Предыдущий раздел | Оглавление | Следующий раздел
Суфіксальныя назоўнікі: працяг
§§ 391–450
§ 391. Суфікс -цц-е (-цц-ё). Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў і абазначаюць апрадмечанае дзеянне: адкрываць — адкрыццё, біццё, выццё, гніццё, гнуцце, забыццё, закрыццё, занятце, зліццё, знаццё, зняцце, калаццё, крыццё, ліццё, мыццё, набыццё, ныццё, падняцце, пакрыццё, паняцце, пачуцце і пачуццё, перакрыццё, піццё, пражыццё, пракляцце, прывіццё, прыкрыцце і прыкрыццё, прыняцце, развіццё, разліццё, раскрыццё, распяцце.
Фінальная галосная перад суфіксам захоўваецца.
Асобныя ўтварэнні могуць набываць прадметнае значэнне: ліццё ’літыя металічныя вырабы’, распяцце ’крыж з распятай фігурай’. Часам гэтыя значэнні адрозніваюцца націскам: пачуцце і пачуццё, прыкрыцце і прыкрыццё.
Націск на суфіксе або перадсуфіксальным складзе.
Тып малапрадуктыўны.
Суфіксы са структурным элементам -ч-
§ 392. Суфікс -ач (-яч). Назоўнікі з суфіксам -ач (-яч) утвараюцца ад назоўнікаў, прыметнікаў і дзеясловаў.
Адназоўнікавыя ўтварэнні абазначаюць асоб па аб’екту іх заняткаў ці па ўласцівасці або месцы працы: бубен — бубнач (разм.), скрыпач, трубач, трукач, сілач, а таксама па выразнай фізічнай прымеце: барадач, вусач, гарбач, насач, трыбухач; апошні разрад слоў дапускае і суадноснасць з прыметнікамі: барадаты — барадач (з адсячэннем фіналі -ат-, як і ў слове багач).
У пачатковай форме націск на суфіксе, ва ўскосных склонах — на канчатку (труба́ч, -ча́).
Тып набывае прадуктыўнасць у гутарковай мове.
Адпрыметнікавыя назоўнікі абазначаюць асоб паводле прыметы, названай утваральным словам: багаты — багач, лаўкач, ліхач, махнач, ціхач.
Перад суфіксам -ач фіналь утваральнай асновы -ат- адсякаецца: махнаты — махнач, кудлаты — кудлач, багаты — багач. Парна-мяккія зычныя чаргуюцца з цвёрдымі: лоўкі — лаўкач.
У пачатковай форме націск на суфіксе, ва ўскосных склонах — на канчатку (ліха́ч, -ча́).
Тып прадуктыўны ў размоўным стылі.
Аддзеяслоўныя назоўнікі абазначаюць асоб ці жывёлін паводле дзеяння, названага ўтваральным словам: глядзець — глядач, дзеяч, рвач, слухач, уцякач, ткач, чытач, драч, крумкач, туркач; а таксама прадметы, прызначаныя для выканання адпаведнага дзеяння: капаць — капач, пугач, сякач, таўкач, цягач, штурхач. Словы з прадметным значэннем могуць ужывацца і ў дачыненні да асобы, пераважна як мянушкі: капач, пугач, таўкач.
Націск у пачатковай форме на суфіксе, але дзе́яч, у астатніх — на канчатку (таўка́ч, -ча́). Канцавая галосная інфінітыўнай асновы перад суфіксам адсякаецца; чаргуюцца ж—г: пужаць — пугач.
Тып прадуктыўны ў гутарковай мове.
§ 393. Суфікс -іч. Назоўнікі з суфіксам -іч утвараюцца ад агульных і ўласных назоўнікаў і абазначаюць асобу — ураджэнца або жыхара адпаведнага горада: Вязьма — вязьміч, Вятка — вяціч, Кастрама — кастраміч, Масква — масквіч, Омск — аміч, Томск — таміч, а таксама асобу як члена сацыяльнай групоўкі: дзедзіч (уст.), родзіч (уст.).
Пры ўтварэнні слоў вяціч (Вятка), аміч (Омск), таміч (Томск) адсякаюцца фіналі ўтваральных слоў -к-, -ск.
Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: Кастрама — кастраміч, Масква — масквіч.
Націск пераважна на тым складзе, што і ва ўтваральных словах, у частцы слоў у пачатковай форме — на суфіксе, ва ўскосных склонах — на канчатку (пскаві́ч, -ча́, тамі́ч, -ча́).
Тып непрадуктыўны.
§ 394. Суфіксы -іч (-ыч), -евіч (-эвіч), -овіч (-авіч). Назоўнікі з гэтымі суфіксамі маюць значэнне ’сын таго, хто названы ўтваральным словам’. Асноўная маса гэтых назоўнікаў утворана ад асабовых назваў і з’яўляецца назвай па бацьку ад уласных мужчынскіх імён: Аляксеевіч, Андрэевіч, Васільевіч, Гаўрылавіч, Дзям’янавіч, Захаравіч, Мікалаевіч, Нічыпаравіч, Нупрэевіч, Пятровіч, Рыгоравіч, Сяргеевіч, Сцяпанавіч, Цітавіч, Ягоравіч. Невялікая частка слоў утворана ад агульных назоўнікаў: кароль — каралевіч, княжыч, паніч, паповіч, царэвіч.
Перад суфіксам -іч парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: Кузьма — Кузьміч, Сіла — Сіліч, а таксама з’ — ж: князь — княжыч; ў — ўл: Якаў — Якаўлевіч.
Націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах. Ва ўтварэннях з суфіксам -іч у пачатковай форме — на суфіксе, ва ўскосных склонах — на канчатку (Ільі́ч, -ча́, Лукі́ч, -ча́, Фамі́ч, -ча́).
Суфікс -іч выкарыстоўваецца ў імёнах па бацьку, утвораных ад уласных асабовых імён на -а (-я): Кузьма — Кузьміч, Фама — Фаміч, Лука — Лукіч, Сава — Савіч, Сіла — Сіліч, а ад імён на зычны — суфіксы -овіч (-авіч), -евіч (-эвіч): Пётр — Пятровіч, Антон — Антонавіч, Васіль — Васільевіч.
З гэтым жа суфіксам утвараюцца прозвішчы і ад асобных імён на -а (-я): Даніла — Данілавіч, Мікіта — Мікітавіч, Ярома — Ерамеевіч.
Тып мае прадуктыўнасць у антрапаніміі як адзіная мадэль утварэння імён па бацьку.
Суфіксы са структурным элементам -ш-
§ 395. Суфікс -аш (-яш). Пры дапамозе гэтага суфікса ўтвораны адзінкавыя словы ад асноў назоўніка: лёд — лядзяш (разм.), сінонім да лядзяк; прыметніка: пусты — пусташ (ж. р.); дзеяслова: зводзіць — звадыяш (разм.), сінонім да зводнік.
§ 396. Суфікс -ыш (-іш). Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад прыметнікаў і дзеясловаў.
Адпрыметнікавыя назоўнікі абазначаюць асоб, жывёлін і прадметы паводле характэрнай прыметы, названай утваральным словам: голы — галыш, каратыш, малыш, сляпыш, спарыш, гладыш, мякіш.
Перад суфіксам фіналь утваральнай асновы -к- адсякаецца: кароткі — каратыш, гладкі — гладыш, мяккі — мякіш.
У пачатковай форме націск на суфіксе, ва ўскосных склонах — на канчатку (глады́ш, -ша́, караты́ш, -ша́), але мя́кіш, -шу.
Утварэнні са значэннем асобы (галыш, каратыш, малыш) характэрны для гутарковай мовы.
Тып непрадуктыўны.
Аддзеяслоўныя назоўнікі складаюць два тыпы.
1. Назвы асоб і жывёл са значэннем выніку ці аб’екта дзеяння, названага ўтваральным словам: выкарміць — выкармыш, падкідыш, прыёмыш.
Тып непрадуктыўны.
2. Назвы неадушаўлёных прадметаў са значэннем адцягненай працэсуальнай прыметы: выігрываць — выйгрыш, пройгрыш, укладыш, скавыш (разм.).
Перад суфіксам фінальная галосная ўтваральнай асновы, а таксама -ва- адсякаюцца (укладваць — укладыш, падкідваць — падкідыш).
Націск на корані (падкі́дыш, прыёмыш, укла́дыш) ці на прэфіксе (вы́йгрыш, вы́кідыш, розыгрыш, пройгрыш).
Тып непрадуктыўны.
Суфіксы назоўнікаў жаночага роду
Суфіксы са структурным элементам -б-
§ 397. Суфіксы -б-а, -об-а. Назоўнікі з гэтымі суфіксамі ўтвараюцца ад дзеясловаў і складаюць два тыпы.
1. Назоўнікі са значэннем адцягненай працэсуальнай прыметы: бароцца — барацьба, варажба, вучоба, ганьба, дзяльба (разм.), дружба, жаніцьба, журба, касьба, малацьба, мальба, просьба, разьба, служба, стральба, хадзьба, хвароба.
Тып набывае прадуктыўнасць у гутарковай мове.
2. Назоўнікі са значэннем ’носьбіт працэсуальнай прыметы’. Яны абазначаюць прадметы паводле іх прызначэння (страляць — стрэльба) ці як вынік дзеяння (сяліць — сяліба, рэзаць — разьба).
Суфікс -об-а выступае толькі ў асобных словах (вучоба, хвароба), у астатніх — -б-а.
Перад суфіксам фінальная галосная асновы інфінітыва звычайна адсякаецца (касі (ць) — касьба, вучы (цца) — вучоба), але сяліцца — сялі-ба.
У некаторых выпадках у склад вытворнага слова ўваходзіць цалкам форма інфінітыва: жаніць — жаніцьба, дзяліць — дзяліцьба, бароц-ца — барацьба.
Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: рэзаць — разьба, бароцца — барацьба.
Націск часцей на канчатку (журба́, касьба́), радзей — на корані (дру́жба, слу́жба) або на суфіксе (вучоба, хвароба).
Тып непрадуктыўны.
Суфіксы са структурным элементам -в-
§ 398. Суфікс -в-а. Словы з гэтым суфіксам утвараюцца ад назоўнікаў і дзеясловаў.
Адназоўнікавыя ўтварэнні абазначаюць сукупнасць асоб, названых утваральным словам: браты — братва, дзеці — дзятва.
Гэтыя назоўнікі належаць да гутарковай мовы.
Націск на флексіі.
Тып непрадуктыўны.
Аддзеяслоўныя назоўнікі складаюць два тыпы.
1. Назоўнікі са значэннем адцягненай працэсуальнай прыметы: біцца — бітва, клятва, малітва.
Тып непрадуктыўны.
2. Назоўнікі са значэннем ’прадмет — носьбіт працэсуальнай прыметы’. Сюды адносяцца назоўнікі, якія абазначаюць прадмет як аб’ект дзеяння: жраць — жратва (праст.); прыладу дзеяння: брыць — брытва; вынік дзеяння: драць — дратва.
Звычайна суфікс далучаецца да формы інфінітыва.
Перад суфіксам чаргуюцца ц’—т (драць — дратва), с’—т (клясціся — клятва).
Націск на аснове, але жратва́.
Тып непрадуктыўны.
Суфіксы са структурным элементам -з-
§ 399. Суфіксы -ядзь, -эдзь. З гэтымі суфіксамі ў літаратурнай мове вядомы два адпрыметнікавыя назоўнікі: роўнядзь і макрэдзь (разм.) са значэннем прасторы і адцягненай прыметы.
§ 400. Суфікс -азь (-язь). З гэтым суфіксам у літаратурнай мове вядомы тры словы, утвораныя ад розных часцін мовы: боязь (баяцца), ветразь (вецер, ветру), дробязь (дробны, з адсячэннем -н-). Яны маюць рознае словаўтваральнае значэнне і не складаюць словаўтваральнага тыпу; назоўнік ветразь мужчынскага роду.
Суфіксы са структурным элементам -к-
§ 401. Суфікс -к-а. Назоўнікі з суфіксам -к-а ўтвараюцца ад дзеясловаў, назоўнікаў, прыметнікаў (дзеепрыметнікаў) і лічэбнікаў.
Аддзеяслоўныя назоўнікі складаюць два тыпы.
1. Назоўнікі са значэннем адцягненай працэсуальнай прыметы: абразаць — абрэзка, варка, замінка, зборка, кладка, ломка, наладка, пракладка, разгадка, ссыпка. Такія словы нярэдка з’яўляюцца паралельнымі да ўтварэнняў на -нне: абрэзваць — абрэзка і абрэзванне, фарміраваць — фарміроўка і фарміраванне.
Тып прадуктыўны.
2. Назоўнікі са значэннем ’прадмет — носьбіт працэсуальнай прыметы’. Сюды адносяцца назвы прадметаў, прызначаных для выканання дзеяння (заколваць — заколка, засланка, застаўка, падпорка) ці тых, што з’яўляюцца вынікам адпаведнага дзеяння: настойваць — настойка, ношка, запіска, сечка.
Канцавая галосная інфінітыўнай асновы, а таксама -ну, -ва адсякаюцца: чытаць — чытка, успыхнуць — успышка, прыпісваць — прыпіска.
Перад суфіксам парна-мяккія зычныя чаргуюцца з цвёрдымі: чуць — чутка, рубіць — рубка; заднеязычныя — з шыпячымі: секчы — сечка, прабягаць — прабежка; а таксама с—ш: насіць — ношка.
Націск на перадсуфіксальным складзе, радзей — на іншым складзе асновы.
Тып малапрадуктыўны.
Адназоўнікавыя ўтварэнні складаюць чатыры тыпы.
1. Назоўнікі з мадыфікацыйным значэннем: а) асоба жаночага полу: армянка, беларуска, грузінка, патрыётка, рэвалюцыянерка, салдатка, спартсменка; б) жонка таго, хто названы ўтваральным словам: салдатка, марачка; в) самка жывёліны: галубка, індычка, перапёлка, котка (абл.).
У працэсе ўтварэння адсякаюцца фіналі ўтваральных асноў: -ын (татарын — татарка), -ец (немец — немка), -ыj (пралетарый — пралетарка).
Перад суфіксам заднеязычныя чаргуюцца з шыпячымі: марак — марачка, чэх — чэшка.
Націск на перадсуфіксальным складзе.
Тып выяўляе прадуктыўнасць толькі пры ўтварэнні асоб жаночага полу.
2. Назоўнікі з мадыфікацыйным значэннем падабенства. Яны называюць прадметы, падобныя знешнім выглядам ці па функцыі да тых, што названы ўтваральным словам: шапка — шапачка (у грыбоў), шыйка (у пасудзіне), ножка, ручка (у мэблі,), сценка (набор мэблі), дарожка (дывановая), каронка (зуба), стрэлка (на чыгунцы) і г. д.
Тып прадуктыўны, асабліва ў тэрміналагічнай лексіцы.
3. Назоўнікі з мадыфікацыйным значэннем адзінкавасці. Яны абазначаюць адну частку аднароднай масы ці кавалачак матэрыялу, рэчыва: суніцы — сунічка (адна ягада), карамелька, рабінка, паперка, шакаладка.
Тып набывае прадуктыўнасць у гутарковай мове.
4. Назоўнікі, якія з’яўляюцца гутарковымі або прастамоўнымі сінонімамі да ўтваральных назоўнікаў: кніга — кніжка, мятла — мяцёлка, печ — печка, сталовая — сталоўка, табурэт — табурэтка.
Тып прадуктыўны ў гутарковай мове.
Назоўнікі, утвораныя ад прыметнікаў і дзеепрыметнікаў, абазначаюць розныя прадметы (адушаўлёныя ці неадушаўлёныя), з’явы, якія характарызуюцца прыметай, названай утваральным словам: вадзяны — вадзянка, ватоўка, вясёлка, вятранка, зялёнка, зямлянка, калючка, лятучка, сінька, тушонка.
Пэўная частка назоўнікаў гэтага тыпу ўтварылася ад азначальнага кампанента словазлучэння прыметніка і назоўніка: аўсяныя крупы — аўсянка, насавая хустка — насоўка, бляшаная банка — бляшанка.
Некаторыя назоўнікі суадносяцца з некалькімі словазлучэннямі і маюць некалькі значэнняў: вячорка — «вячэрняя газета», «вячэрняя школа», «вячэрняя змена».
Перад суфіксамі чаргуюцца л’—л: камсамольскі — камсамолка; заднеязычныя з шыпячымі: адзінокі — адзіночка (пра асобу); галосныя э—о: вячэрні — вячорка.
Націск на перадсуфіксальным складзе.
Тып прадуктыўны.
Адлічэбнікавыя назоўнікі маюць значэнне ’прадмет, які характарызуецца колькасцю чаго-небудзь ці нумарам, названым утваральным словам’: адзінка, двойка, тройка, чацвёрка, пяцёрка, шасцёрка, сямёрка, васьмёрка, дзевятка, дзясятка, дваццатка, трыццатка, сотка. Звычайна гэтыя словы з’яўляюцца назвамі школьных адзнак, ігральных карт, грашовых знакаў, гармат і г. д.
Тып малапрадуктыўны.
§ 402. Суфікс -лк-а (-олк-а). Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў і абазначаюць прылады, пасуду, памяшканне, прызначаныя для выканання адпаведнага дзеяння: абганяць — абганялка, веялка, гушкалка, капалка, карчавалка, качалка, сеялка, скакалка, тачылка (разм.), чарпалка (разм.), чыталка, паілка, цадзілка; а таксама прадмет — суб’ект дзеяння: круцёлка, кацёлка, мігалка, снавалка.
Канцавая галосная ўтваральнай асновы адсякаецца.
Націск звычайна на тым складзе, што ва ўтваральных словах.
Тып прадуктыўны ў тэхнічнай тэрміналогіі і ў гутарковай мове.
§ 403. Суфікс -анк-а (-янк-а). Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад назоўнікаў, прыметнікаў і лічэбнікаў.
Адназоўнікавыя ўтварэнні складаюць два тыпы.
1. Назоўнікі са значэннем ’прадмет, які характарызуецца адносінамі да таго, што названа ўтваральным словам’. Сюды адносяцца назвы птушак паводле месца іх гнездавання, харчу, матэрыялу, з якога яны робяць гняздо, і г. д.: вольха — альшанка, беражанка (ластаўка), берасцянка, валасянка, канаплянка, крапіўянка, травянка, чарацянка; назвы грыбоў: балота — балацянка, ваўнянка; фруктовых дрэў і іх пладоў, раслін: смалянка (плод грушы), вадзянка, грушанка; бытавых прадметаў: вушы — вушанка, салянка.
Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: смала — смалянка, валасы — валасянка.
Націск на суфіксе.
Тып прадуктыўны ў гутарковай мове.
2. Назоўнікі, якія называюць асоб жаночага полу, што ўтвараюцца ад назваў асоб мужчынскага полу: грэк — грачанка, карэянка, кітаянка, курдзянка, францужанка, чукчанка.
Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: воўна — ваўнянка, смала — смалянка; заднеязычныя і свісцячыя з шыпячымі: бераг — беражанка, француз — францужанка.
Націск звычайна на суфіксе, рэдка — на перадсуфіксальным складзе (францу́жанка).
Тып малапрадуктыўны.
Аддзеяслоўныя ўтварэнні складаюць два тыпы.
1. Назоўнікі са значэннем адцягненай працэсуальнай прыметы: абяцаць — абяцанка, гулянка, лаянка, маўчанка, п’янка.
Перад суфіксам фінальная галосная асновы інфінітыва адсякаецца, у слове п’янка выступае аснова цяперашняга часу: піць — пj(уць) — п’янка.
Націск на суфіксе, але ла́янка.
Тып малапрадуктыўны, уласцівы гутарковай мове.
2. Назоўнікі са значэннем ’прадмет (адушаўлёны і неадушаўлёны) — суб’ект, аб’ект або вынік дзеяння, названага ўтваральным словам’. Сюды адносяцца назвы асоб: служыць — служанка; назвы рэчыва, страў: трэсці — трасянка, мачанка; назвы прыстасаванняў паводле іх прызначэння: ляжаць — ляжанка, коўзанка, чытанка.
Тып набывае прадуктыўнасць у гутарковай мове і ў мове мастацкай літаратуры.
Адпрыметнікавыя ўтварэнні абазначаюць асоб, якія характарызуюцца прыметай, названай утваральным словам: белы — бялянка, смуглянка, халасцянка (разм.).
Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: белы — бялянка, смуглы — смуглянка.
Націск на суфіксе.
Тып непрадуктыўны.
З суфіксам -анк-а літаратурнай мове вядома адлічэбнікавае ўтварэнне: траянка (дэталь павозкі, ад трое).
§ 404. Суфікс -арк-а (-ярк-а).
Адназоўнікавыя ўтварэнні з гэтым суфіксам з’яўляюцца назвамі посуду, прызначанага для змяшчэння таго, што названа ўтваральным словам: вапна — вапнярка, віно — вінярка (уст.), вуглярка.
Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі.
Націск на суфіксе.
Тып непрадуктыўны.
Ад дзеяслова жаць (жнуць) з дапамогай нарошчанага суфікса -яярк-а ўтвораны назоўнік жняярка; параўн. жніварка (абл.) ад аддзеяслоўнага назоўніка жніво.
§ 405. Суфікс -отк-а. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў і складаюць два тыпы.
1. Назоўнікі са значэннем адцягненай працэсуальнай прыметы (стану): дрыжаць — дрыготка, пячы — пякотка.
Націск на суфіксе.
Тып непрадуктыўны.
2. Назоўнікі са значэннем ’прадмет — суб’ект дзеяння’: бразгаць — бразготка, ляскотка, трашчотка. У пераносным значэнні гэтыя словы могуць ужывацца для характарыстыкі асобы.
Перад суфіксам фінальная галосная асновы інфінітыва адсякаецца; у слове прамакатка яна захоўваецца (пры варыянце суфікса -тк-а).
Націск на суфіксе, у слове прамакатка — на перадсуфіксальным складзе.
Тып непрадуктыўны. Утварэнні ўласцівы гутарковай мове.
§ 406. Суфікс -оўк-а (-аўк-а). Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў, назоўнікаў, прыметнікаў і лічэбнікаў.
Аддзеяслоўныя ўтварэнні складаюць два тыпы.
1. Назоўнікі са значэннем адцягненай працэсуальнай прыметы: галадаць — галадоўка, ікаўка, чыхаўка, шчыкаўка (дыял.).
У назоўніках з суфіксам -аўк-а націск пераважна на першым складзе асновы, у назоўніках з суфіксам -оўк-а — на суфіксе.
Тып непрадуктыўны.
2. Назоўнікі са значэннем ’прадмет — носьбіт працэсуальнай прыметы’. Сюды адносяцца назвы прадметаў — суб’ектаў дзеяння ці прадметаў, з дапамогай якіх выконваецца дзеянне: піць — пjэ — п’яўка, бліскаўка, калатоўка, нюхаўка (груб.— пра нос), пырскаўка.
Канцавая галосная асновы інфінітыва адсякаецца; перад -оўк-а парна-мяккія зычныя чаргуюцца з цвёрдымі: калаціць — калатоўка.
Тып набывае прадуктыўнасць у гутарковай мове.
Націск на перадсуфіксальным складзе або (радзей) на суфіксе.
Адназоўнікавыя ўтварэнні складаюць чатыры тыпы.
1. Назоўнікі з мадыфікацыйным значэннем жаночасці; утваральнымі выступаюць назвы асоб мужчынскага полу: сябар — сяброўка, вучань — вучнёўка (Я. Колас).
Тып непрадуктыўны.
2. Назоўнікі са значэннем апрадмечанага дзеяння ці стану, звязанага з прадметам ці з’явай, названых утваральным словам: жэрабя — жараб’ёўка, працэнты — працэнтоўка (налічэнне працэнтаў), метр — метроўка (аб вымярэнні ў метрах).
Тып набывае прадуктыўнасць у спецыяльнай тэрміналогіі.
3. Назоўнікі з прадметным значэннем. Яны абазначаюць ёмістасць, памяшканне паводле іх прызначэння: селядзец — селядзёўка, ляснічы — леснічоўка, вальцы — вальцоўка, старажоўка; птушак паводле месца іх гнездавання: бяроза — бярозаўка, малінаўка, чаратоўка.
Тып набывае прадуктыўнасць у гутарковай мове.
4. Назоўнікі з мадыфікацыйным значэннем падабенства: лаза — лазоўка (сорт канюшыны), нажоўка (від пілы), грушоўка (від яблык, яблыні), радоўка (від грыбоў), пляц — пляцоўка.
Націск на суфіксе.
Тып набывае прадуктыўнасць у гутарковай мове і спецыяльнай тэрміналогіі.
Адпрыметнікавыя ўтварэнні з суфіксамі -аўк-а (-яўк-а), -оўк-а абазначаюць прадметы паводле той прыметы, якая названа ўтваральным словам: спецыяльнае адзенне — спяцоўка (з адсячэннем фіналі -ыяльн-), малы — маляўка.
Націск на суфіксе.
Тып непрадуктыўны.
Ад лічэбнікаў утвораны назоўнікі: саракоўка (разм.), семнастоўка (дыял.), пятнастоўка (дыял.) з чаргаваннем ц—ст.
§ 407. Суфікс -ушк-а (-юшк-а). Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў, прыметнікаў, назоўнікаў і лічэбнікаў.
Аддзеяслоўныя назоўнікі абазначаюць прадметы, якія характарызуюцца дзеяннем, названым утваральным словам. Сюды адносяцца назвы жывых істот: калоць — колюшка, несці — нясушка (разм.); назвы прадметаў: боўтаць — баўтушка, габлюшка, вітушка, вяртушка, кармушка, плывушка, раскладушка, хлапушка.
Перад суфіксам канцавая галосная асновы інфінітыва адсякаецца, пры аднаскладовай аснове на галосны ў склад вытворнага слова ўваходзіць уся форма інфінітыва з чаргаваннем ц’—т: віць — вітушка.
Тып малапрадуктыўны.
Адпрыметнікавыя назоўнікі абазначаюць прадметы, якія характарызуюцца той прыметай, якая названа ўтваральным словам: вясёлы — весялушка, гнілушка, жаўтушка, завітушка, цяплушка.
Націск на суфіксе.
Тып набывае прадуктыўнасць у гутарковай мове.
Адназоўнікавыя ўтварэнні абазначаюць прадметы па адносінах да таго, што названа ўтваральным словам: амяла — амялюшка, вясна — вяснушка. Адасоблена слова цялушка (ад цяля, са значэннем ’самка’).
Націск на суфіксе.
Тып непрадуктыўны.
Ад лічэбнікавай асновы ўтворана слова васьмушка (устар.).
§ 408. Суфікс -ачк-а (-ячк-а). Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў і лічэбнікаў.
Аддзеяслоўныя ўтварэнні складаюць два тыпы.
1. Назоўнікі са значэннем працэсу, дзеяння: жаваць (разм. жваць) — жвачка, спаць — спячка.
Націск на суфіксе.
Тып непрадуктыўны.
2. Назоўнікі з прадметным значэннем. Яны абазначаюць прылады працы: выбіваць — выбівачка, палівачка; прадметы — суб’екты дзеяння: балець — балячка.
Націск на суфіксе.
Тып набывае прадуктыўнасць у гутарковай мове.
Ад асновы лічэбніка паўтара ўтвораны назоўнік паўтарачка.
Суфіксы са структурным элементам -л-
§ 409. Суфікс -лл-я (-л-я). Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў і складаюць два тыпы.
1. Назоўнікі са значэннем ’асоба — выканаўца дзеяння’: прасці — пралля і праля (абл.), ткаць — ткалля. Утваральнай выступае ўсечаная аснова інфінітыва, роўная аснове прошлага часу.
Націск на корані.
Тып непрадуктыўны, утварэнні ўласцівы гутарковай мове, больш пашыраны ў дыялектнай мове (піскля, бегля і інш.).
2. Назоўнікі са значэннем працэсуальнай прыметы: будаваць — будоўля, гадоўля, лоўля, купля.
Перад суфіксам канцавая галосная інфінітыўнай асновы адсякаецца; чаргуюцца а — о і в—ў: будаваць — будоўля, лавіць — лоўля.
Тып непрадуктыўны.
§ 410. Суфікс -оўл-я. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад прыметнікаў і абазначаюць стан паводле прыметы, названай утваральным словам: галодныя — галадоўля, дарагое — дарагоўля.
Перад суфіксам фіналь -н- адсякаецца.
Націск на суфіксе.
Тып непрадуктыўны.
§ 411. Суфікс -ель. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў і складаюць два непрадуктыўныя тыпы.
1. Назоўнікі са значэннем працэсу дзеяння (адцягненая працэсуальная прымета): гібець — гібель, месці (мятуць) — мяцель.
Націск на аснове або суфіксе.
2. Назоўнікі з прадметным значэннем. Яны абазначаюць утваральніка дзеяння: круціць — круцель ці прадмет як вынік дзеяння: рубіць — рубель. Утварэнні ўласцівы ў асноўным гутарковай мове. Выключэнне: гібель, рубель.
Націск на суфіксе, але гібель.
§ 412. Суфікс -ул-я. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад прыметнікаў і дзеясловаў.
Адпрыметнікавыя ўтварэнні абазначаюць жывых істот і прадметы паводле прыметы, названай утваральным словам: крывы — крывуля (пра чалавека, жывёліну, прадмет), капрызны — капрызуля (з адсячэннем -н-), рагатая — рагуля (з адсячэннем -ат-).
Націск на суфіксе.
Тып набывае прадуктыўнасць у гутарковай мове (чарнуля, шчарбуля і інш.).
Аддзеяслоўныя назоўнікі абазначаюць прадметы, прызначаныя для выканання дзеяння, названага ўтваральным словам: хадзіць — хадуля (разм.), або жывых істот — выканаўцаў дзеяння: фарсіць — фарсуля (разм.), бадаць — бадуля (разм.— пра карову).
Перад суфіксам парна-мяккія зычныя чаргуюцца з цвёрдымі: хадзіць — хадуля (разм.).
Націск на суфіксе.
Тып набывае прадуктыўнасць у гутарковай мове пад уплывам структуры эмацыянальна-ацэначных слоў.
Суфіксы са структурным элементам -н-
§ 413. Суфікс -нь. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў і складаюць два тыпы.
1. Назоўнікі са значэннем працэсуальнасці адцягненай прыметы: вязаць — вязень, казаць — казань, плыць — плынь.
Націск на перадсуфіксальным складзе.
Тып непрадуктыўны.
2. Назоўнікі з прадметным значэннем. Яны абазначаюць прадметы — суб’екты дзеяння або зборнае паняцце — вынік дзеяння: кіпець — кіпень, рваць — рвань.
Націск на першым складзе асновы.
Тып непрадуктыўны.
§ 414. Суфікс -ень (-ань). З суфіксам -ень (пасля няпарных цвёрдых не пад націскам -ань) у літаратурнай мове вядомы адзінкавыя назоўнікі жаночага роду, утвораныя ад дзеяслова: ступаць — ступень; назоўніка: кветкі — квецень (з адсячэннем -к-); прыметніка: сляпы — сляпень, шэры — шэрань.
Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: ступаць — ступень.
Націск на аснове, але сляпе́нь.
Тып непрадуктыўны.
§ 415. Суфікс -н-я. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў, назоўнікаў і лічэбнікаў.
Аддзеяслоўныя ўтварэнні складаюць два тыпы.
1. Назоўнікі са значэннем адцягненай працэсуальнай прыметы, у асноўным з негатыўнай афарбоўкай і адценнем інтэнсіўнасці: балбатаць — балбатня, брахня, валтузня, грызня, гульня, калатня, мазня, мітусня, траскатня.
Перад суфіксам канцавая галосная інфінітыўнай асновы адсякаецца, парна-мяккія зычныя чаргуюцца з цвёрдымі: валтузіцца — валтузня, калаціцца — калатня.
Націск на канчатку.
Тып прадуктыўны ў размоўным стылі.
2. Назоўнікі з прадметным значэннем. Яны абазначаюць прыстасаванні, памяшканні для выканання адпаведнага дзеяння: шаткаваць — шаткоўня, стайня, сушня, бойня (ад бj-уць), пільня; прадметы як вынік дзеяння: мазня, пожня.
Перад суфіксам канцавая галосная інфінітыўнай асновы адсякаецца: вартаваць — вартоўня, мазаць — мазня.
Націск на перадсуфіксальным складзе, але мазня́.
Тып непрадуктыўны.
Адназоўнікавыя ўтварэнні складаюць два тыпы.
1. Назоўнікі са значэннем збудавання, дзе вырабляецца, знаходзіцца тое, што названа ўтваральным словам: бондар — бандарня, ганчарня, дзягцярня, друкарня, пякарня, слясарня, сталярня, сыраварня, цагельня. Утваральнымі для іх выступаюць назвы асоб па спецыяльнасці з суфіксам -ар.
Націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах.
Тып непрадуктыўны.
2. Назоўнікі з мадыфікацыйным значэннем зборнасці: салдат — салдатня, шафярня (Я. Брыль), валасня. Звычайна словы маюць адценне ўніжальнасці. Семантычна ізаляваны словы лыжня, яблыня (параўн.: яблык), яечня (ад яйцо, з чаргаваннем ц—ч).
Тып непрадуктыўны.
Адлічэбнікавыя назоўнікі называюць групу аднародных прадметаў у той колькасці, якая абазначана ўтваральным словам: двойня, трайня, чацвярня, шасцярня, семярня (абл.), сотня. Утваральнымі выступаюць зборныя лічэбнікі і колькасны сто (Р. скл. сот).
Націск на канчатку, але двойня, сотня.
Тып непрадуктыўны.
§ 416. Суфікс -арн-я (-ярн-я). Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад назоўнікаў і дзеясловаў.
Адназоўнікавыя ўтварэнні абазначаюць збудаванне для змяшчэння або вырабу таго, што названа ўтваральным словам, ці прыладу дзеяння: кніга — кнігарня, кавярня (уст.).
Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі (труп — трупярня).
Націск на суфіксе.
Тып непрадуктыўны.
Аддзеяслоўныя назоўнікі абазначаюць прылады дзеяння: малаціць — малатарня, сеяць — сявярня (ад сеяць з менай j—в).
Перад суфіксам канцавая галосная інфінітыўнай асновы адсякаецца; чаргуюцца ц’—т: малаціць — малатарня.
Націск на суфіксе.
Тып непрадуктыўны.
§ 417. Суфікс -льн-я. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў. Яны абазначаюць месца для выканання дзеяння, названага ўтваральным словам: бяліць — бялільня, днявальня, мачыльня, плавільня, прадзільня, пральня, радзільня (разм.), спальня, чытальня, шатравальня, шліфавальня.
Канцавая галосная ўтваральнай асновы захоўваецца. Асобна стаіць слова гаварыльня са значэннем працэсу дзеяння.
Націск на перадсуфіксальным складзе.
Тып малапрадуктыўны.
§ 418. Суфікс -атн-я. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў і назоўнікаў.
Аддзеяслоўныя назоўнікі абазначаюць адцягненую працэсуальную прымету паводле значэння ўтваральнага слова: таўчыся — таўкатня, цвіркатня.
Націск на канчатку.
Тып непрадуктыўны.
Заўвага. Многія назоўнікі на -атн-я не адносяцца да гэтага тыпу: яны ўтвораны ад дзеясловаў на -ацень/-атаць пры дапамозе суфікса -н-я (грукатаць — грукатня) і ад назоўнікаў на -ат (тупат — тупатня).
Ад асновы назоўніка ўтворана слова галубятня. Асобна стаіць слова дрывотня (суфікс -отн-я).
§ 419. Суфікс -оўн-я. Назоўнікі з суфіксам -оўн-я ўтвараюцца ад назоўнікаў. Яны абазначаюць збудаванне, ёмістасць для таго, што названа ўтваральным словам: воз — вазоўня, валоўня, ваўкаўня, жароўня, лядоўня, малтоўня, саладоўня, шпакоўня.
Націск на суфіксе.
Тып малапрадуктыўны.
§ 420. Суфіксы -еўн-а (-эўн-а)/-оўн-а (-ёўн-а). Назоўнікі з гэтымі суфіксамі ўтвараюцца ад назоўнікаў і складаюць два тыпы.
1. Назоўнікі са значэннем асобы жаночага полу. Утваральныя — назоўнікі мужчынскага роду са значэннем сацыяльнага паходжання: кароль — каралеўна, цар — царэўна, князь — князёўна, бондар — бандароўна, поп — папоўна.
Тып непрадуктыўны.
2. Назоўнікі, якія з’яўляюцца імёнамі па бацьку асоб жаночага полу, г. зн. маюць значэнне ’дачка таго, хто носіць імя, названае ўтваральным словам’: Сцяпан — Сцяпанаўна, Васіль — Васілеўна (і Васільеўна), Дзмітрый — Дзмітрыеўна.
Націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах.
Тып прадуктыўны як адзіны сродак назвы па бацьку.
§ 421. Суфіксы -ічн-а, -інічн-а. Назоўнікі з гэтымі суфіксамі з’яўляюцца жаночымі імёнамі па бацьку. Яны ўтвараюцца ад мужчынскіх імён на -а (-я): Кузьма — Кузьмінічна, Лука — Лукінічна, Сава — Савічна, Мікіта — Мікіцічна (і Мікітаўна).
Націск на суфіксе ці перадсуфіксальным складзе.
Тып непрадуктыўны.
§ 422. Суфікс -авін-а. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад назоўнікаў і прыметнікаў.
Адназоўнікавыя ўтварэнні складаюць два тыпы.
1. Назоўнікі са значэннем месца па адносінах да таго, што названа ўтваральным словам: бок — бакавіна, баравіна, верхавіна, гарлавіна (у сукенцы), карпавіна, лугавіна, пупавіна.
2. Назоўнікі са значэннем падабенства: гарлавіна (ракі, катла), катлавіна (ракі).
Націск на суфіксе.
Тып малапрадуктыўны.
Ад асновы прыметніка ўтворана слова сыравіна.
§ 423. Суфікс -ізн-а. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ў асноўным ад прыметнікаў і складаюць два тыпы.
1. Назоўнікі са значэннем адцягненай якасці: белы — белізна, жаўцізна, круцізна, крывізна, навізна, рабізна, сівізна.
Націск на канчатку.
Тып малапрадуктыўны.
2. Назоўнікі, якія абазначаюць зборнае паняцце: гнілы — гнілізна, старызна, суравізна, сырызна.
Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: гнілы — гнілізна, худы — худзізна.
Націск пераважна на флексіі, радзей — на суфіксе.
Тып малапрадуктыўны.
Ад асновы назоўніка ўтворана слова галавізна.
§ 424. Суфікс -ін-а (-ын-а). Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад назоўнікаў, дзеясловаў, прыметнікаў і лічэбнікаў.
Адназоўнікавыя ўтварэнні складаюць пяць тыпаў.
1. Назоўнікі, якія абазначаюць прадметы па іх адносінах да таго, што названа ўтваральным словам. Сюды належаць назвы канкрэтных прадметаў, рэчыва, месца, прасторы: пер’е — пярына, хамуціна, брушына, грудзіна.
Націск на суфіксе.
Тып малапрадуктыўны.
2. Назоўнікі з мадыфікацыйным значэннем жаночасці: назвы асоб жаночага полу, жонкі асобы. Утваральныя — назвы асоб мужчынскага полу, а таксама ўласныя асабовыя імёны: дзядзька — дзядзіна (з адсячэннем -к-), кузен — кузіна, сіньёр — сіньярына, Антон — Антаніна, Аляксандр — Аляксандрына.
Тып непрадуктыўны.
3. Назоўнікі са значэннем зборнасці: госці — гасціна, сябрына, дружына.
Тып непрадуктыўны.
4. Назоўнікі са значэннем адзінкавасці: вольха — алешына, бульбіна, бярэзіна, валасіна, гарошына, жалезіна, пасудзіна, саломіна, травіна, цагліна, хварасціна, чараціна, шраціна, яліна, жывёліна.
Тып прадуктыўны.
5. Назоўнікі са значэннем ’мяса жывёліны, названай утваральным словам’: асятрына, бараніна, каніна, ласіна, свініна, цюленіна.
Тып прадуктыўны.
Аддзеяслоўныя назоўнікі складаюць два тыпы.
1. Назоўнікі са значэннем выніку або аб’екта дзеяння, названага ўтваральным словам: выбіць — выбоіна, выжарына, драпіна, праломіна, разваліна, расколіна, упадзіна, уточына.
Канцавая галосная інфінітыўнай асновы адсякаецца.
Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: драпаць — драпіна, упадаць — упадзіна.
Націск на перадсуфіксальным складзе.
Тып прадуктыўны ў спецыяльнай лексіцы і гутарковай мове.
2. Назоўнікі са значэннем працэсу дзеяння: гасціць — гасціна (абл.), сябраваць — сябрына (з адсячэннем -ава-) (разм.).
Тып непрадуктыўны.
Адпрыметнікавыя ўтварэнні абазначаюць зборнае паняцце ці прастору па прымеце, названай утваральным словам: азіміна, зеляніна, садавіна, яравіна, навіна, раўніна, цаліна.
Націск на суфіксе або канчатку.
Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: цэлы — цаліна.
Тып прадуктыўны.
Адлічэбнікавыя ўтварэнні абазначаюць прасторавае паняцце паводле колькасці, названай утваральным словам — парадкавым лічэбнікам у складзе словазлучэння: трэцяя частка (даходу, меры) — траціна, адпаведна чацвярціна, васьміна, дзесяціна.
Тып непрадуктыўны, утварэнні складаюць архаічны пласт лексікі.
§ 425. Суфікс -анін-а (-янін-а). Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў. Яны абазначаюць адцягненую працэсуальную прымету: блытаць — блытаніна, груканіна, мазаніна, мешаніна, мітусяніна, страляніна, таўканіна, трасяніна, тузаніна, цяганіна (усе разм.). Асобныя ўтварэнні адначасова абазначаюць вынік названага дзеяння: мешаніна, пісаніна.
Націск на суфіксе.
Тып мае прадуктыўнасць у гутарковай мове.
Ад прыметніка свежы ўтворана слова свежаніна.
§ 426. Суфікс -ацін-а (-яцін-а). Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад назоўнікаў і прыметнікаў.
Адназоўнікавыя ўтварэнні абазначаюць мяса жывёліны, названай утваральным словам: бык — бычаціна, гусяціна, зайчаціна, кураціна (ад куры), парасяціна, цяляціна.
Перад суфіксам чаргуюцца к—ч: бык — бычаціна; ц—ч: заяц — зайчаціна; л—л’: казёл — казляціна.
У словах цяляціна, парасяціна, ягняціна суфікс -ін-а (ад цяляты, парасяты, ягняты).
Націск на суфіксе.
Тып прадуктыўны.
Адпрыметнікавыя ўтварэнні абазначаюць зборнае або рэчыўнае паняцце паводле прыметы, названай утваральным словам, звычайна з адмоўнай ацэнкай, неадабрэннем: здохлы — здыхляціна, кісляціна, мярзляціна, трухляціна. Часам такія ўтварэнні набываюць пераноснае асабовае значэнне (здыхляціна, мярцвячына).
Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: кіслы — кісляціна, мёрзлы — мярзляціна.
Націск на суфіксе.
Тып набывае прадуктыўнасць у гутарковай мове і ў мове мастацкай літаратуры.
§ 427. Суфікс -ін-я (-ын-я). Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад прыметнікаў, назоўнікаў і лічэбнікаў.
Адпрыметнікавыя назоўнікі складаюць два тыпы.
1. Назоўнікі, якія абазначаюць абстрактнае паняцце якасці прыметы: быстры — быстрыня, вастрыня, велічыня, вышыня, гарачыня, глыбіня, гушчыня, далечыня, даўжыня, таўшчыня, цеплыня, цішыня, чысціня, шырыня.
У некаторых словах суфікс далучаецца як да ўсечанай асновы (без -ок-), так і няўсечанай: глыбокі — глыбіня і глыбачыня, высокі — вышыня і высачыня.
Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: глыбокі — глыбіня; заднеязычныя — з шыпячымі: вялікі — велічыня, доўгі — даўжыня, ціхі — цішыня, а таксама с—ш, ст—шч: высокі — вышыня, тоўсты — таўшчыня.
Націск на канчатку.
Тып малапрадуктыўны.
2. Назоўнікі, якія маюць канкрэтнае значэнне: пусты — пустыня, святыня, цвярдыня.
Тып непрадуктыўны.
Адназоўнікавыя ўтварэнні маюць мадыфікацыйнае значэнне жаночасці. Яны абазначаюць асобу жаночага полу: багіня, гераіня, графіня, княгіня, рабыня, шахіня. Утваральныя — назвы асоб мужчынскага полу: бог — багіня, гаспадар — гаспадыня (з адсячэннем -ар).
Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: граф — графіня, а таксама з—г: князь — княгіня.
Націск на суфіксе.
Тып непрадуктыўны.
Ад лічэбніка першы ўтвораны назоўнік першыня.
§ 428. Суфікс -шчын-а/-чын-а (апошні пасля д, т, ц). Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад прыметнікаў і дзеясловаў.
Адпрыметнікавыя ўтварэнні маюць значэнне ’прымета, названая ўтваральным словам як бытавая ці грамадская з’ява, ідэйны ці палітычны кірунак’ (нярэдка з адметным адценнем): будзёншчына, казёншчына, абломаўшчына. Утваральнымі выступаюць прыметнікі простыя і з суфіксамі -н-, -ск- (-цк-), -л-, -ав-: дарэмны — дарэмшчына, крымінальны — крымінальшчына, ваенны — ваеншчына, будзённы — будзёншчына, кампанейскі — кампанейшчына, салдацкі — салдатчына, мінулы — мінуўшчына, групавы — групаўшчына.
Фіналі -н-, -ск- перад суфіксам у становішчы пасля зычнай адсякаюцца (літаратурны — літаратуршчына, лакейскі — лакейшчына).
Пры ўтварэнні чаргуюцца ц—ч: турэцкі — Турэччына. Утварэнні з суфіксамі -шчын-а/-чын-а могуць суадносіцца са словазлучэннямі, у якіх адзін з кампанентаў (прыметнік) выконвае ролю азначэння: бульварная літаратура — бульваршчына, падзённая работа — падзёншчына, адначасова з назоўнікамі, ад якіх у сваю чаргу ўтвораны прыметнікі. Утваральнымі ў апошнім выпадку выступаюць назвы неадушаўлёных прадметаў і з’яў: канцылярыя — канцыляршчына, літаратуршчына, групаўшчына; агульныя назвы асоб: лакей — лакейшчына, папоўшчына; прозвішчы гістарычных дзеячаў і літаратурных персанажаў: Керанскі — кераншчына, Пілсудскі — пілсудчына, Гарлахвацкі — гарлахваччына, Манілаў — манілаўшчына; назвы арганізацый: «Маладняк» — маладнякоўшчына. Некаторыя ўтварэнні гэтага тыпу адначасова маюць і зборнае значэнне (групы асоб ці прадметаў): ваеншчына, паліцэйшчына, пахабшчына, а таксама служаць для абазначэння тэрыторыі, краіны (Нямеччына, Турэччына).
Перад суфіксам чаргуюцца л, в—ў: групавы — групаўшчына, мінулы — мінуўшчына; ц—ч: нямецкі — нямеччына.
Морф -чын-а выступае ў пазіцыі пасля зычнага т (азіятчына, салдатчына), у астатніх выпадках — -шчын-а.
Націск на аснове ў словах, утвораных ад прыметнікаў з нерухомым націскам (тут націск назоўнікаў супадае з націскам прыметнікаў: казённы — казёншчына), і на суфіксе ў словах, утвораных ад прыметнікаў з націскам на канчатку (дармавы́ — дармаўшчы́на).
Асобны высокапрадуктыўны тып складаюць неафіцыйныя назвы абласцей, раёнаў. Яны суадносяцца непасрэдна з прыметнікамі з суфіксамі -ск-, -енск-, апасродкавана — з назоўнікамі — назвамі населеных пунктаў (гарадоў, цэнтраў вобласці, раёнаў): Міншчына, Віцебшчына, Гомельшчына, Кармяншчына, Навагрудчына, Брэстчына.
Фіналь -ск- у працэсе ўтварэння адсякаецца (Зэльвенскі (раён) — Зэльвеншчына).
Націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах.
Аддзеяслоўныя назоўнікі абазначаюць адцягненую працэсуальную прымету паводле ўтваральнага слова: складаць — складчына (разм.), штурмаваць — штурмаўшчына. Слова складчына мае дадатковае значэнне зборнага паняцця як выніку дзеяння.
Тып непрадуктыўны.
Суфіксы са структурным элементам -р-
§ 429. Суфікс -ур-а. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад назоўнікаў і дзеясловаў.
Адназоўнікавыя ўтварэнні абазначаюць назвы арганізацыі, установы, якія складаюцца з асоб, названых утваральным словам: рэгістратар — рэгістратура, пракуратура; установы, якая ўзначальваецца асобай, названай утваральным словам: камендант — камендатура, прэфектура; назвы асоб паводле іх службовага стану: прафесар — прафесура, дацэнтура; назвы асоб паводле іх грамадскага стану, дзейнасці: аспірант — аспірантура, адвакатура, ад’юнктура. Адасоблена слова кандыдатура.
Некаторыя назоўнікі гэтага тыпу маюць другаснае зборнае значэнне: агентура, адвакатура, ардынатура, кліентура, прафесура. Семантычна ізаляваны абрэвіацыя — абрэвіятура, рэцэпт — рэцэптура.
У працэсе ўтварэння перад суфіксам фіналь утваральнай асновы -ар адпадае (прафесар — прафесура).
Націск на суфіксе.
Тып прадуктыўны ў кніжнай мове, у спецыяльнай тэрміналогіі.
Аддзеяслоўныя назоўнікі абазначаюць адцягненае дзеянне, род заняткаў. Утваральнымі выступаюць дзеясловы з суфіксам -ірава-: карэкціраваць — карэктура, рэжысура.
У працэсе ўтварэння перад суфіксам фіналь -ірава- адсякаецца. Асобна стаіць слова палітура, утворанае пры дапамозе суфікса -тур-а; яно мае значэнне выніку дзеяння.
Перад суфіксам парна-мяккія зычныя чаргуюцца з цвёрдымі.
Тып непрадуктыўны.
Заўвага. Пад уплывам прадуктыўнага адназоўнікавага тыпу слоў на -ура ўтварэнні разгледжанага тыпу суадносяцца таксама з назоўнікамі і, такім чынам, маюць дваякую суаднесенасць: адначасова і з дзеясловамі, і з назоўнікамі, параўн. карэктура — праца карэктара і карэкціраванне.
§ 430. Суфіксы -ур-а, -атур-а. Назоўнікі з гэтымі суфіксамі ўтвараюцца ад неасабовых назоўнікаў і прыметнікаў.
Адназоўнікавыя ўтварэнні маюць мадыфікацыйнае значэнне зборнасці (сукупнасць аднолькавых прадметаў ці з’яў): апарат — апаратура, мускулатура, партытура (морф -тур-а).
Націск на суфіксе.
Тып непрадуктыўны.
Адпрыметнікавыя ўтварэнні абазначаюць адцягненае паняцце паводле адзінкі вымярэння, названай прыметнікам — кампанентам словазлучэння: квадратная адзінка — квадратура, кубічная адзінка — кубатура. У працэсе ўтварэння перад суфіксам фіналі ўтваральнай асновы -н-, -ічн- адсякаюцца.
Націск на суфіксе.
Тып непрадуктыўны.
Суфіксы са структурным элементам -с-
§ 431. Суфікс -эс-а. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад невытворных назоўнікаў. Яны абазначаюць назвы асоб жаночага полу: паэт — паэтэса, прынцэса, сцюардэса; назвы жонкі паводле займаемага ў грамадстве становішча мужа: барон — баранэса, вікантэса.
Націск на суфіксе.
Тып набывае прадуктыўнасць у кніжнай мове.
§ 432. Суфікс -ыс-а. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад невытворных і вытворных аддзеяслоўных назоўнікаў і абазначаюць асобу жаночага полу: абатыса, актрыса, дырэктрыса.
У вытворным слове галосныя канцавога складу ўтваральнай асновы а, о адсутнічаюць: акцёр (разм. актор) — актрыса, дырэктар — дырэктрыса.
Націск на суфіксе.
Тып непрадуктыўны.
Суфіксы са структурным элементам -т-
§ 433. Суфікс -от-а (-ат-а). Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад прыметнікаў, дзеясловаў, зрэдку ад назоўнікаў і лічэбнікаў.
Адпрыметнікавыя ўтварэнні складаюць два тыпы.
1. Назоўнікі, якія маюць значэнне адцягненай прыметы, уласцівасці: бедны — бедната, лянота, брудната, гарката, дабрата, кіслата, любата, мерзлата, прастата, пустата, сухата, цесната, чарната. Некаторыя ўтварэнні маюць значэнне колькаснай прыметы: глухі — глухата, паўната (аб’ём абутку), слепата, немата, густата.
Асобныя назоўнікі гэтага тыпу маюць другасныя значэнні: зборнае (група людзей або аднародных прадметаў): басота (разм.), галота (разм.), бедната, драбната; месца, прасторы: пустата; рэчыва: кіслата.
Перад суфіксам парна-мяккія зычныя чаргуюцца з цвёрдымі: глухі — глухата; ш—х: душны — духата.
Націск пераважна на флексіі, радзей на суфіксе (лянота, яснота).
Тып малапрадуктыўны.
2. Назоўнікі са значэннем ’прадмет — носьбіт прыметы’. Яны не суадносяцца з адпрыметнікавымі назоўнікамі са значэннем адцягненай прыметы, стану, а таму не могуць разглядацца як іх семантычныя варыянты. Да гэтага тыпу належаць словы са значэннем рэчыва: мокры — макрота; сукупнасці асоб: пешы — пяхота.
Перад суфіксам чаргуюцца ш—х: пешы — пяхота.
Націск на суфіксе.
Тып непрадуктыўны.
Аддзеяслоўныя ўтварэнні абазначаюць фізічны або фізіялагічны стан, рэдка — прыродныя з’явы: драмаць — дрымота, ікота, ламота, пякота, ірвота, пяшчота, хлюпота (разм.), плюхота.
Перад суфіксам парна-мяккія зычныя чаргуюцца з цвёрдымі: ташніць — ташната, а таксама ч—к, сц—шч: пячы — пякота, песціць — пяшчота. Канцавая галосная ўтваральнай асновы адсякаецца.
Націск на суфіксе, зрэдку — на канчатку (хрыпата́).
Тып малапрадуктыўны.
Адназоўнікавыя ўтварэнні складаюць два тыпы.
1. Назоўнікі з мадыфікацыйным значэннем зборнасці. Яны абазначаюць сукупнасць аднародных прадметаў або асоб: ліст — лістота, блазен — блазнота.
Націск на суфіксе.
Тып непрадуктыўны.
2. Назоўнікі са значэннем стылістычнай мадыфікацыі. Гэта гутарковыя ці прастамоўныя сінонімы да ўтваральных слоў: бяда — бядота, дзіва — дзівота, журба — журбота, сум — сумота, нуда — нудота.
Націск на суфіксе.
Тып малапрадуктыўны.
Ад лічэбніка адзін утвораны назоўнік адзінота.
Суфіксы са структурным элементам -х-
§ 434. Суфікс -х-а. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў. Яны абазначаюць прадметы ці з’явы, якія характарызуюцца дзеяннем, названым утваральным словам: абліваць — абліваха, апранаць — апранаха (разм.).
Фінальная галосная інфінітыўнай асновы захоўваецца.
Націск на суфіксе.
Тып набывае прадуктыўнасць у гутарковай мове (пад уплывам дыялектаў): надзіраха ’прыбіральшчыца’, абкрываха ’вялікая хустка’.
§ 435. Суфікс -іх-а (-ых-а). Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў і назоўнікаў.
Аддзеяслоўныя ўтварэнні маюць значэнне ’прадмет — носьбіт працэсуальнай прыметы’. Гэта назвы раслін: абляпіць — абляпіха, заразіць — заразіха; насякомых: скакаць — скачыха (абл.).
Фінальная галосная асновы інфінітыва перад суфіксам адсякаецца. Асобна стаіць слова шуміха, якое мае адцягненае працэсуальнае значэнне.
Чаргуюцца к—ч: скакаць — скачыха.
Націск на суфіксе.
Тып непрадуктыўны.
Адназоўнікавыя ўтварэнні складаюць тры семантычныя тыпы.
1. Назоўнікі з мадыфікацыйным значэннем ’асоба жаночага полу’. Утваральнымі выступаюць агульныя і ўласныя назоўнікі са значэннем асобы мужчынскага полу: кравец — краўчыха, майстар — майстрыха, повар — паварыха, стораж — старажыха, ткач — ткачыха.
2. Назоўнікі са значэннем ’жонка таго, хто названы ўтваральным словам’: каваль — каваліха, генерал — генераліха, ляснік — леснічыха, Лявон — Лявоніха, старшыня — старшыніха, Сымон — Сымоніха.
3. Назоўнікі, якія абазначаюць самак жывёлін: воўк — ваўчыха, зайчыха, сланіха, трусіха.
Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: слон — сланіха, Антон — Антоніха, а таксама ц—ч, к—ч: заяц — зайчыха, воўк — ваўчыха.
Націск на суфіксе ў словах, утвораных ад аднаскладовых назоўнікаў (зубр — зубрыха), у астатніх — часцей за ўсё на тым складзе, што і ва ўтваральным слове (мядзве́дзь — мядзве́дзіха), але за́яц — зайчы́ха і інш.
Тып прадуктыўны ў гутарковым стылі.
§ 436. Суфікс -ух-а (-юх-а). Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў, прыметнікаў, назоўнікаў і лічэбнікаў.
Аддзеяслоўныя назоўнікі складаюць два тыпы.
1. Назоўнікі, якія абазначаюць асоб і жывых істот паводле іх дзеяння: балбатаць — балбатуха, вяртуха, рагатуха, фарсуха, шаптуха (усе разм.); грызці — грызуха, квактуха, сакатуха, а таксама рэчывы, з’явы прыроды як вынік ці суб’ект названага дзеяння: пацерці — пацяруха, завірыць — завіруха.
Фінальная галосная ўтваральнай асновы адсякаецца: фарсіць — фарсуха, вярцець — вяртуха. Перад суфіксам парна-мяккія зычныя чаргуюцца з цвёрдымі.
Націск на суфіксе.
Тып прадуктыўны ў гутарковай мове пры ўтварэнні назваў, якія характарызуюць асобу.
Заўвага. Назвы асоб на -уха суадносяцца таксама з назоўнікамі — назвамі асоб мужчынскага полу (крыкун — крыкуха).
2. Назоўнікі са значэннем адцягненай працэсуальнай прыметы: галадаць — галадуха, гаваруха, паказуха (праст.).
Націск на суфіксе.
Тып набывае прадуктыўнасць у экспрэсіўнай мове.
Адпрыметнікавыя ўтварэнні абазначаюць асоб, рэчывы і з’явы паводле прыметы, названай утваральным словам: вясёлы — весялуха, маладуха, таўстуха, хітруха, медавуха (разм.), сівуха, жаўтуха (мед.), сінюха (бат., мед.).
Націск на суфіксе.
Тып набывае прадуктыўнасць пры ўтварэнні назваў асоб.
Заўвага. Назвы асоб на -уха суадносяцца таксама з назоўнікамі са значэннем асобы мужчынскага полу (хітрун — хітруха).
Адназоўнікавыя ўтварэнні абазначаюць прадметы паводле адносін да таго, што названа ўтваральным словам: нос — насуха (жывёліна), сярпуха і свінуха (расліны), пладуха (галіна з пладамі).
Тып непрадуктыўны.
Ад лічэбніка сёмы ўтворана слова сёмуха.
Суфіксы са структурным элементам -ц-
§ 437. Суфікс -іц-а (-ыц-а). Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад прыметнікаў і назоўнікаў.
Адпрыметнікавыя назоўнікі абазначаюць адушаўлёныя і неадушаўлёныя прадметы паводле прыметы, названай утваральным словам. Сюды адносяцца назвы асоб ці іх групы: малады — маладзіца, модніца, няўдаліца, разумніца, нявінніца, вольніца (уст.), конніца; назвы насякомых і птушак: капусны — капусніца, сініца; раслін: аўсяны — аўсяніца, гарчыца, касцяніца, кісліца, чарніца; частак цела чалавека, жывёлы, расліны: паясны — паясніца, рагавіца, грыбніца; назвы памяшканняў: цёмны — цямніца, цяпліца, святліца; хвароб: грудны — грудніца, крапіўніца; абстрактных паняццяў: дробны — дробніца, таямніца, бяссонніца. Некаторыя назоўнікі па семантыцы сінанімічныя са словазлучэннямі: крапіўніца — крапіўная ліхаманка, рагавіца — рагавая абалонка.
Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: грыбны — грыбніца, светлы — святліца; заднеязычныя — з шыпячымі: горкі — гарчыца.
Націск на суфіксе, радзей — на корані (аўся́ніца, конніца, модніца, надкосніца).
Тып малапрадуктыўны.
Адназоўнікавыя ўтварэнні складаюць два тыпы.
1. Назоўнікі, якія абазначаюць прадметы, што характарызуюцца адносінамі да таго, што названа ўтваральным словам. Сюды належаць назвы раслін паводле іх падабенства да адпаведных прадметаў: мята — мятліца, ігліца; назвы прадметаў паводле іх прызначэння: аканіца.
Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі.
Націск на суфіксе.
Тып непрадуктыўны.
2. Назоўнікі з мадыфікацыйным значэннем жаночасці. Да іх адносяцца назвы асоб жаночага полу паводле якіх-небудзь уласцівых ім рыс ці займаемай пасады, назвы жонкі таго, хто названы ўтваральным словам: работніца, ударніца, імператар — імператрыца, цар — царыца; назвы самак жывёлін: воўк — ваўчыца, львіца, мядзведзіца.
Фіналь -ык (-ік) перад суфіксам адсякаецца (дружыннік — дружынніца, шыфравальшчык — шыфравальшчыца).
Перад суфіксам чаргуюцца к—ч: воўк — ваўчыца; е — нуль гука: леў — львіца.
Націск на суфіксе або перадсуфіксальным складзе.
Тып прадуктыўны пры ўтварэнні назваў асоб мужчынскага полу на -ык- (-ік), -нік.
§ 438. Суфікс -авіц-а. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў і назоўнікаў.
Аддзеяслоўныя ўтварэнні абазначаюць з’явы прыроды, дзеянне, стан, якія характарызуюцца адпаведным дзеяннем: бліскаць — бліскавіца, дыхавіца, касавіца.
Фінальная галосная перад суфіксам адсякаецца.
Націск на суфіксе, але ды́хавіца.
Тып непрадуктыўны.
Адназоўнікавыя ўтварэнні абазначаюць прадметы паводле іх прызначэння: рука — рукавіца, нага — нагавіца.
Націск на суфіксе.
Тып непрадуктыўны.
§ 439. Суфікс -ніц-а. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад назоўнікаў і дзеясловаў.
Адназоўнікавыя ўтварэнні складаюць два тыпы.
1. Назоўнікі са значэннем ’прадмет, прызначаны для змяшчэння таго, што названа ўтваральным словам’: мыльніца, памыйніца, пасудніца, піражніца, пясочніца, салатніца, скарбніца, тварожніца, хлебніца; ’асоба па яе адносінах да прадмета, абазначанага ўтваральным словам’: смятана — смятанніца (пра ахвочую да смятаны), блінніца, супніца (усе — разм.).
Перад суфіксам чаргуюцца л—л’: мыла — мыльніца; заднеязычныя — з шыпячымі: пірог — піражніца, пясок — пясочніца.
Націск на тым складзе, што і ва ўтваральным слове; у словах, утвораных ад аднаскладовых назоўнікаў,— на суфіксе (газ—газніца).
Тып прадуктыўны.
2. Назоўнікі з мадыфікацыйным значэннем асобы жаночага полу. Яны ўтвараюцца ад назваў асоб мужчынскага полу з суфіксам -нік: абраннік — абранніца, вандроўніца, заступніца, насмешніца, памочніца, прыхільніца, удзельніца, чараўніца.
Націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах.
Тып прадуктыўны.
Аддзеяслоўныя назоўнікі абазначаюць прадметы, прызначаныя для выканання дзеяння, названага ўтваральным словам: даіць — дайніца, запальніца, прасніца, церніца, шаткаўніца.
Націск на суфіксе, а ў словах, утвораных ад аднаскладовых асноў,— на тым складзе, што і ва ўтваральных словах.
Тып непрадуктыўны.
§ 440. Суфікс -льніц-а. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў і складаюць два тыпы.
1. Назвы прадметаў (ёмістасцей), прызначаных для выканання дзеяння, названага ўтваральным словам: паласкаць — паласкальніца, плявальніца.
Націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах.
Тып непрадуктыўны.
2. Назоўнікі, якія абазначаюць асоб жаночага полу — выканаўцаў дзеяння, названага ўтваральным словам: захоўваць — захавальніца, наглядальніца, наведвальніца, пачынальніца.
Перад суфіксам канцавая галосная інфінітыўнай асновы захоўваецца.
Націск на тым складзе, што і ва ўтваральным слове.
Тып прадуктыўны.
Назоўнікі гэтага тыпу суадносяцца таксама з назвамі асоб мужчынскага полу на -льнік і могуць разглядацца як утвораныя ад іх з дапамогай суфікса -іц-а (з адсячэннем фіналі ўтваральнага слова -ік): наведвальнік — наведвальніца.
§ 441. Суфікс -шчыц-а/-чыц-а. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад назоўнікаў і абазначаюць асоб жаночага полу па адносінах да аб’екта, іх заняткаў: буфет — буфетчыца, газетчыца, кулямётчыца, лётчыца, табельшчыца, тэкстыльшчыца.
Націск на тым складзе, што і ва ўтваральным слове.
Тып прадуктыўны.
Словы гэтага тыпу суадносяцца таксама з назоўнікамі мужчынскага полу адпаведнай семантыкі (тэкстыльшчык — тэкстыльшчыца). У такім выпадку яны разглядаюцца як утварэнні з суфіксам -іц-а з мадыфікацыйным значэннем ’асоба жаночага полу’.
§ 442. Суфікс -льшчыц-а. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў і абазначаюць асоб жаночага полу паводле дзеяння, якое яны выконваюць: вязаць — вязальшчыца, прыбіральшчыца, трапальшчыца, цыравальшчыца.
Назоўнікі гэтага тыпу суадносяцца таксама з назвамі асоб мужчынскага полу (купальшчык — купальшчыца). У такім разе яны разглядаюцца як адназоўнікавыя ўтварэнні з суфіксам -іц-а (-ыц-а) з мадыфікацыйным значэннем ’асоба жаночага полу’. Пры іх утварэнні ва ўтваральных асновах адсякаецца фіналь -ік.
Націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах.
Тып прадуктыўны.
§ 443. Суфікс -асць. Назоўнікі з суфіксам -асць утвараюцца ад дзеясловаў і прыметнікаў.
Аддзеяслоўныя ўтварэнні абазначаюць адцягнены стан паводле дзеяння (стану), названага ўтваральным словам: дурэць — дурасць, рэўнасць, хворасць.
Перад суфіксам канцавая галосная асновы інфінітыва і -ава- адсякаюцца.
Націск на перадсуфіксальным складзе.
Тып непрадуктыўны.
Адпрыметнікавыя ўтварэнні маюць адцягненае значэнне прыметы і ўласцівасці: варожы — варожасць, вольнасць, ізаляванасць, лютасць, маштабнасць, мяккасць, непарыўнасць, нікчэмнасць, смеласць, спагадлівасць, старажытнасць.
Назоўнікі, утвораныя ад адносных адсубстантыўных суфіксальных і суфіксальна-складаных прыметнікаў, абазначаюць наяўнасць той адзнакі, што названа ўтваральным словам: воблачны — воблачнасць, інваліднасць, планавасць. Рад назоўнікаў гэтага тыпу абазначае зменлівую апрадмечаную прымету, якая праяўляецца ў рознай ступені і можа вымярацца: водны — воднасць, газаноснасць, рэнтабельнасць, тлустасць, хуткасць.
Некаторыя назоўнікі маюць другаснае значэнне ’носьбіт прыметы’ у адносінах да чалавека: бяздарнасць, знакамітасць, індывідуальнасць, рэдкасць; да месца, прасторы і інш.: антычнасць, выпукласць, ёмкасць, плоскасць, радасць.
У якасці ўтваральных выступаюць прыметнікі невытворныя: цвёрды — цвёрдасць; з суфіксамі: -н- (маштабны — маштабнасць), -ав- (класавы — класавасць), -ів- (плаксівы — плаксівасць), -ічн- (катастрафічны — катастрафічнасць); прэфіксальна-суфіксальныя з суфіксамі -ов- (бесталковы — бесталковасць), -лів- (незласлівы — незласлівасць); суфіксальна-складаныя з суфіксамі -ів- (міралюбівы — міралюбівасць), -лів- (добразычлівы — добразычлівасць).
Перад суфіксам парна-мяккія зычныя чаргуюцца з цвёрдымі: крайні — крайнасць, рэдкі — рэдкасць.
Націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах.
Тып прадуктыўны ў кніжных стылях мовы.
§ 444. Суфікс -насць. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў і прыметнікаў.
Аддзеяслоўныя назоўнікі абазначаюць адцягнены стан паводле таго, што названа ўтваральным словам: гатавацца — гатоўнасць, быць — бытнасць.
Утваральная — уся форма інфінітыва (з чаргаваннем ц’—т).
Націск на перадсуфіксальным складзе.
Тып непрадуктыўны.
Ад асновы прыметніка жывы ўтворан назоўнік жыўнасць са зборным значэннем.
§ 445. Суфікс -ацыj-а. Назоўнікі з суфіксам -ацыj-а і яго варыянтамі -іцыj-а, -енцыj-а, -цыj-а, -ыj-а (арфаграфічна словы на -ацыя, -яцыя, -іцыя, -ыцыя, -энцыя) утвараюцца ад дзеясловаў, назоўнікаў і прыметнікаў.
Аддзеяслоўныя назоўнікі абазначаюць пераважна адцягненае дзеянне: акупіраваць — акупацыя, газіфікацыя, кантрактацыя, кінафікацыя, ліквідацыя, нумарацыя, публікацыя, рытмізацыя, спекуляцыя, стылізацыя, утылізацыя, фільтрацыя, электрыфікацыя.
Некаторыя назоўнікі могуць мець другасныя значэнні: выніку дзеяння, прыстасавання, прылады: анатацыя, арганізацыя, вентыляцыя, ізаляцыя, а таксама групы асоб ці ўстановы: эміграцыя, інспекцыя, рэдакцыя. У якасці ўтваральных выступаюць дзеясловы на -аваць (ліквідаваць — ліквідацыя), -ізаваць (рэалізаваць—рэалізацыя), -іраваць (акупіраваць — акупацыя). Пры ўтварэнні гэтыя часткі інфінітыўнай асновы адсякаюцца.
Перад суфіксам чаргуюцца цвёрдыя зычныя з мяккімі: рэвізаваць—рэвізія; ц—к: дыслацыраваць — дыслакацыя; д—з’: прэтэндаваць — прэтэнзія.
У словах з суфіксамі -ацыj-а, -ыцыj-а націск на суфіксе, з -цыj-а, -ыj-а — на аснове.
Прадуктыўнасць у кніжнай мове мае тып на -ацыя.
Адназоўнікавыя ўтварэнні з суфіксам -ацыj- і яго варыянтам -ізацыj- (арфаграфічна словы на -ацыя (-яцыя), -ізацыя (-ызацыя)) маюць значэнне дзеяння ці стану паводле адносін да таго, што названа ўтваральным словам: дыспетчар — дыспетчарызацыя, кантэйнер — кантэйнерызацыя, маршрут — маршрутызацыя, прадмет — прадметызацыя (напрыклад, прадметызацыя навучання), рубрыка — рубрыкацыя.
Націск на суфіксе.
Тып набывае прадуктыўнасць у спецыяльнай тэрміналогіі.
Ад асновы прыметніка новы ўтворана слова навацыя.
§ 446. Суфікс -ч-а. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў даць (таксама ад яго вытворных) і здабыць. Яны абазначаюць дзеянне, сумяшчаючы гэта значэнне са значэннем назоўніка як часціны мовы: выдача, здабыча, падача, перадача, раздача, удача.
Націск той, што і ва ўтваральных словах.
Тып непрадуктыўны.
§ 447. Суфікс -ш-а. З гэтым суфіксам у слоўніках літаратурнай мовы зафіксаваны адзінкавыя словы: квакша (квакаць), ляўша (левы); у ТСБМ: манікюрша, міністэрша, педыкюрша; у РБС-82 гэтых слоў няма, замест іх падаюцца ўтварэнні з суфіксам -к-а: манікюрка, педыкюрка і з суфіксам -ых-а: міністрыха (прастам.). Утварэнні з суфіксам -ш-а са значэннем асобы жаночага полу (дэрываты ад назваў асоб мужчынскага полу) сустракаюцца часцей за ўсё ў творах мастацкай літаратуры (І. Шамякін, Е. Лось і інш.).
Суфіксы назоўнікаў ніякага роду
Суфіксы са структурным элементам -в-
§ 448. Суфікс -в-а (-в-о). Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў і абазначаюць працэс дзеяння ці маюць другаснае значэнне аб’екта або выніку дзеяння. Утваральнай выступае ўся аднаскладовая форма інфінітыва, радзей — аснова інфінітыва: піць — пітво (з чаргаваннем ц’—т), шыць — шытво і шво.
Націск на канчатку.
Тып непрадуктыўны.
§ 449. Суфікс -ів-а (-ыв-а). Назоўнікі з суфіксам -ів-а (-ыв-а) утвараюцца ад дзеясловаў і зрэдку — ад прыметнікаў.
Аддзеяслоўныя назоўнікі абазначаюць сукупнасць прадметаў, рэчы, што ўзніклі ў выніку дзеяння або з’яўляюцца аб’ектам ці прыладай дзеяння, названага ўтваральным словам: варыць — варыва, крэсіва, курыва, месіва, мроіва, паліва, печыва.
Гэтыя назоўнікі маюць значэнне апрадмечанага дзеяння, а таксама другасныя значэнні выніку ці аб’екта дзеяння.
Слова жніво ўтворана ад асновы цяперашняга часу: жн-уць—жніво.
Націск на перадсуфіксальным складзе або на суфіксе ці канчатку.
Тып непрадуктыўны.
Ад асновы прыметніка ўтвораны асобныя назоўнікі, якія абазначаюць адцягненую прымету ці рэчыва паводле адпаведнай прыметы: зялёны — зеляніва, маладое малако — малодзіва.
Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: жнуць — жніво, малоць — мліва.
Націск на перадсуфіксальным складзе.
Тып непрадуктыўны.
§ 450. Суфікс -ств-а (-цтв-а, -ств-о). Назоўнікі з суфіксам -ств-а (пасля асноў на к, т, ц, ч — цтв-а) утвараюцца ад прыметнікаў, назоўнікаў, дзеясловаў і зрэдку лічэбнікаў.
Адпрыметнікавыя назоўнікі складаюць некалькі тыпаў.
1. Назоўнікі, якія абазначаюць адцягненыя якасці або ўласцівасці: знаёмы — знаёмства, прыгоства, п’янства, умельства.
Фіналі ўтваральнай асновы -тн-, -цк-, -ж-, -ш- перад суфіксам адсякаюцца: далікатны — далікацтва, дзівацкі — дзівацтва, прыгожы — прыгоства, харошы — хараство.
Націск на тым складзе, што і ва ўтваральным слове.
Тып прадуктыўны ў кніжнай мове.
2. Назоўнікі са значэннем ’прадмет ці з’ява, якія характарызуюцца прыметай, названай утваральным словам’. Яны маюць тры семантычныя падтыпы: а) назвы сукупнасці асоб: сямейны — сямейства, духоўныя асобы — духавенства, дваранства, сялянства; б) назвы ўстановы: выдавецкі — выдавецтва, казначэйства, параходства; в) назвы, якія абазначаюць адзін прадмет: боскі — бажаство.
Перад суфіксам фіналі ўтваральнай асновы -н-, -ск-, -цк- адсякаюцца.
Націск на перадсуфіксальным складзе.
Тып малапрадуктыўны.
Адназоўнікавыя ўтварэнні абазначаюць уласцівасць або занятак асобы, названай утваральным словам: какетка — какецтва, начальніцтва, начальства (параўн.: пад начальствам), падданства.
Фіналі асновы ўтваральных слоў -к-, -нік адсякаюцца: какетка — какецтва, начальнік — начальства і начальніцтва.
Націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах.
Тып непрадуктыўны.
Рад адпрыметнікавых назоўнікаў з адцягненым значэннем прыметы, уласцівасці апасродкавана суадносіцца таксама з назоўнікамі, ад якіх утвораны прыметнікі.
Назоўнікі, ускосна (апасродкавана) суадносныя з агульнымі назвамі асоб, абазначаюць уласцівасць характару, рысу паводзін і інш.: герой — геройства, дзівацтва; роднасныя адносіны: маці — мацярынства, кумаўство; узроставы стан: дзіця — дзяцінства, юнацтва; ідэалагічную плынь: народнік — народніцтва, славянафільства; рэлігійны кірунак: католік — каталіцтва, мусульманства; занятак: акцёр — акцёрства, сталярства (разм.), шпіёнства; становішча паводле пасады: брыгадзір — брыгадзірства (разм.), дырэктарства; блізкасць па ўласцівасці характару, па паводзінах да пэўнай асобы: барын — барства, лакейства, панства, падхалімства.
Назоўнікі, апасродкавана суадносныя з назвамі жывёл, абазначаюць падабенства ў паводзінах з данай жывёлай: папугайства, свінства.
Назоўнікі, якія апасродкавана суадносяцца з імёнамі і прозвішчамі гістарычных дзеячаў і літаратурных персанажаў, абазначаюць грамадскую ці ідэалагічную плынь, звязаную з гэтым іменем: Кант — кантыянства, Талстой — талстоўства; блізкасць па ўласцівасцях характару, паводзінах да пэўнай асобы: донжуан — донжуанства.
Назоўнікі з адцягненым значэннем прыметы могуць набываць другасныя значэнні: пасольства ’установа’, брацэрства ’аб’яднанне’, каралеўства ’тэрыторыя пад уладай асобы’, сялянства, студэнцтва ’група асоб’.
Некаторыя з назоўнікаў могуць разглядацца як суадносныя адначасова з прыметнікамі і назоўнікамі: дырэктарства (дырэктарскі і дырэктар), лакейства (лакейскі і лакей). Аднак той факт, што ў саставе вытворных паўтараюцца структурныя кампаненты адпаведных адносных прыметнікаў, сведчыць аб тым, што назоўнікі з суфіксам -ств-а ўтвараюцца толькі ад прыметнікаў, параўн. дзіця — дзяціны — дзяцінства, маці — мацярынскі — мацярынства, кант — кантыянскі — кантыянства, серадняк — серадняцкі — серадняцтва.
Утваральнымі выступаюць прыметнікі з суфіксамі -ін- (дзяціны — дзяцінства), -ск- (-цк) (рабскі — рабства, казацкі — казацтва), -ыянск- (кантыянскі — кантыянства).
Фінальная частка ўтваральнай асновы -ск-, -цк- адсякаецца (рабскі — рабства, серадняцкі — серадняцтва).
Націск на перадсуфіксальным складзе.
Тып прадуктыўны.
Аддзеяслоўныя назоўнікі абазначаюць адцягненае дзеянне або стан ці вынік дзеяння: дзяжурыць — дзяжурства, прытворства, свавольства, спаборніцтва, хадайніцтва, вынаходства.
Канцавая галосная інфінітыўнай асновы, а таксама -ва-, -ча- адсякаюцца: дзяжурыць — дзяжурства; хадайнічаць — хадайніцтва, расстройваць — расстройства.
Націск на перадсуфіксальным складзе.
Тып прадуктыўны.
Адлічэбнікавыя назоўнікі абазначаюць адцягненае колькаснае паняцце паводле значэння ўтваральнага слова: многа — мноства, першы — першынство (праз ступень першыня).
Тып непрадуктыўны.
