Артефакт.lib.ru
Сайт Андрея Пискунова Хостинг Lib.Ru

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел

Непаўназначныя словы і выклічнікі

§§ 332–347

Непаўназначныя словы

§ 332. Назвы прадметаў, прымет, з’яў, працэсаў складаюць групу паўназначных, ці знамянальных, часцін мовы. Сувязь паўназначных слоў у словазлучэнні і сказе ажыццяўляецца рознымі сродкамі: формамі паўназначных слоў, парадкам іх у сінтаксічнай канструкцыі, інтанацыяй і, нарэшце, спецыяльнымі словамі, якія звычайна не маюць яскрава выражанага лексічнага значэння і таму называюцца непаўназначнымі. Такія словы ўжываюцца толькі разам з паўназначнымі, у спалучэнні з імі. Непаўназначныя словы, як правіла, не маюць самастойнага націску і аб’ядноўваюцца ў адну акцэнталагічную адзінку з суседнім паўназначным словам (памятаць пра сяброў, прачытаў бы раман), не выступаюць у ролі членаў сказа.

У групу непаўназначных уключаюцца прыназоўнікі, злучнікі, звязкі і часціцы. Усе гэтыя часціны мовы, за выключэннем звязкі, нязменныя. Пераважная большасць непаўназначных слоў паходзіць ад слоў паўназначных.

У маўленні непаўназначныя словы вызначаюцца высокай частотнасцю: прыблізна кожнае чацвёртае або нават трэцяе слова ў любым тэксце — гэта непаўназначнае.

Непаўназначныя словы падзяляюцца на два разрады: да першага адносяцца прыназоўнікі, злучнікі і звязкі, а да другога — часціцы.

Агульнай рысай, якая аб’ядноўвае прыназоўнікі, злучнікі і звязкі з’яўляецца тое, што ўсе яны ўжываюцца ў мове для сувязі дзвюх або некалькіх моўных адзінак і аб’яднання іх у адно больш буйное сінтаксічнае цэлае. Прыназоўнік звязвае галоўнае слова з залежным, аб’ядноўваючы іх у словазлучэнне. Злучальны злучнік звязвае члены сказа, аднатыпныя сузалежныя сказы або прэдыкатыўныя адзінкі ў такія аб’яднанні, як рад аднародных членаў сказа, складаную даданую ці галоўную частку ў складаназалежным сказе, складаназлучаны сказ. Падпарадкавальны злучнік звязвае састаўныя часткі складанага сказа, аб’ядноўваючы іх у складаназалежны сказ. Нарэшце, звязка — гэта сродак сувязі дзейніка і выказніка, аб’яднання іх у прэдыкатыўнае спалучэнне, якое з’яўляецца асновай простага сказа:

Прыназоўнікі

§ 333. Прыназоўнікі — гэта непаўназначныя словы, з дапамогай якіх выражаюцца адносіны паміж галоўным і залежным словамі ў словазлучэнні з апасродкаванай падпарадкавальнай сувяззю.

Галоўным словам у такіх словазлучэннях звычайна выступае дзеяслоў, радзей — назоўнік, прыметнік, прыслоўе, безасабова-прэдыкатыўнае слова або нават непадзельнае (фразеалагічнае) спалучэнне, а залежным — толькі назоўнік (ці любая субстантываваная часціна мовы) або займеннік: ехаць у лес, язда ў лес, праездам у лес, дарога ў лес, смутна без прычыны, цікавы для слухачоў, цікавы для ўсіх, хадзіць да позняга, кінуць вокам на хату, вастрыць зубы на дубок.

У адпаведнасці з паходжаннем усе прыназоўнікі дзеляцца на невытворныя і вытворныя. Да невытворных адносяцца: а, аб, ад, без, да, для, дзеля, з, за, к, каля, ля, між, на, над, па, пад, перад, пра, праз, пры, у, цераз. Гэтыя прыназоўнікі страцілі жывую сувязь з тымі словамі, ад якіх яны некалі ўтварыліся.

У сінхронным плане да невытворных трэба адносіць і былы складаны прыназоўнік паўз (з прычыны адсутнасці асобнага прыназоўніка уз у сучаснай літаратурнай мове), і былыя прыслоўныя прыназоўнікі акрамя, апрача, бліз, замест, звыш, наконт, накшталт, паводле, сярод, суадноснасць якіх з прыслоўямі цяпер можа быць устаноўлена толькі гістарычна.

Вытворныя прыназоўнікі захоўваюць непасрэдную сувязь са словамі, якія адносяцца да розных знамянальных часцін мовы. На гэтай аснове вылучаюцца прыназоўнікі адпрыслоўныя: абапал, блізка, вакол, воддаль, збоку, зверху, ззаду, злева, міма, наабапал, наверсе, наверх, наводдаль, навокал, наперад, наперадзе, насустрач, насупраць, непадалёку, паабапал, паперад, паперадзе, пасля, пасярод, пасярэдзіне, паўзверх, побач, побліз, поплеч, поруч, скраю, скрозь, спадыспаду, спераду, супраць, узамен, уздоўж, уперад, уперадзе, упоперак, услед, усцяж і інш.; адпрыметнікавыя: адносна, адпаведна, згодна, паралельна, прапарцыянальна, раўналежна і інш.; адназоўнікавыя: шляхам, кшталтам (устар.); аддзеяслоўныя: выключаючы, дзякуючы, канчаючы, уключаючы і інш. (усе яны суадносны з дзеепрыслоўямі).

Многія прыназоўнікі захоўваюць сувязь са склонавымі формамі назоўнікаў і ўтварыліся ў выніку злучэння простага прыназоўніка з назоўнікам ва ўскосным склоне: за кошт, з боку, з ліку, з мэтай, з дапамогай, з прычыны, з цягам, з часу, на аснове, на манер, на працягу, на чале, па шляху, пры дапамозе, у адносінах, у адрас, у выніку, у гонар, у імя, у ліку, у мэтах, у сілу, у справе, у сэнсе, у час, у часе, у часы і інш. Такія вытворныя прыназоўнікі ў сваю чаргу могуць спалучацца з невытворнымі: на чале з, па шляху да, у адказ на, у адносінах да, у адпаведнасці з, у адрозненне ад, у кірунку да, у параўнанні з, у саюзе з, у сувязі з і інш.

У выніку спалучэння прыслоўя з невытворнымі прыназоўнікамі ў сучаснай мове склаліся наступныя прыслоўна-прыназоўнікавыя канструкцыі, якія таксама ўжываюцца ў функцыі прыназоўнікаў: адначасова з, асобна ад, збоку ад, нараўне з, побач з, поплеч з, поруч з, разам з, следам за, сумесна з, услед за і інш.

Функцыю прыназоўнікаў выконваюць і некаторыя дзеепрыслоўі ў спалучэнні з невытворнымі прыназоўнікамі: нягледзячы на, гледзячы па, пачынаючы ад, пачынаючы з і інш.

Шляхам словаскладання ўтварыліся складаныя прыназоўнікі: з-за, з-над, па-над, з-пад, па-за, паміж, з-па-над, з-па-за і інш.

Некаторыя прыназоўнікі існуюць у сучаснай мове ў двух ці больш варыянтах, напрыклад: у — ў, ва, ува; з — са; аб — аба; к — ка; над — нада; пад — пада; перад — прад, перада, прада; акрамя — акром; апрача — апроч і інш.

§ 334. Прыназоўнікі ўжываюцца з адным або некалькімі склонамі залежных назоўнікаў.

Аднасклонавае кіраванне ўласціва большасці прыназоўнікаў. Так, толькі роднага склону патрабуюць пасля сябе прыназоўнікі ад, без, да, дзеля, для, ля, каля, з-за, з-над, з-пад, з-па-за, з-па-над, паміма, акрамя, апрача, бліз, замест, звыш, наконт, накшталт, паводле, сярод, а таксама большасць адпрыслоўных прыназоўнікаў, прыслоўна-прыназоўнікавых канструкцый і спалучэнняў простых прыназоўнікаў са склонавымі формамі назоўнікаў (абапал, блізка, вакол, воддаль, наводдаль і інш.; асобна ад, збоку ад, за выключэннем, за кошт, з часу, на аснове, у адносінах да, у адрозненне ад і інш.).

Давальнага склону патрабуюць к, адпаведна, згодна, паралельна, прапарцыянальна, раўналежна, наперакор, насустрач, насуперак, удагон, услед і інш.

Вінавальнага склону патрабуюць пра, праз, цераз, у адказ на, нягледзячы на.

З формай творнага склону ўжываюцца па-за, згодна з, поплеч з, поруч з, разам з, следам за, на чале з, у сувязі з і інш.

Асобныя прыназоўнікі могуць спалучацца з формамі двух ці нават трох склонаў.

Так, прыназоўнікі аб, на і пра патрабуюць вінавальнага і меснага, над, пад і перад — вінавальнага і творнага, а паўз і скрозь — роднага і вінавальнага склонаў. Прыназоўнік паміж ужываецца з родным і творным, а прыназоўнік упоперак — з родным і давальным склонамі.

Прыназоўнікі з, за і між ужываюцца з формамі роднага, вінавальнага і меснага, прыназоўнік па — з формамі давальнага, вінавальнага і меснага, а прыназоўнік у — з формамі роднага, вінавальнага і меснага склонаў.

Аднак двухсклонавае або трохсклонавае кіраванне пералічаных прыназоўнікаў для сучаснай мовы не заўсёды з’яўляецца нормай. Ужыванне над, перад і пры з вінавальным кваліфікуецца як дыялектызм або архаізм, хоць прыклады такога кіравання і сустракаюцца ў мове мастацкай літаратуры: У краўцовага Ігната барада — нібы лапата, нібы тое памяло,— над усё, браткі, сяло (К. Крапіва); Я прыйду на неба незайманым, чыстым стану прад божыя вочы (У. Караткевіч); А тады надзенеш шапку з цішкаю, шаблю пры бок прычэпіш (К. Крапіва).

Літаратурнай нормай лічыцца ўжыванне з прыназоўнікамі над і перад формы творнага склону, а з прыназоўнікам пры — формы меснага склону: Вечар над вёскаю шэры, цені ў зялёным лісці (М. Танк); Цягнік прыпыніўся на хвіліну на невялікай станцыі, апошняй перад горадам (М. Лынькоў); Пры лесе, пад горкай бруіцца крыніца (П. Броўка).

Нельга прызнаць літаратурнай нормай і ўжыванне прыназоўнікаў паўз і скрозь з родным, упоперак — з давальным, між — з вінавальным і за — з родным склонам, хоць прыклады такога ўжывання таксама сустракаюцца ў мове мастацкай літаратуры: Неяк ішла паўз ларка з папяросамі, глянула: тая! Яна, чарнаокая (П. Панчанка); Скрозь прагалін лясоў былі хмаркі відны, ў сінім небе іх нікла руно (Я. Колас); «Наперадзе падлодка»,— сказаў другі. «Прайшла ўпоперак нашаму курсу» (Э. Самуйлёнак); Праязджаў між іх палосу, але нікога не прыкмеціў (Ц. Гартны); Блага нам было, вельмі блага за прыгону («Дзядзька Антон...», ананімная гутарка XIX ст.).

Літаратурнай нормай лічыцца ўжыванне прыназоўнікаў паўз і скрозь з вінавальным, упоперак — з родным, між — з родным і месным, за — з вінавальным і месным склонамі: слупкі паўз дарогу, ісці скрозь лес, перабегчы ўпоперак вуліцы, дарога між дубоў і дарога між дубамі, сесці за стол, сядзець за сталом.

Устойлівае неаднасклонавае кіраванне, такім чынам, захоўвае толькі невялікая група прыназоўнікаў: двухсклонавае — аб, за, між, паміж, на і пад, а трохсклонавае — з, па і у. Напрыклад: стукнуць аб камень — марыць аб вясне; прадаць за рубель — садок за хатай; між лета і зімы — між летам і зімой; возера паміж балот — гутарка паміж сябрамі; пакласці на стол — ляжыць на стале; лезці пад стол — жалуды пад дубам; скаціцца з гары — велічынёй з гару — ехаць з сябрамі; фільм па Талстому — вада па пояс — хадзіць па лесе; гасцяваць у сястры — зайсці ў хату — пабыць у хаце.

Неаднасклонавае кіраванне прыназоўнікаў у сучаснай беларускай мове мае розны характар. У адных выпадках яно звязана з яскравым сэнсавым адрозненнем спалучэнняў, напрыклад: кара з дуба — велічынёй з дуб, бяроза з дубам; зайшоў на пошту па пісьмо — атрымаў пяцёрку па пісьму — вадзіў карандашом па пісьме; пакласці на воз — ляжыць на возе і г. д. У другіх выпадках такое адрозненне адсутнічае: адны і тыя ж сінтаксічныя адносіны могуць выражацца рознымі склонавымі формамі з адным і тым жа прыназоўнікам. Ствараюцца сінтаксічныя сінонімы, і ў такіх сінанімічных парах адна з канструкцый звычайна лічыцца нормай, а другая — устарэлым ці дыялектным варыянтам, неасвоеным запазычаннем ці інш.

Устарэлымі ці дыялектнымі лічацца, у прыватнасці, спалучэнні аб з вінавальным у канструкцыях з дзеясловамі мовы і думкі: гутарка аб тое, забыўся аб ратунак, пытаць аб долю. Літаратурнай нормай тут лічыцца форма меснага склону: гутарка аб тым, забыўся аб ратунку, пытаць аб долі.

З прыназоўнікам між у мове мастацкай літаратуры, асабліва ў канструкцыях з прасторавым значэннем, пераважае форма роднага склону. Аднак у дзелавым, афіцыйным і навуковым стылях паступова становіцца нормай ужыванне з гэтым прыназоўнікам формы творнага склону.

З прыназоўнікам паміж перавага аддаецца форме творнага склону, хоць і форма роднага не лічыцца адхіленнем ад нормы.

Ужыванне прыназоўніка па з формамі давальнага (у адзіночным ліку) і меснага склонаў у канструкцыях з прасторавымі адносінамі і з некаторымі разнавіднасцямі часавых і аб’ектных адносін таксама стварае сінтаксічныя сінонімы. Пры гэтым формы давальнага склону ўспрымаюцца як русізм ці дыялектызм: ісці па шырокаму полю; жалі жыта па сонейку, будзем жаць па месяцу, г. зн. пры святле месяца (нар. песня); не пайду па дажджу (В. Вітка); сум па дому (З. Бядуля); па званочку твайму здагадаўся (В. Вітка) і г. д.

Вядома, гэта не значыць, што ў беларускай мове ўсе канструкцыі, у якіх па спалучаецца з формай давальнага, лёгка могуць быць заменены адпаведнымі спалучэннямі з месным. Ёсць рад сінтаксічных адносін, у першую чаргу абмежавальных, прычынных і паасобных адценняў часавых, для выражэння якіх форма давальнага склону (у адзіночным ліку) з прыназоўнікам па замацавалася як трывалая норма: урок па пісьму, дождж прайшоў як па заказу, прыбыў па вашаму загаду, рабілі па даўняму звычаю, фільм па Горкаму, капуста па вядру, гурбы па мядзведзю, сказаць па сакрэту, зганьбіць па злому намеру, не знаходзіць адрасу па цэламу месяцу і некаторыя іншыя.

§ 335. Прыназоўнікі ўжываюцца для выражэння наступных сінтаксічных адносін:

1) прасторавых: адысці ад горада, вяртацца са школы, прыехаць у вёску, глядзець праз акно, стаяць каля дарогі, абедаць у сталоўцы, дубы наабапал рэчкі і інш.;

2) часавых: працаваць з раніцы да вечара, прыехаць перад экзаменам, вярнуліся пасля перамогі, спатканне ў час работы і інш.;

3) аб’ектных, куды ўключаюцца ўласна-аб’ектныя: догляд за хворым, трымаць за руку, стукаць у акно, змагацца супраць ворага, абавязак перад народам; камітатыўныя: сябраваць з дзяўчынай, вядро з вадой, ісці побач з возам; аблятыўныя: пазбавіцца ад небяспекі, маляваць без прыкрас, знікнуць з вачэй; лімітатыўныя: заданне па нарыхтоўцы збожжа, падыходзіць па чарзе, майстар на выдумкі, апошні з краю, адзін з лесарубаў; інструментальныя: напаіць з гладыша, лічыць на пальцах, гаварыць па радыё; дэлібератыўныя: марыць аб свабодзе, вучэнне аб рэвалюцыі, распытваць пра службу, верыць у перамогу, працаваць над перакладам, журыцца па Айчыне; замяшчальнасці: працаваць за брыгадзіра, купіць за грошы, аддаць пад заклад і інш.;

4) пераходу з аднаго стану ў другі: развеяць у прах, перацерці на муку, высахнуць у палку і інш.;

5) меры і ступені: радасць без меры, вядомы да драбніц, багатыр на ўсю акругу, гразь па вушы і інш.;

6) атрыбутыўных, куды ўключаюцца якасныя: чалавек без хітрыкаў, дом за нумарам дваццаць чатыры, салат пад маянэзам і інш., а таксама колькасныя: лічыць да сарака, дом на тры паверхі, вагою да васьмі кілаграмаў і інш.;

7) размеркавальных: падзяліць на роўныя часткі, перабіраць па каліву і інш.;

8) прыналежнасці: ключы ад хаты, дзяжурны пры штабе і інш.;

9) генетычных: след ад калёс, страва з мукі, бутэлька з-пад малака і інш.;

10) параўнальных: мацнейшы за камень, зярняты з фасоліну, гарбузы па вядру, мора ў параўнанні з возерам і інш.;

11) спосабу дзеяння: пісаць з вялікай літары, слухаць з увагай, сказаць на развітанне, рабіць па справядлівасці і інш.;

12) прычынных: пацямнець ад вільгаці, стаміцца з дарогі, не з’явіцца па невядомай прычыне, не мець адпачынку за работаю і інш.;

13) мэтавых: рыхтавацца да экзаменаў, пячэнне да чаю, заараць пад жыта, хадзіць па маліну, пайсці ў грыбы і інш.;

14) прыблізнасці: пачакаць з хвілінку, атрымаў каля ста рублёў і інш.

Злучнікі

Агульная характарыстыка

§ 336. Злучнікі — гэта непаўназначныя словы, якія ўжываюцца для сувязі сінтаксічных адзінак (членаў сказа, частак складанага сказа, самастойных сказаў) і паказваюць на сэнсава-граматычныя адносіны паміж імі: Дождж усё яшчэ не пераставаў, але ў адным месцы хмары як бы расступіліся, і адтуль ужо выглядала неба — блакітнае і вельмі свежае (Б. Сачанка).

Злучнікі не маюць граматычных катэгорый, форм словазмянення, а таксама свайго лексічнага значэння, а толькі функцыянальнае — паказваюць на адносіны паміж сінтаксічнымі кампанентамі.

Разрады злучнікаў

§ 337. Разрады злучнікаў вылучаюцца з улікам іх паходжання, саставу, ужывання і функцыянальнага значэння.

Паводле паходжання злучнікі падзяляюцца на невытворныя (першапачатковыя) і вытворныя.

Невытворныя злучнікі — гэта даўнія словы, якія не суадносяцца ў сінхронным плане з іншымі часцінамі мовы і ўспрымаюцца як першапачатковыя: а, але, бо, ды, і, каб і інш.

Вытворныя злучнікі — гэта пазнейшыя словы, утвораныя ад іншых часцін мовы. Пры пераходзе ў злучнікі словы іншых часцін мовы страчваюць сваё ранейшае значэнне і набываюць новае — функцыянальнае значэнне адносін. Разрад вытворных злучнікаў складаюць тыя, што ўтвораны ад: а) займеннікаў: што, таму; б) прыслоўяў: як, калі; в) часціц: ці, жа, быццам, нібы; г) дзеясловаў: хоць (ад хацець), хай; д) назоўнікаў: раз; е) спалучэння розных часцін мовы (паўназначных і службовых): затое (за + тое), затым (за + тым), таму што, для таго што, тым часам як, нягледзячы на тое што, з прычыны таго што.

Паводле саставу злучнікі падзяляюцца на простыя і састаўныя.

Да простых належаць аднаслоўныя злучнікі: а, або, ды, і, каб, бо, але, што, каб, калі і інш. Простыя злучнікі, як правіла, выкарыстоўваюцца ў розных стылях мовы і з’яўляюцца шматфункцыянальнымі. Напрыклад, злучнік каб выкарыстоўваецца з мэтавым, умоўным і тлумачальным (з адценнем пажадання) функцыянальнымі значэннямі.

Састаўныя злучнікі — гэта спалучэнні двух ці больш слоў, якія складаюць функцыянальна-сэнсавае адзінства і выкарыстоўваюцца ў ролі аднаго слова. Састаўныя злучнікі звычайна складаюцца з адноснага слова (займенніка ці займеннікавага прыслоўя) або былога назоўніка з прыназоўнікам і простага злучніка: таму што, пасля таго як, тым часам як, з прычыны таго што, для таго каб, у той час як і інш. Састаўныя злучнікі выкарыстоўваюцца ў кніжных стылях мовы і з’яўляюцца аднафункцыянальнымі. Напрыклад, злучнік для таго каб мае мэтавае, з прычыны таго што — прычыннае функцыянальныя значэнні.

Паводле ўжывання злучнікі падзяляюцца на адзіночныя, паўторныя і парныя.

Адзіночныя злучнікі не паўтараюцца пры аднатыпных сінтаксічных кампанентах (аднародных членах сказа, састаўных частак складанага сказа): Іскрыцца пад молатам сталь, а молат не біў так калісь (Я. Купала); Не кідай хлеба, каб ён цябе не кінуў (М. Танк). Толькі адзіночнымі выступаюць злучнікі а, але, ды (са значэннем але).

Паўторныя злучнікі ўжываюцца пры кожным сінтаксічным кампаненце (паўтараюцца): І сонца праменні, і сцюжу марозаў, і радасць уцехі, і горкія слёзы дзялілі вы, разам у жыцці ідучы (П. Броўка); Каб шумела аб шчасці на полі калоссе, каб квітнела ў нас моладзь, як раніцай кветкі, каб не плакалі з гора ні маткі, ні дзеткі, каб расла і мацнела год ад году Радзіма,— сцяг за мір барацьбы мы высока падымем (К. Буйло). Толькі паўторнымі выступаюць злучнікі то...то, ці то...ці то, не то...не то, ні...ні. Іншыя злучнікі пры іх паўтарэнні таксама з’яўляюцца паўторнымі.

Парныя злучнікі — гэта расчлянёныя састаўныя злучнікі, адна частка якіх адносіцца да аднаго сінтаксічнага кампанента, а другая да другога, наступнага: калі...то, хоць...але, не толькі...але. Калі добра ўзараш, то і ўраджай збярэш; Гора хоць мучыць, ды жыць вучыць (Прыказкі).

Паводле функцыянальнага значэння злучнікі падзяляюцца на злучальныя і падпарадкавальныя.

Злучальныя злучнікі служаць для сувязі сінтаксічна раўнапраўных кампанентаў — аднародных членаў сказа, састаўных частак складаназлучанага сказа і аднародных сузалежных частак складаназалежнага сказа. Злучальныя злучнікі з улікам адносін, якія выражаюцца з дапамогай іх, падзяляюцца на чатыры групы: 1) спалучальныя злучнікі: і, ды, ні...ні, як...так і; 2) супастаўляльныя злучнікі: а, але, ды (са значэннем але), аднак, жа, затое, а то, не толькі...але; 3) пералічальна-размеркавальныя: або, або...або, альбо...альбо, ці, ці...ці, не то...не то, ці то...ці то; 4) далучальныя: ды і (дый), нават, прытым. У функцыі далучальных могуць выкарыстоўвацца і ўсе іншыя злучальныя злучнікі, калі яны звязваюць сінтаксічныя адзінкі з дадатковай інфармацыяй, не прадугледжанай першай адзінкай.

Падпарадкавальныя злучнікі служаць для сувязі сінтаксічна нераўнапраўных кампанентаў — звязваюць даданую частку з галоўнай. Як правіла, яны амаль не выкарыстоўваюцца ў простым сказе, за выключэннем злучнікаў як, нібы, быццам, каб, якія звязваюць звароты са значэннем параўнання і мэты з асноўнай структурай сказа: Гаварыў, нібы казань казаў; Прыйшоў, каб пабачыць нас. Падпарадкавальныя злучнікі ўваходзяць у склад даданай часткі і паказваюць на розныя сэнсавыя яе адносіны з галоўнай. З улікам гэтых адносін — функцыянальных значэнняў — падпарадкавальныя злучнікі падзяляюцца на групы: 1) прычынныя: бо, таму што, паколькі, адтаго што, затым што; 2) часавыя: калі, як, пакуль, тым часам як, пасля таго як, як толькі; 3) умоўныя: калі, калі б, каб, як, як бы, абы, раз; 4) мэтавыя: каб для таго каб, з тым каб, абы; 5) уступальныя: хоць, хоць бы, хай, няхай, нягледзячы на тое што; 6) параўнальныя: як, чым, што, то, дык. Гэтым т. зв. семантычным злучнікам супрацьстаяць асемантычныя тлумачальныя злучнікі, якія не выражаюць функцыянальных адносін, а служаць толькі для сувязі даданай часткі з галоўнай, калі даданая частка раскрывае той ці іншы кампанент галоўнай, тлумачыць яго. Да тлумачальных адносяцца злучнікі што, як, чым.

§ 338. Да злучнікаў не могуць быць аднесены т. зв. злучальныя словы — адносныя займеннікі і займеннікавыя прыслоўі, якія, звязваючы даданыя часткі з галоўнымі [як злучнікі], разам з тым захоўваюць марфалагічныя прыметы знамянальных часцін мовы і ў сказе выконваюць ролю членаў сказа. Такія злучальныя словы трэба разглядаць як амонімы да адпаведных злучнікаў: што, як, чым, калі. Сярод злучальных слоў ёсць і неаманімічныя са злучнікамі: хто, які, каторы, чый, дзе, куды, адкуль, колькі.

Звязкі

§ 339. Звязкі — гэта непаўназначныя словы дзеяслоўнага паходжання, якія ўжываюцца для выражэння граматычных значэнняў (часу і ладу) састаўнога выказніка.

У залежнасці ад ступені страты лексічнага значэння вылучаюцца тры тыпы звязак:

1. Абстрактныя (або незнамянальныя) звязкі — формы дзеяслова быць: ёсць, быў, будзе, будуць і г. д. Вечар быў цёплы.

2. Паўабстрактныя (або паўзнамянальныя) звязкі — формы дзеясловаў стаць, станавіцца, лічыцца, здавацца, рабіцца, з’яўляцца, бываць, называцца і інш. Вёска становіцца прыгажэйшай.

3. Знамянальныя звязкі — формы дзеясловаў руху або стану: хадзіць, стаяць, сядзець, вярнуцца, жыць і інш. Хлапец вярнуўся ўзрадаваны.

Часціцы

§ 340. Часціцы — гэта непаўназначныя словы, якія выражаюць дадатковыя сэнсавыя, мадальна-валявыя або эмацыянальна-экспрэсіўныя адценні значэння слоў, словазлучэнняў ці сказаў.

Часціцы звычайна не выкарыстоўваюцца для сувязі сінтаксічных адзінак і аб’яднання іх у адно цэлае, а толькі мадыфікуюць значэнне якой-небудзь моўнай адзінкі.

§ 341. У адпаведнасці з тым, у якім кірунку — сэнсавым, мадальна-валявым ці эмацыянальна-экспрэсіўным — ідзе мадыфікацыя значэння кампанентаў выказвання, часціцы падзяляюцца на тры групы.

І. Часціцы, якія выражаюць розныя сэнсавыя адценні значэнняў. Сюды адносяцца:

1. Указальныя часціцы: вось, вунь, гэта і іх размоўныя варыянты: во, ось, от, унь і інш. Указальныя часціцы адносяцца як да асобных слоў, так і да ўсяго сказа: Вось і палянка, і самі баравікі (А. Вялюгін); І вось, як чысты ліст паперы, ляжыць перад вачамі новы год (А. Вялюгін).

2. Азначальна-ўдакладняльныя часціцы: якраз, іменна, менавіта, акурат, проста, чыста, амаль, прыблізна, сапраўды. Яны адносяцца пераважна да слоў і размяшчаюцца ў прэпазіцыі: З тае пары другога хамута не патрабуе Конь ніколі болей: свайго яму якраз даволі, хамут стаў — проста любата! (К. Крапіва).

3. Вылучальна-абмежавальныя часціцы: толькі, хоць, хаця, выключна. Яны таксама адносяцца да асобных слоў, падкрэсліваючы іх важнасць у камунікацыі: Ні славы, ні скарбаў я не хачу, мне б толькі прайсці непрыкметна, зямлю сваю пад нагамі адчуць, надыхацца родным паветрам (П. Панчанка).

ІІ. Часціцы, якія выражаюць мадальныя і мадальна-валявыя адценні. У гэту групу ўваходзяць:

1. Сцвярджальныя часціцы: так, але, размоўныя і дыялектныя ага, угу і інш. Так, з гасцінца ў Вуглы паварочвае машына (Я. Брыль).

2. Адмоўныя часціцы: не, ні, ані. У мове фактычна маюцца два амонімы часціцы не. Першая з іх ужываецца для адмаўлення ўсяго выказвання і з’яўляецца антонімам сцвярджальных часціц так, але: Не, браток, мы яшчэ папрацуем, мы яшчэ пазмагаемся — разам і з аднагодкамі, і з маладымі (Я. Брыль).

Заўвага. Такія сцвярджальныя ці адмоўныя часціцы — гэта самастойныя сінтаксічныя адзінкі, словы-сказы, і ўключэнне іх у разрад часціц — справа ўмоўная.

Другая часціца не, аманімічная слову-сказу, ужываецца для адмаўлення любога члена сказа: Не раз ішла яна [група] па зямлі, вызваленай ад захопнікаў партызанамі (Я. Брыль); Большасць індыйскага насельніцтва мяса не спажывае (М. Лынькоў).

Часціца ні мае адмоўнае значэнне ў пабуджальных сказах: Ні кроку назад!, а таксама ў безасабовых сказах пры дапаўненні ў форме роднага склону: На небе ні хмурынкі. У сказах з адмоўем не часціца ні ўзмацняе адмоўе. Напрыклад: Ні песень нашае радзімы, ні казак не пачуеш ты (П. Глебка).

3. Пытальныя часціцы: ці, хіба, няўжо, а, ну, што за і інш. Ці доўга цярпець яшчэ будзем? (М. Лынькоў).

4. Мадальна-валявыя часціцы: бы(б), няхай(хай), ну, ану, на, дай, бадай, давай і інш. Хай паслухаюць летам уранку, як спяваюць прасторы зямлі... (П. Глебка).

5. Параўнальныя часціцы: быццам, нібы, як быццам і інш. Сэрца Міхала Тварыцкага быццам упала кудысьці ўніз. Душа яго на гэты кароткі момант як бы зусім спустошылася... (К. Чорны).

6. Часціцы, якія выражаюць адносіны да верагоднасці выказвання: наўрад, наўрад ці, бадай, бадай што і інш. Наўрад ці можна было што пачуць у гэтым шуме.

ІІІ. Часціцы, якія выражаюць эмацыянальныя і экспрэсіўныя адценні. У гэту групу ўваходзяць:

1. Узмацняльныя часціцы: нават, і, так, дык, ды, ужо, ж, ні, аж, усё, сабе і інш.

2. Клічныя часціцы: вось, бач, і, як, калі, што за, куды і інш. І кепска ж ездзіць у халады, ды па дрэннай дарозе! (М. Лынькоў); Як хітра, мудра збудавана! Як чыста, хораша прыбрана! (Я. Колас).

Узмацняльная часціца ж (жа) мае адценне атаясамлівання: той жа (г. зн. той самы, аб якім раней ішла гутарка). Трацячы сваё першапачатковае значэнне і набываючы значэнне супастаўляльнасці, гэта часціца можа ўжывацца ў функцыі злучніка: Я хлеба ў багатых прасіў і маліў, яны ж мне каменні давалі (М. Багдановіч).

Для надання мове больш яркай і моцнай экспрэсіі ўжываюцца састаўныя часціцы дык вось, вось ужо, куды там, абы толькі і шмат іншых.

§ 342. Большасць часціц у сучаснай мове не мае пастаяннага, фіксіраванага месца ў сказе. Часціцы аж, ажно, бы (б), было, вось, вунь, ды, дык, нават, ужо, хіба і іншыя могуць займаць любое становішча, звычайна перад тым словам, якое гаворачая асоба мае намер вылучыць.

У пачатку сказа размяшчаюцца часціцы што за, ну, сцвярджальная так і адмоўная (у ролі слова-сказа) не, у большасці выпадкаў — няхай (хай) і бадай.

Перад словам, да якога адносяцца, размяшчаюцца і часціцы проста, не, ні, ці, амаль, толькі і інш. У постпазіцыі — жа (ж), такі, сабе і інш.

Прымацаванасць часціцы да таго слова, значэнне якога яна мадыфікуе, з цягам часу прыводзіць да таго, што часціца можа страціць сваю самастойнасць і ператварыцца ў афікс: у прыстаўку або постфікс. Так утварыліся сучасныя абы-, -небудзь, -сь, -сьці. Двайную функцыю выконваюць не, ні, ані: яны могуць быць або асобнымі словамі — часціцамі (не прыяцель, а вораг; ні ў якім разе; не было нікога ані), або часткамі слова — прыстаўкамі (непрыяцель, ніякі, анікога). Часціцы бы (б), бадай, няхай, хай яшчэ не сталі формаўтваральнымі афіксамі. Мадальнае значэнне ірэальнасці, пажадальнасці або імператыўнасці, якое яны надаюць сінтаксічнай адзінцы, не замыкаецца вузкімі рамкамі дзеяслова. Гэтыя часціцы могуць выражаць названыя значэнні і ў недзеяслоўных канструкцыях: Дожджыку б сёння! Няхай хоць пажар! Бадай яму ліха!

§ 343. Сваім паходжаннем часціцы звязаны з самастойнымі часцінамі мовы і з выклічнікамі. Часціцы, якія толькі этымалагічна можна ўзвесці да іншых часцін мовы, з пункту погляду сучаснай мовы лічацца невытворнымі. Гэта а, і, вунь, вось, ж (жа), але, не, ні, хіба, нават, дык, ды, аж, а таксама хоць, хаця, бы (б), няхай, хай.

Усе ж іншыя простыя часціцы не парываюць сувязей са знамянальнымі словамі. Так, аманімічнымі з займеннікамі з’яўляюцца часціцы гэта, усё, сабе, то; з прыслоўямі — проста, якраз, чыста, амаль, прыблізна, сапраўды, так, ужо, як, калі, куды; з асобнымі дзеяслоўнымі формамі — дай, давай, бач і інш. Аманімічнымі з выклічнікамі з’яўляюцца часціцы ну, ага і інш.

Складаныя часціцы бадай, быццам, нібыта маюць у сваім саставе дзеяслоўныя карані (даць, быць).

Састаўныя часціцы (дык вось, абы толькі, як быццам, быццам бы, як быццам бы і пад.) утварыліся шляхам камбінацыі дзвюх ці больш простых часціц.

§ 344. Вылучальна-абмежавальныя, мадальна-валявыя і асабліва параўнальныя часціцы маюць тэндэнцыю быць дапаможнымі сродкамі выражэння розных сінтаксічных адносін. У складаназлучаных і складаназалежных сказах часціцы ж (жа), паўторнае ні, часціцы толькі, хоць, хаця, выключна, ці, што за, няхай, хай, быццам, нібы, як быццам, быццам бы, бы (у значэнні ’быццам’), іначай, інакш, адно, дык і іншыя, выступаюць або як дадатковыя сродкі сувязі частак складанага сказа (калі гэтыя часткі звязаны злучнікамі), або нават як асноўныя сродкі сувязі, прымаючы на сябе ролю злучнікаў.

Выклічнікі

Агульная характарыстыка

§ 345. Выклічнікі — гэта словы, якія выражаюць пачуцці і волевыяўленні чалавека, яго рэакцыю на з’явы рэчаіснасці ці мову субяседніка: ах, ох, эх, ой, алё, гайда, каравул, ура, стоп, ого, бацюхны; апсік, кыш, цып-цып.

Выклічнікі ў адрозненне ад паўназначных слоў не называюць пачуццяў і волевыяўленняў, яны служаць толькі іх сігналамі — нерасчлянёным іх выражэннем; параўн.: Ох! і Баліць! Значэнне выклічніка раскрываецца ў кантэксце. Для канкрэтызацыі семантыкі выклічнікаў важнае значэнне мае інтанацыя (адценні ў тэмбры, адрозненні ў даўжыні і вышыні галосных гукаў і інш.). Так, адны і тыя выклічнікі ў рознай моўнай сітуацыі, пры рознай інтанацыі могуць выражаць розныя, нават супрацьлеглыя эмоцыі; напрыклад, выклічнікі ах, эх, ой, а, о — радасць, захапленне ці смутак, нездавальненне; параўн.: Ой, як тут прыгожа! (радасць, захапленне) і Ой, як непрыемна гэта бачыць! (незадавальненне).

У сістэме часцін мовы выклічнікі займаюць асобнае месца: выклічнікі не адносяцца да паўназначных часцін мовы, бо не маюць намінатыўнага значэння і ў сказе не выконваюць ролі яго членаў; не ўключаюцца выклічнікі і ў групу службовых часцін мовы, паколькі яны не выконваюць у мове службовай ролі: не паказваюць на сувязь сінтаксічных адзінак (як злучнікі) ці на залежнасць адной з іх ад іншай (як прыназоўнікі). Разам з тым выклічнікі маюць і агульныя рысы са службовымі часцінамі мовы: яны нязменныя, марфемна непадзельныя, ім не ўласцівы марфалагічныя катэгорыі.

Выклічнікі займаюць у сказе асаблівую пазіцыю: звычайна яны выступаюць як ізаляваныя ў структуры сказа кампаненты, не маюць сінтаксічнай сувязі з іншымі словамі і не выконваюць ролі членаў сказа; праўда, як эквіваленты выказвання выклічнікі могуць выступаць у ролі непадзельнага (нерасчлянёнага) сказа: Ой, пачатку няма, ой, канца не відаць шыр-красе агняцветаў і фарбаў (З. Бядуля); Але колькі працы для гэтага трэба! О-хо-хо! (І. Шамякін); Ну і ну! Такой смехаты ніхто ў нашым сяле не бачыў (П. Місько).

Разрады выклічнікаў

§ 346. Выклічнікі падзяляюцца на разрады з улікам іх семантыкі, структуры і паходжання.

Паводле семантыкі выклічнікі падзяляюцца на тры разрады: 1) эмацыянальныя, 2) волевыяўленчыя і 3) выклічнікі этыкету.

Эмацыянальныя выклічнікі выражаюць пачуцці і эмацыянальную ацэнку навакольнай рэчаіснасці: а) станоўчую ацэнку, згоду, адабрэнне, задавальненне, радасць, захапленне, зачараванасць: брава, біс, слава богу, ура, ах, ох, эх, ух; б) адмоўную ацэнку, нездавальненне, насмешку, асуджэнне, зневажанне, недавер, жаль, гора, смутак, боль: ай-яй-яй, божа мой, барані бог (божа), вот табе на, госпадзі, на табе, тфу, эх, я табе, я цябе. Эмацыянальныя выклічнікі могуць мець як адно пэўнае эмацыянальнае значэнне (адназначныя спецыялізаваныя выклічнікі), так і розныя значэнні (мнагазначныя выклічнікі). Сярод адназначных спецыялізаваных выклічнікаў найбольш тых, што выражаюць адмоўныя эмоцыі; дадатныя эмоцыі выражаюць толькі асобныя спецыялізаваныя выклічнікі (брава, біс, слава богу, ура і некаторыя іншыя). Мнагазначнымі з’яўляюцца выклічнікі а, ага, ай, ах, бацюхны, божа мой, госпадзі, жах, з глузду з’ехаць, матухны, ого. Яны могуць перадаваць і дадатныя, і адмоўныя эмоцыі.

Волевыяўленчыя выклічнікі служаць для выражэння валявых імкненняў асобы ў адносінах да чалавека, жывых істот. Гэта можа быць: а) просьба, загад спыніць ці пачаць дзеянне: гайда, стоп, марш; б) патрабаванне цішыні, увагі: алё (ало), эй, цсш, ша; в) просьба ратунку: каравул; г) падкліканне ці адгон жывёлін: апсік, гыля, кось-кось, кыш і інш.

Выклічнікі этыкету служаць для выражэння прывітання, развітання, пажадання, падзякі, прабачэння, ветлівага звароту: добры дзень, дзень добры (дзяндобры), добры вечар, дабранач, бывай (це), да пабачэння, прывет (разм.), прывітанне, здароў (разм.), дзякуй, даруйце, выбачай (це), прабач (це), усяго добрага, усяго найлепшага. Выклічнікі этыкету яшчэ захоўваюць цесную сувязь са словамі паўназначных часцін мовы, ад якіх яны паходзяць.

Паводле структуры выклічнікі падзяляюцца на невытворныя (першапачатковыя) і вытворныя.

Невытворныя выклічнікі — гэта даўнія словы, якія не суадносяцца з іншымі часцінамі мовы, яны складаюцца з аднаго гука (галоснага ці зычнага) або са спалучэння гукаў: а, о, э, ага, агу, ай, ах, но, ну, ого, ой, ох, тпру, тфу, ух, ха, эй, эх; а таксама з паўтарэння гукавога комплексу: ай-яй-яй, о-го-го, у-ха-ха.

Вытворныя выклічнікі — гэта пазнейшыя словы, якія ўтвораны ад паўназначных слоў у выніку страты імі свайго лексічнага значэння і набыцця здольнасці выражаць нерасчлянёна пачуцці і волевыяўленні асобы, яе рэакцыю на мову субяседніка ці навакольную рэчаіснасць. Пераходзячы ў выклічнік, паўназначнае слова можа дэфармаваць і сваю форму (цішэй (цішай) → цсш, ша). У разрад вытворных уключаюцца выклічнікі, якія ўтварыліся ад: а) назоўнікаў: бацюхны, божа, госпадзі, долюхна, жах, матухны, прывет; б) дзеясловаў: дзякуй, будзе, годзе, кусі, падумаеш, выбачай (це), прабач (це); в) прыслоўяў: далой, прэч, ціха, цішэй (цішай), цсш, ша (ад цішэй, цішай); г) займеннікаў і займеннікавых часціц: вот, вось, вон, то-та; д) спалучэння слоў розных часцін мовы: я табе, я цябе, каб цябе, ну так, ну і ну; е) фразеалагічных зваротаў: божа мой, д’ябал яго вазьмі, не дай божа (бог), крый бог, слава богу, от табе на, што за ліха, што за чорт (д’ябал), як бы не так. Частка выклічнікаў запазычана з іншых моў: алё (ало), баста, біс, брава, гайда, каравул, марш, стоп, ура, шабаш.

§ 347. Ад выклічнікаў трэба адрозніваць гукаперайманні (гукапераймальныя словы). Гукапераймальныя словы служаць для перадачы гучання жывых істот, з’яў прыроды, прадметаў: гаў-гаў, рох-рох, му-у, ква-ква, шах-шах, бух, тра-та-та. Звычайна гукаперайманні складаюцца з паўтарэння гукаў ці гукавых комплексаў; афармляюцца яны як простая мова: «Дра-дра»,— горла драў драч гарласты ў хмызняку і зязюля кукавала: «Куку-куку» (А. Дзеружынскі); «Г-гух»,— глуха гупнула ўніз цэлая гурба снегу (П. Місько).

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел