Артефакт.lib.ru
Сайт Андрея Пискунова Хостинг Lib.Ru

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел

Непрадуктыўныя класы дзеясловаў

§§ 294–310

Пяты непрадуктыўны клас

§ 294. Да пятага непрадуктыўнага класа адносяцца дзеясловы, інфінітыў якіх заканчваецца на -чы (-ч), а аснова цяперашняга часу — на заднеязычныя г, к, якія чаргуюцца з ж, ч: таў-чы — таўк-у, таўч-эш; бераг-чы — бераг-у, бераж-эш. Аснова прошлага часу заканчваецца на г або к: бярог, бераг-л-а, тоўк, таўк-л-а.

У пяты непрадуктыўны клас уваходзяць беспрыставачныя дзеясловы: валачы, берагчы, легчы, магчы, прэгчы ’смажыць’, пячы, сячы (і секчы), стрыгчы, сцерагчы, таўчы, цячы, а таксама дзеясловы са звязанымі асновамі: адпрэгчы, выпрагчы, запрэгчы, падпрэгчы, перапрэгчы, прыпрэгчы, распрэгчы; адрачыся, вырачыся, зрачыся, урачы, урачыся.

Заўвага. Ад дзеяслова магчы не ўтвараецца форма загаднага ладу.

Усе дзеясловы пятага непрадуктыўнага класа адносяцца да першага спражэння.

§ 295. Узор парадыгмы

Цяперашні час
Адзіночны лік
1 ас.стрыг-утаўк-у
2 ас.стрыж-эштаўч-эш
3 ас.стрыж-этаўч-э
Множны лік
1 ас.стрыж-омтаўч-ом
2 ас.стрыж-ацетаўч-аце
3 ас.стрыг-уцьтаўк-уць

Прошлы час
Адзіночны лік
м.р.стрыгтоўк
ж.р.стрыг-л-атаўк-л-а
н.р.стрыг-л-атаўк-л-о
Множны лік
стрыг-л-ітаўк-л-і

Шосты непрадуктыўны клас

§ 296. Да шостага непрадуктыўнага класа належаць дзеясловы з суадносінамі ў асновах а(я) — насавы зычны: жа-ць — жн-у, мя-ць — мн-у, абня-ць — абнім-у.

У залежнасці ад таго, якім насавым заканчваецца аснова цяперашняга часу, дзеясловы гэтага класа падзяляюцца на два падкласы.

Падклас А аб’ядноўвае дзеясловы з асновай цяперашняга часу на зычны н: жаць, мяць, пяць, цяць і прыставачныя ад іх, а таксама дзеясловы са звязанай асновай: зачаць, пачаць, распачаць, усчаць.

У падклас Б уваходзяць дзеясловы з асновай цяперашняга часу на зычны м: зня-ць — знім-уць. Гэта дзеясловы са звязанай асновай -ня-: абняць, адняць, выняць, даняць, заняць, зняць, наняць, падняць, пераняць, паняць, праняць, прыняць, разняць, успрыняць, узняць і некаторыя іншыя, а таксама дзеяслоў узяць.

У залежнасці ад утварэння форм цяперашняга часу дзеясловы падкласа Б дзеляцца на тры групы.

1. Дзеясловы з прыстаўкай на галосны, у якіх адбываецца чаргаванне асноў -ня- — -йм-: да-ня-ць — да-йм-у, до-йм-еш... до-йм-уць; за-ня-ць — за-йм-у, зо-йм-еш... зо-йм-уць; пера-ня-ць — пера-йм-у, пяро-йм-еш... пяро-йм-уць і г. д.

2. Дзеясловы з прыстаўкай на зычны і з чаргаваннем асноў -ня- — -нім-: аб-ня-ць — аб-нім-у, аб-нім-еш... аб-нім-уць; ад-ня-ць — ад-нім-у, ад-нім-еш... ад-нім-уць; з-ня-ць — з-нім-у, з-нім-еш... з-нім-уць; пад-ня-ць — пад-нім-у, пад-нім-еш... пад-нім-уць; раз-ня-ць — раз-нім-у, раз-нім-еш... раз-нім-уць; уз-ня-ць — уз-нім-у, уз-нім-еш... уз-нім-уць.

Дзеясловы, за выключэннем тых, прыстаўка якіх канчаецца на д, могуць мець варыянтныя формы з менай н на д: з-дым-у, раз-дым-у, уз-дым-у. Ад дзеясловаў з прыстаўкамі ад-, пад- адзначаюцца формы ад-ым-у, пад-ым-у. Аднак гэтыя формы ўжываюцца радзей.

3. Дзеясловы выняць, прыняць, успрыняць характарызуюцца чаргаваннем асноў -ня- — -м-: вы-ня-ць — вы-м-у, вы-м-еш... вы-м-уць; пры-ня-ць — пры-м-у, пры-м-еш... пры-м-уць; успры-ня-ць — успры-м-у, успры-м-еш... успры-м-уць.

Заўвага. Формы выйму, выйме, выну, выне, вынуў, вынімі, якія сустракаюцца ў мове мастацкай літаратуры і гутарковай мове, з’яўляюцца адступленнем ад літаратурнай нормы: — Бо што спісана пяром, не выйме і сякера (Я. Купала); Але ж такія ў пана скуткі, што мусіць вынуць з іх гвазды (Я. Колас); І медалі выне са скрыні, унуку пакажа (М. Лынькоў); Тады хоць сэрца вынімі (Н. Гілевіч); Андрэй вынуў з зубоў люльку (Я. Колас); Афіцэр... вынуў з кішэні нейкую паперу (М. Лынькоў).

Дзеясловы шостага непрадуктыўнага класа адносяцца да першага спражэння. Асновы форм цяперашняга часу маюць у канцы цвёрды зычны н або м у 1-ай асобе адзіночнага ліку і 3-яй асобе множнага ліку і мяккі зычны н’ або м’ у 2-ой і 3-яй асобе адзіночнага ліку і 1-ай і 2-ой асобе множнага ліку.

§ 297. Узор парадыгмы

Цяперашні (будучы) час
Адзіночны лік
Падклас АПадклас Б
1 ас.жн-умн-упачн-узайм-уаднім-увым-у
2 ас.жн-ешмн-ешпачн-ешзойм-ешаднім-ешвым-еш
3 ас.жн-емн-епачн-езойм-еаднім-евым-е
Множны лік
1 ас.жн-ёммн-ёмпачн-ёмзойм-емаднім-емвым-ем
2 ас.жн-яцемн-яцепачн-яцезойм-ецеаднім-ецевым-еце
3 ас.жн-уцьмн-уцьпачн-уцьзойм-уцьаднім-уцьвым-уць

Прошлы час
Адзіночны лік
м.р.жа-ўмя-ўпача-ўзаня-ўадня-ўвыня-ў
ж.р.жа-л-амя-л-апача-л-азаня-л-аадня-л-авыня-л-а
н.р.жа-л-амя-л-апача-л-озаня-л-оадня-л-овыня-л-а
Множны лік
жа-л-імя-л-іпача-л-ізаня-л-іадня-л-івыня-л-і

Дзеяслоў узяць мае наступныя формы: вазьму, возьмеш, возьме, возьмем, возьмеце, возьмуць; узяў, узяла, узяло, узялі, вазьмі, вазьміце; узяўшы, узяты.

Сёмы непрадуктыўны клас

§ 298. Да сёмага непрадуктыўнага класа адносяцца дзеясловы, якія ў аснове інфінітыва маюць поўнагалоссе -оло-, -оро-: калоць, малоць, палоць; бароцца, пароць. Поўнагалоссе адсутнічае ў формах цяперашняга часу і захоўваецца ў формах прошлага часу і дзеепрыметніках прошлага часу залежнага стану: палоць — палю, полеш, поле... полюць, палоў, палола, палолі, полаты; пароць — пару, пораш, пора... поруць, пароў, парола, паролі, пораты. У аснове прошлага часу і аснове цяперашняга часу адбываецца чаргаванне л — л’: кало-л-а — кол-юць, пало-л-а — пол-юць. У дзеяслове малоць адбываецца чаргаванне галосных а — е: мало-л-а — мелюць.

Дзеясловы сёмага непрадуктыўнага класа спрагаюцца па першаму спражэнню.

§ 299. Узор парадыгмы

Цяперашні час
Адзіночны лік
1 ас.пал-юпар-у
2 ас.пол-ешпор-аш
3 ас.пол-епор-а
Множны лік
1 ас.пол-емпор-ам
2 ас.пол-ецепор-аце
3 ас.пол-юцьпор-уць

Прошлы час
Адзіночны лік
м.р.пало-ўпаро-ў
ж.р.пало-л-апаро-л-а
н.р.пало-л-апаро-л-а
Множны лік
пало-л-іпаро-л-і

Пад уплывам дзеясловаў чацвёртага прадуктыўнага класа тыпу насіць, клеіць дзеясловы разглядаемай групы ў формах цяперашняга часу (пераважна ў формах 3-яй асобы адзіночнага ліку) часам ужываюцца з канчаткамі -іць (-ыць), -яць (-аць): ён поліць, коліць, порыць; яны поляць, коляць, пораць. Такія формы сустракаюцца ў мове мастацкай літаратуры, у гутарковай мове, аднак яны не з’яўляюцца нарматыўнымі: Ён коліць вачыма цемру, ды нічога не бачыць (З. Бядуля); Думкі коляць мазгі Антона, нібы іголкі (З. Бядуля); Меліць гром над полем хмары, дождж густы, сцюдзёны сыпіць (М. Танк); І дораць і ў вочы пораць (Прыказка).

Восьмы непрадуктыўны клас

§ 300. Да восьмага непрадуктыўнага класа належаць дзеясловы з суадносінамі ў асновах ва — j: да-ва-ць — да-j-уць (даюць).

У гэты клас уваходзяць дзеясловы даваць, дзяваць, ставаць і ўсе прыставачныя ўтварэнні ад іх (выдаваць, надаваць, раздаваць; падзяваць, падзявацца; уставаць, прыставаць і інш.), а таксама дзеясловы са звязанымі асновамі: адзяваць, пераадзяваць, раздзявацца, раздзяваць; спадзявацца; дазнавацца, пазнаваць, прызнавацца, прызнаваць; адтаваць, падтаваць, пратаваць, раставаць.

Дзеясловы восьмага непрадуктыўнага класа адносяцца да першага спражэння.

§ 301. Узор парадыгмы

Цяперашні час
Адзіночны лік
1 ас.да-юуста-ю
2 ас.да-ешуста-еш
3 ас.да-еуста-е
Множны лік
1 ас.да-ёмуста-ём
2 ас.да-яцеуста-яце
3 ас.да-юцьуста-юць

Прошлы час
Адзіночны лік
м.р.дава-ўустава-ў
ж.р.дава-л-аустава-л-а
н.р.дава-л-аустава-л-а
Множны лік
дава-л-іустава-л-і

Дзеясловы адзяваць (і прыставачныя) і спадзявацца пад уплывам дзеясловаў першага прадуктыўнага класа ў цяперашнім часе захоўваюць суфікс -ва-: І хваёваю ігліцай Адзяваецца лета звон (Я. Янішчыц); Песні-думкі адзяваю з руты-мяты я вяночкам (А. Гурло); Жыццё надзявае сявеньку (Я. Колас); Надзявае луг сарочку, шоўкам вышытую ў кветкі (М. Хведаровіч); Ён хавае кніжку Зноў у скрыню, павольна раздзяваецца, разбуваецца... (Р. Мурашка); Спадзяваюся менш і лягчэй пераношу няўдачы (П. Панчанка); Усё мяркуецца, усё на нешта спадзяваецца (А. Рыбак).

Асабовыя формы з суфіксам -ва- ад дзеяслова адзяваць (і прыставачных) замацаваліся ў якасці літаратурнай нормы; ад дзеяслова спадзявацца формы з суфіксам -ва- з’яўляюцца парушэннем літаратурнай нормы.

Форма загаднага ладу спадзейся ад дзеяслова спадзявацца, якая сустракаецца ў гутарковай мове, выходзіць за межы літаратурнай нормы. Формы загаднага ладу дзеясловы гэтага класа ўтвараюць з суфіксам -ва-: адзявай, уставай, прызнавайся, спадзявайся і г. д.

Дзевяты непрадуктыўны клас

§ 302. Да дзевятага непрадуктыўнага класа адносяцца аднаскладовыя дзеясловы з суадносінамі ў асновах — і — j: бі-ць — бj-уць (б’юць). У гэты клас уваходзяць дзеясловы біць, віць, ліць, піць. У формах прошлага часу і формах загаднага ладу і захоўваецца: бі, ві, лі, пі.

Дзеясловы дзевятага непрадуктыўнага класа спрагаюцца па першаму спражэнню.

§ 303. Узор парадыгмы

Цяперашні час
Адзіночны лік
1 ас.б’-юль-ю
2 ас.б’-ешль-еш
3 ас.б’-ель-е
Множны лік
1 ас.б’-ёмль-ём
2 ас.б’-яцель-яце
3 ас.б’-юцьль-юць

Прошлы час
Адзіночны лік
м.р.бі-ўлі-ў
ж.р.бі-л-алі-л-а
н.р.бі-л-алі-л-о
Множны лік
бі-л-ілі-л-і

У мове мастацкай літаратуры сустракаецца ўжыванне асабовых форм дзеясловаў ліць і віць без чаргавання і — j: Ліюць слёзы з усялякай прычыны (Маладосць, 1974); Чаму, мая дзяўчыначка, ліеш гарачы слёзкі? (З. Бядуля); А яна ліецца ды праз сенажаці і з дзявочых вуснаў і з цымбальных струн (У. Дубоўка); Узыходзіць месяц круглы, срабрысты, ліе таямнічае святло на садкі, поўныя спелых вішань і сліў (І. Навуменка); Спрытны хмель на дах палез па сценах, свой зялёны дрот віе ў спіралі (Г. Кляўко); Нават птушкі не віюць гнёздаў на абгарэўшых дрэвах (Полымя, 1952). Аднак такія формы выходзяць за межы літаратурнай мовы.

Дзесяты непрадуктыўны клас

§ 304. Да дзесятага непрадуктыўнага класа належаць дзеясловы з суадносінамі ў асновах ы(і) — ыj(іj): бры-ць — брыj-уць (брыюць). Гэта аднаскладовыя дзеясловы: брыць, выць, крыць, мыць, ныць, рыць, шыць і гніць.

§ 305. Узор парадыгмы

Цяперашні час
Адзіночны лік
1 ас.мы-юбры-ю
2 ас.мы-ешбры-еш
3 ас.мы-ебры-е
Множны лік
1 ас.мы-ембры-ем
2 ас.мы-ецебры-еце
3 ас.мы-юцьбры-юць

Прошлы час
Адзіночны лік
м.р.мы-ўбры-ў
ж.р.мы-л-абры-л-а
н.р.мы-л-абры-л-а
Множны лік
мы-л-ібры-л-і

Адзінаццаты непрадуктыўны клас

§ 306. Да адзінаццатага непрадуктыўнага класа адносяцца дзеясловы з інфінітыўнай асновай на галосны, які ў аснове цяперашняга часу ўскладняецца зычным. У залежнасці ад апошняга зычнага асновы цяперашняга часу выдзяляюцца тры падкласы.

Падклас А ўключае дзеясловы з асновай інфінітыва на у, які ў аснове цяперашняга часу ўскладняецца зычным j: дуць, чуць (і ўсе прыставачныя ад іх), а таксама дзеясловы абуць, разуць: ду-ць — ду(j)-уць (дуюць); абу-ць — абу(j)-уць (абуюць).

Падклас Б складаюць дзеясловы з асновай інфінітыва на галосны, які ў аснове цяперашняга часу ўскладняецца зычным в. У гэту групу ўключаюцца дзеясловы жыць, плысці (плыць), слыць, прыставачныя ўтварэнні ад іх (жы-ць — жыв-уць, плы-ць — плыв-уць, слы-ць — слыв-уць), а таксама складаны дзеяслоў злоўжыць.

Падклас В уключае дзеясловы з інфінітыўнай асновай на галосныя е(э), а, якія ў аснове цяперашняга часу ўскладняюцца зычным н. Сюды ўваходзяць дзеясловы дзець — дзен-у, стрэць — стрэн-у, стаць — стан-у і прыставачныя ўтварэнні ад іх: падзець, сустрэць, дастаць і інш., а таксама некалькі дзеясловаў са звязанай асновай: адзець — адзен-у, адзецца — адзен-уся, надзець — надзен-у, раздзець — раздзен-у, уздзець — уздзен-у і г. д.

Усе дзеясловы адзінаццатага непрадуктыўнага класа адносяцца да першага спражэння. Асновы форм цяперашняга часу дзеясловаў падкласа Б і В маюць у канцы цвёрды зычны (у 1-ай асобе адзіночнага ліку і 3-яй асобе множнага ліку) або мяккі зычны (у 2-ой і 3-яй асобе адзіночнага ліку і 1-ай і 2-ой асобе множнага ліку). Асновы форм прошлага часу заканчваюцца на галосны.

§ 307. Узор парадыгмы

Адзіночны лік
Падклас АПадклас БПадклас В
1 ас.ду-юплыв-устан-удзен-у
2 ас.ду-ешплыв-ешстан-ешдзен-еш
3 ас.ду-еплыв-естан-едзен-е
Множны лік
1 ас.ду-емплыв-ёмстан-емдзен-ем
2 ас.ду-ецеплыв-яцестан-ецедзен-еце
3 ас.ду-юцьплыв-уцьстан-уцьдзен-уць

Прошлы час
Адзіночны лік
м.р.ду-ўплы-ўста-ўдзе-ў
ж.р.ду-л-аплы-л-аста-л-адзе-л-а
н.р.ду-л-аплы-л-оста-л-адзе-л-а
Множны лік
ду-л-іплы-л-іста-л-ідзе-л-і

Узаемадзеянне паміж дзеясловамі непрадуктыўных класаў

§ 308. 1. Пад уплывам дзеясловаў падкласа Б другога непрадуктыўнага класа тыпу кішэць, свірчэць, сквірчэць, імжэць некаторыя дзеясловы падкласа А з асновай на шыпячы замест галоснага а ў аснове інфінітыва і формах прошлага часу ўжываюцца з галосным э. Да ліку такіх дзеясловаў адносяцца: верашчаць, дрыжаць, крычаць, журчаць, трашчаць, тырчаць, блішчаць, пішчаць і некаторыя іншыя, якія могуць мець формы дрыжэць, дрыжэў, дрыжэла, дрыжэлі; блішчэць, блішчэў, блішчэла, блішчэлі і г. д. Напрыклад: За вушамі пішчэла (Маладосць, 1973); Знямогся ён і завішчэў, няйначай на дапамогу кліча (А. Вольскі). Прычым такія формы распаўсюджаны даволі шырока як у мове мастацкіх твораў, так і ў публіцыстыцы: Упершыню гэтыя гістарычныя словы Леніна прагучэлі ў Маскве (Работніца і сялянка, 1969); Гучэлі песні, смех (Піянер Беларусі, 1978).

Аднак літаратурнай нормай трэба лічыць формы з галосным а: Паблізу ад гэтых мясцін гучала ў дні няволі і змагання сардэчнае, сціплае і дасціпнае слова паэта Міхася Васілька (Маладосць, 1973); У гонар дружбы прагучаў салют (Піянер Беларусі, 1980).

2. Пад уплывам дзеясловаў дзесятага непрадуктыўнага класа дзеяслоў стынуць (трэці непрадуктыўны клас) у інфінітыве атрымлівае форму стыць, якая замацавалася ў якасці літаратурнай нормы: Быццам білет пад сцюдзёнай вадою Сэрцу юнацкаму стыць не давай (А. Куляшоў); Згорбілася на спіне паддзёўка, і ён пачуў, што ў яго мокрыя плечы: пачынаюць стыць (І. Пташнікаў); А ў руках — басаножкі: Незнарок іх зняла, Каб адчуць, як патрошкі Сцежка стыць пачала (Н. Гілевіч). Адпаведна і формы прошлага часу не маюць суфікса -ну-: Стылі ногі і рукі, а са стрэх капала (І. Мележ); Стыла неба — спакойнае, строгае, Як вялікае сіняе цуда (А. Лойка); Прайшоў ён праз полымя боек у жоўтыя дні лістапада, Гадзінамі стыў на марозе, схаваны між гурб снегавых (П. Броўка).

Аднак сустракаюцца і формы стынуць: Якімка адчуў, што ў яго пачалі стынуць калені (Я. Курто).

Дзеясловы з індывідуальнымі асаблівасцямі формаўтварэння

§ 309. У беларускай мове ёсць дзеясловы, якія маюць своеасаблівыя суадносіны асновы інфінітыва і асновы цяперашняга часу і індывідуальнае формаўтварэнне. Гэта дзеясловы есці, надаесці, даць, быць, забыць, збыць, дабыць, ісці, ехаць, мець, хацець, бегчы.

1. Дзеясловы есці, надаесці, даць у формах адзіночнага ліку маюць асабовыя канчаткі: 1-ая ас. — -м, 2-ая ас. — -сі, 3-яя ас. — -сць, якія далучаюцца да галоснага асновы: е-м, я-сі, е-сць; надае-м, надая-сі, надае-сць; да-м, да-сі, да-сць. У множным ліку ў 1-ай асобе гэтыя дзеясловы маюць канчатак другога спражэння -ім, які далучаецца да асновы на д: ядз-ім, надаядз-ім, дадз-ім, а ў 3-яй асобе — канчатак першага спражэння -уць: яд-уць, надаяд-уць, дад-уць. Формы 2-ой асобы множнага ліку ўтвараюцца пры дапамозе канчатка -сце, які далучаецца непасрэдна да асновы на галосны: я-сце, надая-сце, да-сце.

Формы прошлага часу: е-ў, е-л-а, е-л-і; нада-е-ў, нада-е-л-а, нада-е-л-і; да-ў, да-л-а, да-л-о, да-л-і.

Заўвага. Формы 1-ай асобы множнага ліку дамо і ямо ад дзеясловаў даць і есці сустракаюцца ў мове мастацкай літаратуры і гутарковай мове, але іх патрэбна лічыць адступленнем ад літаратурнай нормы.

2. Ад дзеяслова быць (набыць, збыць, забыць і інш.) формы прошлага часу ўтвараюцца ад асновы бы- (набы-, збы-, забы-), напрыклад: быў, была, было, былі, быўшы; формы будучага часу — ад асновы буд- (набуд-, збуд-, забуд-), напрыклад: буду, будзеш, будзе, будзем, будзеце, будуць. Формы загаднага ладу: будзь!, будзьце!, набудзь!, набудзьце! і г. д.

У цяперашнім часе дзеяслоў быць мае для ўсіх асоб адну форму — ёсць.

3. Ад дзеяслова ехаць формы цяперашняга часу і загаднага ладу ўтвараюцца ад асновы ед-: еду, едзеш, едзе, едзем, едзеце, едуць, едучы, едзь!, едзьце!, формы прошлага часу — ад асновы еха-: ехаў, ехала, ехалі, ехаўшы.

4. Дзеяслоў ісці (а таксама выйсці, найсці) формы цяперашняга часу і загаднага ладу ўтварае ад асновы ід- (найд- або нойд-): іду (выйду, найду), ідзеш (выйдзеш, нойдзеш), ідзе (выйдзе, нойдзе), ідзём (выйдзем, нойдзем), ідзяце (выйдзеце, нойдзеце), ідуць (выйдуць, нойдуць); ідучы, ідзі!, ідзіце! (выйдзі!, выйдзіце!, найдзі!, найдзіце!). Формы прошлага часу ўтвараюцца ад асновы іш- (йш-) (у форме мужчынскага роду ішо- (йшо-)): ішоў (выйшаў, найшоў), ішла (выйшла, найшла), ішло (выйшла, найшло), ішоўшы (выйшаўшы, найшоўшы).

5. Дзеяслоў мець утварае формы цяперашняга часу і загаднага ладу ад асновы маj-: маю, маеш, мае, маем, маеце, маюць, маючы, май!, майце! Формы прошлага часу ўтвараюцца ад асновы ме-: меў, мела, мелі, меўшы.

6. Дзеяслоў бегчы ўсе асабовыя формы цяперашняга часу, апрача формы 3-яй асобы множнага ліку, утварае па другому спражэнню: бяг-у, бяж-ыш, бяж-ыць, бяж-ым, беж-ыце. Форма 3-яй асобы множнага ліку мае канчатак -уць, як у дзеясловах першага спражэння: бяг-уць. Формы прошлага часу: бег, бегла, беглі; формы загаднага ладу: бяжы!, бяжыце!

Атрыбутыўныя формы дзеяслова

§ 310. Атрыбутыўныя формы дзеяслова — дзеепрыметнікі і дзеепрыслоўі. Дзеепрыметнікі сумяшчаюць у сабе значэнне дзеяслова і прыметніка, дзеепрыслоўі — значэнне дзеяслова і прыслоўя.

Дзеепрыметнікі і дзеепрыслоўі, як і спрагальныя формы дзеяслова, утвараюцца ад асновы цяперашняга або прошлага часу. Дзеепрыметнікі змяняюцца па ад’ектыўнаму скланенню. Дзеепрыслоўі форм змянення не маюць.

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел