Артефакт.lib.ru
Сайт Андрея Пискунова Хостинг Lib.Ru

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел

Прэфіксальна-суфіксальныя назоўнікі

§§ 548–594

Прэфіксальна-суфіксальныя назоўнікі

§ 548. Прэфіксальна-суфіксальныя назоўнікі ўтвараюцца ў асноўным ад саміх назоўнікаў, рэдка — ад дзеясловаў і прыметнікаў. Утварэнні звычайна маюць націск на перадсуфіксальным складзе. Перад суфіксам назіраюцца тыя ж марфаналагічныя з’явы, што і пры ўтварэнні суфіксальных назоўнікаў з адпаведным фармантам. З улікам гэтага і з мэтай пазбегнуць паўтарэння акцэнтуацыя і марфаналогія пры апісанні словаўтварэння прэфіксальна-суфіксальных назоўнікаў не разглядаюцца, за выключэннем спецыфічных выпадкаў. Пра гэта гл. у канцы раздзела.

§ 549. Назоўнікі з прэфіксам а- і суфіксам -ак/-ек (пасля мяккіх асноў) утвараюцца ад назоўнікаў і дзеясловаў.

Адназоўнікавыя назоўнікі складаюць два тыпы.

1. Назоўнікі са значэннем ’прадмет, які мяжуе з тым ці з’яўляецца часткай таго, што названа ўтваральным словам’: гуз — агузак, адонак, апечак, асяродак (ад сярэдзіна, з адсячэннем -ін-), ашыек.

2. Словаўтваральныя сінонімы-дублеты: бярэмя — абярэмак, зад — азадак, край — акраек.

Тыпы непрадуктыўныя.

Адназоўнікавыя ўтварэнні (адзінкавыя) з тым жа прэфіксам і суфіксамі -к-а, -ец, -ін-а, -іц-а, -к-і, -нік маюць аналагічнае значэнне: пень — апенька (апенькі), абочына, акраец, аселіца, ашыйнік.

Аддзеяслоўныя назоўнікі мужчынскага роду маюць значэнне ’нешта лішняе, што застаецца пасля выканання адпаведнага дзеяння’: таптаць — атопак (мн. л. атопкі), асколак, акраек і акравак.

Тып мае некаторую прадуктыўнасць у гутарковай мове.

§ 550. Адназоўнікавыя назоўнікі з прэфіксам а- і суфіксам -j- маюць значэнне ’тое, што мяжуе ці з’яўляецца часткай названага ўтваральным словам’: кара — акор’е, зад — азаддзе, хвост — ахвосце.

Тып непрадуктыўны.

§ 551. Множналікавыя назоўнікі з прэфіксам а- і суфіксам -к-і ўтвараюцца ад дзеясловаў і абазначаюць адходы як вынік адпаведнага дзеяння: часаць — ачоскі, трусіць — атрускі, церабіць — ацяробкі.

Тып непрадуктыўны.

§ 552. Назоўнікі з прэфіксам аб- і суфіксамі -ак/-к-і ўтвараюцца ад дзеясловаў і назоўнікаў.

Аддзеяслоўныя назоўнікі маюць значэнне ’тое, што застаецца пасля выканання адпаведнага дзеяння’: есці (ядуць) — аб’едкі, насіць — абноскі, а таксама аб’едак, абносак.

Тып непрадуктыўны.

Адназоўнікавыя назоўнікі абазначаюць прадмет (рэчыва, прастору), які мяжуе з тым, што названы ўтваральным словам: нага — абножка (спец. — ’пылок з кветак’) і абножкі (від воўны).

Тып непрадуктыўны.

§ 553. Адназоўнікавыя назоўнікі з прэфіксам ад- і суфіксам -ак маюць значэнне непаўнаты праяўлення таго, што названа ўтваральным словам: зіма — азімак, нара — аднорак, рой — адроек, голас — адгалосак, вечар — адвячорак, жыла — аджылак.

Тып непрадуктыўны.

§ 554. Адназоўнікавыя назоўнікі з прэфіксам ад- (вод-) і суфіксам -j- маюць тое ж значэнне, што і папярэдні тып: гара — адгор’е, адгалоссе, водгулле.

Тып непрадуктыўны.

§ 555. Адназоўнікавыя назоўнікі з прэфіксам анты- і суфіксам -ін абазначаюць сродак, які дзейнічае супраць таго, што названа ўтваральным словам: грып — антыгрыпін, камар — антыкамарын, спазм — антыспазмін.

Тып прадуктыўны ў спецыяльнай тэрміналогіі.

§ 556. Адназоўнікавыя назоўнікі з прэфіксам без- і суфіксамі -ак, -к-а, -авіч, -ец, -іц-а, -нік, -ух-а абазначаюць прадметы, асобу і з’явы, якія характарызуюцца адсутнасцю таго, што названа ўтваральным словам: козыр — бесказырка, безнасенка, безрукаўка, бессямянка, бязбацькавіч, бяздомнік, бяздзетуха, бясхлебіца, бязладзіца, бясцэнак.

Тыпы непрадуктыўныя.

§ 557. Адназоўнікавыя назоўнікі з прэфіксам без- і суфіксамі -j-э/-оўj-э называюць з’яву, стан, якія характарызуюцца адсутнасцю таго, што абазначана ўтваральным словам: грошы — безграшоўе, бездажджоўе, бяздум’е, бязладдзе, бязлессе, бязлюддзе, бязмежжа, бязрыб’е.

Прадуктыўны тып з суфіксам -j-э.

§ 558. Адназоўнікавыя назоўнікі з прэфіксам за- і суфіксамі -ак/-ек складаюць два тыпы.

1. Назоўнікі са значэннем падабенства; яны называюць тыя прадметы і з’явы, што і ўтваральныя словы, але з дадатковым значэннем зменшанасці, меншай ступені праяўлення стану, з’явы: зіма — зазімак ’невялікі мароз’, цемень — зацемак (з адсячэннем -ень), ціша — зацішак, канура — заканурак, мароз — замаразак.

Тып непрадуктыўны.

2. Назоўнікі са значэннем ’тое, што знаходзіцца за тым, што названа ўтваральным словам’: вуліца — завулак, загрывак, задворак, закраек, запечак, застаронак, застрэшак, залобак і зашчытак (абл.).

Тып малапрадуктыўны.

§ 559. Адназоўнікавыя і адпрыметнікавыя назоўнікі з прэфіксам за- і суфіксам -j-э маюць значэнне ’месца, тэрыторыя, размешчаныя па той бок таго, што названа ўтваральным словам’. Утваральнымі выступаюць агульныя назоўнікі і ўласныя геаграфічныя назвы — аднаслоўныя і неаднаслоўныя (з прыметнікамі): балота — забалоцце, завуголле, загор’е, запечча, заплечча, зарэчча, застрэшша, Забайкалле, Закарпацце, Занямонне, Запаляр’е (ад за Палярным кругам).

Тыпы прадуктыўныя ў тапаніміцы.

§ 560. Прэфікс за- вылучаецца ў адзінкавых утварэннях з суфіксамі -ень, -нік, -шчык: зуб — зазубень, тыл — затыльнік, капёр — закапёршчык.

Тып непрадуктыўны.

§ 561. Адназоўнікавыя назоўнікі з прэфіксам між- і суфіксам -j-э называюць прастору паміж прадметамі, названымі ўтваральным словам, або прамежкавы час: акно — міжаконне, міжброўе, міжвузелле, міжгор’е, міжзор’е, міжлессе, міжпуцце, міжраддзе, міжрэчча, міжсценне, міжсезонне.

Тып прадуктыўны.

§ 562. Адназоўнікавыя назоўнікі з прэфіксам на- і суфіксам -нік называюць прадмет, які знаходзіцца ці прызначаны знаходзіцца на паверхні таго, што названа ўтваральным словам: бруха — набрушнік, навочнік, навушнік, нагруднік, накаленнік, наканечнік, налакотнік, налобнік, наморднік, напульснік, настольнік. Асобна стаяць асабовыя назоўнікі намеснік, напарнік, нахлебнік і слова накамарнік (прыстасаванне для лоўлі камароў).

Тып прадуктыўны.

§ 563. Адзінкавыя назоўнікі ўтвораны пры дапамозе прэфікса на- і суфіксаў -j-э, -іц-а: нагор’е, надвор’е, настольніца (абл.), нахлебніца.

§ 564. Адназоўнікавыя назоўнікі з прэфіксам над- і суфіксам -j-э абазначаюць месца, прастору, якія знаходзяцца зверху, над тым, што названа ўтваральным словам: бровы — надброўе, надлоб’е, надпечча, надзем’е, надкрылле, надплечча, надранне.

Тып прадуктыўны ў спецыяльнай тэрміналогіі.

Гэты ж прэфікс з прасторавым значэннем маюць адзінкавыя назоўнікі з суфіксамі -н-я, -ак, -нік, -к-а, -іц-а: надваротня, надвячорак,, надкаленнік, наднырачнік, надскурка, надкосніца.

§ 565. Аддзеяслоўныя назоўнікі з прэфіксам не- (ня-) і суфіксам -к-а складаюць два тыпы.

1. Назоўнікі, якія абазначаюць адсутнасць дзеяння, названага ўтваральным словам: спадзявацца — неспадзеўка, няўпраўка, няхватка.

Тып прадуктыўны ў гутарковым стылі.

2. Назоўнікі агульнага роду са значэннем асобы, якая не здзяйсняе ці не здольная здзейсніць дзеянне, названае ўтваральным словам: знаць (знаj-уць) — нязнайка, няўмека, дбаць (дбаj-уць) — нядбайка (абл.).

Тып непрадуктыўны.

Асобныя аддзеяслоўныя назоўнікі з прэфіксам не- (ня-) маюць суфіксы -л-а, -іх-а, -іц-а, -j-э, -ств-а, -енств-а: нядбайла, неразбярыха, нявер’е, небыліца, нядбайства, непаслушэнства.

Адназоўнікавыя назоўнікі з прэфіксам не- маюць суфікс -ень: нелюдзень.

§ 566. Адназоўнікавыя назоўнікі з прэфіксам неда- і суфіксам -ак маюць значэнне ’не ў поўнай меры надзелены тым, што названа ўтваральным словам’: лета (’год’) — недалетак ’непаўналетні’; мера — недамерак.

Тып непрадуктыўны.

Заўвага. Аддзеяслоўныя і адпрыметнікавыя назоўнікі з прэфіксам неда- адносяцца да суфіксальных утварэнняў ад прыставачных дзеясловаў: недакурыць — недакурак, недагрызак, недаедак, неданосак, недаробак.

§ 567. Адназоўнікавыя назоўнікі з прэфіксам каля- і суфіксам -нік абазначаюць частку расліны, размешчаную вакол таго, што названа ўтваральным словам: кветка — калякветнік, плод — каляплоднік.

Тып непрадуктыўны.

§ 568. Адназоўнікавыя назоўнікі з прэфіксам па- і суфіксам -ак маюць значэнне падабенства, называюць прадметы, якія не ў поўнай меры з’яўляюцца тым, што абазначана ўтваральным словам: гара — пагорак, падворак, паморак, парабак, пасёлак, пасынак, пакалак (абл.).

Тып непрадуктыўны.

Значэнне непаўнаты мае і ўтварэнне з прэфіксам па- і суфіксам -к-а: пагалоска.

§ 569. Адназоўнікавыя назоўнікі з прэфіксам па- і суфіксам -j-э абазначаюць рэчыва (адходы), месца, тэрыторыю, якая размешчана каля ці ўздоўж таго, што названа ўтваральным словам: зад — пазаддзе, палессе, парэчча, Буг — Пабужжа, Панямонне.

Тып мае прадуктыўнасць у тапаніміі.

Адасоблены паводле значэння адназоўнікавыя ўтварэнні з прэфіксам па- (по-) і суфіксамі -к-і (падонкі, пазадкі, паземкі ’суніцы’), -нік (пагранічнік, падарожнік), -іц-а (патыліца), -н-я (паверхня), -ань (поручань), -ім (брат — пабрацім), -j-э (пагалоўе), а таксама аддзеяслоўныя з суфіксамі -н-я (паходня), -ух-а (папрадуха), -к-а (попрадкі).

§ 570. Адназоўнікавыя назоўнікі з прэфіксам пад- і суфіксам -ак складаюць два тыпы.

1. Назвы прадметаў, асоб з уласцівымі адзнакамі таго, што названа ўтваральным словам, якімі яны валодаюць не ў поўнай меры: голас — падгалосак, падлесак, падсітак, падчасак, падпанак, падсудак, падсвінак, пад’язак.

Тып непрадуктыўны.

2. Назвы прадметаў, прасторы, якія знаходзяцца ніжэй або блізка ад таго, што абазначана ўтваральным словам: нос — падносак, вось — падосак, падмурак, падбародак, падпечак, падкрылак, падстрэшак.

Тып малапрадуктыўны.

§ 571. Адназоўнікавыя назоўнікі з прэфіксам пад- і суфіксам -ов-ік (-ав-ік) абазначаюць віды грыбоў паводле іх лакальнай прыметы: альха — падальховік, падасінавік, падбярозавік, паддубовік.

Тып непрадуктыўны.

Утварэнні суадносяцца і з прыметнікамі з суфіксам -ов (-ав) у складзе субстантыўнага словазлучэння: пад бярозавым дрэвам — падбярозавік. Пра гэта сведчыць і наяўнасць намінацыі падасовік (ад пад асовым дрэвам).

§ 572. Адназоўнікавыя назоўнікі з прэфіксам пад- і суфіксам -ік складаюць тры непрадуктыўныя тыпы.

1. Назоўнікі са значэннем падабенства: арол — падворлік, падлешчык, пад’язік.

2. Назоўнікі, якія абазначаюць маладых істот: кухта — падкухцік.

3. Назвы прадметаў, якія знаходзяцца пад тым, што названа ўтваральным словам: каўнер — падкаўнерык, штаны — падштанікі.

§ 573. Адназоўнікавыя назоўнікі з прэфіксам пад- і суфіксам -j-э называюць месца, прастору, якія знаходзяцца ніжэй ад таго, што абазначана ўтваральным словам, ці мяжуюць з ім: акно — падаконне, падбароддзе, падгор’е, паддашша, падкрылле, падножжа, падполле, падчарэўе.

Тып прадуктыўны.

§ 574. Адназоўнікавыя назоўнікі з прэфіксам пад- і суфіксам -нік называюць прадмет, які знаходзіцца пад тым, ніжэй ад таго, што абазначана ўтваральным словам: калена — падкаленнік, падлакотнік, паддоннік, падсвечнік. Семантычна адасоблена слова падкулачнік.

Тып малапрадуктыўны.

Прасторавае значэнне маюць таксама адзінкавыя ўтварэнні з прэфіксам пад- і суфіксам -к-а (падножка), -н-я (падваротня), -шчык (падкаменшчык — ’від рыбы, якая жыве пад камянямі’).

§ 575. Адназоўнікавыя назоўнікі з прэфіксам пера- і суфіксам -ак/-ек абазначаюць прадметы, аналагічныя тым ці падобныя да тых, што названы ўтваральным словам, але якія не з’яўляюцца імі ў поўнай меры: лес — пералесак, перашыек, пераярак.

Тып непрадуктыўны.

Гэта значэнне маюць і ўтварэнні з прэфіксам пера- і суфіксам -j-э (перамір’е).

§ 576. Адназоўнікавыя назоўнікі з прэфіксам перад- і суфіксам -j-э абазначаюць месца, прастору ці адрэзак часу перад тым, што названа ўтваральным словам: горы — перадгор’е, перадзвер’е, перадмосце, перадполле, перадплечча, перадсердзе.

Тып набывае прадуктыўнасць у спецыяльнай лексіцы.

§ 577. Адзінкавыя словы з названым прасторавым прэфіксам маюць суфіксы -ак (перадкрылак), -нік (перадплужнік).

§ 578. Адназоўнікавыя назоўнікі з прэфіксам пра- (про-) і суфіксам -ак маюць значэнне ’нешта, што знаходзіцца між тым ці з’яўляецца часткай таго, што названа ўтваральным словам’: вуліца — правулак, прагалак, пражылак, прасценак.

Тып непрадуктыўны.

§ 579. Аналагічнае значэнне маюць адзінкавыя назоўнікі з прэфіксам пра- і суфіксам -j-э (прадвесне, прадгор’е), -к-а (праслойка). Адасоблена слова прадонне ’бездань’.

§ 580. Адназоўнікавыя назоўнікі з прэфіксам пры- і суфіксам -ак складаюць два тыпы.

1. Назоўнікі, якія абазначаюць тыя прадметы, асобу, што і ўтваральныя словы, але зменшанага памеру, меншай ступені праяўлення ці як адгалінаванне ад іх: свята — прысвятак ’невялікае свята’, прылавак, прыскрынак, прылесак, прыямак, дурань — прыдурак (з адсячэннем -ань).

Тып малапрадуктыўны.

2. Назоўнікі са значэннем ’прадмет, прастора, якія размешчаны побач ці мяжуюць з тым, што названа ўтваральным словам’: кветка — прыкветак, прылістак, прымежак, прымурак, прыпечак, прыполак, прыстаранак (абл.), прысценак.

Тып малапрадуктыўны.

§ 581. Адназоўнікавыя і адпрыметнікавыя назоўнікі з прэфіксам пры- і суфіксам -j-э абазначаюць прадмет, прастору, якія мяжуюць з тым, што названа ўтваральным словам: галава — прыгалоўе, прыклецце, прылессе, Прыазоўе, Прыамур’е, Прымор’е, Прыпаляр’е (пры Палярным крузе).

Тып прадуктыўны ў тапаніміі.

Аналагічнае значэнне маюць адзінкавыя словы з прэфіксам пры- і суфіксамі -ік, -нік: прылазнік, прыклетнік.

§ 582. Адназоўнікавыя назоўнікі з прэфіксам са-/су- і суфіксам -нік абазначаюць асобу, якая звязана аднолькавымі адносінамі з іншымі асобамі па тым, што названа ўтваральным словам: курс — сакурснік, суайчыннік, субяседнік, сучаснік.

Тып набывае прадуктыўнасць у гутарковым стылі.

§ 583. Адназоўнікавыя назоўнікі з прэфіксам су- і суфіксам -j-э называюць прадмет (з’яву), які складаецца з аднолькавых прадметаў (з’яў), абазначаных утваральным словам: гук — сугучча, сузор’е, суквецце, суплоддзе.

Тып набывае прадуктыўнасць у навуковай тэрміналогіі.

§ 584. Адназоўнікавыя назоўнікі з прэфіксам уз- (ус-) і суфіксамі -ак/-ек абазначаюць прадметы, прастору, якая знаходзіцца побач, на краі таго, што названа ўтваральным словам: лес — узлесак, узлобак, узмежак, ускраек.

Тып непрадуктыўны.

§ 585. Адназоўнікавыя назоўнікі з прэфіксам уз- і суфіксам -j-э абазначаюць месца каля таго, што названа ўтваральным словам: бок — узбочча, узбярэжжа, узгалоўе, узлессе, узмор’е.

Тып малапрадуктыўны.

§ 586. Пры ўтварэнні прэфіксальна-суфіксальных назоўнікаў, як адзначалася, націск звычайна на перадсуфіксальным складзе. Выключэнне складаюць утварэнні з націскным суфіксам -ім (пабраці́м) і прэфіксам па- (па́сынак, па́рабак). У асобных выпадках націск могуць мець і іншыя афіксы: поруча́нь, попра́дкі, не́людзень.

Суфікс -j- у становішчы не пасля губных, заднеязычных і дрыжачага р асімілюецца і прыпадабняецца да папярэдняга зычнага (параўн.: загорj-э і залессе) або толькі памякчае апошнюю зычную: замосце.

Перад суфіксам -ок (-ак) парна-мяккія чаргуюцца з цвёрдымі (вуліца — завулак), а перад суфіксамі -ік, -ін-а — парна-цвёрдыя з мяккімі: кухта — падкухцік.

Большасць прэфіксальна-суфіксальных назоўнікаў матывуецца таксама іменна-прыназоўнікавымі формамі назоўнікаў. Сюды належаць утварэнні з прасторавымі і часавымі значэннямі прэфіксаў: прылазнік (пры лазні), перадгор’е (перад гарой), зарэчча (за ракой), бязволле (без волі) і г. д.

Прэфіксальна-нульсуфіксальныя назоўнікі

§ 587. Прэфіксальна-нульсуфіксальныя назоўнікі ўтвараюцца ад дзеясловаў, прыметнікаў і назоўнікаў.

§ 588. Адназоўнікавыя назоўнікі жаночага роду з прэфіксам без- (бяс-) абазначаюць стан, з’яву, якія характарызуюцца адсутнасцю таго ці процілегласцю таму, што названа ўтваральным словам: дно — бездань, дарога — бездараж, люд (людзі) — безлюдзь, сон — бессань (разм.).

Парна-цвёрдыя канцавыя зычныя асновы чаргуюцца з мяккімі, к—ч: лік — безліч, цана — бесцань.

Націск на прэфіксе.

Тып прадуктыўны ў гутарковай мове.

§ 589. Аддзеяслоўныя назоўнікі мужчынскага роду з прэфіксам за- абазначаюць адзін акт мнагакратнага дзеяння: бегаць — забег, заезд, заплыў.

Тып набывае прадуктыўнасць у спартыўнай тэрміналогіі.

Ад назоўніка печ утворан назоўнік мужчынскага роду запек (абл.).

§ 590. Аддзеяслоўныя назоўнікі з прэфіксам не- (ня-) належаць да мужчынскага, жаночага і агульнага роду.

Назоўнікі агульнага роду называюць асобу, якая не здольна ажыццявіць дзеянне ці падвергнуцца дзеянню, названаму ўтваральным словам: зачапіць — незачэпа, датыкацца — недатыка, пасядзець — непаседа.

Націск на апошнім складзе асновы.

Тып набывае прадуктыўнасць у гутарковай мове (ненаеда, няўрымста).

Назоўнікі мужчынскага роду і зрэдку агульнага (з нулявым канчаткам) называюць асобу ці з’яву, што характарызуюцца нездзяйсненнем дзеяння, названага ўтваральным словам: вучыцца — невук, рушыць — неруш, слухаць — неслух, урадзіць — няўрод.

Націск на прэфіксе, але няўро́д.

Чаргуюцца шыпячыя з заднеязычнымі: вучыцца — невук; парна-мяккія з цвёрдымі: гарадзіць — агарод.

Тып набывае прадуктыўнасць у гутарковай мове (нераб ’гультай’, няжон ’халасцяк’).

Ад дзеяслова гадзіць утворан назоўнік жаночага роду нягода, які абазначае адцягненае паняцце, з’яву прыроды.

Ад назоўніка пагода утворан назоўнік жаночага роду непагадзь, які абазначае з’яву прыроды.

§ 591. Аддзеяслоўныя назоўнікі мужчынскага роду з прэфіксам по- складаюць два тыпы.

1. Назоўнікі, якія абазначаюць дзеянне, названае ўтваральным словам, якое праяўляецца ў меншай, аслабленай ступені ці мае асаблівасці ў праяўленні: дыхаць — подых, клікаць — покліч, пытаць — попыт, свістаць — посвіст, слухаць — послух, спяшацца — поспех.

Чаргуюцца к—ч, ш—х: клікаць — покліч, спяшацца — поспех; мяккія зычныя з цвёрдымі: шумець — пошум.

Націск на прэфіксе.

Тып малапрадуктыўны.

2. Назоўнікі з прадметным значэннем. Яны абазначаюць асобу ці неадушаўлёны прадмет як суб’ект дзеяння: варыць — повар, ездзіць — поезд; прадмет ці сукупнасць іх, якія характарызуюцца дзеяннем: вадзіць — повад, класці (кладу) — поклад, плаваць — поплаў, мяшаць — помесь.

Тып малапрадуктыўны.

Прэфікс по- маюць асобныя адсубстантыўныя назоўнікі: покуць (ад кут), понаж (ад нага).

§ 592. Адпрыметнікавыя назоўнікі з прэфіксам про- абазначаюць прымету, названую ўтваральным словам, якая праяўляецца ў няпоўнай меры: белы — пробель, прожаўць, прозалаць, прозелень, просінь.

Парна-цвёрдыя зычныя канца асновы чаргуюцца з мяккімі: белы — пробель, залаты — прозалаць.

Націск на прэфіксе.

Тып малапрадуктыўны.

Асобныя словы з прэфіксам про- ўтвораны ад назоўнікаў (цемра — процьма, з адсячэннем -р-) і дзеясловаў (пісаць — пропісь).

Назоўнікі з ненаціскной прыстаўкай пра- маюць значэнне ’прадмет, які характарызуецца прыметай, названай утваральным словам’: голы — прагал, белы — прабел.

Тып непрадуктыўны.

§ 593. Аддзеяслоўныя назоўнікі жаночага і мужчынскага роду з прэфіксам су- абазначаюць з’явы і зборныя паняцці, якія характарызуюцца дзеяннем, названым утваральным словам: месці (мятуць) — сумёт, сувязь, сумесь.

Чаргуюцца парна-цвёрдыя зычныя з мяккімі: вязаць — сувязь, а таксама ш—с’: мяшаць — сумесь.

Націск на прэфіксе або корані.

Тып малапрадуктыўны.

§ 594. Асобнымі словамі прадстаўлены прэфіксальна-нульсуфіксальныя ўтварэнні з прэфіксамі ад- (касы — адкос), за- (вада — заводзь), ка- (даўбці — кадаўб).

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел