Предыдущий раздел | Оглавление | Следующий раздел
Дзеепрыметнік і дзеепрыслоўе
§§ 311–325
Дзеепрыметнік
§ 311. Дзеепрыметнік — атрыбутыўная форма дзеяслова, што абазначае дзеянне як прымету або ўласцівасць прадмета (асобы), якая праяўляецца ў часе.
Для дзеепрыметніка характэрны асноўныя марфалагічныя катэгорыі дзеяслова (катэгорыя стану, трывання, часу) і прыметніка (катэгорыя роду, ліку, склону). Дзеепрыметнікі залежнага стану ўтвараюць кароткія формы.
У сказе дзеепрыметнікі выконваюць ролю азначэння або выказніка: Пасажыраў у вагоне было не так многа. Лабановіч прымасціўся на лаўцы каля акна і пазіраў на ўсё новыя і новыя малюнкі, напісаныя шчодраю прыродаю на кожным кавалачку зямлі, а таксама змайстраваныя рукамі чалавека (Я. Колас); І вось нядаўна Лабановіч разам з Янкам усутыч падыходзілі да зачараваўшага яго дрэва (Я. Колас); Сцежкі кветкамі абсаджаны, Дрэвы ў шэпце ціхім туляцца. Шэры дом, з каменняў кладзены, Цераз мур навіс над вуліцай (К. Буйло); Зімой увесь гэты ўзгорак быў укрыты тоўстым пластом снегу (М. Лупсякоў).
Адрозніваюцца чатыры формы дзеепрыметнікаў: дзве формы незалежнага стану цяперашняга і прошлага часу і дзве формы залежнага стану цяперашняга і прошлага часу. Дзеепрыметнікі незалежнага стану абазначаюць прымету, уласцівасць з агульным значэннем ’які ўтварае дзеянне’. Дзеепрыметнікі залежнага стану абазначаюць прымету, уласцівасць з агульным значэннем ’які падвяргаецца дзеянню, з’яўляецца вынікам дзеяння’.
Утварэнне дзеепрыметнікаў залежыць ад трывання дзеяслова і яго пераходнасці — непераходнасці. Так, ад дзеясловаў закончанага трывання нельга ўтварыць дзеепрыметнікі цяперашняга часу, а ад непераходных дзеясловаў не ўтвараюцца дзеепрыметнікі залежнага стану. Чатыры формы дзеепрыметнікаў утвараюцца ад пераходных дзеясловаў незакончанага трывання: чытаць (кнігу) — чытаючы, чытаемы, чытаўшы, чытаны. Ад пераходных дзеясловаў закончанага трывання ўтвараюцца толькі дзве формы прошлага часу: прачытаць (кнігу) — прачытаўшы, прачытаны.
Ад непераходных дзеясловаў утвараюцца толькі дзеепрыметнікі незалежнага стану. Ад непераходных дзеясловаў незакончанага трывання ўтвараюцца дзве формы дзеепрыметнікаў — цяперашняга і прошлага часу (адпачываць — адпачываючы, адпачываўшы). Ад непераходных дзеясловаў закончанага трывання ўтвараецца толькі форма дзеепрыметніка прошлага часу (адпачыць — адпачыўшы). Ад непераходных зваротных дзеясловаў утварэнне дзеепрыметнікаў абмежавана.
Дзеепрыметнікі незалежнага стану
§ 312. Дзеепрыметнікі незалежнага стану ўтвараюцца ад незваротных пераходных і непераходных дзеясловаў. Яны маюць формы цяперашняга і прошлага часу.
§ 313. Дзеепрыметнікі незалежнага стану цяперашняга часу ўтвараюцца ад асноў цяперашняга часу дзеясловаў незакончанага трывання пры дапамозе суфіксаў -уч-(-юч-) (ад дзеясловаў першага спражэння) і -ач-(-яч-) (ад дзеясловаў другога спражэння) і канчаткаў прыметнікаў мужчынскага, жаночага або ніякага роду адзіночнага ліку або канчаткаў множнага ліку: піш-уч-ы (-ая, -ае, -ыя), хвалю-юч-ы (-ая, -ае, -ыя); бач-ач-ы (-ая, -ае, -ыя), корм-яч-ы (-ая, -ае, -ыя).
Дзеепрыметнікі незалежнага стану цяперашняга часу ў літаратурнай мове ўжываюцца не так часта. Больш пашыраны яны ў мове навуковага і публіцыстычнага стыляў, што выклікана імкненнем да скарачэння аб’ёму сказаў: Ён ахвотна пачаў паказваць нам цікавячыя нас рэчы (Чырвоная змена, 1969); Прэзідэнт Кахтан аш-Шаабі і суправаджаючыя яго асобы (Чырвоная змена, 1969); Трывожна ад прадстаячага развітання са школай адчувалі сябе васьмікласнікі (Піянер Беларусі, 1969); Касыя промні заходзячага сонца (Маладосць, 1969); Мастацтва кожнай гістарычнай эпохі стварае адпаведныя тыпы эстэтычных герояў, у якіх абагульняюцца ўяўленні пэўных класаў, гістарычных груп, увасабляючых лепшыя маральныя, эстэтычныя, гераічныя ідэалы свайго часу (Весці АН БССР, 1973).
Дзеепрыметнікі цяперашняга часу з часціцай -ся ўжываюцца вельмі рэдка, іх трэба лічыць парушэннем літаратурнай нормы: З году ў год расце гандаль з развіваючыміся краінамі (Магілёўская праўда, 1969); Трактары з самаразгружаючыміся цялежкамі (Там жа); Лічыць хутка рухаючыяся прадметы (Вячэрні Мінск, 1970); Гэта зграбны, вельмі дэкаратыўны сцелючыйся мнагалетнік (Беларусь, 1969); Але свецячыхся кропак мы бачым ля планеты шмат (Піянер Беларусі, 1969). У прыведзеных сказах дзеепрыметнікі неабходна замяніць словазлучэннямі ці прыметнікавымі ўтварэннямі: краіны, якія сталі на шлях развіцця..., трактары з самаразгрузнымі цялежкамі..., прадметы, якія хутка рухаюцца..., народы, якія змагаюцца... і г. д.
§ 314. Дзеепрыметнікі незалежнага стану прошлага часу ўтвараюцца ад асновы прошлага часу дзеясловаў закончанага і незакончанага трывання пры дапамозе суфіксаў -ш- і -ўш- і канчаткаў прыметнікаў. Суфікс -ш- далучаецца да асновы на зычны: нес-л-а — нёс-ш-ы (-ая, -ае, -ыя), пяк-л-а — пёк-ш-ы (-ая, -ае, -ыя), вырас-л-а — вырас-ш-ы (-ая, -ае, -ыя) і г. д. Суфікс -ўш- далучаецца да асновы на галосны: маўча-л-а — маўча-ўш-ы (-ая, -ае, -ыя), прыеха-л-а — прыеха-ўш-ы (-ая, -ае, -ыя).
§ 315. У сучаснай моўнай практыцы значна пашырылася ўжыванне дзеепрыметнікаў незалежнага стану прошлага часу з суфіксам -л-. Яны ўтвараюцца:
1) ад прыставачных дзеясловаў закончанага трывання першага прадуктыўнага класа на -эць (-ець), якія ў аснове цяперашняга (будучага простага) часу маюць пасля э(е) j, і некаторых дзеясловаў другога непрадуктыўнага класа, аснова якіх у будучым простым часе заканчваецца на зычны: пацямнець — пацямнее — пацямнелы, закарчанець — закарчанее — закарчанелы, заінець — заінее — заінелы, пачырванець — пачырванее — пачырванелы, уцалець — уцалее — уцалелы, збялець — збялее — збялелы, абамлець — абамлее — абамлелы, парыжэць — парыжэе — парыжэлы, загарэць — загарыць — загарэлы, заімжэць — заімжыць — заімжэлы, задымець — задыміць — задымелы;
2) ад многіх прыставачных дзеясловаў з суфіксам -ну- трэцяга непрадуктыўнага класа: пагаснуць — пагаслы, завянуць — завялы, азябнуць — азяблы, аслепнуць — аслеплы, згоркнуць — згорклы, засохнуць — засохлы, намокнуць — намоклы, зблякнуць — збляклы, зжоўкнуць — зжоўклы;
3) ад некаторых дзеясловаў чацвёртага і пятага непрадуктыўнага класа: зарасці — зарослы, прарасці — прарослы, зляжаць — зляжалы.
Дзеепрыметнікі з суфіксамі -ўш- і -ш- больш характэрны для пісьмовай мовы. Дзеепрыметнікі з суфіксам -л- ужываюцца шырока як прэдыкатыўныя азначэнні і ў пісьмовай і ў вуснай мове.
Дзеепрыметнікі залежнага стану
§ 316. Дзеепрыметнікі залежнага стану ўтвараюцца ад пераходных дзеясловаў і маюць формы цяперашняга і прошлага часу.
§ 317. Дзеепрыметнікі залежнага стану цяперашняга часу ўтвараюцца ад асновы цяперашняга часу пераходных дзеясловаў незакончанага трывання пры дапамозе суфіксаў -ем- (ад дзеясловаў першага спражэння) і -ім- (ад дзеясловаў другога спражэння) і канчаткаў прыметнікаў: чыта-ем-ы (-ая, -ае, -ыя), люб-ім-ы (-ая, -ае, -ыя).
У сучаснай беларускай літаратурнай мове гэтыя дзеепрыметнікі ўжываюцца рэдка. Часцей яны сустракаюцца ў мове навуковага стылю, у мове газет і часопісаў: Прадстаўляемыя работы разам з дакументамі накіроўваць па адрасу (Звязда, 1979); Нежаданне разабрацца ў змесце праводзімых заняткаў (Звязда, 1969); Забеспячэнцы і збытавікі скарацілі запасы нарміруемых сродкаў (Вячэрні Мінск, 1969); Гэта знаходзіць адлюстраванне ў прымаемых імі сацыялістычных абавязацельствах (Звязда, 1972); Публікуемыя намі дакументы падсвечваюць успаміны мемуарыста новымі дэталямі, якія не знайшлі свайго адлюстравання ў тэксце яго ўспамінаў (Весці АН БССР, серыя грамадскіх навук, 1983).
§ 318. Утварэнне дзеепрыметнікаў цяперашняга часу залежнага стану абмяжоўваецца трывальным значэннем дзеяслова. Амаль паслядоўна гэтыя дзеепрыметнікі ўтвараюцца:
1) ад прыставачных дзеясловаў незакончанага трывання на -аць (-яць), -ываць (-іваць) першага прадуктыўнага класа: ствараць — ствараемы, прадстаўляць — прадстаўляемы, затрымліваць — затрымліваемы;
2) ад беспрыставачных дзеясловаў на -аваць: арганізаваць — арганізуемы, ліквідаваць — ліквідуемы;
3) ад некаторых прыставачных і беспрыставачных дзеясловаў на -іць чацвёртага прадуктыўнага класа: увозіць — увозімы, праводзіць — праводзімы і некаторых іншых;
4) ад дзеясловаў восьмага непрадуктыўнага класа дзеепрыметнікі залежнага стану ўтвараюцца ад асновы тыпу дава(j), якая адрозніваецца ад асновы цяперашняга часу даj-уць: даваемы, пазнаваемы.
Не ўтвараюцца дзеепрыметнікі залежнага стану цяперашняга часу ад наступных дзеясловаў незакончанага трывання:
1) ад дзеясловаў на -чы (пячы, сячы, берагчы, сцерагчы і пад.);
2) ад дзеясловаў на -ці і -сці (плесці, несці, церці, месці, прасці, класці і г. д.);
3) ад аднаскладовых дзеясловаў біць, віць, гнуць, грэць, жаць, ліць, мыць, мяць, ссаць, ткаць і г. д.;
4) ад дзеясловаў даіць, жаваць, каваць, калоць, карміць, касіць, крухмаліць, лізаць, ляпіць, лячыць, мазаць, мыліць, паіць, палоць, пісаць, рэзаць, садзіць, ставіць, сушыць, сыпаць, таптаць, цягнуць, часаць, чысціць, штукатурыць і некаторых іншых.
Дзеепрыметнікі залежнага стану цяперашняга часу могуць утварацца ад некаторых непераходных дзеясловаў, якія кіруюць ускосным склонам з аб’ектным значэннем: кіраваць — кіруемы, камандаваць — камандуемы.
§ 319. Дзеепрыметнікі залежнага стану прошлага часу ўтвараюцца ад пераходных дзеясловаў закончанага трывання пры дапамозе суфіксаў -н-, -ен-, -ан- (-ян-) або -т- і адпаведных канчаткаў прыметнікаў. Суфікс -н- далучаецца да асновы прошлага часу на а (я): прачыта-л-а — прачыта-н-ы (-ая, -ае, -ыя), расказа-л-а — расказа-н-ы (-ая, -ае, -ыя), намалява-л-а — намалява-н-ы (-ая, -ае, -ыя), пасея-л-а — пасея-н-ы (-ая, -ае, -ыя).
Суфіксы -ен-, -ан- (-ян-) далучаюцца да асноў прошлага часу на зычны.
Ад асноў прошлага часу ўтвараюцца дзеепрыметнікі залежнага стану ад дзеясловаў пятага непрадуктыўнага класа. Пры гэтым адбываюцца чаргаванні канцавых зычных: к—ч, г—ж, б—б’, с—с’, з—з’: натаўчы — натоўк — натоўч-ан-ы, настрыгчы — настрыг — настрыж-ан-ы, падгрэбці — падгроб — падгрэб-ен-ы, прынесці — прынёс — прынес-ен-ы, завезці — завёз — завез-ен-ы.
Ад асноў цяперашняга часу ўтвараюцца дзеепрыметнікі залежнага стану прошлага часу:
1) ад дзеясловаў падкласа Б чацвёртага непрадуктыўнага класа з асновай цяперашняга часу на т, д, якія пры ўтварэнні дзеепрыметнікаў чаргуюцца з мяккім ц’, дз’: падмесці — падмят-уць — падмец-ен-ы, накласці — наклад-уць — накладз-ен-ы;
2) ад дзеясловаў чацвёртага прадуктыўнага класа. Пры ўтварэнні дзеепрыметнікаў маюць месца тыя ж чаргаванні, што і пры ўтварэнні дзеясловаў 1-ай асобы адзіночнага ліку цяперашняга часу: навоз-яць — наваж-у — навож-ан-ы, замес-яць — замяш-у — замеш-ан-ы, зробяць — зрабл-ю — зробл-ен-ы.
Чаргаванні адсутнічаюць у дзеясловах на -ыць (ачалавечыць — ачалавеч-у — ачалавеч-ан-ы, настрашыць — настраш-у — настраш-ан-ы) і дзеясловах, якія ў аснове цяперашняга часу канчаюцца на j (наклеіць — наклеj-у — наклеj-эн-ы, абнадзеіць — абнадзеj-у — абнадзеj-эн-ы).
Пры дапамозе суфікса -т- утвараюцца дзеепрыметнікі залежнага стану прошлага часу ад асноў прошлага часу на галосныя ад наступных груп дзеясловаў:
1) ад дзеясловаў другога прадуктыўнага і трэцяга непрадуктыўнага класа: прыцісну-ў — прыцісну-т-ы, кіну-ў — кіну-т-ы, абвергну-ў — абвергну-т-ы, прасякну-ў — прасякну-т-ы;
2) ад дзеясловаў чацвёртага непрадуктыўнага класа (падклас В) з асновай прошлага часу на р: цёр — цёр-т-ы;
3) ад дзеясловаў сёмага непрадуктыўнага класа з асновай прошлага часу на о: раскало-ў — раскола-т-ы, распаро-ў — распора-т-ы;
4) ад дзеясловаў шостага, дзесятага, адзінаццатага класаў, якія ў інфінітыве маюць аднаскладовую аснову на галосны (апрача браць, гнаць, даць, драць, зваць, знаць): жаў — жа-т-ы, мя-ў — мя-т-ы, зня-ў — зня-т-ы; разлі-ў — разлі-т-ы; бры-ў — бры-т-ы, кры-ў — кры-т-ы, шы-ў — шы-т-ы, чу-ў — чу-т-ы, ду-ў — ду-т-ы; адзе-ў — адзе-т-ы, пражы-ў — пражы-т-ы;
5) ад дзеясловаў дабыць, забыць, распяць: дабы-т-ы, забы-т-ы, распя-т-ы.
Заўвага. Ад некаторых дзеясловаў у пісьмовай мове ўжываюцца варыянтныя формы дзеепрыметнікаў залежнага стану з суфіксам -т- або з суфіксам -н-, напрыклад: абгорнуты — абгорнены, апрануты — апранены, націснуты — націснены, падцягнуты — падцягнены і некаторыя іншыя.
§ 320. Дзеепрыметнікі залежнага стану прошлага часу ўтвараюцца не ад усіх пераходных дзеясловаў. Яны не ўтвараюцца ад наступных дзеясловаў незакончанага трывання:
1) ад дзеясловаў з суфіксамі -іва-, -ва-: назубліваць, дапытваць, перапісваць, размазваць;
2) ад дзеясловаў са значэннем накіраванасці дзеяння не ў адзін бок: вазіць, вадзіць, насіць і адпаведных ім прэфіксальных дзеясловаў: прывозіць, заводзіць, уносіць;
3) ад дзеясловаў восьмага непрадуктыўнага класа: даваць, раздаваць, надаваць, пазнаваць, адставаць.
Не ўтвараюцца дзеепрыметнікі залежнага стану прошлага часу і ад некаторых пераходных дзеясловаў закончанага трывання:
1) ад дзеясловаў з націскам на -а́ць (-я́ць), утвораных пры дапамозе прыстаўкі ад прыставачных дзеясловаў незакончанага трывання: паскідаць, паздымаць;
2) ад дзеясловаў з суфіксам -ану-: рвануць, крутануць;
3) ад некаторых дзеясловаў другога спражэння на -ець: абляцець, выцерпець, прахрыпець;
4) ад некаторых дзеясловаў з націскным суфіксам -ну-: лізнуць, мазнуць, кальнуць;
5) ад некаторых дзеясловаў з націскам на -а́ць (-я́ць): пачакаць, застаць.
§ 321. Дзеепрыметнікі залежнага стану прошлага часу ў сказе выконваюць ролю азначэння або іменнай часткі састаўнога выказніка. Яны маюць дзве формы: поўную і кароткую.
У ролі азначэння выступаюць толькі поўныя формы дзеепрыметнікаў: Ад іх [слупкоў] на травяны бераг перакінуты гладкія, адпаліраваныя хлапечымі пяткамі сасновыя дошкі (Піянер Беларусі, 1973); Сцэны з іх удзелам, адзначаныя высокім, душэўным запалам, глыбокай зацікаўленасцю справай, дзеля якой яны жывуць і працуюць, гучаць як выяўленне асабістых клопатаў за ўсё, што адбываецца навакол (Звязда, 1974); Здаецца, тачыў ён адцягнуты клін, каб цемру тугую расціснуць (Ю. Свірка); Выбраліся на бераг ледзь жывыя, аблепленыя тванню, дрыжачыя ад холаду (Я. Маўр).
У ролі выказніка дзеепрыметнікі ўжываюцца ў поўнай і кароткай форме. Дзеепрыметнікі жаночага і ніякага роду адзіночнага ліку, а таксама дзеепрыметнікі множнага ліку ўжываюцца ў кароткай форме, напрыклад: Зямля ў вінаградніках была дбайна праполата (Э. Самуйлёнак); Сасёнка была парэзана на доўгія кавалкі, і сябры пачалі класці іх на воз (П. Пестрак); Тут уся зямля нашым духам прасякнута (А. Кулакоўскі); Святло вузкаю істужкаю падала на яго праз аконца, што высечана было ў адным бервяне ў сцяне, (К. Чорны); Нарады на працу назаўтра былі складзены, штодзённая кароткая нарада брыгадзіраў і членаў праўлення праведзена (А. Васілевіч); Падаконнікі былі густа застаўлены вазонамі, і вокны затулены імі, нібы фіранкамі з раслін і кветак (З. Бядуля); Многія пачыны салігорцаў былі ўхвалены ЦК ЛКСМ Беларусі (Маладосць, 1973).
У мове мастацкай літаратуры ў ролі выказніка сустракаюцца поўныя формы залежных дзеепрыметнікаў жаночага і ніякага роду адзіночнага ліку і формы множнага ліку: Маму мы сяк-так улагодзім. Ды і яна будзе занятая сваімі справамі (Я. Маўр); Яна была заўсёды чым-небудзь незадаволеная (А. Чарнышэвіч); Сталы былі непрыбраныя (П. Броўка); Дзверы ў сенях былі адамкнёныя (У. Дамашэвіч).
Дзеепрыметнікі мужчынскага роду ў ролі выказніка ўжываюцца пераважна ў поўнай форме: Хутарок быў пабудаваны нядаўна на арандаванай скарбовай зямлі (Я. Колас); Ён заўсёды быў модна апрануты (М. Машара); Я не апошні і не першы быў зачараваны вясной (П. Глебка); Белы пясок побліз вады быў затканы зялёнымі верасамі (П. Броўка); У калгасе пабудаваны буйны адкормачны комплекс (Звязда, 1973); На заводзе «Мазыркабель» распачаты выраб новага ўзору кабелю павышанай вільгацеўстойлівасці (Звязда, 1973); У снежні мінулага года быў здадзены ў эксплуатацыю пяты энергаблок (Беларусь, 1973).
У ролі выказніка сустракаецца ўжыванне і кароткай формы дзеепрыметніка мужчынскага роду, асабліва ў мове перыядычнага друку: У Магілёве ўзнят флаг адкрыцця летняга спартыўнага сезона па веласіпеднаму спорту (Магілёўская праўда, 1973); Палац адкрыт у гонар 10-годдзя маладога горада (Піянер Беларусі, 1973); Пяці вырабам нашага ардэнаноснага прадпрыемства прысуджан дзяржаўны Знак якасці (Работніца і сялянка, 1974); Букрэем і дзедам Талашом пры жывым удзеле паўстанцаў-партызан маршрут паходу быў вызначан загадзя (Я. Колас); Корпус электрастанцыі быў ужо закончан (К. Чорны).
Дзеепрыслоўе
§ 322. Дзеепрыслоўе — нязменная дзеяслоўная форма, якая абазначае дадатковае ў адносінах да дзеяслова-выказніка дзеянне, паясняе асноўнае дзеянне.
У дзеепрыслоўі спалучаюцца прыметы дзеяслова і прыслоўя.
Як і дзеяслоў, дзеепрыслоўе мае катэгорыю трывання і стану. З прыслоўем дзеепрыслоўе збліжаецца адсутнасцю форм словазмянення і здольнасцю прымыкаць да дзеяслова.
Дзеепрыслоўі ўтвараюцца пры дапамозе спецыяльных суфіксаў ад асноў дзеясловаў цяперашняга або прошлага часу. У залежнасці ад трывання дзеяслова, ад якога ўтвараюцца дзеепрыслоўі, яны могуць быць закончанага або незакончанага трывання.
Дзеепрыслоўі незакончанага трывання часцей за ўсё абазначаюць дзеянне, якое адбываецца адначасова з дзеяннем дзеяслова-выказніка: Дастаючы з жалезнай скрынкі прашнураваную і змацаваную пячаткамі кнігу, камісар уздыхнуў (І. Шамякін).
Дзеепрыслоўі закончанага трывання звычайна абазначаюць дзеянне, якое папярэднічае дзеянню дзеяслова-выказніка: Заўсёды, кожную раніцу, трапіўшы на заводскі двор, ён [Міхал Мікітавіч] пачынае ажываць, быццам хтосьці нябачны ўлівае ў яго душу добрую порцыю цудадзейнага лякарства (М. Лупсякоў).
§ 323. У сказе дзеепрыслоўе выконвае сінтаксічную функцыю акалічнасцей спосабу дзеяння, прычыны, часу, мэты і інш.: То зліваючыся з мрокам, то выступаючы з яго, постаць невядомага чалавека пасоўвалася ў дзедаў бок (Я. Колас); Увесь час падганяючы каня, порстка выехаў ён [Васіль] на сонечную шыр лугу (І. Мележ); Бабка Наста не спала, гаруючы аб Панасе і аб дзеду Талашу (Я. Колас); Адна толькі гаспадыня разрывалася на часткі, частуючы гасцей (Я. Колас); Мужчыны рассунуліся, даючы яму [Андруху] месца (Б. Сачанка).
Дзеепрыслоўе можа выконваць у сказе функцыю дадатковага выказніка: Лес сустрэў яго неспакойным гулам, і Янух доўга стаяў на лясной сцяжынцы, слухаючы (М. Лупсякоў).
§ 324. Дзеепрыслоўі незакончанага трывання ўтвараюцца пры дапамозе суфіксаў -учы (-ючы), -ачы (-ячы), якія далучаюцца да асновы цяперашняга часу дзеясловаў незакончанага трывання. Суфікс -учы (-ючы) маюць дзеепрыслоўі, утвораныя ад дзеясловаў першага спражэння: чытаць — чытаюць — чытаючы; пісаць — пішуць — пішучы; таўчы — таўкуць — таўкучы; браць — бяруць — беручы; мыць — мыюць — мыючы; ліць — льюць — льючы.
Ад дзеясловаў другога спражэння дзеепрыслоўі ўтвараюцца пры дапамозе суфікса -ачы (-ячы): вадзіць — водзяць — водзячы; жмурыцца — жмурацца — жмурачыся; насіць — носяць — носячы; сачыць — сочаць — сочачы; паіць — пояць — поячы; помніць — помняць — помнячы.
Ад некаторых дзеясловаў другога непрадуктыўнага класа ўтвараюцца дзеепрыслоўі пры дапамозе суфікса -учы (-ючы): бурчаць — бурчаць — бурчучы; вісець — вісяць — вісючы; звінець — звіняць — звінючы; кішэць — кішаць — кішучы; спаць — спяць — сплючы; хрыпець — хрыпяць — хрыпучы (хрыплючы).
§ 325. Дзеепрыслоўі закончанага трывання ўтвараюцца ад асновы прошлага часу дзеясловаў закончанага трывання пры дапамозе суфіксаў -ўшы і -шы.
Суфікс -ўшы далучаецца да дзеяслоўнай асновы, якая заканчваецца на галосны: выпіць — віпі-ў — выпі-ўшы; збудаваць — збудава-ў — збудава-ўшы; напісаць — напіса-ў — напіса-ўшы; памыць — памы-ў — памы-ўшы.
Суфікс -шы далучаецца да дзеяслоўнай асновы, якая заканчваецца на зычны: абтрэсці — абтрос — абтрос-шы; нацерці — нацёр — нацёр-шы; памагчы — памог — памог-шы; прынесці — прынёс — прынёс-шы.
У моўнай практыцы сустракаюцца дзеепрыслоўі з суфіксамі -ўшы, -шы, утвораныя ад дзеясловаў незакончанага трывання, напрыклад: бегчы — бегшы, быць — быўшы, мець — меўшы, касіць — касіўшы і інш. Аднак такія формы з’яўляюцца парушэннем літаратурнай нормы.
