Предыдущий раздел | Оглавление | Следующий раздел
Класы дзеясловаў
§§ 269–293
Класы дзеясловаў
§ 269. Класы дзеясловаў — гэта групы дзеясловаў, якія адносяцца да аднаго і таго ж спражэння і характарызуюцца тоеснымі фармальнымі суадносінамі асноў інфінітыва і цяперашняга часу. У лінгвістычнай літаратуры прынята адрозніваць прадуктыўныя і непрадуктыўныя класы. Калі мадэль формазмянення характэрна для вялікай групы дзеясловаў, якая з’яўляецца адкрытай, таму што яна можа пастаянна папаўняцца новымі дзеясловамі, тады дзеясловы гэтай мадэлі ўваходзяць у прадуктыўны клас. Калі ж мадэль формазмянення ахоплівае лексічную групу дзеясловаў, якая з’яўляецца закрытай, таму што па тыпу дзеясловаў гэтай групы новыя дзеясловы не ўтвараюцца, тады гэта мадэль уваходзіць у адзін з непрадуктыўных класаў.
Прадуктыўныя класы
§ 270. У залежнасці ад характару суадносін асновы інфінітыва і асновы цяперашняга часу вылучаюцца чатыры прадуктыўныя класы.
Першы прадуктыўны клас
§ 271. Першы прадуктыўны клас аб’ядноўвае два падкласы.
Да падкласа А належаць дзеясловы з суадносінамі ў асновах а — аj: чыт-а-ць — чыт-аj-уць (чытаюць), мян-я-ць — мян-яj-уць (мяняюць).
Гэта вялікая і разнастайная па семантыцы група дзеясловаў, якія маюць свае структурныя асаблівасці. Сюды ўваходзяць дзеясловы на -аць (-яць), -оўваць, -нічаць, -ічаць, -каць, матываваныя назоўнікамі, прыметнікамі, дзеясловамі, выклічнікамі: абедаць, ахаць, грукаць, гукаць, пятляць, сядлаць, чыркаць, заліваць; ахарактарызоўваць, забінтоўваць; гаспадарнічаць, сталярнічаць, арыгінальнічаць, важнічаць, скрытнічаць; войкаць, гаўкаць, мяўкаць і інш., а таксама нематываваныя дзеясловы: гуляць, дбаць, ззяць, знаць, ківаць, кусаць, ламаць, мяняць, мяшаць, падаць, страляць, хаваць, чапаць, чхаць і інш.
Да падкласа Б належаць дзеясловы з суадносінамі ў асновах э, е — эj, еj: гр-э-ць — гр-эj-уць (грэюць), цямн-е-ць — цямн-еj-уць (цямнеюць). Сюды ўваходзяць дзеясловы на -ець (-эць) і -янець (-анець), матываваныя назоўнікамі або прыметнікамі: багацець, бляднець, вадзянець, дубянець, карчанець, касцянець, мацнець, мякчэць, слупянець, умець, цямнець.
Да нематываваных дзеясловаў адносяцца: гавець, грэць, дранцвець, ірдзець, калець, карпець, карэць, квітнець, карцець (разм.), млець, пець, прэць, пятрэць (прастам.), спець, тлець.
Усе дзеясловы першага прадуктыўнага класа адносяцца да першага спражэння. Аснова форм цяперашняга (будучага простага) часу заканчваецца на j. Аснова форм прошлага часу заканчваецца на галосны. Запіс у парадыгме арфаграфічны.
§ 272. Узор парадыгмы
| Цяперашні час. Адзіночны лік | |||
| Падклас А | Падклас Б | ||
| 1 ас. | чыта-ю | грэ-ю | занядужа-ю |
| 2 ас. | чыта-еш | грэ-еш | занядужа-еш |
| 3 ас. | чыта-е | грэ-е | занядужа-е |
| Множны лік | |||
| 1 ас. | чыта-ем | грэ-ём | занядужа-ем |
| 2 ас. | чыта-еце | грэ-еце | занядужа-еце |
| 3 ас. | чыта-юць | грэ-юць | занядужа-юць |
| Прошлы час. Адзіночны лік | |||
| Падклас А | Падклас Б | ||
| м. р. | чыта-ў | грэ-ў | занядужа-ў |
| ж. р. | чыта-л-а | грэ-л-а | занядужа-л-а |
| н. р. | чыта-л-а | грэ-л-а | занядужа-л-а |
| Множны лік | |||
| чыта-л-і | грэ-л-і | занядужа-л-і | |
Другі прадуктыўны клас
§ 273. Да другога прадуктыўнага класа адносяцца дзеясловы з суадносінамі ў асновах ну — н: стук-ну-ць — (яны) стук-н-уць, ірва-ну-ць — (яны) ірва-н-уць. У другі прадуктыўны клас уваходзяць матываваныя дзеясловы на -нуць і -ануць, якія ўтвараюцца ад дзеясловаў незакончанага трывання пры дапамозе суфікса -ну- і яго варыянта -ану- і маюць значэнне аднаактнасці дзеяння: зяваць — зяўнуць, лізаць — лізнуць, скрыпець — скрыпнуць, уздыхаць — уздыхнуць, ірваць — ірвануць, круціць — крутануць, рэзаць — разануць, трэсці — трасануць і інш., а таксама рад нематываваных дзеясловаў, многія з якіх не маюць значэння аднаактнасці: апрануць, вярнуць, гарнуць, гнуць, кануць, мінуць, рынуць, сунуць, тхнуць, ціснуць, цягнуць і некаторыя іншыя.
§ 274. Усе дзеясловы другога прадуктыўнага класа адносяцца да першага спражэння. Формы цяперашняга часу маюць у канцы асновы цвёрды зычны н — у формах 1-ай асобы адзіночнага ліку і 3-яй асобы множнага ліку і мяккі зычны н’ — у формах 2-ой і 3-яй асобы адзіночнага ліку і 1-ай і 2-ой асобы множнага ліку. Аснова форм прошлага часу мае ў канцы спалучэнне ну.
| Цяперашні (будучы) час | ||
| Адзіночны лік | ||
| 1 ас. | стукн-у | цісн-у |
| 2 ас. | стукн-еш | цісн-еш |
| 3 ас. | стукн-е | цісн-е |
| Множны лік | ||
| 1 ас. | стукн-ем | цісн-ем |
| 2 ас. | стукн-еце | цісн-еце |
| 3 ас. | стукн-уць | цісн-уць |
| Прошлы час | ||
| Адзіночны лік | ||
| м.р. | стукну-ў | цісну-ў |
| ж.р. | стукну-л-а | цісну-л-а |
| н.р. | стукну-л-а | цісну-л-а |
| Множны лік | ||
| стукну-л-і | цісну-л-і | |
Трэці прадуктыўны клас
§ 276. Да трэцяга прадуктыўнага класа адносяцца дзеясловы з суадносінамі ў асновах ава (ява) — уj: гарт-ава-ць — гарт-уj-уць (гартуюць), мал-ява-ць — мал’-уj-уць (малююць). У гэты клас уключаюцца дзеясловы на -аваць (-яваць), апрача дзеяслова сумнявацца, які адносіцца да падкласа А першага прадуктыўнага класа.
Дзеясловы трэцяга прадуктыўнага класа ўтвараюцца ў асноўным ад славянскіх асноў назоўнікаў і якасных прыметнікаў пры дапамозе суфікса -ава- (-ява-): дзень — дняваць, жарт — жартаваць, злы — злаваць, ноч — начаваць, мілы — мілаваць, свята — святкаваць, сум — сумаваць, хваля — хваляваць. Адзначаецца гэты суфікс і ў дзеясловах, якія ўтвараюцца ад неславянскіх каранёў: арандаваць, атакаваць, гандляваць, інтрыгаваць, камандаваць, рэкамендаваць, рэканструяваць, салютаваць, траляваць, тэлеграфаваць, фатаграфаваць, штурмаваць і інш. Суфікс -ава- (-ява-) можа быць часткай складаных суфіксаў -ствава-: аратарстваваць, дырэктарстваваць, лідэрстваваць, п’янстваваць, царстваваць; -ірава-: дырыжыраваць, зандзіраваць, мініраваць, манціраваць; -ізава: дэталізаваць, інвентарызаваць, калектывізаваць.
У трэці клас уключаецца некалькі дзеясловаў з невытворнай асновай: жаваць, каваць, кляваць (пра рыбу), пляваць, снаваць, соваць, цкаваць.
§ 277. Усе дзеясловы трэцяга класа адносяцца да першага спражэння. Аснова цяперашняга часу заканчваецца на уj. Аснова прошлага часу канчаецца на ава.
§ 278. Узор парадыгмы
| Цяперашні час. Адзіночны лік | |||
| 1 ас. | атаку-ю | дэталізу-ю | плю-ю |
| 2 ас. | атаку-еш | дэталізу-еш | плю-еш |
| 3 ас. | атаку-е | дэталізу-е | плю-е |
| Множны лік | |||
| 1 ас. | атаку-ем | дэталізу-ем | плю-ём |
| 2 ас. | атаку-еце | дэталізу-еце | плю-яце |
| 3 ас. | атаку-юць | дэталізу-юць | плю-юць |
| Прошлы час. Адзіночны лік | |||
| м. р. | атакава-ў | дэталізава-ў | плява-ў |
| ж. р. | атакава-л-а | дэталізава-л-а | плява-л-а |
| н. р. | атакава-л-а | дэталізава-л-а | плява-л-а |
| Множны лік | |||
| атакава-л-і | дэталізава-л-і | плява-л-і | |
Чацвёрты прадуктыўны клас
§ 279. Да чацвёртага прадуктыўнага класа належаць дзеясловы з суадносінамі ў асновах і (ы) — нуль гука: помн-і-ць — помн’-аць (помняць), важ-ы-ць — важ-аць. Гэта дзеясловы, матываваныя назоўнікамі, прыметнікамі і лічэбнікамі: бяліць, дваіць, касіць, клеіць, мыліць, сініць, траіць, а таксама нематываваныя дзеясловы, акрамя біць, віць, ліць, піць, брыць, шыць, якія размяркоўваюцца па непрадуктыўных класах.
§ 280. Усе дзеясловы чацвёртага класа адносяцца да другога спражэння. Аснова цяперашняга часу заканчваецца на мяккі зычны, шыпячы або р. Аснова прошлага часу заканчваецца на галосны.
Для дзеясловаў гэтага класа характэрна чаргаванне канцавых мяккіх губных і зубных зычных асновы з губным + л’ або з шыпячым у 1-ай асобе адзіночнага ліку цяперашняга (будучага простага) часу і ў формах дзеепрыметнікаў залежнага стану прошлага часу: б — бл’ — церабіць — цераблю, цярэбіш... цярэблены; п — пл’ — ляпіць — ляплю, лепіш... леплены; м — мл’ — карміць — кармлю, корміш... кормлены; в — ўл’ (вл’) — ставіць — стаўлю, ставіш... стаўлены; ф — фл’ — графіць — графлю, графіш... графлёны; з — ж — вазіць — важу, возіш... вожаны; с — ш — насіць — нашу, носіш... ношаны; ц — ч — заахвоціць — заахвочу, заахвоціш... заахвочаны; дз — дж — хадзіць — хаджу, ходзіш... ходжаны.
| Цяперашні (будучы) час | |||
| Адзіночны лік | |||
| 1 ас. | ляпл-ю | важ-у | пушч-у |
| 2 ас. | леп-іш | воз-іш | пусц-іш |
| 3 ас. | леп-іць | воз-іць | пусц-іць |
| Множны лік | |||
| 1 ас. | леп-ім | воз-ім | пусц-ім |
| 2 ас. | леп-іце | воз-іце | пусц-іце |
| 3 ас. | леп-яць | воз-яць | пусц-яць |
| Прошлы час | |||
| Адзіночны лік | |||
| м.р. | ляпі-ў | вазі-ў | пусці-ў |
| ж.р. | ляпі-л-а | вазі-л-а | пусці-л-а |
| н.р. | ляпі-л-а | вазі-л-а | пусці-л-а |
| Множны лік | |||
| ляпі-л-і | вазі-л-і | пусці-л-і | |
Узаемадзеянне прадуктыўных класаў
§ 282. Пры формазмяненні адбываецца ўзаемадзеянне дзеясловаў розных прадуктыўных класаў, якое прыводзіць да пераразмеркавання некаторых дзеяслоўных лексем унутры прадуктыўных класаў.
1. Дзеясловы уладзець, валадзець, халадзець (на дварэ), якія адносіліся да трэцяга прадуктыўнага класа і мелі адпаведна формы уладзею, валадзею, халадзее, перайшлі ў першы прадуктыўны клас і маюць формы уладаць, валодаць, халадаць. Параўн.: Каб у час, тваю ўзняўшы раць, быць ля стырна крутых падзей — і крыкнуць усёй зямлі — устань і кроўным правам валадзей! (У. Хадыка); Ім увесь час валодаў узвышаны і неастываючы настрой (Ц. Гартны).
2. Дзеясловы першага прадуктыўнага класа на а (дужацца, апрыкраць, занядужаць, выкрасаць, красаць, мераць, муляць і некаторыя іншыя) замест дужаюся, апрыкрае, занядужаю, выкрасаю, мераю, мераеш, мерае, мераюць, муляе ўтвараюць формы па мадэлі дзеясловаў чацвёртага прадуктыўнага класа: дужыўся, апрыкрыць, занядужу, выкрашу, меру, мерыш, мерыць, (яны) мераць, муліць і г. д. Асабліва ўзаемадзеянне гэтых класаў праяўляецца ў інфінітыве і формах прошлага часу: Клалі ў зямлю дробненькі гной, па аднаму, кожны на сваёй занядбанай палосцы дужыўся, сам гаспадар і раскірэка конь гойкалі на ўсё поле і не маглі яе адужаць... (В. Каваль); Выбраў зацішнае месца... наклаў у люльку тытуну, выкрасіў агню, закурыў (Я. Колас); Сонцаву ў першы ж дзень страявая апрыкрыла (І. Мележ); Ды апрыкрыла ўсё (К. Крапіва); Пажывуць год, апрыкрыць жыццё — разлучаюцца, мучаць адзін аднаго (В. Каваль); — Занядужыла нешта, сынок... Неяк аслабела ды й годзе (А. Чарнышэвіч); Тая ж, вядома, пасля цяжкіх страт зусім занядужыла (П. Кавалёў); Няўклюдны цвік балюча муліць пятку (А. Пысін); Ні кніг абразлівых, ні слоў, што вушы муляць (П. Панчанка); Сяргей ехаў на возе. Ляжаў на спіне і ўвесь час адчуваў, як муліла жэрдка (У. Чыгрынаў); Вось трапілі некаторыя хваінкі за каўнер, муляць шыю (М. Лынькоў); Што нам жураўліны вырай,— З зор іскраў больш не крэсіць (Я. Пушча); У вайну тата з губы і цэры «крэсіў» агонь (І. Пташнікаў).
Прыведзеныя вышэй формы выходзяць за межы літаратурнай мовы і з’яўляюцца адступленнямі ад нормы. Параўн. правільнае ўжыванне: дужаўся, выкрасаў, апрыкрала, апрыкрае, занядужала, муляе, муляюць, муляла, не красае, красаў. Абрыцкі рапарты прымае, хто чуў глушца, якія токі, адлегласць мерае на крокі (Я. Колас); Узляцелі дужацца роем у полі з першай снежнай сцюжыцай лісце-матылі (А. Куляшоў); А ў небе тым часам ужо дужаецца сонца з густой замессю хмар (В. Быкаў).
3. Пад уплывам дзеясловаў трэцяга прадуктыўнага класа зрэдку ў дзеясловах першага прадуктыўнага класа суфікс -ва- можа чаргавацца з -уj-. Напрыклад: Глянеш — сэрца захватуе... Колькі яшчэ трэба нам сілы (М. Чарот). Трэба: захватвае. У гутарковай мове ўжываюцца формы тыпу нагадуе, нагадуюць, загадуе, загадуюць, распытуе, распытуюць, якія з’яўляюцца парушэннем літаратурнай нормы.
4. Адбываецца ўзаемадзеянне паміж дзеясловамі падкласа Б першага прадуктыўнага класа і чацвёртага класа. Дзеясловы дурэць ’забаўляцца, сваволіць’, зардзецца, заружавецца, заружавець, саромецца, тлець могуць атрымліваць канчаткі, якія характэрны для дзеясловаў чацвёртага прадуктыўнага класа: Ты жыцця, брат, не здалееш, як ты ні дурыш, ні шалееш (Я. Колас); Хлопец, не дуры, выходзь (І. Навуменка); Ёй зрабілася сорамна, шчокі заружовіліся (Ул. Шахавец); Заружовіўся бруснічнік (П. Броўка); Твар яе заружовіўся, Што знайсці за прычыну? (П. Броўка); Заясней, зардзіся, у славе неразвеўна, Нібы дзіва тое — У казцы каралеўна (Я. Купала); Як будуць салодка пахнуць ліпы, як зіхатліва зардзіцца сонечны заход, халадком дыхне паветра (М. Вышынскі); Сказаць хацела нешта, ды, мусіць, бацькі засаромілася (Я. Колас); Рыбкін густа пачырванеў і апусціў вочы, але не словы ўдзячнасці засаромілі яго (А. Шашкоў); Сёння матчынай мовы, а заўтра засаромішся маці самой? (Н. Гілевіч); Нібы ёсць нейкая прычына Сароміцца ўласных рук (А. Пысін); Мікіта трохі сароміўся, і прамова яго была не зусім гладкай (Я. Колас); Яны.. не саромяцца адзін аднаго (А. Зарэцкі); А каганец, Як бы губка, толькі тліцца (Ф. Багушэвіч); Зоркі роднай у сэрцы мне іскрынка тліць (Я. Купала).
Прыведзеныя вышэй формы з’яўляюцца адступленнем ад літаратурнай нормы. Параўн. правільныя формы: Ну, Ігнат, глядзі, брат, Не дурэй, вучыся (Я. Колас); Яны дурэлі да таго часу, пакуль маці не прыкрыкнула (М. Даніленка); Край неба над зямлёю пачаў ружаваець (Маладосць, 1974), а таксама зардзейся, зардзеецца, засаромецца, тлеецца, тлее.
5. Адзначаюцца выпадкі ўздзеяння дзеясловаў другога прадуктыўнага класа на чацвёрты. Напрыклад, замест літаратурнай інфінітыўнай формы спыніцца і адпаведных асабовых форм спынюся, спыніўся сустракаюцца формы тыпу спынуся, спынуўся, якія выходзяць за межы літаратурнай нормы: Там-сям гэтым пахваліўся І сапсуў паперы: Сам спынуўся ў халоднай За ... свабоду веры (Я. Купала).
Непрадуктыўныя класы
§ 283. Дзеясловы, якія па суадносінах асновы інфінітыва і асновы цяперашняга часу не ўключаюцца ні ў адзін з чатырох пералічаных вышэй класаў, складаюць групы непрадуктыўных класаў. Некаторыя дзеясловы наогул адрозніваюцца індывідуальнымі формаўтваральнымі асаблівасцямі. Непрадуктыўныя класы дзеясловаў адчуваюць на сабе ўплыў прадуктыўных тыпаў і пераходзяць у сістэму прадуктыўных дзеясловаў, некаторыя маюць дублетныя формы непрадуктыўных і прадуктыўных класаў.
Першы непрадуктыўны клас
§ 284. Да першага непрадуктыўнага класа належаць дзеясловы з суадносінамі ў асновах а — нуль гука: каз-а-ць — каж-уць, веj-а-ць (веяць) — веj-уць (веюць), рв-а-ць — рв-уць.
Па характару канцавога зычнага асновы цяперашняга часу і па наяўнасці або адсутнасці чаргавання ў асновах дзеясловы гэтага класа дзеляцца на тры падкласы.
Падклас А ўключае дзеясловы з чаргаваннем апошніх зычных асноў інфінітыва і цяперашняга часу ва ўсіх асабовых формах. Адзначаюцца наступныя чаргаванні:
з — ж (казаць — кажу, кажаш... кажуць);
с — ш (пісаць — пішу, пішаш... пішуць);
т — ч (шаптаць — шапчу, шэпчаш... шэпчуць);
п — пл’ (сыпаць — сыплю, сыплеш... сыплюць);
м — мл’ (драмаць — драмлю, дрэмлеш... дрэмлюць).
Заўвага. Толькі ў дзеясловах лгаць і ткаць чаргаванне г, к з шыпячымі адсутнічае ў 1-ай асобе адзіночнага і 3-яй асобе множнага ліку: лгаць — лгу, лжэш, лжэ, лжом, лжаце, лгуць; ткаць — тку, тчэш, тчэ, тчом, тчаце, ткуць.
У дзеясловах слаць і прыслаць адзначаюцца нерэгулярныя чаргаванні: слаць — сцелю, сцелеш... сцелюць; прыслаць — прышлю, прышлеш... прышлюць.
Чаргаванне цвёрдых зычных з мяккімі або зацвярдзелымі зычнымі:
л — л’ (слаць — шлю, шлеш... шлюць);
н — н’ (стагнаць — стагну, стогнеш... стогнуць);
в — в’ (рваць — рву, рвеш... рвуць);
с — с’ (ссаць — ссу, ссеш... ссуць);
д — дж (ждаць — жду, жджэш... ждуць);
р цвёрды — р зацвярдзелы (араць — ару, арэш... аруць).
Чаргуюцца таксама спалучэнні зычных:
ск — шч (пляскаць — пляшчу, плешчаш... плешчуць);
ст — шч (хвастаць — хвашчу, хвошчаш... хвошчуць).
Некаторыя дзеясловы гэтай групы з асновай на к, х, а таксама на ск і ст падвяргаюцца ўплыву з боку дзеясловаў першага прадуктыўнага класа. Да ліку такіх дзеясловаў трэба аднесці калыхаць, клікаць, паласкаць, пляскаць, скакаць, смыкаць, хвастаць і некаторыя іншыя.
У выніку ўзаемадзеяння гэтых дзеясловаў з дзеясловамі першага прадуктыўнага класа тыпу чытаць, гартаць, макаць пералічаныя вышэй дзеясловы могуць мець паралельныя асабовыя формы:
| калыхаць | калышу, калышаш, калыша ... калышуць калыхаю, калыхаеш, калыхае ... калыхаюць |
| клікаць | клічу, клічаш, кліча ... клічуць клікаю, клікаеш, клікае ... клікаюць |
| смыкаць | смычу, смычаш, смыча ... смычуць смыкаю, смыкаеш, смыкае ... смыкаюць |
| паласкаць | палашчу, палошчаш, палошча ... палошчуць паласкаю, паласкаеш, паласкае ... паласкаюць |
| пляскаць | пляшчу, плешчаш, плешча ... плешчуць пляскаю, пляскаеш, пляскае ... пляскаюць |
| хвастаць | хвашчу, хвошчаш, хвошча ... хвошчуць хвастаю, хвастаеш, хвастае ... хвастаюць |
Для дзеяслова смыкаць у якасці літаратурнай нормы замацаваліся варыянтныя формы смычу, смычаш, смыча... і смыкаю, смыкаеш, смыкае.
Для дзеясловаў калыхаць, клікаць, паласкаць, пляскаць, хвастаць у якасці літаратурнай нормы замацаваліся формы, утвораныя па мадэлі першага непрадуктыўнага класа: калышу, клічу, палашчу, пляшчу, хвашчу. Формы калыхаю, клікаю, паласкаю, пляскаю, хвастаю, якія ўтвараюцца па мадэлі дзеясловаў першага прадуктыўнага класа, сустракаюцца ў мове мастацкай літаратуры: Імкне ручаінамі празрыстая вада, калыхае ў сабе срэбнае цельца маленькай вясёлай міроны (Ул. Караткевіч); На Цэнтральную плошчу ўступілі першыя калоны ўсіх пяці раёнаў горада. Над імі калыхаюцца пераходныя Чырвоныя Сцягі Савета Міністраў БССР і Белсаўпрофа (Звязда, 1969); Я толькі кліч клікаю і разношу гэтую вестку ўсім чыста ад хаты да хаты (Я. Купала).
Дзеясловы першага прадуктыўнага класа аказваюць уплыў на дзеясловы першага непрадуктыўнага класа з канцавымі зычнымі м і п у аснове:
| драмаць | драмлю, дрэмлеш, дрэмле...дрэмлюць драмаю, драмаеш, драмае...драмаюць |
| кляпаць | кляпаю, кляпаеш, кляпае...кляпаюць кляплю, клеплеш, клепле...клеплюць |
| шчыпаць | шчыплю, шчыплеш, шчыпле...шчыплюць шчыпаю, шчыпаеш, шчыпае...шчыпаюць |
Для дзеясловаў кляпаць і шчыпаць у якасці літаратурнай нормы выступаюць паралельныя формы: кляпаю і кляплю... кляпаюць і клеплюць, шчыпаю і шчыплю... шчыпаюць і шчыплюць.
Для дзеяслова драмаць нормай лічацца формы драмлю, дрэмлеш... дрэмлюць.
§ 285. Падклас Б уключае дзеясловы, у якіх аснова цяперашняга часу заканчваецца на j, а аснова інфінітыва — на jа: веjа-ць (веяць) — веj-уць (веюць). Сюды адносяцца дзеясловы баяць, бляяць, веяць, каяцца, лаяць, пяяць, сеяць, смяяцца.
§ 286. Падклас В уключае дзеясловы, у якіх назіраецца чаргаванне галосных е (я), а ў аснове цяперашняга часу з адсутнасцю галоснага ў аснове інфінітыва. Сюды ўключаецца некалькі дзеясловаў: бра-ць — бяр-уць, дра-ць — дзяр-уць, зва-ць — зав-уць, пра-ць — пяр-уць.
| Цяперашні час | |||||||
| Адзіночны лік | |||||||
| Падклас А | Падклас Б | Падклас В | |||||
| 1 ас. | піш-у | калыш-у | сыпл-ю | рву | ар-у | ве-ю | бяр-у |
| 2 ас. | піш-аш | калыш-аш | сыпл-еш | рв-еш | ар-эш | ве-еш | бяр-эш |
| 3 ас. | піш-а | калыш-а | сыпл-е | рв-е | ар-э | ве-е | бяр-э |
| Множны лік | |||||||
| 1 ас. | піш-ам | калыш-ам | сыпл-ем | рв-ём | ар-ом | ве-ем | бяр-ом |
| 2 ас. | піш-аце | калыш-аце | сыпл-еце | рв-яце | ар-аце | ве-еце | бер-аце |
| 3 ас. | піш-уць | калыш-уць | сыпл-юць | рв-уць | ар-уць | ве-юць | бяр-уць |
| Прошлы час | |||||||
| Адзіночны лік | |||||||
| м. р. | піса-ў | калыха-ў | сыпа-ў | рва-ў | ара-ў | вея-ў | бра-ў |
| ж. р. | піса-л-а | калыха-л-а | сыпа-л-а | рва-л-а | ара-л-а | вея-л-а | бра-л-а |
| н. р. | піса-л-а | калыха-л-а | сыпа-л-а | рва-л-а | ара-л-а | вея-л-а | бра-л-а |
| Множны лік | |||||||
| піса-л-і | калыха-л-і | сыпа-л-і | рва-л-і | ара-л-і | вея-л-і | бра-л-і | |
Другі непрадуктыўны клас
§ 288. Да другога непрадуктыўнага класа належаць дзеясловы з суадносінамі ў асновах а — нуль гука, е(э) — нуль гука: ляж-а-ць — (яны) ляж-аць, сядз-е-ць — сядз-яць. У залежнасці ад якасці апошняга галоснага асновы інфінітыва дзеясловы другога класа дзеляцца на два падкласы.
Да падкласа А адносяцца дзеясловы з асновай інфінітыва на а і асновай цяперашняга часу на зычны: маўча-ць — маўч-у, маўч-ыш... маўч-аць. Большасць дзеясловаў гэтага падкласа мае ў аснове цяперашняга часу шыпячыя ж (дж), ч: блішчаць, бражджаць, бурчаць, верашчаць, вішчаць, гучаць, дрыжаць, журчаць, імчаць, крычаць, ляжаць, маўчаць, пішчаць, тарчаць (тырчаць), трашчаць, цурчаць, а таксама дзеясловы ламаць (з чаргаваннем м — мл’ у аснове цяперашняга часу: ламлю, ломіш... ломяць), спаць (з чаргаваннем п — пл’ у аснове цяперашняга часу: сплю, спіш... спяць), гнаць (з паяўленнем беглага галоснага ў аснове цяперашняга часу: ганю, гоніш... гоняць) і дзеясловы з асновай на j у аснове цяперашняга часу: баяцца, стаяць.
Да падкласа Б адносяцца дзеясловы з асновай інфінітыва на е і асновай цяперашняга часу на зычны: шуме-ць — шум-яць, глядзе-ць — глядз-яць. Сюды адносяцца дзеясловы: бліскацець, бразгацець, вісець, вярцець, глядзець, грукацець, грымець, гудзець, дрыгацець, дудзець, дымець, звінець, зіхацець, карцець, кіпець, лапацець, ліпець, ляцець, мігцець, мільгацець, ненавідзець, рупець, рыпець, свіціцца, свярбець, сіпець, скрыпець, слізгацець, смылець, смярдзець, сядзець, тарахцець, трымцець, храбусцець, хрусцець, хрыпець, цьмець, цярпець, шалясцець, шамацець, шапацець, шаргацець, шумець, шчымець, шыпець, а таксама імжэць, кішэць, свірчэць, сквірчэць, цурчэць і гарэць, курэць.
У дзеясловах гэтага падкласа з мяккім зычным у аснове ў 1-ай асобе адзіночнага ліку і формах дзеепрыметніка залежнага стану прошлага часу маюць месца чаргаванні: с — ш (вісець — вішу, вісіш... вісяць; падвешаны); дз’ — дж (глядзець — гляджу, глядзіш... глядзяць; падгледжаны); ц’ — ч (вярцець — вярчу, верціш... верцяць; заверчаны); м — мл’ (шумець — шумлю, шуміш, шуміць... шумяць); п — пл’ (шыпець — шыплю, шыпіш, шыпіць... шыпяць); сц’ — шч (храбусцець — храбушчу, храбусціш, храбусціць... храбусцяць).
Заўвага. Ад дзеяслова ляцець (і прыставачных утварэнняў) у мове мастацкай літаратуры і размоўным стылі ўжываюцца часам формы ляту (1-ая асоба адзіночнага ліку) і лятуць (3-яя асоба множнага ліку), напрыклад: Іскры лятуць да світання ў цемру і снег, як жывыя чмялі (Ул. Караткевіч); — Дзеці — яны вырастаюць і лятуць, у іх свой клопат, яны свае гнёзды ўюць (А. Марціновіч). Гэтыя формы, магчыма, паявіліся па аналогіі з асабовымі формамі дзеяслова лятаць і з’яўляюцца парушэннем літаратурнай нормы.
Літаратурнай нормай трэба лічыць формы лячу, ляціш, ляціць, ляцім, леціце, ляцяць.
Некаторыя дзеясловы другога непрадуктыўнага класа падвяргаюцца ўплыву дзеясловаў чацвёртага прадуктыўнага класа. Гэты ўплыў найбольш яскрава выяўляецца ў формах прошлага часу прыставачных дзеясловаў, у якіх назіраецца замена націскных суфіксальных галосных ненаціскнымі, напрыклад: Пасека аж белая ад іх,— нібы гэта не сіўцы, а ржышча выгарала, адлежылася пад сонцам, вымакла, як каноплі ў вадзе, а цяпер зноў узнялося шчоткай (І. Пташнікаў); Яна змоўчыла троху (А. Зарэцкі); Недзе гукнуў дзяцел. Змоўчыў, мабыць выскачыла рысь (П. Броўка); Сядзіць ён ціхутка, адасоблена, пільна ў зоркае неба ўгледзіўся (Я. Крупенька); Загледзіліся на настаўніцу (Я. Брыль); Ён загледзіў яе і выйшаў з хаты (В. Маеўскі). Формы адлежылася, змоўчыла, змоўчыў, угледзіўся і падобныя павінны кваліфікавацца як парушэнне літаратурнай нормы. Ад дзеясловаў адлежацца, змоўчаць, угледзецца, загледзець нарматыўнымі з’яўляюцца формы адлежалася, змоўчала, змоўчаў, угледзеўся, загледзеў.
Усе дзеясловы другога непрадуктыўнага класа належаць да другога спражэння.
| Цяперашні час | |||||
| Адзіночны лік | |||||
| Падклас А | Падклас Б | ||||
| 1 ас. | маўч-у | ста-ю | глядж-у | скрыпл-ю | гар-у |
| 2 ас. | маўч-ыш | ста-іш | глядз-іш | скрып-іш | гар-ыш |
| 3 ас. | маўч-ыць | ста-іць | глядз-іць | скрып-іць | гар-ыць |
| Множны лік | |||||
| 1 ас. | маўч-ым | ста-ім | глядз-ім | скрып-ім | гар-ым |
| 2 ас. | маўч-ыце | ста-іце | гледз-іце | скрып-іце | гар-ыце |
| 3 ас. | маўч-аць | ста-яць | глядз-яць | скрып-яць | гар-аць |
| Прошлы час | |||||
| Адзіночны лік | |||||
| м. р. | маўча-ў | стая-ў | глядзе-ў | скрыпе-ў | гарэ-ў |
| ж. р. | маўча-л-а | стая-л-а | глядзе-л-а | скрыпе-л-а | гарэ-л-а |
| н. р. | маўча-л-а | стая-л-а | глядзе-л-а | скрыпе-л-а | гарэ-л-а |
| Множны лік | |||||
| маўча-л-і | стая-л-і | глядзе-л-і | скрыпе-л-і | гарэ-л-і | |
Трэці непрадуктыўны клас
§ 290. Да трэцяга непрадуктыўнага класа належаць дзеясловы з суадносінамі ў асновах ну — н: мок-ну-ць — (яны) мок-н-уць, жоўк-ну-ць — (яны) жоўк-н-уць. У формах прошлага часу гэтыя дзеясловы страчваюць суфікс -ну-.
Сюды адносяцца беспрыставачныя дзеясловы, якія абазначаюць стан: блякнуць, бракнуць, віснуць, вытхнуцца, вязнуць, гаснуць, гінуць, глухнуць, горкнуць, гразнуць, грузнуць, гуснуць, дохнуць, друзнуць, дрыхнуць, жоўкнуць, жухнуць, затхнуцца, зызнуць, зябнуць, кіснуць, крэпнуць, ліпнуць, мерзнуць, меркнуць, мокнуць, моўкнуць, мякнуць, нікнуць, пахнуць, прагнуць, пухнуць, сіпнуць, слабнуць, слепнуць, смагнуць, сохнуць, стынуць, тухнуць, тхнуць, уваскрэснуць, хрыпнуць, ціхнуць, цягнуць, чахнуць, чэзнуць, а таксама дзеясловы, якія на сучасным этапе лічацца невытворнымі або маюць звязаную аснову: абрыднуць, абрызгнуць, заскарузнуць, захраснуць, пазбегнуць, прасякнуць, спасцігнуць, спрахнуць; адвергнуць, вывергнуць, звергнуць, падвергнуць, увергнуць; абвыкнуць, адвыкнуць, звыкнуць, прывыкнуць; набухнуць, разбухнуць; набракнуць, разбракнуць; дасягнуць, перасягнуць. Толькі прыставачныя дзеясловы адвергнуць, падвергнуць, дасягнуць, перасягнуць, спасцігнуць і некаторыя іншыя абазначаюць дзеянне.
Дзеясловы трэцяга непрадуктыўнага класа адчуваюць на сабе значны ўплыў дзеясловаў другога прадуктыўнага класа, што абумоўлена падабенствам структуры і суадносін асноў інфінітыва і цяперашняга часу. Уплыў заключаецца ў тым, што многія беспрыставачныя дзеясловы трэцяга непрадуктыўнага класа ў формах прошлага часу мужчынскага роду могуць захоўваць суфікс -ну-, напрыклад: блякнуў, віснуў, вязнуў, вянуў, горкнуў, жоўкнуў, ліпнуў, пахнуў, прагнуў, сіпнуў і інш.
У формах жаночага і ніякага роду і ў формах множнага ліку прошлага часу, а таксама ў прыставачных дзеясловах уплыў другога прадуктыўнага класа значна меншы. Тут як літаратурная норма ў асноўным выступаюць формы без суфікса -ну-: вяла, вялі, завяў, завялі; гасла, гаслі, пагас, згаслі; глухла, глухлі, аглух, заглухлі; гразла, гразлі, заграз, загразлі; зябла, зяблі, азяб, азяблі і г. д.
Але ад прыставачных утварэнняў дзеясловаў гінуць, цягнуць, прагнуць, а таксама дасягнуць, вытхнуцца, затхнуцца ўсе формы прошлага часу ў літаратурнай мове павінны ўжывацца з суфіксам -ну-: загінуў, загінула, загінулі; прыцягнуў, прыцягнула, прыцягнулі; запрагнуў, запрагнула, запрагнулі; дасягнуў, дасягнула, дасягнулі; вытхнуўся, вытхнулася, вытхнуліся; затхнуўся, затхнулася, затхнуліся. Формы гэтых дзеясловаў без суфікса -ну- (прыцяг, выцяг, выцягла, запраг, запрагла, дасяг, дасяглі, вытхлася, затхлася) з’яўляюцца парушэннем літаратурнай нормы.
Большасць дзеясловаў трэцяга непрадуктыўнага класа, у якіх у сучаснай мове прыстаўка не выдзяляецца, у прошлым часе маюць форму мужчынскага роду з суфіксам -ну-: уракнуць — уракнуў, прасякнуць — прасякнуў, абвергнуць — абвергнуў, пазбегнуць — пазбегнуў, абрыднуць — абрыднуў, абрызгнуць — абрызгнуў, заскарузнуць — заскарузнуў.
Для дзеясловаў абвыкнуць, адвыкнуць, прывыкнуць, набракнуць, набухнуць, захраснуць, спрахнуць, спасцігнуць літаратурнымі лічацца формы без суфікса -ну-: абвык, адвык, прывык, набрак, набух, захрас, спрах, спасціг.
Формы жаночага роду і формы множнага ліку ўсіх гэтых дзеясловаў утвараюцца пераважна без суфікса -ну-: уракла, ураклі; прасякла, прасяклі; абвергла, абверглі; пазбегла, пазбеглі; набракла, набраклі; спрахла, спрахлі; спасцігла, спасціглі і інш.
Усе дзеясловы трэцяга непрадуктыўнага класа адносяцца да першага спражэння. Формы цяперашняга часу ўсіх дзеясловаў гэтага класа маюць цвёрды зычны -н- у формах 1-ай асобы адзіночнага ліку і 3-яй асобы множнага ліку і мяккі зычны -н’- у формах 2-ой і 3-яй асобы адзіночнага ліку і 1-ай і 2-ой асобы множнага ліку.
| Цяперашні (будучы) час | |||
| Адзіночны лік | |||
| 1 ас. | мерзн-у | прывыкн-у | мокн-у |
| 2 ас. | мерзн-еш | прывыкн-еш | мокн-еш |
| 3 ас. | мерзн-е | прывыкн-е | мокн-е |
| Множны лік | |||
| 1 ас. | мерзн-ем | прывыкн-ем | мокн-ем |
| 2 ас. | мерзн-еце | прывыкн-еце | мокн-еце |
| 3 ас. | мерзн-уць | прывыкн-уць | мокн-уць |
| Прошлы час | |||
| Адзіночны лік | |||
| м.р. | мёрз | прывык | мок |
| ж.р. | мерз-л-а | прывык-л-а | мок-л-а |
| н.р. | мерз-л-а | прывык-л-а | мок-л-а |
| Множны лік | |||
| мерз-л-і | прывык-л-і | мок-л-і | |
Чацвёрты непрадуктыўны клас
§ 292. Да чацвёртага непрадуктыўнага класа адносяцца дзеясловы, інфінітыў якіх заканчваецца на -ці, -сці: вез-ці, дзяўб-ці, кла-сці, цер-ці. У залежнасці ад характару апошняга зычнага асновы дзеясловы чацвёртага непрадуктыўнага класа дзеляцца на тры падкласы.
Падклас А аб’ядноўвае дзеясловы на -ці, у якіх аснова інфінітыва і аснова цяперашняга часу супадаюць. Апошні зычны асновы: з (вез-ці — вяз-уць, вярз-ці — вярз-уць, грыз-ці — грыз-уць, лез-ці — лез-уць, паўз-ці — паўз-уць); с (нес-ці — няс-уць, трэс-ці — трас-уць); б (дзяўб-ці — дзяўб-уць, скарб-ці — скраб-уць, скуб-ці — скуб-уць, грэб-ці — граб-уць); п (сап-ці — сап-уць, храп-ці — храп-уць, чаўп-ці — чаўп-уць); р (дзер-ці — дзяр-уць, жэр-ці — жар-уць); в, які чаргуецца з ў (раў-ці — рав-уць). Апошні зычны асновы з’яўляецца апошнім гукам у формах прошлага часу мужчынскага роду: вёз, нёс, дзёўб, соп, дзёр, жор і г. д.
Заўвага. Пад уплывам дзеясловаў на -сці тыпу брысці, плесці, месці ў некаторых дзеясловах на -ці з папярэднім губным перад -ці паяўляецца с: грабсці, дзяўбсці, скрабсці, храпсці, чаўпсці, раўсці. Аднак гэтыя формы лічацца дыялектнымі.
Падклас Б аб’ядноўвае дзеясловы на -сці, у якіх аснова цяперашняга часу заканчваецца на д або т: класці — клад-уць, мес-ці — мят-уць. У гэты падклас адносяцца дзеясловы брысці, весці, гнесці, гусці, класці, красці, месці, пасці, плесці, прасці, сесці, цвісці. Формы прошлага часу ўтвараюцца шляхам далучэння суфікса -л- да асновы інфінітыва: кла-сці — кла-ў, кла-л-а; пле-сці — плё-ў, пля-л-а.
У падклас В уваходзяць дзеясловы мерці, перці, церці, распасцерці. У аснове цяперашняга часу гэтых дзеясловаў выпадае беглы галосны е: перці — пру, прэш, прэ... пруць; распасцерці — распастру, распастрэш, распастрэ... распаструць; церці — тру, трэш, трэ... труць. У формах прошлага часу, а таксама ў дзеепрыметніках залежнага стану прошлага часу і дзеепрыслоўях гук е ўзнаўляецца: перці — пру... пруць, пёр, перла... запёрты, запёршы; церці — тру... труць, цёр, церла... пацёрты, пацёршы.
Да чацвёртага непрадуктыўнага класа адносяцца таксама дзеясловы расці і клясці, але яны маюць некаторыя асаблівасці пры формаўтварэнні.
Дзеяслоў расці ўтварае формы цяперашняга часу ад асновы раст-: раст-у, расц-еш... раст-уць, а формы прошлага часу ўтвараюцца ад асновы рос- (рас-): рос, рас-л-а, рас-л-о, рас-л-і.
Дзеяслоў клясці ўтварае формы цяперашняга часу ад асновы клян-: клян-у, клян-еш, клян-е... клян-уць, а формы прошлага часу ад асновы кля-: кля-ў, кля-л-а, кля-л-о, кля-л-і.
Усе дзеясловы чацвёртага непрадуктыўнага класа адносяцца да першага спражэння. Асновы форм цяперашняга часу маюць у канцы цвёрды зычны (у 1-ай асобе адзіночнага ліку і 3-яй асобе множнага ліку) і мяккі зычны (у 2-ой і 3-яй асобе адзіночнага ліку і 1-ай і 2-ой асобе множнага ліку), акрамя дзеясловаў з асновай на р.
| Цяперашні час | |||||
| Адзіночны лік | |||||
| Падклас А | Падклас Б | Падклас В | |||
| 1 ас. | няс-у | дзяўб-у | клад-у | мят-у | тр-у |
| 2 ас. | няс-еш | дзяўб-еш | кладз-еш | мяц-еш | тр-эш |
| 3 ас. | няс-е | дзяўб-е | кладз-е | мяц-е | тр-э |
| Множны лік | |||||
| 1 ас. | няс-ём | дзяўб-ём | кладз-ём | мяц-ём | тр-ом |
| 2 ас. | нес-яце | дзеўб-яце | кладз-яце | мец-яце | тр-аце |
| 3 ас. | няс-уць | дзяўб-уць | клад-уць | мят-уць | тр-уць |
| Прошлы час | |||||
| Адзіночны лік | |||||
| м.р. | нёс | дзёўб | кла-ў | мё-ў | цёр |
| ж.р. | нес-л-а | дзяўб-л-а | кла-л-а | мя-л-а | цер-л-а |
| н.р. | нес-л-а | дзяўб-л-о | кла-л-а | мя-л-о | цер-л-а |
| Множны лік | |||||
| нес-л-і | дзяўб-л-і | кла-л-і | мя-л-і | цер-л-і | |
