Артефакт.lib.ru
Сайт Андрея Пискунова Хостинг Lib.Ru

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел

Назоўнікі ад’ектыўнага скланення і прэфіксальныя назоўнікі

§§ 502–547

Адпрыметнікавыя назоўнікі

Назоўнікі мужчынскага роду I скланення

§ 502. Нульсуфіксальныя назоўнікі мужчынскага роду складаюць тры тыпы.

1. Назоўнікі са значэннем ’носьбіт прыметы’. Яны абазначаюць асобу (арыгінал, інтэлектуал, нейтрал), неадушаўлёныя прадметы (факультатыў, эластык, пластык). Утваральнымі выступаюць прыметнікі з суфіксамі -н-, -чн- (у вытворным слове яны адсутнічаюць): нейтральны — нейтрал, пластычны — пластык.

Парна-мяккія зычныя чаргуюцца з цвёрдымі: арыгінальны — арыгінал; ч—к: эластычны — эластык.

Націск на тым складзе, што і ва ўтваральным слове. Выключэнне: эла́стык, пла́стык.

Тып набывае прадуктыўнасць у размоўным стылі.

2. Назоўнікі са значэннем адцягненай прыметы, якія ўласцівы гутарковай мове (часта прафесіянальнай): інтым, нервоз (нервознасць), прымітыў, сур’ёз (на поўным сур’ёзе).

Фіналь утваральных слоў -н- адсякаецца (інтымны — інтым, прымітыўны — прымітыў).

Націск на тым складзе, што і ва ўтваральным слове.

Тып набывае прадуктыўнасць у гутарковай мове.

3. Назоўнікі мужчынскага роду — назвы гарадоў. Яны ўтвараюцца ад адносных прыметнікаў і ўласных асабовых прозвішч на -скі (-цкі): белаазерскі — Белаазерск, Задонск, Камсамольск, Прыморск, Дзяржынскі — Дзяржынск, Урыцкі — Урыцк.

Тып прадуктыўны.

Назоўнікі жаночага роду III скланення

§ 503. Нульсуфіксальныя назоўнікі жаночага роду III скланення абазначаюць адцягненую прымету: бель, глуш, зелень, мель, прэль, сінь, чырвань. Нярэдка гэтыя ўтварэнні маюць таксама зборнае ці рэчыўнае значэнне: гніль, погань (разм.), моладзь, зелень. Утваральныя — прыметнікі невытворныя: белы — бель, з суфіксам -н-: дрэнны — дрэнь, рванае — рвань (спец.).

Фіналі асновы прыметніка -ок-, -к-, -н- адсякаюцца.

Чаргуюцца парна-цвёрдыя зычныя з мяккімі: высокі — высь, далёкі — даль, мелкі — мель, белы — бель, дрэнны — дрэнь, а таксама х—ш: глухі — глуш.

Тып малапрадуктыўны.

Назоўнікі ніякага роду

§ 504. Нульсуфіксальныя назоўнікі ніякага роду называюць абагульненае паняцце паводле якасці, абазначанай утваральным прыметнікам: добры — дабро, зло, ліха, цяпло.

Націск на флексіі, але лі́ха.

Тып непрадуктыўны.

Назоўнікі жаночага роду II скланення і агульнага роду

§ 505. Яны абазначаюць асоб ці прадметы (з’явы, стан), якія характарызуюцца прыметай, названай утваральным словам: густы — гушча, здыхля, капрыза, мурза, поўня, тоўшча (спец.), ціша.

Фіналі ўтваральных асноў -ат-, -н- адсякаюцца (мурзаты — мурза, капрызны — капрыза).

Націск на тым складзе, што і ва ўтваральным слове, але раўня́, му́рза.

Тып набывае прадуктыўнасць у гутарковай мове (нязграбны — нязграба, нахабны — нахаба, чорны — чэрня).

Адсубстантыўныя назоўнікі

§ 506. Нульсуфіксальным спосабам утвараюцца назоўнікі жаночага роду трох тыпаў.

1. Жаночыя прозвішчы ад мужчынскіх беларускіх прозвішч на -оў (-ёў), -аў (-еў), -ін (-ын): Адамаў — Адамава, Кісялёў — Кісялёва, Фамін — Фаміна.

Тып непрадуктыўны.

2. Назоўнікі жаночага роду ад’ектыўнага скланення ад назоўнікаў мужчынскага роду таго ж тыпу скланення. Утваральнымі выступаюць уласныя асабовыя прозвішчы: Белы — Белая, Дзясніцкі — Дзясніцкая, Кароткі — Кароткая, Кісялеўскі — Кісялеўская, Лісоўскі — Лісоўская, Маеўскі — Маеўская; агульныя назоўнікі, аманімічныя з утваральнымі прыметнікамі і дзеепрыметнікамі: вартавы — вартавая, дзяжурная, глухая, сляпая, хворая, а таксама тыя, што не маюць амонімаў: важаты — важатая, падсудны — падсудная.

Тып прадуктыўны.

3. Назоўнікі жаночага роду II скланення, суадносныя з назоўнікамі мужчынскага роду I скланення. Утваральнымі выступаюць — уласныя імёны: Алесь — Алеся, Аляксандр — Аляксандра, Валянцін — Валянціна, Серафім — Серафіма; агульныя асабовыя назоўнікі: кум — кума, маркіз — маркіза, сіньёр — сіньёра, унук — унуча, цесць — цешча. Асобна стаіць слова ліса (ад ліс) са значэннем ’самка жывёліны’.

Тып непрадуктыўны.

Адпрыметнікавыя і аддзеепрыметнікавыя назоўнікі ад’ектыўнага скланення

§ 507. Назоўнікі ад’ектыўнага скланення з’явіліся ў выніку субстантывацыі прыметнікаў і дзеепрыметнікаў. Яны захоўваюць частку сістэмы канчаткаў утваральных прыметнікаў і дзеепрыметнікаў. Паводле структуры такія назоўнікі нічым не адрозніваюцца ад утваральных слоў, за выключэннем таго, што субстантываваныя прыметнік і дзеепрыметнік звычайна выкарыстоўваюцца ў форме аднаго роду і ліку.

Назоўнікі ад’ектыўнага скланення, утвораныя ад прыметнікаў

Назоўнікі мужчынскага роду

§ 508. Яны складаюць два тыпы.

1. Назоўнікі са значэннем асобы. Сюды адносяцца назвы асобы паводле характэрнай прыметы (бязрукі, бязногі, малады, сляпы, старшы, хворы) або па адносінах асобы да прадмета, з’явы, да якіх яна мае дачыненне (ваенны, звенавы, патрульны, ротны, сувязны, участковы), ці па адносінах да дзеяння (ездавы, сустрэчны, ссыльны).

Тып прадуктыўны ў спецыяльнай тэрміналогіі.

2. Назоўнікі, якія называюць жывёл. Гэта — мянушкі жывёл: Гнеды, Буланы, Чорны, Пярэсты, Сівы або агульныя назвы: касалапы (мядзведзь), касы (заяц), рагаты (алень), шэры (воўк).

Тып малапрадуктыўны.

Назоўнікі жаночага роду

§ 509. Яны складаюць тры тыпы.

1. Назвы памяшкання: а) паводле дзеяння, якое там адбываецца: аперацыйная, перавязачная, прыёмная; б) паводле прадмета, які там знаходзіцца ці вырабляецца: булачная, ванная, закусачная, чайная; в) паводле асобы, для якой яно прызначана: дзіцячая, настаўніцкая, прафесарская, слясарная, сталярная.

Тып прадуктыўны.

Заўвага. Словы гэтага тыпу часткова з’яўляюцца запазычаннем з рускай мовы, часткова ўтвораны ў беларускай мове па мадэлі, характэрнай для рускай мовы.

2. Назвы афіцыйных папер, дакументаў: пахавальная, накладная, суправаджальная.

Тып набывае прадуктыўнасць у справаводстве.

Назоўнікі ніякага роду

§ 510. Яны складаюць чатыры тыпы.

1. Абагульненыя назвы з’яў, якія характарызуюцца прыметай, абазначанай утваральным прыметнікам: блізкае, вядомае, далёкае, дзівоснае, людское, невядомае, новае, роднае, старое, чалавечае.

Тып прадуктыўны.

2. Назвы адзення, страў, лякарстваў: зімовае, летняе, цывільнае, штатскае, заліўное, салодкае, слабіцельнае, снатворнае.

Тып прадуктыўны.

3. Назвы новых населеных пунктаў негарадскога тыпу: Глыбокае, Дачнае, Піянерскае, Снежнае, Ягаднае.

Тып малапрадуктыўны.

4. Назвы адзінак класіфікацыі расліннага і жывёльнага свету. Пры абазначэнні адной асобіны, каліва назоўнік мае форму ніякага роду, а пры абазначэнні віду, разраду, сямейства, класа — форму множнага ліку: хабатковае (хабатковыя), бясхвостае (-ыя), ракападобнае (-ыя), бабовае (-ыя), сумчатае (-ыя).

Тып мае прадуктыўнасць у прыродазнаўчай тэрміналогіі.

Множналікавыя назоўнікі

§ 511. Яны называюць від выплатных грошай: адпускныя, аўтарскія, пад’ёмныя, прэміяльныя, сутачныя.

Тып прадуктыўны.

Эліптычная субстантывацыя

§ 512. Да гэтага тыпу словаўтварэння адносяцца назоўнікі ад’ектыўнага скланення, якія ўжываюцца ў мове як сінонімы да словазлучэнняў „назоўнік + прыметнік” у ролі азначэння: кантрольная (кантрольная работа). Такія субстантываты ўзнікаюць у выніку эліптацыі (пропуску) назоўніка, да якога адносіцца прыметнік, і гэты прыметнік бярэ на сябе яго функцыю. Родовая і лікавая форма субстантывата залежыць ад роду і ліку апускаемага назоўніка: выхадны (дзень), зборная (каманда), сухое, сталовае (віно), майскія (святы).

Тып прадуктыўны.

Назоўнікі ад’ектыўнага скланення, утвораныя ад дзеепрыметнікаў

Назоўнікі мужчынскага роду

§ 513. Яны абазначаюць асобу паводле дзеяння, якое яна выконвае: камандуючы, памагаты, служачы, упраўляючы, веруючы, ці якому яна падверглася: абвінавачаны, арыштаваны, асуджаны, камандзіраваны, упаўнаважаны, забіты.

Тып малапрадуктыўны.

Утварэнні ўласцівы кніжнаму стылю.

Назоўнікі ніякага роду

§ 514. Яны маюць значэнне абагульненай з’явы, якая характарызуецца адносінамі да дзеяння, названага ўтваральным дзеепрыметнікам: аджылае, мінулае, пройдзенае, сказанае, пачутае, чакаемае. Сюды ж адносяцца навуковыя тэрміны: аднімаемае, дзялімае.

Тып малапрадуктыўны.

Прэфіксальныя назоўнікі

§ 515. Прэфіксальным спосабам новыя словы ўтвараюцца ад ўтваральных, як правіла, не змяняючы іх формы. Толькі ў асобных выпадках націск пераходзіць на іншы склад. У сувязі з гэтым родавая і лікавая характарыстыка вытворных слоў не паказваецца; адступленні ад месца націску ўтваральных слоў будуць адзначацца ў тыпах з тым ці іншым прэфіксам.

§ 516. Назоўнікі з прэфіксам ад- абазначаюць прадмет ці з’яву, падобныя да тых ці аднолькавыя з тымі, што названы ўтваральным словам, але ў меншай ступені праяўлення прыметы: бліск — адбліск, звон — адзвон, адмель, адранак, адсвет.

Тып непрадуктыўны. Больш пашыраны ўтварэнні з сінанімічным (дублетным) прэфіксам вод- (гл. § 521).

§ 517. Назоўнікі з прэфіксам анты- абазначаюць супрацьлеглае, процідзейнае таму, што названа ўтваральным словам: герой — антыгерой, антыдэмакратыя, антыкосмас, антыкрытыка, антыракета, антысвет, антысемітызм, антытэзіс, антыфашыст, антыцыклон.

Тып набывае прадуктыўнасць у сферы грамадска-палітычнай і навукова-тэхнічнай тэрміналогіі.

§ 518. Назоўнікі з прэфіксам архі- абазначаюць больш высокую ступень таго, што названа ўтваральным словам: махляр — архімахляр, архімільянер, архіскептык, архішэльма. У назвах царкоўных пасад і званняў прэфікс архі- мае значэнне ’старшы ў званні’: архідыякан, архіпастыр, архіепіскап.

Тып набывае прадуктыўнасць у газетна-публіцыстычным стылі.

§ 519. Назоўнікі з прэфіксам без- (бяз-, бес-, бяс-) абазначаюць адсутнасць таго або супрацьлегласць таму, што названа ўтваральным словам: парадак — беспарадак, бессвядомасць, бессістэмнасць, бяздзейнасць.

Тып набывае прадуктыўнасць пры ўтварэнні адцягненых назоўнікаў.

Заўвага. Словы на -асць адначасова суадносяцца з прыметнікамі (бессвядомы — бессвядомасць) і могуць кваліфікавацца як вытворныя ад іх.

§ 520. Назоўнікі з прэфіксам віцэ- маюць значэнне ’другі па пасадзе, чыну, званню’: прэзідэнт — віцэ-прэзідэнт, віцэ-канцлер, віцэ-консул, віцэ-адмірал, віцэ-чэмпіён.

Тып малапрадуктыўны.

§ 521. Назоўнікі з прэфіксам вод- абазначаюць прадмет ці з’яву, падобныя да той, што названа ўтваральным словам, але ў меншай ступені праяўлення прыметы: блеск — водблеск, водгалас, водгук, водмель.

Тып непрадуктыўны.

§ 522. Назоўнікі з прэфіксам да- абазначаюць тое, што папярэднічае названаму ўтваральным словам: гісторыя — дагісторыя.

Тып непрадуктыўны.

§ 523. Назоўнікі з прэфіксам дыс- абазначаюць адсутнасць таго або супрацьлегласць таму, што названа ўтваральным словам: баланс — дысбаланс, дысгармонія, дыскаардынацыя, дыскамфорт, дыскваліфікацыя, дыспрапорцыя.

Тып набывае прадуктыўнасць у тэрміналогіі.

§ 524. Назоўнікі з прэфіксам дэ- (дэз-) абазначаюць супрацьлеглае або адваротнае таму, што названа ўтваральным словам: арганізацыя — дэзарганізацыя, дэзынфекцыя, дэкваліфікацыя, дэмантаж, дэмаскіроўка, дэмабілізацыя. Утварэнні звычайна суадносяцца з назоўнікамі на -ацыя, -цыя. Адначасова словы гэтага тыпу суадносяцца з дзеясловамі з адпаведнымі прэфіксамі (дэмантаж — мантаж і дэманціраваць). Словы дэзінфармацыя і дэзарыентацыя маюць іншае значэнне — ’няправільная інфармацыя (арыентацыя)’.

Тып мае прадуктыўнасць у навуковай тэрміналогіі і газетна-публіцыстычным стылі.

§ 525. Назоўнікі з прэфіксам за- складаюць два тыпы.

1. Назоўнікі, якія называюць тое, што і ўтваральнае слова, але часам меншага памеру: пазуха — запазуха, куток — закутак (з пераходам націску на прыстаўку).

Тып непрадуктыўны.

2. Утварэнні, якія называюць штосьці за межамі ці сумежнае з тым, што абазначана ўтваральным словам: граніца — заграніца, такт — затакт.

Тып непрадуктыўны.

§ 526. Назоўнікі з прэфіксам звыш- абазначаюць прадметы з уласцівасцямі, якія значна перавышаюць уласцівасці тых прадметаў, што названы ўтваральным словам: генератар — звышгенератар, звышкамплект, звышмагутнасць, звышправоднасць, звышхуткасць.

Тып мае прадуктыўнасць у навуковай тэрміналогіі і газетна-публіцыстычным стылі.

§ 527. Назоўнікі з прэфіксам контр- абазначаюць той жа прадмет, з’яву, дзеянне, што і ўтваральнае слова, але са значэннем супрацьнакіраванасці, дзеяння ў адказ: армія — контрармія, контрмера, контрразведка, контрудар.

Тып прадуктыўны ў навуковай і вайсковай тэрміналогіі.

§ 528. Назоўнікі з прэфіксам над- абазначаюць прадметы і з’явы, якія маюць тыя ж уласцівасці, што названыя ўтваральным словам, але якія займаюць у прасторы ці класіфікацыі месца над імі: надзагаловак, надкіслата, надсістэма, скурка — надскурка, надчалавек.

Тып набывае прадуктыўнасць у навуковай тэрміналогіі і гутарковым стылі.

§ 529. Назоўнікі з прэфіксам не- (ня-) абазначаюць адсутнасць таго або супрацьлегласць таму, што названа ўтваральным словам: павага — непавага, непагода, непарадак, непрыяцель, нераўня, неспакой, неўраджай, нечалавек, няволя, нядоля, няласка, няўдача, няшчасце.

Тып прадуктыўны.

§ 530. Назоўнікі з прэфіксам обер- абазначаюць асобу, якая з’яўляецца старшай паводле пасады, чыну за названую ўтваральным словам: афіцэр — обер-афіцэр, обер-кандуктар, обер-майстар.

Тып малапрадуктыўны.

§ 531. Назоўнікі з прэфіксам пад- складаюць тры тыпы.

1. Назоўнікі са значэннем падпарадкаванасці: а) неадушаўлёныя назоўнікі звычайна называюць частку цэлага: пункт — падпункт, падраздзел, падклас, падстанцыя, падкамісія; б) адушаўлёныя назоўнікі маюць значэнне ’ніжэйшы ў адносінах звання ці пасады’: палкоўнік — падпалкоўнік, падмайстар, падштурман, падпрапаршчык, падпаручнік, падшліфоўшчык.

Прадуктыўны падтып «а».

2. Назоўнікі са значэннем тоеснасці або падабенства: груздзь — падгруздзь, зялёнкі — падзялёнкі (абл.), падрашэтнікі (абл.), падкаракуль, падкоцік, падсак.

Тып набывае прадуктыўнасць у гутарковай мове.

3. Назоўнікі з лакальным значэннем ’тое, што знаходзіцца пад тым, побач з тым ці схавана за тым, што названа ўтваральным словам’: загаловак — падзагаловак, падтропікі, падтэкст, падсвядомасць, падпаха, падстрэха (абл.).

Тып малапрадуктыўны.

§ 532. Назоўнікі з прэфіксам по- (па-) называюць прадметы, з’явы, падобныя да тых, што абазначаны ўтваральным словам: века — павека, голас — погалас (разм.), заранак — пазаранак (абл.), куб — покуб (абл.).

Тып непрадуктыўны.

§ 533. Назоўнікі з прэфіксам пасля- абазначаюць з’яву, якая падобна да той, што названа ўтваральным словам, але адбываецца пасля яе: дзеянне — паслядзеянне, пасляўздзеянне.

Тып непрадуктыўны.

§ 534. Назоўнікі з прэфіксам пера- абазначаюць паўторнасць дзеяння або з’явы, названых утваральным словам: выбары — перавыбары, перакамісія, перарасход, перарэгістрацыя, перасуд.

Тып набывае прадуктыўнасць у спецыяльнай тэрміналогіі.

§ 535. Назоўнікі з прэфіксам перад- (прад-) маюць значэнне ’размешчаны перад тым ці папярэднічае ў часе таму, што названа ўтваральным словам’: гісторыя — перадгісторыя, перадкамера, перадстэп, перадумова, Альпы — перадальпы.

Тып набывае прадуктыўнасць у навукова-тэхнічнай тэрміналогіі.

§ 536. Назоўнікі з прэфіксам пра- складаюць чатыры тыпы.

1. Назвы асоб — прыхільнікаў таго, хто названы ўтваральным словам: амерыканец — праамерыканец, прасацыяліст, прафашыст.

Тып набывае прадуктыўнасць у грамадска-палітычнай тэрміналогіі.

2. Назоўнікі са значэннем асобы ці прадмета, якія замяняюць таго, хто названы (што названа) утваральным словам: консул — праконсул, прарэктар, прасемінарый.

Тып непрадуктыўны.

3. Назоўнікі, якія абазначаюць аддаленыя ступені прамога сваяцтва па ўзыходнай ці сыходнай лініях: дзед — прадзед, прабабка, праўнук, праўнучка, прабацька (уст.). Прэфікс пра- можа паўторна далучацца да слоў з прэфіксам пра-, утвараючы назвы больш аддаленых ступеней прамога сваяцтва: прапрабабка, прапраўнук, прапрадзед, прапраўнучка.

Тып непрадуктыўны.

4. Назоўнікі са значэннем першапачатковасці, спрадвечнасці з’явы, названай утваральным назоўнікам: германцы — прагерманцы, прагісторыя, прамова, пранарод, прарадзіма.

§ 537. Назоўнікі з прэфіксам прота- (прата- без пабочнага націску) складаюць два тыпы.

1. Назоўнікі, якія абазначаюць старшую ў званні ці чыне асобу ў параўнанні з той, што названа ўтваральным словам: дыякан — протадыякан, протаіерэй, пратапоп (усе — царк.).

Тып непрадуктыўны.

2. Назоўнікі, якія абазначаюць першапачатковасць таго, што названа ўтваральным словам: заалогія — протазаалогія, пратазорка, пратакок, протанеаліт, пратанема, пратаплазма, прататып, прататрактар.

Тып прадуктыўны ў навуковай тэрміналогіі.

§ 538. Назоўнікі з прэфіксам проці- абазначаюць прадметы, з’явы і дзеянні, процілеглыя тым, што названы ўтваральным словам: вага — процівага, процідзеянне, процілодачнік, проціракета, проціслізгаценне, процістаянне, проціўгон, проціцячэнне.

Націск асноўны на тым складзе, што і ва ўтваральным слове, дадатковы — на прэфіксе.

Тып прадуктыўны ў сферы спецыяльнай тэрміналогіі.

§ 539. Назоўнікі з прэфіксам пры- складаюць два тыпы.

1. Назвы тэрыторыі, якая мяжуе з тым, што абазначана ўтваральным словам: горад — прыгарад, Балтыка — Прыбалтыка, Прыкаспій, Прычарнамор’е. Семантычна адасоблена слова прыназоўнік.

Тып непрадуктыўны.

2. Назоўнікі са значэннем дадатковасці ці суправаджэння таго, што названа ўтваральным словам: гук — прыгук, прысвіст, прысмак, прыказка (зачын казкі).

Націск на прэфіксе.

Тып непрадуктыўны.

§ 540. Назоўнікі з прэфіксам рэ- складаюць два тыпы.

1. Назоўнікі, якія абазначаюць паняцце, супрацьлеглае таму, што названа ўтваральным словам: агент — рэагент, рээвакуацыя, рээкспарт, рээмігрант, рээміграцыя.

Тып непрадуктыўны.

2. Назоўнікі, якія абазначаюць паўторнасць дзеяння, з’явы, названай утваральным словам: ампутацыя — рэампутацыя, рэарганізацыя, рэмілітарызацыя, рэтрансляцыя.

Тып прадуктыўны ў спецыяльнай тэрміналогіі. Назоўнікі гэтага тыпу суадносяцца таксама з дзеясловамі з прэфіксам рэ-: рэарганізацыя — арганізацыя і рэарганізаваць.

§ 541. Назоўнікі з прэфіксам са- (су-) маюць значэнне сумеснасці, узаемнай сувязі з асобай ці прадметам, названымі ўтваральным словам: аўтар — сааўтар, сабрат, савучань, саўдзельнік, саўдзел, сумножнік, сунаследнік, супесак, суграмадзянін, сурэжысёр, сучлен. Семантычна адасоблены словы садаклад і садакладчык, якія маюць значэнне падначаленасці, дадатковасці. Слова садакладчык суадносіцца не толькі са словам дакладчык, але і са словам садаклад.

Тып прадуктыўны ў кніжных стылях.

§ 542. Назоўнікі з прэфіксам суб- складаюць два тыпы.

1. Назоўнікі, якія абазначаюць тое, што знаходзіцца ніжэй ці мяжуе з тым, што названа ўтваральным словам: стратасфера — субстратасфера, субтропікі, субтытры, Субарктыка.

Тып прадуктыўны ў навуковай тэрміналогіі.

2. Назоўнікі, якія абазначаюць прадмет, што складае частку таго ці падначалены таму, што названа ўтваральным словам: арэнда — субарэнда, субардынатар, субдамінанта, субінспектар, субпрадукты, суб’ядро.

Тып прадуктыўны ў спецыяльнай тэрміналогіі.

§ 543. Назоўнікі з прэфіксам супер- маюць значэнне больш высокай якасці ці ўзмоцненага дзеяння ў параўнанні з тым, што названа ўтваральным словам: мода — супермода, супертанкер, суперэкспрэс, суперфасфат, суперэліта, суперцэмент, суперклад. Семантычна адасоблена слова супервокладка (’размешчана зверху’).

Тып набывае прадуктыўнасць у тэрміналогіі і газетна-публіцыстычным стылі.

§ 544. Назоўнікі з прэфіксам супраць- маюць тое значэнне, што і з прэфіксам проці-, але менш ужывальныя: дзеянне — супрацьдзеянне, супрацьлодачнік, супрацьракета, супрацьслізгаценне, супрацьстаянне, супрацьцячэнне, супрацьугон.

Тып прадуктыўны ў спецыяльнай тэрміналогіі.

§ 545. Назоўнікі з прэфіксам ультра- маюць тое значэнне, што і з прэфіксам звыш-: гук — ультрагук, ультрамарын, ультраструктура, ультрафільтр.

Тып набывае прадуктыўнасць у спецыяльнай тэрміналогіі.

§ 546. Назоўнікі з прэфіксам экс- маюць значэнне ’раней быў тым, хто названы ўтваральным словам’: рэкардсмен — экс-рэкардсмен, экс-чэмпіён, экс-прэзідэнт, экс-міністр.

Тып мае прадуктыўнасць у кніжных стылях.

§ 547. Назоўнікі з прэфіксам экстра- маюць тое значэнне, што і з прэфіксам звыш-: клас — экстраклас, экстраматч, экстрамода, экстратрактар.

Тып прадуктыўны.

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел