Артефакт.lib.ru
Сайт Андрея Пискунова Хостинг Lib.Ru

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел

Прыслоўе

§§ 326–331

Прыслоўе

Агульная характарыстыка

§ 326. Прыслоўе — гэта часціна мовы, якая абазначае працэсуальную прымету дзеяння, прадмета ці іншай непрацэсуальнай прыметы — якасці або ўласцівасці.

Найбольш яркай марфалагічнай рысай прыслоўя з’яўляецца адсутнасць форм скланення і спражэння. Па словаўтваральнай структуры прыслоўі падзяляюцца на нематываваныя (невытворныя: дзе, сюды і інш.) і матываваныя, якія не страцілі семантычнай суадноснасці з усімі паўназначнымі часцінамі мовы (скраю, ціха, утрое, бегма, па-свойму).

У залежнасці ад таго, называе прыслоўе прымету ці толькі ўказвае на яе, прыслоўі падзяляюцца на знамянальныя і займеннікавыя. Знамянальныя прыслоўі — гэта лексічна самастойныя словы, напрыклад: дома, поплеч, заўтра, здалёк, двойчы і інш. Займеннікавыя прыслоўі, як нематываваныя, так і матываваныя, звязаны сваім паходжаннем з усімі разрадамі займеннікаў. Да займеннікавых прыслоўяў адносяцца: па-мойму, па-твойму, па-свойму, тут, там, туды, таму, тады, усюды, заўсёды, куды, адкуль, калі, дзесьці, куды-небудзь, нідзе, нікуды, некалі і інш.

Важнай марфалагічнай адзнакай прыслоўя з’яўляецца наяўнасць формазмянення, якое ўласціва вялікай групе прыслоўяў, словаўтваральна звязаных з прыметнікамі. Адпрыметнікавыя прыслоўі з якасным значэннем могуць мець формы ступеней параўнання: далёка — далей, рана — раней і інш.

У сказе прыслоўі звычайна адносяцца да дзеяслова, прыметніка ці прыслоўя: прыйшоў позна, добра знаёмы, аднойчы вечарам. Зрэдку прыслоўе можа адносіцца да назоўніка: абход звечара, дом насупраць, дарога дахаты.

Асноўнымі сінтаксічнымі функцыямі прыслоўя ў сказе з’яўляюцца функцыя акалічнасці (калі прыслоўе адносіцца да дзеяслова: хутка ехаць) і функцыя азначэння (калі прыслоўе адносіцца да назоўніка: вёска злева). У сучаснай мове ў ролі азначэння прыслоўе выступае ўсё ж даволі рэдка. Пры ўмове субстантывацыі прыслоўі могуць быць у сказе дзейнікам або дапаўненнем, напрыклад: Прыйдзе светлае заўтра. Не дакучай сваімі «чаму». Асобныя прыслоўі могуць ужывацца ў якасці прызвязачнага кампанента іменнага састаўнога выказніка, напрыклад: сястра замужам.

Асноўныя разрады прыслоўяў па значэнню

§ 327. Па значэнню прыслоўі дзеляцца на дзве вялікія групы. Да першай адносяцца прыслоўі акалічнасныя. Яны паказваюць на розныя акалічнасці, пры якіх адбываецца дзеянне. Да другой групы адносяцца прыслоўі якасныя, якія характарызуюць дзеянне або прымету з боку якасці. Звычайна вылучаецца і трэцяя, прамежкавая група якасна-акалічнасных прыслоўяў, у якіх значэнне якаснай характарыстыкі спалучаецца з акалічнаснымі значэннямі характару і спосабу дзеяння, параўнання або сумеснасці.

Акалічнасныя прыслоўі

§ 328. Да акалічнасных адносяцца прыслоўі са значэннем месца, часу, прычыны і мэты.

Прыслоўі месца ўказваюць на месца, дзе адбываецца дзеянне ці працэс (блізка, высока, дзесьці, кругом, пасярэдзіне, побач, уваччу); на кірунак дзеяння, у прыватнасці на кірунак руху (далой, дахаты, сюды; адгэтуль, здалёк, знізу); на пэўную мяжу дзеяння, у прыватнасці руху (даверху, знізу, пагэтуль). Гэтыя прыслоўі адказваюць на пытанні дзе? куды? адкуль? дакуль? (’да якога месца’).

Прыслоўі часу ўказваюць на час, калі адбываецца дзеянне або як доўга яно працягваецца (вечарам, даўно, зімой, увосень; вечна, надоўга); на час, з якога пачынаецца дзеянне (зранку, спачатку, спрадвеку); на час, да якога працягваецца дзеянне (давеку, навек). Прыслоўі часу адказваюць на пытанні калі? як доўга? з якога часу? да якога часу?

Значэнне прыслоўяў часу могуць набываць некаторыя прыслоўі месца: там, тут, уперад, дагэтуль, дасюль і інш. Напрыклад: Не можа быць: будзе які-небудзь парадак, а там вайна гэта скончыцца (Я. Колас); А мяне дагэтуль людзі часта ўспамінаюць (Я. Колас).

Прыслоўі прычыны ўказваюць, па якой прычыне або на якой падставе адбываецца дзеянне (завошта, нашто, спрасоння, сторапу, чамусьці). Яны адказваюць на пытанні чаму? па якой прычыне?

Прыслоўі мэты ўказваюць, дзеля чаго, з якой мэтай адбываецца дзеянне (знарок, назло, напаказ, нарокам, неспраста, сумыслу). Такіх прыслоўяў у сучаснай беларускай мове мала. Значэнне мэты звычайна суправаджаецца пабочнымі адценнямі прычыны або спосабу дзеяння, напрыклад: І мы замоўклі назнарок (А. Астрэйка).

Заўвага. Лексічны састаў акалічнасных прыслоўяў размяркоўваецца па названых чатырох разрадах вельмі нераўнамерна. Больш за ўсё прыслоўяў месца, некалькі менш прыслоўяў часу і зусім мала прыслоўяў прычыны і мэты. Значэнні прычыны і мэты перадаюцца ў мове іншымі сродкамі: інфінітывам, дзеепрыслоўем, даданымі часткамі складаназалежнага сказа і інш.

Усе акалічнасныя прыслоўі ў сказе, як правіла, адносяцца да дзеяслова і выконваюць ролю адпаведных акалічнасцей.

Якасныя прыслоўі

§ 329. Гэта група прыслоўяў з’яўляецца найбольш багатай з лексічнага боку, да таго ж якасныя прыслоўі вельмі лёгка і хутка папаўняюцца новымі ўтварэннямі ад якасных прыметнікаў.

Да якасных прыслоўяў адносяцца: аддана, асцярожна, балюча, бегла, боязна, бурна, бязвольна, важна, весела, вытрымана, глуха, глыбакадумна, горача, гучна, дамавіта, дэманстрацыйна, жорстка, ідэйна, інакш, засаб, звонка, зелена, крылата, навотліў, нагатове, нараўне, недарэчна, неяк, нязручна, няўцям, партыйна, па-свойму, проста, пышна, радасна, рэльефна, сарамліва, святочна, сіне, смела, тэатральна, увачавідкі, упустую, урачыста, фармальна, хораша, цвёрда, чароўна, шчодра, эфектна, юрыдычна, якасна і інш. Гэтыя прыслоўі адказваюць на пытанне як? і выконваюць ролю акалічнасці спосабу дзеяння. У сказе яны адносяцца як да дзеясловаў, так і да прыметнікаў, прыслоўяў ці слоў катэгорыі стану (прэдыкатываў): Молада, хораша, звонка спяваў гарманіст (Я. Брыль); Дык за справу, таварышы, за адзіна справядлівую нашу рабоча-сялянскую справу, справу нашага вызвалення, за бязлітасную класавую вайну з панамі (Я. Колас); Сюжэт апавядання «Астап» пабудаваны кампазіцыйна проста і стройна (У. Агіевіч); Было няёмка смяяцца з таго, што дзеду пячэцца, аднак ужо было і весела, і неяк нечакана цёпла (Я. Брыль).

Акрамя прыслоўяў з уласна якасным значэннем, сюды ўключаюцца і колькасныя прыслоўі, якія абазначаюць колькасць дзеяння (вельмі, выключна, дужа, занадта, удвойчы, утройчы, багата; амаль, больш-менш, крыху, прыблізна, чуць), ступень інтэнсіўнасці дзеяння або яго мяжу (даастатку, дапаўна, дарэшты, насуха, удосталь), а таксама меру якасці той або іншай прыметы (мала, многа, зусім, спрэс, цалкам): вельмі можа быць, дужа прыемна, утройчы пабольшыліся, дарэшты змаляваць, удосталь нагуляцца, спрэс высах, зусім зялёны і інш.

Колькасныя прыслоўі ў сказе звычайна выконваюць ролю акалічнасці меры і ступені і адносяцца часцей да прыметнікаў або да якасных прыслоўяў. Значэнне меры могуць набываць пераносна і іншыя прыслоўі: высока, глыбока, далёка, даўно, шырока і г. д. Напрыклад: Змест гэтай паэзіі глыбока інтэрнацыянальны (К. Чорны); Ён бачыць перад сабой тое ...што ён ацаніў высока і за што мог узнагародзіць (К. Чорны).

Якасна-акалічнасныя прыслоўі

§ 330. Да якасна-акалічнасных адносяцца прыслоўі спосабу дзеяння, параўнання і сумеснасці.

У прыслоўях спосабу дзеяння якасная характарыстыка дзеяння суправаджаецца ўказаннем на характар ці спосаб яго ўтварэння: бягом, моўчкі, навыварат, пехатой, раптам, уброд, цішком: Ён [Сымон] у той пакой бягом! (Я. Колас); А дзядзька моўчкі стаў збірацца (Я. Колас); За днямі дні праходзяць цугам (П. Панчанка).

У прыслоўях параўнання якасная характарыстыка дзеяння даецца шляхам параўнання ці прыпадабнення: віхрам, кулём, роем, цурком; па-брацку, па-ранейшаму, па-салдацку, па-суседску: І вось наш дзядзька едзе зайцам (Я. Колас); Лес быў ужо голы, па-восеньску пануры і маўклівы (І. Шамякін).

У прыслоўях са значэннем сумеснасці якасная характарыстыка дзеяння спалучаецца з указаннем на сумеснасць: удваіх, утраіх, утрох, гуртам, оптам: Селі з ёю мы пад яблыню ўдваіх (Я. Купала); І равуць каровы, гуртам ідучы (П. Броўка).

Усе якасна-акалічнасныя прыслоўі адказваюць на пытанні як? якім чынам? і ў сказе адносяцца пераважна да дзеяслова. Асноўная сінтаксічная функцыя іх — акалічнасць спосабу дзеяння.

Формаўтварэнне прыслоўяў

§ 331. Якасныя адпрыметнікавыя прыслоўі маюць формы ступеней параўнання — звычайную і вышэйшую.

Формы вышэйшай ступені параўнання ўтвараюцца як сінтэтычным, так і аналітычным шляхам.

1. Сінтэтычная (простая) форма вышэйшай ступені параўнання мае суфікс -ей (-эй, -ай), які далучаецца да ўтваральнай асновы якаснага адпрыметнікавага прыслоўя (гэта аснова звычайна супадае з асновай таго якаснага прыметніка, ад якога ўтворана прыслоўе): актыўн-а — актыўн-ей (параўн.: прыметнік актыўн-ы), ахвотн-а — ахвотн-ей (параўн.: прыметнік ахвотн-ы). Фактычна адбываецца замена прыслоўнага суфікса -а (-о) суфіксам -ей (-эй, -ай). Перад суфіксам -ей (-эй, -ай) зычныя г, к, х чаргуюцца з ж, ч, ш: дораг-а — дараж-эй, дарож-ай; лёгк-а — лягч-эй; ціх-а — ціш-эй.

У некаторых прыслоўях вышэйшай ступені параўнання суфікс можа далучацца непасрэдна да кораня: блізка — бліжэй, высока — вышэй, гладка — гладзей, глыбока — глыбей, далёка — далей, коратка — карацей, нізка — ніжэй, рэдка — радзей, цяжка — цяжэй, шырока — шырэй і некаторыя іншыя. У гэтых выпадках утваральная аснова прыслоўя не супадае з асновай адпаведнага матывуючага прыметніка (параўн.: блізк-і, высок-і, шырок-і і г. д.) — тут «выпадае» суфікс -к- (-ёк-, -ок-). Аднак у выніку працэсу выроўнівання асноў у сучаснай мове паяўляюцца і формы, дзе суфікс -к- (-ёк-, -ок-) захоўваецца, чаргуючыся з -ч- (-яч-, -ач-): глыбачэй, радчэй, шырачэй і пад. Праўда, формы гэтыя не літаратурныя, акрамя хіба прыслоўя гладчэй, якое шырока ўжываецца ў мове мастацкай літаратуры. Напрыклад: Адзеты ён [хлапчук] быў не то што лепш за тых дзяўчатак, з якімі бесперапынна зачэпаўся, але на ім усё ляжала нейк гладчэй, спрытней, дасціпней (К. Чорны).

Прыслоўі мала, многа, добра, дрэнна форму вышэйшай ступені параўнання ўтвараюць суплетыўным шляхам: менш (меней), больш (болей), лепш (лепей), горш (горай). Выроўніванне асноў наглядаецца нават у суплетыўных утварэннях, але выпадкі гэтыя чыста аказіянальныя. Параўн. прыклад ужывання формы мнажэй (замест больш) у дзіцячай мове: «Колькі жыта?» — «Мяшок або яшчэ мнажэй». — «Ды не мнажэй, а трэба казаць больш», — зноў папраўляе Ніна (Я. Брыль).

Формы з суфіксам -ш у сучаснай літаратурнай мове ўжываюцца часцей, чым з суфіксам -ей (-ай).

Простыя формы вышэйшай ступені параўнання ўтвараюцца амаль ад усіх якасных прыслоўяў, суадносных з якаснымі прыметнікамі.

2. Аналітычная (складаная) форма вышэйшай ступені параўнання ўтвараецца шляхам спалучэння прыслоўяў звычайнай ступені са словамі больш (болей), менш (меней): больш агніста, больш заўзята, болей яскрава, менш спакойна, менш ярка, меней праўдзіва і інш.

Складаныя формы вышэйшай ступені параўнання могуць утварацца ад усіх якасных прыслоўяў, аднак практычна яны ўжываюцца толькі ад тых прыслоўяў, ад якіх немагчыма ўтварэнне сінтэтычных форм.

Форма вышэйшай ступені параўнання прыслоўяў мае значэнне параўнання (кампаратыва) толькі тады, калі ў сказе (або ў больш шырокім кантэксце) названы прадмет, з прыметай якога параўноўваецца выражаная прыслоўем прымета якасці або дзеяння. Напрыклад: Даўжэй за іншых сваіх суседзяў араў сваю палосу Верамейчык (К. Крапіва); І зух жа гэты ляснік! І па ўсім відаць было, што ён стаяў вышэй усіх хлопцаў у сяле (Я. Колас).

Калі ж прадмет параўнання не названы, тады форма ступені параўнання мае значэнне высокай якасці, безадносна да параўнання. Напрыклад: Падбадзёраны першым поспехам, Сонцаў пачаў гаварыць вальней і цікавей (І. Мележ); А покуль вас зусім не зморыць сон, раскажыце мне болей падрабязна (П. Глебка).

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел