Предыдущий раздел | Оглавление | Следующий раздел
Суфіксальныя назоўнікі: заканчэнне
§§ 451–501
Суфіксы са структурным элементам -л-
§ 451. Суфікс -л-а (-л-о). Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў і маюць значэнне асобы, што выконвае дзеянне, названае ўтваральным словам, ці прадмета, прызначанага для ажыццяўлення гэтага дзеяння. Асабовыя назоўнікі называюць асоб па прафесіі ці схільнасці да дзеяння, з адценнем непахвальнасці: запяваць — запявала, граміла, зубрыла, хныкала, трапло (усе — разм.). Неасабовыя назоўнікі абазначаюць прылады, прыстасаванні, памяшканні для выканання дзеяння: грузіць — грузіла, давіла, зубіла, пакрывала, пудзіла, скрэбла, сукала, сядло, трапло, цёрла, шыла, стойла, седала.
Перад суфіксам фінальная галосная асновы інфінітыва захоўваецца, за выключэннем сядаць — сядло, трапаць — трапло, цягаць — цягло. Слова жытло ўтворана ад формы інфінітыва цалкам, з чаргаваннем ц’—т.
Націск пераважна на перадсуфіксальным складзе, на флексіі ў словах жытло, сядло, трапло, цягло.
Тып прадуктыўны ў размоўным стылі і спецыяльнай тэрміналогіі.
§ 452. Суфікс -дл-а. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў. Яны абазначаюць прылады каваць — кавадла; прадметы, прызначаныя для выканання дзеяння, названага ўтваральным словам: крапіць — крапідла, страшыць — страшыдла.
Націск на перадсуфіксальным складзе.
Тып непрадуктыўны ў літаратурнай мове; больш пашыраны яго ўтварэнні ў дыялектнай мове (матаць — матавідла, малявідла, снавадла, лічыдла, красідла і інш.).
Суфіксы са структурным элементам -н-
§ 453. Суфікс -ян-я (-ян-ё). Назоўнікі з гэтым суфіксам (арфаграфічна яшчэ -ан-я, -ан-ё) утвараюцца ад назоўнікаў і маюць мадыфікацыйнае значэнне ’маладая істота’: бабёр — бабран-я (-ё), ваўчан-я (-ё), куран-я(ё), кацян-я(ё), ласян-я(-ё), лісян-я(ё).
Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: заднеязычныя — з шыпячымі: сабака — сабачаня(ё); в—ў: журавель — жураўляня(ё) і галосны — з нулём гука: леў — ільвян-я(ё).
Націск на флексіі.
Тып прадуктыўны.
§ 454. Суфіксы -нн-е, -енн-е (-энн-е). Назоўнікі з гэтымі суфіксамі ўтвараюцца ад дзеясловаў і складаюць два тыпы.
1. Назоўнікі з суфіксам -нн-е са значэннем ’прадмет, які характарызуецца дзеяннем, названым утваральным словам’. Такія назоўнікі абазначаюць суб’ект, аб’ект ці вынік дзеяння і не маюць працэсуальнага значэння: адзець — адзенне, званне, пасланне.
Перад суфіксам фінальная галосная асновы інфінітыва захоўваецца.
Націск на перадсуфіксальным складзе.
Тып непрадуктыўны.
2. Назоўнікі з суфіксамі -нн-е, -енн-е, -энн-е, якія маюць значэнне апрадмечанага дзеяння. Утваральнымі з’яўляецца пераважная большасць дзеясловаў вытворных і невытворных.
Суфікс -нн-е выступае пасля асновы інфінітыва з захаваннем фінальнага галоснага (апіса-ць — апіса-нне, чыта-ць — чыта-нне), -енн-е (-энн-е) — пасля асноў на зычны ці адсякаемы галосны і, а з чаргаваннем ц’—ч, «губны — губны + л»: карміць — кармл-енне, скараціць — скарач-энне, аднаўленне, аслабленне, вызваленне, выпадзенне, захапленне, здзіўленне, змякчэнне, павышэнне, плаўленне, скарачэнне, скрыўленне, спляценне, спусташэнне, спыненне, укараненне.
Рад назоўнікаў гэтага тыпу побач з асноўным працэсуальным значэннем мае другаснае, канкрэтнае значэнне: а) месца дзеяння: зімаванне, памяшканне (ад памяшчацца, з чаргаваннем шч—шк); б) суб’ект дзеяння: камандаванне, праўленне; в) прадмет (адзінкавы ці сукупнасць іх) як аб’ект ці вынік дзеяння: аб’яднанне, вязанне, дзяржанне, збудаванне; г) прылада, сродак ажыццяўлення дзеяння: зазямленне, угнаенне.
У назоўніках з суфіксам -нн-е націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах, з суфіксам -енн-е (-энн-е) — на суфіксе.
Тып высокапрадуктыўны ў розных моўных сферах.
§ 455. Суфікс -інн-е. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад прыметнікаў, якія ўваходзяць у склад словазлучэнняў, і дзеясловаў.
Назоўнікі, утвораныя ад прыметнікаў, абазначаюць адыходы пры апрацоўцы чаго-небудзь: гарохавая (салома) — гарохавінне; прадмет як вынік дзеяння каго-небудзь: кротавыя хады (наточаны) — кратавінне.
Назоўнікі, утвораныя ад дзеясловаў, абазначаюць прадмет як вынік пэўнага дзеяння: пілаваць — пілавінне.
Можна дапусціць і магчымасць суаднясення назоўнікаў гэтага тыпу з множналікавымі назоўнікамі гарохавіны, кратавіны, пілавіны, якія бытуюць у дыялектах. У такім выпадку ў іх вылучаецца суфікс -j-.
Націск на суфіксе, але гарохавінне.
Тып непрадуктыўны.
§ 456. Суфікс -ільн-а. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад назоўнікаў і абазначаюць састаўную частку прылад: вуда — вудзільна, граблі — грабільна (з адсячэннем фіналі -л-), каса — касільна, цэп — цапільна, біч — бічыльна (абл.).
Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі.
Націск на суфіксе.
Тып непрадуктыўны.
Суфіксы са структурным элементам -ч-
§ 457. Суфікс -ішч-а (-ышч-а). Назоўнікі з суфіксам -ішч-а і яго варыянтамі -лішч-а, -авішч-а, -бішч-а ўтвараюцца ад назоўнікаў, дзеясловаў і прыметнікаў.
Адназоўнікавыя ўтварэнні з суфіксам -ішч-а (-ышч-а) складаюць два тыпы.
1. Назоўнікі са значэннем ’частка прадмета, названага ўтваральным словам’. Яны абазначаюць ручку прылады: мятла — мятлішча, тапор — тапарышча, а таксама каранішча.
Націск на суфіксе.
Тып непрадуктыўны.
2. Назоўнікі, якія абазначаюць: а) месца паводле прадмета, які на ім знаходзіцца, ці паводле дзеяння, якое тут адбываецца: гліна — глінішча ’месца здабычы гліны’, двор — дварышча ’участак з хатай і дваровымі будынкамі’, рэчышча ’паглыбленне на паверхні зямлі, па якім цячэ рака’, гульбішча (уст.); б) месца, дзе раней знаходзіўся прадмет ці адбывалася дзеянне: горад — гарадзішча, двор — дварышча, печ — печышча, пажар — пажарышча. Утваральнымі выступаюць невытворныя назоўнікі і аддзеяслоўныя з суфіксам -б-а. Некаторыя вытворныя назоўнікі з суфіксам -ішч-а з’яўляюцца сінонімамі да ўтваральных (агонь — вогнішча, дно—днішча, логава—логавішча).
Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі (гліна — глінішча), галосныя — з нулём гука (пень — пнішча), заднеязычныя — з шыпячымі (замак — замчышча).
Націск на перадсуфіксальным складзе.
Тып малапрадуктыўны.
Аддзеяслоўныя назоўнікі з суфіксамі -ішч-а, -лішч-а, -бішч-а складаюць два тыпы.
1. Назоўнікі са значэннем прадмета, якія характарызуюцца адпаведным дзеяннем. У словах вучылішча, чысцілішча, стойбішча выступаюць морфы -лішч-а, -бішч-а, у астатніх выпадках — -ішч-а; у слове прыстанішча выкарыстана аснова цяперашняга часу (прыстануць).
Націск на перадсуфіксальным складзе, рэдка — на суфіксе: такавішча.
Тып малапрадуктыўны.
2. Назоўнікі, якія называюць апрадмечанае дзеянне паводле ўтваральнага дзеяслова: гняздзіцца — гнездзішча, ігрышча, зборышча, пабоішча. Некаторыя з іх маюць другаснае значэнне сукупнасці асоб (зборышча) ці месца (гнездзішча).
Націск на перадсуфіксальным складзе, але ігры́шча.
Тып непрадуктыўны.
Адпрыметнікавыя ўтварэнні з суфіксам -ішч-а складаюць два тыпы.
1. Назоўнікі са значэннем часткі прадмета. Звычайна яны ўтвараюцца ад адносных прыметнікаў з суфіксам -ов- (-ав-): кайловы — кайлавішча, нажовы — нажавішча ’вострая частка нажа’, молатавы — малатавішча.
Націск на суфіксе.
Тып непрадуктыўны.
2. Назоўнікі з прасторавым значэннем. Яны суадносяцца са словазлучэннямі «назоўнік + адносны прыметнік з суфіксамі -н-, -ін-, -ян-, -ов-» і абазначаюць месца, якое характарызуецца адпаведнай прыметай: жытняе поле — жытнішча, адпаведна аўсянішча, балацянішча, бульбянішча, гарохавішча, грачанішча, стогавішча.
Націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах; перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі.
Тып прадуктыўны ў сельскагаспадарчай тэрміналогіі і ў гутарковым стылі.
Суфіксы са структурным элементам -j-
§ 458. Суфіксы -j-/-оўj-. Назоўнікі з суфіксамі -j-/-оўj- (арфаграфічна словы на -’е, -’ё: пер’е, звяр’ё; -е, -ё пасля «ў»: здароўе, пугаўё) утвараюцца ад дзеясловаў, прыметнікаў і назоўнікаў. Суфікс -j- захоўваецца ў сучаснай літаратурнай мове толькі пасля асноў на губныя зычныя ці р, у астатніх выпадках ён асіміляваўся з папярэднім зычным, выклікаўшы яго падваенне; параўн. пяро — пер’е (п’эрjэ) і багаты — багацце.
Аддзеяслоўныя назоўнікі складаюць два тыпы.
1. Назоўнікі, якія называюць прадмет як вынік адпаведнага дзеяння: атрэпваць — атрэп’е, зрэб’е (згрэб’е), ламаць — лам’ё.
Націск на перадсуфіксальным складзе.
Тып непрадуктыўны.
2. Назоўнікі, якія называюць месца адпаведнага дзеяння ці прадмет — вынік дзеяння: гнездавацца — гняздоўе, зімоўе, адмаўляць (адмовіць) — адмоўе.
Націск на перадсуфіксальным складзе.
Тып непрадуктыўны.
Адпрыметнікавыя назоўнікі называюць месца, прастору паводле прыметы, абазначанай утваральным словам: нізавы (нізавая частка) — нізоўе, адпаведна вярхоўе, нечарназем’е. Адасоблена слова пугаўё (пугавая ручка).
Націск на перадсуфіксальным складзе, але пугаўё.
Тып непрадуктыўны.
Адназоўнікавыя ўтварэнні з суфіксамі -j-/-оўj- (арфаграфічна — словы на -е, -ё, -оўе, -аўе) абазначаюць сукупнасць прадметаў ці жывых істот, названых утваральным словам: купіна — куп’е, куст — кустоўе (разм.), пнеўе, пер’е; ваўкаўё, гадаўё, звяр’ё; афіцар’ё (разм., пагард.), баб’ё (разм., пагард.).
Націск на канчатку або на суфіксе.
Тып малапрадуктыўны ў літаратурнай мове, больш актыўны ў дыялектнай мове.
Суфіксы назоўнікаў агульнага роду
Суфіксы са структурным элементам -г-
§ 459. Суфікс -яг-а. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў і аддзеяслоўных назоўнікаў і абазначаюць асобу, якая характарызуецца адпаведным дзеяннем: бадзяцца — бадзяга, дзяляга, рабацяга, трудзяга, туляга (Я. Колас).
Ад асновы назоўніка недзеяслоўнага паходжання стыль утворана стыляга. Асобна стаіць слова пісяга з прадметным значэннем.
Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: труд — трудзяга, пісаць (перан.) — пісяга.
Націск на суфіксе.
Тып набывае прадуктыўнасць у гутарковай мове. Словы маюць фамільярную афарбоўку.
§ 460. Суфікс -уг-а (-юг-а). Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў і прыметнікаў.
Аддзеяслоўныя назоўнікі абазначаюць асоб паводле характэрнага для іх дзеяння і маюць афарбоўку ўніжальнасці: валачыцца — валацуга (з чаргаваннем ч—ц), хапаць — хапуга.
Канцавы галосны інфінітыўнай асновы адсякаецца.
Націск на суфіксе.
Тып непрадуктыўны.
Адпрыметнікавыя назоўнікі абазначаюць асоб па характэрнай для іх негатыўнай прымеце, названай утваральным словам: подлы — падлюга, спрытнюга, хітруга (усе — разм.).
Націск на суфіксе.
Тып набывае прадуктыўнасць у гутарковым стылі і ў мове мастацкай літаратуры.
Суфіксы са структурным элементам -к-
§ 461. Суфікс -к-а. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў і абазначаюць асоб, якія характарызуюцца адпаведным дзеяннем: выскокваць — выскачка, зазнаj(эцца) — зазнайка, прасіць—проська, служка.
Перад суфіксам канцавая галосная інфінітыўнай асновы адсякаецца.
Націск на перадсуфіксальным складзе, але вы́скачка.
Тып малапрадуктыўны.
§ 462. Суфікс -ак-а (-як-а). Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў. Яны абазначаюць асоб па характэрных для іх дзеяннях, звычайна з адценнем іроніі ці непахвальнасці: выскаляцца — выскаляка, выхваляка, гуляка, задавака, задзірака, зявака, крыўляка, пісака, разявака, умека, чытака (усе — разм.), ваяка.
Націск на суфіксе.
Тып набывае прадуктыўнасць у гутарковай мове і прастамоўі.
§ 463. Суфікс -юк-а. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў і абазначаюць асоб паводле ўласцівага ім дзеяння: зліцца — злюка, маніць — манюка.
У працэсе ўтварэння фінальная галосная інфінітыўнай асновы адсякаецца.
Націск на суфіксе.
Тып непрадуктыўны.
Суфіксы са структурным элементам -л-
§ 464. Суфікс -л-а. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў. Яны абазначаюць асоб паводле ўласцівага ім дзеяння: абдзіраць — абдзірала, абірала, аб’ядала, дурыла, заграбала, запявала, зубрыла, мяняла.
Утваральныя — асновы інфінітыва з захаваннем фінальнай галоснай (запявала) і асновы цяперашняга часу (падмятайла).
Націск на перадсуфіксальным складзе.
Тып мае прадуктыўнасць у гутарковым стылі мовы.
Суфіксы са структурным элементам -с-
§ 465. Суфікс -с-а. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў. Яны абазначаюць асоб паводле характэрнага для іх дзеяння: крычаць — крыкса, плакаць — плакса. Утварэнні маюць уніжальную афарбоўку.
Фінальная галосная інфінітыўнай асновы адсякаецца (крычаць—крыкса).
Перад суфіксам чаргуюцца ч—к.
Націск на аснове.
Тып непрадуктыўны.
Суфіксы са структурным элементам -ц-
§ 466. Суфікс -іц-а. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад прыметнікаў. Яны характарызуюць асоб паводле адпаведнай прыметы, названай утваральным словам: дурны — дурніца, тупы — тупіца (разм., пагард.). Утварэнні належаць да лаянкавай лексікі.
Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі.
Націск на суфіксе.
Тып непрадуктыўны.
Адзінкавыя назоўнікі агульнага роду ўтвораны з дапамогай суфіксаў: -ёх-а (чысты — чысцёха), -он-я (ціхі — ціхоня).
Суфіксы множналікавых назоўнікаў
§ 467. Множналікавыя назоўнікі ўтвараюцца з дапамогай суфіксаў -ік-і, -ін-ы, -к-і, -лк-і, -льнік-і, -ошч-ы, -унк-і, -ушк-і, -эл-і, -яшк-і.
§ 468. Суфікс -ін-ы (-ын-ы). Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад дзеясловаў і абазначаюць апрадмечанае дзеянне: аглядаць — агледзіны, адведзіны, адносіны, адыходзіны, даносіны (абл.), загавіны, закладзіны, заручыны і запоіны, змовіны (абл.), зносіны, паводзіны, расходзіны. Большасць утварэнняў называе абрады (закладзіны, заручыны, запоіны, расходзіны).
Фінальная галосная асновы інфінітыва і -ва- адсякаюцца: закладваць — закладзіны, расходзіцца — расходзіны. Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: аглядаць — агледзіны; ўл — в: змаўляцца — змовіны.
Націск на перадсуфіксальным складзе.
Тып мае прадуктыўнасць у гутарковым стылі (запросіны, закосіны).
Ад назоўнікаў і прыметнікаў з дапамогай суфікса -ін-ы (-ын-ы) утвораны семантычна адасобленыя назоўнікі гарохавіны і гарошыны (гарох, гарохавы), разваліны (развалы), саладзіны (солад), імяніны (імя).
§ 469. Суфікс -ік-і (-ык-і). З дапамогай гэтага суфікса ад беспрыфіксальных дзеясловаў утвараюцца назоўнікі са значэннем адцягненай працэсуальнай прыметы: дурэць — дурыкі, мудрыць — мудрыкі, хітрыць — хітрыкі. Утварэнні ўласцівы гутарковаму стылю мовы.
Перад суфіксам фінальная галосная інфінітыўнай асновы адсякаецца (дрыжаць — дрыжыкі).
Націск на корані.
Тып непрадуктыўны.
§ 470. Суфікс -к-і. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ў асноўным ад дзеясловаў і складаюць тры тыпы.
1. Назоўнікі са значэннем адцягненай працэсуальнай прыметы. Часцей за ўсё яны абазначаюць гульні, абрады, зборышчы: дажынаць — дажынкі, дакоскі, дакопкі, дамалоткі, даноскі (разм.), дасеўкі, зажынкі, засеўкі, нападкі, памінкі, заробкі.
Націск на перадсуфіксальным складзе.
Тып малапрадуктыўны.
2. Назоўнікі са значэннем ’прадмет — носьбіт працэсуальнай прыметы’. Гэтыя назоўнікі абазначаюць сукупнасць прадметаў, прадукт, рэчыва, што ўзнікае ў выніку адпаведнага дзеяння: аграбаць — агрэбкі (сена), ападкі, вываркі, выграбкі, выскрабкі, вытапкі, вычаскі, недажынкі (недажынаць), недапіткі, пацяробкі, пачаскі.
Націск часцей на пачатковым складзе слова, радзей — на перадсуфіксальным.
Тып малапрадуктыўны.
3. Назоўнікі, якія называюць неадушаўлёныя прадметы, прызначаныя для ажыццяўлення дзеяння, названага ўтваральным словам: плаваць — плаўкі, падцяжкі, ходзікі.
Фінальная галосная інфінітыўнай асновы перад суфіксам адсякаецца (дасяваць — дасеўкі), але хадзіць — ходзі-кі.
Націск на перадсуфіксальным складзе (корані), ва ўтварэннях з прыстаўкай вы- на гэтай жа прыстаўцы.
Тып малапрадуктыўны.
Ад назоўнікаў з дапамогай суфікса -к-і ўтвораны асобныя множналікавыя назоўнікі: вечар — вячоркі, граблі — грабелькі (прыстасаванне на касе для касьбы збожжа), развалы — развалкі.
Аддзеяслоўныя назоўнікі з гэтым суфіксам абазначаюць дзеянне паводле ўтваральнага дзеяслова: жадаць — жадункі, ласункі, пасядзенкі, справункі (разм.).
Фармант -унк-і выступае пры адсячэнні фінальнай галоснай інфінітыўнай асновы (жадаць — жадункі), -нк-і — пры аснове цяперашняга часу з чаргаваннем ав—у: ласавацца — ласуюцца — ласункі, ці пры захаванні фінальнай галоснай: пасядзець — пасядзенкі.
Націск на суфіксе (у словах з суфіксам -унк-і) або на перадсуфіксальным складзе (у словах з суфіксам -нк-і).
Тып мае некаторую прадуктыўнасць у гутарковай мове (справункі, весялункі).
§ 472. Суфікс -ушк-і (-юшк-і).
Аддзеяслоўныя назоўнікі з гэтым суфіксам абазначаюць апрадмечанае дзеянне паводле ўтваральнага дзеяслова: гуляць — гулюшкі, пасядушкі (усе — абл.), пабягушкі (разм.) або прадмет для выканання дзеяння, названага ўтваральным словам: апалаць — апалушкі.
Фінальная галосная інфінітыўнай асновы адсякаецца; націск на суфіксе.
Тып непрадуктыўны.
§ 473. Адзінкавыя назоўнікі ўтвораны з дапамогай суфіксаў -лк-і (качаць — качалкі), -льнік-і (лічыць — лічыльнікі), -ошч-ы (любіць — любошчы, разм.), -эл-і (качацца — качэлі), -яшк-і (дзеравяны — дзеравяшкі).
Назоўнікі з суб’ектыўна-ацэначнымі значэннямі і стылістычнай мадыфікацыяй
§ 474. Назоўнікі з суб’ектыўна-ацэначнымі значэннямі і стылістычнай мадыфікацыяй з’яўляюцца суфіксальнымі дэрыватамі ад назоўнікаў усіх трох граматычных родаў, а таксама — множналікавых назоўнікаў. Суфіксы з гэтымі значэннямі далучаюцца да асноў як беларускіх, так і запазычаных слоў.
Суфіксы назоўнікаў мужчынскага роду
Суфіксы са структурным элементам -к-
§ 475. Суфікс -ак-а (-як-а). Назоўнікі з гэтым суфіксам маюць адценне зневажальнасці: каняка, скарпіяка.
Націск на суфіксе.
Тып непрадуктыўны.
§ 476. Суфікс -ік (-ык). Назоўнікі з гэтым суфіксам маюць памяншальнае значэнне, звычайна з экспрэсіяй ласкальнасці (воз — возік, конік), часам уніжальнасці (гаспадарык), а нярэдка — толькі ласкальнае значэнне (годзік). Утваральнымі выступаюць назоўнікі мужчынскага роду адушаўлёныя і неадушаўлёныя, агульныя і ўласныя (асабовыя), невытворныя і з суфіксамі -ец, -ар, -ач, -іст: дубец — дубчык, дудар — дударык, таўкач — таўкачык, трактарыст — трактарысцік, Кося — Косцік, Лёня — Лёнік, Толя — Толік, Шура — Шурык.
Утварэнні ад назваў жывёл адначасова маюць і мадыфікацыйнае значэнне ’дзіцяня жывёліны’: аленік, зубрык, лосік.
Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: дом — домік, нос — носік; ц—ч: рубец — рубчык, а таксама а — нуль гука: ногаць — ногцік, лапаць — лапцік.
Націск на перадсуфіксальным складзе.
У гутарковай мове словы з суфіксам -ік (-ык) нярэдка выкарыстоўваюцца як сродак падкрэсленай ветлівасці, напрыклад у гандлі: блакноцік, карандашык, вінегрэцік, перчык.
Тып высокапрадуктыўны ў гутарковым стылі і мастацкай мове.
§ 477. Суфікс -чык. Назоўнікі з гэтым суфіксам маюць тое ж эмацыянальна-ацэначнае значэнне, што і ў папярэднім тыпе (з суфіксам -ік). Суфікс -чык далучаецца да асноў на санорныя і губныя зычныя: дыван — дыванчык, каменьчык, карэньчык, пакойчык, праменьчык, экзэмплярчык, супчык, рукаўчык, касцюмчык.
Утваральнымі выступаюць назоўнікі неадушаўлёныя і адушаўлёныя, агульныя і ўласныя (асабовыя), невытворныя з названымі асновамі і з суфіксамі -ан, -ун: камень — каменьчык, лобан — лобанчык, скакун — скакунчык, Вяруньчык, Лявончык.
Націск на перадсуфіксальным складзе.
Тып прадуктыўны.
§ 478. Суфікс -ок (-ёк, -ак). Назоўнікі з гэтым суфіксам маюць памяншальнае або ласкальнае ці адначасова памяншальнае і ласкальнае значэнне, а часам і адценне фамільярнасці і зневажальнасці: гарадок, дамок, дубок, кручок, лянок, малюначак, пакуначак; браток, дзянёк, дробок, мужычок, панок, таварышок.
Утваральнымі выступаюць агульныя невытворныя назоўнікі (неадушаўлёныя і адушаўлёныя) і ўласныя (асабовыя), а таксама вытворныя з суфіксамі -ак, -ік, -нік, -ок: дуб — дубок, клён — клянок, пан — панок, сват — сваток; Ваня — Ванёк, Вася — Васёк; кругляк — круглячок, работнік — работнічак, вабік — вабічак, дожджычак, лісточак, дзянёчак. Назоўнікі на -ок (-ёк, -ак), утвораныя ад слоў з суфіксамі -ак, -ік (-ык), -ок з памяншальна-ласкальным значэннем, абазначаюць узмоцненую ступень ласкальнасці: падбародак — падбародачак, дубчык — дубчычак, носік — носічак, лянок — ляночак, гаёк — гаёчак.
Перад суфіксам заднеязычныя чаргуюцца з шыпячымі: бярэзнік — бярэзнічак, луг — лужок, смех — смяшок.
У назоўніках з суфіксам -ок націск на суфіксе, з суфіксам -ак — на тым складзе, што і ва ўтваральным слове.
Тып высокапрадуктыўны.
§ 479. Суфікс -ук (-юк). Назоўнікі з гэтым суфіксам маюць памяншальна-ласкальнае значэнне, а часам зневажальнае (хлопец — хлапчук, блазен — блазнюк).
Утваральнымі выступаюць агульныя і ўласныя назоўнікі са значэннем асобы мужчынскага полу: сябар — сябрук, Віця — Віцюк, Грыша — Грышук, Павел — Паўлюк, Пётр — Пятрук, Саша — Сашук.
Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: в’—ў і галосная — з нулём гука: сябар — сябрук, Павел — Паўлюк.
Націск на суфіксе ў пачатковай форме, ва ўскосных склонах — на канчатку.
Тып малапрадуктыўны.
§ 480. Суфікс -чук. Пры дапамозе гэтага суфікса ўтвараюцца агульныя (неадушаўлёныя і адушаўлёныя) назоўнікі і ўласныя (асабовыя) з памяншальным ці памяншальна-ласкальным значэннем, часам з адценнем непахвальнасці: хлеў — хляўчук, пень — пяньчук, пісарчук, паварчук, кухарчук, Ляванчук. Некаторыя з такіх слоў адначасова сумяшчаюць і значэнне недаросласці: кухарчук, паварчук.
Націск на суфіксе ў пачатковай форме, ва ўскосных склонах — на канчатку.
Тып малапрадуктыўны.
Суфіксы назоўнікаў жаночага роду
Суфіксы са структурным элементам -к-
§ 481. Суфікс -к-а. Назоўнікі з гэтым суфіксам утвараюцца ад неадушаўлёных і адушаўлёных, агульных і ўласных (асабовых) назоўнікаў жаночага роду, а таксама ад гутарковых форм мужчынскіх уласных імён на -а (-я) і маюць: 1) памяншальна-ласкальнае значэнне: бяроза — бярозка, галоўка, дарожка, крынічка, палічка, лялечка; Марыйка, Аленка, Зоська, Сашка, Алеська, Ванька; 2) памяншальнае значэнне: батарэя — батарэйка, горка, шуфлядка; 3) ласкальнае значэнне: нядзеля — нядзелька, пагодка, ночка, чацвёрачка, пяцёрачка, соценька, сярэдзінка, Аленка, Зоська; 4) памяншальна-зневажальнае: газета — газетка, ідэйка, сістэмка, тэарэмка. Пры пэўных умовах словы 2-ой і 4-ай груп могуць набываць і ласкальнае значэнне: цудоўная ідэйка, ідэальная шуфлядка.
Назоўнікі з суфіксам -к-а маюць узмацняльную ступень ласкальнасці, калі яны ўтвораны ад слоў з суфіксамі -к-а, -іц-а, -ушк-а: сярэдзінка — сярэдзіначка, сястрыца — сястрычка, дачушка — дачушачка.
Асобныя назоўнікі з суфіксам -к-а шырока выкарыстоўваюцца ў гутарковай мове для стварэння падкрэслена ветлівай афарбоўкі ў афіцыйных зносінах: пуцёвачка, даведачка, грамадзяначка, грудзіначка, няўвязачка, памылачка.
Перад суфіксам чаргуюцца заднеязычныя з шыпячымі: нага — ножка, рука — ручка, страха — стрэшка.
Націск на тым складзе, што і ва ўтваральным слове з націскам на аснове і на перадсуфіксальным складзе пры націскным канчатку ўтваральнага слова (гара́—горка, сцяна́—сце́нка).
Тып высокапрадуктыўны.
§ 482. Суфікс -інк-а (-ынк-а). Назоўнікі з гэтым суфіксам маюць памяншальнае (хусцінка, хмурынка), ласкальнае (сірата — сірацінка) або памяншальна-ласкальнае значэнне (слязінка, іскрынка).
Перад суфіксам парна-цвёрдыя чаргуюцца з мяккімі зычнымі: сляза — слязінка.
Фіналь -к- адсякаецца: хустка — хусцінка.
Націск на суфіксе.
Тып малапрадуктыўны.
Заўвага 1. Многія словы на -інка ўтвораны ад зборна-рэчыўных назоўнікаў і маюць мадыфікацыйнае значэнне адзінкавасці (сінгулятывы) і адначасова экспрэсію ласкальнасці: снег — сняжынка, золата — залацінка, раса — расінка, трава — травінка. Пры пераносным ужыванні ў такіх словах на першы план выступае ласкальнае ці памяншальна-ласкальнае значэнне.
Заўвага 2. Словы на -інка нярэдка з’яўляюцца вытворнымі ад назоўнікаў з суфіксам -ін-а (аблачына — аблачынка, кругліна — круглінка), таму яны належаць да эмацыянальна-экспрэсіўных утварэнняў з суфіксам -к-а.
§ 483. Суфікс -ушк-а. Назоўнікі з гэтым суфіксам маюць памяншальнае (кадзь — кадушка) ці ласкальнае (дачка — дачушка, з адсячэннем -к-) значэнне.
Націск на суфіксе.
Тып непрадуктыўны.
Заўвага. У слове цялушка суфікс -ушк-а мае мадыфікацыйнае значэнне ’самка—дзіцяня’ (утворана ад цяля); эмацыянальна-ацэначнае значэнне набывае ўтворанае ад яго пры дапамозе суфікса -к-а слова цялушачка.
Суфіксы са структурным элементам -ц-
§ 484. Суфікс -іц-а (-ыц-а). Неадушаўлёныя і адушаўлёныя назоўнікі з гэтым суфіксам маюць ласкальнае значэнне: вада — вадзіца, сястрыца, зямліца (нар.-паэт.).
Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: вада — вадзіца.
Націск на суфіксе.
Тып непрадуктыўны.
Суфіксы назоўнікаў ніякага роду
Суфіксы са структурным элементам -к-
§ 485. Суфікс -ейк-а (-айк-а). Назоўнікі з суфіксам -ейк-а (пасля асноў на няпарна-цвёрдыя -айк-а) маюць памяншальна-ласкальнае ці ласкальнае значэнне: сонца — сонейка, сэрцайка, госцейка.
Утваральнымі з’яўляюцца невытворныя (лета—лецейка) і зборныя назоўнікі з асіміляваным суфіксам -j- (голле — голлейка).
Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі, у слове сонейка адсутнічае фінальны -ц- ўтваральнай асновы.
Націск на тым складзе, што і ва ўтваральным слове.
Тып малапрадуктыўны.
Суфіксы са структурным элементам -ц-
§ 486. Суфікс -ц-а (-ц-о). Неадушаўлёныя назоўнікі з гэтым суфіксам маюць памяншальнае ці памяншальна-ласкальнае значэнне: балота — балотца, бярвенца (бервянцо), гуменца, долатца, дрэўца, дульца, золатца, каліўца, паленца, рыльца, шыльца, азярцо, жытцо, сяльцо.
Перад суфіксам чаргуюцца л—л’: дула — дульца, мыла — мыльца.
Націск пераважна на тым складзе, што і ва ўтваральным слове, у словах з суфіксам -ц-о — на канчатку, у словах, утвораных ад назоўнікаў з флексійным націскам,— на перадсуфіксальным складзе: бервяно — бярве́нца, гумно — гуме́нца, крыло — кры́льца.
Тып малапрадуктыўны.
Суфіксы, уласцівыя назоўнікам рознага роду
Суфіксы са структурным элементам -г-
§ 487. Суфікс -уг-а (-юг-а). Адушаўлёныя і неадушаўлёныя назоўнікі агульнага і мужчынскага роду маюць значэнне ўзмацняльнасці і зневажальнасці: звер — звяруга, зладзюга, лайдачуга, вятруга (усе — разм.).
Перад суфіксам чаргуюцца к—ч: лайдак — лайдачуга, воўк — ваўчуга.
Націск на суфіксе.
Тып малапрадуктыўны.
Суфіксы са структурным элементам -к-
§ 488. Суфікс -еньк-а (-аньк-а). Адушаўлёныя і неадушаўлёныя назоўнікі мужчынскага і жаночага роду маюць ласкальнае значэнне: бабуля — бабуленька, дзядуленька, матуленька, сватуленька, татуленька, Мішанька, зязюленька, ночанька, рэчанька.
Утваральныя — назоўнікі невытворныя (зязюля — зязюленька) і з суфіксам -ул-я (дзядуля — дзядуленька, татуля — татуленька). Утварэнні ад эмацыянальна-ацэначных назоўнікаў на -уля абазначаюць узмоцненую ступень ласкальнасці.
Перад суфіксам чаргуюцца к—ч: рука — ручанька, рака — рэчанька.
Націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах.
Тып малапрадуктыўны, утварэнні ўласцівы ў асноўным народна-паэтычнай мове.
§ 489. Суфікс -ечк-а (-ачк-а). Неадушаўлёныя назоўнікі ніякага роду маюць памяншальна-ласкальнае ці толькі ласкальнае значэнне: гняздо — гняздзечка, здароўечка, лісцечка, горачка.
Утваральныя — назоўнікі невытворныя (гняздо — гняздзечка), зборныя і абстрактныя з суфіксам -j-э (лісце — лісцечка, здароўе — здароўечка).
Націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах.
Тып малапрадуктыўны.
Суфіксы са структурным элементам -л-
§ 490. Суфікс -ул-я. Агульныя і ўласныя асабовыя назоўнікі маюць ласкальнае значэнне: бабуля, дзядуля, матуля, сынуля, татуля; Гануля, Настуля, Нінуля, Віцюля, Януля.
Утваральныя назоўнікі — назвы асоб жаночага і мужчынскага роду па лініі роднасці (баба — бабуля, дзед — дзядуля) і асабовыя ўласныя жаночыя і мужчынскія імёны: Ганна — Гануля, Насця — Настуля, Грыша — Грышуля, Ян — Януля.
Перад суфіксам парна-мяккія зычныя чаргуюцца з цвёрдымі: Насця — Настуля, маці — матуля.
Націск на суфіксе.
Тып прадуктыўны пры ўтварэнні асабовых імён.
Суфіксы са структурным элементам -н-
§ 491. Суфікс -ін-а (-ын-а). Адушаўлёныя і неадушаўлёныя назоўнікі маюць звычайна павелічальнае значэнне: гультаіна, звярына, лайдачына, галасіна, даміна, жываціна, халадзіна; радзей — памяншальна-ўніжальнае: хаціна.
Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: холад — халадзіна.
Націск на суфіксе.
Тып набывае прадуктыўнасць у гутарковай мове.
§ 492. Суфікс -ухн-а (-юхн-а). Адушаўлёныя і неадушаўлёныя назоўнікі мужчынскага, жаночага і ніякага роду маюць значэнне пашаны, павагі ці фамільярнасці: бацюхна, матухна, цётухна, дзетухна, долюхна, божухна.
Утваральныя назоўнікі — невытворныя (маці — матухна) і з суфіксам -к- (бацька — бацюхна). Некаторыя назоўнікі на -ухн-а маюць двайную суадноснасць: цётухна — цётка і цёця, матухна — маці і матка.
Націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах.
Тып набывае прадуктыўнасць у гутарковай мове і ў мове мастацкай літаратуры (сватухна, волюхна, зімухна).
§ 493. Суфікс -ун-я. Назоўнікі з гэтым суфіксам маюць ласкальна-фамільярнае ацэначнае значэнне: дзед — дзядуня, Грыша — Грышуня, Лора — Ларуня. Утваральнымі выступаюць у асноўным мужчынскія і жаночыя гутарковыя імёны: Дзіма—Дзімуня, Міця—Міцюня, Саша — Сашуня, Валя — Валюня.
Націск на суфіксе.
Тып прадуктыўны ў сферы ўтварэння гутарковых форм імён.
Суфіксы са структурным элементам -с-
§ 494. Суфікс -ус-я (-юс-я). Асабовыя назоўнікі мужчынскага і жаночага роду з суфіксам -ус-я (-юс-я) маюць ласкальна-фамільярнае значэнне: бабуся і дзядуся, Маруся, Таклюся, Ванюся.
Націск на суфіксе.
Тып прадуктыўны ў сферы ўтварэння эмацыянальна-ацэначных імён.
Суфіксы са структурным элементам -ч-
§ 495. Суфікс -ішч-а (-ышч-а). Неадушаўлёныя і адушаўлёныя назоўнікі мужчынскага, жаночага і ніякага роду з гэтым суфіксам маюць павелічальнае або павелічальна-зневажальнае значэнне: галасішча, дамішча, збанішча, кусішча, нажышча, ручышча, сілішча, халадзішча, кабанішча, каршунішча, шчупачышча.
Перад суфіксам парна-цвёрдыя зычныя чаргуюцца з мяккімі: акно — акнішча, сіла — сілішча; заднеязычныя — з шыпячымі: шчупак — шчупачышча, нага — нажышча.
Націск на суфіксе.
Тып прадуктыўны ў гутарковай мове і ў мове мастацкай літаратуры.
У адзінкавых словах вылучаюцца суфіксы -ец: паплавец, кубелец; -эч-а: халадэча; -іск-а: вятрыска, даміска (разм.).
Нульсуфіксальнае ўтварэнне назоўнікаў
§ 496. Пры нульсуфіксальным утварэнні назоўнікаў (назоўнікаў з нулявым суфіксам) адбываецца скарачэнне ўтваральнай асновы: адсякаецца тая фіналь (марфема), якая з’яўляецца словаўтваральнай адзнакай дзеяслова або прыметніка, а ўтваральная аснова без далучэння словаўтваральнага афікса становіцца асновай назоўніка.
Словаўтварэнне нярэдка суправаджаецца пераносам націску і чаргаваннем канцавога зычнага асновы: выходзіць — выхад, белы — бель, чырвоны — чырвань.
Аддзеяслоўныя назоўнікі
Назоўнікі мужчынскага роду I скланення
§ 497. Нульсуфіксальныя назоўнікі мужчынскага роду абазначаюць адцягненае дзеянне або стан; у іх семантыцы сумяшчаецца значэнне працэсу, адпаведнае ўтваральнаму дзеяслову, і значэнне назоўніка як часціны мовы: абмен, грук, намёк, напамін, подсціл, поціск, стук.
Назоўнікі гэтага тыпу нярэдка маюць другасныя прадметныя значэнні: месца дзеяння: абгон, уваход, пад’езд, выган; прылады дзеяння: адвал, заціск, паднос, прывод; аб’екта ці выніку дзеяння: абвал, абрэз, выраз; ладу, спосабу ажыццяўлення дзеяння: край, склад (розуму, думкі), быт.
Пры ўтварэнні назоўнікаў фінальная галосная інфінітыўнай асновы закончанага (незакончанага) трывання, а таксама суфіксы -ірава-, -ава-, -ва- адсякаюцца: аглядаць — агляд, дэбюціраваць — дэбют, дрэйфаваць — дрэйф, распытваць — роспыт. У некаторых выпадках утваральнай з’яўляецца форма інфінітыва цалкам: быць — быт.
Утваральнай можа выступаць і аснова цяперашняга часу: цвісці — цвітуць — цвет, гнесці — гнятуць — гнёт.
Чаргуюцца канцавыя зычныя: к—ч (плакаць — плач), шч—ск (пішчаць — піск), ч—к (крычаць — крык), дж—д (прыязджаць — прыезд); галосныя: і—о (набіраць — набор), нуль гука — о (б’юць — бой); j—ў (высеюць — высеў).
У большасці выпадкаў націск пераходзіць з канца асновы на склад ці на два ўперад: паціснуць — поціск, прапускаць — пропуск. Націскнымі выступаюць прэфіксы вы-, до-, под-, рос-, про-, по-, на-: выхад, допыт, подсціл, роспыт, пропуск, поціск, нараст. У асобных назоўніках націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах: абва́льваць — абва́л, падносіць — паднос.
Тып прадуктыўны.
Асобны тып складаюць нульсуфіксальныя назоўнікі мужчынскага роду з агульным значэннем ’прадмет — носьбіт працэсуальнай прыметы’. Яны называюць асобу — выканаўцу дзеяння: балабоніць — балабон (разм.), старажаваць — стораж, баяць — бай (гаварун, пустамеля), матаць — мот; прадмет — суб’ект дзеяння, а таксама прылады, інструмент, прыстасаванне, месца для выканання: нарастаць — нараст, праводзіць — провад, складаць — склад, пасадзіць — пасад, стаць (стануць, стане) — стан; аб’ект ці вынік дзеяння: садзіць — сад, рыць (рыюць) — рой (з чаргаваннем ы—о, j—ў), прышчапіць — прышчэп, загадаць — загад.
Марфалагічныя працэсы пры ўтварэнні слоў гэтага тыпу тыя, што і ў папярэднім тыпе. Але ў гэтым тыпе назоўнікаў націск на тым складзе, што і ва ўтваральных словах, адзначаецца часцей: балабоніць — балабон, гаварыць — гаварун.
Тып малапрадуктыўны.
Назоўнікі жаночага роду II скланення
§ 498. Нульсуфіксальныя назоўнікі жаночага роду II скланення абазначаюць адцягненае дзеянне або стан: абарона, аздоба, ахова, заваёва, павага, пагроза, пажыва, прысяга, разлука, расправа, язда. Некаторыя словы маюць другасныя канкрэтна-прадметныя значэнні: язда, пераправа, прыправа.
Парна-мяккія канцавыя зычныя асновы інфінітыва становяцца цвёрдымі: абараняць — абарона, ездзіць — язда, запрудзіць — запруда, чаргуюцца таксама (адваротнае чаргаванне) ч—к: разлучацца — разлука; ж—з: пагражаць — пагроза; ж—г: паважаць — павага; ш—х: пацяшаць — пацеха.
Націск пераважна на корані, у назоўніках з прыстаўкай вы- — на прыстаўцы: вы́плата, вы́дача, у асобных словах — на канчатку: язда́, яда́, хада́, пахвала́.
Тып прадуктыўны.
Асобны тып складаюць нульсуфіксальныя назоўнікі жаночага роду II скланення, якія маюць агульнае значэнне ’прадмет — носьбіт працэсуальнай прыметы’. Яны не маюць значэння дзеяння (стану), а называюць прылады, прыстасаванні для выканання дзеяння: апора, аправа, барана, дуда, піла; аб’ект дзеяння (рэчыва), сукупнасць прадметаў: ежа, пража, ноша; вынік дзеяння: закраса, запруда, прыправа, рошчына; месца дзеяння: засада, пожня.
Марфаналагічныя працэсы тыя, што і ў папярэднім тыпе. Чаргуюцца д—ж: ядуць — ежа, прадуць — пража; с’—ш: насіць — ноша; н—н’: пажнуць — пожня.
Націск на корані, акрамя слоў дуда́, піла́, по́жня, про́шва.
Тып прадуктыўны.
Назоўнікі агульнага роду
§ 499. Нульсуфіксальныя назоўнікі агульнага роду абазначаюць асобу, якая характарызуецца дзеяннем, названым утваральным словам: абжырацца — абжора, гарэза, задзіра, заіка, капрыза, мямля, падліза, пракуда, разява. Утварэнні адносяцца да экспрэсіўнай гутарковай і прастамоўнай лексікі. Словы слуга і прыслуга не маюць ацэначнага значэння.
Утваральныя — дзеясловы невытворныя і з суфіксам -ва-: мямліць — мямля, падлізвацца — падліза; прэфіксальныя: задзірацца — задзіра.
Фінальная галосная інфінітыўнай асновы, а таксама суфікс -ва- адсякаюцца. Парна-мяккія зычныя канца асновы чаргуюцца з цвёрдымі: гарэзіць — гарэза, пракудзіць — пракуда.
Націск на корані.
Тып прадуктыўны.
Назоўнікі жаночага роду III скланення
§ 500. Нульсуфіксальныя назоўнікі жаночага роду III скланення складаюць два малапрадуктыўныя тыпы.
1. Назоўнікі са значэннем адцягненага дзеяння ці стану: спавядаць — споведзь, спогадзь, рэзь, дзель, стынь, морась, замець.
Канцавая галосная інфінітыўнай асновы адсякаецца; цвёрдыя зычныя асновы змякчаюцца: рэзаць — рэзь, замятаць — замець.
Націск на першым складзе.
2. Назоўнікі з канкрэтна-прадметным значэннем. Яны абазначаюць: а) рэчыва ці сукупнасць прадметаў як аб’ект ці вынік дзеяння: завязаць — завязь, загарадзь, прывязь, проразь, прымесь; б) асоб, жывых істот (іх сукупнасць) як суб’ект дзеяння: заядаць — заедзь (абл.), навалакацца — навалач, набрыдаць — набрыдзь (абл.).
Марфаналагічныя працэсы тыя, што і ў папярэднім тыпе.
Націск на першым складзе.
Множналікавыя назоўнікі
§ 501. Нульсуфіксальныя множналікавыя назоўнікі складаюць два малапрадуктыўныя тыпы.
1. Назоўнікі са значэннем адцягненага дзеяння (стану), якое адбываецца доўгі час, паўтараецца, выконваецца многімі суб’ектамі: выбіраць — выбары, клопаты, лекі, роды, скокі, уцёкі.
2. Назоўнікі з канкрэтна-прадметным значэннем. Яны абазначаюць сукупнасць прадметаў ці асобны састаўны прадмет: паклады, залежы, ціскі, усходы, прыпасы, памыі.
Фінальная галосная інфінітыўнай асновы адсякаецца; утваральнай можа выступаць аснова цяперашняга часу: памы(jу)ць — памы(jі). Чаргуюцца ч—к: лячыць — лекі.
Націск звычайна на корані, але ціскі́, вы́бары.
