Артефакт.lib.ru
Сайт Андрея Пискунова Хостинг Lib.Ru

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел

Складаныя назоўнікі

§§ 595–626

Складаныя назоўнікі (назоўнікі-кампазіты)

§ 595. Назоўнікі-кампазіты часцей за ўсё складаюцца з невытворных асноў слоў розных часцін мовы і асноў назоўнікаў (у большасці выпадкаў ускладненых словаўтваральнымі афіксамі).

У першай частцы складанага слова звычайна выступаюць асновы назоўнікаў, прыметнікаў, лічэбнікаў, займеннікаў, прыслоўяў, дзеясловаў, у другой — аснова назоўніка або дзеяслова.

Сэнсавыя адносіны паміж кампанентамі складанага слова не раўназначныя адносінам паміж словамі ў аналагічным словазлучэнні; значэнне першага кампанента з’яўляецца ўдакладняльным, дадатковым, значэнне канцавога, апорнага — асноўным.

У залежнасці ад структурных асаблівасцей, характару сувязі і адносін паміж кампанентамі адрозніваюць дзве разнавіднасці назоўнікаў-кампазітаў: 1) складанні з апорным кампанентам, роўным самастойнаму слову і 2) складанні са звязанымі апорнымі кампанентамі.

Складанні з апорным кампанентам, роўным самастойнаму слову

Складаныя словы са спалучальнымі адносінамі асноў

§ 596. Складаныя назоўнікі са спалучальнымі адносінамі асноў суадносяцца са спалучальнымі словазлучэннямі, у якіх абедзве часткі з’яўляюцца назоўнікамі і знаходзяцца ў адносінах непасрэднай сувязі: лесатундра (лес і тундра), жалезабетон (жалеза і бетон). Гэтыя назоўнікі — вынік простага злучэння двух граматычна незалежных назоўнікаў, вынік аб’яднання двух раўнапраўных паняццяў, названых утваральнымі словамі.

Да гэтай разнавіднасці складання належыць адносна невялікая колькасць складаных назоўнікаў тыпу жалезабетон, законапраект, зубрабізон, краявід, лесапарк, лесастэп, лесатундра, мясакамбінат, насаглотка, серавадарод, торфабрыкет, шкловалакно. У некаторых утварэннях першы кампанент мае ўсечаную аснову: веламатацыкл, аўтацыстэрна, трагікамедыя.

У якасці інтэрфікса выступае афікс -а(-я); у некаторых назоўніках ён нулявы (Ленінград).

Тып прадуктыўны.

Складаныя словы з падпарадкавальнымі адносінамі асноў

§ 597. Складаныя назоўнікі з падпарадкавальнымі адносінамі асноў суадносяцца з падпарадкавальнымі словазлучэннямі, у якіх граматычныя адносіны выражаюцца ўскоснымі склонамі з прыназоўнікамі або без іх. Першы кампанент знаходзіцца ў падпарадкавальнай сувязі з другім. Ролю апорнага кампанента выконвае другі, канцавы кампанент (назоўнік невытворны або афіксальны), ролю ўдакладняльнага — першы кампанент: пчалапасека (пасека для пчол), шклатара (тара для шкла), светапогляд (погляд на свет), лесапаласа (паласа лесу), бульбасховішча (сховішча для бульбы). У якасці першага выступаюць асновы назоўнікаў: газабалон, гукарэжысёр, кінатэатр, нафтаперапрацоўка, радыёперадача, чалавека-дзень; прыметнікаў: новабудоўля, сухафрукты; лічэбнікаў: двухвокіс, першакрыніца.

Значная колькасць складаных назоўнікаў утворана ад асновы займенніка сам (інтэрфікс -а-): самаадвод, самаадукацыя, самаабслугоўванне, самаацэнка, самадысцыпліна, самамэта, самахарактарыстыка; усечанай асновы прыметніка узаема- (ад узаемны): узаемавыручка, узаемадапамога, узаемаразуменне, узаемаўплыў. У радзе складаных назоўнікаў першым кампанентам з’яўляецца ўсечаная аснова паў- (ад палова) і напаў- (ад напалавіну): паўакно, паўвостраў, паўзмрок, паўкруг, паўпадвал, напаўдзікун, напаўхмызняк; апорны назоўнік горад у непаўнагалоснай форме град-: у назвах буйных прамысловых прадпрыемстваў, новабудоўляў, камбінатаў: нафтаград, аўтаград.

Тып прадуктыўны.

§ 598. Прадуктыўны тып складаюць таксама назоўнікі-кампазіты, у якіх першым кампанентам з’яўляецца ўсечаная аснова або першы кампанент звязаны.

Найбольш часта ў якасці ўсечаных сустракаюцца асновы назоўнікаў або суфіксальных прыметнікаў, у большасці выпадкаў з інтэрнацыянальнымі каранямі (яны падаюцца разам з інтэрфіксамі): авія- (ад авіяцыя, авіяцыйны): авіябомба, авіякампанія, авіялінія; аўта- (ад аўтамабіль, аўтамабільны ці аўтобус, аўтобусны): аўтапрабег, аўтатранспарт, аўтавакзал, аўтааматар; аўта- (аўтаматычны): аўтазварка, аўтапагрузчык, аўтарэгуліроўка; агра- (аграномія, агранамічны): аграмінімум, агратэхніка; астра- (астраномія, астранамічны): астрабатаніка, астрафізіка; бенза- (бензін): бензабак, бензазапраўка, бензасховішча; бія- (біялогія, біялагічны): біяфізіка, біяхімія; вела- (веласіпед, веласіпедны): велакрос, велафігурыст; заа- (заалогія, заалагічны): заапарк, заагеаграфія; касма- (космас, касмічны): касмафізіка; мота- (матор, маторны): моталодка, мотапіла; мота- (матарызаваны): мотапяхота, мотабрыгада; мота- (матацыкл, матацыклетны): мотагонкі, мотаспорт; радыё- (радыёактыўнасць, радыёактыўны): радыёбіялогія, радыётэрапія; сейсма- (сейсмічны): сейсмаразведка, сейсмастанцыя; стэрэа- (стэрэаскапічны): стэрэакіно, стэрэаэфект; тэле- (тэлебачанне, тэлевізійны): тэлеперадача, тэлеэкран, тэлеатэлье; тэрма- (тэрмічны): тэрмаізаляцыя, тэрмабур; турба-: турбагенератар, турбакампрэсар; фота- (фатаграфія, фатаграфічны): фотаапарат, фотакопія; электра- (электрычнасць, электрычны): электрапрыбор, электраперадача; энерга- (энергія, энергетыка, энергетычны): энергасістэма, энергагігант і інш; звязаныя кампаненты ў асноўным інтэрнацыянальнага характару: аўта- (сінанімічны кампаненту сама-): аўтабіяграфія, аўтапартрэт; аўта- (’які рухаецца, прыводзіцца ў рух самастойным парадкам’): аўтавагон, аўтаплуг; астра- (’які адносіцца да зорак’): астраспектраскоп, астрафатаграфія; аэра- (сінанімічны авія-): аэравакзал, аэрасей; аэра- (’які мае адносіны да паветра’): аэрадынаміка; бія- (’які адносіцца да жыцця’): біятокі; відэа- (’які адносіцца да перадачы адлюстравання на адлегласці’): відэазапіс, відэатэлефон; геа- (’які адносіцца да зямлі’): геабатаніка, геахімія; гідра- (’які адносіцца да вады’): гідраізаляцыя, гідрадынаміка, гідралакатар; макра- (антанімічны да мікра): макраклімат, макрарэльеф; мікра- (’вельмі малы, звязаны з вывучэннем празмерна малых прадметаў, велічынь’): мікраарганізм, мікрабіялогія; міні (’малы, кароткі’): міні-партыя (шахм.), міні-футбол; мона- (’адзіночны’): монакультура, монарэльс; неа- (’новы’): неанацызм, неарэалізм; полі- (’які складаецца з многіх частак’): полівітамін, поліметал; тэле- (’які ажыццяўляецца на адлегласці’): тэлекантроль, тэлэўпраўленне; фота- (’які адносіцца да святла, да светлавой энергіі’): фотасінтэз, фотахімія.

§ 599. Складаныя назоўнікі з апорным кампанентам-назоўнікам у родным склоне і першым кампанентам паў-. Яны маюць значэнне ’палавіна чаго-небудзь’: паўвядра, паўгадзіны, паўміра, паўпрацэнта, паўсутак.

Тып прадуктыўны.

§ 600. Складаныя назоўнікі з апорным кампанентам-назоўнікам і першым кампанентам у форме, аманімічнай загаднаму ладу дзеяслова. Яны абазначаюць адушаўлёны або неадушаўлёны прадмет, які характарызуецца дзеяннем, звязаным з тым, што названа апорным кампанентам: сарвігалава, дзяржыдрэва (бат.), дзяржыморда (разм.), перакаці-поле; Гуляй-поле.

Тып непрадуктыўны.

Складанні са звязанымі апорнымі кампанентамі

§ 601. Звязаныя апорныя кампаненты характарызуюцца тым, што яны выступаюць толькі ў якасці кампанента слова (складанага ці простага). Да найбольш ужывальных адносяцца тыпы з наступнымі апорнымі кампанентамі: -лаг — са значэннем занятку або прафесіі: вулканолаг, псіхолаг, тэкстолаг; -граф — у назвах асоб па прафесіі, звязанай з апісаннем або запісамі чаго-небудзь ці якім-небудзь чынам: бібліёграф, лексікограф, гідрограф; у назвах прылад, механізмаў, прыбораў, прызначаных для запісу чаго-небудзь: барограф, сейсмограф, фанограф, цынкограф; -грама — у назвах, якія абазначаюць вынік запісу чаго-небудзь або якім-небудзь чынам: сейсмаграма, тэлеграма, фонаграма, шыфраграма; -метр — у назвах вымяральных прыбораў: віброметр, каларыметр, мікрометр, радыёметр, рэнтгенаметр; -філ — у назвах асоб, якія маюць схільнасці да чаго-небудзь: бібліяфіл, чэрнафіл, славянафіл або ў назвах жывых істот, якія любяць тое, што з’яўляецца ўмовамі іх існавання: гідрафіл, тэрмафіл; -скоп — у назвах прыбораў, інструментаў, прызначаных для назірання над чым-небудзь: мікраскоп, спектраскоп, тэлескоп, фільмаскоп; -фон — у назвах прыбораў, прызначаных для перадачы гукаў: гідрафон, тэлефон; -план — у назвах лятальных апаратаў: аэраплан, гідраплан, ракетаплан, стратаплан; -стат — у назвах апаратаў, якія пазбаўлены руху, або рухаюцца пад уздзеяннем знешніх сіл: аэрастат, гідрастат, стратастат; -наўт — у назвах асоб, якія ажыццяўляюць палёты на лятальных апаратах: астранаўт, аэранаўт, касманаўт, стратанаўт; -дром — у назвах пляцовак, прызначаных для спаборніцтваў на конях, машынах, для выпрабавання машын, узлёту і пасадкі лятальных апаратаў і г. д.: аэрадром, іпадром, ракетадром, танкадром; -бус — у назвах відаў транспарту: аўтобус, гідробус, мікрабус, тралейбус; -кар — у назвах невялікіх памерамі прыстасаванняў для перавозкі грузаў: аўтакар, электракар; -тэка — у назвах, якія абазначаюць збор чаго-небудзь або памяшканне для захоўвання гэтага збору: бібліятэка, ігратэка, картатэка, фанатэка, фільматэка; -роб — у назвах асоб, занятых у якой-небудзь галіне сельскай гаспадаркі: земляроб, хлебароб; -бол — у назвах гульняў з мячом: гандбол, мотабол, футбол; -мер — у назвах хімічных элементаў: ізамер, палімер; -ліз — у назвах працэсаў разлажэння хімічных рэчываў: гідроліз, электроліз; -лакацыя: гідралакацыя, радыёлакацыя. Апорны кампанент пры гэтым спосабе словаўтварэння складаецца з асновы і суфікса. Ён можа з’яўляцца як самастойным словам, так і часткай складанага слова.

Суфіксальна-складаныя назоўнікі

Складанні з апорным кампанентам — асновай дзеяслова

§ 602. Далучэнне асноў тут адбываецца пры дапамозе інтэрфікса -а (-я); першая частка падпарадкоўваецца другой.

§ 603. Назоўнікі з суфіксам -нік называюць прадмет (у тым ліку асобу), які выконвае дзеянне ці прызначан для выканання дзеяння, абазначанага дзеяслоўнай асновай і канкрэтызаванага першай, назоўнікавай асновай: вогнепаклоннік, рукамыйнік, саломапад’ёмнік, токапрыёмнік.

Тып набывае прадуктыўнасць у тэхнічнай тэрміналогіі.

§ 604. Назоўнікі з суфіксам -льнік абазначаюць асобу, прадмет ці прыладу, якія ўтвараюць дзеянне або прызначаны для выканання дзеяння, названага апорнай асновай і канкрэтызаванага першай асновай: бульбакапальнік, вуглепагрузальнік, газараспыляльнік, законапарушальнік, мінашукальнік, пазыкатрымальнік, паператрымальнік, светавымяральнік, хвалеўтваральнік. У якасці першай асновы выступаюць: асновы назоўнікаў (мінашукальнік, хвалеўтваральнік), прыметнікаў і лічэбнікаў (хуткасшывальнік, першаадкрывальнік).

Тып прадуктыўны.

§ 605. Назоўнікі з суфіксам -шчык (-чык) абазначаюць асобу або прыладу, што ўтварае дзеянне, названае асновай дзеяслова і канкрэтызаванае першай асновай: вуглепастаўшчык, збожжанарыхтоўшчык, пенькапрадзільшчык, рудапрамывальшчык, сталеліцейшчык. У якасці першай асновы выступаюць асновы назоўнікаў.

Тып прадуктыўны ў тэхнічнай тэрміналогіі.

§ 606. Назоўнікі з суфіксам -цель абазначаюць прадмет (прыладу, асобу), які ўтварае дзеянне ці прызначаны для выканання дзеяння, названага апорнай асновай і канкрэтызаванага першай асновай; у якасці першай асновы выступаюць: асновы назоўнікаў (вогнетушыцель, саломааддзяліцель), прыметнікаў (гучнагаварыцель).

Тып набывае некаторую прадуктыўнасць у навукова-тэхнічнай тэрміналогіі.

§ 607. Назоўнікі з суфіксам -авік абазначаюць прадметы, якія характарызуюцца дзеяннем, названым апорнай асновай і ўдакладненым першай асновай: ветрарухавік, электрарухавік.

Тып мае некаторую прадуктыўнасць у навукова-тэхнічнай тэрміналогіі.

§ 608. Назоўнікі з суфіксам -ец (-ац) абазначаюць адушаўлёны або неадушаўлёны прадмет, які ўтварае дзеянне, названае асновай дзеяслова і ўдакладненае першай асновай: байкапісец, браняносец, заканадавец, краязнавец, крывапівец, лістаносец, мастацтвазнавец, мінаносец, мовазнавец, музыказнавец, палкаводзец, сцяганосец, таваразнавец, флатаводзец.

У якасці першай асновы выступаюць: асновы назоўнікаў (канькабежац, малатабоец), лічэбнікаў, у тым ліку слова многа (першапраходзец, пяціборац, мнагаборац), займеннікаў (самадзержац). У некаторых словах гэтага тыпу першая аснова ўсечаная: авіяносец, космапраходзец.

Тып прадуктыўны, асабліва пры ўтварэнні слоў на -боец, -борац, -знавец, -носец.

§ 609. Назоўнікі з суфіксам -к-а абазначаюць прадмет (асобу ці прыладу), які ўтварае дзеянне ці прызначаецца для выканання дзеяння, названага асновай дзеяслова і канкрэтызаванага першай асновай: саломарэзка, сіласарэзка. У якасці першай асновы выступаюць: асновы назоўнікаў (вадакачка, мышалоўка, мясарубка, пасудамыйка), прыметнікаў (скараварка), займеннікаў (самакрутка, самаробка).

Тып мае прадуктыўнасць у тэхнічнай тэрміналогіі і бытавой мове.

§ 610. Назоўнікі з суфіксам -лк-а абазначаюць прыладу, прызначаную для выканання дзеяння, названага асновай дзеяслова і канкрэтызаванага першай — назоўнікавай — асновай: бульбасаджалка, землесушылка, землечарпалка, каменедрабілка, снопавязалка, травасеялка.

Тып прадуктыўны ў тэхнічнай тэрміналогіі.

§ 611. Назоўнікі з суфіксам -ств-а абазначаюць дзеянне або дзейнасць, названыя дзеяслоўнай асновай і канкрэтызаваныя першай асновай. У якасці першай асновы выступаюць: асновы назоўнікаў (зубаскальства, рыбалоўства, суднаходства), прыметнікаў (вальнадумства, пустазвонства).

Тып малапрадуктыўны.

§ 612. Назоўнікі з суфіксам -л-я абазначаюць дзеянне, названае дзеясловам і канкрэтызаванае першай — назоўнікавай — асновай: авечкагадоўля, жывёлагадоўля, птушкагадоўля, свінагадоўля.

Тып прадуктыўны.

§ 613. Назоўнікі з суфіксам -н-я абазначаюць памяшканне, прызначанае для выканання дзеяння, названага асновай дзеяслова і канкрэтызаванага першай — назоўнікавай — асновай: каменяломня, лесапільня, мукамольня, сыраварня, цукраварня.

Тып непрадуктыўны.

§ 614. Назоўнікі з суфіксам -нн-е (-енн-е) абазначаюць дзеянне або працэс, названыя дзеясловам і канкрэтызаваныя першай асновай: вагонабудаванне, водалячэнне, глебаўтварэнне, землеапісанне, землекарыстанне, землеўгнаенне, землеўпарадкаванне, кроваўтварэнне, лесазахоўванне, лесанасаджэнне, лесаразвядзенне, месцанараджэнне, месцараспалажэнне, станкабудаванне, формаўтварэнне. У якасці першай асновы выступаюць: асновы прыметнікаў (чыстапісанне, тонкапрадзенне), усечаныя асновы назоўнікаў у словах авіяцыя, турбіна, космас (авіябудаванне, турбабудаванне, касмапланаванне, касмабачанне).

Тып высокапрадуктыўны.

Складанні з апорным кампанентам — асновай назоўніка

§ 615. Назоўнікі з суфіксам -нік абазначаюць адушаўлёны або неадушаўлёны прадмет па адносінах да таго, што названа апорнай асновай і канкрэтызавана першай асновай: водналыжнік, першаразраднік. У якасці першай асновы выкарыстоўваюцца: асновы прыметнікаў (белабілетнік, старшакласнік, чарнакніжнік), лічэбнікаў, у тым ліку словы многа, шмат (аднаклубнік, другагоднік шасцікласнік, многастаночнік, шматграннік), назоўнікаў (землеўласнік, чалавеканенавіснік).

Тып прадуктыўны.

§ 616. Назоўнікі з суфіксам -ец (-эц, -ац) абазначаюць асобу, якая адносіцца да таго або характарызуецца тым, што названа апорнай асновай і канкрэтызавана першай асновай: кнігавыдавец, міратворац, чарнагорац, чарнасоценец, чырвонаармеец. У якасці першай асновы выступаюць: асновы назоўнікаў (нарадаволец), прыметнікаў (чарнаморац, чужаземец), лічэбнікаў, у тым ліку слова многа (аднадворац, мнагаборац), займеннікаў (самадзержац).

Тып малапрадуктыўны.

§ 611. Назоўнікі з суфіксам -ц-ы абазначаюць інструменты, якія характарызуюцца тым, што названа апорнай асновай і канкрэтызавана першай асновай. У якасці апорнага кампанента выступаюць асновы назоўнікаў зуб, губа, у якасці першага кампанента — асновы прыметнікаў востры, плоскі: вастрагубцы і вастразубцы, пласкагубцы і пласказубцы.

Тып непрадуктыўны.

§ 618. Назоўнікі з суфіксам -к-а абазначаюць прадмет (жывёлу, неадушаўлёны прадмет) паводле адносін да таго, што названа апорнай асновай і канкрэтызавана першай — лічэбнікавай — асновай: аднагодак, аднамерак, першагодак, паўстанак (з адсячэннем -цыj), трохгодак.

Тып непрадуктыўны.

§ 619. Назоўнікі з суфіксам -j-э абазначаюць з’яву або стан, якія характарызуюцца наяўнасцю таго, што названа апорнай асновай і канкрэтызавана першай асновай. У якасці першай асновы выступаюць: асновы прыметнікаў (белакроўе, пустаслоўе), лічэбнікаў, у тым ліку многа (шмат) (двухмоўе, шматкроп’е, шматслоўе (мнагаслоўе)), назоўнікаў (народаўладдзе).

Тып малапрадуктыўны.

Складанні са звязанымі апорнымі кампанентамі

§ 620. Назоўнікі жаночага роду з суфіксам -іj-а (-ыj-а) і звязанымі апорнымі кампанентамі -граф, -метр, -скоп, -фон, -лаг, -тып, -хром абазначаюць фізічныя з’явы, галіны навукі і тэхнікі, сферы заняткаў у адпаведнасці са значэннем апорнага кампанента і першага, удакладняльнага кампанента: паліграфія, рэнтгенаскапія, стэрэафанія, фотатыпія, паліхромія. У якасці першых кампанентаў выступаюць пераважна ўсечаныя і звязаныя кампаненты інтэрнацыянальнага характару.

Тып набывае прадуктыўнасць у спецыяльнай і навуковай тэрміналогіі.

Нульсуфіксальна-складаныя назоўнікі

Складанні з апорным кампанентам — асновай дзеяслова

§ 621. У складаных назоўніках гэтага тыпу другі (апорны) кампанент супадае з самастойным словам толькі графічна: буралом, кашавар, ледаход.

§ 622. Назоўнікі мужчынскага роду I скланення абазначаюць адушаўлёны прадмет, які характарызуецца дзеяннем, названым апорным словам і канкрэтызаваным першай асновай: градабой, крывацёк, лістапад, плытаход, санцапёк. У якасці першай асновы выступаюць: асновы назоўнікаў (вадавоз, звералоў, ледакол, маслароб, мінамёт, мукамол, сонцаварот, травастой), прыметнікаў (жывадзёр, навасёл, пустазвон, самакат, сухавей, тугадум), лічэбнікаў (аднадум, адналюб), прыслоўяў (дармаед, усюдыход). Дзеяслоўныя асновы ў большасці выпадкаў беспрэфіксальныя. Утварэнні з прэфіксальнымі асновамі вельмі рэдкія (громаадвод, самазвал, трубаправод). Усечаныя асновы назоўнікаў бензін, турбіна, матор, электрычнасць выступаюць у словах бензавоз, турбавоз, турбаход, матавоз, электравоз.

Тып прадуктыўны ў тэхнічнай тэрміналогіі. Найбольш частымі з’яўляюцца наступныя апорныя кампаненты: -мер (вадамер, газамер, гукамер, дажджамер), -рэз (вадарэз, кустарэз), -ед (дрэваед, змеяед, караед, сенаед), -воз (вуглявоз, землявоз, лесавоз), -ход (атамаход), -правод, -адвод, -падвод (бензаправод, газаправод, громаадвод, токападвод), -нос (ваданос, меданос), -вар (мылавар, півавар, салявар), -роб (земляроб, маслароб, хлебароб), -піс (гукапіс, жыццёпіс, рукапіс), -лоў (звералоў, птушкалоў), -сос (вуглясос, землясос, пыласос), -зварот (кровазварот), -люб (кнігалюб, сонцалюб), -мёт (агнямёт, бамбамёт), -вед (краявед, мовавед, прававед), -коп (вуглякоп, землякоп), -клад (тарпаклад, яйцаклад), -гляд (далягляд, кругагляд, светагляд).

Значна радзей у якасці апорнага кампанента выкарыстоўваюцца марфемы: -кол (дрывакол, ледакол), -вал (буравал, канавал, сукнавал), -сек (дрывасек, ледасек), -варот (вадаварот, кругаварот), -пуск (вадапуск, дымапуск), -мол (мукамол), -гон (ветрагон, плытагон), -дзёр (жывадзёр, цвікадзёр), -топ (маслатоп, салатоп), -луп (казалуп, скуралуп), -кос (сенакос), -сед (дамасед), -пыт (следапыт), -грыз (лістагрыз), -здым (дзерназдым), -гар (дымагар), -стой (травастой), -пал (вугляпал), -сей (мукасей), -скат (вадаскат), -лаз (вадалаз, верхалаз), -плёт, (вершаплёт), -схіл (небасхіл), -мес (цестамес), -крут (трубакрут), -пой (вадапой), -слеп (кураслеп), -від (краявід), -кур (вінакур, смалакур), -падзел (водападзел, складападзел, словападзел), -пёк (санцапёк, хлебапёк), -ліў, -адліў, -зліў (вадаліў, вадаадліў, вадазліў), -кід, -скід (стагакід, вадаскід), -цёк (крывацёк), -лом (буралом, хвалялом), -мор (мухамор, клапамор), -трэс (саламатрэс (с.-г.)).

Складанні з апорным кампанентам — асновай назоўніка

§ 623. Назоўнікі мужчынскага роду I скланення абазначаюць адушаўлёны або неадушаўлёны прадмет, які мае адносіны да таго або характарызуецца тым, што названа апорнай асновай і канкрэтызавана першай асновай: пустацвет, чыстацел. У якасці першай выступаюць: асновы прыметнікаў (даўганос, пустацвет), лічэбнікаў, у тым ліку многа (двухчлен, мнагачлен, васьміног), назоўнікаў (караняплод, дубанос (заал.)), дзеясловаў (абібок, вярнідуб, скалазуб, прайдзісвет). Некаторыя назоўнікі гэтага тыпу маюць зборнае значэнне: вербалоз, крэменязём, чарназём.

Тып мае прадуктыўнасць у батанічнай і заалагічнай тэрміналогіі.

Абрэвіятуры і іх тыпы

§ 624. Абрэвіятуры — гэта назоўнікі своеасаблівай будовы. Яны складаюцца з частак слоў адпаведнага намінатыўнага словазлучэння. Паводле структуры вылучаюцца наступныя тыпы абрэвіятур: 1) складовыя абрэвіятуры — са спалучэння пачатковых частак слоў адпаведнага словазлучэння: прафсаюзны камітэт — прафком, сельмаг, лясгас, камбат; 2) ініцыяльныя абрэвіятуры, якія маюць два падтыпы: а) утварэнні з назваў пачатковых літар слоў: вышэйшая навучальная ўстанова — ВНУ [вээну], БССР [бээсэсэр], КПБ [капэбэ]; б) утварэнні са спалучэння пачатковых гукаў слоў: БАМ [бам], ТЮГ, МАЗ, ВАК; 3) абрэвіятуры змешанага (складова-ініцыяльнага) тыпу — утварэнні, якія сумяшчаюць элементы папярэдніх тыпаў: БелСЭ, педВНУ; 4) абрэвіятуры, якія складаюцца з пачатковай часткі першага слова і канцавой (ці пачатковай і канцавой) другога: ваенны камісарыят — ваенкамат, эскадраны мінаносец — эсмінец; 5) абрэвіятуры, якія складаюцца з пачатковай часткі слова і цэлага слова: нарсуд, педсавет, генплан. Асобную разнавіднасць гэтага тыпу складаюць адзінкавыя абрэвіятуры з другой часткай у форме роднага склону: камроты, паммайстра (памочнік майстра).

Некаторыя абрэвіятуры ўключаюць не ўсе часткі адпаведных слоў намінатыўнага (назвы ўстаноў) словазлучэння: Дзяржплан (Дзяржаўны планавы камітэт), Галоўбуд.

Часткі абрэвіятур звычайна не супадаюць з марфемамі адпаведных слоў намінатыўнага словазлучэння. Звычайна ўсякаецца корань слова, хоць могуць скарачацца і афіксы: нарком, галоўурач, партбюро.

Ініцыяльныя і змешаныя (складова-ініцыяльныя) абрэвіятуры не скланяюцца і маюць той род, што і апорнае слова адпаведнага намінатыўнага словазлучэння: КПБ — ж. р., БелСЭ — ж. р., ЦК — м. р., БДУ — м. р. Аднак, калі яны ўтвараюць склад і канчаюцца на зычны, то адносяцца да мужчынскага роду і скланяюцца: ВАК — у ВАКу, ЛіМ — у ЛіМе, БелАЗ — на БелАЗе.

Многія, частыя паводле выкарыстання, кампаненты абрэвіятур набліжаюцца да частак складаных слоў, напрыклад першыя кампаненты: галоў-, дзярж-, паліт- і канцавыя: -ком, -гас, -пром.

Некаторыя назоўнікі сумяшчаюць адзнакі абрэвіятуры і складання: партбілет (партыйны білет і білет члена партыі), спортінвентар (спартыўны інвентар і інвентар для спорту), Беларусьфільм, Узбеккіно.

Абрэвіятуры — чыстыя скарачэнні (частка аднаго слова) выкарыстоўваюцца як стылістычны сродак — зніжаныя сінонімы поўных (нескарочаных) слоў: намеснік і нам., баскетбол і баскет, бакенбарды і бакі, факультэт і фак.

Чыстыя скарачэнні могуць набываць суфіксы: мультфільм — мульт — мульцік, веласіпед — вел — велік, тэлевізар — тэль і тэлік.

Усе тыпы абрэвіятур маюць прадуктыўнасць у пісьмовай і вуснай мове.

Словаўтваральная сінанімія назоўнікаў

§ 625. Вытворныя назоўнікі паводле іх агульнага словаўтваральнага значэння падзяляюцца на чатыры разрады: 1) назоўнікі са значэннем ’носьбіт прыметы’; 2) назоўнікі з мадыфікацыйным значэннем; 3) назоўнікі з транспазіцыйным значэннем і 4) назоўнікі са злучальным значэннем.

Словы першага разраду групуюцца ў чатыры падразрады з улікам характару ўтваральнага слова як часціны мовы: а) ’носьбіт працэсуальнай прыметы’ (аддзеяслоўныя ўтварэнні, напрыклад: касіць — касец, ствараць — стваральнік); б) ’носьбіт непрацэсуальнай прыметы’ (адпрыметнікавыя ўтварэнні, напрыклад: перадавы — перадавік, круглы — кругляк); в) ’носьбіт прадметнай адзнакі (прыметы)’ (адназоўнікавыя ўтварэнні, напрыклад: калёсы — каляснік, рыба — рыбак); г) назоўнікі са злучальным значэннем (словы чыстага складання, напрыклад: глуханямы, жалезабетон).

Сярод назоўнікаў са значэннем ’носьбіт працэсуальнай прыметы’ аднакаранёвымі сінонімамі з’яўляюцца суфіксальныя ўтварэнні: 1) назвы асобы — утваральніка дзеяння, з суфіксамі: -нік і -шчык (адпраўнік — адпраўшчык), -нік і -льнік (абразнік — абражальнік), -нік і -ц-а (вынаходнік — вынаходца), -нік і -ец (пасланнік — пасланец), -шчык і -ёр (бракоўшчык — бракёр), -льнік і -цель (выхавальнік — выхавацель), -льнік і -льшчык (вязальнік — вязальшчык), -чык і -ц-а (дарадчык — дарадца), -ец і -ц-а (знавец і знаўца), -цель і -ц-а (збавіцель — збаўца), -ец і -ар (змаганец — змагар), -аг-а і -ак-а (бадзяга — бадзяка), -шчык і -льшчык (абіўшчык — абівальшчык), -яш і -як-а (звадыяш — звадыяка), -аj-а і -ейк-а (жняя — жнейка); 2) неадушаўлёныя назоўнікі: а) назвы прадметаў з вынікова-аб’ектным значэннем з суфіксамі: -нн-е і -ак (адзенне — адзетак), -анк-а і -ух-а (баўтанка — баўтуха), -ін-ы і -лк-і (разваліны — развалкі ’від саней’); б) назвы прадметаў — суб’ектаў дзеяння, з суфіксамі: -к-а і -ачка- (болька — балячка), -лк-а і -отк-а (бразгалка — бразготка), -ок і -ец (паплавок — паплавец); в) назвы месца, прасторы, прызначаных для выканання адпаведнага дзеяння, з суфіксамі: -j-э і -ішч-а (вандроўе — вадровішча), -лк-а і -льн-я (парылка — парыльня).

Пры іншых спосабах утварэння назоўнікаў аднакаранёвыя сінонімы прадстаўлены наступнымі радамі: а) з удзелам розных суфіксаў: -j-э і -іц-а (бясхлеб’е — бясхлебіца), -нік і -ец (аднадумнік — аднадумец), -ец і -чанін (аднаселец — аднасяльчанін), -j-э і -цтв-а (бяспамяцце — бяспамяцтва), -j-э і -асць (аднадушша — аднадушнасць), -ень і нулявым суфіксам (нелюдзень — нелюдзь), -j-э і нулявым суфіксам (бяздонне — бездань), -j-э і нулявым суфіксам (адгалоссе — адгалосак — водгалас); б) з рознымі прэфіксамі: звыш- і супер- (звышчалавек — суперчалавек), уз- і аб- (узмежак — абмежак).

Сярод назоўнікаў са значэннем ’носьбіт непрацэсуальнай прыметы’ аднакаранёвымі сінонімамі з’яўляюцца суфіксальныя ўтварэнні: 1) назвы асоб з суфіксамі: -ач і -ей (багач — багацей), -ец і -ік (вайсковец — вайскавік), -ак і -ыш (галяк — галыш), -ач і -ун, -ель (гарбач — гарбун — гарбель), -ун і -чак (весялун — весяльчак), -іл-а і нулявым суфіксам (мурзіла — мурза), -іц-а і нулявым суфіксам (ройніца — раўня), -аль і -ач (насаль — насач), -ан і -ач (пузан — пузач); 2) назвы прадметаў з суфіксамі: -ін-а і -іц-а (бакавіна — бакавіца), -ак і -ын-я (быстрак — быстрыня), -ік і -к-а (ватнік — ватоўка), -ак і -ушк-а (гніляк — гнілушка), -ік і -ушк-а (легкавік — легкавушка), -ік і -ішч-а (капуснік — капуснішча), -к-а і -іц-а (касцянка — касцяніца), -ын-я і -эльн-я (пустыня — пустэльня); 3) назвы сукупнасці прадметаў (асоб) з суфіксамі: -ін-а і -от-а (гніліна — гнілата), -ат-а і -ізн-а (гнілата — гнілізна), -от-а і нулявым суфіксам (галота — голь), -ізн-а і нулявым суфіксам (гнілізна — гніль).

Сярод назоўнікаў са значэннем ’носьбіт прадметнай адзнакі’ аднакаранёвымі сінонімамі з’яўляюцца: 1) назвы асоб з суфіксамі: -нік і -шчык (алейнік — алейшчык), -нік і -іст (авантурнік — авантурыст), -нік і -ант (дыпломнік — дыпламант), -ер і -шчык (мільянер — мільёншчык, прадметна-колькасная адзнака); 2) назвы прадметаў з суфіксамі: -оўн-я і -ніц-а (багоўня — бажніца), -ін-а і -ак (гарбіна — гарбяк); 3) назвы часткі прадмета з суфіксамі: -ін-а і -ак-а (жалезіна — жалязяка), -аўj-о і -альн-а (пугаўё — пужальна), -j-о і -ільн-а (кассё — касільна); 4) назвы мяса з суфіксамі: -ін-а і -ацін-а (зайчына — зайчаціна).

У разрадзе слоў з транспазіцыйным значэннем аднакаранёвымі сінонімамі з’яўляюцца вытворныя назоўнікі са значэннем: 1) працэсуальнай прыметы (дзеяння, стану) з суфіксамі: -ін-ы і -к-і (адведзіны — адведкі), -к-а і -нн-е/-энн-е (адклёпка — адклепванне, асушка — асушэнне), -к-а і -цц-ё (адліўка — адліццё), -ак і -нн-е (адлюстровак — адлюстраванне), -ацыj-а і -оўк-а (арнаментацыя — арнаментоўка), -ы- і -ніча- (бандарыць — бандарнічаць), -анін-а і -атн-я (беганіна — бегатня), -ка-а і -ств-а (вынаходка — вынаходства), -енн-е і -цц-ё (гніенне — гніццё), -ат і -анін-а (грукат — груканіна), -б-а і -н-я (гульба — гульня), -янк-а і -ін-я, -нн-е (гулянка — гульня — гулянне), -отк-а і -ык-і, -ак-а (дрыготка — дрыжыкі — дрыжака, абл.), -ак-а і -ачк-а (жвака — жвачка), -ак- і -к-а (заваротак — заваротка), -юг-а і -юк (бандзюга — бандзюк), -к-о і -ц-о (азярко — азярцо), -ок і -ец (паплавок — паплавец), -от-а і -юк (блазнота — блазнюк), -ін-а і -ішч-а (абшарына — абшарышча), -уг-а і -іск-а (вятруга — вятрыска), -ух-а і -ул-я (дзявуха — дзявуля), -ул-я і -ун-я (дзядуля — дзядуня), -ік і -ок (домік — дамок), -ін-а і -уг-а (звярына — звяруга), -к-а і -ц-а (золатка — золатца), -ачк-а і -інк-а (іскрачка — іскрынка), -к-а і -ушк-а (кадка — кадушка), -ак і -аг-а (карчак — карчага), -чык і -ок (клубеньчык — клубянёк), -ул-я і -ус-я (мамуля — мамуся), -ун-я і -ус-я (дзядуня — дзядуся).

Словаўтваральныя дублеты назоўнікаў

§ 626. Пад уплывам прадуктыўных словаўтваральных тыпаў нярэдка ўзнікаюць новыя словы, якія не адрозніваюцца ні семантыкай, ні сферай выкарыстання ад адпаведных утваральных назоўнікаў. Гэта словаўтваральныя дублеты. Яны ўзнікаюць з дапамогай наступных суфіксаў: -нік (гушчар — гушчарнік, дрывотня — дрывотнік), -ін-а (бяроза — бярэзіна), -ак (валлё — валляк), -н-я (валюш — валюшня), -к-а (вечарына — вечарынка), -ік (гармоня — гармонік), -ішч-а (гара — гарышча), -j-э (грымоты — грымоцце), -от-а (дзіва — дзівота), -ар-а (дзятва — дзетвара), -ат (догма — дагмат), -ень (ёлуп — ёлупень), -цтв-а (адзінота — адзіноцтва), -еч-а (калатня — калатнеча), -ук (камель — камлюк), -ік (кош — кошык), -ак-а (кульба — кульбака), -ацін-а (лоб — лабаціна), -арн-я (ліхтар — ліхтарня), -уг-а (лотр — латруга), -авін-а (луг — лугавіна), -ушк-а (піўная — піўнушка).

Предыдущий раздел  |  Оглавление  |  Следующий раздел