Артефакт.lib.ru
Сайт Андрея Пискунова Хостинг Lib.Ru

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел

Дзеяслоў: граматычныя катэгорыі

§§ 231–268

Дзеяслоў

Агульная характарыстыка

§ 231. Дзеяслоў — часціна мовы, якая абазначае дзеянне або стан і выражае іх у марфалагічных катэгорыях трывання, стану, пераходнасці — непераходнасці, зваротнасці — незваротнасці, ладу, часу і асобы. Дзеяслоў мае таксама катэгорыю ліку, а ў прошлым часе і ва ўмоўным ладзе — катэгорыю роду.

У сучаснай беларускай мове дзеяслоў мае два класы форм: спрагальныя формы і неспрагальныя формы. Спрагальнымі з'яўляюцца асабовыя формы, якія змяняюцца па асобах, часах, ладах, ліках (а ў прошлым часе і ўмоўным ладзе — і па родах). Да неспрагальных форм адносяцца: неазначальная форма дзеяслова (інфінітыў), дзеепрыметнік, дзеепрыслоўе.

Асноўная сінтаксічная функцыя дзеяслова ў сказе — функцыя выказніка: Ранішні туман развеяўся, і ў блякла-сінім зімовым небе ззяла белае сонца (Я. Радкевіч); Спатрэбіўся нейкі час, каб зразумець, што ён [Судакоў] стаіць каля электрастанцыі перад цаглянымі збудаваннямі і што дзверы аднаго шырока расчынены (Я. Радкевіч). Дзеепрыметнік і інфінітыў могуць выступаць у ролі дзейніка, азначэння, дапаўнення, акалічнасці: І вось гэтым летам, калі ў галаве Лабановіча спелі розныя праекты палепшыць людское жыццё, падняў ён раз пытанне аб грэблі сярод настаўнікаў свайго сяла (Я. Колас); Любіць Сцяпан пасядзець на прызбе, пасмактаць люльку (К. Крапіва); Як выцягнутае срэбнае вужышча з дзесяткамі, сотнямі, тысячамі прыгожа акругленых кален-нартоў, павіваецца, бы пасмейваецца на сонцы, стары наравісты Нёман у высокіх берагах, атуленых лозамі і пахучымі травамі-зеллем (Я. Колас).

Інфінітыў

§ 232. Інфінітыў (неазначальная форма дзеяслова) толькі называе дзеянне або стан прадмета, асобы, але не ўказвае на дзеючую асобу. Як і ўсе дзеяслоўныя формы, інфінітыў мае катэгорыю трывання і стану (мыць — памыць — памыцца), але не змяняецца па асобах і ліках, не мае форм ладу і часу. Інфінітыў мае спецыяльныя суфіксы -ць, -ці і -чы, якія звычайна далучаюцца да асновы прошлага часу.

Пераважная большасць дзеясловаў мае суфікс -ць, які далучаецца да асновы на галосны: пісаць, трымаць, калоць, даганяць, бялець, ляцець, стукнуць, мыць, саліць і г. д. Гэта прадуктыўны суфікс, толькі пры яго дапамозе ўтвараюцца новыя дзеясловы: глісіраваць ’слізгаць па вадзе’, катапультаваць, перакадзіраваць, перапраграміраваць, расстыкавацца, стыкавацца, судзействаваць, транспланціраваць і інш.

Непрадуктыўны суфікс -ці далучаецца да асновы, якая заканчваецца зычным гукам. Такіх дзеясловаў у беларускай мове мала: везці, вярзці, грызці, грэбці, дзерці, дзяўбці, жэрці, лезці, мерці, несці, паўзці, перці, распасцерці, расці, раўці, сапці, скрэбці, скубці, трэсці, храпці, церці, чаўпці і вытворныя ад іх.

Заўвага 1. У вершах для захавання рыфмы або рытму дапускаецца ўжыванне некаторых дзеясловаў на -ці, якія маюць націск на корані, з суфіксам -ць (несць, везць, лезць і некаторыя іншыя): А хто гэта іх, не адзін мільён, крыўду несць наўчыў, разбудзіў іх сон? (Я. Купала). І наадварот, інфінітывы з асновай на галосны могуць мець суфікс -ці (трымаці, ткаці, браці, хадзіці і інш.): Бегла поле і другое, узбегла і на трэце, ды ўжо сілы не хапае далей так ляцеці (Я. Купала); Шоўку, золата, атласу браці, колькі хваце, кутасамі залатымі труну абчапаці (Там жа); Сяду я і буду ткаці на новенькім на варштаце (А. Гурло); Будзіць свёкар і свякруха-маці, будзіць залувіца,— за гару ў студзёную крыніцу на дасвецці чысту ваду браці (В. Вітка). Але прыведзеныя вышэй формы інфінітыва ў сучаснай беларускай літаратурнай мове (не паэтычнай) лічацца парушэннем нормы.

Заўвага 2. У дзеясловах брысці, весці, гнесці, гусці, класці, красці, месці, пасці, плесці, прасці, сесці, цвісці с паявіўся ў выніку гістарычных чаргаванняў зубных зычных д і т асновы перад суфіксам -ці (класці — клад-ці, параўн. клад-у; весці — вед-ці, параўн. вяд-у; месці — мет-ці, параўн. мят-у). У гэтых дзеясловах з пункту погляду сучаснай мовы можна выдзяляць суфікс -сці. Таму па аналогіі з формамі тыпу месці, прасці паяўляюцца формы на -сці ад дзеясловаў з асновай на іншыя зычныя: грабсці, дзяўбсці, раўсці, сапсці, скрабсці, скубсці, чаўпсці, храпсці: Улез аднойчы злодзей у камору — і ну грабсці без сораму й разбору ўсё, што трапіць пад руку (У. Корбан); Цяплынь дзяўбсці на лёдзе пачала адлітымі са срэбра малаткамі (М. Калачынскі).

Аднак ужыванне гэтых дзеясловаў з суфіксам -сці ў інфінітыве з’яўляецца адступленнем ад літаратурнай нормы.

Літаратурнай нормай дапускаецца толькі ўжыванне варыянтных форм інфінітыва плысці і плыць, гнісці і гніць. Абодва варыянты засведчаны ў мове мастацкай літаратуры: Усё роўна трэба будзе плысці да берагу (Полымя, 1972); Плысці па канале (Б. Сачанка); Можна плыць і плыць (Маладосць, 1972); І вось прыйшло збаўленне. Досыць гнісці ў зямлі сырой (Л. Дайнека); Бярвенне пачало ўжо гніць, кара пакрылася зялёным мохам (Я. Бяспалы). Але перавага аддаецца формам плысці, гнісці.

Суфікс -чы, які ўзнік у выніку фанетычных змен канцавых зычных г, к асновы перад суфіксам інфінітыва -ти, мае невялікая колькасць дзеясловаў: бегчы, берагчы, валачы, легчы, магчы, прэгчы, пячы, секчы (сячы), стрыгчы, сцерагчы, таўчы, урачы, цячы.

У дзеясловах з асновай на заднеязычны к суфікс -чы, як правіла, пад націскам. Толькі форма секчы, якая ўжываецца побач з сячы, захоўвае перад суфіксам зычны к і націск перамяшчаецца на корань. Формы ж тыпу пекчы, цекчы, якія часам сустракаюцца ў пісьмовай практыцы і ў гутарковай мове, з’яўляюцца парушэннем літаратурнай нормы. Напрыклад: Практыканты вучыліся пекчы хлеб (Вячэрні Мінск, 1969).

Марфалагічныя катэгорыі дзеяслова

Катэгорыя трывання

§ 233. Дзеянне, працэс, якія абазначаны дзеясловам, могуць быць абмежаваны пачаткам, канцом, вынікам або не мець такога абмежавання. Дзеясловы, у якіх заключана ўказанне на абмежаванне дзеяння, яго вынік, прынята называць дзеясловамі закончанага трывання: прачытаць, прыйсці, стукнуць, насыпаць. Дзеясловы, якія не маюць указання на вынік дзеяння, закончанасць, мяжу, а толькі абазначаюць працягласць, працяканне, паўтаральнасць дзеяння, называюцца дзеясловамі незакончанага трывання: хадзіць, размахваць, ехаць, адкрываць, пастукваць і пад.

У залежнасці ад трывання дзеясловы маюць розныя па складу парадыгмы: дзеясловы закончанага трывання — формы будучага простага часу і дзеепрыметнікі прошлага часу; дзеясловы незакончанага трывання — формы цяперашняга і будучага складанага часу і дзеепрыметнікі цяперашняга і прошлага часу:

прачытацьпрачытаю
прачытаўшы
прачытаны

чытацьчытаю
буду чытаць
чытаючы
чытаемы
чытаўшы

§ 234. Дзеясловы закончанага і незакончанага трывання, лексічнае значэнне якіх супадае, утвараюць трывальныя пары. Такія дзеясловы адрозніваюцца толькі граматычна, г. зн. дэрывацыйныя (утваральныя) сродкі змяняюць толькі граматычнае, трывальнае значэнне дзеяслова, не закранаючы яго лексічнага значэння: аддаваць — аддаць, рашаць — рашыць, пісаць — напісаць, мыць — вымыць, паласкаць — выпаласкаць, вячэраць — павячэраць, чытаць — прачытаць, спісваць — спісаць і г. д.

Заўвага. Адзначаюцца выпадкі, калі дзеясловы закончанага і незакончанага трывання трывальных пар не складаюць, паколькі іх лексічнае значэнне неідэнтычнае: чытаць — перачытаць ’прачытаць яшчэ раз’, ’прачытаць усё’; пісаць — распісаць ’перанесці на карткі, лісты’, ’размаляваць’, ’расказаць аб чым-небудзь’; трымаць — вытрымаць ’перанесці выпрабаванне’.

Спосабы ўтварэння трывальных пар

§ 235. Найбольш частым сродкам утварэння трывальных пар з'яўляюцца прыстаўкі і суфіксы. Дзеясловы закончанага трывання ўтвараюцца ад беспрыставачных дзеясловаў пры дапамозе прыставак і ў некаторых выпадках пры дапамозе суфікса -ну-. Дзеясловы незакончанага трывання ўтвараюцца ад прыставачных дзеясловаў пры дапамозе суфіксаў. Невялікая колькасць дзеясловаў трывальныя пары ўтварае шляхам чаргавання галосных або зычных гукаў у корані, шляхам пераходу націску, ад суплетыўных асноў.

§ 236. У беларускай мове пры дапамозе прыставак а- (аб-), ад-, з- (с-, са-), за-, вы-, на-, па-, пад-, пера-, пра-, пры-, раз-, у-, уз- утвараюцца дзеясловы закончанага трывання ад дзеясловаў незакончанага трывання. Адны прыстаўкі з’яўляюцца прадуктыўнымі (а-, аб-, ад-, з-, с-, са-, на-, па-), іншыя могуць утвараць трывальную пару толькі ад абмежаванай колькасці дзеясловаў (за-, вы-, пра-, раз-, у-, уз-, пры-, пера-, пад-). Напрыклад: пусцець — апусцець, слепнуць — аслепнуць, сядлаць — асядлаць, рваць — адарваць, рэзаць — адрэзаць, цвісці — адцвісці, варыць — зварыць, касіць — скасіць, млець — самлець, таўчы — стаўчы, хаваць — схаваць, крухмаліць — накрухмаліць, маляваць — намаляваць, церці — нацерці, вастрыць — павастрыць, даіць — падаіць, радаваць — парадаваць, сівець — пасівець, стагнаць — застагнаць, мыць — вымыць, рваць — вырваць, дыктаваць — прадыктаваць, сігналіць — прасігналіць, спяваць — праспяваць, чытаць — прачытаць, нумараваць — пранумараваць, будзіць — разбудзіць, дзяліць — раздзяліць, дробіць — раздрабіць, трывожыць — растрывожыць, вязнуць — увязнуць, камплектаваць — укамплектаваць, парадкаваць — упарадкаваць, пільнаваць — упільнаваць, несці — прынесці, зімаваць — перазімаваць.

§ 237. Пры дапамозе суфіксаў утвараюцца дзеясловы закончанага трывання ад дзеясловаў незакончанага трывання і дзеясловы незакончанага трывання ад прыставачных дзеясловаў закончанага трывання.

1. Ад дзеясловаў незакончанага трывання з суфіксам -а- ўтвараюцца дзеясловы закончанага трывання пры дапамозе суфікса -ну-, які часта надае дзеясловам значэнне аднакратнасці дзеяння, яго імгненнасці: булькаць — булькнуць, грукаць — грукнуць, дзьмухаць — дзьмухнуць, калупаць — калупнуць, ківаць — кіўнуць, крычаць — крыкнуць, лізаць — лізнуць, маргаць — маргнуць, махаць — махнуць, ныраць — нырнуць, рэзаць — рэзнуць, стукаць — стукнуць, фыркаць — фыркнуць, чмыхаць — чмыхнуць, яўкаць — яўкнуць. А таксама калоць — кальнуць, паліць — пальнуць, пароць — парнуць.

У некаторых дзеясловах у злучэннях ск, зг, ст, рт, пт другі зычны перад суфіксам -ну- выпадае, напрыклад: бліскаць — бліснуць, лускаць — луснуць, пляскаць — пляснуць, бразгаць — бразнуць, свістаць — свіснуць, звяртаць — звярнуць, шаптаць — шапнуць.

У частцы дзеясловаў закончанага трывання з суфіксам -ну-, утвораных ад прыставачных дзеясловаў незакончанага трывання з суфіксам -а-, якія абазначаюць стан прадмета, значэнне аднакратнасці, імгненнасці дзеяння адсутнічае: адмакаць — адмокнуць, вымярзаць — вымерзнуць, высыхаць — высахнуць, задыхацца — задыхнуцца, навісаць — навіснуць, наліпаць — наліпнуць, пракісаць — пракіснуць, раскісаць — раскіснуць і г. д.

У некаторых дзеясловах замест суфікса -ну- ўжываецца яго варыянт -ану- (-яну-), які надае дзеясловам адценне хуткага, энергічнага дзеяння: сцёбнуць — сцебануць, куснуць — кусануць, хапнуць — хапануць, дрыгнуць — дрыгануць, сыпнуць — сыпануць, скокнуць — скакануць і інш.

Для часткі дзеясловаў утварэнні з суфіксам -ану- (-яну-) з'яўляюцца адзіна магчымымі: сігаць — сігануць, сказаць — сказануць (прастам.), скрабаць — скрабануць, слізгаць — слізгануць, таўхаць — таўхануць, чыркаць — чыркануць, чэрпаць — чарпануць, шыбаць — шыбануць і інш.

Па аналогіі з такімі дзеясловамі суфіксы -ну-, -ану- (-яну-) паяўляюцца ў дзеясловах, якія ў інфінітыве не маюць суфікса -а-, напрыклад: грэбці — грабянуць, круціць — крутнуць, крутануць, лупіць — лупянуць, трэсці — трасянуць і інш.

2. Значная частка трывальных пар утвараецца шляхам чаргавання суфіксаў -і- (-ы-) і -я- (-а-): адступіць — адступаць, выдзеліць — выдзяляць, заўважыць — заўважаць, паскорыць — паскараць.

Суадносныя трывальныя пары ўтвараюць дзеясловы закончанага трывання на -чы, -ці і дзеясловы незакончанага трывання з суфіксам -а-: абсячы — абсякаць, адрачыся — адракацца, дапамагчы — дапамагаць, выцерці — выціраць, накласці — накладаць, растрэсці — растрасаць.

Суфікс -ва- выкарыстоўваецца для ўтварэння дзеясловаў незакончанага трывання ад прыставачных дзеясловаў:

а) з суфіксам -а-: абматаць — абмотваць, авалодаць — авалодваць, замазаць — замазваць, звязаць — звязваць, намуляць — намульваць, разрэзаць — разрэзваць, расказаць — расказваць і г. д.;

б) з суфіксам -і-(-ы-): адмарозіць — адмарожваць, высадзіць — высаджваць, заквасіць — заквашваць, запрасіць — запрошваць, наладзіць — наладжваць, падсініць — падсіньваць і г. д.;

в) з суфіксам -е-(-э-): пераадолець — пераадольваць, захварэць — захворваць і г. д.;

г) на -чы, -ці: накласці — накладваць, наскрэбці — наскрэбваць, наскубці — наскубваць;

д) на -аро-, -ало-: падпароць — падпорваць, дапалоць — даполваць, намалоць — намолваць;

е) з суфіксам -ну-, якія абазначаюць аднакратнае дзеянне: абмахнуцца — абмахвацца, выкінуць — выкідваць, выцягнуць — выцягваць, закінуць — закідваць, спаласнуць — спалоскваць і г. д.

Дзеясловы, якія ў закончаным трыванні перад суфіксамі -і-, -а- мелі j, захоўваюць яго і перад суфіксам -ва-: адкроіць — адкройваць, засеяць — засейваць, навеяць — навейваць, падвоіць — падвойваць, удастоіць — удастойваць.

Варыянт суфікса -ва- суфікс -іва- (-ыва-) выкарыстоўваецца пры ўтварэнні незакончанага трывання ад дзеясловаў:

а) на -і- (-ы-): адпіць — адпіваць, абвугліць — абвугліваць, вылавіць — вылоўліваць;

б) якія перад суфіксам -і- маюць губныя б, м, п, в, што чаргуюцца з бл, мл, пл, ўл: зарубіць — зарубліваць, прыгубіць — прыгубліваць, скарміць — скормліваць, абумовіць — абумоўліваць.

Пры дапамозе суфікса -оўва- ўтвараецца незакончанае трыванне ад невялікай колькасці прыставачных дзеясловаў на -а-: аб'яднаць — аб'ядноўваць, падслухаць — падслухоўваць, параўнаць — параўноўваць, выкарыстаць — выкарыстоўваць і інш.

Суфікс -ёўва-, які з'яўляецца таксама паказчыкам незакончанага трывання, прадстаўляе сабой кантамінацыю словаўтваральнага суфікса -яв- і трывальнага -ва-: абгабляваць — абгаблёўваць, абсталяваць — абсталёўваць, размаляваць — размалёўваць і г. д.

§ 238. Ад большасці дзеясловаў закончанага трывання формы незакончанага трывання ўтвараюцца пры дапамозе аднаго з вышэй пералічаных суфіксаў. Аднак ёсць выпадкі, калі ад аднаго і таго ж дзеяслова форма незакончанага трывання ўтвараецца пры дапамозе двух суфіксаў, напрыклад -а- і -ва- (-іва-, -ыва-) або -оўва:

абляпіцьабляпляць
аблепліваць
адшчапіцьадшчапляць
адшчэпліваць
аскрэбціаскрабаць
аскрэбваць
атрымацьатрымліваць
атрымоўваць
атрэсціатрасаць
атрэсваць
запрасіцьзапрашаць
запрошваць
накласцінакладаць
накладваць
падлічыцьпадлічаць
падлічваць
падслухацьпадслухваць
падслухоўваць

Формы незакончанага трывання з суфіксам -а- (-я-) лічацца кніжнымі, формы з суфіксамі -ва- (-іва, -ыва-), -оўва- пераважаюць у гутарковай мове.

У сучаснай беларускай літаратурнай мове назіраецца тэндэнцыя да пашырэння формы з суфіксам -ва-: Але егер па-ранейшаму звычна адмерваў крок за крокам (Родная прырода, 1974); І міжволі гледзячы на старажытную птушку, суцішваешся (Там жа); У сярэднім адзін легкавы аўтамабіль выкідвае за гадзіну каля трох кубічных метраў вугляроду (Там жа); Сам усеўся верхам на страсе і аскрэбвае, абівае гліну з цаглін (П. Місько); Нават калі хто з нас парушаў дысцыпліну ці не вывучваў урока, [настаўнікі] не спяшаліся караць, ставіць двойкі (Б. Сачанка).

Пры ўтварэнні форм незакончанага трывання пры дапамозе суфіксаў -а- (-я-), -ва- (-іва-, -ыва-), -оўва- (-ёўва-) у аснове дзеяслова можа адбывацца ўзнаўленне этымалагічных галосных е, э, о, якія аказваюцца пад націскам: выразаць — вырэзваць (параўн. рэзаць), вытрасці — вытрэсваць (параўн. трэсці), забяліць — забельваць (параўн. беліць, бель), залячыць — залечваць (параўн. лечыць), умяшацца — умешвацца (параўн. мешань). Этымалагічнае е пад націскам можа пераходзіць у ё: выхлебаць — выхлёбваць, выдзеўбаць — выдзёўбваць і інш.; абзваніць — абзвоньваць (параўн. звон, звоніць), абламаць — абломваць (параўн. ломіць), выканаць — выконваць (параўн. выконвае), падсаліць — падсольваць (параўн. соль, соліць) і інш.

У дзеясловах незакончанага трывання, якія ўтвораны ад дзеясловаў закончанага трывання з асновай на і, а таксама ад некаторых дзеясловаў з асновай на е, а, адбываюцца чаргаванні зычных:

дз — дж:
забрудзіць — забруджваць, загарадзіць — загароджваць, наладзіць — наладжваць, падгледзець — падгледжваць, прадугледзець — прадугледжваць;

с — ш:
выносіць — выношваць, выпрасіць — выпрошваць, замясіць — замешваць;

ц — ч:
завярцець — заверчваць, затраціць — затрачваць, расплаціцца — расплачвацца;

сц — шч:
вырасціць — вырошчваць, намасціць — намошчваць.

Губныя зычныя чаргуюцца са спалучэннямі ’губны + л’: атрымаць — атрымліваць, адтапіць — адтопліваць, улавіць — улоўліваць і г. д.

У некаторых дзеясловах са звязанай асновай адбываюцца чаргаванні -а- (-я-) і -ім- (-ым-) або -ін- (-ын-): падняць — паднімаць, разняць — разнімаць, абмяць — абмінаць, зажаць — зажынаць.

§ 239. Ёсць невялікая колькасць дзеясловаў, якія ўтвараюць трывальныя пары толькі шляхам чаргавання ў аснове.

Нуль гука чаргуецца з і, ы: адаслаць — адсылаць, забраць — забіраць, назваць — называць, падаслаць — падсцілаць, сабраць — сабіраць і інш.

Трывальныя пары могуць утварацца пры дапамозе пераходу націску: адкі́даць — адкіда́ць, адме́раць — адмяра́ць, вы́клікаць — выкліка́ць, вы́мераць — вымяра́ць, вы́разаць — выраза́ць, накі́даць — накіда́ць, раскі́даць — раскіда́ць, рассы́паць — рассыпа́ць.

Нязначная колькасць трывальных пар утвараецца суплетыўным шляхам: аблажыць — абкладваць, легчы — класціся, сказаць — гаварыць, узяць — браць, увайсці — уваходзіць, шукаць — знайсці.

Двухтрывальныя дзеясловы

§ 240. У частцы дзеясловаў трывальнае значэнне спецыяльнымі паказчыкамі не выражана. Такія дзеясловы могуць быць ужыты як у значэнні закончанага, так і ў значэнні незакончанага трывання. Гэта так званыя двухтрывальныя дзеясловы. У пераважнай большасці яны ўтвораны ад запазычаных асноў пры дапамозе суфіксаў -ава- (-ява-), -ізава- (-ызава-), -ірава-: адрасаваць, арандаваць, рапартаваць, сіласаваць, тытулаваць; актывізаваць, вітамінізаваць, вулканізаваць; гафрыраваць, матывіраваць, прэміраваць і шмат іншых, а таксама: абяцаць, азімізаваць, ваенізаваць, даследаваць, дараваць, даравацца, жаніць, прапанаваць, раніць і інш.

Значэнне закончанасці або незакончанасці дзеяння ўстанаўліваецца з кантэксту і пры дапамозе суседніх дзеясловаў, якія маюць фармальнае выражэнне трывання: Вы толькі канстатуеце факты, і то ледзь паспяваеце (У. Шахавец); Яе [эпідэмію] трэба спыніць, ліквідаваць (А. Маўзон); Давайце блакіруем гэтую Воўчую граду і зробім там усё, як належыць (М. Паслядовіч); У паўзмроку Мацуту цяжка было арыентавацца ў мясцовасці (В. Вольскі); Ведаеце, нядаўна нашу вуліцу асфальтавалі, дык ён цэлы дзень усё наглядаў (Р. Няхай); У пісьме было некалькі ўказанняў: не аслабляць работы на зімні час.., не заседжвацца залішне ў лясах, актывізаваць баявую работу (М. Лынькоў); Калгасы працягваюць спецыялізаваць свае сады на вытворчасці абрыкосаў (Звязда, 1959). Часам кантэкст не дае магчымасці вызначыць трыванне дзеяслова, тады трывальнае значэнне нейтралізуецца, напрыклад: Ніяк не рэагаваў ён на жарт (І. Шамякін); Чуткі аб дзейнасці партызан актывізавалі народ (Там жа); Кожны па-свойму рэагаваў на яго адважны ўчынак (З. Бядуля).

У спалучэнні з фазавымі дзеясловамі пачаць, кончыць, стаць разглядаемыя дзеясловы маюць толькі значэнне незакончанага трывання: пачну рэагаваць, пачаў авансаваць, кончыў авансаваць, стаў рэагаваць.

§ 241. Некаторыя двухтрывальныя дзеясловы могуць утвараць трывальную пару пры дапамозе 1) прыставак за-, з-, а-, ад-, пра- і некаторых іншых: арандаваць — заарандаваць, асфальтаваць — заасфальтаваць, блакіраваць — заблакіраваць, інфармаваць — праінфармаваць, камандзіраваць — адкамандзіраваць, ліквідаваць — зліквідаваць, характарызаваць — ахарактарызаваць і інш.; 2) суфіксаў: прапанаваць — прапаноўваць, рэалізаваць — рэалізоўваць.

Відаць, гэты працэс у жывой мове працягваецца, таму што ў пісьмовай мове адзначаны трывальныя пары дзеясловаў, якія ў Беларуска-рускім слоўніку (1962) і ў Тлумачальным слоўніку беларускай мовы падаюцца толькі як двухтрывальныя: Напэўна Арлоў не зразумеў гумару і ніяк не адрэагаваў (У. Федасеенка) — у БРС і ТСБМ рэагаваць зак. і незак.; сам ліквідоўваў непаладкі (П. Кавалёў); Будзем ліквідоўваць непісьменнасць, вывучаць тэхніку (Х. Жычка) — у БРС і ТСБМ ліквідаваць зак. і незак.; Узнімаўся народ, мабілізоўваў сябе на вырашэнне грандыёзных задач (Работніца і сялянка, 1969); Небяспека мабілізоўвала душэўныя сілы, прымушала дзейнічаць (У. Шыцік) — у БРС і ТСБМ мабілізаваць зак. і незак.

Аднатрывальныя дзеясловы

§ 242. Некаторыя дзеясловы не ўтвараюць трывальных пар, г. зн. існуюць дзеясловы толькі закончанага або толькі незакончанага трывання. Гэта залежыць або ад лексічнага значэння дзеясловаў, або ад іх структурных асаблівасцей. Такія дзеясловы называюцца аднатрывальнымі.

Дзеясловаў закончанага трывання, якія не маюць адпаведных дзеясловаў незакончанага трывання з тым жа лексічным значэннем, у беларускай мове нямнога. Значэнне закончанасці ў аднатрывальных дзеясловах звязана з часавай мяжой дзеяння, яго вынікам. Звычайна такія дзеясловы маюць значэнне імгненнага дзеяння ці працэсу і выключаюць паняцце працягласці, напрыклад: абнародаваць, адкаснуцца, грымнуць, спатрэбіцца, страпянуцца, расплакацца, рвануцца, рынуць, рынуцца, сурочыць, хлынуць і некаторыя іншыя.

Некаторыя дзеясловы маюць значэнне цэласнасці працэсу: нагуляцца, наглядзецца, пабегаць, павойкаць і інш.

Дзеясловы, якія абазначаюць пастаяннасць, бесперапыннасць дзеяння або маюць дадатковае значэнне шматкратнасці, перапынку ў дзеянні, бываюць толькі незакончанага трывання, напрыклад: дзейнічаць, залежаць, супрацоўнічаць, удзельнічаць, загадваць (кіраваць), недамагаць, нездаровіцца, адсутнічаць, пераважаць, падразумяваць, прадбачыць, прадчуваць, папярэднічаць, праследаваць, прысутнічаць, расходжваць, адпавядаць, спаборнічаць, каштаваць (мець цану), заляцацца, чаргавацца, ганарыцца, галадаць, дзічыцца, замінаць, аднеквацца, пагладжваць, пашчыпваць, падпяваць, перастуквацца, прытупваць, разгульваць і некаторыя іншыя.

Не ўтвараюць форм закончанага трывання дзеясловы, якія выконваюць функцыю звязкі: быць, даводзіцца, значыць, з’яўляцца, лічыцца, а таксама мадальныя дзеясловы: жадаць, спадзявацца, хацець, хацецца.

Пераходныя і непераходныя дзеясловы

§ 243. Усе дзеясловы ў залежнасці ад адносін дзеяння да аб'екта падзяляюцца на пераходныя і непераходныя. Пераходнымі называюцца дзеясловы, якія выражаюць дзеянне, што непасрэдна або ўскосна пераходзіць на другі прадмет: пабудаваць дом, чытаць кнігу, правесці дыспут, з'есці хлеба, кіраваць гуртком.

Дзеясловы, якія абазначаюць дзеянне, што непасрэдна пераходзіць на другі прадмет, называюцца прама-пераходнымі. Такія дзеясловы звычайна кіруюць вінавальным склонам назоўніка без прыназоўніка. У сказе дзейнік пры такім дзеяслове абазначае суб'ект дзеяння, а назоўнік у вінавальным склоне — аб'ект таго ж дзеяння: Хлопчык адчыніў дзверы; Маці рыхтавала вячэру; Вучань пісаў сачыненне.

Некаторыя дзеясловы ў якасці прамога аб'екта могуць мець пры сабе назоўнік у родным склоне. Гэта залежыць ад марфалагічных якасцей або словаўтваральнай структуры дзеяслова.

Напрыклад, дзеясловы хацець, прагнуць, жадаць, клянчыць, канькаць і пад., якія абазначаюць жаданне, просьбу, патрабуюць ад назоўніка формы роднага склону: хацець вады, жадаць міру; беспрыставачныя дзеясловы купляць, збіраць кіруюць вінавальным склонам (купляць ягады, збіраць ягады), а прыставачныя накупляць, назбіраць патрабуюць формы роднага склону (накупляць ягад, назбіраць ягад).

Родны склон ужываецца і тады, калі ў якасці аб'екта выступае толькі частка прадмета (выпіць вады, прыслаць яблыкаў, папрасіць хлеба, пазычыць грошай, дастаць мёду, адрэзаць сала, з'есці супу і г. д.) або калі пры дзеяслове ёсць адмоўе не (не прачытаў кнігі, не прынёс малака, не даслухаў лекцыі).

Калі пры дзеяслове ёсць адмоўе не, назоўнік можа часам ужывацца і ў форме вінавальнага склону: не прачытаў кнігу, не даслухаў лекцыю; Не папусціць у крыўду славу, славу ды свабоду (Я. Купала).

Форма роднага склону назоўніка ў значэнні прамога аб'екта ўжываецца і пры дзеясловах даць, браць, прасіць і пад., калі маецца на ўвазе, што прадмет, прылада бярэцца, даецца, просіцца на нейкі час, а не назаўсёды: дай нажа, папрасіў карандаша, узяў на дзень веласіпеда.

§ 244. Дзеясловы, якія абазначаюць дзеянне, што ўскосна пераходзіць на прадмет, называюцца ўскосна-пераходнымі. Пры такіх дзеясловах аб’ект дзеяння выражаецца назоўнікамі ва ўскосных склонах з прыназоўнікамі або без прыназоўнікаў, апрача вінавальнага склону без прыназоўніка: махаць рукамі, гуляць у шахматы, сябраваць з таварышам.

§ 245. Непераходнымі называюцца дзеясловы, якія абазначаюць дзеянне, не накіраванае на аб'ект. Гэтыя дзеясловы абазначаюць стан асобы ці прадмета, пастаянную яго характарыстыку, якасць, прадстаўленую як дзеянне: бялець, вянуць, маладзець, дырэктарстваваць, настаўнічаць, старшынстваваць.

Катэгорыя пераходнасці — непераходнасці ўласціва асабовым формам дзеяслова, інфінітыву, дзеепрыметнікам і дзеепрыслоўям: чытаю кнігу, чытаюць кнігу, чытаць кнігу, чытаючы кнігу, прачытаўшы кнігу.

Катэгорыя пераходнасці — непераходнасці не мае спецыяльнага марфалагічнага выражэння, калі не лічыць постфікса -ся, прыбаўленне якога да пераходнага дзеяслова пераводзіць яго ў непераходны: пераглядаць — пераглядацца, раздаваць — раздавацца.

Але ёсць выпадкі, калі зваротны дзеяслоў можа мець пры сабе прамое дапаўненне, напрыклад: І як гэта ён рукавіцы забыўся? (Я. Брыль); Забыўся дарогу на свой парог (У. Паўлаў).

Дабаўленне прыставак да некаторых непераходных дзеясловаў змяняе іх лексічнае значэнне і пераводзіць у разрад пераходных: бегчы — абабегчы знаёмых, ваяваць — заваяваць давер'е, жыць — перажыць вайну, ісці — абысці лужыну, ляжаць — адлежаць руку, плысці — пераплысці рэчку, працаваць — запрацаваць адпачынак, сядзець — адсядзець нагу, хадзіць — пераходзіць дарогу.

§ 246. Абсалютнай мяжы паміж пераходнымі і непераходнымі дзеясловамі няма. У сувязі з семантыкай адзін і той жа дзеяслоў можа быць пераходным або непераходным. Так, дзеясловы вабіць, зарабляць, пісаць, радаваць, чытаць і іншыя ў залежнасці ад семантыкі могуць выступаць як пераходныя або непераходныя. Калі пры дзеясловах, якія могуць быць пераходнымі, аб’ект адсутнічае і нават не можа падразумявацца, тады дзеясловы страчваюць значэнне пераходнасці і абазначаюць пастаянную прымету дзеючай асобы ці прадмета: пець песню — умець пець, чытаць кнігу — ён ужо ўмее чытаць, пісаць пісьмо — ён навучыўся пісаць і г. д. У такіх выпадках увага канцэнтруецца на самім працэсе, які абстрагуецца ад аб’екта.

Зваротныя і незваротныя дзеясловы

§ 247. У залежнасці ад адносін дзеяння, выражанага дзеясловам, да суб'екта дзеясловы падзяляюцца на зваротныя і незваротныя. Зваротныя дзеясловы абазначаюць дзеянні, працэсы, якія накіраваны на сам суб'ект і сканцэнтраваны ў самім суб'екце. Зваротныя дзеясловы ўтвараюцца пры дапамозе постфікса -ся, які далучаецца да дзеяслоўнай формы. Калі постфікс -ся далучаецца да інфінітыва на -ць або да форм 3-яй асобы адзіночнага ці множнага ліку, то ён пераходзіць у -ца: мыць — мыцца, мые — мыецца, мыюць — мыюцца. У астатніх выпадках захоўваецца -ся: мыю — мыюся, мыеш — мыешся, мыем — мыемся, мыеце — мыецеся, мыў — мыўся, мыла — мылася, мылі — мыліся, мый — мыйся, мыйце — мыйцеся, мыючы — мыючыся.

Форма 3-яй асобы адзіночнага ліку ад зваротных дзеясловаў закончанага трывання ўдацца, прыдацца, здацца, прыесціся, наесціся канчаецца на -ца: здасца, наесца, прыдасца, прыесца, удасца.

Зваротныя дзеясловы могуць часам мець постфікс -сь: А чаго ж, чаго захацелась ім, пагарджаным век, ім, сляпым, глухім? — Людзьмі звацца (Я. Купала); Каб не гнулісь, як цяпер (Я. Колас). Такія формы ўжываліся раней і зрэдку ўжываюцца цяпер у вершаваных творах для захавання рыфмы або рытму верша і не з'яўляюцца ў наш час літаратурнай нормай.

Асноўная колькасць зваротных дзеясловаў утвараецца ад прама-пераходных: прычасаць — прычасацца, вымыць — вымыцца, убачыць — убачыцца, запісаць — запісацца і г. д. Зваротныя дзеясловы могуць утварацца і ад некаторых непераходных дзеясловаў. Такія дзеясловы набываюць дадатковыя адценні значэння або новыя значэнні ў параўнанні з адпаведным непераходным незваротным дзеясловам. Далучэнне постфікса -ся да непераходнага дзеяслова можа прыдаваць дзеяслову адценне інтэнсіўнасці, сканцэнтраванасці дзеяння: грукаць — грукацца, званіць — званіцца, стукаць — стукацца. Напрыклад: Але рука ўжо сама грукае ў дзверы (Р. Сабаленка); Грукаўся снежань касцяною нагою (П. Броўка); Вясна ўжо грукаецца ў нашы дзверы — гэта вядома (А. Кулакоўскі); Стукалася, стукалася яна ў дзверы, пакуль нехта адчыніў (З. Бядуля).

У некаторых выпадках постфікс -ся толькі фармалізуе значэнне непераходнасці: блукаць — блукацца, бялець — бялецца, выветраць — выветрацца, глядзець — глядзецца, зачырванець — зачырванецца, злаваць — злавацца, змеркнуць — змеркнуцца, карыстаць — карыстацца, прагаладаць — прагаладацца, пытаць — пытацца, сінець — сінецца, спяшаць — спяшацца, струменіць — струменіцца, цямнець — цямнецца, чарнець — чарнецца, чырванець — чырванецца і інш. Дзень абяцаў быць пагодным (А. Асіпенка); Другі раз абяцаўся ён прыйсці з гітарай (Я. Колас); Зачытаецца і забудзе пра ўсё на свеце (А. Пальчэўскі); А праз нейкі час забыўся на сваю згоду (А. Якімовіч); А там, дзе сон, на цёмным небасхіле, бялее ў шэрані аснежаны Эльбрус... (П. Трус); Снег бялеецца ў вышынях, на гары, на стромкай скале (Я. Купала); Мы сярод лета па лесе блукаем — рэха пужаем (М. Рудкоўскі); Тысячамі блукаліся па дарозе сяляне (З. Бядуля); У прасветы паміж хмарамі глядзяцца зоркі (Звязда, 1973).

Шэраг дзеясловаў з постфіксам -ся мае безасабовае значэнне: думаць — думацца, дыхаць — дыхацца, ікаць — ікацца, працаваць — працавацца, спаць — спацца, спяваць — спявацца, стаяць — стаяцца, сядзець — сядзецца.

Усе гэтыя дзеясловы выражаюць духоўны або фізічны стан чалавека, які ён перажывае незалежна ад сваёй волі. Многія з іх часцей ужываюцца з адмоўнай часціцай не.

Непераходныя дзеясловы закончанага трывання ў злучэнні з постфіксам -ся і прыстаўкай ад- маюць значэнне спынення дзеяння: адаспацца, адваявацца, адвітацца, ад'ехацца, адраіцца, адслужыцца, адступіцца, адсядзецца і інш.

Непераходныя дзеясловы з прыстаўкай вы-, да-, на- і некаторымі іншымі пры далучэнні постфікса -ся маюць значэнне інтэнсіўнага дасягнення выніку для самога суб'екта: вылежацца, выплакацца, выседзецца, выспацца, дазваніцца, дасядзецца, дастукацца, датанцавацца, набегацца, накрычацца, намерзнуцца, наплакацца, напрацавацца, насядзецца.

З прыстаўкамі за-, у- непераходныя дзеясловы з постфіксам -ся маюць значэнне інтэнсіўнасці, напружанасці дзеяння: забегацца, заслухацца, засядзецца, удумацца, услухацца.

У злучэнні з прыстаўкай раз- і постфіксам -ся непераходныя дзеясловы маюць значэнне дзеяння, якое працякае з асаблівай інтэнсіўнасцю: развішчацца, разгаварыцца, разгуляцца, раздурэцца, разраўціся, раскрычацца.

Ёсць група зваротных дзеясловаў, якія не маюць суадносных незваротных дзеясловаў. Яны абазначаюць замкнутасць, засяроджанасць дзеяння ў самім вытворцы дзеяння: баяцца, ганарыцца, здарыцца, змагацца, змяркацца, ленавацца, надзеяцца, нездаровіцца, прачнуцца, смяяцца, старацца, сумнявацца.

Катэгорыя стану

§ 248. Граматычная катэгорыя стану выражае адносіны паміж дзеяннем і суб’ектам дзеяння, а таксама паміж дзеяннем і аб’ектам дзеяння. Дзеянне можа быць актыўна накіравана на які-небудзь прадмет або асобу (г. зн. на аб’ект дзеяння): пішу пісьмо, збіраю ягады, люблю сястру. Дзеясловы, якія абазначаюць такое дзеянне, з’яўляюцца прамапераходнымі і адносяцца да незалежнага стану. У сказе пры дзеяслове незалежнага стану суб’ект з’яўляецца дзейнікам: Лабановіч апусціў акно і ўдыхаў празрыстае паветра, ачышчанае навальніцай (Я. Колас).

Да залежнага стану адносяцца дзеясловы, утвораныя ад прамапераходных дзеясловаў шляхам далучэння постфікса -ся. Дзеясловы залежнага стану абазначаюць дзеянне, утворанае граматычным аб’ектам і накіраванае на граматычны суб’ект.

Такім чынам, у залежных канструкцыях асоба або прадмет, якія выступаюць у ролі дзейніка, самі не ўтвараюць дзеяння, а толькі падвяргаюцца ўздзеянню з боку актыўнага ўтваральніка дзеяння: Песня выконваецца самадзейным артыстам; Яшчэ з вечара неба з паўднёвага боку засценьвалася дымнаю павалокаю лёгкіх воблакаў (Я. Колас).

Як відаць з прыкладаў, словы, якія абазначаюць рэальнага ўтваральніка дзеяння, маюць форму творнага склону. У такіх канструкцыях значэнне залежнасці праяўляецца вельмі выразна. Пры адсутнасці творнага склону значэнне залежнасці аслабляецца або зусім ліквідуецца: Навіны ж аб ганусанскіх падзеях перадаваліся з хаты ў хату і глыбока захаплялі ўсіх і хвалявалі (Я. Колас); Па радыё перадавалася новая песня; Прамтаварныя магазіны адкрываюцца ў дзесяць гадзін; Дзверы адкрываюцца лёгка.

Часцей за ўсё ў залежных канструкцыях ужываюцца формы 3-яй асобы дзеясловаў незакончанага трывання. Значэнне залежнасці ў закончаным трыванні выражаецца ў асноўным формамі дзеепрыметнікаў: Але Троцкі разумеў, што «рэкамендацыі» яго Леніным будуць адхілены (І. Шамякін).

Катэгорыя ладу

§ 249. Катэгорыя ладу выражае адносіны дзеяння да рэчаіснасці. Дзеянне можа ўспрымацца як рэальнае, г. зн. як дзеянне, якое сапраўды адбываецца, адбывалася ці будзе адбывацца (абвесны лад), як дзеянне пажаданае, да якога заклікае гаворачая асоба (загадны лад) або як магчымае (умоўны лад).

Абвесны лад

§ 250. Катэгарыяльным значэннем дзеяслова абвеснага ладу з’яўляецца значэнне рэальнасці, г. зн. той, хто гаворыць, сцвярджае або адмаўляе дзеянне ў момант гутаркі, у прошлым ці ў будучым часе. Формы абвеснага ладу спецыяльных паказчыкаў ладу не маюць. Функцыю марфалагічнага паказчыка абвеснага ладу выконваюць формы часу. Абвеснаму ладу ўласцівы таксама формы асобы і ліку: Лабановіч з настаўніцаю ўваходзяць у дворык, дзе лепіцца некалькі заняпалых старасвецкіх хатак, заходзяць збоку і спыняюцца на ганачку (Я. Колас); Мужчыны доўга яшчэ не разыходзіліся з вартоўні. Сядзелі, курылі і ўсё абмяркоўвалі, абмяркоўвалі, як яно тое сталася і па чыёй віне, што сям’я ўся да чалавека загінула ў Пакрашах... (Б. Сачанка); Яна лепей сама загіне, а Івана выратуе з бяды (М. Лупсякоў).

Загадны лад

§ 251. Загадны лад дзеясловаў выражае пабуджэнне да выканання дзеяння (просьбу, загад, пажаданне і інш.). Пабуджэнне заўсёды накіравана гаворачай асобай да іншай асобы (а таксама да неадушаўлёнага прадмета, калі ён усведамляецца як жывая істота), таму загадны лад не ўтварае формы 1-ай асобы адзіночнага ліку. Сістэма форм загаднага ладу складаецца з 5 форм: дзвюх простых форм 2-ой асобы адзіночнага і множнага ліку і формы, якая абазначае сумеснае дзеянне, і дзвюх складаных форм 3-яй асобы адзіночнага і множнага ліку. Форма 2-ой асобы адзіночнага ліку выражае пабуджэнне да дзеяння, накіраванае да адной асобы; форма 2-ой асобы множнага ліку выражае пабуджэнне, накіраванае да некалькіх асоб; формы сумеснага дзеяння выражаюць пабуджэнне, якое накіравана да некалькіх асоб, уключаючы гаворачую асобу; формы 3-яй асобы выражаюць пабуджэнне, якое накіравана да асобы (асоб), якая не з'яўляецца субяседнікам.

Формы 2-ой асобы адзіночнага ліку ўтвараюцца ад асновы цяперашняга часу пры дапамозе канчатка -і (-ы) або маюць форму на зычны.

Пры дапамозе націскнога канчатка -і (-ы) форма загаднага ладу ўтвараецца ад дзеясловаў, у аснове цяперашняга часу якіх адсутнічае -j- і якія ў 1-ай асобе адзіночнага ліку маюць націскны канчатак: валаку — валачы, грабу — грабі, дзяру — дзяры, жыву — жыві, імшу — імшы, ірву — ірві, лаўлю — лаві, люблю — любі, ляжу — ляжы, мачу — мачы, палю — палі, памагу — памажы, пляту — пляці, свішчу — свішчы, скрыплю — скрыпі, таўку — таўчы, тру — тры.

Заўвага. Пры ўтварэнні форм загаднага ладу ад дзеясловаў на -чы адбываецца чаргаванне зычных г—ж, к—ч: бегчы — бягу — бяжы; запрэгчы — запрагу — запражы; таўчы — таўку — таўчы.

Націскны канчатак -і маюць таксама формы загаднага ладу ад дзеясловаў з інфінітывамі на -іць, якія ў аснове цяперашняга часу заканчваюцца на -j- і ў аснове 1-ай асобы адзіночнага ліку маюць націскны канчатак: гаю — гаі, гнаю — гнаі, даю — даі, дваю — дваі, паю — паі, слаю — слаі, таю — таі, траю — траі.

Формы без канчатка тыпу дой, падой, напой, якія сустракаюцца ў творах мастацкай літаратуры, з'яўляюцца парушэннем літаратурнай нормы: Напой крынічнаю вадою (П. Глебка); Дык, татка, яго і дойце, калі ён для вас такі дойны (Я. Купала).

Дзеясловы біць, віць, ліць, піць утвараюць формы бі, ві, лі, пі. Формы бій, вій, лій, пій, якія сустракаюцца ў гутарковай мове, выходзяць за межы літаратурнай мовы.

Ненаціскны канчатак -і (-ы) маюць дзеясловы са збегам зычных у аснове і ненаціскным канчаткам у 1-ай асобе адзіночнага ліку: горблю — горбі, дрэйфлю — дрэйфі, енчу — енчы, кончу — кончы, маслю — маслі, мерзну — мерзні, моршчу — моршчы, няньчу — няньчы, охру — охры, перчу — перчы, помню — помні, порчу — порці, сохну — сохні.

У размоўным стылі для некаторых дзеясловаў са збегам зычных у аснове магчымы варыянтныя формы без канчатка -і (-ы): горб, енч, моршч, няньч, чысць.

Ненаціскны канчатак маюць таксама формы загаднага ладу ад дзеясловаў з прыстаўкай вы-: нясі, прынясі, але вынесі; пішы, напішы, але выпішы; бяры, набяры, але выберы; жыві, пражыві, але выжыві і г. д. У размоўным стылі могуць ужывацца і формы без канчатка, напрыклад: вынесь, выпіш і некаторыя іншыя.

Форма загаднага ладу 2-ой асобы адзіночнага ліку можа ўтварацца без канчатка.

Дзеясловы, аснова цяперашняга часу якіх заканчваецца на зычны мяккі, j, шыпячы або р, маюць форму загаднага ладу на гэты ж зычны: вудзяць — вудзь, гацяць — гаць, гладзяць — гладзь, касмацяць — касмаць, квасяць — квась, ладзяць — ладзь, лазяць — лазь, параць — пар, павесяць — павесь, прымусяць — прымусь, трацяць — траць, цэляць — цэль, клеяць — клей, чытаюць — чытай, плачуць — плач, рэжуць — рэж, цешаць — цеш, жмураць — жмур.

Некаторыя дзеясловы, аснова цяперашняга часу якіх заканчваецца на цвёрды зычны, маюць форму загаднага ладу на мяккі зычны: будуць — будзь, глянуць — глянь, кінуць — кінь, раздзенуць — раздзень, стануць — стань, сядуць — сядзь.

Дзеясловы з чаргаваннем зычных б′—бл′, п′—пл′, в′—ўл′ толькі ў 1-ай асобе адзіночнага ліку ў загадным ладзе маюць цвёрды зычны: паслабіць — паслаблю — паслаб, прыгалубіць — прыгалублю — прыгалуб, квапіцца — кваплюся — квапся; плавіць — плаўлю — плаў; ставіць — стаўлю — стаў.

Дзеясловы баяцца, смяяцца, а таксама дзеясловы жаваць, злаваць, каваць, кляваць, пляваць, псаваць, снаваць, цкаваць і некаторыя іншыя, аснова цяперашняга часу якіх заканчваецца на j і якія ў 1-ай асобе адзіночнага ліку маюць націскны канчатак, загадны лад утвараюць без канчатка -і: баяцца — бойся, смяюцца — смейся, жуюць — жуй, куюць — куй, снуюць — снуй, цкуюць — цкуй і г. д.

§ 252. Некаторыя дзеясловы ўтвараюць формы загаднага ладу ад асновы, якая адрозніваецца ад асновы цяперашняга часу. Сюды адносяцца: 1) дзеясловы з асновай цяперашняга часу на aj: уставаць — устаюць — уставай; прызнаваць — прызнаюць — прызнавай; даваць — даюць — давай; надзяваць — надзяюць — надзявай; спадзявацца — спадзяюцца — спадзявайся; 2) дзеяслоў даць, у якога форма загаднага ладу ўтвараецца ад асновы на aj, што супадае з асновай цяперашняга часу дзеясловаў тыпу даваць (даваць — даj-у): дай; 3) дзеяслоў есці (аснова цяперашняга часу яд-) у загадным ладзе мае форму еш.

§ 253. Формы 2-ой асобы множнага ліку ўтвараюцца ад формы загаднага ладу адзіночнага ліку шляхам дабаўлення постфікса -це: брый — брыйце, вынесі — вынесіце, выпішы — выпішыце, ганяй — ганяйце, даі — даіце, дай — дайце, еш — ешце, жуй — жуйце, жыві — жывіце, лаві — лавіце, лі — ліце, ляжы — ляжыце, моршчы — моршчыце, мый — мыйце, пі — піце, раздавай — раздавайце, свісні — свісніце, сохні — сохніце, сядзь — сядзьце, таўчы — таўчыце, чытай — чытайце.

У зваротных дзеясловах постфікс -це стаіць перад афіксам -ся: кладзіся — кладзіцеся, мыйся — мыйцеся, распішыся — распішыцеся.

У мове мастацкай літаратуры пад уплывам народных гаворак сустракаюцца формы загаднага ладу на -еце (-эце), але яны кваліфікуюцца як адступленне ад літаратурнай нормы: Глядзеце, колькі гонім мы вады (Я. Колас).

§ 254. Формы сумеснага дзеяння — гэта формы множнага ліку. Яны выражаюць пабуджэнне, якое адносіцца да дзвюх і больш асоб: да субяседніка або некалькіх субяседнікаў і да самой гаворачай асобы. Формы сумеснага дзеяння могуць быць сінтэтычнымі (простымі) або аналітычнымі (складанымі).

Сінтэтычныя формы:

1) могуць утварацца ад асновы цяперашняга часу пры дапамозе канчатка -ем (-эм) ад дзеясловаў, якія ў 1-ай асобе адзіночнага ліку маюць націскны канчатак: лаўлю — ловяць — лавем!, цягну — цягнуць — цягнем!, жыву — жывуць — жывем! У дзеясловах з асновай на г, к пры ўтварэнні загаднай формы адбываецца чаргаванне г — ж, к — ч: валаку — валакуць — валачэм! запрагу — запрэгуць — запрэжэм! — Хадзем лепш адгэтуль, галубкі,— пачуліся шэпты Грыпіны (Я. Колас); Зазірнем хоць бы ў калгас імя Гастэлы Мінскага раёна (Полымя, 1974);

2) могуць супадаць з формамі будучага простага часу (у дзеясловах закончанага трывання: прысядзем!, заспяваем!, выйдзем!, запомнім!, закончым!, пачысцім!) і формамі цяперашняга часу (у дзеясловах незакончанага трывання і дзеясловах аднанакіраванага дзеяння: едзем!, ляцім!, бяжым!, спім!, сядзім!).

У мове мастацкай літаратуры ўжываюцца формы сумеснага дзеяння, якія ўтвараюцца шляхам далучэння канчатка -ма да формы загаднага ладу 2-ой асобы адзіночнага ліку на зычны або j: гляньма!, рэжма!, станьма!, чытайма, хавайма! Напрыклад: Скажу я: «Разам плачма, браце мой!» (Э. Агняцвет).

Ад дзеясловаў біць, віць, ліць, піць у гутарковай мове ўжываюцца формы бійма, війма, лійма, пійма.

Для выражэння ветлівага запрашэння да сумеснага дзеяння ў мове мастацкай літаратуры часам сустракаецца форма з постфіксам -це: Ну, хадземце ў дом (У. Караткевіч); Хадземце адсюль,— прапанавала Марыя Хведараўна,— няхай не трывожыцца хлопчык (А. Марціновіч).

Аналітычная форма сумеснага дзеяння ўтвараецца шляхам злучэння часціцы давай (давайце) або зрэдку дай (дайце) з інфінітывам спрагальнага дзеяслова незакончанага трывання, напрыклад: давай (давайце) пісаць, давай (давайце) працаваць і г. д. Могуць ужывацца і такія формы, як давай (давайце) будзем пісаць, давай (давайце) будзем чытаць. Аналітычная форма можа ўтварацца таксама шляхам злучэння часціцы давай (давайце) з формай 1-ай асобы множнага ліку дзеясловаў закончанага трывання, напрыклад: давай (давайце) напішам, давай (давайце) паслухаем і г. д. Давайце ж зробім падарожжа на некаторыя прадпрыемствы, у калгасы, саўгасы, пагутарым з людзьмі... (Полымя, 1974); Давайце прывядзём яшчэ некалькі лічбаў, удумаемся ў іх (Там жа).

Аналітычная форма можа ўтварацца шляхам злучэння дзеяслоўнай формы хадзем (якая часткова страціла лексічнае значэнне) з інфінітывам: — Ой, Алеся, паміраю, есці хочацца, хадзем абедаць (А. Васілевіч); Хадзем гуляць (Э. Агняцвет).

У адрозненне ад форм 2-ой асобы адзіночнага і множнага ліку загаднага ладу, пры якіх можа быць дзейнік, выражаны асабовым займеннікам ты або вы, пры формах сумеснага дзеяння дзейнік-займеннік мы звычайна адсутнічае. Аднак у стылістычна афарбаваных тэкстах дапускаецца ўжыванне займенніка мы пасля выказніка: Давай напішам мы пісьмо; Давай сходзім мы ў кіно.

§ 255. Пабуджэнне можа адносіцца да 3-яй асобы адзіночнага і множнага ліку і выражацца спалучэннем часціцы няхай (хай) з формамі цяперашняга і будучага простага часу 3-яй асобы адзіночнага або множнага ліку абвеснага ладу, якія ў гэтых злучэннях не маюць часавага значэння: няхай (хай) піша, прачытае, зробіць; няхай (хай) пішуць, прачытаюць, зробяць і г. д. Няхай думкі мае пабягуць чарадой (Я. Колас); Збегай у агарод і наламі капуснага лісту. Укінем у кошык, і няхай ядуць (М. Скрыпка); Няхай прыязджае — пара планаваць будаўніцтва (Я. Брыль).

§ 256. Ад некаторых дзеясловаў формы загаднага ладу не ўтвараюцца. Гэта звязана з лексічным значэннем дзеяслова. Не ўжываюцца формы загаднага ладу ад дзеясловаў, якія абазначаюць немэтанакіраванае дзеянне або стан: каштаваць (мець цану), важыць (мець вагу), выглядаць (мець выгляд), значыць (мець значэнне, сэнс), і некаторых іншых. Не ўжываецца форма загаднага ладу ад дзеясловаў магчы, хацець, балець ’выклікаць адчуванне фізічнага болю’. Звычайна не ўжываюцца формы загаднага ладу ад дзеясловаў, якія называюць дзеянні неадушаўлёных прадметаў: булькаць, набліжацца, цячы, умяшчаць і інш., а таксама ад безасабовых дзеясловаў: парыць, марозіць, світаць і пад.

Умоўны лад

§ 257. Формы ўмоўнага ладу дзеясловаў абазначаюць дзеянне, якое можа адбыцца толькі пры пэўных умовах. Формы ўмоўнага ладу — аналітычныя. Яны ўтвараюцца шляхам далучэння да простых форм прошлага часу часціцы бы (б), якая з'яўляецца граматычным паказчыкам умоўнага ладу: чытаў бы, прынёс бы, напісаў бы, зрабілі б, купіла б. Умоўны лад не мае форм часу і асобы, але мае формы трох родаў (ён сказаў бы — мужчынскі род, яна (яно) сказала б — жаночы і ніякі род) і формы ліку (ён сказаў бы — адзіночны лік, яны схадзілі б — множны лік). Часціца бы ўжываецца пасля дзеяслоўнай формы мужчынскага роду ці слоў, якія канчаюцца на зычны гук, а яе варыянт б — пасля дзеяслоўных форм жаночага і ніякага роду, форм множнага ліку, зваротных дзеясловаў, а таксама пасля іншых слоў, якія заканчваюцца на галосны гук: Кожнага чалавека ў нашай краіне, дзе б ён ні жыў, чакае столькі цікавых і захапляючых спраў (Маладосць, 1973); Цябе, зямля, ў адзенні новым, хацеў бы к сэрцу прыгарнуць (Я. Колас); Ён, Алік, абавязкова памог бы неспрактыкаванаму спецыялісту (Ул. Дадзіёмаў).

Ужыванне часціцы бы пасля слоў, якія заканчваюцца галосным гукам, з'яўляецца парушэннем літаратурнай нормы.

Катэгорыя часу

§ 258. Катэгорыя часу дзеяслова выражае адносіны дзеяння да моманту гутаркі. У сучаснай беларускай мове дзеяслоў мае тры формы часу: цяперашняга, прошлага і будучага.

Катэгорыя часу дзеяслова цесна звязана з катэгорыяй трывання. Дзеясловы незакончанага трывання ў абвесным ладзе маюць формы часу — цяперашняга, прошлага і будучага складанага (пішу, пісаў, буду пісаць); дзеясловы закончанага трывання маюць дзве формы часу — прошлага і будучага простага (напісаў, напішу). Марфалагічная катэгорыя часу ўласціва толькі формам абвеснага ладу і формам дзеепрыметніка. Загадны і ўмоўны лад форм часу не маюць.

Цяперашні час

§ 259. Формы цяперашняга часу абазначаюць дзеянне, якое адбываецца ў момант гутаркі. У сістэму форм цяперашняга часу ўваходзіць тры асабовыя формы адзіночнага ліку і тры асабовыя формы множнага ліку. Паказчыкам асобы і ліку з'яўляюцца канчаткі, якія адначасова з'яўляюцца паказчыкам часавага значэння словаформы, у даным выпадку цяперашняга часу.

Прошлы час

§ 260. Дзеясловы прошлага часу абазначаюць дзеянне, якое адбывалася ці адбылося да моманту гутаркі. Формы прошлага часу ўтвараюцца ад асновы інфінітыва пры дапамозе суфікса -л- (-ў-): рабі-ў, рабі-л-а; чыта-ў, чыта-л-а; глядзе-ў, глядзе-л-а. У формах прошлага часу няма фармальнага паказчыка асобы. Значэнне асобы перадаецца злучэннем формы прошлага часу з асабовымі займеннікамі: я чытаў, ты чытаў, ён чытаў. Значэнне трэцяй асобы перадаецца таксама спалучэннем з назоўнікам-дзейнікам: бацька чытаў. У адзіночным ліку формы прошлага часу маюць паказчык роду, а іменна канчаткі: нулявы — у форме мужчынскага роду, -а — у форме жаночага роду і -а, -о — у форме ніякага роду (вёў, пісаў; вяла, пісала; вяло, пісала). У множным ліку — канчатак -і (вялі, пісалі, чыталі).

У формах мужчынскага роду, утвораных ад інфінітыўнай асновы на галосны, суфікс -л- пераходзіць у -ў-: чыта-ць — чыта-ў, піса-ць — піса-ў, насі-ць — насі-ў, рабі-ць — рабі-ў, глядзе-ць — глядзе-ў, жы-ць — жы-ў і г. д.

Суфікс -л- (-ў-) маюць у формах прошлага часу мужчынскага роду таксама дзеясловы, інфінітыў якіх заканчваецца на -сці, а апошнім зычным асновы цяперашняга часу з’яўляецца гук д або т. Асаблівасцю ўтварэння форм прошлага часу ад гэтых дзеясловаў з’яўляецца тое, што зычны с інфінітыўнай асновы ўсякаецца і суфікс -л- далучаецца непасрэдна да галоснага асновы і пераходзіць у ў: весці — вёў, гусці — гуў, класці — клаў, месці — мёў, плесці — плёў, прасці — праў, сесці — сеў, упасці — упаў, цвісці — цвіў, а таксама клясці — кляў, плысці — плыў.

У дзеясловах на -ці з папярэднім зычным, які захоўваецца і ў аснове цяперашняга часу, форма прошлага часу мужчынскага роду ўтвараецца без суфікса -л-: везці — вёз (але везла, везлі), грызці — грыз (але грызла, грызлі), несці — нёс (але несла, неслі), скрэбці — скроб (але скрэбла, скрэблі), трэсці — трос (але трэсла, трэслі), церці — цёр (але церла, церлі) і г. д.

У дзеясловах на -чы формы прошлага часу мужчынскага роду таксама ўтвараюцца без суфікса -л-, г. зн. маюць нулявы суфікс. Прычым, калі перад суфіксам -чы ў інфінітыве ёсць галосны або гук ў, то аснова прошлага часу супадае з асновай цяперашняга часу: валачы — валок (але валакла, валаклі), пячы — пёк (але пякла, пякло, пяклі), таўчы — тоўк (але таўкла, таўкло, таўклі), цячы — цёк (але цякла, цякло, цяклі). У тым выпадку, калі ў інфінітыве перад суфіксам -чы ёсць зычны г, то ён захоўваецца ў формах прошлага часу: магчы — мог, легчы — лёг, сцерагчы — сцярог, стрыгчы — стрыг, запрэгчы — запрог і г. д.

§ 261. У сучаснай беларускай мове, акрамя простых форм прошлага часу, ужываюцца часам складаныя формы. Аднак яны бытуюць у асноўным у гутарковай вуснай мове і ў мове мастацкай літаратуры і выходзяць за межы літаратурнай нормы. Яны складаюцца з формы прошлага часу дзеяслова быць і формы прошлага часу паўназнамянальнага дзеяслова: быў пайшоў, была пайшла, было пайшло, былі пайшлі. Складаныя формы прошлага часу абазначаюць у асноўным даўно мінулае дзеянне: ... Іван прыгадаў, як аднойчы ён быў тут наехаў на вострую жалязяку і распароў шыну (Маладосць, 1974); Адна была не вытрывала, уцякаць сабралася (Маладосць, 1973).

Даўно мінулае дзеянне, якое паўтаралася некалькі (многа) разоў, перадаецца пры дапамозе мадальнай часціцы бывала і асабовых форм паўназнамянальнага дзеяслова: Пойдзем гэта мы, бывала, касіць золакам, да сняданку (П. Ткачоў); Рост высокі, стан павабны, ўся, як цень, павеўна, як ідзе яна, бывала, — набок каралеўна! (Я. Купала).

Будучы час

§ 262. Будучы час выражае дзеянне, якое будзе адбывацца ці адбудзецца пасля моманту гутаркі. Будучы час можа быць просты (запішу, нарву, устану) і складаны (буду пісаць, буду рваць, буду ўставаць). Парадыгма будучага простага часу супадае з парадыгмай цяперашняга часу з тым толькі адрозненнем, што формы будучага простага ўтвараюцца ад дзеясловаў закончанага трывання, г. зн. адрозніваюцца ад форм цяперашняга часу прыстаўкамі або суфіксамі, якія служаць для ўтварэння форм закончанага трывання.

АсобаЦяперашні часБудучы час
Адзіночны лік
1піш-устука-юна-піш-устук-н-у
2піш-ашстука-ешна-піш-ашстук-н-еш
3піш-астук-аена-піш-астук-н-е
Множны лік
1піш-амстука-емна-піш-амстук-н-ем
2піш-ацестука-ецена-піш-ацестук-н-еце
3піш-уцьстука-юцьна-піш-уцьстук-н-уць

Формы будучага складанага часу ўтвараюцца ад асабовай формы дзеяслова быць і інфінітыва спрагальнага дзеяслова незакончанага трывання.

АсобаАдзіночны лікМножны лік
1буду пісацьбудзем пісаць
2будзеш пісацьбудзеце пісаць
3будзе пісацьбудуць пісаць

Заўвага. Дзеясловы незакончанага трывання магчы і хацець форм будучага складанага часу не ўтвараюць.

Звычайна асабовыя формы дапаможнага дзеяслова быць знаходзяцца непасрэдна перад інфінітывам. Аднак у мове мастацкай літаратуры ў стылістычных мэтах дапаможны дзеяслоў можа знаходзіцца і пасля інфінітыва, а таксама пры адным дапаможным дзеяслове можа быць некалькі інфінітываў: Ты, матуля-Зямля, усюды будзеш для нас самай яркаю зоркай свяціцца (Н. Гілевіч); Будзеш летам ты хадзіць на плыты, на згоны! (Я. Колас); Жыць будзеце вы ў пакаленнях (Я. Колас); Будуць ветры за вугламі выць, і плакаць, і стагнаць (Я. Колас).

Катэгорыя асобы

§ 263. Марфалагічная катэгорыя асобы ўказвае на адносіны дзеяння, абазначанага дзеясловам, і суб'екта да гаворачай асобы. Дзеяслоў мае формы трох асоб адзіночнага і множнага ліку. Формы асобы выражаюць адносіны дзеяння да таго, хто гаворыць (формы 1-ай асобы), да субяседніка (формы 2-ой асобы) або да таго, пра каго ідзе размова, а таксама да неадушаўлёнага прадмета (формы 3-яй асобы): іду, чытаю, ідзём, чытаем, ідзеш, чытаеш, ідзяце, чытаеце, ідзе, чытае, ідуць, чытаюць. Формы 3-яй асобы могуць таксама выражаць дзеянне, якое адбываецца само па сабе, без дзеючай асобы або прадмета. Такія дзеясловы называюцца безасабовымі. У сказах з безасабовымі дзеясловамі не можа быць дзейніка: Ад балота патыхала прохаладдзю і сырасцю (Я. Колас); Пачынала святлець (Я. Колас).

§ 264. Асабовыя формы могуць утварацца ад любога дзеяслова. Але ў моўнай практыцы ад некаторых дзеясловаў не ўжываюцца формы 1-ай і 2-ой асобы адзіночнага і множнага ліку. Гэта звязана з лексічным значэннем дзеясловаў, якое сумяшчаецца з уяўленнем аб 1-ай або 2-ой асобе як утваральніку дзеяння. Да ліку такіх дзеясловаў адносяцца: цяліцца, парасіцца, зелянець, цячы, таяць, кіпець, прыгарэць, ржавець, яснець, мутнець, несціся (аб птушках), бляяць і шмат іншых. Але ад гэтых дзеясловаў магчыма метафарычнае ўжыванне форм 1-ай і 2-ой асобы адзіночнага і множнага ліку: Чаго ты кіпіш? Без цябе разбяруцца, хто вінаваты (А. Бажко); Кіплю, як русла вадаспаду І рэчкай бурнаю плыву (К. Буйло).

Не ўжываюцца таксама формы 1-ай і 2-ой асобы адзіночнага ліку ад дзеясловаў, лексічнае значэнне якіх несумяшчальнае з уяўленнем аб адзінкавым дзеячу, напрыклад: збегчыся, канцэнтравацца, згуртавацца, пападаць, павыходзіць, набегчы, папярэднічаць і некаторыя іншыя.

§ 265. Асабовыя формы загаднага ладу — гэта формы 2-ой асобы адзіночнага і множнага ліку і формы сумеснага дзеяння. Формы загаднага ладу 2-ой асобы адзіночнага і множнага ліку бываюць толькі сінтэтычныя. Формы сумеснага дзеяння могуць быць сінтэтычнымі або суплетыўнымі.

Катэгорыя ліку

§ 266. Марфалагічная катэгорыя ліку выражае адносіны дзеяння да аднаго або некалькіх суб’ектаў. Дзеяслоўныя формы могуць выражаць суаднесенасць дзеяння з адным яго ўтваральнікам (адзіночны лік) або суаднесенасць дзеяння больш чым з адным утваральнікам (множны лік). Утваральнікам дзеяння можа быць асоба (формы 1-ай, 2-ой і 3-яй асобы адзіночнага і множнага ліку), а таксама прадмет (формы 3-яй асобы адзіночнага і множнага ліку).

У асабовых формах цяперашняга часу і загаднага ладу паказчыкам ліку з’яўляюцца асабовыя канчаткі: чыта-ю, чыта-еш, чыта-е і чыта-ем, чыта-еце, чыта-юць; чыта-й! і чытай-це! У прошлым часе і ўмоўным ладзе значэнне адзіночнага ліку выражаецца родавымі флексіямі: нулявой -а і -о: чытаў, чытал-а, нясл-о. Значэнне множнага ліку выражаецца флексіяй -і: чытал-і.

Катэгорыя роду

§ 267. Марфалагічная катэгорыя роду дзеяслова выражае адносіны дзеяння да прадмета, абазначанага назоўнікам мужчынскага, жаночага або ніякага роду, а таксама адносіны дзеяння да асоб мужчынскага або жаночага полу. Катэгорыя роду праяўляецца ў прошлым часе і формах умоўнага ладу.

Марфалагічнае значэнне роду выражаецца флексіямі: значэнне мужчынскага роду — нулявой флексіяй, жаночага роду — флексіяй -а, ніякага роду — флексіямі -а, -о: бацька пісаў, сястра пісал-а, дзіця плакал-а, дрэва расл-о, бацька чытаў бы, сястра пісал-а б, дзіця плакал-а б, дрэва расл-о б. У множным ліку дзеясловы не маюць родавых адрозненняў.

Форма ніякага роду адрозніваецца ад форм мужчынскага і жаночага роду тым, што яна можа абазначаць дзеянне як безасабовае: Сцямнела; Не знайшлося ні адной кніжкі.

Спражэнне

§ 268. Спражэнне — гэта змяненне дзеяслова па асобах, часах, ладах, ліках, а ў прошлым часе і ўмоўным ладзе — і па родах.

У сістэму форм дзеяслова ўваходзяць: 1) спрагальныя формы, якія заключаюць у сабе значэнне асобы, часу, ліку, ладу, роду; 2) неспрагальныя формы — дзеепрыметнікі і дзеепрыслоўі, у якіх сумяшчаецца значэнне дзеяння са значэннем азначальнасці (у дзеепрыметніках) і акалічнасці (у дзеепрыслоўях); 3) інфінітыў — форма, якая толькі называе дзеянне.

У словазмяненні дзеяслова важнае месца займае змяненне дзеяслоўнай асновы. Выдзяляюцца дзве формаўтваральныя асновы — аснова інфінітыва і аснова цяперашняга часу.

Аснова інфінітыва супадае з асновай прошлага часу, і таму замест «аснова інфінітыва» можа ўжывацца паняцце «аснова прошлага часу». Асновай інфінітыва лічыцца частка дзеяслоўнай асновы без інфінітыўных суфіксаў -ць, -ці, -чы.

Ад асновы інфінітыва ўтвараюцца формы прошлага часу, дзеепрыметнікі прошлага часу, дзеепрыслоўі закончанага трывання ад адпаведных дзеясловаў закончанага трывання: чыта-ць, чыта-ў, чытал-а, чыта-л-і, чыта-ўшы; прачыта-ць, прачыта-ў, прачыта-л-а, прачыта-л-і, прачыта-ўшы; нес-ці, нёс, нёс-шы; занес-ці, занёс, занёс-шы.

Аснова цяперашняга часу выдзяляецца шляхам адсячэння канчатка ў форме 3-яй асобы множнага ліку цяперашняга (будучага простага) часу абвеснага ладу.

Ад асновы цяперашняга часу ўтвараюцца ўсе асабовыя формы цяперашняга (будучага простага) часу, формы загаднага ладу, дзеепрыметнікі цяперашняга часу і дзеепрыслоўі незакончанага трывання ад адпаведных дзеясловаў незакончанага трывання: ід-уць — ід-у, ідз-еш, ідз-е, ідз-і; піш-уць — піш-у, піш-аш, піш-а, піш-ы; сцел-юць — сцял-ю, сцел-еш, сцел-е, сцял-і.

У выпадках, калі канчаткі -юць, -яць знаходзяцца пасля галосных і літары ю, я абазначаюць спалучэнні j з галоснымі у, а, j адносіцца да асновы: чытаюць — чытаj-уць, бялеюць — бялеj-уць.

У залежнасці ад сістэмы флексій у асабовых формах адзіночнага і множнага ліку цяперашняга і будучага простага часу амаль усе дзеясловы дзеляцца на два спражэнні: першае і другое.

Першае спражэннеДругое спражэнне
Адзіночны лік
1 ас.-у(-ю)-у(-ю)
2 ас.-еш(-эш, -аш)-іш(-ыш)
3 ас.-е(-э, -а)-іць(-ыць)
Множны лік
1 ас.-ём(-ем, -ом,-ам)-ім (-ым)
2 ас.-еце(-яце, -аце)-іце (-ыце)
3 ас.-уць(-юць)-аць(-яць)

Вызначыць спражэнне дзеяслова лягчэй за ўсё ў тых выпадках, калі націск падае на канчатак.

Першае спражэннеДругое спражэнне
таўчэш, п’ешмаўчыш, глядзіш
таўчэ, п’емаўчыць, глядзіць
таўчом, п’ёммаўчым, глядзім
таўкуць, п’юцьмаўчаць, глядзяць

Прыналежнасць дзеясловаў з ненаціскнымі асабовымі канчаткамі да першага ці другога спражэння вызначаецца па інфінітыву: дзеясловы з інфінітывам на -іць (-ыць) (за выключэннем аднаскладовых дзеясловаў тыпу біць, брыць, віць, выць, крыць, ліць, мыць, ныць, рыць, шыць, якія адносяцца да першага спражэння), а таксама дзеясловы на -аць тыпу гнаць і на -ець тыпу цярпець адносяцца да другога спражэння; да першага спражэння адносяцца ўсе астатнія дзеясловы.

Заўвага. Прыставачныя дзеясловы адносяцца да таго ж спражэння, што і адпаведныя беспрыставачныя.

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел