хостинг Lib.Ru

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел

Лічэбнік і займеннік

§§ 211–230

Лічэбнік

Агульная характарыстыка

§ 211. Лічэбнік — часціна мовы, якая абазначае абстрактныя лікі, колькасць, сукупнасць ці парадак прадметаў пры лічэнні: тры, сем, дзесяць, сорак; тры дубы, сем студэнтаў, дзесяць чалавек, сорак рублёў, двое сяброў, пяцёра дзяцей; дзве трэція плошчы, тры чацвёртыя адзінкі; першы клас, другі месяц, дваццаты дзень.

Значэнне лічэбніка як часціны мовы ў наш час расшыраецца: да вядомых уласцівасцей лічэбніка абазначаць абстрактны лік (два плюс пяць), колькасць (шэсць урокаў), парадак размяшчэння пры лічэнні (трэці дом, дом тры) далучаецца новая ўласцівасць — выражаць якасна-адрознівальную прымету (ТУ-104, Апалон-10, футбол-84).

У параўнанні з назоўнікамі і прыметнікамі лічэбнікі характарызуюцца большай абстрактнасцю значэння, здольнасцю выражаць чыстыя назвы колькасці і выступаць у натуральным радзе лікаў.

Лічэбнікі пераважна ўжываюцца з назвамі прадметаў, асоб, указваючы на дакладную іх колькасць ці пэўную частку: у класе дваццаць восем вучняў, адна трэцяя частка вучняў — выдатнікі. Са значэннем абстрактнага ліку лічэбнікі выкарыстоўваюцца ў матэматыцы: тры + сем = дзесяць, дзесяць дзеліцца на пяць і два без астатку. Як чыстыя назвы колькасці яны маюць адпаведныя графічныя (лічбавыя) абазначэнні: 8 + 5 = 13, 2 < 4 у 2 разы.

Паводле структуры ўсе лічэбнікі дзеляцца на простыя, якія маюць адзін корань (тры, чатыры, тысяча); складаныя, у якіх дзве асновы (пяцьдзесят, дзевяноста, семсот); састаўныя, утвораныя спалучэннем простых ці складаных лічэбнікаў (дваццаць пяць, трыста семдзесят, чатыры восьмыя, дзевяць цэлых і пяць дзесятых, тысяча дзевяцьсот восемдзесят чацвёрты).

У залежнасці ад значэння і граматычных прымет сярод лічэбнікаў выдзяляюцца:

а) колькасныя (адзін, два, тры, пяць, дваццаць, некалькі, многа, мала, дзве сотыя, адна пятая);

б) зборныя (двое, трое, чацвёра, пяцёра, шасцёра, сямёра, васьмёра, дзевяцера, дзесяцера);

в) парадкавыя (першы, другі, чатырнаццаты, дваццаць шосты, тысяча дзевяцьсот сорак пяты).

Граматычныя прыметы лічэбніка як часціны мовы найбольш выразна праяўляюцца ў колькасных лічэбнікаў.

У марфалагічных адносінах лічэбнікі, якія абазначаюць абстрактны лік ці колькасць прадметаў: а) не маюць катэгорыі ліку, за выключэннем адзін — адны, тысяча — тысячы, мільён — мільёны; б) у большасці з іх адсутнічае катэгорыя роду, акрамя адзін — адна — адно; два — дзве.

Адсутнасць граматычнага значэння роду і ліку рэзка адрознівае лічэбнікі як ад назоўнікаў тыпу пара, тройка, чацвёрка, пяток, дзесятак, сотня і г. д., так і ад прыметнікаў.

Для лічэбнікаў, што абазначаюць парадак аднародных прадметаў пры лічэнні, характэрны марфалагічныя ўласцівасці прыметнікаў (катэгорыя роду, ліку і склону).

Лічэбнікі непаслядоўна абазначаюць адушаўлёнасць ці неадушаўлёнасць тых назоўнікаў, з якімі яны спалучаюцца. З колькасных лічэбнікаў на адушаўлёнасць указваюць толькі адзін, два, тры, чатыры.

У адносінах да катэгорыі склону (скланенне) усе лічэбнікі раздзяляюцца на скланяльныя і нескланяльныя. Не скланяюцца словы мала, нямала і шмат, усе астатнія лічэбнікі скланяюцца. Катэгорыя склону ў лічэбнікаў — гэта словазмяняльная марфалагічная катэгорыя, прадстаўленая шасцю радамі склонавых форм, якія па флексіях супадаюць са склонавымі формамі назоўнікаў ці прыметнікаў.

Змяняючыся па склонах, як і назоўнікі, лічэбнікі паводле тыпаў скланення ў многім адрозніваюцца ад іх. У сучаснай мове налічваецца больш дзесяці тыпаў скланення лічэбнікаў. У працэсе развіцця беларускай мовы наглядаецца тэндэнцыя да іх уніфікацыі. Так, ёсць падабенства ў скланенні лічэбнікаў два, тры, чатыры; пяць — дзесяць; адзінаццаць — дваццаць; трыццаць; пяцьдзесят — восемдзесят. У сучасным скланенні лічэбнікаў усё мацней адчуваецца імкненне супрацьпаставіць назоўны склон ускосным склонам (скланенне лічэбнікаў сорак, сто; кіраванне большай часткі лічэбнікаў назоўнікамі ў назоўным склоне і дапасаванне да іх ва ўскосных склонах і г. д.).

Цікавыя і прыватныя асаблівасці скланення лічэбнікаў. Так, лічэбнікі адзін, адна, адно скланяюцца, як займеннік гэты.

У сінтаксічных адносінах лічэбнікі, што абазначаюць пэўны лік:

а) спалучаюцца толькі з назоўнікамі: Дваццаць гарачых дзён мы смаглі ў паходзе ад спёкі (М. Хведаровіч); Нарэшце пісьмо прыйшло: як выявілася, нейкія сто кіламетраў яно ішло пяць дзён (І. Шамякін); Машыны спыніліся, і далей уніз пайшлі танкі — тры грукатлівыя сталёвыя аграмадзіны (В. Быкаў);

б) у назоўным і вінавальным склонах разам з назоўнікамі ўтвараюць сінтаксічна непадзельныя словазлучэнні, якія выконваюць у сказе функцыю дзейніка ці дапаўнення: Два снегіры, дзве кропелькі зары — на мокрую галінку вольхі ўпалі (Н. Мацяш); Сонца пазалаціла тры вялізныя дубы, што стаялі тут жа, на ўскрайку поля (М. Лынькоў); Мільёны, мільярды халодных вясёлак убралі снягоў абрусы (Я. Колас);

в) не могуць азначацца прыметнікамі або займеннікамі, што звязана з адсутнасцю ў лічэбнікаў катэгорыі роду і ліку. Нельга сказаць тая ці гэта пяць, другая ці другія пяць. Праўда, можна сказаць другія пяць рублёў, але тут другія адносіцца не да пяць, а да колькасна-іменнага спалучэння пяць рублёў. Магчымасць самастойна спалучацца з прыметнікамі ці займеннікамі лічэбнікі набываюць толькі шляхам субстантывацыі, напрыклад: Усіх траіх адправілі (г. зн. людзей); На сваіх на дваіх (г. зн. пяшком).

Колькасныя лічэбнікі ў сказе выступаюць у функцыі:

а) дзейніка (Пяць не дзеліцца на два без астатку);

б) выказніка (Шэсць на восем — сорак восем);

в) дапаўнення (З дзесяці аднаго выберуць);

г) акалічнасці (Дамоў прыходжу ў сем).

Лічэбнікі, якія абазначаюць парадак прадметаў пры лічэнні, у сказе звычайна выконваюць функцыю азначэнняў: Шпарка мчыцца цераз поле трэці эскадрон (П. Трус); Была суровая восень дзевятнаццатага года (П. Галавач); Гэта быў сорак першы палаючы год (П. Панчанка).

Як правіла, лічэбнікі займаюць прэпазіцыйнае становішча ў адносінах да назоўнікаў (сорак чалавек, трыццаць тон). Іншы парадак слоў (чалавек сорак, тон трыццаць) змяняе сэнс словазлучэння: яно набывае значэнне прыблізнай колькасці.

Спецыфічнай асаблівасцю словаўтварэння ў сістэме лічэбнікаў з'яўляецца выкарыстанне вельмі абмежаванай колькасці невытворных асноў колькасных (усяго 16: адзін, два, тры, чатыры, пяць, шэсць, сем, восем, дзевяць, дзесяць, паўтара, сорак, сто, тысяча, мільён, мільярд) і парадкавых (першы, другі) лічэбнікаў, шляхам камбінацыі якіх можна выражаць усе неабходныя лікавыя велічыні.

Роля лічэбнікаў у агульнай сістэме словаўтварэння даволі абмежаваная. Ад асноў лічэбнікаў утвараюцца нешматлікія назоўнікі тыпу двойня, тройня, траяк, тройка, чацвёрка, пятак, пяцёрка, пяцярня, шасцярня, некаторыя складаныя назоўнікі і прыметнікі (пяцітонка, дзесяцітонка, дзевяціпавярховы, сторублёвы), невялікая група прыслоўяў (двойчы, тройчы).

Не ўсякае слова, што выражае колькасць, уваходзіць у разрад лічэбнікаў. Да лічэбнікаў адносяцца тыя словы, якія абазначаюць колькасць ці парадак і не маюць іншых значэнняў. Параўн., напрыклад, пяць і пяцёрка, дзесяць і дзесятка, сто і сотня. Першыя словы ў гэтых парах выражаюць толькі колькасць, другія таксама маюць значэнне колькасці, але значэнне колькасці ў іх ускладняецца наяўнасцю іншых значэнняў. Так, «пяцёрка» мае значэнні: 'адзнака паспяховасці' («выдатна»), 'група з пяці асоб', 'грашовы знак ці сума ў пяць рублёў', 'назва розных відаў транспарту, якія нумаруюцца лічбай 5'. Для слоў пяцёрка, дзесятка, сотня характэрны, як і для назоўнікаў, граматычныя прыметы роду (жаночы), ліку (сотня — сотні). Пры іх могуць быць дапасаваныя азначэнні (яўная пяцёрка, цэлая сотня). Такія назоўнікі называюцца лікавымі.

Адрозненне паміж лічэбнікамі і лікавымі назоўнікамі заключаецца ў наступным:

1) лічэбнікі могуць быць графічна абазначаны лічбамі: дзесяць сшыткаў — 10 сшыткаў, лікавыя назоўнікі — не (толькі: дзесятак сшыткаў);

2) лічэбнікі з'яўляюцца абстрактнымі паняццямі колькасці, лікавыя ж назоўнікі маюць чыста прадметнае значэнне. З лікавых назоўнікаў абстрактнае значэнне мае толькі адзінка;

3) лічэбнікі — адзіныя абазначэнні колькасці, лікавыя назоўнікі маюць неасноўнае, паралельнае абазначэнне адназначных лічэбнікаў: пяць — пяцёрка, дзесяць — дзесятак;

4) лічэбнікі ў адрозненне ад лікавых назоўнікаў могуць уваходзіць у структуру састаўнога лічэбніка.

Колькасныя лічэбнікі

§ 212. Колькасныя лічэбнікі абазначаюць абстрактныя лікі, колькасць цэлых адзінак ці частак цэлага, указваюць на колькасць прадметаў пры лічэнні: шэсць, дваццаць, сто, сем дзесятых, пяцьдзесят турыстаў, шмат начэй. Гэта асноўная, найбольш тыповая група лічэбнікаў.

У адпаведнасці са значэннем і граматычнай спецыфікай колькасныя лічэбнікі раздзяляюцца на 3 падгрупы — пэўнаколькасныя, няпэўнаколькасныя і дробавыя лічэбнікі.

Пэўнаколькасныя лічэбнікі

§ 213. Пэўнаколькасныя лічэбнікі абазначаюць колькасць пэўнага ліку цэлых адзінак ці аднародных прадметаў: два, дзесяць, сто; пяць дамоў, сорак бібліятэк, мільён жыхароў.

Паводле саставу пэўнаколькасныя лічэбнікі нешматлікія: іх асноўны лексічны фонд налічвае ўсяго 36 слоў. Гэта лічэбнікі ад 1 да 10 (дзесяць слоў), ад 11 да 19 (дзевяць слоў), дзесяткі — 20, 30 і г. д. да ста (восем слоў) і, нарэшце, сотні — ад 100 да 900 (9 слоў). Аднак шляхам розных спалучэнняў можна абазначыць вялікую колькасць лікаў і выразіць самыя разнастайныя колькасныя паняцці.

Паводле граматычных асаблівасцей сярод пэўнаколькасных лічэбнікаў вылучаюцца адзін, два, тысяча, мільён, мільярд. Лічэбнік адзін мае формы ўсіх трох родаў, якія залежаць ад роду назоўнікаў, што з ім спалучаюцца: адзін год, адна вясна, адно лета. Яму ўласцівы формы адзіночнага і множнага ліку: адзін трактар, адны абцугі. У якасці колькаснага паказчыка форма адны выступае толькі пры множналікавых (адны сані, адны нажніцы) і парных назоўніках (адны боты, г. зн. адна пара ботаў). Ва ўсіх астатніх выпадках адны набывае значэнне іншых часцін мовы.

Родавыя адрозненні мае і лічэбнік два: два — для мужчынскага і ніякага, дзве — для жаночага роду (два сыны, два акны, дзве сяброўкі). Лічэбнікі два, дзве захоўваюць родавыя адрозненні ва ўсіх склонах: двух сыноў, дзвюх сябровак; двум сынам, дзвюм сяброўкам; двума сынамі, дзвюма сяброўкамі і інш.

Своеасаблівасць лічэбнікаў тысяча, мільён, мільярд заключаецца ў тым, што яны як бы сумяшчаюць у сабе значэнні назоўнікаў і колькасных лічэбнікаў. Так, тысяча, мільён, мільярд маюць катэгорыі роду і ліку (тысяча — тысячы, мільён — мільёны, мільярд — мільярды); пры гэтых словах могуць быць азначэнні, якія дапасуюцца да іх у родзе, ліку і склоне (кожная тысяча рублёў, увесь мільён).

Аднак тысяча, мільён, мільярд — лічэбнікі.

Аб прыналежнасці іх да лічэбнікаў і адрозненні ад назоўнікаў тыпу дзесятак, сотня (і тым больш ад іншых назоўнікаў) сведчыць наступнае:

1. Узятыя асобна, тысяча, мільён і мільярд маюць чыста лікавае значэнне. З'яўляючыся лічэбнікамі, гэтыя словы графічна ідэнтычныя лічбам, што абазначаюць тую ж самую колькасць, і таму на пісьме свабодна могуць імі замяняцца: тысяча кніг — 1000 кніг, мільён чалавек — 1 000 000 чалавек, мільярд рублёў — 1 000 000 000 рублёў.

У лікавых жа назоўнікаў, калі яны ўжываюцца асобна ад назваў прадметаў, якія падвяргаюцца лічэнню, выразна выступае не лікавае, а прадметнае значэнне: Учора ён растраціў апошнюю сотню. Прыехалі на тройцы.

Калі спалучэнні тыпу дзесятак яек, сотня чалавек перадаць у выглядзе 10 яек, 100 чалавек, то іх трэба было б чытаць як дзесяць яек, сто чалавек. Спалучэнні ж тыпу цэлы дзесятак яек з дапамогай лічбаў увогуле нельга выразіць.

2. Словы тысяча, мільён і мільярд неабходныя ў сістэме абазначэння колькасці прадметаў і паняццяў, якія можна лічыць. Без іх састаўныя лічэбнікі для выражэння вялікай колькасці былі б зусім немагчымыя (дзесяць мільярдаў трыста пяцьдзесят мільёнаў семсот пяць тысяч сорак тры кіламетры).

У адрозненне ад лічэбнікаў тысяча, мільён і мільярд лікавыя назоўнікі (тройка, сотня) не ўваходзяць у састаў такіх спалучэнняў.

3. Словы тысяча, мільён і мільярд могуць азначаць з колькаснага боку любыя назоўнікі, якія з'яўляюцца назвамі прадметаў, здольных падвяргацца лічэнню: тысяча транзістараў, тысяча рублёў, тысяча салдат, тысяча ракетаносцаў, тысяча трактароў і г. д.

Лікавыя ж назоўнікі спалучаюцца толькі з пэўнымі словамі. Па сутнасці, лексічныя сувязі ў лікавых назоўнікаў фразеалагічна звязаныя (тройка коней, дзесятак яек).

4. Тысяча, мільён, мільярд у якасці лічэбнікаў выступаюць у мове як асноўныя і адзіныя назвы лікаў, у той час як нешматлікія назоўнікі заўсёды з'яўляюцца дадатковымі і неасноўнымі, яны суіснуюць побач з адпаведнымі лічэбнікамі (сотня — сто, дзесятак — дзесяць, пяток — пяць).

5. Тысяча, мільён, мільярд, як і ўсе астатнія пэўнаколькасныя лічэбнікі, маюць адпаведныя парадкавыя лічэбнікі, што не характэрна для лікавых назоўнікаў.

6. У адрозненне ад лікавых назоўнікаў словы тысяча, мільён і мільярд ніколі не азначаюцца якаснымі прыметнікамі.

7. Спалучаючыся з назоўнікамі, тысяча, мільён, мільярд утвараюць такое ж сінтаксічна непадзельнае колькасна-іменнае спалучэнне, як і астатнія лічэбнікі.

Такім чынам, колькасныя лічэбнікі тысяча, мільён, мільярд і іншыя абазначэнні вялікіх велічынь, захоўваючы фармальныя прыметы назоўнікаў (прыналежнасць да пэўнага роду, формы ліку, асаблівасці скланення), застаюцца ў сістэме лічэбнікаў, паколькі яны могуць служыць колькасным азначэннем любых прадметных назоўнікаў (тысяча чалавек, мільён тон хлеба, мільярд рублёў), маюць суадносныя парадкавыя лічэбнікі (тысячны, мільённы, мільярдны), выступаюць у натуральным радзе лікаў пры абазначэнні абстрактнай колькасці.

§ 214. Сінтаксічныя сувязі пэўнаколькасных лічэбнікаў з назоўнікамі неаднолькавыя.

Лічэбнік адзін дапасуецца да назоўнікаў у родзе, ліку і склоне: адзін чалавек, адна жанчына, адно дзіця, адны лыжы; аднаму чалавеку, адной жанчыне, аднаму дзіцяці, адным лыжам.

Пры лічэбніках два (дзве), тры, чатыры назоўнікі ўжываюцца ў форме назоўнага склону множнага ліку (два сталы, дзве бярозы, тры дубы, чатыры будынкі) і ў форме роднага склону адзіночнага ліку з націскам на канчатку (дзве нагі, чатыры рукі). Тып сінтаксічнай сувязі паміж лічэбнікамі два (дзве), тры, чатыры і назоўнікамі множнага ліку назоўнага склону — дапасаванне; у словазлучэннях гэтых лічэбнікаў з назоўнікамі адзіночнага ліку роднага склону — кіраванне. Ва ўскосных склонах лічэбнікі два (дзве), тры, чатыры дапасуюцца да назоўнікаў: двух сталоў, чатырох будынкаў; двум сталам, чатыром будынкам; дзвюх рук, дзвюм рукам і інш.

Усе астатнія лічэбнікі (пяць, шэсць і г. д.), за выключэннем састаўных, якія заканчваюцца на адзін, два, тры, чатыры, у назоўным і вінавальным склонах патрабуюць назоўнікаў у форме роднага склону множнага ліку: пяць вагонаў, восем машын, дзесяць двароў, дваццаць пасёлкаў. Тып сінтаксічнай сувязі паміж кампанентамі такіх словазлучэнняў — кіраванне. Колькасна-іменныя спалучэнні з назоўнікамі ў родным склоне множнага ліку ў сказе выступаюць як адзін член сказа: Пяць мінула заснежаных зім, столькі сама і сонечных лет (Н. Гілевіч); Птушкі ляцяць з выраю тысячы кіламетраў (П. Хадкевіч); Праз крокаў пяцьсот паўстала перад імі сцяна лесу (К. Чорны).

Ва ўскосных склонах (акрамя вінавальнага) лічэбнікі, пачынаючы з пяці, дапасуюцца да назоўнікаў: пяці гарадоў, пяці гарадам, пяццю гарадамі, (аб) пяці гарадах; васьмі заводаў, васьмі заводам, васьмю заводамі, (аб) васьмі заводах.

Лічэбнікі тысяча, мільён, мільярд заўсёды кіруюць родным склонам множнага ліку назоўнікаў, утвараючы з імі сінтаксічна непадзельныя словазлучэнні ва ўсіх склонах: мільён рублёў, мільёна рублёў, мільёну рублёў і г. д.

У сучаснай літаратурнай мове, найчасцей у мове газет, пад уплывам прафесійнай мовы і часткова афіцыйна-дзелавой замацоўваецца ўжыванне лічэбнікаў, сінтаксічна слаба звязаных з назоўнікамі ці ўвогуле сінтаксічна ізаляваных, што сведчыць аб развіцці аналітызму ў сучаснай беларускай мове. Такое ўжыванне лічэбнікаў распаўсюджана сярод назваў марак розных машын і прыбораў (ГАЗ-69, Салют-7), выставак (ЭКСПО-82), пры абазначэнні тэмпературы (+10, —4), нумароў дамоў (праспект Партызанскі, 145), паштовых аддзяленняў (Р-64), тэлефонаў (45-60-54).

Прыметнікі ці іншыя атрыбутыўныя словы, якія адносяцца да колькасна-іменных спалучэнняў з лічэбнікамі два (дзве), тры, чатыры, выступаюць пераважна ў форме назоўнага склону: Два ротныя камандзіры дапаўнялі застольную бяседу (Я. Колас); Дзве цёмныя постаці з’явіліся на вуліцы (К. Чорны); Нібы тры адвечныя вартаўніцы, шушукалася тройца зграбных стромкіх хвоек (З. Бядуля); Перад дзвярыма стала чатыры конныя паліцыянты на чале з пшадоўнікам (П. Пестрак); Першага верасня школьны званок паклікаў малых у тры новыя школы (І. Мележ.)

Форму назоўнага склону множнага ліку звычайна маюць і субстантываваныя прыметнікі і дзеепрыметнікі ў спалучэннях з лічэбнікамі два, тры, чатыры: Трапілі на вочы два забітыя, што ляжалі ля дзвярэй (А. Кулакоўскі); Соцкі і два дзесяцкія стаялі на дварэ, чакаючы начальства (Я. Колас).

Калі ж колькасна-іменнае спалучэнне абазначае недакладны лік прадметаў або мае экспрэсіўнае ўзмацняльна-якаснае адценне, то атрыбутыўнае слова пры ім можа выступаць у форме роднага склону. У такіх выпадках яно займае прэпазіцыйнае становішча ў адносінах да колькасна-іменнага спалучэння: Праз якіх тыдні два ты будзеш зусім спраўны (К. Крапіва); Сход зацягнуўся на цэлых тры гадзіны (Ц. Гартны).

Форму роднага склону звычайна маюць і такія азначэнні, якія адносяцца да непадзельных колькасна-іменных спалучэнняў з іншымі лічэбнікамі, пачынаючы з пяці: Праз якіх-небудзь пяць хвілін яны былі ўжо вялікімі сябрамі (І. Мележ); Маладая хвойка мела ўжо добрых гадоў дваццаць (Я. Колас).

Постпазіцыйнае колькасна-іменнае спалучэнне ў сказах такога тыпу таксама абазначае прыблізную колькасць чаго-небудзь.

Калі ж колькасна-іменнае спалучэнне выражае дакладны лік, азначэнні пры ім ужываюцца, як правіла, у форме назоўна-вінавальнага склону: Нягледзячы на свае дваццаць пяць гадоў, ён ужо зусім лысы (З. Бядуля); Верхнія шэсць «нумароў» спецыяльна для «інтэлігентных гасцей» (З. Бядуля).

Пераважна ў гэтай жа форме выступаюць прыметнікі ці займеннікі пры сінтаксічна непадзельных колькасна-іменных спалучэннях з няпэўнаколькаснымі лічэбнікамі ў якасці састаўных кампанентаў: Надзея расказвала ўсё шапатком аб перажытым, убачаным апошнія некалькі дзён (М. Лынькоў).

Няпэўнаколькасныя лічэбнікі

§ 215. Няпэўнаколькасныя лічэбнікі, як падказвае назва, абазначаюць няпэўную колькасць. Да іх адносяцца: некалькі, многа, нямнога, мала, колькі, столькі, гэтулькі, шмат. Са значэннем, блізкім да слова многа, у гутарковай мове могуць ужывацца словы безліч, процьма, поўна, багата і інш.: багата вішань, процьма грошай, безліч здарэнняў, поўна народу.

Значэнне няпэўнаколькасных могуць набываць некаторыя пэўнаколькасныя лічэбнікі: Я яму сто раз гаварыў адно і тое ж; У яе для адказу знойдзецца тысяча прычын.

Падобна колькасным лічэбнікам пяць і вышэй, няпэўнаколькасныя лічэбнікі спалучаюцца з назоўнікамі ў родным склоне множнага ліку з тымі асаблівасцямі лексікалізацыі словазлучэнняў, якія ўласцівы лічэбнікам: некалькі чалавек, некалькі вучняў, параўн.: пяць чалавек, дзесяць вучняў. У назоўна-вінавальным склоне няпэўнаколькасныя лічэбнікі, як і пэўнаколькасныя, утвараюць разам з назоўнікамі сінтаксічна непадзельныя словазлучэнні: Некалькі чалавек у парусінавых спяцоўках і форменных фуражках стаялі ля ўвахода (Т. Хадкевіч); Астап паспеў тут шапнуць Піліпчыку некалькі слоў (М. Лынькоў); Наша з музаю вяселле шмат гадоў гуло-грымела (Н. Гілевіч); Зямля Беларусі! Тваімі шляхамі вярнулася ворагаў мала дамоў (П. Броўка)); Прасядзелі колькі часу ў насцярожанай цішыні (І. Чыгрынаў); Хутка прынеслі ўвесь багаж з-пад вываратня: дзесяць парашутаў, некалькі чамаданаў (М. Лынькоў).

У спалучэннях з назоўнікамі ўскосных склонаў няпэўнаколькасныя лічэбнікі выступаюць у форме прыметнікаў, дапасаваных да назоўнікаў: некалькім творам, некалькім супрацоўнікам, некалькімі творамі, некалькімі супрацоўнікамі і інш.

Няпэўнаколькасныя лічэбнікі спалучаюцца з назвамі прадметаў, якія паддаюцца лічэнню (столькі машын, некалькі вагонаў); за выключэннем лічэбніка некалькі, яны могуць уступаць у сінтаксічную сувязь з абстрактнымі і рэчыўнымі назоўнікамі (колькі радасці, столькі шчасця, гэтулькі хвалявання, многа непрыемнасцей, шмат хлеба, многа цукру).

Выражаючы вельмі агульную і няпэўную колькасць, словы некалькі, многа, нямнога і падобныя з'яўляюцца лічэбнікамі ў тым выпадку, калі яны ўступаюць у сінтаксічную сувязь з назоўнікамі ў родным склоне. У спалучэннях з дзеясловамі гэтыя словы — прыслоўі: мала ведаць, многа працаваць, столькі пісаць.

Дробавыя лічэбнікі

§ 216. У адрозненне ад пэўнаколькасных дробавыя лічэбнікі абазначаюць не цэлыя лікі, а дробавую частку адзінкі і змешаную колькасць: адна шостая, тры цэлыя шэсць дзесятых, дзевяць і адна сотая.

У сістэму дробавых абазначэнняў з мовы матэматыкі прыйшло таксама слова нуль, якое ўваходзіць у спалучэнні з дробавымі лічэбнікамі (нуль цэлых і тры дзесятыя, нуль цэлых і сем сотых).

Характэрнай асаблівасцю дробавых лічэбнікаў з’яўляецца іх здольнасць спалучацца не толькі з прадметнымі, але і з рэчыўнымі і зборнымі назоўнікамі, што не ўласціва іншым лічэбнікам: дзве трэція насельніцтва, адна пятая даходаў.

Паводле структуры дробавыя лічэбнікі састаўныя, у іх колькасць частак (лічнік) выражаецца пэўнаколькасным, а назвы частак (назоўнік) — парадкавым лічэбнікам1. Лічэбнік адна дапасуецца да парадкавага лічэбніка жаночага роду (адна пятая), два, тры, чатыры дапасуюцца да парадкавых лічэбнікаў множнага ліку назоўнага склону: дзве сёмыя, тры восьмыя, чатыры дзесятыя. У назоўным склоне дробавых лічэбнікаў, якія ў лічніку маюць словы два, тры, чатыры, побач з формамі тыпу тры шостыя сустракаюцца і формы тыпу тры шостых.

Лічэбнікі ад пяці і вышэй у назоўным і вінавальным склонах кіруюць родным склонам множнага ліку парадкавых лічэбнікаў, а ў астатніх — дапасуюцца да іх: пяць дзесятых, пяці дзесятым, пяццю дзесятымі, (аб) пяці дзесятых.

Назоўнікі пры дробавых лічэбніках ставяцца ў родным склоне адзіночнага ці множнага ліку. Форма ліку назоўнікаў залежыць ад іх значэння. Заўсёды ў адзіночным ліку ўжываюцца зборныя і рэчыўныя назоўнікі: адна чацвёртая кіслароду, дзве трэція масла, тры пятыя моладзі; заўсёды ў множным ліку ставяцца множналікавыя назоўнікі: адна другая дражджэй, кансерваў.

У форме адзіночнага ліку назоўнікі пры дробавых лічэбніках ужываюцца тады, калі ўказваецца на частку адзінкі, у множным — пры ўказанні на частку сукупнасці, мноства прадметаў: дзве трэція кнігі і дзве трэція кніг, пяць шостых забудовы і пяць шостых забудоў. Назвы адзінак вымярэння (метр, працэнт, секунда і інш.) пры дробавых лічэбніках ставяцца ў адзіночным ліку (дзве трэція секунды, сем цэлых і пяць сотых кілаграма). Тып сінтаксічнай сувязі паміж дробавымі лічэбнікамі і назоўнікамі — кіраванне.

Асобна стаяць сярод дробавых лічэбнікаў словы паўтара, паўтары. Па значэнню іх можна ахарактарызаваць як колькасна-дробавыя: яны абазначаюць колькасць, што складаецца з цэлага і яго палавіны.

Усе астатнія абазначэнні з падобнай семантыкай нагадваюць сабой свабоднае спалучэнне колькасных лічэбнікаў з дробавымі пры дапамозе слова цэлых (сем і восем дзесятых мінуты, пяць і тры чацвёртыя вядра ці сем цэлых восем дзесятых мінуты, пяць цэлых тры чацвёртыя вядра).

Лічэбнік паўтара (паўтары) для абазначэння колькасці можа ўжывацца толькі пры назоўніках, што служаць назвай прадметаў, якія можна адначасова лічыць як у цэлых, так і дробавых адзінках. Гэта правіла парушаецца ў каламбурным фразеалагічным звароце паўтара чалавека.

Лічэбнік паўтара мае родавыя адрозненні ў назоўным і вінавальным склонах — паўтара, паўтары — і спалучаецца з формай роднага склону адзіночнага ліку назоўнікаў па спосабу кіравання. Паўтара кіруе назоўнікамі мужчынскага і ніякага роду, паўтары — жаночага: паўтара кілаграма, паўтара вядра, паўтары тоны, паўтары гадзіны.

Састаўному пэўнаколькаснаму лічэбніку сто пяцьдзесят сінанімічны складаны па структуры дробавы лічэбнік паўтараста, які не мае граматычных катэгорый роду і ліку: Пытляваны. Што ў гэтым караваі, я ўжо і сам не знаю: сямі палёў пшанічка, сямі крыніц вадзічка, дзесяці кароў масла ды яец паўтараста (К. Крапіва); Перагуд. Ад таго месца, дзе ты застанешся, да нямецкага бліндажа метраў паўтараста (К. Крапіва); На буланцы сядзіць Янка, Паўтараста рублёў санкі... (З. Бядуля)

Слова паўтараста ўжываецца з назоўнікамі ўсіх трох родаў у форме роднага склону множнага ліку (паўтараста рублёў, паўтараста хат, паўтараста дрэў).

Лічэбнікі, што абазначаюць цэлыя і дробавыя лікі, шырока выкарыстоўваюцца ў навуковым, афіцыйна-дзелавым стылях. Няпэўнаколькасныя лічэбнікі ў асноўным характэрны для мастацкага, публіцыстычнага і размоўнага стыляў.

1 Значэнне субстантываваных парадкавых лічэбнікаў у саставе дробавых спецыфічнае: трэцяя, сотая, пятая, дзесятая ў спалучэннях тыпу адна трэцяя, дзве сотыя, тры пятыя, адна дзесятая не маюць у сваім значэнні адцення парадкавасці — яны абазначаюць адпаведна толькі трэцюю, сотую, пятую, дзесятую і г. д. частку цэлага (параўн. чыста парадкавае значэнне лічэбнікаў у спалучэннях трэцяе дзіця, соты гектар, пяты клас).

Зборныя лічэбнікі

§ 217. Зборныя лічэбнікі двое, трое, чацвёра, пяцёра, шасцёра, сямёра, васьмёра, дзевяцера, дзесяцера абазначаюць пэўную колькасць прадметаў як сукупнасць, як адно цэлае: Двое ці трое сяброў, шчырасць павольнай размовы, вецер з лугоў і бароў, сіні дымок сасновы (П. Панчанка); Пераезд сціх. За лініяй чыгункі ў траншэі стаілася яго чацвёра абаронцаў (В. Быкаў); Атрымалі мы васьмёра коней з воінскай часці (К. Крапіва).

Лічэбнікі, утвораныя ад слоў звыш дзесяці, сустракаюцца рэдка.

Зборныя лічэбнікі не маюць роду і ліку. Сваёй сінтаксічнай сувяззю з назоўнікамі яны не адрозніваюцца ад большасці пэўнаколькасных лічэбнікаў: у назоўным і вінавальным склонах кіруюць родным склонам множнага ліку назоўнікаў (двое дзвярэй, трое дзяцей), а ў астатніх склонах дапасуюцца да іх (дваіх дзвярэй, траіх дзяцей, дваім дзвярам, траім дзецям і інш.).

Выдзяленне зборных лічэбнікаў у асобную групу праводзіцца не толькі па прынцыпу своеасаблівасці іх марфалагічных прымет: адсутнасць катэгорыі роду і ліку, адрозненне паміж формамі назоўнага і ўскосных склонаў і г. д. Паводле значэння гэтыя лічэбнікі больш прадметныя, чым колькасныя, у выніку чаго яны лёгка субстантывуюцца (Сямёра аднаго не чакаюць; Іх было трое).

Ад колькасных лічэбнікаў зборныя адрозніваюцца і асаблівасцямі ўжывання. Яны спалучаюцца з больш абмежаванай колькасцю імён і выступаюць у адных выпадках як варыянты спалучэнняў колькасных лічэбнікаў з назоўнікамі, у іншых — як адзіны колькасны паказчык.

Як паралельныя колькасным зборныя лічэбнікі ўжываюцца:

а) з назвамі асоб мужчынскага полу (двое студэнтаў — два студэнты, чацвёра сяброў — чатыры сябры);

б) з назвамі маладых істот (двое цялятак — два цяляткі, трое ягнятак — тры ягняткі);

в) з множналікавымі назоўнікамі (пяцёра сутак — пяць сутак)2, за выключэннем лічэбнікаў двое, трое, чацвёра, дзе паралельная форма з колькасным лічэбнікам у назоўным склоне немагчыма;

г) з субстантываванымі прыметнікамі (двое ваенных — два ваенных, трое штацкіх — тры штацкіх).

Зборныя лічэбнікі ўжываюцца пры лічэнні прадметаў парамі, пры ўказанні ж на адзінкавыя прадметы выкарыстоўваюцца колькасныя лічэбнікі (трое чаравікаў, але тры чаравікі; чацвёра ботаў, але чатыры пары ботаў, чатыры боты).

2 Паколькі няма састаўных зборных лічэбнікаў, такія спалучэнні як семдзесят трое сутак, сто сорак трое нажніц не адпавядаюць нормам літаратурнай мовы. Для таго каб перадаць змест гэтых спалучэнняў, робяць сінанімічныя замены, напрыклад: Абарона горада працягвалася восемдзесят два дні (замест сутак), ужываюць звароты на працягу, у колькасці (на працягу сямідзесяці сутак, прададзены санкі ў колькасці пяцісот сарака трох), ці, калі дазваляе кантэкст, дадаюць слова штука (прададзена пяцьсот сорак тры штукі санак).

Зборныя лічэбнікі не суадносяцца з колькаснымі ва ўжыванні пры назоўніках дзеці, людзі (двое дзяцей, трое людзей).

Толькі зборныя лічэбнікі ўжываюцца з асабовымі займеннікамі (Нас было сямёра; Напісалі нам дваім).

Да зборных адносяцца таксама лічэбнікі абодва (мужчынскага і ніякага роду), абедзве (жаночага роду): абодва сыны, абедзве дачкі. Паводле семантыкі гэтыя словы бліжэй да займеннікаў, чым да лічэбнікаў, таму што абазначаюць 'і той і гэты', 'і тое і гэта', 'і тая і гэтая'. Акрамя семантыкі, ад зборных лічэбнікаў іх адрознівае: наяўнасць родавых форм ва ўсіх склонах; здольнасць спалучацца з назоўнікамі ўсіх трох родаў; немагчымасць уступаць у сінтаксічную сувязь з множналікавымі назоўнікамі.

Такім чынам, абодва, абедзве маюць змешаны займеннікава-колькасны характар. І тым не менш іх нельга выключаць з саставу лічэбнікаў.

Для абазначэння асоб і мужчынскага, і жаночага полу ўжываецца зборны лічэбнік абое: Сымон бярэ яе за руку і абое нікнуць у цемры (Я. Купала); Не лёгкі шлях прайшлі абое [Марына і Даніла] (Я. Колас).

Сфера выкарыстання зборных лічэбнікаў — пераважна мастацкі, публіцыстычны і размоўны стылі.

Парадкавыя лічэбнікі

§ 218. Парадкавыя лічэбнікі абазначаюць парадак аднародных прадметаў пры лічэнні: Дваццаць чацвёрты год я чытаю Панчанку, упарта лічу, што ён усё яшчэ як след не ацэнены і ў нас, і за межамі Беларусі (Я. Брыль); Улетку сорак першага ён зноў наведаўся б дамоў, але грымнула вайна, і ў першы ж дзень яе Аляксей пайшоў на фронт (Т. Хадкевіч); Кароткая сустрэча на сотай вярсце (А. Куляшоў).

Як прыметнікі, парадкавыя лічэбнікі маюць катэгорыю роду, ліку, склону і дапасуюцца да назоўнікаў: чацвёрты дзень, чацвёртае акно, чацвёртая школа, сёмы клас, сёмыя класы, сёмых класаў. У парадкавых лічэбнікаў і прыметнікаў адзіная сістэма скланення (другога — новага, другому — новаму, другім — новым і інш.). Парадкавыя лічэбнікі могуць набываць якаснае значэнне, звычайна ў фразеалагізмах (іграць першую скрыпку, на другім плане, у трэція рукі, дзесятая вада на кісялі).

Аднак у карысць іх прыналежнасці да лічэбнікаў, а не да прыметнікаў сведчаць наступныя факты:

1. Усе яны семантычна звязаны з колькаснымі лічэбнікамі: захоўваюць выразнае значэнне парадку размяшчэння прадметаў пры лічэнні. Блізкасць да колькасных лічэбнікаў у парадкавых асабліва відавочная пры ўжыванні іх у якасці элемента састаўных лічэбнікаў (на семдзесят шостым годзе жыцця, у тысяча дзевяцьсот восемдзесят другім годзе). Калі пры лічэнні прадметаў ад 1 да 20 парадкавыя лічэбнікі ва ўжыванні не адрозніваюцца ад прыметнікаў, то пры далейшым лічэнні яны аказваюцца звязанымі з колькаснымі лічэбнікамі. Напрыклад, у спалучэннях сорак першы год, дзвесце сорак сёмая старонка, трыста дваццаць пяты дзень парадкавае значэнне выражаецца толькі апошнім лічэбнікам, паколькі ўсе астатнія словы маюць форму колькасных лічэбнікаў.

2. Парадкавыя лічэбнікі, як і колькасныя, спалучаюцца толькі з канкрэтнымі назоўнікамі: першы пункт, другі горад, дваццаты аўтобус, у той час як прыметнікі могуць азначаць любы назоўнік, у тым ліку і абстрактны (вядомы вучоны, цудоўны чалавек, шчаслівае жыццё, прыемная размова). У спалучэнні з абстрактнымі назоўнікамі лічэбнікі першы, другі, трэці могуць набываць значэнне якасных прыметнікаў (першы, другі сорт, першае каханне).

3. У адрозненне ад прыметнікаў парадкавыя лічэбнікі, як і колькасныя, маюць графічныя (лічбамі) абазначэнні: 1984 год, 10-ы клас.

4. Састаўныя парадкавыя лічэбнікі паводле структуры рэзка адрозніваюцца ад прыметнікаў. Яны нагадваюць сабой рад не звязаных паміж сабой назваў і пішуцца асобна; складаныя ж прыметнікі, у тым ліку і ўтвораныя ад састаўных лічэбнікаў, пішуцца злітна (стомільённы трактар, сямідзесяціпяцігадовы юбілей).

Стылістычнай асаблівасцю парадкавых лічэбнікаў з’яўляецца функцыяніраванне іх у саставе дробавых у навуковым, афіцыйна-дзелавым стылях. З якасна-парадкавым ці якасным значэннем парадкавыя лічэбнікі шырока ўжываюцца ў размоўным, мастацкім і публіцыстычным стылях. Шматлікія семантыка-стылістычныя і экспрэсіўна-эмацыянальныя адценні маюць лічэбнікі першы, першая, першае.

Скланенне лічэбнікаў

§ 219. Паводле асаблівасцей скланення выдзяляецца некалькі груп лічэбнікаў. Гэтыя групы найбольш разнастайныя сярод простых колькасных лічэбнікаў.

1. Лічэбнікі адзін, адна, адно скланяюцца, як поўныя прыметнікі з асновай на г, к, х тыпу ціхі або як займеннікі гэты, гэта, і толькі ў назоўна-вінавальным склоне маюць нячленную (іменную) форму. Лічэбнік адны скланяецца, як прыметнікі ў множным ліку.

Адзіночны лікМножны лік
Мужчынскі родНіякі родЖаночы род
Н.адзінадноаднаадны
Р.аднагоадной(-ае)адных
Д.аднамуаднойадным
В.як Н. або Р.аднуяк Н. або Р.
Т.аднымадной(-ою)аднымі
М.(аб) аднымаднойадных

У лічэбніках адзін, адно націск ва ўскосных склонах падае на апошні склад.

Лічэбнік адна ў родным і творным склонах мае дзве варыянтныя формы — адной, аднае; адной, адною.

2. Лічэбнікі два (дзве), тры, чатыры ў родным, давальным і месным склонах маюць канчаткі, падобныя на канчаткі прыметнікаў множнага ліку, але адрозныя ад апошніх галоснымі гукамі у, о.

Н.двадзветрычатыры
Р.двухдзвюхтрохчатырох
Д.двумдзвюмтромчатыром
В.як Н. або Р.
Т.двумадзвюматрымачатырма
М.(аб) двухдзвюхтрохчатырох

У творным склоне гэтых лічэбнікаў захавалася форма парнага ліку.

Форма вінавальнага склону лічэбнікаў два (дзве), тры, чатыры залежыць ад таго, дапасуюцца яны да адушаўлёных ці неадушаўлёных назоўнікаў: бачу тры машыны, але бачу трох студэнтак; купіў чатыры хусткі, але купіў чатырох парасят.

Аднак у сучаснай мове дапускаюцца выключэнні з агульнага правіла спалучэння лічэбнікаў два, тры, чатыры з назоўнікамі ў вінавальным склоне:

а) калі яны ўжываюцца пры назоўніках, што абазначаюць назвы жывёл (Саўгас мае сто дзве каровы; Злавілі чатыры рыбкі);

б) пры асабовых назоўніках, пераважна ў састаўных лічэбніках (Інстытут прыняў сто чатыры абітурыенты);

в) пры назоўніку «істота» (Дзеці з цікавасцю разглядалі тры жывыя істоты).

3. Простыя лічэбнікі пяць — дзесяць і складаныя адзінаццаць — дваццаць, трыццаць скланяюцца, як назоўнікі трэцяга скланення (сенажаць).

Н.восемшаснаццаць
Р.васьмішаснаццаці
Д.васьмішаснаццаці
В.восемшаснаццаць
Т.васьмюшаснаццаццю
М.(аб) васьмішаснаццаці

У форме творнага склону гэтых лічэбнікаў гук ц у інтэрвакальным становішчы падаўжаецца: дваццаццю, трыццаццю, васемнаццаццю, але шасцю.

У лічэбніках адзіна́ццаць — дзевятна́ццаць ва ўсіх склонах націск падае на склад на. Астатнія лічэбнікі гэтай групы ва ўскосных склонах маюць націск на канчатку.

4. Лічэбнікі сорак, сто пры скланенні маюць толькі дзве формы: для назоўнага і вінавальнага — сорак, сто, для астатніх склонаў — сарака, ста. Лічэбнік дзевяноста захоўвае сваю зыходную форму ва ўсіх склонах.

Н.соракдзевяностасто
Р.саракадзевяностаста
Д.саракадзевяностаста
В.соракдзевяностасто
Т.саракадзевяностаста
М.(аб) саракадзевяностаста

5. Лічэбнікі мільён, мільярд скланяюцца, як назоўнікі 1-га скланення (дом); тысяча — як назоўнікі 2-га скланення (задача).

Адзіночны лік

Н.тысячамільёнмільярд
Р.тысячымільёнамільярда
Д.тысячымільёнумільярду
В.тысячумільёнмільярд
Т.тысячай (тысяччу)мільёнаммільярдам
М.(аб) тысячымільёнемільярдзе

Множны лік

Н.тысячымільёнымільярды
Р.тысячмільёнаўмільярдаў
Д.тысячаммільёнаммільярдам
В.тысячымільёнымільярды
Т.тысячамімільёнамімільярдамі
М.(аб) тысячахмільёнахмільярдах

Лічэбнік тысяча ў творным склоне мае варыянтныя формы — тысячай і тысяччу.

6. У складаных лічэбніках ад пяцідзесяці да васьмідзесяці пры скланенні змяняюцца абедзве часткі.

Н.пяцьдзесятвосемдзесят
Р.пяцідзесяцівасьмідзесяці
Д.пяцідзесяцівасьмідзесяці
В.пяцьдзесятвосемдзесят
Т.пяццюдзесяццювасьмюдзесяццю
М.(аб) пяцідзесяцівасьмідзесяці

Ва ўскосных склонах (акрамя вінавальнага) націск у гэтых лічэбніках падае на канчатак першай часткі: шасці́дзесяці, сямю́дзесяццю.

Абедзве часткі змяняюцца і ў складаных лічэбніках ад двухсот да дзевяцісот.

Н.дзвесцесемсот
Р.двухсотсямісот
Д.двумстамсямістам
В.дзвесцесемсот
Т.двумастамісямюстамі
М.(аб) двухстахсямістах

У лічэбніках дзвесце — дзевяцьсот ва ўскосных склонах націск падае на другую частку: трохсо́т, чатыромста́м, пяццюста́мі, (аб) васьміста́х.

7. Пры скланенні састаўных лічэбнікаў кожнае слова змяняецца так, як адпаведны просты лічэбнік.

Н.сто дваццаць пяць
Р.ста дваццаці пяці
Д.ста дваццаці пяці
В.сто дваццаць пяць
Т.ста дваццаццю пяццю
М.(аб) ста дваццаці пяці

8. Няпэўнаколькасныя лічэбнікі колькі, некалькі, столькі, гэтулькі скланяюцца, як прыметнікі ў множным ліку.

Н.некалькістолькі
Р.некалькіхстолькіх
Д.некалькімстолькім
В.як Н. або Р.
Т.некалькімістолькімі
М.(аб) некалькіхстолькіх

Такое скланенне як літаратурная норма часта парушаецца ў размоўным стылі.

9. Зборныя лічэбнікі двое, трое скланяюцца, як займеннікі мае, твае, свае; чацвёра — як колькасны лічэбнік адны.

Н.двоетроечацвёра
Р.дваіхтраіхчацвярых
Д.дваімтраімчацвярым
В.як Н. або Р.
Т.дваімітраімічацвярыма
М.(аб) дваіхтраіхчацвярых

Ва ўсіх формах, акрамя зыходнай, націск ставіцца на канчатку.

Пры скланенні лічэбнікаў абодва, абедзве першая частка іх (або-, абе-) застаецца нязменнай, другая змяняецца, як лічэбнікі два, дзве.

Н.абодваабедзве
Р.абодвухабедзвюх
Д.абодвумабедзвюм
В.як Н. або Р.
Т.абодвумаабедзвюма
М.(аб) абодвухабедзвюх

Націск у лічэбніках абодва, абедзве ва ўсіх склонах на другім складзе: або́двух, абе́дзвюх; або́двума, абе́дзвюма.

Лічэбнік абое скланяецца так:

Н.абое
Р.абаіх
Д.абаім
В.абаіх
Т.абаімі
М.(аб) абаіх

10. Пры скланенні дробавых лічэбнікаў змяняюцца дзве часткі: лічнік — як колькасны лічэбнік, назоўнік — як парадкавы:

Н.тры пятыя гектара
Р.трох пятых гектара
Д.тром пятым гектара
В.тры пятыя гектара
Т.трыма пятымі гектара
М.(аб) трох пятых гектара

Пры скланенні лічэбнікаў, якія абазначаюць змешаны лік, змяняюцца ўсе часткі.

Н.сорак пяць цэлых шэсць дзесятых
Р.сарака пяці цэлых шасці дзесятых
Д.сарака пяці цэлым шасці дзесятым
В.сорак пяць цэлых шэсць дзесятых
Т.сарака пяццю цэлымі шасцю дзесятымі
М.(аб) сарака пяці цэлых шасці дзесятых

Лічэбнікі паўтара ў спалучэнні з назоўнікамі мужчынскага і ніякага роду і паўтары з назоўнікамі жаночага роду ва ўсіх склонах маюць аднолькавую форму паўтара, паўтары і захоўваюць родавыя адрозненні.

Назоўнік пры лічэбніках паўтара, паўтары ўжываецца ў адзіночным ліку (паўтара рубля), а ва ўскосных склонах (за выключэннем вінавальнага і роднага) прымае форму множнага ліку.

Н.паўтара кілаграмапаўтары тоны
Р.паўтара кілаграмапаўтары тоны
Д.паўтара кілаграмампаўтары тонам
В.паўтара кілаграмапаўтары тоны
Т.паўтара кілаграмаміпаўтары тонамі
М.(аб) паўтара кілаграмахпаўтары тонах

Аднолькавую форму ва ўсіх склонах захоўвае і лічэбнік паўтараста.

Н.паўтараста рублёў
Р.паўтараста рублёў
Д.паўтараста рублям
В.паўтараста рублёў
Т.паўтараста рублямі
М.(аб) паўтараста рублях

11. Парадкавыя лічэбнікі скланяюцца, як прыметнікі з адпаведнай асновай.

Адзіночны лік

Мужчынскі род

Н.першыдругітрэцічацвёрты
Р.першагадругогатрэцягачацвёртага
Д.першамудругомутрэцямучацвёртаму
В.як Н. або Р.
Т.першымдругімтрэцімчацвёртым
М.(аб) першымдругімтрэцімчацвёртым

Жаночы род

Н.першаядругаятрэцяячацвёртая
Р.першайдругойтрэцяйчацвёртай
Д.першайдругойтрэцяйчацвёртай
В.першуюдругуютрэцюючацвёртую
Т.першайдругойтрэцяйчацвёртай
М.(аб) першайдругойтрэцяйчацвёртай

Ніякі род

Н.першаедругоетрэцяечацвёртае
Р.першагадругогатрэцягачацвёртага
Д.першамудругомутрэцямучацвёртаму
В.першаедругоетрэцяечацвёртае
Т.першымдругімтрэцімчацвёртым
М.(аб) першымдругімтрэцімчацвёртым

Множны лік

Н.першыядругіятрэціячацвёртыя
Р.першыхдругіхтрэціхчацвёртых
Д.першымдругімтрэцімчацвёртым
В.як Н. або Р.
Т.першымідругімітрэцімічацвёртымі
М.(аб) першыхдругіхтрэціхчацвёртых

У састаўных парадкавых лічэбніках змяняецца толькі апошняе слова.

Н.тысяча дзевяцьсот сорак першы
Р.тысяча дзевяцьсот сорак першага
Д.тысяча дзевяцьсот сорак першаму
В.тысяча дзевяцьсот сорак першы
Т.тысяча дзевяцьсот сорак першым
М.(аб) тысяча дзевяцьсот сорак першым

Толькі апошняя частка змяняецца і ў парадкавых лічэбніках на -тысячны, -мільённы, -мільярдны: двухмільённы, двухмільённага, двухмільённаму, двухмільённы (-ага), двухмільённым, (аб) двухмільённым.

Ва ўсіх склонах парадкавыя лічэбнікі, акрамя лічэбніка другі (другога, другому), маюць націск на аснове: восьмы, адзіна́ццаты, чатырна́ццаты, двацца́ты, восьмага, адзіна́ццатага, чатырна́ццатага, двацца́тага; восьмаму, адзіна́ццатаму, чатырна́ццатаму, двацца́таму і г. д.

Займеннік

Агульная характарыстыка

§ 220. Займеннік — часціна мовы, якая ўказвае на прадметы, прыметы прадметаў ці колькасць, не называючы іх, а таксама служыць для выражэння запытання пра іх. У самім тэрміне як бы сумяшчаюцца два аспекты значэння займеннікаў: лексічны — не называючы паняццяў, абагульнена ўказваць на іх, і функцыянальны — здольнасць замяняць імя: Перамога Савецкае ўлады над буржуазіяй і поўнае яе замацаванне радавала і радуе мяне, як кожнага савецкага чалавека, які пераконаны ў тым, што толькі шляхам дыктатуры пралетарыяту, пры цесным саюзе з працоўным сялянствам, пад кіраўніцтвам Камуністычнай партыі мы прыйдзем да сацыялізму (Я. Колас); Нічога не даў мне ў спадчыну бацька — Ніводнай адзнакі, ніводнае плямы. Затое і ўдаўся, як камень, трывалы, і чыстыя рукі, як вока, шаную, і з песняю тою, што маці спявала, устаю і кладуся, і днюю й начую (М. Лужанін); Радзіма! Нямала ты зведала болю... Зладзеі-чужынцы цябе рабавалі, скарыць жа цябе не ўдавалася ім (П. Броўка); Народу не старэць, ён твой, гісторыя, тварэц, ідзе камуністычны век сустрэць (Я. Пушча); Чужое зямлі нам не трэба... Мы хочам, каб мірнае неба не знала пажару вайны (А. Бачыла); Нічога не збіраю, не таю, не берагу на чорны дзень і свята, а ўсё, што ёсць, да кроплі аддаю і тым шчаслівы і багаты (С. Грахоўскі); Зноў для кожнай травінкі я свой на мілай бацькоўскай зямлі (Г. Бураўкін).

Паколькі займеннікаў у мове ў параўнанні з імёнамі-назвамі мала, то і лексічнае значэнне іх, як слоў-заменнікаў, вельмі шырокае. Напрыклад, займеннікі хто, што могуць быць ужыты ў адносінах да любога назоўніка; такая ж універсальнасць характэрна і для займеннікаў ён, гэты, увесь і інш. Значэнні займеннікаў канкрэтызуюцца толькі ў кантэксце. Узятыя самі па сабе, яны вельмі абстрактныя, таму што заключаюць у сабе толькі агульнае ўказанне на прадметы ці іх уласцівасці. Гэта своеасаблівасць значэнняў займеннікаў адбіваецца і на нормах іх ужывання. Яны пераважна ўжываюцца ўслед за імёнамі і з’яўляюцца іх эквівалентамі: На вуліцах Парыжа надзвычай вялікі рух. Паражае мноства машын. Імі загружаны ўсе вуліцы і плошчы. Яны рухаюцца няспынна трыма, чатырма калонамі. Іх так многа, што робіцца ўражанне, нібы іх больш, чым пешаходаў (Я. Колас); Паэт не раз быў у нашай краіне і меў тут многа шчырых сяброў. Незадоўга перад смерцю ён напісаў «Элегію Маскве» — гораду, якім захапляўся і любіў (Чырвоная змена, 1982); Васілька праз сілу ўсміхнуўся, і ўсмешка яго была жаласная, вялая (М. Лынькоў); К ночы ўзнімаўся вецер, і ад яго прыглушаных павеваў прыглушана і сярдзіта шумелі дрэвы, абтрасаючы на зямлю пажоўклыя лісты (А. Асіпенка).

У выніку абстрактнасці, абагульненасці значэння займеннікі граматычна не спалучаюцца з азначэннямі, таму азначэнні, што адносяцца да займеннікаў, заўсёды адасабляюцца: Яна, расчуленая і супакоеная, прытулілася да яго пляча і сцішылася (К. Крапіва); Разважны, горды, працавіты, ён перамог усе пакуты (У. Дубоўка); Пахмуры з твару, з рэдкай усмешкай, сівавалосы, хударлявы, ён рабіў на людзей уражанне чалавека суровага і валявога, які прайшоў нялёгкі шлях у жыцці (Т. Хадкевіч); Па-летняму ў чыстым палатняным касцюме, у просценькай кашулі з расшпіленым каўняром, загарэлы, ён выглядае значна маладзейшым, больш вясёлым і словаахотлівым (І. Шамякін).

У граматычных адносінах займеннікі не вызначаюцца аднастайнасцю: хто, што, напрыклад, не маюць катэгорыі роду і ліку; родавых адрозненняў не маюць таксама займеннікі я, ты, мы, вы, а займеннік сябе, акрамя гэтага,— і формы назоўнага склону.

У сказе займеннікі выступаюць у ролі дзейніка: Ён смела вітае радзімы зару (А. Звонак); выказніка: Цяперашнія дзеці не тое, што наш брат (А. Чарнышэвіч); азначэння: Украіна! Табе вораг ніякі не страшан (Я. Купала); дапаўнення: Нам Леніным паказаны пуціны (Я. Колас); акалічнасці: Пісаць вучыўся сам (Я. Колас).

Лексічнае значэнне і асаблівасці змянення займеннікаў залежаць ад суадносін іх з іншымі часцінамі мовы — назоўнікамі, прыметнікамі, лічэбнікамі. У сувязі з гэтымі суадносінамі выдзяляюцца:

1) займеннікі-назоўнікі (абагульнена-прадметныя): я, ты, мы, вы, ён, яно, яны, яна, сябе, хто, што, ніхто, нішто, нехта, нешта, хто-небудзь, што-небудзь і інш. З назоўнікамі іх збліжае агульнае значэнне прадметнасці і наяўнасць граматычных катэгорый (род, лік, скланенне);

2) займеннікі-прыметнікі (абагульнена-якасныя): мой, твой, свой, ваш, наш, гэты, той, самы, увесь, усякі, кожны, такі, які, каторы, які-небудзь і інш. З прыметнікамі іх збліжае тое, што яны ўказваюць на прыметы прадметаў і маюць аналагічныя марфалагічныя асаблівасці;

3) займеннікі-лічэбнікі (абагульнена-колькасныя): колькі, столькі, гэтулькі. У пытальных сказах колькі выражае запытанне пра колькасць прадметаў, у сказах тыпу У 5 «А» класе было сорак вучняў, столькі ж вучняў было ў 5 «Б» класе столькі ўказвае на колькасць асоб. Функцыю займенніка-лічэбніка ў сказах такога тыпу можа выконваць і слова гэтулькі.

Займеннікі маюць свае адрозненні ад суадносных з імі часцін мовы. Такіх адрозненняў больш за ўсё ў займеннікаў-назоўнікаў. Гэтыя займеннікі, як правіла, не маюць пры сабе неадасобленых дапасаваных азначэнняў; азначацца здольны некаторыя займеннікі і то абмежавана. Так, асабовыя займеннікі могуць мець пры сабе азначальныя займеннікі сам, увесь, (я сам, ты сам, усе вы); суправаджацца займеннікамі могуць пытальныя займеннікі хто?, што? (хто такі?, што такое?); пры займенніках усё, нешта, штосьці, нічога магчымыя субстантываваныя прыметнікі (усё жывое, нешта загадкавае, штосьці незразумелае, нічога дрэннага).

Звычайна займеннікі-назоўнікі не ўжываюцца са значэннем роднага прыналежнасці: гэту ролю выконваюць адпаведныя прыналежныя займеннікі (кніга брата, але мая кніга; пакой сястры, але ваш пакой). Толькі займеннік 3-яй асобы, які не мае адпаведнага прыналежнага, ужываецца з такім значэннем: яго кніга, яе пакой; пры гэтым займеннік стаіць пераважна перад назоўнікам, у той час як родны склон назоўніка абавязкова постпазіцыйны (кніга Вінаградава, яго кніга; аповесць Васілевіч, яе аповесць).

Усе займеннікі-назоўнікі, утвораныя ад пытальных хто? — што?, маюць суадносныя формы для абазначэння адушаўлёных і неадушаўлёных прадметаў: нехта — нешта; хто-небудзь — што-небудзь; ніхто — нішто. Пры гэтым размежаванне паміж адушаўлёнасцю і неадушаўлёнасцю ў іх праяўляецца ва ўсіх склонах, у той час як для назоўнікаў гэта характэрна толькі ў вінавальным склоне.

У адпаведнасці з лексічным значэннем займеннікі традыцыйна падзяляюцца на 9 разрадаў:

1) асабовыя: я, мы, ты, вы, ён, яна, яно, яны;

2) зваротны: сябе;

3) прыналежныя: мой, наш, твой, ваш, свой;

4) указальныя: гэты, той, такі, гэтакі, столькі, гэтулькі;

5) азначальныя: сам, самы, увесь, усякі, кожны, іншы;

6) пытальныя: хто?, што?, які?, каторы?, чый?, колькі?;

7) адносныя: хто, што, які, каторы, чый, колькі;

8) адмоўныя: ніхто, нішто, ніякі, нічый;

9) няпэўныя: нехта, нешта, некаторы, нейкі, нечы (нейчы), хтосьці, штосьці, якісьці, чыйсьці, хто-небудзь, што-небудзь, які-небудзь, абы-што, абы-хто, абы-які, абы-чый.

Асабовыя займеннікі

§ 221. Асабовыя займеннікі выражаюць адносіны асобы да таго, хто гаворыць: займеннік 1-ай асобы я абазначае таго, хто гаворыць; займеннік 2-ой асобы ты — асобу, да якой непасрэдна звяртаецца той, хто гаворыць: Не лічыў я, колькі гімнасцёрак за гады ваенныя знасіў (А. Пысін); Ты ў такім шчаслівым узросце, калі сэрца не знае злосці, калі ўсё яшчэ наперадзе — і дарогі, і масты, калі ўсё на тым беразе, а на гэтым — толькі ты (А. Вярцінскі); Я так хацела б, каб і мне здагадліва агеньчык нечае душы спагадлівай выратавальна ў вочы зазірнуў (Н. Мацяш); Ты не гніся, брат, ніколі траўкаю пахілай (Я. Колас).

Асабовым займеннікам я, ты не ўласціва катэгорыя роду; род выказніка залежыць ад полу асобы, якая імі абазначаецца: я прыйшла, ты прыйшоў, я зразумела, ты зразумеў.

Займеннік 1-ай асобы множнага ліку мы звычайна абазначае групу асоб, у якую ўваходзіць і той, хто гаворыць: Дружна працуем мы грамадою (Я. Купала); Мы, не памятаю ўжо, колькі чалавек з нашай разведкі, заехалі вунь туды, у тое зялёнае бязмежжа, рассядлалі і пусцілі коней, а самі паснулі ў цяньку (Я. Брыль).

Займеннік мы можа мець разнастайныя сэнсавыя і стылістычныя адценні: ужываецца з абагульнена-асабовым значэннем (Мы ніколі не забудзем імёны тых, хто загінуў у барацьбе за вызваленне Радзімы); у публіцыстычнай і навуковай літаратуры выступае ў значэнні аўтарскага я (Мы назвалі толькі асноўныя напрамкі рэалізацыі Харчовай праграмы ў рэспубліцы (Звязда, 1982)); у размоўным стылі сінанімічны ты пры звароце з ласкай, спагадай да каго-небудзь (Маеўскі пяшчотна пагладзіў яе руку. «Ну, вось і слёзы... Куды ж нам да партызан са слязамі?» (І. Шамякін)).

Займеннік вы абазначае групу асоб, да якой звяртаюцца: Мае сябры! Вы палі гэтак рана, але, як зоры, свеціце для нас (П. Прыходзька); Сябры паважаныя, як вы маглі задаць мне такое пытанне? (А. Куляшоў).

Пры звароце да адной асобы вы ўжываецца як форма ветлівасці, можа мець абагульнена-асабовае значэнне, г. зн. указваць на любую асобу: У гэтыя жудасныя мінуты шаленства чорнай сусветнай рэакцыі Вы, дарагі Аляксей Максімавіч, узнялі свой магутны голас, голас баяна і прарока новага жыцця... (Я. Колас); Праходзячы з залы ў залу і сузіраючы творы вялікіх мастакоў, вы, нарэшце, пачынаеце стамляцца ад мноства ўражанняў (К. Крапіва).

Займеннікі я, мы, ты, вы — уласна-асабовыя: Я з горада еду дамоў на спачын (П. Глебка); Будзь і ты, сынок, свядомы, нам на радасць падрастай (П. Глебка); Мы збудавалі горад новага (І. Шамякін); Паслухаць вас, усе вы хваты (Я. Колас).

Займеннікі ён, яна, яно, яны — асабова-ўказальныя. Гэтыя займеннікі ўказваюць на асобу адсутную, на таго, хто не ўдзельнічае ў размове, а таксама на прадметы: Праз рэдкія кусты і бярозкі прылеску мы ўбачылі луг. Ён рассцілаўся шырока ўбакі і наперад (Я. Брыль); Яму на развітанне яна вянок спляла (А. Куляшоў); Яны дзівіліся яе маладому спрыту (В. Вітка).

У адрозненне ад займеннікаў я, ты займеннік ён мае катэгорыю роду (ён, яна, яно) і ліку (ён — яны). З уласна-асабовымі займеннікамі я, ты асабова-ўказальныя займеннікі ён, яна, яно, яны аб'ядноўваюцца ўдзелам ва ўтварэнні аналітычнай формы асобы дзеясловаў у прошлым часе і ўмоўным ладзе: я гаварыў — 1-ая, ты гаварыў — 2-ая, ён гаварыў — 3-яя асоба; я прачытаў бы, ты прачытаў бы, ён прачытаў бы.

Зваротны займеннік

§ 222. Зваротны займеннік сябе ўказвае, што аб’ектам дзеяння з’яўляецца сам суб’ект, вытворца дзеяння: Ад сябе самога не схаваешся, ад сябе самога не ўцячэш (П. Панчанка); Бачыць самога сябе з вялікай адлегласці бывае вельмі прыемна, бо бачыш не проста сябе, а сябе найлепшага, без памылак-грахоў і балючых дакораў сумлення (Я. Брыль); Ты ўзыйшла на ганак новай школы, ты гэтым дзецям блізкая, свая і ўжо сябе не лічыш навасёлам, бо тут твой дом і тут твая сям’я (С. Грахоўскі).

Асноўная асаблівасць зваротнага займенніка заключаецца ў тым, што ён не мае назоўнага склону. Зваротны займеннік, акрамя таго, не мае родавых форм, яму не ўласціва і катэгорыя ліку. Пры гэтым пры пасрэдніцтве роду таго суб’екта, да якога ён адносіцца, можа азначацца словамі ў форме ўсіх родаў і лікаў.

У адрозненне ад рада індаеўрапейскіх моў, у якіх зваротны займеннік адносіцца толькі да трэцяй асобы, у славянскіх мовах, у тым ліку і ў беларускай, ён у аднолькавай меры адносіцца да ўсіх трох асоб: Я даў сабе слова зрабіць гэту работу сёння; Ты можаш дазваляць сабе гэта; Ён прывык даваць сабе палёгку. Акрамя таго, займеннік сябе, не змяняючыся па ліках, можа ўказваць і на адну, і на некалькіх асоб: Ён запрашаў да сябе; Яны запрашалі да сябе.

Зваротны займеннік сябе ў сказе заўсёды выступае ў сінтаксічнай функцыі дапаўнення: І ў тон адзін з зямлёю я пяю, і кожны міг сябе я пазнаю часцінкай злітаю вялікага сусвету (Я. Колас); Ах, соня якая я! Дагэтуль спаць! — дакарала яна сябе (І. Шамякін); Вось так і жыў Сымон Латушка, адзін, не звязаны нічым, сабе сам пан, сабе сам служка, ды ліха сталася і з ім (Я. Колас); Не хвалі сам сябе, няхай людзі пахваляць цябе (Прыказка); Покі служаць ногі, можна бегчы ўсюды, ад сябе ж самога не ўцячэш нікуды (Я. Колас); Кастусь і сам стараўся гнаць ад сябе думкі аб нядаўнім мінулым (К. Чорны).

Форма давальнага склону сабе можа ўжывацца ў ролі часціцы, якая надае дзеянню адценне стыхійнага праяўлення, працякання яго без перашкод: Няхай сабе жарты, няхай смех — а не хочацца, каб перад жанчынаю апраставалосіцца (Я. Скрыган); Мужчына смяецца, а Паўлюк сабе толькі маўчыць, хоць бы што (Я. Брыль).

Займеннік сябе ўступае ў цесныя лексічныя сувязі з азначальным займеннікам сам, утвараючы фразеалагічныя спалучэнні: сам з сабою, сам над сабой, над самім сабой.

У моўнай практыцы ўзнікаюць цяжкасці пры ўжыванні займенніка сябе ў выпадках, калі ў сказе ёсць два асабовыя назоўнікі, з кожным з якіх можа суадносіцца гэты займеннік. Напрыклад: Настаўніца сказала вучню аднесці кнігі да сябе. Як правіла, сябе адносіцца да суб’екта дзеяння. Аднак даволі часта (як і ў папярэднім прыкладзе) узнікае сэнсавая няяснасць з-за гэтага займенніка. У такіх выпадках трэба перабудаваць сказ так, каб сябе выразна суадносілася з суб’ектам дзеяння (Настаўніца сказала вучню, каб ён аднёс кнігі да сябе).

Прыналежныя займеннікі

§ 223. Прыналежныя займеннікі ўказваюць на прыналежнасць прадмета адной з трох асоб: мой, наш — 1-ай; твой, ваш — 2-ой асобе; свой на аснове адносін да суб'екта — адной з трох асоб (Мы выконваем сваю работу. Вы выконваеце сваю работу. Яны выконваюць сваю работу)1.

Функцыю адсутнага прыналежнага займенніка 3-яй асобы выконвае родны склон асабовага займенніка ён (яна, яно, яны). Выступаючы ў ролі недапасаванага азначэння, займеннікі яго, яе, іх могуць займаць як прэпазіцыйнае (часцей), так і постпазіцыйнае становішча ў адносінах да назоўніка: Засмучэнне і боль адбіліся на яе твары (Я. Колас); Няспрытна варушыліся яго знявечаныя пальцы (У. Караткевіч); Кожны іх крок, кожны рух і вымаўленне слова чуліся ў кватэры настаўніка (Я. Колас); Сілачом стаіць дуб разложысты і здалёк відаць пышны верх яго (Я. Колас); З вачэй яе струменіліся хвалі глыбокай і празрыстай сінявы (П. Панчанка); Лісты іх пра паходы штурмавыя спакойна не давалі нам заснуць (П. Панчанка).

Прыналежныя займеннікі мой, наш, твой, ваш, свой граматычна характарызуюцца наяўнасцю форм роду, ліку і склону, як поўныя прыметнікі: мой, мая, маё, мае; майго, маёй, маіх; наш, наша, нашы; нашага, нашай, нашых і г. д.

Займеннікі мой, наш, твой, ваш — асабова-прыналежныя, свой — зваротна-прыналежны: Добры дзень, наш друг зялёны, абаронца мой! Мыюць сонцам свае кроны вязы, ясені і клёны дружнай грамадой (Я. Непачаловіч); Вывад мой і маё настаўленне ў двух радках я хачу перадаць: пераломіш па дубчыку венік, цэлы венік — ніяк не зламаць (А. Бялевіч); Як звонка гучыць наша родная мова, як пераліваецца яна ўсімі адценнямі, нібы тая лясная крыніца (Р. Барадулін); Рэвалюцыя — пачатак касманаўтыкі, нашай славы, нашых сіл (П. Панчанка); Хоць я ніколі не знайду сваіх слядоў і хісткай кладкі, а ўсё ж лячу к свайму гнязду, к свайму адзінаму пачатку! (С. Грахоўскі); У асмужанай красе твой бачу, восень, воблік (П. Панчанка); Вашы песні далёка гучаць (З. Бядуля).

1 Між іншым, у падобных канструкцыях для 1-ай і 2-ой асобы могуць ужывацца і займеннікі мой, твой, ваш, наш. Магчымасць сінанімічнай узаемазамяняльнасці прыналежных займеннікаў 1-ай і 2-ой асобы і займенніка свой узнікае тады, калі ў сказе гаворыцца пра тое, што належыць (ці ўласціва) суб'екту дзеяння. Параўн.: Я думаю аб сваёй (аб маёй) рабоце — Ты думаеш аб сваёй (аб тваёй) рабоце — Ён думае аб сваёй рабоце. Калі ў апошнім сказе ўжыць аб яго рабоце, зменіцца сэнс (аб яго рабоце — значыць 'аб рабоце каго-небудзь іншага'). У сучаснай беларускай мове ў падобных выпадках перавага аддаецца займенніку свой.

Разам з тым заўважаюцца і некаторыя сэнсавыя адценні пры ўжыванні мой, твой, наш, ваш, з аднаго боку, і свой — з другога. Пры жаданні падкрэсліць асабісты ўдзел у якім-небудзь дзеянні, а таксама з мэтай узмацніць эмацыянальнасць выказвання выкарыстоўваюць прыналежныя займеннікі 1-ай і 2-ой асобы.

Указальныя займеннікі

§ 224. Указальныя займеннікі гэты, той, такі, гэтакі, у пэўных кантэкстуальных умовах — столькі, гэтулькі ўказваюць на прадметы, прыметы прадметаў ці іх колькасць: Я з таго пакалення, над калыскай чыёй з першых дзён, з першых год клапатліва схіляўся з усмешкаю Ленін (П. Панчанка); Той домік нізкі нехта любіў, з тым домікам звязаны нечы лёс (А. Вярцінскі); І які харошы, шырокі, прывабны і поўны хвалявання быў свет ад тых кніжак — простых, напісаных моваю, самаю блізкаю сэрцу (Я. Скрыган); Такія росныя раніцы бываюць толькі ў жніўні (Б. Мікуліч); Ноч была гэткая ж цёмная, як і ўчора (Я. Колас); — Блакіціна нябесная! — крычыць Шарэйка.— Колькі неба над лугам, столькі і лугу!... (Я. Брыль).

Асноўнай умовай, якая забяспечвае пэўнасць значэння ўказальных займеннікаў, служыць жэст: Ідзіце ў той пакой (паказ рукой); Звярніцеся да той жанчыны (ківок галавой); Хлопчык такога росту (рост указваецца прыпадыманнем рукі). Такое выкарыстанне ўказальных займеннікаў тыпова для вуснай мовы. У пісьмовай мове пэўнасць іх канкрэтнага значэння забяспечваецца кантэкстам: «гэты» ўказвае на блізкі або наогул вядомы прадмет, «той» — на аддалены прадмет ці такі, які ўжо быў названы: Гэты час, і гэты свет, і кветлівы водар гэты — усё ацэньвае паэт, як вясновыя прыкметы (А. Куляшоў); І гэты гром, і нашы галасы напевам гучным над зямлёй дрыжаць (П. Панчанка); А вунь той лес сінее (Беларусь, 1983); Але на тым беразе бязлесны луг (І. Шамякін).

Значэнне займенніка той нярэдка раскрываецца даданым сказам: Той яснасць вока і думкі зберажэ, каму ў жыцці зазнаць прыпала многа (А. Звонак); Падбіраю і збіраю ў сваім радзімым краі па зярнятку тыя словы, што кладуцца ў асновы не старых, а песень новых (Я. Пушча); У тую крыніцу, з якой піў ваду, гразёю не кіну, хоць можа, лепшую з часам знайду свайму сыну; да тае сцежкі, дзе жыццё сустрэў, не прапушчу хмары (К. Кірэенка).

У спалучэнні з самы, жа займеннік той мае значэнне ’іменна той, такі ж, ранейшы, а не які-небудзь іншы’: той самы вучань, той жа студэнт, той самы год, тая ж вясна.

Займеннік гэта, які ўжываецца толькі ў ніякім родзе, нярэдка ўказвае на з’явы, падзеі, сутнасць якіх раскрываецца цэлымі сказамі ці іх групамі: Дзяцінства і юнацтва Пташнікава падобныя ў нечым асноўным на дзяцінства і юнацтва тых, хто разам з ім у другой палавіне 50-х гадоў пачаў свой шлях у літаратуру. Гэта — дзяцінства ў акупаванай вёсцы, а з ім блакада, пажары, уцёкі ад карнікаў, людскія слёзы, няшчасці, страх і вялікая нянавісць, неадольная прага свабоды. Гэта — жыццё ў нейкай асабліва натуральнай неўсвядомленай еднасці з прыродай, з лесам (Полымя, 1982).

Займеннік гэта можа ўжывацца абстрактна, абагульнена ўказваючы на месца, час, прычыну, вынік і інш., і выступаць у якасці дзейніка ў канструкцыях тыпу: Гэта было ў Мінску; Гэта здарылася ўчора. Гэта можа выконваць функцыю звязкі пры іменным выказніку: Камуністы — гэта Леніна салдаты, воляй партыі з’яднаныя рады (А. Куляшоў); Хіба жадаць мірнага жыцця — гэта злачынства? (Я. Маўр).

Займеннік такі ўказвае на тоеснасць якасці двух прадметаў (У яго такі ж касцюм, як і ў мяне), на розныя прыметы, што ўдакладняюцца даданым сказам: Скласці эпапею павінны такую, якую чэлюскінцы далі для свету, і одамі ўславіць наяўнасць жывую — бяссмертных герояў Саюза Саветаў (Я. Купала); Наш сказ аб такім салаўку, які спявае не толькі ўвесну, а нават узімку (З. Бядуля).

У спалучэннях з прыметнікамі займеннік такі ўказвае на большую ступень якой-небудзь якасці, набліжаючыся па значэнню да ўзмацняльнай часціцы (Ён такі добры). У форме ніякага роду субстантываваны займеннік такі можа мець значэнне ’нешта асаблівае’ (Што ж тут такога?).

Азначальныя займеннікі

§ 225. Азначальныя займеннікі ўвесь, усякі, сам, самы, кожны, іншы, любы маюць абагульнена-якаснае ці выдзяляльнае значэнне: Зямля мая! На кожным кіламетры — журба і боль гранёных абеліскаў... (Н. Мацяш); Людзі хочуць, каб званні і славу не давалі нікому дарма... Людзі маюць на гэта права, ім дала яго праўда сама (Г. Бураўкін); У самім тоне яго просьбы гучаў боль чалавечай душы (Я. Колас); Кожны год аздобай новай здзіўляе яблыня людзей (П. Панчанка); Над нівай вясёлыя птушкі іншыя песні запелі (Я. Купала); Кожны пісьменнік, якія б ён ні стварыў эпапеі, паэмы, драмы, апавяданні, вершы, усё жыццё піша адну-адзіную кнігу, у якой гаворыць чытачу сваё, толькі сваё запаветнае слова (Я. Брыль).

Граматычна азначальныя займеннікі характарызуюцца наяўнасцю форм роду, ліку і склону.

Азначальныя займеннікі самы і сам збліжаюцца агульнай марфалагічнай структурай: яны нагадваюць сабой членную (поўную) і нячленную (кароткую) форму з адной і той жа невытворнай асновай.

Паводле ж асаблівасцей значэння і ўжывання займеннікі самы і сам адрозніваюцца паміж сабой.

Асноўнае прызначэнне займенніка сам (сама, само, самі) — указваць на асобу ці прадмет, якія ўтвараюць дзеянне самастойна, без чыёй-небудзь дапамогі ці ўдзелу: Працоўны сам закон тут піша і сам свой ладзіць дабрабыт (Я. Колас); Сам Пракоп пісаць не ўмее (Я. Колас); Але слёзы, гарачыя слёзы нянавісці і жалю, самі каціліся з яго вачэй (Я. Брыль).

У некаторых выпадках сам, сама, само па значэнню набліжаюцца да прыслоўяў (Вучань рашыў задачу сам) ці нават да часціцы (На занятках прысутнічаў сам дырэктар).

Займеннік самы мае выдзяляльна-ўзмацняльнае значэнне, ён указвае на крайнюю мяжу распаўсюджання дзеяння, з'явы або праяўлення якасці ў прасторы ці часе: Расправіў плечы, нібы волат, пад неба самае завод (П. Броўка); Ад самае раніцы рэспубліканцы маўчалі (Э. Самуйлёнак); Б'юцца ветры шалёныя люта, гнуцца дрэвы да самай зямлі (М. Машара); Над калгаснаю пасекай з самага рання распагодзіўся неба прастор сіняваты (М. Танк).

Займеннік самы ўжываецца для ўтварэння найвышэйшай ступені параўнання якасных прыметнікаў: самы дарагі, самы чалавечны, самы шчыры, самы разумны.

У спалучэнні на самай справе займеннік самы служыць для пацвярджэння пэўнай думкі, набываючы значэнне мадальнага слова.

Займеннік увесь (уся, усё, усе) мае значэнні паўнаты, зборнасці, цэласнасці: Ленінскі запавет абляцеў увесь свет (Прыказка); У нас усе бары і ельнікі — музеі славы несмяротнай (Н. Гілевіч); У парыве пяшчоты, спачування, што ў момант залілі яе ўсю, не помнячы нічога, ні аб чым не думаючы, нібы падхопленая хваляй, кінулася Ганна да Васіля (І. Мележ).

Займеннікі ўвесь, усё, усе могуць ужывацца без назоўніка, субстантывавацца: І хоць не ўсё паўторыцца на свеце, я веру ў гэты лес, я веру ў сад, дзе чысціню вясны нясуць суквецці праз кожны свой барвовы лістапад (А. Пысін); Вялікае нараджэнне вялікіх падзей захапіла ўсіх і ўсё (Ц. Гартны).

Форма ніякага роду займенніка ўсё можа ўжывацца ў значэнні ўзмацняльнай часціцы: Каса станавілася ўсё цяжэйшая, рукі наліваліся ўтомаю (І. Мележ); Прайшоў некаторы час, звер усё яшчэ быў жывы (Я. Маўр).

Усякі, кожны і любы — сінанімічныя паводле значэння. Яны выдзяляюць аднародныя прадметы з ліку многіх (кожны з нас, усякі з нас, любы з нас). Аднак гэтыя займеннікі маюць сэнсавыя адценні. Усякі выступае з больш агульным значэннем 'любы з многіх' ці са значэннем 'розны', 'разнастайны': Усякіх там жывёлін у тым садзе ёсць даволі (К. Крапіва); У сяле ўсякія чуткі, усякая гутарка, што вядзецца патайна, без усякіх сведак, скора робіцца агульнай абладай (Я. Колас).

Кожны выражае значэнне раздзельнасці, г. зн. абазначае 'любы з многіх паасобку': Прытоеная цішыня чутка вартавала кожны гук, кожны нясмелы шолах (Я. Колас); Кожнае слова было ўзважана і біла па сэрцы цяжкім абухам (Я. Колас); Я — у кожным пажары, я — полымя брат, я — у кожным удары жалезных лапат (М. Танк).

Займеннік кожны ўжываецца пераважна ў адзіночным ліку; форму множнага ліку гэты займеннік набывае тады, калі абазначае перыядычнасць якіх-небудзь з'яў або роўныя інтэрвалы паміж прадметамі (кожныя суткі, кожныя шэсць кіламетраў), а таксама пры ўказанні на пэўную колькасць (кожныя сем чалавек).

Займеннік усякі свабодна выкарыстоўваецца ў множным ліку, асабліва калі ўказвае на розныя (ці разнастайныя) прадметы, з'явы, працэсы: усякія думкі, усякія галасы, усякія здарэнні.

Пытальныя займеннікі

§ 226. Пытальныя займеннікі хто?, што?, які?, каторы?, чый?, колькі? выражаюць імкненне таго, хто гаворыць, высветліць што-небудзь невядомае; катэгорыя пытальнасці, акрамя займеннікаў, выражаецца пры дапамозе інтанацыі і часціц (ці, няўжо, хіба). Пытальныя займеннікі служаць для выражэння запытання пра асобу, прадмет (хто? што?), прымету (які?), прыналежнасць (чый?), парадак прадметаў пры лічэнні (каторы?), колькасць (колькі?): Хто сказаў — вада без паху, хто сказаў — вада без смаку? Той, відаць, не смяг у спёку і ад смагі ў суш не млеў (Я. Сіпакоў); Што гэта звініць, Хатынь? Што значаць яны, твае званы? (А. Вярцінскі); У чыёй жа хаце песні не змаўкаюць? (Я. Купала); Якая цяпер гадзіна? (М. Лынькоў); Колькі табе год?; — Каторы агрэгат пойдзе першы? (І. Дуброўскі).

Займеннікі хто?, што? (і вытворныя ад іх) не змяняюцца па ліках і патрабуюць пастаноўкі залежных слоў у адзіночным ліку, пры гэтым з хто ў мужчынскім родзе, з што — у ніякім: Хто даў табе на гэта права? Што прымусіла цябе так зрабіць?

Састаўны выказнік са звязкай быць можа быць дапасаваны да гэтых слоў і ў множным ліку (Хто былі першыя людзі на зямлі?).

Займеннікі які?, чый?, каторы? маюць формы роду, ліку і склону, як прыметнікі: Якую ты дэталь штампуеш? (К. Крапіва); Чыя гэта пасада? Хто тут жыве? — запытаў настаўнік (Я. Колас); Ліпавец. Гляньце, яшчэ адзін ідзе. Каторы гэта? Мелех. Ні то чацвёрты, ні то пяты (П. Глебка).

Займеннік які мае больш шырокія межы спалучальнасці з іншымі словамі, чым каторы. Практычна які ўжываецца з любым прадметным словам, а каторы — з даволі абмежаванай колькасцю слоў (звычайна яны абазначаюць адрэзкі часу, напрыклад: Каторы ўжо год, як ты не быў дома? Каторы год сыну?). Калі ж трэба запытаць пра год нараджэння ці смерці, выкарыстоўваюць займеннік які: У якім годзе нарадзіўся Кандрат Крапіва? У якім годзе памёр Купала?

Адносныя займеннікі

§ 227. Адносныя займеннікі хто, што, які, каторы, чый указваюць на аднесенасць даданага сказа да пэўнага слова галоўнага сказа: Вораг мне, хто атамнаю бомбай хоча ўсё жывое разбурыць (П. Броўка); Дзень наш сённяшні — прасторы, зорны шлях прасторнай былі, тая казка, аб каторай людзі толькі цьмяна снілі (Я. Колас); Я не імкнуся тых дагнаць, чый недалёкі шлях у моры (М. Танк); Балотам снежным праз сасоннік, які смаловым пахам вабіць, прастор балот зімою соннай люблю санямі разухабіць (М. Чарот); Не ўсё аднолькавага крою, што намі створана ў жыцці (А. Звонак).

Адносныя займеннікі знешне супадаюць з пытальнымі і гістарычна паходзяць ад іх. Яны характарызуюцца тымі ж граматычнымі асаблівасцямі, што і пытальныя. У структуры даданага сказа адносныя займеннікі выступаюць у якасці яго членаў — як галоўных, так і даданых: Ты ўся цяпер перада мною, мая Радзіма, што праклала шлях да міру, да свабоды і да зор (А. Зарыцкі); Чалавек, які згубіў сумленне, у вачах людзей — не чалавек (Я. Непачаловіч); У садах, што летась пасадзілі, буйна спеюць белыя налівы (А. Бачыла); Хто сэрцам маладым вясну не стрэне, не ўмеў дагэтуль той вясною даражыць (У. Хадыка); Бясследна не знікаюць тыя людзі, што усё жыццё на поўны рост ідуць (С. Грахоўскі); Алесь хадзіў каля крынічкі, што з лесу тут жа выцякала і дужкай хату агібала (Я. Колас); ... Я асабліва з вялікай радасцю пакідаў еўрапейскія сталіцы, каб хутчэй убачыць сваю Савецкую краіну, якая мае ўсе магчымасці ісці ўпэўненым, цвёрдым крокам уперад і перад якой расчынены ясныя далі сапраўднага чалавечага шчасця і радасці (Я. Колас); Які госць, такое і частаванне. Якая птушка, такое і гнядзечка (Прыказкі); Тады ён думаў зусім расквітацца з усімі гэтымі справамі і зноў стаць тым, кім быў змалку (К. Чорны).

Адносны займеннік каторы ў адрозненне ад пытальнага не ўказвае на парадак прадметаў, ён суадносіць змест залежнай часткі складанага сказа з пэўным словам галоўнай часткі, указваючы на асобу ці прадмет: Яны (ворагі) не пяройдуць мяжы, на каторай сурова паўстане Мадрыд (Я. Колас); Цякла тут з лесу невялічка травой заросшая крынічка, абодва берагі каторай лазняк, ракітнік абступалі (Я. Колас).

Сярод адносных займеннікаў ёсць сінанімічная пара каторы — які; апошні ўносіць у даданую частку складанага сказа дадатковае адценне параўнання: Мы радуемся поспехам, каторых дасягнуў наш народ. — Мы радуемся поспехам, якіх дасягнуў наш народ.

Адмоўныя займеннікі

§ 228. Адмоўныя займеннікі ніхто, нішто, ніякі, нічый, некага, нечага ўказваюць на поўную адсутнасць прадмета як суб’екта ці аб’екта дзеяння (Ніхто не верыць; Нікога не хвалюе), якасці або прыметы прадмета (У яе няма ніякага пачуцця меры).

Адмоўныя займеннікі ўтварыліся ад пытальных пры дапамозе прыстаўкі ні-. Ужываюцца яны ў адмоўных сказах, у якіх пры выказніку ёсць часціца не або слова няма: Навідны не цешыў сябе ніякімі ілюзіямі (Я. Колас); Ніякая іншая птушка, нават праслаўлены салавей, не можа параўнацца ў спевах з лясным жаваранкам (Я. Колас); Ніякай няма пераправы! (Я. Колас); А для салдат, чые навек закрыты вейкі, няма ўжо дат, ніякіх дат (П. Панчанка); Ніхто з нас не мае права ды і не зможа стварыць для сябе нейкі ціхі аазіс, нейкае сховішча, куды не прыйдуць трывогі часу. Ніхто не мае права хавацца ад абавязку барацьбы са злом (Я. Брыль).

Субстантываваныя займеннікі ніхто і нішто выступаюць адпаведна ў значэннях: ’нікчэмны чалавек’ і ’нязначная рэч’ (Ён для іх ніхто; У параўнанні з жыццём гэта было нішто).

Займеннікі некага, нечага не маюць формы назоўнага склону. Сфера іх ужывання — аднасастаўныя сказы з інфінітывам у ролі галоўнага члена: І некага ёй выпраўляці, і некага ёй сустракаці, адно — галасіць засталося і ў горы няўгойным гарэць (П. Панчанка); Жыць весела, ды есці нечага (Прыказка).

Такія займеннікі не характэрны для беларускай мовы. Ёй больш уласцівыя спалучэнні няма каго, няма чаго.

Няпэўныя займеннікі

§ 229. Няпэўныя займеннікі нехта, нешта, хто-небудзь, што-небудзь, нейкі, чый-небудзь, некаторы і іншыя ўказваюць на невядомыя асобы, прадметы, няпэўныя прыметы: Рабіць штосьці добрае таму, хто ўжо ніколі табе не падзякуе, — гэта і сумна, і радасна па-асабліваму (Я. Брыль); Можа, свет і любім мы за тое, што ў стрыечнай блізкасці жывём. Штосьці свойскае і штось людское ў гэтых дрэў, камення і жывёл (А. Пысін); Няясныя вобразы ўсплывалі самі сабою, аб чымсьці казалі і клікалі невядома куды, а на сэрцы аставалася адчуванне ўтраты чагось далёкага, чаго ўжо не вернеш ніколі (Я. Колас).

Значэнне няпэўных займеннікаў не раскрываецца, не канкрэтызуецца ў кантэксце. Няпэўныя займеннікі вызначаюцца разнастайнасцю сінанімічных адносін: нехта, хто-небудзь; нешта, што-небудзь; нейкі, некаторы.

Адны з іх выступаюць у якасці азначэнняў пры прадметных назоўніках (нейкі чалавек, некаторыя таварышы), другія — абазначаюць саміх асоб ці прадметы (Нехта мудра сказаў; Нешта мяне непакоіць).

Няпэўныя займеннікі нехта, нейкі, ужытыя пры назве асобы, могуць уносіць у сказ адценне непавагі ці абыякавасці: Тут у нас ёсць нехта Шаблюк... старэйшы настаўнік (І. Шамякін); Ён, напэўна, і не ведае, што ў горадзе пражывае нейкі Чарскі (К. Крапіва).

Няпэўныя займеннікі ўтвараюцца ад пытальна-адносных пры дапамозе прыставак не-, абы- і постфіксаў -сьці, -небудзь: хтосьці, штосьці, чыйсьці, якісьці, хто-небудзь, што-небудзь, які-небудзь, абы-хто, абы-што, абы-які, абы-чый.

Займеннікі з постфіксам -небудзь адрозніваюцца ад займеннікаў з постфіксам -сьці тым, што да значэння няпэўнасці ў першых далучаецца адценне выдзялення: Сцяпан заўсёды шукаў што-небудзь незвычайнае ў жыцці (М. Гарэцкі); Падарожнікі выбіралі якую-небудзь прыдатную мясціну і спыняліся на адпачынак (М. Зарэцкі); Вецер сухі ў траве штосьці шукае (М. Калачынскі); З лесу даносяцца якіясьці таемныя гукі (К. Чорны).

Указанне на няпэўнасць асобы ў займенніках з прыстаўкай абы- нярэдка можа спалучацца з адмоўнай характарыстыкай гэтай асобы ці прадмета: Яна гаварыла неяк разгублена, абы-што (Я. Брыль); Цяпер трэба было як-небудзь павініцца перад людзьмі, паказаць, што яна не абы-хто, што яна шануе сваю славу, людзей і людскія звычаі (І. Мележ).

Да няпэўных адносяцца таксама складаныя займеннікі сёй-той, сякі-такі, хто-ніхто, што-нішто, спалучэнні тыпу не хто іншы, як; не што іншае, як і пад.: Пра сёе-тое мы ўжо чулі (З. Бядуля); Хто-ніхто ўжо працаваў на полі (К. Чорны); Людзі прыслухоўваліся і, відаць, што-нішто ўхапілі з нашай размовы (А. Асіпенка); Трэба навесці сякі-такі парадак (Я. Колас).

Спалучэнні не хто іншы, як; не што іншае, як і падобныя паводле значэння і ўжывання адрозніваюцца ад астатніх няпэўных займеннікаў тым, што яны звычайна канкрэтызуюцца ў кантэксце: Гэта мог зрабіць не хто іншы, як вы; Гэта было не што іншае, як здрада.

У размоўным стылі ў функцыі няпэўных могуць быць выкарыстаны пытальныя займеннікі хто, што, які, колькі, калі яны не выражаюць пытання: Калі хто пацікавіцца, адкажыце, што ўсё добра; Спатрэбіцца што — звяртайцеся да мяне; Колькі часу прайшло, невядома.

Скланенне займеннікаў

§ 230. Асабовыя займеннікі я, мы, ты, вы пры скланенні маюць суплетыўныя асновы ва ўскосных склонах. Аналагічна займенніку ты скланяецца зваротны займеннік сябе.

Н.ямытывы—
Р.мяненасцябевассябе
Д.мненамтабевамсабе
В.мяненасцябевассябе
Т.мной (-ою)намітабой (-ою)вамісабой (-ою)
М.(аба) мне(аб) настабевассабе

Займеннікі мы, вы ў родным, вінавальным і месным склонах маюць своеасаблівы канчатак -ас: н-ас, в-ас.

У творным склоне адзіночнага ліку займеннікі я, ты, сябе ўжываюцца з варыянтнымі канчаткамі: мной і мною, табой і табою, сабой і сабою.

Асабова-ўказальныя займеннікі ён, яна, яно, яны пры скланенні таксама маюць суплетыўныя асновы для ўскосных склонаў.

Адзіночны лікМножны лік
Мужчынскі і ніякі родЖаночы род
Н.ён яноянаяны
Р.ягояеіх
Д.ямуёйім
В.ягояеіх
Т.імёй (ёю)імі
М.(аб) імёйіх

Асновай ускосных склонаў гэтых займеннікаў з’яўляецца адзін гук -j: ён — j-аго, j-аму; яна — j-яе, j-ой; я-но — j-аго, j-аму; яны — j-іх, j-ім.

Займеннікі ўказальныя (гэты, той, такі), прыналежныя (мой, твой, свой, наш, ваш), азначальныя (кожны, іншы, усякі), пытальныя і адносныя (які, каторы) і ўтвораныя ад іх адмоўныя і няпэўныя скланяюцца падобна прыметнікам з цвёрдай, мяккай асновай ці з асновай на г, к, х тыпу цвёрды, сіні, дарагі.

Адзіночны лік. Мужчынскі і ніякі род
Н.гэты гэтамой маёусякі усякаеякі якое
Р.гэтагамайгоусякагаякога
Д.гэтамумаймуусякамуякому
В.як Н. ці Р.
Т.гэтыммаімусякімякім
М.(аб) гэтыммаімусякімякім
Жаночы род
Н.гэтамаяусякаяякая
Р.гэтай (-ае)маёй (мае)усякай (-ае)якой
Д.гэтаймаёйусякайякой
В.гэту (-ую)маюусякуюякую
Т.гэтай (-аю)маёй (-ёю)усякай (-аю)якой (-ою)
М.(аб) гэтаймаёйусякайякой
Множны лік
Н.гэтыямаеусякіяякія
Р.гэтыхмаіхусякіхякіх
Д.гэтыммаімусякімякім
В.як Н. або Р.
Т.гэтымімаіміусякіміякімі
М.(аб) гэтыхмаіхусякіхякіх

Агульнай асаблівасцю скланення займеннікаў мой, твой свой, наш, ваш, чый, той увесь з’яўляецца тое, што канчаткі поўных прыметнікаў яны маюць толькі ва ўскосных склонах: майго, нашага, усяго; майму, нашаму, усяму; маім, нашым, усім.

Займеннікі такі, гэты, які, ніякі, каторы, кожны, усякі паводле скланення поўнасцю супадаюць з прыметнікамі, г. зн. маюць аднолькавыя з імі канчаткі ва ўсіх склонах (і ва ўскосных, і ў назоўным): такі, кожны; такога, кожнага; такому, кожнаму; такім, кожным.

Займеннікі жаночага роду мая, твая, свая, наша, ваша, гэта, тая, такая, кожная, ніякая ў родным склоне адзіночнага ліку побач з асноўнай формай маёй, тваёй, сваёй і пад. маюць менш ужывальную форму мае, твае, свае, кожнае, ніякае і інш., якая сустракаецца пераважна ў мастацкіх творах: Сцёмка тут вылажыў праграму свае работы (Я. Колас); Не сцярпеў Кандрат такое крыўды (Я. Колас); На варце нашае краіны стаялі дружна верныя сыны (П. Глебка).

У творным склоне займеннікі жаночага роду ўжываюцца з варыянтнымі канчаткамі: -ой і -ою, -ёй і -ёю, -ай і -аю (такой — такою, сваёй — сваёю, гэтай — гэтаю).

Трэба адрозніваць скланенне азначальных займеннікаў самы, сам. Самы скланяецца па тыпу прыметнікаў з цвёрдай асновай, прычым націск захоўваецца на аснове, сам скланяецца падобна прыметнікам з асновай на г, к, х (націск ва ўсіх формах на канчатку). У назоўным склоне адзіночнага і множнага ліку сам мае іменныя формы (сам, сама, само, самі), у астатніх — займенныя.

Мужчынскі і ніякі родЖаночы родМножны лік
Н.сам самосамасамі
Р.самогасамойсаміх
Д.самомусамойсамім
В.самога самосамую (-у)як Н. або Р.
Т.самімсамой (-ою)самімі
М.(аб) самімсамойсаміх
Н.самы самаесамаясамыя
Р.самагасамай (-ае)самых
Д.самамусамайсамым
В.як Н. або Р.самуюяк Н. або Р.
Т.самымсамай (-аю)самымі
М.(аб) самымсамайсамых

Займеннік жаночага роду сама ў вінавальным і творным склонах мае дзве формы: самую і саму, самой і самою; варыянтныя формы ў родным і творным склонах мае займеннік самая — самай і самае; самай і самаю.

Пытальна-адносныя займеннікі хто, што, няпэўныя займеннікі нехта, нешта і адмоўныя займеннікі ніхто, нішто скланяюцца, як указальны займеннік той. Гэтыя займеннікі маюць суплетыўныя формы.

Н.хтоштонехтанештаніхтонішто
Р.кагочагонекаганечаганікоганічога
Д.камучамунекамунечамунікомунічому
В.кагоштонекаганештанікоганішто
Т.кімчымнекімнечымнікімнічым
М.(аб) кімчымнекімнечымні аб кімні аб чым

У адмоўных займенніках ніхто, нішто пры скланенні націск падае на першы галосны канчатка: ніко́га, нічо́га, ніко́му, нічо́му; параўн.: каго́, чаго́, каму́, чаму́.

Калі пры адмоўных займенніках ва ўскосных склонах ужываецца прыназоўнік, ён ставіцца пасля адмоўнай часціцы ні, прычым націск у займенніках тады можа падаць на розныя склады: ні на ко́га, і ні на каго́, ні да чо́га і ні да чаго́, ні за я́кія грошы і ні за які́я грошы. Для літаратурнай мовы больш характэрныя формы тыпу ні за ко́га, ні да чо́га, ні за я́кія.

Няпэўныя займеннікі хтосьці, штосьці, якісьці, чыйсьці, хто-небудзь, што-небудзь, які-небудзь, чый-небудзь, абы-хто, абы-што, абы-які, абы-чый скланяюцца, як пытальна-адносныя займеннікі хто, што, які, чый.

Няпэўныя займеннікі сёй-той, такі-сякі скланяюцца, як указальныя займеннікі, а няпэўныя займеннікі хто-ніхто, што-нішто, які-ніякі, чый-нічый — як адпаведныя пытальна-адносныя і адмоўныя займеннікі. Пры скланенні змяняюцца абедзве часткі гэтых займеннікаў.

Ва ўскосных склонах пытальных, а таксама адмоўных займеннікаў з прыстаўкай ні-, няпэўных займеннікаў з прыстаўкай не- і постфіксам -небудзь выдзяляюцца асновы к-, ч- і канчаткі, падобныя на канчаткі поўных прыметнікаў мужчынскага роду ў адзіночным ліку: каго, нікога, некага, каго-небудзь; каму, нікому, некаму, каму-небудзь; кім, нікім, некім, кім-небудзь.

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел